Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 18 страниц)
Відаць, прапанова Іваноўскага наконт уладкаваньня абодвух афіцэраў «двойкі» прыйшлася ім больш да душы, чым дырэктывы камандаваньня. Аднак гэта не азначала, што Іваноўскі хацеў перабегчы дарогу 2-му аддзелу – выведячэйка ў Менску была створана, адзінае, што ўзначаліў яе Буткевіч, а Кастравіцкі вярнуўся ў Варшаву з заданьнем падрыхтаваць глебу для перамоў паміж Галоўным камандаваньнем і Партыяй беларускіх нацыяналістаў. Напэўна, гэта была адзіная магчымасьць наладзіць кантакт з ЗУБ, якога беспасьпяхова дамагаўся ў Варшаве Станкевіч вясною 1941 г. Даносчыкі, такім чынам, натрапілі на фальшывы сьлед.
Пад канец 1941 г. на Беларусі ў асноўным ужо склалася пэўная сыстэма палітычных суадносін. Яе ўтваралі нямецкія акупацыйныя ўлады, беларускія групоўкі Ермачэнкі, Акінчыца, Іваноўскага – Станкевіча і Астроўскага, які пакінуў Беларусь, але не свае амбіцыі, і ня траціў веры ў паплечнікаў – у Менску іх засталося нямала. А дапаўняла гэты палітычны ўклад савецкае і польскае падпольле. Наогул, усе гэтыя групоўкі імкнуліся ў той пэрыяд арганізацыйна ўзмацніцца і стварыць умовы для далейшай працы, чые посьпехі ў значнай ступені залежалі ад сытуацыі на фронце.
Настроі шырокіх масаў насельніцтва звычайна бывае нялёгка акрэсьліць з дакладнасьцю. У асноўным людзі ня вельмі цікавіліся палітычнай гульнёй, перш за ўсё ім трэба было выжыць. У паліцыйных данясеньнях канца 1941 г. немцы не адзначалі яшчэ ўсеагульнай варожасьці насельніцтва, але стаўленьне да акупантаў станавілася штораз горшае. Асабліва на гэта ўплывалі рабункі і рэквізыцыі, забойствы ваеннапалонных, габрэяў і савецкіх дзеячоў, захаваньне калгаснага ладу ўва Усходняй Беларусі і харчовыя цяжкасьці ў гарадох. Пры ўсім тым да спантанных і самастойных выступленьняў супраць немцаў яшчэ не даходзіла. Людзей яшчэ стрымлівала разуменьне, што ў першыя месяцы вайны ня могуць ажыцьцявіцца карэнныя палітычныя і гаспадарчыя зьмены. Такім чынам, сымпатыі насельніцтва мог заваяваць любы зацікаўлены бок, што ў сваю чаргу залежала ад магчымасьцяў дзейнасьці рэальнай улады і яе жаданьня заручыцца падтрымкай гэтага насельніцтва.
ІІІ
АД МАСКВЫ ДА КУРСКУ – БЕЛАРУСКІ КАЛЕЙДАСКОП СУПЯРЭЧНАСЬЦЯЎ І КАНФЛІКТАЎ
(сьнежань 1941—верасень 1943)
Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху29.6.1941 г. Савет народных камісараў СССР і ЦК УКП(б)[82]82
УКП(б) – Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў).
[Закрыть] выдалі дырэктыву, у якой заклікалі партыйныя арганізацыі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых Чырвонай Арміяй пры адступленьні. 3.7.1941 г. Сталін яшчэ раз паўтарыў гэтае заданьне па радыё. Па ўсёй зоне акупацыі было загадана ўзрываць масты і дарогі, псаваць тэлеграфную і тэлефонную сувязь, паліць лясы, склады і абозы, на кожным кроку перасьледаваць і нішчыць ворага і яго памагатых, зрываць любыя іхнія мерапрыемствы. У адказ Гітлер заявіў 16.7.1941 г.:
Расейцы абвесьцілі партызанскую вайну ў тылах нашага фронту. Ёсьць і свой добры бок у гэтай партызанскай вайне: мы зможам вынішчаць усё, што паўстала супраць нас.
Так была абвешчана бязьлітасная вайна ў нямецкіх тылах. На Беларусі яна прадвызначыла ўвесь далейшы ход падзеяў і стала адным з найважнейшых фактараў, што ўплывалі на дзейнасьць акупацыйнага рэжыму.
Зазначым, што партызанскую вайну савецкі ўрад абвесьціў у самыя першыя дні нямецкага нашэсьця, калі намеры Гітлера адносна занятых тэрыторый СССР былі яшчэ невядомыя. Асабліва гэта датычыла стаўленьня Нямеччыны да незалежніцкага руху ў Прыбалтыцы, Беларусі і на Украіне: ні форма панаваньня над гэтымі землямі (урады-сатэліты або беспасярэдняе нямецкае кіраўніцтва), ні гаспадарчая палітыка і, сярод іншых, пытаньне аб роспуску або захаваньні калгасаў – нічога не было загадзя вядома. Няясна было, як пачнуць сябе паводзіць немцы з савецкімі дзеячамі, ваеннапалоннымі і габрэйскім насельніцтвам. Пытаньняў было шмат, і савецкія ўлады на пачатку вайны не маглі ўпэўнена прадказаць настрой людзей і іх стаўленьне да заплянаванага збройнага руху супраціву. Такім чынам, партызанская вайна была абвешчана без увагі на будучыя паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў і настрой насельніцтва, яна была прадыктавана выключна вайсковымі і палітычнымі задачамі СССР.
Беларусь была вельмі важным зьвяном у агульнай стратэгіі савецкай партызанскай вайны. Выключнае значэньне мела яе геаграфічнае становішча. Па-першае, дужа спрыяльныя былі натуральныя варункі – багата лясоў і балот, і, па-другое, тут пралягалі галоўныя шляхі з захаду да Масквы. Таму не выпадкова ўжо назаўтра пасьля выданьня дырэктывы ад 29.6.1941 г. ЦК КП(б)Б і абласныя партарганізацыі Усходняй Беларусі пачалі стварэньне падпольля і партызанскіх атрадаў. Дзеля гэтага ў зоне акупацыі ў ліпені – жніўні засталося 1215 партыйцаў і каля 5000 камсамольцаў, яны атрымалі заданьне арганізаваць узброены супраціў. Паводле савецкіх крыніц, у жніўні 1941 г. на тэрыторыі БССР, галоўным чынам ува ўсходніх раёнах, быў створаны 231 партызанскі атрад, а колькасьць байцоў дасягала 12 тыс. Пераважна гэта былі чырвонаармейцы – салдаты і камандзіры, што не змаглі прарвацца на ўсход і хаваліся цяпер ад лягернага палону, партыйныя і камсамольскія дзеячы, а таксама іншыя савецкія актывісты.
Тым часам лінія фронту аддалялася ўсё далей у маскоўскім напрамку, і дзейнічаць партызанам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Зброі, што выдалі ім з вайсковых складоў улетку 1941 г., не хапала, больш-менш рэгулярныя яе паставы з-за лініі фронту пачаліся толькі ў сакавіку 1942 г. Асабліва цяжка было бяз сувязі. Да красавіка 1942 г. гэтыя атрады ня мелі яшчэ сваіх радыёстанцыяў, таму немагчыма было наладзіць апэратыўны кантакт з камандаваньнем Чырвонай Арміі. Такім чынам, некалькі месяцаў партызанскія групы па Беларусі былі кінутыя на ўласны лёс. Улетку і ўвосень 1941 г. яны панесьлі значныя страты ад нямецкіх карных акцыяў, мясцовае насельніцтва, асабліва на вёсцы, таксама не заўсёды аказвала ім падтрымку.[83]83
У рапарце адзначаецца, што насельніцтва ня толькі не падтрымлівае партызан, але нават актыўна выступае супраць іх дзеля захаваньня сваёй маёмасьці. Вакар таксама падае, што савецкія дывэрсанты і выведнікі спачатку не знаходзілі падтрымкі ў мясцовага насельніцтва, іх часта выдавалі, арыштоўвалі і расстрэльвалі. Затое савецкія крыніцы абыходзяць гэтыя сьведчаньні маўчаньнем і прыводзяць толькі прыклады падтрымкі і дапамогі савецкім партызанам з боку беларускага насельніцтва.
[Закрыть] Пры такой сытуацыі глыбокай восеньню 1941 г. баявая дзейнасьць гэтых групаў значна аслабела. У нямецкіх вайсковых і цывільных колах гэта ўспрымалі як канец партызанскага руху, і ня толькі з прычын матэрыяльных, але і ідэалягічных – у гэты час нямецкая армія была ўжо на подступах савецкай сталіцы.[84]84
Савецкія аўтары таксама паведамляюць, што «глыбокай восеньню 1941 г. многія партызанскія атрады перайшлі да падпольнай дзейнасьці».
[Закрыть]
Параза немцаў пад Масквой аднавіла веру ў сілу Чырвонай Арміі, у яе здольнасьць аказваць належны супраціў ворагу. Яно істотна ўзьдзейнічала на актывізацыю савецкага падпольля на Беларусі. Зь нямецкіх паліцыйных рапартаў відаць, наколькі ўзмацніліся ў сьнежні 1941 – лютым 1942 г. партызанскія напады на транспартныя калёны Вэрмахту і ўзрасла колькасьць выпадкаў сабатажу і дывэрсіі на камунікацыйных шляхах. Аднак партызанскія групы па-ранейшаму пазьбягалі адкрытага сутыкненьня нават зь невялікімі нямецкімі атрадамі і скіроўвалі ўсе намаганьні на арганізацыйнае ўзмацненьне, пашырэньне базаў і сыстэм забесьпячэньня, дбалі аб павелічэньні свайго ўплыву сярод насельніцтва. Без сур’ёзнай матэрыяльнай падтрымкі Чырвонай Арміі іх дзейнасьць не стварала для Вэрмахту вялікай небясьпекі. Як паведамляў Шэнкендорф, у гэты час існавалі толькі невялікія партызанскія групы, якія абмяжоўваліся нападамі на пакінутыя без аховы мясцовасьці і дробныя атрады нямецкіх салдат, галоўным чынам дзеля папаўненьня сваіх запасаў. Дзейнасьць партызан ня вельмі трывожыла немцаў. Пра гэта можа сьведчыць і такі факт: перад Калядамі 1941 г. для аховы вялікага складу боепрыпасаў у Смаленску яны прыставілі ўсяго толькі двух вартавых.
Але неўзабаве пачалі праяўляцца іншыя вынікі Маскоўскай бітвы, якія мелі вялікае практычнае значэньне для разьвіцьця партызанскага руху. Пачаўся зімовы контранаступ Чырвонай Арміі. У першыя дні лютага 1942 г. адзін зь яе кліноў дасягнуў лініі Вяліж – Усьвяты, г. зн. дайшоў да паўночна-ўсходняй мяжы Беларусі, за якою ўжо дзейнічала некалькі невялікіх партызанскіх атрадаў. Такім чынам, зона партызанскай барацьбы і апэрацыйны абшар Чырвонай Арміі злучыліся, стварыліся ўмовы для іх узаемадзеяньня. Савецкае камандаваньне, напэўна, не прадбачыла такой сытуацыі. Пра гэта сьведчыць факт, што толькі ў сакавіку, г. зн. празь месяц, была наладжана сувязь паміж партызанамі Віцебшчыны і Чырвонай Арміяй. Менавіта ў гэтым месяцы савецкае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва прыняло канкрэтнае рашэньне наконт выкарыстаньня партызанскага руху на Беларусі і ўлучыла яго ў сваю ваенную стратэгію. Немцам далі адпор пад Масквой, вайна абяцала зацягнуцца надоўга, і ў гэтай сытуацыі партызанская барацьба набыла ня толькі ваеннае, але і палітычнае значэньне. 20.3.1942 г. ЦК КП(б)Б стварыў т. зв. Паўночна-заходнюю апэрацыйную групу для дзейснага кіраўніцтва партызанскім рухам на Беларусі. Група дзейнічала сумесна з штабамі Калінінскага фронту, 3-й і 4-й ударных арміяў – іх апэрацыйная зона прылягала да Віцебшчыны. Ува Усходняй Беларусі яна падтрымлівала сувязь з падпольнымі партарганізацыямі і партызанскімі атрадамі, удзельнічала ў іх узмацненьні і актывізацыі, займалася таксама падрыхтоўкай падрыўнікоў, радыётэлеграфістаў, зьбірала і апрацоўвала выведную інфармацыю. Група выконвала ролю штабу савецкага партызанскага руху на Беларусі. У красавіку 1942 г. ЦК КП(б)Б пастанавіў набраць, падрыхтаваць і перакінуць на Беларусь 50 невялікіх атрадаў, якія павінны былі актывізаваць партызанскую барацьбу і ўцягнуць у яе насельніцтва. Кадры падбіраліся спэцыяльна з тых беларусаў, што адбывалі службу ў войску або знаходзіліся ў савецкіх тылах.
Сувязь з тэрыторыяй Беларусі апэрацыйная група падтрымлівала цераз т. зв. «Віцебскія вароты», часам называныя «Сураскімі варотамі». Гэта быў своеасаблівы калідор шырынёю 40 км паміж гарадамі Вяліж і Усьвяты на стыку апэрацыйнай зоны Чырвонай Арміі і віцебскіх партызан. Ён праіснаваў да канца верасьня 1942 г. – пакуль ня быў зьліквідаваны немцамі. Былы камандзір Беларускага штабу партызанскага руху П. Калінін сьведчыць, што праз гэты ўнікальны для гісторыі нямецка-савецкай вайны калідор партызаны Віцебшчыны пераправілі на Вялікую зямлю больш за 35 тыс. чалавек, зь іх больш за 20 тыс. – для службы ў Чырвонай Арміі. Апрача таго, празь «Віцебскія вароты» для патрэбы арміі з акупаванай Беларусі было пераслана 1500 тон збожжа, 10 тыс. тон бульбы, 4 тыс. галоў жывёлы, 2 тыс. коней, 35 тыс. тон сена і іншых харчовых запасаў. А ў гэты час у адваротным кірунку – на Віцебшчыну – перайшлі дзясяткі савецкіх дывэрсійных групаў і партызанскіх атрадаў, перапраўлена аўтамабільнымі і коннымі абозамі неабходная колькасьць зброі, амуніцыі, выбуховых рэчываў і іншага вайсковага рыштунку, мільёны асобнікаў газэт і палітычнай літаратуры. А ўжо адтуль людзі, зброя і літаратура накіроўваліся далей, у іншыя раёны Беларусі, галоўным чынам усходнія, паводле дырэктывы, якую вызначала кіраўніцтва апэрацыйнай групы.
Савецкія ўлады прадбачылі, што гэты надзвычай важны камунікацыйны канал хутка можа закрыцца, таму пастараліся своечасова наладзіць эфэктыўную авіяцыйную сувязь. Дзеля гэтага ўжо ў 1942 г. на Беларусь пераправілі спэцыялістаў, пад кіраўніцтвам якіх пачалася будоўля палявых партызанскіх аэрадромаў. За ўвесь пэрыяд акупацыі іх было пабудавана амаль 5017. Гэтыя аэрадромы дазволілі пасьля ліквідацыі «Віцебскіх варотаў» у канцы верасьня 1942 г. працягваць дастаўку ваенных грузаў, вывозіць параненых, пошту і г. д. У дадатак ад пачатку красавіка да канца 1942 г. для лясных атрадаў было перапраўлена 150 палявых радыёстанцыяў разам з абслугай – вырашылася праблема сувязі з цэнтральным савецкім камандаваньнем, дзе таксама наступілі зьмены. 30.5.1942 г. пры Галоўным камандаваньні Чырвонай Арміі быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху пад кіраўніцтвам першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П. Панамарэнка а ў верасьні 1942 г. – яго тэрытарыяльны аддзел – Беларускі штаб партызанскага руху, начальнікам якога стаў П. З. Калінін. Гэты штаб узяў на сябе функцыі паўночна-заходняй апэрацыйнай групы.
Такім чынам, толькі вясною 1942 г. савецкія ўлады стварылі неабходныя матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы для разьвіцьця партызанскага руху на Беларусі. За ўвесь пэрыяд вайны яны перакінулі туды ня менш за 13 тыс. салдат, афіцэраў і арганізатараў гэтага руху, большасьць зь іх прайшла спэцыяльную падрыхтоўку для дзейнасьці ў зоне нямецкай акупацыі. Апрача таго, да сакавіка 1944 г. туды было пераслана больш за 60 тыс. вінтовак, 15 тыс. аўтаматаў, 5 тыс. кулямётаў, каля 100 млн. штук патронаў, 400 тон выбуховых рэчываў, сотні мінамётаў, супрацьтанкавая зброя і інш. Гэтыя пастаўкі дапаўняліся за кошт трафэйнай зброі і адпавядалі агнявой сіле каля дзесяці пяхотных дывізій.
Дзякуючы сваёй узброенай сіле савецкі партызанскі рух стаў для многіх жыхароў Беларусі шанцам ратунку альбо пажаданай альтэрнатывы. Хутка ў яго ўліліся ня толькі слабыя і раздробленыя групы супраціву, што паўсталі ўлетку 1941 г., але і людзі, якіх акупанты асудзілі на вынішчэньне або пагражалі сьмерцю, асабліва габрэі і камуністычныя дзеячы. Партызанам лёгка ўдалося абярнуць на сваю карысьць распараджэньне Вэрмахту, абвешчанае ў сакавіку 1942 г., паводле якога вызваленыя раней і разьмешчаныя па калгасах чырвонаармейцы павінны былі вярнуцца ў лягеры ваеннапалонных. Тысячы такіх людзей апынуліся, насуперак загаду, у лясных атрадах. На думку паліцыі, гэта аказала вялізны ўплыў на актывізацыю партызанскай дзейнасьці. У лес уцякала і шмат моладзі, якая хавалася ад прымусовага вывазу на працу ў Нямеччыну. Такім чынам, вясною 1942 г. грамадзка-палітычныя ўмовы складваліся куды больш спрыяльна для партызанскага руху, чым гэта было ў першыя тыдні акупацыі.
На разьвіцьцё партызанскага руху на Беларусі ўплывала шмат фактараў, адным з найважнейшых, або нават і вырашальным, аказаліся погляды Сталіна і Галоўнага камандаваньня Чырвонай Арміі: яны зыходзілі зь меркаваньня, што наступны генэральны ўдар немцаў зноў будзе скіраваны на цэнтральны ўчастак фронту. Такая ацэнка сытуацыі пацягнула за сабой усе далейшыя захады па стварэньні ў варожых тылах узброенай сілы, якая магла б аслабіць націск праціўніка. З гэтым быў зьвязаны і рост асабовага складу партызанскіх атрадаў. У першым паўгодзьдзі 1942 г. ён павялічваўся прыкладна на З–4 тыс. чалавек штомесяц, тады як у другой палове году – ужо на 7–8 тыс., так што на пачатку лістапада 1942 г. у атрадах налічвалася 47,3 тыс. чалавек. Гэтыя сілы перш канцэнтраваліся галоўным чынам ува Ўсходняй Беларусі, але паступова пачалі праточвацца і ў заходнія раёны. У сярэдзіне 1942 г. дзейнасьць партызан ахапіла ўсе акругі Беларусі.[85]85
Кубэ сьцьвярджаў, што на тэрыторыі Генэральнай акругі «самы глыбокі спакой» утрымліваўся толькі да канца траўня, а ў некаторых акругах Заходняй Беларусі – да чэрвеня – ліпеня 1942 г.
[Закрыть]
Але ў канцы чэрвеня новае нямецкае наступленьне пачалося на поўдні, туды былі скіраваныя значныя вайсковыя сілы, перакінутыя, між іншым, з цэнтральнага ўчастка фронту і яго тылоў. Для партызанскага руху гэта мела вельмі важнае значэньне: магчымасьці немцаў весьці зь ім барацьбу значна аслаблі. Як паведамляў Кубэ, у чэрвені 1942 г. паліцыйныя сілы ў Генэральнай акрузе Беларусь налічвалі каля 1 тыс. нямецкіх салдат і прыкладна 3 тыс. літоўскіх, латыскіх і ўкраінскіх. Істотна паменшалі сілы ахоўных атрадаў, што былі разьмешчаны ў тыле групы армій «Цэнтар». Паводле Шэнкендорфа, 1.12.1941 г. у іх уваходзілі чатыры ахоўныя дывізіі, дзьве брыгады СС і 260 рот рознага роду войскаў, але ў красавіку 1942 г. засталося толькі 85 рот, палова зь іх была недастаткова навучаная, слаба ўзброеная і здатная хіба толькі на вартаўніцтва ў тылах. Гэтыя сілы аказваліся ў некалькі разоў слабейшыя за партызанскія: лясное войска таго ж лета мела на ўзбраеньні нават артылерыю і бронемашыны. Колькасная перавага памнажалася на тактычную: шматлікія дробныя групы дзейнічалі адначасова на вялізным абшары. У такой сытуацыі немцы не маглі спыніць разьвіцьця партызанскага руху. Пра гэта сьведчыць і працяглае існаваньне «Віцебскіх варотаў», якіх нацысты ня здолелі ліквідаваць адным махам.
Усё гэта спрыяла распаўсюджаньню партызаншчыны, зь вясны 1942 г. яе сілы расьлі зь месяца на месяц. Адной з партызанскіх задач былі дывэрсіі на транспартных шляхах, па якіх ішло забесьпячэньне для нямецкага фронту. Паводле данясеньняў Лёзэ, колькасьць выбухаў на беларускай чыгунцы ад сакавіка да верасьня 1942 г. павялічылася з 25 да 695, адпаведна ўзрасла лічба зьнішчаных лякаматываў і вагонаў (гл. табліцу 8).[86]86
Гэта супярэчыць зьвесткам савецкіх крыніц: яны паказваюць значна большую колькасьць вагонаў і значна меншую колькасьць лякаматываў.
[Закрыть]
Дывэрсіі на чыгунцы працягваліся да канца акупацыі, іншы раз гэта былі акцыі ўсебеларускага маштабу, якія каардынаваў партызанскі штаб. Адна зь іх – т. зв. «Рэйкавая вайна» – доўжылася ад пачатку жніўня да сярэдзіны верасьня 1943 г., у выніку гэтай апэрацыі было зьнішчана больш за 121 тыс. чыгуначных рэек, вялікая колькасьць паравозаў, вагонаў і іншых транспартных сродкаў.
Чыгуначныя дывэрсіі прыносілі немцам значныя матэрыяльныя страты, зьбівалі з раскладу цягнікі. Тым ня менш вынікі гэтых апэрацыяў ацэньваліся па-рознаму. Савецкія аўтары ім надаюць вялікае значэньне. Паводле іх дадзеных, з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 г. партызаны спусьцілі пад адхон 11 128 адзінак транспарту і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцыяў, зьнішчылі звыш 18,7 тыс. аўтамабіляў, 819 чыгуначных мастоў і больш за 300 тыс. чыгуначных рэек. У сваю чаргу нямецкія крыніцы не былі схільныя да перабольшваньняў. Улетку 1942 г., калі хваля дыверсіяў дасягала найвышэйшага ўзроўню, немцы ацэньвалі іх вынікі як «у большасьці выпадкаў нязначныя» і хутка іх ліквідавалі. Гімлер не пераацэньваў вынікаў гэтых акцыяў і ў кастрычніку 1943 г., адзначаючы, што яны галоўным чынам крыху замаруджвалі франтавыя паставы. Трэба заўважыць, што зь вясны 1942 да восені 1943 г. самыя буйныя ваенныя апэрацыі ішлі на поўдні, таму франтавыя паставы церазь Беларусь ня мелі для Нямеччыны першараднага значэньня.
Магчыма, што аслабленьне ваенных апэрацыяў, якое даволі доўга працягвалася на цэнтральным участку фронту, пабудзіла партызан да асабліва актыўных выступленьняў супраць гаспадарчых і палітычных захадаў акупацыйных уладаў. Зыходным пунктам гэтых выступленьняў стала барацьба зь мясцовай адміністрацыяй, створанай немцамі. Спашлемся на рапарт Цэнтральнага штабу партызанскага руху ад 9.12.1942 г., дзе гэтая задача стаіць на першым месцы сярод усіх астатніх у дзейнасьці партызанскіх атрадаў на Беларусі. Таму ўвесну 1942 г. пачаліся напады партызан ня толькі на вайсковыя, але і на гаспадарчыя аб’екты, а таксама на валасныя ўправы, пры гэтым супрацоўнікі акупацыйных установаў караліся сьмерцю як здраднікі і ворагі савецкай айчыны. Паводле сьведчаньняў Розэнбэрга на Нюрнбэрскім працэсе, на Беларусі ад рук партызан загінула 500 «бурмістраў» разам зь сем’ямі.[87]87
У літаратуры, прысьвечанай гэтаму пытаньню, найчасьцей фігуруе лічба 1500 – столькі «бурмістраў» было зьнішчана партызанамі па зьвестках, якія падаў Розэнбэрг у жніўні 1942 г. Аднак пры гэтым ён не адзначаў, што забойствы адбыліся менавіта на Беларусі. Можна меркаваць, што названая лічба датычыла ўсіх акупаваных земляў СССР.
[Закрыть]
Пры такіх абставінах ужо ў чэрвені 1942 г. на Беларусі аказалася шмат раёнаў, дзе валасная ўлада перайшла да партызан. Неўзабаве пазыцыя нямецкіх уладаў пахіснулася яшчэ больш, так што пад канец 1942 г. партызаны трывала займалі абшар плошчаю 15 тыс. кв. км і кантралявалі амаль 50 тыс. кв. км, г. зн. ледзь не 30 % тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым усё цяжэй і цяжэй было спаганяць з насельніцтва харчовыя паставы, шмат у якіх раёнах даводзілася рэквізаваць іх з дапамогаю войска і паліцыі. Лясныя атрады найчасьцей нападалі на сельскія гаспадаркі. І калі ў траўні 1942 г. на ўсім абшары Генэральнай акругі Беларусь іх налічвалася 965, дык ужо пад канец году пад нямецкім кантролем заставалася толькі 312 – рэшту спалілі, ліквідавалі або занялі партызаны. Разам з гэтым было зьнішчана шмат лесапільняў, малочных заводаў і іншых малых прадпрыемстваў.
Аднак лягчэй было паліць маёнткі або забіваць безабаронных старастаў, чым схіляць сялянства да масавага выступленьня супраць акупантаў: тыя хоць і не сьпяшаліся з палітычнымі дэклярацыямі (вяскоўцаў гэта ня вельмі турбавала), аднак, нягледзячы на цяжкія рэквізыцыі, ішлі сялянам насустрач у эканамічнай галіне. Немцы пагадзіліся з самароспускам калгасаў у Заходняй Беларусі, а вясною 1942 г. правялі іх парцэляцыю і ўва ўсходніх раёнах. Насуперак савецкай прапагандзе, сялянства падтрымала гэтую кампанію. Яна ўзбудзіла іх гаспадарчую актыўнасьць і паўплывала на рэалізацыю абавязковых паставаў, нягледзячы на цяжкасьці, якія стваралі партызаны. У лютым 1943 г. Кубэ паведамляў, што на падлеглым яму абшары Беларусі, у тым ліку і ў мясцовасьцях, дзе існавала партызанская пагроза, сяляне выконваюць свае абавязкі амаль на 70%. Стаўленьне вёскі да акупацыйных уладаў вырастала, такім чынам, да ўзроўню першараднай палітычна-гаспадарчай праблемы. Удзел беларускай інтэлігенцыі ў арганізацыі школьніцтва, самапомачы або ўзнаўленьні культурнай дзейнасьці таксама трактаваўся як здрада савецкай радзіме.
Сутнасьць праблемы зводзілася ня толькі да памераў харчовых паставаў або адкрыцьця вясковай школкі. Барацьба вялася за тое, каб прыцягнуць насельніцтва на савецкі бок «другога фронту», які памалу распаўсюджваўся на ўсе галіны акупацыйнага жыцьця. Таму партызаны асабліва востра перасьледавалі ініцыятараў і ўдзельнікаў гэтага жыцьця, якое часова выйшла з-пад кантролю савецкай улады. На думку партызан і, напэўна, савецкага кіраўніцтва за лініяй фронту, гэтыя людзі былі здраднікамі і ўяўлялі большую палітычную небясьпеку, чым самі немцы, і таму галоўны ўдар павінен быць скіраваны супраць іх. Не выпадкова савецкія партызаны прыкладалі значныя намаганьні, каб вывесьці насельніцтва на шлях актыўнай барацьбы зь немцамі або схіліць людзей да ўцёкаў у лясы, пад сваю ахову.
Для гэтага савецкі партызанскі рух выкарыстоўваў самыя разнастайныя сродкі, адным зь іх была прапаганда. З пачаткам 1942 г. у савецкім тыле пачала дзейнічаць радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», паветраным шляхам і празь «Віцебскія вароты» дастаўлялася шмат літаратуры і газэт, прычым некаторыя зь іх выдаваліся спэцыяльна для насельніцтва акупаванай Беларусі. У сярэдзіне 1942 г. выйшлі першыя газэты, якія выдаваліся падпольшчыкамі і партызанамі. Іх колькасьць хутка расла і пад канец 1943 г. дасягнула 140 найменьняў, зь іх 65 друкавалася па-беларуску. Савецкая прапаганда выкарыстоўвала маўчаньне нямецкіх уладаў наконт будучыні акупаваных усходніх земляў і даказвала, што нямецкая палітыка скіравана на тое, каб заняволіць савецкія народы, зьнішчыць іх нацыянальную самабытнасьць і цалкам ператварыць у нявольнікаў нямецкіх фэадалаў. Аграрную рэформу называлі ашуканствам, бо сяляне не атрымалі права ўласнасьці на зямлю. Важную ролю адыгрывала і вусная партызанская прапаганда, у яе ў запасе таксама быў не адзін прыём. Распаўсюджваліся, напрыклад, чуткі, нібыта ня толькі немцы, але і Сталін праводзіць палітыку дэкалектывізацыі і пакідае сялянам права на ўласнае зычэньне выходзіць з калгасаў альбо нібыта партызаны ваююць не за Сталіна, а за новы лад у СССР. Царква таксама была далучана да прапагандысцкага арсэналу. Паводле нямецкага паліцыйнага данясеньня, партызаны ў зонах свайго кантролю праводзяць яўна спрыяльную для царквы палітыку, дазваляюць адкрываць цэрквы, запрашаць сьвятароў і ставіць крыжы. У рапарце гаварылася далей, што ў адну новаадчыненую царкву прыбыў партызанскі атрад і яго камандзір укленчыў перад сьвятаром і «маліўся» так:
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа!
Браты і сёстры!
Бог ёсьць і будзе! Мы былі часова затуманеныя, таму што пагарджалі Богам. Богу належыць маліцца. Маліцеся за нас і за ўсіх байцоў і партызанаў.
Амін.[88]88
Выкарыстаньне рэлігійных пачуцьцяў насельніцтва ў партызанскай прапагандзе не было зьяваю выключна беларускай – на іншых акупаваных землях СССР таксама ўжывалі такія мэтады для здабыцьця прыхільнасьці мясцовых жыхароў. Гэта можа сьведчыць аб існаваньні адпаведнай агульнай дырэктывы Цэнтральнага штабу партызанскага руху. Так, напрыклад, ува ўкраінскай вёсцы Тонеж на месцы спаленай немцамі царквы партызаны ўсталявалі крыж і ганаровую варту.
[Закрыть]
Але і афіцыйная прапаганда, і партызанскія хітрыкі, хаця і заходзілі ў сваім двудушшы далей за нямецкія, мелі ўсё ж абмежаванае практычнае значэньне, асабліва ў раёнах, якія кантраляваліся немцамі. Таму даводзілася карыстацца ня толькі пернікам, але і бізуном. Партызанскія ўлёткі пагражалі сьмерцю як самім паліцыянтам, так і іх сем’ям. Сьмерцю пагражалі і сялянам за паставу немцам сена, жыта ці іншай сельгаспрадукцыі. Гэтыя пагрозы праводзіліся ў жыцьцё, каб застрашыць насельніцтва. Таму гінулі ня толькі супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі, але і сяляне, настаўнікі, дзеячы БНС і іншыя. Так, напрыклад, у Слонімскай акрузе з красавіка па лістапад 1942 г. ад рук партызан загінула 1024 асобы і 272 было паранена. Сярод забітых немцы, мясцовыя паліцыянты, беларускія, літоўскія і ўкраінскія салдаты складалі няпоўных 20 %, тады як цывільнае насельніцтва, галоўным чынам сяляне і супрацоўнікі адміністрацыі, – больш за 80 % (гл. табліцу 9). Пра частыя забойствы сярод цывільнага насельніцтва – сялян, настаўнікаў і службоўцаў – паведамляў і акруговы баранавіцкі камісар. У Вялейскай акрузе да 25.2.1943 г. было забіта 815 чалавек, зь іх 106 – старастаў, валасных чыноўнікаў і 500 іншых цывільных працаўнікоў і іх сямейнікаў, разам яны складалі 75 % ад агульных людзкіх стратаў. Імаверна, што і ў іншых беларускіх акругах панавала падобная сытуацыя.
Дывэрсійная, прапагандысцкая і тэрарыстычная дзейнасьць партызан імгненна аказала ўплыў на паводзіны насельніцтва. Ужо ў чэрвені 1942 г. у паліцыйным рапарце паведамлялася, што ў раёнах, якія знаходзіліся ў руках або пад кантролем партызан, гатоўнасьць насельніцтва да супрацоўніцтва зь немцамі значна аслабела. Так, напрыклад, забойства чатырох настаўнікаў з ваколіц Магілёва так узьдзейнічала на астатніх калег, што яны вырашылі пакінуць школьную працу. У жніўні Лёзэ выказваў меркаваньне, што такія паводзіны насельніцтва былі не праявай сымпатыі да партызаншчыны, а нараджаліся з страху перад расстрэлам і спальваньнем маёмасьці. Насамрэч такая ацэнка толькі часткова адпавядала рэчаіснасьці, бо тыя ж самыя нямецкія крыніцы часта адлюстроўвалі карэктнае стаўленьне партызан да мясцовага насельніцтва і імкненьне пераканаць яго ў неабходнасьці супольнага змаганьня супраць акупантаў.
Тым ня менш, незалежна ад тых альбо іншых настрояў людзей, якія на пераважнай частцы беларускай тэрыторыі мусілі выконваць яшчэ і нямецкія распараджэньні, партызаны так альбо іначай здабывалі сабе ўсё большую павагу. У такіх складаных умовах, калі ўлада зьмянялася часта, галоўным клопатам вяскоўцаў было захаваньне жыцьця і рэшткаў маёмасьці. Таму, у залежнасьці ад сытуацыі, народ ішоў у партызанскія атрады і забясьпечваў іх харчамі, фуражом, адзеньнем і інш. Савецкія аўтары сьцьвярджаюць, што гэта рабілася цалкам па добрай волі. Прынцыпова не пярэчылі гэтаму і тагачасныя нямецкія крыніцы, у іх рэдка натуюцца факты прымусовага ўступленьня ў партызаны. Нельга, аднак, сьцьвярджаць адназначна, што гэта заўсёды рабілася добраахвотна.
Сілы савецкіх партызан на Беларусі пад канец 1942 г. налічвалі каля 50 тыс. добра ўзброеных людзей, якія кантралявалі амаль 30 % тэрыторыі краіны і ўжо тады маглі наносіць акупантам значную шкоду. Напэўна, такой колькасьці людзей было дастаткова, каб выконваць плянавыя заданьні. Пра гэта сьведчыць раней прыведзены факт, калі партызаны пераправілі для службы ў Чырвонай Арміі 20 тыс. мужчын, мабілізаваных на Віцебшчыне ўлетку 1942 г. Таму далейшае разьвіцьцё партызанскага руху і яго перарастаньне ў т. зв. «усенародную барацьбу з нацыстамі» адлюстроўвала, галоўным чынам, палітычныя ўстаноўкі КП(б)Б, скіраваныя на тое, каб паглыбіць сярод беларускага насельніцтва адчуваньне прысутнасьці савецкай улады і яе магутнасьць. Пры такіх абставінах пасьля першага, даволі стыхійнага і не заўсёды дастаткова скаардынаванага парыву ў пачатку 1943 г. партызанская дзейнасьць на Беларусі пачала прымаць больш рэгулярныя, плянавыя формы. У прыватнасьці, у атрадах пачалася барацьба за ўзмацненьне дысцыпліны і выкараненьне бандытызму і г. д. Важную ролю тут адыграла перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам, якая набліжала пэрспэктыву вяртаньня савецкай улады.
Зьмянілася стаўленьне да тэрарыстычнай дзейнасьці партызан. З аднаго боку, яна ўтрымлівала насельніцтва ў страху і падпарадкаваньні, з другога – спараджала шмат нявінных ахвяр і пабуджала людзей да справядлівай самаабароны. У канцы лютага 1943 г. ЦК КП(б)Б, урад і прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР выдалі адозву пад назваю: «Старастам, паліцыянтам і чыноўнікам гарадзкіх упраў і камэндатур, усім тым, хто быў ашуканы нямецкімі акупантамі, хто з страху служыць ворагу». Улады рэспублікі зьвярталіся да іх з заклікам да супрацоўніцтва з партызанамі і абяцалі за гэта прабачэньне. Аднак на самай справе такое рашэньне савецкіх уладаў, якое адмяняла ранейшыя, пераважна злачынныя, практыкі расстрэлаў старастаў, сялян ці настаўнікаў, было прынята раней, прыкладна – пад канец сьнежня 1942 г. Пра гэта сьведчыць данясеньне нямецкай паліцыі ад 8.1.1943 г. – напісана яно з дакладнасьцю, якая гаворыць пра неблагую агентурную працу ў партызанскіх атрадах:
Паводле дырэктывы, нібыта перасланай з Масквы, чальцы бандаў павінны цяпер лагодна абыходзіцца з цывільным насельніцтвам. Бурмістраў і раённых кіраўнікоў, а таксама чальцоў мясцовых ахоўных атрадаў болей не павінны расстрэльваць, але перш за ўсё пераправаджаць іх у бандыцкія лягеры на допыты і разборы. У лягерах арыштантаў будуць намаўляць да супрацоўніцтва. У выпадку згоды іх павінны адпусьціць на волю, на месца свайго пасяленьня, з адпаведнымі заданьнямі.
Зьмена адносін да нядаўніх «здраднікаў савецкай радзімы» была цесна зьвязана з імкненьнем уладаў БССР надаць партызанскай барацьбе «ўсенародны характар» – дзеля гэтага неабходна было, каб яна распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. А тым часам тут па-ранейшаму захоўвалася значная нераўнамернасьць. Праўда, партызанскія атрады засылаліся з Усходняй Беларусі ў Заходнюю, пасьпяхова выконвалі свае заданьні, але масавага наплыву тутэйшага жыхарства ў лясное войска да канца 1942 г. не назіралася. Паводле зьвестак Беларускага штабу партызанскага руху, на пачатку 1943 г. па ўсёй Беларусі налічвалася 56,7 тыс. партызан, пры гэтым у заходняй частцы рэспублікі, якая да 1939 г. знаходзілася пад Польшчай, іх было 11,1 тыс. чалавек. У пераліку на 10 тыс. жыхароў (прымаючы пад увагу ўмоўна дадзеныя 1941 г.) тут выпадала 23 партызаны, у параўнаньні з 86 – ува Усходняй Беларусі. Але на самай справе, калі ўлічыць вынікі эвакуацыі насельніцтва ў абедзьвюх частках краю, гэты паказчык аказваўся на ўсходзе ў 5–6 разоў вышэйшы, чым на захадзе.
Такой вялікай разьбежнасьці нельга вытлумачыць выключна паводзінамі немцаў – паўсюдна на Беларусі яны, у прынцыпе, былі аднолькавыя. Ня трэба пераацэньваць і рознасьць грамадзкай сытуацыі на гэтых тэрыторыях. У Заходняй Беларусі тут, у пэўным сэнсе, былі нават лепшыя ўмовы для разьвіцьця партызанскага руху, чым на ўсходзе. Восеньню 1942 г. нямецкая служба бясьпекі адзначала «нечаканыя сымпатыі» да партызан сярод заходнебеларускіх малазямельных сялян пасьля скасаваньня савецкай аграрнай рэформы і аднаўленьня на вёсцы клясавых супярэчнасьцяў. Не зусім пераканаўча гучыць і сьцьверджаньне савецкіх гісторыкаў, што такая сытуацыя з партызанскім рухам у Заходняй Беларусі склалася, маўляў, з прычыны хуткай эвакуацыі савецкіх уладаў і нешматлікіх партыйных і камсамольскіх кадраў, што ўлетку 1941 г. стрымлівала арганізацыю падпольных структур. Ход падзеяў ува Усходняй Беларусі паказаў, што галоўным імпульсам у разьвіцьці партызанскага руху на гэтай тэрыторыі былі рашэньні і дзеяньні савецкіх уладаў вясною 1942 г.