Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 18 страниц)
1. Гэта вайсковая, а не палітычная дамова, яна скіравана на тое, каб ачысьціць край ад савецкіх бандаў.
2. Ніякіх зьменаў у кіраваньні краем і адміністрацыйнай палітыцы не прадугледжваецца. Польскі бок абавязуецца не кранаць нямецкай арміі, нямецкай і літоўскай адміністрацыі. Харчовыя паставы для войска павінны ладзіцца безь перашкод.
3. У кожнай акрузе выступаць у якасьці прадстаўніка партызанскіх атрадаў павінна толькі адна паўнамоцная асоба. Паміж польскім і нямецкім камандаваньнем прызначаецца сувязны.
4. Польскія атрады атрымліваюць поўны боекамплект, аж да лёгкай артылерыі ўлучна.
5. Польскія атрады атрымліваюць права на збор харчовых паставаў на вызначаных землях.
6. Некаторыя віды зброі могуць выдавацца толькі на пэрыяд баявых дзеяньняў з умоваю, што яны будуць абавязкова вернутыя пасьля іх заканчэньня.
7. Прадугледжваецца польска-нямецкае баявое супрацоўніцтва.
Аднак гэтае пагадненьне не было падпісана – Кжыжаноўскі спаслаўся на тое, што паміж Польшчаю і Нямеччынай працягваецца вайна, і адкінуў праект дамовы. Хрысьціянсан паставіўся да гэтага з разуменьнем, ён прапанаваў варыянт, які дазволіў бы АК, не мяняючы прынцыповай пазыцыі, атрымліваць ад немцаў зброю і амуніцыю і іншае вайсковае забесьпячэньне. Ежы Дабжанскі, які прысутнічаў пры гэтай размове, сьведчыць, што гаворка ішла пра стварэньне сыстэмы вайсковых складоў з слабай аховай. З маўклівай згоды Вэрмахту акоўскія атрады маглі б нападаць на іх і такім чынам здабываць сабе ўсю неабходную экіпіроўку. Гэтая аднабаковая пазыцыя немцаў вырашыла справу – немагчыма было адмовіцца ад зброі, якая ледзь не сама падала ў рукі.
Такім чынам, фармальная дамова была заменена камуфляжам, прычым настолькі ўдалым, што пасьля вайны вяліся доўгія спрэчкі вакол становішча акоўскіх атрадаў у апошняй фазе акупацыі. І сапраўды, вясною 1944 г. не атакаваныя немцамі атрады АК зрабілі шэраг нападаў на іх склады і гарнізоны, аднак цяжка вызначыць, у якой меры гэта былі аўтэнтычныя дзеяньні і ў якой – інсьпіраваныя Абвэрам. Апошнюю вэрсію пацьвярджае той факт, што немцы рознымі іншымі спосабамі падкідвалі зброю ў раёны разьмяшчэньня акоўскіх атрадаў. Кампэтэнтныя дзеячы АК сьведчаць, што гэткім шляхам немцы паляпшалі ўзбраеньне наваградзкіх атрадаў, а таксама брыгад паручніка Грацыяна Фруга (псэўданім «Шчэрбец») і паручніка Зыгмунта Шандзаляжа («Лупашкі») у Віленскай акрузе.
На Віленшчыне і Наваградчыне нямецкая патаемная дапамога АК сталася сакрэтам палішынеля, аднак нельга было голасна разважаць пра яе. Віленскі публіцыст Юзаф Мацкевіч быў бадай што першым польскім аўтарам, які не пабаяўся гневу апалягетаў «палітычнай праўды» і загаварыў пра гэта публічна. Ён пісаў:
А пакуль што існуе дамова Немцы паціху даюць нам зброю – лічыцца, што мы яе здабываем, – і не кранаюць. А ўзамен хочуць, каб мы разагналі савецкіх партызан. Як спаткаецца наш атрад з жандарамі на дарозе, дык адны глядзяць у адзін бок, а другія – у іншы, так і разыходзяцца, як дзьве лялі. Апошнім часам лідзкі гебітскамісар, уласна кажучы, перадаў увесь свой «гебіт» у нашыя рукі, каб мы яму ўзамен ачысьцілі павет ад бальшавікоў. І мы «ачышчаем», калі ўдаецца… Хаця… справа ўжо да таго дайшла, што наш камандзір пры поўным парадзе: на канфэдэратцы – тры зоркі, «маўзэр» пры пасе, «жолнеж польскі» ў пілётцы – на козлах сярод белага дня заяжджае ў нямецкую гарадзкую камэндатуру. Выходзіць нямецкі камандзір, салютуе пад казырок. Ідуць на нараду. Выходзяць – зноў пад казырок, наш сядае і ад’яжджае ў лес. Во што робіцца.
Новы курс нямецкай палітыкі да палякаў і асабліва падкормліваньне зброяй спрыялі ўзмацненьню пазыцыі АК у некаторых раёнах Заходняй Беларусі. А ў Лідзкай акрузе склалася ўвогуле ўнікальная сытуацыя: на пачатку 1944 г. нямецкая акупацыйная адміністрацыя тут папросту пакінула свае воласьці і толькі ў гарадох і на дарогах яшчэ падтрымлівала свой кантроль. Трапныя назіраньні Мацкевіча пацьвярджае акоўская справаздача з Наваградзкага ваяводзтва, у якой апісваецца сытуацыя, што панавала ў лютым – сакавіку 1944 г. Варта прывесьці зь яе шырокую цытату:
Пад канец 1943 – на палатку 1944 г. абставіны склаліся такім чынам, што шэраг паветаў Наваградчыны апынуўся, уласна кажучы, цалкам у польскіх руках. Немцы, заўважыўшы антыбальшавіцкую актыўнасьць Войска польскага, выкарысталі яе дзеля ўласнай бясьпекі. Яны не чапаюць польскіх атрадаў і нават у многіх выпадках аказваюць ім дапамогу. Натуральна, гэта прыводзіць у замяшаньне палітычныя погляды польскага грамадзтва і ў сэнсе прапагандысцкім і палітычным можа прынесьці вялікую шкоду… Шчучынскі павет уваходзіць у склад Лідзкага гебітскамісарыяту… Гэта астравок Польшчы, на якім мясцовыя нямецкія ўлады выказваюць максымум цярпімасьці і разуменьня да арганізаванага і ўзброенага польскага грамадзтва. Шчучынскі павет нагадвае раёны Жлобіна і Бабруйску часоў Доўбара-Мусьніцкага.[136]136
У студзені – лютым 1918 г. польскі корпус расейскай арміі пад камандаваньнем ген. Юзафа Доўбара-Мусьніцкага дысьлякаваны ў раёне Рагачоў – Жлобін – Бабруйск, пры матэрыяльнай падтрымцы Антанты ўчыніў антысавецкі мяцеж і захапіў шэраг гарадоў і мястэчак. – А. С.
[Закрыть] Нямецкая ўлада існуе толькі ў мястэчках, а чырвоных – па той бок Нёмна.Польскія атрады праводзяць рэгулярную мабілізацыю – старасты афіцыйна разносяць імянныя прызыўныя позвы… Кожнае нядзелі, на кожнае сьвята ў вёсках спраўляюць палявую імшу з казаньнем… Млыны, дзяржаўныя маёнткі і вёскі плацяць даніну натурай і грашыма. Варшавяне з УКБ (Ударны кадравы батальён Баляслава Пясочнага. – Ю. Т.) кажуць, што ўва ўсёй Польшчы няма такіх спрыяльных умоў для стварэньня падпольнай арміі, як у Шчучынскім павеце. Натуральна, што справа тут ня толькі ў настроях насельніцтва, але і ў нямецкай паблажлівасьці. Немцы вызвалілі з шчучынскага астрогу дзевяць хлопцаў, гаворачы, што вяртаюць ім свабоду пры ўмове, што яны пойдуць да «белых».
Пры такой сытуацыі ў першай палове 1944 г. акоўскія шэрагі пачалі хутка разрастацца. Справа пайшла з асаблівым размахам пасьля таго, як на вызначаных Готбэргам землях была праведзена веснавая мабілізацыя мужчын у АК. Аб гэтым вымоўна сьведчыць статыстыка: колькасны асабовы склад акоўскіх атрадаў у Наваградзкай акрузе ў чэрвені 1944 г. дасягнуў 7,7 тыс. чалавек, прычым 40 % зь іх складалі праваслаўныя беларусы. Цікава, што з гэтай агульнай колькасьці на невялікую Лідзкую акругу прыйшлося 6,5 тыс. чалавек, г. зн. амаль 85 % ад агульнай лічбы жаўнераў ува ўсёй Наваградзкай акрузе АК. Затое ў іншых раёнах, дзе Готбэрг не даваў спэцыяльнага дазволу, вынікі мабілізацыі ў АК былі досыць сьціплыя.
Напярэдадні адыходу немцаў сілы АК нямала зрабілі для таго, каб расправіцца з патэнцыйнымі праціўнікамі аднаўленьня польскай улады ў Заходняй Беларусі. Як падаваў Пільх, пачынаючы зь сьнежня 1943 г. да канца чэрвеня 1944 г. чальцы яго атраду забілі каля 6 тысяч «бальшавікоў». Думаецца, што пераважная частка забітых – гэта мірныя беларускія жыхары, якіх западозрылі ў сувязях з савецкімі партызанамі. Вынішчэньне беларусаў павялічылася і ў Лідзкай акрузе. Паводле беларускіх крыніц, зь сярэдзіны лютага да паловы красавіка 1944 г. ад рук акоўцаў там загінула некалькі тысяч чалавек.
Нямецкая адміністрацыя да канца акупацыі не спыняла заляцаньняў з акоўцамі ў Беларусі і ў Літве, нягледзячы на тактычнае ўзмацненьне антынямецкіх дывэрсійных акцыяў АК. У адрозьненьне ад нападаў савецкіх партызан, гэтыя акцыі нават не знайшлі адлюстраваньня ў тагачасных нямецкіх дакумэнтах. Акупацыйныя ўлады настолькі пераканаліся ў бяскрыўднасьці Арміі Краёвай, што нават вырашылі паспрабаваць яе сілы выкарыстаць пры абароне Вільні ад Чырвонай Арміі. Разглядаўся нават праект стварэньня польскага прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) у Літве, саступак у галіне школьнай асьветы, культуры і г. д.
Аднак да такога супрацоўніцтва не дайшло, бо пад канец акупацыі, у ліпені, АК паспрабавала выбіць нямецкія войскі зь Вільні. Гэтая апэрацыя стала свайго роду гістарычнай індульгенцыяй АК, яна павінна была засьведчыць, што ўсе стасункі зь немцамі былі проста тактычнымі сродкамі, якія служылі іншай, вышэйшай мэце – умацаваньню ўласных сілаў дзеля адбудовы польскай дзяржаўнасьці на ўсходніх землях.
Паводзіны Готбэрга ў справе разьвіцьця беларускіх паліцыйных атрадаў, стварэньня казацкіх батальёнаў, арганізацыі абаронных вёсак, нарэшце, ператварэньне часткі Слонімшчыны і Наваградчыны ў «самаўладную рэспубліку» расейскай брыгады Камінскага[137]137
Гэтая акруга была створана ў лютым 1944 г. Яна не падлягала ўладзе акруговых камісарыятаў у Наваградку i Слоніме, а падпарадкоўвалася Камінскаму.
[Закрыть] сьведчаць аб тым, што ён найперш кіраваўся ўласнымі інтарэсамі ў барацьбе з савецкімі партызанамі, а не якімі-кольвек меркаваньнямі беларускай палітыкі. 'Таму меў рацыю супрацоўнік ОМі Кляйст, калі сьцьвярджаў, што Готбэрг быў праціўнікам ранейшага курсу Кубэ.
Такім чынам, можна меркаваць, што ўсе зьмены, якія неўзабаве пачаліся ў гэтым напрамку і завяршыліся стварэньнем Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), былі вынікам ініцыятывы Астроўскага, а ня Готбэрга. Сьмерць Кубэ нарэшце дазволіла Астроўскаму вярнуцца на радзіму, дзе ён спадзяваўся адыграць важную палітычную ролю. Не пазьней за пачатак кастрычніка 1943 г. разам з штабам камандуючага цэнтральным участкам фронту Клюге Астроўскі перабраўся з Смаленску ў Баранавічы. Тым часам у Менску разьмясьцілася смаленскае СД. Астроўскі пастараўся ня страціць кантактаў, завязаных з вайсковымі і паліцыйнымі ўладамі ў Смаленску, і цяпер, маючы іх рэкамэндацыі і падтрымку новага шэфа Готбэрга, адчуваў сябе на кані.
Бессумненна, што менавіта Астроўскі (асабіста альбо праз пасярэдніцтва сваіх нямецкіх спонсараў) адразу ж узяўся за справу і пасьпяшаўся пераканаць Готбэрга ў мэтазгоднасьці стварэньня на Беларусі органа цэнтральнага самакіраваньня. Аднак ёсьць нямала доказаў таго, што Готбэрг не адразу даў сябе намовіць. Тры важкія акалічнасьці перашкаджалі ажыцьцяўленьню гэтага праекту: па-першае, бэрлінскія інструкцыі забаранялі стварэньне такога органа, па-другое, фармальна яшчэ існаваў Камітэт даверу, але зь ім Готбэрг супрацоўнічаць не хацеў, бо ня мог пагадзіцца з пазыцыяй Іваноўскага, нарэшце, па-трэцяе, ён ня верыў у магчымасьці беларускага нацыяналізму і не сьпяшаўся разыгрываць гэтую карту. З другога боку, Готбэрг разумеў, што такі орган адыграе пэўную прапагандысцкую ролю і стане карысным інструмэнтам у барацьбе з партызанамі.
Свае ідэі і асьцярогі ў галіне беларускай палітыкі Готбэрг упершыню прадставіў на канфэрэнцыі, якая адбывалася ў ОМі 22–23.11.1943 г. У ёй прымалі ўдзел вышэйшыя кіраўнікі гэтага міністэрства на чале з пастаянным намесьнікам Розэнбэрга – Мэерам. Готбэрг па-ранейшаму не выказваў да беларусаў даверу, абвінавачваў у супрацоўніцтве з савецкімі партызанамі, даводзіў, што яны ня ведаюць уласнай мовы, быў супраць адкрыцьця культурных установаў накшталт Менскага тэатру і лічыў, што культурная праца не павінна выходзіць за межы самага прымітыўнага ўзроўню. Тым ня менш ён выказаўся за як мага хутчэйшае выданьне школьных падручнікаў, за далейшую працу арганізацыяў самапомачы і Саюзу беларускай моладзі, бо лічыў, што ў грамадзтве яны адыгрываюць дадатную прапагандысцкую ролю.
У той момант Готбэрг палічыў, што стварэньне органа, пра які так старанна клапаціўся Астроўскі, – справа другарадная. У агульных фразах, нават не падаўшы яго будучай назвы, не акрэсьліўшы кола яго паўнамоцтваў, Готбэрг паведаміў толькі, што такі орган мог бы выконваць некаторыя дарадчыя функцыі. У прыватнасьці, ён тады не праводзіў ніякай сувязі паміж праектам стварэньня БЦР і разьвіцьцём беларускіх узброеных сілаў, што між тым пазьнейшыя дасьледчыкі палічылі за галоўны матыў яе стварэньня. Калі ўжо казаць дакладна, дык на гэтай канфэрэнцыі Готбэрг вёў гаворку не пра стварэньне новага органа, а пра актывізацыю раней створанай Рады даверу, каб такім чынам пераканаць удзельнікаў канфэрэнцыі, што выданьня нейкіх дадатковых праўных актаў у гэтай справе не спатрэбіцца. Готбэрг спадзяваўся, што такім шляхам яму ўдасца абмінуць складаную фармальную працэдуру.
Вынікі канфэрэнцыі ўказваюць на тое, што Готбэрг усё ж такі зьбіраўся выкарыстаць праект Астроўскага, але надышоў канец лістапада, а справа ня рушылася зь месца. Усё ўпіралася ў праблему кіраўніцтва: стаць старшынём рэарганізаванай Рады даверу Астроўскі мог толькі пасьля таго, як гэтую пасаду пакіне Іваноўскі. Аднак Готбэрг, хаця і быў зацікаўлены ў тым, каб пазбыцца Іваноўскага, ня стаў яго звальняць ці патрабаваць, каб ён падаў у адстаўку, а пакінуў гэтую справу Астроўскаму і яго паслугачам.
Спачатку яны думалі, што ананімнымі лістамі ім удасца запалохаць Іваноўскага і прымусіць яго пакінуць Менск, але спроба не ўдалася. І тады пачалася падрыхтоўка да замаху. 6 сьнежня, калі Іваноўскі ў адкрытай брычцы вяртаўся дадому з гарадзкой управы, на яго напалі двох мужчын, адзін зь якіх – Аляксандар Камінскі – раней служыў у менскай паліцыі і «ўцёк» у партызаны, – прагучала некалькі стрэлаў. Іваноўскі быў паранены, але не сьмяротна. Яго адразу ж перавезьлі ў гарадзкі шпіталь і кінулі бязь лекарскай дапамогі. Назаўтра, 7.12.1943 г., Вацлаў Іваноўскі памёр. Готбэрг ужо 23 лістапада падчас раней згаданай канфэрэнцыі выразна наменьваў на тое, што на Іваноўскага рыхтуецца замах і выканаюць яго самі беларусы. Ён зьвязаў гэта зь неабходнасьцю актывізацыі Рады даверу. Адказнасьць за сьмерць Іваноўскага кладзецца як на плечы Астроўскага, так і Готбэрга – першы быў ініцыятарам замаху, другі ведаў пра яго ад пачатку і дазволіў, каб ён адбыўся.
Зь сьмерцю Іваноўскага зьнікла апошняя перашкода на шляху Астроўскага да БЦР. Неўзабаве пасьля замаху, 12.12.1943 г., акруговы баранавіцкі камісар Рудольф Вэрнэр склікаў сход мясцовага актыву, на якім кандыдатуру Астроўскага вылучылі на пасаду прэзыдэнта БЦР. Гэта і быў той самы «выраз народнага даверу», на які пазьней спасылаліся Готбэрг і Астроўскі.
Праз тыдзень, 21.12.1943 г., у Менску адбыўся ўрачысты сход, на якім Готбэрг абвясьціў стварэньне Беларускай цэнтральнай рады і прызначыў Астроўскага яе прэзыдэнтам. Тут жа быў абвешчаны статут, у якім БЦР менавалася прадстаўніцтвам беларускага народу, а яе галоўнай мэтаю ставілася мабілізацыя ўсіх нацыянальных сілаў на барацьбу з бальшавізмам. Перадаваць акупацыйным уладам адпаведныя праекты стала правам і абавязкам БЦР. Адсюль вынікае, што Рада павінна была стаць галоўным чынам дарадчым органам, аднак у некаторых галінах (сацыяльная абарона, культура і школьніцтва) яна мела права на самастойную дзейнасьць і магла выдаваць распараджэньні ад уласнага імя.
Дарэчы, у зачытаным Готбэргам статуце не было ніякіх спасылак на нейкія загады альбо іншыя рашэньні цэнтральных бэрлінскіх уладаў, якія маглі б лічыцца праўнай падставай дзейнасьці БЦР. І сапраўды, такой падставы не існавала: БЦР узьнікла ў выніку рэарганізацыі Рады (дакладней кажучы – Камітэту даверу), прычым Готбэрг выкарыстаў плён свайго папярэдніка– Кубэ. Аднак БЦР не была фармальным працягам Камітэту даверу, які быў толькі дарадчай адміністрацыйнай камісіяй генэральнага камісарыяту, а не асобным беларускім органам. Функцыі і паўнамоцтвы БЦР і Камітэту даверу былі розныя, таму такая рэарганізацыя стала толькі прыкрыцьцём для самавольных рашэньняў Готбэрга. Бэрлінскае начальства заплюшчвала вочы на гэтую праўную фікцыю, тым больш, што яе аўтарам быў чалавек СС, а ў Менску ніхто не спрабаваў спэцыяльна ў гэтым разабрацца.
У прамове з нагоды абвяшчэньня БЦР Готбэрг паабяцаў паляпшэньне жыцьцёвых умоў: павелічэньне заробкаў, забесьпячэньне харчовымі і прамысловымі таварамі, мэдыцынскімі паслугамі – і заклікаў насельніцтва да арганізацыі абаронных вёсак. Беларускі народ, якому яшчэ зусім нядаўна ў Бэрліне ён выказваў недавер, цяпер Готбэрг называў ня іначай як «фанатычным ворагам бальшавізму». Нядаўні праціўнік разьвіцьця беларускай навукі і культуры, які лічыў дзейнасьць Менскага тэатру залішняй раскошай, цяпер абяцаў яму ўсебаковую падтрымку. Готбэрг разьлічваў, што гэтыя тыпова прапагандысцкія дэклярацыі створаць уражаньне зьмены кірунку нямецкай палітыкі на Беларусі, а заадно адцягнуць увагу ад сапраўднай сутнасьці новага органа.
Апрача фармальных паўнамоцтваў, пералічаных ува ўступнай частцы, у статуце БЦР былі пункты, якія абмяжоўвалі яе дзейнасьць толькі тымі заданьнямі, якія выстаўлялі перад ёй акупацыйныя ўлады. Абмежаваньні датычылі нават такіх кірункаў дзейнасьці БЦР, дзе яна мела права на самастойныя рашэньні: культуры, школьніцтва і сацыяльнага забесьпячэньня апекі. Усе распачынаньні ў гэтых галінах павінны былі зацьвярджацца акупацыйнымі ўладамі. Прэзыдэнт БЦР прызначаўся і здымаўся з пасады паводле рашэньня генэральнага камісара, згодна з прапановамі прэзыдэнта ён прызначаў таксама і сяброў Рады. Такім чынам, БЦР нават з фармальнага гледзішча не была самастойным органам. Варта адзначыць, што ані ў статуце, ані ў інаўгурацыйнай прамове Готбэрга нічога не гаварылася пра задачы БЦР у вайсковай галіне. У рэшце рэшт, 21 сьнежня стала днём абвяшчэньня БЦР, а не яе стварэньня, бо, апрача Астроўскага, ня быў яшчэ прызначаны ніводзін сябра Рады. Значыцца, Готбэрг па-ранейшаму дзейнічаў вельмі асьцярожна.
Астроўскага гэта, здаецца, не расчаравала. У адказ на прамову Готбэрга ён выказаў разуменьне, што ў часе вайны нельга разьлічваць на поўнае і канчатковае вырашэньне беларускага пытаньня, але заявіў, што не губляе надзеі на вырашэньне гэтай праблемы
згодна з інтарэсамі беларускай нацыі – саюзьніцы вялікай нямецкай нацыі.
Ён выказаў словы падзякі і вернасьці і заклікаў нацыю да супольнай зь Нямеччынай барацьбы
да канчатковае перамогі.
Астроўскі ведаў межы сваёй кампэтэнцыі і разумеў асьцярогі Готбэрга, таму вырашыў абраць тактыку малых крокаў і адваёўваць саступкі спакваля.
Астроўскі вырашыў зрабіць стаўку на тое, што зараз было найбольш патрэбна Готбэргу і што ён сам трымаў цяпер у сваіх руках, – на прапаганду. Адразу ж пасьля абвяшчэньня БЦР з дапамогай мясцовых службаў БНС у правінцыі ён арганізаваў шматлікія маніфэстацыі падтрымкі БЦР пад лёзунгамі беларускай незалежнасьці і барацьбы з партызанскім рухам. 10.1.1944 г. Астроўскі выступіў з адозвай да нацыі, якая распаўсюджвалася па ўсіх даступных каналах масавай інфармацыі. Ён заклікаў партызан і жыхароў, што знаходзіліся пад іх аховай, адмовіцца ад супраціву і вярнуцца дадому. Да гэтай акцыі была далучана і праваслаўная царква. Такой інтэнсіўнай прапаганды на Беларусі ня бачылі ад пачатку акупацыі.
Сапраўднай прычынай гэтай прапагандысцкай кампаніі была псыхалягічная падрыхтоўка грамадзтва Беларусі да вайсковай мабілізацыі. Готбэрг, праўда, у студзені яшчэ не атрымаў дазволу на гэта з Бэрліна, але спадзяваўся, што неўзабаве ён паступіць. Пра тое сьведчылі прыгатаваньні да мабілізацыі ў Прыбалтыцы. Толькі ў гэты момант нарэшце была склікана БЦР. 22 студзеня адбылося т. зв. канстытуцыйнае пасяджэньне Рады, на якім быў публічна абвешчаны яе 14-асабовы склад на чале з прэзыдэнтам Астроўскім і двума яго намесьнікамі – Шкялёнкам і Сабалеўскім. 24 студзеня было створана 12 аддзелаў БЦР, сярод іх – вайсковы, кіраўніком якога прызначылі Кушаля.
У лютым пасьля дазволу Гітлера на правядзеньне на Беларусі мабілізацыі ў БЦР адбыліся новыя перамены. 23 лютага Готбэрг «у адказ на прапанову прэзыдэнта БЦР ад 18.2.1944 г.» выдаў загад аб стварэньні Беларускай краёвай абароны (далей – БКА) і даручыў БЦР правесьці на пэўных землях Генэральнай акругі Беларусь вайсковую мабілізацыю. БЦР адразу ж узялася за падрыхтоўку гэтай акцыі. 25 лютага ў Менску адбыўся вялікі мітынг, на якім так званы «беглы» капітан Чырвонай Арміі Ігар Капер «абнародаваў» таемны загад Сталіна аб поўным вынішчэньні беларускай нацыі, пасьля чаго была падрыхтавана рэзалюцыя аб гатоўнасьці гэтай нацыі да барацьбы з бальшавізмам. У той самы дзень БЦР прызначыла сваіх акруговых камандзіраў у Менску, Баранавічах, Глыбокім, Наваградку, Слоніме, Слуцку і Вялейцы. Ім было загадана ўзначаліць працу прызыўных камісіяў у сваіх акругах.
Готбэрг разумеў, што, калі адзінай справаю БЦР будзе мабілізацыя, ніякай грамадзкай папулярнасьці ёй гэта не прынясе, і таму, згодна з раней абвешчанай праграмай, вырашыў пашырыць яе паўнамоцтвы і ў іншых галінах. Гэта б сьведчыла пра аўтарытэт Рады і яе самастойнасьць. Пра гэта Готбэрг гаварыў 1 сакавіка на чарговай канфэрэнцыі ў ОМі, прычым падкрэсьліваў, што акупацыйныя ўлады, калі б яны перадаручылі БЦР некаторыя галіны адміністрацыі, па-ранейшаму маглі б трымаць іх пад сваім кантролем і агульным кіраўніцтвам. Аднак з чыста фармальнага боку вырашыць такое пытаньне было вельмі цяжка, наколькі ОМі не магло кіраваць дзейнасьцю БЦР – яно не дало санкцыяў на яго стварэньне. Пры гэтым «паўнамоцтвы» БЦР у вайсковай галіне ня мелі істотнага значэньня – падобная мабілізацыя праводзілася таксама і на іншых землях Беларусі, якія знаходзіліся па-за межамі Генэральнай акругі і не падлягалі кампэтэнцыі БЦР.
Таму Готбэргу даводзілася дзейнічаць так, каб атрымаць як мага большы прапагандысцкі эфэкт і адначасова не парушыць інструкцыяў свайго начальства. Такім чынам, 1 сакавіка ён апублікаваў у сваім афіцыйным весьніку статут БЦР, пазначыўшы яго задняю датаю – 21.12.1943 г., з спасылкай на распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г., якое не давала права на стварэньне такога органа. У лютым ён дазволіў Астроўскаму прызначыць сваіх акруговых намесьнікаў, якія тэарэтычна павінны былі заняцца фармаваньнем мясцовага апарату БЦР, а на самай справе – сачыць за правядзеньнем мабілізацыйнай кампаніі. Таму іх ня сталі прызначаць у тых акругах, дзе не праводзілася мабілізацыя (Лідзкая, Ганцавіцкая і Барысаўская акругі). Готбэрг пагадзіўся, каб БЦР пераняла на сябе кіраўніцтва арганізацыямі самапомачы, але ніякага практычнага значэньня такая іх перадача ня мела, бо сацыяльнае забесьпячэньне па-ранейшаму заставалася ў руках акруговых камісараў. Тое самае адбылося і ў галіне народнай асьветы. 21 лютага Готбэрг загадаў акруговым камісарам перадаць БЦР школьныя справы, аднак аддзелы асьветы і школьныя інспэктараты да канца акупацыі заставаліся ў складзе акруговых камісарыятаў. Цяпер акруговыя прадстаўнікі БЦР маглі толькі аказваць нейкі ўплыў па школьную працу.
Трэба заўважыць, што пытаньне ўлады было цесна зьвязана з пытаньнем фінансаваньня гэтых галінаў грамадзкага жыцьця. БЦР існавала на датацыі генэральнага камісарыяту, ня маючы ўласнага бюджэту, і гэта зноў жа было вынікам яе юрыдычнага становішча. Таму «рэальна» яна магла распараджацца толькі ў такіх сфэрах дзейнасьці, дзе не магло паўстаць фінансавых праблемаў. Да такіх належалі Беларускае навуковае таварыства, Беларускае культурнае згуртаваньне (яно было створана ў пачатку лютага 1944 г.), бібліятэкі, што дагэтуль былі ўвогуле зачыненыя, а таксама народныя дамы. Тое самае было і зь менскім гарадзкім тэатрам – у красавіку 1944 г. пасьля рамонту ён быў перададзены на балянс БЦР, але фінансавала яго па-ранейшаму гарадзкая ўправа. Усе гэтыя перамены на самай справе мала што давалі, аднак вакол іх разьдзімалі шумную прапаганду. Маляваліся пышныя пляны на будучыню, праекты разьвіцьця народнай асьветы, адкрыцьцё ўнівэрсытэту і іншых вышэйшых школаў, пабудовы новых тэатраў, пэнсійныя праграмы і г. д., як бы забываючыся, што дні нямецкай акупацыі ўжо палічаныя.
Шуміха наконт перадачы БЦР адміністрацыі мела глыбейшы сэнс. Яня была разьлічана на тое, каб стварыць уражаньне, што на Беларусі і сапраўды паўстаў краёвы орган улады, і ад яго імя абвясьціць мабілізацыю ў «нацыянальнае» войска, бо менавіта так растлумачвалі мэты мабілізацыі і характар БКА. Але нічога супольнага з сапраўднымі намерамі Готбэрга гэта ня мела. 1 сакавіка на ўжо згаданай канфэрэнцыі ў ОМі ён прадставіў праект стварэньня ў Беларусі на працягу 4–6 тыдняў антыпартызанскага фармаваньня, т. зв. Kampfgruppen von Gottberg, сілаю 20 тыс. чалавек. У яго павінны былі ўліцца казацкія і каўкаскія часьці, брыгада Камінскага і беларускія батальёны. Такім чынам, БКА была задумана як адно з гэткіх фармаваньняў Готбэрга. Праўда, ён не называў праектаванага колькаснага складу БКА, але з тых дадзеных, якія падаў, можна зразумець, што гаворка вялася пра 10-тысячны кантынгент.[138]138
Асабовы склад брыгады Камінскага мусіў налічваць каля 7 тыс. чалавек, а казацкіх і каўкаскіх атрадаў – 2–3 тыс. Два казацкія батальёны былі сфармаваны ў Наваградзкай акрузе, а два каўкаскія – у Слонімскай.
[Закрыть]
Амбіцыі Астроўскага сягалі значна вышэй: паводле яго загаду аб мабілізацыі, на прызыўныя пункты склікалі каля 40 тыс. мужчын. І гэта зрабіла вялікае ўражаньне. Пра гэта ня толькі гаварыў сам Астроўскі і пісалі тагачасныя газэты, якія можна падазраваць у тэндэнцыйнасьці, але і Готбэрг, і акруговыя камісары адзначалі ў сваіх справаздачах, што мабілізацыя прайшла ўдала і толькі гаспадарчыя ўмовы не дазволілі дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў. Наваградзкі акруговы камісар паведамляў, што на яго тэрыторыі мабілізацыйнае распараджэньне выканана амаль поўнасьцю, прытым частка прызыўнікоў зьявілася нават з тых раёнаў, дзе гаспадарылі партызаны. За малым выняткам так было паўсюль, рэдкім дысанансам прагучала справаздача слонімскага акруговага камісара: ён пісаў, што прызыўнікі ўкрываюцца ад мабілізацыі, аднак, магчыма, тым ён хацеў апраўдаць асабістае, вельмі адмоўнае, стаўленьне да такой акцыі. Кіраўніцтва польскага падпольля ўважліва сачыла за ходам мабілізацыі і атрымлівала інфармацыю аб яе масавым характары, а камандуючы АК паведамляў:
Беларусы – цалкам за немцаў пасьля апошніх саступак, большасьць зь іх ідзе ў войска ахвотна.
Аднак Готбэрг не плянаваў ствараць 40-тысячнага войска: гэта пагражала зрывам працы многіх патрэбных для Нямеччыны прадпрыемстваў і ўстановаў. Таму акруговыя камісары забракавалі больш за 50 % прызыўнікоў і адаслалі іх дахаты. Так ці іначай, 15 сакавіка ў шэрагі БКА ўлілося 19 тыс. чалавек. Пад канец сакавіка іх стала яшчэ больш – нешта каля 22 тыс. Да БКА было далучана і некалькі паліцыйных батальёнаў. Такім чынам асабовы склад БКА да канца сакавіка ўзьняўся да 24–25 тыс. чалавек, а праз паўмесяца зь іх ужо было сфармавана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. На загад Готбэрга ад 10 сакавіка скасоўвалася пасада нямецкага камандзіра паліцыйных атрадаў, а самі гэтыя атрады разам з новастворанымі батальёнамі БКА пераходзілі пад камандаваньне Кушаля. На базе вайсковага аддзелу БЦР паўстала вярхоўнае камандаваньне БКА, часам называнае яе штабам. Гэтыя захады сьведчылі аб стварэньні асобнага беларускага вайсковага фармаваньня.
Хаця акруговыя камісары адправілі дамоў многіх прызыўнікоў, Беларуская краёвая абарона ўсё ж была большай, чым плянаваў Готбэрг. Астроўскі меркаваў, што, паставіўшы яго перад фактам, зможа неяк вырашыць матэрыяльныя і арганізацыйныя праблемы, якія зьявіліся адразу ж пасьля мабілізацыі. Асабліва не хапала афіцэраў, зброі і абмундзіраваньня. Готбэрг спрабаваў выбіць у Бэрліне для БКА 20 тыс. вінтовак, аднак іх не прыслалі і, прынамсі, да сярэдзіны траўня. Таму давялося абмежавацца зброяй зь мясцовых складоў – на 6–7 чалавек выдалі па адной вінтоўцы. Пры гэтым сапёрныя батальёны выкарыстоўвалі на розных працах у рамках арганізацыі Тота. Магчыма, такім шляхам Готбэрг «карэктаваў» непамерныя амбіцыі Астроўскага.
Ня дзіва, што дысцыпліна ў войску пачала падаць, а дэзерцірства расло, чаму спрыяла партызанская прапаганда. Таму ў сярэдзіне траўня Астроўскі быў вымушаны выставіць праект абмежаваньня колькаснага стану БКА да колькасьці адзінак зброі, якімі яна валодала. Гэты праект быў, практычна беручы, зацьверджаны БЦР пад прэтэкстам неабходнасьці пазбыцца нежаданых элемэнтаў. Так паступова асабовы склад БКА зьмяншаўся, і ў апошнія тыдні акупацыі ён быў ужо шмат ніжэйшы, чым адразу пасьля мабілізацыі. А ў другой палове траўня пачалі паступаць партыі зброі. Толькі цяпер усё яшчэ слаба ўзброеныя батальёны пачалі выкарыстоўваць у барацьбе з партызанамі. 15 чэрвеня, г. зн. за два тыдні да канца акупацыі, у Менску была адкрыта афіцэрская школа БКА.
Апошнім мерапрыемствам БЦР на Беларусі стаў Другі ўсебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Менску 27.6.1944 г. пад гукі франтавой кананады. На яго зьехалася 1039 дэлегатаў зь беларускіх раёнаў, а таксама зь Літвы, Латвіі, Варшавы, Лодзі, Кракава, Вены, Кёнігсбэргу, Прагі і Бэрліна. Магчыма, санкцыю на скліканьне кангрэсу Готбэрг атрымаў з Бэрліна, хутчэй за ўсё – ад Бэргера. Дакумэнтальных сьведчаньняў пра гэта не сустракалася, ёсьць толькі ўскосныя: на кангрэс сабраліся дэлегаты з-па-за межаў Генэральнай акругі Беларусь, але яны павінны былі мець на гэта афіцыйны дазвол.
Кангрэс абвясьціў сябе паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніцтвам беларускага народу і прыняў рэзалюцыю, якая спасылалася на Дэклярацыю незалежнасьці Беларусі ад 25.3.1918 г., прынятую Радай БНР у Менску, аднак толькі на тую яе частку, дзе гаварылася аб поўным разрыве Беларусі з Расейскай дзяржавай ува ўсіх яе формах. Кангрэс выказаў сваё непрызнаньне БССР як формы беларускае дзяржаўнасьці, абвесьціў неправамоцнымі ўсе польска-савецкія пагадненьні, якія датычылі Беларусі, і пацьвердзіў, што адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу і яго краю ёсьць сёньня БЦР па чале з прэзыдэнтам Астроўскім. Апошні пункт рэзалюцыі стаў апатэозам усёй дзейнасьці Астроўскага за час акупацыі. Разам з тым гэта была адзіная згадка пра тагачасны момант, таму што палітычнае становішча на Беларусі за пэрыяд нямецкай акупацыі і яго пэрспэктывы на кангрэсе не разглядаліся. Таму рэзалюцыя аб разрыве дзяржаўных стасункаў з Расеяй аніяк не магла замяніць даклярацыі аб нацыянальнай незалежнасьці. І справа была ня ў тым, што прыняць такую даклярацыю перашкодзіла набліжэньне Чырвонай Арміі. Рэжысёрам кангрэсу было СД, а тэксты выступленьняў – зацьверджаны Готбэргам. Таму яго рэзалюцыі не маглі супярэчыць тагачаснай лініі нямецкай усходняй палітыкі.
Магчыма, Астроўскі спадзяваўся, што рэзалюцыя кангрэсу, у якой БЦР была названа адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу, прымусіць нямецкія ўлады паскорыць рашэньне аб наданьні ёй такога статусу, бо, нягледзячы на ўсе стараньні Готбэрга, жаданых перамен у гэтай справе не было. 26 чэрвеня, г. зн. напярэдадні эвакуацыі зь Менску, у ОМі згаджаліся, што можна было б пашырыць задачы БЦР, ды толькі да пэўнай ступені, але аб тым, каб ператварыць яе ў нацыянальны ўрад,
пакуль што ня можа быць гаворкі.
Таму да канца акупацыі праўнае становішча БЦР так і не было вызначанае, і дзеля гэтага пераняць на сябе адміністрацыйныя функцыі яна не магла. Такім чынам, за шэсьць месяцаў свайго існаваньня БЦР ня стала ня чым іншым, як толькі прапагандысцкім інструмэнтам Готбэрга, чыім заданьнем было да канца акупацыі ўтрымліваць нямецкія пазыцыі на Беларусі. Тое самае датычыць і БКА – яе дзейнасьцю фактычна кіравалі немцы. Пасьля вайны яе намінальны камандзір Кушаль прызнаваў:
Немцы зусім ня мелі намеру дазволіць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сілу, ім патрэбны былі толькі людзі, якіх беларусы павінны ім даць, а кіраваць людзьмі меліся яны самі бяз нашай помачы.
Т. зв. штаб БКА, які пасьля правядзеньня мабілізацыі павінен быў займацца выключна прапагандаю сярод салдат, мог зь імі кантактаваць толькі з згоды нямецкага начальства.