355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Сипаков » Падары нам дрэва » Текст книги (страница 12)
Падары нам дрэва
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 17:48

Текст книги "Падары нам дрэва"


Автор книги: Иван Сипаков


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 17 страниц)

Урэшце, яму гэта так надакучыла, што ён падгаворваў ужо Ою саскочыць з калёс, але яна не згадзілася: высока, ды і, саскокваючы, можна было патрапіць пад колы.

– То ж яны забаўляюцца, – усміхнулася Оя.

– Хто гэта – яны?

– А ты яшчэ не здагадаўся? Гэта ж дзеці. Гуляюць у свае гульні. Калёсачкі катаюць, савочкі ў іх ляжаць, вядзерцы стаяць. А тут і мы замест ляляк ім трапіліся. Вось яны і заняліся.

– Ага, заняліся. У мяне ўжо бакі баляць ад іхняга занятку. А хіба яны не бачаць, што мы – людзі?

– Не, не бачаць. Кузуркі, думаюць.

– Кузуркі, кузуркі… Гэта ж, відаць, Юліны меншыя сястрычкі. Атрымаюць яны ў мяне, як вярнуся. А што яны гавораць? Ты чуеш?

– Чую.

– А чаму я нічога не чую? Я як глухі ўсё роўна: такая цішыня навакол…

– А ўсё ж каля нас аж грыміць і гудзе ад іх шалу, галёкання. Але гэты гул паверсе ідзе. Да нізу не даходзіць. А я ўсё роўна чую чамусьці.

– Ну дык што яны гавораць?

– Пацяшаюцца з тваёй Юлі і Губашлёпа. Згаворваюцца ісці да лавачкі, каб сагнаць іх.

– А яны ўсё яшчэ сядзяць на лавачцы?

– Сядзяць.

– Абдымаюцца?

– Не. Ён хоча яе абняць, а яна не даецца.

Оя ўважліва, пільна паглядзела на Радзіма. Ён вытрымаў гэты позірк і нічога не сказаў, прамаўчаў – навошта ёй ведаць пра яго пачуцці.

– Губашлёп цябе абгаворвае. Кажа, што ты некуды збег, бо баяўся экзамена па хіміі. А ён во не збаяўся і добра здаў, хоць у годзе вучыўся на адны двойкі.

– Але ж Юля ведае, куды я збег. Мы ж з ёю трымаліся за рукі, пакуль пясчынка не разлучыла нас.

– Яна слухае Губашлёпа і толькі ўсміхаецца.

– А як Юля вярнулася назад? У ранейшае вымярэнне? Яна пра гэта не расказвае?

– Не расказвае. Але гаворыць: «Мы патанулі кудысьці ў зямлю. Але калі я вынырнула, вынырне і ён». Гэта значыць, ты…

Радзім уявіў сабе, як і ён будзе вынырваць на паверхню – спакойная-спакойная вада і раптам – буль-буль-буль – з'яўляюцца бурбалкі, а потым паказваецца і галава, – усміхнуўся. Оя ж падумала, што ён усміхаецца з іншае прычыны, – бачыш, Юля помніць, думае пра яго. Яна засумілася, зацялася, зрабілася зусім маўкліваю. На ўсе яго роспыты, што там, на лавачцы, адбываецца, нічога не адказвала. Калі ён усё ж даняў сваімі пытаннямі, Оя, адвярнуўшыся ўбок, нейкім ціхім і сумным, як усё роўна вінаватым, голасам прамовіла:

– Яна чакае цябе, – і ўздыхнула. – Яна кахае цябе. Радзім не ведаў, як у такой сітуацыі паводзіць сябе, – супакойваць дзяўчыну, суцяшаць яе? Але як супакойваць і чым суцяшаць? Маніць, што ён не хоча сустрэцца з Юляю? Але ж гэта будзе непрыстойна. Хоча, хоча, хоча сустрэцца! І ён абавязкова сустрэнецца з ёю!

Думаў так, але нічога не гаварыў. Маўчала і Оя. Яна толькі журботна глядзела некуды ўдалячынь. А потым нечакана, парывіста кінулася да яго і ашчапіла Радзіма рукамі за шыю. На сваіх губах ён, збянтэжаны, адчуў яе гарачыя, ласкавыя вусны. Яны шапталі:

– А я, дурнічка, сама закахалася ў цябе…

Яе шчокі былі мокрыя – Оя плакала. Ён зразумеў, што яна плача, калі дзяўчына далікатна пацёрлася шчакою аб яго шчаку.

Радзім і сам здзівіўся, калі падсвядома адчуў, што яму гэта прыемна, – значыць, і ён не абыякавы да зэмкі, якая аказалася звычайнаю, такой жа самаю чулліваю, як і нашы беларускія дзяўчаты.

Здзівіўся, што і яму хочацца прыгарнуць яе да сябе, выцерці слёзы, правесці даланёю па шчацэ, што так прыціснулася да ягонай. Але ён марудзіў – нешта замінала яму. Радзім стаяў з апушчанымі рукамі і маўчаў. Оя шчымліва, пяшчотна, нібы развітваючыся назаўсёды, зноў дакранулася да ягоных вуснаў – хлопец заўважыў, якія яны салёныя ад слёз – і яе рукі, усё яшчэ сашчэпленыя на Радзімавай шыі, пачалі слабець, разыходзіцца.

– І ўсё ж, – ледзь пачуў ён, – я памагу табе, мой каханы, сустрэцца з Юляю…

І ў гэты час штосьці здарылася. Іх разлучылі, і, здаецца, пальцы, якія груба ўхапілі яго, перавярнулі ўніз галавою і некуды панеслі. Было нязручна, было балюча, кроў прылівала да галавы, у вушах шумела – ці то ад гэтай прыбольшанай крыві, ці то ад ветру. Ён паспрабаваў паварушыцца, каб, калі ўдасца, перавярнуцца, але пальцы трымалі так моцна, што пра гэта не было чаго і думаць.

Другая рука кудысьці панесла Ою. Дзяўчына паспела яшчэ папярэдзіць Радзіма:

– Дзеці падарылі нас старэйшай сястры. Яны садзяць нас на Юліну завушніцу, – пачуў ён апошнія словы, і ўсё раптам знікла: і сама Оя, і яе голас.

Жыццё на завушніцы

Спачатку ён і нагамі, і рукамі адчуў штосьці халоднае-халоднае – здалося нават, што зноў трапіў на Жалезны Хаос. Тут было гэтак жа, як і там, настыла, зябка і цёмна.

І калі цемра неўзабаве знікла – пальцы, пасадзіўшы Радзіма на завушніцу, той жа час адсланілі святло, – а вось холад застаўся. Па тым, як адразу востра запахла жалезам, Радзім здагадаўся, што ў Юліных вушах сёння, мусіць, просценькія завушніцы з мельхіёру, якія яму заўсёды падабаліся сваёю вытанчанасцю – кветка, выкаваная з цяжкога матэрыялу, была лёгкая і нават не верылася, што яна жалезная. Але пацвердзіць сваю здагадку нічым ён не мог – стаяў пасярод нейкай глыбокай упадзіны і далей яе берагоў нічога не бачыў.

Ды і агледзецца таксама не паспеў – адразу ж адчуў, што з ім штосьці адбываецца. Здаецца, ён зноў пачаў змяншацца – зразумеў гэта па тым, што ўсё вакол яго вырастае памерамі, а ён сам нібыта ўплішчваецца – усё глыбей і глыбей – у завушніцу.

Успомніў, колькі ён ужо за час сваіх прыгод змяншаўся: нават, калі, здавалася, змяншацца не было куды і не было як, усё роўна знаходзілася такая магчымасць. І дзіўна, чым болей Радзім змяншаўся, тым здаваўся самому сабе яшчэ больш вялікім і моцным.

Не, гэта яму не толькі здавалася, гэта было на самой справе: чым меншым ён цяпер рабіўся, тым большым выглядаў сярод усяго, што ўзнікала вакол яго. Асабліва такое стала відавочным, калі ён раптам апынуўся – як усё роўна саскочыў аднекуль туды – у якімсьці вялікім і тлумным горадзе, сярод невядомых яму людзей. Радзім быў завялікі і для людзей, і для дамоў – гараджане, што мітусіліся, як мурашкі, пад нагамі, задзіралі галовы і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва.

О гэтая скрыўленасць часу і прасторы, гэтае другое, ці ўжо трэцяе вымярэнне! Толькі што ён быў маленечкаю кузуркаю сярод веліканаў, ніяк не мог перайсці ад краю і да краю чаравік, не мог убачыць цалкам чалавека, а зараз ужо на яго самога глядзяць як на волата і, мусіць, прыкідваюць, ці ўдасца з ім як-небудзь паразумецца.

Падумаў: вось і цяпер нехта хутчэй за ўсё пазірае на завушніцу, але не ўяўляе, нават сцяміць не можа, што на ёй ёсць гарады і мітусяцца людзі. Ды ён і сам раней не думаў пра гэта, а каб хто сказаў такое, абурыўся б: завушніца, як завушніца, пра якое жыццё на ёй вы гаворыце?!

На шчасце, ніякіх непаразуменняў з гэтымі людзьмі ў Радзіма не ўзнікла. Да яго зусім блізка падышоў нейкі чалавек, зірнуў знізу ўверх, пачаў штосьці гаварыць.

Але хлопец нічога не чуў. Тады незнаёмец, зразумеўшы, што стараецца ён марна, палез рукою за спіну і нібыта ўключыў якую кнопку. І на вачах пачаў расці, шырыцца, таўсцець – як усё роўна яго надзімаў хто. Неўзабаве ён зраўняўся ростам з Радзімам. Руку, што націскала кнопку, сунуў у Радзімаву далонь, прывітаўся:

– Здароў.

– Здароў! – адказаў яму Радзім.

– Ну як?

– Аніяк, – усміхнуўся хлопец.

Чалавек гэты быў такі свойскі, і гаварыў ён так проста і нязмушана, быццам яны ведалі адзін аднаго вельмі даўно. Тварам і паставаю ён быў падобны на Кастуля, губашлёпавага бацьку, гаваруна і кампанейскага дзядзьку, і таму Радзіму было проста з ім гаварыць – якраз так бы ён гаварыў з любым вясковым мужчынам.

– Вітаю цябе, хлопча, у вар'яцкім доме! – між тым усміхнуўся яму новы знаёмы.

– Дзе, дзе? – перапытаў Радзім. – У вар'яцкім доме, кажаце?

– Ага. Але ты вельмі не перажывай і не палохайся, – убачыўшы, што хлопец змяніўся з твару, збляднеў і наструніўся, супакоіў яго дзядзька. – Тут сабраны лепшыя людзі нашай краіны. А сапраўдныя вар'яты якраз на волі, там, за сценамі нашага дома.

Радзім аглядзеўся, абвёў вачыма збудаванні.

Гэта і праўда, мусіць, быў вар'яцкі дом. Ён вельмі ж нагадваў турму: адгароджаны ад астатняга свету тоўстымі, высокімі, цаглянымі сценамі, паверсе якіх ішоў калючы дрот, сам змрочны і няветлівы, ён палохаў сваімі мурамі і скляпеннямі. Убачыўшы, што Радзім яшчэ болей разгубіўся, дзядзька развёў рукамі:

– Даруй мне, хлопча, што я цябе выкраў сюды. Спадабаўся ты мне. А ў мяне якраз няма талковага памочніка. Таму я даўно прыглядаюся да цябе, сачу за табою. Вось мне і здалося, што толькі ты паможаш нам, – дзядзька абвёў позіркам турэмныя сцены, паказаў рукою. – А да іх ты неўзабаве прывыкнеш. Людзі ў нас усе прыстойныя, разумныя. Ты пасябруеш з імі і праз нейкі час не будзеш заўважаць муроў.

– А вы хто тут будзеце? – хоць і па-свойску, але ўсё ж няўпэўнена, нясмела спытаўся Радзім.

– Я? Я тут Галоўным Вар'ятам працую, – адказаў дзядзька і патлумачыў: – Пасада ў мяне такая…

Пачуўшы гэта, Радзім яшчэ болей разгубіўся. Ён не ведаў, як сябе паводзіць з незнаёмцам, што думаць пра яго: ці то дзядзька напраўду нармальны чалавек, якога сілаю схавалі ў вар'яцкі дом, ці, можа, ён на самой справе вар'ят, але гаворыць так, што адразу не разбярэшся, хворы ён ці здаровы.

– Не бойся мяне, хлопча, – убачыўшы Радзімаву разгубленасць, загаварыў да яго дзядзька. – Ніякі я не вар'ят. Такім хочуць мяне бачыць сапраўдныя вар'яты. А тут, за мурамі, вельмі тактоўныя і праніклівыя людзі абралі мяне нават Галоўным Мудрацом.

– Дык а за што вас сюды… пасадзілі? – асмеліўся нарэшце спытацца Радзім.

– Разумееш, хлопча, я люблю сваю краіну. Цяжка нам жывецца, нялёгка дыхаецца. Даймаюць нас нейкія непрадказальныя патопы, землятрусы. Затым гады такога спакою, што аж вушы закладае ад цішыні. І хоць бы ветрык які варухнуў паветра. А пасля зноў – ураганы, ліўні, якія змываюць усё на свеце…

Каля іх ужо сабралася шмат людзей. Яны, маленькія-маленькія, з цікавасцю назіралі, як гаворыць Галоўны Мудрэц з нейкім веліканам, – задзіралі галовы, дакраналіся, дацягваліся рукамі да яго калашыння, абмацвалі чаравікі. Далёка-далёка ўнізе, каля яго ног жыхалі машыны, на ўзроўні пояса ляталі птушкі, а над галавою – самалёты: некаторыя праляталі нават перад самымі вачыма.

– Дык вось я і хацеў разабрацца, хто мы такія і адкуль мы. Хацеў знайсці нейкія законы, нейкія залежнасці, паводле якіх жыве наша цывілізацыя. Вывучаў, вылічваў, супастаўляў. Задумаўся, да прыкладу, чаму суседнія краіны называюцца так дзіўна. Самі мы жывём у краіне За. А каля нас – іншыя дзяржавы: Вуш, Ні, Ца. Мы быццам бы пачынаем нейкае слова. Склаў назвы краін. «Завушніца» атрымалася. Значыць, наша планета Завушніцаю завецца! Сказаў пра гэта Каралю № 121. «Што?! – азвярэў той. – Мая Вялікасць не жадае жыць на нейкай там Завушніцы!» І вось я апынуўся тут.

Радзіму здалося, што самалёт ляціць якраз яму ў твар. Ён адхінуў галаву і машынальна махнуў перад сабою рукою. І зразумеў, што збіў, як камара, самалёт, калі ўбачыў, што той пачынае падаць на зямлю. Добра яшчэ, што паспеў падхапіць яго на далонь, а то потым, прыняўшы на душу такі грэх, – столькі б людзей загінула, бо самалёт быў пасажырскі! – усё жыццё пакутваў бы ад гэтага. Узяў самалёт у пальцы, падняў яго вышэй і адчуўшы, як той трымціць у руках, сілячыся вырвацца, каб паляцець, адразу адпусціў яго. Радзім бачыў, з якой радасцю, вызваліўшыся з няволі, самалёт вырульвае на свой маршрут.

– Вось так я стаў Галоўным Вар'ятам краіны За, – Мудрэц нейкі час маўчаў, уважліва сочачы, як забаўляецца хлопец з самалётам, і загаварыў зноў толькі пасля таго, як ён адпусціў аэробус на волю.

«І тут Дурбудзія!» – сам сабе падумаў Радзім, але ўголас не сказаў гэтага, бо яго ніхто ўсё роўна не зразумеў бы: доўга давялося б тлумачыць, што і да чаго.

– Кароль, кажаце, пасадзіў вас сюды?

– О, кароль у нас арыгінальны. Ён толькі і гаворыць: «Мая Вялікасць хоча», «Мая Вялікасць думае», «Мая вялікасць лічыць». Іншага ад яго і не пачуеш. І вось табе маеш: усе нармальныя людзі ў вар'яцкім доме, усе ненармальныя – разам з ім, на волі.

– А чаму ненармальныя?

– Ну хіба нармальны чалавек вытрымае такое? Скажам, той жа кароль. Ён прымушае ўсіх пляваць на сябе, а пасля, апляваны з ног да галавы – харкаўцы звісаюць і з кароны, і з валасоў, цякуць па твары, целяпаюцца і на адзенні,– ходзіць між падданых і хваліцца перад імі: зірніце, колькі я медалёў заслужыў… І смаркачы – таксама для яго медалі.

– А ён пляшывы?

– Пляшывы.

– І метка ў яго на лысіне?

– І метка ёсць. А адкуль ты ведаеш?

– Ведаю, што вы паддаліся нячысцікам, а ўладу ў вас захапілі адны пляшывыя.

– Не, у нас і патлаты быў. Праўда, таксама конікі выкідваў. Ёдзе куды-небудзь на сустрэчу з народам, а за сабою сто вазоў медалёў і ордэнаў вязе. Сваіх. Начапляюць там на пінжакі, развесяць па горадзе – маўляў, во які ў нас заслужаны прэзідэнт.

Блізка каля Радзімавай галавы зноў ляцеў самалёт. Радзім двума пальцамі злавіў яго і крыху прытрымаў – захацелася зноў адчуць, як ён трымціць усім целам, усім корпусам, вырываючыся, нібы нешта жывое, з рук. Гэта заўважыў Мудрэц, насупіўся, сказаў:

– Не ўмееш, хлопча, карыстацца дадзенаю табе сілаю. Тут жа выставіў да Радзіма рукі, адною, як і ў самога сябе, павадзіў у яго за спіною, нешта ці то падумаў, ці то нават сказаў, і хлопец адразу адчуў, што зноў вібрыруе і змяншаецца. Калі ён зрабіўся такі, як і ўсе, яму гэта нават спадабалася: дасюль адчуваў нязручнасць, што сам вялікі, а ўсе астатнія – маленечкія, а зараз, як падраўняўся, знаёміцца стала прасцей. Мудрэц зменшыўся і сам.

– Злуешся? – спытаўся ён.

– Наадварот, удзячны вам, – адказаў Радзім. – Я не люблю вылучацца. Хачу быць як і ўсе.

– За гэта ты мне і спадабаўся. Пайшлі, я табе пакажу сваю лабараторыю.

Лабараторыя Мудраца была падобная на сярэдневечную келлю. Усюды стаялі і ляжалі – і на стале, і на крэслах, і нават на падлозе – нейкія старадаўнія прыборы, кнігі, рукапісы, а на сценах віселі шматлікія графікі і схемы. У кутку Радзім заўважыў ці то ложак, ці то тапчан і здагадаўся, што тут, у лабараторыі, Мудрэц і спіць.

– Не вельмі каб багата, – заўважыўшы, што хлопец разглядае яго келлю, як усё роўна апраўдваючыся, зазначыў Мудрэц. – Але жыць можна. Затое ніхто тут мне не перашкаджае. А там жа не далі б працаваць: кожны вар'ят усюды свой нос суне: а што робіш, а навошта, а з якой мэтай?

Крыху памаўчаў.

– Хаця і тут бывае. Вунь мой сябра, выдатны вучоны. Хваліўся сваёй лабараторыяй. І не ведаў, што як толькі ён уключае рубільнік, да яго адразу ж падключаюць гільяціну: ён міжволі рэжа галовы невінаватым. Як толькі сябра даведаўся пра гэта, звар'яцеў. Яго хуценька забралі на волю. І дзе ён цяпер – не ведаю.

На гэты раз Мудрэц маўчаў доўга. Каб хоць неяк вывесці яго з роздуму, Радзім спытаўся:

– Вы тут жывяце?

– Ага, – схамянуўшыся, адказаў той. – І ты таксама будзеш тут жыць. І будзем мы з табою наперад складаць табліцы мяркуемых патопаў і землятрусаў. Разумееш, я ў нечым памыляюся. Усё, здаецца, разлічу, усё ўзважу і прадумаю. Праз тыдзень будзе патоп! Мы падрыхтуемся, пазачыняемся, чакаем, а патопу няма і няма. Тады кароль і абражае мяне: «Дурань ты, а не Мудрэц!» А пасля, калі ўсе супакояцца, павераць, што патопу не будзе, калі паадчыняюць усе закрыўкі, раптам абрушваецца такі лівень…

Радзім разумеў, што і яму складаць гэтыя графікі таксама будзе цяжка: патоп бывае на завушніцы тады, калі Юля, не зняўшы ўпрыгожанняў, будзе купацца, а як ён угадае, калі ёй захочацца ў ваду?!

Скажам, землятрусы ўгадаць крыху лягчэй. У іхняй вёсцы танцы бываюць раз ці два на тыдзень, звычайна ў суботу, альбо ў нядзелю, вось тады, мусіць, і пачынае ходарам хадзіць зямля пад нагамі ў людзей з краіны За, калі Юля пойдзе, да прыкладу, полечку ці рускага.

А Мудрэц усё скардзіўся.

– Бываюць у нас і гады засухі. Свеціць сонца і свеціць. Не заходзіць зусім. Усё выпаліць, бывае, да голай зямлі. І людзі аж салавеюць ад спёкі. Але я ніяк не магу зразумець перыядычнасць гэтай бяды і прычыну таксама…

Радзім ведаў прычыну. Засуха на Завушніцы, відаць, пачыналася тады, калі Юля здымала ўпрыгожванне і клала яго на падаконнік. А ў акно свяціла сонца! Ён сам, калі часам дакранаўся да завушніцы, дзівіўся, якая яна была гарачая: нельга ўзяцца рукою! Зразумела, як горача тады бывае людзям на ёй – быццам у скварні.

Так пачаліся будні жыцця на Завушніцы. Радзім шкадаваў, што няма побач з ім Оі, якая б, дзякуючы свайму загадкаваму энергетычнаму злепку, магла б расказаць, што зараз робіць Юля і дзе знаходзяцца яны самі. Але дзіцячыя пальцы, якія паасобку садзілі яе і яго на Завушніцу, відаць, развялі іх у розныя бакі, і яны хутчэй за ўсё апынуліся не толькі ў розных месцах, але і ў розных дзяржавах: ён – на За, а яна – ці ў Вуш, ці ў Ні, ці ў Ца.

– Ведаеш, хацеў я разам з табою ўкрасці сюды і тваю дзяўчыну. Але ў мяне гэта чамусьці не атрымалася. Я змушаны быў яе адпусціць.

– Якую дзяўчыну? – не ведаючы, пра каго Мудрэц гаворыць, спытаўся Радзім.

– Ну тую, з якой ты хімію вучыў. Але ўвесь матэрыял раптоўна пачаў супраціўляцца. Упершыню большае не хацела змяшчацца ў меншым, а меншае – не сутыкалася з большым…

Во яно што! Цяпер Радзіму стала зразумела, чаму Юля вярнулася дадому. І яшчэ хлопец здагадаўся, што Вялікі Мудрэц не ведае, што Завушніца, на якой існуе столькі дзяржаў і жыве столькі людзей, належыць не каралю № 121, а ўсяго толькі Юлі, яе вуху.

А як, скажыце, яна можа знікнуць у сваёй жа Завушніцы? На чым тады тая будзе трымацца? Юля пачне змяншацца, а разам з ёю зменшыцца і сама Завушніца, куды дзяўчыне трэба ўваходзіць… Рэбус!

Жыццё на За ішло сваім парадкам. Людзі ўжо прывыклі да Радзіма, яны ведалі, што ён з Мудрацом заняты папярэднімі разлікамі зненавідных стыхійных бедстваў, і цярпліва чакалі вынікаў. Час на За быў не такі, як на Зямлі, але дыскамфорту ад гэтага Радзім не адчуваў.

– Сумуеш па Беларусі? – аднойчы, перапыніўшы працу, ні з таго ні з сяго спытаўся раптам Мудрэц.

– Сумую, – шчыра прызнаўся Радзім.

– Я гэты час многа цікавіўся тваёю Радзімаю. Прагледзеў усе крыніцы, якія толькі былі ў нас, – Мудрэц крыху памаўчаў, падумаў і, уздыхнуўшы, сказаў: – Прыгожая і добрая яна, твая радзіма, – і дадаў: – Па такой нельга не сумаваць…

У Радзіма аж зашчаміла сэрца – радасна, калі вось так чужыя людзі гавораць пра твой край.

Яму ж, шчыра кажучы, пакуль што не было калі сумаваць: за гэты, як яму здавалася, кароткі час ён пабываў у столькіх экзатычных краінах, пабачыў столькі людзей і пазнаў столькі дзіваў, што і пра радзіму, і пра сваю вёску яму не было калі ўспамінаць. І ўсё ж вось зараз, як толькі Мудрэц загаварыў пра гэта, у Радзіма затрымцела душа і ён адчуў, як стаміўся ад змушанага падарожжа.

Яму вельмі захацелася дадому. Захацелася проста адчыніць свае веснічкі, зайсці ў сваю хату, легчы на сваю канапу, глядзець у сваё акно… Дадому!

Пачакай, а куды гэта дадому? Ён жа і цяпер, лічы, дома. Калі добра ва ўсім разабрацца.

Цяпер Радзім знаходзіцца на завушніцы. Завушніца – на Юліным вуху. Юля – недзе ў хаце ці каля яе. Хата ў роднай вёсцы, а вакол – уся любімая Беларусь, па якой ты сумуеш…

Дык жа выходзіць, што ён і зараз там, куды імкнецца, па чым сумуе! Аднак Беларусь, яго вёска, сама Юля для гэтай краіны За, для гэтых людзей, што насяляюць яе, – як далёкая-далёкая галактыка. Яны, можа, і здагадваюцца, што такая галактыка ёсць, што За ўваходзіць туды, але вось убачыць яе ўсю, зразумець, спасцігнуць хоць думкаю, не могуць.

Дзіўна было ведаць, што і іх таксама не заўважаюць. Можа, і цяпер глядзіць хто-небудзь на завушніцу, але і ў думках нават не ўяўляе сабе, што на ёй у гэтую самую хвіліну віруе такое жыццё…

Мудрэц перакладаў на стале нейкія выразкі з газет, нейкія паперы. Падаў адну Радзіму:

– Пачытай.

Радзім угледзеўся ў яе.

«Па вытворчасці трактараў (95,5 тысячы ў год), – чытаў ён, – Беларусь значна апярэджвае Вялікабрытанію, Італію, займаючы ганаровае месца ў групе сусветных лідэраў трактарабудавання. Паперадзе яе толькі Японія (156 тысяч) і ЗША (106 тысяч)».

Цікава, а ён пра гэта і не ведаў. У школе толькі тое і рабілі, што ўбівалі ў галовы думку пра адсталую і забітую Беларусь. Відаць, трэба было апынуцца так далёка, а правільней – так глыбока ад свайго краю, каб даведацца пра гэта.

Вочы нецярпліва бегалі па радках:

«Мінеральных угнаенняў Беларусь здабывае ў паўтары разы болей, чым Францыя, амаль удвая апярэджвае ФРГ і ўтрая – Англію і Японію. Сярод еўрапейскіх краін рэспубліка толькі ад Італіі адстае па выпуску хімічных валокнаў і нітак. Затое па вытворчасці масла ў паўтара разы пераўзыходзіць італьянцаў, а таксама японцаў».

– Я не ведаю гэтых краін, – задумліва загаварыў Мудрэц, – але калі з імі параўноўваюць вас, то яны хутчэй за ўсё нечага вартыя…

– Ага, – патлумачыў яму Радзім, – гэта самыя багатыя капіталістычныя краіны.

Сказаў і сам адчуў, што Мудрэц, пэўна, не зразумее яго, – адкуль яму ведаць, што гэта такое: «капіталістычныя краіны», «сацыялістычныя краіны».

– Багаты твой, хлопча, край, – гледзячы кудысьці паўз Радзіма, – нібыта ён якраз бачыў тое, пра што гаварыў,– ціха прамаўляў Мудрэц. – І народ твой добры. Але зламыснікі хочуць знішчыць яго. І хітра гэта робяць. Дабрадзеямі прыкінуліся. А самі ўсе намаганні прыкладаюць, каб вы павыміралі. Рупяцца, каб хутчэй памерлі старыя, а малыя – каб увогуле не нараджаліся. А таго, хто насуперак ім усё ж радзіўся, – дурнямі, рабамі паробяць. Спояць і затаўкуць. Старым не даюць есці, адабралі ў іх лекі – памірайце хутчэй. Маладыя маці баяцца раджаць, бо трывожацца, што не будзе чым карміць дзяцей. Ды і ў раддом жа цяпер не пойдзеш – дорага. А большасць дзяўчат і маладух увогуле затлумленыя наркотыкамі, сексам, вар'яцкімі песнямі і музыкаю. Дзе ім ужо да сваёй жаночай радасці, да дзяцей. Самая лепшая цяпер для іх праца – прастытуцыя…

Мудрэц, прыжмурыўшыся, усё яшчэ глядзеў у адну кропку па-за Радзімам – як ўсё роўна чытаў гэтыя думкі з якога-небудзь ліста, выстаўленага здалёк.

– Зямля ваша, хлопча, некаму спадабалася, – нявесела закончыў свае разважанні Мудрэц. – Спатрэбілася нейкаму д'яблу зямля ваша, але без людзей. Даверлівасць вас загубіць, за сваю дабрату вы загінеце.

Радзім слухаў яго ўважліва, не перапыняў.

– Ды і ў нас, хлопча, не лепей, – усё яшчэ суміўся Мудрэц. – Не мёд, як ты кажаш. Быццам пазвар'яцелі людзі. Адабраў бог розум. І гэты злыдзень… – Мудрэц не гаварыў, але хлопец зразумеў, што ён мае на ўвазе караля № 121.– Дарэчы, ты ж яшчэ не быў у горадзе. Схадзі, падзівіся, як мы жывём на волі…

Калі Радзім выходзіў з вар'яцкага дома, калі за ім з цяжкім і напружаным рыпеннем зачыняліся масіўныя жалезныя дзверы, ён яшчэ не ведаў, што неўзабаве будзе бегма бегчы сюды назад.

Першае, што яму кінулася ў вочы адразу за варотамі,– гэта цесната. Здаецца, усе людзі былі на вуліцах, ніхто нідзе не працаваў. Адны, абшарпаныя і абадраныя, хадзілі сюды-туды па вуліцах з нейкімі наскрозь дзіравымі палотнішчамі і сцягамі; другія, збіўшыся ў цесныя кучкі, цярпліва стаялі на мітынгах і слухалі ўсіх, хто б што ні гаварыў. Радзім, пастаяўшы ў некалькіх натоўпах, зразумеў, што хоць прамоўцы вярзуць розную лухту, усе іх горача і зацікаўлена падтрымліваюць.

Каля якогасьці афіцыйнага будынка стаяў ладнаваты, падобны на збітых у кучу авечак, гурт людзей у зусім падзёртым адзенні. Ашмоцце матлялася на ветры, спадала да самай зямлі. Амаль ва ўсіх іх былі з сабою торбы: у адных яны віселі праз плячо, у другіх – па дзве крыж накрыж, а трэція трымалі іх у руках, размахвалі імі.

Радзім далучыўся да іх, прыстояў. Паслухаў, пра што яны гавораць. Жабракі выкрыквалі лозунгі:

– Патрабуем у сто разоў павысіць цэны!

– Волю зладзеям і спекулянтам!

– Хочам казіно і бардэлі!

Радзім спытаўся ў бліжэйшага жабрака:

– А чаго вы хочаце?

– Прыёму, – абыякава адказаў той.

– А што на тым прыёме? – лез у душу Радзім.

– Вілы будуць выдаваць, – усур'ёз адказаў жабрак і грэбліва адвярнуўся – падумаеш, не ведае нават, па што яны стаяць тут.

– Вілы? Якія вілы?

– Самыя сапраўдныя. Двухпавярховыя.

– Усім? – Радзім здзіўлена абвёў вачыма вялікі натоўп.

– Усім! І бясплатна!

– А дзе, калі не сакрэт, знаходзяцца тыя вілы?

– Недзе на поўдні, каля цёплага мора. Усе мы раптам станем багатымі. І машыны ў нас будуць! – пераможна зірнуў на яго жабрак.

Людзі складалі рукі як для малення, рабілі якіясьці аднолькавыя рухі.

– Што, яны моляцца?

– Не, гэта ў нас такія апладысменты. Мы пляскаем самі сабе, а таксама нашаму дарагому і любімаму, найсвятлейшаму каралю № 121.

Радзім пастаяў яшчэ крыху з імі, але на ганак афіцыйнага будынка ніхто не выходзіў, і ён пайшоў далей.

Яму ўжо стала ніякавата на вуліцы. Сустракаліся людзі – нейкія атупелыя, зачумленыя, змрочныя, дэградзіраваныя, і хлопцу было боязна за краіну, якую давёў да такога стану найяснейшы кароль № 121.

Захацелася зноў у вар'яцкі дом, за тоўстыя, непрыступныя муры і цяжкія вароты, дзе спакойна жывуць і спакойна працуюць прыгожыя душою і розумам людзі. Асабліва пасля таго, як сустрэўся з натоўпам п'яных. Яны неслі ў руках бутэлькі гарэлкі, пілі на хаду з рыльца і не закусваючы гарланілі песні. П'яныя перагарадзілі яму дарогу, пачалі прыставаць.

– Выпі з намі!

– Хлопцы, я не п'ю, – пачаў быў апраўдвацца Радзім, але яны не слухалі яго.

Нейкі таўстун – як удоўж, так і ўпоперак – прыставаў больш за ўсіх:

– Як гэта – не п'ю?! Мы ж п'ём за здароўе шаноўнага караля № 121. Ты што, не хочаш выпіць за нашага вялікага і мудрага? Ты што, не жадаеш яму здароўя? Доўгіх год жыцця? Можа, табе ўвогуле не падабаецца наш кароль? Чаму ж ты тады і сам не п'еш за яго светласць, і нам не даеш выпіць?

– Мне падабаецца, – хлусіў ён, – ваш кароль, але не падабаецца гарэлка.

– А мы яму зараз сілаю заллём! – да яго падскочыў худы і чорны з твару чалавек і ўчэпіста схапіў за руку.

П'янтосы пацяшаліся:

– А ён, відаць, з вар'яцкага дома збег.

– Не, яго якраз трэба туды здаць.

– Што вы! Толькі на гільяціну! Ён жа абразіў нашага шаноўнага караля.

Хоць п'янтос і трымаў яго сваёю касцістаю рукою вельмі моцна, усё ж Радзім вырваўся і штосілы пабег назад, у бок вар'яцкага дома, дзе за турэмнымі мурамі толькі што адчуваў сябе так спакойна… Баяўся, што паваляць, ухапіўшы за шчэлепы, разявяць рот і напраўду нальюць гарэлкі, а то, такія п'яныя, яшчэ затопчуць ці прыб'юць.

Натоўп кінуўся быў за ім, але неўзабаве адстаў – Радзім бегаў няблага і ў школе па фізкультуры ў яго былі адны пяцёркі.

П'яныя то адсталі, але яны справакавалі жабракоў. Тыя, убачыўшы, што ўсе некуды бягуць, кінуліся ўслед за імі. Нехта, нібы падбухторваючы іх, крыкнуў: «Там вілы даюць!», і гэтага было дастаткова, каб дружна сарваўся ўвесь гурт і пабег услед за Радзімам.

На бягу жабракі паспявалі выкрыкваць: «Патрабуем павысіць цэны!», «Няхай жыве беспрацоўе!». Радзім, раз-пораз азіраючыся, бачыў, як целяпаюцца ў розныя бакі іхнія жабрацкія, худыя без міласціны, торбы.

За імі кінуліся іншыя людзі, і праз нейкі час услед бег ужо як не ўвесь горад.

Радзім не ведае, што і было б, каб прадбачлівы Мудрэц своечасова не выйшаў за вароты. Ён загадзя прычыніў крыху іх, упусціў хлопца, вывернуўся сам і таропка зачыніў наноў, адразу ж зашчапіўшы на ўсе крукі і завалы, – брамнік адно стаяў збоку і назіраў, як добра ў яго ўсё атрымліваецца.

Натоўп, быццам марская хваля, зламаўся, разбіўся аб муры вар'яцкага дома, але не супакоіўся. Жабракі і іншыя гараджане, што далучыліся да іх па дарозе, дружна крычалі: «Вілы нам!», «Дайце нам вілы!» і доўга не разыходзіліся.

Мудрэц, пачуўшы гэтыя крыкі, зморшчыўся:

– Во чаго захацелі! Вілы ім трэба! Чакайце, кароль дасць вам вілы… Але тыя, якімі гной з хлява выкідаюць…

Зашчапіўшы вароты, яны спакойна пайшлі ў мудрацову келлю: ведалі, іх ніхто і ніколі не зламае. Вароты былі моцныя, іх зрабілі, каб абараніцца ад тых, хто сядзіць усярэдзіне, а яны, ці бачылі вы, наадварот ратуюць гэты дом ад усіх, хто можа пагражаць з вуліцы, з волі.

Зноў пайшлі звычайныя будні. Яны сядзелі з Мудрацом над схемамі, над графікамі, падлічвалі кожны дзень, кожную гадзіну, каб як мага дакладней прадказаць патопы, засухі і землятрусы. І зразумець, чаму раптам так пацямнела – кожны дзень прыцемкі, вечаровая шэрань.

На волю яму ўжо не хацелася – і зараз, як толькі ўспамінаў пра той выхад, яго адразу пачынала калаціць і трэсці: то ж трэба, ледзь не трапіў пад гільяціну!

Успомніў пра Ою, падумаў: «Дзе яна?»

І, нібы працягваючы свае думкі, прамовіў уголас:

– Дзе яна?

– Хто? – у сваю чаргу, спытаўся Мудрэц. – Оя ці Юля?

– Оя.

– А я думаў, што ты шукаеш Юлю, – расчаравана прамовіў Мудрэц і дадаў: – Разбярыся, хлопча, дакладна, хто табе трэба.

І праўда, дзіўна ў яго неяк атрымліваецца. Ён хоча дадому, хоча хутчэй сустрэцца з Юляй. Але замест таго, каб шукаць яе, ён толькі тое і робіць, што шукае Ою. І хоць часцей за ўсё гэта не яго віна, усё ж правільна гаворыць Мудрэц – трэба разабрацца.

– Оя? – перапытаў стары. – Оя цяпер знаходзіцца ў краіне Ца. Яна там узначальвае народны рух у тваю абарону. Гэты рух трасе ўсю краіну. Праходзяць мітынгі і дэманстрацыі пад лозунгам: «Свабоду Радзіму!» Усе лаюць нашага караля № 121 за тое, што ён дэспат, тыран, парушае правы чалавека, гноіць у вар'яцкім доме ні ў чым не вінаватага чалавека. А кароль і да сёння яшчэ не ведае, што ты ў нас – ты ж ні па якіх дакументах не праходзіш, не лічышся.

– А яна далёка адсюль, тая краіна Ца?

– Далёка. Праз дзве дзяржавы ад За. І ўсё ж Оя ў бліжэйшы час збіраецца наявіцца сюды, каб пагаварыць пра цябе з каралём…

Мудрэц задумаўся, памаўчаў.

– Прывык я да цябе, хлопча, – нарэшце, уздыхнуў ён. – Цяжка мне будзе развітвацца з табою. Але ж давядзецца. Як кажуць, узятае трэба пакласці на месца. Вось скончым разлікі, дапаможаш крыху аблегчыць наша жыццё, і я адпушчу цябе дадому. Табе і там дужа многа працы знойдзецца. І тваю ж зямлю таксама бараніць трэба…

Радзіму было ўжо шкода Мудраца, рупіла неяк памагчы яму, але ж вельмі хацелася і дадому – можа, яшчэ і на выпускны вечар паспее. Ды і ва універсітэт рыхтавацца час ужо. А ён жа, здаецца, забыўся нават тое, што ведаў.

– Я таксама прывык да вас, – прызнаўся і Радзім.

– І ўсё ж дом ёсць дом, Радзіма ёсць Радзіма, – у голасе Мудраца было многа суму. – Я не буду цябе трымаць, хлопча. Вось складзем графікі…

І раптам Радзіма як працверазіў хто. Ён нечакана зразумеў, што ўся гэта складаная праблема на самой справе вельмі простая.

– Паслухайце! – як не закрычаў хлопец. – Ну і дзівакі ж мы з вамі. Нездарма тут жывём.

Крадком зірнуў на Мудраца: ці не пакрыўдзіўся – жарт гэты яму самому здаўся грубаватым. Але той слухаў уважліва, і па ім не было відаць, што стары крыўдзіцца.

– Адтуль, з дому, я памагу вам лепей! Бо ўсё, разумееце, такое простае, як і ўсё мудрае. Ваша зямля – гэта Юліна завушніца. Значыць, толькі ад Юлі залежыць ваш лёс. Адпускайце мяне хутчэй дадому, я сустракаюся з Юляю і забіраю ў яе завушніцу! І ўсе вашы нягоды на гэтым канчаюцца. Я ўсё буду рабіць так, як вам падабаецца. Трэба вам дожджык – вадой папырскаю, трэба цеплыня – на сонца пакладу. І абяцаю вам беражна абыходзіцца з вашаю зямлёю. Не дапушчу ніякіх землятрусаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю