355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 15)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 17 страниц)

Вялікі і Мудры

У свеце ішла самая жорсткая, самая крывавая, самая страшная вайна. Брат забіваў брата, суродзіч – суродзіча. Краіна ваявала краіну, мацярык знішчаў мацярык, планета пляжыла планету. Усюды валяліся забітыя, ніхто не прыбіраў іх, нікому яны не трэба былі, а ваўкі і шакалы, гэтыя міжвольныя санітары, не спраўляліся ачышчаць ад іх палі – драпежнікі, рассыцелыя на трупах, хадзілі не хаваючыся, нікога не баючыся, а з клыкоў іх тырчала чалавечына, а іхнія хіжыя морды ўвесь час былі ў цёплай чалавечай крыві.

Ад бамбёжак і артылерыйскіх абстрэлаў асядалі друзам прыгожыя дамы і цэлыя гарады, на вачах у знямелых людзей ператвараліся ў руіны жытло, масты, палацы, храмы, сады.

Дыхаць не было чым – паветра загусцела, у ім намножылася, сабралася больш дыму, гару, копаці, пораху, чым паветра.

Усе ваявалі супраць усіх, і ўсё змагалася супраць усяго.

А людзі ўсюды жылі харошыя. Прыгожыя, моцныя, разумныя. Яны былі працавітыя і зычлівыя, дружныя і спагадлівыя.

Хто ж раз'яднаў іх, хто абудзіў такую зацятую злосць і нянавісць адно да аднаго? Хто іх усіх, добрых і шчырых, перасварыў і завязаў у гэтай загубнай вайне, у гэтай разніцы, якая, усе ведаюць, ніколі не кончыцца і ў якой не будзе пераможцаў?

Няўжо яны не бачаць, што той, хто ўсё гэта робіць, злы і нядобры, подлы і каварны?!

Але пра Яго ўсе гаварылі з найвялікшым хваляваннем, з пашанотаю і павагаю. Адны называлі яго Вялікім і Мудрым Правадыром, другія – Асілкам, Волатам, Могучам, а трэція проста падымалі палец угору, быццам Правадыр, дырыжор усяго гэтага, як бог, жыве на небе, і, нібы ведаючы нейкую таямніцу, казалі ўзрушана:

– Ён!

Яму ж карцела абавязкова ўбачыцца з Вялікім і Мудрым. Ён быў нармальны чалавек, разумеў усё, што вакол адбываецца, і хацеў сустрэцца з Правадыром, а калі ўдасца – дык і пагаварыць з ім. Няўжо ён сляпы? Не бачыць нічога, што робіць?

Але ўсе, з кім ён гаварыў, у каго хацеў дапытацца, дзе можна знайсці Вялікага і Мудрага, адмахваліся ад яго, як ад назойлівай мухі, і, ці то зараджаючы гармату, ці то залазячы ў танк, ці то падчэпліваючы пад крыло самалёта ракету, на хаду, паспешліва кідалі яму:

– Што вы! Гэта немагчыма!

Вялікі і Мудры жыў недзе далёка, ніхто не ведаў, дзе пэўна, але ўсе ведалі, што ён ёсць, сочыць за ўсім і кіруе ўсім.

Ніхто ніколі не бачыў Правадыра, аднак усе верылі, што ён разумны і справядлівы, ва ўсім добра разбіраецца і хоча ўсім людзям толькі дабра. «Зла!» – хацелася крыкнуць яму ў адказ, але ён стрымліваўся, бо ведаў, што яго не зразумеюць: людзі ганарыліся сваім Правадыром!

Ніхто не хацеў яму памагаць, паказваць дарогу. Усе толькі паблажліва ўсміхаліся, гаварылі:

– Марны клопат. Вы не знойдзеце яго. Правадыр нікому не паказваецца, бо, як бог, недасягальны. І ніхто не ведае, зямля ці неба яго жытло.

І ўсё ж ён вырашыў знайсці Могуча: калі ёсць Правадыр, павінна ж быць у яго і нейкая хата…

Бомбы сыпаліся як не на самую галаву яму, а ён ішоў.

Снарады разрываліся то справа, то злева, а ён ішоў.

Атамныя выбухі скаланалі зямлю не так ужо і далёка, яркія сполахі сляпілі вочы, а ён ішоў.

Пытаўся ва ўсіх, каго сустракаў, дзе знайсці Вялікага і Мудрага, але ўсе адказвалі яму аднолькава:

– Не ведаем.

І потым сам усё зразумеў: дзівак, ён жа не там шукае – хіба ж Вялікі і Мудры будзе сядзець на перадавой, дзе сыплюцца на галаву бомбы, а вочы слепяць атамныя ўспышкі? Канечне ж, ён знаходзіцца не тут, а недзе далёка-далёка, у глыбокім тыле, дзе не чуваць выбухаў і нішто, апрача сонца, не слепіць вочы.

У глыбокі тыл яго вывезлі на ваенным верталёце.

Ляцелі доўга, пакуль не завіслі над нейкім лугам. Суправаджальнік няпэўна махнуў рукою: «Недзе там. Шукайце!», спусціў вераўчаны трап, па якім ён і злез на траву.

Калі верталёт, падняўшы трап, паляцеў, той, хто шукаў Правадыра, не сыходзячы з месца, агледзеўся.

Справа была рэчка, наперадзе, на колькі брала вока, зелянеў луг, а злева шумеў крыху змрачнаваты лес. Паколькі нідзе не было відаць ніякіх пабудоў, ён, крыху пастаяўшы, паволі пайшоў у бок лесу – мусіць, і праўда, пошукі лепш за ўсё трэба пачынаць з лесу: якраз там, каб схавацца, мог выбраць сабе месца пад жытло Вялікі і Мудры.

І ён не памыліўся. Яшчэ здалёку ўбачыў высокі плот, якім быў абгароджаны ўвесь лес, а падышоўшы бліжэй, разгледзеў і калючы дрот, які ішоў паўзверх дошак.

Знайшоў дзверы ў плоце і вельмі доўга грукаў у іх. Але, на жаль, ніхто не адклікаўся яму, не падаваў голасу. Не было чуваць ніякага гуку, ніякага шолаху, і яму ўжо здалося, што ўвесь гэты вялікі, акальцаваны плотам лес мёртвы.

Аднак праз нейкі час з таго боку, за дзвярыма усё ж пачуліся крокі, і веснічкі адчыніў нейкі заспаны, няголены і непрычасаны чалавек. У прачыненыя дзверы ён убачыў у глыбіні лесу вялікі белакаменны шыкоўны палац, які вельмі ж хораша ўпісваўся ў зеляніну дрэў і травы, і спытаўся:

– Ці магу я пабачыць Вялікага і Мудрага?

– Яго тут няма, – адказаў Заспаны.

Яму ж здавалася, што яго падманваюць, – якраз тут і павінен быў бы схавацца Правадыр – у гэтым лесе, у гэтым палацы.

– А вунь тая святліца не яго?

– Не, не яго.

– І лес не яго? І плот не яго?

– Не яго. Наш Вялікі і Мудры нікога не баіцца і ні ад кога не хаваецца. Ён жыве на адкрытай прасторы, яму не патрэбны парканы і калючы дрот – ён ненавідзіць агароджу.

– А тут хто жыве?

– Тут жывуць тыя, што ўсяго баяцца і ад усяго хаваюцца.

Ён паверыў чамусьці ў словы Заспанага – той, здаецца, не маніў. Спытаўся:

– А дзе мне шукаць Правадыра?

Заспаны вельмі ўважліва, прыдзірліва, неяк пільна і ўчэпіста паглядзеў на яго і, быццам бы ўжо даверліва, адказаў:

– Недзе там шукайце.

І зноў жа невыразна махнуў рукою ў бок лугу і паўтарыў:

– Недзе там…

І адразу зачыніў дзверы.

Толькі цяпер у глыбіні ляску вякнуў сабака – дзіўна, чаму той маўчаў, не азываўся, калі ён малаціў кулакамі ў дзверы і размаўляў з Заспаным?

З гэтаю невыразнаю і непатрэбнаю думкаю ён, угнуўшы, унурыўшы галаву, ішоў па вялікім і, здаецца, несхадзімым лузе. Ніякіх арыенціраў на ім не было, пабудоў – таксама, луг быў чысты і бязмежны, і таму спадзявацца тут на сустрэчу з Правадыром не даводзілася.

А ён ужо нават падрыхтаваўся да высокай, інтэлектуальнай размовы з Вялікім і Мудрым і ўжо ўяўляў, як у белакаменным палацы яны сядуць дзе-небудзь ля каміна і будуць доўга гаварыць пра тое, што адбываецца ў іхнім Сузор'і, і чамусьці верыў, што пераканае Могуча і нешта зменіць.

Задумаўшыся, ён спачатку і не зразумеў, што гэта з ім хтосьці размаўляе. Але ўсё ж спыніўся, агледзеўся – не, здаецца, нікога нідзе не відно. І тады той, хто гаварыў да яго, зноў спытаўся:

– Ты шукаеш мяне?

Чалавек яшчэ раз пільна азірнуўся навокал, але і на гэты раз нікога не ўбачыў.

– Я шукаю Вялікага і Мудрага, – адказаў ён і дадаў: – Таго, хто кіруе нашым Сузор'ем.

– Я і ёсць Вялікі і Мудры, – з гонарам адказаў нехта. – Я кірую ўсімі Сузор'ямі.

– А дзе ты? – гледзячы сабе пад ногі, спытаўся чалавек.

– Ты на мяне глядзіш.

Чалавек уважлівей прыгледзеўся да травы пад нагамі і тады на крыху палыселым, нібы аб'едзеным авечкамі, грудочку ўбачыў чарвяка.

– Ты – чарвяк?! – уражаны, здзівіўся чалавек і не ўтрымаўся, зарагатаў: – Ты – чарвяк!

– Я – Вялікі і Мудры Правадыр! – яшчэ з большым гонарам, нават неяк фанабэрыста адказаў Чарвяк.

Чарвяк! Дык вось хто кіруе ўсімі войнамі ў Сузор'ях! Дык вось хто забівае суродзічаў, разбурае гарады, сутыкае мацерыкі і планеты! Чарвяк! Самы звычайны чарвяк! Пачакай, а які ж ён звычайны? Такі маленькі… Ды гэта ж абрубак, уцінак! Так і ёсць, абсяканец! Хутчэй за ўсё нехта лапатаю перасек яго напалам. Чарвяк! Кавалак чарвяка! Сляпы, пачварны вырадак!

Чалавек, хуценька нагнуўшыся, хацеў схапіць чарвяка за хвост, але той паспеў ужо ўтачыцца ў зямлю. Чалавек пачаў разграбаць, шырыць дзірачку, аднак гэта была марная праца: чарвяк пайшоў у глыбіню і невядома ў які бок.

Аднекуль з глыбіні, нібы з якога чэрава, пачуўся здзеклівы, пераможны рогат.

– Каго ты хочаш перамагчы? – пацяшаўся з зямлі чарвяк. – Ка-го-о-о?!

Той жа час здрыганулася зямля – мусіць, ад недалёкага атамнага выбуху. Вайна набліжалася і сюды – чарвяк, пэўна, помсціў камусьці і за гэтую сустрэчу з нармальным чалавекам.

Атамная бомба ў любую хвіліну магла разарвацца і над непрыкметным, нібы аб'едзеным авечкамі, грудком зямлі. Над якім стаяў чалавек і ў які схаваўся чарвяк.

Сад

Кожную раніцу ён прыходзіў сюды з лапатаю. Але брацца за працу не спяшаўся. Уторкваў лапату ў зямлю, садзіўся каля яе на камень, даставаў кісет з табакаю, крэсіва, скручваў цыгарку, прыкурваў яе і, пра нешта думаючы, доўга і зацята курыў – ці то яму адразу не хацелася пачынаць працу, ці то наадварот хацелася аднаму даўжэй пасядзець на камені. Цыгарка колькі разоў тухла, ён, цмокаючы губамі, раскурваў яе наноў, і ўсё сядзеў, курыў, думаў. А можа, і ўвогуле нічога не думаў – проста радаваўся асалодзе вось так сядзець, курыць і маўчаць.

Потым падымаўся, не спяшаючыся здымаў пінжак, акуратна клаў яго, выбраўшы чысцейшае месца, на камень, павольна закасваў рукавы ў сарочцы, падкасваў калашынне штаноў, даставаў з зямлі лапату, прыдзірліва глядзеў на бліскучае, высліжанае аб дзірван лязо, праводзіў па ім пальцам і, пераканаўшыся, што яно вострае, што лапата добра наточана, ціха, павольна ішоў у сад. Там ён таксама доўга, заклапочана выбіраў месца і нарэшце пачынаў капаць.

Капаў ён старанна і рупліва.

Калі яма была гатовая, ён мераў цаўём яе глыбіню, раўняў беражкі і зноў закурваў. Затым браў лапату падпаху і нетаропка ішоў у бліжэйшы лес. Там ён затрымліваўся надоўга, а калі выходзіў з лесу, на плячы ў яго ўжо ляжала прыгожая купчастая яблынька з вельмі густым, жыццядайным карэннем, – ён зноў жа спакваля, рупліва выбіраў яе сярод лясных красунь.

Шкада, што нікога не было побач, а то, калі б хто ўбачыў, як шчыруе, святадзеіць ля ямы чалавек, зразумеў бы, якая гэта для яго радасць – садзіць яблыню!

Ён распраўляў ёй карэнне, пульхніў пад ёю зямлю, разгладжваў лісточкі, паварочваў яе і так, і сяк, паглядаючы раз-пораз на сонца – каб кожнай галінцы было ўтульна і сонечна.

Дзядзька закапваў яблыньку, рабіў каля яе ствала невялікае паглыбленне, каб не сцякала вада, браў вядро, якое стаяла непадалёку, і ішоў да рэчкі.

Паліваў яблыньку і толькі пасля гэтага адкасваў калашынне, абтрасаўся ад пылу і зямлі і ішоў да каменя. Там адкасваў і рукавы сарочкі, ускідваў на плечы пінжак, садзіўся на камень і даставаў капшук з махоркаю.

Курыў і глядзеў на яблыню – ужо любаваўся ёю.

І так кожны дзень, з дня ў дзень. Усе сто гадоў, а можа, і болей ён прыходзіў сюды і ўпарта садзіў штораніцы па яблыні.

Уяўляеце, які павінен быў бы быць на гэтым месцы сад – сто гадоў усё-ткі ж!

Але саду ніякага не было. Раніцою дзядзька садзіў яблыньку, а ўвечары ці, можа, уночы хтосьці прыходзіў сюды, вырываў яе з зямлі, абтрасаў карэнне і некуды зносіў.

Тут жа аставаліся адны ямкі, якія можна было пазнаць толькі па крыху запалай, мякчэйшай зямлі. Замест саду дрэў тут атрымаўся вялікі «сад ямак».

Аднаго разу, здаецца, ужо ў новым стагоддзі, яму ўсё ж захацелася прасачыць, зразумець, убачыць, куды дзяюцца, дзе знікаюць яго яблыні, і ён застаўся начаваць у сваім садзе.

Сядзеў на звыклым, высліжаным ім жа самім камені, курыў, чакаў.

І вось яшчэ завідна, яшчэ і не сцямнела добра, калі ён нечакана ўбачыў нейкага чалавека, які імкліва, размашыста ўвайшоў у яго сад, падышоў да яблыні, толькі што раніцою пасаджанай, і ўзяўся за яе ствол. Дзядзька хацеў закрычаць: «Што ты робіш?!», але ўсё ж стрымаўся – цікава было паглядзець, што будзе далей.

Гэты Хтосьці беражліва, лёгка дастаў яблыньку з зямлі – зямля ж яшчэ не зляжалася, была рыхлаю, – асцярожна абтрос карэнне, загарнуў яе ў нейкі мяшок, паклаў дрэўца на плячо і пайшоў назад – туды, адкуль і прыйшоў.

Дзядзька не крыкнуў, нават не азваўся, а назіркам пайшоў услед за злодзеем – балазе, можна было ісці незаўважаным, бо якраз ужо зусім сцямнела.

Ішлі ўсю ноч. Нараніцу, калі ўзышло сонца, яны ўзабраліся на нейкую не дужа высокую гарушку, якая спрэс была засаджана дрэвамі.

Злодзей прайшоў амаль увесь сад і там, дзе ён ужо канчаўся, пачаў садзіць яблыньку – ямка была гатовая, яе ён падрыхтаваў, мусіць, загадзя.

Пры святле і сонцы дзядзька ўжо добра разгледзеў злодзея – ён вельмі быў падобен на яго самога. І садзіў дрэўца гэтак жа рупна і беражліва, як і сам садоўнік: паварочваў саджанец доўга перад тым, як пасадзіць, шукаючы яму самае зручнае і ўтульнае месца.

І тады садоўнік, разгледзеўшыся, пазнаў свой сад. Вось жа ён, плён ягонай працы за сотню гадоў! Такі сад! Яго сад!

Адны яблыні ўжо састарэлі, але ўсё яшчэ былі плодныя, жывыя, другія – у самым саку, як не ламаліся ад пладоў, а трэція – напрыканцы, вось тут, дзе яны стаялі, яшчэ толькі набіраліся сіламоцы і рыхтаваліся прыняць на свае плечы спелыя яблыкі.

Садоўнік падышоў да злодзея.

– Што ж ты робіш, нягоднік?!

– Цябе ратую, – абыякава, нібыта ён даўно ведае садоўніка, нават не павярнуўшы галавы на голас, адказаў злодзей.

– Крадзеш мае яблыні і яшчэ здзекуешся з мяне. Такі сад украў!

– Не, я не здзекуюся і саду ў цябе не краў: і сад твой, і цябе я праўда ратую. Бо там, дзе ты садзіў сад, хутка землятрус будзе… Усё знішчыць.

Памаўчаўшы, злодзей паказаў рукою ў глыбіню саду. Садоўнік, зірнуўшы туды, убачыў прыгожы, як цацка, дом – яблыні паапускалі на яго дах свае абцяжараныя пладамі галіны.

– І дом гэты таксама твой.

– А ты хто, такі добры?

– Я твой бог.

Яны абняліся і пайшлі праз сад – сцежкаю да новай хаты садоўніка.

І ў гэты час здрыганулася пад нагамі зямля.

– Чуеш, там землятрус пачаўся, – сказаў бог.

Яны замоўклі – ішлі па садзе і доўга маўчалі. Зямля здрыганулася зноў.

– А навошта ты мяне выратаваў? – спытаўся чалавек.

– Буду паказваць цябе людзям. Як прыклад упартасці і настойлівасці. Сто гадоў рабіць марную працу… Здавалася б, марную… Не, Садоўнік, ты варты самага найлепшага музея. І гэтым музеем будзе твой сад і твая хата.

Бога раптам не стала.

А каля саду ўжо спыніўся і нецярпліва бібікаў аўтобус, – ён прывёз у музей першых экскурсантаў.

Гара

Гара пайшла сама сабою.

Яшчэ ўчора яе спакой здаваўся вечным і непарушным: на ёй, на яе ніжніх схілах пасвіліся каровы, коні і авечкі, стаялі хаты, дзеці па крутых, пратаптаных між зараснікаў сцежках лазілі яшчэ вышэй, сягалі аж туды, дзе ўжо хадзілі толькі дзікія жывёлы, і ніхто нічога не баяўся, ніхто нічога не прадчуваў.

Таму ўсе здзівіліся, калі гара раптам пачала выпінацца, вырастаць і неяк зверху насоўвацца над імі.

Спачатку пасыпаліся зверху камяні, жарства, перамешаная са снегам. Потым пачалі ссоўвацца ўніз выціснутыя з расколін дрэвы – яны сунуліся і вершалінамі, і карэннем наперад, сунуліся доўга, паволі, чапляліся за дрэвы, што раслі ніжэй, завісалі на іх, аж пакуль не падалі гэтыя вываратні.

Пасля пачалі лопацца і хаты – як семкі на агні. Развальваліся сцены, каціліся па кустах бёрны, сунулася ўніз усё, што яшчэ нядаўна было хатаю, і ўжо там, ля падножжа, гара павольна, не спяшаючыся, наступала на іх, падмінала пад сябе.

Гара ішла нетаропка, але настойліва і ўпарта. Здавалася нават, што яна коціцца па зямлі, як дарожны каток, і накрывае сабою ўсё на свеце.

Звяры, жывёлы ўцякалі ад гэтай гары – мусіць, гнаў іх звычайны інстынкт. Яны, збегшы ці скаціўшыся ўніз, спяшаліся як мага хутчэй адбегчыся адсюль – адчувалі, што тут затаілася вялікая небяспека.

Людзі ж за доўгі час наіўнай веры ў тое, што чалавек – валадар прыроды, мусіць, назусім страцілі гэты інстынкт. Яны нікуды не ўцякалі і нічога не рабілі, каб уратавацца, – проста стаялі і няўцямна глядзелі на ўсё, што адбываецца навокал.

Гара скідвала і іх, як дрэвы і хаты, уніз і гэтак жа раўнадушна, спакойна падмінала пад сябе: спачатку яшчэ відны былі то рука, то нага, а праз нейкае імгненне ўсё ўжо знікала пад гэтым няўмольным катком.

А яны, некалькі чалавек, усё ж паспелі разам з жывёламі адбегчыся ад гары. Дабеглі да недалёкай вёсачкі і спыніліся, каб агледзецца і прыдумаць, што рабіць далей.

Гара ж няўмольна набліжалася і да гэтай вёскі. Вось яна ўжо дайшла да крайніх хат. Ім было жудасна бачыць, як знікаюць пад ёю хаты і сады.

А людзі і тут не ратаваліся. Як хто араў у полі, так і астаўся з канём і плугам пад гэтаю глыбаю, хто стаяў з вёдрамі каля студні, так і астаўся стаяць там – яго і засыпала зямлёю. Нават здавалася, што людзі такія спакойныя і абыякавыя да свайго лёсу, што яны кімсьці загіпнатызаваныя альбо кіруюцца аднекуль збоку, – такімі ж раўнадушнымі перад сваёй смерцю могуць быць толькі ненармальныя людзі.

Яны ж, тыя, што ўцякалі, мусіць, былі нармальныя: бачылі ўсё, разумелі і хацелі неяк уратавацца!

Нармальныя беглі перад гарою і, азіраючыся, бачылі, як руйнуе ўсё перад сабою, як падмінае, прасуе ўсё, што сустракаецца на шляху, гэты вялікі-вялікі, нібы трамбавальны, каток.

Калі ён дакаціўся і да горада і з неймавернаю лёгкасцю пачаў трушчыць, як цацачныя, машыны, самалёты, цягнікі, высотныя дамы, Нармальныя зразумелі, што ад гэтай гары не ўцячэш, – усё роўна яны некалі стомяцца, здарожацца, упадуць, і яна зноў жа ці то абыякава, ці то з радасцю, што нарэшце дагнала, наступіць на іх і падамне пад сваё ненаеднае чэрава.

Хацелі неяк абысці гару. Але яна была дужа вялікаю, засланяла ўвесь небасхіл, да таго ж усё расла і расла, шырылася і шырылася, таму Нармальныя зразумелі, што зрабіць ім гэта не ўдасца: такую гару, як лёс, немагчыма абысці!

Ім заставалася толькі адно: павярнуцца тварам да гары і прыняць няроўны бой – паспрабаваць узлезці на вяршыню, прабегчы праз яе і спусціцца, саскочыць на зямлю на тым баку – ужо за ёю.

Сабраўшыся ў гурт – да іх далучылася яшчэ некалькі чалавек, жыхароў гэтага горада, – Нармальныя паспешліва пачалі радзіцца, як лепей узлезці на гару – яна няўмольна кацілася ўсё бліжэй і бліжэй.

Нехта сказаў, што трэба дабегчы да самага высокага небачоса і з яго, з салярыя, паспець ускараскацца на вяршыню.

І ўсе адразу, той жа час кінуліся шукаць высотнік. Горад быў забудаваны аднымі небачосамі, таму шукаць такога дома доўга не давялося.

Усе, хто рашыў ратавацца, кінуліся да ліфтаў, каб паспець выйсці на дах да таго, як падыдзе сюды гара. Людзі ж, што жылі ў гэтым і суседніх дамах, глядзелі на іх як на дзівакоў, круцілі пальцамі ля скроняў і займаліся, як заўсёды, сваімі звычайнымі клопатамі – яны і не думалі ўцякаць.

Нармальныя паспелі да падыходу гары падняцца і выйсці на дах, у салярый.

Напружанасць была вельмі вялікая. У людзей яшчэ аставалася крыху часу, і яны з нецярпеннем і страхам сачылі, як набліжаецца гара, прыглядаліся да яе, шукаючы, за што лепей зачапіцца, калі яна будзе зусім побач…

Калі гара сваім крутым бокам упёрлася ў небачос і той аж захістаўся, Нармальныя пачалі хапацца хто за што: хто за камень, хто за дрэва, хто за куст, хто за выступ.

Не ўсім пашанцавала – некаторыя адразу ж сарваліся і з жудасным крыкам паляцелі ўніз, але многім усё ж удалося зачапіцца, і яны паспешліва і спрытна – мусіць, страх даваў ім і сілу, і спрыт – пачалі караскацца на вяршыню.

Ім трэба было спяшацца – гара і напраўду круцілася, і таго хто не паспее ўзлезці, яна і зараз магла скінуць сабе пад ногі.

Яны спяшаліся, а гара, здаецца, спяшалася яшчэ болей – як усё роўна ёй было непрыемна, што нехта ўзлез на яе, і яна хацела як найхутчэй атрэсціся ад людзей.

Тое, што людзі, караскаючыся і зрываючыся, праходзілі, гара, круцячыся ў другі бок, зводзіла на нішто: Нармальныя ніяк не маглі адысціся ад краю прадоння. Сілы многіх пакідалі, і яны, не змогшы паспяшацца, бегчы хутчэй, ужо, здавалася, выратаваўшыся, ускараскаўшыся на вяршыню, зрываліся і падалі ў прадонне.

Неўзабаве на гары яны асталіся толькі ўдваіх – Ён і Яна. Відаць, мясцовыя людзі нешта ведалі, калі, бачачы, як Нармальныя хочуць уратавацца, глядзелі на іх, бы на дзівакоў.

І ўсё ж яны, мінуўшы самую высокую вяршыню, беглі наперад. Спыняцца не было як – гара, як толькі спынішся, верне цябе ў ранейшае становішча, і ўсё давядзецца пачынаць спачатку.

А гара і праўда круцілася як гіганцкі дарожны каток. Ім пачалі ўжо трапляцца ўпрасаваныя ў зямлю і каменне дрэвы, бярвенні, аўтамашыны, а то і людзі – то руку ўбачыш, то нагу.

Нармальныя задыхаліся, але ўсё ж не спыняючыся беглі і беглі наперад.

Дабраліся да краю, зірнулі ўніз і жахнуліся: з гэтага боку гара была такая ж абрывістая, як і з таго, адкуль яны прыбеглі.

Гара, якая невядома адкуль і невядома куды рухалася, зрэзала, знесла, як вялікі бульдозер, усё, што было перад ёю: вёскі і гарады, дрэвы і меншыя горы.

Цяпер там, за гарою, садзілі іншыя дрэвы.

Там ужо будавалі іншыя хаты.

Там узводзілі іншыя гарады.

Там цвілі іншыя кветкі.

Там жылі іншыя людзі.

Нармальныя з адчаем глядзелі ўніз і ніяк не маглі вырашыць, што рабіць. Разумелі: па такой стромай скале ў новае жыццё, канечне ж, не злезеш.

Жанчына, убачыўшы, што іх зноў ужо аднесла ад краю, замітусілася, загаласіла, хуценька кінулася наперад і, чапляючыся рукамі і нагамі за выступы, хапатліва пачала спускацца ў прадонне. Аднак гара не пускала яе туды: на колькі жанчына апусціцца ўніз, настолькі яна падыме яе зноў. Гара нібы выштурхоўвала Нармальную з прадоння!

Ён хацеў падаць жанчыне руку, але не паспеў дабегчы: пакуль стаяў, яго далекавата аднесла ад краю.

Як яна сарвалася, не бачыў. Пачуў толькі працяглы, бы выццё, крык і ўбачыў, як над прадоннем матлянуліся яе распушчаныя валасы.

Ён застаўся адзін. І ў яго яшчэ быў сякі-такі выбар.

Альбо ўслед за жанчынаю кінуцца да краю прадоння і, чапляючыся за дрэвы і камяні, паспрабаваць злезці, а правільней – проста разбіцца.

Альбо нікуды не бегчы, стаяць на адным месцы, і тады гара сама падкоціць яго да другога краю і скіне сабе пад ногі.

Быў і яшчэ адзін варыянт: ісці! Ад аднаго прадоння да другога. Не адыходзячыся ад аднаго і не даходзячы да другога. Проста ісці. Ісці вечна. Пакуль будзе каціцца гара.

Але – куды ісці?

І галоўнае – навошта?

Навошта?! А хоць бы для таго, каб жыць!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю