355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Юрий Туронок » Беларусь пад нямецкай акупацыяй » Текст книги (страница 13)
Беларусь пад нямецкай акупацыяй
  • Текст добавлен: 18 апреля 2019, 19:00

Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"


Автор книги: Юрий Туронок


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 18 страниц)

Можна, такім чынам, меркаваць, што пры тых абставінах Кубэ ня нёс беспасярэдняй службовай адказнасьці за злачынствы генацыду. У той сытуацыі ён мог гэтак жа, як і іншыя камісары на акупаваных савецкіх тэрыторыях, проста захоўваць глыбокую дыстанцыю да злачынстваў гімлераўскага апарату. Пазьней, на Нюрнбэрскім працэсе, такая пазыцыя не расцэньвалася як важкі довад віны, пра што сьведчаць памяркоўныя выракі Амэрыканскага вайсковага трыбунату. Аднак гэтыя падзеі Кубэ ўспрымаў неабыякава, магчыма, пад уплывам пачуцьця маральнай адказнасьці, што, дарэчы, адлюстравана ў яго апошняй, жнівеньскай, справаздачы. З гэтых самых меркаваньняў ён не хацеў пакінуць сваёй пасады – у той драматычнай асабістай сытуацыі адыход мог бы стаць для яго сапраўдным выйсьцем, але гэта азначала б капітуляцыю перад злачынствамі СС.

Таму можна было б палічыць за непаразуменьне меркаваньне Даліна, паводле якога Кубэ і СС падзялялі тыя ж самыя мэты і рэаліі, калі б не тэндэнцыйнасьць гэтага аўтара. Гэта датычыць нават габрэйскага пытаньня. Райтлінджэр, дасьледчык генацыду габрэяў у Эўропе, адзначаў, што дзеяньні Кубэ ў гэтым напрамку былі неэфэктыўныя, аднак тут жа заўважыў, што

…сярод цывільных або вайсковых буйных чыноўнікаў у Расеі Кубэ быў адзіны, хто пэўны час тармазіў дзейнасьць расісцкіх забойцаў. Патэтычны і неэфэктыўны, азызлы і экзальтаваны, гэты паджылы чалавек шмат месяцаў займаўся тым, на што не асьмеліўся ніводзін сябра праслаўленай антыгітлераўскай апазыцыі.

Заўважым, між іншым, што Клаўса фон Штаўфэнбэрга і яго таварышаў гісторыкі НДР[120]120
  НДР – Нямецкая дэмакратычная рэспубліка.


[Закрыть]
прызнавалі за антыфашыстаў. Кубэ ацаніў і падтрымаў беларускае пытаньне, у пэрспэктыве ён бачыў стварэньне асобнай беларускай дзяржавы пад кіраўніцтвам Райху. Гэтая канцэпцыя і спробы па яе ажыцьцяўленьні выклікалі суворы асуд савецкіх уладаў, і – як вынік – у працах гісторыкаў і публіцыстаў БССР ацэнка Кубэ была адназначна адмоўная. Затое ў колах беларускай эміграцыі ўвогуле ўстрымліваліся ад якіх-небудзь ацэнак, галоўным чынам дзеля таго, каб найбольш выгадна ахарактарызаваць дзейнасьць Астроўскага, якая распачалася толькі пасьля сьмерці Кубэ.

Таму варта прывесьці пасьмяротную ацэнку Кубэ, зьмешчаную ў жалобным паведамленьні Камітэту даверу. Яно падпісана старшынёй Камітэту Іваноўскім і яго намесьнікам Сабалеўскім і адлюстроўвае палітычную пазыцыю большай часткі беларускіх нацыянальных дзеячоў таго пэрыяду. Варта, дарэчы, заўважыць, што аўтары паведамленьня паўстрымаліся ад таго, каб сьпісаць замах на «маскоўскіх агентаў». Падаём поўны яго тэкст:

22 верасьня памёр ад рукі баязьлівага злачынцы генэральны камісар Беларусі, гаўляйтар Вільгельм Кубэ. Вестку аб гэтай трагічнай сьмерці беларусы прынялі з найглыбейшым абурэньнем. У асобе нябожчыка беларускі народ траціць свайго найлепшага сябра і змагара за інтарэсы Беларусі. Беларусы верылі і адчувалі, што іх жаданьні будуць зьдзейсьненыя генэральным камісарам Кубэ. Жыцьцё і дзейнасьць гэтага дзяржаўнага мужа стала перашкодаю нашым ворагам. Таму яны стараліся яго прыбраць. У сувязі з трагічнай сьмерцю гэтага чалавека беларускі Камітэт даверу выказвае ад імя беларускага народу самае глыбокае спачуваньне нямецкаму народу і ўраду нямецкага Райху.


Настроі насельніцтва і пазыцыі палітычных групаў

Зь некалькіх прычынаў палітыка Кубэ аказала на настроі беларускага насельніцтва вельмі абмежаванае ўзьдзеяньне. Па-першае, яна распаўсюджвалася толькі на тэрыторыю Генэральнай акругі Беларусь. Па-другое, на гэтым абшары, як і па ўсёй Беларусі, значна большы ўплыў на пазыцыю насельніцтва мелі іншыя фактары: палажэньне на савецка-нямецкім фронце, вынішчэньне габрэйскага насельніцтва, партызаншчына і мэтады барацьбы зь ёю, нарэшце, эканамічная сытуацыя гарадзкіх і вясковых жыхароў. У некаторых раёнах Заходняй Беларусі спэцыфічную ролю адыгрывала польскае пытаньне. Гэтае мноства вызначальных прычын, якія да таго ж з рознай інтэнсіўнасьцю дзейнічалі ў розных рэгіёнах краіны, і да таго ж нярэдка зьмяніліся ў часе, не дазваляе лёгка вызначыць грамадзкія настроі.

Найбольш аднастайная сытуацыя панавала ў раёнах, што знаходзіліся ў зоне вайсковай адміністрацыі ўва Усходняй Беларусі. Савецкая эвакуацыйная кампанія і нямецкія рэквізыцыі Вэрмахту ўжо на пачатку вайны прывялі гаспадарку гэтай часткі краю да поўнага заняпаду. Зямельная рэформа і скасаваньне вайсковымі ўладамі ўсіх ранейшых абмежаваньняў жывёлагадоўлі абудзілі надзеі сялянства на рост прадукцыйнасьці сельскай гаспадаркі. Аднак гэтыя чакальні неўзабаве разьвеяліся, бо Вэрмахт па-ранейшаму нахабна рэквізаваў прадукцыю, паборы раз за разам расьлі без увагі на патрэбы мясцовага насельніцтва, не зважаючы на неабходнасьць аднаўленьня вытворчай базы. Паводле нямецкіх падлікаў, ужо ў верасьні 1942 г. па ўсёй тылавой зоне групы армій «Цэнтар» пагалоўе жывёлы ўпала да такой ступені, што ў сялян часта адбіралі апошнюю карову, якую савецкія ўлады дазвалялі ўтрымліваць пасьля таго, як была праведзена калектывізацыя (т. зв. «сталінская карова»). На бойню гналі нават цельных кароў.

Вялікія спусташэньні ў сельскай гаспадарцы Усходняй Беларусі выклікала партызанская вайна, у якой абодва варожыя бакі імкнуліся пазбавіць праціўніка харчовых запасаў. Мы ўжо згадвалі, што падчас карных экспэдыцый немцы адганялі і нават вынішчалі жывёлу, а савецкія партызаны на Віцебшчыне пераправілі некалькі тысяч галоў за лінію фронту. Вынікі гэтай барацьбы, аднак, падалі цяжарам на цывільнае насельніцтва, а не на баявых праціўнікаў. Ужо ў 1942 г. сяляне пачалі хаваць ад рэквізыцыяў збожжа, білі жывёлу патаемна і не пастаўлялі харчы ў гарады.[121]121
  В. Быкаў, які паходзіў зь Віцебшчыны, сьведчыў, што ў часе вайны ягоныя родныя «ад’еліся»: «І хлеба было, і да хлеба. Калгасы распусьцілі, абраблялі свае надзелы. Было і немцам, і партызанам, і сабе заставалася». – А. С.


[Закрыть]
Гараджанам стала вельмі цяжка пракарміцца. Паводле інструкцыяў Шэнкендорфа, з 3.9.1942 г. тыднёвы паёк людзей найцяжэйшых прафэсіяў павінен быў складацца з: 1580 г жыта, 250 г грэчкі і проса, 4000 г бульбы, 100 г мяса, 60 г тлушчаў і 0,5 л малака. Аднак ужо пад канец гэтага месяца мяса і тлушчы перасталі выдавацца. Вельмі востра не хапала паліва і элемэнтарных прамысловых вырабаў.

У 1943 г. матэрыяльнае становішча насельніцтва ўва Ўсходняй Беларусі пагоршылася яшчэ больш. Ужо ня толькі гараджане, але і частка вяскоўцаў адчула голад, асабліва ў мясьцінах, дзе прайшліся карныя экспэдыцыі. Людзі часта трацілі дах над галавой і жылі пад сталай пагрозай дэпартацыі на прымусовую працу або проста сьмерці ад падазрэньня ў супрацоўніцтве з партызанамі. У невыносных умовах, пра якія 3.7.1941 г. гаварыў Сталін, на кантраляваных немцамі тэрыторыях Усходняй Беларусі апынулася перш за ўсё мясцовае насельніцтва. Апрача жыцьця, людзям, бадай, ужо не было чаго губляць, пераход у партызаны ў такой сытуацыі, асабліва пасьля сталінградзкага пералому, калі сілы ляснога войска значна павялічыліся, даваў усё ж неяк больш шанцаў ператрываць вайну. У недасяжных для немцаў зонах, т. зв. «партызанскіх рэспубліках», для насельніцтва ствараліся неблагія, а часам – лепшыя, і, натуральна, – больш бясьпечныя ўмовы, чым пад акупацыяй. Гэта была галоўная прычына вялікага наплыву людзей у партызанскія атрады ў 1943 г.

У адрозьненьне ад зоны цывільнага рэжыму, нямецкія вайсковыя ўлады ўва Ўсходняй Беларусі не праводзілі актыўнай нацыянальнай палітыкі і не імкнуліся выкарыстаць яе, каб дабіцца прыхільнага стаўленьня тутэйшых жыхароў. Калі не лічыць створаных у некаторых месцах гурткоў самапомачы, што займаліся выключна дабрачыннасьцю, у гэтай частцы краю не паўстала ніякіх беларускіх арганізацыяў накшталт БНС (да рэформы) альбо Камітэту даверу, і толькі ў верасьні 1943 г. вайсковыя ўлады пагадзіліся на дзейнасьць СБМ. На беларускай мове тут ня выйшла аніводнай кніжкі ці брашуры, адозвы і прэсу для мясцовага насельніцтва выдавалі, як правіла, па-расейску. Затое партызаны выдавалі і распаўсюджвалі шмат газэт на беларускай мове, іх выхад набываў пэўнае палітычнае значэньне.[122]122
  Зь сярэдзіны 1942 г. у Віцебску, Бабруйску і Барысаве пачалі выдаваць непэрыядычныя беларускамоўныя дадаткі да мясцовых газэт, якія выходзілі на расейскай мове. Толькі 25.3.1943 г. у Віцебску пачала выходзіць беларуская газэта «Беларускае Слова» накладам 20 000 экз. Пры канцы 1943 г. у сувязі са становішчам на фронце яе рэдакцыю перанесьлі ў Дзьвінск (Латвія).


[Закрыть]
Акупацыйныя ўлады выдалі дазвол на арганізацыю мясцовых (на раённым узроўні) культурных таварыстваў і народных дамоў, пры якіх было створана некалькі аматарскіх тэатраў. Аднак у моўныя праблемы немцы ня ўмешваліся, таму, напрыклад, у Віцебску і Барысаве гэтыя тэатры давалі спэктаклі на беларускай мове, а ў Бабруйску і Магілёве – на расейскай. Улады не аказвалі прымусу і ў справе выбару мовы навучальня, дый, зрэшты, школы на гэтым абшары праіснавалі вельмі нядоўга – фактычна адзін сэзон 1942/43 г. Такім чынам, моўная сытуацыя складвалася безь якога-небудзь пэўнага ўзьдзеяньня ўладаў, яна залежала найперш ад жаданьняў і магчымасьцяў культурна-асьветных дзеячоў. Гэта не спрыяла разьвіцьцю нацыяналістычных беларускіх або расейскіх тэндэнцыяў. На гэтай глебе бадай не адчувалася напружаньняў.

Матэрыяльныя ўмовы існаваньня жыхароў Генэральнай акругі Беларусь выглядалі іначай. На вёсцы тут пераважалі асобныя прыватныя гаспадаркі, на пачатку вайны савецкая эвакуацыя іх амаль не закранула, рэквізыцыі Вэрмахту таксама спустошылі не ў такой ступені, як ува ўсходняй частцы краю. Абавязковыя паставы на 1942 г. у разьліку на адзін гектар ворыва і пашы складалі: 100 кг збожжа, 200 кг бульбы і 20 кг мяса жывой вагаю – гэта былі досыць памяркоўныя патрабаваньні, яны давалі сялянам магчымасьць распараджацца нават большай часткай прадукцыі, чым пры саветах. У параўнаньні з высокімі коштамі машын і зямельных прылад, вотруб’я і г. д. закупачныя цэны былі нізкія, хоць пакідалі ў сялян адчуваньне эксплуатацыі, аднак пры гэтым вонкава захоўваліся прыкметы рынкавых мэханізмаў, а не татальнага рабаваньня, што панавала на ўсходзе.[123]123
  Так, напр., за 100 кг жыта селянін атрымліваў 2,50 райхсмаркі, прычым ён мусіў атрымліваць вотруб’е для пашы па цане 6 райхсмарак за 100 кг.


[Закрыть]
Землі зьнішчаных партызанамі памешчыцкіх маёнткаў ахвотна разьбіраліся ў арэнду, такім чынам, палявыя работы на тэрыторыі Генэральнай акругі былі праведзены восеньню 1942 г. на 100 %.

Паводле справаздачы генэральнага камісарыяту ў Менску, плян закупу сельскагаспадарчай прадукцыі ад ураджаю 1942 г. выконваўся наступным чынам: збожжа – 81,5 %, салома – 80 %, сена – 83,9 %, бульба – 62,2 %, мяса – 40,5 %, тлушчы – 38,5 %, ільняное насеньне – 82,5%. Пэўная частка гэтых запасаў была зьнішчана партызанамі альбо перайшла ў іх рукі, аднак адбылося гэта або на нарыхтоўчых пунктах, або пазьней, пры далейшым перавозе прадукцыі з гэтых пунктаў. Важна падкрэсьліць, што сяляне прывозілі прадукцыю на гэтыя пункты насуперак партызанскай агітацыі («ані кіляграму збожжа для акупантаў»). Іх не спынялі ані забойствы, якія чынілі «лясныя мсьціўцы» над вясковымі пастаўшчыкамі, ані паленьне гаспадарак. Калі б партызаны мелі рацыю, трактуючы гэтых людзей як ворагаў, дык тады належала б прызнаць, што і Кубэ не памыляўся, гаворачы, што выкананьне абавязковых паставаў сьведчыла аб падтрымцы нямецкіх уладаў насельніцтвам. Але цяжка пераводзіць гэты канфлікт у ідэалягічны разрэз – ім адлюстроўваюцца хіба толькі супрацьлеглыя пазыцыі варожых бакоў, а не сялянства, якое не жадала ўблытвацца ў барацьбу, а падаткі для Нямеччыны трактавала гэтаксама, як некалі падаткі для саветаў, а яшчэ раней – для Польшчы.

Таму здабыцьцё прыхільнасьці вясковага насельніцтва, якое складала 85–90 % жыхароў Генэральнай акругі Беларусь, мела для абодвух бакоў вялікае значэньне. Таму і партызаны імкнуліся ня толькі застрашыць сялян, але дзейнічалі і наадварот: дзялілі паміж людзей здабытую жывёлу, харчы ці паліва. Кубэ таксама стараўся пазьбегнуць сытуацыяў, якія маглі б кінуць мясцовых жыхароў у роспач – пазьней яна непазьбежна вылілася б у партызанскія настроі. Дзеля гэтага Генэральны камісарыят значна заніжаў лічбы наяўнага пагалоўя свойскай жывёлы, каб давесьці, што павелічэньне паставаў Вэрмахту – справа немагчымая.[124]124
  У лютым 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь налічвалася 275 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 25 % ад даваеннай колькасьці. У чэрвені 1942 г. гэтая колькасьць ацэньвалася ў 40–45 % ад даваеннага ўзроўню. У жніўні 1943 г. Кубэ, у сваю чаргу, паведамляў, што на абшары Генэральнага камісарыяту Беларусь знаходзіцца яшчэ 450 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 50 % ад нармальнага пагалоўя. Аднак пагалоўе не павялічвалася, а зьмяншалася, адсюль вынікае, што ў 1942 г. зьвесткі заніжаліся.


[Закрыть]
Аналягічным чынам дзейнічалі ўлады генэральнага камісарыяту і пры вэрбоўцы працоўнай сілы. Так, да верасьня 1942 г. улучна зь яго тэрыторыі ў Нямеччыну было вывезена толькі 31 тыс. чалавек (без уліку ваеннапалонных), прытым падкрэсьлівалася, што ў гарадох працоўнай сілы не стае, так што вэрбаваць яе можна толькі на вёсцы, аднак там перашкаджае гэтаму дзейнасьць партызанаў. Гэта была праўда, але ня ўся, паколькі партызаны ў той момант кантралявалі яшчэ нязначную частку земляў акругі.[125]125
  Улады Генэральнай акругі падавалі, што ў зоне дзеяньня партызан знаходзілася ў 1942 г. 60 % сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Гэта было грубае перабольшаньне, якое павінна было апраўдаць слабыя вынікі апэрацыі па вярбоўцы работнікаў у Нямеччыну. Паводле савецкіх крыніц, у гэты час тэрыторыя, якую займалі і часткова кантралявалі партызаны, складала толькі 30 % ад усяго беларускага абшару (гл. падразьдзел «Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху»). Трэба мець на ўвазе, што гэты паказчык быў значна вышэйшы ўва ўсходніх раёнах Беларусі і нашмат ніжэйшы на землях Генэральнай акругі.


[Закрыть]
Захады цывільных уладаў прыносілі плён: да сакавіка 1943 г. колькасьць высланых у Райх работнікаў павялічылася толькі да 35 тысяч.

Пералом у сытуацыі настаў толькі з пачаткам вялікіх карных апэрацый на абшары Генэральнай акругі Беларусь – г. зн. зь лістапада 1942 г. Паводле разьлікаў Кубэ, да канца жніўня 1943 г. забойствы і дэпартацыі абязьлюдзілі край так, што 240 тыс. га зямлі не было апрацавана, а 10–15 % сялянскіх сем’яў страціла апошнюю карову. Гэтыя акцыі значна пагоршылі дэмаграфічную і гаспадарчую сытуацыю ў краі, а іх палітычныя вынікі набылі пагрозьлівы рэзананс. Яны перш за ўсё перакрэсьлілі надзеі вясковых жыхароў – весьці нармальную, упарадкаваную гаспадарку ў такіх умовах было немагчыма. Людзі апынуліся ў атмасфэры бяспраўя і няспыннай пагрозы, а гэта была адна з найважнейшых задач партызанаў. Але і цяпер рэакцыя грамадзтва не была такою аднадушнай, як ува Ўсходняй Беларусі: расьлі ня толькі партызанскія атрады, але таксама, і прычым у ня меншай ступені, сілы самааховы і паліцыі. Настроі жыхароў былі тут больш разнастайныя, гэтак жа, як і грамадзкія ўплывы: з аднаго боку – паразы немцаў на Усходнім фронце і партызанская вайна, а з другога – нацыяналістычная прапаганда. Нарэшце, нягледзячы на паступовае зьбядненьне краю, тутэйшым сялянам па-ранейшаму было што губляць, асабліва ў параўнаньні з жыхарамі Ўсходняй Беларусі.

Паводле нямецкіх крыніц, з красавіка 1943 г. выразна акрэсьленыя пазыцыі займалі дзьве крайнія групы насельніцтва, чыя ўдзельная вага ацэньвалася як нязначная. Першая зь іх – рашучыя прыхільнікі бальшавізму – найчасьцей жылі ў гарадох, якія да верасьня 1939 г. месьціліся на тэрыторыі СССР, супрацоўнічалі з партызанамі і чакалі вяртаньня Чырвонай Арміі. У другую групу ўваходзіла невялікая частка беларускай інтэлігенцыі і сялян з гарадзкіх ваколіц, яны зрабілі рашучую стаўку на нямецкую палітыку і бачылі сваю будучыню толькі пад аховай Нямеччыны, зь якой

зьвязалі свой лёс на радасьць і на гора.

І адна, і другая група мелі ў грамадзтве невялікую ўдзельную вагу.

Паміж гэтымі крайнімі групоўкамі знаходзілася большасьць насельніцтва Генэральнай акругі Беларусь. На пачатку акупацыі яна сустрэла немцаў прыхільна, але пад націскам далейшых падзеяў адхіснулася ад іх і – на думку нямецкіх сведкаў сытуацыі – вагалася паміж

палітычнай антыпатыяй (апатыяй? – Рэд.), нацыяналізмам і прасавецкімі сымпатыямі.

Галоўную ўвагу гэтая частка насельніцтва скіроўвала на партызанскую праблему, далейшае ажыцьцяўленьне аграрнай рэформы і здавальненьне паўсядзённых жыцьцёвых патрэбаў, аднак яе хвалявалі таксама і палітычныя справы: пытаньне будучага самакіраваньня Беларусі, выхад яе з Остлянду, імкненьне да незалежнасьці ў прыбалтыйскіх краінах, а таксама – акцыя Уласава.

Намаляваная нямецкімі назіральнікамі сытуацыя (асабліва праявы беларускага нацыяналізму) вельмі цікавая, і ня толькі таму, што гэта было новае зьявішча ў палітры грамадзкіх настрояў: у першы пэрыяд акупацыі паліцыйныя данясеньні паблажліва абміналі гэтае пытаньне, а савецкія крыніцы, зацікаўленыя ў вынішчэньні гэтага нацыяналізму, замоўчвалі яго сьвядома.

Цікавую характарыстыку грамадзкіх настрояў прывёў Антон Адамовіч, тагачасны менскі журналіст:

…Думалася больш-менш усім, што горш жа, як пад саветамі, проста быць ня можа, дык і ня будзе, што «цяпер будзе іначай», а мо нават і лепш хоць у сім-тым хоць бы для беларускае нацыянальнае справы, а з гледзішча яе – і для Беларусі наагул. Магчымасьці для гэтае справы, а, значыцца, і пэрспэктывы былі ж адчыніўшыся адразу – беларуская мова, прынамсі, атрымала адразу ж статус адзінае афіцыйнае мясцовае мовы, прызнаванай за гэткую новым акупантам – толькі ў беларускай мове быў дапушчальны і друк, і тэатар, і школьніцтва. Бесьперашкодна дэманстраваліся й адпаведна ўшаноўваліся нацыянальныя эмблемы – бел-чырвона-белы сьцяг, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», герб «Пагоня» чаго, між іншага, не было на суседняй Украіне, і прыежджыя ды праежджыя ўкраінцы вельмі дзіваваліся з гэткага «нацыянальнага рэнэсансу» на Беларусі.

І сапраўды, нягледзячы па супраціў бэрлінскіх уладаў і перашкоды з боку партызанскага руху, упартыя намаганьні Кубэ ў галіне беларусізацыі пачалі прыносіць усё больш і больш плёну. На другі год акупацыі было адчынена каля 30 сярэдніх школаў – агульнаадукацыйных і прафэсійных, яны сталі асяродкамі нацыянальнага выхаваньня моладзі, базаю СБМ. Выйшлі новыя газэты і часопісы, разьвівалася выдавецкая дзейнасьць, узьнікалі творчыя аб'яднанні, аматарскія культурныя суполкі ў правінцыі, на добрым узроўні працаваў тэатар у Менску, у яго рамках была створана беларуская опэра. Усё гэта ўздымала нацыянальную сьвядомасьць сярэдняга грамадзяніна і асабліва моладзі. Такім чынам, без увагі на стаўленьне да «вялікай палітыкі», расло процідзеяньне савецкай ідэалёгіі. Вынікі карных апэрацыяў не маглі стрымаць росту гэтай сьвядомасьці: паўсюдна асуджаліся ня толькі злачынствы карных атрадаў, але і прычыны, што іх выклікалі, – маральнага аўтарытэту савецкага партызанскага руху яны не павялічвалі. Варта адзначыць і тое, што рост нацыяналістычных настрояў адбываўся падчас адступленьня Вэрмахту на Усходнім фронце, калі ў грамадзтве расло перакананьне, што немцам ня ўдасца пазьбегнуць паразы.

Польскае падпольле і мясцовае польскае насельніцтва ня ўсюды аднолькава ставіліся да гэтых тэндэнцыяў. Ужо ўвосень 1942 г. Галоўнае камандаваньне АК справядліва прадбачыла, што

пры захаваньні цяперашняга стану рэчаў нацыянальная сьвядомасьць беларускіх масаў будзе, напэўна, узрастаць.

Таму было вырашана гэтыя тэндэнцыі абярнуць на карысьць Польшчы. Тым часам кіраўніцтва Віленскай і Наваградзкай акруг АК, абапіраючыся, напэўна, на назіраньні мясцовага польскага насельніцтва, расцэньвала беларускі нацыяналізм як зьяву, варожую польскім інтарэсам на гэтых землях, зь якой неабходна весьці змаганьне. Хутчэй за ўсё антыпольская кампанія, якую ў сярэдзіне 1942 г. паліцыя бясьпекі распачала, не зважаючы на пратэсты генэральнага камісара, дала падставы для такіх меркаваньняў. Гэтая акцыя хутка парушыла сыстэму польска-беларускіх стасункаў, якую стварыў і падтрымліваў Кубэ. Папраўдзе, яна па-сапраўднаму не задавальняла ні адзін, ні другі бок, але на працягу многіх месяцаў яна забясьпечвала хаця б вонкавы спакой ува ўзаемаадносінах. Цяпер замест гэтага паліліся ўзаемныя абвінавачваньні і прэтэнзіі, навісла атмасфэра антыпольскіх цкаваньняў, пачаліся новыя нацыянальныя канфлікты.

Увосень 1942 г. у Слоніме сярод польскай інтэлігенцыі 84 чалавекі былі расстраляныя, да канца акупацыі ў акрузе з працы выгналі каля 1000 палякаў – іх замянілі беларусамі. Увесну 1943 г. тут каля 500 палякаў падалі прашэньне аб прызнаньні іх беларускай нацыянальнасьці. У чэрвені 1942 г. у акрузе ўвялі грашовае пакараньне за выкарыстаньне ў працоўны час «іншай мовы» – г. зн. не беларускай ці нямецкай. Відаць, гэта не дапамагло, бо ў верасьні 1943 г. акруговы камісар Эрэн паўтарыў сваё распараджэньне і загадаў распаўсюдзіць яго па ўсіх установах гораду і Слонімскай акругі. Акруговы камісар Наваградку падаваў, што 80 % беларускага насельніцтва ставілася да палякаў адмоўна, адначасова ён наракаў, што звальненьне палякаў зь іх пасад прынесла вялікія цяжкасьці – гэта была

больш інтэлігентная і значна больш карысная для нас частка насельніцтва.

У Наваградку 31.7.1942 г. таксама было расстраляла некалькі дзясяткаў палякаў, між іншым, некалькі ксяндзоў, а 1.8.1943 г. – 12 манашак. Тое самае адбывалася і ў Вялейскай акрузе: улетку 1942 г. сярод польскай інтэлігенцыі тут загінула больш за 100 чалавек.

Бясспрэчна, паліцыйныя ўлады ад самага пачатку разьлічвалі ўцягнуць у антыпольскую кампанію беларускае насельніцтва. Не выпадкова ў канцы траўня 1942 г., г. зн. напярэдадні ўсёй акцыі, беластоцкая «Новая Дарога» апублікавала перадавы артыкул пад назваю «Больш актыўнасьці!» – ён быў разьлічаны на распальваньне варожасьці да палякаў і заклікаў беларусаў прыняць удзел у плянаваных «чыстках». Газэта, між іншым, пісала:

Але і цяпер яшчэ вельмі часта мы сустракаемся з тым самым старым «польскім» духам сярод паасобных солтысаў, войтаў, паліцыі і службоўцаў, варожа настроеных да беларусаў. Гэтыя панове, займаючы да 1939 году тыя ці іншыя пасады ў адміністрацыі, відаць, забываюцца на тое, чый хлеб ядуць, і ўяўляюць сябе ў старой ролі. Прыкладаў гэткага стаўленьня можна знайсьці вельмі многа. Там, дзе ёсьць актыўныя беларусы, гэтыя стасункі вельмі хутка выпраўляюцца і справядліва ўладкоўваюцца нямецкімі ўладамі. Мы, аднак, не заўсёды выяўляем належную актыўнасьць. Менавіта гэтым у сапраўднасьці можна растлумачыць факт, што нават там, дзе жыве амаль 100 % беларусаў, паміж нямецкаю ўладай і насельніцтвам часта стаіць польскі чыноўнік.

Такія палітычныя матывы ў будучыні павінны былі прывесьці да аслабленьня польскага элемэнту і ўзмацненьня беларускага, і яны знаходзілі водгук сярод часткі беларусаў – супрацоўнікаў адміністрацыі, паліцыі, а таксама дзеячоў БНС, якія рознымі шляхамі дапамагалі СД у ажыцьцяўленьні гэтай кампаніі. Пра гэта згадваюць ня толькі польскія, але і беларускія крыніцы. Не выклікае сумненьняў удзел мясцовых арганізацыяў БНС у прызначэньні на працу ў Нямеччыне ў першую чаргу палякаў і нават беларусаў каталіцкага веравызнаньня, якіх падазравалі ў прапольскіх сымпатыях і абыякавасьці да «адраджэньня Бацькаўшчыны». Трэба сказаць, што ўжо ў ліпені 1942 г. у вэрбоўчыя камісіі Заходняй Беларусі паліцыя пераслала загад – высылаць на працу ў Райх найперш палякаў, так што гэтыя камісіі, напэўна, маглі абысьціся і без дапамогі БНС. Значыць, яе ўдзел у адсылцы працоўнай сілы ў Нямеччыну паліцыя выкарыстоўвала дзеля распальваньня новых канфліктаў паміж польскім і беларускім насельніцтвам.

Ацэньваючы гэтыя падзеі, камандзір Віленскай акругі АК, палкоўнік Аляксандар Кжыжаноўскі («Дзяміда»), пісаў у кастрычніку 1942 г.:

Беларусы гэтак жа, як і літоўцы, лічаць, што ад немцаў няма чаго спадзявацца, але супрацоўнічаюць зь імі, бо лічаць за больш карыснае для сябе зьнішчэньне польскага духу. Яны расцэньваюць гэта як расчыстку плацдарму для сваёй будучай дзейнасьці.

Кжыжаноўскі трапна акрэсьліў значэньне гэтай кампаніі ў зьмене кадравай сытуацыі ў Заходняй Беларусі, аднак, складаючы свой рапарт, яшчэ ня ведаў яе вынікаў. Толькі пасьля вайны стала вядома, што ў 1943 г. доля беларусаў у складзе адміністрацыйнага апарату ўзьнялася на землях Генэральнай акругі да 80 %, а ў паліцыі – да 60%. Гэта былі вельмі значныя зьмены на карысьць беларусаў, тым больш, што ім выпала заняць кіраўнічыя пасады.

На рост перавагі беларусаў і аслабленьне польскіх пазіцыяў акоўскае падпольле адказала антыбеларускім тэрорам. Самых вялікіх памераў ён дасягнуў у Лідзкай акрузе. Паводле беларускіх крыніц, там загінула каля 1200 беларусаў. Праўдзіц-Шляскі падае, што карны аддзел яго штабу ў гэты час выканаў 300 сьмяротных прысудаў над «здраднікамі і прадажнікамі». Звычайна пад такую клясыфікацыю падпадалі праціўнікі адбудовы польскай дзяржаўнасьці на гэтых землях. Звыш таго, падначаленыя яму ячэйкі АК выдалі ў рукі Гестапа і палявой жандармэрыі «чальцоў камуністычнай арганізацыі», у выніку было арыштавана 80 чалавек, частку зь якіх расстралялі, а частку вывезьлі на працу ў Нямеччыну. Нават калі гэтыя лічбы і не зусім дакладныя, яны даюць уяўленьне пра трагічны размах такіх падзеяў. Лідзкі акруговы камісар адзначаў, што

ў выніку тэрарыстычных акцыяў белапалякаў (Weisspolen) беларускі ўплыў неўзабаве зьнік, так што ўрэшце стала немагчыма прыцягнуць беларускія адміністрацыйныя сілы на кіраўнічыя пасады.

Камісар дадаваў, што 500-асабовая дапаможная паліцыя ў гэтай акрузе па-ранейшаму складалася з палякаў, ён лічыў гэтых людзей за цалкам ненадзейны элемэнт. Напэўна, яны былі зьвязаныя з польскім падпольлем. Лідзкая акруга займала выключную пазыцыю па размаху і эфэктыўнасьці антыбеларускай тэрарыстычнай кампаніі на абшары ўсёй Генэральнай акругі Беларусь. У іншых акругах, дзе беларусы ў вялікай ступені авалодалі апаратам, атрады АК да восені 1943 г. былі невялікія, а тэрарыстычныя акцыі здараліся досыць рэдка.[126]126
  Лічыцца, што самай вялікай акцыяй AK было ўзяцьце мястэчка Жодзішкі ў жніўні 1943 г. У гэтай акцыі, апрача некалькіх беларускіх паліцыянтаў, якія загінулі ў баі, былі забіты жонка і двое дзяцей камандзіра паліцыі Віктара Каркоза і даваенны каталіцкі беларускі дзеяч Тамаш Трызна, якога застрэлілі ў ложку.


[Закрыть]

Магчыма, абвастрэньне нацыянальных адносін паміж беларускім і польскім насельніцтвам адбывалася ў адпаведнасьці з плянам RSHA, які быў скіраваны на ўзбуджэньне варожасьці паміж усімі народамі былых «крэсаў усходніх». Пра гэта сьведчаць аналягічныя падзеі ў Заходняй Украіне і літоўскай Віленшчыне. Апэрацыя, што прайшла на Беларусі, была ўсяго толькі мініятурай у параўнаньні з той, што адбывалася на польска-ўкраінскіх землях, аднак і яна прывяла да паглыбленьня ўзаемнай варожасьці. Апрача гэтага, на настроі беларусаў таксама ўплываў заняпад палітычнага прэстыжу Польшчы пасьля таго, як СССР разарваў стасункі з урадам генэрала Сікорскага – пра гэта паведамлялі акоўскія крыніцы.

Сярод беларускіх палітычных згуртаваньняў «на радасьць і на гора» зьвязалі свой лёс з Трэцім райхам групы Акінчыца і Ермачэнкі. Абодва яны былі людзьмі Розэнбэрга, перад якімі ён паставіў прыкладна аднолькавую задачу: актывізацыя беларускага нацыяналізму, мабілізацыя матэрыяльных і духоўных сілаў народу на барацьбу з бальшавізмам, а ў будучыні – стварэньне пад крылом пераможнай Нямеччыны асобнай беларускай дзяржавы. Палітычнае крэда Акінчыца гучала наступным чынам:

Мы, беларусы, не павінны глядзець на гэтую вайну з гледзішча вылучна беларускіх інтарэсаў… Мы павінны ўсьвядоміць сабе, што вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго культурнага сьвету. Ад таго, якая сіла возьме верх, будзе залежаць лёс усіх народаў. Гэта зусім зразумела, і таму мы ня можам абмежавацца фальшывай у сваёй сутнасьці формулаю: «Пачакаем і паглядзім, якая сіла будзе карысьнейшаю для беларускай справы…» Апрача ўсяго іншага, вайна вядзецца за перабудову Эўропы на новых гаспадарчых і палітычных падставах. Якая б гэтая Эўропа ні была ў бліжэйшай будучыні, нам, беларусам, шкадаваць даваеннай Эўропы не даводзіцца. Нічога ў ёй мы ня мелі і мець не маглі… У сваім краі, дзе ніколі мы ня мелі ніякіх магчымасьцяў да нацыянальнае, ня толькі паводле духу і зьместу, але і паводле формы, працы – цяцер мы гэтую магчымасьць маем. А гэта ў сучасны момант плюс вельмі важны.

Акінчыц зьвязваў усе свае палітычныя надзеі з Трэцім райхам і падкрэсьліваў, што

лёс беларускай справы залежыць выключна ад лёсу антыбальшавіцкага фронту.

Ён рашуча паўставаў супраць тых беларускіх дзеячоў, што не падзялялі яго спадзяваньняў на нямецкую перамогу, а разьлічвалі на іншыя пэрспэктывы заканчэньня вайны і адначасова імкнуліся ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі ўва ўмовах акупацыі. Акінчыц, такім чынам, заклікаў змагацца ня толькі з савецкім падпольлем і яго прыхільнікамі, ён дамагаўся ліквідацыі дзеячоў,

якія хацелі б займаць залатую сярэдзіну.

Гэтыя прынцыпы Акінчыц імкнуўся рэалізаваць з дапамогаю сваіх людзей, асабліва тых, што працавалі ў прапагандысцкім апараце беларускіх акруговых камісараў. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, гэта былі самыя апантаныя даносчыкі, якія прыкладалі руку да беспасярэдняга зьнішчэньня сваіх палітычных праціўнікаў альбо вывазу іх у Нямеччыну. Бясспрэчна, гэтая «бескампраміснасьць» адлюстроўвала мізэрнае грамадзкае значэньне нацыянал-сацыялістычнай групы Акінчыца, якое ён спрабаваў узмацніць шляхам ліквідацыі патэнцыйных канкурэнтаў.

Ермачэнка, хоць і быў далёкі ад «залатой сярэдзіны», усё ж такі лічыўся з грамадзкімі настроямі і бачыў поўную непрыдатнасьць догмаў Акінчыца для практычнай дзейнасьці. Найперш – прагматык, ён спрабаваў пагадзіць інтарэсы нямецкай палітыкі з нацыянальнымі імкненьнямі беларусаў. Пры гэтым яго поўнасьцю падтрымліваў Кубэ. Але і Ермачэнку не ўдалося дасягнуць шырокага грамадзкага прызнаньня. Сучасныя крыніцы зьвязваюць гэта з даволі нязначнай колькасьцю сяброў БНС. На самай справе ў зэніце ягонай кар’еры, г. зн. у кастрычніку 1942 г., лічба сяброў БНС не перавышала і 30 тысяч. Аднак гэты паказчык не адлюстроўваў усёй праблемы і ня быў вызначальным у яе вырашэньні. Сярод насельніцтва панаваў настрой чакальня: у які бок перавесяцца шалі на Ўсходнім фронце? Да таго ж БНС не змагла дабіцца неабходных паўнамоцтваў у адміністрацыйнай і вайсковай галіне. Пазыцыю Ермачэнкі, як і пазыцыю Акінчыца, маглі ўмацаваць адпаведныя рашэньні з Бэрліна – яны абодва спадзяваліся на гэта і паміж сабой вялі бескампрамісную барацьбу. Увесну 1943 г. настала яе разьвязка: у сакавіку Акінчыц быў забіты ў выніку замаху, а ў красавіку Ермачэнка быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Крытыка Акінчыца магла быць скіравана супраць Партыі беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якую ўзначальвалі Вацлаў Іваноўскі і Ян Станкевіч. І сапраўды, яны разьлічвалі, што параза Нямеччыны найперш адбудзецца на Заходнім фронце і яна капітулюе перад Злучанымі Штатамі і Вялікай Брытаніяй, і менавіта ад гэтых краін трэба спадзявацца на падтрымку для беларускай незалежніцкай ідэі. У 1942 г. такая канцэпцыя выглядала ня менш рэальна, чым стаўка Акінчыца і Ермачэнкі на перамогу Нямеччыны, больш за гэта – яна супадала з аналягічнымі канцэпцыямі шмат якіх некамуністычных згуртаваньняў ува Ўсходняй Эўропе. З разьлікам на такі ход падзеяў ПБН плянавала за час акупацыі стварыць неабходныя для ажыцьцяўленьня сваёй ідэі перадумовы: на першым месцы стаялі задачы апанаваньня адміністрацыі, стварэньне беларускіх узброеных сілаў і прапагандысцкая апрацоўка насельніцтва. У вялікай ступені гэтага ўдалося дасягнуць шляхам супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам, таму на Беларусі, як і ў Прыбалтыцы, па сутнасьці не адбылося стварэньня антынямецкага нацыянальнага партызанскага руху.[127]127
  Паводле С. Хмары, беларускі партызанскі рух паўстаў у 1941 г. на Палесьсі пад камандаваньнем падпалкоўніка Шанька. У гэтым руху ўдзельнічала каля 3000 чалавек. Ён існаваў да канца 1943 г., пакуль ня быў разьбіты савецкімі партызанамі. Аднак гэты партызанскі рух не праводзіў актыўных нападаў на немцаў.


[Закрыть]

Іваноўскі, які займаў пасаду менскага гарадзкога старшыні, а з канца чэрвеня 1943 г. яшчэ і старшыні Камітэту даверу, вёў вельмі тонкую гульню. Пад канец 1941 г. ён прыняў на працу ў Менскай гарадзкой управе афіцэра 2-га аддзелу ГК АК Вітальда Буткевіча («Бэрнард», «Гурыновіч»), а ў лютым 1942 г. – Гражыну Ліпінскую («Данута»), якая неўзабаве ўзначаліла акоўскую экспазытуру ў Менску. Ён палегчыў выведнікам іх працу, запрасіўшы на такія пасады, дзе яны ня толькі трымалі пад кантролем свае раёны, але ў дадатак мелі доступ да гаспадарчай інфармацыі вайсковага значэньня. У канцы 1942 г. Іваноўскі выкарыстаў свае магчымасьці, каб вырваць з рук Гестапа Буткевіча, якога арыштавалі па даносе за прыналежнасьць да польскага падпольля, перасьцярог польскіх дывэрсантаў ад учынкаў, якія маглі парушыць кансьпірацыю. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў польскага падпольля ў Менску, ад Іваноўскага яны атрымлівалі бясспрэчна вялікую дапамогу. Пры такіх абставінах яго колішняя адмова ад супрацоўніцтва з ЗУБ, аб якой ён паведаміў Зану ў верасьні 1941 г. («Я вам дапамагаць ня буду, але і перашкаджаць ня буду»), магла азначаць жаданьне захаваць як мага большую самастойнасьць стасоўна кіраўнікоў польскага падпольля: ён хацеў быць партнэрам, а не падначаленым.[128]128
  Гэтая самастойнасьць Іваноўскага мела, зрэшты, і адмоўныя вынікі, непазьбежныя ўва ўмовах кансьпірацыі. Пра гэта сьведчыць наступнае беспадстаўнае меркаваньне, выказанае віленскім аддзяленьнем дэлегатуры эміграцыйнага ўраду пасьля сьмерці прафэсара:
  «Праф. Іваноўскі на пасадзе старшыні беларускай Рады даверу быў паслухмяным выканаўцам нямецкіх жаданьняў, да канца жыцьця ён верыў у магутнасьць немцаў, у іх перамогу… Падчас панаваньня праф. Іваноўскага што да польскага насельніцтва нязьменна праводзілася лінія перасьледаваньняў».
  Ня больш праўды было і ў абвінавачваньнях беларускіх апазыцыянэраў, паводле якіх Іваноўскі быў «польскім агентам», які дзейнічаў на шкоду беларускаму народу.


[Закрыть]


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю