Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 18 страниц)
Наступнай даклярацыяй Кубэ была адозва «Да жыхароў Беларусі», абвешчаная ў Менску 22.9.1941 г. Перамога Нямеччыны патэтычна абвяшчалася ў ёй адбытым фактам, дэкляраваліся адбудова ваенных разбурэньняў, дабрабыт і забясьпечаная будучнасьць беларускага народу ў рамках новага эўрапейскага парадку, акупацыйная цывільная адміністрацыя называлася прыяцелем гэтага народу, ахоўнікам справядлівага парадку і выпрабаваным будаўніком усеагульнага дабрабыту. Далей адозва заклікала:
Беларусы!
Першы раз у вашай гісторыі перамога Нямеччыны дае вам магчымасьць забеясьпечаньня вашаму народу свабоднага разьвіцьця і сьветлай будучыні без расійска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панаваньня. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што яго інтарэсы сьцісла зьвязаны з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі пасьлядоўцамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва.
Адозва Кубэ адыходзіла далей ад пашыраных у прапагандзе Вэрмахту зацёртых фраз пра «вызваленьне ад бальшавізму» і імкнулася разгарнуць перад беларускім народам дадатную пэрспэктыву, якая адкрывалася для яго з усталяваньнем нямецкай акупацыі. Апрача чыстай прапаганды, у адозьве Кубэ, найвышэйшага прадстаўніка нямецкай улады на Беларусі, былі выказаны дэклярацыі свабоднага разьвіцьця краю без староньняга панаваньня і агульнасьці нямецка-беларускіх інтарэсаў. Варта падкрэсьліць, што гэтыя заявы закраналі такія пытаньні нямецкай палітыкі, пра якія маўчаў афіцыйны Бэрлін. Можна таму меркаваць, што яны рабіліся бяз санкцыяў Розэнбэрга, і, нягледзячы на асьцярожнасьць фармулёвак, былі рэдкім зьявішчам на акупаванай тэрыторыі СССР.
Тым ня менш запэўненьні Кубэ ў прыязнасьці, справядлівасьці і адзінстве інтарэсаў рэзка супярэчылі рэчаіснасьці: незалежныя ад яго ўлады часьці Вэрмахту і СС чынілі забойствы, рабункі і бессэнсоўныя разбурэньні ўжо пасьля ўвядзеньня цывільнага рэжыму. Гэта перакрэсьлівала ўсе пэрспэктывы палітыкі, скіраванай на здабыцьцё сымпатыяў мясцовага насельніцтва. Разыходжаньне ў поглядах на задачы акупацыі выявілася адразу ж пасьля прыезду Кубэ ў Менск. Узьніклі спрэчкі вакол кіраваньня гаспадаркай, рабункаў, зьнішчэньня твораў мастацтва і ліквідацыі габрэйскага насельніцтва. Тры прыведзеныя ніжэй дакумэнты – два зь іх выкарыстоўваліся як доказы на Нюрнбэрскім працэсе – сьведчаць пра ўмяшальніцтва Кубэ ў гэтыя справы і ёсьць важным матэрыялам для агульнай ацэнкі яго палітыкі на Беларусі, а таксама стаўленьня да СС.
Дакумэнт 1: Ліст Кубэ да Лёзэ ад 3.10.1941 г.
У дадатак перасылаю табе для прыняцьця далейшых захадаў зьняты паводле майго даручэньня плякат ад 6.9.1941 (тэкст плякату: «Зрэквізавана» за подпісам HSSPF Пруцмана. – Ю. Т.). Не паведаміўшы мне, СС пасьпешліва праводзіць рэквізыцыі на Беларусі. Асаблівую важнасьць мае рашэньне міністэрства або райхскамісара наконт базаў СС. Калі гэтыя базы будуць абсталёўвацца так, як прадугледжвае СС, дык хутка яна стане гаспадаром усіх непашкоджаных і зручна разьмешчаных частак гораду, а цывільная адміністрацыя акажацца госьцем фармаваньня, якое выкарыстоўвае любыя магчымасьці, каб крочыць уласным шляхам. Будаваць плян гораду ў такой сытуацыі цывільнае кіраўніцтва проста ня зможа. Настойліва прашу прадухіліць гэтыя непрыемныя акалічнасьці. Увогуле, справы і дзейнасьць паліцыі павінны быць так адрэгуляваны, каб цывільная адміністрацыя мела выключнае права выдаваць ёй распараджэньні. Брыгадэнфюрэр СС Цэнэр, які дзеля ўзмацненьня свайго прэстыжу стаў генэрал-маёрам паліцыі, сьцьвярджае пры кожнай нагодзе, што мае спэцыяльныя інструкцыі райхсфюрэра СС, якіх, аднак, мне не паказвае. Так працаваць немагчыма.
Вэрмахт таксама распараджаецца цывільнымі справамі і абураецца, калі яму робяць заўвагі аб недапушчальнасьці такіх паводзін. Пара ўжо нарэшце адназначна падпарадкаваць гаспадарку цывільнай адміністрацыі. Тут (г. зн. – на Беларусі. —Ю. Т.) СС, Вэрмахт і Люфтвафэ папросту рэквізавалі сабе вялікую колькасьць гаспадарчых прадпрыемстваў, калгасаў і імі ўва ўсю распараджаюцца. Рэшткі, пакінутыя цывільнай адміністрацыі, армія забірае на свае патрэбы, так што да бліжэйшага жніва пагалоўе жывёлы, сыравіна і ўсё неабходнае няўхільна будзе зьнішчана. Мы яшчэ ня маем уплыву на менскую бойню, бо ОКН (галоўнае камандаваньне сухадольных войскаў. – Ю. Т.) заяўляе на гэтую бойню выключнае права. Таксама і радыёзавод працуе выключна на Люфтвафэ. Усё гэта абмяжоўвае нашу дзейнасьць. Калі ў найбліжэйшы час гэтыя справы ня высьветляцца, цывільнае кіраўніцтва стане папросту гумарыстычным давескам, на які будуць глядзець, як на перашкоду ў далейшым рабаваньні краю.
Дакумэнт 2: Ліст Кубэ да Розэнбэрга ад 29.9.1941 г.
Сёньня, пасьля доўгіх пошукаў, я магу нарэшце знайсьці і ацаніць рэшткі мастацкіх скарбаў Менску. У горадзе існавала вялікая, а часткаю – вельмі каштоўная, калекцыя твораў мастацтва і карцін, якая амаль поўнасьцю была вывезена зь Менску. На загад райхсфюрэра СС, райхсьляйтэра Генрыха Гімлера большасьць карцін – часткаю ўжо пасьля майго ўступленьня на пасаду– была запакавала эсэсаўцамі і вывезена ў Райх. Прытым гаворка ідзе пра мільённыя каштоўнасьці, якія былі забраныя ад Генэральнай акругі Беларусь. Карціны павінны былі быць высланы ў Лінц і Кёнігсбэрг ува Усходняй Прусіі. Прашу гэтыя каштоўныя зборы, калі яны непатрэбныя Райху, вярнуць у распараджэньне Генэральнай акругі Беларусь, у любым выпадку іх матэрыяльную вартасьць перавесьці на рахунак міністэрства акупаваных усходніх земляў.
Паводле выказваньняў аднаго маёра 707-й дывізіі, які перадаў мне рэшткі гэтых збораў, астатнія карціны і прадметы мастацтва, у т. л. і найбольш каштоўныя карціны, мэбля XVIII і XIX ст., вазы, рэчы з мармуру, гадзіньнікі і да т. п. СС перадало Вэрмахту для наступнага разрабаваньня. Генэрал Штубэнраўх (шэф палявой камэндатуры № 184 у Менску. – Ю. Т.) найбольш каштоўную частку вывез зь Менску ў апэрацыйную зону. Зондэрфюрэры, якіх я яшчэ ня мог зарэгістраваць, вывезьлі (без вопісу) тры грузавыя машыны з мэбляй, карцінамі і прадметамі мастацтва. Я распарадзіўся высьветліць гэтыя часьці, каб пакараць вінаватых, якія нясуць адказнасьць за рабунак. Мясцовыя заставы Вэрмахту і СС выбралі без майго дазволу з застаных рэштак наступныя рэчы і абразы, якія, аднак, яшчэ маглі б заставацца ў Менску.
Для рэстаўрацыі часта бяз сэнсу пашкоджаных нажамі карцін прашу прыслаць сюды нацыянал-сацыялістычнага мастака Вілі Спрынгера, Бэрлін СВ 29, Газэнгейдэ, 94; каб пад яго кіраўніцтвам магло быць выратавана тое, што яшчэ можна ўратаваць. На жаль, шматлікія каштоўныя вазы, фарфор, шафы і стылёвая мэбля XVIII ст. таксама былі значна пашкоджаныя або зьнішчаныя. Усё разам складае неацэнныя каштоўнасьці, вартыя мільёнаў марак. Я прашу на будучыню міністэрства ўсходу хадайнічаць перад адказнымі асобамі Вэрмахту для прадухіленьня падобных зьнішчэньняў, а таксама для самага суворага пакараньня вінаватых.
Музэй дагістарычнай археалёгіі таксама знаходзіцца ў стане поўнага спусташэньня. У геалягічным аддзеле разрабаваны каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Ува ўнівэрсытэце былі бессэнсоўна паразьбіваны або забраны інструмэнты на сотні тысяч марак. Можа, было б пажадана, каб Вы, спадар райхсьляйтэр, паведамілі пра гэта фюрэру. У выніку такога абыходжаньня і без таго бедная Беларусь панесла найцяжэйшыя страты…
У дадатак да працытаванага ліста Кубэ выслаў рапарт шарагоўца Авэля пра становішча менскіх бібліятэк пасьля таго, як іх спустошыў Вэрмахт. Заканчваўся ён наступным чынам:
Гэты рапарт дасягне сваёй мэты толькі тады, калі будзе пададзены найвышэйшаму кіраўніцтву і калі будуць неадкладна выдадзены загады, якія не дазволяць нямецкаму салдату ў будучым паводзіць сябе, як барбару.
Дакумэнт 3: Фрагмэнты справаздачы акруговага камісара ў Слуцку Карла генэральнаму камісару ў Менску ад 30.10.1941 г. пра масавую расправу з габрэямі ў Слуцку.
Зь непамернай жорсткасьцю нямецкія паліцыянты і асабліва літоўскія партызаны (гаворка ідзе пра літоўскія паліцыйныя часьці на службе ў немцаў. – Ю. Т.) выцягвалі з хат і зганялі габрэяў, а сярод іх і беларусаў. Паўсюдна ў горадзе стаяла страляніна, на паасобных вуліцах ляжалі трупы забітых габрэяў. Беларусам зь вялікімі цяжкасьцямі ўдавалася пазбавіцца абвінавачваньняў. Ня кажучы аб тым, што з габрэяў, у тым ліку і з рамесьнікаў, зьдзекаваліся на вачох у беларусаў, дык і саміх беларусаў білі гумовымі палкамі і прыкладамі карабінаў. Гэта была ўжо не жыдоўская акцыя, а выглядала хутчэй як рэвалюцыя. Я сам увесь час знаходзіўся разам з усімі сваімі супрацоўнікамі пасярод гэтага, каб яшчэ ратаваць, што толькі ўдасца. Шмат разоў мне даводзілася літаральна з настаўленым рэвальвэрам выцягваць з майстэрняў нямецкіх паліцыянтаў, а таксама літоўскіх партызан. Такое самае даручэньне атрымала і мая жандармэрыя, аднак з-за дзікай страляніны яна мусіла шмат разоў пакідаць вуліцы, каб ня быць расстралянай… Беларускае насельніцтва, якое нам поўнасьцю давярала, цяпер жахаецца. І хоць запалоханыя людзі не адважваюцца свабодна выказаць свае думкі, аднак чутны ўжо меркаваньні, што гэты дзень ня стане ганаровай старонкай нямецкай гісторыі, але і забыты ён ня будзе таксама. Я лічу, што гэтай акцыяй было зьнішчана шмат з таго, што нам удалося дасягнуць за апошнія месяцы, і што пройдзе багата часу, пакуль мы вернем страчаны ў насельніцтва давер.
1 лістапада Кубэ выслаў справаздачу Карла да Лёзэ і Розэнбэрга, адначасова прапаноўваючы распачаць судовы працэс над усім афіцэрскім корпусам паліцыйнага батальёну – выканаўцам слуцкай масавай расправы. Пратэстуючы супраць забойства габрэйскіх рамесьнікаў, ён пісаў:
Такімі мэтадамі нельга ўтрымаць на Беларусі спакой і парадак. Тое, што цяжка параненыя былі пахаваны жыўцом, а потым вылезьлі з магіл, – гэта такое бязьмежнае сьвінства, што пра гэтую падзею трэба было б проста паведаміць фюрэру і райхсмаршалу. Цывільная адміністрацыя на Беларусі прыкладае велізарныя намаганьні, каб, згодна з указаньнямі фюрэра і міністра Райху (Розэнбэрга. – Ю. Т.), здабыць сымпатыі ў мясцовага насельніцтва. Але гэтыя стараньні ня могуць суіснаваць і мірыцца з апісанымі вышэй мэтадамі.
Паводзіны Кубэ былі прадыктаваныя імкненьнем наладзіць супрацоўніцтва зь мясцовым насельніцтвам, ён лічыў, што гэта – асноўная ўмова, безь якой немагчымы посьпех у любых распачынаньнях акупацыйных уладаў. Адсюль і яго спробы спыніць бязьлітасныя і хаатычныя харчовыя рэквізыцыі, якія войска працягвала праводзіць таксама і пасьля ўвядзеньня цывільнага рэжыму. На гэта былі скіраваны і клопаты пра стан беларускіх музэяў і навуковых устаноў, і стараньні запэўніць бясьпеку працаўнікам мясцовай адміністрацыі. У гэтай астатняй справе завязаўся ў сьнежні 1941 г. востры канфлікт з камандуючым Вэрмахту ў Генэральнай акрузе Беларусь генэралам Бэхтальдсгаймам, пасьля таго, як нямецкія салдаты расстралялі бурмістра м. Негарэлае Менскай акругі, якога западозрылі ў сувязях з партызанамі. Кубэ і тут патрабаваў пакараць вінаватых, указваючы, што, калі пагадзіцца з падобнай практыкай, аніводзін беларускі бурмістар не захоча працаваць у цывільнай акупацыйнай управе. Яшчэ ў ліпені 1943 г. ён дакараў шэфа менскага СД за садысцкія зьдзекі з трох беларусак, хоць сам гэты факт меў месца ў канцы 1941 г. І гэта мела сваё палітычнае значэньне ня толькі з увагі на вялікі час, які прайшоў, але і соцень тысяч ахвяр гітлераўскага тэрору на Беларусі.
Аднак асабліва пільнага разгляду патрабуюць адносіны Кубэ да вынішчэньня габрэяў. Далін лічыць, што яго перасьцярогі і супраціў гэтай кампаніі дыктаваліся толькі эканамічнымі і палітычнымі матывамі, бо пераважную частку беларускага рамесьніцтва складалі габрэі, а мэтады іх зьнішчэньня выклікалі непажаданыя антынямецкія настроі сярод беларускага грамадзтва. Насамрэч пазыцыя Кубэ ў гэтым пытаньні не выглядала так адназначна. Як стары дзеяч партыі нацыянал-сацыялістаў і адзін з тэарэтыкаў антысэмітызму ён не выступаў афіцыйна супраць самога прынцыпу зьнішчэньня габрэяў і часта карыстаўся антысэміцкай фразэалёгіяй. Аднак менавіта на Беларусі тэорыя ўступіла ў канфрантацыю з жудаснай рэчаіснасьцю, і тут – паводле вобразнага вызначэньня Гальмута Гайбэра – вучань чарнакніжніка жахнуўся, пабачыўшы, якіх духаў ён наклікаў.
Таму, не выступаючы супраць асноўнага ідэалягічнага прынцыпу гітлерызму, Кубэ імкнуўся абмежаваць маштабы масавага забойства габрэяў. Перш за ўсё ён стараўся адцягнуць рэалізацыю гэтай акцыі, выстаўляючы розныя гаспадарчыя і палітычныя прычыны. Зьвяртаўся таксама да Гэйдрыха наконт дэпартаваных нямецкіх габрэяў, прыгадваў іх часткова арыйскае паходжаньне і заслугі перад Нямеччынай у якасьці франтавых салдат Першай сусьветнай вайны. Надзіва гэтыя паўмеры на практыцы мелі посьпех. Варта прывесьці тут сьведчаньне шэфа СД Остлянду, які ў сваім рапарце падае наступную статыстыку забітых і пакінутых у гета габрэяў у генэральных акругах пад канец студзеня 1942 г. (гл. табл. 7).
Паводле гэтых зьвестак, да прыходу вясны 1942 г. у Эстоніі былі зьнішчаны ўсе, зрэшты, нешматлікія, габрэі. У Латвіі іх засталося толькі 7 %, у Літве – 12 %, затое на Беларусі – 75 %. Такі ж высокі працэнт надаецца і ў другім рапарце СД у лютым 1942 г. Ува Усходняй Беларусі, якая не знаходзілася пад кіраўніцтвам Кубэ, вынішчэньне габрэяў таксама ішло значна хутчэй. Такім чынам, да прыходу вясны 1942 г. перададзеная ў распараджэньне цывільных уладаў Генэральная акруга Беларусь займала ў гэтай кампаніі выключнае становішча. Тактыка Кубэ дазволіла дзясяткам тысяч габрэяў уцячы з гета ў лясы, дала ім шанец для захаваньня жыцьця. Гэтай акалічнасьці не ўлічыў Далін.
Пазыцыя Кубэ ў разгледжаных пытаньнях супярэчыла плянам Гімлера, які рэагаваў на гэта вельмі востра. Ён перакрэсьліў патрабаваньні перадаць у рукі цывільных уладаў усю беларускую гаспадарку, згадваючы, што
спадар Кубэ толькі два месяцы праслужыў у войсках СС вартаўніком і ня мае паняцьця аб салдацкіх праблемах, аб дапамозе арміі і яе забесьпячэньні.
Што датычыць адказнасьці за рабункі і зьнішчэньне твораў мастацтва, дык і тут яго адказ гучаў сувора:
З боку спадара Кубэ я раз і назаўсёды прашу вызваліць мяне ад падобнага нахабства.
У дадатак у вачох Гімлера, СС і Вэрмахту Кубэ набыў славу «прыяцеля габрэяў». Так, ужо пад канец 1941 г., паміж Кубэ і Гімлерам зь яго магутным ведамствам абазначылася варожасьць.
Спробы здабыць сымпатыі мясцовага насельніцтва таксама не прынесьлі для Кубэ плёну. Склад адміністрацыйнага апарату, створанага за час існаваньня вайсковай адміністрацыі, амаль не зьмяніўся – не хапала адпаведных беларускіх кадраў. Гэта было часовае становішча: тут усё залежала ад падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў. Польскі характар захоўвала ня толькі мясцовая, асабліва гарадзкая, адміністрацыя, але і Каталіцкая царква і памешчыцкія маёнткі, апрача таго існавала пэўная колькасьць школаў з польскай мовай навучаньня.[75]75
Так, напрыклад, у Вялейскай акрузе каля паловы школаў у канцы 1941 г. было з польскай мовай навучаньня. Падобная сытуацыя панавала і ў Лідзкай акрузе.
[Закрыть]
Былі адзначаны выпадкі, калі ў школах, намінальна беларускіх, заняткі адбываліся на т. зв. «дапаможнай» польскай мове, бо не хапала адпаведных настаўнікаў. Тагачасную сытуацыю ў заходнебеларускіх землях Браніслаў Кжыжаноўскі акрэсьліў ляканічна: «Остлянд на Беларусі быў польскі». У пэўнай ступені гэта было справядлівае выказваньне, тым ня менш польскія палітычныя колы непрыхільна ставіліся да лініі, якую праводзіў Кубэ. Яго лёзунг «Беларусь для беларусаў» і абвешчаны курс на беларусізацыю краю перакрэсьлівалі ў іх вачох значэньне гэтых здабыткаў, а супярэчнасьці паміж уласнымі канчатковымі мэтамі і інтарэсамі Нямеччыны ўсё больш падштурхоўвалі палякаў у лягер апазыцыі супраць немцаў і беларусаў. У выніку, ужо ўвосень 1941 г. пачалі ўзьнікаць першыя падпольныя структуры ЗУБ.[76]76
Праўдзіц-Шляскі піша, што сваё прызначэньне на пасаду камандзіра Наваградзкай акругі ЗУБ ён атрымаў 1.9.1941 г. Аднак ужо ў ліпені – жніўні на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачалося стварэньне агентурнай сеткі ІІ аддзелу ГК ЗУБ.
[Закрыть]
Праўда, у дэклярацыях Кубэ беларусам аддавалася перавага, але гэта не магло сур’ёзна зьмяніць кадравую сытуацыю, што ўсталявалася за час існаваньня вайсковай адміністрацыі. Акупацыйныя ўлады не пераставалі адчуваць недахоп беларускіх спэцыялістаў, якія б мелі здольнасьці ці жаданьне ўдзельнічаць у розных галінах грамадзкага жыцьця. Асабліва гэта датычыла аховы грамадзкага парадку і бясьпекі. Аб выніках такой сытуацыі гаворыцца ў рапарце СД:
Паколькі ў распараджэньне Вэрмахту і паліцыі трапіла вельмі мала беларусаў, якім можна было б даручыць заданьні мясцовай службы парадку, давялося зьвярнуцца да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў і даручыць ім гэтае заданьне. Мабілізацыя латыскіх, літоўскіх і ўкраінскіх атрадаў, а таксама прызначэньне палякаў на пасады бурмістраў, камандзіраў ахоўных службаў, апекуноў вялікіх зямельных маёнткаў і т. п., якое ажыцьцяўляў Вэрмахт, а потым зацьвердзіла цывільная адміністрацыя, – усё гэта выклікала сярод нешматлікіх сьвядомых беларусаў вялікае расчараваньне. Прызнаньне ўласнай бездапаможнасьці і немагчымасьці стварыць сваімі сіламі службы аховы парадку і бясьпекі павялічыла сярод сьвядомых беларусаў пачуцьцё непаўнацэннасьці. У выніку, частка зь іх пакінула тыя нешматлікія камунальныя ўстановы, дзе іх часова наймалі.
Многія перавагі, якія беларусы атрымлівалі з рук Кубэ, так і не былі выкарыстаны. Вінавацілі яны ў гэтым ня так уласную слабасьць, колькі кіраўнікоў цывільнай адміністрацыі, якія нібыта занадта лібэральнічалі з палякамі. Беларуска-польскія канфлікты таму не заціхалі. Як і раней, у паліцыйных рапартах за верасень 1941 г. паведамлялася пра даносы на беларускіх службоўцаў, якіх абвінавачвалі ў камунізьме. Але цяпер паліцыя больш пільна разглядала такія справы, і калі даносы былі беспадстаўныя, іх аўтараў прыцягвалі да адказнасьці.[77]77
Так, напрыклад, у Наваградку адзін паляк у верасьні 1941 г. данёс, што беларускі бурмістар гэтага гораду – камуніст. Сьледзтва высьветліла, што абвінавачваньне было падманнае, і даносчыка расстралялі.
[Закрыть] Таму здараліся такія выпадкі ўсё радзей. Затое часьцей пачалі зьяўляцца антыпольскія даносы ад беларускіх дзеячоў. Яны такім шляхам спрабавалі весьці барацьбу з засільлем палякаў. Адзін з гэтых дзеячоў, Іван Касяк, пісаў пасьля вайны:
Беларусы бараніліся супроць польскай акцыі вынішчэньня тымі сродкамі, якія былі даступныя.
Такія даносы яны пісалі ня толькі на палякаў, што займалі пасады ў адміністрацыі, але і на каталіцкіх ксяндзоў, якіх лічылі за пашыральнікаў «польскай веры» і палянізацыі, ворагаў інтарэсаў праваслаўя. І тут не абышлося без удзелу праваслаўных сьвятароў. Пра гэта сьведчыць наступны данос аднаго зь іх, дасланы ў верасьні 1941 г. у нямецкую паліцыю:
Рыма-каталіцкае духавенства праводзіць вялікую прапаганду для аднаўленьня незалежнай польскай дзяржавы. Яно імкнецца згуртаваць насельніцтва і плянуе пасьля адыходу нямецкіх войскаў стварыць партызанскія атрады для вызваленьня акупаваных земляў ад ворагаў польскасьці, у тым выпадку – ад немцаў. Правадырамі гэтага руху ёсьць рыма-каталіцкія ксяндзы з касьцёлаў у Ашмянах, Гальшанах, Гранасеках (Granosiekach), Барунах, Сеноргоях (напэўна, Смургонях. – Ю. Т.), Крэве, Драбах, Солах, Жупранах і г. д.
Па гэтых даносах у лістападзе 1941 г. было расстраляна некалькі польскіх ксяндзоў, у т. л. Генрык Глябовіч, які распачаў на Меншчыне місіянэрскую дзейнасьць на загад Рамуальда Ялбжыкоўскага, архібіскупа віленскага. Аднак амаль адначасова ў Менску былі арыштаваны і забіты таксама і беларускія каталіцкія ксяндзы – Станіслаў Глякоўскі і Дзяніс Малец, бо ў СД ляжаў данос, паводле якога ксяндзоў-беларусаў касьцельныя ўлады выкарыстоўвалі для «дзейнасьці на карысьць Польшчы». Ініцыятарамі гэтых злачынстваў былі беларускія праваслаўныя дзеячы, якія сьцерагліся росту каталіцкага ўплыву на Беларусі, прычым незалежна ад таго, польскі ён будзе ці беларускі. Пра гэта яскрава сьведчыць забойства кс. Глякоўскага, да вайны вядомага беларускага дзеяча ў Вільні, які выдаў пад канец 1941 г. у Менску беларускамоўны падручнік катэхізісу. Той самы лёс ледзьве не напаткаў ксяндза Зянона Ігнатавічуса, літоўца, якога мясцовая беларуская паліцыя прыняла за «польскага ксяндза», – толькі мундзір капэляна раскватараваных на Беларусі літоўскіх атрадаў выратаваў яго ад арышту.
Таму на першым этапе сваёй дзейнасьці на Беларусі Кубэ даводзілася лявіяваць, паміж дэкляраванай беларусізацыяй і існымі рэаліямі. Праўда, ён пагадзіўся з фактычным становішчам у мясцовай адміністрацыі, але бачыў, якая там пануе варажнеча. Такім чынам, абапірацца на яе ў ажыцьцяўленьні сваёй беларускай палітыкі Кубэ ня мог. Да таго ж паўставала праблема з надбудовай гэтага апарату – стварэньнем цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі. Паводле свайго характару яна, натуральна, павінна была стаць беларускай, але як забясьпечыць яе спраўнае функцыянаваньне ў спалучэньні зь пераважна небеларускім мясцовым апаратам? Вырашэньне гэтай супярэчнасьці Кубэ бачыў у паступовай беларусізацыі ніжэйшых ступеняў кіраўніцтва, але для гэтага трэба было падрыхтаваць адпаведныя кадры. Такі пункт гледжаньня падзяляла і ОМі. Пра гэта сьведчыць выказваньне Мэндэ, блізкага супрацоўніка Розэнбэрга:
Найпершы прынцып нямецкага праўленьня ў Остляндзе – мясцовая адміністрацыя пад нямецкім кіраўніцтвам… На Беларусі адміністрацыя заўсёды знаходзілася ў чужых руках. Новае тут трэба пачынаць з нуля, а гэта, натуральна, патрабуе часу. Таму нямецкай адміністрацыі даводзіцца займацца і такімі заданьнямі, якія яна б з ахвотаю даручыла мясцовым сілам.
Паколькі яўных пярэчаньняў з боку Розэнбэрга не было, стварэньне цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі на Беларусі ў верасьні 1941 г. было вельмі магчыма. Праўда, ліпеньская інструкцыя Розэнбэрга не давала нямецкім цывільным уладам права на прызнаньне літоўскага, беларускага і латыскага ўрадаў,[78]78
На думку Вакара, на пачатку цывільнай адміністрацыі на Беларусі не было яшчэ вядома дакладна, які лёс чакае мясцовую цывільную адміністрацыю: ці паўстане над ёю «надбудова» накшталт беларускага нацыянальнага «ўраду», ці будзе яна падпарадкоўвацца беспасярэдне нямецкаму правінцыйнаму начальству.
[Закрыть] аднак і Кубэ, і генэральныя камісары прыбалтыйскіх краін былі зацікаўлены ў стварэньні такой інстанцыі, зразумела – не нацыянальнага ўраду, але дапаможнага органа. Паколькі Шчорс адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці ўва ўмовах цывільнага рэжыму,[79]79
Не зусім ясна, якімі матывамі кіраваўся Шчорс, калі пакінуў Менск і вярнуўся ў Варшаву ў верасьні 1941 г. Паводле інфармацыі СД, Шчорс, Тумаш і іншыя дзеячы «Цэнтру» расчараваліся ў нямецкай палітыцы і асьцерагаліся, што пасьля выхаду зь Менску ранейшых паліцыйных уладаў (Айнзацгрупы «Б») яны ўвогуле страцяць усялякую падтрымку. Аднак нельга выключаць і другой вэрсіі: Шчорс мог гэта зрабіць па дамоўленасьці з Астроўскім, які вёў складаную палітычную гульню і адчуваў, што ў Варшаве яму неабходна мець вернага чалавека.
[Закрыть] гэтую кіраўнічую пасаду ў першых днях верасьня Кубэ даручыў Астроўскаму – адзінаму вядомаму беларускаму дзеячу, які ў гэты час выступаў на менскай палітычнай сцэне. Дзеля гэтага Кубэ захаваў адзіную на ўсёй тэрыторыі Остлянду Меншую акруговую ўправу на чале з Астроўскім і даручыў яму кіраўніцтва т. зв. Паралельным бюро (нэбэнбюро), якое было мясцовым адпаведнікам генэральнага камісарыяту, г. зн. найвышэйшай беларускай інстанцыяй.
Фармальны статус Астроўскага і яго нэбэнбюро ня быў зацьверджаны, гэтаксама, як і статус цэнтральных краёвых управаў у іншых генэральных акругах Остлянду. Аднак асабістая падтрымка Кубэ і рэальная неабходнасьць у існаваньні такога органа давалі Астроўскаму надзею на юрыдычнае прызнаньне сваёй інстанцыі. Але ў кастрычніку ўсе яго пляны неспадзявана зруйнаваліся, бо ў Менск прыбыў Ермачэнка, прызначаны на загад Розэнбэрга кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС). Увогуле, абедзьве гэтыя арганізацыі маглі б працаваць паралельна, як гэта было ў Прыбалтыцы, аднак наперад было зразумела, што пасьля легалізацыі цэнтральнай управы Астроўскага БНС будзе фактычна ёй падпарадкавана. З гэтым не жадаў пагадзіцца Ермачэнка, які таксама прэтэндаваў на ролю беларускага правадыра. Яго пазыцыя ў гэтым канфлікце была значна больш пэўная: апрача афіцыйнага прызначэньня, ён яшчэ меў доказы супрацоўніцтва Астроўскага з камуністамі і польскімі ўладамі і выкарыстаў гэтыя аргумэнты ў барацьбе супраць свайго суперніка. Пры такіх абставінах Астроўскі страціў давер у Кубэ і, ратуючыся перад магчымымі рэпрэсіямі, выехаў зь Менску ў Смаленск, адкуль ужо ня мог аказваць беспасярэдняга ўплыву на падзеі ў Беларусі.[80]80
Пасьля вайны Астроўскі называў іншыя прычыны свайго ад’езду зь Менску. Ён пісаў, што абразіўся на Кубэ, калі паліцыя паспрабавала канфіскаваць у яго радыёпрымач, альбо што быў расчараваны палітыкаю Кубэ і ня меў чаго рабіць у Менску.
[Закрыть] Як пісаў пасьля вайны яго блізкі паплечнік Леанід Галяк,
з таго часу аж да сьмерці Кубэ Астроўскі калі і прыяжджаў у Менск, дык затрымліваўся вельмі нядоўга і паказваўся на вочы толькі некалькім асобам.
Інцыдэнт з Астроўскім пахіснуў надзеі Кубэ на больш актыўны ўдзел беларусаў у супрацоўніцтве, бо Ермачэнка да вайны быў практычна невядомы на заходнебеларускай палітычнай арэне і меў яшчэ слабейшую грамадзкую падтрымку, чым Астроўскі. Сярод тагачасных беларускіх дзеячоў панавала перакананьне, што за плячыма гэтага чалавека стаялі толькі немцы. Ня толькі прызначэньне Розэнбэрга падштурхоўвала іх да такой думкі. Сам Ермачэнка ўсюды стараўся пашырыць перакананьне, што толькі супрацоўніцтва зь Нямеччынай можа забясьпечыць беларускай нацыі лепшую будучыню.
У Кубэ, аднак, не было выбару. 22.10.1941 г. разам зь Ермачэнкам яны выдалі адозву да беларускага насельніцтва, у якой абвяшчалі ўтварэньне БНС і заклікалі людзей засноўваюць яе валасныя камітэты. У адозьве гаварылася, што адзінай мэтай БНС ёсьць дапамога насельніцтву па ахове здароўя і бытавых умоў: апекаваньне бяздомнымі сем’ямі, сіротамі і дзецьмі, чые маткі працуюць. Да БНС перайшла ўся маёмасьць, памяшканьні і супрацоўнікі таварыства беларускага Чырвонага крыжа, якое было створана ў ліпені 1941 г., а потым ліквідавана.
Яшчэ адным прэтэндэнтам на ўладу ў акупаванай Беларусі быў Акінчыц – рашучы праціўнік Шчорса, Астроўскага і Ермачэнкі. Аднак ён па-ранейшаму заставаўся ў Бэрліне, у аддзеле прапаганды ОМі, і толькі раз-пораз прыяжджаў у Беларусь, дзе ўзнавіў былое супрацоўніцтва з астатнімі ўдзельнікамі беларускага нацыянал-сацыялістычнага руху (Казлоўскім і інш.). Гэтая група ўжо ўлетку 1941 г. спрабавала адрадзіць сваю партыйную дзейнасьць, але сутыкнулася зь перашкодай: нямецкія акупацыйныя ўлады забаранялі стварэньне якіх-небудзь палітычных партыяў. Але, ня страціўшы надзеі на посьпех у будучыні, група Акінчыца паспрабавала ўтварыць беларускую моладзевую арганізацыю. У краёвым маштабе гэта ім пакуль што не ўдалося, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе такая арганізацыя была створана і дзейнічала з згоды акруговага камісара, хаця і без афіцыйнага дазволу Кубэ.
Асноўным прынцыпам праграмы Акінчыца і кіраванага ім т. зв. «Руху маладых актывістаў» была выснова, паводле якой пабудова самастойнай беларускай дзяржавы ў найбліжэйшы час была немагчымая, для гэтага не было належных спрыяльных умоў: народ знаходзіўся ў летаргічным сьне, нацыянальная сьвядомасьць – паралізавана. Нацыянальнае і дзяржаўнае абуджэньне магло надысьці толькі ў аддаленай будучыні. Зыходзячы з такіх меркаваньняў, паплечнікі Акінчыца лічылі, што «папяровыя генэралы, прафэсары і дактары» ня могуць быць прадстаўнікамі Беларусі, ня могуць адрадзіць яе зьверху – беларускае адраджэньне трэба пачынаць зьнізу, пад нямецкім кіраўніцтвам. Гэта была яўная намінка на Астроўскага, былога гімназійнага настаўніка, якога часам называлі прафэсарам, а таксама на лекараў – Шчорса і Ермачэнку. Беларуская моладзь, паводле праграмы Акінчыца, павінна была ўдзельнічаць у вынішчэньні праціўнікаў гітлерызму, а ў пэрспэктыве – змагацца ў атрадах СС. Для нямецкіх уладаў гэта магло б паслужыць доказам «шчырасьці» і падставай для большага даверу. У сваіх дзеяньнях Акінчыц абапіраўся на т. зв. кіраўнікоў прапагандысцкіх групаў, якія прайшлі пад яго кіраўніцтвам падрыхтоўку ў Бэрліне. Цяпер ОМі накіроўвала іх у паасобныя беларускія акругі.
Апрача групаў, якія сьвядома рабілі стаўку на супрацоўніцтва зь немцамі, заслугоўвае ўвагі кансьпірацыйная незалежніцкая дзейнасьць арганізацыі Іваноўскага – Станкевіча. Даволі доўга гэтыя дзеячы не рашаліся перабрацца ў Менск. Толькі напачатку верасьня туды выехаў Іваноўскі, і тое толькі дзеля таго, каб высьветліць на месцы сытуацыю. Тут гарадзкі бурмістар Тумаш прапанаваў яму сваю пасаду, паабяцаўшы залагодзіць у Кубэ ўсе фармальнасьці. Зараз цяжка меркаваць, ці было прычынаю гэтай прапановы жаданьне Тамаша пакінуць Менск, ці гэта сталася ў выніку спэцыяльнай дамоўленасьці паміж імі. Ува ўсялякім разе пасьля гэтага спынілася супрацоўніцтва Тумаша з групай Шчорса-Астроўскага. Тым часам Іваноўскі марудзіў з канчатковым рашэньнем. Ён вярнуўся ў Вільню і працягваў сваю працу ў мясцовым беларускім камітэце.
Неўзабаве вестка пра магчымае прызначэньне Вацлава Іваноўскага на пасаду менскага бурмістра дайшла да яго сябра, Самуэля Кастравіцкага, афіцэра 2-га аддзелу ў Галоўным камандаваньні ЗУБ. Ён у гэты час быў у Варшаве і рыхтаваўся выехаць у Менск, каб узначаліць там экспазытуру 2-га аддзелу.[81]81
Самуэль Кастравіцкі нар. 4.12.1902 г. у Лідзе ў сям’і доктара Амброжага Кастравіцкага. У 30-х г. ён працаваў у Варшаўскай зямельнай палаце, а перад самай вайной жыў у Вільні, адтуль у 1939 г. яго прызвалi ў войска. Пасьля верасьнёўскай кампаніі ён прыбыў у Варшаву. У 1939–1944 г. быў у падпольлі і супрацоўнічаў з Станкевічам. Іваноўскі ведаў Самуэля зь дзяцінства. Перад Першай сусьветнай вайною ён працаваў на беларускай выдавецкай ніве разам з бацькам Самуэля, Амброжым, і дзядзькам Казімерам – дзеячам Беларускай сацыялістычнай грамады і вядомым беларускім навэлістам і драматургам, які выступаў пад псэўданімам Карусь Каганец. Напэўна, нешта з гэтых сямейных традыцыяў засталося і ў Самуэля – Іваноўскі аказваў яму вялікі давер.
[Закрыть] Начальнік Кастравіцкага, шэф выведкі ЗУБ у Беларусі і Прыбалтыцы Тамаш Зан, таксама зацікавіўся гэтым паведамленьнем. Не падзяляючы скептыцызму Кастравіцкага, ён спадзяваўся схіліць Іваноўскага да супрацоўніцтва з ЗУБ і дзеля гэтага ў канцы верасьня выехаў у Вільню. На кватэры прафэсара Януша Івашкевіча Зан спаткаўся з Іваноўскім, пазнаёміў яго з сваёй прапановай, падмацоўваючы яе пэрспэктывай беларуска-польскага фэдэрацыйнага саюзу. Аднак атрымаў на гэта двухсэнсоўны адказ: «Я вам дапамагаць ня буду і перашкаджаць ня буду». Ад гэтай размовы ў Зана засталося ўражаньне, што Іваноўскі цалкам прысьвяціў сябе «беларускай рабоце» і ня быў зацікаўлены ў супрацоўніцтве з польскім падпольлем.
Іваноўскі выехаў у Менск толькі ў сярэдзіне лістапада, калі ўжо ясна абазначылася няўдача «бліцкрыгу». Вайна зацягвалася, цяпер варыянты яе заканчэньня нараджалі надзею. Крыху пазьней выехаў у Менск Янка Станкевіч, яго палітычны паплечнік і старшыня падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў. Нямецкія ўлады ня мелі палітычнага даверу да Вацлава Іваноўскага. У прыватнасьці, назіраньні паліцыі за дзеячамі віленскага асяродзьдзя сьведчылі аб іх «вельмі няясных і неадпаведных выказваньнях наконт сваіх нацыянальных задач» – усё гэта ў першую чаргу датычыла Іваноўскага. Таму СД зьбіралася нават з дапамогаю Шчорса насадзіць у Вільні больш адпаведных дзеячоў. Пры такіх абставінах замест пасады бурмістра Іваноўскі заняў пакуль што пасаду яго намесьніка.
Насьцярожанасьць нямецкіх уладаў павялічвала непрыязнасьць, якую выказвалі ў адносінах да Іваноўскага іншыя беларускія групы, што змагаліся за ўладу. Яны прызнавалі яго заслугі перад беларускім рухам, бачылі ў ім апошняга жывога пачынальніка Адраджэньня, але адначасова – і менавіта таму! – будучага небясьпечнага канкурэнта. Іваноўскі заставаўся ўбаку ад дзейнасьці мясцовых груповак, але іх занепакоенасьць ад гэтага не зьнікала. Яму не давяралі ні ксёндз Гадлеўскі, ні Ермачэнка. Адкрытую варожасьць выяўлялі некаторыя праваслаўныя прыхільнікі Радаслава Астроўскага. Ужо ў сьнежні ў менскае СД лёг іх данос, дзе Іваноўскага выявілі як залежнага ад віленскай курыі каталіка, які дзейнічае на карысьць Польшчы і каталіцызму, а свае сапраўдныя інтарэсы хавае пад маскаю клопатаў па беларусізацыі Каталіцкай царквы. У даносе намесьніка бурмістра абвінавачвалі ў тым, што ён такім чынам стараецца адцягнуць увагу нямецкага кіраўніцтва ад польска-каталіцкай экспансіі.
Толькі пасьля таго, як Іваноўскі перабраўся на стала ў Менск, сюды пад канец лістапада прыехаў Кастравіцкі, каб арганізаваць мясцовую выведячэйку ЗУБ. Разам зь ім быў і яго стрыечны брат Вітальд Буткевіч, які павінен быў займацца выведкай у правінцыі. Яны абодва паведамілі Іваноўскаму аб прыезьдзе, але, пасьля размовы зь ім, істотна зьмянілі плян сваёй лякалізацыі, распрацаваны загадзя 2-м аддзелам. Буткевіч, замест таго, каб ехаць у правінцыю, застаўся працаваць у Менскай гарадзкой управе, на службе ў Іваноўскага. А Кастравіцкі, замест таго, каб узначаліць мясцовую экспазытуру 2-га аддзелу, празь некалькі дзён вярнуўся ў Варшаву. Буткевіч засьведчыў, што Кастравіцкага адклікалі назад, у Варшаву, але ў сапраўднасьці было іначай. Гэта пацьвердзіў Зан, дадаючы, што пры тагачаснай сувязі і мовы на тое быць не магло, каб перадаць за такі кароткі час нейкія распараджэньні з Варшавы.