355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 16)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 18 страниц)

Такім чынам, Готбэрг ніколі ня быў прыхільнікам беларускага нацыяналізму: ён зрабіў стаўку на БЦР, каб супрацьпаставіць яе ўплыву савецкай прапаганды на грамадзтва, стварыць міражы нацыянальнай дзяржавы з сваім урадам, нацыянальнай культурай і дабрабытам. На гэта працавала ўсё: і прэса (яе наклады ў той пэрыяд значна павысіліся), і СБМ, і іншыя ініцыятывы. Менскі гарадзкі камісар Бэкер адкрыта прызнаў гэта ў сваёй справаздачы, зробленай ужо пасьля эвакуацыі: праведзеныя ў апошнія месяцы акупацыі акцыі (аднаўленьне зруйнаваных дамоў, спаборніцтва садаводаў, разьвіцьцё гарадзкога трамвайнага транспарту, закладка новых могілкаў, правядзеньне конкурсу на самы прыгожы дом, адкрыцьцё музычнай школы, аднаўленьне спэктакляў гарадзкога тэатру, актывізацыя культурнага жыцьця, нарэшце, сьвяткаваньне ўгодкаў «вызваленьня» (22 чэрвеня)) былі рэалізаваныя з палітычных меркаваньняў дзеля таго, каб процідзейнічаць эвакуацыйнаму псыхозу.

Астроўскі таксама вёў складаную гульню. Улетку 1941 г. ён быў упэўнены ў перамозе Нямеччыны, аднак ужо ў лістападзе 1942 г. засумняваўся ў выніках вайны, пра гэта сьведчаць згаданыя яго перамовы з Галоўным камандаваньнем АК. Тым больш не магло ў яго ўзьнікнуць ілюзій праз год. Магло б здацца, што ён сьвядома зрабіў стаўку на безнадзейную карту, калі распачаў стварэньне БЦР. Але гэта не зусім так. Галоўным матывам яго дзейнасьці быў разьлік на тое, што беларусам удасца з дапамогай Нямеччыны ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі і, перш за ўсё, стварыць уласныя ўзброеныя сілы, зь якімі пасьля можна было б распачаць барацьбу за незалежнасьць Беларусі. З гэтага гледзішча тактыка Астроўскага, па сутнасьці, не адрозьнівалася ад паводзін віленскіх і наваградзкіх атрадаў АК. Аднак на гэтым і канчалася аналёгія: польскія атрады разьлічвалі на тое, што СССР прызнае даверасьнёўскія межы, і заставаліся ў большасьці сваёй на месцы, затое Астроўскі мог спадзявацца толькі на эвакуацыю і пазьнейшую вайну паміж заходнімі альянтамі і Савецкім Саюзам пасьля перамогі над Нямеччынай.

Астроўскі, калі пачаў разьвіваць гэтую канцэпцыю, даволі рана прыйшоў да высновы, што менавіта Польшча магла б стаць галоўнай апорай яе рэалізацыі, і ўзяўся рыхтаваць глебу для будучага саюзу. Яго ня вельмі турбавалі ранейшыя няўдачы беларускіх дзеячоў у гэтай галіне, і ён не зьвяртаў увагі на польска-беларускія канфлікты ў правінцыі, якія абвастралі ўзаемную варожасьць. У студзені 1944 г. ён выступіў з прамовай, у якой заклікаў усе нацменшасьці на Беларусі прыняць удзел у супольнай барацьбе з бальшавізмам. У ГК АК гэты заклік успрынялі як прапанову польска-беларускага супрацоўніцтва. Адначасова акоўская выведка ў Менску выслала ў Варшаву паведамленьне, якое павінна было заахвоціць кіраўнікоў падпольля да перамоў з Астроўскім. Магчыма, ён сам быў яго ініцыятарам. А гаварылася ў ім вось аб чым:

Беларусы лічаць, што завэрбаваныя і ўзброеныя немцамі беларускія атрады неўзабаве пяройдуць на бок польскай арміі для супольнай барацьбы з Расеяй за ўсходнія крэсы. Беларусы, сярод якіх ёсьць былыя польскія, савецкія і нямецкія грамадзяне і якія цяпер займаюць самае высокае становішча, 2,5 гады працавалі ў савецкай Беларусі, пазналі ўплыў расейскага камунізму, пазналі патрэбы і жаданьні насельніцтва, і, што характэрна, амаль усе яны перакананыя, што лёс Беларусі будзе вырашаць Польшча, а не Расея. Польшча павінна зразумець, што беларускі і польскі народ, які 25 гадоў жыў за кардонам, сумаваў па ёй і чакаў яе прыходу. Параза Польшчы ў 1939 г. была для яго вялікім ударам, ён бедаваў аб Польшчы і яе нязьдзейсьненых спадзяваньнях. Аднак сёньня, асабліва пасьля абвастрэньня польска-савецкага канфлікту, вера ў Польшчу ажыла з даўняй сілай. Фраза «толькі Польшча нам паможа» ў кожнага на вуснах, толькі шэпчуць яе паціху. Традыцыі 1919–1920 г. не аслаблі.[139]139
  Гэта была адзіная інфармацыя зь Беларусі такога зьместу, бо рапарт, відаць, быў зроблены на спэцыяльнае заданьне. Іншыя паведамленьні АК сьведчылі аб росьце сярод беларусаў прасавецкіх настрояў і варожасьці да палякаў. Імаверна, што аўтарам гэтай інфармацыі быў Вітальд Буткевіч альбо Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, у пачатку 1944 г. – чалец AK і супрацоўнік Астроўскага, удзельнік Другога ўсебеларускага кангрэсу.


[Закрыть]

Аднак з Варшавы водгуку не было. Затое мабілізацыя ў БКА зрабіла тут значна большае ўражаньне, і ня дзіва – зь Менску ў Варшаву ішлі разьдзьмутыя зьвесткі, гаварылася нават аб стварэньні 200-тысячнага беларускага войска. Таму ў красавіку 1944 г. Астроўскі адчуваў сябе больш упэўнена і выслаў для перамоў у Варшаву свайго даверанага супрацоўніка Адама Дэмідэцкага-Дэмідовіча з новымі прапановамі. Размова павінна была весьціся аб заключэньні будучай беларуска-польскай фэдэрацыі, а ў дадзены момант, падчас вайны, – аб стварэньні беларускага прадстаўніцтва пры польскім лёнданскім урадзе: гэты ўрад рэпрэзэнтоўваў бы інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне.

Такія прапановы ўзбудзілі пэўнае зацікаўленьне. 2 траўня камандуючы АК паведамляў ураду:

Крызіс Беларускай цэнтральнай рады. Астроўскі шукае паразуменьня з нашымі палітычнымі коламі.

А 17 траўня даносіў:

Астроўскі і Кушаль, нягледзячы на пранямецкую тактыку, бачаць апору для Беларусі ў Польшчы.

Дэталёвае абгрунтаваньне мэтазгоднасьці супрацоўніцтва з Астроўскім ГК АК прывяло ў рапарце ад 20 траўня. У дакумэнце з разуменьнем гаварылася аб палітыцы БЦР і зьвязаных зь ёю дзеячоў, пісалася аб тым, што рабіць стаўку на заходніх саюзьнікаў ім ня мае сэнсу, бо тыя

пра беларусаў нічога ня ведаюць, дый справа беларуская – для іх не праблема.

У сувязі з гэтым Галоўнае камандаваньне падкрэсьлівала дадатную ролю Астроўскага, які, нягледзячы на супраціў у сваім грамадзтве, заклікае да беларуска-польскага супрацоўніцтва і мяркуе адвесьці беларускія ўзброеныя сілы на польскую тэрыторыю. 3 гэтага можна зрабіць выснову: Астроўскі выдатна разумеў, што ў найбліжэйшы момант яму давядзецца пакінуць Менск, таму лічыў сваю дзейнасьць на Беларусі зыходным пунктам для далейшай палітычнай гульні.

Астроўскі разыгрываў адначасова дзьве партыі: яўную – зь немцамі і патаемную – з палякамі. І пры ўсім тым не забываўся і пра савецкі варыянт.[140]140
  Паводле паведамленьня, зробленага мне Анэляй Катковіч, яе даўняя прыяцелька зь Віленскай беларускай гімназіі Дуня Казёл пасьля вайны прыяжджала два-тры разы з БССР у Польшчу і расказвала, што ў 1944 г. у Менску на загад Астроўскага яна перадавала савецкім партызанам даручаныя ёй інфармацыі наконт БЦР і што пасьля вайны за гэтую дзейнасьць яна павінна была атрымаць нейкі мэдаль. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў маіх умовах нельга, аднак прыклад Баляслава Пясэцкага з генэралам Сяровым сьведчыць, што такая магчымасьць не была выключана.


[Закрыть]
У Менску ён займаў такую пазыцыю, якая дазваляла яму даволі празрыста і публічна гаварыць аб прынцыпах сваёй палітычнай тактыкі.

Мы не фантасты, а рэальныя палітыкі і, маючы 25-гадовы досьвед нацыянальнай трагедыі, добра разумеем, што пры сучасных абставінах беларускай нацыі, ідучы па шляху да зьдзяйсьненьня свайго найвышэйшага ідэалу, павінна шукаць сабе помачы з боку больш магутнага прыязнага суседа. Палітычная каньюнктура ў сучасны момант злажылася так, што гэтым апекуном-пратэктарам для беларускага народу ёсьць Нямеччына.

Менавіта ў гэты час ён распачаў тайныя перамовы з АК, значыць, чакаў зьмены палітычнае каньюнктуры.

З гледзішча галоўнай задачы, г. зн. барацьбы з партызанскім рухам, усе паліцыйныя (надзвычайнае становішча, спэцыяльная ахова Менску) і прапагандысцкія захады Готбэрга не прынесьлі жаданага посьпеху. Праўда, у Менску зьменшылася колькасьць дывэрсіяў, цэлыя партызанскія зоны ўдалося заблякаваць, але дабіцца пералому ў партызанскай вайне было ўжо немагчыма.[141]141
  У тым ліку была i апэрацыя «Fruhlingfest», праведзеная вясною 1944 г. у раёне Полацку і Лепеля. Нягледзячы на моцную авіяцыйную падтрымку з-за лініі фронту (толькі за адну ноч на партызанскім лётнішчы Сарочына прызямлілася каля 100 савецкіх самалётаў), партызаны панесьлі вялікія страты: 7011 чалавек загінула ў баі, 6928 – трапіла ў палон, а 349 перайшло на бок немцаў. Тым ня менш каля 4000 партызанаў здолела выйсьці з абкружэньня.


[Закрыть]
Дзейнасьць БЦР таксама не аказала на яе вялікага ўплыву. У красавіку 1944 г. Готбэрг паведамляў, што толькі невялікая частка насельніцтва Беларусі радасна сустрэла стварэньне БЦР, затое ў масе сваёй людзі занялі пазыцыю абыякавасьці або чаканьня. Падобнае меркаваньне выказваў і камісар Менскае акругі. Тое самае адбывалася і ў Баранавіцкай акрузе, якая лічылася за апірышча БЦР. Яе акруговы камісар Вэрнэр сьцьвярджаў, што вакол Рады гуртавалася толькі невялікая жменька інтэлігентаў, а большая частка беларусаў трымалася абыякава і пасіўна, галоўным чынам, з увагі на партызанскую пагрозу. Лідзкі камісар пісаў, што ў яго акрузе наогул не існавала БЦР і БКА.

Цікавыя заўвагі падае ў сваёй справаздачы глыбоцкі акруговы камісар Бахман:

Не магло быць ніякай гаворкі пра давер беларускага насельніцтва да БЦР.

На яго думку, адною з важкіх прычын гэтага былі канфлікты, зьвязаныя зь дзейнасьцю абранага «нешчасьлівай рукою» акруговага прадстаўніка БЦР Івана Касяка. Сваімі дзеяньнямі ён болей шкодзіў справе, чым дапамагаў, так што ў акрузе сярод беларусаў нават павялічыліся прапольскія сымпатыі. Бахман пісаў, што культурная праца апынулася ў застоі пасьля таго, як ёю пачаў загадваць прадстаўнік БЦР.

Спатрэбіўся ўвесь мой аўтарытэт, каб хоць працягваць культурную дзейнасьць, якую распачала нямецкая цывільная адміністрацыя.

Натуральна, стаўленьне насельніцтва да БЦР аб’ектыўна залежала ад ваенна-палітычнай сытуацыі. У гэты час ужо ні ў каго не заставалася ілюзій, канец акупацыі непазьбежна набліжаўся, і трэба было лічыцца з тым, што савецкая ўлада неўзабаве вернецца. Аднак гэта не азначала, што прапагандысцкія захады Готбэрга, у т. л. і БЦР, не прынесьлі ніякага плёну. Ужо сам факт яе стварэньня істотна ўплываў на рост нацыяналістычных тэндэнцыяў у грамадзтве. Нягледзячы на яе няпэўны статус, які звычайна мала каго бянтэжыў, на гэты орган глядзелі як на пэўную форму беларускага ўраду, як на праяву новай нямецкай палітыкі на Беларусі, урэшце, як на своеасаблівы прывілей, зроблены для яе. Язэп Малецкі, прадстаўнік Астроўскага ў Вялейцы, быў упэўнены, што за час панаваньня Готбэрга Беларусь у галіне дзяржаўнага будаўніцтва значна апярэдзіла краіны Прыбалтыкі і Ўкраіну, дзе такіх органаў стварыць не дазволілі. І гэта была даволі распаўсюджаная думка. У той час вярбоўка людзей для працы ў Нямеччыне вялася ўжо больш памяркоўнымі мэтадамі, і гэтыя перамены людзі таксама зьвязвалі з уплывам БЦР.

І сапраўды, новыя, больш канкрэтныя мэтады прапаганды лепш узьдзейнічалі на сьвядомасьць, чым колішнія дэклярацыі і выступленьні, якія не ўзбуджалі асаблівага даверу. Нарэшце перасталі замоўчваць дзейнасьць партызан, бо раней гэтай тэмы сарамліва пазьбягалі. Цяпер публікавалі паасобныя факты з адпаведнымі камэнтарамі, якія павінны былі скампрамэтаваць партызанскі рух у вачох грамадзкасьці. Пры гэтым асаблівы націск рабіўся на антыбеларускія выступленьні партызан, якія і сапраўды здараліся не адзін раз. Закіды прапаганды было няпроста аспрэчваць: паленьне партызанамі беларускіх школаў, забойствы і запалохваньне настаўнікаў – усё гэта былі сапраўдныя факты, зь якіх рабіліся высновы аб тым, што такая дзейнасьць супярэчыла элемэнтарным нацыянальным інтарэсам, у прыватнасьці, разьвіцьцю беларускай нацыянальнай школы.[142]142
  У Слонімскай акрузе партызаны спалілі агулам 80 школаў і забілі, выгналі, забралі пэўную колькасьць настаўнікаў. У выніку гэтых дзеяньняў вясною 1944 г. у Наваградзкай акрузе не працавала амаль палова школаў, а ў Менскай акрузе – каля 80 %.


[Закрыть]
У адным з выступленьняў Астроўскі дэмагагічна абвясьціў, што сам пайшоў бы ў партызаны, каб толькі меў пэўнасьць, што яны змагаюцца за незалежнасьць Беларусі.

Адной з мэтаў новага курсу Готбэрга стала актывізацыя нацыяналістычных настрояў сярод сяброў СБМ. Фармальна Саюз беларускай моладзі да канца акупацыі заставаўся ў распараджэньні генэральнага камісарыяту і таму апынуўся ў лепшым матэрыяльным становішчы, чым іншыя грамадзкія арганізацыі, што перайшлі пад кампэтэнцыю БЦР. Восеньню 1943 г. быў адкрыты яшчэ адзін навучальны цэнтар у Фларыянаве Баранавіцкай акругі, а ў пачатку 1944 г. – яшчэ дзьве школы ў Менску. Па-ранейшаму арганізоўваліся экскурсіі ў Нямеччыну. Пры гэтым колькасьць сяброў СБМ хутка ўзрасла. Нягледзячы на ўсе стараньні партызан, перашкодзіць разьвіцьцю СБМ ім не ўдалося. Уласная ўніформа і эмблемы, палітычная адукацыя, спэцыяльныя публікацыі, культурна-асьветная дзейнасьць, нарэшце, вайсковая муштра, каманды, лагеры і беларускія маршавыя песьні, якія загучалі на Беларусі ўпершыню і былі чымсьці абсалютна нечуваным ня толькі для моладзі, але і для старэйшых, – усё гэта прываблівала ў шэрагі СБМ новых і новых сяброў. Палітычнае значэньне Саюзу беларускай моладзі было значна большае за тое, што мелі аналягічныя арганізацыі ў Латвіі і Эстоніі.

Таму акруговыя камісары, якія ў сваіх справаздачах, як правіла, рэзка крытыкавалі БЦР, звычайна вельмі дадатна ацэньвалі дзейнасьць СБМ. Яны ўхвалялі ня толькі выхаваўчую працу ў беларускім нацыянальным духу, якую праводзіла гэтая арганізацыя, але і паступленьне моладзі на працу на заводах Люфтвафэ ў Менску і ў Нямеччыне. У чэрвені 1944 г., напярэдадні наступу Чырвонай Арміі, у Нямеччыну выехалі амаль 5000 сяброў СБМ, якія добраахвотна запісаліся ў дапаможную службу Люфтвафэ.

Гэрцаг, разглядаючы вынікі гэтай акцыі, заўважыў, што добраахвотнае паступленьне на дапаможную службу ў нямецкую армію летам 1944 г. – факт «амаль неверагодны». Ён дашукваўся прычын такой зьявы, спрабаваў вытлумачыць яе нянавісьцю да бальшавізму, цягаю да прыгодаў ці іншымі матывамі, аднак нідзе не абмовіўся аб прымусовых наборах. Далін, а таксама адзін з колішніх дзеячоў СБМ М. Лужынскі, які быў вучнем Маладэчанскай сярэдняй гандлёвай школы, пацьвярджаюць, што акцыя мела добраахвотны характар. Лужынскі апісваў, як у пачатку траўня 1944 г. у гэтую школу прыбылі акруговы кіраўнік СБМ Сьценьнік і лейтэнант паветраных сілаў Фэрман, які сказаў вучнёўскай грамадзе:

Сёньня разыгрываецца лёс усяе Эўропы, а таксама вашае Бацькаўшчыны. Беларусы ўжо стварылі сваю армію ў форме Беларускае Краёвае Абароны. Аднак мадэрная армія ня можа быць эфэктыўнай без свайго лётніцтва. Я заклікаю вас, юнакі, ісьці ахвотнікамі ў паветраныя збройныя сілы. Некаторыя з вас стануць пілётамі, іншыя – навігатарамі або бортмэханікамі.

І пайшлі – 46 хлапцоў.

Як паведаміў Янка Жамойцін, акруговы кіраўнік СБМ у Наваградку, у яго акрузе даводзілася нават стрымліваць напор моладзі, якая жадала служыць у Люфтвафэ. 16–20-гадовым хлопцам падабалася прыгожая лётчыцкая форма, яны думалі, што атрымаюць зброю, стануць лётчыкамі. Адзіным ідэалягічным матывам быў страх перад вяртаньнем Чырвонай Арміі.

Сярод дарослых таксама адзначаўся пэўны рост антысавецкіх і нацыяналістычных настрояў, аднак акрэсьліць іх дакладна цяжэй, чым у моладзевым асяродзьдзі. Так, у красавіку 1944 г. Готбэрг паведамляў, што шмат у якіх раёнах жыхары выказвалі жаданьне арганізаваць у сябе абаронныя вёскі, але зьдзейсьніць гэтыя пажаданьні было немагчыма толькі таму, што не хапала зброі. Менскі гарадзкі камісар Бэкер зь зьдзіўленьнем сьцьвярджаў, што 8000 жыхароў гораду добраахвотна, без прынукі выйшлі на пабудову ўмацаваньняў вакол гораду перад наступам Чырвонай Арміі. Бэкер адзначаў, што 80 % менчукоў «не вітала» набліжэньня савецкіх войскаў. Пэўная частка мясцовых жыхароў лепш згаджалася жыць у акупацыйных умовах і мець перад сабой імглістую нацыянальную пэрспэктыву, чым апынуцца зноў у савецкай рэчаіснасьці. Такія ж настроі несьлі з сабой і ўцекачы з усходу.

У гэтых адносінах цікава разглядзець справу БКА з увагі на яе шматвымернасьці. Мабілізацыя, бясспрэчна, была актам прымусовым, і, напэўна, большасьць прызыўнікоў не адчувала маральнай адказнасьці за сваю службу. Тым ня менш нельга абмінуць маўчаньнем і той факт, што 40 тыс., а паводле зьвестак Кушаля нават і 50 тыс., чалавек прыйшлі ўсё ж такі на прызыўныя камісіі БКА. Гэтыя людзі ведалі, што іх будуць выкарыстоўваць для барацьбы з савецкімі партызанамі, і не іх віна або заслуга, што не хапіла часу, каб даць ім зброю, і большай частцы давялося вярнуцца дадому, а ваяваць пайшлі толькі нямногія батальёны. У тагачасных умовах яны маглі пазьбегнуць мабілізацыі і сысьці ў партызаны. Гэтага, аднак, яны не зрабілі. Улады, безумоўна, пагражалі за такія ўчынкі рэпрэсіямі, але ў адваротным выпадку тыя самыя рэпрэсіі ўчынялі і партызаны. Цяжка таму спрачацца з тым, што мабілізацыя ў БКА стала сур’ёзным палітычным посьпехам Готбэрга і Астроўскага.

Варта таму прыгледзецца больш уважліва да таго, як паводзілі сябе гэтыя людзі ў дні наступу Чырвонай Арміі, які пачаўся 23 чэрвеня і разьвіваўся вельмі шпарка. 3-га ліпеня савецкія войскі ўвайшлі ў Менск, 5-га – у Маладэчна, 8-га – у Баранавічы, 9-га – у Ліду, а 16-га – у Горадню. Такім чынам, часу для эвакуацыі большасьці батальёнаў БКА было дастаткова. Але гэтая эвакуацыя ня толькі не праводзілася – яна нават не плянавалася; батальёны не атрымалі загадзя адпаведных загадаў. Перад тым, як пакінуць Менск, Готбэрг нібыта зьбіраўся загадаць акруговым камандзірам паліцыі адвесьці часьці БКА на Захад, аднак, на думку Кушаля, гэтыя камандзіры больш сьцераглі ўласную шкуру і шмат дзе абвесьцілі дэмабілізацыю батальёнаў БКА. Але ж гэта не зусім дакладна: пра такія рашэньні павінны былі ведаць акруговыя камісары, а ў справаздачах, якія складаліся пасьля эвакуацыі, на гэты конт нічога ня значыцца. Пасьля таго, як 27 чэрвеня зь Менску зьнік т. зв. нямецкі штаб сувязі БКА, Астроўскі і Кушаль не змаглі выдаць атрадам БКА аніякіх распараджэньняў.

Беларускія батальёны засталіся кінутыя на ўласны лёс і ў пошуках выйсьця кіраваліся пераважна загадамі сваіх камандзіраў. А. Вініцкі выпадкова аказаўся беспасярэднім сьведкам гэтых падзеяў у Баранавіцкай акрузе, і вось што ён пісаў:

Пад вечар 30-га чэрвеня я прыйшоў на пляц каля казармаў… і выпадкам быў сьведкам дэмабілізацыі батальёну, які налічваў каля 700 жаўнераў. Перад фронтам выстраеных ваякаў стаў камандзір батальёну. Пасьля кароткай інфармацыі аб заіснаваўшай сытуацыі на фронце ён скончыў гутарку так: «Хто паедзе з намі, дык застаецца на месцы ў шэрагу, а рэшта можа ісьці дамоў». Раптам жаўнерская маса ўзварухнулася і рынула ў казармы, каб забраць там свае рэчы і бегчы дамоў. На месцы ў шэрагу засталося 18 ваякаў, пераважна – падафіцэраў, а назаўтра на выезд зьявілася ўжо меншая іх колькасьць.

Такім чынам, тыя самыя людзі, што ў сакавіку паслухмяна ішлі на прызыўныя пункты, цяпер, калі ўлада пачала крушыцца, хутка пакінулі войска, у якое яна іх прызвала. За самы кароткі час, бяз бою, БКА перастала існаваць; толькі невялічкая частка салдат адышла на Захад. І гэтае адступленьне, як і добраахвотны запіс моладзі ў Люфтвафэ, на думку некаторых нямецкіх дасьледчыкаў, «амаль немагчыма было зразумець». Акруговы баранавіцкі камісар Вэрнэр адзначаў:

Палова сялян з абаронных вёсак эвакуявалася, а батальёны БКА ўцяклі.

Прыклад з БКА асабліва важны і характэрны: ён вельмі выяўна адлюстроўваў сьвядомасьць і тыповыя паводзіны «цьвярозых рэалістаў» – пераважнай большасьці грамадзтва, што пад славутай пасіўнасьцю прыкрывала сваё поўнае бясьсільле перад дзьвюма вялікімі армадамі, якія ў страшным двубоі вырашалі яе лёс. Насельніцтва, што апынулася паміж молатам і кавадлам, проста не магло ўвесь час адстойваць нейкія сапраўдныя палітычныя погляды, уся яго так званая пазыцыя зьмяшчалася ў адным слове – «выжыць!». Таму нярэдка здаралася, што вонкавыя праявы сымпатыяў і нават колер і фасон мундзіра ўводзілі ў зман: яны маглі быць і пранямецкія і прасавецкія. Салдацкая прысяга на вернасьць Беларусі ў тагачаснай сытуацыі мела для гэтых людзей ня большае значэньне, чым колішняя іх прысяга Польшчы альбо Савецкаму Саюзу. Зрэшты, ужо праз пару тыдняў, пасьля пераходу часткі салдат БКА ў шэрагі Чырвонай Арміі, яны маглі яшчэ раз выявіць сваю вернасьць. Такую «пазыцыю» прадвызначала не само насельніцтва, а пануючая ўлада – за апошнія некалькі гадоў яна зьмянялася занадта часта.

Пераважная частка беларускага грамадзтва прадчувала блізкую зьмену гэтай улады і таму ня вельмі цягнулася да БЦР. Нягледзячы на гэта, моцны парыў нацыяналізму ня мог не пакінуць сьледу ў людзкой сьвядомасьці. Міт пра будаўніцтва беларускай дзяржавы і войска, арганізацыю нацыянальных установаў і скліканьне кангрэсу так удала быў пушчаны Готбэргам і Астроўскім, што жыве і да сёньняшняга дня.

Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне

Летам 1944 г. Чырвоная Армія дасягнула лініі Віслы, а войскі заходніх хаўруснікаў здабылі Парыж і наблізіліся да нямецкай мяжы. Разгром Трэцяга райху стаў справаю найбліжэйшай будучыні. Толькі ў гэтай сытуацыі ў штабе Гімлера высьпела канцэпцыя стварэньня супольнага антыбальшавіцкага фронту народаў Расеі пад камандаваньнем генэрала Уласава. Туды павінны былі ўвайсьці ня толькі расейцы, але і ўкраінцы, беларусы і г. д. Нямеччына ўжо страціла амаль усю тэрыторыю СССР, таму для барацьбы з Чырвонай Арміяй немцы меркавалі выкарыстаць усходніх работнікаў, ваеннапалонных альбо ўцекачоў, што апынуліся на тэрыторыі Райху. Ставіўся разьлік і на прапагандысцкі эфэкт, нават на антысталінскую рэвалюцыю ў СССР. Першае спатканьне Гімлера з Уласавым было прызначана на канец ліпеня, але ў гэтыя пляны ўварваўся замах на Гітлера, таму сустрэчу давялося адкласьці.

Тым часам Розэнбэрг па-ранейшаму трымаўся думкі, што галоўным матывам супрацоўніцтва нерасейскіх народаў СССР зь немцамі была надзея на стварэньне ўласных нацыянальных дзяржаў, незалежных ад расейскага ўплыву. Таму ён прадбачыў, што прадстаўнікі гэтых народаў будуць супраць гімлераўскага праекту, які прадугледжваў падпарадкаваньне іх нацыянальных органаў і вайсковых часьцей Уласаву. І хаця канчатковая мэта абедзьвюх канцэпцыяў была тая самая – г. зн. абарона Нямеччыны ад чырвоных войскаў, – але сродкі яе дасягненьня прынцыпова адрозьніваліся. Гітлер цяпер не займаў цьвёрдай пазыцыі ў гэтай справе: ён не падтрымліваў і не перашкаджаў Гімлеру і Розэнбэргу ажыцьцяўляць іх праекты, якія ўжо не маглі перамяніць сытуацыю.

Падобна на тое, што меркаваньні Розэнбэрга падзяляла Галоўная ўправа СС. Пра гэта сьведчыць адзін цікавы факт: у лінеш, калі Гімлер плянаваў правесьці першае спатканьне з Уласавым, у рамках яго ведамства ўзьнік спэцыяльны аддзел, т. зв. Freiwilligen-Leitstelle Ost (Аддзел добраахвотных сілаў з Усходу), над кіраўніцтвам штурмбанфюрэра СС доктара Фрыца Арльта. Задачаю новага органа стала арганізацыя ўсходніх вайсковых фармаваньняў. Арльт падзяліў свой аддзел на шэраг нацыянальных сэктараў, сярод якіх быў і беларускі. Па ўсім было відаць, што для кожнай нацыянальнасьці меркавалася стварыць асобныя часьці Waffen-SS. У ОМі таксама былі створаны асобныя падсэкцыі (Leitstelle), якія павінны былі сачыць за нацыянальнымі арганізацыямі, разьмешчанымі ў Нямеччыне. Кіраўніком беларускай сэкцыі (Weissruthenische Leitstelle) стаў доктар Любэ.

Усе гэтыя арганізацыйныя зьмены распачаліся ў момант адступленьня нямецкіх войскаў зь Беларусі, таму Астроўскі падчас ад’езду зь Менску яшчэ нічога пра іх ня ведаў. Ён, безумоўна, прадбачыў, што немцаў пагоняць зь Беларусі, аднак ня думаў, што гэта станецца так хутка і ператворыцца ў сапраўдны разгром. Яго плян арганізаванай эвакуацыі войска быў перакрэсьлены, а разам зь ім патанулі і ўсе далейшыя палітычныя камбінацыі. Ён стаў палкаводцам бяз войска – не было чаго і разьлічваць на кантакт з польскім падпольлем, якое пасьля сутыкненьня з Чырвонай Арміяй само апынулася ў крызісе. Мяркуючы па ўсім, у гэты час ён лічыў, што роля БЦР скончылася, ці, у найлепшым выпадку, стала пад пытальнік.

Паасобныя дэталі эвакуацыі пацьвярджаюць, што БЦР у гэты час апынулася ў няпэўным становішчы. 30 чэрвеня Рада БЦР пакінула Менск. Большасьць яе сяброў скіравалася ў Кёнігсбэрг. Тым часам Астроўскі адкалоўся ад сваіх сяброў і вярнуўся ў Лодзь, куды пераехаў і Кушаль. БЦР рассыпалася на часткі. Аднак гэтае няпэўнае становішча працягвалася нядоўга. Ужо прыкладна 10 ліпеня Кох даручыў Бэкеру, які акурат тады прыбыў у Кёнігсбэрг, перавезьці сяброў Рады ў Бэрлін і перадаць іх у распараджэньне ОМі. Астроўскага адшукалі ў Лодзі, і 12 ліпеня ён апынуўся ў Бэрліне. Усе гэтыя абставіны ўказваюць на тое, што дзейнасьць БЦР у Нямеччыне была ўзноўлена на загад ОМі.

Толькі пасьля таго, як Рада пераехала ў Бэрлін, Розэнбэрг прызнаў яе за «выключнае і адзінае прадстаўніцтва беларускага народу». У новых умовах Розэнбэрг вызначыў для БЦР новую палітычную ролю, таму прызнаньне, на якое ОМі не магло рашыцца зь сьнежня 1943 г., наступіла толькі цяпер. У адрозьненьне ад прадстаўнічых органаў іншых усходніх народаў, Рада была створана ў краі, а не ў эміграцыі і магла спаслацца па мандат Другога ўсебеларускага кангрэсу. Адсутнасьць адпаведнага дэкрэту ОМі, які ўва ўмовах акупацыі па сутнасьці рабіў Раду бяспраўным органам, цяпер станавілася козырам, маўляў, законнасьць БЦР грунтуецца на волі народу, а не на распараджэньні акупацыйнай улады. Больш за гэта, зараз можна было ахарактарызаваць дзейнасьць Рады ў эміграцыі як вынік будаўніцтва беларускай дзяржавы пад нямецкай акупацыяй, перарваны прыходам Чырвонай Арміі.

20 жніўня, неўзабаве пасьля таго, як Розэнбэрг прызнаў БЦР, Астроўскі абвесьціў пратэст, адрасаваны «ўсім урадам і народам сьвету» ў сувязі з тым, што Беларусь занялі савецкія войскі.

Гэтыя акты бальшавіцкай Масквы БЦР разглядае як новае гвалтоўнае парушэньне міжнароднага права. Цяперашнюю акупацыю бальшавікамі тэрыторыі Беларусі БЦР разглядае як часовую ваенную акупацыю і мабілізуе ўвесь беларускі народ як у краі, так і за ягонымі межамі да хутчэйшага вызваленьня свае Бацькаўшчыны.

Такім чынам, БЦР і пасьля эвакуацыі не перастала быць інструмэнтам прапаганды, толькі ня Готбэрга, а Розэнбэрга. Гэты пратэст, хаця і адлюстроўваў сапраўдную пазыцыю БЦР, несумненна, нарадзіўся зь ведама і ўхвалы Розэнбэрга, інакш ён папросту ня быў бы апублікаваны.

Рэальныя задачы і паўнамоцтвы Рады на тэрыторыі Нямеччыны былі вызначаны ў інструкцыі ОМі. Яны зводзіліся да гэткіх палажэньняў:

1) Барацьба з бальшавізмам шляхам:

– удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх вайсковых фармаваньняў;

– удзелу ў стварэньні партызанскіх групаў за лініяй фронту;

– актыўнай прапагандысцкай дзейнасьці сярод беларускіх работнікаў.

2) Аб’яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі (гэты Саюз павінна была стварыць БЦР. – Ю. Т.).

3) Культурная, сацыяльная і праўная апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне.

4) Моладзевая праца (СБМ, вайсковая дапаможная служба).

5) Жаночая праца.

Грамадзкай базай для дзейнасьці БЦР павінна было стаць беларускае насельніцтва, якое апынулася ў Нямеччыне альбо на тэрыторыі Польшчы і Чэхаславаччыны, што заставаліся яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Пераважную частку гэтых людзей немцы гвалтоўна вывезьлі зь Беларусі на прымусовую працу, іх агульная колькасьць дасягала 378 тыс. чалавек. Апрача таго, у Нямеччыне знаходзілася некалькі тысяч маладых людзей, якія паступілі ў дапаможную службу Люфтвафэ, а таксама нешматлікая даваенная эміграцыя. Такім чынам, у суме атрымлівалася нешта каля 400 тыс. чалавек, прычым сярод выхадцаў зь Беларусі пэўную частку складалі польскія і расейскія работнікі. У ліпені ў гэтую масу ўлілося некалькі дзясяткаў тысяч уцекачоў, так што агульная колькасьць беларусаў у Нямеччыне і на акупаваных землях дасягала 500 тысяч.

Культурнай і сацыяльнай апекай ад імя БЦР павінны былі займацца бэрлінскае Беларускае прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) і Камітэт самапомачы. Абедзьве арганізацыі мелі свае аддзелы ў найбуйнейшых беларускіх асяродках. Цяпер і адна і другая былі падпарадкаваны БЦР. Толькі зараз, у Нямеччыне, пад кіраўніцтва Рады быў пераведзены СБМ. Яго штаб зь Менску пераехаў у Тропаў у Судэтах. Дзейнасьць Рады ў гэтых галінах зводзілася толькі да пераказваньня нямецкім уладам сваіх пажаданьняў. Стараньнямі БЦР быў атрыманы дазвол на адкрыцьцё беларускіх школаў пры ўмове, што такое жаданьне выкажуць бацькі ня менш як 20 дзяцей школьнага веку. Некалькі такіх школаў і сапраўды было адчынена. У верасьні 1944 г. пры бэрлінскай арганізацыі «Вінэта» была створана гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь», якая ў лістападзе – сьнежні дала 46 прадстаўленьняў у розных эміграцыйных беларускіх асяродках. Арганізавана таксама і рэлігійнае жыцьцё. Увосень 1944 г. у Нямеччыне выходзілі тры беларускія пэрыёдыкі – «Раніца» (яе апошні нумар выйшаў 21.3.1945 г.), «Малады Змагар» (для моладзі) і «Беларускі Работнік», а радыёстанцыя ў Гамбургу да сакавіка 1945 г. вяла штодзённыя 15-хвілінныя перадачы на беларускай мове.

Аднак самай галоўнай задачай Рады быў удзел у нямецкай абарончай кампаніі. Па сутнасьці, толькі гэтая мэта схіляла немцаў да падтрымкі існаваньня БЦР, яе сяброў і супрацоўнікаў. Астроўскі апынуўся ў цяжкай сытуацыі: з аднаго боку, ён разумеў непазьбежнасьць разгрому Нямеччыны, а з другога – адступаць ад супрацоўніцтва зь немцамі яму не было куды. Апанэнты Астроўскага на Беларусі і ў эміграцыі папракалі яго ў тым, што ў гэты безнадзейны для Трэцяга райху пэрыяд ён верна служыў яго інтарэсам, заклікаў беларусаў да канца змагацца з Чырвонай Арміяй і такім чынам падштурхоўваў людзей да дарэмнага кровапраліцьця. У сувязі з гэтымі закідамі варта бліжэй разгледзець вайсковую дзейнасьць БЦР.

У ліпені 1944 г. зь Беларусі былі звакуяваны шматлікія нацыянальныя паліцыйна-вайсковыя фармаваньні. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Паўночнай Мазовіі.[143]143
  Апрача часткі беларускіх атрадаў, там яшчэ знаходзілася брыгада Камінскага, казацкія, каўкаскія, украінскія і іншыя батальёны, а таксама чальцы дапаможнай паліцыі беларускай, польскай і расейскай нацыянальнасьці. Акула лічыць, што іх агульныя сілы перавышалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.


[Закрыть]
Сярод іх было шмат беларускіх часьцей: рэшткі БКА і яе афіцэрская школа, 13-ты батальён СД, атрады дапаможнай паліцыі і інш. На думку Кушаля, можна было набраць каля 10 тыс. салдат і афіцэраў – гэтага хапіла б на фармаваньне адной беларускай дывізіі. Можна было спадзявацца і на згоду Арльта з Галоўнага ведамства СС. Пра гэта сьведчыць стварэньне іншых разнастайных усходніх часьцей СС, тым больш, што ў кастрычніку Арльт гаварыў, што намераны арганізаваць беларускую брыгаду СС.

Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў залежала ў вялікай ступені ад Астроўскага, паколькі ўжо ў ліпені ён гаварыў пра гэта з Арльтам. Аднак прапанову аб стварэньні беларускага легіёну Астроўскі накіраваў не ў Галоўную ўправу СС, а ў штаб генэрала Кёстрынга, камандзіра Вэрмахту па справах ненямецкіх фармаваньняў, дзе ніхто не займаўся гэтым пытаньнем, і таму было мала шанцаў на яго хуткае вырашэньне. Прапанова была зроблена ў сярэдзіне ліпеня, акурат тады, калі Галоўная ўправа СС вырашала лёс войскаў, што эвакуяваліся ў Мазовію.

Гэтая ініцыятыва Астроўскага мела паважныя наступствы. З аднаго боку, гэта дазволіла пераканаць чыноўнікаў ОМі, што беларусы стаяць на добрым шляху да стварэньня свайго легіёну, і прапанову БЦР поўнасьцю падтрымалі. Але з другога боку, Галоўная ўправа СС прыняла рашэньне ўлучыць усе беларускія часьці або іх рэшткі, што знаходзіліся ў Мазовіі, у наваствораную 30-ю пяхотную дывізію СС пад камандаваньнем обэрштурмбанфюрэра Зіглінга. Гэтую дывізію называлі яшчэ расейскай дывізіяй СС № 2. Яе нацыянальны склад быў вельмі пярэсты. Найбольшую частку складалі беларусы, шмат было расейцаў, палякаў, украінцаў і іншых. Пасьля кароткай падрыхтоўкі 23 жніўня 30-ю дывізію накіравалі на Заходні фронт, дзе яна пачала хутка раставаць у выніку дэзерцірства. Частка ўцекачоў з гэтай дывізіі, пераважна палякаў і беларусаў, восеньню 1944 г. уступіла ў войска генэрала Андэрса.

Гэтай гульні Астроўскага ня мог зразумець Кушаль, які імкнуўся да стварэньня беларускай нацыянальнай вайсковай часьці – пра гэта сьведчаць ужо цытаваныя яго ўспаміны. Астроўскі тым часам працягваў сваю лінію і высылаў Кушаля ў штаб Кёстрынга, каб падштурхнуць немцаў і хутчэй дабіцца рашэньня аб фармаваньні беларускага легіёну. Гэтыя стараньні не прыносілі ніякага плёну. Астроўскі рабіў выгляд занепакоенага, зьвяртаўся ў беларускую сэкцыю ОМі, але справа ня зрушылася ні на крок. Нарэшце 11 кастрычніка да Кёстрынга напісаў Бройтыгам з ОМі, але і гэта не дапамагло. І толькі 6 лістапада на пасяджэньні БЦР было сказана, што, «як высьветлілася», справа арганізацыі беларускага войска належыць да кампэтэнцыі СС, а не Вэрмахту. Такім чынам, каб разблытаць гэтую справу, спатрэбілася чатыры месяцы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю