Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 18 страниц)
Пасьля падзеяў 1939–1941 г. сярод польскага насельніцтва Заходняй Беларусі ад пачатку нямецкай акупацыі запанавалі антысавецкія і антыбеларускія настроі. Яно намагалася стварыць у варунках акупацыі такі фактычны стан, каб нанова злучыць Заходнюю Беларусь з Польшчай. Гэта была найвышэйшая мэта, якая апраўдвала ў вачох польскіх незалежнікаў любыя сродкі, якія б узмацнялі польскія пазыцыі і выводзілі б з палітычнай гульні беларусаў. Апошніх, не зважаючы на іх прасавецкую ці незалежніцкую арыентацыю, палякі не без надстаў лічылі за патэнцыйную перашкоду на шляху да вяртаньня рыскай мяжы.
Маючы перад сабой такія палітычныя мэты, польскае насельніцтва прыхільна сустрэла нямецкія войскі і распачало актыўна ўдзельнічаць у стварэньні новай адміністрацыі і паліцыі. Авалодваньне мясцовым апаратам улады польскія дзеячы ацэньвалі як важны зыходны пункт аднаўленьня сваіх эканамічных, культурных, а пазьней і палітычных пазыцый. Істотнае значэньне ў гэтай справе займала пазыцыя Вэрмахту. Ня маючы спэцыяльных дырэктываў Гітлера аб будучым палітычным статусе Беларусі, вайсковыя колы выяўлялі абыякавасьць да нацыянальных праблемаў і кіраваліся ў сваіх паводзінах выключна прагматычнымі меркаваньнямі. Цікавай ілюстрацыяй такой пазыцыі былі, між іншым, плякаты Вэрмахту, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў першы пэрыяд акупацыі – іх друкавалі на нямецкай, польскай і расейскай мовах, а не па-беларуску.
У надзеі на аднаўленьне даверасьнёўскай сытуацыі 1939 г. сьледам за нямецкай арміяй на Беларусь пацягнуўся цэлы шэраг даваенных польскіх чыноўнікаў і дзеячоў, якія ў 1939–1941 г. хаваліся ў Вільні і Генэральным губэрнатарстве. Яны мелі рэпутацыю пакрыўджаных саветамі, акрамя таго, пэўная частка гэтых людзей валодала нямецкай мовай,[61]61
У міжваенную пару ў Польшчы была распаўсюджаная практыка накіраваньня на кіроўныя пасады на т. зв. «усходніх крэсах» палякаў з тэрыторыі Галіччыны і Сылезіі. Гэтыя тэрыторыі перад Першай сусьветнай вайной уваходзілі ў зону германскага ці аўстрыйскага «забораў». Таму многія з гэтых людзей у той ці іншай ступені ведалі нямецкую мову. – А. П.
[Закрыть] таму нямецкія камэндатуры лёгка згаджаліся на тое, каб яны займалі адміністрацыйныя і паліцыйныя пасады.[62]62
Тое самае пацьвярджае і орган падпольнай Нацыянальнай партыі: «Першыя цывільныя ўлады, створаныя нямецкім войскам, камплектаваліся з улікам антыкамуністычнай палітыкі, таму наймалі шмат польскай інтэлігенцыі…»
[Закрыть] Паводле рапартаў Айнзацгрупы «Б», перайманьне палякамі кіраўніцтва пачалося адразу пасьля ўваходу нямецкіх войскаў. Неўзабаве яны апанавалі ўсе галоўныя пасады ў гарадзкіх і раённых (павятовых) управах Заходняй Беларусі.[63]63
Тым ня менш былы шэф Віленскага прадстаўніцтва ўраду Сікорскага Зыгмунт Федаровіч напісаў у сваіх успамінах наступнае: «Нямецкая акупацыйная адміністрацыя на тэрыторыі нашых Крэсаў абапіралася на літоўцаў і беларусаў».
[Закрыть] Была створана, галоўным чынам зноў пад кіраўніцтвам палякаў, мясцовая дапаможная паліцыя, колькасна значна большая за ўсходнебеларускую. СД крытычна ацэньвала паблажлівае стаўленьне Вэрмахту да такіх польскіх ініцыятываў, падазраючы, што ў будучым пад прыкрыцьцём легальнай дапаможнай паліцыі будзе дзейнічаць польскі рух супраціву.
Вонкавы характар адміністрацыі ў вялікай ступені вызначаўся паводзінамі чыноўнікаў на ніжэйшых і сярэдніх пасадах. Іх набіралі з заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак, і ў залежнасьці ад сытуацыі большасьць зь іх магла гаварыць на трох мовах: польскай, беларускай або расейскай. Паколькі пераважна палякі занялі кіраўнічыя пасады, ува ўправах службоваю мовай стала польская. Прывядзем тут некалькі прыкладаў, узятых зь беларускіх, нямецкіх і польскіх крыніц.
Беластоцкая акруга. «У цяперашні момант амаль усе адміністрацыйныя пасады, апрача кіраўнічых, якія занялі немцы, знаходзяцца ў руках палякаў, бо акупанты пастанавілі вярнуць на працу тых людзей, што займалі дадзеныя месцы да 1939 г. Дарэчы, недахоп беларускіх кадраў прымусіў акупантаў шукаць апоры ў польскім элемэнце… Дапаможную службу нясе мясцовая паліцыя, амаль цалкам створаная з былых польскіх паліцыянтаў…»
Горадня. «Адміністрацыйны апарат Горадні – амаль выключна ў польскіх руках. Добрае супрацоўніцтва зь нямецкімі ўстановамі. 72-асабовая служба парадку – выключна палякі».
Берасьце. «Беларусы ў Берасьці задаволеныя, што паўночная частка акругі павінна быць далучана да Усходняй Прусіі. У паўднёвай частцы пануе страх перад яе далучэньнем да ГГ (генэральнага губэрнатарства. – Ю. Т.) і аднаўленьнем нацыянальнай барацьбы з палякамі. Увогуле – па-ранейшаму незадаволенасьць з таго, што палякі перанялі адміністрацыю».
Лідзкая акруга. «Палякі неадкладна ўвайшлі ў кантакт з кіраўнічымі нямецкімі вайсковымі ўладамі ды пачалі займаць усе пасады ў акруговай, павятовай і валасной адміністрацыі, у паліцыі, а таксама ў нямецкіх установах… Такім чынам, ад самага пачатку нямецкай акупацыі ўся адміністрацыйная і паліцыйная ўлада ў паветах і валасьцях апынулася поўнасьцю ў польскіх руках».
Вялейская акруга. «У Вялейскім павеце прыходзілася бачыць такія кур’ёзныя шыльды, як “Пастарунак польскай паліцыі панствовай”. У павятовых управах, вясковым школьніцтве, паліцыі, валасьцях – усюды польская мова… Ашмянскі павет палякі лічылі нейкай “польскай рэспублікай”. Уся адміністрацыя, паліцыя, школьніцтва былі абсаджаны палякамі… У Маладэчне старшынём павету быў былы ротмістар польскай кавалерыі Віктар Уневіч… Яго заступнікам быў Віталі Бурачэўскі, былы рэфэрэнт бясьпекі вялейскага староства… Начальнікам паліцыі быў афіцэр польскай “двойкі”[64]64
Маецца на ўвазе – афіцэр ІІ аддзелу польскага Генэральнага штабу. ІІ аддзел займаўся пытаньнямі выведкі і контравыведкі. – А. П.
[Закрыть] Карчэўскі…»Баранавічы і Слонім. «Адміністрацыйны апарат – польскі».
Не такую сытуацыю ўбачылі немцы ўва Усходняй Беларусі. Тут дзейнічалі іншыя вызначальныя ўмовы: апрача адрозьненьня, што накладаў даваенны лад жыцьця, свой уплыў аказвалі жахлівыя разбурэньні лета 1941 г. – вынікі эвакуацыйнай кампаніі і ваенных дзеяньняў. У Менску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і іншых буйных гарадох ня дзейнічалі электрастанцыі і водаправоды, пераважная частка жыхароў засталася бяз даху над галавой. Пасьля эвакуацыі і зьнішчэньня харчовых запасаў навісла пагроза голаду. Пачаліся нямецкія вайсковыя рэквізыцыі і рабункі. Штодзённым клопатам для гараджан стала барацьба за выжываньне. Адзіным ратункам у такой сытуацыі былі ўцёкі на вёску, ладная частка народу пакінула гарады.
Рабункі і разбурэньні, ад якіх так пакутавала насельніцтва ўсходніх раёнаў Беларусі, для нямецкіх акупантаў былі зьявай звычайнай – яны панавалі ўва ўсёй ваеннай паласе. Куды цікавей было сачыць за палітычным станаўленьнем насельніцтва, якое перад гэтым больш за 20 гадоў пражыло пад узьдзеяньнем савецкай ідэалёгіі. Аднак пачатковыя назіраньні Айнзацгрупы «Б» у першыя тыдні акупацыі ня выявілі якіх-небудзь асаблівасьцяў. Таксама, як і ў заходніх раёнах Беларусі, тутэйшае насельніцтва займала пазыцыю чакальня або ставілася да немцаў прыязна, адмаўляючы бальшавізм. Крытыка савецкай улады датычыла галоўным чынам эканамічнай і сацыяльнай сфэры. Асуджэньню часьцей за ўсё падлягаў калгасны лад у БССР, які стаў прычынай заняпаду жывёлагадоўлі і земляробства, прывёў да крызісу грамадзкага харчаваньня.[65]65
У 1928–1940 г. на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі пагалоўе коней з 1079 тыс. паменшала да 597 тыс., буйной рагатай жывёлы – з 2218 тыс. да 1622 тыс., сьвіней – з 2399 тыс. да 1411 тыс., авечак і коз – з 3817 тыс. да 1213 тыс.
[Закрыть] Таму і ўва ўсходняй частцы Беларусі стаўленьне жыхароў да нямецкай акупацыі было цесна зьвязана з надзеяй на ліквідацыю калгаснай сыстэмы.
У рапартах Айнзацгрупы «Б» з тэрыторыі Усходняй Беларусі адзначалася вялікая грамадзкая пасіўнасьць, яе лічылі за праяву саветызацыі і супрацьпастаўлялі актыўным паводзінам жыхароў заходняй паловы краю. Аднак мы ўжо бачылі, што і ў Заходняй Беларусі карэннае насельніцтва таксама выказвала пасіўнасьць, такім чынам, гэта было агульнанацыянальнае беларускае зьявішча. «Заходнебеларускую актыўнасьць» насамрэч выяўлялі пераважна палякі, якія імкнуліся рэалізаваць свае нацыянальныя задачы.
Такіх імкненьняў сярод усходніх беларусаў немцы не заўважалі і прыпісвалі гэта слабай нацыянальнай сьвядомасьці. У немалой ступені яны мелі рацыю. У тутэйшай рэчаіснасьці глыбокі сьлед пакінула барацьба з т. зв. «нацдэмаўшчынай», якая абярнулася вялізарнымі стратамі для беларускай культуры, выцясьненьнем з ужытку беларускай мовы і ўзмоцненай русіфікацыяй усходняй часткі краю. Варта тут прыгадаць характэрнае выказваньне віленскага беларускага дзеяча Мар’яна Пецюкевіча наконт сытуацыі зь беларускай мовай у Менску:
Першы раз у жыцьці давялося мне быць у Менску позьняй восеньню 1941 г. на ўсеагульнай канфэрэнцыі школьных інспэктараў Беларусі… Хаця мне няраз і не было патрэбы чагосьці папытаць у сустрэчных мянчан, але я спрабаваў нешта запытаць, каб пераканацца, ці гэта беларусы. Усе яны на мае пытаньні адказвалі па-расейску і непрыязна глядзелі на мяне. Відаць, беларусаў, як і немцаў, яны залічылі да «акупантаў» ісьцінна «русского народа»… Канфэрэнцыю праводзіў галоўны школьны інспэктар ксёндз Вінцук Гадлеўскі. Стараўся ён з сваім менскім асьветным актывам надаць канфэрэнцыі беларускі патрыятычны дух. Стараўся ў сваіх прамовах укінуць у кожную душу ўдзельніка канфэрэнцыі іскру любові да свайго народу і яго культуры. Кіданыя ім зярняты знаходзілі добрую глебу толькі ў прадстаўнікоў былой Заходняй Беларусі. Усходнікі мала рэагавалі. Яны захоўваліся, як на паншчыне. Падчас перапынкаў яны гуртаваліся «свае з сваімі» і вялі гутарку між сабой на «обсчепонятном языке». Гэта зьява рабіла дрэннае ўражаньне на тых заходнікаў, якія за сваю культуру, за сваю мову цярпелі прасьлед з боку польскіх акупацыйных уладаў. І мы – заходнікі – на свае вочы ўбачылі «перадавую беларускую інтэлігенцыю» і горка расчараваліся.
У ліпені 1941 г. ува Усходняй Беларусі быў створаны шэраг камітэтаў з тымі самымі функцыямі, што і ў заходняй частцы краю. Цяжка даць пэўную ацэнку іх дзейнасьці, бо і тут у першай палове жніўня яны былі распушчаны. Але цікава адзначыць, што, паводле данясеньняў Айнзацгрупы «Б», у адрозьненьне ад Заходняй Беларусі, роспуск камітэтаў не выклікаў сярод усходнебеларускага насельніцтва асаблівай рэакцыі. На гэта ўплывала адсутнасьць нацыянальных супярэчнасьцяў у рэгіёне.
Не заўважалася тут і сур’ёзных сацыяльных канфліктаў, бо гэтаму ў вялікай ступені спрыяла захаваньне папярэдняга аграрнага парадку. «Кулакі», якіх высялялі зь вёскі ў 30-х г., цяпер вярталіся з высылкі і атрымлівалі свае старыя хаты або дапамогу для будоўлі новых. Жонак і дзяцей эвакуяваных функцыянэраў калгасьнікі прымалі ў свае суполкі. Там, дзе не было прычынаў для асабістай помсты, захоўвалася прыязнае стаўленьне да мясцовых партыйцаў, камсамольцаў і міліцыянтаў. Людзі лічылі, што звычайны чалавек не павінен адказваць за рашэньні ўладаў. Грунтуючыся на сьведчаньнях усходнебеларусіх эмігрантаў, амэрыканскі гісторык Нікалас Вакар сьцьвярджае, што на пачатку акупацыі ідэалягічныя матывы не аказвалі ўплыву на грамадзкія зносіны. Тое самае датычыла і акупантаў.
Іх успрынялі, як і многіх іншых у мінулым, не як немцаў, але як людзей, якія несьлі надзею на перамены.
Гэтая ацэнка, вядома, не была справядлівая для ўсяго грамадзтва, бо ўжо зь першых дзён акупацыі пачалося стварэньне савецкага падпольля і партызанскіх атрадаў. У недалёкай будучыні гэты рух зробіцца адным з найважнейшых вызначальных фактараў акупацыйнай гісторыі Беларусі, пакуль што ён быў яшчэ ў зародку, хоць летам 1941 г. было занатавана шмат дывэрсійных акцыяў. Калыскаю і базай руху супраціву стала Усходняя Беларусь, дзе ў часе эвакуацыі быў закладзены яго арганізацыйны падмурак.
Характар мясцовай адміністрацыі і паліцыі ўва Усходняй Беларусі і сам працэс іх стварэньня аказаліся пад уплывам тутэйшай грамадзкай сытуацыі. У адрозьненьне ад сваіх заходніх суродзічаў, жыхары гэтай паловы краю не выяўлялі асаблівай ініцыятывы ў такой сфэры. На думку Вакара, беларускае насельніцтва, на працягу дваццаці гадоў пазбаўленае права выбару, і цяпер не было падрыхтавана да нейкіх уласных пачынаньняў. Ініцыятыва належала вайсковым камэндатурам: яны пад прымусам набіралі людзей для мясцовай адміністрацыі або ішлі насустрач кандыдатурам, якіх падтрымлівала насельніцтва. Тым ня менш працэс гэты ішоў зь вялікімі перашкодамі, асабліва на вёсцы, і куды больш марудна, чым у Заходняй Беларусі. Ужо на пачатку жніўня Айнзацгрупа «Б» паведамляла, што на ўсход ад Менску народ ня хоча займаць аніякіх пасад, баючыся вяртаньня савецкіх уладаў або начной помсты партызан.
На гэтай зямлі, як і на астатніх тэрыторыях, Вэрмахт не кіраваўся нацыянальнымі крытэрамі пры падборы кадраў. У адміністрацыі і паліцыі служылі беларусы, расейцы, з асаблівай ахвотай сюды бралі фольксдойчаў, якіх у адным толькі Менску налічвалася 150. У некаторых мясцовасьцях вайсковыя ўлады вярталі на пасады былых савецкіх службоўцаў, прытым нават і камуністаў, якія з тых ці іншых прычын засталіся на Беларусі. Быў абвешчаны прызыў у дапаможную паліцыю. У яе шэрагах апынулася, між іншым, нямала ваеннапалонных і савецкіх міліцыянтаў. Новыя ўлады высока ацэньвалі іх прафэсійнасьць і досьвед. Частка гэтых людзей пайшла ў паліцыю на заданьне савецкага падпольля.
На фоне гэтага канглямэрату вылучалася група эмігрантаў на чале з Шчорсам. Яны разьлічвалі на стварэньне ў Менску часовага беларускага ўраду. Але тут іх спаткала расчараваньне. Зараз жа па прыезьдзе айнзацгрупа пасьпяшалася «пераканаць» іх у тым, што яны ўзяліся за марную справу, бо пазыцыя Нямеччыны што да беларускага пытаньня яшчэ ня вызначана – Гітлер ня даў сваіх дырэктываў, і распачынаць палітычную дзейнасьць зарана. Апрача выкананьня інструкцыяў, адзіных для ўсёй дапаможнай адміністрацыі, гэтым дзеячам дазволілі толькі весьці прапаганду дзеля ўзмацненьня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, каб адмежаваць іх ад расейскага ўплыву.
Такім чынам, надзеі Шчорса і яго групы на хуткае зьдзяйсьненьне іх палітычных плянаў разьвеяліся пасьля прыбыцьця на Беларусь. З распараджэньня айнзацгрупы, вайсковыя ўлады выкарысталі іх для стварэньня адміністрацыі ў Менску і навакольлі. Бурмістрам гораду Менску быў прызначаны малады лекар Вітаўт Тумаш, яго намесьнікам – Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, а камандзірам гарадзкой дапаможнай паліцыі – Зьміцер Касмовіч. Арганізацыяй адміністрацыі ў Менскім раёне заняўся Мечыслаў Контаўт, у Віцебску – Усевалад Родзька. Затое Шчорс застаўся безь ніякае пасады, хоць у якасьці кіраўніка «Цэнтру» і групы прыбылых эмігрантаў ён, напэўна, разьлічваў адыграць больш важную палітычную ролю.
Тым часам на галоўным месцы ў беларускай адміністрацыі нечакана апынуўся Астроўскі, пакінуўшы ззаду ня толькі Шчорса, але і галоўнага свайго суперніка – ксяндза Гадлеўскага, які 22 чэрвеня быў пакліканы на працу на бэрлінскую радыёстанцыю і ўлетку 1941 г. ня мог прыехаць на Беларусь. Астроўскі таксама разьлічваў на магчымае стварэньне беларускага ўраду і спадзяваўся, што зможа яго ўзначаліць. Няўдача Шчорса яго не напалохала – Астроўскі быў занадта дасьведчаны гулец. Прыбыўшы ў Менск, ён неўзабаве, прыкладна 10 ліпеня, атрымаў пасаду шэфа адміністрацыі Менскай акругі. Дагэтуль прадстаўнікам мясцовага насельніцтва даручалі кіраўніцтва толькі павятовымі або гарадзкімі ўправамі. Яму, такім чынам, было даручана кіраўніцтва значна вышэйшага ўзроўню – Менская акруга лічылася сталічнай. У герархіі мясцовых дзеячоў гэта была пасада нумар адзін. Заняўшы яе, Астроўскі разьлічваў зь цягам часу павялічыць свой уплыў і на базе ўправы Менскай акругі стварыць цэнтральны орган беларускай адміністрацыі.
Але ў той час на Беларусі панавала сытуацыя, якая не спрыяла зьдзяйсьненьню падобных плянаў.
Па-першае, Гітлер так і ня вызначыў сваю пазыцыю што да ўсталяваньня «новага парадку» на ўсходзе.
Па-другое, Астроўскі ня меў бы падтрымкі сярод правінцыйнай адміністрацыі, якая стваралася пад кіраўніцтвам Вэрмахту, – у пераважнай ступені тут дзейнічаў небеларускі элемэнт.
Таму перш-наперш ён пачаў зьбіраць вакол сябе беларускую інтэлігенцыю. Дзеля гэтага трэба было аднавіць старыя кантакты на Беларусі. Астроўскі зьезьдзіў у Вільню, дабіўся згоды некалькіх асобаў на супрацоўніцтва, дамогся ў немцаў дазволу на пераезд у Менск або ў ваколіцы. Гэтыя захады Астроўскага знаходзілі падтрымку ў СД. Тут з трывогаю назіралі за ростам палітычнага ўплыву палякаў у Заходняй Беларусі і шукалі выйсьця ў расшырэньні беларускай адміністрацыі.
Такім чынам, адміністрацыйны апарат, створаны на Беларусі ў першыя тыдні акупацыі, быў вельмі разнашэрсным. Побач з выпадковымі элемэнтамі і функцыянэрамі ніжэйшага ўзроўню, якія шукалі звычайнай працы, ён быў важнай і адзінай ува ўмовах вайсковай адміністрацыі легальнай сфэрай дзейнасьці мясцовых палітычных групаў, якія шляхам заняцьця кіраўнічых пасадаў у дапаможным апараце імкнуліся забясьпечыць сабе ўплыў на хаду падзеяў згодна з сваімі мэтамі. З пункту гледжаньня ідэалягічных матываў у гэтым апараце ўдзельнічалі:
– беларускія дзеячы, якія імкнуліся да стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы;
– польскія дзеячы, якія імкнуліся аднавіць становішча, што існавала да верасьня 1939 г.;
– дзеячы савецкага падпольля розных нацыянальнасьцяў, якія выконвалі дывэрсіі і выведзаданьні дзеля вяртаньня становішча, што панавала да чэрвеня 1941 г.
Сутыкненьне гэтых палітычных сілаў непазьбежна павінна было прывесьці ўва ўмовах акупацыі да польска-савецкага канфлікту за Заходнюю Беларусь, паколькі беларускі нацыяналізм станавіўся перашкодай як для польскага, так і для савецкага падпольля, таму абодва бакі ставіліся да яго аднолькава варожа. Прэлюдыяй у гэтай барацьбе «ўсіх з усімі» на першым этапе акупацыі стаў польска-беларускі канфлікт.
Першай яго праявай былі стараньні былых земляўласьнікаў вярнуць сабе страчаныя маёнткі і інвэнтар, падтрыманыя нямецкімі вайсковымі ўладамі і мясцовай адміністрацыяй. Многія распарцэляваныя[66]66
Парцэляцыя – падзел тэрыторыі на невялікія ўчасткі. – Polochanin72
[Закрыть] землі або маёнткі, некалі пераробленыя на саўгасы, улетку 1941 г. зноў апынуліся ў руках старых уласьнікаў. Адпаведных юрыдычных распараджэньняў наконт рэгуляцыі правоў на зямлю яшчэ не было, таму колішнія гаспадары лічыліся цяпер фармальна адміністратарамі сваіх маёнткаў, такім чынам, іх сацыяльны статус ад гэтага мала зьмяняўся. Засталося нямала дакумэнтальных ілюстрацыяў таго, як праходзіў гэты працэс, мы, аднак, абмяжуемся толькі трыма, узятымі з тагачасных польскіх крыніц, – яны досыць поўна характарызуюць яго праявы і вынікі.
У лінеш 1941 г. віленскі «Goniec Codzienny» апублікаваў уражаньні аднаго ўласьніка маёнтку ў Ашмянскім павеце. Ён перад прыходам саветаў схаваўся ў Вільні, а з пачаткам нямецкай акупацыі вярнуўся на сваю зямлю. Па дарозе ён запытаўся ў сустрэчных сялян, куды падзеліся яго каровы, коні і мэбля. Прыбыўшы на месца, ён склікаў мужыкоў і сказаў ім:
– У цябе, Валодзя, – мая сіўка, у цябе, Пецька, – мая гнедая кабыла, а ў цябе, солтыс, – мая жняярка. Каб мне гэта ўсё за гадзіну было на сваім месцы, бо гэта вам не калгасная і ня ваша ўласнасьць, яна заўсёды была мая.
– Мы і так ведаем, паночак: што наша, то наша, а што пана, тое вернем. Мы ня хочам нікому крыўды. Як некалі было, так і цяпер будзе. Будзем разам працаваць.
І пачалі памалу, бязь сьпеху, як гэта ў нас звычайна робіцца на Беларусі, звозіць жывёлу і інвэнтар. Дзякуй Богу, што яшчэ змогуць з палеткаў, засеяных увосень ці ўвесну, сабраць жніво – ураджай абяцаў быць багаты.
У дадатак да гэтага паведамленьня «Goniec Codzienny» пісаў, што
такія адносіны цяпер пануюць усюды на Беларусі. Нідзе няма ніякіх сутычак. За гэтым сочаць мясцовыя ўлады, прызначаныя вайсковай камэндатурай.
Не падзяляў гэтай думкі орган падпольнай Дэмакратычнай партыі – «Nowe Drogi», пішучы наступнае:
…Улетку 1941 г. на апусьцелыя сядзібы пачалі вяртацца «панове». Адны вярталіся зь цяжкага бяздомнага блуканьня зь вялікім запасам досьведу і разваг. Яны стараліся наладзіць стасункі зь вёскай тактоўна і спакойна, кампрамісна. Але іншыя прыяжджалі разьюшаныя, поўныя помсьлівага запалу, яны прагнулі адплаты за тое, што было. Пачаліся скандальныя сцэны гвалту пры адбіраньні жывога і мёртвага інвэнтару. Ня раз – з зваротам да нямецкіх уладаў па дапамогу пры ўстанаўленьні права ўладаньня. Немцы ахвотна мяшаліся ў справу і «кавалі морды» мужыкам, абараняючы «справядлівыя прэтэнзіі польскага пана». Мы ведаем прозьвішчы тых людзей, што бачылі ў нямецкім акупанце дабрадзея і абаронцу. У будучыні іх спасьцігне справядлівае і суровае пакараньне. Але факт застаецца фактам: сёньня мы бачым, як віленская вёска, якая за два гады бальшавіцкай улады страціла сымпатыі да камунізму, цяпер нанова пачынае іх набываць. Спрытны агітатар ужо шэпча мужыку: «Хацелі – дык во, смакуйце цяпер наноў сваю “панску Польску”».
«Абуральныя сцэны гвалту», пра якія пісалі «Nowe Drogi», не абмяжоўваліся, аднак, толькі «каваньнем морды» мужыкам, у некаторых мясьцінах пацягнулі супраціў і людзкія ахвяры, пра што восеньню 1941 г. даносіла выведка ЗУБ:
На беларускія тэрыторыі часта вяртаюцца земляўласьнікі пад аховай нямецкай жандармэрыі. Гэта выклікае канфлікты зь сялянамі, у якіх адбіраюць улучаныя ў калгасы фальваркавыя землі і рознае забралае з двара рухомае майно. У аколіцах Ліды на гэтым фоне былі закалоты, жандары застрэлілі больш за дзясятак сялян. Немцы ствараюць бачнасьць, што «вяртаюць Польшчу» і такім спосабам ствараюць антаганізм паміж беларусамі і палякамі.
Займаньне пасадаў у мясцовай адміністрацыі і вяртаньне былых паноў у свае фальваркі нямецкая служба бясьпекі расцэньвала як этапы ажыцьцяўленьня адзінага польскага пляну – вяртаньне Заходняй Беларусі пад сваё панаваньне і аднаўленьне даверасьнёўскага status quo. Нэўтралізацыя і вывад з гульні самых актыўных беларусаў былі трэцім мэтадам ажыцьцяўленьня гэтага пляну: іх лічылі за палітычных праціўнікаў. Такія настроі падаграваліся прагай помсты за падзеі 1939–1941 г., тут перапляталіся грамадзкія інтарэсы і асабістыя рахункі. Ня дзіва, што ўжо ў першыя дні акупацыі палякі пачалі даносіць на беларусаў, выкрываючы іх сапраўдны або ўяўны бальшавізм. Паводле беларускіх крыніц, такія здарэньні адбываліся на шырокім абшары і былі прычынаю вялікіх ахвяр летам 1941 г., асабліва сярод інтэлігенцыі. Стварылася атмасфэра польскага засільля і антыбеларускага тэрору. Характарызуючы тагачасную сытуацыю ў Вялейскай акрузе, Аляксандар Калодка піша, што пры гэтай атмасфэры
шмат хто з інтэлігенцыі пакінуў акругу, ня бачачы ніякай магчымасьці грамадзкай працы.
У такой сытуацыі імкненьне Астроўскага беларусізаваць адміністрацыю сутыкалася зь вялікімі перашкодамі. У канцы ліпеня пад націскам СД вайсковыя камэндатуры паспрабавалі звольніць з кіраўніцкіх пасад палякаў і замяніць іх беларусамі. Але гэтая акцыя выклікала незадавальненьне сярод польскага насельніцтва і новыя скаргі, пасьля якіх частку нядаўна нанятых беларусаў пазвальнялі.[67]67
Ha падставе гэтых даносаў немцы арыштавалі ў Стоўпцах 19 беларускіх службоўцаў, у т. л. Юр’я Сабалеўскага і Віктара Чабатарэвіча, а ў Валожыне – 22 адміністрацыйных супрацоўнікаў на чале з кіраўніком управы Канстанцінам Касяком.
[Закрыть] Падтрымлівала гэтыя тэндэнцыі эсдэкаўская «Walka», якая ўсіх спрэс беларускіх службоўцаў абвінавачвала ў камунізьме.
Кампанія па барацьбе зь беларускім актывам рукамі нямецкіх акупантаў узмацняла варожасьць і стварала перашкоды для тых нешматлікіх беларускіх і польскіх групаў, якія шукалі паразуменьня. Не забягаючы наперад у разглядзе падзеяў, вынікам якіх сталі перамовы паміж прадстаўнікамі Галоўнага камандаваньня Арміі Краёвай і Партыі беларускіх нацыяналістаў у Менску ў ліпені 1942 г., варта закрануць пытаньне адказнасьці за гэтыя трагічныя падзеі. Сярод дзеячоў беларускага руху, прычым ня толькі нацыянальнага, але і камуністычнага, жыло перакананьне, што гэту апэрацыю інсьпіравалі польскія ўлады ў Лёндане і іх падпольныя мясцовыя прадстаўнікі. Пазыцыя ПБН, сфармуляваная яе кіраўніком Янкам Станкевічам і прадстаўніцаю ГК АК[68]68
ГК АК – Галоўнае камандаваньне Арміі Краёвай.
[Закрыть] Зоф’яй Дабрынскай («Эван»), гучала наступным чынам:
Станкевіч (ПБН):
…Смутная вайна, у якой Гестапа пралівае польска-беларускую кроў, у значнай ступені ідзе па віне мясцовых палякаў. Сярод беларусаў распаўсюдзілася думка, што «двудушнай палітыкай тутэйшых палякаў» кіруе польская цэнтральная ўлада, бо ў розных аддаленых ад сябе мясцовасьцях палякі паводзілі сябе аднолькава пры ўваходжаньні немцаў. Беларусы ўвогуле баяліся трапіць немцам на вочы, затое палякі віталі іх з энтузіязмам, дзякавалі за вызваленьне ад бальшавікоў і запэўнівалі, што толькі палякі – сапраўдныя прыяцелі заходняй культуры і Нямеччыны, маўляў, яна прынесла ім вызваленьне ад прыроджанага ворага – саветаў, у той час як беларусы – гэта натуральныя бальшавікі, якія арыентуюцца на Усход. Першая кроў, якая пралілася пры нямецкай акупацыі, была беларуская.
Дабрынская (ГК АК):
Я адказала на гэта, што даю слова гонару, што гэта ня толькі ня акцыя цэнтру, але, наадварот, такія ўчынкі ёсьць здрадай Польшчы, і законныя польскія ўлады пакараюць такіх людзей за дзяржаўную здраду… Я папрасіла пералік мясьцінаў, у якіх такія выпадкі мелі месца, а таксама пайменны сьпіс палякаў, якія служаць немцам.
Такім чынам, прадстаўнік Галоўнага камандаваньня АК адназначна выказаўся супраць такіх паводзінаў.
На першы погляд, польска-беларускія сутыкненьні ўзьнікалі стыхійна, без удзелу акупантаў, аднак яны выкарыстоўвалі іх ува ўласных інтарэсах, дзеля рэалізацыі вызначанай яшчэ да нападу на СССР праграмы генацыду. Гейдрых, шэф паліцыі бясьпекі і службы бясьпекі Райху, ужо зь першых дзён вайны заахвочваў даносы ад розных нацыянальных групаў, аднак распарадзіўся, каб зьнішчальныя акцыі ў першую чаргу скіроўваліся на бальшавікоў і габрэяў, а потым, зь цягам часу, адпаведныя рашэньні будуць прымацца і супраць інтэлігенцыі – польскай ці іншай.[69]69
Адначасовае прызначэньне на адміністрацыйныя пасады беларусаў побач з палякамі ў тых самых рэгіёнах можна было б расцэньваць як распальваньне міжнацыянальных канфліктаў, аднак, на думку аўтара, гэты аргумэнт не пераканаўчы. З аднаго боку, немцы былі вымушаны наймаць на службу палякаў, з другога боку, нельга лічыць правакацыяй імкненьне СД стварыць беларускую адміністрацыю. Аднак у выніку гэта прыводзіла да канфліктных сытуацыяў, якія ішлі на карысьць акупантам.
[Закрыть] Адсюль вынікае, што «падтрымка», якую акупацыйныя ўлады аказвалі палякам і беларусам, была толькі тактычным ходам, разьлічаным на іх узаемнае вынішчэньне і ўзмацненьне нямецкага панаваньня на Беларусі. З гэтага пункту гледжаньня прыведзеныя раней ацэнкі АК і ПБН былі правільныя.
Іх пацьвярджалі пацыфікацыйныя акцыі Вэрмахту і паліцыі на іншых беларускіх землях, дзе не было такога моцнага нацыянальнага напружаньня. У нямецкай дакумэнтацыі мы знойдзем не адзін прыклад таго, як пад лёзунгам барацьбы з савецкімі дзеячамі, дывэрсантамі і т. п. у сапраўднасьці вялося вынішчэньне цывільнага насельніцтва, якое ў вачох акупантаў менш за ўсіх было «вінаватае» ў камуністычнай дзейнасьці або ўвогуле ня мела да яе ніякага дачыненьня. У Менску адразу ж пасьля ўваходу нямецкіх войскаў паводле загаду ваеннага камэнданта быў створаны т. зв. лягер цывільных палонных, куды сагналі ўсіх мужчын – жыхароў гораду ўва ўзросьце ад 18 да 45 гадоў. Лягер прачэсвала тайная вайсковая паліцыя ў супрацоўніцтве з айнзацгрупай, пры гэтым да канца ліпеня вяліся расстрэлы – штодня забівалі каля 200 чалавек. Шукалі нібыта дывэрсантаў, а ліквідавалі галоўным чынам выпадкова адабраных ахвяраў, паводле паліцыйнага рапарту – «функцыянэраў, агентаў, крымінальнікаў, азіятаў і г. д.».
Многа нявінных цывільных жыхароў у першыя тыдні акупацыі загінула ў т. зв. пацыфікацыйных акцыях, фармальна прызначаных для ачышчэньня занятых тэрыторыяў ад савецкіх салдат, што хаваліся па лясох. Адна з такіх акцыяў была праведзена ў канцы ліпеня – пачатку жніўня ў заходнім Палесьсі сіламі 1-й брыгады кавалерыі СС, у выніку яе было расстраляна 13 788 «марадэраў». Параўноўваючы гэтую лічбу з колькасьцю нямецкіх стратаў – 2 забітых і 15 параненых, – лёгка прыйсьці да высновы, што акцыя мела неваенны характар. Гэта пацьвярджае і данясеньне аднаго зь яе ўдзельнікаў, камандзіра кавалерыйскага атраду штурмбанфюрэра СС Магіля, які расстраляў 6526 чалавек. У рапарце гаворыцца:
Паколькі атрад не напаткаў ні чырвонаармейцаў, ні камуністаў, расстрэльвалі галоўным чынам габрэяў і людзей, якія займаліся камуністычнай дзейнасьцю.
У гісторыі акупацыі асобны разьдзел займае зьнішчэньне габрэйскага насельніцтва, якое ў межах сучаснай тэрыторыі рэспублікі складала да вайны 700–750 тыс. чалавек.
Значная частка габрэяў, асабліва з Усходняй Беларусі, пасьпела эвакуявацца на Ўсход, аднак пераважная іх маса апынулася ў зоне акупацыі. Летам 1941 г. іх загналі ў гета. Паступовая ліквідацыя габрэйскага насельніцтва пачалася восеньню 1941 г., але ўжо ў ліпені і жніўні немцы перайшлі да вынішчэньня габрэйскай інтэлігенцыі, асабліва – настаўнікаў, адвакатаў і савецкіх службоўцаў.
Трэба, нарэшце, адзначыць спэцыфічнасьць сытуацыі, у якой апынуліся беларусы – салдаты Чырвонай Арміі, што трапілі да немцаў у палон. Летам 1941 г. Вярхоўнае камандаваньне Вэрмахту выдала загад аб іх вызваленьні зь лягераў ваеннапалонных, а 8.9.1941 г. пацьвердзіла гэтае распараджэньне, патрабуючы як мага хутчэй адаслаць палонных дадому. У аднолькавай ступені гэта датычыла і палонных іншых нацыянальнасьцяў, асабліва немцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў і эстонцаў, але не закранала расейцаў, габрэяў і інш. У выніку, тысячы былых чырвонаармейцаў вярнуліся на Беларусь, тут яны некалькі месяцаў маглі жыць цалкам спакойна. У гэты самы час іх таварышы, асабліва расейцы, масава гінулі ў лягерах з голаду, зьнясіленьня і хвароб. Нельга, аднак, адназначна лічыць гэта вынікам пэўнай нацыянальнай палітыкі. На думку Даліна, свой уплыў тут аказвала вялізарная лічба савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў нямецкай няволі: у сярэдзіне сьнежня 1941 г. іх налічалася 3,8 млн. чалавек.
У часе вайсковага кіраваньня акупацыйныя ўлады не праводзілі на Беларусі сыстэматычнай гаспадарчай дзейнасьці, замест гэтага займаючыся хаатычнымі рэквізыцыямі харчовых прадуктаў. Пагалоўе свойскай жывёлы, асабліва сьвіньняў і кароў, зьменшылася таму яшчэ больш. Вялікія страты панесьлі навуковыя ўстановы, бібліятэкі і музэі, панішчаныя і разрабаваныя Вэрмахтам і СС. Непапраўнай бядою станавіліся акцыі масавага зьнішчэньня, што вяліся ў адпаведнасьці з ідэалягічнымі прынцыпамі гітлерызму.