Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 18 страниц)
Варта спыніцца на дапамозе, аказанай Іваноўскім польскаму падпольлю ў Менску, зь дзьвюх прычын. Па-першае, гэта ілюструе яго фактычнае стаўленьне да нямецкіх інтарэсаў, якія ён выразна не падтрымліваў. Па-другое, ён не разьлічваў на пасярэдніцтва акоўскай экспазытуры ў арганізацыі кантактаў паміж ПБН і кіраўніцтвам польскага падпольля, калі прымаў іх на працу ў Менскую гарадзкую ўправу. Вырашальную ролю ў гэтай справе адыграў Кастравіцкі, які пасьля сустрэчы ў Менску ў канцы 1941 г. дапамог пераадолець нежаданьне размаўляць зь беларусамі ў Галоўным камандаваньні АК. Вясною 1942 г. пры ўдзеле Кастравіцкага было апрацавана спэцыяльнае данясеньне, прысьвечанае беларускай праблеме, гэты рапарт праз Галоўнае камандаваньне быў перасланы Сікорскаму. У ім паведамлялася, што некаторыя беларускія дзеячы шукаюць кантактаў з польскім падпольлем, каб дасягнуць паразуменьня ў справе супольнай абароны ад Расеі, вызваленьня ўсёй Беларусі з дапамогаю Польшчы і заключэньня з Польшчай цеснай фэдэрацыі. У рапарце прапаноўвалася тэрмінова ўвайсьці ў кантакт з гэтымі дзеячамі.
Размовы прадстаўнікоў ГК АК і ПБН распачаліся з ініцыятывы беларусаў у лінеш 1942 г. у Менску, яны працягваліся ў студзені 1943 г. у Варшаве, а пад канец таго ж году – у Вільні.
Прадстаўнік ПБН – Ян Станкевіч – спрабаваў зацікавіць кіраўніцтва польскага падпольля і польскі ўрад у Лёндане пэрспэктывамі стварэньня беларускай дзяржавы на тэрыторыі, якая б ахоплівала, у прынцыпе, увесь беларускі моўны абшар, гэта азначала, што заходняя мяжа плянаванай дзяржавы праходзіла б уздоўж лініі Керзона. Пасьля вайны Беларусь заключыла б з Польшчай міждзяржаўны саюз, так што прадстаўляць яе перад сьветам павінна было супольнае міністэрства замежных спраў. Дзейнічаць самастойна на міжнароднай арэне ПБН не магла, таму прадстаўляць беларускія справы перад брытанскім кабінэтам павінен быў, згодна з праектам, польскі ўрад у Лёндане. Такім чынам, Польшча стала б галоўным архітэктарам будучай беларускай дзяржавы. З другога боку, Польшча атрымлівала б магчымасьць гэтай самай дзяржавай адгарадзіцца ад Расеі. Пасьля далучэньня да праекту Украіны ўва Ўсходняй Эўропе магла б паўстаць цалкам новая палітычная сыстэма.
Уся гэтая далёкасяжная ідэя ў галоўных абрысах паўтарала канцэпцыю Пілсудзкага 1919–1920 г. і сьведчыла пра тое, як моцна адбіўся колішні праект у сьвядомасьці Іваноўскага і іншых беларускіх палітыкаў. Яны рабілі стаўку перш за ўсё на антыбальшавізм Чэрчыля і яго зацікаўленасьць у спыненьні камуністычнай экспансіі ў Эўропе. Аднак беларусы недаацэньвалі фармальна-праўных аспэктаў Рыскага трактату, а менавіта яны вызначалі пазыцыю прадстаўнікоў Галоўнага камандаваньня АК і варшаўскай дэлегатуры эміграцыйнага ўраду. Таму на перамовах палякі былі гатовыя даць гарантыі на пазьнейшае пашырэньне ўдзелу беларусаў у адміністрацыі і гаспадарчым жыцьці, належнае задавальненьне іх патрэбаў у галінах мовы, культуры, школьніцтва і рэлігіі, аднак беларусы пры гэтым павінны былі заставацца нацыянальнай меншасьцю ў пасьляваеннай польскай дзяржаве з даверасьнёўскімі межамі на ўсходзе.
Даволі рана пачаў дабівацца кантактаў з кіраўнікамі польскага падпольля і Радаслаў Астроўскі. 21.11.1942 г. ён спатыкаўся ў Варшаве з Уладзіславам Тамкевічам («Кшыштафам»), дзеячам БІП. Ад імя беларускага згуртаваньня «Цэнтар» ён прапанаваў наладзіць перамовы, якія прывялі б да супрацоўніцтва на аснове фэдэрацыі і польскай дапамогі ў пабудове беларускай дзяржавы. Адначасова Астроўскі перасьцярог Тамкевіча ад кантактаў з Акінчыцам, кс. Гадлеўскім і Ермачэнкам, ён казаў, што гэтыя дзеячы
знаходзяцца цалкам у руках акупанта і стаяць па-за рамкамі незалежніцкай барацьбы.
Пра Я. Станкевіча ён таксама гаварыў зьняважліва. Такім чынам, ён імкнуўся зьняславіць у вачох польскага падпольля сваіх палітычных праціўнікаў, а заадно прадэманстраваў прываблівую «падатлівасьць» у тэрытарыяльных і іншых пытаньнях. Астроўскі казаў:
Інтэлігенцкія кадры ў нас слабыя, таму Польшча павінна дапамагчы ў гэтай справе, высылаючы на гэтую тэрыторыю сваіх людзей, якія б былі большымі беларусамі за саміх беларусаў.
У Тамкевіча засталося ад размовы непрыемнае ўражаньне і асьцярога, што гэта была правакацыя. Пасьля ГК АК праігнаравала прапанову Астроўскага.
Перамовы прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных згуртаваньняў з польскім падпольлем адбываліся падчас розных сытуацыяў на фронце: калі нямецкія войскі рваліся на Волгу і Каўказ, цярпелі паразу пад Сталінградам, каціліся назад, на Захад. Мянялася і палітычнае становішча польскага ўраду: саюзьніцтва з СССР перайшло ў варожую адчужанасьць пасьля разрыву стасункаў. Аднак ні пры якіх абставінах паразуменьня дасягнуць не ўдалося. Беларусы не маглі пагадзіцца на аднаўленьне Рыскай мяжы і новы падзел сваёй краіны, палякі не прымалі канцэпцыі фэдэралізму ў такой ступені, якая прапаноўвалася на перамовах: спачатку галоўнаю перашкодай тут былі стасункі з СССР, пазьней – нерэальнасьць самога праекту. Такім чынам, слабела значэньне Польшчы як альтэрнатыўнага фактару ў палітычных меркаваньнях беларускіх нацыяналістычных груповак. Стаўка на Нямеччыну ўсё яшчэ здавалася больш прывабнай.
IV
НАПЯРЭДАДНІ ТАТАЛЬНАЙ КАТАСТРОФЫ
Апошні этап акупацыі(верасень 1943 —ліпень 1944)
Пералом у вайне, які пачаўся пад Сталінградам, пасьля Курскай бітвы (5.7.– 23.8.1943) вызначыўся канчаткова. Савецкія ўзброеныя сілы здолелі перайсьці ў контранаступ па ўсёй лініі фронту. У верасьні – кастрычніку Чырвоная Армія заняла амаль усю тэрыторыю левабярэжнай Украіны і 6 лістапада ўвайшла ў Кіеў. На цэнтральным участку фронту 17 верасьня быў заняты Бранск, 21 – Чарнігаў, 25 – Смаленск, а назаўтра – Хоцімск, раённы горад Беларусі. 26 лістапада Чырвоная Армія ўвайшла ў Гомель, у сьнежні апынулася перад брамамі Віцебску, а 14 студзеня заняла Калінкавічы і Мазыр на Палесьсі. З гэтага часу аж да наступнай буйной апэрацыі ў чэрвені 1944 г. лінія фронту перарэзала Беларусь на дзьве часткі. Затое на поўдні наступ савецкіх войскаў не спыняўся, так што ў студзені 1944 г. перастаў існаваць райхскамісарыят Украіна.
Перамогі Чырвонай Арміі і высадка саюзьніцкага дэсанту на Сыцыліі[129]129
Высадка саюзьнікаў у Сыцыліі адбылася падчас Курскае бітвы (10.07.1943). Наступствам гэтай апэрацыі быў арышт Б. Мусаліні (25 ліпеня). Калі 3 верасьня амэрыкана-брытанскія войскі высадзіліся на поўдні Апэнінскае паўвыспы, Італія выйшла з вайны. Гэта змусіла Гітлера зьняць войскі зь іншых франтоў і ўвесьці іх у Паўночную Італію. – А. С.
[Закрыть] неўнікнёна павінны былі прывесьці да паразы Трэцяга райху. У прадчуваньні гэтай катастрофы 3.9.1943 г. Італія абвясьціла аб сваёй капітуляцыі. 19–30 кастрычніка ў Маскве адбылася канфэрэнцыя міністраў замежных скіраваў СССР, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе была прынята даклярацыя аб вядзеньні вайны аж да поўнай капітуляцыі Нямеччыны і яе саюзьнікаў. Кіраўнікі ўрадаў вялікай тройкі пацьвердзілі гэтае рашэньне на канфэрэнцыі ў Тэгеране (28.11.—1.12.1943). Для Нямеччыны гэта азначала ня проста паразу, але поўны, татальны разгром. Такім чынам, пад канец 1943 г. ваеннае і палітычнае становішча зьмянілася кардынальна, разьлічваць на паўтарэньне сытуацыі, што склалася пад канец Першай сусьветнай вайны,[130]130
Нягледзячы на тое, што ў траўні 1917 г. у вайну ўступілі ЗША, сілы саюзьнікаў былі аслабленыя выхадам з кааліцыі Расеі, дзе да ўлады прыйшлі бальшавікі. Гэта дазволіла Нямеччыне і Аўстра-Вугоршчыне ня толькі пратрываць яшчэ цэлы год, але нават павесьці наступ на Ўсходнім фронце ў лютым і на пачатку вясны 1918 г. – А. С.
[Закрыть] было ўжо немагчыма, ранейшыя пляны страцілі пад сабою грунт. Вымалёўваўся ўпэўнены абрыс будучыні: уваход чырвоных войскаў у Нямеччыну, а значыць – і ўва Усходнюю Эўропу.
Але і ў гэтай сытуацыі Гітлер не рашыўся зьмяніць сваёй ранейшай ўсходняй палітыкі. Напэўна, на гэтую пазыцыю ўплывалі яго асабістая ўпартасьць, і палітычнае дактрынэрства. Аднак усё гэта ня можа вытлумачыць праблемы да канца. Становішча на фронце напярэдадні 1944 г., калі большая частка Ўкраіны і амаль адна пятая Беларусі ўжо былі страчаныя, не пакідала ілюзій: ніякія новыя палітычныя ініцыятывы зьмяніць яго ўжо не маглі. Супрацьстаяць Чырвонай Арміі нямецкія войскі былі ня ў стане, таму любыя дэклярацыі нямецкага ўраду наконт будучыні ўсходніх народаў ніхто б сур’ёзна не ўспрыняў, і Гітлер асьцерагаўся рабіць такія заявы – цяпер яны толькі лішні раз засьведчылі б слабасьць Трэцяга райху. Фюрэр па-ранейшаму быў супраць фармальнага стварэньня прадстаўнічых органаў усходніх народаў. Ён адхіліў гімлераўскі праект наданьня абмежаванай аўтаноміі Эстоніі і Латвіі.
Пазыцыя Гітлера не зьмянілася, і ўсходняя палітыка Нямеччыны кацілася па старой каляіне. Яна па-ранейшаму зводзілася да эксплуатацыі гаспадарчага і чалавечага патэнцыялу акупаваных земляў. Нямецкія ўлады жадалі шырэй выкарыстаць мясцовыя сілы дзеля спраў абароны, аднак часта іх стараньні не прыносілі чаканых вынікаў. Ваенныя няўдачы Вэрмахту толькі вышэй узьнялі хвалю дэзерцірстваў сярод салдат Осттрупэн. Ўвосень 1943 г. гэта спарадзіла сапраўдны крызіс даверу да такіх часьцей. У кастрычніку сярод чальцоў вышэйшага камандаваньня Вэрмахту паўстала думка, што лепш увогуле ня мець ніякіх дапаможных атрадаў, чым мець такія, якія здраджваюць у крытычны момант і пераходзяць па бок партызан. Аднак людзкія патрэбы Нямеччыны былі настолькі вялікія, што распусьціць Осттрупэн Вэрмахт не рашыўся. Замест гэтага большасьць зь іх перакінулі з савецкай тэрыторыі на Захад: у Францыю, Галяндыю, Італію і на Балканы.
Гэты недавер да Осттрупэн, бадай, і прывёў да таго, што паўнамоцтвы па стварэньні мясцовых фармаваньняў на ўсходзе перайшлі ў рукі Гімлера: меркавалася, што пад эгідаю СС удасца арганізаваць больш надзейныя паліцыйныя нацыянальныя адзінкі.[131]131
У канцы 1943 г. шляхам мабілізацыі павялічылі свае сілы эстонскія і латыскія атрады СС, было збольшага ўжо скончана фармаваньне ўкраінскай дывізіі СС у Галіччыне. Затое ў выніку супраціву мабілізацыі не ўдалася спроба стварэньня літоўскага атраду СС, зь цяжкасьцю пасоўвалася справа фармаваньня паліцыйных батальёнаў на Беларусі.
[Закрыть] Натуральна, такое рашэньне павялічвала значэньне СС на ўсіх землях акупацыі. У жніўні 1943 г. шэф Галоўнай управы СС Бэргер, які раней быў сувязным афіцэрам Гімлера ў міністэрстве Розэнбэрга, цяпер атрымаў пасаду шэфа дэпартамэнту палітыкі ОМі (з гэтага моманту перайменаванага ў Fuhrungstab Politik) і стаў такім чынам фактычным кіраўніком нямецкай усходняй палітыкі. Істотных зьменаў у палітыцы з гэтага, праўда, не адбылося. Тым ня менш менавіта гэтае прызначэньне перадвызначыла хаду шмат якіх пядзяў на Беларусі, асабліва пасьля забойства Кубэ.
Пасьля начнога выбуху ў доме гаўляйтара абавязкі генэральнага камісара Беларусі пачаў выконваць Готбэрг як фактычны HSSPF RM und WR. Гэта адпавядала пагадненьню паміж Гімлерам і Розэнбэргам, якое было заключана 19.11.1941 г. на выпадак адсутнасьці кіраўніка цывільнай адміністрацыі. 25.9.1943 г. Розэнбэрг пацьвердзіў паўнамоцтвы Готбэрга як намесьніка генэральнага камісара. Аднак само фармальнае прызначэньне мог выканаць толькі Гітлер – так значылася ў яго дэкрэце ад 17.9.1941 г. аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі на акупаваных землях СССР. Даўняя варожасьць паміж Гімлерам і ОМі і тут прывяла да новай сваркі. У кастрычніку 1943 г. Розэнбэрг пасьля ўзгадненьня зь Лямэрсам вырашыў прапанаваць на пасаду генэральнага камісара кандыдатуру свайго супрацоўніка – Шыкеданца. Але Бэргер, зацікаўлены ў тым, каб прывесьці на гэтае месца чалавека СС, рашуча запярэчыў. На думку Даліна, Гітлер пад націскам СС пайшоў на саступку, таму Готбэрг захаваў сваю пазыцыю. Аднак гэта не зусім дакладнае сцверджанне: да канца вайны Гітлер так і не падпісаў таго прызначэньня, і Готбэрг па-ранейшаму толькі выконваў абавязкі генэральнага камісара Беларусі.[132]132
Да канца акупацыі Беларусі ён падпісваўся як в. а. генэральнага камісара.
[Закрыть] Цяжка сказаць, чаму так атрымалася. Магчыма, Гітлер не хацеў надаць такой ролі СС, а магчыма, палічыў усю справу за ня вельмі важную ў тагачаснай ваеннай сытуацыі.
Новае становішча на фронце стварала новыя спэцыфічныя праблемы ў галіне кіраўніцтва. Па-першае, восеньню 1943 г. значна паменшала тылавая зона групы армій «Цэнтар», а па-другое, ад колішняга RKU[133]133
RKU – Райхскамісарыят Украіны.
[Закрыть] ў немцаў застаўся толькі невялічкі паўночна-ўсходні кавалак – Берасьцейская, Пінская і Кобрынская акругі. Таму Готбэргу была перададзена ўлада ня толькі на абшары Генэральнай акругі, але і цывільныя справы ўва Усходняй Беларусі, там, дзе яшчэ гаспадарыў Вэрмахт, аў лютым – з згоды Гітлера – ён часова прыняў пад сваё кіраўніцтва і застаныя тры паветы RKU. Фармальна гэтыя «набыткі» на ўсходзе і на поўдні так і не былі ўключаны ў адміністрацыйны склад Генэральнай акругі Беларусь, якая па-ранейшаму заставалася часткаю райхскамісарыяту Остлянд.
Спэцыфічны характар падначаленага Готбэргу абшару, які ў вялікай ступені быў прыфрантавой зонай, быў вызначальнай перадумовай незалежнасьці пазьнейшых яго паводзінаў. Да таго ж ён быў чалавекам СС, прэстыж ведамства значна пашыраў яму свабоду яго ўчынкаў. Ён мог ігнараваць залежнасьць ад уладаў RKO і адначасова – карыстацца шырокімі паўнамоцтвамі, якія Розэнбэрг прызнаў за генэральным камісарам Беларусі ў траўні 1943 г. Готбэрг імкнуўся вывесьці Беларусь з-пад фармальнага падначаленьня Остлянду, каб беспасярэдне падпарадкоўвацца Бэрліну. 1.4.1944 г. Гітлер выдаў дзеля гэтага спэцыяльны дэкрэт і тым самым узаконіў становішча, якое рэальна існавала з той нары, як памёр Кубэ. Варта заўважыць, што гэты дэкрэт ня быў апублікаваны і, такім чынам, не выкарыстоўваўся прапагандай.
Готбэрг не зьбіраўся працягваць палітычны курс Кубэ: ні Гітлер, ні Гімлер не былі прыхільнікамі палітычнага супрацоўніцтва з славянскімі народамі. Да таго ж станавілася зразумела, што Вэрмахту ня ўдасца ўтрымаць у сваіх руках тэрыторыю Беларусі. Готбэрг прадбачыў, што неўзабаве давядзецца праводзіць эвакуацыю, і загадзя распарадзіўся, каб галоўныя аб’екты ў Менску былі замінаваныя. Прапанова маршала Бунта наконт адступленьня да лініі Бярэзіны дзеля скарачэньня працягласьці фронту толькі ўзмацніла настрой няпэўнасьці. І хаця Гітлер адкінуў гэтую прапанову і загадаў не здаваць беларускай тэрыторыі, яго распараджэньне, як і шмат папярэдніх, не магло ўжо стрымаць нямецкага адыходу. Працягваць палітыку Кубэ папросту ня мела сэнсу.
Готбэрг не жадаў рабіць стаўку на беларускі нацыяналізм і меў на гэта яшчэ і асабістыя прычыны, асабліва – недавер, дакладней кажучы, варожасьць да старшыні Камітэту даверу – Вацлава Іваноўскага. Готбэрг не забыўся, як сябры Камітэту выступалі з пратэстам супраць барбарскіх мэтадаў карных атрадаў СС на сумесным пасяджэньні ў жніўні 1943 г. Былі ў яго і іншыя нагоды для падазрэньняў. Дэлегацыя Камітэту (Іваноўскі, Сабалеўскі, Калубовіч) прымала ўдзел у пахаваньні Кубэ ў Бэрліне. 25 верасьня гэтыя дзеячы мелі спатканьне з сталым намесьнікам Розэнбэрга, Альфрэдам Мэерам, і прапанавалі яму праект аб прызнаньні аўтаноміі Беларусі і ўзьяднаньня яе тэрыторыі. Гэты візыт не ўзгадняўся з Готбэргам, бо адбываўся ён у момант «міжцараваньня» і мог расцэньвацца як спроба вынесьці на суд ОМі вельмі непрыемную для СС інфармацыю пра вынікі карных экспэдыцыяў на Беларусі. Таму пераемнік Кубэ цалкам ігнараваў Камітэт даверу і нават выношваў намер яго роспуску.
Такім чынам, у першыя тыдні свайго праўленьня Готбэрг не выказваў намеру палітычнага супрацоўніцтва зь беларусамі. Выведка Арміі Краёвай адзначала гэтыя тэндэнцыі на Беларусі. У лістападзе яна паведамляла:
Саступкі, зробленыя гаўляйтарам Кубэ (стварэньне Рады даверу, Саюзу беларускай моладзі, Навуковага таварыства і г. д.), фармальна стаяць пад пытальнікам, прычынаю – сьмерць гаўляйтара, а таксама – набліжэньне фронту. Генэральная акруга Беларусь будзе ліквідаваная і трапіць, прынамсі часткова, пад кіраўніцтва палявога камандаваньня – з гэтым трэба лічыцца.
У іншым данясеньні таго пэрыяду гаварылася:
Палітычныя штабы беларусаў і літоўцаў ужо задумваюцца аб эміграцыі… Усе беларускія ўстановы з Магілёва, Менску і да т. п. альбо распушчаныя, альбо эвакуіруюцца і развальваюцца самі.
Напэўна, Готбэрг разьлічваў на тое, што свае асноўныя праблемы: барацьбу з партызанамі і выкарыстаньне гаспадарчых рэсурсаў Беларусі – ён здолее выканаць і без дапамогі палітычных сродкаў. Такая лінія цалкам супадала з пазыцыяй Бэрліна. Зь вясны 1943 г. у руках Готбэрга апынулася практычна ўся паліцыйная ўлада на землях Генэральнай акругі Беларусь і Ўсходняй Беларусі. Цяпер ён хацеў поўнасьцю падпарадкаваць сабе і гаспадарчую дзейнасьць і ня толькі на тэрыторыі цывільнай адміністрацыі, але і ў зоне вайсковай адміністрацыі.
У выніку, на цэнтральным участку фронту ўжо ў лістападзе 1943 г. вайсковая гаспадарчая інспэкцыя была распушчана, а яе супрацоўнікі перайшлі ў генэральны камісарыят у Менску. Такім чынам, пад кіраўніцтвам Готбэрга на Беларусі ўтварыўся суцэльны гаспадарчы абшар. У лютым 1944 г. яго тэрыторыя павялічылася за кошт ужо прыгаданых былых трох паветаў RKU. Пры гэтым падкрэсьлівалася асаблівая неабходнасьць падначаліць аднаму кіраўніцтву сельскую гаспадарку. У сьнежні 1943 г. у сыстэме генэральнага камісарыяту ў Менску паўстаў новы галоўны аддзел харчаваньня і сельскай гаспадаркі. Яго дзейнасьць пашыралася на тэрыторыі цывільнай і вайсковай адміністрацыі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб узмацніць эксплуатацыю беларускай сельскай гаспадаркі, значэньне якой узрасло пасьля страты немцамі Ўкраіны.
Гаспадарчая палітыка Кубэ адышла ў нябыт. Пад канец акупацыі людзі балюча адчулі на сабе гэтыя перамены. Акупацыйныя ўлады раз за разам павялічвалі нормы паставаў мяса і жорстка дамагаліся іх выкананьня. Жывёлагадоўля прыйшла ў глыбокі заняпад. Паводле зьвестак слонімскага акруговага камісара, у выніку інтэнсіўнага нарошчваньня харчовых паставаў для Нямеччыны і партызан пагалоўе жывёлы ў гэтай акрузе ў 1944 г. зьменшылася на 50 % у параўнаньні з 1942 г., ад ранейшага пагалоўя сьвіньняў і авечак засталося ўсяго 10 %, а птаства было вынішчана амаль цалкам. У адной вёсцы на 80 гаспадарак прыходзілася 10 коней, а ў шасьці вёсках налічылі толькі 11 сьвіньняў. Напэўна, гэта адзін з найзырчэйшых прыкладаў, які праўдзіва адлюстроўваў становішча беларускай жывёлагадоўлі таго пэрыяду.
Аднак найважнейшым клопатам Готбэрга па-ранейшаму заставалася барацьба з савецкімі партызанамі. Іх дзейнасьць пагражала ня толькі выкананьню гаспадарчых задач – цяпер, з набліжэньнем фронту, навісла небясьпека дэзарганізацыі беспасярэдніх тылоў дзейнай арміі. Папярэднія супрацьпартызанскія акцыі не далі жаданых вынікаў, апрача таго, выклікалі пратэсты Кубэ, якія ўсё ж такі падзейнічалі пэўным чынам: пасьля атрыманьня апошняга рапарту ў кастрычніку 1943 г. Бройтыгам прапанаваў Бэргеру заняцца расьсьледаваньнем карных мэтадаў СС на Беларусі. Праўда, Бэргер адкінуў гэтую прапанову, тым ня менш мусіў прызнаць, што адзін з самых лютых атрадаў СС пад камандаваньнем Дырлевангера дзейнічаў «абсалютна безадказна». Такія выказваньні ў найвышэйшых эсэсаўскіх колах прымусілі Готбэрга перагледзець свае мэтады барацьбы з партызанамі. Да таго ж разам зь сьмерцю Кубэ зьнікла галоўная крыніца канфліктаў сярод нямецкага кіраўніцтва на Беларусі.
Свае новыя погляды Готбэрг прывёў падчас канфэрэнцыі, якая адбылася ў ОМі ў канцы лістапада 1944 г. Па-першае, ён прызнаў, што ранейшыя бесчалавечныя сродкі абыходжаньня з насельніцтвам былі памылкаю, бо «парушаюць яго пачуцьцё справядлівасьці», а па-другое, карныя экспэдыцыі ня могуць прынесьці чаканых вынікаў. Неўзабаве ў вайсковыя часьці была разаслана спэцыяльная інструкцыя, дзе падрабязна расьпісваліся паводзіны ў часе карных экспедыцыяў. Забаранялася «залішне жорсткае» абыходжаньне з цывільнымі жыхарамі; нельга было адлучаць матак ад дзяцей, палонных, якіх раней папросту расстрэльвалі, цяпер было загадана трымаць у перавалачных лягерах і трактаваць належным чынам. Хворыя, старыя, а таксама маткі зь дзецьмі да 10 гадоў павінны былі перасяляцца ў больш спакойныя мясьціны, прычым ім дазвалялася перавезьці з сабою ўсю сваю маёмасьць. У пачатку сакавіка 1944 г. Розэнбэрг падпісаў дэкрэт, які даваў права памілаваньня ўдзельнікам партызанскага руху ў Беларусі.
Зьмякчэньне тэрору да насельніцтва было адным з элемэнтаў новай антыпартызанскай стратэгіі Готбэрга. Ён крытычна ацаніў вынікі ранейшых карных апэрацыяў і цяпер імкнуўся дамагчыся прыхільнасьці насельніцтва, каб уцягнуць яго ў барацьбу супраць партызан. Гэта быў паварот да ранейшай канцэпцыі Кубэ. Аднак сытуацыя ў канцы 1943 г. аказалася ўжо зусім іншая: цяжка было спадзявацца на сапраўдную шырокую падтрымку беларусаў у антыпартызанскай кампаніі. Не апраўдаліся і надзеі на стварэньне беларускіх паліцыйных батальёнаў замест некалі распушчанай самааховы. Нягледзячы на доўгія стараньні, да верасьня 1943 г. арганізавана ўсяго два такія атрады.[134]134
Для Готбэрга працэс фармаваньня гэтых батальёнаў быў павучальны. Стварэньне першага батальёну № 49 Шымана распачаў яшчэ ў жніўні 1942 г. на Меншчыне. Нямецкія камандзіры набіралі туды людзей пад прымусам і абыходзіліся зь імі жорстка, нават білі. Пры гэтым навабранцаў апранулі ў непапулярныя паліцыйныя мундзіры. Падчас падрыхтоўкі часта здараліся выпадкі дэзерцірства, так што толькі ў красавіку 1943 г. нарэшце завяршылася фармаваньне гэтага батальёну, а ў траўні яго ў складзе 300 чалавек перадалі ў распараджэньне Готбэрга. Батальён, у прынцыпе, займаўся вартаўніцтвам, радзей яго выкарыстоўвалі для барацьбы з партызанамі. Другое фармаваньне – беларускі спэцыяльны батальён № 13, арганізаваны на пачатку 1943 г. паліцыяй бясьпекі ў Менску з прапагандысцка-вэрбоўчай дапамогай беларускіх дзеячаў. Ён атрымаў лепшае забесьпячэньне, шэра-зялёную ўніформу Waffen-SS зь бел-чырвона-белай павязкай на рукаве і ў значнай ступені знаходзіўся пад камандаваньнем беларусаў. I гэта прынесла посьпех: летам 1943 г. батальён удзельнічаў у антыпартызанскіх акцыях, аднак дэзерцірства ў яго шэрагах не было. Восеньню 1943 г. батальён быў пераведзены ў Вялейку ў складзе трох рот, дзе налічвалася каля 1000 чалавек.
[Закрыть] Паралельна зь імі дзейнічалі толькі паліцыя парадку і чыгуначная ахова. Гэтых сілаў было недастаткова, таму летам 1943 г. для барацьбы з партызанамі апрача нямецкіх войскаў прыбыло некалькі нацыянальных паліцыйных батальёнаў, сярод іх літоўскія, латыскія, украінскія, расейскія і нават адзін польскі. Але і гэтых сілаў усё ж такі не хапала.
Таму, нягледзячы на недавер і кадравы дэфіцыт, ўвосень 1943 г. была зроблена нясьмелая спроба пашырэньня беларускіх паліцыйных батальёнаў, нягледзячы на пэўны недавер і недахоп кадраў. У верасьні – кастрычніку была абвешчана лякальная мабілізацыя ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Вынікі яе былі нечаканыя: на заклік вайсковых аддзелаў адгукнулася столькі прызыўнікоў, што гэтай колькасьці хапіла зь верхам, каб сфармаваць два заплянаваныя батальёны, – частку людзей давялося нават пераправіць у Слуцак, дзе павінен быў арганізавацца яшчэ адзін батальён. Неўзабаве быў сфармаваны даволі вялікі добраахвотны батальён у Наваградку, яго ядром сталі вучні мясцовай настаўніцкай сэмінарыі. Меркавалася стварыць добраахвотныя батальёны ў Глыбокім і Лідзе, аднак тут не набралася нават роты добраахвотнікаў.
Такім чынам, пад кіраўніцтвам HSSPF RM und WR на пачатку 1944 г. тэарэтычна было створана 7 батальёнаў, у якіх разам налічвалася 2167 чалавек. Тры з гэтых сямі батальёнаў (№ 64, 66 і 67) яшчэ знаходзіліся ў стадыі фармаваньня. Паводле зьвестак Кушаля, сюды яшчэ трэба было дадаць батальён № 13, што падпарадкоўваўся паліцыі бясьпекі (каля 1000 чалавек), батальён чыгуначнай аховы (каля 1000 чалавек), а таксама паліцыю парадку (каля 20 000 чалавек).[135]135
Ацэнку Кушаля можна прызнаць за кампэтэнтную: у жніўні 1943 г. Готбэрг прызначыў яго на пасаду гаўптбэтраўэра (галоўнага апекуна) усёй беларускай паліцыі.
[Закрыть]
Агульная колькасьць гэтых фармаваньняў па тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь складала разам больш за 24 тысячы чалавек. Відаць, ува Ўсходняй Беларусі колькасны склад паліцыі парадку быў ня меншы. Апрача таго, на ўсходзе Беластоцкай акругі ў 1943 г. распачалося стварэньне беларускіх паліцыйных атрадаў. З улікам усіх гэтых зьвестак атрымліваецца, што ў пачатку 1944 г. у шэрагах вайскова-паліцыйных атрадаў па ўсёй Беларусі знаходзілася ня менш як 50 тыс. чалавек, калі не лічыць яшчэ чужых нацыянальных часьцей.
Готбэрг, хоць і пачаў разбудову беларускіх паліцыйных батальёнаў, па-ранейшаму ня меў да іх вялікага даверу і таму імкнуўся трымаць іх пад самым пільным наглядам. Дзеля гэтага 2.12.1943 г. ён зьвярнуўся да паліцыйных уладаў у Бэрліне з просьбаю прыслаць на Беларусь па 8 нямецкіх афіцэраў, 2 адміністрацыйных чыноўнікаў, 58 падафіцэраў, 4 перакладчыкаў і 2 шофэраў на кожны батальён. Усяго – па 74 чалавекі на кожны батальён. Менавіта тут крылася галоўная крыніца недаверу да часьцей былой самааховы, у якіх не было такога суворага кантролю нямецкага пэрсаналу. Кушаль у сваёй працы ня раз адзначаў, што нямецкія афіцэры імкнуліся выжыць з гэтых батальёнаў беларускіх афіцэраў і падафіцэраў і занізіць іх ролю, у выніку чаго і ўзьнікалі канфлікты. Несумненна, што галоўным тормазам фармаваньня беларускіх узброеных сілаў быў недавер нямецкага камандаваньня, а не праблема зь беларускімі кадрамі.
З аднаго боку, у немцаў былі падставы для недаверу: у кепска ўзброеных, слаба падрыхтаваных атрадах, якія ня мелі ў гэтай барацьбе палітычнай мэты, панавала дэзерцірства, аднак, з другога боку, улады нічога не рабілі дзеля таго, каб гэты недавер разьвеяць. Таму тут на-ранейшаму панавала ўзаемнае напружаньне. Нават вынікі лякальнай мабілізацыі ў Баранавічах і Слоніме, якія сьведчылі пра жаданьне беларусаў удзельнічаць у заведама безнадзейнай барацьбе на баку Нямеччыны, не маглі пераканаць немцаў. Справа ў тым, што гэтая мабілізацыя вялася пад зманлівымі лёзунгамі патрыятызму і арганізацыі беларускага войска – менавіта яны і прадвызначылі посьпех усёй справы. І сапраўды, цяжка падабраць нейкае іншае тлумачэньне такому наплыву добраахвотнікаў: прызыўнікам, папраўдзе, пагражалі нямецкія рэпрэсіі ў тым выпадку, калі б яны не зьявіліся па закліку ўладаў, але, з другога боку, іх чакала партызанская расправа, так што ўсякі выбар быў небясьпечны.
Другім кірункам дзейнасьці, які не патрабаваў ад Готбэрга палітычных рашэньняў, а быў пакліканы палепшыць стан бясьпекі і рэалізацыю гаспадарчых задачаў, была арганізацыя абаронных вёсак, задуманых як лякальныя антыпартызанскія базы. 19.10.1943 г. Готбэрг выдаў новае распараджэньне: паліцыйныя ўлады Генэральнай акругі Беларусь і іх акруговыя камісары павінны былі распачаць арганізацыю абаронных вёсак – пасьля ачышчэньня абраных населеных пунктаў ад ненадзейных элемэнтаў было загадана раздаць жыхарам па 50–100 вінтовак. Гэта быў яшчэ адзін зварот да колішняй канцэпцыі Кубэ. 22 лістапада на канфэрэнцыі ў ОМі Готбэрг паведамляў, што ў абаронных вёсках распачалася новая асадніцкая кампанія: туды адмыслова сталі перасяляць ахоўнікаў-паліцыянтаў, некаторыя зь іх ужо атрымалі зямельныя надзелы. Готбэрг запэўніў, што арганізацыя такіх гарнізонаў «спраўджвае сябе надзвычайна» і становіцца важным фактарам грамадзкай бясьпекі на Беларусі. На пачатку 1944 г. гэтая апэрацыя распачалася і ўва ўсходнебеларускіх раёнах. Па зьвестках Гэсэ, у працэсе стварэньня абаронных вёсак ня раз паўставалі перашкоды. Па-першае, шмат у якіх вызначаных усходнебеларускіх паселішчах не хапала мужчын: іх альбо вывезьлі на працу ў Нямеччыну, альбо нанялі на будоўлю вайсковых аб’ектаў Вэрмахту. А па-другое, насельніцтва папросту страціла давер да акупантаў – у некаторых вёсках людзі кідаліся ўцякаць, убачыўшы нямецкіх салдат, пасланых для арганізацыі абароннай вёскі. Таму вынікі гэтай кампаніі аказаліся досыць сьціплыя.
Па тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь гэтая кампанія праходзіла больш пасьпяхова. У Баранавіцкай акрузе было арганізавана 14 абаронных вёсак, паўсталі яны і ў Глыбоцкай, Слонімскай, Наваградзкай, Слуцкай і іншых акругах, прычым нярэдка ў такіх паселішчах асядалі прыбыльцы, якіх гнаў з усходу наступ Чырвонай Арміі. Сярод іх аказваліся ўцекачы зь Віцебшчыны, казакі, каўказцы і салдаты з брыгады Камінскага, якія разам зь сем’ямі эвакуяваліся з Браншчыны. 5 такіх вёсак было створана і па ўсходзе Беластоцкай акругі. Такім чынам, на Беларусі паўстала ня менш як некалькі дзясяткаў супрацьпартызанскіх вясковых пунктаў супраціву. Тым ня менш даць адназначную ацэнку іх дзейнасьці даволі цяжка. Пасьля адступленьня глыбоцкі акруговы камісар пісаў у сваёй справаздачы, што ў яго акрузе абаронныя вёскі «ня выканалі сваёй задачы», дзьве зь іх партызанам удалося цалкам абяззброіць. Затое баранавіцкі акруговы камісар ацаніў іх дзейнасьць дадатна. Як бы там ні было, ува ўсёй гэтай справе можна заўважыць яшчэ адзін вельмі істотны аспэкт: упершыню нямецкія ўлады рашыліся на перадачу значнай колькасьці зброі ў рукі насельніцтва.
У канцы 1943 г. акупацыйныя ўлады вырашылі актывізаваць польскія сілы для барацьбы з савецкім партызанскім рухам і прыцягнуць да супрацоўніцтва атрады АК. Дзеля гэтага яны адмовіліся ад ранейшага антыпольскага курсу, які быў абраны імі ў сярэдзіне 1942 г. Немцы разьлічвалі на тое, што слаба ўзброеныя акоўскія атрады, якія варагавалі з савецкімі партызанамі і нават мелі зь імі крывавыя сутычкі, цяпер не адмовяцца ад прапановы паправіць стан свайго ўзбраеньня.
І сапраўды, некаторыя атрады АК пагадзіліся з такою прапановаю. 9.12.1943 г. камандзір стаўпецкай групоўкі АК капітан Адольф Пілах (псэўданім «Гура») заключыў зь немцамі дамову і да канца акупацыі атрымліваў ад іх зброю і амуніцыю, якія высылаліся зь Менску. Крыху пазьней (пасьля 24.12.1943 г.) такое пагадненьне заключыў у Лідзе камандзір прынёманскай групоўкі, паручнік Юзаф Сьвіда (псэўданім «Лех»), які на працягу студзеня, лютага і сакавіка 1944 г. атрымаў пяць транспартаў зброі. Абодва камандзіры сьцьвярджалі, што камандаваньне АК Наваградзкае акругі ўхваліла гэтыя пагадненьні, прычым Сьвіда і акруговы камандзір палкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі дамовіліся аб тым, што нямецкія паставы зброі і амуніцыі пяройдуць у поўнае распараджэньне камандзіра акругі. Галоўнае камандаваньня АК у Варшаве і лёнданскі галоўнакамандуючы асудзілі гэтыя ўгоды. 17.1.1944 г. зь Лёндану прыйшоў загад разарваць супрацоўніцтва зь немцамі і разабрацца з тымі, хто прыняў у ім удзел. Сьвіда быў высланы з Наваградчыны, а Пілах насуперак загаду не спыніў супрацоўніцтва.
Пасьля першых посьпехаў з наваградзкімі атрадамі Готбэрг вырашыў пашырыць кантакты і зьвязацца зь віленскім акруговым камандаваньнем АК. 19.1.1944 г. прадстаўнік менскай дэлегатуры СД у Вялейцы Зэйдлер сустрэўся зь віленскім акруговым камандзірам АК палкоўнікам Аляксандрам Кжыжаноўскім і прапанаваў яму наладзіць нямецка-польскае супрацоўніцтва ў барацьбе з савецкімі партызанамі, паабяцаўшы пры гэтым забясьпечыць групоўкі, падначаленыя віленскай камэндатуры, зброяй і амуніцыяй. Паводле кароткага рапарту, адзінае, чаго ўдалося дабіцца Зэйдлеру, – гэта згоды на яшчэ адно спатканьне, на гэты раз перамовы з Кжыжаноўскім павінен быў весьці сам шэф вялейскай дэлегатуры СД Гравэ. Але неўзабаве такую самую прапанову Кжыжаноўскі атрымаў ад літоўскага камандаваньня Вэрмахту, пасьля чаго вырашыў перапыніць кантакты з СД на Беларусі і распачаў перамовы ў Літве з шэфам віленскага Абвару Юліюсам Хрысьціянсанам.
Тым ня менш ініцыятыва Готбэрга не прапала марна. 1 сакавіка падчас выступленьня на канфэрэнцыі ў ОМі ён паведаміў:
Чатыры тыдні таму (г. зн. – недзе на сутыку студзеня і лютага. —Ю. Т.) на наш бок перайшлі тры буйныя польскія атрады (Banden) і спачатку таксама добра ваявалі.
Готбэрг не падаў дакладных зьвестак пра гэтыя фармаваньні, аднак, хутчэй за ўсё, гэта былі віленскія атрады, бо апрача Наваградзкай акругі, зь якой немцы заключылі пагадненьні ў сьнежні, толькі Віленская акруга АК часткова знаходзілася на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь. Адначасова Готбэрг скардзіўся, што ініцыятыва нямецкіх службаў у Вільні перашкодзіла далейшым перамовам з Кжыжаноўскім, і таму неўзабаве надзейнасьць гэтых атрадаў пачала хутка слабець. Аднак новы курс акупацыйных уладаў на Беларусі што да польскага падпольля ад гэтага не зьмяніўся. Пра гэта сьведчыць загад Готбэрга ад 23.2.1944 г. наконт мабілізацыі ў Беларускую краёвую абарону: з гэтага загаду былі выключаны ўся Лідзкая акруга, а таксама пэўныя раёны Вялейскай і Глыбоцкай, дзе гаспадарыла АК.
Нямецкія ініцыятывы зыходзілі, такім чынам, з двух цэнтраў – Менску і Вільні, але крыніца ў іх была адна – агульнае распараджэньне цэнтральных бэрлінскіх уладаў. 10 лютага Хрысьціянсан паведаміў на перамовах з Кжыжаноўскім, што пагадненьне, якое яны зьбіраюцца заключыць, было складзена зь ведама і даручэньня вышэйшага нямецкага камандаваньня. Паводле акоўскіх дакумэнтаў, гэты праект гучаў так: