Текст книги "Падары нам дрэва"
Автор книги: Иван Сипаков
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 17 страниц)
Мудрэц аслупянеў: і праўда, усё геніяльнае – найперш простае. Нейкі час ён маўчаў – абдумваў Радзімавы словы, – а потым, калі ўва ўсім разабраўся, усё зразумеў, узрадавана засмяяўся, кінуўся да хлопца, пачаў ціскаць яму абедзве рукі адразу:
– Я заўсёды думаў, што ты малайчына. І не памыліўся. Ты Галоўны Мудрэц, а не я…
З гэтага часу Радзім пачаў рыхтавацца дадому. Яны дэталёва абмяркоўвалі з Мудрацом ўсё, што ён павінен рабіць з Завушніцаю, каб вось на гэтай зямлі ўсім жылося добра: калі класці на сонца, калі апырскаваць вадою…
І чакалі Ою. Мудрэц казаў, што яна са сваімі прыхільнікамі ўжо каля самых граніц За.
І ўсё ж яна з'явілася знянацку. Радзім, хоць і ведаў, што Оя неўзабаве будзе тут, хаць і чакаў яе, усё ж сцепануўся, калі ўбачыў дзяўчыну.
Выгляд у яе быў рашучы, задзірысты і гнеўны – яна і зараз збіралася змагацца з усімі, хто будзе стаяць на шляху, замінаць ёй. Але сустрэўшыся вачыма з Радзімам, адразу зніякавела, сцялася і раптоўна стала ранейшаю безабароннаю дзяўчынкаю, худзенькаю і кволаю.
– Радзімачка! – радасна закрычала яна і кінулася да хлопца. Падбегла, ашчаперылася рукамі за шыю і, не зважаючы на тое, што побач стаяў Мудрэц, пацалавала яго ў вусны. – Як ты тут?
– Добра, – адказаў Радзім і таксама абняў дзяўчыну за худзенькія-худзенькія плечы: яе чамусьці стала яму дужа шкода.
– Цябе тут не мучаюць?
– Што ты! Мне тут хораша! Оя здзіўлена спыталася:
– Цябе кінулі ў вар'яцкі дом, і табе тут падабаецца? З цябе здзекуюцца, а ты рады?
– Оя, – ласкава гладзячы дзяўчыну па плячах, тлумачыў Радзім. – Вар'яцкі дом якраз там, на волі, а тут – добра. Сапраўдная воля тут.
– Нічога не разумею: воля ў вар'яцкім доме, а на волі – вар'яцкі дом? За што ж я тады змагалася?
– За маё вызваленне. І ты перамагла, Оя. Сёння Галоўны Мудрэц гэтай зямлі адпускае мяне дадому.
Оя яшчэ цясней прыгарнулася да яго.
– Я так чакала гэтай сустрэчы. І вось зноў нам трэба расставацца… Не, я не пакіну цябе! Я вярнуся разам з табою ў тваё Дабрынёва!
І тут жа сцішылася, сумелася, замоўкла. Праз нейкі час як не шэптам спыталася:
– А яна – там? Юля? Разумееш, я страціла магчымасць бачыць энергетычныя злепкі…
Радзім не адказаў ёй – толькі мацней прыціснуў да сябе, і Оя радасна-трывожна заціхла ў ягоных абдымках.
Маўчаў доўга, прыслухоўваючыся і да сябе, і да Оі. Затым рашуча сказаў:
– Яна там. Чакае мяне. І я ажанюся з ёю…
Развітваўся хлопец з Мудрацом шчыра і проста. Удакладнілі яшчэ раз, што, як і калі павінен ён рабіць з Завушніцаю – іхняй зямлёю, валадаром якой ён зараз робіцца.
– Аднак жа ты павінен не толькі памагчы нашаму народу, але і абараніць свой. Разумееш, яго з усіх бакоў так затумкалі, што ён і сам ужо не ведае, не памятае, што вялікі і горды, – Радзім убачыў слязінку, якая бліснула ў адным воку Мудраца. – Поспехаў табе, хлопча. Будзь шчаслівы на сваёй зямлі. Пакланіся ёй. Зямля ў цябе харошая. Любі свой народ. Ён таксама цудоўны. І яму, хлопча, пакланіся.
Мудрэц прыставіў да яго рукі, заплюшчыў вочы, засяродзіўся, нешта пашаптаў, памыліў губамі, а затым выставіў перад сабою далоні, дзьмухнуў на іх – Радзіму здалося, што ён і сам стаяў на гэтых далонях, і вось зараз яго як усё роўна садзьмула моцным ветрам і штосілы нясе ўвышыню.
Апамятаўся ён пад самым небам. Ціха, невагома, нібы пад столлю, вісеў пад ім – не падаў уніз і не ўзнімаўся яшчэ вышэй.
І раптам хлопца аж скаланула – нейчая рука нечакана дакранулася да ягонай. Ён адскочыў убок і ўжо адтуль паглядзеў: хто гэта?
Побач з ім плавала Оя.
Яны слізгалі знізу, як па лёдзе, па гладкай, слюдзяной – нідзе ні парушынкі! – паверхні, дакраналіся да яе рукамі, адчувалі спінамі, упіраліся галовамі.
І тады як усё роўна нехта выразна сказаў:
– Выпусці іх – яны ж вольныя.
Але неба не растулялася, не раскрывалася – яно нарывала вакол іх, як болька. У тым месцы, дзе яны прыклеіліся да яго, паверхня чырванела, іх саміх зацягвала нейкаю ліпкаю, як туман, вільгаццю. Ім ужо нічога не было відаць і не было чым дыхаць. І быццам зразумеўшы, што яны вось-вось могуць задыхнуцца, неба неўзабаве растулілася, прарвала і, нібы скабку, выкінула іх вонкі, на другі бок.
Яму здалося, што, як пальчатка, вывернулася сама абалонка: той бок, які быў усярэдзіне, стаў знешнім, а знешні апынуўся ўнутры.
Яны з Ояй апускаліся на зямлю.
Яшчэ з вышыні Радзім пазнаў сваю вёску. Школу з выносістымі ліпамі каля яе, луг з такою знаёмаю рэчкаю, каля якой пасвіўся статак.
Яшчэ над зямлёю Оя раптам затрэслася ўся і роспачна закрычала:
– Яна тут! Яна тут! Яна ідзе ў наш бок!
А як толькі гэпнуліся на сцежку, Радзім адразу заўважыў, што дзяўчына імгненна, на вачах змяншаецца, усё здаляючыся і здаляючыся ад яго. Ён кінуўся ўслед за ёю, пачаў даганяць, як мятлушку, нарэшце накрыў тое месца, дзе толькі што бачыў яе, – маленькую, бы кузурка, – але ўжо было позна: пад рукою нікога не аказалася. Адно з самых глыбінь зямлі да яго данеслася:
– Я не хачу вам замінаць! Я аддаю цябе ёй! Бо я кахаю цябе!
Голас быў нармальны, паўнагучны. У вушах усё яшчэ гучала: «Я кахаю цябе!», і ён няўцямна, з нейкім заміраннем сэрца – ведаў, што Оя ўжо ніколі не вернецца, – як вар'ят, глядзеў на тое месца ў зямлі, куды, быццам куля, утачылася, укруцілася яна.
Глядзеў і хацеў уявіць, дзе цяпер Оя, што з ёю. Можа, дзяўчына зноў вярнулася ў сваю Зэмію, а можа, – усяго толькі парушынка вось на гэтай парушынцы, што амаль невагома плавае ў сонечным промні.
Падняў галаву, агледзеўся, куды яго прызямліла.
Зачахлыя дрэвы. Высахлая трава. Разбураная зямля.
Успомніў: радыяцыя…
Стаяў ён пасярод лугу. Непадалёк пасвіліся каровы – скублі радыяцыйную траву. Каля іх Радзім угледзеў пастуха – той стаяў і ад няма чаго рабіць ляскаў пугаю. Прыгледзеўшыся пільней, пазнаў: дык гэта ж дзядзька Кастуль, Юрасёў бацька. Падышоў бліжэй і радасны, што нарэшце сустрэў знаёмага чалавека, расчулена павітаўся:
– Здароў! – абыякава адказаў той і не здзівіўся ягонаму з'яўленню, нават не спытаў, чаму яго гэты час не відно было ў вёсцы.
Ад хат ішла сюды пажылая жанчына з дзецьмі. Здалёку Радзіму здалося, што гэта цётка Ганна, Юліна мама – відаць, ім і Кулетам сёння выпала радоўка быць у полі. Калі яна падышла зусім блізка, Радзім павітаўся з ёю:
– Дзень добры, цётка Ганна!
Але жанчына, замест таго каб адказаць на ягонае прывітанне, вельмі шчыра рассмяялася:
– Жэўжык, ты што, звар'яцеў?! – крыху адсмяяўшыся, спыталася яна. – Мяне не пазнаеш?
Радзім стаяў, лыпаў вачыма і ніяк не мог зразумець, чаго яна смяецца.
– Я ж Юля, – зноў засмяялася жанчына.
– Юля?! – не паверыў сваім вушам ён.
– Юля, – усё гэтак жа спакойна адказала аднакласніца.
– А наш выпускны… – хацеў нешта спытацца хлопец, але Юля толькі махнула рукою:
– Які табе выпускны, Жэўжык! Столькі ж часу прайшло…
Хоць і нясмела, але Радзім усё ж падышоў да яе, узяў за руку, зазірнуў у вочы. Яна ж адвяла свой позірк, глянула ў бок дзядзькі Кастуля, рашуча вырвала далонь з ягоных пальцаў і нібыта з дакорам ціха сказала:
– Позна, Радзім. Позна…
А потым апусціла вочы долу і, мусіць, каб не чуў дзядзька Кастуль, яшчэ цішэй прамовіла:
– Я ж даўно замужам. За Юрасём. Ён трактарыстам працуе. А гэта ўсё губашлёпінкі мае родныя, – і яна абедзвума рукамі адразу паспрабавала прыгарнуць да сябе ўсіх дзяцей – іх, можа, было шэсць ці сем: і хлопчыкаў і дзяўчынак.
Яму чамусьці падумалася, што якраз яны, яе дзеці, нядаўна мелі яго за ляльку і гулялі з ім.
Дзядзька Кастуль, відаць, зразумеўшы ўсю далікатнасць размовы Радзіма з нявесткаю, здагадліва адышоўся ад іх, пайшоў на другі бок табуна.
Але ім усё роўна не было пра што гаварыць. Радзім глядзеў на гэтую распаўнелую пасівелую жанчыну і ніяк не мог даць веры, што гэта Юля.
І Юля, нібы здагадаўшыся, пра што ён думае, сама загаварыла пра гэта:
– Ты ж во застаўся такім маладзічком, а я, як бачыш, у старую бабу распаўнела. Мы ж цяпер з табою, як сын з маткаю.
Угледзелася ў яго, здзівілася:
– Зірні ты, а ў яго яшчэ і «Хімія» за поясам.
– А ты біяфак скончыла?
– Пра што ты гаворыш?! Мая старэйшая дачка на біяфаку вучыцца…
О гэтае скрыўленне прасторы і часу!
Успомніў пра Мудраца з краіны За і пра сваё абяцанне. Зірнуў на Юліна вуха: завушніц на ім не было. Яна перахапіла яго позірк, удзячна ўсміхнулася:
– Ты ўсё яшчэ мае завушніцы помніш?
– Я любіў іх. Дарэчы, яны вельмі табе ішлі.
– А Юрась ненавідзеў. Ведае, што яны табе калісьці вельмі падабаліся.
– А дзе яны зараз?
– Ён закінуў іх некуды. І не кажа куды.
Вакол бегалі Юрасёвы і Юліны дзеці. Яны чапляліся за матчыны ногі, хапалі яе за рукі, цягалі, тармасілі за плацце.
Пачуўшы гэтую навіну, Радзім зніякавеў: Губашлёп закінуў завушніцу! А там жа людзі! Жывыя людзі! Не, ён знойдзе тую завушніцу! Хоць гэта і будзе цяжка.
Ён дапаможа Мудрацу і яго народу жыць так, як яны хочуць!
Юля, страсянуўшы галавою, – мусіць, каб пышнейшымі сталі валасы, – ласкава, як раней, у школе, паглядзела на яго, зачырванелася, тут жа апусціла вочы долу і скрушліва загаварыла:
– Чаму ж ты не шукаў мяне, Жэўжык? А я начамі не спала, думала пра цябе, чакала… А то і сніла часам. То раптам убачу, што ты сядзіш дзесьці ў спякотнай пустыні, пад гарою гарачага пяску з нейкаю вельмі падобнаю на мяне дзяўчынаю і вы збіраецеся цалавацца… Спякота такая, а ім, ці бачыце, цалавацца карціць…
Юля ўсміхнулася, памаўчала, мусіць, успамінаючы далей свае сны.
– А ў другі раз сню, што лячу я над нейкаю прорваю. Ноч самая, цёмна вакол. І раптам бачу: ты над прорваю вісіш, матляешся, нагамі сучыш – вось-вось сарвешся і паляціш у прадонне. Я хуценька падляцела да цябе, руку табе падала, на нейкую вераўчаную лесвіцу паставіла – тая аж захісталася… Дзіўна так, як усё роўна зараз бачу той сон. А прорва такая глыбокая, цёмная, страшная…
Жанчына замоўкла, але хутка, нібы спахапіўшыся, уздыхнула:
– Позна, Радзім, позна…
– Ага, позна, – згадзіўся з ёю і Радзім, а сам думаў пра тое, што толькі што расказала Юля: значыць, яна і напраўду была, відаць, і ў пустыні, і над прорваю, і ля свяшчэннага возера зэмаў…
Далекавата, на дарозе, загрукатаў трактар. Ён напрамкі, праз поле спяшаўся сюды. Дзеці падбеглі да Юлі, абкружылі яе, загаварылі, перабіваючы адно аднаго:
– Мамка! Мамка! А вунь наш татка едзе!
Юля, як і ўсе сялянкі свету, прыклала руку да вачэй і з-пад далоні ўгледзелася ў той бок, у які паказвалі дзеці. Радзім убачыў у гэтым зручны момант, каб развітацца:
– Ну добра, Юля, бывай. Я пакуль што не хачу сустракацца з тваім Кулетам.
І пайшоў з лугу ў бок вёскі.
Цяпер ён ужо быў зусім вольны – Оя вярнулася ў Зэмію, у сваё вымярэнне, а Юля не дачакалася яго з падарожжа.
Ён быў вольны для нейкай вялікай ідэі, якую пакуль што яшчэ не разумеў і сам, але якая ўжо міжволі непакоіла яго і турбавала.
Нібы нехта знарок правёў яго праз Дурбудзіі, Жалезныя Хаосы і іншыя жахі, каб паказаць, што не трэба рабіць дома.
Але ж як сказаць свайму народу, што ён вольны і моцны, добры і мудры? Як абараніць яго ад зламыснікаў, якія пераконваюць усіх, што ён забіты і слабы?
Задумаўшыся, міжвольна ўсунуў рукі ў кішэні. Пальцы намацалі нейкую цвёрдую макулінку. Радзім дастаў яе, няўцямна пакруціў перад вачыма і выкінуў у траву. Прайшоў колькі крокаў, але тут жа спыніўся – пачакай, пачакай, дык гэта ж семка з зэмаўскай яблыні! Столькі яно бераглося ў кішэні, а тут, дома, ён узяў ды і выкінуў. А раптам гэта як талісман які – на ўсё жыццё, што наперадзе?! Яно ж з бацькавай яблыні, але прайшло разам з ім такія выпрабаванні…
Вярнуўся назад, знайшоў у траве семка. Зноў агледзеў яго, але на гэты раз ужо больш уважліва і зацікаўлена.
Семка паспела прарасці – пусціла маленькую, але магутную навырост дзюбачку.
Радзім асцярожна схаваў семка ў далоні.
Так, у далоні, ён прынёс яго да свае хаты і, пакуль не пасадзіў пад вокнамі, не разгінаўся, не падымаў вачэй ад зямлі.
Дрэва ўвачавідкі ўзялося расці…
Да Радзіма ўжо беглі з градаў бацькі, сыходзіліся аднавяскоўцы – паглядзець, што гэта хлопец робіць.
– Дзень добры табе! – павіталіся з ім.
– Дзень добры вам! – адказаў ён.
1994 г.
Прытчы і метафары
Ледавік і ДжунгляняВада была бязмежная. Здаецца, і сонца, якое стаяла над самаю галавою, нідзе не бачыла яе берагоў – усюды толькі вада, вада, вада. Ціхая, спакойная, як шкло, паверхня.
А пасярод гэтай вады – вялізны, нібы авіяносец, карабель: на яго палубу можна было б прыняць адразу добрую тысячу цяжкіх самалётаў.
І на ўсю гэтую нямераную разлегласць, і на ўсю гэтую неабсяжную палубу – іх толькі двое: ён, велікан, які ў гэтых бяскрайніх прасторах таксама здаецца маленечкім-маленечкім, і пігмей, якога, асабліва не ўглядаючыся, можна і зусім не заўважыць.
Нікога няма ні на палубе, ні ў каютах, ні на капітанскім мосціку – карабель, здаецца, плыве сам сабою. А часам мроіцца, што ён і ўвогуле нікуды не плыве, стаіць на адным месцы пасярод вады – не чуваць, як працуюць машыны, няма за ім звычайнай пены і хваль, а пракаветная цішыня, што гусціцца навокал, быццам ватаю, закладае вушы.
Хоць бы якая птушка, хай сабе і здалёку, махнула дзе крылом.
Хоць бы якая рыбіна, хай сабе і невялікая, вынырнула дзе-кольвек побач, парушыўшы здзеклівы спакой вады.
Хоць бы які ветрык, хай сабе і ледзь улоўны, прашумеў над палубай, каб разрэдзіць гэтае даўкае маўчанне, якое невідома, але задушліва вісіць над караблём і вадою.
Аднак ужо які месяц навокал ні гуку, ні крыку, ні слова, ні шолаху.
Моўчкі ляжыць пігмей, маўчыць і ён, велікан. І дзіўна, пігмей, хоць ён і звязаны, нават і не паспрабаваў за гэты час паварушыцца, павярнуцца, вызваліцца – ляжыць і маўчыць.
Велікан, куды б ён ні адышоўся, усюды і адусюль бачыць адны толькі вочы пігмея – яны, вялікія-вялікія, здаецца, нават большыя за яго самога, усюды сочаць за ім – нібы ідуць следам. Адышоўшыся, пігмея ён не бачыць, а ягоныя вочы, якія быццам бы аддзяляюцца ад цела і даганяюць крыўдзіцеля, не даюць яму спакою.
У іх невыказны сум, журба, няўцешнасць, але і непрыхаваная нянавісць да велікана, А за што ж ахвяра будзе любіць свайго крыўдзіцеля?!
Вось ужо колькі месяцаў, як яны плывуць на гэтым караблі. Са спякотнага, задушлівага, пракаветнага лесу, дзе дрэвы падаюць адно на адно і гніюць самі сабою, дзе праз зараснікі няма як прадрацца, а паветра такое распаленае, гарачае, што ім няма як дыхнуць, плывуць у халодныя, ледзяныя айсбергі, дзе няма ніводнай травіны, а людзі жывуць у прасторных, гулкіх палацах, выдзеўбаных у льдзінах, і дзе яшчэ больш цяжка дыхаць: паветра замярзае перад самым ротам або нават у горле – не пракаўтнуць.
Велікан выконвае заданне вельмі вялікай дзяржаўнай важнасці. У звярынцы іхняй Лядовіі, а правільней – у людзінцы, бо ў клетках і вальерах там знаходзяцца не звяры, а людзі, не хапала якраз вось гэтага тыпу пігмеяў – дужа рэдкай, амаль зніклай папуляцыі. Гэта будзе апошні экспанат, і тады людзінец можа хваліцца сваёю калекцыяй перад усім светам.
Вось таму Ледавіка і паслалі па гэты экспанат. Канечне, заданне яму дасталося зусім лёгкае – што яму, велікану, могуць зрабіць прымітыўныя пігмеі са сваімі прымітыўнымі лукамі ды стрэламі?! У тым месцы, куды ўдзяўбнецца наканечнік, яму толькі засвярбіць…
Ён пры жаданні, пашукаўшы, памацаўшы рукамі пад дрэвамі, мог бы налавіць, нагрэбці колькі хочаш такіх экспанатаў, але ж яму загадалі прывезці толькі аднаго, вось ён аднаго і вязе.
Пігмей ляжаў у той жа самай позе, у якой і паклаў яго Ледавік яшчэ ля самага берага родных джунгляў. І вочы Джунгляня ўсё яшчэ глядзелі велікану прама ў душу.
І хоць яму было гэта вельмі непрыемна, няёмка, ён усё ж нагнуўся над пігмеем і пільна ўгледзеўся ў чалавека, якому цяпер ужо наканавана да смерці жыць у звярынцы. Само сабою падумалася: а ён жа ні ў чым не вінаваты – проста трапіўся яму пад далонь, калі Ледавік вадзіў рукамі пад дрэвамі, пад галінамі, пад лісцём. Мог бы трапіцца хто-небудзь іншы, а ён вось зараз збіраўся б на паляванне ці, наадварот, ужо нёс бы дадому якую-небудзь упаляваную на абед змяю.
Нахіліўшыся зусім нізка над палубаю, разглядаючы пігмея зблізку, Ледавік заўважыў, што Джунгляня дрыжыць.
Канечне, будзеш дрыжаць! Пігмей жа ляжыць на палубе зусім голы, на ім усяго толькі адна набедраная павязка, але хіба можа сагрэць чалавека адзіны ліст нейкага джунглевага дрэва, хай сабе ён вялікі і лапушысты!
Хоць над галавою стаяла спякотнае сонца, хоць Ледавіку было ўсё яшчэ дужа горача, нават душна, для пігмея ж, выхапленага з трапічнай духаты, цеплыні ўжо не хапала – карабель вельмі далёка адплыўся ад джунгляў, і тут быў іншы, намнога халаднейшы клімат. Ледавік сам успомніў, як яму не было чым дыхаць у трапічным лесе, як ён задыхаўся ад парнасці, душыўся гарачым, бы жар, паветрам на невялікіх палянах. Як спяшаўся злавіць пігмея, каб хутчэй зноў узбегчы на палубу карабля, які стаяў пры самым беразе Пігмеяніі – там можна было крыху адысці, аддыхацца, бо вада, якая давала хоць і маленькую, але ўсё ж прахалоду, была яму як збавенне.
Успомніў, куды яны плывуць, і яму яшчэ болей стала шкада Джунгляня. Уявіў, як гэтаму дзіцяці тропікаў будзе холадна, пакуль прывыкне да сцюдзёных, лядовых пакояў, дзе зімнай сцюжаю павявае і ад сцен, і ад падлогі, і ад столі, і нават ад сонечных промняў, калі сонца хоць і рэдка, але ўсё ж прабіваецца праз хмары, – у іх жа і сонца таксама халоднае!
Канечне, і яго, як раней іншыя экспанаты, што ўжо даўно жывуць у звярынцы, адразу адзенуць у цёплае футравае апранне, у яго клетцы-вальеры пачнуць падтрымліваць высокую тэмпературу – аж сцены будуць плавіцца і сцякаць на падлогу вадою, – але ж яму ўсё роўна, нават пры такой увазе, будзе холадна – калі не целу, то душы.
Пігмей дрыжаў ўсёю сваёю істотаю. Гэта толькі здалёку не відно было ягоных дрыжыкаў, а зблізку кожны мог убачыць, як таго калоціць, як трасе, нібы ў ліхаманцы, яго лядашчае, кволае цела – яно аж грукала аб палубу.
І раптам яму чамусьці здалося, што не ён пігмея, а якраз пігмей яго выкраў у Лядовіі і вязе ў рабства.
І нейкае вялікае-вялікае шкадаванне ці то да сябе, ці то да Джунгляня нечакана агарнула велікана, і на яго найшла нейкая незразумелая замілаванасць да гэтага дзіцяці лесу, якое ні ў чым не вінаватае, а пакутуе толькі таму, што собіла яму якраз трапіць пад руку чужынцу.
Ледавік, спяшаючыся, зняў з сябе куртачку і накінуў яе на пігмея – куртачка для таго была ўжо завельмі вялікая, яна заняла ладную лапіну палубы, і цяпер нават яму, велікану, які толькі што ўважліва разглядаў Джунгляня, стала незразумела, дзе яно стаілася і заціхла – пад крысом, пад каўняром ці, можа, пад рукавом. Меркаваў, што пігмей, ужо накрыты, удзячны яму, сцішыцца зусім, надыхае над куртачкаю паветра і пакрысе сагрэецца.
Але не паспеў ён так падумаць, як уся куртачка захадзіла раптам ходырам, і з-пад яе той жа час выкаціўся пігмей.
Вочы глядзелі на Ледавіка злосна і грэбліва, – тое, што ён накінуў на Джунгляня куртачку, здаецца, раззлавала і абразіла яго: ахвяра не хацела ніякай дапамогі ад свайго крыўдзіцеля!
Але гэтая злосць яшчэ болей расчульвала велікана, выклікала яшчэ большы давер да пігмея. Хоць яму, канечне ж, і не падабалася, што той столькі часу маўчыць – хай бы крактаў, мычаў ці, на крайні выпадак, уздыхаў, а то ляжыць і маўчыць. І нават вось зараз, узлаваўшыся, не выпусціў з сябе ні гуку – адкаціўся і зноў ляжыць, глядзіць, маўчыць.
Веліканы, кажуць, усе даверлівыя. А гэты, здаецца, быў яшчэ больш даверлівы, чым усе яны, разам узятыя.
Хоць да пігмея можна было і не падыходзіць – яго, хоць ён і адкаціўся, лёгка дастаць рукою і адсюль – Ледавік усё ж падышоў бліжэй, прысеў на ўсколенцы і пачаў паволі, не спяшаючыся развязваць вяроўкі, якімі, нібы сноп, было ўвязана Джунгляня. Спачатку развязаў ногі – пігмей нават і не паварушыў імі, ляжаў як нежывы.
Але калі развязаў і рукі, а той нават і не паспрабаваў падняць іх, каб размяць зацёклыя цягліцы – яны ляжалі, як і да гэтага, прыціснутыя да бакоў – велікан, уражаны, падумаў ужо, што, можа, і напраўду Джунгляня памерла ад няўцешнага смутку.
Аднак не, на яго з дакорам глядзелі ўсё тыя ж жывыя, поўныя смутку і нянавісці вочы.
Хоць у іх ужо і было нешта новае…
Пакуль Ледавік дзівіўся, раздумваў, спрабуючы ва ўсім разабрацца, раптам за спіною ў пігмея штосьці зашамацела, лопнула, шуганула, як стрэліла – што гэта крылы, велікан здагадаўся толькі тады, калі Джунгляня, нібы птушка, узвілося ў неба, хапатліва замахала імі і паляцела ў той бок, дзе застаўся родны бераг.
Велікан ачомаўся толькі зараз. Ён пашкадаваў ужо, што позна ва ўсім разабраўся і не паспеў своечасова хоць за што-небудзь схапіць Джунгляня.
Пігмей ляцеў цяжка і, здавалася, зусім не аддаляўся ад карабля. Ён напінаўся, натужна махаў крыламі – як усё роўна цягнуў за сабою нейкі дужа грувасткі груз…
І раптам Ледавік аж ускрыкнуў: ён здагадаўся, чаму так напінаецца і што цягне за сабою пігмей! Той, высільваючыся, спрабуе валачы за сабою карабель – сваю нядаўнюю турму! І вадаплаў, хоць і не вельмі паддаючыся яму, усё ж напачатку нібы нехаця запаволіў свой рух, потым спыніўся зусім, а пасля паціху пачаў сунуцца назад – якраз у той бок, куды ляцела і Джунгляня.
Больш таго, Ледавік заўважыў тоненькую, як павучынка, нітачку, якая нібыта злучала карабель з пігмеем. Хацеў адразу ж бегчы туды, каб разарваць яе, адарваць ад палубы, але, уражаны, не змог зрабіць ніводнага кроку – ногі яго былі звязаныя. Паспрабаваў узняць руку – і таксама не змог: і рукі яго зноў жа былі звязаныя. Тымі ж вяроўкамі, што асталіся пасля вызвалення пігмея. Відаць, пакуль велікан думаў, што і да чаго, пігмей паспеў расквітацца з ім, адпомсціць яму.
Але ж зараз штосьці трэба было рабіць.
Крыху падумаўшы, велікан сам нязграбна паваліўся на дошкі і пакаціўся ў той бок, дзе да палубы была прымацавана таямнічая нітка. І якое ж было яго здзіўленне, што на тым месцы нічога не аказалася. Дакаціўшыся, ён, падымаючы галаву, колькі разоў спрабаваў учапіцца за нітку зубамі, каб перагрызці яе, але зубы ні на што не натыкаліся, ні за што не чапляліся – нітка была прывідная: яна ёсць, і яе няма.
Але ж пігмей менавіта на ёй цягне такі карабель!
Каб лішні раз пераканацца, што гэта і праўда нейкі прывід, ён колькі разоў туды-сюды пракаціўся па палубе, там, дзе, як яму здавалася, павінна мацавацца нітка, але нічога пад сабою не адчуў, нішто яму не замінала.
Толькі тады Ледавік зразумеў, што ніякая гэта не нітка, а ўсяго толькі нейкі таямнічы промень, якім пігмей прывязаў да сябе карабель і які вытрымлівае – не рвецца! – такую нагрузку.
І засаромеўся: чаго ён мітусіцца? Супакоіў сам сябе: навошта яму перагрызаць гэты промень? Пігмей жа цягне карабель назад у джунглі… Няхай цягне!
Яму ж усё роўна нельга вяртацца ў сваю Лядовію без экспаната. А там, у джунглях, ён зноў зловіць пігмея. І ўжо, навучаны вопытам, не аднаго, а добрую сотню, а то і тысячу джунглянят. Каб іх хапіла не на адзін вальер, а на цэлы звярынец! І тады ў іх будзе самая вялікая экспазіцыя пігмеяў.
Няхай, няхай валачэ ў свае джунглі і яго, і карабель!
І засмяяўся, як самы шчаслівы ў свеце чалавек, і нават задаволена пацягнуўся аж да хрусту, пацягнуўся ў думках, бо пацягнуцца напраўду ён, звязаны, не мог.
Велікан забыўся, што не пігмей, а ўжо ён сам зараз нявольнік. Ці, можа, спадзяваўся за доўгую дарогу развязацца…
І яшчэ ён пакуль што не ведаў, што ў джунглях таксама вырашылі стварыць свой звярынец – людзінец веліканаў, там ужо абсталёўвалі клеткі і вальеры, а пігмей, які толькі што вызваліўся, цягнуў туды першы экспанат.