Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 18 страниц)
Юры Туронак
БЕЛАРУСЬ ПАД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫЯЙ
.
.
У гэтым электронным выданні няма спасылак на скарыстаныя аўтарам крыніцы. Калі гэта неабходна: https://arche.by/item/2648
УСТУП
Прадметам нашага дасьледаваньня ёсьць сытуацыя ў Беларусі падчас гітлераўскай акупацыі (1941–1944). Паводле некаторых аспэктаў, яна не адрозьнівалася ад сытуацыі ў іншых акупаваных краінах Эўропы. Гэта адносіцца галоўным чынам да нацысцкіх забойстваў па ідэалягічных матывах, г. зн. зьнішчэньня габрэяў і палітычных праціўнікаў гітлерызму. І гаспадарчыя мэты акупантаў, у прынцыпе, не мяняліся: акупанты імкнуліся паставіць людзкі і эканамічны патэнцыял краіны на службу Трэцяму райху, хоць трэба адзначыць, што ў Беларусі такая эксплуатацыя часта пераходзіла ў адкрытае рабаваньне.
Тым ня менш шмат у якіх адносінах існавалі адрозьненьні, прычым вельмі істотныя.
Па-першае Беларусь, гэтак жа, як і іншыя землі Савецкага Саюзу, была часткаю дзяржавы, якую Нямеччына і яе саюзьнікі здолелі заняць толькі часткова, таму на яе тэрыторыі не магло ажыцьцявіцца ius debellatio[1]1
Права пераможцы.
[Закрыть] з усімі наступствамі. Можна ўзяць за прыклад сытуацыю ў двух рэгіёнах – Сувалкіі і Беластоцкай акрузе. Першая як тэрыторыя цалкам занятай Польшчы ўвайшла ў склад Райху, другая як частка абшару СССР фармальна не была ўключана ў яго, хаця такія пляны існавалі.
Па-другое, Беларусь трапіла пад нямецкую акупацыю не як самастойная дзяржава, а як складовая частка шматнацыянальнай дзяржавы – СССР. Трывалых традыцыяў дзяржаўнай незалежнасьці яна ня мела. З гэтага пункту гледжаньня яе лёс можна параўнаць зь лёсам Украіны, аднак правесьці такую самую паралель з рэспублікамі Прыбалтыкі было б ужо нельга: у часе паміж першай і другой сусьветнымі войнамі яны заставаліся сувэрэннымі дзяржавамі.
Па-трэцяе: восеньню 1939 г., г. зн. за 20 месяцаў перад нападам Нямеччыны на Савецкі Саюз, насельніцтва і тэрыторыя Беларускай ССР павялічыліся ледзьве не ўдвая: у склад БССР[2]2
БССР – Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка.
[Закрыть] увайшла частка земляў міжваеннай Польшчы. За гэты кароткі пэрыяд тут была праведзена адміністрацыйная ўніфікацыя, але ў сацыяльна-гаспадарчай структуры і ў людзкой сьвядомасьці засталіся вельмі глыбокія, прынцыповыя адрозьненьні паміж Беларусьсю Заходняй і Усходняй.
Гэта яскрава выявілася ў час акупацыі: паабапал былой мяжы панавалі розныя настроі і паводзіны насельніцтва і палітычных актораў, якія так ці іначай знаходзіліся пад уплывам трох вызначальных сілаў:
– барацьба, якую прыхільнікі савецкай улады вялі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі супраць гітлераўскіх захопнікаў. Яе мэтаю было ўзнаўленьне ранейшага палітычнага ладу і дзяржаўных межаў, якія ўсталяваліся да 22 чэрвеня 1941 г. Галоўнай дзейнай сілай у гэтым працэсе стаў савецкі партызанскі рух – неўзабаве ён ператварыўся ў важны фактар акупацыйнай гісторыі Беларусі і вельмі істотна ўплываў на функцыянаваньне акупацыйнага рэжыму. Так склалася зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, партызанскі рух быў інтэгральнай, плянавай часткай абарончай стратэгіі СССР, баявым выканаўчым органам савецкай улады і менавіта таму дасягнуў такога высокага ўзроўню арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. А па-другое, у Беларусі партызаншчына перарасла ў масавы рух супраціву;
– імкненьне разнастайных беларускіх нацыянальных групаў да стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы. Яны вагаліся ў сваёй дзейнасьці ад беспасярэдняга супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі да арыентацыі на заходніх альянтаў. Аднак, нягледзячы на розныя падыходы, ніводная з гэтых групаў не арганізавала ўзброенага антынямецкага супраціву. Акупацыйныя ўмовы яны імкнуліся выкарыстаць дзеля нацыянальнай актывізацыі грамадзтва, арганізацыі беларускіх узброеных сілаў і прадстаўнічых органаў (пікам дасягненьняў у гэтым кірунку стала Беларуская цэнтральная рада, створаная пад самы канец акупацыі). З нацыянальным рухам рознымі мэтадамі вяло барацьбу савецкае падпольле, а да канца 1943 г. – яшчэ і эсэсаўска-паліцыйны апарат. Затое цывільная акупацыйная адміністрацыя падтрымлівала гэты рух – яна бачыла ў ім пэрспэктыўны сродак барацьбы супраць савецкіх партызанаў;
– барацьба польскага падпольля пад кіраўніцтвам ураду генэрала Сікорскага за аднаўленьне польскай дзяржавы ў тэрытарыяльных межах, якія існавалі да верасьня 1939 г. Але гэтая барацьба вялася на спрэчных землях, на якія аднолькава прэтэндаваў як польскі, так і савецкі ўрад. Сытуацыя атрымлівалася вельмі драматычная. У гэтых жа пытаньнях выявілася супярэчнасьць інтарэсаў польскага падпольля і беларускіх нацыянальных колаў. Пры такім стане рэчаў польскае падпольле, імкнучыся да зьдзяйсьненьня сваіх мэтаў, вымушана было манэўраваць: ад канкрэтных дачыненьняў зь немцамі на пачатку акупацыі да супрацоўніцтва з савецкім падпольлем, затым, пасьля разрыву дачыненьняў паміж савецкім і польскім урадамі ў красавіку 1943 г., настала паласа ўзаемнай варожасьці, якую немцы пастараліся выкарыстаць дзеля ўмацаваньня ўласнай бясьпекі.
Канцэпцыі і дзеяньні палітычных актораў акупаванай Беларусі знаходзіліся ў глыбокай узаемнай супярэчнасьці, і тактычныя пагадненьні паміж імі на тэрыторыі акупаванай Беларусі былі зьяваю даволі рэдкай. Аднак трэба заўважыць, што гэты шматбаковы фронт не абмяжоўваўся толькі адзначанымі нацыянальнымі крытэрамі: зь цягам часу да савецкага партызанскага руху ўсё часьцей пачалі далучацца ня толькі беларусы, але і палякі. Многа палякаў служыла ў беларускай дапаможнай паліцыі, а беларусы, у сваю чаргу, складалі немалы працэнт сярод жаўнераў Арміі Краёвай, асабліва на Віленшчыне і Наваградчыне. Такія паводзіны тлумачыліся ня толькі ідэалягічнымі матывамі, але і іншымі акалічнасьцямі, у тым ліку і прымусовым узьдзеяньнем. Нягледзячы на гэта, тагачасная сытуацыя вельмі нагадвала грамадзянскую вайну і ня ўкладвалася ў рамкі клясычнага ўзору «акупанты – акупаваныя».
Непасьлядоўныя дзеяньні нямецкіх акупацыйных уладаў, асабліва ў тым, што датычыла карных мэтадаў, яшчэ больш ускладнялі заблытанае становішча. Вынішчэньне мірнага насельніцтва, паленьне вёсак і г. д. у ходзе карных апэрацыяў, якія ажыцьцяўлялі СС[3]3
СС (Schutzstaffeln) – Ваенізаваныя ахоўныя атрады.
[Закрыть] і паліцыя, выклікалі процідзеяньне генэральнага камісара Вільгельма Кубэ – ён зрабіў стаўку на палітычнае вырашэньне канфліктаў і здабыцьцё грамадзкіх сымпатыяў. Ува ўлоньні акупацыйных уладаў таксама намеціўся сур’ёзны раскол. У дадатак, ува Усходняй і Заходняй Беларусі існавалі адрозьненьні ў сыстэмах акупацыйнага рэжыму: у першай панавала вайсковая адміністрацыя, а ў другой – цывільная.
Пры такіх складаных умовах было няпроста ацаніць многія зьявы і падзеі ў акупаванай Беларусі. Пасьля вайны, на Нюрнбэрскім працэсе, шэф Галоўнай управы СС,[4]4
Галоўная ўправа СС – вядучы кіраўнічы орган гэтай арганізацыі, да кампэтэнцыі якога належалі справы кадраў, права, адміністрацыі і г. д. – А. П.
[Закрыть] а зь лета 1943 г. – фактычны кіраўнік усходняй палітыкі Трэцяга райху Готлаб Бэргер[5]5
Бэргер Готлаб (1896–1975) – генэрал войскаў СС. 20 жніўня 1943 г. быў прызначаны начальнікам 1-га галоўнага аддзелу імпэрскага міністэрства акупаваных усходніх земляў. – А. П.
[Закрыть] сказаў, што Беларусь – гэта зямля, «на якой, на жаль, нельга было высьветліць, што было фікцыяй, а што – праўдай». Джэрард Райтлінджэр – дасьледчык нямецкай палітыкі на акупаваных землях СССР – лічыў, што ў той час у Беларусі панаваў «закон джунгляў».
Гэтая сытуацыя аказала ўплыў на кірункі дасьледаваньняў гісторыі акупацыі Беларусі, якія з розных прычын ахоплівалі толькі паасобныя бакі тагачаснай сытуацыі, стваралі выбарачную, а нярэдка – ідэалізаваную карціну. Так, дасягненьнем беларускай савецкай гістарыяграфіі ёсьць распрацоўка тэматыкі, прысьвечанай дзейнасьці савецкага падпольля і партызанскага руху, яе дасьледаваньні ў гэтай галіне – каштоўная крыніца зьвестак. Варта прыгадаць хаця б такія выданьні, як зборнікі дакумэнтаў, апублікаваныя Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытутам гісторыі АН БССР, у прыватнасьці, трохтомнік «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в года Великой Отечественной войны» (Менск, 1967–1982), «Подпольные партийные органы компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1975), «Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1976), а таксама выдадзеная трохтомная праца – «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1982–1985). Праблемы партызанскай вайны дэталёва асьвятляюцца ў калектыўных працах: «Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (Менск, 1959), «Гісторыя Беларускай ССР», т. 4 (Менск, 1975), а таксама ў дасьледаваньнях паасобных аўтараў: Л. Цанавы,[6]6
Цанава Лаўрэнці (1900–1955) – у канцы 1930 – пачатку 1950-х кіраўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі БССР, фармальны аўтар кнігі «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков». – А. П.
[Закрыть] П. Калініна, І. Краўчанкі, П. Ліпілы, П. Панамарэнка,[7]7
Панамарэнка Панцеляймон (1902–1984) – былы першы сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху. – А. П.
[Закрыть] В. Раманоўскага і іншых, нарэшце, ува ўспамінах шматлікіх яе ўдзельнікаў.
Карныя дзеяньні атрадаў СС і Вэрмахту разглядаюцца ў такіх дакумэнтальных публікацыях, як «Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии (1941–1944)» (Менск, 1965), «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии» (Менск, 1984), «Я з вогненнай вёскі» (Менск, 1975) пад аўтарствам Я. Брыля, У. Калесьніка і А. Адамовіча. Гэтую дзейнасьць звычайна паказваюць як вынік пасьлядоўнага генацыду беларускага народу, аднак ня ўказваецца, што яна была адказам на партызанскія выступленьні. Ня выйшла ў БССР і асобных дасьледаваньняў, прысьвечаных вынішчэньню габрэйскага насельніцтва. Мала ўвагі ўдзялялася нямецкай палітыцы на Беларусі, функцыянаваньню акупацыйнага рэжыму на яе тэрыторыі, нарэшце, дзейнасьці нацыяналістычных групаў. Гэтыя праблемы закранае В. Раманоўскі ў спэцыфічным кантэксьце выкрыцьця беларускага нацыяналізму (Саўдзельнікі ў злачынствах. Менск, 1964), а таксама А. Фактаровіч у сваёй працы, прысьвечанай барацьбе беларускіх партызан з аграрнай палітыкай акупацыйных уладаў. Павярхоўна раскрываюць гэтыя пытаньні і аўтары «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4).
Гэтыя прагалы ў некаторай ступені запоўніла беларуская эміграцыйная гістарыяграфія. У прыватнасьці, заслугоўваюць увагі два каштоўныя зборы дакумэнтаў, якія датычаць дзейнасьці Беларускай цэнтральнай рады: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхэн, 1954), а таксама «За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі» (Лёндан, 1960). Вельмі пазнавальныя ў гэтым пляне ўспаміны К. Акулы, Л. Галяка, С. Каўша, Я. Малецкага, працы І. Касяка, В. Калюша (Р. Астроўскага), А. Мартэна, Л. Рыдлеўскага, нарэшце, шматлікія артыкулы, апублікаваныя ў эміграцыйнай пэрыёдыцы. Недахоп гэтых распрацовак у тым, што яны не абапіраюцца на архіўныя крыніцы, затое вартасьць – у багацьці дробных дэталяў, канкрэтных здарэньняў, рэльефных гістарычных постацяў і людзкіх узаемадачыненьняў, апісаных з уласнага досьведу і назіраньняў.
Заходненямецкія, ангельскія і амэрыканскія аўтары разглядаюць гісторыю акупацыйнага пэрыяду на Беларусі альбо як частку агульнай нямецкай палітыкі на акупаваных землях СССР (О. Бройтыгам, А. Далін, Р. Тэрцэт, Э. Гэсэ, П. Кляйст, Дж. Райтлінджэр), альбо ў агульным кантэксьце гісторыі Беларусі (І. Любачка, Н. Вакар), альбо ў аспэкце паходжаньня беларускай пасьляваеннай эміграцыі (Д. Лофтус). Некаторыя з гэтых аўтараў не надавалі вялікай увагі гісторыі нямецкай акупацыі менавіта на тэрыторыі Беларусі, але зрабілі сур’ёзны ўнёсак у асьвятленьне паасобных спэцыфічных праблемаў, такіх, як партызанская вайна (Гэсэ), паходжаньне і дзейнасьць Саюзу беларускай моладзі (Тэрцэт), альбо пазыцыя жыхароў Усходняй Беларусі на пачатку акупацыі (Вакар), ці стаўленьне Кубэ да праблемы вынішчэньня габрэйскага насельніцтва на Беларусі (Гайбэр, Райтлінджэр).
Акупацыйная гісторыя Беларусі не была прадметам дасьледаваньняў польскіх вучоных. Вельмі коратка ў больш шырокім кантэксьце асьвятлялі гэтую тэму У. Банусяк, М. Косман, Ч. Малайчын. Е. Карлікоўскі разглядаў нямецкую палітыку ў Беластоцкай акрузе, аднак пры гэтым ён мала закрануў усходнія раёны Беласточчыны, якія пасьля вайны засталіся ў складзе Беларускай ССР. І ужо зусім слаба было дасьледавана польскае пытаньне на тэрыторыі акупаванай Беларусі, на гэты конт сустракаліся толькі паасобныя кароткія згадкі. Так, М. ІОхневіч апісаў удзел палякаў у савецкім руху супраціву на Беларусі, а Ц. Хлябоўскі – дывэрсійную дзейнасьць «Wachlarza» на гэтай тэрыторыі. Больш інфармацыі пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні таго пэрыяду можна атрымаць з працаў эміграцыйных аўтараў Я. Эрдмана, Я. Праўдзіца-ІІІляскага, прысьвечаных гісторыі Арміі Краёвай на Наваградчыне.
Такім чынам, трэба сказаць, што, апрача дакумэнтальных збораў і распрацовак паасобных пытаньняў, дагэтуль не было напісана навуковай манаграфіі, якая ахапіла б у поўным аб’ёме асноўныя пытаньні акупацыйнай гісторыі Беларусі. Аўтар гэтай кнігі таксама не прэтэндуе на стварэньне такога дасьледаваньня, яго задачаю было паказаць асноўныя палітычныя працэсы, якія дзеяліся на Беларусі ў 1941–1944 г., разгледзець іх па магчымасьці поўна і ўсебакова, дайсьці да ўласных высноў, незалежных ад папярэдніх супярэчлівых ацэнак сьведак і пасьляваенных інтэрпрэтатараў падзеяў. І таму ня варта дый немагчыма было загадзя вызначыць нейкую акрэсьленую генэральную тэзу альбо якія-небудзь агульныя гатовыя меркаваньні. Наадварот, у працэсе дасьледаваньня аўтар пастараўся перш за ўсё знайсьці дакумэнтальныя пацьвярджэньні дэталяў і ўжо на іх падставе самастойна фармуляваць лягічныя высновы.
Таму асабліва вялікая ўвага была нададзена знаёмству з тагачаснай дакумэнтацыяй, як апублікаванай (дакумэнты Нюрнбэрскага працэсу), так і архіўнай. Многія з гэтых крыніц аказаліся даступныя ў Польшчы. Пасьля вайны ў Злучаных Штатах былі перазьнятыя на мікрафільмы калекцыі дакумэнтаў нямецкага міністэрства ўсходніх земляў (Reichsministerium fiir die besetzten Ostgebiete) – т. зв. александрыйскія мікрафільмы (Т-454), якія амаль поўнасьцю захоўваюцца ў Архіве новых актаў у Варшаве (далей – AAN[8]8
AAN – Архіў новых актаў у Варшаве.
[Закрыть]). Калекцыі дакумэнтаў райхсфюрэра СС (Т-175) і НСРПН[9]9
НСРПН – Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Нямеччыны.
[Закрыть] (Т-81) часткова таксама знаходзяцца ў AAN, а часткова – у Архіве галоўнай камісіі па расьсьледаваньні гітлераўскіх злачынстваў у Польшчы, дзе ляжыць яшчэ адзін багаты збор дакумэнтаў Амэрыканскага вайсковага трыбуналу ў Нюрнбэргу. Шмат матэрыялаў, асабліва якія датычаць польскага насельніцтва ў Беларусі і польска-беларускіх узаемадачыненьняў, можна знайсьці сярод папер Дэлегатуры польскага эміграцыйнага ўраду і Арміі Краёвай – калекцыі іх дакумэнтаў зьберагаліся ў Цэнтральным архіве ЦК ПАРП[10]10
ЦА ЦК ПАРП – Цэнтральны архіў Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі.
[Закрыть] (цяпер – AAN). Выявілася, што ў польскіх бібліятэках ёсьць неспадзявана багатыя зборы нямецкай і беларускай пэрыёдыкі, а таксама іншых выданьняў, якія выходзілі ў час вайны. Аднак стан гэтых крыніц не паўсюль аднолькавы – ад паасобных выданьняў засталіся толькі рэшткі, іншыя ляжалі амаль у камплекце. У гэтым сэнсе самыя лепшыя калекцыі аказаліся ўва ўнівэрсытэцкіх бібліятэках Варшавы, Торуні, Познані, а таксама ў бібліятэцы Ossolineum ува Ўроцлаве. Ксэракопіі шэрагу артыкулаў удалося атрымаць зь бібліятэк Масквы і ФРН[11]11
ФРН – Федэрацыйная Рэспубліка Нямеччына.
[Закрыть]. Былі выкарыстаны пэрыядычныя беларускія выданьні 1940–1945 г. і неапублікаваныя ўспаміны тагачасных палітычных дзеячаў з збораў Беларускай бібліятэкі і музэю імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Дадатковую істотную інфармацыю ўдалося атрымаць зь перапіскі, якую аўтар вёў з удзельнікамі падзеяў Другой сусьветнай вайны на Беларусі.
У выніку на руках у аўтара аказалася дастатковая колькасьць крыніц, неабходных для дасьледаваньня. Напэўна, дадатковыя архіўныя пошукі дазволілі б паглыбіць і пашырыць асьвятленьне некаторых спэцыфічных пытаньняў, асабліва ў гаспадарчай і культурна-асьветнай галіне.
У дасьледаваньні прыняты храналагічны парадак апісаньня падзеяў. У першым разьдзеле разглядаецца стаўленьне Нямеччыны да беларускага пытаньня ў пэрыяд да нападу на СССР у чэрвені 1941 г. У наступным разьдзеле апісваецца сытуацыя на Беларусі ў першыя месяцы вайны. Трэці, шырокі, разьдзел ахоплівае пэрыяд, пачынаючы ад бітвы пад Масквой да паразы нямецкай арміі пад Курскам, у ім разгледжаны актывізацыя савецкага партызанскага руху, разьвіцьцё тэндэнцыяў ува ўсходняй палітыцы кіраўнічых колаў Райху, а таксама акупацыйныя мэтады на Беларусі. На гэтым фоне апісваецца фармаваньне настрояў насельніцтва і дзейнасьць беларускіх палітычных згуртаваньняў. У чацьвёртым разьдзеле гэтыя самыя праблемы асьвятляюцца ў апошняй фазе акупацыі, ува ўмовах набліжэньня татальнага разгрому Нямеччыны, які ўсьведамлялі ўсе ўдзельнікі палітычнай гульні і насельніцтва. Нарэшце, пад канец аўтар спрабуе даць ацэнку вынікаў вайны і акупацыі.
І
НЯМЕЧЧЫНА І БЕЛАРУСЬ У 1915–1941 ГАДОХ
Нямецкая палітыка на Беларусі ў часе Першай сусьветнай вайныУ 1902 г. у Пецярбургу ўбачыла сьвет гектаграфічная адозва «Да інтэлігенцыі», якая ад імя Беларускай рэвалюцыйнай партыі, што была па сутнасьці студэнцкім гуртком, створаным Вацлавам Іваноўскім, заклікала выхаваную ў традыцыях польскай культуры інтэлігенцыю беларускіх земляў распачаць асьветную дзейнасьць сярод беларускага люду на яго роднай мове.[12]12
Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 7.6.1880 у фальварку Лябёдка Лідзкага павету Віленскай губ. у памешчыцкай сям’і. Скончыў V клясычную гімназію ў Варшаве (1899 г.), восеньню таго ж году паступіў на факультэт хіміі Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, які скончыў у 1904 г. Заснавальнік і старшыня выдавецкіх таварыстваў у Пецярбургу (1906–1913) і Вільні (1913–1915). У 1915–1917 г. – кіраўнік Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны ў Вільні і Петраградзе. У 1918 г. – выкладчык пэдагагічнага інстытуту ў Менску і міністар асьветы БНР. Пасьля няўдалых спробаў па стварэньні беларускай дзяржавы ў 1921 г. сышоў з палітычнай арэны. У 1922–1939 г. – прафэсар Варшаўскага політэхнічнага інстытуту, а ў 1940–1941 г. – Віленскага ўнівэрсытэту. У лістападзе 1941 г. стаў бурмістрам г. Менску, дзе і памёр ад ранаў, нанесеных у часе замаху на яго асобу.
[Закрыть] Аўтары адозвы разумелі, што такая дзейнасьць патуль яшчэ немагчымая, бо па сутнасьці не існавала ні беларускай літаратуры, ні агульнанацыянальнай беларускай літаратурнай мовы. Таму яны прапанавалі канкрэтную праграму стварэньня гэтай мовы і літаратуры, вывучэньня роднай гісторыі і арганізацыі выдавецкай дзейнасьці. Гэта была пачатковая, найпрасьцейшая культурна-асьветная праграма, якая адлюстроўвала ледзь не нулявы ўзровень беларускага нацыянальнага руху на пачатку XX ст., а таксама імкненьне да стварэньня такога руху.
Рэалізацыі гэтай праграмы спрыяла царская адмена абмежаваньняў друку на беларускай мове (25.12.1904 г.), гэтак жа, як і рост грамадзкай актыўнасьці, зьвязаны з рэвалюцыйнымі падзеямі 1905 г. Праўда, царскія ўлады і надалей не прызнавалі нацыянальнай адметнасьці беларусаў (што, між іншым, выявілася ў забароне беларускіх школаў), тым ня менш прынцыпова не перашкаджалі разьвіцьцю выдавецкай дзейнасьці, літаратуры і культуры, у якіх былі дасягнуты даволі значныя вынікі.[13]13
У 1906 г. у Пецярбургу было створана першае беларускае легальнае выдавецтва, а ў Вільні пачалі выходзіць першыя газэты: «Наша Доля» і «Наша Ніва». Гэтая дзейнасьць хутка пашыраецца, і ўжо празь некалькі год зьяўляюцца новыя выдавецкія суполкі і часопісы, між іншым, у Менску («Саха», «Лучынка»), вандроўны аматарскі тэатар, Беларускі настаўніцкі саюз – з дапамогай яго сяброў былі арганізаваны першыя беларускія школы, па-ранейшаму яшчэ нелегальныя. Да беларускага руху далучаюцца беларускія каталіцкія ксяндзы, арганізуецца беларускі гурток у Пецярбурскай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі, у сьвет выходзіць беларуская каталіцкая літаратура, між іншага – штотыднёвік «Беларус» у Вільні.
[Закрыть] Паступова беларускі нацыянальны рух рабіўся прыкметным грамадзкім фактам, знаходзіў сабе прыхільнікаў і ворагаў, аднак у момант выбуху Першай сусьветнай вайны заставаўся ўсё ж зьявішчам вельмі маладым: з моманту выданьня прыгаданай адозвы прайшло дванаццаць год, а ад пачатку ў 1906 г. легальнай выдавецкай дзейнасьці – толькі восем. Пэрыяд гэты быў замалы, каб рух стаў масавым, а беларуская нацыянальная традыцыя і грамадзка-палітычная думка набылі належнае разьвіцьцё.
Узьнікненьне беларускага нацыянальнага руху выклікала шматлікія і разнастайныя водгукі польскіх, расейскіх, украінскіх і літоўскіх публіцыстаў, беспасярэдне зацікаўленых яго пэрспэктывай і вынікамі. Але для Нямеччыны гэтае пытаньне было занадта далёкае і нязначнае, таму перад Першай сусьветнай вайной там не зьявілася аніводнай кнігі ці якой-небудзь саліднай публікацыі, прысьвечанай Беларусі і яе праблемам.[14]14
Першая кніжка, прысьвечаная Беларусі, – «Weissruthenien Land – Bewohner – Geschichte – Volkswirtschaft – Kultur – Dichtung» пад рэдакцыяй Вальтэра Егера (Walter Jager), – зьявілася ў Бэрліне толькі ў 1919 г. і практычна амаль цалкам абапіралася на матэрыялы, атрыманыя ў часе акупацыі.
[Закрыть] У нямецкіх навуковых і палітычных колах гэты край звычайна трактавалі як гаспадарна і культурна адсталую частку Расеі, якая вылучалася толькі сваёй этнічнай спэцыфікай.
Выбух сусьветнай вайны значна павялічыў цікавасьць нямецкіх гісторыкаў і публіцыстаў да праблем нерасейскіх народаў Расеі. У 1915–1916 г. у Нямеччыне заявіўся шэраг працаў, дзе аўтары разглядалі разнастайныя канцэпцыі выкарыстаньня Райхам вызваленчых імкненьняў палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, фінаў і нават украінцаў. Аднак усьцяж яны не выказвалі зацікаўленьня беларусамі. У 1915 г. Экегард Остман акрэсьліў іх як люд сялянскі і работніцкі, бяз годнай увагі інтэлігенцыі, наймацней сярод усіх астатніх народаў параднёны з расейцамі, у сувязі з чым ня бачыў рэальных магчымасьцяў узьнікненьня сярод іх сэпаратысцкіх тэндэнцыяў.
Шырэй за немцаў займаліся беларускай праблематыкай у Нямеччыне і Аўстрыі польскія і ўкраінскія публіцысты, спрабуючы аказаць уплыў на грамадзкую думку і ўрадавыя колы цэнтральных дзяржаў[15]15
Гаворка пра Нямеччыну і Аўстра-Вугоршчыну. – А. С.
[Закрыть] у напрамку сваіх палітычных інтарэсаў. І калі Леан Васілеўскі прадстаўляў беларусаў як «бясформенную этнаграфічную масу», а беларускі рух – як зьяву, што ня мае ніякага палітычнага значэньня, зьвязваючы пры гэтым вырашэньне лёсу Беларусі з апорай на польскае насельніцтва і прыхільнае да польскасьці беларускае каталіцкае жыхарства, дык украінскі публіцыст Стэфан Руднянскі падкрэсьліваў дадатныя рысы гэтага руху, вылучаючы на першы плян разьвіцьцё літаратуры і абуджэньне беларускіх сялянскіх масаў да самастойнага нацыянальнага жыцьця. Крыніцай зьвестак пра Беларусь былі таксама бэрлінская «Polnische Blatter» і венскі тыднёвік «Роlеn».
Аднак найважнейшым фактарам, якім тлумачылася невялікае зацікаўленьне нямецкіх аўтараў беларускім пытаньнем, была пазыцыя ўрадавых колаў Райху, што грунтавалася на іх стасунках з Расеяй і вызначаных ваенных мэтах. Імкнучыся стварыць новыя суадносіны сілаў і дасягнуць палітычнага і эканамічнага дамінаваньня ўва Усходняй Эўропе, нямецкі імпэрыялізм не выпускаў з поля зроку сваіх эканамічных інтарэсаў у Расеі і ня траціў надзеі на пашырэньне гаспадарчых стасункаў з гэтай краінай пасьля вайны. Гэтая акалічнасьць мела вялікае значэньне, асабліва для нямецкай прамысловасьці, для якой расейскі рынак збыту ўяўляў шматабяцальны шанец разьвіцьця. У выніку, эканамічны фактар супрацьдзейнічаў імкненьням да празьмернага аслабленьня і разьдзяленьня Расеі і ўплываў на зацікаўленасьць ураду Райху ў як мага хуткім дасягненьні зь ёю мірнага пагадненьня.
Пры такім становішчы ў першай фазе вайны, асабліва пасьля наступленьня расейскіх войскаў ува Усходняй Прусіі ў 1914 г., урадавыя колы нямецкага Райху хоць і спадзяваліся адсунуць Расею ад сваіх усходніх межаў і стварыць для гэтага буфэрную польскую дзяржаву, а таксама анэксаваць Літву і Курляндыю, аднак далей гэтых захопніцкіх плянаў ня ішлі. Такія намеры меліся быць, як прынята лічыць, досыць памяркоўныя і прымальныя для расейскага боку ў часе мірных перамоў.[16]16
Варта адзначыць, што ў жніўні – верасьні 1914 г. канцлер Райху Тэабальд фон Бэтман Гольвэг прызнаваў неабходнасьць ліквідацыі панаваньня Расеі над нерасейскімі народамі і лічыў, што мэтазгодна стварыць паміж Нямеччынай і Расеяй шэраг буфэрных дзяржаваў. Аднак гэтыя погляды не распаўсюджваліся на Беларусь.
[Закрыть] Такім чынам, Беларусь, як, зрэшты, Украіна, Латгалія і Эстонія, заставалася па-за абсягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў, таму не бралася пад увагу канцэпцыя беларускіх адраджэнцаў аб стварэньні залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы і выкарыстаньні для гэтай мэты беларускага нацыянальнага руху.[17]17
На жаль, аўтар не пацьвярджае дакумэнтальна, хто зь беларускіх адраджэнцаў і калі распрацаваў канцэпцыю стварэньня залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы. – А. С.
[Закрыть] Такім чынам, слабасьць гэтага руху была важным, але не вызначальным фактарам, што прычынілася ў недастатковай зацікаўленасьці нямецкага Райху беларускім пытаньнем. Адначасова Нямеччына не зьбіралася выкарыстоўваць сэпаратысцкіх тэндэнцыяў літоўцаў, мацнейшых за тыя, што дзейнічалі сярод беларусаў, бо гэта вынікала з вышэйшых мэтаў нямецкай палітыкі, якой у дадзеным выпадку была анэксія Літвы. Згодна з такімі палітычнымі меркаваньнямі разьвіваўся наступ нямецкіх войскаў на Усходнім фронце. Летам 1915 г. яны занялі Каралеўства польскае, Літву і Курляндыю, дасягнуўшы пад канец верасьня лініі Дзьвінск – Браслаў – Паставы – Смургоні – Баранавічы – Пінск – Луцак, пасьля чаго наступіла спыненьне ваенных апэрацыяў, якое працягвалася на ўсходзе аж да 18.2.1918 г. Такім чынам, на працягу двух год і пяці месяцаў нямецка-расейскі фронт падзяляў Беларусь на дзьве часткі. Паводле беларускага гісторыка Вадзіма Круталевіча пад нямецкай акупацыяй заставаліся яе заходнія землі плошчаю 50 тыс. кв. км, што складала прыкладна 25 % сучаснай тэрыторыі Беларусі.
Увосень 1915 г. на частцы занятых паўночна-ўсходніх земляў быў створаны вайсковы адміністрацыйны абшар Обэр Ост, які ўзначаліў шэф генэральнага штабу генэрал Эрых Людэндорф пад агульным кіраўніцтвам камандуючага Ўсходнім фронтам фэльдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга. Абшар гэты, плошчаю 109 тыс. кв. км, пасьля неаднаразовых зьменаў унутранай адміністрацыйнай структуры вясной 1917 г. падзяляўся на тры адзінкі: Літву, Курляндыю і Беластоцка-Гарадзенскую акругу, якой прызначалася роля сувязнога зьвяна паміж Прыбалтыкай і Польшчай. У межах гэтай акругі апынулася трэцяя частка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 17 тыс. кв. км. На адрэзку ад ваколіц Ліды да Браслава ўсходняя мяжа Обэр Осту супадала, зь невялікімі адхіленьнямі, з сучаснай граніцай Літвы і Беларусі.[18]18
Выкарыстаны ў тэксьце тэрмін «беларускія землі» датычыць толькі тэрыторыі сучаснай Беларусі і не ўлучае ў сябе земляў, што ўваходзяць цяпер у склад Польшчы (паветы Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі, а таксама частка Ваўкавыскага і Гарадзенскага). У такім самым значэньні ўжывае яго і В. Круталевіч. Тым ня менш мы разумеем усю яго ўмоўнасьць: улучаныя ў склад Польшчы землі належаць да зоны кампактнага пражываньня беларусаў. Паводле падлікаў аўтара, з агульнай плошчы Беластоцка-Гарадзенскай акругі, улучанай у склад Обэр Осту (2664 тыс. км кв.), на тэрыторыю Польшчы прыпадала каля 9,2 тыс. км кв., а на Беларусь – каля 17,2 тыс. км кв.
[Закрыть]
Усходняя мяжа Обэр Осту супадала з засягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў у Расеі. Разам з усходняй граніцай запраектаванай польскай дзяржавы яна павінна была разьдзяліць тэрыторыі панаваньня Расеі і Нямеччыны. Рэштка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 33 тыс. кв. км уваходзіла ў склад апэрацыйнай паласы войска паміж граніцай Обэр Осту і лініяй нямецка-расейскіх акопаў. Да гэтых земляў урадавыя колы Райху ня мелі анэксійных намераў. Яны павінны былі адыграць ролю разьменнай пазыцыі ў будучых мірных перамовах і вярнуцца да Расеі пасьля адмаўленьня апошняй ад прэтэнзій на землі, далучаныя да Обэр Осту.[19]19
Паводле арт. 4 Берасьцейскага трактату, акупаваныя беларускія землі, разьмешчаныя на ўсход ад Обэр Осту, павінны былі далучыцца да Расеі пасьля заключэньня ўсеагульнага міру і дэмабілізацыі расейскай арміі, аднак у дадатковай умове нямецка-расейскай дамовы ад 27.8.1918 г. прадугледжваўся больш раньні зварот тэрыторый на ўсход ад Бярэзіны – па меры таго як Расея будзе выконваць фінансавыя забавязаньні перад Нямеччынай.
[Закрыть]
Урадавая пазыцыя Райху ў гэтай справе заставалася нязьменнай прыкладна да капца 1916 г. Аб гэтым сьведчыць выказваньне канцлера Тэабальда фон Бэтман Гольвэга ад 23.11.1916 г., у якім ён акрэсьліў ваенныя задачы Нямеччыны наступным чынам:
Прызнаньне новага Каралеўства польскага, саступка земляў Курляндыі і Літвы і ўсталяваньне з стратэгічных меркаваньняў супольнай мяжы нямецкіх (г. зн. Обэр Осту. – Ю. Т.) і польскіх тэрыторый з Расеяй.
Гэтая пазыцыя часткова зьмянілася пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Як паказвае пратакол парады Бэтмана Гольвэга зь вярхоўным вайсковым камандаваньнем, якая адбылася 23.4.1917 г. у Бад-Кройцнаху, у гэты час разглядалася магчымасьць пашырэньня тэрытарыяльных набыткаў Нямеччыны ў Прыбалтыцы (Латвія, Эстонія), але не прадбачылася зьмены ўсходняй мяжы Обэр Осту. У зьмене гэтай мяжы Нямеччына не была зацікаўлена і на берасьцейскіх перамовах. Такім чынам, апроч далучаных да Обэр Осту земляў, што месьціліся ў трыкутніку Горадня – Ліда – Берасьце і складалі каля 8 % цяперашняй тэрыторыі Беларусі, акупацыю беларускіх земляў немцы ўважалі за часовую зьяву.
Такая пазыцыя нямецкага ўраду выключала існаваньне якіх-небудзь маштабных палітычных канцэпцыяў, як, напрыклад, стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы, канфэдэрацыю Літвы і Беларусі ці улучэньне або фэдэралізацыю беларускіх земляў з Польшчай. Таму большасьць занятых немцамі беларускіх земляў павінна была вярнуцца да Расеі; стасоўна ж той часткі, што далучылася да Обэр Осту, існавалі разнастайныя праекты. Спачатку яна павінна была далучыцца да Райху, у 1917 г. – да Літвы, у 1918 г. – да Украіны (частка Беластоцка-Гарадзейскай акругі), і, нарэшце, вясною 1919 г. яе аддалі Польшчы. У такім становішчы, апрача імкненьняў да максымальнай эксплуатацыі гаспадаркі, характэрнай, дарэчы, для ўсіх акупаваных тэрыторый, паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў абмяжоўваліся фактычна рэалізацыяй вышэй акрэсьленай нацыянальнай палітыкі.
З гэтага гледзішча па тэрыторыі Обэр Осту панавалі вельмі адрозныя ўмовы. Паводле дадзеных перапісу 1897 г., якімі карысталася нямецкая адміністрацыя, 34,4 % жыхароў гэтага абшару складалі літоўцы, 20,8 % – беларусы, 13,5 % – габрэі, 11,8 % – палякі, 10,5 % – латышы, 6,2 % – расейцы і 2,5 % – немцы (гл. табл. 1). Каля 2/3 ад усяго беларускага насельніцтва Обэр Осту прыпадала на Беластоцка-Гарадзенскую акругу, дзе яно складала абсалютную большасьць (56,0 %). Аднак дадзеныя перапісу ў часе вайны не адлюстроўвалі фактычнага стану галоўным чынам таму, што ня ўлічвалі істотных дэмаграфічных зрухаў, якія адбыліся за гэты пэрыяд. А між тым з 1897 па 1914 г. агульная колькасьць жыхароў краю ўзрасла на 30 % – да 5,8 млн.,[20]20
Аўтарскія разьлікі зроблены на падставе статыстыкі насельніцтва Гарадзенскай, Ковенскай, Курляндзкай і Віленскай губэрняў 1896 і 1914 г.
[Закрыть] пасьля чаго, у выніку эвакуацыі ў глыб Расеі ў 1915 г., паменшала напалову і ў 1916 г. складала 2,9 млн. У яшчэ большай ступені зьменшылася колькасьць праваслаўнага насельніцтва, і працэнт беларусаў ад агульнай лічбы жыхароў Обэр Осту ў выніку быў, напэўна, ніжэйшы, чым у 1897 г.
Такім чынам, улады Обэр Осту апынуліся перад праблемай кіраваньня шматнацыянальным рэгіёнам, дадатковую спэцыфіку якога складала абумоўленая гістарычна дамінацыя польскай культуры на беларуска-літоўскіх землях і нямецкай – у Курляндыі. Маладыя літоўская, латыская і беларуская культуры, якія разьвіваліся ў цені гэтых старых культураў, былі яшчэ слабыя, а іх грамадзкае значэньне – непараўнальнае зь пераважным удзелам гэтых нацыянальнасьцяў у насельніцтве Обэр Осту. Паводле зьвестак дасьледчыка гісторыі школьніцтва за акупацыйны пэрыяд Ганса Дамне, спробы літоўскай інтэлігенцыі па стварэньні сучаснай літаратурнай мовы былі тады яшчэ ў пачатковай стадыі і не знаходзілі водгуку сярод мясцовага сялянства, якое не разумела штучных моўных нэалягізмаў і высьмейвала іх. Гэткія самыя цяжкасьці перажывала ў сваім разьвіцьці і беларуская мова і літаратура.
Імкнучыся вырашыць складаную моўную праблему, акупацыйныя ўлады прынялі за прынцып аднолькавае стаўленьне да ўсіх нацыянальнасьцяў. Гэта было зьвязана, напэўна, з намечанай у першай фазе вайны анэксіяй усёй тэрыторыі Обэр Осту, бо наданьне прывілеяў нейкай адной нацыі зь нямецкага гледзішча было б нявыгадна. У выніку, для ўсіх нацыянальнасьцяў у роўнай меры меў дачыненьне ўказ аб забароне ўсялякай палітычнай дзейнасьці, выдадзены Гіндэнбургам 28.7.1915 г., гэтак жа, як і дазвол уладаў на функцыянаваньне камітэтаў дапамогі ахвярам вайны. Да сярэдзіны 1917 г. яны былі адзінай легальнай формай грамадзкай дзейнасьці мясцовага насельніцтва. Гэтыя камітэты выконвалі таксама ролю нефармальных прадстаўніцтваў паасобных нацыянальнасьцяў і былі ўпаўнаважаныя даваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асьветнай і культурнай галінах.
Прынцып аднолькавага стаўленьня да паасобных нацыянальнасьцяў Обэр Осту афіцыйна быў заяўлены ў выдадзеных Гіндэнбургам 22.12.1915 г. асноўных дырэктывах, якія датычылі арганізацыі школьніцтва, а таксама – у інструкцыі ад 16.1.1916 г. У іх забаранялася весьці ў пачатковых школах навучаньне па-расейску і ўводзілася абавязковае выкладаньне на роднай мове. Такі парадак павінен быў захоўвацца і пры вывучэньні рэлігіі. Інструкцыі прадугледжвалі для ўсіх школаў абавязковае вывучэньне нямецкай мовы ў ступені, дастатковай для авалоданьня яе вуснай і пісьмовай формамі. Затое ня ўводзілася абавязковага наведваньня школы, што выключала прымусовае навязваньне дзецям навукі на мове, якую іх бацькі ўважалі за непажаданую. У імя ажыцьцяўленьня прынцыпу раўнапраўя ўсім нацыянальнасьцям Обэр Осту была дазволена культурная дзейнасьць і выданьне газэт на роднай мове. Выдаваліся дзьвюхмоўныя пашпарты: нямецка-латыскія, нямецка-літоўскія, нямецка-польскія і нямецка-беларускія – адпаведна па акругах.
У новай сытуацыі магчымасьці беларускай грамадзка-культурнай працы напачатку былі вельмі абмежаваныя. Прычынай была вайсковая мабілізацыя, а таксама эвакуацыя насельніцтва, якая ахапіла большую частку дзеячаў беларускага руху, у глыб Расеі. Створаны ў сакавіку 1915 г. «Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны» ў Вільні пасьля эвакуацыі яго старшыні Вацлава Іваноўскага працягваў ува ўмовах нямецкай акупацыі сваю дзейнасьць пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча. Увосень 1915 г. ён згуртаваў вакол сябе невялікую груцу застаных дзеячаў, сярод якіх найбольшую ролю адыгрывалі Францішак Аляхновіч, Алёйзія Пашкевіч-Кайрыс, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі, Юліяна Мэнке, Баляслаў Пачобка, Язэп Салавей і ксёндз Уладзіслаў Талочка. Асабліва цяжкая кадравая сытуацыя была ў правінцыі.