355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 3)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 18 страниц)

Як жа мы можам яшчэ гаварыць аб ратаваньні і фармаваньні Эўропы, калі вымушаны прасіць дапамогі ў разбуральнікаў Эўропы?.. І калі мы вымушаны яшчэ перадаць Савецкаму Саюзу тэрыторыю польскай Украіны, дык гэта пасьля Карпацкай Украіны другі з нашага боку ўдар, скіраваны ў самую вялікую антымаскоўскую сілу.

Сапраўдны кірунак усходняй палітыкі Трэцяга райху было цяжка прадказаць нават сярод такіх тузоў, як Розэнбэрг і Шыкеданц. У гэтай сытуацыі ня так лёгка было маніпуляваць адрасаванай беларусам нямецкай прапагандай. «Новы шлях» – адзіны яе рупар на Беларусі – займаўся найбольш праблемамі грамадзка-гаспадарчай мадэлі нацыянал-сацыялізму, не закранаючы пытаньня стаўленьня Трэцяга райху да беларускай дзяржаўнасьці. Напэўна, гэтая акалічнасьць стала адной з галоўных прычын палітычнага банкруцтва Акінчыца. Усе астатнія заходнебеларускія арганізацыі і палітычныя групоўкі ставіліся да нацысцскай прапаганды абыякава або варожа. Гэта датычыла ня толькі КПЗБ[41]41
  КПЗБ – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.


[Закрыть]
(распушчанай Камінтэрнам у жніўні 1938 г.) і кіраваных камуністамі легальных левых арганізацыяў, але і цэнтрысцкага, з народнафронтаўскімі тэндэнцыямі Беларускага народнага аб’яднаньня (БНА) і нават даволі актыўнай нацыяналістычнай групоўкі на чале з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, што гуртавалася вакол штотыднёвіка «Беларускі Фронт».

У 1936–1937 г. «Беларускі Фронт» шмат разоў выступаў адначасова і супраць камунізму, і супраць нацызму, даводзячы, што ніводзін з гэтых кірункаў

не нясе беларускаму народу незалежнасьці і сувэрэннасьці, але нясе яму залежнасьць і палітычную і эканамічную; і імкненьне да фізычнага і духоўнага зьнішчэньня беларускага народу, нясе няволю.

Падобныя погляды прапаведаваў орган студэнцкай групоўкі прыхільнікаў Гадлеўскага – часопіс «25 сакавіка», які акрэсьліваў нацызм як ворага беларускага народу. Рашуча выказвала антынаысцкія тэндэнцыі прэса БНА – «Chryscjanskaja Dumka» і «Шлях Моладзі».

Новыя тэндэнцыі ў беларускай віленскай прэсе пачынаюць назірацца ў 1938–1939 г. Адбываецца гэта над уплывам абвастрэньня палітычнай сытуацыі ў Эўропе (асабліва пасьля далучэньня Аўстрыі і падзелу Чэхаславаччыны), а таксама зьвязанай з гэтымі падзеямі гітлераўскай прапаганды, якая выстаўляла Трэці райх абаронцам інтарэсаў малых народаў і нацыянальных меншасьцяў. Немалое ўражаньне пры гэтым аказвалі чуткі аб рэгістрацыі ў Нямеччыне ўкраінцаў і беларусаў, пры якой ставіліся пытаньні адносна іх вайсковай кваліфікацыі і маёмасьці, канфіскаванай савецкімі ўладамі. Адначасова ў нямецкай прэсе зьявіліся паведамленьні пра дыскрымінацыйныя дзеяньні польскай улады ў адносінах да беларускага насельніцтва. Стваралася ўражаньне зацікаўленасьці немцаў беларускім пытаньнем. Усё гэта падмацоўвалася паведамленьнямі польскага друку аб падтрымцы, якую немцы нібыта аказвалі справе беларускай дзяржаўнасьці, аб уцягваньні беларусаў у калясьніцу нямецкай палітыкі. Асабліва красамоўныя былі данясеньні прэсы пра зьезд беларускіх дзеячоў з Польшчы, СССР, ЗША, Літвы і Эстоніі, які нібыта адбыўся ў чэрвені 1939 г. у Гданьску, каб разгледзець і падтрымаць прапанаваны нямецкім урадам плян стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы.

Сэнсацыі ў друку, якія ня мелі нічога супольнага з сапраўднымі плянамі бэрлінскага ўраду, паўтараліся беларускай прэсай, абуджаючы надзеі розных палітычных групаў на вырашэньне немцамі пытаньня беларускай дзяржаўнасьці. «Беларускі Фронт», які яшчэ ў 1937 г. адхрышчваўся ад нацызму, на пачатку 1939 г. зьмяніў свой палітычны кірунак. У чэхаславацкіх падзеях орган ксяндза Гадлеўскага бачыў

практычную рэалізацыю прынцыпу самавызначэньня нацыяў, якую ў найчысьцейшай форме прадэманстравала Нямеччына.

Газэта выказвала ўхвалу гітлераўскаму прынцыпу «ўлады правадыра» і ўсё часьцей зьвяртала ўвагу на зацікаўленьне Нямеччыны беларускім пытаньнем у кантэксьце яе пляну зьнішчэньня і разьдзяленьня СССР. «Беларускі Фронт» пісаў:

На наш погляд расчляненьня або падзелу Расеі на паасобныя нацыянальныя дзяржавы баяцца няма чаго: гэта ёсьць натуральны працэс нашых часоў.

Больш крытычна і цьвяроза ацэньвала сытуацыю прэса Беларускага народнага аб’яднаньня, аднак і яна не хавала задавальненьня з уяўных нямецкіх плянаў. У канцы 1938 г. «Chryscjanskaja Dumka» пісала ўва ўступным артыкуле «Нямецкія імкненьні і беларусы»:

Апошнімі часамі Нямеччына вельмі цікавіцца Усходняй Эўропай – СССР, дзе размешчаны Украіна і Беларусь… ня дзеля таго, што хоча памагчы ўкраінцам і беларусам збудаваць сваю дзяржаву, але дзеля таго, што гэтым спадзяецца разваліць СССР, адчыніць для свайго промыслу вялікі рынак збыту і дабрацца да хлебнага багацьця Украіны ды ляснога багацьця Беларусі… Гэта, аднак, ня значыць, што беларусы павінны ўжо цяпер баяцца нямецкіх плянаў і ўжо цяпер зь імі змагацца. Не! Трэба толькі ведаць, што няма нікому бескарыснай помачы і што найкарысьнейшая толькі ўласная сіла.

Дзеля гэтага ня можна сьлепа захапляцца Гітлерам, ані іншымі дабрадзеямі, бо кожны добры, але сьпярша для сябе, а пасьля для другога.

Падобны тэкст быў зьмешчаны і ў «Шляху Моладзі» і дапоўнены высновай:

Для беларусаў з усяго гэтага важна перадусім тое, што беларуская справа, беларуская праблема становіцца праблемай міжнароднай.

Гэтыя спэкуляцыі не выклікалі шырокага водгуку сярод народных масаў ня толькі ўва Усходняй Беларусі, куды яны звычайна не траплялі, але і ў заходняй частцы краю, нягледзячы на паўсюднае незадавальненьне грамадзка-эканамічнай палітыкай польскага даверасьнёўскага ўраду. Ацэньваючы пазыцыю беларускай вёскі, «Беларускі Фронт» напярэдадні Другой сусьветнай вайны пісаў:

Пры першай магчымасьці людзі кінуліся б у абоймы кожнаму, хто шчыра ці няшчыра задэкляраваў бы лепшую долю; камуністы маюць уплыў, але пры ведамым прымітывізьме нашай вёскі такі самы ўплыў маглі б мець фашысты і нават манархісты.

Ацэнка гэтая была небеспадстаўная, аднак у тагачасных умовах хлеб і зямлю абяцалі толькі камуністы. Гэта прадвызначала сымпатыі большай часткі сялянства да бальшавізму і СССР, якія выразна выявіліся пры ўступленьні Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 г. Не адмаўлялі гэтага і аўтары, якіх нельга падазраваць у прасавецкіх тэндэнцыях.

Затое розьнілася стаўленьне беларускай інтэлігенцыі, асабліва палітычных і грамадзкіх дзеячоў. У гэтых колах ведалі ў агульных рысах аб трагічных падзеях у БССР у трыццатых гадох, зьвязаных галоўным чынам з прымусовай калектывізацыяй і барацьбой з «нацдэмаўшчынай». Вынікам іх былі шматлікія людзкія ахвяры, у т. л. сярод найвыдатнейшых беларускіх дзеячоў палітыкі і прадстаўнікоў навукі і культуры, а таксама зьнішчэньне гістарычных каштоўнасьцяў і інтэлектуальных здабыткаў дваццатых гадоў. З другога боку, заняцьце Чырвонай Арміяй усходняй часткі польскай дзяржавы азначала ўзьяднаньне ўсіх беларускіх земляў у адной савецкай рэспубліцы, супраць чаго не выступаў ніводзін беларускі нацыяналіст. Бо гэта азначала рэалізацыю многіх беларускіх пастулатаў – эканамічных, моўных, культурна-асьветных, якія ігнараваліся ў міжваенную пару польскімі ўладамі. Такім чынам, зьнікалі ранейшыя спрэчкі і партыйныя падзелы, замест якіх заяўляліся новыя, іх адзіным найважнейшым крытэрам было стаўленьне да савецкай рэчаіснасьці. Тыя, хто яе прымаў, заставаліся ў верасьні 1939 г. на месцы або варочаліся на землі, занятыя савецкімі войскамі, а тыя, хто разьлічваў на падтрымку Нямеччыны ў справе беларускай дзяржаўнай незалежнасьці або прадчуваў асабістую пагрозу, накіроўваліся ў зону нямецкай акупацыі ці ў Літву.

Неўзабаве, аднак, зьявіліся першыя расчараваньні. Новыя савецкія ўлады давалі сялянам зямлю, адкрывалі грамадзкія пэрспэктывы, уздымалі беларускую мову да статусу дзяржаўнай, уводзілі яе ў школах і друкавалі на ёй газэты, але адначасова пачалі фізычную ліквідацыю вядомых дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Гэта абуджала сярод беларускай інтэлігенцыі няпэўнасьць у сваёй будучыні, стварала адчуваньне, што курс пачатку трыццатых гадоў у палітыцы БССР працягваецца, і руйнавала надзеі на пазытыўнае стаўленьне савецкіх уладаў да беларускага нацыянальнага пытаньня.

Новая сытуацыя ўтварылася пасьля перадачы Вільні і заходняй Віленшчыны савецкімі ўладамі Літве ў канцы кастрычніка 1939 г. Гэты горад зноў, цяпер усяго на восем месяцаў, становіцца асяродкам, які зьбірае вакол сябе беларускіх дзеячоў. З Коўны вярнуўся ксёндз Гадлеўскі, які ўзнавіў дзейнасьць сваёй групоўкі. Заставаліся тут ксёндз Адам Станкевіч, прафэсар Вацлаў Іваноўскі, Янка Станкевіч, Францішак Аляхновіч, Язэп Найдзюк і інш. Была адноўлена арганізацыйная і выдавецкая дзейнасьць. Зноў аналізавалася сытуацыя і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Істотна ўплывала на афармленьне такіх ацэнак далейшае абвастрэньне палітычнага становішча ў Эўропе ў канцы 1939 г. і ў пачатку 1940 г., асабліва напад СССР на Фінляндыю, Нямеччыны – на Данію і Нарвэгію, як і наступ немцаў на францускім фронце. Гэта сьведчыла аб эскаляцыі вайны, у якой савецка-нямецкі канфлікт здаваўся непазьбежным.

Перад пагрозай гэтага канфлікту, а таксама з горкага досьведу назіраньня за дзейнасьцю савецкіх уладаў, шмат дзеячоў зь віленскага асяродзьдзя на чале з Гадлеўскім вырашылі перайсьці ў зону нямецкай акупацыі арганізаваным шляхам, атрымаўшы папярэднюю згоду нямецкага консульства ў Коўне перад самым 15.6.1940 г., гэта значыць, перад уваходам Чырвонай Арміі ў Прыбалтыку. Частка эмігрантаў пазьбягала такім чынам савецкіх рэпрэсіяў, але большасьць разьлічвала на падтрымку незалежніцкай дзейнасьці з боку Нямеччыны. У Вільні засталося, аднак, нямала дзеячоў, галоўным чынам чальцоў Беларускага народнага аб’яднаньня (між іншым, кс. А. Станкевіч, С. Грынкевіч-старэйшы, А. Клімовіч), а таксама В. Іваноўскі, якія ня зьвязвалі сваіх палітычных плянаў з Трэцім райхам.

Напярэдадні нападу гітлераўскай Нямеччыны на СССР

Апрача эмігрантаў, на тэрыторыі Нямеччыны апынулася пэўная колькасьць беларусаў, якія служылі ў польскай арміі і ў верасьні 1939 г. трапілі ў нямецкі палон. Апроч таго, на акупаваных немцамі тэрыторыях, галоўным чынам у Варшаве, Лодзі і Празе, здаўна існавалі невялікія асяродкі беларусаў. Для таго, каб іх зарэгістраваць, а таксама наладзіць апеку і пасярэдніцтва ў найме на працу, у лістападзе 1939 г. у Бэрліне было створана пры міністэрстве ўнутраных траваў Weissruthenische Vertauenstelle, папросту называнае Беларускім прадстаўніцтвам. Амаль адначасова (3.12.1939 г.) для беларусаў, што знаходзіліся ў Нямеччыне і на тэрыторыі нямецкай акупацыі, пачалося выданьне штотыднёвіка «Раніца». Кіраўніком Беларускага прадстаўніцтва быў прызначаны Акінчыц, які перад самай вайной прыехаў у Бэрлін, а пасьля ягонага скорага звальненьня гэтую функцыю да канца вайны выконваў Анатоль Шкутка. Установа мела некалькі сваіх рэгіянальных аддзяленьняў.

Летам 1941 г. беларусы, якія знаходзіліся ў Бэрліне, атрымалі згоду на стварэньне грамадзкай арганізацыі – Беларускага камітэту самапомачы ў Нямеччыне, – старшынём якой стаў былы консул БНР у Бэрліне А. Бароўскі. Адначасова былі адкрыты аддзяленьні Камітэту ў Познані і Лодзі, а пазьней – у Мюнхэне, Ляйпцыгу, Празе, Торуні і інш. Незалежна ад БКС[42]42
  БКС – Беларускі камітэт самапомачы.


[Закрыть]
у Нямеччыне ў студзені 1940 г. быў створаны Беларускі камітэт у Генэральным губэрнатарстве зь сядзібай у Варшаве і двума аддзяленьнямі – у Белай Падляскай і Кракаве. Статутнай мэтай гэтых арганізацыяў было грамадзкае забесьпячэньне (галоўным чынам – сталоўкі) і культурна-асьветная дзейнасьць, між іншым, арганізацыя аматарскіх мастацкіх калектываў, лекцыяў і бібліятэк. У Варшаве чальцы Беларускага камітэту атрымлівалі харчовыя карткі лепшай катэгорыі, чым большасьць польскага насельніцтва, таму ў яго шэрагах апынулася нямала палякаў.[43]43
  Па зьвестках «Раніцы» (1942. 22 сакавіка), у пачатку 1942 г. колькасьць сяброў Беларускага камітэту ў Варшаве складала амаль 6000. Мікола Ждановіч, былы сябра кіраўніцтва Камітэту, пацьвердзіў гэты факт у сваім паведамленьні, зробленым для аўтара 12.3.1977 г. Аднак колькасьць беларусаў у Варшаве ў 1940 г. складала ўсяго толькі каля 1000 чалавек, пра што даносіў Акінчыц у сваім рапарце ў Oststelle NSDAP 1.11.1940 г. На думку Ждановіча, кіраўніцтва Камітэту мірылася з такай сытуацыяй, бо ад колькасьці сяброў залежалі памеры фінансаваньня, выдзяленьне харчовай дапамогі і інш.


[Закрыть]

На базе гэтых арганізацыяў утварылася некалькі згуртаваньняў, якія адлюстроўвалі палітычны расклад сілаў перад верасьнем 1939 г. Агульнай рысай гэтых групаў было жаданьне выступаць у ролі прадстаўнікоў беларускага народу і патэнцыйных палітычных партнэраў Нямеччыны і навязаць нямецкім уладам аптымальныя, на іх погляд, рэцэпты вырашэньня беларускага пытаньня пасьля спадзяванага разгрому СССР. Групы гэтыя імкнуліся здабыць у немцаў прызнаньне і падтрымку, разьлічваючы дасягнуць галоўнага палітычнага ўплыву ў Беларусі пасьля таго, як яе зоймуць нямецкія войскі. Разьвілася своеасаблівая канкурэнцыя за права выкарыстаньня найбольш абяцальных магчымасьцяў у апараце Трэцяга райху. Стаўкі былі розныя, бо аніводная нямецкая партыйная, вайсковая або ўрадавая інстанцыя ня ў стане была ясна выказацца наконт будучага лёсу Беларусі.

Рана распачаў такую дзейнасьць доктар Іван Ермачэнка[44]44
  Іван Ермачэнка нарадзіўся 1.5.1894 г. у Капачоўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, потым, у часе Першай сусьветнай вайны, афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, пад канец вайны быў ад’ютантам генэрала Ўрангеля, меў ранг палкоўніка. У 1920 г. эвакуяваўся ў Канстантынопаль, дзе з даручэньня ўраду БНР выконваў функцыі генэральнага консула на Балканах. У 1922 г. пераехаў у Прагу. Тут атрымаў мэдычную адукацыю (1929), займаўся лекарскай практыкай і палітычнай дзейнасьцю сярод беларускай эміграцыі. З 1938 г. – прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у эміграцыі ў ЗША. Памёр 25.2.1970 г.


[Закрыть]
– галоўны дзеяч беларускага асяродзьдзя ў Празе. Там ён прыцягнуў да супрацоўніцтва старога Васіля Захарку – сымбалічнага лідэра БНР у эміграцыі, спадзеючыся такім чынам надаць сваім пачынаньням характар гістарычнай пераемнасьці. Пасьля заняцьця Чэхіі нямецкімі войскамі 20.4.1939 г. Гітлеру быў пасланы мэмарыял, апрацаваны Ермачэнкам і падпісаны Захаркам. З фрагмэнтаў, апублікаваных Васілём Раманоўскім, вынікае, што аўтар мэмарыялу зьвяртаўся да Гітлера з просьбай прыняць пад увагу беларускае пытаньне ў плянаваным разгроме і разьдзяленьні СССР. Мэмарыял гэты ня быў праігнараваны, пра што сьведчаць пазьнейшыя размовы Ермачэнкі і Захаркі з былым нямецкім амбасадарам у Празе Андарам фон Генке летам 1939 г. У выніку, беларускіх дзеячоў запрасілі 3.8.1939 г. на канфэрэнцыю ў міністэрстве замежных спраў у Бэрліне, дзе іх запэўнілі, што Нямеччына супрацьстаіць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расеі». На гэтай канфэрэнцыі Ермачэнка і Захарка прадставілі сваю праграму беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Ермачэнка ў 1940–1941 г. займаўся арганізацыяй беларускіх лекараў у Нямеччыне ў супрацоўніцтве з доктарам Ватэрам, які ў сярэдзіне 1941 г. заняў у міністэрстве акупаваных усходніх земляў пасаду загадчыка аддзелу, што сачыў за дзейнасьцю аддзяленьняў самапомачы на акупаваных землях СССР. Адначасова Ермачэнка працягваў кантакт з прафэсарам Мэндэ, маючы зь ім «частыя размовы наконт гісторыі і становішча на Беларусі». Прафэсар таксама заняў высокую пасаду ў міністэрстве Розэнбэрга. Гэтыя сувязі спрыялі будучай кар’еры Ермачэнкі.

Фабіян Акінчыц у сваю чаргу рабіў стаўку на партыю нацыянал-сацыялістаў і падтрымліваў кантакт зь яе ўсходнім аддзелам. Аднак шанцы яго паступова слабелі. Няўдалая спроба стварэньня беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў, а таксама фіяска яго праекту па фармаваньні дывэрсійнай групы ў тыле нямецка-польскага фронту зрабілі яму славу афэрыста. У Акінчыца сярод беларускай эміграцыі было мала прыхільнікаў. Гэта стала адной з прычынаў распаўсюджваньня ягонай не найлепшай рэпутацыі. Таму неўзабаве пасьля прызначэньня на пост кіраўніка Беларускага прадстаўніцтва яго звольнілі і адсунулі на задні плян. Вясной 1940 г. Акінчыц узначаліў Беларускі камітэт у Варшаве, адсунуўшы з пасады ранейшага яго старшыню, доктара Мікалая Шчорса, аднак ужо ў сярэдзіне 1940 г. вымушаны быў пакінуць Варшаву. Сталася гэта пасьля ўмяшаньня ў справу варшаўскай службы бясьпекі (СД), якая вярнула Шчорса на ранейшае месца, бо, на думку былых кампэтэнтных дзеячоў Камітэту, «Шчорс хоць нешта зь сябе ўяўляў, у той час як Акінчыц – нічога».

У Бэрліне пры канцы 1940 і на пачатку 1941 г. Акінчыц пісаў ува ўсходні аддзел нацысцкай партыі даносы шмат на каго зь беларускіх эміграцыйных дзеячоў, рабіў прапановы іх выцясьненьня і замены сваімі людзьмі. У сваім рапарце ад 1.11.1940 г. ён прапанаваў, між іншым, праект заданьняў для беларускіх нацыянал-сацыялістаў, у якім прадугледжвалася:

– арганізацыя курсаў для падрыхтоўкі будучых палітыкаў, я адміністрацыйных дзеячоў, публіцыстаў і журналістаў;

– перанавучаньне ваеннапалонных беларускай нацыянальнасьці;

– арганізацыя курсаў ваеннай падрыхтоўкі, шпіёнскай і прапагандысцкай дзейнасьці супраць савецкай Беларусі, адпраўка перавучаных кадраў на тэрыторыю СССР для тэрарыстычных і сабатажных мэтаў.

Праект Акінчыца, напэўна, ня быў адкрыцьцём для нямецкіх органаў, аднак ён судзейнічаў яго прызначэньню. У пачатку 1941 г. яму даручылі назіраньне за лягерамі польскіх ваеннапалонных і вэрбоўку тутэйшых беларусаў. Акінчыцу было даверана кіраўніцтва т. зв. курсамі прапагандыстаў пад Бэрлінам, дзе праходзілі навуку «ідэалягічныя кіраўнікі» для працы на Беларусі. Гэта была т. зв. школа Акінчыца, выхаванцы якой («маладыя актывісты») павінны былі рыхтаваць падмурак да рэалізацыі яго палітычных плянаў на Беларусі.

Трэцяе згуртаваньне прадстаўляў малады лекар Мікалай Шчорс, актыўны дзеяч Беларускага студэнцкага саюзу 30-х г. у Вільні, яго колькігадовы старшыня, ідэалягічны паплечнік кс. Гадлеўскага. У гэтую групоўку ўваходзілі многія дзеячы ў Варшаве (кс. Вінцэнт Гадлеўскі, кс. Пётар Татарыновіч, Часлаў Халяўка, Мікалай Ждановіч, Баляслаў Манкевіч, Барыс Стрэльчык, Петар Ластаўка і інш.), у Бэрліне (Мікалай Шкялёнак, Анатоль Шкутка, С. Грынкевіч-малодшы, Мікола Абрамчык і іншыя), у Лодзі (Вітаўт Тумаш) і ў іншых асяродках. Галоўным ідэолягам гэтай групы быў Гадлеўскі, які выступаў як прадстаўнік Беларускага нацыянальнага фронту. У Варшаве ён выдаў палітычную праграму згуртаваньня, яна распаўсюджвалася сярод беларусаў Нямеччыны, Генэральнага губэрнатарства, Чэхаславаччыны і Францыі. Чальцы гэтай групы займалі пераважную частку кіраўнічых пасад у беларускіх камітэтах, яны ж былі ядром рэдакцыйнага калектыву «Раніцы».

19.6.1941 г. галоўныя дзеячы гэтай групы стварылі ў Бэрліне арганізацыю пад назвай «Цэнтар», якая фармальна прэтэндавала на ролю кіраўніка, плянавальніка і каардынатара дзейнасьці беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і Генэральным губэрнатарстве. Старшынём «Цэнтру» стаў Шчорс, а яго сябрамі – Халяўка, Гадлеўскі, Шкялёнак, Шкутка і Тумаш. Аднак стварэньне «Цэнтру» ледзь не за пару дзён да нападу на СССР сьведчыла, што яго галоўнай мэтай была ня дзейнасьць сярод эміграцыі, а каардынацыя працы па ходу заняцьця немцамі беларускіх земляў. Такім чынам, гэта быў орган, які ў спрыяльных умовах зьбіраўся абвесьціць сябе часовым урадам Беларусі. Паводле паведамленьня Ждановіча, блізкага супрацоўніка Шчорса, разьмеркаваньне пасад у гэтым урадзе было прадугледжана загадзя, яго ядро павінны былі скласьці сябры «Цэнтру».

У адрозьненьне ад Ермачэнка і Акінчыца, група Шчорса для рэалізацыі сваіх мэтаў арыентавалася на вайсковыя колы (Абвэр) і СД. Іх лёгіку лёгка зразумець: беларускія землі зоймуць нямецкія войскі і неадкладнае стварэньне беларускага часовага ўраду стане фактам, які будзе адбівацца на далейшых паводзінах акупацыйных уладаў. З гэтага гледзішча тактыка Шчорса, Гадлеўскага і іх паплечнікаў ня розьнілася ад дзейнасьці Літоўскага фронту вызваленьня (Lietuvos Islaisvinimo Frontas), які пры падтрымцы Абвэру ўтварыў літоўскі часовы ўрад на чале зь Ёзасам Амбразявічусам.

Супрацоўніцтва групы Шчорса і Абвэру распачалося ў другой палове 1940 г. Яно грунтавалася на вярбоўцы і перасылцы ў савецкую Беларусь агентаў, падрыхтаваных у абвэраўскім цэнтры ў г. Суляювэк пад Варшавай. Не пазьней як вясной 1941 г. група Шчорса пачала вэрбаваць добраахвотнікаў у дывэрсійныя падразьдзяленьні Абвэру. Быў створаны 50-асабовы атрад, які пасьля вучобы ў Лямсдорфе пад Аполем 18.6.1941 г. быў перакінуты церазь мяжу ў раёне Сувалак з заданьнем выканаць дывэрсіі на чыгуначнай лініі Стаўпцы – Баранавічы.[45]45
  Захаваўся пратакол, здабыты немцамі ў Менску, з тэкстам допыту савецкімі органамі аднаго з чальцоў гэтай дыверсійнай групы, Браніслава Валасэвіча. Ён быў чальцом польскага падпольля, уступіў у Беларускі камітэт у Варшаве, там яму дапамаглі знайсьці працу, а 10.6.1941 г. накіравалі на перанавучаньне ў Лямсдорф. Курс быў скончаны 13.6.1941 г. На допыце Валасэвіч назваў некалькі прозьвішчаў удзельнікаў сваёй групы (Сядынскі, Акінчык, Тачаноўскі, Станкевіч, Галчынскі). Увогуле церазь мяжу перакінулі ня ўсіх, а толькі 41 чалавека.


[Закрыть]
Ініцыятарам гэтай акцыі быў ксёндз Гадлеўскі, які бачыў у стварэньні дывэрсійнай групы пачатак «першай штурмавой роты» і зародак нацыянальных узброеных сілаў. Варшаўскі камітэт пры супрацоўніцтве з СД сфармаваў таксама групу зь некалькіх дзясяткаў чалавек для кіраваньня будучымі органамі адміністрацыі і паліцыі неадкладна пасьля прыходу на Беларусь нямецкіх войскаў.

Варта заўважыць, што беларускі палітычны дзеяч Радаслаў Астроўскі,[46]46
  Радаслаў Астроўскі нар. 25.10.1897 г. у фальварку Запольле Слуцкага павету, скончыў гімназію ў Слуцку (1908), унівэрсытэт у Пецярбургу і Дэрпце (1908–1913), палітычны дзеяч у Слуцку і Менску (1917–1918), у войску ген. Дзянікіна (1920), дырэктар беларускай гімназіі ў Вільні (1924–1936), пераведзены ў адміністрацыйным парадку ў Лодзь (восень 1936). У лютым 1924 г. стаў заснавальнікам прапагандысцкага Польска-беларускага таварыства, пасьля яго распаду – супрацоўнік КП(б) Беларусі і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі (1924–1925); чалец кіраўніцтва БСРГ і дырэктар Беларускага каапэратыўнага банку ў Вільні, празь які праходзілі сродкі з СССР на фінансаваньне Грамады (1925–1926); сябра КПЗБ (1926). Арыштаваны (студзень 1927) і абвінавачаны на працэсе Грамады. Зьмяніў свой палітычны кірунак і стаў арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928–1936). Пасьля вайны – палітычны дзеяч у эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г. у ЗША.


[Закрыть]
які адыграў асабліва важную ролю ў гісторыі акупацыі Беларусі, займаў у гэты час чакальную пазыцыю і афіцыйна не далучаўся да ніводнай з гэтых групаў. На працягу шматгадовай палітычнай кар’еры ён прызвычаіўся загадзя не выкладаць сваіх картаў на стол. У гэтым сэнсе ён быў куды больш абачлівы, чым астатнія прэтэндэнты на ўладу ў Беларусі, асабліва ў параўнаньні з Шчорсам і кс. Гадлеўскім, чые ініцыятывы, як выявілася, ня мелі за сабой ніякіх сапраўдных гарантыяў і абавязаньня зь нямецкага боку. Зрэшты, у Астроўскага былі і іншыя прычыны, каб ня ўдзельнічаць у такім спаборніцтве напярэдадні нападу на СССР. Большасьць яго прыхільнікаў засталася на радзіме, а ў эміграцыі ў яго быў непрымірымы праціўнік – ксёндз Гадлеўскі, які ня мог дараваць Астроўскаму супрацоўніцтва з камуністамі ў 1924–1927 г., а потым – з польскімі ўладамі. У новай сытуацыі Астроўскі палічыў за лепшае пазьбягаць скандалаў і даносаў. Таму ён не ўвайшоў у групу «Цэнтар» і замацаваўся на сьціплай пасадзе кіраўніка лодзьскага аддзяленьня самапомачы, а пазьней – тутэйшай Vertauenstelle і чакаў адпаведнага моманту.

У беларускіх колах панавалі надзеі на падтрымку Трэцяга райху для справы беларускай дзяржаўнасьці. На гэтым фоне дзейнасьць Янкі Станкевіча,[47]47
  Ян Станкевіч нар. 26.11.1891 г. у вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, скончыў беларускую гімназію ў Вільні (1921), унівэрсытэт у Празе. Доктар філязофіі (1926), выкладчык беларускай мовы ў Варшаўскім (1928–1932) і Віленскім (1927–1940) унівэрсытэтах, пасол польскага сойму (1928–1930), публіцыст, палітычны дзеяч, аўтар шматлікіх прац з мовазнаўства й гісторыі, пасьля вайны жыў на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША, памёр 16.07.1976 г.


[Закрыть]
ідэалягічна зьвязанага з Вацлавам Іваноўскім, была выняткам. Гэтыя дзеячы скептычна ацэньвалі шанцы Нямеччыны на перамогу, а акупацыю Беларусі разглядалі як часовую зьяву і гэтак жа, як і польскае падпольле, арыентаваліся на заходніх саюзьнікаў, адводзячы ім у сваіх прагнозах вызначальную ролю пры арганізацыі пасьляваеннага ладу ў Эўропе. Асабліва пажаданы быў, на іх думку, польскі саюзьнік, зь ім зьвязваліся надзеі на вывад беларускага пытаньня на міжнародную арэну на базе фэдэрацыйнай канцэпцыі. Гэтыя дзеячы разьлічвалі на магчымасьць пераадолець цяжкасьці, зьвязаныя галоўным чынам з разыходжаньнямі ў тэрытарыяльным пытаньні, і знайсьці шляхі да паразуменьня з польскім падпольлем.

Канцэпцыя Іваноўская і Станкевіча ў адным важным пункце ўсё ж не адрозьнівалася ад пазыцыяў астатніх групаў. Яна дапускала выкарыстаньне нямецкай акупацыі для ўзмацненьня беларускага нацыяналізму, у прыватнасьці, пры апанаваньні адміністрацыі і стварэньні ўласных узброеных сілаў. Аднак супрацоўніцтва зь немцамі ставіла пад пытальнік посьпехі ў польска-беларускім дыялёгу і асьвятленьня беларускага пытаньня ў Лёндане. Верагодна, папярэдняе высьвятленьне тактыкі паводзін у гэтай няпростай справе адбылося ў першай палове 1940 г. у Вільні і прадугледжвала падвойную гульню, пры якой ролі павінны былі падзяляцца наступным чынам: Вацлаў Іваноўскі будзе займацца дзейнасьцю афіцыйнай, а Янка Станкевіч – стварэньнем кансьпірацыйнага цэнтру, у вачох польскага падпольля – чыстага ад абвінавачваньняў у супрацоўніцтве зь немцамі. У чэрвені 1940 г. Станкевіч прыбыў у Варшаву і празь некалькі месяцаў утварыў падпольную арганізацыю пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН), галоўным чынам, сярод сяброў Беларускага камітэту, апазыцыйна настроеных да палітыкі Шчорса і Гадлеўскага. Ён завязаў кантакт з Зоф’яй Дабрынскай («Эван») – дзяячкай усходняга нацыянальнага сэктару Бюро інфармацыі і прапаганды (БІП) у Галоўным камандаваньні ЗУБ – Зьвязу ўзброенай барацьбы (арганізацыя, якая папярэднічала стварэньню Арміі Краёвай. – Ю. Т.), праз пасярэдніцтва якога летам 1941 г. паспрабаваў распачаць перамовы зь БІПам. Аднак да гэтага не дайшло. Напэўна, тут аказалі ўплыў недавер да Станкевіча і сумненьні ў значнасьці ПБН, якую ён прадстаўляў, а таксама нежаданьне саступаць у дыскусіі наконт будучыні заходнебеларускіх земляў, якія лічыліся часткаю тэрыторыі Польшчы.

У такой сытуацыі арыентацыя беларускіх групаў на супрацоўніцтва з Трэцім райхам магла здавацца больш рэалістычнай. Праўду кажучы, тут не было дасягнута якіх-небудзь дамоўленасьцяў, аднак цікавасьць, якую выяўлялі нямецкія вайсковыя колы да беларускай праблематыкі, узбуджала надзеі эміграцыйных дзеячоў на блізкую падтрымку незалежніцкіх ідэяў і пастулятаў. Гэта былі небеспадстаўныя надзеі, мяркуючы па выказваньнях Гітлера адносна будучыні Беларусі і іншых заходніх рэспублік СССР.

Упершыню Гітлер выказаўся ў гэтай справе 21.7.1940 г., калі, паведамляючы аб рашэньні напасьці на СССР, сфармуляваў палітычныя мэты сваёй кампаніі. На заходніх землях СССР павінны былі функцыянаваць тры асобныя дзяржаўныя арганізмы – Украіна, Беларусь і фэдэрацыя прыбалтыйскіх рэспублік. Гэтую канцэпцыю ён паўтарыў у канцы ліпеня 1940 г., ляканічна растлумачыўшы: «Украіна, Беларусь і балтыйскія дзяржавы – да нас», што ўказвала на імкненьне ўзалежніць будучыя дзяржавы ад Нямеччыны. У наступным сваім выказваньні ад 5.12.1940 г. Гітлер акрэсьліў ролю гэтых дзяржаваў як буфэраў Трэцяга райху (Pufferstaaten). Магчыма, што на стварэньне гэтай канцэпцыі паўплываў прэцэдэнт з Славацкай дзяржавай, якая паўстала вясной 1939 г.[48]48
  14 сакавіка 1939 г. славацкі сойм абвясьціў «самастойную і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сакавіка Нямеччына ўзяла «пад сваю абарону». – А. П.


[Закрыть]

Да праблемы будучага статусу Беларусі і іншых савецкіх тэрыторыяў Гітлер нанова зьвярнуўся ў пачатку 1941 г., калі апрацоўваў інструкцыю да дырэктывы № 21 (плян «Барбароса»). Паводле слоў начальніка штабу Ёдля, яго ўказаньні гучалі наступным чынам:

Каб скончыць гэтую вайну, на такіх агромністых землях недастаткова будзе проста разьбіць непрыяцельскія войскі. Уся тэрыторыя павінна быць падзеленая на дзяржавы з уласным кіраўніцтвам, зь якімі мы зможам укласьці мір. Стварэньне такіх урадаў вымагае вялікага спрыту і як сьлед абдуманых агульных прынцыпаў. Кожная рэвалюцыя ў вялікім маштабе прыводзіць да фактаў, якіх ужо ня ўдасца выкрасьліць. Сёньняшнюю Расею ўжо немагчыма ўявіць без сацыялістычнай ідэі. Толькі яна можа ствараць унутраную аснову для ўзьнікненьня там новых дзяржаваў і ўрадаў. Жыдоўска-бальшавіцкая інтэлігенцыя – дагэтуль прыгнятальнік народу – мусіць быць зьнішчана… Нашаю мэтай ёсьць як мага хутчэйшае, пры затраце мінімальных вайсковых сілаў, стварэньне залежных ад нас сацыялістычных дзяржаўных арганізмаў. Заданьне гэта настолькі складанае, што нельга абцяжарваць ім армію.

Для гэтага на савецкія тэрыторыі, разьмежаваныя нацыянальна, будуць накіроўвацца камісары Райху, мэтай якіх будзе хуткае палітычнае будаўніцтва новых дзяржаваў.

Гэтыя ўказаньні Гітлера, што акрэсьлівалі паводзіны Вэрмахту ў палітычнай галіне, былі ўлічаны ў падпісанай 13.3.1941 г. шэфам галоўнага камандаваньня ўзброеных сілаў Кэйтэлем інструкцыі да дырэктывы пляну «Барбароса». У ёй гаварылася:

Расейская тэрыторыя, якую мы павінны заняць па ходу апэрацыі, як толькі дазволіць разьвіцьцё ваенных дзеяньняў, будзе падзелена паводле спэцыяльных указаньняў на асобныя дзяржавы з сваімі ўрадамі… Як толькі апэрацыйная зона дасягне дастатковай глыбіні, яна з тылу будзе абмежавана. Новаакупаваныя землі на тылах апэрацыйнай зоны атрымаюць уласную палітычную адміністрацыю. Паводле нацыянальнай спэцыфікі і тактычнага разьмежаваньня вайсковых групаў, яны будуць спачатку падзелены на «Поўнач» (Прыбалтыка), «Цэнтар» (Беларусь) і «Поўдзень» (Украіна). На гэтых землях палітычная адміністрацыя пераходзіць у рукі райхскамісараў, якія атрымаюць дырэктывы ад фюрэра.

Гэтыя дырэктывы ўсё яшчэ не задавальнялі Гітлера, таму пасьля знаёмства зь імі 17.3.1941 г. ён зноў пацьвердзіў:

Мы павінны стварыць вольныя ад Сталіна рэспублікі (Stalinfreie Republiken). Сталінскую інтэлігенцыю належыць зьнішчыць. Кіраўнічы апарат дзяржавы павінен быць разьбіты.

Некалькі дзён пазьней ён ужо гаварыў аб Прыбалтыцы, Беларусі і Украіне як аб дзяржавах-пратэктаратах, якія «павінны быць сацыялістычнымі, аднак ня мець уласнай інтэлігенцыі». Гітлер казаў:

Трэба прадухіліць стварэньне новай інтэлігенцыі. Дастаткова абмежавацца тут прымітыўнай сацыялістычнай інтэлігенцыяй.

Гэтыя выказваньні даюць некаторае ўяўленьне аб характары задуманых Гітлерам дзяржаваў. Аляксандар Далін ацэньваў іх як «кантраляваныя Нямеччынай і пазбаўленыя значэньня адміністрацыйныя адзінкі», а Джэрард Райтлінджэр ахрысьціў гэтую канцэпцыю Гітлера як «сапраўднае вар’яцтва», бо ня мог сабе ўявіць функцыянаваньня дзяржавы без нацыянальнага кіраўніцтва. Можна, аднак, сумнявацца, ці былі гэтыя намеры Гітлера вядомыя сярод беларускіх эміграцыйных дзеячоў, якія арыентаваліся на Трэці райх, але нават знаёмства з гэтымі плянамі наўрад ці зьмяніла б іх пазыцыю. З гледзішча нацыянальных інтарэсаў візія будучай «вольнай ад Сталіна» Беларусі мала чым адрозьнівалася ад сталінскай рэспублікі, і гэта аднолькава датычыла пытаньня палітычнай незалежнасьці, як і пазыцыі нацыянальных кіраўнічых кадраў. Новая сытуацыя папросту абазначала замену каманднага цэнтру – з Масквы на Бэрлін, але пэрспэктыва здабыцьця абмежаванай дзяржаўнасьці ўсё ж яе прываблівала.

Аднак дырэктывы Гітлера ўзбуджалі засьцярогі сярод вядучых функцыянэраў Трэцяга райху. У асяродзьдзі Розэнбэрга, прызначанага міністрам акупаваных усходніх земляў, як сьведчыць дакладная запіска гэтага ведамства № 1 ад 2.4.1941 г., хоць і згаджаліся з адасабленьнем Беларусі і нават павелічэньнем яе тэрыторыі на ўсходзе, аднак меркавалі, што ўсё ж яна «занадта адстае ў культурнай і гаспадарчай галінах», у сувязі з чым

абуджэньне яе нацыянальнага жыцьця і стварэньне паўнакроўнага дзяржаўнага мэханізму можа аказацца вельмі маруднай і цяжкай справай.

Тым ня менш, гэтую спробу ўсё-такі варта было б падтрымаць дзеля аслабленьня Расеі.

Зыходзячы з такіх меркаваньняў, ведамства Розэнбэрга не прапаноўвала варыянтаў далучэньня часткі беларускіх земляў да Генэральнага губэрнатарства, што магло б стаць сьведчаньнем распрацоўкі такой канцэпцыі ў Бэрліне.

Ня маючы веры ў сьпеласьць беларускай нацыі да самастойнай дзяржаўнасьці, дастатковую для дзяржаўнай самастойнасьці, Розэнбэрг не рашаўся канчаткова сфармуляваць сваю пазыцыю адносна яе будучыні. Ён быў прыхільнікам стварэньня самастойнай украінскай дзяржавы і пратэктарату прыбалтыйскіх краін – Літвы, Латвіі і Эстоніі (Baltenland), якія пасьля калянізацыі, германізацыі «расава прыдатных» элемэнтаў і высяленьня элемэнтаў непажаданых павінен быў некалі стаць часткай нямецкай дзяржавы. Беларусь жа не ўваходзіла ў праектаваныя Розэнбэргам тэрытарыяльныя структуры. З аднаго боку, ён не плянаваў прызнаньня незалежнага дзяржаўнага статусу Беларусі, як, напрыклад, Украіны, з другога боку, кіруючыся галоўным чынам этнічнымі (расавымі) прынцыпамі, не прызначаў ёй будучыні, падобнай да Балтэнлянду.[49]49
  Адпаведны запіс у інструкцыі гучаў у арыгінале наступным чынам: «Ziel eines Reichskommissars fur Estland, Lettland, Litauen muss es sein, die Form eines deutschen Protektorats zu erstreben…». Пазьней пасьля «Litauen» алоўкам было дапісана «Weissruthenien». Як высьветлілася на Нюрнбэрскім працэсе, названая інструкцыя была часовым праектам і ў такой форме не высылалася ведамствам Розэнбэрга.


[Закрыть]
Нарэшце, толькі ў траўні 1941 г. Розэнбэрг прызнаў неабходнасьць злучэньня Беларусі з прыбалтыйскімі краінамі ў адным райхскамісарыяце «Остлянд», аднак гэта было часовае выйсьце, тыпова адміністрацыйнае, якое не вырашала яе будучага палітычнага статусу.

Пры такой сытуацыі сфармуляваныя Розэнбэргам і яго супрацоўнікамі «задачы» Беларусі былі імглістыя, часта падлягалі зьменам і ніколі не вырашаліся канчаткова. Яна то трактавалася як тэрыторыя, што падлягала разам з Прыбалтыкай германізацыі і ўлучэньню ў Райх, то як абшар, які не падлягаў такому ўлучэньню. Часам Беларусь называлі зямлёй для перасяленьня «непажаданых элемэнтаў» з Прыбалтыкі і Польшчы і нават – будучым прыродным запаведнікам. Пры гэтым Розэнбэрг не выключаў наданьня Беларусі ў бліжэйшай неакрэсьленай будучыні «свайго роду аўтаноміі».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю