355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 12)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 18 страниц)

Выданьне Ермачэнкі і ліквідацыя дадатковых паўнамоцтваў БНС перакрэсьлілі надзеі Кубэ стварыць на базе гэтай арганізацыі цэнтральны орган беларускага самакіраваньня. Кубэ не адмовіўся ад гэтай ідэі, аднак яе ажыцьцяўленьне выглядала цалкам безнадзейна. Праўда, распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г. дазваляла генэральным камісарам Остлянду самастойна выдаваць праўныя акты, але толькі ў тых галінах, якія не падлягалі кампэтэнцыі вышэйшых уладаў (RKO[109]109
  RKO – Райхскамісарыят Остлянд.


[Закрыть]
, ОМі) і наконт якіх не існавала выразных дырэктываў. У любым выпадку Кубэ ня мог стварыць такі орган бяз згоды Розэнбэрга, а той, у сваю чаргу, – без дазволу Гітлера.[110]110
  Цікава, што гэтае распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г. фон Готбэрг успрыняў як праўную падставу для стварэньня ў сьнежні 1943 г. Беларускай цэнтральнай рады, хоць паўнамоцтваў на ўтварэньне такога органа яно не давала (гл. наступны разьдзел).


[Закрыть]
І гэтае становішча не мянялася, нягледзячы на ўсе захады Розэнбэрга і вайсковага камандаваньня. У гэтай сытуацыі Розэнбэрг ня мог дазволіць стварэньня нацыянальнага камітэту ці кансультатыўнай рады нават на Ўкраіне, хоць гэтая тэрыторыя лічылася важнейшай.

Таму ўзьнікненьне беларускага Камітэту даверу, званага часьцей Радай даверу, якое Кубэ правёў 27.6.1943 г., заслугоўвае ня меншай увагі, чым стварэньне пачаткова не прадугледжанай для Беларусі моладзевай арганізацыі. Аднак цяпер, пасьля сумнага экспэрымэнту з БНС і Ермачэнкам, Кубэ не жадаў рызыкаваць і ставіць кіраўніцтва перад зьдзейсьненым фактам – такое дасягненьне апазыцыя лёгка магла перакрэсьліць. Таму на стварэньне Камітэту даверу ён дабіўся згоды ня толькі ў Лёзэ, але і ў самога Розэнбэрга, аб чым двойчы падкрэсьліваў у сваіх выступленьнях. Паўстае пытаньне, што магла азначаць гэтая згода? Асабліва дзіўна яна выглядала на фоне агульнай нэгатыўнай бэрлінскай палітыкі і забароны Розэнбэргам украінскага камітэту. Такое пытаньне павінна быць істотным яшчэ зь дзьвюх прычын: па-першае, ніякія распараджэньні ў гэтай справе не публікаваліся ўва ўрадавых выданьнях Кубэ, Лёзэ ці Розэнбэрга, і, па-другое, адразу пасьля стварэньня Камітэту даверу і прынагоднай урачыстасьці ў мясцовым друку пастараліся не надаваць яго дзейнасьці вялікага розгаласу.

Адказ на гэтыя пытаньні крыецца ў самім характары Камітэту даверу. Фармальна ён не ўважаўся за асобную беларускую ўстанову, а быў толькі складовай часткаю апарату генэральнага камісарыяту, таму для яго ня трэба было праграмы, статуту і г. д. Камітэт даверу быў органам накшталт адміністрацыйнай камісіі, адзінаю яго задачай сталася апрацоўка і перадаваньне акупацыйным уладам пажаданьняў і прапановаў, ён меў права дарадчага голасу ў пасяджэньнях генэральнага камісарыяту пад кіраўніцтвам Кубэ або яго намесьніка, а таксама мог зьбірацца на свае ўнутраныя нарады. Такім чынам, Кубэ ўдалося спрытна абмінуць самую далікатную прынцыповую перашкоду: Камітэт ня быў фармальна беларускай установай і яго нельга было трактаваць як нацыянальнае прадстаўніцтва, таму і Розэнбэрг ня мог выставіць супраць яго ніякіх закідаў. А па-другое, зрабіўшы Камітэт часткаю свайго апарату, Кубэ засьцярог яго ад паўтарэньня лёсу ранейшага кіраўніцтва БНС.

У тагачасных абставінах гэта была адзіная магчымасьць абмінуць генэральную лінію бэрлінскай палітыкі, што адлюстроўваў і асабовы склад Камітэту даверу. Усяго ў ім налічвалася 16 чалавек. Дзевяць зь іх былі прадстаўнікамі мясцовай беларускай адміністрацыі, якіх акруговыя камісары спэцыяльна вылучылі для працы ў Камітэце – дагэтуль яны не адыгрывалі важнай ролі ў палітычным жыцьці.[111]111
  Гэта былі: Канстанцін Гуло (Менская акруга), Сымон Цытовіч (Слонімская), Уладзімер Казёл (Глыбоцкая), Віктар Трахімовіч (Барысаўская), Цімафей Гаргесгаймер (Ганцавіцкая), Мадэст Яцкевіч (Лідзкая), Язэп Душэўскі (Слуцкая), Булак (Наваградзкая), Ян Галяк (Вялейская).


[Закрыть]
Апрача таго, Кубэ запрасіў туды яшчэ шэсьць дзеячоў цэнтральнага ўзроўню: менскага бурмістра Вацлава Іваноўскага (старшыня Камітэту даверу), новапрызначанага кіраўніка БНС і адначасова прадстаўніка Баранавіцкай акругі Юр’я Сабалеўскага (намесьнік старшыні), кіраўніка Цэнтральнага бюро прафсаюзаў Канстанціна Рабушку, кіраўнікоў СБМ Міхася Ганька і Надзею Абрамаву, а таксама Аўгена Калубовіча. 16-ты чалец Камітэту ніколі публічна не называўся. Паводле Івана Новікава, гэта быў сам Кубэ – фактычны кіраўнік Камітэту. Такая вэрсія вельмі верагодная, асабліва калі ўлічыць характар Рады даверу і тыя намаганьні, што прыкладаў Кубэ, каб падстрахаваць дзейнасьць Камітэту.

Камітэт складаўся з новых людзей, якія не ўваходзілі раней у каманду Ермачэнкі. Напэўна, гэта была яшчэ адна перасьцярога перад нападкамі СС. Затое цяжка зразумець, зь якіх меркаваньняў зыходзіў Кубэ, запрасіўшы Вацлава Іванаўскага на пасаду фармальнага старшыні Камітэту. Ён быў арганізатарам і кіраўніком беларускага незалежніцкага кансьпірацыйнага руху і спрабаваў наладзіць супрацоўніцтва з польскім падпольлем. Беларускія дзеячы зь ліку прыхільнікаў Астроўскага (сярод іншых – Іван Касяк) рабілі на яго даносы, так што Іваноўскага трымала на прыцэле СД. Аднак Кубэ не пераацэньваў папярэджаньняў службы бясьпекі, хоць поўнага даверу да Іваноўскага ён таксама ня меў. Напэўна, дзеля страхоўкі гаўляйтар даручыў яму гэтую пасаду часова – усяго на адзін год.

У сваім выступленьні з нагоды стварэньня Камітэту даверу Кубэ паўтарыў сваю тэзу:

Мы прыбылі сюды як пераможцы, але пераможцы бальшавізму, а не беларусаў. Для іх мы – вызваліцелі.

Ён заклікаў сяброў Камітэту так наладзіць працу зь беларускай нацыяй, каб яна

апынулася на ўзроўні эўрапейскіх нацыяў.

Камітэт павінен быў прысьвяціць асаблівую ўвагу тром праблемам: разьвіцьцю школьніцтва і выхаваньню моладзі, аднаўленьню гаспадаркі і забесьпячэньню насельніцтва прадуктамі харчаваньня і, нарэшце, нямецка-беларускаму супрацоўніцтву ў барацьбе з партызанамі. Пра дэкрэт Розэнбэрга ён гаварыў:

Уласнасьць на зямлю – гэта толькі шматок паперы датуль, пакуль гэтую зямлю нельга будзе абараніць ад бандытаў.

Камітэт даверу павінен быў распрацаваць свае прапановы па трох назначаных праблемах, каб абмеркаваць іх на сумесным пасяджэньні зь нямецкімі ўладамі. Паўстае пытаньне: якіх прапановаў мог чакаць Кубэ ад Камітэту? Усе гэтыя справы ён ня толькі выдатна ведаў, але быў нават ініцыятарам некаторых зь іх, прычым досьвед з самааховай найвыразьней сьведчыў аб залішняй ініцыятыве нямецкай цывільнай адміністрацыі і беларускіх дзеячоў што да барацьбы з партызанамі. Камітэт ня мог тут нічога новага ані прапанаваць, ані зрабіць, бо, у адрозьненьне ад БНС, ён ня меў нават свайго выканаўчага апарату. Кубэ выдатна аб гэтым ведаў і на самай справе не разьлічваў на эфэктыўнасьць працы новастворанага органа.

Роля Камітэту даверу, відаць, была не такая, якую Кубэ апісваў Розэнбэргу, каб дабіцца згоды на яго стварэньне. Гаўляйтэр трактаваў яго як сымбалічнае, пакуль што, беларускае нацыянальнае прадстаўніцтва, якое ў спрыяльных умовах Бэрлін мог бы зацьвердзіць афіцыйна, ператварыўшы яго ў орган цэнтральнага самакіраваньня. Такім чынам, нягледзячы на правал зь Ермачэнкам, Кубэ не адмовіўся ад сваіх ранейшых намераў, хоць у цяперашняй сытуацыі ня мог іх ажыцьцявіць «з прычын палітычных і асабістых», аб чым і прызнаваўся Лёзэ. Усе сапраўдныя задачы новага органа былі наперадзе – трэба было пакуль што гуртаваць вакол яго нацыянальныя сілы і чакаць моманту зьмены ў палітычнай каньюнктуры.

Падобную ролю, толькі ў галіне вышэйшай адукацыі і арганізацыі будучых навуковых дасьледаваньняў, павінна было адыграць створанае 27.6.1943 г. у Менску Беларускае навуковае таварыства (БНТ). У параўнаньні зь мінулагодняй няўдачай яго арганізатары цяпер мелі на руках больш важкія фармальныя падставы: Розэнбэрг выдаў дазвол на адкрыцьцё Мэдыцынскага інстытуту. Таму, апрача мясцовых уладаў, у стварэньні БНТ прынялі ўдзел доктар Штэгман (дарадца Лёзэ па навукова-дасьледчых праблемах) і Нойгэбаўэр (кіраўнік аддзелу культуры RKO). Як сказана было ў заснавальніцкім акце, мэтаю БНТ ёсьць дапамога ў арганізацыі навуковай працы, усе яго намаганьні павінны скіроўвацца на разьвіцьцё і падтрымку беларускай навукі і культуры. Меркавалася стварыць асобныя сэкцыі таварыства ў галінах беларусазнаўства, прыроды, матэматыкі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва. БНТ павінна было праводзіць тэарэтычныя, чыста навуковыя дасьледаваньні, вырашаць праблемы пэрспэктыўнай адбудовы Беларусі і, урэшце, выконваць беспасярэднія ваенныя заданьні.

У прэзыдыюм Беларускага навуковага таварыства ўвалілі прафэсары: Шыперка, Шкуцька, Трысмакаў, Кавалёў і Бухвалаў, старшынём быў абраны Іваноўскі, а яго намесьнікамі– Лыноўскі і Масевіч. Ганаровым старшынём стаў Кубэ. Штэгман з RKO абяцаў аказаць падтрымку дзейнасьці таварыства, у прыватнасьці, дапамагчы яму з здабыцьцём належнай літаратуры і сувязяў зь нямецкімі навукоўцамі. Меркавалася наладзіць цеснае супрацоўніцтва БНТ з Цэнтрам вывучэньня Усходу (Zentrale fur Ostforschung).

Кубэ добра разумеў, што на фоне зьверстваў СС і паліцыі ў часе карных апэрацыяў блякнуць, не закранаючы грамадзкай сьвядомасьці, усе яго дадатныя распачынаньні. З гэтай прычыны, а таксама ў інтарэсах гуманнасьці, ён распачаў барацьбу з СС у абарону мірнага насельніцтва. Паколькі распараджацца паліцыйным апаратам Кубэ ня мог, ён выкрываў злачынствы карных атрадаў і намагаўся давесьці гэтыя факты да ведама Розэнбэрга і Гітлера, досыць наіўна разьлічваючы, што такое ўмяшальніцтва дасьць нейкі плён. Акруговым камісарам ён разаслаў сакрэтны цыркуляр, у якім загадваў дасылаць яму падрабязныя і непрыхарошаныя зьвесткі пра дзейнасьць паліцыйных атрадаў.

Праз пасярэдніцтва RKO 24.3.1943 г. Кубэ пераслаў Розэнбэргу рапарт камісара Менскай акругі доктара Людвіка Эрэнляйтнэра, які пэўны час заступаў свайго калегу ў Слонімскай акрузе, і прывёў дакладныя вынікі карнай акцыі, праведзенай там Готбэргам. Напэўна, гэта былі апэрацыі «Гамбург» – «Альтона». У рапарце паведамлялася аб забойствах і масавай дэпартацыі ў Нямеччыну вясковых жыхароў двух раёнаў. Нягледзячы на жорсткасьць, экспэдыцыя не дала вынікаў: партызанскі рух у гэтай зоне ня толькі ацалеў, але і ўзмацніўся, бо ў лясы паўцякала запалоханае насельніцтва. Эрэнляйтнэр, такім чынам, пацьвердзіў думку Кубэ: самі па сабе паліцыйныя захады не маглі дапамагчы ў вырашэньні партызанскай праблемы. Напэўна, гэта быў першы рапарт такога зьместу. Чыноўнікаў RKO ён увагнаў у немалы клопат – амаль два месяцы яго разглядалі аж у «чатырох розных інстанцыях» і зьбіраліся нават вярнуць Кубэ, пакуль пад канец траўня Лёзэ ня вырашыў усё ж пераслаць яго ў Бэрлін.

Рапарт Эрэнляйтнэра быў першым у цэлай сэрыі абвінавачваньняў СС у злачынствах супраць мірнага насельніцтва. На падставе рапартаў, атрыманых, між іншым, ад супрацоўнікаў менскага генэральнага камісарыяту, Кубэ даводзіў да ведама вышэйшых уладаў канкрэтныя факты зьверскага абыходжаньня карнікаў з цывільнымі жыхарамі. Так, паводле інфармацыі, атрыманай ад кіраўніка Менскай акругі БНС Юліяна Саковіча, ён апісваў, як паліцыйныя атрады палілі жыўцом загнаных у хаты сялян, паведамляў пра выпадкі, калі ў шпіталь зьвярталіся параненыя, недабітыя ў часе расстрэлаў – яны выкараскваліся з магіл і шукалі лекарскай дапамогі. Ня раз Кубэ зьвяртаўся да кіраўніцтва пры правядзеньні апэрацыі «Котбус». 5 чэрвеня ён падаваў зьвесткі, што сярод 5000 забітых, якія нібыта супрацоўнічалі з партызанамі, шмат жанчын і дзяцей. Гаўляйтар папярэджваў, што палітычныя вынікі гэтых акцыяў катастрафічныя. Маючы перад сабой канчатковыя зьвесткі па гэтай апэрацыі, 29 чэрвеня ён пісаў Розэнбэргу, што ў выніку яе было зьнішчана 13 000 «ворагаў» і пры гэтым здабыта толькі 950 вінтовак, – такім чынам, 90 % гэтых ворагаў – проста бяззбройныя людзі. Яшчэ 3 чэрвеня Кубэ пісаў да Лёзэ:

Я прапаную папрасіць, каб райхсміністар па справах акупаваных усходніх земляў прадставіў гэтую справу ў Вярхоўнай стаўцы фюрэра. Такія рэчы маюць вялікае палітычнае значэньне. Калі стаўленьне да мясцовага насельніцтва акупаваных усходніх земляў ня зьменіцца і надалей, прычым ня толькі ў паліцыі, але і ў Вэрмахце, і ў ОТ[112]112
  ОТ – Ваенна-будаўнічая арганізацыя Тота.


[Закрыть]
(Organisation Todt), дык на наступную зіму можам прычакаць не партызан, а бунту па ўсім краі…

У іншым лісьце ад 3 чэрвеня Кубэ паказаў на адказнасьць Готбэрга як кіраўніка карных апэрацыяў, якія, акрамя катастрафічных палітычных і эканамічных вынікаў, ня толькі не ўплываюць на зьмяншэньне партызанскіх сілаў, але, наадварот, выклікаюць іх рост.

Камітэт даверу таксама выступіў у абарону насельніцтва. Ён сабраў зьвесткі аб рэпрэсіях, праведзеных карнымі атрадамі, па ўсіх акругах Генэральнай акругі Беларусь. Сярод іх – славуты рапарт Кушаля пра апэрацыю «Герман» у Пяршайскай воласьці Валожынскага павету: у другой палове ліпеня тут было спалена жыўцом насельніцтва 10 вёсак разам з сваімі будынкамі.[113]113
  Рапарт Кушаля да старшыні Рады даверу ад 6.8.1943 быў зьмешчаны цалкам у зборніку дакумэнтаў «Преступные цели – преступные средства» (Москва, 1968. С. 142). Тым часам у кнізе В. Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах», выдадзенай у Менску, была зьмешчана толькі адпаведна падабраная частка гэтага рапарту (С. 146), каб падмацаваць сьцьверджаньне, што Кушаль «6 жніўня 1943 г. з захапленьнем даносіў кіраўніку т. зв. “рады даверу” пра крывавыя расправы над мясцовым насельніцтвам у мясьціне, дзе ён нарадзіўся» (С. 153). Справа ў тым, што Кушаль нарадзіўся ў Пяршаях, а ў суседняй вёсцы Доры загінулі яго браты, спаленыя разам з царквою, куды іх сагналі карнікі. З дапамогаю гэтай фальшыўкі Раманоўскі імкнуўся падаць свайго палітычнага праціўніка Кушаля ў найгоршым сьвятле.


[Закрыть]
З пратэстам супраць такой дзейнасьці карных атрадаў Камітэт выступіў 23.8.1943 г. на сумеснай сэсіі зь нямецкімі цывільнымі і паліцыйнымі ўладамі, выкарыстаўшы ў якасьці доказаў вышэй прыведзеныя факты. Ён зьвярнуўся да нямецкіх уладаў з просьбай:

1) спыніць паленьне вёсак і рэпрэсіі супраць нявінных людзей;

2) стварыць умовы і рэальныя гарантыі бясьпекі ад рэпрэсіяў для асобаў, якія вярнуліся б зь лесу дадому;

3) склікаць сумесную беларуска-нямецкую камісію для распрацоўкі належных інструкцыяў па гэтым пытаньні і кантролю за іх выкананьнем.

Паводле сьведчаньня Калубовіча, былога чальца Камітэту даверу і ўдзельніка той сэсіі, пратэст і прапановы Камітэту ўсхвалявалі прысутных немцаў.

За сталамі кіраўнікоў службы бясьпекі й СД, а яшчэ болей – афіцэраў войскаў СС, ахоўнай паліцыі і жандармэрыі, узьнімаліся выкрыкі, гоман, пратэсты абурэньня. Калі інж. А. Русак скончыў свой рэфэрат і перадаў генэральнаму камісару Кубэ мэмарыял, выступіў ген. Цэнэр і спрабаваў апраўдаць карныя акцыі супраць вёсак. Аднак мы былі зьдзіўленыя, калі Кубэ, насуперак ген. Цэнэру, пачаў перад Радаю даверу апраўдвацца, заявіўшы, што ён у гэтым не вінаваты, што гэта робяць незалежныя ад яго СД і вайсковыя групы і што сам ён быццам бы скардзіўся на іх у Бэрлін.

Нашыя пабойваньні арышту Рады даверу ня спраўдзіліся. Праф. Іваноўскаму не прыйшлося чытаць Даклярацыі незалежнасьці, якая ляжала ў нутраной кішэні ягонага пінжака. Але даўжэйшы час нас не пакідала думка, што немцы яшчэ могуць з намі расправіцца. Мы не выключалі таксама мажлівасьці, што органы СД і СС не даруюць таксама і В. Кубэ.[114]114
  Калубовіч, напэўна, памыліўся наконт Цэнэра, які ў ліпені 1942 г. быў адкліканы зь Менску і ў сувязі з гэтым пакінуў Беларусь. Напэўна, меліся на ўвазе або Готбэрг, або Корзэман.


[Закрыть]

У жніўні 1943 г., хутчэй за ўсё пад канец месяца, Кубэ выслаў да Лёзэ наступны, на гэты раз самы падрабязны свой рапарт, дзе прывёў супрацьлеглыя мэтады акупацыі ў Беларусі і канфлікт цывільных і паліцыйных уладаў, які ўлетку 1943 г. перайшоў у найвастрэйшую сваю фазу. Адначасова гэта быў апошні погляд Кубэ на дадзеную справу, і таму варта прывесьці шырэйшыя яго фрагмэнты, якія вымоўна сьведчаць самі за сябе:

…Гэта – вынік псыхалягічных памылак, што дапускаюць з насельніцтвам у часе паліцыйных акцыяў атрады, якія іх праводзяць. Фатальную ролю адыгрывае тут асабліва імя Дырлевангера, бо гэты чалавек падчас сваёй няшчаднай карнай экспэдыцыі (Vernichtungsfeldzug) супраць мірнага насельніцтва сьвядома не прымае пад увагу аніякіх палітычных неабходнасьцяў. Побач з тым мэтады Трыццацігадовай вайны стасуюцца часта так, што сьцьверджаньні нямецкай цывільнай адміністрацыі пра жаданае супрацоўніцтва зь беларускім народам гучаць як мана. Масавыя расстрэлы або паленьне жанок і дзяцей ня маюць нічога супольнага з гуманным правядзеньнем вайны. Колькасьць вёсак, зьнішчаных у часе вялікіх паліцыйных апэрацыяў, перавышае колькасьць вёсак, спаленых партызанамі. Натуральна, для паленьня вёсак заўсёды знойдуцца чыста тэхнічныя апраўданьні: паводле цяперашніх інструкцыяў, дастаткова, каб у нейкай вёсцы прагучала некалькі стрэлаў, каб выкарыстаць самыя жорсткія сродкі. Калі такімі мэтадамі дзейнічаць і надалей, няма чаго разьлічваць на ўтаймаваньне краю, нават калі сілы паліцыі павялічацца ў дзесяць разоў. Тэрыторыя паступова абязьлюдзее і для належнага гаспадараньня ў інтарэсах нямецкага Райху амаль цалкам будзе страчаная. Праект райхсфюрэра СС: эвакуацыя з усіх земляў, што знаходзяцца пад пагрозаю бандаў, вываз мужчын да Райху і наступнае разьвядзеньне на гэтых тэрыторыях кок-сагызу[115]115
  Кок-сагыз – шматгадовая травяністая расліна роду Дзьмухавец, выкарыстоўвалася для вытворчасці каўчука. – Polochanin72


[Закрыть]
– невыканальны. На думку сельскагаспадарчых экспэртаў, менавіта гэтая расьліна патрабуе асабліва пільнага догляду. Дзеці і старыя кабеты самі ня ўправяцца з палямі кок-сагызу…

Карныя апэрацыі часам ператвараюцца ў крывавыя оргіі, і гэта ня толькі падрывае давер насельніцтва да нямецкага кіраўніцтва, але перш за ўсё адбірае ўпэўненасьць у прыхільных да нас беларусаў, якія з намі супрацоўнічаюць: у некаторых выпадках яны трапляюць у поўную залежнасьць ад самаўладзтва якога-небудзь камандзіра паліцыі ці СС…

На працягу астатніх дзесяці дзён усё множыліся і множыліся скаргі і просьбы ад розных мясцовых і нямецкіх установаў аб дапамозе супраць сьляпой лютасьці, зь якой дзейнічаюць нямецкія паліцыйныя часьці, якія ў павеце Р., у апошні час – і ў павеце М. палілі вёскі, бессэнсоўна расстрэльвалі жывёлу, маўляў, жывая трапіць у рукі партызанаў. Эвакуацыю праводзяць прыблізна так: зь сям’і забіраюць бацькоў, а 3-х, 4-х або 5-гадовыя малыя дзеці пакідаюцца на волю ўласнага лёсу…

Пасьля вялікай апэрацыі «Котбус» у траўні-чэрвені гэтага году сьледам за выхадам паліцыі партызаны зноў цалкам апанавалі абшар, здабыты паліцыйнымі сіламі. Зноў адбудоўваюцца колішнія лётнішчы, і сытуацыя робіцца цалкам тая ж самая, што і перад акцыяй «Котбус»… Такія самыя назіраньні насоўваюцца і ў ваколіцах Леніна, і ў Ганцавіцкай, і ў Слуцкай акругах на поўдні Генэральнай акругі. Тут таксама ў лютым – сакавіку прайшла вялікая апэрацыя, у выніку якой загінула 11 000 чалавек (у апэрацыі «Котбус» – больш за 13 000). Тым часам савецкая рэспубліка «Ленін» цалкам адбудавана нанова. Саветы працягваюць вярбоўку на тэрыторыі цывільнай адміністрацыі, на нашых палёх жнуць чырвонаармейскія жніўныя атрады…

Ува ўсіх гэтых справах ня будзе ніякіх зьменаў, калі палітычнае кіраўніцтва ўсходніх земляў на тэрыторыях, што перадаў яму фюрэр, не атрымае безумоўнага права кіраваць паліцыяй і Вэрмахтам. Дагэтуль – апроч абяцаньняў, у якія ня верыць ужо ніхто, – мы практычна не даем нічога народам Усходу; пакуль мэтады нашай барацьбы з партызаншчынай будуць біць у нявіннае насельніцтва горш за самую партызанскую навалу, пакуль будуць расстрэльваць дзяцей і жанок, датуль усе гэтыя ўчынкі будуць вісець на рахунку ОМi, райхскамісараў і генэральных камісараў. Роўным чынам, усе добразычлівыя распараджэньні міністра акупаваных усходніх земляў у галіне прыватызацыі зямельных уладаньняў, культуры і г. д. застануцца на паперы да той пары, пакуль нямецкія часьці ня будуць падпарадкоўвацца палітычным загадам, якія будзе выдаваць толькі міністар усходніх земляў.

Камэнтуючы апісаныя Кубэ жахлівыя падзеі на Беларусі Лёзэ пісаў:

Уявіце сабе, што пра такія падзеі даведаліся на варожым баку і гэтым пакарысталіся. Такая прапаганда, відаць, папросту была б безвыніковая, і толькі таму, што чытачы і слухачы ня ў стане былі б у яе паверыць.

Аднак Лёзэ ня меў ніякіх ілюзій наконт падпарадкаваньня паліцыйных уладаў кіраўніцтву цывільнай адміністрацыі і не прапаноўваў ніякага выйсьця. Ён толькі паводле магчымасьці спрыяў дзеяньням Кубэ і перасылаў у вышэйшыя інстанцыі яго рапарты, дадаючы да іх хіба толькі эмацыйныя выклічнікі, якія ня раз цытаваліся ў пасьляваеннай літаратуры, напрыклад: «Што такое Катынь у параўнаньні з гэтым?» або «Гэтая мэтода ня вартая нямецкай справы і прыносіць нам самыя балючыя страты».

Затое кіраўніцтва СС паводле зразумелых прычын імкнулася перашкодзіць распаўсюджаньню зьвестак пра злачынствы карных атрадаў і заткнуць Кубэ рот. Пасьля знаёмства зь першымі рапартамі Кубэ шэф Галоўнай управы СС, ён жа сувязны афіцэр Гімлера ў ОМi, Бэргер у лісьце да Бройтыгама ад 13 ліпеня выказваў глыбокае шкадаваньне з той прычыны, што Кубэ высылае няспраўджаныя паведамленьні. Адначасова копіі гэтых рапартаў Бэргер перасылаў Баху і Бранту ў асабісты штаб Гімлера. Бэргер адзначаў, што дакумэнты гэтыя

надзвычай важныя, бо сьведчаць пра нечуваную легкадумнасьць, зь якою прымаюцца за праўду паведамленьні тубыльцаў з мэтаю выкарыстаць іх супраць райхсфюрэра СС…

Адначасова ён прасіў Бранта паінфармаваць аб гэтым Гімлера.

Аднак спраўдзіць імавернасьць рапартаў было немагчыма: 10 чэрвеня загінуў Эрэнляйтнэр, а праз тры дні – Саковіч, ад якога Ланге атрымліваў інфармацыю. У абодвух выпадках паведамлялася, што яны загінулі ад рук партызанаў, аднак і гэта немагчыма было спраўдзіць. Ня ўдаўся замах на Кубэ ў памяшканьні Менскага гарадзкога тэатру, арганізаваны 22 чэрвеня. Пад сцэнаю была ўсталявана міна, разьлічвалася, што яна выбухне ў той час, калі ў тэатры будзе знаходзіцца Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэньня СБМ. Але выбух прагучаў пазьней, у час прадстаўленьня камэдыі Аляхновіча «Пан міністар», на якім гаўляйтар ужо не прысутнічаў. Загінула 13 чалавек, некалькі дзясяткаў былі цяжка параненыя.[116]116
  У ліку забітых быў Яраслаў Кушаль – сын Н. Арсеньневай і Ф. Кушаля. – А. С.


[Закрыть]

Пасьля няўдалага замаху, які прыпісалі «бальшавіцкім агентам», паліцыйныя колы распачалі новую атаку супраць Кубэ дзеля таго, каб прыбраць яго зь Менску. Галоўную ролю гут павінен быў адыграць шэф СД Штраўх, якога Гімлер меркаваў перавесьці на пасаду начальніка выведкі ў штабе Баха ўжо 24 чэрвеня, а Готбэрг і Бах заахвочвалі абяцанкамі павышэньня. У чэрвені – ліпені Штраўх і яго людзі пачалі актыўна праточвацца ў генэральны камісарыят і «распрацоўваць» Кубэ, аднак ён гэта своечасова заўважыў. Разгарэўся скандал. 20 ліпеня Кубэ выклікаў Штраўха і паведаміў яму, што парывае ўсялякае супрацоўніцтва з паліцыяй, і асабліва – з СД, і забараняе яе супрацоўнікам уваходзіць у генэральны камісарыят. А беспасярэдняй нагодай для гэтага паслужыў расстрэл СД 70 габрэяў, што працавалі ў камісарыяце.[117]117
  Кубэ тады сказаў Штраўху: «Такога характару паводзіны ня вартыя немца і Нямеччыны Канта і Гётэ. Калі нямецкі аўтарытэт будзе падарваны на цэлым сьвеце, дык станецца гэта з нашай віны».


[Закрыть]

Намаганьні Штраўха падтрымліваў Готбэрг. Ён быў асабліва зацікаўлены ў тым, каб прыбраць Кубэ: у найбліжэйшым часе ён спадзяваўся атрымаць павышэньне да групэнфюрэра, а ў далейшай пэрспэктыве разьлічваў заняць пасьля Кубэ пасаду генэральнага камісара Беларусі.[118]118
  Спадзяваньні Готбэрга грунтаваліся на прынцыпах супрацоўніцтва, узгодненых з Гімлерам і Розэнбэргам, паводле якіх падчас доўгай адсутнасьці райхскамісара яго абавязкі павінен быў выконваць HSSPF.


[Закрыть]
21 ліпеня ён у лісьце да Баха падрабязна апісаў абставіны, пры якіх Кубэ парваў супрацоўніцтва з СД, а таксама іншыя праявы яго варожасьці да СС наступным чынам:

20.7.1943 г. паводле загаду гаўляйтара Кубэ ў тутэйшым генэральным камісарыяце адбылася нарада з кіраўнікамі аддзелаў… Гаўляйтар спытаўся тады, ці не належыць нехта з прысутных да СД, бо ён чуў, што ў генэральным камісарыяце ёсьць шпікі з СД. Паколькі ніхто не прызнаўся, гаўляйтар забараніў супрацоўнікам генэральнага камісарыяту зьвязвацца з СД… На пратэст кіраўніка аддзелу Фрайдэнбэрга гаўляйтар дадаў да свайго распараджэньня, што дзеля неабходных патрэбаў у перамовах з СД трэба загадзя атрымліваць яго дазвол. Сёньня, папоўдні, гаўляйтар гаварыў пра гэта з жанчынамі, што працуюць у генэральным камісарыяце, і забараніў ім кантактаваць з СД…

Обэргрупэнфюрэр!

У дадатак да нататкі обэрштурмбанфюрэра СС Штраўха ад 20.7.1943 я лічу за свой абавязак перадаць Вам гэты рапарт, тым больш, што абразы, якія Кубэ кідае ў адрас камандзіраў СС падчас іх адсутнасьці перад кіраўнікамі аддзелаў, даўно не ў навіну… напрыклад: «Дух Гімлера і Гайдрыха падрывае германскі падмурак нямецкай нацыі, і можна параўнаць яго з мэтадамі масонства», альбо пагардлівыя тырады пра обэрштурмбанфюрэра СС Штраўха і г. д.

Нарэшце, з самай цяжкай артылерыі выпаліў Штраўх. 25 ліпеня, ужо ў якасьці чальца штабу Баха, ён паклаў свайму начальніку падрабязны рапарт у справе з Кубэ. У ім гаварылася пра варожасьць Кубэ да СС, гучалі абвінавачваньні ў поўнай няздольнасьці яго як кіраўніка і адміністратара, крытыкавалася беларуская палітыка гаўляйтара. Штраўх зьвярнуў асаблівую ўвагу на паводзіны Кубэ ў габрэйскім пытаньні, ён расцаніў іх як «немажлівыя»: у афіцыйных выступах Кубэ адназначна падтрымліваў апэрацыі па вынішчэньні габрэяў, аднак рэальныя ўчынкі супярэчылі гэтым заявам. Штраўх прывёў доказы, на грунце якіх сьцьвярджаў, што Кубэ

ў глыбіні свайго сэрца праціўнік нашых габрэйскіх акцыяў.

У сваіх абвінавачваньнях ён прыходзіў да высновы, што

пры такіх умовах, на маю думку, пакідаць генэральнага камісара на ранейшай пасадзе немэтазгодна.

У даступных архіўных крыніцах няма адказу на пытаньне: якім чынам былі выкарыстаны гэтыя матэрыялы? Відаць, Бах, зьбіраючы іх, меркаваў пакласьці гэтыя дакумэнты Гімлеру, каб пазьней абапірацца на іх у размове з Гітлерам наконт Кубэ. Пра гэта сьведчыць прызнаньне Бэргера перад Амэрыканскім вайсковым трыбуналам у Нюрнбэргу: гаворачы пра «напружанасьці» ў стасунках Кубэ з афіцэрамі СС, ён сьцьвярджаў, што

яны зацікавіліся плянамі, якія яўна скіраваныя былі на тое, каб, я б сказаў, пакончыць з Кубэ, каб ён вымушаны быў пакінуць пасаду генэральнага камісара.

Значыць, калі размова з Гітлерам вялася, ён гэтыя намеры адхіліў, бо Кубэ застаўся на сваім месцы і выкрываў надалей злачынствы СС. Справу напаткала фіяска. 14 жніўня Брант пераслаў рапарты Готбэрга і Штраўха Бэргеру і адзначыў, што Гімлер прасіў азнаёміць зь імі Розэнбэрга. Той у сваю чаргу выслаў у Менск свайго намесьніка Маера, каб перадаць Кубэ «сур’ёзнае папярэджаньне».

На некалькі тыдняў запанавала ціша. У ноч з 21 на 22 верасьня яе перарваў выбух міны, падкладзенай пад матрац Кубэ. Нямецкае інфармацыйнае бюро (Deutsches Nachrichtenburo) паведаміла зь Менску, што Кубэ загінуў у часе замаху, арганізаванага бальшавіцкімі агентамі, і гэта было пацьверджана з савецкага боку. Для расьсьледаваньня ўсіх акалічнасьцяў замаху была створана Вялікая спэцыяльная камісія (Grosse Sonderkommission), якая складалася з афіцэраў СС: старшыні – Бондарфа, а таксама Брэера і Ганса. Камісія высьветліла, што міну прынесла і ўсталявала ў спальні Кубэ яго прыбіральшчыца, Алена Мазанік, якая атрымала яе ад Марыі Восіпавай, партызанскай сувязной. Быў раскрыты ўдзел у замаху іншых чальцоў падпольля, высьветлена, што абедзьве названыя жанчыны ўцяклі да партызанаў і самалётам перапраўлены ў Маскву. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіліся пазьней у маскоўскім часопісе «Работннца» за люты 1947 г. – г. зн. тады, калі ў СССР была яшчэ невядомая справаздача Бондарфа.

Супадзеньне ў паказаньнях Мазанік і Восіпавай з вынікамі расьсьледаваньняў Бондарфа адназначна сьведчыць пра ўдзел гэтых жанчын у замаху на Кубэ, аднак гэта не вырашае пытаньня, хто быў яго ініцыятарам і арганізатарам. Сьмерць Кубэ, безумоўна, была выгоднай савецкім уладам, якім яго палітычныя паводзіны перашкаджалі куды больш за злачынствы эсэсаўцаў; тыя толькі ўзбуджалі ў грамадзтве нянавісьць да немцаў, і партызаны гэтым лёгка карысталіся. Аднак сьмерць Кубэ, па згаданых ужо матывах, была выгаднай і кіраўніцтву СС, якое ўжо перабрала ўсе іншыя магчымасьці пазбыцца гаўляйтара ў Менску. Такім чынам, нельга адкінуць вэрсіі, што замах на Кубэ падрыхтавала СС. На карысьць такой гіпотэзы сьведчаць наступныя акалічнасьці, што вынікаюць з аналізу справаздачы камісіі Бондарфа:

1. Камісія складалася выключна з афіцэраў СС і працавала пад беспасярэднім наглядам шэфа СД у Менску, які падпарадкоўваўся Готбэргу, Баду і Гімлеру. Гэта дазваляла праціўнікам Кубэ цалкам падпарадкаваць яе вынікі свайму ўплыву.

2. Сьледзтва праводзілася ўсяго некалькі дзён – ужо 29.9.1943 г. шэф менскага СД распусьціў камісію. Толькі пасьля таго «высьветлілася», што Мазанік, дапушчаная да працы ў доме Кубэ, была да вайны супрацоўніцай НКВД, а ў цяперашні момант – дзяячкай савецкага падпольля. Адначасова ў надзвычайна кароткі тэрмін былі выкрытыя ўсе падпольшчыкі, што ўдзельнічалі ў замаху на Кубэ, і ніводзін зь іх ня выкарыстаў магчымасьці ўцячы адразу ж пасьля гібелі гаўляйтара. Гэта сьведчыла альбо пра надзвычайныя здольнасьці СС, альбо пра фабрыкацыю ўсёй справы, тым больш, што ўсіх сведкаў зьнішчылі, так што сьляды былі замеценыя цалкам.

3. За такі кароткі час – г. зн. да 29 верасьня! – камісія высьветліла, што Мазанік і Восіпаву з партызанскага лётнішча пераправілі ў Маскву. Гэта надзвычай важная акалічнасьць у справаздачы, яна сьведчыць пра тое, што СД мела сваіх інфарматараў у атрадзе, куды ўцяклі абедзьве жанчыны. Значэньне гэтага факту пацьвярджаецца яшчэ і тым, што ў савецкім варыянце публікацыі справаздачы камісіі Бондарфа гэты пункт быў апушчаны.

У Савецкім Саюзе першае паведамленьне пра сьмерць Кубэ апублікавала маскоўская «Правда» 24 верасьня, у ім адзначалася, што гаўляйтар загінуў ад «меткой партизанской пули». Гэтая памылка паўстала, хутчэй за ўсё, у выніку ўласнай інтэрпрэтацыі паведамленьня нямецкага радыё. Варта зьвярнуць на яе больш пільную ўвагу, бо гэта значыла, што камандаваньне партызанскага атраду, у які ўцяклі Мазанік і Восіпава, ня выслала ў Маскву паведамленьня. Можна, такім чынам, меркаваць, што атраднае камандаваньне, якое, паводле цяперашняй вэрсіі, здаўна і загадзя рыхтавалася да замаху, даведалася пра яго толькі з вуснаў незнаёмых беглых жанчын і паставілася да справы асьцярожна, дапускаючы, што гэта, магчыма, правакацыя. Пра гэта сьведчыў пазьнейшы лёс Мазанік і Восіпавай: пасьля публікацыі ў 1947 г. артыкула ў «Работнице» некалькі гадоў вакол іх панавала суцэльнае маўчаньне. Між іншым, ня згадваў пра іх і Л. Цанава, аўтар вялікай працы аб партызанскай вайне на Беларусі, дзе знайшлося месца для значна менш цікавых фактаў. Адзначым, што аўтар кнігі на пачатку пяцідзясятых гадоў быў міністрам дзяржаўнай бясьпекі БССР. Можна, такім чынам, дапусьціць, што вэрсія аб правакацыі СС сур’ёзна бралася пад увагу.

Кубэ таксама асьцерагаўся замаху. У апошнія месяцы свайго жыцьця ён меркаваў замяніць паліцыйную ахову вакол свайго дому «прыватнай» вартай, якая павінна была складацца з давераных чальцоў СА[119]119
  СА – штурмавыя атрады (Sturmabteilung). Ваенізаваныя фармаванні НСДАП. У 1934 годзе страцілі значэнне, і галоўнай баявой арганізацыяй стала СС. Атрады СА, моцна скарочаныя колькасна, праіснавалі да 1945 года. Вярхоўным кіраўніком СА з 1930 года і да канца Трэцяга райху быў Гітлер. – Polochanin72


[Закрыть]
або маладых фольксдойчаў. Але Гімлер «ні ў якім разе» не пагаджаўся на такія праекты. Значыць, ён поўнасьцю трымаў Кубэ ў руках. Сьмерць Кубэ і па сёньняшні дзень не перастае быць таямніцай, нягледзячы на шматлікія згадкі ў літаратуры на гэтую тэму.

У дзень пахаваньня Кубэ ў Бэрліне Гітлер загадаў ад свайго імя ўскласьці вянок на яго магіле. Затое Гімлер сказаў, што толькі сьмерць выратавала Кубэ ад канцлягеру. Разьбежнасьць у ацэнках гэтага чалавека была вельмі шырокая, і ня толькі ў вачох найбуйнейшых асобаў гітлераўскай Нямеччыны, але і пасьляваенных дасьледчыкаў.

І сапраўды, цяжка адназначна ацаніць дзейнасьць Кубэ. Ён быў найвышэйшым прадстаўніком гітлераўскага акупацыйнага рэжыму на Беларусі, бясспрэчна, злачыннага па сваім характары. З фармальнага гледзішча, згодна з дэкрэтам Гітлера ад 17.7.1941 г., яму «асабіста і беспасярэдне» быў падначалены камандзір СС і паліцыі ў Менску, таму адказнасьць за масавыя забойствы, што праводзіліся гімлераўскімі органамі, ляжала таксама і на Кубэ. Аднак у гэтым самым дэкрэце адзначалася, што толькі сам райхсфюрэр СС мае права выдаваць распараджэньні камандзірам СС і паліцыі. Такім чынам, уплыў цывільнай адміністрацыі на іх дзейнасьць выключаўся. Да самай сьмерці Кубэ гэтая інструкцыя не зьмянілася, на яе падставе палі дынныя ўлады ўхіляліся ад усялякага ўмяшальніцтва з боку кіраўніцтва цывільнай адміністрацыі. Паводзіны Вэрмахту таксама не залежалі ад гэтай адміністрацыі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю