Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 18 страниц)
Нямецкая прапаганда таксама загучала інакш. Згодна з дырэктывамі Гітлера, 15.2.1943 г. Гэбэльс накіраваў для ўсіх райхсьляйтэраў, гаўляйтэраў і прапагандысцкіх кіраўнікоў інструкцыю, дзе зазначалася, што ўсе краіны Эўропы, у тым ліку і ўсходнія, якія спрыялі перамозе Нямеччыны, павінны адчуваць у гэтым сваю зацікаўленасьць, таму забаранялася ў прамовах і ў друку гаварыць пра калянізацыю і эксплуатацыю ўсходніх тэрыторый і рэкамэндавалася замест гэтага вылучаць на першы плян пэрспэктывы іх адраджэньня пад нямецкім кіраўніцтвам.
Так, пад уплывам пагаршэньня ваеннага становішча Нямеччыны, а таксама пад націскам Розэнбэрга, Вэрмахту і іншых фактараў Гітлер вясною 1943 г. згадзіўся на пэўныя зьмены ўва ўсходняй палітыцы. «Новы курс», які так старанна пачала эксплуатаваць нямецкая прапаганда, выявіўся перш за ўсё ў тым, што пад наглядам СС было дазволена ствараць нацыянальныя вайсковыя часьці на Украіне (дывізія СС-Галіччына) і ў Літве і павялічыць ужо існыя ў Эстоніі і Латвіі. Тым ня менш Гітлер па-ранейшаму ня вельмі давяраў войскам Osttruppen, перш за ўсё з прычыны частага дэзерцірства ў іх шэрагах.
Пасьля некаторых ваганьняў што да палітычнага супрацоўніцтва з усходнімі народамі Гітлер вярнуўся на ранейшую, цьвёрдую пазыцыю. Магчыма, гэта адбывалася адначасова з ростам яго самаўпэўненасьці – акурат у той самы час фюрэр рыхтаваў новае наступленьне пад Курскам, што было, бадай, апошнім шанцам на перамогу Нямеччыны. Гітлер адхіліў ідэю стварэньня палітычных прадстаўніцтваў акупаваных народаў і арганізацыі пад іх наглядам нацыянальных вайсковых фармаваньняў. Сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні ён сфармуляваў так:
Я не магу вызначаць пэрспэктыўных мэтаў, якія прадугледжваюць стварэньне незалежных ці аўтаномных дзяржаў. Дастаткова пачаць з так званай, я б сказаў, далучанай дзяржавы, а-ля Польшча, і скончыць дзяржавай незалежнай.
З гэтага выказваньня можна зразумець, што і летам 1943 г. Гітлер вагаўся наконт будучага палітычна-адміністрацыйнага статусу акупаваных усходніх народаў, ён згадваў нават аб іх незалежнасьці. Магчыма, пасьля ўсё яшчэ спадзяванай перамогі ён дапускаў варыянт пэўных дзяржаўных утварэньняў, залежных ад Нямеччыны, але вызначаць іх форму, ролю і значэньне ў «Новай Эўропе» яму хацелася цалкам самастойна як пераможцу, які ў сваіх рашэньнях ня мусіць прытрымлівацца ранейшых дэкларацыяў і абавязаньняў, дадзеных пад націскам часовых (на яго думку) ваенных няўдач. Ён жадаў аднабаковага даверу.
У нямецкай усходняй палітыцы Беларусь займала своеасаблівую пазыцыю – яе часам называлі «спэцыяльнай» (Sonderstellung). Прычын тут было некалькі. Па-першае, цывільная адміністрацыя не магла пераняць уладу на яе ўсходніх землях. Па-другое, партызанскі рух там так разросься, што перашкаджаў гаспадарчай эксплуатацыі і іншым захадам акупацыйных уладаў. І, нарэшце, па-трэцяе, на гэтай зямлі склаліся спэцыфічныя ўнутраныя абставіны: беларусы прымалі слабы ўдзел у арганізацыі «новага парадку»; у адрозьненьне ад Украіны і Прыбалтыкі тут было цяжка стварыць паліцыйныя батальёны і сапраўды нацыянальную адміністрацыю – немцы з большай ахвотай называлі яе «einheimische» (тутэйшая), чым «weissruthenische» (беларуская). Пры такой сытуацыі Беларусь чыніла немцам шмат гаспадарчых і адміністрацыйных клопатаў і, апрача таго, выклікала вялікія сумненьні наконт яе палітычнай будучыні. На думку бэрлінскіх палітыкаў, вырашэньне беларускага пытаньня, пра якое ў лістападзе 1941 г. згадваў «Deutsche Post aus dem Osten», на парозе 1943 г. мела ня большыя пэрспэктывы, чым на пачатку акупацыі.
Тым часам у ведамстве Гімлера таксама аслабла зацікаўленасьць у беларускім пытаньні. Відаць, у гэтым адыгралі сваю ролю шматмесячныя назіраньні паліцыі, а таксама няўдалыя спробы па беларусізацыі мясцовай адміністрацыі. У немалой ступені тут праявілася і асабістая непрыязнасьць Гімлера да Кубэ, які сваім умяшальніцтвам нарабіў нямала шкоды «добраму імю» СС. Таму ў студзені 1943 г., у час нарады ў ОМі, прадстаўнік Галоўнай управы бясьпекі штурмбанфюрэр СС Гуміч выказаў сумненьне,
ці варта ўвогуле імкнуцца і ўжо цяпер падтрымліваць станаўленьне беларускай нацыі, бо няма яшчэ рашэньня аб тым, што рабіць увогуле зь беларускай нацыяй. Ува ўсякім разе райхсфюрэр СС яшчэ ня мае яснасьці ў гэтай справе.
Розэнбэрг і яго супрацоўнікі таксама скептычна ставіліся да беларускага пытаньня. Праўда, 30.5.1942 г. у часе свайго візыту ў Менск ён запэўніваў, што нямецкае кіраўніцтва гатова падтрымаць намаганьні, накіраваныя на такое разьвіцьцё Беларусі, «каб яна стала назаўсёды моцнай і квітнеючай краінай – фарпостам нямецкага Райху», але гэтае выказваньне было разьлічана хутчэй за ўсё на прапагандысцкі эфэкт. На самай справе Розэнбэрг ня верыў у магчымасьць актывізаваць беларускі нацыяналізм. У сакавіку 1942 яго сувязны афіцэр пры стаўцы Гітлера, доктар Копэн, лічыў, што «беларусы – настолькі прымітыўныя, што прыдатныя толькі на тое, каб араць зямлю і гадаваць быдла». У колах ОМі Беларусь называлі «нацыянальным кактэйлем» або «папялушкай райхскамісарыяту Остлянд».
Практычныя захады толькі пацьвярджалі, што ОМі ставіцца да Беларусі як да другараднай тэрыторыі ў складзе Остлянду. У прыватнасьці, пра гэта сьведчыла далейшае зьмяншэньне абшару Генэральнай акругі Беларусь, якое міністэрства акупаваных усходніх земляў праводзіла ня толькі без паразуменьня з Кубэ, але нават і безь яго ведама. У студзені 1942 г. на карысьць райхскамісарыяту Украіны адышоў Бярозаўскі раён. У красавіку даволі значныя беларускія тэрыторыі былі далучаны да Літвы, пры гэтым нацыянальны склад насельніцтва толькі ў невялікай ступені мог апраўдваць такі крок. Куды большую ролю тут адыграла жаданьне ўзнагародзіць літоўцаў за стварэньне шматлікіх паліцыйных батальёнаў, якія дзейнічалі таксама і на Беларусі.
На Беларусі існавалі вялікія абмежаваньні ў выдавецкай і журналісцкай дзейнасьці. У траўні 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі выходзілі толькі 4 беларускія часопісы, тады як у Літве – 11, Латвіі – 21, Эстоніі – 14. Больш суровыя ў параўнаньні з Прыбалтыкай абмежаваньні захоўваліся і ў галіне народнай асьветы. Аднак найважнейшым сярод усяго было прыняцьце ў канцы сакавіка 1942 г. пункту, які забараняў стварэньне цэнтральнага беларускага органа самакіраваньня. Розэнбэрг растлумачыў, што
у выніку 23-гадовага панаваньня бальшавікоў насельніцтва Беларусі да такой ступені аказалася заражана бальшавіцкім сьветапоглядам, што для стварэньня мясцовага самакіраваньня не стае арганізацыйных і пэрсанальных перадумоў.
Ён не прымаў пад увагу, што 4/5 падпарадкаванага яго кампэтэнцыі беларускага абшару займалі раёны, дзе савецкая ўлада дзейнічала толькі 20 месяцаў. Гэта была папросту яшчэ адна праява недаверу да беларусаў, якім Розэнбэрг па сутнасьці няшмат мог абяцаць. Пра гэта можа сьведчыць наступны факт: у паперах ОМі захаваліся праекты адозваў да народаў усходу, якія Розэнбэрг паклаў Гітлеру на разгляд у студзені 1943 г. (фюрэрам яны не былі прынятыя). Сярод гэтых праектаў былі адозвы да расейцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў і народаў Каўказу, затое аніякай – да беларусаў.
Мэтады акупацыі на БеларусіСтаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм
Розэнбэрг іначай ставіўся да Беларусі, чым да Ўкраіны – апошняй ён аддаваў перавагу. Затое падначаленыя Розэнбэрга – камісары Кох і Кубэ – не падзялялі сымпатыяў свайго шэфа і прытрымліваліся цалкам супрацьлеглых поглядаў. Сытуацыя выглядала парадаксальна: Кох, напрыклад, абмяжоўваўся амаль толькі голай эканамічнай эксплуатацыяй сваёй тэрыторыі і ўпарта адмаўляўся выконваць інструкцыі ОМі ў галіне школьніцтва і культурнага жыцьця. Між іншым, ён заваліў праект Розэнбэрга па адкрыцьці ўкраінскага ўнівэрсытэту ў Кіеве. Ён поўнасьцю ігнараваў сымпатыі і інтарэсы насельніцтва ў сваіх палітычных захадах. У адказ паўстала ўкраінская нацыянальная апазыцыя, а ўвосень 1942 г. зьявілася падпольная Ўкраінская паўстанцкая армія. Затое Кубэ дзейнічаў наадварот, ён імкнуўся дабіцца падтрымкі беларусаў і часта браў на сябе адказнасьць, парушаючы інструкцыі ОМі. Гэта прыводзіла да канфліктаў з Розэнбэргам.
На пачатку 1942 г. Кубэ рашуча падтрымаў зямельную рэформу, у адрозьненьне ад Кола ён палічыў яе за вельмі важны сродак для здабыцьця прыхільнасьці і гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку, вясною 1942 г. усе калгасы былі распарцэляваны, а іх зямля і інвэнтар перайшлі ў сямейны ўжытак сялян у рамках т. зв. зямельных каапэратываў. Такім чынам, Кубэ пайшоў далей за інструкцыі Розэнбэрга: паводле міністэрскага дэкрэту, у першай фазе рэформы калгасы павінны былі ператварыцца ў супольныя гаспадаркі, а іх парцэляцыя павінна была пачацца толькі на другім этапе.
Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцьця. Ён імкнуўся да стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай нацыянальнай царквы, незалежнай ад расейскіх уплываў. Вясною 1942 г. ён узаконіў дзейнасьць беларускага экзархату Грэка-каталіцкай царквы, які існаваў падпольна з таго моманту, як яго стварыў мітрапаліт Шаптыцкі (кастрычнік 1939 г.). Падтрымаў Кубэ і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі Рыма-каталіцкай царквы.
Гэтым бадай што і абмяжоўваліся захады Кубэ, скіраваныя ў першай палове 1942 г. на здабыцьцё прыхільнасьці сярод насельніцтва. Асабліва вялікі супраціў Розэнбэрга выклікалі спробы па стварэньні ў Менску цэнтральнага органа беларускага самакіраваньня. Усе адміністрацыннна-гаспадарчыя заданьні павінны былі выконваць нямецкія чыноўнікі. Беларускія дзеячы балесна ўспрынялі забарону на стварэньне ўласнага кіраўнічага органа. Яны палічылі гэта за ігнараваньне справы беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ спрабаваў загладзіць гэтае ўражаньне з дапамогай уласных ініцыятыў: ён меў паўнамоцтвы на тое, каб прыстасоўваць прысланыя зьверху дырэктывы да мясцовых спэцыфічных умоў. На практыцы гэта давала яму немалую свабоду дзеяньня. У сваю чаргу гэткія самыя правамоцтвы ён перадаў сваім падначаленым – акруговым камісарам. Адной з найважнейшых ініцыятыў Кубэ ў гэтай галіне было стварэньне т. зв. мяшанай адміністрацыі, што азначала спалучэньне нямецкай кіраўнічай улады і беларускай выканаўчай у акруговых і генэральным камісарыятах. Такая сыстэма давала магчымасьць беларускім, а часам і польскім службоўцам прымаць удзел у працы гэтых устаноў. З другога боку, гэта часта ўскладняла дзейнасьць органаў мясцовай адміністрацыі.
Улетку 1942 г. становішча на Беларусі карэнным чынам зьмянілася. З аднаго боку, гэта было зьвязана з актывізацыяй савецкага партызанскага руху, а з другога – Галоўная ўправа бясьпекі Райху акурат тады ў надзеі вырашыць польскае пытаньне распачало т. зв. «польскую кампанію». І хаця галоўнай прычынай гэтай акцыі былі антынямецкія ўзброеныя выступленьні польскага падпольля ў Остляндзе і на Украіне і яго супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, удар быў скіраваны ўвогуле супраць палякаў, і ў першую чаргу – супраць інтэлігенцыі. Арышты, расстрэлы і вываз на працу ў Нямеччыну закранулі таксама і польскае насельніцтва на Беларусі. Паводле ацэнкі намесьніка генэральнага камісара Беларусі, гэтая кампанія набыла «катастрафічнае» разьвіцьцё, многіх палякаў яна прымусіла пакінуць ранейшыя месцы працы і шукаць прытулку ў партызанаў.
Савецкі партызанскі рух набываў пагрозьлівыя памеры. Вынішчэньне польскай інтэлігенцыі спустошыла адміністрацыю. На фоне такіх падзеяў Кубэ вырашыў актывізаваць сілы беларускага нацыяналізму. Яго ранейшая палітыка, хоць і непараўнальна адрозьнівалася ад украінскай сытуацыі, дзе зь мясцовым нацыянальным рухам вялася зацятая барацьба, да гэтага часу ўсё ж ня вельмі заахвочвала беларусаў да супрацоўніцтва. Адозва Кубэ «Да жыхароў Беларусі!», апублікаваная ў верасьні 1941 г., у якой дэкляравалася свабоднае разьвіцьцё краю, толькі кампрамэтавала ў вачох грамадзтва яе аўтара, бо, нягледзячы на ўплыў часу, рэальныя дзеяньні акупацыйных уладаў аніяк не пацьвердзілі дадзеных абяцаньняў. Таму Кубэ разумеў, што без дадатковых палітычных саступак ён ня зможа дабіцца падтрымкі беларускага нацыяналізму. Аднак дырэктывы бэрлінскага кіраўніцтва фармальна не давалі на гэта падстаў. Таму ён павёў гульню вельмі асьцярожна, верагодна, загадзя паразумеўшыся зь Лёзэ.
Арганізацыйнай апорай у ажыцьцяўленьні намераў Кубэ павінна была стаць БНС – зрэшты, адзіная, калі не лічыць рэлігійных суполак, легальная грамадзкая арганізацыя на Беларусі. Зь цягам часу гэтая арганізацыя здолела стварыць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленьні і валасныя гурткі. І хаця статутнай мэтай БНС лічылася толькі сацыяльнае забесьпячэньне і ахова здароўя, тым ня менш Кубэ пагадзіўся на яе ўдзел у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасьці, між іншым, на адкрыцьцё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэньне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў, лекцыяў, распаўсюджаньне друкаваных выданьняў і г. д. Паступова дзейнасьць БНС пачала змыкацца з адміністрацыйным апаратам, у выніку ўдзельнікам гэтай арганізацыі сталі даручаць розныя службовыя абавязкі – пачынаючы з валасных упраў аж да генэральнага камісарыяту ўлучна. Тэндэнцыі да стварэньня Галоўнай рады БНС, паводле задумы – цэнтральнага кіраўнічага беларускага органа, таксама выявіліся даволі рана. Гэтая рада была абрана 26.1.1942 г., але Кубэ да пары пакінуў яе незацьверджанай.
Неўзабаве становішча БНС істотна зьмянілася. 29 чэрвеня Кубэ «дзеля забесьпячэньня плённага ўдзелу беларусаў у кіраваньні краем» надаў Ермачэнку, шэфу БНС, званьне дарадчыка і мужа даверу «беларускага народу, прадстаўніком якога ёсьць БНС». Ён абвясьціў, што прызаве яшчэ трох мужоў даверу на службу ў генэральным камісарыяце і па адным – на кожны акруговы камісарыят. Адначасова Кубэ абвясьціў стварэньне беларускага т. зв. Вольнага корпусу самааховы. Дзеячам БНС даручалася выдаць адозву да беларусаў з заклікам добраахвотна ўлівацца ў яе шэрагі. Праз два-тры тыдні на Беларусі быў створаны інстытут мужоў даверу пры органах акупацыйнай улады. У яго склад увайшлі:
Генэральны камісарыят
аддзелы:
– палітыкі – Іван Ермачэнка
– школьніцтва – Яўхім Скурат
– культуры – Іван Касяк
– прэсы і прапаганды – Антон Адамовіч
Акруговыя камісарыяты
Менск (акруга) – Юліян Саковіч
Баранавічы – Юры Сабалеўскі
Наваградак – Барыс Рагуля
Ліда – Рыгор Зыбайла
Слонім – Аляксандар Сівец
Ганцавічы – [Антон] Сокал-Кутылоўскі
Вялейка – Аляксандар Калодка
Барысаў – Станіслаў Станкевіч
Глыбокае – ?
Слуцак – ?
У новай сытуацыі Кубэ дазволіў стварыць у ліпені 1942 г. 12-асабовую Галоўную раду БНС на чале зь Ермачэнкам.[95]95
У склад Галоўнай рады БНС уваходзілі: старшыня – I. Ермачэнка, сябры: А. Адамовіч, кс. В. Гадлеўскі, Грынкевіч, С. Кандыбовіч, В. Казлоўскі, архіяпіскап Нарко, Нікалаевіч, Я. Найдзюк, Ю. Саковіч, Сянкевіч, П. Сьвірыд.
[Закрыть] Да таго ж у кожнай акрузе былі створаны 10-асабовыя акруговыя рады БНС. Пры Галоўнай радзе быў арганізаваны шэраг ведамасных аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культурны, а таксама прапаганды і аховы здароўя – усе яны мелі адпаведнікі ў акруговых Радах. Такім чынам, на Беларусі быў створаны цэлы апарат, які ў адпаведным часе змог бы пераняць зь нямецкіх рук кіраўніцтва. А Кубэ рабіў усё новыя і новыя саступкі. Было арганізавана Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, Жаночая ліга, беларускае судаводзтва. Выдадзены дазвол на ўжываньне нацыянальных сымбаляў – беларускіх штандараў і гербу «Пагоня». Арганізаваны Цэнтральны каапэратыўны саюз, які падпарадкоўваўся БНС. У верасьні выйшла ў сьвет распараджэньне Кубэ аб зьмене адміністрацыйнай тэрміналёгіі. У адпаведнасьці зь ім, раёны перайменавалі ў паветы, а бурмістры (раённыя, валасныя) атрымалі тытулы начальнікаў паветаў, воласьцяў, гарадоў, вёсак і г. д. У жніўні Генэральны камісарыят дазволіў адкрыцьцё гімназій. Вяліся перамовы наконт адкрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску.
Кубэ надаваў вялікае значэньне прапагандзе прынцыпаў сваёй палітыкі ў беларускім і нямецкім друку. Таму ён запрашаў зь Нямеччыны ў Менск шматлікіх журналістаў, сачыў, каб адпаведныя карэспандэнцыі і інтэрвію своечасова траплялі на старонкі газэт. Гэтыя яго прынцыпы можна рэзюмаваць наступна: ува ўмовах, свабодных ад польскага і расейскага палітычнага дамінаваньня, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ займеў шанец за кароткі гістарычны пэрыяд запоўніць прагалы ў разьвіцьці нацыянальнай самасьвядомасьці. Дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі ў галіне палітыкі скіравана на тое, каб паскорыць гэты працэс, перамагчы чужацкія ідэалягічныя наносы і ўзмацніць уласна беларускі нацыянальны элемэнт. Гэтай мэце павінны былі паслужыць разьвіцьцё школьніцтва, культуры, праца сярод моладзі. Новы шлях разьвіцьця зможа прывесьці Беларусь да эўрапейскай супольнасьці дзяржаў і нацыяў. Генэральная акруга Беларусь, – сьцьвярджаў далей Кубэ, – павінна ня толькі выконваць адміністрацыйныя заданьні, прадыктаваныя ваеннай неабходнасьцю, ёй «наканавана стаць Бацькаўшчынай для беларускай нацыі». Таму беларуская нацыя «ў пэўнай ступені дзяржаўная нацыя». Не выпадкова праз год шэф СД у Менску Эдуард Штраўх абвінаваціў Кубэ ў тым, што ён сьвядома падтрымліваў курс на стварэньне беларускай дзяржавы зь Ермачэнкам як яе прэм’ерам.
У атмасфэры эўфарыі, выкліканай саступкамі Кубэ, пад канец ліпеня 1942 г. у Менску адбыўся чатырохдзённы зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС. На ім адзначалася, што за кароткі час БНС зьмяніла характар сваёй дзейнасьці і зь першапачатковай сьціплай дабрачыннай арганізацыі ператварылася ў агульнакраёвую ўстанову, якая зграмадзіла ў сваіх руках школьніцтва, культурную дзейнасьць, прапаганду, палітыку, справы самааховы і перайшла да кіраваньня гаспадарчым жыцьцём, адраджэньня краю і т. п. У справаздачы зьезду сьцьвярджалася:
Як відаць з гэтага, БНС сталася цэнтрам пачынаньняў усяго беларускага жыцьця, і яна ж ставіцца яго галоўным кіраўніцкім штабам.
Таму зьезд патрабаваў зьмяніць статут БНС і дабіцца фармальнага прызнаньня яе самаўрадавых паўнамоцтваў. У сваёй заключнай прамове Ермачэнка так акрэсьліў матывы ўсіх гэтых пачынаньняў:
Гэтае натхненьне і ўздым сьведчаць аб тым, што беларуская нацыя выяўляе сваю волю да самастойнага жыцьця і поўнага адраджэньня свайго краю ды пераможа ўсе перашкоды, якія стаяць на дарозе да рэалізацыі гэтае мэты.
Найважнейшым, хоць, несумненна, не адзіным матывам у дзейнасьці Кубэ было стварэньне беларускіх узброеных сілаў для барацьбы з савецкімі партызанамі. Кубэ апублікаваў гэты праект 29 чэрвеня. Варта разгледзець яго больш падрабязна: па-першае, ён нарадзіўся пасьля таго, як пацярпелі няўдачу ўсе ранейшыя беларускія і нямецкія спробы стварэньня вайсковых часьцей на Беларусі. А па-другое, гэты праект на два месяцы апярэдзіў дырэктыву Гітлера № 46 ад 18.8.1942 г., якую Кубэ атрымаў у канцы жніўня – яна давала дазвол на стварэньне мясцовых антыпартызанскіх фармаваньняў. Ня менш цікава выглядае і той факт, што ў першай палове чэрвеня Кубэ і SSPF Цэнэр сфармулявалі свае прапановы па барацьбе з партызанамі, пры гэтым ні адзін, ні другі яшчэ ня згадвалі пра беларускія фармаваньні. Такім чынам, рашэньне аб іх стварэньні нарадзілася толькі ў апошнія дні чэрвеня 1942 г.
Імаверна, што Кубэ прыняў рашэньне аб арганізацыі Вольнага корпусу Беларускай самааховы (далей – БСА) бяз згоды Гімлера ці Розэнбэрга. Гімлер яшчэ ў траўні лічыў, што праект стварэньня літоўскіх, латыскіх і эстонскіх часьцей СС хоць і вельмі спакусьлівы, але небясьпечны. Паказальна, што пры гэтым ён ня згадваў беларускіх часьцей. Нарэшце, у чэрвені Гімлер пагадзіўся з пэўнымі агаворкамі на фармаваньне латыскіх і эстонскіх легіёнаў, якія павінны былі падначальвацца HSSPF Остлянду – Екельну. Магчыма, улады Остлянду палічылі, што гэтай падставы дастаткова, ваб стварыць падобныя часьці і на Беларусі. Паводле інфармацыі Кубэ, прызыў беларусаў да зброі адбыўся з згоды Лёзэ.
Не было яснасьці ня толькі з фармальным дазволам на стварэньне беларускіх часьцей – пад пытальнікам заставаліся іх велічыня і структура. Кубэ абвясьціў, што гэта будзе Вольны корпус (Freikorps). Паводле нямецкай традыцыі, гэта былі атрады добраахвотнікаў бяз строга акрэсьленай колькасьці байцоў. Затое ў кіраўніцтве БНС гэта ўспрынялі як намер стварыць армейскі корпус (Armee-Korps) – у многіх краінах гэта была найбуйнейшая вайсковая адзінка, якая звычайна складалася з трох дывізій. Пры азанізацыі БСА гэта выклікала вялікія непаразуменьні. Шмат клопату нарабіла і другая праблема; каму павінны падпарадкоўвацца гэтыя часьці? 29 чэрвеня Кубэ даручыў іх фармаваньне Ермачэнку і адначасова папярэдзіў, што яны будуць падпарадкоўвацца камандзіру СС і паліцыі на Беларусі. Ніякіх іншых дэталяў ён не зазначыў – іх распрацоўкай павінна было заняцца кіраўніцтва БНС.
Па даручэньні Ермачэнкі праект арганізацыі корпусу БСА апрацаваў маёр Францішак Кушаль, які дагэтуль быў начальнікам навучальных курсаў беларускай паліцыі ў Менску. У праекце прадугледжвалася стварэньне корпусу ў складзе трох дывізій разам з дапаможнымі службамі. Разьмясьціцца ён павінен быў наступным чынам: у Менску – штаб корпусу і адна дывізія, яе апэрацыйная зона ахоплівала Менскую і Слуцкую акругі; другую дывізію плянавалася раскватараваць у Баранавічах (акругі Баранавіцкая, Наваградзкая і Слонімская), трэцюю – у Вялейцы (акругі Вялейская, Лідзкая і Глыбоцкая). Гэты праект Ермачэнка прапанаваў Цэнэру, які 15 ліпеня выдаў загад на стварэньне корпусу БСА. Галоўным яго камандзірам быў прызначаны Ермачэнка, які сіламі БНС павінен быў арганізаваць набор добраахвотнікаў і забясьпечыць іх харчамі, жыльлём і абмундзіраваньнем. Для ажыцьцяўленьня гэтых задач Ермачэнка атрымаў права на стварэньне ў рамках БНС вайсковай камісіі (аддзелу) і прызначэньне акруговых камэндантаў БСА. Загад Цэнэра прадугледжваў стварэньне ў кожным раёне адзінкі БСА сілаю ад роты да батальёну. Нямецкая паліцыя павінна была забясьпечыць іх зброяй і кіраваць вучэбнай падрыхтоўкай і апэрацыйнай дзейнасьцю.
Пасьля вайны Кушаль пісаў:
Загад гэты зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражаньне. Зь яго ясна вынікала, што роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася толькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, закватараваць і накарміць, а рэшта належала ўжо да немцаў.
Аднак Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасьля атрыманьня загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штабу БСА і прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуньку. У канцы ліпеня ён склікаў зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў плян забесьпячэньня войска харчамі, абмундзіраваньнем і жыльлём. На пачатку жніўня ў Менску адкрыліся афіцэрскія курсы, начальнікам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вялейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых гарадох адкрыліся падафіцэрскія курсы, на якіх было падрыхтавана колькі тысяч падафіцэраў.
Пытаньнем спрэчным, але і асабліва цікавым, выглядае рэкрэацыя ў БСА: паводле праекту, яна павінна была весьціся згодна з прынцыпам добраахвотнасьці. Савецкія крыніцы сьцьвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, таму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціў партызан і мірнага насельніцтва пазбавіў яе плёну. Але тагачасныя крыніцы не пацьвярджаюць такіх ацэнак. Як паведамляў Кушаль, паведамленьне пра стварэньне БСА выклікала ў насельніцтва «надзвычайны энтузіязм» і перакананьне, што ёй удасца зьнішчыць партызаншчыну і стаць зародкам будучага беларускага войска. Паводле Канстанціна Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што ня ўсе зь іх маглі быць прынятыя. Аднак гэтыя выказваньні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасьць аўтараў і зьвязаную з гэтым схільнасьць да перабольшаньняў. Кубэ, у сваю чаргу, у кастрычніку заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысяч беларусаў. Напэўна, частка зь іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сьведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе. З паведамленьняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасьці.
Праект стварэньня корпусу БСА нават у такім выглядзе, як гэта прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненьне вышэйшых нямецкіх паліцыйных уладаў. Праўда, яны разумелі, якую карысьць можа прынесьці ўзмацненьне антыпартызанскіх сілаў на Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацаваньня палітычнай пазыцыі Ермачэнкі, якога ўважалі за сапраўднага ініцыятара і натхніцеля праекту. У канцы ліпеня шэф СД Остлянду паведамляў Лёзэ:
У папярэдніх штодзённых справаздачах ужо гаварылася пра тое, што беларускія нацыянальныя колы інсьпіруюць стварэньне «беларускага легіёну» зь беларускім камандаваньнем. Кіраўнік мясцовай самапомачы (БНС), ад якога зыходзіць праект фармаваньня БСА, разьвівае ў гэтай галіне актыўнасьць, характэрную для плянаў, якія беларуская інтэлігенцыя ў Менску зьвязвае з стварэньнем самааховы. Прымаюцца захады, каб забясьпечыць будучыя часьці Самааховы адзіным абмундзіраваньнем і ўзбраеньнем, у тым ліку лёгкай пяхотнай і аўтаматычнай зброяй, каб адразу надаць ім рэгулярны вайсковы характар; а пазьней, пасьля правядзеньня першых апэрацыяў, мець права выстаўляць свае патрабаваньні.
Такім чынам, пазыцыя паліцыйных уладаў Остлянду адлюстроўвала палітычнае гледзішча, згоднае з прынцыпамі Гімлера, якое можна трактаваць як неўхваленьне дзеяньняў Кубэ ня толькі ў справе БСА, але і ўсёй яго беларускай палітыкі. Таму Цэнэр, які занадта падпарадкоўваўся Кубэ, у канцы ліпеня быў адкліканы з пасады шэфа СС і паліцыі на Беларусі. Яго пераемнік, Вальтэр Шымана, кіруючыся ўказаньнямі Екельна, адразу ж пачаў выпраўляць «памылкі» свайго папярэдніка: у верасьні Ермачэнку пазбавілі тытулу галоўнага камандзіра БСА, штаб яе быў распушчаны, афіцэрскія чыны скасаваныя. Батальёнам БСА, якія ўжо пасьпелі сфармавацца, не далі зброі – ім прапанавалі перайсьці на статус паліцыйных батальёнаў (Schutzmannsckaften) пад камандаю нямецкіх афіцэраў. Аднак кіраўніцтва БНС і камандаваньне БСА не пагаджаліся з такімі прапановамі – перш за ўсё яны імкнуліся захаваць сваю адасобленасьць.
Праблема, па сутнасьці, зводзілася да таго, каб захаваць у часьцях БСА беларускую мову і камандзірскія кадры (weissruthenischer Selbstschutz) – г. зн. іх нацыянальны характар. У паліцыйных батальёнах (Schutzmannsckaften) пад камандаваньнем нямецкіх афіцэраў гэта было немагчыма. Такім чынам, канфлікт набываў палітычнае адценьне. Кубэ рашуча падтрымаў імкненьне лідэраў БНС забясьпечыць адасобленасьць часьцей Самааховы, бо гэта адпавядала яго ўласным нацыянальным канцэпцыям. Ён неаднаразова зьвяртаўся да Лёзэ з просьбаю забясьпечыць беларускія атрады зброяй і хадайнічаць у гэтай справе перад камандаваньнем Вэрмахту, Розэнбэргам і нават самім Гітлерам. Кубэ даводзіў, што зрабіў усё, каб настроіць беларускае насельніцтва супраць партызан, і падкрэсьліваў:
Як мага хутчэйшае ўзбраеньне беларускіх добраахвотнікаў– першачарговая задача ў барацьбе з бандамі.
Рэальны рост партызанскай актыўнасьці быў самым важкім аргумэнтам у гэтай спрэчцы – праігнараваць довады «беларускага гаўляйтара» было ня так лёгка.
Заступніцтва Кубэ прынесла некаторы, хоць і вельмі сьціплы, плён. У лістападзе вышэйшыя паліцыйныя ўлады мусілі, хаця і неахвотна, прызнаць два факты: па-першае, што «ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму на самай справе знайшла даволі шырокі водгук сярод мясцовага насельніцтва», а па-другое, што маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцыйныя батальёны. Пра гэта сьведчыла іх масавае дэзерцірства з т. зв. батальёну № 49 – першага фармаваньня такога тыпу на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь, стварэньне якога Шымана распачаў у жніўні 1942 г. Таму – насуперак уласнаму нежаданьню і адгаворкам – давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы сэктар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасьцю акруговых і павятовых рэфэрэнтаў БНС па справах самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля 20 батальёнаў БСА і некалькі меншых падразьдзяленьняў. Аднак цяжка акрэсьліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся ня толькі мясцовым рэфэрэнтам БНС, але і акруговым камандзірам нямецкай паліцыі, тым ня менш у некаторых акругах часьці БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаваньні.[96]96
Цікавую інфармацыю падае на гэты конт Кіслы, слонімскі гарадзкі начальнік, у сваім лісьце ў акруговы камісарыят ад 12.3.1943 г.: «…цяпер самаахова слонімскай БНС ужо не існуе, але калі яшчэ існавала, яна не падпарадкоўвалася паліцыйнаму камандаваньню…»
[Закрыть]
Але гэтая «незалежнасьць» стварала немалыя праблемы. Паліцыйныя ўлады, ня маючы даверу да беларускіх атрадаў, адмаўляліся забясьпечваць іх абмундзіраваньнем, таму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ува ўласнай вопратцы – вонкава яны мала чым адрозьніваліся ад партызан. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часьцям БСА выдалі невялікую колькасьць зброі. Гэта не вырашала пытаньня з узбраеньнем, але і не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх салдат. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Менскай акругі. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сытуацыю ў Слонімскай акрузе, надае нават цэны, па якіх рабіліся такія ўгоды. Так, напрыклад, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх салдат, што вярталіся з фронту, каштаваў 9 кг саланіны і 5 літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават… у савецкіх партызан – за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, – зазначае далей Хмара, – адзін з слонімскіх батальёнаў неўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты.
Карныя акцыі і канфлікт Кубэ з СС
Барацьба з партызанамі – гэта вайна зь невызначаным праціўнікам, які атаясамліваецца з насельніцтвам. Яна закранае гэтае насельніцтва беспасярэдне, без увагі на пазыцыю, занятую ім у барацьбе. Улада звычайна перакладае адказнасьць за партызанскія выступленьні на плечы навакольнага цывільнага люду. Такім чынам, насельніцтва прымушаюць улучыцца ў антыпартызанскую барацьбу, бо ў адваротным выпадку яно само становіцца ахвярай карных акцыяў. Гэта клясычны мэтад, стасаваны і да Другой сусьветнай вайны, і пасьля яе, які незалежна ад ваенных апэрацыяў і тэрору як сродкаў запалохваньня павінен быў пазбавіць партызан апоры ў мясцовага насельніцтва. У залежнасьці ад варункаў мэта дасягалася рознымі сродкамі. Адным з самых туманных была прапаганда (такую ролю эфэктыўна адыграў падчас паўстаньня 1863 г. царскі маніфэст аб скасаваньні прыгону для сялян Літвы і Беларусі), а да найбольш радыкальных належала «ачыстка» пацыфікаванай тэрыторыі (напрыклад, скіраваная супраць УПА[97]97
УПА – Украінская паўстанцкая армія.
[Закрыть] акцыя «Вісла») ад насельніцтва.
Нямецкія карныя акцыі на Беларусі савецкая гістарыяграфія часта акрэсьлівала як «барацьбу з партызанамі і насельніцтвам». У прынцыпе гэта слушная фармулёўка, аднак яна адлюстроўвае толькі вынікі гэтых апэрацыяў, але ня іх прычыны: на тэрыторыях, дзе не былі занатаваны выступленьні партызан, не натавалася і «барацьбы з насельніцтвам». У першыя тыдні вайны Гімлер, адказны за бясьпеку, у т. л. і на Беларусі, даў распараджэньне ахоўным атрадам СС, якія займаліся ачышчэньнем новазанятых раёнаў ад чырвонаармейцаў, «сэлектыўна» паводзіць сябе зь мясцовым насельніцтвам. У загадзе, адрасаваным Баху, ад 28.7.1941 г. ён указваў, што жыхароў, якія ставяцца да Нямеччыны прыхільна, трэба ашчаджаць і нават часткова ўзбройваць, затое супраць насельніцтва, якое падтрымлівае савецкіх марадэраў і партызан, належыць прымаць самыя вострыя меры: мужчын – расстрэльваць, дзяцей і жанчын – дэпартаваць, а вёскі – спальваць. Аднак вызначыць дакладна пазыцыю насельніцтва было, па сутнасьці, немагчыма, таму ўжо ўлетку і ўвосень 1941 г. шмат беларускіх вёсак, асабліва тых, што стаялі паблізу вялікіх лясных масіваў, было спалена.