Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 22 страниц)
«Вэг! – нарэшце ўзбурыўся сваёй няўдачай унтэр-афіцэр, і Макс з другім салдатам кінуліся адпіхваць аўтаматамі верамейкаўскіх баб.– Вэг!»25
«Вэг!» – з нейкай зацятай ахвотай паўтаралі яны, акурат ляскалі пугамі, кароткае унтэр-афіцэрава слова і ўсё далей адпіхвалі аўтаматамі баб, ажно пакуль не загналі ўсіх у бакавую вулачку, вузкую і кароткую, звычайны завулак, што недзе злучаў сабой другую, паралельную гэтай, вуліцу.
Зноў, як і на тым скрыжаванні, верамейкаўскія кабеты збіліся ў гурт, але не шумелі, стаялі моўчкі, толькі некаторыя, найбольш трапяткія і жаласлівыя, ціха ўсхліпвалі ды выціралі рукамі вільготныя ямкі пад вачамі.
Неўзабаве стала чутно, як на скрыжаванні загурчалі маторы, адразу запахла скрозь дымам, які неўпрыкмет паплыў на местачковых гародах. Можна было здагадацца, што нямецкая аўтакалона нарэшце збіралася рушыць далей. Але жанчыны яшчэ доўга не адважваліся падысці па завулку ды глянуць уздоўж шляху. І толькі тады, як шум матораў аддаліўся ад скрыжавання і пачаў паступова сціхаць, смялейшыя з верамейкаўскіх кабет набраліся духу датупаць да таго месца ў завулку, адкуль направа і налева праглядвалася ўдоўж сама вуліца. Ад скрыжавання яна ішла ўгору, дужа гарбацілася за якога паўкіламетра адсюль і ўся была пустая, адно ў прыдарожнай канаве, якраз насупраць таго двара, дзе на ліпах віселі вуллі, ляжала нейкая скрыня.
– Ну, што? – падышла да смялейшых кабет і Анэта Прыбыткова.
– Не відаць,– не паварочваючы галавы да яе, а ўсё гледзячы ў той бок яшніцкай вуліцы, куды зніклі за пагоркам нямецкія грузавікі, адказала Варка Касперукова.
– Во нарабілі бабы клопату! – зусім пасмялеўшы, абурылася тады Кузьмова нявестка.
– Каб жа аднаго клопату! – дакорліва паківала галавой Гэля Шарахоўская і раптам схапілася рукамі за твар, быццам збіралася загаласіць.
– Ну, Дуню павезлі яны,– маючы на ўвазе немцаў, разважыла Варка Касперукова.– А дзе ж Роза?
– Дак можа і Розу тады павезлі з сабой? – усё роўна як спыталася ў самой сябе раздумлівым голасам Прося Рацэева.
– Наўрад ці...– адразу ўсумнілася Анэта Прыбыткова.– Хто ж ета бачыў?
– А хто іх ведае,– развяла рукамі Гэля Шарахоўская.– Можа, й павезлі...
– Дак чаму тады немцы ўзбегаліся былі? – не пераставала сумнявацца Кузьмова нявестка.– Во і нас загналі сюды. Можа, якраз Розу шукалі? Не, бабы, так не трэба гаварыць. З Дуняй – тут усё, здаецца, ясна, яе немцы павезлі з сабой на машыне, а Роза...
– Анэта праўду кажа,– падтрымала Кузьмову нявестку Палага Хахлова.
– Яй-бо, Розу немцы шукалі,– пачалі падаваць упэўнены голас і другія кабеты.
– Анягож...– паступова згаджаліся амаль усе. Варка Касперукова кіўнула галавой:
– Ета ж каб і праўда з нармальнымі людзьмі справу меў. А то ж немцы!.. Што яны табе скажуць на сваёй мове? Да і ім што ты ў адказ скажаш? Адно і чуеш – гер-гер...
– Як ужо так выходзіць у нас, дак лепей было б нам і саўсім не ісці сюды,– уздыхнула, зажурыўшыся, Анэта Прыбыткова.– Тады ў тым Ключы праява выйшла, а цяпера й тута. Вярнуліся б яшчэ з Ключа тады, дак...
– Дуня як прадчувала, не хацела ісці.
– Дак...– Анэта пастаяла задуманая, тады і сама быццам асуджаць Дуню пачала: – Я таксама етак вам скажу – трэба вярнуцца было.
– Але ж каб ета знаццё!..
– Ага, каб знаццё! – пачалі бедаваць бабы. Аднак стаяць у завулку і разважаць доўга тым часам не выпадала.
– Ладна, бабы! – гледзячы з-пад рукі на сонца, спыніла дарэмныя нараканні Варка Касперукова.– Бяду з вамі цяпера во, етую мінуту, мы не паправім. Давайце думаць, што рабіць далей.
– Трэба пашукаць Розу...
– Што Роза? – Варка нахмурыла чорныя бровы, якія на яе светлым твары былі ўсё роўна як непрывычныя.– Роза, калі што якое, калі яна і праўда схавалася дзе, дак Роза выйдзе, сама неўзабаве будзе шукаць нас. Але што нам рабіць? Можа, пакуль што да чаго, дак сходзім да таго лагера? Трэба ж неяк паглядзець, ці ёсць нашы тама, каб пасля дарэмна не думалася.
– Тады зробім так,– пачала распараджацца Анэта Прыбыткова.– Вы ўсе ідзіце да царквы, вунь, бачыце, булавы дзе тырчаць, дак вы зараз ідзіце туды. Лагер недзе ля царквы. А я тым часам тута пабуду. Можа, Роза адкуль вынікне. Не сядзець жа ёй да самага вечара ў схроне. Дак я і прывяду яе адразу к вам. І пра Дуню яна ўсё скажа. Толькі глядзіце, бабы, ужо і майго тама, можа, й мой трапіцца, дак скажыце, што я таксама з вамі прыйшла.
– Не,– упарта замахала рукамі Варка Касперукова,– не дзела ты зараз гаворыш, дзеўка! Трэба неяк разам трымацца. Альбо тута застанемся стаяць усе, альбо наадварот – пойдзем туды разам. А то пагубляемся ўсе ў етай Яшніцы і знаць пасля не будзем, хто дзе. Хопіць ужо і таго во, што Дуні з Розай няма. А цяпера ты во нешта такое захацела. Каб і самой трапіць у якую неспадзяванку. Не, Анэта, і не думай заставацца. Пойдзем з намі. Во паглядзім на той лагер, пашукаем сваіх, а тады ўжо кінемся ўсе па слядах. Не вяртацца ж нам без кабет у Верамейкі. Колькі сірат адразу наробім тама! У Дуні двое заплачуць у хаце, і ў Розы таксама...
Але Анэта не краналася з месца. Тады Варка Касперукова паклала ёй руку на спіну і лёгенька падпіхнула наперад.
– А ма-а-амачкі мае-е!..– як не заплакала зрушаная з месца Анэта.
– Цыц! – строга сказала ёй Варка, нібыта і праўда занепакоеная тым, што салдатка зараз пачне лямантаваць.– Слязьмі не паможаш. Можа, яшчэ ўсё абыдзецца. Я вось толькі думаю, дарэмна тады Дуня сама пайшла да немцаў. Роза б і адна выбавілася ад іх. Ну, падурэлі б трохі, а тама й адпусцілі.
– А я думаю,– яшчэ больш скрывілася Кузьмова нявестка,– што ета мы вінаваты. Каб пайшлі на выручку ўсе разам тады, а не адна Дуня, дак... Можа б, і не здарылася такое.
– Думаеш, мне не шкода нашых баб? Думаеш, адна ты такая жаласная да харошая?
– Дак...
– Усім нам шкода іх,– уздыхнула Варка Касперукова.– Але што цяпера зробіш? І наогул, хто ведае, што цяпера рабіць? Ну, будзем блукаць па мястэчку да вінаватых сярод сябе шукаць, а тады што? Не, лепей і праўда мы зараз во сходзім сабе к таму лагеру, паглядзім мужыкоў, пасля ўжо прыкідваць станем, што да чаго.
Лагер ваеннапалонных у Яшніцы сапраўды быў ля царквы, дакладней, у самой царкве, даўно непрыгоднай для службы. Але яшніцкая царква мела яшчэ і старую агароджу, таму лагерам называлася ўсё разам – і дзіравы з даху будынак царквы, і агароджаны царкоўны двор. Побач размяшчалася кірмашовая плошча.
У сярэдзіне мястэчка, на вуліцах, ужо сустракаліся людзі, па ўсім тутэйшыя – яшніцкія жыхары. Але ніхто з местачкоўцаў надта не дзівіўся з вялікага гурту чужых кабет, бо такое цяпер нярэдка даводзілася бачыць.
Плошча з краю да краю была пустая, і тым з верамейкаўскіх кабет, якія траплялі сюды раней, яна бачылася такой, бадай, упершыню: у кірмашовыя дні тут заўсёды поўна, ажно іншы раз не пратачыцца, народу, таксама вазоў, на якіх прывозяць прадаваць у мястэчка ў драўляных скрынях гусей, свіней ды іншую хатнюю жыўнасць. У вокнах местачковых дамоў, што стаялі прыбудовамі шчыльна адзін да аднаго, адсвечвала трапяткой ружовасцю сонца, якое дагарала сёння акурат над старым, парослым крывулямі-вербамі валам, насыпаным яшчэ ці не ў Паўночную вайну, калі ў гэтых месцах Пятровы войскі адбівалі ад Масквы шведаў. Больш як за дзвесце гадоў вал ужо амаль зраўняўся з плошчай, і толькі па старых вербах угадваўся колішні абрыс яго. Двухгаловая цагляная царква, што вонкава нагадвала хутчэй касцёл, узвышалася з паўднёвага боку кірмашовай плошчы, таму сонца высвечвала яе ад самага мармуровага цвінтара да канічных купалаў, на якіх блішчалі пустацелыя, акурат выгнутыя з дроту, крыжы. Агароджа вакол царквы стаяла з керамічных сотаў, і праз іх скрозь праглядваўся царкоўны двор, па якім ляніва, як тыя манахі, сноўдалі палонныя ў чырвонаармейскай форме. На далёкім рагу агароджы, там, дзе цераз дарогу да яе туліліся местачковыя двары, была ўзведзена назіральная вышка, збітая з дошак і паднятая ўгору на драўляныя слупы. На вышцы стаяў і глядзеў на верамейкаўскіх кабет вартавы немец з наведзеным на плошчу кулямётам.
Салдаткі на нейкі момант замуліліся на сярэдзіне плошчы – ісці альбо не ісці далей, але ўсё ж перамаглі ў сабе атарапеласць, якая ўзнікла пры выглядзе гэтай вышкі з узброеным вартавым. Набліжаліся яны да лагера, жагнаючы сябе кожная правай рукой, быццам і на самой справе ў думках цяпер нічога не было, акрамя царквы гэтай ды госпада бога.
Між тым, палонныя таксама ўгледзелі новы гурт вясковых кабет яшчэ на плошчы, здаецца, хтосьці нават гукнуў пра гэта на ўвесь двор, бо з царквы адразу ж пачалі з’яўляцца постаці ў чырвонаармейскай форме. Усе яны – і тыя, што бадзяліся дагэтуль па двары, і тыя, што хаваліся ў будынку царквы,– накіроўваліся насустрач кабетам, да керамічнай агароджы. Пакуль жанчыны перасякалі плошчу, падыходзячы да самага лагера, з таго боку ля агароджы паспелі пастаць ледзь не ўсе насельнікі двара. Іх было няшмат, сотні дзве, калі трохі не болей. Палонныя былі даўно не стрыжаныя і не голеныя, мелі выгляд змарнелых людзей, хоць і не зусім такіх, каб не трымацца на нагах. Справа ў тым, што ў яшніцкім лагеры палонным ужо давалі харчу для падтрымання сіл, каб людзям не толькі жыць тут, на гэтым царкоўным двары, але таксама хадзіць на работу – на лесапільню, на бальшак, дзе кожны раз даводзілася засыпаць усё новыя і новыя калюжыны ды выбоіны ад гусеніц і колаў, на павал лесу. Да таго ж і сам тутэйшы лагер быў невялікі. Словам, у гэтых палонных пакуль яшчэ някепска трымалася душа ў целе. Але вочы ва ўсіх, на каго ні паглядзець, былі сумныя, як у сапраўдных нявольнікаў.
Па тым, што вартавы на назіральнай вышцы свабодна дапусціў верамейкаўскіх кабет да агароджы лагера, дзе па другі бок стаялі ваеннапалонныя, можна было адразу зрабіць вывад, што гэтакае тут адбывалася часта, прынамсі, ужо не першы раз. На нейкі час кабеты і палонныя, здавалася, наогул былі пакінуты без увагі. І толькі хвілін праз колькі з невялікай хаткі, дзе раней, мусіць, змяшчалася царкоўная гаспадарка, выйшаў нямецкі салдат з аўчаркай на повадзе і аўтаматам на грудзях. Ён таксама не кінуўся адганяць кабет ад агароджы. Трымаючы няўрымслівую аўчарку на повадзе, пачаў моўчкі і няспешна пахаджваць паўз дапаўшых да агароджы кабет. А тыя за гэты час, пакуль іх ніхто не чапаў, ажно пасмялелі зусім – перабягалі з месца на месца, каб лепей бачыць твары палонных, гукалі.
Перш чым назваць Івана, Варка Касперукова гучна спытала:
– З Верамеек ёсць сярод вас? Можа, Пармен Пракопкін альбо Іван Самусь? – Гэта яна клапацілася пра сябровак, якія не дайшлі да лагера.– А Каспярук Іван? Ёсць Каспярук ці не? Кажу, з Верамеек ёсць сярод вас хто?
Але верамейкаўскіх мужыкоў у яшніцкім лагеры не было.
Тады Прыбыткова Анэта пачала дапытвацца ў кожнага, абы злавіла чый позірк на сабе:
– Можа, хто сустракаў нашых? Верамейкаўскіх?
Нарэшце адзін, высокі і вузкі ў плячах, з акуратнай чорнай барадой палонны нібыта злітаваўся, сказаў:
– Тут мясцовых няма. Прыходзілі вось так, як і вы, жанчыны і забіралі сваіх. Хоць, зрэшты... А чаму яны павінны быць у лагеры? Можа, ваююць? Вам хто-небудзь сказаў, што яны ў палоне?
– Не, ніхто не гаварыў.
– Дык чаму вы тады шукаеце?
– Ну як жа... Ета ж... мужыкі нашы!.. Хто ж аб іх другі паклапоціцца?
– Але самі бачыце,– счакаўшы трохі, сказаў палонны,– вашых сярод нас няма. Як вы кажаце, верамейкаўскіх?
– Ага.
– А прозвішчы? Як прозвішчы мужыкоў вашых?
– Майго, напрыклад, Прыбыткоў,– з нейкай новай надзеяй сказала Анэта.– Іван Прыбыткоў. І Цімох Прыбыткоў. Ета брат мужа майго. А яе,– Анэта паглядзела на Палагу Хахлову, што стаяла побач,– яе чалавека таксама Іванам завуць. Хахол прозвішча. Іван Хахол. Можа, сустракаліся?
– Не.
– Дак, можа, на вайне сустракалі? – удакладніла Анэта, усё роўна як спадзеючыся, што палонны нешта ўспомніць яшчэ.
– Не, Прыбыткова я не сустракаў,– адказаў Анэце ваеннапалонны.
– А Хахла, Івана Хахла не бачылі? – спыталася ў сваю чаргу Палага.
Палонны пасля гэтага павярнуў галаву направа, налева і гучна спытаўся:
– Тут пытаюцца Івана Хахлова з Верамеек, не ведаеце хто? – І, не дачакаўшыся адказу, паспачуваў: – Бачыце, не сустракалі.
Між тым, зняволеныя, страціўшы цікавасць да верамейкаўскіх жанчын – маўляў, нават ніякага харчу з сабой не прынеслі, пачалі патрохі разыходзіцца ў розныя канцы па двары.
І гэты палонны, што спагадліва размаўляў спярша з Анэтай Прыбытковай, а тады і з Палагай Хахловай, якая таксама старалася хоць што якое выведаць пра свайго мужа, памкнуўся быў ужо пайсці, аднак затрымаўся быццам на момант і раптам зацікаўлена спытаўся:
– Верамейкі? Дзе гэта Верамейкі вашы?
– Дак... За Хоцімскам туды,– адказала яму Палага.– Якраз як пайсці адсюль на Бялынкавічы, а тады ажно да Малога Хоцімску.
– Далёка?
– Да вёрст каля сарака, лічы, будзе.
– Так,– сказаў як сабе палонны.
Тады не стрымалася, каб не спытацца, Анэта Прыбыткова.
– А сам жа адкуль будзеш?
– Я не тутэйшы,– усміхнуўся палонны.– Я – з Масквы.
– А-а-а,– паківала галавой Анэта, быццам яна зразумела штосьці больш за тое, што было сказана.– І колькі ж вам тута, у етай царкве, сядзець прыйдзецца?
– Мусіць, да канца вайны. Хоць... Вось каб хто з вас сказаў немцам, што я... Ну, што я таксама нечы муж.
Паварот такі ў размове зусім быў нечаканы, таму Анэта Прыбыткова ажно сумелася. Затое Палага Хахлова раптам больш уважліва паглядзела на чалавека, быццам прымерваючыся. Нарэшце вінавата ўсміхнулася.
– Дак... Мы, здаецца, не пара ўжо адзін аднаму. Хоць ты і з барадой, і зарос, але ж па вачах бачу – малады. Вось каб Анэта?
Пачуўшы гэта, Кузьмова нявестка войкнула і спалохана замахала рукамі:
– Ты не ў сваім розуме, Палага! Як ета я пры жывым мужыку да назаву другога? – яна нават не адважвалася цяпер паглядзець у той бок, дзе стаяў за керамічнай агароджай палонны.
Палага таксама зразумела, што дарэмна гэтак лёгка сватае салдатцы незнаёмага чалавека. Але перавесці гаворку на жарт і адбыцца адным ім ёй таксама не хацелася, бо чалавек не жартаваў, прасіў сур’ёзна. І яна таму памкнулася да другіх спадарожніц, пачала тузаць іх, шэпчучы ледзь не кожнай на вуха і паказваючы то кіўком галавы, то проста рукой на палоннага. Глянуўшы ў той бок, салдаткі, акурат як і толькі што Анэта Прыбыткова, войкалі ад нечаканай прапановы, сарамліва хіхікалі, быццам Палага падбівала іх на штосьці непрыстойнае.
– Але ж неяк трэба памагчы чалавеку! – нарэшце разгубілася кабета.
Страціўшы надзею ўгаварыць каго-небудзь са сваіх спадарожніц, яна тым не менш абнадзейваючы махнула палоннаму рукой, маўляў, не бядуй, усё роўна выручым, тады павярнулася да вартавога, які, быццам не зважаючы ўвагі на кабет і на палонных, тупаў непадалёк з аўчаркай на павадку.
– Пан,– пачала яна прасіць таго, хапаючы за рукаў,– тама чалавек мой. Вэнь стаіць. Аддайце мне яго.
– О, гут, гут!26 – немец зацікаўлена падышоў да агароджы, паглядзеў паўз керамічную соту на палоннага, затым павёў прыжмураным позіркам з галавы да ног па Палазе і тут жа грэбліва ўсміхнуўся: дужа яснай была розніца ва ўзросце, каб палічыць іх за мужа і жонку; але спытаўся: – Іст эс дайн зон? 27
– Так, муж, так,– не зразумела яго Палага і для большай пэўнасці замахала зверху ўніз абедзвюма рукамі.
– Найн, найн, матка,– чамусьці гулліва запярэчыў вартавы.– Кайн ман. Матка – люгт. Матка іст нэ думэ ганс 28.– І абыякава, зусім не раззлаваўшыся, што яго збіраліся абдурыць, патупаў у адваротны бок паўз агароджу.
– Дзякуй вам,– вінавата сказаў спагадлівай жанчыне палонны і сумна ўсміхнуўся: – Гэта мы дарэмна з вамі задумалі...
– А родненькі мой, чым жа памагчы табе яшчэ? – як не залямантавала збітая з панталыку Палага.
– Нічога, дзякуй і за гэта.
– Хоць бы хлеб быў які пры сабе, дак і таго няма,– усё хацела зрабіць нейкую карысную справу душэўная кабета.
У гэты момант з таго боку, ад царквы, паказаўся другі немец, але без сабакі, і аб нечым моцна закрычаў. Палонныя, хто яшчэ стаяў ля сцяны, пачалі азірацца на крык і адыходзіць на сярэдзіну двара.
Час быў штосьці пэўнае рабіць і верамейкаўскім кабетам – ніхто ж тут не спаткаў ні мужа, ні брата, ні свата...
– Можа, і праўда, нашы ў Крычаве...
Сказала гэта Варка Касперукова, але падумалі так у адзін голас усе салдаткі. Разам з тым ісці ў Крычаў адсюль ніхто з іх не планаваў – па-першае, гэта не блізка, а па-другое, ніякай гарантыі, што сапраўды апынецца хто-небудзь там з Верамеек...
– А мы думалі, цётка,– гледзячы ўсмешлівымі вачамі на Палагу, раптам нібыта ўспомніла пра няўдалую спробу Гэля Шарахоўская,– што ты... Словам, што вас адсюль сілай падручкі ўжо адводзіць прыйдзецца. Думалі, не расстанешся са сваім масквічом.
Дзіва, але нават у сённяшнім становішчы настрой у верамейкаўскіх салдатак мяняўся, як пагода ў няпэўны дзень – ужо, здаецца, і не чакаеш, а яна раптам то сонцам выблісне, то дажджом пральецца.
Апошнія словы Гэлі Шарахоўскай патанулі ў рогаце, быццам кабеты, усе без выключэння, толькі і чакалі гэтага паджартоўвання.
Палага таксама не пакрыўдзілася на іх. Толькі напусціла на сябе строгасць, сказала:
– Вам абы!..
Тым часам кірмашовую плошчу патрохі пачынала апаноўваць шэрае сутонне, відочнай адзнакай якога ўжо былі доўгія суцэльныя цені з няроўнымі макушкамі, што слаліся нізам ад местачковых дамоў і даставалі праз усю плошчу да брукаванай дарогі паўз царкву.
– Хадзем-ка мы, бабы, дамоў к сабе,– раздумліва, амаль летуценна прамовіла Прося Рацэева.
– Ага, дамоў!..– раптам спахапіліся другія кабеты і загаманілі так, быццам яны зайшлі сёння не далёка ад дому, а былі недзе за Верамейкамі, на блізкіх пожнях.
Між тым, наўрад ці забылася з іх якая, што яшчэ ўдзень згаворваліся ўсе начаваць у Трасціне. Там засталася Анюта Жмэйдава і цяпер, няйначай, чакала іх, каб пасля разам ісці двору. Але з таго часу, як была тая дамоўленасць, шмат што змянілася. Ужо не было з імі Розы Самусёвай, Дуні Пракопкінай... І хоць ніхто з кабет не ведаў, якой у гэтым становішчы можна даць рады, аднак адчуванне віны ў іх было, асабліва цяпер, калі блізка загаварылі аб доме, усё роўна як яны назнарок не збіраліся рабіць для сваіх спадарожніц, што трапілі ў бяду, нават таго, што ад іх залежала. А залежыць магло ад кожнай, таксама як і разам ад усіх, вельмі нямногае, усяго толькі трэба сумленна пашукаць па мястэчку Розу, калі тая сапраўды ўцякла, ды ўведаць нарэшце, куды павезлі немцы Дуню Пракопкіну... Разам з тым тут мелася і свая насцярога – хаджэнне такой парой па местачковых вуліцах, ды яшчэ вясковай гурмай, нарабіла б лішняга шуму, а гэта якраз зусім непажадана, бо хто ведае, якія ўскладненні могуць выйсці пасля, хто можа даць гарантыю, што зноў не прычэпіцца якая-небудзь брыда. Лепш за ўсё, вядома, было б падацца ўжо сёння ў Трасціно, пераначаваць там, а заўтра вярнуцца ў Яшніцу.
– Яно калі Роза і вырвалася, дак цяпер ужо недзе ля Верамеек,– разважала далей Прося Рацэева.
Гэты раз яе падтрымала адна Варка Касперукова.
– Ля Верамеек, можа, і не будзе, а вось за Трасцяном, дак ета ўжо да. Не будзе ж яна варон па дарозе лавіць, раз дала лататы!
Хоць некаторыя другія кабеты таксама дадалі няпэўнае:
– Да ўжо ж...
– А ў Крычаў заўтра не пойдзем? – усё роўна як асуджаючы, паглядзела тады на Варку Анэта Прыбыткова.– Сам ж кажаш: можа, нашы тама!
Варка на гэта не абазвалася.
Затое Палага раптам ціха засмяялася, сказала:
– А я як думаю сабе, дак мой Іван ваюе. Праўду гаварыў той масквіч – чаму ета ўсе салдаты павінны ў палоне апынуцца?
– Ну, ты, цётка, цяпера са сваім масквічом...
– А што?
– Дак...
– А я і праўда думаю – мой Хахол недзе ваюе. Ета вашы... Вашым што, маладым! Абы хутчэй да жонкі маладой пад крыльца. А ваююць няхай старэйшыя.
– Ну, ты ўжо на нашых, цётка, таксама не дужа нагаварвай.
– Дак пойдзем заўтра ў Крычаў, ай не? – зноў падала голас Анэта Прыбыткова, але цяпер больш настойліва, усё роўна як раззлавана, так што і не пачуць ужо нельга было.
– Раніца за вечар разумней,– адказала ёй, уздыхнуўшы, Палага.– Трэба начлегу шукаць, от што я скажу вам, бабы, ці паспеем ета мы дабегчы да таго Трасціна?
– І праўда ж, Анюта чакае...– занепакоена спахапілася Прося Рацэева.
– А Роза?
– Пагукаем і Розу.
– Што гукаць? Трэба шукаць!
– Дзе ж ты цяпера яе ўгледзеш?
– Ага, цёмна робіцца.
– Хадземце, хадзем!..
Гаворачы так, верамейкаўскія кабеты і не заўважылі, як перайшлі нанова кірмашовую плошчу ў Яшніцы.
ХІ
Разам з паволі астываючым сонцам спадала і гарачыня.
Зазыбу, які шыбаваў праз дуброву да Бесядзі, рупіла ведаць, дзе атайбаваўся Чубар. А ў тым, што Сыркін тады ў мястэчку гаварыў праўду пра яго, сумнявацца не даводзілася, бо навошта было таму выдумляць?
Праўда, лепей было б пачакаць дома, пакуль старшыня падасць знак, аб’явіцца нейкім чынам сам. Але раз ужо запала Зазыбу ў галаву, то ён і не пераставаў кідацца ў здагадках. Не менш карцела дапасці розумам і да іншага, што таксама знаходзілася ў адным паслядоўным радзе: чаму наогул вярнуўся Чубар, якая прычына яму выпала на гэта?
Разважаючы так, Зазыба паступова прыйшоў да высновы, што старшыня, няйначай, падаўся адразу ў Мамонаўку, да Аграфены Азаравай – там, у пасёлку, цішэй, бо не дужа людна, а палюбоўніцына хата стаіць ледзь не ў самым лесе, адно падыдзі з-за дрэў да акна ды паляпай у шыбіну. Ну, а калі Чубар да гэтага часу і не апынуўся яшчэ ў Мамонаўцы, то таксама памылкі вялікай не будзе каштаваць Зазыбу тое, што ён дасць сёння кругу, каб трапіць праз рум у пасёлак; прынамсі, як ён разумеў сабе справу, Аграфена цяпер доўга не застанецца ў няведанні наконт Чубаравага з’яўлення, тады ў кожную хвіліну стане магчымым звязацца са старшынёй з яе дапамогай.
Вада ў Бесядзі здалася Зазыбу занадта халоднай, усе роўна як у яго даўно былі застуджаны ногі, хоць, што казаць,– ёй і на самой справе наставаў час рабіцца такой, бо нездарма ў народзе памоўка: Ілля не толькі прынясе гнілля, а і ваду ўсхаладае; якраз па гэтай прычыне пасля Іллі тутэйшыя вясковыя людзі звычайна перастаюць купацца. Па-буслінаму стаўляючы ногі ў раку, Зазыба хутка перадыбаў на другі бераг, тады сеў на лазовы куст, які рос проста на белым, акурат пазебраным пяску, і ўзбуў боты. З берага адсюль адкрывалася вялікая лукавіна, якую ўтварала рака, а на ёй – рум, месца, адкуль плытагоны высокай вадой сплаўлялі плыты ў Сож. Рум гэты заснаваны быў тут вельмі даўно, нават Зазыбаў дзед, Міхалка, помніў яго ў сваім маленстве, і, бадай, ці не з таго яшчэ часу стаялі па краях на ім дзве, цяпер ужо збуцвелыя, хаты, у адной з якіх пад закуранай столлю месцілася сплаўкантора, у другой жылі – доўга ці мала, гэта як выпадала каму – сплаўшчыкі з аддаленых вёсак. Мясцовыя мужыкі таксама раней з ахвотай хадзілі сюды на промысел: тады ў час сплаву якраз наставалі вольныя ад работы ў гаспадарцы тыдні – вясной, пакуль не пачыналі сеяць скрозь, і восенню, калі з асноўнымі палявымі работамі, за выключэннем малацьбы, было скончана. Разы са два ганяў з бацькам плыты і Зазыба. З таго часу ён помніў увесь працэс сплаву, поўны як своеасаблівай рамантыкі, так і адважнай рызыкі.
Пачыналася звычайна на сплаве ўсё тым, што з лесу зімой тралявалі сюды, на рум, спляжаныя і ўжо абкораныя пры дапамозе скобляў дрэвы, якія к таму часу паспеў агледзець бракер, каб потым недзе не трапіла пад пілу гнілое ці крывое бервяно. Тралявалі з лесу сюды таксама і гатовыя брускі – для чыгункі, шахтаў, капальняў. Асабліва шмат вычэсвалі шпал для чыгункі. Брускі, з якіх выходзіла па адной шпале, называлі швэлямі, па дзве – шліфрамі, па тры – тымбарамі.
На руме страляваныя бярвенні звычайна складвалі ў шліхты, якія дасягалі двух метраў у вышыню і больш за чатыры метры ў шырыню. Шліхты гэтыя сціскаліся падпоркамі і нават – а раптам разводдзе залье рум – сцягваліся тоўстым дротам.
Вясной, калі рака ўваходзіла ў берагі і вада трохі цяплела, сплаўшчыкі браліся вязаць плыты. Адзін канец доўгай, ажно на дваццаць метраў, бомы замацоўваўся на беразе, другі – на сярэдзіне ракі, упоперак цячэнню. Затым мужыкі пачыналі расцягваць бусакамі бярвенне са шліхтаў. Каб лягчэй было качаць з берага да вады, пад ніз падкладвалі лягеры – тры-чатыры простыя жэрдкі. Папіхаючы потым бярвенне дручкамі, спускалі яго на ваду, упіраючы камлямі ў замацаваную бому. Цяпер звычайна вяжуць бярвенне ў лаўкі дротам. Але як помніць Зазыба, то яны з бацькам вязалі свае плыты гужбой – лазовымі вяроўкамі, якія іншы хто называў кардзялямі. Да канца такой лазовай вяроўкі мацаваўся кнэпель, альбо, прасцей, драўляны клін, што працягваўся пад кожны з двух тублёў, перакінутых упоперак лаўкі ззаду і спераду. Такі плыт звычайна складаўся з дваццаці і больш лавак, накрыж звязаных між сабой шварай, зробленай з той жа гужбы. Калі плыт нарэшце быў звязаны, ззаду на яго прыбівалі скрынку з валком, на якім мацавалася доўгая шырага – завостранае знізу палена, каб можна было пры неабходнасці тармазіць альбо зусім спыняць плыт. На першай лаўцы з самага пераду ставілася для кіравання апачына, сплаўшчыцкае вясло, якое мела метры чатыры ў даўжыню. Але і на гэтым аснастка плыта не канчалася, бо без барбораў, што прывязваліся абапал яго, нельга было доўга ўтрымацца ля берага. Ну і, вядома, не забываліся плытагоны пра шалаш, побач з якім ставілася скрыня з пяском для вогнішча.
Асабліва запомніўся Зазыбу той раз на сплаве, калі яны з бацькам гналі па Бесядзі вялікі, ажно на трыццаць лавак, плыт ужо глыбокай восенню. Запомніўся якраз не рамантыкай і рызыкай, а зусім іншым. Плыт звязалі яны самі. А бацька дык і наогул траляваў бярвенне для яго. А вось чаму той плыт прастаяў лета ля берага на Бесядзі, мокнучы ў вадзе, Зазыба цяпер ужо не помніў. Здаецца, выйшла нейкая няўпраўка ў гаспадарцы. Адным словам, давялося гнаць ім плыт глыбокай восенню. Калі падплывалі да Сажа, у вусці Бесядзі скрозь ужо блішчаў на сонцы прыпай, а пасярэдзіне ракі – то наперад плыта, то ззаду – ішоў цячэннем шарош, гатовы кожную хвіліну спыніцца, сутыкнуўшыся з якой-небудзь перашкодай, каб таксама ператварыцца ў лёд. Затрымаліся б яны з бацькам на дзень-два тут, на руме, ці каб здарылася якая замінка на гэты час у дарозе – і ўсё, стаяў бы плыт, умёрзлы ў раку, зіму, аж пакуль не вызваліўся б з ледзянога палону потым вясной. Аднак галоўныя пакуты пачаліся пасля – на прыёмачным пункце бацьку чамусьці не заплацілі грошы, сказалі, што атрымае разлік за прыгнаны плыт у сплаўной канторы свайго рума. І яны вярталіся амаль ці не з-пад Гомеля ў Верамейкі пешкі, ужо ўзімку без ніякага фунду. Давялося проста жабраваць ад вёскі да вёскі, бо харчоў, якія яны бралі з сабой з дому, хапіла толькі ў адзін бок. Якраз гэтым і запомніўся Зазыбу той сплаў. Спярша бацька, саромеючыся жабраваць, тлумачыў людзям, хто яны такія з сынам, па-сялянску абяцаў за абед ці сняданак аддзячыць пасля, калі давядзецца ў новы сплаў трапіць сюды. Але потым зразумеў, што дарэмна тлумачыць – усё роўна іх прымалі за жабракоў. Як толькі небарака ўсвядоміў гэта, ісці стала лягчэй – ніхто ні на што асабліва не разлічваў, абы хоць і цвілога, а кавалак хлеба ў торбе не зводзіўся дый начаваць пускалі ў хату. Супала, што ў Верамейкі яны прыйшлі к ночы. Аднак і знарок хацелася аб’явіцца ў вёсцы па-цёмнаму, без лішніх сведак, бо на абодвух шкода было глядзець – адзенне зусім не па зіме, абутак стаптаўся ды і завашывілі яны добра-ткі.
Тым часам з пабудовай чыгункі Унеча – Орша сплаўная справа ў гэтым месцы Бесядзі пачала занепадаць – па-першае, само будаўніцтва чыгункі, пакуль яно вялося, патрабавала багата лесу, а па-другое, з уводам чыгункі ў дзеянне з’явіўся новы спосаб перавозкі яго на далёкія адлегласці. Ва ўсякім разе, на ўсю моц нейкі час працаваў леспрамгас толькі ў адзін бок. Але незадоўга перад вайной, акурат без малога за два гады да яе, зноў тралёўка аднавілася на рум: як і ў даўнія часы, калі рум засноўваўся, забесядскі лес пайшоў за мяжу – спярша да Прыпяці ў плытах ажно па трох рэках, затым пры дапамозе лесавозаў у Буг, які стаў пагранічным.
Дарэмна было б шукаць каго цяпер на руме. Нават вартаўнікі, якім належала знаходзіцца круглы год тут, і тыя яшчэ да прыходу немцаў разышліся па сваіх вёсках.
Адразу за румам пачынаўся лес – стромкі піловачнік, калі гаварыць мовай таксатараў.
Здавалася, што некалі шумная дарога – да рума звычайна ішлі і ехалі людзі – сёння будзе пустая на ўсёй адлегласці да Мамонаўкі. Ды не. Якраз на другім кіламетры шляху Зазыба раптам убачыў ваўка. Акурат па часе – не чалавека, а ваўка. Зусім па-сабачы той сядзеў на абочыне, пазіраючы насустрач. Не вялікі страх даросламу чалавеку ўбачыць у лесе ваўка, тым больш аднаго, аднак Зазыба адразу адчуў, што ў руках не хапае дзеля такой сустрэчы дзябёлага дубца ці хоць бы якога-небудзь адсечанага макуша. Але ўжо ў наступны момант патрэба ў абароне адпала, бо Зазыба здагадаўся – на абочыне сядзеў воўк, які даўно ўжо нікому не пагражаў. Проста, не здольны быў. Пра яго ўсе ведалі ў наваколлі. Можа, не кожнаму даводзілася сустракацца з ім вось так, як цяпер Зазыбу, аднак ведаць ведалі. Быў ён дужа стары і ўжо не меў зубоў, таму не нападаў на жывёлу. Людзям таксама не было чаго баяцца яго, бо ваўкі ці не ў дзесяць гадоў адзін раз нападаюць на чалавека, і то ў глухую піліпаўку, пад час сваіх воўчых вяселляў, а гэты дык і наогул не здольны стаў пагражаць каму б то ні было,– нават задушыць ахвяру ўжо не хапала моцы, не тое што загрызці. Цяжка было ўявіць таксама, чым карміўся ён, мусіць, толькі тым, што не магло ўцячы ад яго – качынымі яйкамі на балоце, бездапаможнымі, яшчэ мокрымі пасля нараджэння, зайчанятамі і г. д. Словам, пра тое, чым жыў гэты воўк апошнія гады, калі знядужаў ад старасці, ведаў, бадай, адзін бог ды ён сам. Зусім не цураючыся людзей ад гэтай сваёй нямогласці, наадварот, яўна адчуваючы ўнутраную патрэбу бачыць іх, ён, быццам жабрак які, бадзяўся па наваколлі і, мусіць, як усё жывое, здольнае хоць нейкім чынам разважаць альбо згадваць што-якое, з сумам перабіраў у галаве ўспаміны аб страчаным жыцці. Страчаным!.. Бо хто на схіле дзён сваіх не лічыць, што страціў жыццё?..
Нават самы ўдачлівы сярод жывых ці адважыцца сказаць, што атрымаў ад жыцця ўсё, пра што марыў. Ды і хто застаўся задаволены тым, што атрымаў? Нарэшце, каму аддало жыццё ўсё, што абяцала спачатку?
Без унутранай перасцярогі, што падыходзіць да звера, Зазыба глянуў зблізу на ваўка і з сумам адзначыў незайздросны выгляд таго – клочча поўсці, куды даўным-даўно, можа, яшчэ ў тое лета ўчапіліся дзяды, калі ён бадзяўся недзе па выгане край вёскі, віселі брыдкімі калтунамі скрозь па аблезлай скуры, а ў вачах, што былі ўжо без ранейшага драпежнага бляску, стаяў гной, і небараку з цяжкасцю даводзілася частым плюсканнем адганяць прэч назойлівых маленькіх мух. Зазыба жахнуўся ад такога выгляду звера, ажно сэрца яго зазнібела, быццам гэта ён сустрэў не ваўка, а даўняга знаёмага, можа, аднагодка, які раптам нагадаў яму сваёй прысутнасцю на абочыне лясной дарогі штосьці даволі сумнае і непазбежнае. Але не станеш з ваўком размаўляць!.. Таму Зазыба, усё роўна як стыдаючыся глядзець на дужа несамавітага, ужо бездапаможнага звера, прымусіў сябе больш не паварочваць у яго бок галавы, прашыбаваў міма. Між тым, воўк таксама не застаўся сядзець на месцы, пайшоў услед – можа, ад адзіноты, а можа, ад голаду. Колькі часу Зазыба слухаў ззаду мяккі тупат ягоных ног, але паколькі ішоў ён скорым крокам, то неўзабаве воўк пачаў адставаць, нарэшце і зусім сціх.








