355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 4)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 17 страниц)

Абое яны дыхалі цяжка, задыхаліся.

Радзім, разумеючы сваю бездапаможнасць, не вытрымаў Оінага позірку, адвёў вочы, у адчаі ўгледзеўся ў нейкае зусім выцвілае ад сонца неба… І аж скалануўся. Ці не галюцынацыі гэта пачынаюцца ў яго? Далёка-далёка, пры самым гарыстым небасхіле, ён убачыў невялічкае воблачка, якое, усё павялічваючыся і павялічваючыся, злёгку пагойдваючыся, імкліва набліжалася ў іхні бок. Амаль той жа час, як з'явілася воблачка, пачуўся дзіўны гул, які быццам бы выходзіў з нейкага незразумелага рухавіка. Воблачка і рухавік? Бог ведае што! Ён прыслухаўся ўважлівей і зразумеў, што гул да воблачка не мае ніякіх адносін, – воблачка ляцела з аднаго боку, гул ішоў з іншага, але і тое і другое набліжалася менавіта сюды, да іх.

Калі аблачынка была ўжо зусім блізка, ён зноў пазнаў у ёй Юлю. Яна спынілася непадалёку ад іх у небе, пастаяла крыху над зямлёю, моўчкі, але дакорліва пахітала, як і папярэдні раз, галавою. Радзім інстынктыўна выцягнуў руку з-пад Оінай шчакі і падхапіўся, каб бегчы да Юлі. Гул жа ўсё набліжаўся. Неўзабаве зусім побач нешта затрашчала, заскрыгатала, і воблачка-Юля, нібы спалохаўшыся шуму, уздрыгнуўшы, сарвалася з месца і хутка-хутка, нібы ўскрыленая птушка, паляцела туды, адкуль і з'явілася. Ён правёў Юлю вачыма аж за небасхіл, шкадуючы, што зноў не сустрэліся, і толькі тады агледзеўся: што тут, маўляў, робіцца?

Амаль каля іхняга аўтамабіля на невялікім бархане стаяў аграмадны шкляны шар. Ён быў вельмі падобны на лятаючыя талеркі, якія, Радзім памятае, малявалі на зямлі ў газетах і часопісах. Каля яго ўжо хадзілі нейкія людзі ў вялікіх, таксама шкляных, шарах, а з талеркі выходзілі усё новыя і новыя незнаёмцы. І яны былі ў гэткіх самых празрыстых скафандрах. Некаторыя мелі іх і ў запасе, трымалі шары яшчэ і ў руках.

Вакол тых, што прыляцелі, мітусліва бегалі іхнія выкраданцы. Яны спяшаючыся надстаўлялі пад шары галовы, хацелі, каб ім хутчэй іх надзелі, але назолаў адпіхвалі рукамі і нешта раззлавана гаварылі ім, тлумачылі.

– Ведаеш, пра што яны гамоняць? – перасільваючы задышку, спыталася Оя. – Кажуць, маўляў, чаго вы спяшаецеся, мы ж прыляцелі не па вас, а па іх. І на нас паказваюць.

Людзі са шклянымі скафандрамі ў руках ужо ішлі да іх. Выкрадзеныя падняліся з пяску. Радзім дапамог устаць на ногі Оі, яны стаялі поплеч і чакалі, што з імі будуць рабіць. Касманаўты, як іх сам сабе назваў Радзім, падышлі Да іх і адразу, неяк хутка і лёгка, абоім адначасова, надзелі на галовы такія ж, як і ў саміх, шкляныя шары. Радзіму здавалася, што яны, дужа вялікія і цяжкія, будуць ціснуць на плечы, але скафандры, як выявілася, былі амаль невагомыя, і зусім не адчувалася іхняга цяжару. Касманаўты нешта прывінцілі, нешта ўзялі на зашчапкі. Націснулі нейкія кнопкі і адышліся да гурту, дзе такія ж шары ўжо надзявалі і былым іхнім ахоўнікам.

Радзім адразу адчуў, як лёгка стала дыхаць. Убачыў радасныя вочы Оі, заўважыў, як яна ўпершыню за апошні час усміхнулася, і ўзрадаваўся: тыя, што прыляцелі за імі, прывезлі апараты для дыхання ў беспаветранай прасторы, і цяпер ужо, канечне, ім гэтая мёртвая пустыня не пагражае.

Людзі ў шарах выглядалі смешнавата: унізе тоненькія, а зверху на плячах у кожнага матляюцца вялікія, шкляныя, круглыя, як колбы, пузыры. Шары былі настолькі грувасткія, што было нават дзіўна, як гэта людзі, ходзячы так блізка адзін ля аднаго, не стукаюцца імі, не судакранаюцца пры сустрэчах.

Усе – і тыя, хто іх выкраў, і тыя, хто прыляцеў па выкрадзеных, – пастаялі яшчэ крыху каля машыны-ракеты, пра нешта пагаварылі, параіліся. Відаць, абмяркоўвалі, што рабіць з аўтамабілем, які, канечне ж, хоць талерка і такая вялікая, усё роўна не ўмесціцца ў ёй, – а потым забралі штосьці з сігары, перанеслі ў шар, затым прыйшлі і па іх. Першымі прапусцілі ў талерку Радзіма і Ою, а за імі спакойна, не спяшаючыся зайшлі і ўсе іншыя. Дзверы самі сабою бясшумна зачыніліся.

Іх пасадзілі ў мяккія крэслы, расселіся самі, і шар гэтак жа бясшумна, як зачыняліся і дзверы, падняўся над зямлёю і паляцеў. Адкуль толькі і браўся той грукат, ад якога закладала вушы, калі ён набліжаўся і садзіўся ў пустыні?! Відаць, увесь той шум астаецца вонкі, а кабіна ад яго вельмі добра абаронена.

Шар, мусіць, каб знарок паказаць ім свае вартасці, некалькі разоў мяняў накірунак – спыняўся ён лёгка і ляцеў у любы бок нязмушана, – а затым, набраўшы патрэбную вышыню, паляцеў наперад імкліва і прыгожа.

Ляцелі хутка. Унізе мільгалі барханы. Радзім глядзеў на пустыню, такую няўтульную, нежывую і, наслухаўшыся зэмаў пра каварнасць, хітрасць, хцівасць, несумленнасць таля-маляў, не зважаючы на тое, што па іх прыляцелі нармальныя, нават далікатныя людзі, з жахам думаў пра сустрэчу з гэтымі нягоднікамі на іхніх сцежках і дарогах.

Зямля ўнізе ўвачавідкі змянялася. З жоўтай, пясчанай ператваралася ў шэрую, камяністую, а яшчэ нядаўна спякотныя яе колеры рабіліся ўсё больш і больш халоднымі.

Таля-малі

Таля-малі сустрэлі іх вельмі прыязна, нават гасцінна і ўрачыста. Яшчэ толькі пралятаючы над Талямаліяй, Радзім заўважыў нейкі вялікі рух на незнаёмай, зусім шэрай зямлі. Зверху людзей не было відаць, толькі калыхаліся вялікія, круглыя скафандры, яны засланялі рукі і ногі, а таму здавалася, што гэтыя шкляныя шары рухаюцца самі сабою.

На аэрадроме ўжо стаялі, роўна выстраіўшыся, шыхты, – мусіць, ганаровая варта, ужо іграў вялікі зводны аркестр. Іх сустракалі, здаецца, як самых паважаных гасцей. Калі іхні шар знізіўся і, зрабіўшы круг, нарэшце, гэпнуўся на нейкі зялёны штучны дыван, да яго адразу пачалі надыходзіць людзі. Бясшумна рассунуліся дзверы, Радзіма і Ою і на гэты раз прапусцілі чамусьці першымі.

Людзі, якія прыйшлі іх сустрэць, вітаючы, шчыра махалі рукамі, але яны ўсё роўна спускаліся па прыступках няўпэўнена і насцярожана. Ужо калі яны ступілі на зямлю, з натоўпу выйшаў адзін чалавек, падышоў да іх і сказаў:

– Мы шчыра вітаем цябе на роднай зямлі!

Оя пераклала яму вітанне даслоўна, але ён не паверыў ёй, падумаў, што ачуўся і папрасіў паўтарыць яшчэ раз.

– Мы шчыра вітаем цябе на роднай зямлі,– незадаволена прагаварыла Оя, – дзяўчыне не спадабалася, што ёй не вераць.

Не, Радзім і сам, канечне ж, разумеў, што зэмка ўсё пераклала правільна, але вось гэтае «цябе» і «на роднай зямлі» вельмі збянтэжыла хлопца – выкралі і яшчэ пацяшаюцца, пра нейкую родную зямлю, нягоднікі, гавораць!

Пасля, крыху падумаўшы, Радзім супакоіўся: зэмы ж яго звалі «таля-малям», і ён ужо сам адклікаўся на гэтую мянушку. Ды і прыляцеў жа новаспечаны таля-маля не куды-небудзь, а да таля-маляў, дык чаго ж крыўдзіцца… Канечне, прыляцеў на родную зямлю! Як свой да сваіх. Як хімік да хімікаў.

Хаця які з яго хімік! У школе яму хімія чамусьці не ішла: аднавалентны, шматвалентны…

Памятае, як аднойчы ў хімічнай лабараторыі ён, праводзячы дослед на ўтварэнне газаў, так начадзіў, што настаўніца аж рукамі замахала: «Хопіць, хопіць, Яснавец, сядай хутчэй, а то ты ўжо і так надыміў, што ў класе нічога не відаць».

Успомніўшы гэта, ён усміхнуўся, а тыя, што сустракалі, узрадаваліся і запляскалі ў далоні – падумалі, што ён задаволены іхнім прыёмам.

Таля-малі былі зусім не страшныя. Яны здаваліся яшчэ больш кантактнымі, сяброўскімі, нават шчырэйшымі, чым самі зэмы. Думка пра іх як пра бязлітасных вылюдкаў, была, канечне ж, перабольшаная – гэта зэмы такім чынам спрабавалі кожнага запалохаць таля-малямі.

Шкляныя скафандры зусім не заміналі гаварыць. Наадварот, яны былі так дасканала абсталяваны, што ўзмацнялі ўсе гукі, дапамагалі размове: словы рабіліся яшчэ больш гулкімі і выразнымі.

Калі цырымонія сустрэчы была закончана, калі пайшоў аркестр, які да гэтага іграў маршы, калі нейкі таўстун скруціў дываны, па якіх ішлі яны з Ояй да натоўпу, калі высокі і доўгі – худы-худы! – таля-маля пачаў падмятаць пасля мітынгу чыстую і так зямлю, замятаючы, як на пагранічнай паласе, нават сляды, да іх падышлі іхнія, яшчэ зэмаўскія канвойцы і сказалі – ці то загадалі, ці то папрасілі:

– Паехалі.

Радзім азірнуўся, але ніякай машыны паблізу не ўбачыў, таму і здзівіўся: а на чым жа яны збіраюцца ехаць?

І той жа момант пад ногі яму пляснуліся дзве невялікія хвалькі, якія адразу скаціліся ў жывыя, круглыя, рухавыя, нібы ртуць, кроплі-шарыкі, і не паспеў ён агледзецца, як убачыў, што імкліва кудысьці ляціць: кроплі круціліся пад ім так хутка, што аж чыркалі аб падэшвы і награвалі іх – нават праз абутак ён адчуваў, як горача робіцца нагам.

Побач на такіх жа кроплях-роліках імчалі Оя і ахоўцы. Зямля была роўная, голая, цвёрдая, нібы ўтрамбаваная, нідзе не расло аніводнага кусціка, а таму нішто не замінала іхняму руху.

Каля нейкага шклянога будынка, вельмі ж падобнага на колбу, яны спыніліся, шарыкі выкаціліся з-пад ног і невядома дзе зніклі. Ён ужо цупка стаяў на зямлі.

Толькі ў фае будынка заўважыў, што астаўся з адным канвойцам, – Оі і другога таля-малі побач не было.

Яго адразу ж абступілі людзі. Яны ўсміхаліся, паціскалі яму рукі, нешта гаварылі. Радзім нічога не разумеў, адно ў трывозе азіраўся вакол, нервова шукаючы, каб хто пераклаў тое, што гавораць, і гучна клікаў:

– Оя! Оя!

Бачыў, што таля-малі здзіўляюцца, што ім гэта не падабаецца, што яны не задаволеныя ім.

Яго запрашалі ў залу паседжанняў, але Радзім не ішоў – ён, маўляў, без перакладчыка нічога не разумее. Дамогся ўсё ж, каб сюды прывялі дзяўчыну, і толькі тады, узяўшыся за рукі, прыціснуўшыся шарам да шара, яны ўвайшлі ў залу паседжанняў.

Таля-малі ўсё яшчэ крычалі ім штосьці ўслед.

– Што яны крычаць? – спытаўся ён у Оі.

– Яны кажуць, што ты іхні сябра, іхні высокі госць. А я вораг, бо зэмка. Таму я павінна быць у іншым месцы.

– Дарэчы, а дзе ты была?

– Здаецца, у турме, – ледзь паспела адказаць яна, бо ўжо да іх падышлі таля-малі.

Радзіма папярэдзілі, што на сустрэчу з ім сабраўся ўвесь Важны Савет Талямаліі. Прыйшлі нават абодва кіраўнікі дзяржавы – і прэзідэнт і прэм'ер-міністр. Значыць, хлопца і сапраўды тут маюць за вельмі высокага госця і хутчэй за ўсё хочуць дамагчыся ад яго чагосьці дужа сур'ёзнага.

Зала была ярка асветлена. Над круглым сталом ужо боўталася шмат шкляных шароў – твараў не было відно, бо святло, адбіваючыся ад шкла, рабіла іх амаль непраніклівымі, нібы парожнімі. Ім паказалі на вольныя месцы, і Радзім, толькі сеўшы, пачаў аглядацца – шукаў, дзе ж знаходзяцца самыя галоўныя таля-малі. Але стол быў вельмі круглы, і знайсці за ім нейкі прэзідыум было немагчыма. Убачыўшы паважных, сур'ёзных, самавітых людзей, якія сядзелі злева ад яго, Радзім падумаў, што гэта і ёсць кіраўнікі дзяржавы, і чакаў, што гаварыць пачнуць адтуль. Але загаварылі якраз з другога боку. Павярнуўшыся на голас, ён не паверыў, што менавіта справа сядзяць правадыры, – там людзі былі не такія важныя ды і адзеннем яны асабліва не вылучаліся. Да таго ж яму здалося, што гэтых людзей ён ужо недзе бачыў. Пачаў успамінаць і ўспомніў, што сустракаў іх на аэрадроме: вось той, што зараз гаворыць, згортваў дыван, а той, што ўважліва яго слухае, падмятаў пыл пасля сустрэчы. Ён заёрзаў на месцы, пачаў недаверліва азірацца па баках: няўжо вось гэтыя звычайныя, прымітыўныя на выгляд людзі і ёсць самыя важныя асобы ў Талямаліі?

– Супакойся, о вялікі наш госць, – убачыўшы і адчуўшы Радзімаву разгубленасць, усміхнуўся таўстун, якога ён запомніў па дыване. – Усё правільна: я – прэзідэнт, а ён, – і паказаў на тонкага, худога чалавека, – прэм'ер-міністр.

– Прабачце, – нясмела загаварыў Радзім. – Але ж я вас бачыў на аэрадроме: вы дыван згортвалі, а прэм'ер-міністр пыл падмятаў.

– Усё правільна, наш вялікі хімік. У нас ніякая праца не лічыцца заганнай – ні для прэзідэнта, ні для прэм'ер-міністра.

Прэзідэнт задумаўся, крыху памаўчаў, а потым загаварыў зноў:

– А ў гэтым нам дапамаглі зэмы, – і таўстун сурова зірнуў на Ою; яна сцялася, затрымцела ўся і астатняе перакладала ўжо дрыжачым голасам. – Тады, калі яны знішчалі нас пад корань. Калі кожны з нас быў асуджаны на смерць. Мы павінны былі неяк выжываць, ратавацца. Таму светлыя нашы галовы, лепшыя нашы людзі, каб заблытаць, перамагчы зэмаў, рабіліся дворнікамі, лёкаямі, вадавозамі. Бо разумных, моцных зэмы знішчалі ў першую чаргу. Вучоных таксама.

Ён паварушыў галавою ў шары, шар захістаўся, і прэзідэнт стрымаў яго рукою.

– А ў чым мы былі вінаватыя? У тым, што любілі навуку больш за жыццё і аддавалі ёй усё, што маглі? Але ж, мусіць, так заўсёды бывае: нехта шчыра служыць навуцы, а нехта прысвойвае яго працу. Часцей за ўсё нячысцік стаіць побач з вучоным і чакае, калі той што-небудзь прыдумае. Тады крадзе адкрыццё і ўцякае, каб зрабіць атамную бомбу ці вось так знішчыць зямлю, як знішчылі нягоднікі Зэмаўшчыну і Талямалію, скарыстаўшы нашы веды.

– Даруйце, – звярнуўся ён да Важнага Савета, – разгаварыўся я сам, а мы сабраліся паслухаць вось гэтага хлапца з незнаёмай нам Беларусі. Дарэчы, а дзе нашы героі? Мы ж думалі ўручыць ім сёння ўзнагароды за подзвіг.

У залу запрасілі іхніх канвойцаў. Што гаварыў, віншуючы іх, вешаючы ім на шыі нейкі цяжкі ордэн на зялёнай істужцы, прэзідэнт, Оя яму не перакладала. Калі Радзім папрасіў аб гэтым, зэмка, спяшаючыся, пераказала – вы, маўляў, наша гордасць, вамі можа ганарыцца нацыя, гэта выкраданне веку. Выкрадальнікі дзякавалі ў адказ і былі вельмі шчаслівыя ад такой увагі і пахвалы.

Радзім ужо і сам здагадваўся, навошта яго выкрадалі, і таму не здзівіўся, калі прэзідэнт пачаў пра гэта гаворку:

– Ты ўжо, мусіць, зразумеў, хлопча, убачыў, як мы змагаемся са сваёю бядою, якую выгадавалі сваімі рукамі і сваімі галовамі. Калі яшчэ не паспеў – не хвалюйся: пажывеш з намі, прыгледзішся, разбярэшся. Многае нам ужо ўдалося. Узяць хоць бы тое, што вакол нас варожае жыццю асяроддзе, а мы жывём. Знайшлі новы сродак руху па мёртвай зямлі, хай пакуль што і доследны, у некалькіх экземплярах. Ты ж сам мог яго ацаніць – з аэрадрома цябе пракацілі якраз на гэтым кроплемабілі. Але мы лічым, што нашу зямлю выратуе толькі дрэва: яно дасць нам і паветра, і новае асяроддзе. Мы ведаем, што ты, хлопча, зрабіў зялёнаю ўсю Зэмаўшчыну. Яблыневыя сады там папаламалі ўсе шкляныя сцены і дахі і ўжо вырваліся ў пустыню. Пустыня пачынае зелянець! Таму мы шчыра просім цябе: падары і нам дрэва! Многае мы зрабілі, многае навучыліся аднаўляць, а вось сканструяваць дрэва не можам. Ведаем усе яго сакрэты, аднак нічога не атрымліваецца. І зараз уся наша надзея на цябе.

Цяпер задумаўся Радзім. Калі Оя скончыла перакладаць, ён апусціў нізка галаву і доўга маракаваў, як не пакрыўдзіць таля-маляў і ўсё ж сказаць ім, што падарыць дрэва ён не зможа.

Не, не таму, што наслухаўся ад зэмаў пра вялікую віну таля-маляў за ўсё, што здарылася з іхняй зямлёю, а толькі з тае прычыны, што ў яго няма ніводнага зернетка, якое можна б было пасадзіць у нежывую зямлю.

Калі Радзім растлумачыў усё гэта шаноўнаму Савету, адразу ж са сваіх месцаў падхапіліся толькі што ўзнагароджаныя канвойцы і стрымгалоў, стукаючыся шарамі, пабеглі хуценька ў дзверы. Неўзабаве яны вярнуліся назад. Радзім убачыў, што кожны з іх трымае ў руках па яблыку – чырвонаму, спеламу, сакаўному.

Члены Важнага Савета, якія былі засмуціліся ад яго слоў, адразу павесялелі і ўзрадавана запляскалі ў далоні.

Выкрадаючы Радзіма, канвойцы не ведалі, што красці трэба было не так яго, як менавіта вось гэтыя плады, цёмна-карычневыя семкі з якіх і гэтую краіну могуць зрабіць шчасліваю. А яблыкі, высветлілася, аказаліся ў іх выпадкова: як ехалі па вуліцы, яны нападалі з дрэў у машыну, потым, у пустыні, канвойцы забралі іх у талерку, якая прыляцела за імі.

Убачыўшы яблыкі, задаволена ўсміхаўся і ён сам – таля-малі яму спадабаліся, і Радзім ужо шчыра хацеў ім дапамагчы: а калі ёсць яблыкі, неўзабаве будзе і яблыневы сад!

Радзім узяў з рук аднаго канвойца спялейшы яблык, абцёр яго рукавом, адкусіў і пачаў са смакам есці сакаўную, прыемна-салодкую мякаць.

Усе прысутныя жахнуліся – толькі бедаваў, што няма яблыка, каб падарыць ім дрэва, а зараз, калі той з'явіўся, ён з'ядае яго, знішчаючы, як ім здавалася, апошнюю надзею азеляніць Талямалію. Тыя, што былі бліжэй, нават памкнуліся да хлопца – каб адабраць яблык.

Радзім адчуваў, бачыў гэты амаль жывёльны жах дэпутатаў, але не звяртаў на іх ніякай увагі – спакойна, не спяшаючыся даеў яблык, вытрас, выкалупаў на далонь спелыя семкі, выкінуў у сметніцу агрызак, узяў у руку і другі яблык.

– Я гатовы працаваць, – калі даеў і другі плод, сказаў ён. – Толькі пакажыце, калі ласка, дзе вам патрэбен сад.

Яму адказаў не прэзідэнт, а прэм'ер-міністр – калі той устаў у повен рост, яшчэ выразней стала бачна, які ён худы і доўгі.

– Добра, добра, – задумліва згадзіўся высокі.– Мы вас стрымліваць не будзем. Мы самі зацікаўлены, каб як найхутчэй зазелянела наша зямля. Ідзіце і працуйце. Поспехаў! Вам зараз пакажуць месца, ужо даўно адведзенае пад нацыянальны парк.

І не паспеў прэм'ер-міністр сесці, як у іх бок накіраваліся двое дужых хлопцаў. Радзім думаў, што яны ім пакажуць, куды ісці, але таля-малі наблізіліся да Оі, сталі з двух бакоў і рукамі, вачыма загадалі дзяўчыне ісці з імі.

– Куды вы яе берэце? – здзівіўся Радзім, і Оя пераклала ягонае пытанне.

– Як гэта – куды? – не паверылі сваім вушам канвойцы. – У турму!

– Тады і мяне забірайце разам з ёю, – рашуча сказаў ён, стаў поруч з дзяўчынай і выставіў наперад рукі – як для наручнікаў.

Дужыя хлопцы разгубіліся – зараз яны не ведалі, што рабіць. Радзім спакойна растлумачыў свае паводзіны, але не хлопцам, а самому прэзідэнту:

– Без яе я не змагу вам падарыць дрэва, – і дадаў: – Яна будзе мне памагаць.

Прэзідэнт запытальна зірнуў на прэм'ер-міністра.

– Добра, добра, няхай памагае, – неяк адразу згадзіўся той, нават усміхнуўся, але тут жа пастражэў, спахмурнеў і папярэдзіў: – Але калі ў вас нешта не атрымаецца, калі вы не падорыце нашай краіне зялёны парк, мы будзем ведаць, што гэта хітрыкі зэмаў, і тады табе, хлопча, – лёгка перайшоў ён на «ты», – давядзецца адказваць за ўсё разам з ёю.

Ужо на вуліцы Оя ласкава прыхінулася сваім скафандрам да ягонага, з пяшчотаю прамовіла: «Дзякую!». І не сабрала зноў вусны, яны нейкі час заставаліся растуленымі,– як для пацалунку. Радзіму самому чамусьці вельмі захацелася дакрануцца да іх сваімі губамі, і ён, забыўшыся на скафандр, ірвануўся да яе – аж затрашчала шкло: яму нават здалося, што скафандр раструшчыўся і ўжо асыпаецца друзам пад ногі. Але той, хоць і трашчаў, быў пакуль цэлы. Тады ён нечакана і для сябе, і для Оі схапіў дзяўчыну за талію і пачаў гарнуць да сябе. І чым мацней прыціскаў яе, тым далей і далей былі іхнія галовы – шкляныя шары, здаецца, знарок і былі прыдуманы, каб не даць іхнім вуснам сустрэцца.

Ужо чацвёра ахоўнікаў – двое новых, Оіных, таксама далучыліся да ранейшых – ніякавата глядзелі на ўсё гэта: не ведалі, ці ратаваць дзяўчыну, ці наогул адвярнуцца, каб не замінаць іхняй радасці.

Яму і самому пасля было няёмка за гэтую сваю слабасць, але той момант Радзім не змог стрымаць сябе.

Зямля, адведзеная пад будучы нацыянальны сад, нічым не адрознівалася ад іншай – шэрая, камяністая, аплылая, як пасля пажару, нават не агароджаная: навошта адгароджваць адну няўдобіцу ад такой жа няўдобіцы побач.

Самі таля-малі жылі пад зямлёю. Там у іх былі кватэры, ярка асветленыя вуліцы, кафэ, кандыцыянеры, чыстае паветра. На зямлі яны нічога не будавалі. І выходзілі на паверхню рэдка – скажам, толькі вось у такія незвычайныя дні, калі з'ўляліся дужа важныя госці. Тады тыя, хто сустракаў іх, адзявалі скафандры і пакідалі на нейкі час свой падземны рай.

Пра гэта ім расказвалі ахоўцы, але саміх Радзіма і Ою таля-малі пад зямлю не пускалі. Мусіць, не давяралі, баяліся, што яны ўведаюць іхнія сакрэты і перададуць зэмам.

Паставілі пасярод задуманага сада шкляны шар – такі ж, як і іхнія скафандры, толькі вельмі вялікі, дзе яны і жылі разам з чатырма ахоўнікамі. Радзім разумеў, што такое жыллё само па сабе і ёсць ужо турма, але не зважаў на гэта – працаваў многа і шчыра. Памагала рабіць зямлю і Оя, а таксама ахоўцы – яны прыносілі аднекуль ваду, дзяўблі ламамі дол, пераціралі цвёрдыя глыбы ў руках.

Вельмі замінаў працаваць нейкі дужа моцны вецер. Спачатку ён дзьмуў у адзін бок, потым пераварочваўся і дзьмуў у другі. Затым зноў накірунак мяняўся. І так кожны дзень і кожную ноч.

– Што гэта за вецер? – спытаўся неяк Радзім у ахоўцаў.

Тыя сумеліся ці нават, як яму здалося, спалохаліся і, насцярожана азіраючыся па баках, шэптам, амаль у адзін голас адказалі:

– Гэта ж Цмок. Ён жыве ў Жалезным Хаосе і крадзе наша паветра. Высмоктвае ад нас чысцейшае, а выдыхае нам сваё, бруднае.

– Туды, – пачуўшы гаворку, далучыўся да яе і ранейшы канвойца – ён ужо быў смялейшы і не прыкрываў рот рукою, – на Жалезны Хаос, да Цмока ў госці ў нас высылаюць злачынцаў,– і, крыху памаўчаўшы, дадаў: – І адтуль ніхто ніколі не вяртаўся…

І цяпер ніхто не вяртаецца, – задумліва, нібы сам сабе, зазначыў адзін з новых ахоўнікаў.

Заняты клопатамі, Радзім не звярнуў на гэта асаблівай увагі – вецер яму замінаў, але не настолькі, каб перашкаджаць працы.

Напачатку яму здавалася, што і тут, як у Зэміі, усё будзе лёгка і проста. Не паспее ён укінуць у зямлю зярняты, як яна адразу ж пачне падымацца, варушыцца, той жа час пакажуцца парасткі, і неўзабаве яны выбухнуць, разрастуцца ў купчастыя дрэвы.

Ён нават, толькі што ўкінуўшы зярняты ў глебу, пільна прыглядаўся, каб не прапусціць таго моманту, калі яны возьмуцца прарастаць, але зямля не варушылася, і Радзім з нейкаю падсвядомаю вусцішнасцю зразумеў, што такога віравання зеляніны, як у Зэміі, тут не будзе.

Не з'явіліся ўсходы ні на другі, ні на трэці дзень. З неспакоем пазіраў штораніцы на зямлю ён сам, з трывогаю кідала вокам то на раллю, то на яго Оя, нават канвойцы і тыя не хавалі сваёй заклапочанасці: што ж будзе, як зярняты не прарастуць?!

Але зямля заставалася ўсё тая ж – шэрая, голая, пустая, і ніводная дзюбачка нават кволага, бледнага парастка так і не асвятліла яе.

Канечне, уся прычына ў самой зямлі. Яна ж тут так разбурана, знішчана, што чакаць ад яе нейкага ўраджаю недарэчна.

Радзім ужо бачыў, як, застаўшыся на паверхні, прымудраецца жыць у гэтых немагчымых умовах усё жывое. Магчыма, і ў жывёл тут ёсць свае падземныя паселішчы, але калі яны выходзяць з глыбінь зямлі, іхняя фантазія сягае нават далей за чалавечую.

Ён, да прыкладу, бачыў рыбіну, якая сама сабе рабіла ручай – выпускала перад сабою ваду, а праплыўшы, збірала яе, ды так акуратна, што на зямлі не заставалася ані кропелькі – вада нават не паспявала змачыць зямлю – і нанава пырскала яе наперад. Так і плыла.

Бачыў, як нейкая незнаёмая яму жывёліна, вельмі падобная на вавёрку, толькі маленькая, знаходзячыся ўсярэдзіне вялікага зялёнага круга, паволі круціла яго лапкамі, і той слаўся ёй пад ногі травяністым дыванком, на якім яна паслася, – пакуль жывёліна аб'ядала траву пад нагамі, зверху нарастала новая. Перпетуум-мобіле харчавання, вечны рухавік узнаўлення ежы, дый годзе!

Але ж гэта сведчыла: зеляніна можа тут расці, толькі трэба адшукаць, што менавіта ёй замінае.

Як добра, што ён высадзіў не ўсе зярняты, што астатнія пакінуў на другі заход. Не можа быць, каб семкі не прараслі! Ён зараз будзе садзіць па зярнятку і назіраць. Ён выратуе Талямалію! Ён падорыць ёй дрэва! Падорыць цэлы сад дрэў!

Але нечакана яго выклікалі на Важны Савет. Прэзідэнт краіны быў больш строгі, чым першы раз. І ўсе дэпутаты таксама. Прэм'ер-міністр чамусьці адсутнічаў. Аказваецца, яго ўжо знялі за тое, што вельмі горача падтрымліваў Радзіма і што лёгка згадзіўся аддаць яму ў памочніцы зэмку. Пра гэта ён напачатку яшчэ не ведаў, але ўбачыўшы, якія суровыя ўсе прысутныя, зразумеў, што паклікалі яго сюды не для прыемных размоў.

Не паспеў Радзім сесці, як над сталом прэзідыума неяк вельмі рашуча матлянуўся скафандр прэзідэнта.

– Ну, якія вашы поспехі? – строга спытаўся ён.

– Пакуль ніякія, – адказаў хлопец. – Але я… Прэзідэнт не даслухаў яго, перапыніў:

– Я ж вас папярэджваў: зэмы – хцівыя і каварныя людзі. І нават аднаго іхняга шпіёна дастаткова, каб загубіць любую справу.

– Не, зэмы тут не вінаватыя, – адказаў ён і зірнуў на Ою, якая хоць і сумеўшыся, але перакладала ўсё, што гаварыў прэзідэнт.

– А хто ж тады вінаваты?

– Відаць, зямля.

– А што, у зэмаў іншая зямля? А там жа, як мне перадалі толькі што, уся пустыня зарасла дрэвамі. Усё цвіце і зелянее.

– Я хачу, каб і тут было тое самае…

– Хацець мала. Трэба зрабіць. А я перакананы, што зэмы зрабіць гэта табе не дадуць. Вось яна не дасць, – і рэзка тыцнуў пальцам у бок Оі.

– Што вы гаворыце?! – абурыўся Радзім. – Яна мне якраз памагае. Ды зразумейце вы, што ні яна, ні іншыя зэмы не вінаватыя. І я не вінаваты. Зямля вінавата. Трэба ажыўляць зямлю, будаваць яе нанава…

– То мы ж якраз і мелі надзею на тваё дрэва, – раззлавана перапыніў яго прэзідэнт і адразу ж загаварыў да прысутных.

Гаварыў ён вельмі хутка, Оя не перакладала ні слова, і таму Радзім сядзеў, нічога не разумеючы. Здагадваўся толькі, што зараз вырашаецца ягоны лёс, бо ў гаворцы бралі ўдзел амаль усе парламентарыі. Яны спрачаліся, ажыўлена штосьці даказвалі адзін аднаму і прэзідэнту.

– Ведаеш, – нарэшце ціха загаварыла да яго Оя, – яны лічаць, што ты злачынца, што знарок не хочаш падараваць ім дрэва, гневаюцца і патрабуюць саслаць цябе на Жалезны Хаос. І там… – хацела яна яшчэ нешта дадаць, але прэзідэнт, пачуўшы шэпт, так грозна зыркнуў на яе з-за шкла скафандра, што дзяўчына на паўслове асеклася.

Парламентарыі ўсё яшчэ абмяркоўвалі ягоны лёс, а ён сядзеў, ужо абыякавы да ўсяго, што адбывалася навакол: на Жалезны Хаос, дык на Жалезны Хаос, абы толькі адразу – ці туды, ці сюды. Ён вельмі не любіў вось такой няпэўнасці – а хто яе, скажыце, любіць?! – і толькі жадаў, каб Важны Савет хутчэй скончыўся.

Час цягнуўся, чакаць стала невыносна. Нервовае напружанне было вялікае, а таму, відаць, яго агарнула нейкая несусветная дрымота, з'явілася вяласць, кудысьці далёка-далёка самі сабою адсунуліся гукі, яны ўжо нібы люлялі яго, і ён, сам таго не чакаючы, моцна заснуў.

Прачнуўся ад нейкіх незразумелых кухталёў – Оя таўхала пад бок – і доўга ніяк не мог уцяміць, дзе ён знаходзіцца і што ад яго хочуць. Лыпаў вачыма, няўцямна азіраўся па баках. Нарэшце зразумеў, што да яго гаворыць сам прэзідэнт.

– Мы ведаем, што ты вінаваты, – голас таўстуна, які яму раней здаваўся дабрадушным, цяпер быў скрыпучы, непрыветлівы і бязлітасны. – Але мы пакуль што не будзем цябе караць Жалезным Хаосам. Мы даём табе магчымасць выправіцца, апраўдаць сваю віну. Дазваляем яшчэ адзін месяц, – і запытальна паглядзеўшы на Радзіма, паўтарыў: – Роўна месяц ты можаш праводзіць свае эксперыменты. Калі не выгадуеш за гэты час дрэва, тады ўжо не толькі мы, Важны Савет, але і ўвесь народ Талямаліі будзе ведаць, што ты зэмаўскі шпіён і робіш усё нам на шкоду. Што ж, тады крыўдуй на самога сябе – Жалезны Хаос абавязкова запросіць цябе ў госці.

Ён змоўк. У мікрафоне прэзідэнта нешта трашчала і шыпела, і гэта раздражняла Радзіма. Потым усё сціхла, быццам нехта адключыў той мікрафон, і неўзабаве зноў пачуўся халодны і з'едлівы голас таўстуна:

– А тваю перакладчыцу, хітрую зэмку, мы б і сёння паслалі на Жалезны Хаос. Але ж у яе ёсць яшчэ тут праца – навучыць нашай мове. Бо калі зэмкі не будзе, мы з табою не зразумеем адзін аднаго. Так што дзесяць дзён на вывучэнне мовы, а тады – альбо ты будуеш нам дрэва, альбо зэмка дачакаецца цябе на Жалезным Хаосе.

Мова таля-маляў не цяжкая, яна – дыялект зэмаўскай, а таму дзесяці дзён ім хапіла. Апошнія заняткі былі шчымлівыя, засмучаныя, трывожныя – яны ведалі пра хуткае расстанне, і таму з кожным днём рабіліся ўсё больш сумнымі і больш ласкавымі адно да аднаго.

У канцы тэрміну яны ўжо амаль нічога не вучылі, а, моцна прыціснуўшыся скафандрамі, узяўшыся за рукі, моўчкі сядзелі побач і неяк асуджана глядзелі адно аднаму ў вочы. Оя часам падбадзёрвала яго, а заадно, мусіць, і сябе, усміхалася яму, але ён бачыў, колькі каштуе ёй гэтая ўсмешка – у вачах дзяўчыны стаялі слёзы.

Калі тэрмін вучобы скончыўся, у іхні шар прыйшлі таля-малі, зрабілі яму экзамен, пыталіся, правяралі і, зразумеўшы, што чужынец збольшага ведае мову, а астатняе, маўляў, давучыцца самастойна, у размовах, забралі з сабою Ою і зніклі. Радзім з ёю не паспеў нават развітацца. Хаця, шчыра кажучы, яны развітваліся ўсе гэтыя дзесяць тужліва-зажураных дзён і начэй.

Цяпер ён застаўся адзін. Удваіх усё ж было спакайней і надзейней – было да каго хоць агукнуцца словам, параіцца. А зараз – адзін на ўсю Талямалію!

Хацеў ужо брацца за працу, але яму сказалі пачакаць – трэба спачатку прайсці перападрыхтоўку: у іх, маўляў, ёсць славутыя вучоныя, нехта з іх пачытае Радзіму лекцыі пра ўзаемасувязь біялагічных і хімічных працэсаў, пра магчымасць стварэння новых арганічных злучэнняў і сістэм з небывалымі ўласцівасцямі. А што, калі раптам менавіта гэта дапаможа хлопцу збудаваць дрэва?!

Прафесар, які прыйшоў да яго ў шар, быў, мусіць, сапраўдны вучоны – задумлівы, абыякавы да ўсяго, засяроджаны толькі на сваіх думках. Адзенне для яго не існавала – апрануты ён быў як усё роўна які бомж ці жабрак: кашуля зашпілена не на тыя гузікі, пінжак зашморгнуты нейкаю вяровачкаю, а адзіная цэлая пятля абы-як накінута на аплік.

Здавалася, ён нікога і нічога не заўважае – нават Радзіма, дзеля якога якраз і прыйшоў сюды. Адразу ж, адно толькі павітаўшыся, ён расклаў перад сабою нейкія кнігі, рукапісы, манускрыпты і пачаў:

– Біялагічныя сістэмы паказваюць, якой фантастычнай разнастайнасці рэакцый, якой складанасці здольная дасягнуць сістэма арганізаваных малекул.

Ён і зараз, здаецца, не заўважаў Радзіма, гаварыў сам для сябе і пераконваў самога сябе.

– Я думаю, што біялогія можа даць хіміку добры матэрыял. Паміж малекуламі, што жывыя арганізмы навучыліся ствараць у ходзе эвалюцыі, адбываюцца такія рэакцыі, якія мы яшчэ не ўмеем узнаўляць у лабараторыях, а часцей за ўсё не можам нават і зразумець. Аднак гэта таксама хімія.

Прафесар часта падымаў рукі, папраўляў скафандр, які вельмі ж нязграбна трымаўся на яго плячах. Было відаць, што гэты шкляны шар замінае яму, што прафесар не прывык да яго – мусіць, вучоны ніколі не выходзіў з падзямелля і скафандр адзеў ці не ўпершыню.

– Прывяду прыклад: адна з функцый фотасінтэзу раслін заключаецца ў тым, каб выпрацоўваць кісларод з дапамогаю вады, для чаго патрэбен каталізатар, здольны стымуляваць гэтую чыста хімічную рэакцыю. Ролю гэтага каталізатара бяруць на сябе бялкі, якія ўтрымліваюць атамы марганцу. Але ніхто не ведае, як пабудаваныя гэтыя ўчасткі малекул і якім чынам іх можна ўзнавіць. Вось тыповы прыклад таго, як біялогія паказвае хімікам на існаванне своеасаблівай рэакцыі, гэта значыць, напрамак, у якім варта весці даследаванні.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю