Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 18 страниц)
Яшчэ ў першыя месяцы акупацыі, перад выхадам указаньняў Гіндэнбурга, камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, потым, у канцы 1915 г., адкрыў першую ў гісторыі і адзіную ў той час беларускую народную школу.[21]21
Першая беларуская народная школа была заснаваная ў Вільні на Лукішках 13 лістапада 1915 г. 15 сьнежня пачала працаваць школа на Антокалі. У стадыі падрыхтоўкі да працы знаходзілася па стане на 15 сьнежня школа на Сьніпішках. 15 сьнежня пачалі працаваць 6-тыднёвыя настаўніцкія курсы на Лукішках (у тым памяшканьні, дзе і першая школа). – А. С.
[Закрыть] У гэты пэрыяд стараньнямі польскага Камітэту адукацыі ў Вільні былі адчынены 4 польскія гімназіі, 8 прагімназій 30 пачатковых школаў, а таксама сотні школаў у правінцыі,[22]22
Паводле Цэмке, толькі ў адной Беластоцкай акрузе існавала 417 польскіх пачатковых школаў, створаных без папярэдняга ўзгадненьня зь нямецкімі ўладамі.
[Закрыть] створаных, між іншым, для беларускіх дзяцей. Гэтае параўнаньне яскрава адлюстроўвала розьніцу інтэлектуальнага і матэрыяльнага патэнцыялу палякаў і беларусаў. Не былі таму перабольшаньнем словы Людэндорфа, які пісаў:
Беларус не ўваходзіў у разьлік. Палякі пазбавілі яго нацыянальнасьці, не даючы нічога ўзамен. Восеньню 1915 г. я хацеў зарыентавацца ў расьсяленьні беларусаў. Але напачатку знайсьці іх было літаральна немагчыма. І толькі пазьней высьветлілася, што гэта вельмі пашыраны народ, зьнешне, аднак, спаланізаваны і такі адсталы культурна, што дапамагчы яму можна толькі доўгатрывалай дзейнасьцю.
Мясцовыя нямецкія ўлады былі слаба зарыентаваныя ў нацыянальнай спэцыфіцы літоўска-беларускіх земляў. У першыя месяцы акупацыі гэтая акалічнасьць тармазіла пачынаньні «Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны». Як сьведчыць дзяячка гэтага камітэту Юліяна Мэнке (пасьля вайны – Дубейкаўская, псэўданім – Кветка Вітал), нямецкія вайсковыя ўлады ў Вільні
…ведалі палякаў, расейцаў, габрэяў, часткаю – літоўцаў, але беларусы былі для іх нечым новым. Колькі мэмарыялаў з гістарычнымі тлумачэннямі трэба было апрацаваць, каб абгрунтаваць жаданьні і патрэбы беларусаў!
Прызнаньне немцамі нацыянальнай адметнасьці беларусаў і раўнапраўнага існаваньня беларускай мовы побач зь іншымі мовамі Обэр Осту мела істотнае значэньне для абуджэньня культурна-асьветнай працы. 15.2.1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй В. Ластоўскага (зь лета 1917 г. – пад рэдакцыяй Я. Салаўя) пачала выходзіць беларуская газэта «Гоман», якая друкавалася два разы на тыдзень. Яна прапагандавала ідэю незалежнасьці літоўска-беларускіх земляў у выглядзе новага Вялікага Княства Літоўскага, зьмяшчала распараджэньні акупацыйных уладаў, гістарычныя матэрыялы, літаратурныя творы і інш. Да 1918 г. гэта была адзіная беларуская газэта на землях Обэр Осту.[23]23
Газэта «Grodnoer Zeitung», якая выдавалася для жыхароў Беластоцка-Гарадзенскай акругі, у 1916 г. выходзіла на трох мовах: расейскай, польскай і габрэйскай, але не па-беларуску. Урадавы «Befehls-und Verordnungsblatt» зьмяшчаў тэксты на літоўскай, латыскай і польскай мовах, аднак не на беларускай. Напэўна, такая сытуацыя тлумачылася адсутнасьцю перакладчыкаў зь нямецкай на беларускую мову.
[Закрыть] Намаганьнямі камітэту 1.6.1916 г. у Вільні быў адчынены так званы Беларускі клюб, у рамках якога арганізавалі аматарскі тэатар, у лютым 1917 г. ён ужо меў сцэну ўва ўласным распараджэньні. У Вільні да таго ж адкрылася беларуская бібліятэка, кнігарня, каапэратыўнае таварыства «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», паступова разьвівалася выдавецкая дзейнасьць, асабліва ў галіне падручнікаў і школьнай літаратуры. У 1918 г. было выдадзена 28 беларускіх кніжак, супраць 7, што выйшлі ў 1916 г.
Асабліва вялікія цяжкасьці выпалі на долю беларускага школьніцтва, якое не існавала з часоў расейскага панаваньня і цяпер павінна было стварацца спачатку. Найважнейшай праблемай была нястача настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных або эвакуяваных у Расею. Таму ўлады Обэр Осту прынялі рашэньне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, дзе на колькімесячных курсах[24]24
Для першага набору слухачоў курсы былі трохмесячныя, для наступных – шасьцімесячныя.
[Закрыть] павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсьці выкладчыкаў, таму заняткі ў сэмінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 г. і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам яе быў анямечаны сылезец Бэндзеха, а выкладчыкамі, між іншым, Б. Пачобка і Квяцінскі, часова – прафэсар Рудольф Абіхт[25]25
Абіхт Рудольф (1850–1921) – нямецкі славіст, прафэсар Уроцлаўскага (Брэслаўскага) унівэрсытэту. Дасьледаваў беларускую мову і літаратуру, спрыяў адраджэньню беларускага пісьменства. – А. П.
[Закрыть] з Браслаўскага ўнівэрсытэту. У выніку, тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школаў. Пэўная палёгка надышла ў 1918 г., калі вярнулася на радзіму частка мабілізаваных ці эвакуяваных пэдагогаў.
Па меры таго як вырашаліся элемэнтарныя кадравыя праблемы, разьвівалася сетка беларускіх пачатковых школаў. Паводле афіцыйных нямецкіх зьвестак, яшчэ ў кастрычніку 1916 г. на ўсёй тэрыторыі Обэр Осту дзейнічала ўсяго 8 такіх школаў, ужо ў сьнежні 1917 г. іх колькасьць узрасла да 50, а вясною 1918 г. дасягнула 89. У большасьці сваёй яны месьціліся на тэрыторыі Беластоцка-Гарадзенскай акругі, дзе вясной 1918 г. дзейнічала ўжо 79 беларускіх школаў. Іх доля ў агульнай лічбе школаў Обэр Осту (без Курляндыі) складала толькі 6,5 %, а ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе – 21,2 % (гл. табл. 2). Такім чынам, гэты ўдзел быў нашмат ніжэйшы за агульны працэнт беларускага насельніцтва на ўпамянутых землях.
Віною таму быў ня толькі недахоп настаўнікаў, але і пазыцыя польскага каталіцкага духавенства. Яно працівілася адкрыцьцю школаў на роднай мове для беларускіх дзяцей-каталікоў. Спробы нямецкіх уладаў адчыніць беларускія школы былі сустрэты рашучым супрацівам большасьці ксяндзоў, якія выкарыстоўвалі з гэтай мэтай разнастайныя санкцыі: не дапускалі да споведзі і прычасьця бацькоў, што пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, або і саміх вучняў. Ксяндзы звычайна адмаўляліся выкладаць рэлігію па-беларуску і забаранялі дзецям карыстацца падручнікамі катэхізісу на гэтай мове. Паводзіны кліру ў гэтай справе, з традыцыйным трактаваньнем беларусаў каталіцкага веравызнаньня як палякаў, а праваслаўнага – як расейцаў, мелі выразны палітычны характар, яны выяўлялі імкненьні большасьці палітычных груповак у Польшчы да фэдэралізацыі або анэксіі беларускіх земляў. З прычыны супраціву духавенства да вясны 1918 г. у каталіцкіх асяродках Обэр Осту было створана ўсяго толькі пяць беларускіх школаў, пераважная іх большасьць узьнікла сярод праваслаўнага насельніцтва, якое складала каля 60 % беларускамоўнай масы на гэтай тэрыторыі і ўхваляла школы на роднай мове. Паводле сьведчаньняў Цэмке, нямецкія ўлады ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе часам ішлі насуперак інструкцыям, даючы згоду на адкрыцьцё польскіх школаў для беларусаў-каталікоў пасьля іх настойлівых пісьмовых хадайніцтваў.
У апэрацыйнай вайсковай паласе, якая распасьцерлася на большую частку акупаваных беларускіх земляў, тэндэнцыі нямецкай палітыкі адрозьніваліся ад тых, што панавалі на тэрыторыі Обэр Осту. Яны не знайшлі пакуль што адлюстраваньня ў гістарычных працах і могуць быць апісаны толькі пасьля вывучэньня архіўных матэрыялаў штабу 10 арміі. У роўнай ступені ні беларуская літаратура, ні «Zeitung der 10 Armee» ня ўказваюць на зьяўленьне там якіх-небудзь арганізацыяў, не надаюць інфармацыі пра культурную і выдавецкую дзейнасьць. Напэўна, тут распаўсюджваліся кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні. Аднак прынцыпы школьнай палітыкі ўладаў Обэр Осту хоць і датычылі толькі гэтай тэрыторыі, але аказвалі ўплыў на ўзьнікненьне беларускіх школаў таксама і ў вайсковай апэрацыйнай зоне. Паводле зьвестак А. Луцкевіча, на канец 1918 г. агульная колькасьць гэтых школаў на зямлі «старой акупацыі» (г. зн. на тэрыторыях, занятых немцамі да 18.2.1918 г.) перавышала 150.[26]26
У артыкуле «Вільня, 13 жніўня 1918 г.» (Homan. 1918. 13 жніўня) А. Луцкевіч пісаў, што «беларускія народныя школы дайшлі ў нас даволі вялікай цыфры – 150». У брашуры «Польская акупацыя ў Беларусі» (1920) і артыкуле «Дзесяцілецьце Беларускае школы» (Жыцьцё Беларуса. 1925. 12 лістапада) ён адзначаў, што ў Віленшчыне і Гарадзеншчыне ў пэрыяд нямецкае акупацыі было закладзена 153 школы. Гэтая лічба названая і ў зборніку «Наша Ніва» (Вільня, 1920. С. 48). – А. С.
[Закрыть] У параўнаньні да 89 школаў, зарэгістраваных увесну 1918 г. на землях Обэр Осту, гэта азначала, што каля 60 беларускіх школаў было створана ў апэрацыйнай зоне. Іншыя аўтары называюць значна большыя лічбы, аднак не акрэсьліваюць часу і месца існаваньня гэтых школаў. Так, напрыклад, Адам Станкевіч агульны лік беларускіх школаў, створаных за час нямецкай акупацыі, называе больш за 200, Вэрнэр Гасэльблат – аж за 300, а Канстанцін Сракоўскі – каля 350. Магчыма, гэтыя зьвесткі датычаць ня толькі пэрыяду «старой акупацыі», але таксама і часткі земляў, занятых у 1918 г.[27]27
М. Семаковіч піша, што ў сьнежні 1918 г. існавала каля 400 беларускіх школаў: 135 – на Гарадзеншчыне, 150 – на Віленшчыне, 54 – на Наваградчыне. Лічбу школаў на Меншчыне аўтар не назваў. – А. С.
[Закрыть]
Такім чынам, нямецкая палітыка што да беларусаў у абедзьвюх зонах акупацыі абмяжоўвалася ў асноўным культурна-асьветнымі справамі і не давала падстаў спадзявацца вырашыць справу беларускай дзяржаўнасьці зь нямецкай дапамогай. Незалежна ад прычын такога стаўленьня Нямеччыны беларускія дзеячы на чале з Іванам і Антонам Луцкевічамі, а таксама Вацлавам Ластоўскім разумелі немагчымасьць стварэньня асобнай дзяржавы ў зоне акупацыі, пад якой знаходзілася чвэрць беларускіх земляў. Гэта абумовіла тактыку іх паводзін: немцаў трэба было пераканаць у мэтазгоднасьці стварэньня новай самастойнай дзяржаўнай адзінкі – Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпе аўтаноміі. Такая пазыцыя беларускіх дзеячаў знайшла адлюстраваньне ў выдадзеных зь іх ініцыятывы ў сьнежні 1915 г. і лютым 1916 г. адозвах канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага,[28]28
Гаворка пра ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, пісаны І. Луцкевічам, і адозву Канфэдэрацыі, аўтарам якое быў Ю. Шаўліс. – А. С.
[Закрыть] мэмарыялах да парлямэнту (1.9.1917 г.)[29]29
Гаворка пра зварот «беларускага арганізаванага грамадзянства» да Галоўнай камісіі Райхстагу, апублікаваны ў «Homanie» 28 верасьня 1917 г. – А. С.
[Закрыть] і канцлера Райху[30]30
Вядомыя таксама звароты да райхсканцлера, пісаныя 26 сакавіка 1917 г. і 16 кастрычніка 1917 г. – А. С.
[Закрыть] (сьнежань 1917 г.), нарэшце, у рэзалюцыях канфэрэнцыі прадстаўнікоў усіх беларускіх груповак, якая адбылася ў Вільні 25–27.1.1918 г. Гэтая канцэпцыя не ўзбудзіла, аднак, зацікаўленасьці нямецкіх уладаў, якія з 1917 г. імкнуліся да стварэньня асобнай літоўскай дзяржавы, у якую меліся ўвайсьці, між іншым, і далучаныя да Обэр Осту беларускія землі.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі нацыянальны рух і на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. У сакавіку 1917 г. узьнікае Беларускі нацыянальны камітэт, які ў выніку шэрагу зьменаў ператвараецца ў Вялікую беларускую раду. Яна прэтэндуе на ролю краёвага палітычнага прадстаўніцтва, у сярэдзіне лістапада 1917 г. патрабуе заключэньня міру зь Нямеччынай, аб’яднаньня акупаваных немцамі беларускіх земляў з рэшткай краю і фэдэралізацыі з Расеяй Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. 14.12.1917 г. Рада склікае ў Менску першы ўсебеларускі зьезд, які прыняў пастанову аб неадкладным стварэньні выканаўчага органа ўлады ў Беларусі.[31]31
Усебеларускі зьезд пачаў працу 5(18) сьнежня 1917 г. Ініцыятыва яго скліканьня, акрамя Выканаўчага камітэту Вялікай беларускай рады, належыць таксама Выканаўчаму камітэту Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускаму выканаўчаму камітэту Заходняга фронту. Зьезд пастанавіў утварыць з свайго складу орган краёвай улады Беларусі – Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. – А. С.
[Закрыть] Ноччу 18 сьнежня савецкія войскі разагналі зьезд, з гэтай прычыны яго функцыі пераняў падпольны Выканаўчы камітэт Рады зьезду,[32]32
У НАРБ захоўваецца машынапісная копія пратаколу паседжаньня агульнага сходу сяброў 1-га ўсебеларускага зьезду ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі раніцай 18 сьнежня 1917 г. На гэтым паседжаньні Рада зьезду была абвешчана часоваю краёваю ўладаю. Тамсама маецца копія рэзалюцыі Рады зьезду, прынятай 21 сьнежня. Рада прызнала сябе часоваю ўладаю і вырашыла папоўніць свой склад прадстаўнікамі сялян, рабочых і салдатаў, а таксама нацыянальных меншасьцяў у асобе іх сацыялістычных партыяў. Было вырашана вылучыць з складу Рады выканаўчы камітэт 1-га ўсебеларускага зьезду. Рада даручала Выканаўчаму камітэту прыняць на сябе функцыі выканаўчай улады ў Беларусі. Мелася на ўвазе, што Выканкам сфармуе ўрад, якому была дадзена назва «Урад народных камісараў». – А. С.
[Закрыть] які, між іншым, выслаў сваіх прадстаўнікоў на мірныя перамовы ў Берасьце.[33]33
Ф Турук піша, што дэлегаты Рады зьезду ўдзельнічалі ў берасьцейскіх перамовах як дарадчыкі ў складзе ўкраінскай дэлегацыі і не маглі аказваць уплыву на іх хаду.
[Закрыть] Пасьля новага нямецкага наступу (18.2.1918 г.) і адыходу зь Менску савецкіх войскаў (19.2.1918 г.) Рада зьезду выходзіць з падпольля, абвяшчаючы сябе часовым урадам на Беларусі, і 21.2.1918 г. утварае свой выканаўчы орган – Народны сакратарыят на чале зь Язэпам Варонкам.[34]34
Выйшаўшы з падпольля 19 лютага 1918 г., Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага зьезду выдаў загад № 1, у якім абвясьціў, што «ўзяў уладу ў свае рукі», а «для наладжаньня парадку ў гор. Менску» прызначыў камэнданта – Канстанціна Езавітава. 20 лютага было абвешчана аб стварэньні рэвалюцыйнай улады – Народнага сакратарыяту Беларусі. У той самы дзень Народны сакратарыят прыняў на сябе абавязкі Часовага беларускага ўраду. 21 лютага была апублікаваная 1-я Устаўная Грамата да народаў Беларусі і абвестка пра тое, што Народны сакратарыят «ужо прыступіў да спаўненьня сваіх абавязкаў». Да ведама грамадзян даводзіўся асабовы склад Народнага сакратарыяту. – А. С.
[Закрыть]
Палітычная сытуацыя ў Менску мянялася хутка, таму, калі нямецкія войскі ўваходзілі ў горад (25.2.1918 г.), ні бэрлінскія ўлады, ні камандаваньне 10-й арміі ня ведалі яе дакладна. Палітычнай асновай іх паводзінаў мог быць толькі Берасьцейскі трактат, у якім, аднак, беларускае пытаньне не было ўлічана. Займаючы Беларусь аж да Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расейскую тэрыторыю, своеасаблівы заклад пад кантрыбуцыю памерам 6 млрд. рублёў, выплочваць якія абавязвалася савецкая Расея. Але ў Менску яны нечакана сутыкнуліся з палітычным цэнтрам, які менаваў сябе беларускім урадам. Увайшоўшы ў горад, нямецкія атрады абышліся зь ім, як з урадам варожай дзяржавы: з будынку Народнага сакратарыяту скінулі беларускі нацыянальны штандар і на яго месцы ўсталявалі нямецкі, канфіскавалі касу, такім чынам зрабіўшы немагчымай далейшую дзейнасьць гэтага органа. Неўзабаве пасьля інцыдэнту Народны сакратарыят адаслаў вышэйшым акупацыйным уладам мэмарыял, у якім, між іншым, дамагаўся тлумачэнняў іх стаўленьня да пабудовы беларускай дзяржаўнасьці.
І хоць зьмест нямецкага адказу невядомы, далейшае разьвіцьцё падзеяў сьведчыць аб тым, што стараньні беларускага Народнага сакратарыяту не былі дарэмныя. Афіцыйна не прызнаны, ён тым часам распачынае ажыўленую нарматыўную дзейнасьць. 9.3.1918 г. Выканаўчы камітэт Рады зьезду выдае ўстаўную грамату, у якой абвяшчае ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), па-ранейшаму трактаванай як частка аіульнарасейскай фэдэрацыі, і акрэсьлівае асновы яе канстытуцыі, у т. л. адмену прыватнага ўладаньня зямлёй і перадачу яе тым, хто на ёй працуе. 18 сакавіка Рада Усебеларускага зьезду абвяшчае сябе Радай БНР, куды ўваходзяць таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў – палякаў, габрэяў, расейцаў, украінцаў, літоўцаў. Нарэшце 25 сакавіка Рада БНР выдае чарговую ўстаўную грамату, у якой праклямуе незалежнасьць Беларусі і разрыў дзяржаўных сувязяў з Расеяй, абвяшчае пры гэтым неправамоцным Берасьцейскі трактат, паводле якога беларускія землі былі падзелены на некалькі частак.
Акт незалежнасьці ад 25 сакавіка адлюстроўваў надзеі на прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі нямецкім урадам і іншымі краінамі. Аднак гэты крок не прывёў да зьменаў у пазыцыі немцаў. У адказ на ноту Народнага сакратарыяту новы канцлер Райху Георг Герлінг паведаміў, што Бэрлін трактуе Беларусь як частку савецкай Расеі і, паводле Берасьцейскага трактату, ня мае права бяз згоды ленінскага ўраду прызнаць новаствораную беларускую дзяржаву. У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР выслала кайзэру Вільгельму ІІ тэлеграму[35]35
Тэлеграму кайзэру выслала ня Рада БНР, а яе дзеячы: старшыня Рады Я. Серада, старшыня Народнага сакратарыяту Я. Варонка, сябры Рады Р. Скірмунт, А. Аўсянік, П. Аляксюк, П. Крачэўскі і Я. Лёсік. Пасьля таго, як тэлеграма была пасланая ў Бэрлін, у Радзе і Народным сакратарыяце вынік крызіс. Калі б пытаньне аб пасылцы тэлеграмы абмяркоўвалася на пленарным паседжаньні Рады, гэтая ідэя наўрад ці была б ухваленая. – А. С.
[Закрыть] з падзякай за «вызваленьне Беларусі ад чужацкага ўціску і анархіі» і просьбу «абараніць імкненьні Рады да ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў саюзе зь нямецкім Райхам». Адказу не было. Не далі выніку і іншыя намаганьні Рады БНР у гэтай справе.
У чаканьні памыснага павароту ў вялікай палітыцы Нямеччыны і ў сьвеце не прызнаная ў Бэрліне, Рада БНР прыступіла ў паразуменьні з камандуючым 10-й арміі генэралам Эрыхам фон Фалькенгайнам да арганізацыі мясцовага апарату ўлады. Ужо 27 сакавіка была апублікавана пастанова аб перадачы пад яе кампэтэнцыю ўсіх краёвых дзяржаўных устаноў. 20 красавіка Рада выдала «часовы загад мясцовым беларускім радам», у якім акрэсьліваліся прынцыпы выбараў па вёсках, валасьцях, гарадох і мястэчках, паветах і губэрнях органаў Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцьця імі на сябе ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Паводле сьцьверджаньня Круталевіча, немцы перадалі ў кампэтэнцыю Рады БНР ведамствы гандлю, прамысловасьці, асьветы, сацыяльнага забесьпячэньня і інш., якімі кіраваў Народны сакратарыят пад наглядам нямецкіх уладаў.
27.5.1918 г. Фалькенгайн прыняў прадстаўнікоў Рады БНР і Народнага сакратарыяту і выказаў ім «сымпатыі нямецкіх уладаў», паведаміў, што «акупацыйныя ўлады хацелі б бачыць у Радзе пасярэдніка паміж нямецкай адміністрацыяй і беларускім народам дзеля ўлагоджваньня – паводле магчымасьці – жыцьцёвых цяжкасьцяў, выкліканых вайной». Фалькенгайн дадаў, што дзейнасьць Рады і Сакратарыяту ў гэтым кірунку «прынясе для Беларусі ў недалёкай будучыні пазытыўныя вынікі». Гэта магло расцэньвацца як абяцаньне прызнаць БНР. У выніку 21.6.1918 г. нямецкае камандаваньне пагадзілася на стварэньне дарадчых устаноў пры павятовых камандзірах для рэгуляваньня стасункаў паміж насельніцтвам і нямецкімі войскамі.
Важнай сфэрай дзейнасьці Народнага сакратарыяту было школьніцтва. Пры Народным сакратарыяце асьветы было створана бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і таварыства «Прасьвета», якое й занялося іх выданьнем. Былі арганізаваны настаўніцкія курсы і школьная інспэкцыя, пашырылася сетка пачатковых і сярэдніх школаў. У Менску быў створаны Беларускі пэдагагічны інстытут,[36]36
У верасьні 1918 г. зь Яраслаўля вярнуўся Менскі настаўніцкі інстытут. Яго далейшую дзейнасьць фінансавалі ўрад БНР і акупацыйныя ўлады. Вялася падрыхтоўка да пераўтварэньня яго ў вышэйшую навучальную ўстанову, аднак адкрыцьцё Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту адбылося ўжо пры бальшавіках – у канцы 1918 г. – А. С.
[Закрыть] выкладчыкамі якога былі В. Іваноўскі, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Рыхтавалася адкрыцьцё ўнівэрсытэту. Працавалі ў Менску Беларускі тэатар, Таварыства драмы і камэдыі ды іншыя культурныя ўстановы. Пад кантролем Народнага сакратарыяту выходзіла больш дзясятка газэт і часопісаў на беларускай мове.
Народны сакратарыят атрымаў паўнамоцтвы і ў галіне зьнешняй палітыкі. Зь яго ініцыятывы нямецкае вайсковае камандаваньне пачало летам 1918 г. перамовы з урадам савецкай Расеі аб аб’яднаньні з тэрыторыяй БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расейскімі войскамі. З гэтай мэтай, а таксама для здабыцьця прызнаньня БНР у Маскву выехала беларуская надзвычайная місія, аднак народны камісар замежных спраў Г. Чычэрын яе не прыняў. Былі акрэдытаваныя прадстаўніцтвы БНР на Украіне і ў Літве, высылаліся дыпляматычныя місіі ў Варшаву, Бэрлін, Бэрн, Капэнгаген і інш. У Кіеве адкрылася Беларуская гандлёвая палата. Грамадзяне краю атрымлівалі пашпарты ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Такім чынам, падтрымка, аказаная Фалькенгайнам справе БНР, заходзіла вельмі далёка. Па сутнасьці, беларусам не было дазволена толькі стварэньне ўласнага войска, затое ў астатніх галінах Народны сакратарыят мог разьвіваць дзяржаўную дзейнасьць, за якой, натуральна, сачылі акупацыйныя ўлады. Варта заўважыць, што было гэта ня толькі ціхае неафіцыйнае спрыяньне. Пра тое сьведчыць, між іншым, публічная падтрымка ў друкаваным органе штабу Фалькенгайна – «Zeitung der 10 Armee» – адозвы Беларускага нацыянальнага камітэту ад 17.3.1918 г. з пратэстам супраць літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх прэтэнзіяў на беларускія землі, якія ў дачыненьні да Літвы і Ўкраіны былі зацьверджаны Берасьцейскім трактатам, надпісаным немцамі.
Дзьве лініі нямецкай палітыкі, г. зн. непрызнаньне Бэрлінам БНР і адначасовае стварэньне яе пад аховай 10-й арміі, супярэчылі сабе толькі вонкава. У сапраўднасьці яны адлюстроўвалі своеасаблівую тактыку паводзін нямецкіх уладаў, якая была вынікам эвалюцыі поглядаў на беларускае пытаньне. Пры ўступленьні ў лютым 1918 г. у Менск немцы былі перакананы ў абсалютнай няздольнасьці беларусаў да стварэньня ўласнай дзяржавы. Аднак яны ўбачылі тут дынамічны палітычны цэнтар, дзейнасьць якога хутка вызваляла ад сну народныя сілы і ўзбуджала сярод немцаў зацікаўленасьць патэнцыйнымі магчымасьцямі беларускага руху. Найбольш скептычна ацэньвалі гэтыя магчымасьці бэрлінскія ўрадавыя колы, пра што сьведчыць іх стаўленьне да ўкраінскага пытаньня,[37]37
Наконт Украіны, якую ўжо прызнала Нямеччына, Вільгельм ІІ выказаўся так:
«Мы не павінны паддавацца ілюзіі, нібыта Украіна надоўга застанецца адарваная ад Расеі. Украіна, як і Расея, – славянскі край. Яны зьяднаюцца нанова».
Людэндорф заўважыў:
«Жыцьцяздольнай украінскай дзяржавы ня будзе ніколі. Нацыянальны дух Украіны існуе і ўтрымліваецца толькі дзякуючы прысутнасьці нашых войскаў».
[Закрыть] затое лякальныя назіраньні не былі такія адназначныя, яны пацьвярджалі мэтазгоднасьць праверкі арганізацыйных здольнасьцяў рады БНР і Народнага сакратарыяту на практыцы.
Стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы адлюстроўвала спадзяваньні немцаў на ліквідацыю небясьпечнага расейскага кліну, якім, паводле Берасьцейскага трактату, была Беларусь: ён убіваўся паміж дзьвюма новаўтворанымі дзяржавамі – Літвой і Украінай. На фоне такой палітычнай пэрспэктывы трацілі сваё значэньне перашкоды, што раней не дазвалялі акупантам зацікавіцца беларускім пытаньнем. Так, напрыклад, прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту Фрыц Куршман пасьля знаёмства летам 1918 г. з сытуацыяй у Беларусі пагаджаўся, што беларускі рух яшчэ слабы, але прагназаваў яго хуткае і лёгкае высьпяваньне і пашырэньне. Ён бачыў таксама і слабасьць Рады БНР, аднак і тут выразіў перакананьне, што «калі ўжо беларусы трымаюцца ў сядле, дык, пэўна, навучацца езьдзіць». Немцы ўсьвядомілі карысьць, якую прыносіла існаваньне ўкраінскай і беларускай дзяржаваў для нямецкай палітыкі што да Польшчы і Расеі.
Такім чынам, толькі пасьля заключэньня Берасьцейскага міру і акупацыі каля 85 % беларускай тэрыторыі пытаньне дзяржаўнасьці гэтага краю зацікавіла нямецкія вайсковыя колы. Падтрымка дзейнасьці Рады БНР і Народнага сакратарыяту мела на мэце падрыхтаваць іх да прыняцьця на сябе рэальнай улады на Беларусі. Гэта быў, паводле трапнага вызначэньня Куршмана, рэзэрвовы ўрад, фармальнае прызнаньне якога магло ажыцьцявіцца пры дадатным для Нямеччыны выніку вайны. На думку Круталевіча, перад такім рашэньнем не стрымалі б немцаў і пастановы Берасьцейскага трактату.
Пагаршэньне ваеннай сытуацыі для Нямеччыны на Заходнім фронце не дазволіла рэалізаваць канцэпцыю беларускай дзяржавы. Пры такіх абставінах 27.8.1918 г. была заключана дадатковая ўмова да Берасьцейскага трактату, паводле якой восеньню 1918 г. немцы пачалі перадтэрміновую эвакуацыю сваіх войскаў з тэрыторыі паміж Дняпром і Бярэзінай. Працэс гэты паскорыла рэвалюцыя ў Нямеччыне і яе капітуляцыя. У пачатку сьнежня немцы перадалі ўладу ў Менску савецкім органам. Рада і Урад БНР эвакуяваліся ў Горадню і дзейнічалі там да першых дзён красавіка 1919 г., г. зн. да выхаду нямецкіх войскаў з Гарадзеншчыны.
Узаемныя інтарэсы, кантакты і дачыненьні ў міжваенную паруЯшчэ восеньню 1918 г. Куршман прадбачыў, што беларусы калі-небудзь не без падстаў будуць з удзячнасьцю ўспамінаць нямецкую акупацыю. Натуральна, ён меў на ўвазе яе палітычныя аспэкты. Праз восем гадоў яго калега з Бэрлінскага ўнівэрсытэту, прафэсар М. Фасмэр адзначыў на акадэмічнай канфэрэнцыі ў Менску, што на Беларусі «нямецкая акупацыя была разумнейшай, чым акупацыя ў іншых месцах», і што для Беларусі «нямецкі парод сваёй акупацыяй зрабіў менш шкоды, чым другія народы». Гэта была алюзія наконт падзелу Беларусі, зробленага ў 1920 г. паміж Польшчай і Расеяй, чаго, аднак, у публічным выступленьні ў сталіцы савецкай Беларусі Фасмэр ня выказаў даслоўна.
Балянс нямецкай акупацыі на Беларусі ў часе Першай сусьветнай вайны на справе выявіў шэраг важных актываў. Асабліва – прызнаньне Нямеччынай, упершыню сярод дзяржаваў сьвету, нацыянальнага адрозьненьня беларусаў і раўнапраўя іх мовы, стварэньне беларускага школьніцтва і фактычная падтрымка ў 1918 г. незалежніцкіх імкненьняў. Здавалася б, што такія актывы былі дастатковыя для выпрацоўкі ў беларускай палітычнай сьвядомасьці міжваеннага пэрыяду пэўных германафільскіх традыцыяў. У сапраўднасьці яны не атрымалі значнага разьвіцьця ня толькі ў савецкай Беларусі, але і ў заходняй частцы краю, якая, паводле Рыскага трактату, апынулася ў межах польскай дзяржавы. У сьвядомасьці народных масаў нямецкая акупацыя перш за ўсё была зьвязана зь бязьлітаснай эканамічнай эксплуатацыяй і затрымкай працэсу рэвалюцыйных пераўтварэньняў, у колах нацыянальных дзеячаў яе ацэньвалі ня толькі праз прызму актываў, але з гледзішча ўсяго балянсу нямецкай палітыкі, які ў рэшце рэшт аказаўся адмоўным.
У гэтых ацэнках асабліва выдзялялася адмова нямецкага ўраду ад прызнаньня Беларускай Народнай Рэспублікі, што ўжо ў часе акупацыі выклікала востры палітычныя крызіс у Радзе БНР і Народным сакратарыяце, а пасьля вайны стварала перакананьне сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў у незацікаўленасьці Нямеччыны справай беларускай дзяржаўнасьці. Інцыдэнт ад 25.2.1918 г. з штандарам і касай вырас да памераў сымбалю і засланіў сабой дадатныя захады Фалькенгайна. У параўнаньні з гэтымі нэгатыўнымі пачуцьцямі не такім значным выглядаў характар нацыянальнай палітыкі на тэрыторыі старой акупацыі, якая займала адносна невялікую частку беларускіх земляў і эфэкт якой у дужай ступені аслаблялі вынікі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў. Беларускія пасьляваенныя ацэнкі вынікаў нямецкай акупацыі рашуча не пацьвярджалі прагнозаў Куршмана і не супадалі з поглядамі Фасмэра.
Значна ўплывалі на гэта і пасьляваенныя рэаліі. Узьніклая пасьля паразы Райху Ваймарская рэспубліка на працягу 14-гадовага існаваньня не стварыла грунту для супрацоўніцтва зь беларускімі нацыянальнымі згуртаваньнямі, якія на той час засяроджваліся ў Вільні і на эміграцыі. Праўда, у Бэрліне дзейнічала група відных дзеячаў БНР (1919–1925 г.), аднак гэта не абудзіла ў немцаў зацікаўленьня беларускім пытаньнем. Спазналася пацяпленьне ў савецка-нямецкіх стасунках. Пасьля падпісаньня 5.11.1922 г. дамовы паміж Нямеччынай і РСФСР аб пашырэньні ўмоў Рапальскага трактату[38]38
Рапальская дамова паміж РСФСР і Нямеччынай была падпісана 16 красавіка 1922 г. і прадугледжвала аднаўленьне дыпляматычных стасункаў паміж дзьвюма краінамі, бакі адмаўляліся ад узаемных фінансавых прэтэнзіяў, надаваўся статус найбольшага спрыяньня двухбаковым гандлёва-эканамічным зносінам, а таксама прадугледжвалася супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. На іншыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і БССР, дзеяньне дамовы пашырылася 5 лістапада 1922 г.
[Закрыть] на іншыя савецкія рэспублікі ў Бэрліне быў акрэдытаваны пасол Беларускай ССР. Працаваў ён, аднак, толькі пару тыдняў, бо пасьля ўтварэньня СССР (30.12.1922 г.) яго функцыі пачала выконваць агульнасаюзная амбасада. Адначасова былі цэнтралізаваны прадугледжаныя ў гэтай умове беларуска-нямецкія гаспадарчыя кантакты. Затое ў 1926 г. пачалі завязвацца беспасярэднія навуковыя сувязі, у рамках якіх Нямеччыну наведаў шэраг беларускіх навукоўцаў. Першым нямецкім вучоным, які ў лістападзе 1926 г. прыехаў у Менск, быў ужо прыгаданы Фасмэр.
Кантакты гэтыя, аднак, працягваліся вельмі нядоўга і не пасьпелі аказаць уплыву на павелічэньне нямецкага зацікаўленьня Беларусьсю. Пасьля першых сьціплых, хоць і даволі цікавых, спробаў навуковага супрацоўніцтва ў часе нямецкай акупацыі,[39]39
Апрача кнігі В. Егера «Weissruthenien…», у 1918 г. ува Ўроцлаве (Брэслаў) быў выдадзены падручнік беларускай мовы, апрацаваны немцам Рудольфам Абіхтам і беларусам Янам Станкевічам, пад назваю «Просты спосаб у кароткім часе стацца граматным».
[Закрыть] у пасьляваенныя гады ў гэтай галіне наступіў амаль поўны застой. Бадай адзіным выняткам была кніжка Я. Карскага «Geschichte der weissrussischen Volksdichtungund Literatur» (Бэрлін, 1925), выдадзеная з ініцыятывы Фасмэра ў перакладзе з расейскай на нямецкую мову.
Яскравай ілюстрацыяй стану нямецкага зацікаўленьня беларускай праблематыкай у дагітлераўскі пэрыяд можа паслужыць дзейнасьць Брэслаўскага інстытуту Усходняй Эўропы. Аж па 1927 г. уключна ў выдаваных гэтым інстытутам «Jahrbiicher fur Kultur und Geschichte der Slaven» не зьявілася літаральна аніводнай распрацоўкі, нават бібліяграфічнай нататкі, што датычыла б Беларусі. У 1928–1935 г., г. зн. да канца выданьня «Jahrbiicher…», у іх апублікавана З артыкулы, 4 інфармацыі і каля 40 рэцэнзіяў, прысьвечаных пытаньням беларускай гісторыі, літаратуры, культуры і эканомікі. Апрача дзьвюх нататкаў-рэцэнзіяў нямецкай аўтаркі Эмы Гертэль, усе астатнія матэрыялы былі апрацаваныя беларусамі, галоўным чынам Уладзімерам Самойлам і Антонам Луцкевічам.
Беларускае пытаньне не набыло ў Нямеччыне большага значэньня таксама і пасьля прыходу да ўлады ў 1933 г. нацыянал-сацыялістаў. Дарма што адной з найважнейшых мэтаў палітыкі Трэцяга райху стаў антыкамунізм і зьнішчэньне савецкай дзяржавы, да 1940 г. у Нямеччыне не было распрацавана аніякіх праграмаў разьдзяленьня СССР. Праўда, беларускім і ўкраінскім пытаньнем у Польшчы цікавіліся некаторыя партыйныя інстанцыі, дзяржаўныя органы і вайсковая выведка, але іх погляды на гэту справу розьніліся паміж сабой і не адлюстроўвалі палітыкі, напрамкі якой вызначаў Адольф Гітлер. Пра гэта сьведчыць і адкінуты праект, прапанаваны ў чэрвені 1938 г. Альфрэдам Розэнбэргам, аб стварэньні партыйна-дзяржаўнага органа для адзінай, суцэльнай апрацоўкі і ацэнкі праблемаў Усходу, зьвязаных з бальшавізмам, і забесьпячэньня ў гэтай галіне плянавай палітычнай лініі.
У гэтым адыграла сваю ролю канкрэтная геапалітычная сытуацыя. Агрэсіўныя намеры гітлераўскай Нямеччыны да СССР не маглі ажыцьцявіцца без супрацоўніцтва з Польшчай або без папярэдняга вываду яе з гульні як дзяржавы дзеля здабыцьця беспасярэдняга кантакту з СССР. Пачынаючы з 1935 г. Гітлер ня раз спрабаваў схіліць польскі ўрад да сумеснага паходу на СССР, мэтай якога было б, між іншым, заняцьце Украіны і Беларусі. Пры такім варыянце абрысоўвалася даволі спэцыфічная канцэпцыя паводзінаў ува ўкраінска-беларускім пытаньні, пэўную ролю ў якой павінна была адыграць Польшча. Апошні раз гэтая прапанова згадвалася Гітлерам у студзені 1939 г. у часе сустрэчы зь міністрам замежных спраў Юзафам Бэкам, аднак польскі ўрад на яе не пагадзіўся. У гэтай сытуацыі праблема Украіны і Беларусі на пэўны час зьнікла з палітычнага далягляду Нямеччыны. Гэта выявілася ў падпісаньні савецка-нямецкага пакту ад 23.8.1939 г., у якім акрэсьліваліся інтарэсы абедзьвюх дзяржаваў у Польшчы: усе заходнебеларускія, заходнеўкраінскія і нават некаторыя этнічна польскія землі былі пакінуты ў зоне інтарэсаў СССР.
Пры такой сытуацыі ў пэрыяд з 1933 па 1939 г. дзейнасьць прыхільнікаў разьдзяленьня СССР, асабліва Розэнбэрга і падначаленага яму ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны, ня мела посьпеху і не набыла вялікага пашырэньня. Варта, аднак, прыгадаць спробы іх узьдзеяньня на беларускія асяродкі ў Польшчы. Ужо летам 1933 г. гэтае ведамства завязала кантакт з Фабіянам Акінчыцам – ідэолагам і правадыром невялікай групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў.[40]40
Акінчыц Ф. (20.1.1886 – сакавік 1943), адвакат, палітычны дзеяч, з 1906 г. – у партыі эсэраў, у 1925–1927 гг. – у БСРГ, а 1933 г. – лідэр беларускіх нацыянал-сацыялістаў, прыхільнік супрацоўніцтва з Трэцім райхам, загінуў у часе замаху, арганізаваным ў Менску.
[Закрыть] Пры падтрымцы ведамства гэтая група распачала ў лістападзе 1933 г. у Вільні выданьне часопіса «Новы шлях». Амаль адначасова ў Бэрліне (напэўна, з ініцыятывы Акінчыца) быў створаны Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне. Але гэтыя спробы не прыносілі спадзяваных вынікаў. Так, Саюз беларускіх студэнтаў дзеля невялікай колькасьці беларусаў у нямецкіх навучальных установах ня змог разгарнуць шырокай дзейнасьці, а тыраж «Новага шляху» не перавышаў 500 асобнікаў, што гаварыла пра яго невялікую папулярнасьць.
Таксама безвыніковымі былі спробы Акінчыца па стварэньні на заходнебеларускіх землях беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў. Прычынамі былі адсутнасьць шырокай падтрымкі нацысцкага руху з боку грамадзкасьці, а таксама абмежаваньні, што накладаліся на гэты рух польскімі адміністрацыйнымі ўладамі, якія не без падстаў падазравалі ў ім гітлераўскую агентуру. У выніку, Акінчыц у кастрычніку 1936 г. не атрымаў дазволу ўладаў на скліканьне зьезду беларускіх нацыянал-сацыялістаў, а на пачатку 1937 г. дзейнасьць гэтай групы была практычна забаронена. Адначасова забаронена было і выданьне часопіса «Новы шлях». Ацэньваючы дзейнасьць групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў, Энгельгарт пісаў яшчэ ў час вайны, што яна ня мела значэньня.
Зацікаўленасьць беларускай праблематыкай выяўлялі таксама нямецкія навукова-дасьледчыя цэнтры. У 1937 г. ёю заняўся Нямецкі інстытут вывучэньня замежных праблемаў пры Бэрлінскім унівэрсытэце, у якім быў створаны беларускі сэктар разам зь бібліятэкай. Вывучэньнем беларускага пытаньня кіраваў прафэсар Гергард фон Мэндэ. Улетку 1937 г. разам зь некалькімі студэнтамі ён наведаў Вільню, дзе закупіў немалую колькасьць беларускіх кніжак для інстытуцкай бібліятэкі і правёў размовы зь беларускімі дзеячамі. Беларускім пытаньнем заняўся таксама Бэрлінскі інстытут вывучэньня граніц і замежных краінаў. Вынікі дзейнасьці абодвух інстытутаў прызначаліся, верагодна, для службовага карыстаньня, пра што сьведчыць мізэрная колькасьць публікацыяў іх працаў.
Супрацоўніцтва з групай Акінчыца, дасьледаваньні і кантакты зь беларускімі дзеячамі ў Вільні выяўлялі імкненьні Розэнбэрга стварыць на тэрыторыі Заходняй Беларусі палітычны пляцдарм для заплянаванага нападу на СССР. З гэтымі ж самымі мэтамі яшчэ больш шырокая падтрымка аказвалася заходнеўкраінскім арганізацыям і групоўкам. Спашлёмся па выказваньне Арно Шыкеданца, шэфа штабу Розэнбэрга, які пісаў у сваім мэмарыяле ад 14.6.1939 г. начальніку канцылярыі Райху Гансу Лямэрсу наступнае:
…Абсалютна ня выключана, што ў выпадку нямецка-польскага канфлікту саветы пад выглядам узброенай дапамогі Польшчы зоймуць гэтыя землі (заходнебеларускія і заходнеўкраінскія. – Ю. Т.), каб застацца ў іхніх межах. Пры такім новым падзеле Польшчы Вялікая Нямеччына страціла б, напэўна, найбольш абяцальныя пэрспэктывы разьдзяленьня Расеі, тады як адцягнуўшы ўвагу саветаў на пэўны час ад сумежных дзяржаваў, Нямеччына атрымала б немалую карысьць… Землі зь беларускім і заходнеўкраінскім насельніцтвам мелі б неацэннае значэньне як асяродкі і базы для глыбокага расколу Расеі… Гэта быў бы найбольш адпаведны момант для таго, каб увесьці абодва гэтыя народы ў арбіту нямецкіх інтарэсаў для адпору Расеі…
Мэмарыял Шыкеданца толькі нязначна апярэдзіў падпісаньне савецка-нямецкага пакту, што сьведчыла аб адсутнасьці каардынацыі паміж буйнейшымі дзеячамі Трэцяга райху ў галіне ўсходняй палітыкі, а таксама аб тым, што канцэпцыі Розэнбэрга і яго супрацоўнікаў ня мелі істотнага ўплыву на рашэньні Гітлера. Заключэньне гэтага пакту было для Розэнбэрга нечаканасьцю і шокам. 25.8.1939 г. ён пісаў у сваім дзёньніку: