412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 15)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 22 страниц)

Якраз ці не ў гэты момант Зазыба вышыбаваў к азярцу, берагі якога параслі трыснягом і чаротам, таму з дарогі, якая агінала яго паўкругам, не кожны мог угледзець люстраную паверхню. Але ў адным месцы дарога ўсё ж падыходзіла блізка да берага, там буяў расхінуты па два бакі чарот, і ў прагаліне, скрозь якую блішчала сярэдзіна возера, стаяў човен, паточаны і патрэсканы, бы звычайнае карыта, якое выкінулі з двара без патрэбы. На чоўне гэтым можна было пераехаць напрасткі возера, тады б скарацілася дарога ў Мамонаўку, але на тое, акрамя жадання, патрэбна пэўная адвага: хоць і човен, ды мала чым лепей за дзіравае карыта. Адразу за возерам, ужо зусім непадалёк ад пасёлка, была мясціна, якую, ведаючы, рэдка хто мінаў. Мамонаўскі селянін, той самы Баханёк, які апошні пагнаў у Арлоўскую вобласць з калгаса кароў, спілаваў некалі там край балота дубок, а гадоў праз колькі раптам знайшоў, што пень падняўся ў рост чалавека. Яшчэ моцна не верачы сабе, Баханёк пачаў наведвацца туды часцей – сапраўды, год ад года пень вырастаў, як жывы. Тады Баханёк адкрыўся са сваёй тайнай другім. Здзіўленыя мужыкі чухалі патыліцу, круцілі галовамі, аднак не ўстрымаліся, каб не зрабіць на кары блізкага дрэва засечкі. Нарэшце на наступнае лета пераканаліся – пень і праўда ўзняўся вышэй засечкі. Нават старыя людзі і тыя не ведалі нічога падобнага раней – во, гаварылі, нездарма калісьці продкі нашы пакланяліся дрэвам, а найбольш дубу, які лічыўся святыняй у Перуна, галоўнага тутэйшага бога. Хто ведае, можа, Баханёк якраз і натрапіў на самы Перуновы дуб, нездарма ж цяпер працягвае расці нават пень... Праз нейкі час атрымалася так, што ад гэтай дарогі туды пралягла сцежка, якая праз балота вяла далей, да пасёлка. Праўда, хадзіць па ёй можна было толькі ў сухое лета. Але загадкавая таямніца «растучага пня» трымалася да таго часу, пакуль нехта з румаўскіх спецыялістаў, пакорпаўшыся вакол яго з рыдлёўкай, не высветліў надзвычай цікавую, калі не адзіную ў сваім родзе, то рэдкую ўжо, няйначай, з’яву: пень не спыняў росту таму, што карані яго даўно (яшчэ да таго, як Баханёк спілаваў дрэва) зрасліся з каранямі блізкай вольхі і працягвалі жывіцца ад іх. Тым не менш адкрыццё гэтае ніколькі не зменшыла цікавасці да яго. Асабліва таму, што блізка па дарозе быў рум і там заўсёды знаходзіліся людзі, якім таксама карцела падзівіцца з незвычайнага выпадку.

Патрывожыўшы сваім тупатам у чароце чырванадзюбых чыркоў, якія адразу, нават не зрабіўшы прывычнага круга, імкліва паляцелі кудысьці на другую ваду, Зазыба абмінуў азярцо. Ужо чуваць было, як у пасёлку нехта ляпаў па высахлым дзераве сякерай, бо гук здаваўся лёгкім і звонкім. Няйначай, што ад гэтай блізкасці Зазыбу зноў прыйшло ў галаву думаць, чаму раптам аднекуль вярнуўся Чубар, што змусіла зрабіць яго гэтак, але вынікам былі адны здагадкі, затое з нейкай трывожнай прыкрасцю ўспомнілася, як яны пагаварылі ў той, апошні, дзень, калі прыходзіў старшыня да намесніка ў хату. І ўсё-ткі час, які мінуў з таго дня, зрабіў сваё. Нечакана для сябе Зазыба адкрыў, што цяпер ён рады ў душы неспадзяванаму Чубараву з’яўленню. Радасць гэтая пакуль была неакрэсленая, нічым не падмацаваная, але тым не менш пачынала набываць жыццё ў ім, даючы надзею – нягледзячы на разыходжанні, якія здараліся паміж імі, Зазыба не сумняваўся ў адным і цяпер, бадай, у найбольш галоўным: нарэшце будзе не толькі пагаварыць з кім, а і свядома вызначыць багата якія варункі, згодна якіх давядзецца дзейнічаць ва ўмовах акупацыі.

Пра нараду ў каменданта таксама варта будзе расказаць Чубару, бо сам ён не асэнсаваў яшчэ яе як след – дзіва, але кожны раз, як падступаўся Зазыба ўзважваць у галаве пачутае ў воласці, знаходзілася раптам нешта такое, што выбівала яго з раўнавагі, нават бянтэжыла. Самы апошні такі момант быў зусім нядаўна, калі Зазыба намацаў у кішэні тую паперчыну, што даў яму ў рукі ля вазоў у мястэчку Брава-Жыватоўскі, а ён у сваю чаргу сунуў яе ў кішэню. Гэта была тая адозва дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару Фрындта, аб якой гаварыў на нарадзе Гуфельд і якую камендант загадаў развесіць паўсюль у воласці – мястэчку і ў вёсках. Напісана была яна на чатырох мовах – на рускай, беларускай, польскай і нямецкай – у чатыры слупкі зверху ўніз і пачыналася такімі словамі: «У інтарэсах бяспекі краіны і бяспекі маёмасці і дабра жыхароў будзе праводзіцца з усёй строгасцю нямецкіх улад барацьба з бандамі і групамі тэрарыстаў. Насельніцтва заклікаецца даць гэтаму дзейсную помач». Далей у тэксце ішлі адзін за адным пяць пунктаў, і амаль пасля кожнага з іх буйнымі літарамі было надрукавана: «...будзе расстраляны».

Уласна, і вайсковы камендант Крутагорскага раёна, і камендант Бабінавіцкай воласці ўжо дзейнічалі, зыходзячы з гэтай адозвы. Дзіва толькі, што звычайны загад чамусьці называўся адозвай! Чым глыбей Зазыба ўчытваўся пункт за пунктам у радкі, тым мацней, здавалася, стыла ў ім кроў. Але ўтрапёная думка, нягледзячы на гэта, хутка вывела яго да ўсведамлення адной вельмі важнай акалічнасці: аказваецца, дарэмна генеральны камісар Кубэ ўрачыста абвяшчаў, што «прагучаў і змоўк бразгат зброі на Беларусі». Адозва, якую трымаў у руках Зазыба, гаварыла якраз наадварот – не, не змоўк!

Сапраўды, Чубар жыў гэты час у Мамонаўцы. Выходзіла, Зазыба акурат разважаў тады – старшыня, няйначай, перш-наперш падасца пасля вандравання да Аграфены. Ён і раней ледзь не кожнага вечара наведваўся ў пасёлак, а цяпер тым больш не праміне хаты, дзе заўсёды рады яму.

Сувязь іхняя – Чубара і Гапкі Азаравай – была бяльмом на воку ў людзей: асабліва асуджалі іх за тое, што Чубар пачаў хадзіць да гэтай жанчыны неўзабаве па гібелі мужа яе ў фінскую вайну. Такое лічылася вялікім грэхам не толькі ў вёсцы. Таму нават пасля таго, як Чубар сказаў, што збіраецца ажаніцца на Гапцы, верамейкаўцы разам з кулігаеўцамі ды мамонаўцамі не перасталі ў адсутнасці іх з пагардай крывіць губы – адны не маглі дараваць ім тое, што яны не пачакалі са сваімі любошчамі і года, скрозь які Гапцы належала строга насіць жалобу па забітым мужу, другія ж, карыстаючыся парушэннем гэтага даўняга звычаю, проста зласловілі. Тым часам самі вінаватыя, здавалася, зусім не звярталі аніякай увагі на чужыя абгаворы, мусіць, лічачы іх за звычайныя плёткі – вось ужо праўда, што каханне сляпое!..

Чубар прыйшоў у Мамонаўку ўранку, адразу як пераначаваў у лупільні.

Калі ён пасля сну на досвітку выглянуў з хаткі, то быў прыемна здзіўлены – ласяня скрозь усю ноч заставалася на месцы. Вуж – той споўз з парога і кудысьці зноў схаваўся пад падлогу, а ласяня ляжала сабе і, мусіць, моцна спала, бо галаву падняло толькі тады, як Чубар затупаў побач. Убачыўшы чалавека, яно хуценька, бы са страху, ускочыла на ногі, але не адбеглася прэч. Небарака за сваё малое жыццё столькі займела пакуты ад людзей, а тут стаяла і нібыта радавалася, што не праспала, акурат малалетні хлопчык, якога бацька паабяцаў узяць з сабой у паездку ды паказаць там нештачка. Чубар удыхнуў ва ўсе грудзі халоднага паветра, пазяхнуў, дзівячыся, што яшчэ з учарашняга на небе свяціўся месяц. Ісці ў Мамонаўку належала ў абход Верамеек. Але дарога ўсё роўна збольшага была вядома. І Чубар, доўга не бавячыся на месцы начлегу, рушыў. Ласяня таксама не адставала. Яно толькі пастаяла трохі ля хаткі, быццам па дамоўленасці, гуляючы ў хованкі, а тады кінулася даганяць Чубара, які знік за першымі кустамі. Пакуль не зайшоў месяц і не пачаўся сапраўдны ранак, Чубару неабходна было спяшацца прайсці самыя людныя мясціны, тыя скрыжаванні і ўрочышчы, дзе хутчэй можна напаткаць чалавека, хоць бы нават і звычайнага грыбніка. Але недзе за возерам – якраз на палавіне дарогі к пасёлку – яго, як спадцішка, пачало раздражняць шорганне маленькіх капыткоў ззаду, акурат ласяня ўжо замінала ісці. З прыкрасцю падумалася: «Ну, куды яго прывядзеш, калі сам яшчэ бяздомны?» Гэта і дало ўсяе рады – раптам Чубар сігануў у яловы гушчар, падалей ад сцежкі, а там, з падрапаным тварам, выскачыў на нейкі ўзбалотак, акружаны, быццам назнарок, вузкаю стужкай бярэзніку, і, лішне не робячы шуму, шыбануў наўдаку, каб інтуітыўна выйсці на мамонаўскую дарогу. Праўда, ужо ў Мамонаўцы ён пашкадаваў, што пакінуў за возерам ласяня адно, не прывёў з сабой, дзе яго льга было калі не прыручыць, то хоць патрымаць колькі часу, пакуль не падрасло б для самастойнага жыцця на адзіноце ў лесе.

Гаспадыня ўбачыла Чубара праз акно, калі той нацянькі выйшаў з лесу. Яна памкнулася была насустрач яму, але тут жа стрымала сябе, каб дачакацца яго ў сенцах. Як толькі Чубар пераступіў першы парог, Гапка, зусім не саромеючыся дзяцей, павісла ў яго на шыі. У той дзень яна нават не пыталася, адкуль ён узяўся ў іх, чаму і ці доўга збіраецца быць. Яна адно радавалася, што Радзівон неспадзявана вярнуўся да яе, і не хавала гэтага ад яго, цяпер яна не схавала б свае радасці і ад людзей, калі б можна было хоць каму паказаць яе.

Як і ўяўляў сабе Чубар па дарозе ад фронту, спярша сапраўды было ўсё – і гарачая лазня, якую падрыхтавала Гапка к наступнаму вечару, і бясконцыя ласкі. Але неўзабаве, ужо дзён праз колькі, Чубар адчуў, што гаспадыня раптам як бы пачала бянтэжыцца, што нічога не ведае пра яго думкі, пра яго планы. Чубар, вядома, не стаў скрывацца ад яе, урэшце, у гэтым не было сэнсу, бо некаму ж ён павінен цалкам давярацца, а яна слухала і ўсё тускнела тварам, быццам паступова расчароўвалася ў сваіх спадзяваннях. Бачачы, што ў іх адносінах расце адчужанасць, Чубар разумеў – неабходна, каб паміж імі настала канчатковая яснасць. Але размову такую ўсё адцягваў, дакладней, проста не рашаўся распачаць яе, нібыта ў душы баяўся, што натрапіць на нешта прыкрае, што яму адмовяць у гэтай хаце ў чымсьці такім, без чаго далейшае існаванне не мае сэнсу...

Зазыбу сёння Гапка сустрэла таксама раўніва, можа, нават варожа, усё роўна як чалавек прыйшоў, самае меншае, апісваць за нейкія даўгі маёмасць.

А Чубар, наадварот, узрадваўся.

– Ты як даведаўся, што я тут? – спытаў ён узрушана ў Зазыбы пасля таго, як яны моцна парукаліся ў хаце.

– Сарока адсюль прылятала,– пажартаваў Зазыба, таксама не хаваючы сваёй радасці.

– Ну, а папраўдзе?

– Калі папраўдзе, то бабінавіцкі яўрэй Хоня сказаў мне.

– Дзе ты яго бачыў?

– У мястэчку.

– І ён табе сказаў, што я ў Мамонаўцы? – насцярожыўся Чубар.– Адкуль ён мог ведаць?

– Не, пра гэта я сам здагадаўся.

– То і добра,– супакоіўся Чубар.– А то я ўжо, грэшным дзелам, падумаў... Але сядай,– прапанаваў ён і, як толькі Зазыба апусціўся на самаробнае, з пукатаю спінкаю крэсла, якое нібыта назнарок было пастаўлена зараней падалей ад вокнаў, спытаўся пра самае галоўнае: – Ну, як тут, намеснік? Што новае?

Зазыба ўсміхнуўся:

– Гм, новае... Новага шмат, лічы, што ўсё новае. І самае першае, гэта тое, што ты цяпер ужо не старшыня, а я не намеснік. Бо калгаса няма.

– А не паспяшаліся вы яго распусціць?

Зазыба паціснуў плячамі, зноў усміхнуўся, але больш нецярпліва.

– Я і сам адзін час думаў, ці не паспяшаліся мы. Ажно палаяўся быў з тым-сім. А тады бачу—самы раз так і зрабіць. Асабліва калі ўлічыць, што камендант таксама нездавальненне выказаў нашым паспяшаннем, нават праработку зрабіў мне за гэта на нарадзе.

– Што за нарада?

– Звычайная. Немцы збіралі паліцэйскіх, старастаў, старшынь калгасаў, там, дзе яны засталіся яшчэ, ну і раіліся, як новы парадак ладзіць.

– А ты пры чым тут? Ты ж не стараста і не паліцэйскі? Нават не старшыня калгаса?

– I я так лічыў, што ні пры чым. А камендант чамусьці не паверыў. Выклікаў таксама на нараду. Ды і кажа пры ўсіх, што мы самаўпраўствам заняліся, падзяліўшы калгасную маёмасць. Гразіўся, што будзе расследаваць справу. Так што, не адзін ты нездаволены.

– Ну, камендант – гэта адно, а я – другое.

Зазыба раптам адчуў у Чубаравым голасе ранейшую ўпартасць, якая часам межавала з безразважлівасцю і якая нярэдка перашкаджала ім шукаць згоды паміж сабой. Таму сказаў памяркоўна:

– На гэта ёсць рашэнне калгаснага праўлення. Пратакол таксама складзены, каб раздаць маёмасць і падзяліць пасевы. Але не насаўсім, а толькі на захаванне калгаснікам, да прыходу Чырвонай Арміі.

– Нешта я не чуў раней такой дырэктывы? Што, паступіла новая? – пранікліва глянуў на Зазыбу Чубар.

– Проста праўленцы самі рашылі так.

– З тваёй, канечне, дапамогай?

– Але.

– А што я табе казаў? Загадана ж было знішчаць усё, знішчаць! Не захоўваць, а знішчаць! Думаеш, немцы такія дурні, каб не адшукаць, што вы дзе пахаваеце? Я сам некалі, пры раскулачванні, займаўся такой справай, дык ведаю.

– Ну, што знойдуць, а што і не.

– Вось, вось!..

Бачачы, што Чубару мала западаюць ягоныя довады, Зазыба рашыў падысці да пытання з другога боку, спадзеючыся, што гэта ўжо, няйначай, падзейнічае як след.

– Вось ты кажаш,– паківаў галавой ён,– што нібыта ўсё трэба толькі знішчаць, каб не дасталося немцам. А, думаеш, мне вельмі хочацца, каб яны сычалі на ўсім нашым? Дарэчы, я пасля размаўляў і з Маштаковым. Той таксама не патрабаваў, каб я напрапалую знішчаў усё.

– А чаго ж ён хацеў?

– Ну, канкрэтных указанняў ён не даваў, але знішчаць калгасны набытак не загадваў. Казаў, у прыватнасці, што хлеб і самім спатрэбіцца.

– Калі гэта было?

– Здаецца, ці не на другі дзень, як ты пайшоў з Верамеек.

– Ён да цябе прыязджаў?

– Не, у Кулігаеўку. А мяне пасля ўжо туды паклікалі.

– Ну, і пра што вы гаварылі?

– Збольшага пра ўсё. Дарэчы, пра цябе ён таксама пытаўся.

– А ты што?

– Сказаў, што бачылі цябе на бальшаку, мусіць, падаўся ў Крутагор’е.

– А ён?

– Абураўся. Казаў, што цябе недзе чакалі перад гэтым, а ты не з’явіўся.

Чубар пасля гэтага доўга маўчаў, потым спытаў:

– Як думаеш, ён тут, у раёне?

– Чаго не ведаю, таго не ведаю,– развёў Зазыба рукамі.

Тады Чубар страсянуў паваротам галавы свае валасы, каб не спадалі на лоб і ляжалі раўней, адагнаў з твару ўнутраную задумлівасць, якая ў самы апошні момант прыйшла замест нецярплівасці і рашучасці, і перавёў гаворку на іншае.

– Ну, пра калгас і пра тое, што вы цяпер робіце, я наслухаўся ўжо за гэтыя дні і ад яе.– Чубар кінуў позірк на гаспадыню, якая ўсё яшчэ знаходзіла сабе нейкія справы ў хаце.– Адно не хапала пачуць з вуснаў галоўнай дзеючай асобы. Цяпер і гэта адбылося. Такім чынам трэба лічыць, што новы парадак у Верамейках ужо дзейнічае. І паліцэйскі ёсць?

– Ёсць. Брава-Жыватоўскі.

– Шкада, што да яго ў свой час не дабраліся. Прытаіўся, падлюга.

– Ты з ім асцярожней. Узброены ходзіць, ды і гразіўся неяк, што не пашкадуе цябе, калі сустрэць давядзецца.

– Тут хто каго. Я таксама без вінтоўкі не хаджу. Але паразводзілі тут свалаты рознай!

– А яна неяк сама.

– Бо чакала, пакуль час настане. Брава-Жыватоўскі таксама быў на нарадзе?

– Гэта ж ён мяне і вазіў.

– Значыць, пачаў камандаваць?

– Асцерагаецца яшчэ браць усё на сябе, але справа ідзе к таму.

– Што яго насцярожвае?

– Выгадвае, каб ужо напэўна ўсё было. Каб не выйшла якой неспадзеўкі – а раптам нашы папруць немцаў назад?

– Глянуць бы адным вокам на яго.

– Думаю, што не размінуцца вам.

– Значыць, цябе немцы лаялі, што калгас распусціў? – чамусьці зусім весела, быццам стрымліваючы сябе ад смеху, паглядзеў на Зазыбу Чубар.– А што яны думаюць?

– Як што думаюць? – не зразумеў Зазыба.

– Ну што яны хочуць мець ад калгаса? – удакладніў Чубар.

– Хлеб,– адказаў Зазыба.

– Дык што, яны наогул пакідаць збіраюцца калгасы? – недаўменна заплюскаў вачамі Чубар.

– Здаецца, не. У іх усё прадумана ўжо. Зноў абяцаюць сялянам індывідуальнае землекарыстанне. Але з паступовым пераходам. Цераз абшчыну.

– А якая карысць ім тады марудзіць?

– У іх і на гэты конт ёсць сваё тлумачэнне. Але ўсе тлумачэнні – пустое. Проста, патрэбны хлеб наш. Ну, а з калгаса лягчэй яго забраць. Далей там, маўляў, яшчэ невядома што будзе, а цяпер зразумела – сёлетні хлеб вырашчаны, значыць, не трэба перашкаджаць мужыкам рознымі перадзеламі ўбіраць яго.

– Вось бачыш,– усклікнуў Чубар,– немцы сваёй рахубы трымаюцца, а ты памагаеш ім!

– Я ўжо табе не адзін раз казаў,– паморшчыўся Зазыба,– не трэба ўсё зводзіць да аднаго сэнсу – пакінуць хлеб ці знішчыць. Думаеш, Чырвоная Армія сюды вернецца і з хлебнымі абозамі, каб мужыкоў нашых карміць?

– Перастань ты, Зазыба, гэтак пячыся пра мужыкоў! Ідзе вайна. І нам з табой зусім пра другое трэба думаць.

– Пра людзей таксама трэба думаць.

– Ну, ты як знаеш, а я патураць не збіраюся. Не за гэтым вяртаўся сюды. Ты, мусіць, думаеш, што я ўвесь гэты час па кустах аціраўся? Я паўсвету ўжо абысці паспеў. На-тка вось, прачытай.– Ён выняў з кішэні складзены аркуш паперы з прамовай Сталіна, якую атрымаў ад палкавога камісара, падаў Зазыбу.

Але Зазыба адно глянуў на загаловак ды прачытаў першыя радкі.

– Гэта я чытаў. Яшчэ тады, як друкавалі газеты.

– То было ў газетах, а цяпер, бачыш, мандат. Мне яго даў адзін вялікі чалавек, калі накіроўваў сюды. Бо тут пра ўсё добра сказана, што і як. Таму няма чаго выстаўляць сваю народніцкую палітыку. Цяпер не да яе.

– Ніякая яна не народніцкая, а самая савецкая.

– Але ты нарэшце павінен зразумець, што на вайне трэба ваяваць.

– Дык ці я адмаўляю гэта? Але мы з табой не зусім на вайне. Пакуль што мы з табой хутчэй у вайне, чым на вайне.

– Значыць, неабходна і тут распаліць яе. Дарэмна не захацеў чытаць да канца. Тут так і напісана:

«...Трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды...»

– Я ж табе сказаў – я і так ведаю гэту прамову. Яшчэ з таго, як яна друкавалася ў газетах і перадавалася па радыё. Сталін сам гаварыў. Але як ты са сваёй конніцай збіраешся харчавацца ў тыле? Можа, спадзяешся, што табе і авёс для коней, і кашу грэцкую для партызан з самалётаў скінуць?

– А хоць бы і так! Наладзіш сувязь, і табе даставяць усё, што трэба.

– Дзе яны цяпер, тыя самалёты? Нешта я не бачыў, каб... Нямецкія лётаюць, а нашых не відаць.

– Знойдуцца самалёты, калі спатрэбіцца.

– Ну да, паслухаўшы цябе, дык усё лёгка робіцца, быццам і праўда цяпер іх не відаць таму, што не патрэбны. Я вунь вяртаўся ў Верамейкі з Арлоўшчыны, дык нагледзеўся – іхнія ўвесь час вісяць над дарогамі, бамбяць ды страляюць з кулямётаў, а нашых часцей і блізка няма, добра, калі артылерысты зеніткамі адгоняць. Не, брат, не так усё проста, як здаецца ды хочацца нам. Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым. Шчорсава войска некалі таксама партызанскім называлася адзін час, але я не помню, каб мы вось так крычалі – палі, знішчай!.. Праўда, цяпер і абстаноўка не тая, і вайна не тая. Аднак жа людзі ёсць людзі. І тады яны людзьмі былі, і цяпер імі засталіся. І жыць яны мусіцьмуць.

– Ты зноў пра сваё!..

– Я не пра сваё,– запярэчыў Зазыба,– а якраз пра тое, пра што і ты. Так што ў нас інтарэс адзін. Не сумнявайся. Але не трэба з бухты-барахты. Неабходна ўлічваць розныя акалічнасці. Ты вось паперчыну паказваеш, а ў мяне таксама ў кішэні нібыта дзеля такога выпадку прыпасена другая. Пачытай, каб і для цябе стала сёе-тое больш зразумела, у кожным разе, каб хоць цяпер ты не пароў гарачкі.

Ён выняў з кішэні адозву дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару, падаў Чубару. Той узяў, глянуў на яе і буркнуў:

– Ну от, знайшоў што параўнаць!

– Гэта не для параўнання,– сказаў непахісна Зазыба.– Хутчэй для яснасці.

– А што гэта азначае – дзяржаўны камісар у застэмпоўстве?

– Не ведаю, я такога слова раней не чуў,– адказаў Зазыба.

– «Хто ўбачыць падазроныя асобы,– пачаў з першага параграфа ўслых чытаць адозву Чубар,– асабліва парашутыстаў, асобных савецкіх афіцэраў або салдат, шпіёнаў або сабатажнікаў, савецкіх службоўцаў і гэтак далей, або ведае што-небудзь аб іх знаходжанні, той павінен заявіць зараз жа бліжэйшай нямецкай або не нямецкай уладзе. Хто данясенне занядбае або варожым асобам помач якую-небудзь акажа, прытулак, ежу ці іншае, будзе расстраляны. За дадзеныя, якія дапамогуць злавіць злачынцаў, што парушаюць публічную бяспеку і парадак, кожны можа атрымаць ад камісара акругі ўзнагароду ў пяць тысяч рублёў». Гм, значыць, і за мяне могуць даць пяць тысяч? – усё роўна як здзівіўся Чубар.

– Выходзіць, што могуць,– кіўнуў Зазыба.– Але чытай далей.

– «Прозвішчы тых, хто выдасць злачынцаў, могуць быць па іх жаданню захаваны ў сакрэце. На жыхароў населеных пунктаў ускладаецца адказнасць за бяспеку тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі, дарог, у тым ліку і чыгунак, як і за ўсе іншыя нямецкія прылады.

За занядбанне абавязкаў будуць карацца жыхары...»

– Бачыш, ты сабе думаеш так, а чорт перайначвае,– сказаў Зазыба, як толькі Чубар скончыў чытаць.

– Чорту чартаваць, а нам трэба яго выганяць. Але калі будзеш дужа ўчытвацца ў такія вось адозвы, як гэта, што напісаў нейкі Фрындт, то наўрад ці выганіш. Такія адозвы разлічаны на тое, каб мы ўсе, хто трапіў пад акупацыю, сядзелі, як мышы пад венікам, і ні гугу. Яны хочуць нашых людзей рабамі мець, таму і палохаюць, каб адабраць волю да супраціўлення, дэмаралізаваць. Дзе ты яе ўзяў?

– У камендатуры ўсім давалі.

– Нябось, расклейваць наважыліся?

– Раз надрукавана, значыць, будуць і расклейваць.

– І ты памагаць збіраешся?

– Я проста хачу разабрацца, што тут да чаго!

– Здаецца, час ужо быў разабрацца.

– Цяпер кожны дзень нешта новае дадае.

– Яно і дадаваць будзе, але гэта яшчэ не азначае, што мы павінны сядзець, склаўшы рукі, ды чакаць, пакуль усё да канца высветліцца, бо можа позна быць. Па-мойму, ты проста альбо баішся, альбо...

– Не рабі сабе лішняй цяжкасці,– перахапіў Чубараву гаворку Зазыба.– Гэтыя твае «альбо» ў дачыненні да мяне не падыдуць. Я не меншы патрыёт, чым хто іншы, і не менш за каго разумею, што трэба брацца за зброю. Але я таксама і за тое, каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць.

Ці то Зазыбавы довады нарэшце памелі вагу, дайшлі да Чубаравага разумення, ці то ён яшчэ не сабраўся з думкамі супраць іх, але раптам перастаў пярэчыць – аблакаціўшыся на край стала, ля якога сядзеў, задумана паклаў галаву правай шчакой на далонь і ссунуў густыя чорныя бровы. Хоць яны – ужо сапраўды былыя старшыня калгаса і намеснік – гэты час, пакуль былі разам у Гапчынай хаце, лічы, спрачаліся, іначай іхнюю размову нельга назваць, каб і хацеў, аднак на твары ў Чубара ўжо не відаць было і следу нават ад узбуджанасці. Гэтая нечаканая перамена, выкліканая, можа, унутранымі супярэчнасцямі, ажно кранула Зазыбу, яму зрабілася ніякавата, акурат ад таго, што пакрыўдзіў чалавека, у шчырасці намераў якога не даводзілася сумнявацца. Чубар колькі часу маўчаў, а Зазыба глядзеў на яго з нейкім вострым, як не шчымлівым пачуццём, здаецца, упершыню выразна зразумеўшы вялікую розніцу паміж сабой і ім ва ўзросце. Дасюль Зазыбу чамусьці ніколі не прыходзіла і ў галаву, што такая розніца існуе, бо Чубар заўсёды быў для Зазыбы чалавекам, які змяніў яго на пасадзе, значыць, іх ураўнялі ва ўсім самі акалічнасці. А тут Зазыба раптам, ўсё роўна як нечакана, адкрыў для сябе, што намнога старэйшы за Чубара, па сутнасці, той мог быць яго сынам. Пачаўшы думаць так, ён не мог не адзначыць таксама, што Чубар змяніўся нават і з выгляду, пакуль недзе адсутнічаў,– твар нібыта завастрыўся, і шыя патанела, а высокі адкрыты лоб пабраўся глыбокімі складкамі, якія сыходзіліся ўпоперак да носа; пад выпуклымі надброўнымі дугамі, крыху прыкрытыя павекамі, стоена хмурыліся цёмныя вочы.

Няйначай, Чубар неўзабаве адчуў, што Зазыба зблізку разглядвае яго, тады страпянуўся, акурат нездаволены ці злоўлены на чымсьці патаемным, і ўстаў з такога ж самаробнага крэсла, на якім сядзеў і Зазыба, і, залажыўшы рукі за спіну, прайшоўся шырокімі крокамі раз, і другі, і трэці па хаце.

Зазыба, між тым, застаўся на месцы, адно павярнуўся трохі, каб не сядзець да Чубара спіной.

Нарэшце Чубар перастаў мераць крокамі падлогу, спыніўся ля стала і зноў улаштаваўся на сваё крэсла, сціснуўшы каленкамі складзеныя ў далоні рукі.

Зазыба разумеў, што размова яшчэ не скончана, больш таго, на некаторыя пытанні ён так і не адказаў Чубару, бо той вельмі нястрымана паводзіў сябе, паварочваў часта гаворку зусім у іншы бок, асабліва тады, як пачынаў упарта адмаўляць, здавалася б, бясспрэчныя рэчы, адстойваючы свой погляд на іх; але разумеў Зазыба таксама і тое, што ініцыятыва ў гаворцы і надалей будзе за Чубарам, менавіта ад Чубара залежыць, на чым яны сыдуцца тут сёння, хоць, вядома, дужа хацелася прымусіць таго глянуць на ўсё вачамі чалавека, што моцны не толькі адданасцю агульнай справе, якая сапраўды цяпер зводзілася да аднаго – да барацьбы з ворагам, але і развагай, здольнасцю ацаніць як след абстаноўку і дзейнічаць згодна гэтай ацэнкі.

Апошняй спробай схіліць Чубара да большай стрыманасці было хоць і нясмелае, але ўсё ж пярэчанне, калі Чубар, пасядзеўшы трохі, сказаў з дакорам:

– Не выканалі мы, Дзяніс Яўменавіч, дырэктывы, не ўсё зрабілі, што ад нас патрабавалася...

– Дык... Можа, дырэктыва памянялася ўжо... Гэта ж калі тое было, а цяпер, мусіць, новыя дырэктывы ёсць. Толькі мы пра іх не ведаем.

– Ніхто той дырэктывы не адмяняў,– смыкнуў шчакою Чубар.– Дырэктыва была дадзена правільная.– І спытаў: —Што ты збіраешся рабіць заўтра?

– Здаецца, нічога,– адказаў Зазыба, але тут жа спахапіўся: – Хоць не, што я кажу – д’ябал, мусіць, ужо знайшоў работу.

– Які д’ябал?

– Камендант.

– Што, ужо дайшло да таго, што камендант загадвае, а ў вас пад каленкамі трымціць?

– Не дужа каб трымцела, а загад выконваць мусіш.

– І што ён такое загадаў?

– На Дзяражні ў Белай Гліне разбураны мост. Ці то нашы ўзарвалі, як адыходзілі, ці пасля хто разбурыў. Дык цяпер вось адбудоўваць трэба. Загадана запрэгчы ўсе падводы, якія ёсць у гаспадарцы, ды накіраваць з мужыкамі ў Белую Гліну.

– Якраз заўтра?

– Дакладна не ведаю, але трэба чакаць, што Брава-Жыватоўскі пачне хутка выконваць камендантаў загад.

– Ну, вось,– пагардліва ўсміхнуўся Чубар.– Чырвоная Армія паўзрывала масты на рэках, а вы, патрыёты, збіраецеся цяпер па загаду нейкага нямецкага каменданта адбудоўваць іх.

– Дык...

– Што «дык»? – не перастаў пагардліва ўсміхацца Чубар.– Паставіць бы там, у саснячку, што насупраць маста, станкач з поўнымі лентамі ды свінцом па вас, свінцом!

– А ты гэтак і зрабі! – акурат узрадавана зварухнуўся Зазыба.– Ды з кулямёта не па нас, мы тут ні пры чым, а па фашыстах, па фашыстах свінцом сваім. Вось тады і мы разбяжымся хто куды, як ты пастраляеш іх і не будзе каму загадваць ды прымушаць нас пад палкай, а то і пад пагрозай смерці.

– Думаеш, не зрабіў бы?

Зазыба паціснуў плячамі.

– Быў бы кулямёт,– сапраўды пашкадаваў Чубар,– то не вельмі асцерагаўся б я.

– Ну, а раз няма кулямёта, то няма чаго і гаварыць, а тым больш папікаць,– акурат блазнуючы, бліснуў вачамі Зазыба.– Словам, пакуль кулямёты ў адных немцаў, то выбачай. Ніхто не захоча стаць добраахвотна пад тыя кулямёты. Мы ў Верамейках і то пераканаліся ўжо, як яны могуць наводзіць на людзей кулямёты.

Але Чубар нібыта не слухаў Зазыбу.

– І ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? – наперад здзіўлена спытаў ён.

– Паеду,– упарта крутануў галавой Зазыба.– І справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць.

– Але кроў герояў, Дзяніс Яўменавіч, памагае спець ідэям,– зусім не хвалюючыся, што сваёй жорсткасцю не толькі крыўдзіць, а і абражае Зазыбу, сказаў Чубар.

– Хапіла ўжо крыві і без маёй для ідэй,– спакойна адказаў на гэта Зазыба.– Кроў тут не паможа. Трэба зрабіць так, каб не мы немцаў баяліся, а каб яны нас. І не крывёй сваёй мы павінны напалохаць іх, а зброяй. Я вось так разумею справу і хачу, каб і ты нарэшце зразумеў гэта.

– А я хачу, каб ты ўсё ж не ехаў у Белую Гліну. Табе трэба з’ездзіць у іншае месца.

– Куды гэта?

– У Машавую. Думаецца мне, што нашы пакінулі для падпольнай работы некага ў раёне. Не можа быць, каб з кіраўнікоў ніхто не застаўся. Столькі дырэктыў розных было, цыркуляраў. Не, не павінна быць, абавязкова каго-небудзь пакінулі тут. Дарэчы, пра гэта гаварыў і той чалавек, які накіроўваў мяне сюды.

– Што за чалавек? – дапытліва глянуў на Чубара Зазыба.

– Не ўсё роўна. Чалавек і чалавек, вышэй нас з табой!

– Але чаму ехаць акурат у Машавую?

– Мне так думаецца. Справа ў тым, што ў пачатку жніўня, якраз незадоўга да акупацыі, мяне таксама выклікалі нечага туды. Відаць жа, не дарэмна збіраў райком камуністаў, якія мелі браню ад прызыву ў армію?

Зазыба задумаўся – супраць гэтай Чубаравай прапановы ён нічога не меў. Наадварот, ухваліў – нарэшце, за столькі часу сказана нешта больш-менш канкрэтнае, хоць яшчэ і не ведаў, да каго там, у Машавой, трэба будзе звярнуцца яму. Нарэшце ўспомніў – непадалёку ад вёскі, у пасёлку Дзяржынне жыў яго даўні таварыш, ляснік Арцём Алейнікаў, таксама, як і Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны.

То быў чалавек цікавага і нялёгкага лёсу. Яшчэ задоўга да рэвалюцыі, ці не ў адзінаццатым годзе, скончыўшы народную школу, падаўся ён з беларускай вёскі на Далёкі Усход і колькі часу працаваў матросам на параходнай прыстані ў Благавешчанску. Затым яму пашанцавала ўладкавацца на службу ў кантору Амурскага таварыства параходства і гандлю. Але пачалася вайна з кайзерам, і яго мабілізавалі ў армію, а там яго, як чалавека «пісьменнага», прызначылі пісарам асобнага артылерыйскага дывізіёна, узброенага, як ён любіў гаварыць ужо ў мірны час, французскімі далёкабойнымі гарматамі. У снежні семнаццатага года, калі выпала магчымасць пакінуць армію, вярнуўся Арцём у родную вёску. Аднак канчаткова парваць сувязь з арміяй не ўдалося. У маі наступнага года ён становіцца справаводам мабілізацыйнага аддзела Клімавіцкага ваенкамата з выкананнем абавязкаў спярша камісара павятовай паштова-тэлеграфнай канторы, потым камісара адразу некалькіх валасцей, у тым ліку і Бялынкавіцкай. Ну, а ў дзевятнаццатым годзе былы пісар, справавод і камісар паступае ў Чырвоную Армію, спярша зноў ваюе з немцамі, з гайдамакамі, затым з белагвардзейцамі і белапалякамі... Быў двойчы паранены. Уласна, па раненню ў дваццаць першым годзе і дамоў вярнуўся. Пачаў працаваць аб’ездчыкам у лясніцтве. Потым падаўся вучыцца – скончыў курсы па лесаэксплуатацыі, пасля чаго быў прызначаны памочнікам ляснічага. Але ў трыццаць пятым годзе Арцёма раптам выключылі з партыі, абвінаваціўшы ў сувязі з класава варожымі элементамі – за тое, што нібыта трымаў на працы раскулачаных. Праўда, на судзе факты яго апякунства над класава варожымі элементамі не пацвердзіліся, і ён быў адноўлены ў партыі нават без партыйнага спагнання. І тым не менш на ранейшую пасаду Алейнікаў ужо не трапіў – у часе папярэдняга заключэння ў яго пайшла кроў з вушэй, чалавек страціў слых. Давялося здаволіцца працай звычайнага лесніка.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю