Текст книги "Беларусь пад нямецкай акупацыяй"
Автор книги: Юрий Туронок
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 18 страниц)
Нэгатыўныя меркаваньні пра Беларусь і непакой перад хуткім пачаткам на яе тэрыторыі адміністрацыйных цяжкасьцяў выказваў таксама і гаспадарчы штаб, які ўзначальваў Герман Герынг, упаўнаважаны Гітлера ў справах чатырохгадовага пляну. У выдадзеных незадоўга да нападу на СССР дырэктывах, т. зв. «зялёнай тэчцы», ён папярэджваў вайсковых камандзіраў і гаспадарчыя службы:
...на Беларусі напачатку будзе, напэўна, цяжка знайсьці пласт лаяльных да нас кіраўнікоў, бо беларусы ў сваім інтэлектуальным узроўні стаяць ніжэй за тамтэйшых расейцаў, жыдоў, палякаў.
У кантэксьце гэтых меркаваньняў варта адзначыць ініцыятыву аддзелу па ўпарадкаваньні земляў (Reichstelle fur Raumordnung). У мэмарыяле, падрыхтаваным гэтай установай 22.6.1941 г. і перасланым шэфу дзяржаўнай канцылярыі Лямэрсу, а значыць – адрасаваным Гітлеру, прапаноўвалася перанесьці ўсходнюю мяжу Генэральнага губэрнатарства да лініі Ліда – Баранавічы – Лунінец – Сарны – Роўна – Тарнопаль. Гэты праект фактычна азначаў улучэньне ў Генэральнае губэрнатарства пераважнай часткі тэрыторый, якія паводле савецка-нямецкай дамовы былі заняты Чырвонай Арміяй у верасьні 1939 г. Сваю прапанову аддзел па ўпарадкаваньні земляў абгрунтоўваў, па-першае, «адсутнасьцю магчымасьцяў разьвіцьця ў польскага народу на яго цеснай тэрыторыі», а па-другое, – «моцнай палянізацыяй беларусаў, якія ня выпрацавалі амаль ніякіх нацыянальных імкненьняў».
Цяжка вызначыць, у якой меры адбіліся погляды нямецкіх вышэйшых колаў, занятых рэалізацыяй пляну «Барбароса», на пазыцыю Гітлера ў справе палітычнай адміністрацыі на землях будучай акупацыйнай зоны. Ясна адно: пасьля сваіх сакавіцкіх выказваньняў ён ужо больш не варочаўся да канцэпцыі «вольных ад Сталіна» рэспублік.
16.5.1941 г. ён паведаміў Лямэрса, што яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня аб арганізацыі цывільнага кіраўніцтва, але зьбіраўся агаварыць яго асобна, з зацікаўленымі пэрсонамі. Але і на пачатку чэрвеня ў гэтай справе не было зроблена ніякіх удакладненьняў, пра што сьведчаць дырэктывы галоўнага камандаваньня Вэрмахту па прапагандзе. Яны сьцьвярджалі, што «ня трэба пакуль што прапагандаваць разьдзяленьне СССР на паасобныя дзяржавы», аднак папярэджвалі, што гэта не канчатковая дырэктыва, бо разьвіцьцё палітычнай сытуацыі перад самым пачаткам апэрацыі можа выклікаць «асабліва дзейсныя новыя прапагандысцкія тэндэнцыі».
Новыя тэндэнцыі неўзабаве праявіліся, аднак не пацьвердзілі прагнозаў Галоўнага камандаваньня. 18 чэрвеня начальнік паліцыі бясьпекі выдаў распараджэньне, якое забараняла беларускім, украінскім, расейскім і каўкаскім эмігрантам вяртацца зь Нямеччыны на радзіму без дазволу паліцыйных уладаў. Амаль адначасова ведамства Розэнбэрга атрымала катэгарычную забарону ўступаць у перамовы з прадстаўнікамі гэтых эмігрантаў.
Вясной 1941 г. у ходзе прыгатаваньняў да нападу на СССР былі распрацаваныя і зацьверджаныя шматлікія падрабязныя інструкцыі, якія сталі асновай дзеяньняў Вэрмахту, апэрацыйных групаў паліцыі (Einsatzgruppen) і гаспадарчай службы на акупаваных землях. Яны датычылі правядзеньня вайсковых апэрацыяў, гаспадарчай эксплуатацыі, вынішчэньня паасобных групаў насельніцтва, абыходжаньня з ваеннапалоннымі і інш. Не было затое аніякіх цьвёрдых рашэньняў наконт будучай адміністрацыйна-палітычнай разьвязкі. І калі 22.6.1941 г. нямецкія войскі ўваходзілі на тэрыторыю Беларусі, ніводная акупацыйная інстанцыя не арыентавалася ў справе прызначанага ёй палітычнага статусу.
ІІ
З НАДЗЕЯЙ НА ХУТКУЮ ПЕРАМОГУ
(чэрвень – сьнежань 1941)
Савецкая эвакуацыя зь БеларусіНямецкія войскі пад камандаваньнем фэльдмаршала фон Бока, якія ўваходзілі ў склад групы армій «Цэнтар», за першы тыдзень вайны занялі Горадню, Берасьце, Маладэчна, Слуцак, Баранавічы, Менск, Бабруйск – г. зн. практычна ўсю Заходнюю і Цэнтральную Беларусь. 9 ліпеня яны выйшлі на лінію Дняпра, 11 ліпеня занялі Віцебск, 13-га – Воршу, 15-га – Полацак, 16-га – Смаленск і 26-га – Магілёў. Астатняя невялікая паўднёва-ўсходняя частка Беларусі была акупавана ў другой палове жніўня: 19-га – Гомель, 22-га – Мазыр.
Толькі 29 чэрвеня, г. зн. назаўтра пасьля таго, як немцы занялі Менск, Савет народных камісараў СССР і ЦК Усесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) накіравалі ў партыйныя і дзяржаўныя органы прыфрантавой паласы дырэктыву, у якой акрэсьліваліся асноўныя задачы эвакуацыі. Яшчэ пазьней – 3 ліпеня – гэтыя задачы агучыў народу Сталін у сваёй прамове па радыё. Яны гучалі так:
Пры вымушаным адыходзе частак Чырвонай Арміі трэба адганяць увесь рухомы чыгуначны склад, не пакідаць ворагу ніводнага паравоза, ніводнага вагону, не пакідаць праціўніку ні кіляграму хлеба, ні літру паліва. Калгасьнікі павінны адганяць усё быдла, хлеб здаваць пад ахову дзяржаўным органам для вывазу яго ў тылавыя раёны. Уся каштоўная маёмасьць, у тым ліку каляровыя металы, хлеб і паліва, якая ня можа быць вывезена, павінна безумоўна зьнішчацца.
Эвакуацыя насельніцтва на ўсход і перамяшчэньне альбо зьнішчэньне матэрыяльных здабыткаў і запасаў адыгрывала важную ролю ў савецкай абарончай стратэгіі. Гэтыя захады прымаліся савецкімі ўладамі з намерам пазбавіць немцаў магчымасьці выкарыстаньня людзкога і гаспадарчага патэнцыялу пакінутых земляў і адначасова яго эксплуатацыі ў сваіх абарончых інтарэсах.
Аднак імклівы наступ нямецкіх войскаў не дазволіў рэалізаваць гэтых дырэктываў на землях Заходняй Беларусі і Меншчыны. Гэтая частка Беларусі толькі нязначна адчула на сабе вынікі савецкай эвакуацыі. Тут нават амаль не пасьпелі правесьці мабілізацыю прызыўнікоў. Асабліва моцна (на 80 %) быў разбураны Менск, але галоўнай прычынай гэтага былі налёты нямецкай авіяцыі.[50]50
Паводле прызнаньняў сьведкаў, «усё вышэйшае кіраўніцтва, міліцыя, служба бясьпекі і нават шэф грамадзянскай абароны разам з сваім штабам пакінулі горад (Менск. – Ю. Т.) за тры дні да заняцьця яго немцамі. Ніхто нават не спрабаваў гасіць пажары…»
[Закрыть]
Затое іншая сытуацыя панавала ўва ўсходніх рэгіёнах Беларусі: на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Палесьсі – тут савецкія ўлады мелі больш часу для эвакуацыйных захадаў. Варта разгледзець бліжэй вынікі гэтай акцыі, галоўным чынам, каб даць ацэнку становішча насельніцтва і гаспадарчага патэнцыялу Беларусі пасьля прыходу нямецкіх войскаў.
Калі браць фармальна, у гэтай ацэнцы павінна ўлічвацца ўся тэрыторыя тагачаснай БССР плошчаю 225,7 тыс. кв. км (гл. табл. 3), бо яе зьмены адбыліся ўжо пасьля вайны, у выніку чаго яна паменшала да 207,6 тыс. кв. км. Аднак на практыцы гэта не заўсёды ўдаецца, таму што апублікаваныя пасьля вайны вынікі савецкай эвакуацыі і іншых захадаў пры адступленьні, а таксама памеры людзкіх і гаспадарчых стратаў, якія адбыліся па віне нямецкіх акупацыйных органаў, датычаць сучаснай тэрыторыі БССР, бяз той часткі Берасьцейшчыны і Беласточчыны, якая пасьля вайны адышла да Польшчы.[51]51
Гэтыя зьмены былі прадугледжаны ў польска-савецкай дамове ад 16.8.1945, паводле якой СССР перадаў на карысьць Польшчы 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Фактычна гэтыя землі польская адміністрацыя пераняла ўжо ўлетку 1944 г.
[Закрыть] Таму ўсюды, дзе гэта ня будзе агаворвацца спэцыяльна, прыведзеныя ацэначныя дадзеныя эвакуацыі датычаць сучаснага абшару Беларусі.
Насельніцтва. Агульная колькасьць жыхароў Беларускай ССР у цяперашніх межах на 1.1.1941 г. была роўная 9183 тыс. чал. Доля вясковага насельніцтва складала каля 80 %, у тым ліку ўва ўсходніх абласьцях – 74 %. Нацыянальную структуру насельніцтва Беларусі напярэдадні вайны можна акрэсьліць толькі прыблізна. Паводле перапісу 17.12.1926 г., сярод жыхароў усходніх абласьцей беларусы складалі 80,6 %; габрэі – 8,2 %, расейцы – 7,7 %; палякі – 2,0 %. Але ў выніку перасяленьняў у 30-х г.[52]52
Пад перасяленнямі трэба разумець высылку беларускіх сялянскіх сем’яў у Расею падчас калектывізацыі, прымусовыя «вэрбоўкі» моладзі на «будоўлі сацыялізму» і г. д. – А. С.
[Закрыть] колькасьць беларусаў у працэнтнай структуры паменшала. Яшчэ цяжэй даць ацэнку насельніцтва заходніх абласьцей. Паводле польскага перапісу 9.12.1931 г., 48,7 % мясцовых жыхароў палічылі за родную беларускую, «рускую» або «тутэйшую» мову, 38,8 % – польскую; 8,4 % – габрэйскую; 1,7 % – украінскую; 1,7 % – расейскую. Гэтыя дадзеныя не адлюстроўвалі сапраўднага стану. Пра тое сьведчыць наступны факт: доля праваслаўнага насельніцтва – 57,4 % – аказалася больш за тую, што разам складала жыхарства зь беларускай, «рускай», «тутэйшай», украінскай або расейскай мовай. Таму можна вызначыць працэнт беларускамоўнага насельніцтва разам зь яго каталіцкай часткай на нешта каля 65 %. У 1940–1941 г. ён павялічыўся. З аднаго боку, гэтаму спрыяў наплыў службоўцаў, настаўнікаў і т. п. з Усходняй Беларусі, з другога боку – узьдзейнічала распачатая савецкімі ўладамі дэпартацыя, якая найбольш закранула польскае насельніцтва. Аднак ацэнка долі беларускага жыхарства на гэтых землях напярэдадні нямецкага нашэсьця, якую прыводзяць савецкія аўтары, – звыш 80 %, – выглядае перабольшана. Напэўна, яна абмяжоўвалася 70–75 %. Паводле ўдакладненых дадзеных, летам 1941 г. савецкія ўлады на Беларусі мабілізавалі для службы ў Чырвонай Арміі каля 500 тыс. чалавек і эвакуявалі звыш 1,5 млн. яе жыхароў.[53]53
У шэсьцідзясятых гадох фігуравала значна ніжэйшая лічба эвакуяванага насельніцтва (звыш 1 млн. чалавек). Крыніцай гэтай інфармацыі быў даведнік – праваднік па залях Беларускага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выдадзены ў Менску ў 1960 г.
[Закрыть] Разам гэта складала каля 2,0 млн. чалавек, г. зн. прыблізна 22 % ад усяго насельніцтва БССР у цяперашніх межах. Як паведамляюць М. М. Загарулька і А. Х. Казянкоў, тут ня ўлічваліся рабочыя і інжынэрныя спэцыялісты, якія былі перавезены на ўсход разам з сваімі прадпрыемствамі і ўстановамі, а таксама тыя людзі, што рушылі ў эвакуацыю з уласнай ініцыятывы і на сваім транспарце. 3 улікам гэтых катэгорый насельніцтва агульная лічба мабілізаваных у войска і вывезеных у глыб СССР павінна яшчэ павялічыцца.
Мабілізацыя і эвакуацыя ў паасобных рэгіёнах адбывалася па-рознаму. У Заходняй Беларусі гэтыя акцыі закранулі галоўным чынам нядаўніх прыбыльцаў – савецкіх дзяржаўных і партыйных функцыянэраў. Затое карэннае насельніцтва ў большасьці сваёй засталося на месцы. Прычынаю такіх паводзін стаў ня толькі хуткі наступ нямецкіх войскаў. Значыў тут і досьвед 1939–1941 г., які не спрыяў эвакуацыйным тэндэнцыям.[54]54
Трэба мець на ўвазе і цяжкі досьвед «уцякацтва» падчас Першае сусьветнае вайны. Акрамя таго, сярод насельніцтва заходніх паветаў Беларусі захавалася неблагая памяць пра «першых немцаў» як пра культурны народ. – А. С.
[Закрыть] Таму пераважная большасьць эвакуяванага насельніцтва паходзіла з Усходняй Беларусі, дзе, за выняткам Меншчыны, савецкія ўлады пасьпелі разгарнуць адпаведную кампанію. Такім чынам, у выніку эвакуацыі і мабілізацыі колькасьць жыхароў у гэтай частцы рэспублікі паменшала прыкладна на 35 %. Яшчэ больш зьнізіўся ўзровень насельніцтва ў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Палескай абласьцях.
Прамысловасьць. У 1940 г. на Беларусі пражывала 4,8 % насельніцтва СССР, тады як удзел краіны ў агульнасаюзнай вытворчасьці не перавышаў 2%. У пераліку на душу насельніцтва ўзровень прамысловай прадукцыі быў, такім чынам, ніжэйшы ў 2,4 раза ў параўнаньні зь сярэднім па СССР. Тагачасная беларуская энэргетыка працавала галоўным чынам на торфе і драўніне і пастаўляла 0,5 млрд. квт. гадз. электраэнэргіі; г. зн. 55 квт. гадз. на аднаго жыхара, або ў 4,6 раз менш, чым у сярэднім па СССР (252 квт. гадз.) і ўдвая менш, чым у даваеннай Польшчы (1938 г. – 113 квт. гадз.), якая ў гэтай галіне займала адно з апошніх месцаў у Эўропе. Гэтыя паказчыкі адлюстроўваюць нізкі тагачасны патэнцыял і тэхнічны ўзровень беларускай прамысловасьці, якая, за выняткам машынабудаўніцтва і металаапрацоўкі (15,2 % ад агульнай вытворчасьці), грунтавалася на перапрацоўцы мясцовай сыравіны – сельскагаспадарчай, лясной і мінэральнай. У 1940 г. больш за 90 % прамысловай прадукцыі БССР прыходзілася на ўсходнія раёны: 23,1 % – на Віцебск; 21,2 % – на Менск; 16,6 % – на Гомель і 11,5 % – на Магілёў. Гэтыя чатыры гарады агулам давалі 72,4 % прамысловай прадукцыі рэспублікі.
З названых усходніх раёнаў было эвакуявана ўсяго 109 вялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, сярод іх 90 аб’ектаў – зь Віцебску, Гомелю і Магілёва. Кошт сродкаў вытворчасьці – машын і абсталяваньня – на гэтых прадпрыемствах ацэньваўся ў 478,1 млн. рублёў. Гэта была палова ад сумы ўсіх асноўных фондаў Усходняй Беларусі.[55]55
Кошт асноўных вытворчых фондаў, у т. л. машын, абсталяваньня і будынкаў, ува ўсходніх абласьцях БССР на 1.1.1941 г. складаў 1321,8 млн. рублёў. Нельга параўноўваць з гэтай сумай кошт эвакуяваных сродкаў вытворчасьці (478,1 млн. руб.), бо сюды не ўвайшлі прамысловыя будынкі.
[Закрыть] Акрамя таго, шмат прадпрыемстваў былі часткова дэмантаваныя і зьнішчаныя. Зь іх вывезьлі 3200 металаапрацоўчых станкоў, 8933 тэкстыльныя, трыкатажныя і шавецкія машыны, 8664 рухавікі, 18 турбагенэратараў з агульнай магутнасьцю 32 тыс. квт. (ува ўсёй Усходняй Беларусі яна складала 105,3 тыс. квт.), 69 трансфарматараў, 845 тон каляровых мэталяў і 3366 вагонаў іншай сыравіны і гатовых вырабаў. Такім чынам, на тэрыторыі, дзе эвакуацыя праводзілася плянамерна, г. зн. у Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласьцях, прамысловая вытворчасьць была ў значнай ступені падарваная. Затое ў Менску прадпрыемствы панесьлі толькі частковыя страты, а ў заходніх рэгіёнах увогуле ўцалелі.
Сельская гаспадарка. Паводле перагледжаных зьвестак, летам 1941 г. зь Беларусі на ўсход было адагнала 674 тыс. (бяз коней) галоў жывёлы. Апрача таго, калгасы перадалі ў распараджэньне Чырвонай Арміі 36 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы і 11 тыс. сьвіньняў. Разам гэта складала 721 тыс. галоў – амаль 9 % ад усяго пагалоўя рэспублікі, прычым статак буйной рагатай жывёлы зьменшыўся амаль на 440 тыс. галоў, або на 15,4 %. Савецкія крыніцы не падаюць зьвестак пра маштабы зарэзу жывёлы часьцямі Чырвонай Арміі, канторай «Заготжывёла» і сялянамі, што адбывалі ў эвакуацыю або заставаліся на месцы. Між тым гэта былі сур’ёзныя страты, улічваючы іх, можна меркаваць, што пагалоўе жывёлы ў Беларусі пры ўваходзе нямецкіх войскаў аказалася на 20–25 % ніжэйшае, чым на пачатку 1941 г. Верагодна, што ў такой самай ступені паменшала і пагалоўе сьвіньняў – адганяць іх на вялікую адлегласьць было нельга, таму часьцей забівалі на месцы. Значна зьменшылася і конскае пагалоўе пасьля рэквізыцыяў, якія праводзілі пры адступленьні атрады Чырвонай Арміі.
Савецкія эвакуацыйныя мерапрыемствы ў галіне сельскай гаспадаркі гэтак жа, як у выпадку з насельніцтвам і прамысловымі прадпрыемствамі, у найбольшай ступені закранулі ўсходнія вобласьці – Віцебскую, Магілёўскую, Гомельскую і Палескую. Толькі ў выніку эвакуацыі агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гэтых абласьцях зьменшылася на 30 %, авечак – на 26 % (гл. табл. 4). Калі дадаць сюды паставы жывёлы для Чырвонай Арміі і не адлюстраваныя ў справаздачах факты забою – узровень пагалоўя ў чатырох усходніх абласьцях аказваецца ў гэтым выпадку амаль напалову ніжэйшы ў параўнаньні з 1941 г..[56]56
Лічыцца, што пры адгоне на ўсход каля 15 % свойскай жывёлы загінула, 20–25 % было перададзена вайсковым часьцям і дзяржаўным арганізацыям. На пачатку 1942 г. у розных абласьцях РСФСР знаходзілася ўжо каля 200 тыс. галоў жывёлы, эвакуяванай зь Беларускай ССР.
[Закрыть]
У яшчэ большай ступені скараціліся ўва ўсходніх абласьцях БССР запасы збожжа і хлебных прадуктаў. З агульнай іх колькасьці – 151,5 тыс. тон – было вывезена на ўсход або выкарыстана нейкім іншым чынам 81,2 тыс. тон, або 54 %; зьнішчана 42,5 тыс. тон, або 28%19. Астатак часткова быў падзелены савецкімі органамі паміж людзьмі, а часткова разрабаваны насельніцтвам. Савецкія ўлады імкнуліся зьнішчыць таксама і нязжатую збажыну, і ім гэта ўдалося ў некаторых раёнах Усходняй Беларусі. Савецкі гісторык А. Фактаровіч, намагаючыся зьмякчыць сапраўдныя памеры гэтай спусташальнай кампаніі, даводзіць, што яна не датычыла той часткі пасеваў, якую ўлады падзялілі сярод людзей падчас сваёй эвакуацыі. Але гэтую ацэнку не пацьвярджаюць шматлікія ўлёткі, якія раскідаліся з самалётаў у зоне нямецкай акупацыі (напрыклад, пад Магілёвам); у іх савецкія ўлады заклікалі калгасьнікаў да зьнішчэньня ўраджаю. Гэтыя заклікі, аднак, ігнараваліся насельніцтвам.
Важнае месца ў эвакуацыйнай палітыцы савецкіх уладаў займала ліквідацыя сродкаў сельскагаспадарчай вытворчасьці на пакінутых землях. Было вывезена амаль 5000 трактароў (а разам зь імі – больш за 3900 трактарыстаў), 223 збожжавыя камбайны і мноства іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, у дадатак перададзена ў распараджэньне арміі 600 цягачоў і 400 камбайнаў. Гэта складала адпаведна 54 % цягачоў і 37 % камбайнаў ад агульнарэспубліканскай гаспадаркі ў пачатку 1941 г. Адначасова для вайсковых патрэбаў перадавалася вялікая колькасьць коней. Такія захады таксама закранулі галоўным чынам усходнія раёны Беларусі, дзе сельская гаспадарка засталася бяз значнай цяглавая сілы, як мэханічнай, так і коннай.
Асабліва выяўны характар у часе савецкай эвакуацыі набыла дзейнасьць групаў зьнішчэньня, т. зв. «истребительных батальонов», сярод іх заданьняў значылася, між іншым, руйнаваньне будынкаў агульнаграмадзкага ўжытку, жылых дамоў і іншых публічных збудаваньняў. У батальёны набіралі часьцей за ўсё камсамольцаў, якія не падпадалі пад мабілізацыю. На Беларусі яны дзейнічалі на падставе дырэктывы ЦК кампартыі Беларусі ад 23.06.1941 г., аднак іх арганізоўвалі таксама і ў Літве, што паказвае на існаваньне адзінага распараджэньня, якое зыходзіла ад цэнтральных савецкіх уладаў.
Яны, аднак, не паўсюль маглі выканаць свае заданьні, нішчачы маёмасьць і сродкі існаваньня цывільнага насельніцтва з разьлікам прымусіць яго да эвакуацыі. Так, на заходнебеларускіх землях вынікі гэтай дзейнасьці былі даволі сьціплыя. Прычынаю тут стаў ня толькі хуткі прыход немцаў, але і супраціў насельніцтва, якое старалася абараніць сваю маёмасьць. Ды і мясцовыя камсамольцы ня выявілі асаблівай руплівасьці пры выкананьні такіх загадаў. Інакш выглядала справа на ўсходзе Беларусі. Тут дзейнасьць «истребительных батальонов» падтрымлівалася сіламі арміі. Вынікам падобных апэрацыяў сталі значныя спусташэньні на Віцебшчыне, між іншым, амаль цалкам былі спалены Віцебск і Полацак. На ўсход ад Барысава таксама паліліся грамадзкія і жыльлёвыя будынкі. Страты, панесеныя ад дзейнасьці гэтых групаў, ніколі не выяўляліся і не падлічваліся. Пасьля вайны іх сьпісвалі на нямецкіх акупантаў.
У выніку эвакуацыі значная частка людзкіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі паслужыла для абароны СССР. Затое для нямецкай ваеннай гаспадаркі вынікі гэтай кампаніі ня мелі вялікага значэньня. Немцы не пераацэньвалі прамысловага патэнцыялу БССР і ня вельмі разьлічвалі на яго выкарыстаньне. Эвакуацыя не стварыла асаблівых перашкодаў для забесьпячэньня харчамі нямецкага войска і акупацыйнай адміністрацыі, бо з насельніцтва іх спаганялі самым бязьлітасным чынам. Таму востры дысбалянс паміж павялічаным попытам і паніжанай прапановай харчовых сродкаў найперш лёг цяжарам на плечы мясцовага цывільнага насельніцтва.
Такім чынам, эвакуацыя прынесла савецкім уладам ня толькі пэўную матэрыяльную карысьць. Яна выконвала важную палітычную ролю і была разбуральным фактарам у грамадзкім жыцьці акупаванай Беларусі, пагаршаючы бытавыя цяжкасьці яе насельніцтва. На гэта было разьлічана, між іншым, згаданае руйнаваньне жылых дамоў і людзкой маёмасьці, якое не зьмяшчаецца ў эканамічныя катэгорыі барацьбы. Сталін ужо ў сваёй прамове па радыё 3 ліпеня сфармуляваў задачы мабілізацыі насельніцтва для партызанскай барацьбы і стварэньня на акупаваных землях «нясьцерпных умоў для ворага і яго паслугачоў». Гэта было грознае прадвесьце, абвяшчэньне бязьлітаснай барацьбы, дзе ня браліся ў разьлік бытавыя інтарэсы насельніцтва. Ува ўмовах голаду, галечы і адсутнасьці даху над галавой куды больш было шанцаў на тое, каб уцягнуць народ у антынямецкія выступленьні. Гэтае выказваньне сьведчыла яшчэ аб адным: савецкія ўлады адмаўляліся ад усялякіх формаў грамадзкай дзейнасьці, якія дапамаглі б забясьпечыць людзям пад акупацыяй элементарную ахову здароўя і маёмасьці. Прызнавалася толькі барацьба.
Гэтыя намеры знайшлі рэалізацыю ўва Усходняй Беларусі. Грамадзкае жыцьцё было тут паралізавана: спустошаныя прадпрыемствы, сельская гаспадарка бяз сродкаў вытворчасьці, кадры спэцыялістаў – на фронце або ў эвакуацыі, уся адміністрацыйная сыстэма, сувязь і забесьпячэньне разбураныя, значная частка насельніцтва перавезена на ўсход. На долю цывільнага насельніцтва, якое не пакінула родных мясьцін, выпалі вялікія страты.[57]57
На думку Вакара, страты гэтыя былі «непараўнальна большыя» за тыя, што прычынілі немцы падчас акупацыі.
[Закрыть] Заходняя Беларусь апынулася ў значна лепшым становішчы. У параўнаньні з усходнімі рэгіёнамі летам 1942 г. у Менску яе называлі «квітнеючай».
(чэрвень – жнівень 1941)
Адразу пасьля таго, як нямецкія войскі занялі Беларусь, на ўсім яе прасьцягу была ўведзена вайсковая адміністрацыя. Згодна з дырэктывамі Галоўнага камандаваньня Вэрмахту, яна мела пераходны характар, зь цягам часу цывільныя ўлады павінны былі пераняць ад яе адміністрацыйныя функцыі. Насамрэч у 1941 г. цывільным уладам была перададзена толькі частка Беларусі, рэшта яе тэрыторыі да канца акупацыі знаходзілася пад вайсковай адміністрацыяй. Пэрыяд поўнага панаваньня вайсковай адміністрацыі працягваўся толькі пару тыдняў.
У той час пераважная частка Беларусі ўваходзіла ў склад тылу групы армій «Цэнтар», аднак яе паўднёвыя раёны апынуліся ў тыле групы армій «Поўдзень». Мяжа, што падзяляла гэтыя тылы, ішла ўздоўж чыгуначнай лініі Берасьце – Гомель за 10–20 кілямэтраў на поўнач ад яе.
Паводле распараджэньня галоўнакамандуючага сухадольных войскаў ад 3.4.1941 г., адміністрацыйныя задачы арміі не ішлі далей за падтрыманьне на акупаваных землях парадку і бясьпекі дзеля іх гаспадарчага выкарыстаньня франтавымі і акупацыйнымі атрадамі. Гэтыя ўказаньні праводзіў у жыцьцё на пераважнай частцы беларускай тэрыторыі камандуючы тыламі групы армій «Цэнтар» генэрал Макс фон Бенкендорф. Пры яго штабе, які летам 1941 г. часова разьмяшчаўся ў Баранавічах, дзейнічаў галоўны камандзір СС і паліцыі, групэнфюрэр СС Эрых фон дэм Бах.[58]58
Бах-Залеўскі Эрых Юліюс Эбэргард фон дэм (1899–1972) – обэргрупэнфюрэр СС і генэрал паліцыі, з 1941 па 1944 г. – вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі цэнтральнай Расеі зь сядзібай спачатку ў Магілёве, а пасьля ў Менску. Арганізатар масавых пакараньняў сьмерцю ў Менску і Магілёве. Восеньню 1944 г. – адзін з кіраўнікоў падаўленьня Варшаўскага паўстаньня. – А. П.
[Закрыть] Ён узначальваў ахоўныя войскі СС, іх мэтай была пацыфікацыя занятых беларускіх земляў. Бах падначальваўся райхсфюрэру СС Гімлеру.
Праз шэфа паліцыі і службы бясьпекі Райху Райнгарда Гайдрыха Гімлер кіраваў яшчэ і дзейнасьцю апэрацыйных групаў (Einsatzgruppen) – спэцыяльных паліцыйных атрадаў, прызначаных для барацьбы з палітычнымі праціўнікамі гітлерызму, галоўным чынам камуністамі і савецкімі функцыянэрамі, а таксама – для вынішчэньня габрэйскага насельніцтва. На Беларусі дзейнічала Айпзацгрупа «В», перайменаваная 11.7.1941 г. у Айнзацгрупу «Б»,[59]59
Айнзацгрупа «А» дзейнічала ў тыле групы армій «Поўнач», г. зн. у Прыбалтыцы, у тым ліку і ў некалькіх сельсаветах Беларусі, далучаных немцамі да Літвы. – Ю. Т.
[Закрыть] ёю кіраваў брыгадэнфюрэр СС Артур Нэбэ. У другой палове ліпеня камандаваньне Айнзацгрупы «Б» (Einsatzgruppe «В») пераехала ў Смаленск, дзе быў разьмешчаны штаб камандзіра групы армій «Цэнтар».
Камандуючаму тылам групы армій падпарадкоўвалася сетка тэрытарыяльных палявых камэндатур (Feldkommandanturen), а ім, у сваю чаріу – шматлікія мясцовыя камэндатуры (Ortkommandanturen), якія ствараліся практычна ўва ўсіх гарадох і райцэнтрах. На ўсіх узроўнях гэтага вайскова-адміністрацыйнага апарату дзейнічалі адпаведныя гаспадарчыя службы. Яны займаліся арганізацыяй харчовых і фуражных паставаў і мабілізацыяй мясцовага насельніцтва для выкананьня неабходных для войска работ. Апрача таго, вайсковыя камэндатуры давалі падтрымку раённаму апарату Айнзацгрупы «Б», іуды ўваходзілі рухомыя апэрацыйныя атрады паліцыі, т. зв. Einsatzkommandos.
Але гэты вайскова-паліцыйны апарат ня мог цалкам справіцца з усімі гаспадарчымі, ахоўнымі і рэпрэсіўнымі задачамі. Для падтрыманьня жаданага парадку трэба было арганізаваць яшчэ адзін, дадатковы, сіламі мясцовага насельніцтва. Акупацыйныя ўлады тут кіраваліся згаданай інструкцыяй галоўнакамандуючага сухадольных войскаў ад 3.4.1941 г., якая дапускала стварэньне органаў мясцовай адміністрацыі ў абсягу адпаведна патрэбам арміі. На такой падставе паўставалі службы сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню, гарадзкія, раённыя і валасныя ўправы. Яны мелі ў сваім распараджэньні мясцовую дапаможную паліцыю (службу аховы парадку). Усе гэтыя органы маглі працаваць пад строгім беспасярэднім наглядам вайсковых камэндатур і, згодна з названай інструкцыяй, не павінны былі мець характару палітычнай адміністрацыі. Яе спадзяваліся стварыць толькі пасьля ўвядзеньня цывільнай адміністрацыі.
Варта зьвярнуць асаблівую ўвагу на працэс стварэньня дапаможнага адміністрацыйна-паліцыйнага апарату на Беларусі. На тое ёсьць некалькі прычын.
Па-першае, гэта быў зыходны пункт у дзейнасьці акупацыйнага рэжыму.
Па-другое, усе ўправы і паліцыя павінны былі стварацца нанова, бо папярэдняя савецкая адміністрацыя перастала дзейнічаць.
Па-трэцяе, у працэсе стварэньня новай адміністрацыі адлюстравалася пэўнае стаўленьне насельніцтва да нямецкай акупацыі, дарма што часам прызначэньне на службу тут рабілася над прымусам.
Трэба бліжэй прыгледзецца да гэтай праблемы яшчэ з аднае прычыны: савецкія гісторыкі малююць адназначна варожае стаўленьне беларускага народу да нямецкай акупацыі. Раманоўскі сьцьвярджае нават, што ў
савецкіх людзей не было іншых перакананьняў, акрамя самаахвярнай адданасьці сваёй сацыялістычнай Радзіме і справе камуністычнай партыі.
Такія пасылкі абгрунтоўвалі тэорыю аб стыхійным супраціве акупантам з самых першых дзён вайны. Усялякія іншыя матывы паводзін беларускага насельніцтва, як, да прыкладу, нежаданьне ўмешвацца ў нямецка-савецкую барацьбу, падтрымка акупацыйнага рэжыму або выкарыстаньне яго ўва ўласных нацыянальных інтарэсах, – папросту выключаліся з разгляду.
Тым часам у беларускім грамадзтве не вялося ніякай папярэдняй прапагандысцкай падрыхтоўкі на выпадак нямецкай агрэсіі. Гэта быў вельмі важны фактар, які абумоўліваў стаўленьне грамадзтва да акупацыі. Прафэсар Чэслаў Малайчын трапна заўважыў наступнае:
У 1939–1941 г., г. зн. ува ўмовах савецка-нямецкага супрацоўніцтва, у Савецкім Саюзе пазьбягалі ўсяго, што магло б стаць для гітлераўскага Райху прычынай нападу і канфлікту. Нягледзячы на трывогу, выкліканую экспансіяй гэтай дзяржавы, у поглядах савецкіх людзей зьнікала адчуваньне грознай небясьпекі нямецкага нацызму, якую так моцна падкрэсьліваў у 1935 г. Камінтэрн; не было інфармацыі аб злачынствах Райху ў некаторых, ужо занятых ім, краінах…
Ува ўмовах псыхалягічнай нэўтралізацыі грамадзтва стаўленьне да нямецкага нападу і акупацыі фармавалася на падставе ўласнага досьведу, на ўражаньнях ад савецкай рэчаіснасьці. Асабліва складаная сытуацыя панавала ў Заходняй Беларусі. Беларускае насельніцтва гэтага краю пры канцы 1939 г. з радасьцю сустрэла савецкую аграрную рэформу і ліквідацыю польскага асадніцтва. Але неўзабаве пачалася прымусовая калектывізацыя, пераважная частка сялян сустрэла яе варожа. І хоць да чэрвеня 1941 г. пад калектывізацыю падпала ўсяго 49 тыс. вясковых гаспадарак, г. зн. толькі 6,7 % ад іх агульнай колькасьці, ход падзеяў сьведчыў пра немінучы працяг гэтай кампаніі.
Нельга, аднак, сьцьвярджаць, што адны асьцярогі перад калектывізацыяй вызначалі стаўленьне большасьці беларусаў да савецкай улады. Часта яны самі станавіліся яе апорай і мелі прытым немалы выйгрыш, асабліва ў галіне асьветы, культуры і грамадзка-палітычнай пэрспэктывы. Пры гэтым, праўда, пачаліся палітычныя рэпрэсіі і дэпартацыі, якіх не пазьбеглі нават дзеячы былой КПЗБ, але масавым зьявішчам яны ня сталі і не зьмянілі такім чынам прыхільнага настрою шырокіх сялянскіх масаў да савецкай улады. Дарэчы, нават Уладзіслаў Казлоўскі, лідэр беларускага нацыянал-сацыялізму, у гэты час спакойна жыў у Вільні, магчыма, у гэтым праявіўся ўплыў тагачасных савецка-нямецкіх стасункаў. Улады не чапалі таксама і дзеячоў Беларускага народнага аб’яднаньня – кс. Адама Станкевіча, Станіслава Грынкевіча-старэйшага, Язэпа Найдзюка. Тое самае датычыць прафэсара Вацлава Іваноўскага і інш.
Затое ў палякаў пасьля верасьня 1939 г. было шмат прычын для незадавальненьня. Гэтае насельніцтва ў 1920–1939 г. было часткай пануючай нацыі. Пасьля прыходу савецкіх уладаў яно апынулася ў становішчы нацменшасьці. Адчуваць такую перамену было вельмі балюча. Да таго ж на іх абрынуўся галоўны цяжар дэпартацыяў. Усе польскія ваенныя і цывільныя асаднікі, уся лясная служба падпалі пад высяленьне. Немалую частку высяленцаў склалі польскія чыноўнікі і паліцыянты.[60]60
Па зьвестках беларускіх дасьледчыкаў, агульная колькасьць польскіх чыноўнікаў, цывільных і вайсковых асаднікаў і іншых службоўцаў, якія ў 1921–1939 г. перасяліліся ў Заходнюю Беларусь, даходзіла да 300 тыс.
[Закрыть] Памешчыцтва (пераважна – польскае) страціла матэрыяльную аснову для існаваньня. Напалоханыя рэпрэсіямі, многія палякі шукалі сховішча ў Вільні або на тэрыторыі Генэральнага губернатарства. Яны абвінавачвалі ў гэтых падзеях ня толькі цэнтральныя савецкія ўлады, але і мясцовых беларусаў. Бо менавіта яны станавіліся ўладальнікамі перадзеленых маёнткаў і прылад працы, ім жа прыпісваліся і даносы, церазь якія людзі траплялі на высяленьне ў глыб СССР.
Нягледзячы на розны досьвед ад савецкай рэчаіснасьці ў беларусаў і палякаў, у першых данясеньнях Айнзацгрупы «Б» з Заходняй Беларусі адзначалася адназначна прыхільнае стаўленьне да прыходу нямецкіх войскаў сярод абедзьвюх групаў насельніцтва. Паводзіны насельніцтва пераходзілі ад «прыязнай нэўтральнасьці» да «радасьці з нагоды вызваленьня ад савецкага ярма, якая выяўлялася ў гатоўнасьці беларускага і польскага насельніцтва працаваць разам з намі ў справе аднаўленьня». Гэтая ацэнка, безумоўна, не датычыла ўсіх беларусаў і ўсіх палякаў, хоць даволі трапна характарызавала ўражаньні першых нямецкіх атрадаў (рапарты СД не прыхарошвалі рэчаіснасьці), аднак ня поўнасьцю адлюстроўвала сапраўднае стаўленьне мясцовых жыхароў.
Прыход немцаў беларускае сялянства адразу ж выкарыстала для роспуску ўсіх калгасаў і вяртаньня на сваю індывідуальную гаспадарку. У Заходняй Беларусі гэта было асабліва лёгка зрабіць, бо тутэйшыя калгасы пратрывалі ўсяго некалькі месяцаў. Гэтая акалічнасьць, напэўна, адыграла сваю ролю – нямецкія ўлады не супраціўляліся іх роспуску, хоць, паводле інструкцыі, павінны былі захаваць калектыўныя гаспадаркі. Затое ў астатніх жыцьцёвых галінах панавала напружанае чаканьне. Немцы не сьпяшаліся з вызначэньнем будучага грамадзка-палітычнага ладу, прыкрываючыся толькі агульнымі лёзунгамі аб вызваленьні ад бальшавізму. Частку беларусаў, найперш супрацоўнікаў савецкай адміністрацыі, настаўнікаў і г. д., ахапіла паніка. Яны баяліся помсты за сваю дзейнасьць у 1939–1941 г. з боку палякаў. Тое самае датычыла і сялянства, якое так ці іначай карысталася дабром, атрыманым у часе аграрнай рэформы.
Пры такой сытуацыі ў людзкіх настроях на Беларусі пераважалі няпэўнасьць і пасіўнасьць. Данясеньні Айнзацгрупы «Б» улетку 1941 г. адзначалі безыніцыятыўнасьць тутэйшага насельніцтва пры арганізацыі адміністрацыйнага апарату і паліцыі. Прычына, на думку немцаў, крылася ў расьцярушанасыц беларускіх лідэраў, і слабасьці беларускай інтэлігенцыі, якая не была падрыхтавана для кіраўніцтва адміністрацыяй. Таму пасьля хадайніцтваў Шчорса, шэфа групы «Цэнтар», у ліпені 1941 г. вайсковыя ўлады выдалі дазвол на арганізацыю беларускіх грамадзкіх камітэтаў. Яны павінны былі згуртоўваць інтэлігенцыю і рыхтаваць яе да кіраўніцтва адміністрацыяй, паліцыяй, школьніцтвам і інш. У ліпені такія камітэты зьявіліся ўва ўсіх буйных гарадох Беларусі, а таксама ў Беластоку і Вільні. Некаторыя зь іх, асабліва віленскі, наваградзкі, гарадзенскі і беластоцкі, горача прыняліся за справу, аднак ужо ў першай палове жніўня выйшаў загад аб іх роспуску. Захаваўся толькі віленскі камітэт, а пад канец 1941 г. да яго зноў далучыўся беластоцкі. Немцы спадзяваліся выкарыстаць іх у процівагу польскаму і літоўскаму насельніцтву.
Стараньні Шчорса па стварэньні на Беларусі беларускага адміністрацыйнага апарату падтрымлівала СД. Яна выказвала большае зацікаўленьне да нацыянальных праблемаў, чым вайсковыя камэндатуры. Нэбэ, шэф Айнзацгрупы «Б» (Einsatzgruppe «В»), на пачатку ліпеня, паведамляў, што яшчэ да нападу на СССР галоўная ўправа бясьпекі Райху вырашыла выкарыстаць дзеля гэтага беларускіх эмігрантаў з тэрыторыі Нямеччыны і Генэральнага губэрнатарства. Нэбэ разьлічваў, што яны будуць накіроўвацца на Беларусь, па дзьве-тры асобы на кожны горад, і зоймуцца там стварэньнем новай адміністрацыі. На загад Нэбэ такую групу беларускіх адміністрацыйных кадраў пачаў камплектаваць супрацоўнік СД у Варшаве штандартэнфюрэр СС доктар Франц Сікс. Пад яго кіраўніцтвам пачаў вэрбаваць такіх людзей і Шчорс. Але вынікі гэтай апэрацыі аказаліся значна больш сьціплыя, чым плянавалася. Было завэрбавала разам каля 50 асобаў, у першыя дні ліпеня іх заслалі на Беларусь. Пераважную частку агентаў накіравалі ўва Усходнюю Беларусь, прычым каля 30 асобаў пакінулі ў Менску. Таму выхадцы з эміграцыі адыгралі нязначную ролю ў арганізацыі адміністрацыйнага апарату і паліцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.