355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 11)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 18 страниц)

Актывізацыя дзейнасьці савецкіх партызан на Беларусі, якая зь вясны 1942 г. пачала набываць характар старанна арганізаванай вайсковай апэрацыі ў тыле фронту, стварыла цалкам новую сытуацыю, да яе акупацыйныя ўлады не былі падрыхтаваны. Зрэшты, зьмяніўся сам характар партызанскага руху: яго ядром сталі перакінутыя з-за лініі фронту спэцыяльна падрыхтаваныя атрады Чырвонай Арміі, якія атрымлівалі загады і ўзбраеньне з савецкага тылу. Таму немцы неўзабаве пераканаліся ў непрыдатнасьці ранейшых паліцыйных захадаў і прыйшлі да высновы, што весьці барацьбу супраць партызан трэба іншымі спосабамі.

Плян Кубэ, інсьпіраваны Ермачэнкам, грунтаваўся на стварэньні густой сеткі атрадаў Беларускай самааховы, падмацаваных сіламі СС і Вэрмахту, і, безумоўна, адпавядаў новым задачам антыпартызанскай барацьбы. Паводле задумы, атрады БСА павінны былі быць невялікія – ад роты да батальёна ў кожным раёне, мабільныя і, самае галоўнае, настолькі добра зарыентаваныя ў мясцовай сытуацыі, каб распазнаць сапраўдных партызан. Для партызан гэты плян уяўляў рэальную пагрозу, пра што сьведчыць іх «фанатычная і бязьмежная нянавісьць» да атрадаў БСА. Яны мелі перад сабою досьвед Прыбалтыкі, дзе мясцовыя паліцыйныя сілы цалкам перакрэсьлілі шанцы для больш значнага разьвіцьця савецкага партызанскага руху.

Лёзэ падтрымаў плян Кубэ, затое Гімлеру ён не спадабаўся, аб чым сьведчыла адкліканьне Цэнэра і перашкоды, якія ствараліся ў справе ўзбраеньня беларускіх батальёнаў. У некаторай ступені тут быў прычынаю праектаваны статус БСА: часткова яна была падпарадкавана БНС, а значыць, мела больш самастойнасьці, чым паліцыйныя батальёны. Аднак цяжка дапусьціць, што гэты фактар, таксама як і боязь празьмернага росту беларускага нацыяналізму, адыгрывалі тут больш значную ролю. У тагачасных умовах забясьпечыць нямецкі кантроль над БСА не складала асаблівай праблемы. Такім чынам, можна меркаваць, што гэты плян Гімлер успрыняў як чарговую спробу ўмяшальніцтва цывільнай адміністрацыі ў кампэтэнцыю СС і паліцыі, што і перадвызначыла яго няўдачу. Гімлер спадзяваўся расправіцца з партызаншчынай безь якіх-колечы палітычных саступак на карысьць беларусам.

Пазыцыю СС і паліцыі што да цывільнай адміністрацыі выдатна ўмацавала дырэктыва Гітлера № 46, якая барацьбу з партызанамі, таксама як і дзеяньні на фронце, прызнавала справаю найвышэйшага камандаваньня, канцэнтравала яе ў руках Гімлера і аддавала ў яго распараджэньне ўсе рэзэрвовыя сілы Вэрмахту, СС і паліцыі, каб яшчэ да пачатку найбліжэйшай зімы разьбіць асноўныя партызанскія сілы. Меркавалася, што гэтай мэты ўдасца дасягнуць шляхам т. зв. вялікіх карных апэрацыяў – скаардынаваных комплексных акцыяў на акрэсьленых вялікіх землях. Гімлер і Герынг спадзяваліся, што падчас правядзеньня гэтых апэрацыяў вынішчэньне партызан удасца спалучыць з рэквізыцыямі свойскай жывёлы і іншых харчовых прадуктаў, а таксама – прымусовым вывазам насельніцтва на працу ў Нямеччыну або ў канцлягеры. Побач з гэтымі дзеяньнямі ішлі расстрэлы вясковых жыхароў, якія падазраваліся ў спачуваньні або дапамозе партызанам, вынішчэньне габрэяў, што хаваліся па лясах, паленьне цэлых вёсак і іншыя злачынствы.

Паводле савецкіх крыніц, за ўвесь пэрыяд акупацыі на Беларусі было праведзена больш за 60 карных экспедыцыяў, у выніку якіх было зьнішчана 692 вёскі разам зь іх жыхарамі.[98]98
  Пазначаная колькасьць спаленых вёсак (692) датычыць толькі паселішчаў, дзе налічвалася ня менш за 50 жыхароў. БелСЭ падае яшчэ большыя лічбы карных апэрацыяў (звыш 100), напэўна, з улікам самых дробных акцыяў.


[Закрыть]
Па няпоўных зьвестках, пададзеных у табліцы 11, падчас 28 падобных апэрацый ад рук карнікаў загінула звыш 70 тысяч чалавек.


Нельга, аднак, падлічыць усе людзкія страты, панесеныя ў часе ўсіх карных экспедыцыяў, шляхам падваеньня гэтага ліку, паколькі ў табліцу ўвайшлі ўсе найбуйнейшыя карныя акцыі. Таму агульную колькасьць забітых, спаленых жыўцом і зьнішчаных іншым шляхам людзей падчас гэтых акцыяў на Беларусі зь вялікай асьцярогай можна ацаніць прыблізна ў 100 тысяч чалавек.

Першая карная апэрацыя на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь мела назву «Зумпфібэр» («Балотная ліхаманка»). Яна праводзілася з 21 жніўня па 21 верасьня 1942 г. пад камандаваньнем HSSPF Остлянду Екельна. Вынікі яе, паводле рапарту, былі наступныя: спалена 49 партызанскіх лягераў і некалькі вёсак, забіта ў баях 389 партызан, 1274 цывільныя жыхары, якіх западозрылі ў супрацоўніцтве з партызанамі, і 8350 габрэяў. Да таго ж «эвакуявана» 1217 чалавек. Такім чынам, усяго было забіта больш за 10 тысяч чалавек, зь якіх партызаны не складалі і 4 %.

Вынікі акцыі «Зумпфібэр» былі значна большыя за яе антыпартызанскі эфэкт. Кубэ высьмейваў Екельна, які лічыў гэтую апэрацыю за вялікае дасягненьне ў барацьбе з партызанскай пагрозай, і адначасова паведаміў Лёзэ, што такія сродкі ня толькі перашкаджаюць дзейнасьці падначаленага яму мясцовага адміністрацыйнага апарату, але ўвогуле не судзеюць паляпшэньню стану бясьпекі. Забойства нявінных людзей падымала апэрацыйныя паказчыкі СС, затое падрывала палітыку Кубэ, скіраваную на здабыцьцё прыхільнасьці тутэйшага насельніцтва. Цікава, што яго падтрымаў SSPF Шымана, які пацьвердзіў, што вялікая акцыя Екельна мала што дала, бо партызаны паўцякалі. І Кубэ, і Шымана адначасова выступілі супраць правядзеньня такіх апэрацыяў у будучым. У гэтай справе Шымана зьбіраўся прапанаваць Екельну стварэньне густой сеткі паліцыйных базаў, якая ахоплівала б кожны раённы горад. На яго думку, гэтае мерапрыемства дало б куды большы плён у барацьбе з партызанамі. Такім чынам, менскі шэф СС і паліцыі падтрымаў канцэпцыю Кубэ.

Гэта была ня толькі крытыка бяздарнасьці паліцыі і апэрацыі Екельна. У канцавым рахунку ўсё сказанае датычыла Гімлера як галоўнага рэжысёра вялікіх карных экспэдыцыяў, і гэта пасьля таго, як сам Гітлер перадаў яму найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі. З Шыманам разабрацца было прасьцей – ён быў чалавекам гімлераўскага ведамства, таму неўзабаве яго проста перавялі на ніжэйшую пасаду камандзіра паліцыі парадку ў Менску. 3 Кубэ затое было ня так лёгка, нягледзячы на яго няспынныя выступленьні супраць СС. Пасьля «нахабных» абвінавачваньняў СС у крадзяжы мастацкіх твораў у Менску, пасьля ўмяшальніцтва ў справу вынішчэньня слуцкіх габрэяў, пасьля «нягоднай немца пазыцыі» што да беларусаў і ўмяшальніцтва ў кампэтэнцыю СС і паліцыі пры арганізацыі БСА, Кубэ цяпер выступіў супраць масавых забойстваў цывільнага насельніцтва і спальваньня вёсак. Выступіў акурат тады, калі Гімлер зьбіраўся зрабіць гэтыя акцыі сталым элемэнтам усіх вялікіх карных апэрацыяў, і пры гэтым яшчэ сьцьвярджаў (што ўжо выглядала як іронія), быццам у сувязі з антыпартызанскімі экспэдыцыямі на Беларусі пагоршыліся гігіенічныя варункі і ўзьнікла небясьпека эпідэміяў.

Такім чынам, у барацьбе супраць партызанскага руху на Беларусі абазначыліся два напрамкі, пачалася вайна за мэтады, якімі яна павінна была весьціся, множыліся ўзаемныя папрокі і абвінавачваньні паміж цывільнай адміністрацыяй і СС у бяздарнасьці і няўмельстве. Спакою на будучыню гэта не варажыла, тым больш, што Кубэ выразна ігнараваў патрабаваньні Бэргера – гімлераўскага стаўленіка ў ОМі, які яшчэ зусім нядаўна катэгарычна і «ў апошні раз» дамагаўся, каб цывільная адміністрацыя на ўсходзе ня ўмешвалася ў кампэтэнцыі райхсфюрэра СС. Таму, калі ў кастрычніку Лёзэ зьявіўся ў Бэрліне, Бэргер высьветліў імгненна, што ён зьбіраецца разам з Розэнбэргам пайсьці да Гітлера, каб абвінаваціць паліцыю ў няздатнасьці весьці барацьбу з партызанамі і прапанаваць поўнасьцю падпарадкаваць яе цывільным уладам. Бэргер здабыў нават дакумэнтацыю з выступленьня Лёзэ і перадаў яе Гімлеру. Празь месяц ён адкрыта раіў свайму шэфу правесьці чыстку сярод высокіх чыноў цывільнага кіраўніцтва на ўсходзе, якія выяўляюць варожасьць да СС. Аднак Гімлер, нягледзячы на магутную ўладу і ня меншае жаданьне, ня мог скінуць Кубэ з пасады генэральнага камісара Беларусі, на якую яго прызначыў сам Гітлер. Затое, маючы найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі, ён мог дзейнічаць іншым шляхам.

Неўзабаве пасьля таго, як Лёзэ ў кастрычніку наведаў Бэрлін, Гімлер выдаў шэраг важных распараджэньняў, якія мелі сур’ёзны ўплыў на далейшыя падзеі. 23 кастрычніка ён прызначыў Баха сваім упаўнаважаным па справах барацьбы з партызанамі, пакінуўшы за ім ранейшае званьне HSSPF Russland-Mitte (шэфа СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі). Амаль адначасова ён выдаў загад, паводле якога SSPF у Менску, які дагэтуль падпарадкоўваўся паліцыйным уладам Остлянду, цяпер пераводзіўся пад камандаваньне Баха. Дзейнасьць службы бясьпекі (СД) Генэральнай акругі Беларусь ў галіне антыпартызанскай выведкі таксама перайшла пад яго кіраўніцтва. Нарэшце, пад канец кастрычніка Гімлер прызначыў на пасаду SSPF Беларусі бязьмежна адданага сабе чалавека – брыгадэнфюрэра СС і генэрал-маёра паліцыі Курта фон Готбэрга, які замяніў Шыману.[99]99
  Дакладную дату гэтага прызначэньня аўтару ўстанавіць не ўдалося. Аднак вядома, што Готбэрг прадставіўся Екельну ў Рызе 3.11.1942 г., пасьля чаго выехаў у Менск, каб заняць сваю пасаду.


[Закрыть]

У лютым 1943 г. штаб Баха пераехаў з Магілёва ў Менск. Неўзабаве, 26.3.1943 г., Бах як упаўнаважаны па барацьбе з партызанскім рухам пераехаў у стаўку Гімлера, у Менску тым часам засталася частка яго штабу, якая 23.3.1943 г. атрымала новую назву: Dеr Hohere SS-und Polizeifuhrer Russland-Mitte und Weissruthenien (Галоўнакамандуючы СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі і Беларусі – далей скарочана HSSPF RM und WR). Гэты тытул адлюстроўваў зьліцьцё ў руках адзінага камандаваньня дзейнасьці СС і паліцыі на тэрыторыі вайсковай адміністрацыі і Генэральнай акругі Беларусь. Паколькі ў Баха зьявіліся новыя абавязкі, кіраваць штабам HSSPF RM und WR павінен быў намесьнік – групэнфюрэр СС і генэрал-лейтэнант паліцыі Корзэман, а ў выпадку яго адсутнасьці – фон Готбэрг. Бах і Корзэман практычна бывалі ў Менску нячаста, таму сапраўдным кіраўніком усіх паліцыйных сілаў ува Ўсходняй і Заходняй Беларусі заставаўся фон Готбэрг. Яму падпарадкоўваліся тэрытарыяльныя пасты – SSPF Цэнтральнай Расеі ў Магілёве і SSPF Беларусі ў Менску. Аднак яны не адыгрывалі важнай ролі, тым болей што функцыі абодвух практычна не былі падзеленыя і заставаліся ў руках Готбэрга.

Такім чынам, Генэральная акруга Беларусь, хоць і заставалася ў складзе Остлянду, пад канец кастрычніка 1942 г. фактычна аказалася падпарадкаваная двум асяродкам вышэйшай акупацыйнай улады. Адміністрацыйны апарат, якім распараджаўся Кубэ, па-ранейшаму падпарадкоўваўся Лёзэ, затое ўсе сілы СС і паліцыі – Баху і яго намесьніку Готбэргу. Гэта стварала новую сытуацыю, у якой СС непазьбежна павінна была пераважыць. Кубэ выдатна гэта зразумеў і дзеля асабістай перастрахоўкі 9.11.1942 г. выслаў Гімлеру ліст, у якім запэўніваў яго ў абсалютнай ляяльнасьці перад СС, а таксама – у падтрымцы супрацьпартызанскай барацьбы Баха.[100]100
  У сваім лісьце ад 9.11.1942 г. Кубэ пісаў наступнае:
  «Шаноўны пане райхсьляйтэр CC!
  Дарагі аднапартыец Гімлер!
  Сардэчна дзякую Вам за прысланьне майго старога супрацоўніка з часоў барацьбы (за перамогу НСРПН. – Ю. Т.) обэргрупэнфюрэра СС генэрала фон дэм Баха. Такім чынам, барацьба з партызаншчынай нарэшце апынулася на правільным шляху. Ужо ў першыя ж дні обэргрупэнфюрэр фон дэм Бах у двух выпадках дасягнуў рашучых посьпехаў супраць партызанаў, якія ўзбуджаюць ува мне надзею, што цяпер нарэшце мы спынім балаган на Беларусі. Больш за гэта, магу паведаміць, што людзі майго ведамства заўсёды ахвотна супрацоўнічаюць у гэтых справах з C і паліцыяй і кожную хвіліну гатовы змагацца зь вінтоўкаю супраць чырвонаармейцаў. Мы – CC і цывільная ўправа – працуем тут у найлепшай згодзе. Я перадаў у распараджэньне обэргрупэнфюрэра СС фон дэм Баха 40 беларускіх прапагандыстаў і даручыў усім маім установам безумоўна спрыяць обэргрупэнфюрэру пры выкананьні яго загадаў і быць у яго распараджэньні.
  Сардэчнае прывітаньне і Гайль Гітлер!
  Заўсёды моцна адданы Вам
  Вільгельм Кубэ».


[Закрыть]
На фоне папярэдніх сутыкненьняў такія прызнаньні маглі здацца Гімлеру сэнсацыяй, адразу ж пасьля атрыманьня ён даручыў пераслаць пісьмо Кубэ Баху – дзеля азнаямленьня. Яны абодва разумелі: шчыра прызнавацца ў ляяльнасьці, ведаючы, якімі мэтадамі вядзецца барацьба з партызанамі, Кубэ мог толькі ў адным выпадку: калі вырашыў адмовіцца ад сваёй ранейшай беларускай палітыкі. Аднак гэтага ён не рабіў,[101]101
  Неўзабаве пасьля ўрачыстага сьвяткаваньня дня нараджэньня Кубэ, якое адбылося 13.11.1942 г., ён напісаў Ермачэнку ліст, дзе гаварылася:
  «…Вы можаце быць упэўнены, што ў далейшым я буду супрацоўнічаць з вамі ў духу нашага вялікага фюрэра Адольфа Гітлера над адраджэньнем беларускага краю, які перажыў такія цяжкія выпрабаваньні».


[Закрыть]
і паліцыйныя ўлады зразумелі, што салідарызацыя з СС была для яго толькі прыкрыцьцём, камуфляжам. Пад канец 1942 г. пазыцыі абодвух бакоў акрэсьліліся выразна, ніхто зь іх ужо ня бачыў шляхоў да паразуменьня. Мяркуючы па ўсім, ужо тады кіраўніцтва СС вырашыла прыбраць Кубэ зь яго пасады ў Менску.

У студзені 1943 г. дзеля гэтага распачалася кампанія, скіраваная на вылучэньне Генэральнай акругі Беларусь з складу Остлянду і падпарадкаваньня яе вайсковым уладам – гэтыя захады павінны былі прывесьці да ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на падлеглым Кубэ абшары. Такія праекты снаваліся ў штабе Клюге ў Смаленску, іх пускалі на абмеркаваньне ў вайсковых колах у Менску, а пазьней – і Рыгі. Праект ліквідацыі цывільнага кіраўніцтва на Беларусі падтрымліваў і штаб Герынга, і яго прадстаўнікі ў ОМі (Кёрнэр, Томас, Рыне, Шлотэрэр), якія пасьля страты Кубані і значнай часткі Ўкраіны разьлічвалі на ўзмацненьне эксплуатацыі Беларусі. Ня выключана, што ролю натхняльніка пры гэтым мог адыграць Астроўскі – ён знаходзіўся ў той час у Смаленску і аказваў дапамогу штабу Клюге і кіраўніцтву Айнзацгрупы «Б» у змаганьні з партызанскім рухам на Смаленшчыне. Кубэ і Ермачэнка былі для яго самай галоўнай перашкодай для вяртаньня ў Менск. Але асноўнымі ініцыятарамі гэтага праекту былі ўсё ж паліцыйныя ўлады.

У гэтай сытуацыі Кубэ выступіў у абарону Генэральнай акругі, якой пагражала ліквідацыя. 3.2.1943 г. ён выслаў Розэнбэргу доўгі ліст, у якім прывёў грунтоўныя аргумэнты супраць скасаваньня цывільнай адміністрацыі на Беларусі. Ён падкрэсьліваў, што партызанскі рух у зоне цывільнага рэжыму значна слабейшы, чым ува Ўсходняй Беларусі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Вэрмахту, што насельніцтва падначаленага яму абшару спраўна выконвае харчовыя паставы, прычым нават і ў тых раёнах, куды наведваюцца партызаны. Сярод іншых доказаў галоўны націск Кубэ рабіў на палітычныя меркаваньні. Ён пісаў пра страту нямецкага прэстыжу ў выпадку ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на Беларусі, пра парушэньне цэласнасьці тэрыторыі цывільнай адміністрацыі на ўсходзе, папярэджваў пра небясьпеку поўнай страты даверу ў тутэйшага насельніцтва (у гэтай частцы Беларусі, на думку Кубэ, 50 % жыхароў дагэтуль яго яшчэ захоўвала). У рэшце рэшт,

на доўгі час была б увогуле зьнішчана наша дзейнасьць у галіне культуры, гаспадаркі, падатковай палітыкі і адміністрацыі.

Пры такім стане уводзіць пазьней цывільны рэжым яшчэ раз проста ня мела б сэнсу.

Адначасова Кубэ падкрэсьліваў патрэбу працягваць пазытыўную палітыку што да беларускага народу, ён ацэньваў яе як «безумоўна неабходную» для будучай усходняй палітыкі Нямеччыны.

Такім чынам, беларускае пытаньне стала справаю прэстыжу для нямецкай цывільнай адміністрацыі на ўсходзе. Таму Лёзэ і Розэнбэрг падтрымалі намаганьні Кубэ. Захаваньне ранейшага адміністрацыйнага статусу Беларусі было гарантам яе нацыянальна-тэрытарыяльнай адасобленасьці. У выпадку зьліцьця з тылавой зонай групы армій «Цэнтар», нацыянальна як быццам бы нэўтральнай, якую на самай справе, аднак, лічылі за расейскую (Russland-Mitte), гэтая адасобленасьць страцілася б. Такім чынам, праблема вырастала да палітычнага ўзроўню. Лёзэ, які даўно пагадзіўся з Кубэ наконт неабходнасьці вылучэньня Беларусі з Остлянду і беспасярэдняга падпарадкаваньня яе ОМі, цяпер зьмяніў сваю думку. У сярэдзіне красавіка 1943 г. ён адмовіўся ад гэтага праекту, зыходзячы зь меркаваньня, што ў рамках райхскамісарыяту Остлянд абараняць пазыцыю цывільнай адміністрацыі на Беларусі будзе лягчэй.[102]102
  Лёзэ энэргічна супрацьдзейнічаў выхаду Беларусі з PKO. 16.4.1943 ён выслаў па гэтай справе ліст асабіста да Розэнбэрга.


[Закрыть]
Па сутнасьці гэта быў тактычны крок, зроблены, каб памагчы яго сябру, Кубэ, бо да самага канца акупацыі Лёзэ заставаўся праціўнікам злучэньня Беларусі з Прыбалтыкай.

24 траўня 1943 г. Розэнбэрг, безумоўна, з ухвалы Гітлера, выдаў адпаведны дэкрэт, у якім пацьвердзіў ранейшую прыналежнасьць Беларусі да Остлянду. Адначасова спрашчалася службовая працэдура паміж генэральным камісарам і Міністэрствам акупаваных усходніх земляў. Аднак гэта не азначала наданьне самастойнасьці Генэральнай акрузе Беларусь. У дэкрэце паведамлялася, што пазьней будзе ўрэгуляваная сытуацыя з паліцыяй. У частцы ОМі спадзяваліся, што пасьля зьнішчэньня партызанскага руху паліцыйныя ўлады на Беларусі, падначаленай Кубэ, зноў пяройдуць у распараджэньне HSSPF Остлянду.

Гімлеру і Баху не ўдалася таксама і спроба афіцыйна абвесьціць Остлянд, у тым ліку і падпарадкаваную Кубэ частку Беларусі, зонай партызанскай вайны (Banden-kampfgebeit), што пасьля прызначэньня Баха 21.6.1943 г. шэфам антыпартызанскіх фармаваньняў пры райхсфюрэру СС забясьпечыла б яму вяршэнства ў дачыненьні да цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У той самы дзень (21.6.1943 г.) Гімлер вярнуў Баху падрыхтаваны праект загаду бяз подпісу, растлумачыўшы, што ў дадзены момант лічыць яго непатрэбным. Правал праекту Гімлера абвесьціць Остлянд зонай партызанскай вайны, нягледзячы на яго ранейшую зацікаўленасьць, дазваляе меркаваць, што ён не атрымаў у гэтай справе падтрымкі Гітлера. У гэтым раундзе з СС зноў выйграваў Кубэ.

У барацьбе за скасаваньне цывільнай адміністрацыі на Беларусі паліцыйныя ўлады спрабавалі падважыць палітычную рэпутацыю Кубэ, пусьцілі за ім славу правадніка беларускіх нацыяналістычных тэндэнцыяў, «супярэчных» інтарэсам Нямеччыны. Готбэрг у адным зь першых сваіх лістоў, высланых зь Менску да шэфа Галоўнай управы СС Бэргера ў сьнежні 1942 або ў студзені 1943 г., павёў атаку на дзейнасьць БНС і яе кіраўніка Ермачэнкі, які

частуе бэрлінскія ўлады цалкам памылковымі нацыянальнымі і незалежніцкімі беларускімі ідэямі.

Готбэрг сьцьвярджаў, што БНС адно толькі нарабіла шкоды і задурманіла насельніцтва. Асабліва ён абураўся наконт створанай пры БНС самааховы, якая, на яго думку, шчыльнымі радамі, з зброяй у руках пераходзіць на бок партызан. Готбэрг рабіў высновы:

Цалкам зразумела, што выдуманыя беларускімі эмігрантамі або салённымі бэрлінскімі палітыкамі ідэі нацыянальнай Беларусі ў сапраўднасьці проста не існуюць.

І сьцьвярджаў, што да гэтай яго думкі пачынаюць далучацца і акруговыя камісары на Беларусі. Такім чынам, Готбэрг цэліў у самыя падставы палітыкі Кубэ, прычым яго пазыцыя супадала з той, што выказаў Гуміч на згаданай канфэрэнцыі ў ОМі 8.1.1943 г. А гэта азначала, што погляды абодвух высокіх функцыянэраў паліцыі выцякалі з адной крыніцы – адносін Гімлера да Кубэ і яго палітыкі.

Пры такіх абставінах у сьнежні 1942 г. служба бясьпекі ў Менску занялася справай кіраўніцтва БНС і зборам доказаў яго «злачыннай дзейнасьці».[103]103
  У гэтай атмасфэры быў арыштаваны і закатаваны ксёндз Гадлеўскі. Іваноўскага, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў падтрымцы прапольскага элемэнту і намерваліся сьпіхнуць з пасады менскага бурмістра. Аднак пацьверджаньня яго палітычных сувязяў зь Ермачэнкам не знайшлі. Гэтая акалічнасьць і выратавала Іваноўскага.


[Закрыть]
Галоўны ўдар быў скіраваны супраць Ермачэнкі, але даказаць яго варожасьць да Нямеччыны нават для СД было задачай нялёгкай.[104]104
  Шэф СД у Менску Штраўх скардзіўся, што канчатковае вырашэньне справы Ермачэнкі заняло ў яго цэлы год.


[Закрыть]
Таму даводзілася хапацца за розныя вэрсіі. Ермачэнку спрабавалі абвінаваціць у панславізьме, ідэйным цэнтрам якога была Прага (дзе ён жыў да вайны), а цяпер нібыта стала Масква.[105]105
  Такі варыянт разглядаўся ў сувязі з артыкулам сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц. Гарбунова «Белоруссия борется», апублікаваным у часопісе «Славяне» (1942. № 1. Чэрвень). Гарбуноў падкрэсьліваў адзінства славянскіх народаў у барацьбе зь нямецкім імпэрыялізмам. Гэта стала прычынаю т. зв. Aktion Gorbunow, якую правяло СД у Менску.


[Закрыть]
Потым папракалі ў выкарыстаньні ў своекарыслівых інтарэсах хістаньня і неабачлівасьць нямецкіх уладаў у галіне нацыянальнай палітыкі (намінка на Кубэ). Нарэшце, у кіраўніцтве БНС «выкрылі» левае крыло, якое «ўжо межавала зь лесам» (згадкі наконт сымпатыі да партызан). Адначасова насуперак сьцьверджаньням Готбэрга пра задурманьваньне насельніцтва, рапарт СД сьведчыў пра вельмі нязначны ўплыў БНС на грамадзтва. Супраць Ермачэнкі распачалі кампанію таксама Астроўскі ў Смаленску і Акінчыц у Бэрліне.

Аднак усе загады службы бясьпекі разьбіваліся аб пазыцыю Кубэ: ён бараніў Ермачэнку, а заадно сябе і сваю палітыку. У гэтай сытуацыі справай Ермачэнка занялася Галоўная ўправа бясьпекі Райху (RSHA), абвінаваціўшы яго ў найцяжэйшым злачынстве – дзяржаўнай здрадзе. У Менск быў высланы супрацоўнік RSHA, які хаця і знайшоў парушэньні статуту ў дзейнасьці БНС, аднак ня змог абвінаваціць у іх Ермачэнку, бо кожнае перавышэньне правоў БНС было дазволена рашэньнем Кубэ і вышэйшых цывільных уладаў Нямеччыны. Нарэшце, сьледзтва было скіравана на гаспадарчую дзейнасьць БНС, дзе былі знойдзены злоўжываньні. Такім чынам, дзякуючы пазыцыі Кубэ і ОМі Ермачэнку ўдалося ўнікнуць сьмерці, аднак 27.4.1943 г. ён быў вымушаны пакінуць Менск і вярнуцца ў Прагу, дзе яму было забаронена займацца палітычнай дзейнасьцю. Па даручэньні Розэнбэрга 16.7.1943 г. Кубэ выслаў Ермачэнку ліст з падзякаю за яго заслугі ў працы на Беларусі. Такім шляхам Розэнбэрг і Кубэ паказалі, што ўся яго справа была сфабрыкавана паліцыйнымі ўладамі ў кантэксьце палітычнага канфлікту з цывільнай адміністрацыяй на Беларусі.

У сакавіку 1943 г. Ермачэнка склікаў апошні зьезд акруговых кіраўнікоў і вайсковых рэфэрэнтаў БНС разам зь сябрамі яе Галоўнай рады і паведаміў ім, што, згодна з рашэньнем уладаў, дзейнасьць гэтай арганізацыі цяпер будзе абмяжоўвацца толькі аховай здароўя і аказаньнем матэрыяльнай дапамогі насельніцтву. Гэта азначала, што ўсе не прадугледжаныя ў статуце галіны дзейнасьці БНС, яе аддзелаў, Галоўнай Рады і г. д. будуць зьліквідаваны. Спыніў сваё існаваньне інстытут мужоў даверу БНС пры генэральным і акруговых камісарыятах. У красавіку 1943 г., на падставе загаду камандзіра паліцыі парадку палкоўніка Клюпша была распушчана Беларуская самаахова (БСА). Яе салдаты перайшлі ў распараджэньне мясцовай паліцыі парадку, адзінага пакуль што «беларускага» паліцыйнага батальёну № 49 у Менску, атрадаў чыгуначнай аховы, а часткова былі вывезены на працу ў Нямеччыну. Як піша Кушаль, у некаторых раёнах ліквідацыя БСА праходзіла вельмі жорстка.

Вынік другога раўнду ў канфлікце Кубэ з СС быў ужо не такі адназначны, як першы. Ратуючы Ермачэнку, Кубэ абараніў сваю ўласную пазыцыю, аднак заплаціў за гэта занадта высокую цану – разбурэньне ўсяго палітычнага мэханізму (БНС і БСА), які ён будаваў ад пачатку верасьня 1941 г. Нягледзячы на нігілізм Гімлера і недавер Розэнбэрга, Кубэ разьлічваў на пасьпяховасьць сваіх ініцыятываў, якія павінны былі абудзіць беларусаў і заахвоціць іх да працы на баку Нямеччыны. Кіраўніцтва СС разбурыла гэтыя пляны, спадзеючыся толькі на грубую сілу.


Рэванш Кубэ і разьвязка канфлікту

Аднак Кубэ не адмовіўся ад сваёй палітычнай лініі. У адказ на паліцыйныя перасьледы Ермачэнкі ён 30.1.1943 г. запэўніў Галоўную раду БНС у сваёй нязьменнай гатоўнасьці да

цеснага супрацоўніцтва з усімі беларусамі, якія прызнаюць сэнс і непазьбежнасьць новай Эўропы.

Кубэ пачаў распаўсюджваць тэорыю аб нардычнай крыві беларускай нацыі, якую ён захаваў на працягу сваёй тысячагадовай гісторыі. Насуперак гімлераўскай тэорыі аб расавай ніжэйшасьці славян ён спрабаваў падвесьці тэарэтычны грунт пад сваю палітычную лінію, а заадно – зьмяніць агульнае стаўленьне да беларусаў з боку расісцкіх дагматыкаў.[106]106
  Меркаваньне аб прыналежнасьці беларусаў да нардычнай расы выказвалася на старонках органа PKO «Остлянд». Публіцыст В. Эссэн сьцьвярджаў, што беларусы, дарма што гавораць на славянскай мове, у мінулым паглынулі шматлікія балтыйскія плямёны і нават – нямецкія элемэнты.


[Закрыть]

Нягледзячы на перашкоды, зьвязаныя зь дзейнасьцю партызан і рознымі сумненьнямі і агаворкамі OМi, у першай палове 1943 г. Кубэ ажыцьцявіў шэраг праектаў, разьлічаных па-ранейшаму на абуджэньне прыхільнасьці ў мясцовага насельніцтва. У сакавіку 1943 г. ён выдаў распараджэньне аб землеўпарадкаваньні і ліквідацыі цераспалосіцы, каб стварыць эканамічна рацыянальныя сялянскія гаспадаркі і такім чынам замацаваць вынікі леташняй аграрнай рэформы. Пачалося ажыцьцяўленьне гэтага праекту. Адначасова Кубэ распрацаваў і прапанаваў Розэнбэргу праект прыватызацыі зямлі ўва ўсходніх акругах генэральнага камісарыяту, мяркуючы ў будучыні стварыць на гэтых землях абаронныя вёскі. І пакуль Розэнбэрг вагаўся, Кубэ дамагаўся адпаведнага распараджэньня, прасіў асабістай сустрэчы ў Бэрліне, націскаючы на тое, што бяз хуткага дадатнага вырашэньня гэтай праблемы ня можа быць і мовы аб далейшай палітычнай і гаспадарчай дзейнасьці. Можна таму лічыць, што ініцыятарам выдадзенага Розэнбэргам 3.6.1943 г. дэкрэту аб прыватызацыі зямлі на ўсходзе ў вялікай ступені быў Кубэ, бо ні Кох на Украіне, ні адміністрацыя ў Прыбалтыцы ня выявілі зацікаўленасьці ў гэтай справе.

Пасьпяхова закончыліся і стараньні Кубэ па адкрыцьці ў Менску Мэдыцынскага інстытуту – першай вышэйшай навучальнай установы падчас нямецкай акупацыі на Беларусі. Пасьля доўгіх разваг Розэнбэрг пагадзіўся 23 сакавіка на адкрыцьцё менскага інстытуту і растлумачыў, што робіць гэта дзеля падтрыманьня належнага ўзроўню аховы здароўя на Беларусі. Розэнбэрг зазначыў, што колькасьць студэнтаў павінна будзе адпавядаць патрэбам цэлай Генэральнай акругі, г. зн. таксама і ўсходняй часткі Беларусі, якая знаходзілася пад вайсковай адміністрацыяй. Такім чынам, інстытут павінен быў стаць даволі вялікай установай. Яго рэктарам спачатку быў прызначаны дэкан мэдыцынскага факультэту ўнівэрсытэту ў Фрайбургу прафэсар Э. Т. Наук, але неўзабаве яго замяніў беларус, прафэсар Мікалай Сьцяпанаў. Інстытут распачаў сваю працу 13.5.1943 г., але ня ў Менску, а ў Магілёве, пасьля адпаведнай дамоўленасьці Кубэ з вайсковымі ўладамі.[107]107
  У канцы 1943 г. інстытут эвакуяваўся ў Новую Вялейку. 10.6.1944 г. адбыўся першы і апошні выпуск яго навучэнцаў, 32 чалавекі. У 1944/45 г. ён працягваў сваю працу ў Нямеччыне.


[Закрыть]
Адкрыцьцё інстытуту мела вялікае значэньне. Па-першае, гэта сьведчыла пра новае стаўленьне ОМі да справы вышэйшай адукацыі на Беларусі, а па-другое, гэта быў добры прэцэдэнт для стварэньня наступных вышэйшых навучальных устаноў.[108]108
  Варта прыгадаць тыя намаганьні, што прыклаў В. Іваноўскі для адкрыцьця тэхналягічнага інстытуту і ўнівэрсытэту ў Менску.


[Закрыть]

Варта спыніць увагу на ўзьнікненьні Саюзу беларускай моладзі (СБМ). У першай фазе акупацыі Розэнбэрг не прадугледжваў стварэньня моладзевых арганізацыяў на акупаваных усходніх тэрыторыях. Толькі 3.6.1942 г. ён выдаў дэкрэт аб стварэньні спэцыяльнага моладзевага аддзелу ў ОМі. Дэкрэт дазваляў ствараць такія аддзелы і ў генэральных камісарыятах прыбалтыйскіх краін для нагляду дзейнасьці эстонскай, латыскай і літоўскай арганізацыі Беларусі і Ўкраіне.

Мясцовыя нямецкія акупацыйныя ўлады па-рознаму ўспрынялі ідэю стварэньня краёвых моладзевых арганізацыяў: яе падтрымалі генэральныя камісары ў Эстоніі і Латвіі, і ў выніку там былі арганізаваны адпаведныя моладзевыя саюзы. Затое не пагадзіўся на гэта генэральны камісар у Коўне фон Рэнтэльн, так што стварыць літоўскую арганізацыю не ўдалося. Не цікавіўся гэтым і Кох на Ўкраіне. Затое Кубэ быў вялікім прыхільнікам стварэньня беларускай моладзевай арганізацыі – ён бачыў у гэтым важны сродак ажыцьцяўленьня ўласнай палітычнай канцэпцыі. Таму ён паблажліва ставіўся да моладзевай арганізацыі, якая неафіцыйна была створана ў Глыбоцкай акрузе восеньню 1941 г., і не перашкаджаў працы, якую праводзіла ў гэтай галіне БНС. Аднак для стварэньня агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі патрэбна была згода Розэпбэрга і колькімесячныя захады Кубэ для яе атрыманьня.

Таму толькі з прыходам 1943 г. пачалася падрыхтоўка для стварэньня СБМ. У Бэрліне гэтым заняўся моладзевы аддзел ОМі. Пры ўдзеле Акінчыца была наладжана падрыхтоўка акруговых кіраўнікоў СБМ (часткова іх набралі сярод ваеннапалонных беларусаў-афіцэраў Чырвонай Арміі), напісаны праект статуту і праграмныя тэзы, а таксама прапагандысцкія матэрыялы. Адначасова быў створаны моладзевы аддзел пры генэральным камісарыяце ў Менску. У ім працавалі моладзевы кіраўнік Вільгельм Шульц і кіраўнічка Грызэман. Пад беспасярэднім наглядам Кубэ яны заняліся арганізацыйнай падрыхтоўкай. Былі адчынены два першыя навучальныя цэнтры СБМ у Альбярціне (для хлопцаў) і ў Драздох, што пад Менскам (для дзяўчат). Тут праходзілі падрыхтоўку мясцовыя дзеячы гэтай арганізацыі.

22.6.1943 г. падчас урачыстасьці ў Менскім гарадзкім тэатры Кубэ абвясьціў аб стварэньні СБМ. Яго структура была зроблена на ўзор гітлерюгенду (HJ) і грунтавалася на прынцыпе фюрэрства. Так, галоўным органам СБМ быў кіраўнічы штаб, яго шэфам прызначаны Міхась Ганько, беспасярэдне падначалены Кубэ. Працаю сярод дзяўчат на цэнтральным узроўні кіравала доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу СБМ падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а ім, у сваю чаргу, – павятовыя, яны кіравалі атрадамі (для хлопцаў) і гурткамі (для дзяўчат) у валасьцях, вёсках, школах і г. д. Да СБМ магла належаць беларуская моладзь ад 10 да 20 гадоў.

У ліпелі 1943 г. СБМ атрымаў свой друкаваны орган – штомесячнік «Жыве Беларусь». Выходзіла і навучальна-інструкцыйная літаратура – «Вучэбны лісток» і «Дзёньнікі загадаў». Улетку 1943 г. працягвалася падрыхтоўка інструктарскіх кадраў, у прыватнасьці, маладых настаўнікаў, якія павінны былі займацца арганізацыяй школьных гурткоў СБМ ад пачатку 1943/44 навучальнага году. Важную навучальна-прапагандысцкую ролю адыгрывалі экскурсіі актывістаў СБМ у Нямеччыну – тут беларуская моладзь знаёмілася з мэтадамі арганізацыйнай працы гітлерюгенду, выступала з канцэртамі беларускіх песень. Яе прымалі ў ОМі і г. д. У рамках кантактаў зь нямецкай моладзьдзю варта адзначыць зваротны візыт шчэцінскага «Карл-Лёвэ-Хора» на Беларусь. З дапамогай кіраўніцтва гітлерюгенду «на многа мільёнаў райхсмарак» у Нямеччыне была закуплена форма для сяброў СБМ, якую яны маглі набыць за даволі невялікую плату.

Паводле статуту СБМ, мэта гэтай арганізацыі – узгадаваць

пасьлядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да іхніх будучых заданьняў у народзе.

Магістральным кірункам у выхаваўчай працы павінна было стаць

вызваленьне беларускай моладзі ад варожых і шкодных уплываў, яе маральнае адраджэньне й выхаваньне ў духу Новай Беларусі над правадырствам нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыны.

Таму акцэнт пераносіўся на патрыятычнае выхаваньне моладзі, на выкараненьне гістарычна абумоўленай рабскай псыхалёгіі, разьвіцьцё пачуцьця грамадзкага абавязку, адказнасьці, працавітасьці і да т. п. Такі выхаваўчы кірунак быў разьлічаны на тое, каб памагчы моладзі

адчуць сваю адказнасьць за лёс і дабрабыт айчыны і заўсёды быць гатовай працаваць для свайго народу і краю й служыць ім.

Статут трымаў на далёкім прыцэле паступовае перавыхаваньне ўсяго грамадзтва ў духу сваіх праграмных ідэяў.

Новая арганізацыя была важным дасягненьнем Кубэ. Ганько сьцьвярджаў нават, што гэта ўвогуле было самае вялікае дасягненьне за два гады існаваньня акупацыйнай цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У верасьні 1943 г. дзейнасьць СБМ распаўсюдзілася і на тэрыторыю Усходняй Беларусі, што знаходзілася ў зоне вайсковай адміністрацыі. Па сутнасьці, СБМ стаў першым і пакуль што адзіным прызнаным у Бэрліне грамадзкім форумам, які мог праводзіць шырокую выхаваўчую працу ў беларускім нацыянальным духу – лёзунгі «Новай Эўропы» гэтаму практычна не перашкаджалі. З такога пункту гледжаньня нічога падобнага на Беларусі ніколі не існавала. Рост гэтай арганізацыі з восені 1943 г. сьведчыў пра тое, што ідэя Кубэ трапіла ўва ўрадлівую глебу. Савецкае падпольле вельмі варожа ставілася да СБМ, аднак змагацца зь ім было ня так проста: па-першае, гэтаму перашкаджала малалецтва яго ўдзельнікаў, а па-другое, дзейнасьць яго праходзіла збольшага ў вялікіх гарадох і мястэчках – партызаны ня мелі туды шырокага доступу. Сымбалічна, што насуперак настойлівай падпольнай прапагандзе толькі тры кіраўнікі СБМ пакінулі яго шэрагі і перайшлі да партызан.

Стварэньне СБМ дало пачатак новай прапагандысцкай кампаніі, маўляў, афіцыйны дазвол на яго арганізацыю сьведчыць пра тое, што Гітлер расцэньвае беларускі народ як дадатны элемэнт «Новай Эўропы», што Нямеччына прызнае за гэтым народам права на будучыню і пачэснае месца ў Эўропе і выказвае шчыры давер і сымпатыю да беларускай моладзі. Адначасова высьмейвалася «бальшавіцкая гістэрыя» вакол уяўнай калянізацыі і нямецкага ўціску на Беларусі. У гэтай атмасфэры Кубэ выступіў з новым заклікам, які ўпершыню прагучаў зь ягоных вуснаў падчас урачыстага абвяшчэньня СБМ: «З Адольфам Гітлерам да самавызначэньня беларускай нацыі!» Нельга, аднак, гэтую фразу і ўсю праведзеную Кубэ кампанію расцэньваць выключна як прапаганду. У той гульні, якую Кубэ разыгрываў перад вышэйшым бэрлінскім кіраўніцтвам з эсэсаўска-паліцыйнай апазыцыяй, стварэньне СБМ стала важкім аргумэнтам на карысьць яго палітычнай лініі. Пазьней гэта дало права гаўляйтару сьцьвярджаць, што яго палітыка адпавядае пазыцыі вярхоўнага кіраўніцтва Нямеччыны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю