412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 11)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 22 страниц)

Прынамсі, Зазыбу ажно заманулася хуценька ўбачыць, як ставіцца да гэтай самастойнасці цывільнага камендант. Але дарэмна. Той не падаваў ніякага выгляду, каб зразумець, падабаюцца яму паводзіны перакладчыка ці не. «Хто іх тут, чарцей, разбярэ!» – з прыкрасцю падумаў у наступны момант Зазыба. Аднак цікавасць яго да чалавека, які зусім няблага размаўляў па-руску, ужываючы часам нават мясцовыя словы, і які пэўна што выпадкова апынуўся ў перакладчыках, засталася. Таму не больш як праз хвіліну Зазыба пачаў усё часцей пераводзіць позірк з каменданта на цывільнага, хутчэй наадварот, бо зразумелы сэнс зыходзіў ад апошняга; пры гэтым ён, відаць, рабіў свае назіранні занадта падкрэслена, бо неўзабаве і сам адчуў на сабе не менш зацікаўлены позірк цывільнага, дарэчы, які ўжо не пакідаў яго без увагі да канца нарады.

Камендант, між тым, паклаў упоперак стала шомпал, усё роўна як надакучыла страшыць і забаўляцца ім, памацаў вызваленай рукой, не паварочваючы галавы, спінку крэсла ззаду, пасунуў па дашчаным памосце трохі да сябе, каб акурат прыйшлося па задзе, і сеў. Пры гэтым ён неяк рэзка адкінуўся на спінку крэсла, можа, яшчэ не дакрануўшыся ягадзіцамі да цыраты, якой было абабіта сядзенне, міжволі стварыўшы смешнае ўражанне. Але на тварах прысутных не адбілася яно, дзіва што – не тыя абставіны, не тыя ўмовы і не тое месца, каб дазволіць сабе хоць незнарок зубаскаліць. Тубыльцы паводзілі сябе стрымана, нават з паважнасцю: у каго яна была прытворная, у каго палахліва-неўразумелая, а ў каго, натуральна, адкрыта вернападданіцкая.

– Перш чым гаварыць пра нашы мясцовыя справы, я зачытаю вам, панове, зварот генеральнага камісара да жыхароў Беларусі. – Камендант рыўком выструніўся за сталом і ўзяў з тоўстай папкі, якую прынёс з сабой, аркуш сіняй паперы. – Вызвалены з-пад бальшавіцкага ярма, – пачаў ён чытаць, – непераможнай сілай пераможнай нямецкай зброі беларускі край вольна ўздыхнуў. Прагучаў і змоўк бразгат зброі на Беларусі. Пад надзейнай апекай нямецкіх узброеных сіл можна зноў узяцца за адбудову зруйнаваных дамоў, майстроўняў і гаспадаркі. Следам за нямецкім салдатам прыйшоў сюды нямецкі ўрадовец, каб абняць кіраўніцтва краем. Мэтай ягоных, слаўных ува ўсім свеце і прызнаных нават зайздроснымі ворагамі, здольнасцяў з'яўляецца стварэнне для вас дабрабыту і забяспечанай будучыні ў межах новага вялікага нямецкага парадку, які ўсталюецца ў Еўропе. Ён прыйшоў, як прыяцель ахвочага да супрацоўніцтва народа, як вартаўнічы справядлівага парадку і спрактыкаваны будаўнік агульнага дабрабыту. Край павінен зноў адрадзіцца. Вам і вашым дзецям будзе забяспечана спакойная будучыня дзякуючы нямецкаму парадку... Беларусы, першы раз у вашай гісторыі перамога Германіі дае вам магчымасць забяспечання вашаму народу свабоднага развіцця і спакойнай будучыні без расейска-азіяцка-балышавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панавання. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што ягоныя інтарэсы сцісла звязаныя з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі паслядоўнікамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва.

Услед за камендантам цывільны скончыў перакладаць, тады ў зале пачуліся воплескі. Для Зазыбы гэта настолькі было нечаканым, што ён спачатку нават не ўсвядоміў сабе, чаму раптам узніклі яны. Сам ён не стаў пляскаць у далоні, але каб не мець пасля клопату, заварушыўся на месцы, быццам таксама ў радасці з поваду зачытанага камендантам звароту генеральнага камісара Беларусі. Вачэй ён пры гэтым не ўзнімаў, глядзеў на свае каленкі, адчуваючы на сабе ад стала праніклівы позірк немца ў цывільным.

Камендант тым часам зноў нязручна апусціўся задам на крэсла і яшчэ пад воплескі нешта сказаў перакладчыку.

– У цэлым насельніцтва вашага раёна, – пачаў ён зноў праз нейкі момант, – сустрэла нашы войскі лаяльна, у некаторых вёсках нават па добраму вашаму звычаю з хлебам-соллю. Напрыклад, у Забычанні такім чынам сустрэлі танкавую калону Якіменка Павел і Каплунова Настасся, у Белым Камені – Прывалаў Трыхван, а ў Арцюхах селянін Лахманоў спыніў артылерыйскую батарэю і паказаў міны, якія былі закладзены на дарозе савецкімі сапёрамі. Разам з тым сёння я асабіста атрымаў загад ад ваеннага каменданта раёна, у якім указваецца, што ёсць выпадкі, калі асобнымі злаўмыснымі ворагамі новага парадку распаўсюджваюцца ложныя весткі з фронту, а дзве сям’і з Прудзішчанскай воласці пакараны за адданасць нацыянал-сацыялізму. Акрамя таго, маюцца выпадкі нападу на нямецкіх салдат. Так, каля Прусінскай Буды ўзброеныя незнаёмыя напалі на аўтамашыну, у якой ехаў начальнік палявой жандармерыі раёна. Паколькі вінаватыя не былі выяўлены, давялося ўзяць з кожнай навакольнай вёскі па заложніку. За сем прабоін, якія аказаліся ў борце аўтамашыны, расстраляны сем чалавек мясцовага насельніцтва. У загадзе ваеннага каменданта раёна спецыяльна падкрэсліваецца – за кожны падобны выпадак, калі не будуць выяўлены сапраўдныя злачынцы, палявая жандармерыя і паліцыя парадку мусіць расстрэльваць заложнікаў. Мы таксама аб’яўляем бальшавіцкім агентам: кроў за кроў, а смерць за смерць. А вы непасрэдна павінны давесці загад у сваіх вёсках. Акрамя таго, мы сёння дадзім кожнаму прадстаўніку адозву, атрыманую ад дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару ў застэмпоўстве пана Фрындта, якую вы старанна перапішаце ад рукі зразумелым почыркам у некалькіх экземплярах і вывесіце на самых людных месцах, каб кожны селянін ведаў, як яму паводзіць сябе і за што ён пасля мецьме адказваць. Гэта што датычыць распараджэнняў і загадаў вышэйстаячых улад. Разам з тым вам неабходна растлумачыць таксама сваім аднавяскоўцам, што ўсяму насельніцтву воласці належыць цяпер абавязкова вітацца з нямецкімі салдатамі і афіцэрамі – мужчынам і жанчынам. За непавагу да афіцэраў арміі вялікага фюрэра вінаватыя будуць карацца. Гэта, між іншым, датычыцца і чыноў паліцыі. Пры сустрэчы з нямецкім афіцэрам чыны паліцыі павінны аддаваць чэсць, беручы пад казырок, мужчыны – здымаць шапкі, жанчыны – гаварыць «добры дзень!». Зразумела?

– Так, так, – заківалі галовамі найбольш вернападданыя, а можа, і ўтарапелыя тубыльцы, акурат коні ў гарачы дзень.

Тым часам Захар Доўгаль, які сядзеў побач з Зазыбам, непрыкметна піхнуў ботам яго нагу. Шапнуў:

– Дажылі, брат!.. Спярша кось-кось, а тады лазінай па баку, лазінай!..

– Баюся, што адной лазінай не абыдзецца, – не паварочваючы галавы да суседа, ціха азваўся Зазыба. – Чуў жа, як зрабілі ў тых вёсках, што вакол Прусінскай Буды. У нас таксама ўжо ледзьве такое не здарылася.

Як і кожны спрактыкаваны дакладчык, які, акрамя ўсяго іншага, разлічвае яшчэ і на эфект ад сказанага ў аўдыторыі, Гуфельд даў трохі часу паварушыцца тубыльцам у мулкіх крэслах, нават перамовіцца, падумаўшы сабе – няхай-тка і яны пабрэшуць на свой хвост, а то некаторыя ваўком падшыты, тады пачаў гаварыць зноў:

– Тут, у зале, знаходзяцца, за малым выключэннем, нашы сябры, якія ўжо далі згоду супрацоўнічаць з новай уладай. Я спадзяюся, што заклік генеральнага камісара знойдзе адпаведны водгук і сярод іншых прысутных. Мы сабралі вас сёння, мужы даверу, каб адным часам і паразумецца і вырашыць надзённыя справы, якія датычаць шырэйшага распаўсюджання новага парадку ў воласці. Вы амаль усе тут сяляне. Таму і гаворка ў першую чаргу будзе пра зямлю. Ад савецкага рэжыму атрымана цяжкая спадчына. Зямля, як вы самі ведаеце, была размеркавана па калгасах. Сяляне ў выніку калектывізацыі перасталі быць сялянамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Вы зрабіліся па-сутнасці наёмнымі вясковымі рабочымі. Мэтай германскіх улад стане хутчэйшая і радыкальная ліквідацыя савецкай недарэчнасці, якой з’яўляюцца вашы калгасы. Аднак кожнаму разумнаму селяніну павінна быць зразумела, што цяпер няма магчымасці адразу, без правядзення значных падрыхтоўчых работ, ліквідаваць калгасы і перайсці да індывідуальнай гаспадаркі. Таму калгасы пакуль будуць захоўвацца, каб затым паступова пераходзіць да абшчыннага гаспадарання. Успомніце, што было з сельскай гаспадаркай, калі савецкая ўлада без паступовага пераходу, адным росчыркам пяра, усюды заснавала калгасы?.. Гэтак сама здарылася б і цяпер, калі б адбыўся раптоўны падзел калгасаў. Сельскагаспадарчая вытворчасць моцна скарацілася б, чаго ні ў якім выпадку мы не можам дапусціць. – Тут камендант запнуўся на момант, яўна спахапіўшыся, затым паправіўся, дадаўшы: – У вашых асабістых інтарэсах. Як разумееце, усяму свой час. Але вы дачакаецеся, што нарэшце будзе выдадзена распараджэнне дзяржаўнага міністра аб адмене калгасаў. Будзе ўведзены новы парадак землекарыстання.

«Значыць, вось дзеля чаго прывёз мяне Брава-Жыватоўскі сюды, – наперад падумаў Зазыба, бо ў Верамейках усё зроблена наадварот. – Значыць, адказваць давядзецца?» – Але ні страху, ні нават слабай утрапёнасці ён чамусьці не адчуў, можа, таму, што камендант і перакладчык усё яшчэ працягвалі гаварыць і сваімі няроўнымі галасамі перашкаджалі, каб гэтая думка цалкам авалодала Зазыбавай свядомасцю, хоць на правай скроні, бліжэй да віска, і запульсавала ў яго здрадлівая жылка.

А вось і тое галоўнае, што павінен быў пачуць на гэтай нарадзе Зазыба, уласна дзеля чаго яго і выклікалі ў мястэчка.

– У сувязі з гэтым я мушу сказаць, што ў некаторых вёсках воласці, асабліва па той бок ракі, адбываецца самачыннасць. Не чакаючы распараджэння, там пачалі дзяліць калгасную маёмасць, пасевы і гэтак далей. Напрыклад, у Верамейках. – Камендант павёў вачамі па зале, адшукаў сярод мужоў даверу Брава-Жыватоўскага і даў знак рукою падняцца з крэсла. – Правільна я кажу, што ў вашай вёсцы без дазволу пачалі дзяліць калгас?

– Так, – ускочыў Брава-Жыватоўскі.

– Хто ў гэтым вінаваты?

Брава-Жыватоўскі паглядзеў на Зазыбу.

Тады і камендант перавёў свой позірк у той рад крэслаў, дзе сядзеў Зазыба.

– Хто вінаваты? – ужо з разлікам на Зазыбу гукнуў зноў Гуфельд, хоць яшчэ і не ведаў, хто мусіць падняцца на яго запытанне са свайго месца. – Адкажыце, хто вінаваты?

Зазыба зразумеў, што трэба адказваць. Паволі, быццам замінала што паміж крэслаў, выпрастаўся.

– На якой падставе вы зрабілі гэта? – выразна злуючыся, уставіўся на яго камендант.– Хто вы?

– Загадчык гаспадаркі.

– Заўхоз? – удакладніў перакладчык.

– Так.

– А старшыня дзе? – спытаўся камендант.

– Пайшоў разам з фронтам.

– Ён камуніст?

– Так, камуніст.

– А вы?

Зазыба змоўчаў.

Дзіва, але камендант таксама не настойваў на адказе, усё роўна як штосьці ведаў ужо пра Зазыбу і цяпер успомніў тое.

– Дык навошта вы без дазволу падзялілі калгас? – зноў задаў ён першае пытанне.

– Так рашыла праўленне, – адказаў Зазыба і нават сам здзівіўся, што зусім супакоіўся. – У нас па арцельнаму статуту ў гаспадарцы адзін чалавек нічога не рашаў. Ні старшыня, ні загадчык гаспадаркі, ні брыгадзіры, ніхто іншы. Для вырашэння калгасных спраў мы выбіралі праўленне. Праўленне ўсё і рашала. Так што...

– Ну, мы з гэтай граматай вашай трохі знаёмы, – незалюбіў такога абцякальнага і, па сутнасці, безадказнага тлумачэння Гуфельд. – Вас не папярэджвалі аб асабістай адказнасці?

Зазыба неўразумела паціснуў плячамі.

Тады камендант перавёў колкі позірк на Брава-Жыватоўскага.

– Не паспеў я, пан камендант, папярэдзіць яго, – нечакана схлусіў той, хоць, вядома, ні ён сам, ні Зазыба не забыліся пра размову на возе, што адбывалася на спаса, а пасля і назаўтра, ужо ў полі. – Пакуль прыехаў ад вас у вёску, там усё пачалося. Сапраўды, праўленне рашыла. Праўда, яно цяпер не ў поўным складзе, не хапае членаў праўлення, таму пасяджэнне можна лічыць непаўнамоцным.

Мусіць, гэтая, апошняя акалічнасць не мела для каменданта ніякага значэння, бо ён тут жа няверліва глянуў на цывільнага, штосьці абурана сказаў. Але той не стаў тлумачыць камендантавы словы мужам даверу, толькі ўсміхнуўся.

– У якім стане цяпер гаспадарка? – хутка пераклаў ён наступнае камендантава пытанне.

– Усё падзелена, – адказаў Зазыба. – Калгаснікі працуюць аднаасобна.

– Але не думайце, што мы не высветлім, хто вінаваты ў гэтым, – папярэдзіў камендант, і па тым, як паглядзеў таксама і на Брава-Жыватоўскага, стала зразумела, што цяпер ён ужо меў на ўвазе не аднаго Зазыбу. – Дарэчы, гэта датычыць не адных верамейкаўцаў. Я адзначаў, што без нашага дазволу пачалі дзяліць калгасы і ў іншых вёсках. Таму каб ведалі – вінаватых будзем шукаць паўсюды. А вы можаце сесці, – літасціва дазволіў ён верамейкаўцам.

Тыя апусціліся на свае крэслы.

Пакуль Зазыба рыпеў ды ўлаштоўваўся на месцы, Захар Доўгаль паспеў нахіліцца да пляча яму, прамовіць шэптам:

– Нездарма кажуць – раз не здолеў адсекчы руку свайму ліхадзею, то мусіш цалаваць цяпер яе.

– Нам засталося абгаварыць з вамі яшчэ некалькі важных пытанняў, – перабіраючы паперкі, сказаў, між тым, камендант. – Хутка вы пачнеце атрымліваць ад нас розныя цыркуляры, згодна якіх будзеце дзейнічаць. Адміністрацыйная будова па воласці зацверджана такая: у самой воласці – управа, у якой бургамістр, пісар, рахункавод, аграном, таксама валасная паліцыя парадку; у вёсцы – стараста, намеснік валаснога агранома, адзін паліцэйскі з разліку на дваццаць – трыццаць двароў. У нас ужо ёсць бургамістр. Гэта – пан Брындзікаў. Прывітайце яго.

На сваім месцы ў першым радзе заварушылася і ўстала на ўвесь рост ссутуленая постаць бургамістра, былога старшыні сельспажыўсаюза.

– Ёсць пісар, – працягваў камендант, – ёсць рахункавод. Прыйшлі добраахвотнікі ў паліцыю. Такім чынам, што належыць валасной управы, то тут у нас усё як мае быць. Але яшчэ не ў кожнай вёсцы па воласці ёсць старасты. Не выбраны намеснікі валаснога агранома. Праўда, мы з гэтым свядома затрымаліся трохі, бо там, дзе засталіся на месцы старшыні калгасаў, усё кіраўніцтва па адміністрацыйнай частцы выконваюць яны. Цяпер неабходна паскорыць выбранне стараст там, дзе былі распушчаны без дазволу калгасы. Трэба таксама ўлічыць, што не хапае і паліцэйскіх. Я падкрэсліваю, на кожныя дваццаць – трыццаць двароў для аховы парадку трэба мець па адным паліцэйскім, значыць, на вёску ў сто двароў у выніку неабходна набраць не менш як пяць. Парадак павінен строга захоўвацца. Нездарма ж мы назвалі паліцыю – паліцыяй парадку. На гэтым я скончыў.

Перакладчык мала пазніўся паўтараць за ім па-руску, таму цішыня ў зале ўсталявалася ледзь не адразу.

– Калі ёсць пытанні, – сказаў ён пасля ўсяго, – пан камендант з задавальненнем адкажа вам.

Першы памеў цікавасць да нечага смуглявы чалавек, што сядзеў побач з Абабуркам.

– Скажыце, – адкашляўся ён, – а якая адміністрацыйная будова ўлады ўстаноўлена ў раёне?

– Я адкажу, – выслухаўшы пераклад, кіўнуў галавой камендант. – Па-першае, раённая ўправа, якая мае аддзелы – народнай адукацыі, фінансаў, а таксама сельгасгрупу, якой падпарадкаваны нарыхтоўчыя і падаткавыя органы. Па-другое, у раёне функцыяніруюць вайсковыя ўлады, якім падпарадкавана і грамадзянская адміністрацыя.

– Тады скажыце, пан камендант, – не садзіўся Абабуркаў сусед, – як будзе падатак цяпер устанаўлівацца, па якіх нормах?

– Гэтае пытанне яшчэ як след не распрацавана, – адказаў камендант, – але хутка і тут будзе ўнесена яснасць. Хутчэй за ўсё для большай зручнасці, пакуль не адбыўся пераход на індывідуальнае землекарыстанне, будуць выкарыстаны матэрыялы савецкіх камітэтаў па нарыхтоўках, у аснову якіх лягуць нормы былых дзяржаўных паставак па ўсіх відах падатку. Разам з тым я хацеў бы сказаць, што найбольш востра цяпер стаіць пытанне не аб падатках, а аб уборцы ўраджаю. Асабліва ў калгасах. Што ж датычыць аднаасобных гаспадарак, як тых, якія дасталіся нам ад Саветаў, так і тых, што ўтварыліся ўжо ў новых умовах, то і тут будуць вызначаны адпаведныя нормы. Зразумела?

– Так.

У другім канцы залы, ці не з самага апошняга рада крэслаў, таксама пачуўся голас:

– Я так зразумеў вас – раз у раённай управе створаны аддзел народнай адукацыі, значыць, і вучоба ў школах будзе адноўлена. Калі гэта можа адбыцца? Звычайна ў нас у школах заняткі пачыналіся з першага верасня, а тут ужо тэрмін даўно сышоў.

– Так, сапраўды, – паслухаўшы пераклад, усё роўна як узрадаваўся Гуфельд.– Новая ўлада адукацыі вашага народа будзе надаваць не менш значэння, чым гэта рабілі бальшавікі. Але больш падрабязна вам на гэта пытанне можа адказаць ваш бургамістр. Пан Брындзікаў, падыдзіце сюды, да стала, і раскажыце мужам даверу ўсё як ёсць. Вы ж, здаецца, былі ўжо на школьнай нарадзе ў Крутагор’і?

Бургамістр выйшаў наперад, паказаў прысутным свой чырвоны, добра адкормлены і адпоены ў спажывецкіх крамах твар.

– Так, – паспешліва пачаў ён старацца, быццам нечага непакоіўся, – мы ў управе ўжо маем сякія-такія інструкцыі на гэты конт. Пачатковае і народнае школьніцтва мае быць цалкам бясплатным. Належная ўвага будзе нададзена таксама разбудове і ўдасканаленню агульнага і спецыяльнага сярэдняга навучэння. Што ж датычыць тэрміну, то тут сапраўды мы ўсе ў раёне спазніліся. Давядзецца пачаць вучобу ў школах пазней: калі не да першага кастрычніка, то недзе ў лістападзе ўжо абавязкова трэба правесці ўкамплектацыю школ і настаўнікамі, якіх, дарэчы, мала засталося ў раёне, і навучэнцамі.

– Тады скажыце яшчэ, – пачуўся другі голас, ужо бліжэй да Зазыбы; належаў ён смугляваму чалавеку ў цёмна-сіняй сацінавай кашулі са стаячым каўняром. – Якія прадметы будуць выкладацца ў школах?

– Нямецкая мова, гэта найперш, – пачаў пералічваць бургамістр, – затым закон божы, хімія, фізіка, батаніка, заалогія, арыфметыка з алгебрай і геаметрыяй, ну, і руская мова, вядома.

– А беларуская?

Мусіць, бургамістр не меў на гэты конт пэўных інструкцый, бо адразу павярнуўся да каменданта. Той доўга, ажно занадта доўга слухаў перакладчыка, некалькі разоў нават перапытваў яго пра штосьці, нарэшце з ухвалой заківаў галавой.

– Пан камендант лічыць, – глянуў у залу перакладчык, – што з боку германскіх улад, як і паабяцана ў звароце генеральнага камісара Беларусі, не будзе рабіцца перашкод, каб у школах вывучалі мясцовую мову. Але вам усім трэба ведаць, што раён ваш пакуль што належыць да вобласці ваенных аперацый.

– Зразумела, – сумеўся смуглявы чалавек, але не сеў на крэсла.

Зазыба раўніва ўсміхнуўся сабе:

«Падлавіў жа, халера!»

– І апошняе пытанне, – сказаў смуглявы. – Па якіх падручніках будзе весціся ў школах навучанне? Якога можна чакаць матэрыяльнага забеспячэння настаўнікам?

– Пакуль не выдадуць новых падручнікаў, – узяў на сябе тлумачэнне бургамістр, – выкладанне трэба ажыццяўляць па савецкіх. Але загадана назаўсёды выкінуць з іх словы «савецкі», «бальшавік» і гэтак далей. Партрэты бальшавіцкіх правадыроў таксама неабходна выкасаваць. Што датычыць матэрыяльнага забеспячэння, то тут захоўваецца ранейшы, у савецкім размеры, аклад, акрамя таго, будзе выдавацца паёк – па дзесяць кілаграмаў збожжа на месяц самому настаўніку і па пяць кілаграмаў на ўтрыманца ў сям’і.

Другім прысутным таксама закарцела даведацца ў каменданта пра што-кольвеч, напрыклад, ці адчыняцца магазіны, якое мяркуецца лячэнне для мясцовых людзей?

– Платнае, – цярпліва адказаў той, – па пяць рублёў за прыём у доктара ў вясковым лячэбным пункце і па дзесяць у гарадской бальніцы альбо амбулаторыі. Ну, а наконт магазінаў, дык тут і сумнявацца не трэба. Без камерцыі яшчэ ні адна ўлада не абыходзілася.

Тады падняўся са свайго крэсла Захар Доўгаль.

– А ў мяне такое пытанне, – выразна хвалюючыся, пачаў ён. – Калгас, як ён задуманы адразу, вымагае калектыўнай працы. Але ж калектыўная праца патрабуе ў сваю чаргу выкарыстання на вялізных палях тэхнікі. Савецкая ўлада давала нам такую тэхніку. Гэта вам кожны пацвердзіць. Таму цікава ведаць – ці забяспечыце вы нас трактарамі, пасяўной і ўборачнай тэхнікай? Асабліва калі ўлічыць, што ў вёсках няма коней?

– Дзе ж вашы тыя, савецкія, трактары? – нездаволена свідрануў камендант вачамі Доўгаля.

– Эвакуіраваны.

– А навошта вы дазволілі эвакуіраваць?

– Дапусцім, у нас асабістага дазволу не пыталіся, – пераадольваючы сябе, каб таксама не адвесці ад каменданта вачэй, адказаў Доўгаль. – Тым больш што трактары, малатарні і іншая такая тэхніка належала дзяржаве ў асобе машынна-трактарных станцый, якія апрацоўвалі кагласныя палеткі па дагавору.

– Не пыталіся! – паморшчыўся Гуфельд. – У вас не пыталіся! І разам з тым раптам высвятляецца, што ў Ніжняй Варонаўцы эмтээсаўскі, а гэта значыць, як вы кажаце, дзяржаўны трактар быў закапаны тайным чынам у лесе, у зямлі. Добра, што знайшліся лаяльныя нам людзі ды выдалі схованку. Так што, не дужа рабіце з сябе прасцячкоў. Мы яшчэ паглядзім, куды што сапраўды падзявалася. Ну, а наконт таго, ці будзе новая ўлада забяспечваць вас тэхнікай, то скажу пэўна – пакуль ніякай сельскагаспадарчай тэхнікі, таксама аўтамашын мы не маем магчымасці выдзеліць. А вось наконт коней?.. Тут мы можам даць вам верную параду. Скарыстоўвайце ў гаспадарцы як цяглавую сілу кароў. – І, убачыўшы, што тубыльцы недаверліва, нават з іроніяй заўсміхаліся, строга павысіў голас: – Так, так, кароў! У Пратэктараце, напрыклад...

– Дзе, дзе? – не зразумеў хтосьці ў зале.

– У Чэхіі, – растлумачыў перакладчык.

– У Пратэктараце, напрыклад, – працягваў тым часам камендант, – даўно на каровах выконваюць усе палявыя работы – ворыва, сяўбу, баранаванне, вазавіцу і гэтак далей. Мяркуйце самі, конь працуе ў гаду на ўсю моц трыццаць – сорак дзён, не болей, а харчу на яго трэба запасці на ўсе трыста шэсцьдзесят пяць. Таму замест каня там многія сяляне цяпер трымаюць адну-дзве дойныя каровы. Паколькі ў гаспадарцы каня няма, каровам дастаюцца ўсе кармы. А добра кормячыся, каровы, не зважаючы нават на працу, даюць больш малака. Таму і вам варта пераняць гэты вопыт. Выкарыстанне кароў на самых розных работах – гэта вельмі рацыянальны спосаб вядзення гаспадаркі. Разумееце?

– Да ўжо ж, – муляючыся, пачухаў патыліцу Доўгаль, – але як паарэш на карове, то ўжо... наясіся малака, акурат як з той казы.

Пачуўшы гэта, хтосьці гучна хмыкнуў у сярэднім радзе, здушваючы ў сабе адкрыты смех, але дарэмна – чалавек не стрымаўся, даў сабе волю, а за ім нечакана зарагаталі амаль усе, хто сядзеў на задніх радах: сапраўды, кожнаму дзіва, каб на карове араць!..

Зазыба ад гучнага рогату ажно сумеўся – накліча на сябе Захар няміласць. Але камендант, слухаючы, што даводзіў яму з Захаравых слоў перакладчык, раптам таксама пачаў смяяцца, ці то робячы адно выгляд, ці сапраўды паддаўшыся агульнаму настрою.

Тубыльцы між тым парагаталі, ужо нібыта з дазволу, ды сціхлі.

– На гэтым нарада наша, уласна, скончана, панове, – адразу за цішынёй абвясціў камендант. – Але не спяшайцеся – ёсць адна неадкладная справа, пра якую таксама трэба дамовіцца. Яшчэ ў жніўні каля вёскі Белая Гліна ў часе адступлення Чырвонай Арміі быў спалены на Дзяражні мост. Цяпер ад вайсковага каменданта раёна і начальніка дарожнага аддзела паступіў загад – неадкладна адбудаваць гэты мост. Таму я ў сваю чаргу таксама загадваю – на адбудаванне маста накіроўваць кожнага дня з вёскі па дзесяць падвод з вазніцамі і адмысловымі цеслярамі. За гэта адказваюць перад камендатурай чыны паліцыі і старасты.

Па тым, як Гуфельд узяў у рукі свой шомпал, усе ў зале зразумелі, што цяпер нарада сапраўды вычарпала сябе.

* * *

З камендатуры Зазыба выходзіў у ліку апошніх. Нават Захар Доўгаль, які ўсю нараду прасядзеў поплеч, цяпер чамусьці памкнуўся наперад, акурат у яго была задума перастрэць кагосьці на ганку. У душы ў Зазыбы было такое адчуванне, быццам яго толькі што ашукалі альбо, яшчэ горай – незаслужана збэсцілі ўшчэнт, хоць, вядома, нічога асаблівага за ўсе гэтыя паўтары гадзіны, пакуль ішла нарада, не адбылося, урэшце, Зазыба і дасюль усведамляў, куды ехаў сёння з Верамеек, з кім і да каго!.. Але тым не менш душу смактала прыкрасць. І, можа, якраз таму, што нічога падманнага, таксама абразлівага не адбылося: дзіва, але факт, ад якога ні рукамі, ні нагамі, ні галавой – нарада прайшла, як некаторыя людзі любілі раней гаварыць, на высокім узроўні. Галоўнае, ніхто асабіста нікога не лаяў, ніхто нікога не палохаў, не спрабаваў падвесіць на дыбу нават вінаватых, як Зазыба,– а Зазыбу чамусьці хацелася думаць, што сёння ў мястэчка ў якасці адказчыка не толькі ён быў пакліканы, дакладней, прымусова дастаўлены, – дык нават вінаватых усё роўна як знарок памілавалі, няважна, што трохі прыгразілі. Выходзіла, што камендант сапраўды збіраў з навакольных вёсак мужыкоў дзеля таго, каб паразумецца разам, як весці ў воласці ў новых умовах гаспадарку, як ладзіць парадак. Але, ступаючы цяпер за натоўпам па прыступках ганка, Зазыба падумаў і пра тое, што за гэтыя паўтары гадзіны, як слухаў каменданта – прамову яго і адказы на пытанні, неяк зусім не даў сабе цяжкасці ўнікнуць у сутнасць таго, пра што гаварылася на нарадзе, асэнсаваць усё і ўзважыць у галаве. Адно сядзеў на мулкім драўляным крэсле ды слухаў, акурат баяўся прапусціць што. Праўда, была прычына, якая ўвесь час перашкаджала яму перайсці ад крытычнага ўспрымання да аналізу, да асэнсавання камендантавай прамовы і наогул усяго, што давялося чуць: гэта прысутнасць у зале цывільнага, камендантавага перакладчыка, якому Зазыба адразу ўпаў у вока і які потым ужо не губляў яго з-пад увагі, нібыта правяраў па ім, як рэагуюць на ўсё мясцовыя «мужы даверу». Выйшла, што Зазыба першы пачаў прыглядацца больш да цывільнага, чым да каменданта, хоць, вядома, цікавасць да апошняга павінна была б праявіцца мацней – Гуфельд зрабіўся адыёзнай асобай. Але гэтага не здарылася, бо Зазыбу ўжо здавалася, што камендант для яго страціў цікавасць, прынамсі, тую, што ў іншых падтрымлівалася рознымі чуткамі яшчэ з таго, як немцы заснаваліся ў Бабінавічах. Яму толькі заставалася адчуваць нездаволенасць, што іншы раз даводзілася думаць пра каменданта нават супраць жадання, усё роўна як хто помсціў яму за ранейшыя ілюзіі. Між тым, іначай і быць не магло, бо Гуфельд з’яўляўся той новай рэальнасцю, якая ніколькі не залежала ад Зазыбавага жадання, гэта па меншай меры. Словам, Зазыба, калі разважаць паслядоўна, не так сабе звярнуў увагу на цывільнага, калі той паявіўся разам з камендантам. Але ён не чакаў, што гэтым у адказ выкліча да сябе не меншую цікавасць. Пільная, хоць і не адкрытая чужая ўвага неўзабаве пачала непакоіць, і Зазыба не мог пазбавіцца ад гэтага пачуцця да канца нарады...

Сышоўшы з ганка, тыбульцы не спяшаліся аддаляцца ад камендатуры. Збоку можна было падумаць, што яны гэта вывалілі гурмой на вуліцу ў часе перапынку, каб неўзабаве зноў вярнуцца ў будынак. Пастаўшы ў купкі пад вокнамі чалавек па пяць-сем, курцы пачалі рабіць самакруткі, частуючы адзін аднаго самасадам, а тыя, хто не ўжываў смуроднага зелля, проста далучаліся да знаёмых, калі не пагаварыць, то хоць бы паслухаць. Пры гэтым нехта сказаў, смеючыся:

– Што мне спадабалася сянні, дак ета што баб не было сярод нас. Адны мужыкі засядалі. А то раней панавыклікаюць розных актывістак, а тады за імі і слова ніхто не дасць табе.

– Ну, а як жа без актывістак? – падтрымаў яго другі ахвотнік пагаварыць. – Спярша – прамовы, моў, трэба і нада, а пасля – шуры-муры.

Недзе ўжо наставаў час абеду. Густая і цяжкая духата вісела над мястэчкам – дзіва, але і ўвосень хапала сонца, каб стварыць яе.

Было чуваць, як за садам на бальшаку то заціхалі, то зноў пачыналі гусці машыны. Паслухаўшы няроўны, аслонены дрэвам гул, Зазыба ўспомніў, што ўранні ім з Брава-Жыватоўскім пашанцавала пераехаць бальшак свабодна, мусіць, тады яшчэ не паспеў аднавіцца рух. Прыгадаў ён і той раз, калі вёз у мястэчка Марылю, і нібыта нанава пачаў перажываць усё, ведаў, нялёгка даліся тыя хвіліны не толькі яму, а і дзяўчыне; нарэшце ён разважыў, што абавязкова павінен наведацца да яе ў Хоніну хату, балазе недалёка, адразу за поштай, бо Марфа таксама спакою не дасць яму, будзе пытацца, чаму не схадзіў, але тут жа і пашкадаваў, што ўжо зусім па-бацькоўску, – ехаў сюды на пустым возе і нічога не ўзяў з сабой, каб даць Марылі; ды і Марфа чамусьці не здагадалася пра гэта.

Упэўніўшыся канчаткова ў сваім рашэнні, Зазыба пачаў шукаць вачамі сярод «мужоў даверу» Брава-Жыватоўскага. Але той, няйначай, не выходзіў яшчэ з будынка. «От ёлуп, – узлаваўся Зазыба, – прымушае чакаць, бо не кінеш без нагляду каня, тады і праўда на каровах давядзецца яму ў воласць ездзіць». Не было відаць у купках і Захара Доўгаля. «Ну от, – зноў застаўся нездаволены Зазыба, – а казаў, што справу мае, ды каб адзін на адзін». Зазыба не здагадваўся, якая ў таго з’явілася справа да яго, але і без яе не лішне было б пагаварыць з разумным чалавекам, які, па ўсім відна, таксама цяпер пакутуе і трывожыцца не менш за астатніх сумленных людзей.

Цяпер, як ніколі, патрэбны аднадумцы. Так, трэба шукаць аднадумцаў!

Але дзе яны?

У сярэдзіне адной з жывых купак на дарозе Зазыба раптам згледзеў таго самага смуглявага чалавека, які на нарадзе пытаўся ў бургамістра, ці будуць выкладаць у школах беларускую мову. Здавалася, сярод іншых спраў не такая ўжо ўрэшце важная гэта, калі ідзе наўкол вайна і калі на парадку дня наогул стаіць пытанне аб існаванні народа, які гаворыць на той мове, у кожным разе, як думалася Зазыбу, не самая важная, але тым не менш чалавек сваім пытаннем выклікаў у Зазыбы сімпатыю. Цяпер смуглявы чалавек таксама быў у цэнтры ўвагі. Ён нешта расказваў, а тыя, хто стаяў вакол яго, гучна смяяліся. Зазыба ажно пазайздросціў ім і, можа б, не ўтрымаўся ад спакусы дапасці хоць вухам да чужой гаворкі, аднак на гоман з камендатуры якраз выйшаў Брава-Жыватоўскі. Ён трымаў у руцэ трубкаю ўніз вялікі скрутак папер. Па ўсім было відаць, што адчуў верамейкаўскі паліцай тут сябе, як дома, нават лепей, чым дома, калі мець на ўвазе адносіны, якія склаліся паміж ім і жонкай: пасля спасаўскай вечарынкі, на якой ён адкрыўся мужыкам са сваім махноўскім мінулым, Параска зрабілася, як чужая... Брава-Жыватоўскі, між тым, падышоў да воза, нечага запусціў руку глыбока ў сена, быццам правяраў, ці ляжыць што пад ім, тады з захапленнем сказаў, патрэсваючы перад Зазыбам папяровым скруткам:

– Будзем дома развешваць на хатах плакаты! Няхай нашы верамейкаўцы прывыкаюць да новых правадыроў і да розных новых карцінак-малюнкаў. – І, каб не пакідаць Зазыбу ў сумненні, раскруціў верхні вялікі аркуш гладкай паперы і разгарнуў яго на вачах, адстаўляючы з адным краем далёка ў бок левую руку. – Вось якую форму неўзабаве будуць насіць чыны паліцыі парадку! – пахваліўся ён, скіроўваючы Зазыбаву ўвагу на плакат, дзе каляровымі фарбамі былі намаляваны нямецкі афіцэр інтэнданцкай службы – чамусьці ў белым мундзіры, з маленькімі, амаль цалкам чырвонымі пагонамі, і паліцэйскі, апрануты ў цёмна-сіні, з шырокім чорным адкладным каўняром фрэнч, і таксама пры пагонах, але без сярэбраных кубікаў на ім; і нямецкі афіцэр, і паліцэйскі, трохі схіліўшыся насустрач, ветліва паціскалі адзін аднаму руку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю