355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 9)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 18 страниц)

Некаторыя важныя акалічнасьці сьведчаць аб тым, што ў гэты пэрыяд савецкія ўлады сьвядома ўстрымліваліся ад інтэнсыфікацыі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі з увагі на адносіны з польскім эміграцыйным урадам генэрала Сікорскага. На працягу 1942 г. на гэтых землях ішло разьвіцьцё польскага ўзброенага падпольля, а ўжо ў другім паўгодзьдзі былі створаны першыя атрады Арміі Краёвай. І хаця польскія і савецкія ўлады ў аднолькавай ступені лічылі Заходнюю Беларусь за частку сваёй дзяржаўнай тэрыторыі, аднак мусілі прытрымлівацца міждзяржаўных дамоўленасьцяў, падпісаных у ліпені і сьнежні 1941 г., якія прадугледжвалі, між іншым, ваеннае супрацоўніцтва. Сытуацыя была складаная, і Галоўнае камандаваньне АК, незалежна ад сваіх генэральных плянаў і розных тактычных агаворак, загадала перайсьці да цеснага супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі. Як паведамляў камандзір Наваградзкай акругі АК падпалкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі, у 1942 г. паміж прадстаўнікамі польскага і савецкага ўзброенага падпольля былі праведзены перамовы з мэтай наладзіць добрыя стасункі.

Можна дапусьціць, што і савецкія ўлады былі зацікаўлены ў тым, каб здабыць сымпатыі палякаў. Пра гэта сьведчаць ня толькі прыгаданыя перамовы з прадстаўнікамі польскага руху супраціву, але і цалкам адрознае стаўленьне савецкіх партызан да беларускіх і польскіх жыхароў, што «супрацоўнічалі» зь немцамі. У ліпені 1942 г. нямецкая служба бясьпекі зь зьдзіўленьнем адзначала, што на тэрыторыі Беларусі ў часе расстрэлаў бурмістраў, сялян, паліцыянтаў і інш. савецкія партызаны ашчаджаюць палякаў, вяртаюць ім адабраную жывёлу, а польскім каталіцкім ксяндзам дастаўляюць харчы. Пры такой атмасфэры савецкія партызаны атрымлівалі часам дапамогу ад палякаў, сярод якіх былі і службоўцы мясцовай адміністрацыі.[89]89
  Камандзір партызанскага атраду «Спартак» дакладваў, што 24.9.1942 ён сустрэўся з кіраўніком Браслаўскага павету Васілеўскім і яго намесьнікам Кавалеўскім, якія паведамілі, што гатовыя да супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі і даставілі 2 кулямёты, 7 вінтовак, 5 пісталетаў, больш за 5 тыс. патронаў, а таксама інфармацыю аб перамяшчэньнях карнага атраду і іншыя зьвесткі.


[Закрыть]
Аднак, думаецца, што горкі досьвед, набыты ў 1939–1941 г., не спрыяў шырокаму распаўсюджаньню ідэі такога супрацоўніцтва. Ды, зрэшты, у панараме тагачасных узаемадачыненьняў былі таксама і іншыя прыклады: здараліся забойствы колішніх уладальнікаў маёнткаў, якія цяпер лічыліся іхнімі адміністратарамі. Цяжка вызначыць, напэўна, што было прычынаю кожнага такога здарэньня: загад партызанскага камандаваньня, помста мясцовых сялян або проста выпадковасьць.

Засталося вельмі мала дэталяў тагачаснага супрацоўніцтва паміж польскім і савецкім узброеным падпольлем у Заходняй Беларусі. Ні польскія, ні савецкія гісторыкі не ўдзялялі гэтай праблеме асаблівай увагі, ацэньваючы яе галоўным чынам праз прызму пазьнейшай варожасьці. Затое нямецкая выведка пільна сачыла за кантактамі польскага і савецкага супраціву. У студзені яна паведамляла, што кіраўнікі польскага падпольля пачалі тлумачыць сваім мясцовым суродзічам, што трэба ісьці на супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, бо з СССР заключана пагадненьне, паводле якога Польшча будзе адроджана пасьля вайны ў даверасьнёўскім абшары. У ліпені адзначалася, што збліжэньне польскага і савецкага руху супраціву расьце «з дня па дзень» у арганізацыйнай і апэрацыйнай галіне. Паводле сьведчаньняў Праўдзіца-Шляскага, такія супольныя партызанскія апэрацыі былі рэдкасьцю, апошняя зь іх – напад на пост жандармэрыі ў Жалудку – адбылася вясною 1943 г.

Але пасьля таго, як у красавіку 1943 г. савецкае кіраўніцтва разарвала адносіны з польскім эміграцыйным урадам, адносіны ў падпольлі рэзка зьмяніліся. Дагэтуль саюзьніцкая Армія Краёвая раптам ператварылася ў «прафашысцкую арганізацыю Сікорскага». Цяпер савецкае падпольле імкнулася супрацьпаставіць ёй «нацыянальны, дэмакратычны характар польскага партызанскага руху, што разьвіваўся ў цесным супрацоўніцтве зь дзейнасьцю савецкіх партызан». Прадстаўніком гэтага руху павінна была стаць створаная ў траўні 1943 г. падпольным абкамам КП(б)Б у Баранавічах невялікая спэцгрупа на чале з А. Сьвентажэцкім. 22.6.1943 г. праблема агульнага разьвіцьця партызанскага руху ў Заходняй Беларусі разглядалася на пленуме ЦК КП(б) Беларусі. Была прынята адпаведная рэзалюцыя, а для падпольных партыйных арганізацыяў высланы ліст «Аб ваенна-палітычных задачах працы ў заходніх абласьцях БССР». У ім былі сфармуляваны наступныя палажэньні:

1. Заходнія вобласьці савецкай Беларусі ёсьць неад’емнай часткай беларускай рэспублікі. На яе тэрыторыі, акупаванай Нямеччынай, дазваляецца дзейнасьць толькі тых групаў, арганізацыяў і атрадаў, якія кіруюцца інтарэсамі СССР;

2. Існаваньне разнастайных арганізацыяў, якімі кіруюць польскія буржуазна-нацыяналістычныя цэнтры, трэба разглядаць як незаконнае ўмяшальніцтва ў інтарэсы нашай айчыны;

3. Нашай найпершай задачай ёсьць як мага шырэйшае разьвіцьцё савецкага партызанскага руху, далучэньне да яго ўсіх пластоў насельніцтва, у тым ліку і палякаў. Атрады і групы, створаныя польскімі рэакцыйнымі нацыяналістычнымі коламі, неабходна ізаляваць ад насельніцтва шляхам стварэньня сярод польскіх працоўных савецкіх атрадаў і партызанскіх групаў;

4. Неабходна ўсялякімі сродкамі весьці барацьбу супраць польскіх буржуазна-нацыяналістычных атрадаў і групаў.

У адпаведнасьці з рашэньнем ЦК КП(б)Б неўзабаве з Усходняй Беларусі ў Заходнюю перамясьцілася 9 партызанскіх брыгад, 10 атрадаў і 15 арганізацыйных групаў, якія павінны былі актывізаваць партызанскі рух у гэтай частцы рэспублікі. Між іншым, у Баранавіцкую і Беластоцкую вобласьці меркавалася перакінуць 40 атрадаў – па адным на кожны раён. У іх склад абавязкова павінна было быць уключана па некалькі

адданых палякаў і беларусаў, што ведалі польскую мову.

На базе гэтых засланых атрадаў была створана сетка падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацыяў. Так, напрыклад, калі яшчэ ў сьнежні 1942 г. у Заходняй Беларусі існавала толькі10 падпольных райкомаў камсамолу, дык пад канец 1943 г. іх колькасьць павялічылася да 8705. Значна пашырылася прапагандысцкая дзейнасьць, распачалося, між іншым, выданьне 14 новых падпольных газэт, зь іх 4 – на польскай мове.

У выніку, пасьля ўсіх гэтых захадаў савецкіх уладаў асабовы склад партызанскіх атрадаў у Заходняй Беларусі павялічыўся на працягу 1943 г. з 11,1 тыс. да 36,8 тыс. чалавек, прычым самы хуткі яго рост назіраўся ў другім паўгодзьдзі. Прыблізна палова з гэтых людзей прыбыла з партызанскіх фармаваньняў, раней разьмешчаных ува Ўсходняй Беларусі, пасьля вэрбоўкі сярод мясцовага насельніцтва іх лічба падвоілася. Прыведзеныя факты несумненна сьведчаць, што разьвіцьцё партызанскага руху на гэтых землях было зьвязана з імкненьнем савецкіх уладаў забясьпечыць свае палітычныя інтарэсы ў Заходняй Беларусі. Апрача супольных для ўсёй тэрыторыі краю вайсковых, гаспадарчых і палітычных задач, савецкія партызаны ў заходніх абласьцях павінны былі яшчэ весьці барацьбу супраць польскага падпольля. Кіраўніцтва гэтага падпольля ў адказ распачало зь лета 1943 г. умацаваньне старых і стварэньне новых атрадаў АК. А ўжо з восені 1943 г. адбываліся даволі частыя ўзброеныя сутычкі. Частка зь іх была вынікам загаду Панамарэнкі пра раззбройваньне атрадаў АК.

Антыакоўская барацьба была не адзіным матывам у разьвіцьці савецкага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, пра гэта сьведчыць далейшы буйны яго рост па ўсёй тэрыторыі краю. Гэтаму спрыяла перамога пад Сталінградам і контранаступ Чырвонай Арміі на поўдні, а таксама ўжо прыгаданае раней абяцаньне амністыі для тых, хто супрацоўнічаў зь немцамі. Усе гэтыя фактары выкарысталі партызаны, так што ў выніку за 1943 г. павялічылася колькасьць дэзерціраў, асабліва сярод паліцыянтаў і былых чырвонаармейцаў – чальцоў разнастайных вайсковых фармаваньняў, якія знаходзіліся на нямецкай службе. Між іншым, ужо восеньню 1942 г. на бок партызан перайшла частка батальёну «Дняпро», разьмешчанага ўва Ўсходняй Беларусі; у лютым 1943 г. гэты крок паўтарыў 900-асабоны батальён прыволскіх татар на Віцебшчыне, у ліпелі – рота т. зв. Расейскай народнай арміі, аў жніўні – 1-я Расейская нацыянальная брыгада СС пад камандаваньнем Гіль-Радзіёнава, у якой налічвалася больш за 2500 чалавек. Нягледзячы на шматлікія лютыя злачынствы, учыненыя супраць беларускага насельніцтва, яна была перайменавана ў 1-ю Антыфашысцкую партызанскую брыгаду. У выніку, за 1943 г. да партызан перайшло каля 12 тыс. чалавек з разнастайных антысавецкіх фармаваньняў, прычым пераважна ў складзе вялікіх групаў. Адначасова з-за лініі фронту было перакінула больш за 1900 чалавек.

Аднак галоўнай крыніцай партызанскага папаўненьня было мясцовае насельніцтва. Паводле статыстыкі Беларускага штабу партызанскага руху, на працягу 1943 г. у лясныя атрады ўступіла каля 60 тыс. жыхароў вёсак і гарадоў Ўсходняй Беларусі. Бясспрэчна, частка з гэтых людзей кіравалася ідэалягічнымі перакананьнямі альбо страхавалася такім чынам на будучыню, да прыходу савецкай улады. Але вясковае насельніцтва, зь якога ішло найбольшае папаўненьне партызанскіх атрадаў, дзейнічала, у прынцыпе, зь іншых меркаваньняў. Гэтых людзей гнаў у лясы страх перад нямецкімі карнымі экспэдыцыямі, якія асабліва ўзмацніліся ў 1943 г.: у партызанскіх зонах паліліся вёскі, жыхароў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве зь ляснымі атрадамі, забівалі або вывозілі ў канцэнтрацыйныя лягеры ці на працу ў Нямеччыну. Нельга таму назваць адно пэўнае матываваньне паводзін вясковага насельніцтва – людзі часта далучаліся да партызан, каб захаваць жыцьцё.[90]90
  У беларускай эміграцыйнай публіцыстыцы здаўна ўсталявалася меркаваньне, што нямецкія карныя экспэдыцыі, якія прывялі да росту партызанскіх шэрагаў, былі сьвядома справакаваныя савецкімі партызанамі. Менскія гісторыкі катэгарычна аспрэчваюць такі погляд і ў сваю чаргу называюць яго «бессаромнай правакацыяй». I сапраўды, нялёгка выносіць ацэнку ў гэтай справе: з аднаго боку, нямецкія рэпрэсіі не ў такой ступені закранулі раёны, дзе партызаны ня дзейнічалі, з другога боку, на Беларусі было досыць многа добраахвотнікаў, якія самі ішлі ў партызанскія атрады, так што не было сэнсу выкарыстоўваць такія жудасна жорсткія мэтады вярбоўкі.


[Закрыть]


Так, на працягу 1943 г. асабовы склад савецкага партызанскага падпольля на Беларусі павялічыўся ў 2,7 раза – да 153,5 тыс. чалавек (гл. табліцу 10), галоўным чынам за кошт мясцовага насельніцтва. Адпаведна павялічылася доля беларусаў у яго шэрагах – улетку 1943 г. яна дасягала 65,2 %. За гэты год пад сталым кантролем партызан апынулася 37,8 тыс. кв. км – у параўнаньні з ранейшымі 15 тыс. кв. км – гэта было 17 % даваеннай тэрыторыі БССР. У Віцебскай, Палескай і Магілёўскай абласьцях зона партызанскага кантролю ахоплівала ад 20 % да 25 %, а ў Менскай і Пінскай дасягала 73 іх абшару. У большасьці сваёй гэта былі маладаступныя раёны – балоцістыя і лясістыя – з даволі нізкім (апрача дрованарыхтоўкі) гаспадарчым значэньнем. Яны сталі выгоднымі базамі для партызанскіх апэрацыяў на гусьцей заселеных тэрыторыях, якія, паводле разьлікаў савецкіх вучоных, займалі плошчу каля 70 тыс. кв. км. У суме, такім чынам, пад поўным або частковым кантролем партызан пад капец 1943 г. знаходзілася 108 тыс. кв. км, г. зн. каля паловы тэрыторыі БССР (у межах 1941 г.). За гэтыя землі, якія знаходзіліся паміж зонамі пастаяннага нямецкага і партызанскага кантролю, да канца акупацыі вялася бязьлітасная барацьба. Яна пацягнула за сабой шматлікія ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і вялікія матэрыяльныя страты.

Дзьве лініі бэрлінскай усходняй палітыкі

Параза пад Масквой паказала, што на Ўсходнім фронце баі зацягнуцца надоўга. Гэта прымусіла гітлераўскае камандаваньне перагледзець шмат якія з сваіх прынцыпаў у вядзеньні вайны. Найперш былі скасаваны распараджэньні наконт частковай дэмабілізацыі нямецкай эканомікі, выдадзеныя летам 1941 г. Замест гэтага прамысловасьць Нямеччыны і акупаваных краін скіроўвалася на як мага хутчэйшае павелічэньне і сталы выпуск ваеннай прадукцыі. Пры гэтым улічвалася выкарыстаньне сыравінных, людзкіх і сельскагаспадарчых рэсурсаў акупаванай часткі СССР, усё большае значэньне надавалася ахове дарожных шляхоў ад нападаў партызан у тыле Ўсходняга фронту. Пры такой сытуацыі расло перакананьне, што без падтрымкі мясцовых жыхароў рэалізаваць гэтыя пляны ня ўдасца, часьцей выказваліся патрабаваньні спыніць ранейшае жорсткае абыходжаньне з гэтым насельніцтвам. Гітлера намаўлялі абвясьціць дадатную палітычную праграму, якая дадала б ахвоты акупаваным народам СССР пайсьці на больш цеснае супрацоўніцтва зь Нямеччынай.

Неабходнасьць заваяваць сымпатыі мясцовага насельніцтва раней за іншых усьвядомілі нямецкія вайсковыя колы, у большасьці з групы армій «Цэнтар». Ім найбольш выпала на сабе адчуць балючыя ўдары савецкага контранаступу. Менавіта ў гэтых колах зарадзіліся патрабаваньні наконт таго, каб весьці вайну пад палітычнымі лёзунгамі, якія ўзьдзейнічалі б на мясцовае насельніцтва. Яны ж прапанавалі стварэньне дапаможных вайсковых часьцей з савецкіх ваеннапалонных і тутэйшых цывільных жыхароў. Фэльдмаршал фон Бок выступіў з мэмарыялам у гэтай справе, а фэльдмаршал фон Браўхіч быў перакананы, што ад вырашэньня гэтай праблемы залежыць лёс вайны. Генэральны інтэндант Вэрмахту пісаў Розэнбэргу 13.12.1941 г., што ваенная сытуацыя вымагае таго, каб перацягнуць мясцовае насельніцтва на бок Нямеччыны і выклікаць рэвалюцыйны антыбальшавіцкі рух. Падобную думку выказаў у сакавіку 1942 г. камандуючы тылам групы армій «Цэнтар» Шэнкендорф. Гэтыя імкненьні вайскоўцаў знайшлі падтрымку ў часткі буйнейшых нямецкіх палітыкаў, якія бачылі, што гаспадарчыя, вайсковыя і палітычныя саступкі могуць пасьпяхова дапамагчы ў выкарыстаньні рэсурсаў акупаваных усходніх земляў.

Аднак Гітлер паразу пад Масквой успрыняў як часовую няўдачу, ён разьлічваў улетку 1942 г. на новы, пераможны наступ і таму не пагадзіўся з пададзенымі меркаваньнямі. 14.12.1941 г. ён паведаміў Розэнбэргу, што лічыць немэтазгодным ужо цяпер заклікаць іншыя народы да супрацоўніцтва, бо ў будучыні гэта дало б ім падставы для высоўваньня адпаведных прэтэнзій. Такія погляды Гітлера грунтаваліся па перакананьні ў расавай перавазе над усходнімі пародамі – за іх кошт Нямеччына павінна была пашырыць сваю жыцьцёвую прастору. Пачатковыя ваенныя посьпехі і акупацыя вялікіх земляў СССР умацоўвалі гэтыя намеры і распальвалі захопніцкія жаданьні да нечуваных памераў. Ужо з восені 1941 г. Гітлер пачаў усё часьцей разважаць пра будучае нямецкае панаваньне на ўсходніх землях, найбольш поўна ён выказаўся на гэты конт вясною 1942 г. Гэтыя выказваньні, т. зв. Tischgesprache – размовы за гарбатаю, мелі па праўдзе неафіцыйны характар, аднак у пэўнай ступені пралівалі сьвятло на паводзіны выканаўчага апарату. Яны вяліся вакол наступных прынцыповых пытаньняў:

1. Мэтаю нямецкай палітыкі на ўсходніх акупаваных савецкіх землях павінна быць іх гаспадарчае выкарыстаньне. Трэба пастарацца выцягнуць з гэтых раёнаў усё, што толькі ўдасца. Зацікаўленасьць насельніцтва ў паставах сельгаспрадукцыі і працоўнай сілы для шахтаў і прамысловасьці Райху павінна стымулявацца паставамі вырабаў нямецкай прамысловасьці – іх продаж павінен весьціся ў адпаведнасьці з патрэбамі мясцовага жыхарства.

2. Галоўны прынцып нямецкага панаваньня на гэтай тэрыторыі – поўнае задавальненьне жаданьняў насельніцтва ў галіне індывідуальных свабод і пры гэтым – пазьбяганьне стварэньня якіх-небудзь мясцовых дзяржаўных структур. Найвышэйшая ступень улады, якая можа быць даступнай для тутэйшых жыхароў, – гэта валасная ўправа. Даверыць ім уладу вышэйшага ўзроўню – значыць стварыць магчымасьць аб’яднаньня воласьцяў у буйнейшыя адміністрацыйныя адзінкі, а гэта магло б быць выкарыстана супраць інтарэсаў Райху. Натуральна, належыць забараніць стварэньне на акупаваных землях любых нацыянальных арганізацый. Задачаю нямецкіх камісараў у гэтай галіне ёсьць выключна нагляд і кіраваньне гаспадаркай.

3. На ўсёй акупаванай савецкай тэрыторыі парадак і бясьпеку павінны ўтрымліваць нямецкія сілы. Стварэньне ўзброеных сілаў заваяваных народаў было б вялізарным нонсэнсам: як вучыць гісторыя – гэта conditio sine qua nоn[91]91
  Абавязковая ўмова.


[Закрыть]
упадку пануючых нацыяў.

4. Мясцовая насельніцтва наляжыць утрымліваць на як мага ніжэйшым узроўні культуры. Школы дапушчальныя толькі на пачатковым узроўні, пры гэтым ня трэба ўводзіць абавязковага школьнага навучаньня. Уменьне чытаць і пісаць – увогуле шкоднае, бо дае магчымасьць больш сьветлым галовам спазнаваць гісторыю, а значыць, даходзіць і да палітычнага мысьленьня, якое магло б сваім вастрыём павярнуцца супраць Нямеччыны. Таму лепей у кожнай вёсцы паставіць рэпрадуктары і перадаваць навіны, пацешлівыя праграмы і вясёлую музыку, чым прывучаць насельніцтва да самастойнага навуковага і палітычнага мысьленьня. Адначасова трэба імкнуцца да дэзынтэграцыі грамадзтва, напрыклад, у галіне рэлігіі пажадана было б у кожнай вёсцы мець асобную сэкту.

5. Трэба імкнуцца да абмежаваньня вялікага натуральнага прыросту мясцовага насельніцтва. Дзеля гэтага трэба наладзіць шырокі продаж процізачаткавых сродкаў і дазволіць перарываньне цяжарнасьці. За рэдкім выняткам нямецкім лекарам неабходна пазьбягаць аказваньня мэдыцынскай дапамогі мясцовым жыхарам. Ня варта займацца прафіляктычным прышчэпліваньнем і праводзіць дэзынфекцыю сярод гэтых людзей.

Згодна з такімі тэзамі Гітлера, Гімлер і плянавікі СС старанна ўзяліся за праект германізацыі ўсходніх земляў: меркавалася «ачысьціць» гэтыя землі ад часткі насельніцтва, а астатнюю, расава прыгодную яго частку, анямечыць. Гэты праект атрымаў назву «Генэральны плян Ост» (ГПО) і быў складзены не пазьней за вясну 1942 г. у Галоўнай управе бясьпекі Райху. У ім прадугледжвалася высяленьне ў Сібір больш за 30 млн. прыбалтаў і славян, у прыватнасьці, 65 % заходніх украінцаў і 75 % беларусаў.[92]92
  Гэты праект не захаваўся. Мы можам толькі меркаваць пра яго прынцыповыя палажэньні, абапіраючыся на крытычныя заўвагі Эргарда Вэтцэля з Rassenpolitischesamt, зьмешчаныя ў яго мэмарыяле «Stellungnahme und Gedanken zum Generalplan Ost des Reichsfuhrers SS» ад 22.4.1942.
  «Генэральны плян Ост» знойдзены у 2009 годзе. – Polochanin72


[Закрыть]

Аднак гэты праект не знайшоў сур’ёзнага водгуку ў ведамстве СС па плянаваньні ўзмацненьня Нямеччыны. У чэрвені 1942 г. яго шэф, прафэсар Конрад Мэер-Гетлінг, прапанаваў Гімлеру новы, значна больш сьціплы варыянт ГПО, дзе прадугледжвалася, між іншым, стварэньне 36 калянізацыйных базаў, зь іх 14 – у Генэральным губэрнатарстве, 8 – на Украіне і 14 – у Остляндзе, разьмешчаных уздоўж чыгуначных ліній, што вялі з Кёнігсбэргу і Вільні да Ленінграду і зь Нямеччыны ў Крым. Беларусь пры гэтым абміналася. Праект не знайшоў у Гімлера падтрымкі. Ён дамагаўся, каб у ГПО было заплянавана поўнае анямечаньне Эстоніі, Латвіі і Генэральнага губэрнатарства за дваццацігадовы тэрмін. Гімлер прадбачыў пэўныя ўскладненьні ў Літве, а пра Беларусь і Украіну ўвогуле не згадаў. Таму Мэер-Гетлінг заняўся распрацоўкай наступнага варыянту ГПО з улікам указаньняў Гімлера і сядзеў над ім аж да лютага 1943 г.

Гітлер імкнуўся да абсалютнай улады на ўсходзе, ён лічыў, што апрача немцаў ні адна нацыя ня мае там права на зброю. Аднак Вэрмахт і Гімлер спачатку рознымі спосабамі абміналі гэтую забарону, пазьней жа і сам Гітлер зьмяніў свае погляды. Акрамя ўкраінскіх, беларускіх і літоўскіх дывэрсійных атрадаў, створаных Абвэрам увесну 1941 г., пра гэта сьведчыла і зброя, якую ў першыя дні вайны немцы скідалі з самалётаў для літоўскіх паўстанцаў.[93]93
  На другі дзень вайны, 23.6.1941, я стаў выпадковым сьведкам таго, як самалёты Люфтвафэ скідвалі зброю для літоўскіх партызанаў. Справа дзеялася пры дарозе, паблізу гасьцінца, што вёў зь мястэчка Дукшты Сьвянцянскага павету ў вёску Гіруцішкі. На невысокім узгорку былі адпаведна раскладзеныя і ўмацаваныя каменьнямі вялікія сувоі белага палатна, якія паслужылі за ўмоўны знак.


[Закрыть]
Крыху пазьней на ўсіх акупаваных усходніх тэрыторыях была арганізавана дапаможная паліцыя, а ў Прыбалтыцы і на Украіне – паліцыйныя батальёны, якія мелі ўсе прыкметы вайсковых фармаваньняў. У канцы 1941 г. Гітлер пагадзіўся на стварэньне казацкіх, грузінскіх, армянскіх, туркестанскіх і каўкаскіх мусульманскіх легіёнаў, якія Вэрмахт фармаваў з савецкіх ваеннапалонных. У сярэдзіне 1942 г. пад эгідай СС распачалося стварэньне эстонскіх і латыскіх легіёнаў.

Пасьля паразы пад Масквой і вялікіх людзкіх стратаў у баях на ўсходзе камандаваньне Вэрмахту з большай настойлівасьцю пачало дамагацца стварэньня буйных славянскіх вайсковых фармаваньняў. У студзені 1942 г. фэльдмаршал Райхэнаў прэзэнтаваў Гітлеру праект фармаваньня ўкраінскіх і беларускіх дывізій, але гэтая прапанова не прайшла. Затое Гітлер дазволіў выкарыстоўваць савецкіх ваеннапалонных у т. зв. добраахвотных дапаможных атрадах («Hiwi»). Самыя першыя зь іх узьніклі ў тыле групы армій «Цэнтар» – ува Ўсходняй Беларусі (між іншым, батальёны «Дняпро», «Бярэзіна», «Прыпяць», «Асынторф»). Яны не прымалі ўдзелу ў франтавых баях, але выконвалі гаспадарчыя заданьні, вялі ахову і вартаўніцтва, а зь цягам часу іх сталі выкарыстоўваць у барацьбе з савецкімі партызанамі. Гэтыя фармаваньні – т. зв. Osttruppen – складаліся з былых чырвонаармейцаў рознай нацыянальнасьці, таму ня мелі акрэсьленага нацыянальнага характару, аднак пазьней некаторыя зь іх прысвоілі сабе неафіцыйныя назвы: «Русская освободительная армия» (РОА), «Русская национальная народная армия» (РННА) і інш. Чарговай саступкай Гітлера была дырэктыва Галоўнага камандаваньня Вэрмахту № 46 ад 18.8.1942 г., якая давала дазвол на стварэньне мясцовых фармаваньняў супраць партызан пад эгідай СС.

Аднак дазвол на стварэньне Osttruppen і лякальных антыпартызанскіх атрадаў не азначала яшчэ фармаваньня нацыянальных вайсковых адзінак, за якія яны часам сябе ўважалі. Гэтыя фармаваньні знаходзіліся пад камандаю нямецкіх афіцэраў, на забесьпячэньні Вэрмахту ці СС і выкарыстоўваліся ў адпаведнасьці з загадамі акупацыйных уладаў. Але найважнейшага матыву барацьбы на баку Нямеччыны – палітычнай пэрспэктывы – гэтыя атрады ня мелі, таму настроі салдат і мясцовых камандзіраў увесь час вагаліся паміж надзеяй на зьмену нямецкага палітычнага курсу і чаканьнем зручнага моманту для дэзерцірства. Усё ішло па зачараваным коле: такія настроі, натуральна, нараджалі ў немцаў недавер да Osttruppen і іншых атрадаў, прычым не рабілася нічога для ліквідацыі прычын гэтага недаверу.

Розэнбэрг і яго калегі – Маер, Ляйбрант, Бройтыгам, Мэндэ і іншыя, якіх часам называлі прыхільнікамі лагоднага курсу да акупаваных усходніх нацыяў – даўно зразумелі, што без пазытыўнай палітычнай праграмы прыцягнуць гэтае насельніцтва да супрацоўніцтва зь Нямеччынай будзе цяжка. Але трэба заўважыць, што ў захапленьні ад першых гучных посьпехаў Вэрмахту на Ўсходнім фронце Розэнбэрг ня стаў пярэчыць супраць таго, што Гітлер замарозіў яго палітычныя канцэпцыі, распрацаваныя вясною 1941 г., і, напэўна, пагадзіўся на канчатковае вырашэньне гэтых праблем пасьля хуткай спадзяванай перамогі.

Аднак параза пад Масквой і грозны рост партызаншчыны стварылі сытуацыю, якая вымушала шукаць нейкага паратунку. Адзначым, што Розэнбэрг даволі рана зразумеў сур'ёзнасць становішча: ужо 14 сьнежня ён раіўся з Гітлерам, але не дабіўся яго падтрымкі на тое, каб зьмяніць ранейшую палітычную тактыку. Цяжка, аднак, з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што ў гэты час Розэнбэрг супраціўляўся пазыцыі фюрэра. Для ўжытку прапаганды ён фармуляваў прыгожыя фразы пра неабходнасьць шанаваньня нацыянальнай адметнасьці ўсходніх нацыяў альбо пра ролю Нямеччыны на ўсходзе як правадыра гэтых народаў, а ня іх калянізатара. Аднак у выдадзенай ім у красавіку 1942 г. інструкцыі для адміністрацыі райхскамісарыятаў Остлянд і Ўкраіна, т. зв. «карычневай папцы», сьцьвярджалася выразна, што

прызначэньне ўсходніх земляў – ня ў тым, каб разьвіваць уласнае, незалежнае ад эўрапейскіх патрэбаў жыцьцё, яны хутчэй ёсьць толькі часткаю вяліканямецкай і эўрапейскай жыцьцёвай прасторы і маюць у гэтай галіне свае акрэсьленыя задачы.

У гэтай сытуацыі Розэнбэрг і яго міністэрства разьлічвалі дабіцца прыхільнасьці жыхароў усходніх земляў шляхам ілюзорных саступак, якія не супярэчылі б асноўным намерам Гітлера. У сакавіку 1942 г. ён выступіў супраць жорсткага абыходжаньня з жыхарамі гэтых тэрыторый, бо такія паводзіны ўзмацнялі супраціў Чырвонай Арміі і насельніцтва. Прапаноўвалася пазьбягаць да ўсходніх земляў такога вызначэньня, як «калёнія», – маўляў, нямецкая калянізацыйная кампанія можа праводзіцца бяз шкоды для мясцовага насельніцтва. У другім цыркуляры Розэнбэрга ад 9.6.1942 г. падначаленым яму ўстановам катэгарычна забаранялася ўжываць целавыя кары, бо гэта ганебна для немцаў – «нават бальшавікі» іх пазьбягалі. Нямецкім службоўцам рэкамэндавалася вывучаць мясцовыя мовы – беларускую і ўкраінскую (літоўскай, латыскай і эстонскай гэта не датычыла, бо меркавалася, што неўзабаве народы Прыбалтыкі самі будуць гаварыць па-нямецку).

Вялікія надзеі ўскладаліся на зямельную рэформу на тэрыторыі, што належала СССР да 17.9.1939 г. У дэкрэце Розэнбэрга ад 15.2.1942 г. на гэты конт прадугледжвалася ператварыць калгасы ў супольныя гаспадаркі, а пазьней падзяліць зямлю і інвэнтар і стварыць індывідуальныя гаспадаркі, якія аб’ядноўваліся б у т. зв. сялянскія каапэратывы. Гэтая кампанія была разьлічана ня толькі на рост прадукцыйнасьці працы і харчовых паставаў, але і на здабыцьцё прыхільнасьці сялянства і таму мела важнае палітычнае значэньне. Аднак супраціў Коха прывёў да таго, што на Украіне да канца 1942 г. пад рэформу падпала толькі 10 % калгасаў. Значна лепшыя вынікі былі дасягнутыя на Беларусі (гл. далей). Ня мелі істотнага значэньня і дэкрэты Розэнбэрга наконт самакіраваньня ў прыбалтыйскіх краінах: фактычна яны ўзаконілі сытуацыю, якая ўжо існавала зь лета 1941 г.

Такія захады, па сутнасьці – паўзахады, не прывялі да жаданых вынікаў і не аказалі аніякага ўплыву на разьвіцьцё партызанскага руху, асабліва на Беларусі. Здаецца, што толькі восеньню 1942 г. Розэнбэрг зразумеў бескарыснасьць гэтых уяўных саступак і пачаў дзейнічаць ужо не ў кірунку зьмены тактыкі, а палітычнай стратэгіі ўсходняй кампаніі. У верасьні 1942 г. ён выступіў на старонках «Фёлькішэр Бэобахтэр» зь сьмелым пастулятам:

…самы час на тое, каб уся гэтая праблема прызначэньня (усходніх народаў. – Ю. Т.) знайшла зразуменьне ўва ўсіх, хто хоць у нейкай ступені нясе адказнасьць у краінах на акупаванай тэрыторыі.

Ясна, што гэтае патрабаваньне датычыла ня толькі райхскамісараў на ўсходзе, асабліва Коха, але і мясцовых паліцыйных і вайсковых уладаў, а таксама найвышэйшых дзяржаўных устаноў.

У гэтай новай сытуацыі 25.10.1942 г. Бройтыгам, кіраўнік палітычнага аддзелу ў міністэрстве Розэнбэрга, падаў вялікі мэмарыял, у якім пацьвердзіў, што захады, разьлічаныя на тое, каб выклікаць прыхільнасьць насельніцтва ўсходніх земляў (зямельная рэформа і інш.), не далі вынікаў і не загладзілі ў людзкой сьвядомасьці такіх злачынстваў, як вынішчэньне соцень тысяч савецкіх ваеннапалонных, альбо такіх мэтадаў вэрбоўкі на працу ў Нямеччыну, якія больш «нагадвалі паляваньне на людзей у найчарнейшыя часы гандлю нявольнікамі». Таму, – працягваў Бройтыгам, – лёзунг «вызваленьня ад бальшавізму» стаў у вачох тутэйшага жыхарства проста шырмай, за якой занадта яскрава прасьвечваўся намер немцаў накінуць яму на шыю ярмо. Ад гэтага ўзрос супраціў Чырвонай Арміі і мясцовага насельніцтва. Вынікі гэтага працэсу для Райху Бройтыгам акрэсьліў вельмі трапна. Ён прызнаў банкруцтва ранейшай нямецкай усходняй палітыкі і «ў гэтую апошнюю хвіліну» патрабаваў яе зьмяніць, прычым дамагаўся ня толькі гуманнага абыходжаньня з насельніцтвам, але і прапановы канкрэтнай пазытыўнай палітычнай праграмы жыхарам гэтых земляў. Дадам, што гэты мэмарыял быў сфармуляваны ў той момант, калі сьцяг з свастыкай лунаў над Эльбрусам, а нямецкія войскі дайшлі да Волгі.

Згодна з прапановамі, высунутымі ў мэмарыяле Бройтыгама, неўзабаве была зроблена сур’ёзная спроба зьмяніць напрамак нямецкай усходняй палітыкі. Такое рашэньне прысьпешвалі падзеі на фронце – у лістападзе Чырвоная Армія перайшла ў контранаступ і абкружыла войскі фэльдмаршала Паўлюса. З ініцыятывы Розэнбэрга 18.12.1942 г. у міністэрстве акупаваных усходніх земляў адбылася палітычная нарада, у якой разам з вышэйшымі чынамі (Розэнбэрг, Маер, Ляйбрант, Бройтыгам, Кляйст, Мэндэ і інш.) удзельнічалі зацікаўленыя военачальнікі Вэрмахту, між іншым – камандзір тылу групы армій «Цэнтар» генэрал фон Шэнкендорф.

На нарадзе прадстаўнікі Вэрмахту адзначылі пагаршэньне настрояў насельніцтва і рост партызанскага руху. На іх думку, гэта было вынікам харчовага крызісу, кепскага абыходжаньня зь людзьмі, забароны і абмежаваньняў у галіне асьветы і культуры і – самае галоўнае – адсутнасьці пазытыўнай палітычнай праграмы. Пры гэтым былі сказаны сымбалічныя словы: «Расею змогуць перамагчы толькі расейцы». А ў сувязі з тым абавязковай умовай посьпеху ў такой вайне быў прызнаны ўдзел насельніцтва ў барацьбе на баку Нямеччыны. Таму гаворка вялася ня толькі пра саступкі ў гаспадарчай і культурна-асьветнай галіне, але ў першую чаргу пра тое, каб абазначыць палітычную мэту, якая стварала б падставы і надавала сэнс супрацоўніцтву мясцовага насельніцтва з акупантамі. Цікава, што яшчэ ў сьнежні 1942 г. генэралы лічылі, што

няма ніякага сумненьня наконт яго гатоўнасьці да барацьбы з саветамі ў партызанскай вайне або на фронце з умоваю, што ўдасца пераканаць яго ў поўнай адмове (з нашага богу) ад ранейшых мэтадаў.

Гэтыя праблемы былі выразна акрэсьленыя ўва ўнутраным дадатковым пратаколе згаданай нарады і на дадатковых перамовах Розэнбэрга з генэраламі фон Рокам і Шэнкендорфам – прадстаўнікамі групаў армій «Поўнач» і «Цэнтар», а таксама з палкоўнікам Гільгаўзэнам з вайсковай зоны «В». Гэтая апошняя сустрэча адбылася 22.12.1942 г., у яе дакумэнтах значылася наступнае:

– Сумесны ўдзел насельніцтва і ваеннапалонных у вайсковых дзеяньнях – гэта катэгарычнае патрабаваньне арміі, яго выкананьне будзе мець вырашальнае значэньне для перамогі;

– Для рэалізацыі загаду фюрэра аб мабілізацыі больш за паўмільёна расейцаў, украінцаў і інш. у якасьці добраахвотных памочнікаў для войска неабходна прыняць адпаведныя палітычныя захады, якія мелі б беспасярэдні дадатны вынік;

– Для гэтага абшару прымальны толькі адзін лёзунг: яго народы – нашы саюзьнікі па барацьбе з саветамі, і трэба спагадліва дазволіць ім весьці ўласнае жыцьцё з усімі неабходнымі гаспадарчымі і палітычнымі вынікамі.

На пачатку лютага 1943 г. Розэнбэрг растлумачыў Гітлеру свае ідэі, ужо падтрыманыя Вэрмахтам і бэрлінскімі палітычнымі коламі. У прыватнасьці, ён прапанаваў ліквідаваць райхскамісарыят Остлянд, а замест яго ўтварыць у Літве, Латвіі і Эстоніі ўласныя ўрады і адміністрацыю. Беларусь як самастойная адміністрацыйная адзінка павінна была беспасярэдне падпарадкавацца ОМі. На землях, якія да 17.9.1939 г. уваходзілі ў склад СССР, Розэнбэрг меркаваў арганізаваць нацыянальныя прадстаўніцтвы (камітэты), якія зь цягам часу маглі б пераняць на сябе функцыі самакіраваньня. Пад беспасярэднім уражаньнем сталінградзкага разгрому, адступленьня з Каўказу і іншых паўднёвых тэрыторый СССР, росту партызанскага руху ў франтавых тылах Гітлер ня стаў прынцыпова пярэчыць прапановам Розэнбэрга і даручыў яму іх канкрэтную распрацоўку. У гэты час ён быў гатовы пагадзіцца на абмежаваную палітычную аўтаномію прыбалтыйскіх краін, а таксама на пэўнае палітычнае супрацоўніцтва і далейшыя гаспадарчыя саступкі на ўсходзе.

Гэта неабходна было зрабіць таксама ў сувязі з крытыкай, якая ўсё часьцей і гучней лілася ў адрас нямецкай усходняй палітыкі і нараджалася нават там, дзе менш за ўсё можна было яе чакаць, а менавіта – у кіраўніцкіх колах СС. 9.3.1943 г. Готлаб Бэргер, шэф Галоўнай управы СС, пісаў Гімлеру:

На маю думку, безумоўнай памылкаю як у Остляндзе, так і на Ўкраіне, было тое, што мы накінуліся на гэтыя народы, быццам галодныя і ўбогія жабракі. Было б цалкам дастаткова, каб мы адразу прызналі права на дробную і сярэднюю ўласнасьць, а пазьней, спраўдзіўшы вынікі, – і на буйную, і пры гэтым пазьбеглі б цяперашняй абыякавасьці і нават варожасьці народаў, якія некалі віталі нас як сваіх вызваліцеляў.

Бэргер пацэліў трапна – ён выкрыў самую сутнасьць гімлераўскай палітыкі анямечваньня, якая грунтавалася на засяленьні часткі акупаваных усходніх земляў асаднікамі – кроўнымі немцамі. Тут варта далучыць яшчэ адзін факт: у пачатку 1943 г. Гітлер выдаў дэкрэт, у якім было загадана цалкам адмовіцца ад падрыхтоўкі і плянаваньня «будучых мірных задач», асабліва – плянаў нямецкай калянізацыі на ўсходзе. У выніку, чарговы варыянт ГПО, распрацаваны Гетлінгам, аказаўся непатрэбным.[94]94
  Новы варыянт ГПО быў перасланы Гімлеру 15.2.1943 г. Гімлер доўга не выказваў сваіх меркаваньняў наконт праекту, і таму Мэер-Гетлінг зьвярнуўся да яго з дадатковым запытаньнем у гэтай справе. У красавіку 1943 г. ён атрымаў наступны адказ Гімлера: «Так, я прыпамінаю сабе. Ён ляжыць на маім стале. Я ўжо мысьлю аб гэтай справе».


[Закрыть]


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю