355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 17)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 18 страниц)

Аднак зацягваць чаканьне далей было небясьпечна, таму, каб апраўдацца перад уладамі і паказаць, што, апрача лёзунгаў і заклікаў, робіцца нешта яшчэ для барацьбы з бальшавізмам, БЦР у сярэдзіне верасьня арганізавала пад сваёй фірмай т. зв. батальён БКА. Было прынята рашэньне, што, паколькі афіцыйна БКА не была распушчана, ня трэба ствараць яе нанова. Праўда, не было атрымана ніводнай вінтоўкі і ніводнага мундзіра, аднак у бэрлінскай камэндатуры ўдалося здабыць памяшканьне нібыта для параненых салдат БКА, якія вярталіся з шпіталяў. Пад гэты дах сабралася некалькі сотняў салдат і афіцэраў, а таксама іх сямейнікі і іншыя цывільныя асобы, якія прабылі ў гэтым «батальёне» пяць месяцаў – да канца студзеня 1945 г. Для бяздомных уцекачоў гэта быў не найгоршы прытулак. Усё гэта вонкава выглядала як батальён БКА, афіцэрская школа і да т. п., рабілася многа шуму, ОМі па-ранейшаму дабівалася яго легалізацыі, але вынікаў гэта не прынесла ніякіх. Больш рэальнае значэньне мелі атрыманыя ад міністэрства пэўныя грашовыя датацыі пад гэты праект.

І толькі ў сярэдзіне сьнежня 1944 г. справа беларускага вайсковага фармаваньня апынулася ў Галоўнай управе СС, тут яе абяцалі вельмі хутка ўладзіць. Аднак менавіта цяпер Астроўскі пачаў «траціць надзею» на атрыманьне гэтага рашэньня, распарадзіўся прыпыніць дзейнасьць вайсковага аддзелу БЦР і нават зьбіраўся распусьціць вучэбны батальён. Прыблізна 10 студзеня БЦР атрымала вуснае паведамленьне, што Галоўнае ведамства СС згаджаецца на стварэньне беларускай брыгады пад назваю Waffen-SS Grenadier-Brigade «Weissruthenien». Афіцыйнае пісьмовае пацьвярджэньне аб гэтым было атрымана 26 студзеня. А на наступны дзень Астроўскі абвясьціў заклік да барацьбы і распарадзіўся падрыхтавацца да вярбоўкі валянтэраў. У гэты час Чырвоная Армія ўжо прабіла нямецкую абарону на Вісьле і наблізілася да Одэру. У Бэрліне ўзьнялася такая паніка, што і гаворкі быць не магло пра вярбоўку добраахвотнікаў. Зрэшты, у лютым, пасьля налёту амэрыканскай авіяцыі, перастала працаваць ОМі, а БЦР распачала паступовую эвакуацыю сваіх супрацоўнікаў у заходнюю частку Нямеччыны. Такім чынам, брыгада «Беларусь» засталася толькі папяровым праектам.

Паходжаньне вайсковай адзінкі, якая ў беларускай эміграцыйнай літаратуры атрымала назву дывізіі «Беларусь», было зусім іншае. Яно зьвязана з пазьнейшым лёсам 30-й дывізіі Зіглінга. Пасьля шматлікіх дэзерцірстваў, а таксама пасьля перадачы пад канец 1944 г. шэрагу яе падразьдзяленьняў у войска Уласава, асабовы склад 30-й дывізіі значна паменшаў. У студзені Зіглінг атрымаў загад папоўніць сваю дывізію шляхам вярбоўкі беларусаў. У сувязі з гэтым ён зьвязаўся з Астроўскім, і той перадаў яму вучэбны батальён. Так 28 студзеня частка гэтага батальёна, здатная да вайсковай службы, адышла да 30-й дывізіі, а сама дывізія зьмяніла назву. З гэтай пары яна ўжо звалася: 30 Waffen-SS Grenadier-Division (Weissruthenische № 1)—замест ранейшага Russische № 2. Пунктам яе фармаваньня стала мясцовасьць Гіршаў, што ў Баварыі. Але камплектаваньне гэтай дывізіі так і не насьпела скончыцца, і на фронт яна так і не трапіла. 30 красавіка яна апынулася ў амэрыканскім палоне. У гэты час у яе ўваходзілі 3 батальёны – 1094 чал., зь іх 182 афіцэры і падафіцэры.

Такім чынам, шмат фактаў указвае на тое, што, нягледзячы на заклікі і дэклярацыі, Астроўскі па магчымасьці стрымліваў фармаваньне асобнай беларускай вайсковай адзінкі ў Нямеччыне. Прыкладна такую самую тактыку ён абраў і ў справе арганізацыі Саюзу вызваленьня Беларусі. Гэтае пытаньне шмат разоў разглядалася на пасяджэньнях Рады, вяліся дэбаты вакол назвы, статуту і праграмы, ствараліся камісіі для распрацоўкі дэталяў. Усё гэта цягнулася аж да тае пары, пакуль уся справа ня страціла сэнсу перад абліччам непазьбежнай катастрофы, да якой кацілася Нямеччына.

Стаўленьне Астроўскага да дзейнасьці Ўласава было лягічным працягам ужо апісанай яго тактыкі. Сустрэча Гімлера з Уласавым, плянаваная на ліпень, адбылася толькі 16 верасьня. Было дамоўлена стварыць т. зв. Камітэт вызваленьня народаў Расеі і армію, якая б падпарадкоўвалася гэтаму Камітэту. Галоўная ўправа СС пачала рэалізацыю праекту. 13 кастрычніка ў гэтай установе прайшла канфэрэнцыя з удзелам Арльта, Крогера і Бухарта, было прынята рашэньне аб тым, каб даручыць Астроўскаму ўступіць у Камітэт. На думку кіраўніцтва СС, гэта не павінна было само па сабе перакрэсьліць ідэю незалежнасьці Беларусі. Аднак Астроўскі рашуча адмовіўся ад гэтага праекту. І не дапамаглі тут ні ўшчуваньні Арльта, ні націск Кальтэнбрунэра. Торвальд піша, што ў часе спатканьня з Уласавым у Галоўнай управе бясьпекі Райху Астроўскі сказаў яму: «Нашыя шляхі розныя. Вы – за вольную Расею, а я – за вольную Беларусь». Сваю пазыцыю Астроўскі «вельмі адназначна» пацьвердзіў падчас візыту ў Розэнбэрга – недзе ў апошнія дні кастрычніка.

Аднак знайшліся беларусы, украінцы і іншыя, якія пагадзіліся на ўдзел у абвешчаным 14 лістапада ў Празе Камітэце вызваленьня народаў Расеі. У адказ на маніфэст гэтага Камітэту прадстаўнікі дзевяці народаў СССР, у т. л. і БЦР, 18 лістапада выдалі супольную заяву, у якой адмовіліся ад прызнаньня кіраўнічай ролі Ўласава і запатрабавалі, ваб ён абмежаваў сваю дзейнасьць справамі этнаграфічнай Расеі. Пачаліся новыя перамовы зь нямецкімі ўладамі, але яны не дапамаглі вырашыць спрэчку паміж «сэпаратыстамі» і камітэтам Ўласава. Ды, зрэшты, было ўжо занадта позна гаварыць аб гэтым.

Група афіцэраў і моладзевых дзеячоў крытычна паставілася да паводзін Астроўскага ў справе ўдзелу ў камітэце Ўласава і асудзіла маруднасьць пры арганізацыі асобнага беларускага вайсковага фармаваньня. Гэтыя людзі, што рваліся да безнадзейнай барацьбы, гуртаваліся вакол палітычна-вайсковай арганізацыі – Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Яе кіраўнікі – Усевалад Родзька, Міхаіл Вітушка і іншыя – супрацоўнічалі з Абвэрам, прадстаўлялі БНП як патрыятычную кансьпірацыйную арганізацыю і выдавалі быццам бы нелегальны «Бюлетэнь БНП», на старонках якога заклікалі даўзброенай барацьбы за незалежную Беларусь.[144]144
  Зьвесткі аб стварэньні і дзейнасьці БНП вельмі скупыя. Раманоўскі піша, што яна была створаная на заданьне Абвэру. Магчыма, так яно і было, калі ўлічыць, што лідэр БНП Родзька зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з Абвэрам і ўдзельнічаў у арганізаванай ім дывэрсійнай апэрацыі на Беларусі напярэдадні нападу Нямеччыны на СССР. Пра сувязь БНП з Абвэрам сьведчаць таксама і некаторыя эміграцыйныя крыніцы. Затое шараговыя сябры БНП былі перакананыя, што маюць дачыненьне да сапраўднай падпольнай арганізацыі.


[Закрыть]

БНП была створана ў Менску ў ліпені 1942 г., але больш значную дзейнасьць разгарнула толькі ў чэрвені 1944 г., арганізуючы некалькі кансьпірацыйных выведна-дывэрсійных групаў у тылах Чырвонай Арміі. У ліпені, а найпазьней – у жніўні 1944 г. Абвэр арганізаваў у Дальвіцы ўва Усходняй Прусіі навучальны цэнтар і рыхтаваў там добраахвотнікаў для дывэрсійнай працы на Беларусі. Палітычным кіраўніком цэнтру быў Родзька.

Істотную ролю ў вярбоўцы добраахвотнікаў адыгрывала прапаганда БНП. Кансьпірацыйны арэол дазваляў ёй карыстацца такімі прыёмамі, якія былі недапушчальныя ў афіцыйнай прапагандзе, і гэта выклікала да яе большы давер. БНП ня толькі выкарыстоўвала патрыятычную фразэалёгію, але дазваляла сабе і крытыку нямецкай акупацыйнай палітыкі на Беларусі, хоць гэтыя праблемы сталі ўжо справаю мінуўшчыны. Што да прагнозаў на будучыню, дык тут БНП малявала непазьбежны канфлікт паміж саюзьнікамі пасьля перамогі над Нямеччынай. Зыходзячы з такіх меркаваньняў, БНП прапагандавала ўзмацненьне ўласных сілаў як вырашальнага фактару для будучыні Беларусі. У «Бюлетэні БНП» гаварылася:

Гэтыя сілы, – і перш за ўсё нацыянальнае войска і антысавецкі партызанскі рух, што ахапіў усю краіну, – ужо дзейнічаюць на Беларусі, і трэба далучыцца да іх, каб споўніць свой сьвяты абавязак перад Бацькаўшчынай.

Пад заклікам БНП: «Здабудзем беларускую дзяржаву – альбо згінем у барацьбе за яе!» – шмат беларусаў накіравалася ў Дальвіц, а адтуль – на Беларусь, цешачы сябе ілюзіяй аб ангельска-амэрыканскім канфліктце з СССР.

Праблема неадкладнага ўдзелу ў баявых апэрацыях летам 1944 г. перарасла ў канфлікт – на гэтым грунце сутыкнуліся палітычныя амбіцыі Астроўскага і Родзькі. У выніку БНП перайшла ў апазыцыю да Астроўскага і БЦР. Лідэры гэтай партыі абвінавачвалі Раду ў няздольнасьці кіраваць незалежніцкім рухам і выкрывалі яе марыянэтачны характар. У канцы 1944 г. гэты канфлікт перарос у адкрытую варожасьць – Астроўскага крытыкавалі за палітычнае згодніцтва, ускладалі на яго адказнасьць за эвакуацыйны хаос, у якім была страчана пераважная частка сілаў БКА, за няздольнасьць арганізаваць беларускае войска ў Нямеччыне, за нежаданьне супрацоўнічаць з Уласавым і г. д. На пачатку 1945 г. Родзька ўвогуле адмовіўся ад супрацоўніцтва з Астроўскім і выказаў шкадаваньне аб тым, што зьвязваўся зь ім у мінулым.

Фармальна БНП мела ўсе падставы, каб крытыкаваць Астроўскага, але ніякай разумнай альтэрнатывы яна не сфармулявала. Усе закіды БНП папросту адлюстроўвалі нямецкія абарончыя інтарэсы, якія вымагалі мабілізацыі ўсіх даступных сілаў і сродкаў для ўзброенай барацьбы. Матывы паводзінаў Астроўскага ў Нямеччыне былі прынцыпова іншыя. Яго адносіны да арганізацыі войска, Саюзу вызваленьня Беларусі і камітэту Ўласава сьведчылі аб разуменьні бескарыснасьці і бяссэнсавасьці ўдзелу ў абароне Райху. Астроўскі прыклаў усе стараньні да таго, каб запэўніць сабе і БЦР магчымасьць дзейнічаць і пасьля капітуляцыі Нямеччыны. Супрацоўніцтва з Уласавым магло б пасьля вайны ўскладніць і нават зусім перакрэсьліць яго палітычную працу ў эміграцыі. Лідэр БЦР не жадаў адмаўляцца ад такіх шанцаў і таму пад канец 1944 г. узяўся перакройваць статут Рады, падганяючы яго пад новую сытуацыю. Пленум БЦР прыняў гэты статут 14–17 студзеня 1945 г., калі Чырвоная Армія зь берагоў Віслы рушыла ў паход на Бэрлін, а ОМі ўжо не заглыблялася ў гэткія справы.

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

У выніку вайны і акупацыі Беларусь панесла вялікія людзкія страты. Калі беспасярэдне перад нападам Нямеччыны ў ёй налічвалася 9,2 млн. жыхароў (у цяперашніх межах), дык пад канец 1944 г. іх засталося толькі 6,3 млн. Такім чынам, насельніцтва зьменшылася на 2,9 млн., альбо на 32%. Аднак і па сёньняшні дзень гэтыя лічбы дэталёва не ўдакладненыя. Савецкія крыніцы шмат гадоў сьцьвярджалі, што нямецкія акупанты зьнішчылі 1408 тыс. цывільных жыхароў Беларусі і 378 тыс. выслалі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Адначасова пісалася, што летам 1941 г. адсюль на ўсход, у эвакуацыю, было вывезена 1,5 млн. чалавек і больш за 500 тыс. мабілізавана ў Чырвоную Армію. Акрамя таго, у ліпені 1944 г. у войска было прызвана яшчэ звыш 600 тыс. чалавек. Разам гэта складала 4,4 млн чалавек, альбо на 50 % больш за афіцыйна названыя людзкія страты (2,9 млн.), пры гэтым варта ўлічыць, што да канца 1944 г. толькі невялікая частка эвакуяваных у глыб СССР магла вярнуцца на радзіму. Лічбы відавочна не сыходзіліся, і таму колькасьць жыхароў, забітых акупантамі, ацэньвалі пазьней ня больш як 750 тыс. На думку аўтара, гэтая апошняя ацэнка больш адпавядае сапраўднасьці, аднак яна па-ранейшаму завышаная.

Гаспадарка Беларусі таксама панесла вялікія страты. У 1945 г. узровень яе прамысловай вытворчасьці складаў толькі 20 % ад даваеннай. У шмат разоў скарацілася і сельскагаспадарчая вытворчасьць, адною з прычын гэтага былі антыпартызанскія карныя акцыі, у выніку якіх было спалена некалькі тысяч вёсак. Летам 1944 г. савецкія ўлады засьпелі на Беларусі толькі 39 % ад даваеннага пагалоўя коней, 31 % – буйной рагатай жывёлы, 11 % – сьвіньняў і 22 % – авечак і козаў. Аднак цяжка вызначыць, у якой ступені прычынілася да гэтага нямецкая гаспадарчая эксплуатацыя. Справа ў тым, што самыя вялікія разбурэньні ў беларускай прамысловасьці адбыліся ў выніку эвакуацыі на ўсход машын і абсталяваньня, а таксама – зьнішчэньня партызанамі дробных прадпрыемстваў у правінцыі. У дадатак немцы ўлетку 1944 г. правялі эвакуацыю некаторых заводаў. Не выклікаюць даверу зьвесткі пра выкарыстаньне або вынішчэньне свойскай жывёлы нямецкімі акупантамі – у некаторых выпадках гэтыя лічбы перавышаюць стан даваеннага пагалоўя (сьвіньні, козы і авечкі), і гэта – без уліку вынікаў эвакуацыі на ўсход, задавальненьня патрэбаў партызан і самога мясцовага насельніцтва.

Аднак асаблівым аспэктам акупацыйнай гісторыі Беларусі было яе палітычнае становішча. Тут міжволі напрошваецца паралель з пэрыядам Першай сусьветнай вайны. Усходняя палітыка кіраўнічых колаў другога і трэцяга Райху грунтавалася на розных прынцыпах, а іх стаўленьне да беларускага пытаньня як палітычнага фактару было, па сутнасьці, аднолькавае. У 1918 г. Беларусь была для Бэрліна «нязнанай краінай Эўропы», а слабы нацыянальны рух і нямецкая палітыка што да Расеі не дазвалялі нямецкаму ўраду прыняць і падтрымаць канцэпцыю беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. У міжваенны пэрыяд аўтарытэт Беларусі ў бэрлінскіх палітычных колах зноў-такі ня ўзьняўся – перашкаджала адсутнасьць уласнай нацыянальнай дзяржаўнасьці і аслабленьне ў 30-х г. палітычных, эканамічных і культурных пазыцый беларускага руху. Нездарма напярэдадні другой акупацыі Гейзэнбэрг вельмі скептычна ацэньваў шанцы пэрспэктыўнага разьвіцьця Беларусі ў рамках «новага парадку» ў Эўропе. Гэтая яго пазыцыя так і не зьмянілася да канца акупацыі.

Але пры бліжэйшым знаёмстве зь ёй Беларусь выйгравала. Пра гэта сьведчаць падобныя дзеяньні Фалькенгайна і Кубэ – кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі ў пэрыяд першай і другой акупацыі. Іх праца мела значныя палітычныя вынікі. Так, Фалькенгайн насуперак пазыцыі Бэрліна пасудзеяў стварэньню і нядоўгаму існаваньню Беларускай Народнай Рэспублікі, якая заклала традыцыю сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ, у сваю чаргу, – у значна горшых варунках – паспрыяў адраджэньню падаўленых у 30-я г. нацыянальных пачуцьцяў беларусаў і ідэалу іх дзяржаўнай незалежнасьці. Акалічнасьці канфлікту «беларускага гаўляйтара» з СС сьведчаць аб тым, што яго паводзіны грунтаваліся ня толькі на тактычных разьліках – падзеі адбываліся ў той час, калі параза Нямеччыны не здавалася яшчэ непазьбежнай. Пасьля сьмерці Кубэ яго намесьнік Готбэрг пераняў гэтую палітычную лінію і надаў ёй эфэктнае прапагандысцкае гучаньне.

Вынікі цывільнага праўленьня – гэта паступовая беларусізацыя адміністрацыі, роспуск калгасаў, арганізацыя школьніцтва, СБМ, культурнай і выдавецкай дзейнасьці, беларусізацыя царкоўнага жыцьця і, нарэшце, БНС, Камітэт даверу і БЦР, якія, хоць і не атрымалі да канца акупацыі фармальнага прызнаньня ў Бэрліне як органы нацыянальнага прадстаўніцтва, фактычна ўсё ж такі адыгрывалі гэтую ролю. Ідэю корпусу Самааховы, якую Кубэ ня змог да канца ажыцьцявіць ува ўмовах канфлікту з СС, пазьней рэалізаваў Готбэрг у выглядзе БКА. У акупаваных краінах, якія мелі нацыянальную незалежнасьць, такія вынікі нельга было б палічыць за дасягненьні, але ўва ўмовах Беларусі яны набывалі цалкам іншае значэньне, бо стваралі магчымасьці для ўзмацненьня і распаўсюду нацыянальнай сьвядомасьці, для арганізацыі нацыянальнага грамадзкага жыцьця.

Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў, заблякаваных доўгі час ува Усходняй і Заходняй Беларусі, усе беларускія нацыянальныя палітычныя групы ацэньвалі як гістарычны шанец. Праўда, некаторыя зь іх арыентаваліся на Польшчу і заходніх саюзьнікаў, аднак пры гэтым не адмаўляліся ад актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, а ў некаторых выпадках – і ад палітычнага супрацоўніцтва зь мясцовай акупацыйнай адміністрацыяй, бо яно павінна было спрыяць узмацненьню беларускага нацыяналізму. Пры гэтым гістарычны досьвед паказваў, што магчымасьць дамінаваньня Нямеччыны і небясьпека германізацыі беларусам наўрад ці пагражала. Зрэшты, зь цягам часу меншалі страхі перад нямецкім дамінаваньнем, затое расло перакананьне ў немінучым вяртаньні савецкай улады. І тут дасягненьні нацыяналізму павінны былі ўзбагаціць нацыянальную сьвядомасьць, прышчапіць ёй імунітэт супраць русіфікацыі, урэшце, стварыць гістарычныя аргумэнты, якія ўжо нельга будзе абмінуць ува ўмовах савецкай Беларусі.

Цікава, што працэс палітычнай палярызацыі беларускага грамадзтва няспынна ўзмацняўся, нягледзячы на злачынствы акупантаў, непазьбежнасьць паразы Нямеччыны і вяртаньня савецкай улады. Большасьць насельніцтва жыла ў страху і чаканьні, але ўжо на самым пачатку акупацыі побач зь ёю абазначыліся дзьве крайнія плыні – камуністычная і нацыяналістычная, якія разьвіваліся ў вострай ідэалягічнай і ўзброенай барацьбе. Пік гэтага супрацьстаяньня прыйшоўся на апошнюю фазу акупацыі, калі дзясяткі тысяч беларусаў сталі з зброяй у руках па розныя бакі барыкады. Сярод іх, несумненна, было шмат людзей выпадковых, якія трапілі туды пад прымусам, але шмат было і такіх, якіх вяла толькі ўласная рашучасьць і нават фанатызм, які адлюстроўваў разуменьне сэнсу барацьбы.

Цяжка ацаніць іх пазыцыі адназначна. Удзельнікі камуністычнага руху, якія гуртаваліся ў партызанскіх атрадах і савецкім падпольлі, мелі за сабой традыцыі, арганізацыйны грунт і – самае галоўнае – усебаковую падтрымку з-за лініі фронту. Тым часам нацыяналісты, маючы за сабою горкі досьвед недалёкага мінулага, пры ўсёй непасьлядоўнасьці нямецкай палітыкі (справа Ермачэнкі) і адсутнасьці перад сабою абяцальнай пэрспэктывы паволі адваёўвалі свае пазыцыі. Факт, што ў гэтых неспрыяльных умовах нацыяналізм стаў важным грамадзкім фактарам і відавочнай процівагай для камуністычнага руху, быў, безумоўна, вынікам хуткага авалоданьня нацыянальнай ідэі грамадзтвам, асабліва моладзьдзю. Тую самую зьяву адзначаў у 1918 г. Куршман, аднак на гэты раз яна ўзьнялася да непараўнальна вышэйшага ўзроўню. Асабліва ўражвала нацыянальная актыўнасьць у апошнія месяцы акупацыі. Ксёндз Зянон Ігнатавічус, літоўскі капэлян у Менску, слаба зарыентаваны ў сутнасьці справы, ацэньваў убачанае на Беларусі як прызнаньне яе «поўнай незалежнасьці» і шкадаваў, што Літва не дачакалася такога ад немцаў.

Савецкія ўлады рашуча выступілі супраць актывізацыі беларускага нацыяналізму. Шмат фактаў сьведчаць аб тым, што найбольшую небясьпеку яны бачылі не ў стварэньні антыпартызанскіх беларускіх фармаваньняў, а ў пранікненьні пачуцьця нацыянальнай асобнасьці і сэпаратысцкіх тэндэнцыяў у масавую сьвядомасьць. Найбольш інтэнсіўна гэтыя працэсы ішлі на абшары Генэральнай акругі Беларусь – тут на грамадзтва ўзьдзейнічалі шматлікія палітычныя сродкі. Таму на гэтай тэрыторыі барацьба з нацыяналізмам была адной з найважнейшых задач партызанскага руху, і вялася яна больш зацята, чым на Украіне ці ў Прыбалтыцы. У часе вайны пра гэта сьведчыла, у прыватнасьці, стаўленьне партызан да беларускага школьніцтва, а пасьля вайны – прыняцьце ў лютым 1945 г. спэцыяльнай рэзалюцыі ЦК КП Беларусі аб перавыхаваньні грамадзтва ў духу савецкага патрыятызму і нянавісьці да нямецкіх акупантаў, якіх не было там ужо некалькі месяцаў. У Польшчы такія захады былі папросту непатрэбныя.

Абнародаваньне адпаведна падабраных злачынных аспэктаў нямецкай акупацыі ў пасьляваенны час сталі аднымі з асноўных аргумэнтаў у барацьбе зь беларускай мовай, культурай, нацыянальнай сьвядомасьцю і, урэшце, – з самімі нацыянальнымі дзеячамі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб адцягнуць грамадзкую ўвагу ад палітыкі русіфікацыі, якая праводзілася пад шырмай зьліцьця ўсіх пародаў СССР у адзіную сям’ю. Яна была скіравана на аслабленьне нацыянальнага касьцяка краіны, і дзеля гэтага прымаліся самыя разнастайныя захады: масавыя дэпартацыі беларусаў, расейская калянізацыя, выцясьненьне беларускай мовы з шырокага грамадзкага ўжытку і яе зьвядзеньне да мовы сялянства і вузкіх колаў творчай інтэлігенцыі. Прывядзём некалькі прыкладаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, з 1950 да пачатку 60-х г. зь Беларусі «выехала» на ўсход, галоўным чынам у Сібір і Казахстан, каля 900 тыс. чалавек. Так, з 1945 г. туды перасялілася прыкладна звыш мільёна чалавек. У 1970 г., калі насельніцтва БССР яшчэ не дасягнула даваеннага ўзроўню, колькасьць расейцаў на яе тэрыторыі павялічылася да 938 тыс. чалавек і, такім чынам, перавысіла ўдвая даваенны ўзровень. У выніку, доля расейцаў у структуры насельніцтва рэспублікі ўвесь час узрастала і ў 1970 г. дасягнула 10,4 %, аднак іх сапраўдная ўдзельная вага была яшчэ большая; трэба ўлічыць, што ў іхніх руках апынуліся ключавыя гаспадарчыя і палітычныя пазыцыі.

Зь першых пасьляваенных гадоў пачалася русіфікацыя вышэйшай школы (па-беларуску выкладаліся толькі некаторыя дысцыпліны на факультэтах беларускай філялёгіі). Натуральна, гэта адбілася на стане сярэдняй і пачатковай адукацыі. Школьнікі, якія марылі працягваць навуку, бачылі, як падае грамадзкае значэньне беларускай мовы, і выяўлялі большую зацікаўленасьць у вывучэньні расейскай мовы. Але і гэты мэханізм быў недастаткова эфэктыўны, таму ў 60–70-х г. пачаўся масавы перавод беларускіх школаў на расейскую мову навучаньня адміністрацыйным шляхам. У выніку поўнасьцю былі зьліквідаваны беларускія школы ў гарадох, а на вёсках яны часьцей за ўсё заставаліся беларускімі толькі намінальна, бо па-расейску там выкладалася вельмі многа дысцыплінаў.

Выдавецкая дзейнасьць таксама выяўна адлюстроўвала вынікі такой нацыянальнай палітыкі. За пэрыяд з 1950 па 1985 г. агульны тыраж кніжак, выдадзеных у БССР, павялічыўся з 12,5 млн. да 53,3 млн. экзэмпляраў, пры гэтым доля беларускамоўных выданьняў зьнізілася з 10,7 млн. да 5,0 млн. экзэмпляраў, а іх доля ў агульнай кнігавыдавецкай прадукцыі зьменшылася з 85 % да 9 %.

Русіфікатарская палітыка савецкіх уладаў ёсьць найважнейшым крытэрам для ацэнкі пазыцыі і дзейнасьці беларускіх палітычных колаў і той часткі грамадзтва, якая ўва ўмовах нямецкай акупацыі імкнулася да захаваньня і ўзмацненьня сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Досьвед падказваў ім, што даваенныя прынцыпы савецкай нацыянальнай палітыкі ня зьменяцца і пазьней, а пасьляваенная рэчаіснасьць пацьвердзіла гэтыя прагнозы. Таму, з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, іх дзеяньні былі апраўданыя, дарма што яны не маглі прывесьці да стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы. Гэтыя дзеяньні ўмацоўвалі нацыянальную самасьвядомасьць грамадзтва і стварылі факты, якія сьведчаць, што стаўленьне нямецкай цывільнай адміністрацыі да беларускай справы было лепшае, чым пры савецкай уладзе. Той факт, што ў зьняволенай беларускай сталіцы працавалі толькі беларускія школы, аў вызваленай – амаль толькі расейскія, дастаткова сымбалічны і не патрабуе камэнтараў. Гэтай ацэнкі не мяняе факт нацысцкага генацыду, бо колькасьць ахвяраў НКВД у саміх толькі Курапатах пад Менскам не саступае памерам эсэсаўскіх злачынстваў падчас усіх карных акцыяў у Беларусі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю