355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 6)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 18 страниц)

Пачаткі акупацыйнай цывільнай адміністрацыі
(верасень – сьнежань 1941)

Праекты новага палітычнага рэжыму на ўсходзе ведамства Розэнбэрга распрацоўвала ўжо з красавіка 1941 г., але да тае пары, пакуль іх не зацьвердзіў бы Гітлер, яны не маглі выкарыстоўвацца на практыцы. Фюрэр тым часам не сьпяшаўся прымаць рашэньне. У сярэдзіне траўня, г. зн. незадоўга да нападу на СССР, ён адклаў «да пазьнейшага разгляду» прапанаваны Розэнбэргам праект дэкрэту аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі, не пагадзіўся і на перадачу Літвы і Латвіі цывільным уладам, якую плянаваў правесьці Кэйтэль ужо пасьля двух тыдняў ад пачатку ваенных дзеяньняў. І толькі 17 ліпеня, калі нямецкія войскі знаходзіліся ў Смаленску, Гітлер выдаў некалькі дэкрэтаў адносна арганізацыі цывільнага кіраўніцтва на акупаваных тэрыторыях СССР. Аднак перадача гэтых земляў цывільным уладам зацягвалася, Гітлер адкладаў гэтае рашэньне на пасьля. Варта зазначыць, што новастворанае міністэрства акупаваных усходніх тэрыторый на чале з Розэнбэргам (Reichsministerium fur die besetzten Ostgebiete – далей RMfdbO, або OMi) першыя чатыры месяцы працавала неафіцыйна, паведамленьне аб яго арганізацыі было распаўсюджана толькі ў сярэдзіне лістапада.

Найпершай умовай увядзеньня цывільнага рэжыму на акупаваных землях было дастатковае аддаленьне лініі фронту. Але для распрацоўкі неабходных дэкрэтаў і распараджэньняў гэты фактар ня меў прынцыповага значэньня. Справа вырашалася марудна з палітычных прычын, у прыватнасьці, праз адсутнасьць пэўнай, адназначнай канцэпцыі наконт будучага статусу занятых земляў. Пытаньне «вольных ад Сталіна рэспублік», да якога так часта зьвяртаўся Гітлер у недалёкім мінулым, летам 1941 г. было знята з парадку дня бэрлінскай палітыкі. З таго часу фюрэр яўна пазьбягаў якіх-небудзь афіцыйных дэкларацыяў адносна будучыні гэтых земляў, хоць ня раз выказваў сярод найбліжэйшых супрацоўнікаў свае анэксійныя, калянізатарскія і да т. п. пляны.

Гітлер імкнуўся поўнасьцю падпарадкаваць сваёй уладзе вырашэньне будучага лёсу ўсходніх народаў і тэрыторый. Ён разьлічваў, што перамога над СССР прыйдзе хутка, і таму ня бачыў патрэбы ў палітычным супрацоўніцтве з насельніцтвам занятых земляў. Гэтыя меркаваньні ляглі ў падмурак арганізацыі і дзейнасьці акупацыйнага цывільнага кіраўніцтва. Такім чынам, замест папярэдне заплянаваных адміністрацыйных адзінак – Прыбалтыкі, Беларусі і Ўкраіны – дэкрэт Гітлера ад 17 ліпеня прадугледжваў стварэньне новых райхскамісарыятаў на чале зь нямецкімі чыноўнікамі. На думку Мадайчыка, гэта азначала, што Гітлер адмовіўся ад ідэі пераўтварэньня гэтых земляў у васальныя тэрыторыі на карысьць беспасярэдняга, поўнага нямецкага панаваньня каляніяльнага тыпу.

Напачатку быў створаны райхскамісарыят Остлянд зь сядзібаю ў Рызе. Узначаліў яго прызначаны Гітлерам райхскамісар Гэнрых Лёзэ. У склад Остлянду ўвайшлі прыбалтыйскія краіны – Літва, Латвія, Эстонія, а разам зь імі – Беларусь, якая яшчэ ў чэрвені, паводле пляну Розэнбэрга, павінна была вылучыцца ў асобную адміністрацыйную адзінку. Цяжка сказаць дакладна, чаму адбылося гэтае аб’яднаньне. Дакумэнтальныя архівы міністэрства Розэнбэрга не даюць на гэта адказу. Паводле апублікаваных пасьля вайны ўспамінаў Ота Бройтыгама, кіраўніка палітычнага аддзелу ў гэтым міністэрстве, ідэя злучэньня прыбалтыйскіх краін і Беларусі ў адным райхскамісарыяце Остлянд нарадзілася з імкненьня стварыць на ўсходзе больш-менш роўныя па велічыні і значэньні адміністрацыйныя адзінкі. Бо інакш, пры захаваньні адасобленасьці паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю, узьніклі б дыспрапорцыі ў параўнаньні зь вялікім райхскамісарыятам Украіна.

І сапраўды, нялёгка знайсьці нейкія іншыя матывы такога аб’яднаньня: паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю існавала шмат адрозьненьняў у многіх галінах. Карэньні гэтых адрозьненьняў сягалі ў гісторыю міжваеннага дваццацігодзьдзя. У гэты пэрыяд Літва, Латвія і Эстонія існавалі як асобныя самастойныя дзяржавы. Усходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад СССР, а яе заходнія землі былі часткаю Польшчы. Адсюль вынікала неаднароднасьць гаспадарчых структур, якая не пасьпела зьнікнуць за час кароткага існаваньня савецкай улады перад гітлераўскім нашэсьцем. Немалую розьніцу можна было назіраць і ў этнічным складзе тутэйшага жыхарства, і ў яго нацыянальнай сьвядомасьці.

Такім чынам, Остлянд быў задуманы як штучнае аб’яднаньне разнародных тэрыторыяў. Гэты факт усьведамлялі на ўсіх ступенях нямецкай чыноўнай герархіі. Асабліва важкія прычыны для незадавальненьня такой сытуацыяй былі ў Лёзэ – ён беспасярэдне адказваў перад бэрлінскім кіраўніцтвам за дзейнасьць адміністрацыі на гэтых землях. У сваім артыкуле, апублікаваным у студзені 1942 г., ён сьцьвярджаў, што трэба ўлічваць тэрытарыяльную неаднароднасьць і адпаведна прыстасоўваць тактыку адміністрацыі – на Беларусі яна павінна быць інакшая, чым у Прыбалтыцы. У траўні 1944 г., г. зн. напрыканцы акупацыі, аб’яднаньне гэтых дзьвюх земляў Лёзэ ацаніў як «вельмі шкоднае». У Бэрліне таксама ставіліся адмоўна да гэтага зьліцьця. Ужо ў кастрычніку 1941 г. Розэнбэрг адзначаў, што райхскамісарыяты – гэта часовае адміністрацыйнае рашэньне, а ў сярэдзіне 1942 г. сьцьвярджаў, што саюз Беларусі і Прыбалтыкі існуе да пары.

Апрача таго, паўставала спэцыфічнае пытаньне прызначэньня гэтых тэрыторыяў у нямецкіх пэрспэктыўных плянах. Паводле праекту, апрацаванага Розэнбэргам і зацьверджанага Гітлерам 16 ліпеня 1941 г., Прыбалтыка ў будучыні павінна была стаць нямецкай правінцыяй. Так лічылася да канца акупацыі. Затое будучыня Беларусі не была прадвызначана канчаткова і адназначна. Адсутнасьць пэўнай, акрэсьленай канцэпцыі ў нямецкіх кіраўнічых колах дала падставу для ўзьнікненьня ў пазьнейшай пасьляваеннай літаратуры разнастайных поглядаў на гэтае пытаньне: адны дасьледчыкі меркавалі, што зь цягам часу Беларусь стала б часткаю Нямеччыны, іншыя ўважалі яе за калёнію.

У гэтых адносінах заслугоўвае ўвагі кампэтэнтнае сьведчаньне генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Ён нават летам 1943 г. ня ведаў, які лёс быў прызначаны зямлі, што знаходзілася пад яго кіраўніцтвам. 12 жніўня 1943 г. Кубэ пісаў:

Вырашэньне праблемы, прадстаўленай у дэкрэце пана міністра ўсходніх акупаваных земляў Райху ад 14.11.1942 г. – 11.1e.296, – на маю думку, залежыць ад асноўнай перадумовы, а менавіта – ад палітычнага рашэньня наконт будучыні беларускай тэрыторыі. Трывалае далучэньне беларускіх земляў да нямецкай жыцьцёвай прасторы вымагала б, натуральна, куды больш інтэнсіўнага пашырэньня адміністрацыі, чым у выпадку, калі б гэты абшар, як перадпольле нямецкага Райху, заставаўся зьвязаны зь ім толькі цераз базы з айчыны, або калі б на першы плян ставілася як мага большая яго эксплуатацыя. Адсутнасьць такога палітычнага рашэньня адносна будучыні Беларусі робіцца тормазам у плянаваным праўленьні, дый увогуле ў любым плянаваньні.

Праблемы, пра якія гаварыў Кубэ: далучэньне да Нямеччыны, буфэрная зямля (Vorland), калёнія ці нешта іншае – так і не былі вырашаны фармальна да канца акупацыі. Беларусь увайшла ў склад Остлянду як тэрыторыя зь неакрэсьленым палітычным прызначэньнем.

Нарэшце, трэцім пытаньнем, якое не было вырашана ў пэрыяд арганізацыі цывільнай адміністрацыі, стала вызначэньне будучых межаў Беларусі. Паводле праекту, апрацаванага ў чэрвені 1941 г. ведамствам Розэнбэрга, з даваеннай тэрыторыі БССР павінны былі адысьці часткі Берасьцейскай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласьцей. У часе ваеннага праўленьня яны апынуліся ў тыле групы армій «Поўдзень», а пасьля пераходу на цывільную адміністрацыю павінны былі ўвайсьці ў райхскамісарыят Украіна. Невялікая частка Вялейскай вобласьці адначасова далучалася да Літвы. Заплянаванае пашырэньне межаў Беларусі на ўсходзе не кампэнсавала гэтых стратаў. Улічваючы ўсе зьмены, тэрытарыяльны статус Беларусі ў будучыні павінен быў выглядаць наступным чынам:


Але і гэты праект Розэнбэрга не ажыцьцявіўся. 12 ліпеня Гітлер загадаў вывесьці з складу БССР Беластоцкую акругу і сваім дэкрэтам ад 22 ліпеня перадаў яе обэрпрэзыдэнту ўсходняпрускай правінцыі Эрыху Коху. Гэтае рашэньне павялічыла тэрытарыяльныя страты БССР да 68,0 тыс. кв. км – на 30 % ад даваеннага абшару Беларускай ССР. Шкоду ад гэтых зьменаў міністэрства Розэнбэрга спрабавала прылагодзіць шляхам далучэньня да Беларусі новых земляў на ўсходзе агульнай плошчаю больш за 50 тыс. кв. км. Такім чынам, акрэсьлены гэтым міністэрствам абшар Генэральнай акругі Беларусь займаў плошчу 210,5 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 9 млн. чалавек. На гэтых землях плянавалася стварыць 39 акруг (Kreisgebiete), аб’яднаных у галоўныя акругі (Hauptgebiete) – Менскую, Баранавіцкую, Магілёўскую, Смаленскую і Віцебскую.

Гэтыя пастановы Гітлер ухваліў толькі часткова. Ён пагадзіўся менавіта з далучэньнем паўднёвых раёнаў Беларусі да райхскамісарыяту Украіна, але так і ня вызначыў свайго стаўленьня да нарошчваньня яе тэрыторыі на ўсходзе. У выніку, у міністэрстве Розэнбэрга адмовіліся ад плянаў перанясеньня межаў Беларусі на ўсход і з таго часу (сьнежань 1941 г.) лічылі, што даваенная граніца паміж БССР і РСФСР і цяпер павінна аддзяляць беларускі абшар ад расейскага.[70]70
  У гэты час Смаленшчыну ўжо трактавалі як «заслон супраць беларускага шавінізму».


[Закрыть]

Шэфам цывільнай адміністрацыі на Беларусі Гітлер прызначыў 17 ліпеня 1941 г. Вільгельма Кубэ. Перад ім адкрывалася «маляўнічая» пэрспэктыва: працаваць у «самым нязьведаным краі Эўропы» зь неакрэсьленай тэрыторыяй і палітычнай будучыняй, штучна і да пары зьвязаным з Прыбалтыкай. Неўзабаве зьявілася да таго ж і ўсьведамленьне складанай нацыянальнай сытуацыі ў давераным яму рэгіёне.

Нетыповыя абставіны, таксама як і нетыповыя паводзіны самога Кубэ на пасадзе генэральнага камісара, вымушаюць бліжэй прыгледзецца да гэтай галоўнай дзейнай асобы акупацыйнай гісторыі Беларусі.

Вільгельм Кубэ нарадзіўся 13.11.1887 г. у горадзе Глогаў на Одэры ў эвангелісцкай сям’і. Бацька Вільгельма, Рыхард, прафэсійны вайсковец – унтэрафіцэр, неўзабаве перабраўся ў Бэрлін і працаваў там зборшчыкам падаткаў. Тут Вільгельм вучыўся ў пачатковай школе і гуманітарнай гімназіі Zum Grauen Kloster. У 1908–1912 г. ён вывучаў гісторыю і дзяржаўнае права ў Бэрлінскім унівэрсытэце. Кубэ быў адным з стваральнікаў Нямецкага нацыянальнага студэнцкага саюзу, а ў 1911–1914 г. узначальваў яго і рэдагаваў «Deutschvolkische Hochschulblatter».

У 1911 г. Кубэ ўступіў у Нямецкую сацыяльную партыю, а ў наступным годзе стаў рэдактарам «Mecklenburgische Warte» ў Вісмары. Але неўзабаве выйшаў з гэтай партыі і стаў сябрам Нямецкай кансэрватыўнай партыі. Да 1919 г. быў яе акруговым сакратаром у г. Брэслаў, рэдагаваў «Schlesische Morgenzeitung» і супрацоўнічаў з рэдакцыяй «Schlesische Boten». У 1917 г. ён правёў тры тыдні ў казармах у якасьці ляндштурмана, але быў адкліканы адтуль сваёй партыяй.

Пасьля паразы Нямеччыны Кубэ парывае з кансэрватарамі. У 1919 г. ён удзельнічае ў стварэньні Нямецкай нацыянальнай народнай партыі, хутка становіцца генэральным сакратаром яе акруговай арганізацыі ў Сылезіі, а з 1920 г. – у Бэрліне, дзе, апрача таго, у 1922–1923 г. выконвае абавязкі гарадзкога дэпутата. Аднак і гэтая партыя пачынае здавацца Кубэ недастаткова баявой. У 1923 г. ён пакідае яе і супольна зь сябрамі забароненай нацысцкай партыі стварае Нацыянал-сацыялістычную партыю свабоды, а праз год зь яе рук атрымлівае мандат пасла Райхстагу і выступае абаронцам Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны (НСРПН) 1.12.1927 г. Кубэ ўступіў у гэтую партыю, якая на той час пасьпела стаць легальнай, і ўжо празь некалькі тыдняў за заслугі перад нацыянал-сацыялістычным рухам Гітлер прызначыў яго гаўляйтэрам усходняй маркі (акругі) – Ostmark. Тут Кубэ разгарнуў актыўную палітычную дзейнасьць, у выніку якой колькасьць сяброў НСРПН у гэтым рэгіёне паднялася з 66 чалавек у 1928 г. да 10 000 у 1931 г., і ў 1933 г. дасягнула 80 000. Адначасова ён становіцца рэдактарам «Der Markische Adler» і робіць яго рупарам сваёй партыі.

У траўні 1928 г. Кубэ абралі дэпутатам прускага Ляндтагу, тут ён з даручэньня Гітлера прыступіў да кіраўніцтва фракцыяй нацыянал-сацыялістаў. Дзейнасьць Кубэ ў Ляндтагу адыграла важную ролю ў перамозе гітлераўскай партыі ў Нямеччыне. Вялікай заслугай Кубэ было скасаваньне 27.9.1928 г. забароны на публічныя выступленьні Гітлера ў межах Прусіі. Асабістыя якасьці Кубэ – яго красамоўнасьць і талент аргумэнтатара – мелі пры гэтым вырашальнае значэньне, бо на той час фракцыю нацыянал-сацыялістаў прадстаўлялі ў Ляндтагу ўсяго шэсьць паслоў. Гітлер ніколі не забываў гэтай паслугі.

Пасьля перамогі НСРПН 25.3.1933 г. Кубэ заняў пасаду обэрпрэзыдэнта Бэрліна і Брандэнбурга, а 1.6.1933 г. стаў гаўляйтэрам акругі Курмарк, утворанай пасьля аб’яднаньня ранейшых партыйных акруг Остмарк і Брандэнбурга. У 1933–1936 г. ён быў дэпутатам Райхстагу, прускім дзяржаўным дарадцам, чальцом Акадэміі нямецкага права, экспэртам у галіне гісторыі раньняга пэрыяду, выконваў іншыя дзяржаўныя абавязкі. І ў дадатак – займаўся літаратурнай творчасьцю і публіцыстыкай.

Хоць Кубэ ўважалі за перакананага антысэміта, у красавіку 1936 г. ён выслаў вярхоўнаму судзьдзі НСРПН райхсканцлеру Вальтэру Буху ананімны ліст, у якім абвінаваціў яго ў перасьледзе габрэяў, адначасова спасылаючыся на сэміцкае паходжаньне яго жонкі. Гэта была ўскосная атака супраць яе зяця, Марціна Бормана. Пасьля таго, як Гестапа ўстанавіла імя аўтара гэтага ананімнага ліста, Кубэ быў вымушаны пакінуць дзяржаўныя і партыйныя пасады. Аднак, паводле распараджэньня Гітлера, ён застаўся сябрам партыі і Райхстагу, захаваўшы сымбалічны тытул гаўляйтара. Па сутнасьці, на няць гадоў ён сышоў з палітычнай сцэны.[71]71
  Райтлінджэр піша, што Гітлер загадаў на кароткі час зьмясьціць Кубэ ў канцлягер. І сапраўды, ён быў у канцлягеры Дахаў, але ня вязьнем, а камандзірам вартаўнікоў, і тое – толькі на два месяцы.


[Закрыть]

Прызначэньне Кубэ на пасаду генэральнага камісара Беларусі ў найвышэйшых колах бэрлінскіх палітыкаў выклікала сапраўдную сэнсацыю. Вільфрэд фон Овэн, блізкі супрацоўнік Гэбэльса, пасьля вайны напісаў, што гэтае прызначэньне

адлюстроўвала ўсю неразважлівасьць і легкадумнасьць нашай так званай усходняй палітыкі.[72]72
  Такое выказваньне адлюстроўвала непрыязныя адносіны паміж Гэбэльсам і Кубэ. Справа ў тым, што Кубэ дазволіў сабе публічна крытыкаваць кнігу Гэбэльса «Vom Kaiserhof zur Reichskanzlei», акрэсьліўшы яе як «Я – аб сaбe».


[Закрыть]

Супраць такога рашэньня выступаў і Розэнбэрг, але Лямэрс паведаміў яму, што Гітлер настойвае на прызначэньні Кубэ. Лёзэ супраціўляўся перад ім зь іншых прычынаў: ён вельмі добра ведаў «рэзкі, імпульсіўны і поўны супярэчнасьцяў характар» свайго сябра Кубэ і таму баяўся, што яго дзейнасьць на пасадзе генэральнага камісара Беларусі можа стаць прычынай сур’ёзных непаразуменьняў і канфліктаў.[73]73
  На гэта ўказвае і памылковая вэрсія Райтлінджэра, нібыта прызначэньне Кубэ адбылося па просьбе Лёзэ.


[Закрыть]

Для высьвятленьня сапраўдных матываў гэтага рашэньня Гітлера не стае дакумэнтальных доказаў. Паводле ацэнак, прызначэньне Кубэ на другарадную пасаду ў Менску азначала, што яму стваралі магчымасьць для рэабілітацыі, але гэты аргумэнт блякне перад фактам – Гітлер збіраўся прызначыць яго райхскамісарам у Маскве, г. зн. даверыць самую высокую пасаду на ўсходзе. У будаўніцтве такіх гіпотэз важна ўлічваць, што Кубэ атрымаў сваё прызначэньне выключна дзякуючы падтрымцы Гітлера, прычым адбылося яно насуперак жаданьням іншых бэрлінскіх тузоў. Такім чынам, гэта была моцная падтрымка.

У службовым становішчы Кубэ гэтая акалічнасьць адыгрывала важную ролю. Перад ім паўставалі на Беларусі складаныя адміністрацыйныя і палітычныя праблемы, таму ён атрымаў шырэйшыя прэрагатывы, чым генэральныя камісары ў прыбалтыйскіх краінах. Ужо 5 ліпеня Розэнбэрг запэўніваў Лямэрса, што пазыцыя генэральнага камісара Беларусі Кубэ, кіраўніка абшару ледзь не з 11-мільённым насельніцтвам, будзе раўназначная пазыцыі райхскамісара. Магчыма, Розэнбэрг пры гэтым улічваў, што Беларусь толькі да пары будзе зьвязана з Прыбалтыкай.

Цывільная адміністрацыя на тэрыторыі Остлянду ўводзілася паступова: з 5 жніўня (Літва) – да 5 сьнежня (Эстонія). Тэрмін залежаў ад аддаленасьці лініі фронту. Але на цэнтральным яго ўчастку панавала такая сытуацыя, што камандаваньне Вэрмахту стрымлівала перадачу цывільным уладам усяго абшару Генэральнай акругі Беларусь. З 1 верасьня 1941 г. Кубэ пераняў уладу толькі над яе заходняй часткаю разам зь Менскам, але значна большая – усходняя – засталася пад кіраўніцтвам арміі, перадача гэтых земляў цывільным уладам залежала ад посьпехаў на фронце. Але пасьля разгрому Вэрмахту пад Масквой і зімовага контранаступу Чырвонай Арміі лінія фронту наблізілася да паўночна-ўсходніх граніц Беларусі, і пэрспэктыва перадачы гэтага абшару цывільнай адміністрацыі аддалілася.

Узьнікла, такім чынам, своеасаблівая сытуацыя. Тэрытарыяльныя абрысы Генэральнай акругі Беларусь фармальна не зьмяніліся з канца 1941 г., але насамрэч кампэтэнцыя яго генэральнага камісара распаўсюджвалася толькі на заходнюю частку гэтага абшару, перададзеную цывільным уладам.

Пасьля таго, як на карысьць Літвы з гэтага абшару адышлі тры паветы (Эйшышкі, Ашмяны і Сьвір), гэты абшар меў плошчу 53,7 тыс. кв. км. і падзяляўся на 11 акруг, прычым Менск утвараў асобную гарадзкую акругу (гл. табл. 6). Было запраектавана 5 галоўных акруг, але ўтворана толькі дзьве – у Менску і Баранавічах. Тэарэтычна Генэральная акруга Беларусь на 75 % складалася з тэрыторыяў, якія да верасьня 1939 г. належалі СССР (altsowjetische Gebiete), на практыцы тая частка акругі, якою кіраваў Кубэ, на 78 % складалася з раёнаў, якія ў міжваеннае дваццацігодзьдзе належалі Польшчы (altpolnische Gebiete).

На працягу верасьня на гэтых землях быў створаны апарат акупацыйнай цывільнай адміністрацыі, які замяніў сабой ранейшыя вайсковыя ўлады. Гэты апарат тэарэтычна складаўся з трох ступеняў. Найвышэйшай яго інстанцыяй быў генэральны камісарыят у Менску, якім кіраваў Кубэ. Ён быў беспасярэдне падпарадкаваны райхскамісарыяту Остлянд у Рызе. Сярэднюю ступень цывільнай адміністрацыі ўтваралі галоўныя камісарыяты (Hauptkommissariate) у Менску і Баранавічах, але вялікай ролі яны не адыгрывалі, і ў сакавіку 1943 г. іх распусьцілі. Найніжэйшую нямецкай адміністрацыі складалі гарадзкі камісарыят (Stadtkomissariatte) у Менску і 10 акруговых камісарыятаў (Gebietskommissariate). На працягу трох гадоў акупацыі кіраўнікамі гэтых мясцовых управаў былі:


Глыбокія пераўтварэньні адбыліся і ў структуры паліцыйных уладаў. За час вайсковай адміністрацыі ў гэтай галіне ажыцьцяўлялі галоўнакамандуючы СС і паліцыі (Hohere SS-und Polizei fuhrer, далей – HSSPF) цэнтральнага ўчастку фронту фон дэм Бах і шэф Айнзацгрупы «Б» Нэбэ. У Прыбалтыцы гэта былі HSSPF паўночнага ўчастку фронту групэнфюрэр СС Пруцман і шэф Айнзацгрупы «А» брыгадэнфюрэр СС д-р Вальтэр Сталекер, іх штаб-кватэры знаходзіліся ў Рызе. Пасьля перадачы заходняй часткі Беларусі цывільнай адміністрацыі ўладу над паліцыяй на гэтых землях трымаў Пруцман – HSSPF Остлянду (у сьнежні 1941 г. на гэтай пасадзе яго зьмяніў групэнфюрэр СС Екельн). У гэты час ува ўсходняй частцы Беларусі, якая па-ранейшаму заставалася ў зоне вайсковай адміністрацыі, паліцыйнымі ўладамі працягваў кіраваць Бах. Свой штаб ён перанёс з Баранавічаў у Магілёў. Працаю службы бясьпекі (СД) у Остляндзе, у т. л. і ў заходняй частцы Беларусі, перададзенай цывільным уладам, кіраваў Сталекер. На ўсходзе яна па-ранейшаму заставалася ў распараджэньні Айнзацгрупы «Б».


На ўзроўні генэральнага камісарыяту паліцыйную інстанцыю ўзначальваў камандуючы СС і паліцыі (SS-und Polizeifiihrer, далей – SSPF), яму падпарадкоўваліся ахоўныя войскі СС, паліцыя парадку і – да пэўнай ступені – паліцыя і служба бясьпекі. Абавязкі SSPF у Менску выконваў брыгадэнфюрэр СС Карл Цэнэр. Ён дзейнічаў на гэтай пасадзе ад пачатку ўвядзеньня цывільнага рэжыму да ліпеня 1942 г. Згодна з дэкрэтам Гітлера ад 17 ліпеня 1942 г. адносна дзейнасьці паліцыі на ўсходзе, і HSSPF, і SSPF беспасярэдне і асабіста былі падпарадкаваныя адпаведна райхскамісару і генэральнаму камісару, а паліцыйныя чыны ніжэйшага ўзроўню – акруговым камісарам. Аднак гэты самы дэкрэт пастанаўляў, што паліцыйнае забесьпячэньне на ўсходніх акупаваных землях знаходзіцца ў кампэтэнцыі райхсфюрэра СС і шэфа нямецкай паліцыі, г. зн. Гімлера, які атрымліваў цяпер права даваць райхскамісарам адпаведныя ўказаньні.

Недастатковае разьмежаваньне паўнамоцтваў у гэтай галіне стварыла няпростую сытуацыю. Як піша Мадайчык,

вышэйшае камандаваньне СС і паліцыі хоць і было прыпісана да штабаў райхскамісараў, аднак удзельнічала ў іх фармальна. Затое спэцыяльныя паўнамоцтвы паліцыі на гэтых тэрыторыях выклікалі ў яе камандзіраў розных рангаў адчуваньне, што менавіта ім павінны падпарадкоўвацца камісары, а не наадварот.

Гэта пачуцьце ўзмацнялася яшчэ і тым, што камандаваньне СС і паліцыі ў асноўных галінах сваёй дзейнасьці было цалкам падпарадкавана Гімлеру, а гэта выключала магчымасьць умяшаньня цывільных уладаў. Такім чынам, паліцыя ўтварала сваю, практычна незалежную ад цывільнай адміністрацыі, сыстэму кіраваньня.

Ня лепш выглядалі магчымасьці цывільнай адміністрацыі на Беларусі і ў іншых важных галінах. Дэкрэт Гітлера ад 17 ліпеня, закранаючы гаспадарчыя пытаньні, пацьвердзіў ранейшыя паўнамоцтвы Герынга – упаўнаважанага за рэалізацыю чатырохгадовага пляну – і пакінуў яго на чале ўсіх інстанцыяў, адказных за эксплуатацыю акупаваных усходніх земляў, у т. л. і тых, што былі перададзеныя цывільным уладам. Падпарадкаваньне гаспадарчых службаў (ландвіртшафтсфюрэраў, зондэрфюрэраў і інш.) зьмянілася толькі фармальна. У часе вайсковай адміністрацыі яны дзейнічалі ў рамках вайсковых камэндатур, а цяпер увайшлі ў склад генэральнага і акруговых камісарыятаў. Аднак заданьні для іх вызначаў Герынг, а Кубэ і падначалены яму апарат павінны былі толькі рэалізоўваць яго ўказаньні.

Дэкрэт ад 17 ліпеня выводзіў з кампэтэнцыі мясцовых цывільных уладаў таксама дзейнасьць чыгункі і пошты. Не падпарадкоўваліся ім і вайсковыя камэндатуры. Яны па-ранейшаму працягвалі сваю працу, але цяпер кола іх дзейнасьці звузілася да спраў выключна вайсковых – аховы камунікацыйных шляхоў, ваеннапалонных і г. д. Камэндатуры нярэдка дапамагалі цывільным уладам у выкананьні гаспадарчых заданьняў – прымусова спаганялі зь мясцовага насельніцтва харчовыя паставы. Супрацоўнічалі яны і з паліцыяй, бралі супольны ўдзел у карных акцыях. У Кубэ не было шырокіх магчымасьцяў і ў галіне прапаганды. Тут гаспадарылі т. зв. прапагандысцкія кіраўнікі, якіх прысылаў Менскі генэральны камісарыят міністэрства Розэнбэрга. Яны дзейнічалі ў адпаведнасьці зь яго інструкцыямі, узгодненымі да таго ж зь міністэрствам прапаганды Гебэльса.

Спэцыфіка беларускіх земляў значна ўплывала на дзейнасьць цывільнай адміністрацыі, яна ўскладняла выдачу распараджэньняў для гэтых тэрыторыяў ня толькі міністэрству Розэнбэрга ў Бэрліне, але і райхскамісарыяту ў Рызе. На гэтых землях у самых розных галінах панавала такая неаднароднасьць, што даводзілася выдаваць асобныя дэкрэты і загады для «altsowjetische Gebiete», іншыя – для Заходняй Беларусі. Аднак звычайна ў фармулёўках праўных дакумэнтаў, якія датычылі Беларусі, значылася ўся тэрыторыя Генэральнай акругі зь перавагай колішніх савецкіх земляў, а ня тая частка, што была перададзена фактычна цывільным уладам. Пры такой сытуацыі большасьць бэрлінскіх дэкрэтаў і распараджэньняў, якімі рэгулявалася дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі ў Остляндзе, не датычыла Беларусі – для яе былі прадугледжаны асобныя дырэктывы. Тое самае можна сказаць і пра інструкцыі райхскамісарыяту ў Рызе, у большасьці сваёй яны датычылі генэральных акруг Прыбалтыкі.

У такіх складаных умовах заканадаўства часта супярэчыла жыцьцёвай практыцы. Тыповым прыкладам можа паслужыць адно зь першых распараджэньняў райхскамісара ў Остляндзе ад 13 верасьня 1941 г. адносна скасаваньня вынікаў савецкай зямельнай рэформы. Гэты дэкрэт меў праўную моц толькі на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Эстоніі, але не закранаў былой Заходняй Беларусі, хоць там зямельная рэформа была праведзена ня шмат раней, чым у краінах Прыбалтыкі, а калектывізацыя сельскай гаспадаркі знаходзілася ў пачатковай фазе. Вырашальны ўплыў тут аказаў агульны характар Генэральнай акругі Беларусь, у якім пераважала калектыўная гаспадарка – акупацыйныя ўлады зьбіраліся яе захаваць. Але і бяз праўнай базы вынікі савецкай рэформы былі ліквідаваныя, г. зн. калгасы распаліся.

Закладзеная дэкрэтамі Гітлера сыстэма паралельнага кіраўніцтва ў спалучэньні зь мясцовымі спэцыфічнымі ўмовамі не дазваляла апарату акупацыйнай улады на Беларусі працаваць скаардынавана і эфэктыўна. Пра гэта сьведчыць самастойная дзейнасьць арміі, паліцыі, гаспадарчых і будаўнічых арганізацыяў, дарожных службаў і г. д. У гэтых і іншых галінах новая цывільная адміністрацыя была практычна бездапаможная. Бэрлінскія тузы ня бачылі тут неспадзяванкі: яны разьлічвалі на блізкую перамогу, таму для новых цывільных уладаў былі вызначаны толькі дачасныя мэтады і задачы. Кубэ сьведчыў, што прыступіў да кіраўніцтва адміністрацыяй на Беларусі, атрымаўшы толькі самыя агульныя дырэктывы: «Прыстасаваньне і выкарыстаньне тэрыторыі для нямецкай ваеннай гаспадаркі», – пры гэтым замест падрабязных інструкцыяў трэба было кіравацца лёзунгам: «Усё, што ты зробіш для Нямеччыны, – добра, усё іншае – кепска».

Няма сумненьня ў тым, што Кубэ ў сваёй дзейнасьці на Беларусі перш за ўсё кіраваўся інтарэсамі Нямеччыны, але моцная асабістая пазыцыя, якую забясьпечвала яму падтрымка Гітлера, дазваляла трактаваць па-свойму гэтыя інтарэсы. Аднак, нягледзячы на шматгадовы палітычны досьвед, задачы, перад якімі ён апынуўся на Беларусі, Кубэ назваў беспрэцэдэнтнымі. Край, куды накіраваў яго Гітлер, ня меў традыцыяў дзяржаўнай самастойнасьці, вынікам чаго быў нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці беларускага насельніцтва, слабасьць яго сэпаратысцкіх імкненьняў і моцныя культурна-палітычныя ўплывы з польскага і расейскага боку. Асабліва выяўна сьведчыў аб гэтым нацыянальны склад мясцовай цывільнай адміністрацыі – ён вельмі слаба адпавядаў краю, які павінен быў прадстаўляць. Да названага дапаўнялася розьніца ў сацыяльна-эканамічным становішчы ўва Усходняй і Заходняй Беларусі, што зьявілася вынікам іх знаходжаньня ў міжваенны пэрыяд у складзе СССР і Польшчы. Таму Кубэ не выпадкова заўважыў:

Беларусь была найперш у самым сапраўдным значэньні гэтага слова ня больш як імглістым геаграфічным паняцьцем.

Назіраньні Кубэ пацьвярджалі ранейшыя паліцыйныя данясеньні, што прыходзілі ў Бэрлін. У іх адзначаўся слабы нацыянальны патэнцыял беларусаў. Таму Розэнбэрг, які на падрыхтоўчым этапе да нападу на СССР ня верыў у магчымасьці беларускага нацыяналізму, восеньню 1941 г. быў яшчэ менш схільны даваць рэкамэндацыі па вырашэньні беларускага пытаньня ў рамках «новага парадку». Зьвязаны зь міністэрствам Розэнбэрга штомесячнік «Deutsche Post aus dem Osten» сьцьвярджаў на гэты конт у лістападзе:

Увогуле, будучнасьць беларускай, або крывіцкай, нацыянальнасьці пакуль стаіць пад пытальнікам, а на думку скептыкаў – знаходзіцца цалкам пад сумненьнем… Час пакажа, ці знойдзе беларускае, або крывіцкае, нацыянальнае пытаньне сваё канчатковае вырашэньне ў цяперашні момант.

Упэўненасьць у слабасьці беларускага нацыяналізму прывяла вярхоўных кіраўнікоў міністэрства Розэнбэрга да перакананьня, што ён ня стане пагражаць нямецкім інтарэсам, таму дапускалася магчымасьць яго ўзмацненьня. Менавіта ў такім палітычным кантэксьце звычайна асьвятляецца роля Кубэ ў дзейнасьці акупацыйнага цывільнага рэжыму на ўсходзе. Пэтэр Кляйст, былы загадчык аддзелу Остлянду ў ОМі, пісаў пасьля вайны, што задачаю Кубэ ў асноўным лічылася барацьба з расейскімі і польскімі ўплывамі на Беларусі і ў вычэкваньні пастановы Бэрліна ў пытаньні будучыні гэтай часткі «падбрушша» Трэцяга райху.

Двухгадовая дзейнасьць Кубэ на Беларусі грунтавалася на адным зыходным прынцыпе і была скіравана ў адным напрамку – да здабыцьця сымпатыяў у насельніцтва шляхам пэўных саступак у галіне культуры і палітыкі, а таксама ўпарадкаваньня эканомікі. Неабходна падкрэсьліць, што гэты курс на паразуменьне з грамадзтвам быў вынікам яго асабістага перакананьня, а не інструкцыяў ОМі або вынікам дзейнасьці савецкага руху супраціву – увосень 1941 г. гэты рух не ствараў яшчэ асаблівай небясьпекі на беларускай тэрыторыі. У адрозьненьне ад Эрыха Коха, які зьбіраўся на Украіне кіраваць «з дапамогай махоркі, гарэлкі і нагайкі», Кубэ абвясьціў на пачатку сваёй дзейнасьці ў Менску, што зьверне асаблівую ўвагу на разьвіцьцё культуры.

Першым нарматыўным актам, выдадзеным Кубэ ў гэтай справе, былі часовыя інструкцыі ад 10.9.1941 г., паводле якіх для ўсіх дзяцей, апрача габрэйскіх, ува ўзросьце ад 7 да 14 гадоў уводзілася абавязковае школьнае навучаньне. Мясцовая адміністрацыя з 1 кастрычніка 1941 г. павінна была адчыніць пачатковыя школы з наступнай праграмай: родная мова, прыродазнаўства (батаніка і заалёгія), арытмэтыка, геаграфія, сьпевы, рукадзельле, гімнастыка. Выкладаньне рэлігіі, як каталіцкай, так і праваслаўнай, магло весьціся па-за школай. Галоўны акцэнт часовыя інструкцыі ставілі на выхаваньне моладзі ў духу гітлераўскай «Новай Эўропы» і пагражалі суровымі карамі за распаўсюджаньне ў школах савецкай або польскай ідэалёгіі. Нагляд за дзейнасьцю школаў ажыцьцяўляў генэральны камісарыят у Менску і акруговыя камісарыяты, у рамках якіх ствараліся беларускія школьныя інспэктараты.

Школьніцтва было першым важным крокам Кубэ на шляху да рэалізацыі яго палітычных плянаў. Выданьнем часовых школьных інструкцыяў ён падкрэсьліваў, што Генэральная акруга Беларусь – жыцьцёвая прастора беларускага народу і ў першую чаргу менавіта гэтаму народу павінна служыць. Задачаю школаў станавілася разьвіцьцё беларускай культуры, выхаваньня і асьветы, засвойваць гэта павінна была і моладзь нацменшасьцяў – палякаў і расейцаў. У інструкцыях зазначалася, што асноўнай мовай навучаньня павінна быць беларуская, але ў мясцовасьцях, дзе пераважала польскае насельніцтва, дапускалася існаваньне школаў з польскай мовай навучаньня, аднак і ў іх беларуская заставалася абавязковым прадметам з аб’ёмам выкладаньня 6 гадзінаў на тыдзень. Затое не было школаў з расейскай мовай навучальня. У студзені 1942 г. у Менску пачало выходзіць пэрыядычнае выданьне «Беларуская Школа» ў дзьвюх сэрыях – для вучняў і для настаўнікаў. Яно павінна было часткова замяніць савецкія падручнікі, якія былі выведзены з школьнага ужытку.

Нягледзячы на цяжкасьці з кадрамі і памяшканьнямі (частка школьных будынкаў была занята войскамі), а таксама на недахоп падручнікаў, колькасьць пачатковых школаў на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь хутка ўзрастала і пад канец 1941/42 навучальнага году дасягнула 3485. У іх навучалася 346 тыс. вучняў і працавала 9716 настаўнікаў. Гэтыя колькасныя паказчыкі, здаецца, ня вельмі адрозьніваліся ад даваенных лічбаў за 1940/41 г. на адпаведнай тэрыторыі Беларусі.[74]74
  У параўнаньні з БССР 1940/41 г. (у сучасных межах) на долю Генэральнай акругі пад цывільнай адміністрацыяй прыпадала 26 % ад яе тэрыторыі, 26 % – насельніцтва, 27 % – ад агульнай колькасьці школаў, 22,5 % – ад агульнай лічбы вучняў.


[Закрыть]
Трэба дадаць, што распрацаваная Кубэ сяміклясная сыстэма навучальня перавышала патрабаваньні інструкцыяў ОМі, выдадзеных, праўда, крыху пазьней. Для акупаваных савецкіх земляў (апрача Прыбалтыкі) там прадугледжвалася адкрыцьцё толькі чатырохклясных пачатковых школаў. Затое праект Кубэ саступаў сыстэме школьніцтва ў Прыбалтыцы, дзе працавалі таксама сярэднія школы і некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю