412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 22)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 22 страниц)

Тым часам Міхалка працягваў радасна плюскаць блакітнымі вачанятамі, і гэта яшчэ мацней падахвочвала Чубара на тое, на што ён нечакана рашыўся. Але Міхалку клікаць з сабой у лес Чубар не браўся. Па-першае, Міхалкава адсутнасць дома ўстрывожыла б маці, бо наўрад ці паспеюць яны вярнуцца назад, пакуль тая з дачкой прыйдзе з поля, а па-другое... Урэшце, ці мала што можа здарыцца цяпер, тады ўжо і зусім замучыць сумленне. Чубар па-змоўніцку падміргнуў хлопчыку. Сказаў:

– Значыць, хочаш мець ласяня? – і, не чакаючы адказу, тут жа дадаў: – Тады вось што, ты сцеражыся тут хаты, а я зараз пайду.

– А я?

– Ты застанешся дома. Я адзін пашукаю ласяня, а то матка пасля будзе на нас сварыцца. Пападзе ад яе і мне, і табе.

– Ыгы,– насупіўся Міхалка, але, мусіць, не таму, што збаяўся матчыных пагроз.

Спытаў:

– А хлеб яно есць?

– Не ведаю,– паціснуў плячамі Чубар.– Мусіць жа, есць...

– Тады вазьміце з сабой хлеба. Хлебам і прыманіце. Пакажаце яму мякушак, яно і пойдзе за вамі. Ета нават лепей, чымся вяроўкай лавіць. На вяроўцы дак можа ўпірацца яшчэ, а так – не. Я вэн сваёй Чарняўцы, як малая была, заўсёды даваў мякушак. Дак хадзіла ўсё лета за мной пакуль узімку не вырасла. А на каго яно падобна, ласяня? Якое яно?

– Ну, як звычайнае цяля. Такое.

– А вы яго самі бачылі?

– Як цябе вось.

– Ладна, прыводзьце,– зусім стала, быццам і праўда даючы дазвол, на які дасюль не згаджаўся, сказаў Міхалка.– А я загончык на гародзе зраблю. Няхай будзе стаяць у ім. Толькі пачакайце самі, я хлеба зараз прынясу.

Хлопчык кумельгам кінуўся праз двор у сенцы, а праз іх у хату і гэтак жа хуценька вярнуўся з акрайцам у руках. Убачыўшы акраец, Чубар падумаў, што і самому не лішне паклапаціцца пра хлеб, раз ужо ідзе з дому. Але як узяў з Міхалкавых рук акраец, то падумаў і пра другое – урэшце, наўрад ці давядзецца прынаджваць ласяня.

– Ну, глядзі тут! – Чубар абышоў хлеў з тыльнага боку, дзе паўз мяжу стаяў пасохлы бярозавы хмыз, па якім чаплялася ўгору струкаватая фасоля, і зацішкам падаўся ў другі канец сядзібы.

Птушкі – а гэта сапраўды былі шпакі – з шумам узляцелі з бяроз пры з’яўленні на гародзе чалавека, закружылі чорнай хмарай над пасёлкам.

З гарода ў лес прапускалі ў плоце маленькія варотцы, збітыя з нятоўстых абапалкаў, і Чубар, адкінуўшы заржавелую жалезную зашчапку, піхнуў па той бок іх ботам. Апынуўшыся за сядзібай, ён кінуў позіркам на дарогу з Верамеек, быццам хацеў прымусіць сябе пераканацца, што сёння ўжо нікога не дачакаецца адтуль, бо ці рашыцца нават Драніца ісці да яго сярод белага дня, тады ўгнуў галаву ў плечы, усё роўна як пажадаў зрабіцца меншым і непрыкметным, і, мякка стаўляючы ногі на зляжалае сасновае шыгалле, пашыбаваў паўз агароджу.

Хоць падсочка на соснах засохла, а ў бляшаных лейках стаяла рудая вада, якую наліло ў дажджы, па ўзлеску, нібы ў спякотнае лета, духмяніў смольны пах. Праўда, ён быў не такі густы, як бывае тады, калі па дрэвах струменіць сама жывіца, затое адчуваўся, здаецца, нават мацней: на пачатку восені, дарэчы, як і ў самую восень, з прыродай наогул адбываецца нібыта прасвятленне, тады і вада ў рэках робіцца гусцейшай, і пахі навокал чуюцца больш выразна, нават паветра і тое, здаецца, праглядваецца наскрозь зусім не замгленае. Зразумела, што смольны пах перш за ўсё і адчуў цяпер Чубар, бо той панаваў тут, бадай, ужо адзін. Верас у разлік не ішоў. Яго тут было мала, усяго некалькі лапікаў на ўсю выспу.

Але вось Чубар перайшоў дарогу, што бралася з Мамонаўкі к Бесядзі. За дарогай вачам адразу адкрылася вялікая высека, якая ўтварылася тут летась, калі стралявалі леспрамгасаўцы лес да руму. Цяпер на высецы скрозь сінеў мышыны гарох, усё роўна як яго назнарок пасеялі тут. Па гаросе басавіта гулі чмялі, пырхала птаства. Пасярод высекі ўзвышалася магутная елка. Лесарубы чамусьці не спляжылі яе, можа, якраз па простай прычыне, што гэта была наогул елка, прытым расла адна на ўвесь квартал, дык навошта рабіць ёю перасорціцу? Убачыўшы ацалелае дрэва, Чубар нечакана ажно тварам прасвятлеў, нібыта сустрэў даўняга знаёмага. «Няскора вырасце нанава лес, а калі і вырасце, то наўрад ці давядзецца каму з тых, хто жыве цяпер у гадах, стаць сведкам ягонага ўзнаўлення. І толькі смаляныя пні ды яна вось будуць нагадваць, што некалі шумела тут, гнула вершаліны пад ветрам ладная баравіна. Дрэвы – тыя ж людзі, дарма што няздольныя думаць, хадзіць ды шкадаваць, усведамляючы сваё часовае знаходжанне на гэтым свеце. А лёс у іх, бадай, аднолькавы з чалавекам. Пастаяць, пашумяць, і годзе! Калі не самі струхлеюць, то ўжо, няйначай, прыдадуцца на нейкую патрэбу. На дрэва знойдзецца чалавек з сякерай, а на чалавека – свая трасца, а то, глядзіш, і сам чалавек пойдзе на чалавека, як і ў гэтую вось вайну!..»

Думаючы так, Чубар непрыкметна для самога сябе пратупаў амаль сярэдзінай высеку. На краі яе, у засені арэшніку, прыкрытага зверху яловымі шатамі, стаялі буданы. Яны мелі выгляд адмысловага чалавечага жылля, але без людзей. Толькі ў адным будане, у самых галавах, на сене ляжала чырвонаармейская пілотка. Чубар дастаў яе, падчапіўшы на мушку вінтоўкі, патрымаў у руцэ і зноў кінуў на месца. За гэтым буданом віднелася яма, заваленая ватай і акрываўленымі бінтамі. «Значыць, мела прыпынак тут нейкая медыцынская часць»,– здагадаўся Чубар. Звычайна, не паспее такая часць атайбавацца на месцы, а вакол ужо вырастаюць знаёмыя з дзяцінства грудкі, дарма што без крыжоў ды стаўбункоў. На адну такую стаянку Чубар набрыў яшчэ за Іпуццю. І тады найперш кінуліся ў вочы яму бліз дарогі буданы. Але тыя былі зроблены з разлікам не на адзін дзень,– кожны будан, быццам раскручаным рулонам, накрываўся (і з бакоў, і па вільчаку) яловай карой, так што ў сярэдзіне чалавеку не страшна была не толькі звычайная слата: праліўны дождж не мог прабіць кару. Чубар памеў намер нават заначаваць у адным з буданоў. Ды дарэмна – неўзабаве адчуў трупны пах, потым згледзеў трохі збоч парасцяганыя вакол чалавечыя канечнасці. Варта было Чубару павадзіць вачамі ды ўцяміцца трохі, як стала зразумела: тут дактары аперыравалі раненых, і гэтыя канечнасці – рукі і ногі – скідвалі санітары ў яму, і вось нехта адкапаў яе, тую яму, можа, воўк ці валачашчы сабака. Няцяжка было зрабіць вывад – той, хто з гэтакай ахвотай раскапаў яму, няйначай, пакаштаваў чалавечыны. Дык паспрабуй, абначыся тады адзін у будане!.. Уцяміўшы гэта,– а перспектыва на самой справе была не толькі незайздроснай, але і вельмі жахлівай,– Чубар жахнуўся, сігануў прэч ад тых буданоў. Больш таго, неадчэпная думка, што недзе бегаюць звяры-людаеды, прымушала скаланацца і многа пасля. Праўда, днём утрапёнасць не даймала, бо навошта тады насіць пры сабе вінтоўку, затое кожны раз пад вечар, як толькі выпадала шукаць прытулку пад адкрытым небам, лічы, першая трывожная думка была пра гэта...

Але цяпер магілак каля буданоў не было.

Нібыта супакоены гэтым, Чубар вярнуўся ў думках да сваіх пошукаў. Ён добра арыентаваўся вакол – бадай, гэта быў адзіны куток ва ўсім забесядскім лясным абшары, які Чубар няблага-ткі ведаў, бо не адзін раз хадзіў сюды з Верамеек у Мамонаўку. Таму яму не складала вялікай цяжкасці адшукаць акурат тое месца, дзе ўцякаў праз ельнік ад ласяня. Зразумела, спадзявацца, што звярок усё яшчэ стаіць ды чакае яго, не выпадала, аднак Чубар яшчэ ў Мамонаўцы разважыў – няйначай, небарака будзе блукаць паблізу, калі, вядома, не ўблытаўся за кім іншым. Ды дарэмна. Колькі ні сноўдаўся Чубар вакол знаёмага ельніку, нават слядоў нідзе не пабачыў. Усё роўна як і ў тую раніцу, ласяня не прыбягала сюды. Але ж Чубар за сабой прыводзіў яго! Быў сэнс выбіцца бліжэй да возера, хоць адсюль пачыналася балота, і да самага берага туды давялося б ісці па гразі. Таму Чубар пабрыў краем балота. Але акрамя птушыных крыжыкаў па-ранейшаму нічога не траплялася і тут. Намацаўшы ў кішэні акраец, які вынес яму Міхалка з хаты, Чубар адшчыкнуў мякішу, кінуў здалёку ў рот. Дзіўна, але і цяпер есці яшчэ не было апетыту, і ён колькі катаў мякіш без усялякага смаку, аж пакуль не праглынуў яго супраць жадання. Пасля зноў машынальна палез у кішэню, гэтаксама адшчыкнуў трыма пальцамі ад акрайца, паклаў у рот. Такога занятку якраз хапіла яму, каб дапяць да наступнай дарогі, што кіравалася з Верамеек у Гончу, амаль паралельна мамонаўскай. Тут Чубар нарэшце спыніўся, стаўшы пад бярозай, якая нізка схіляла старое вецце, утвараючы з яго гатовы шалаш. Угары над дарогай аднастайна шумелі дрэвы, а недзе ў гушчары крычалі, быццам гандляры на рынку, сарокі, якіх хтосьці палохаў альбо раздражняў знізу.

«Што, калі наведацца да лупільні?» – прыйшла Чубару думка, і ён раптам узрадаваўся ёй: не тое, што зноў памеў надзею адшукаць ласяня, хапала самой ідэі ісці далей, урэшце, неяк жа трэба шукаць сэнсу рухацца.

Больш адчуваючы, чым нават усведамляючы сваю непрыкаянасць, Чубар хоць і дужа марудна, але ўсё далей адыходзіў ад бярозы; топчучы леташнюю заваль, ён сігаў напрасткі і амаль наўздагад, бо прыкладна ведаў, як трапіць адсюль на тую грыву, дзе была хатка-лупільня, галоўнае, не ўзяць цяпер, прастуючы наўздагад, дужа ўправа, бо тады, няйначай, апынешся блізка ад вёскі, а то і зусім выйдзеш на крайнія хаты; гэтая перасцярога ўсё роўна як была закладзена Чубару ўсярэдзіну яшчэ раней, таму ён, лішне не турбуючыся, і рухаўся ўвесь час з папраўкай на такі даварот. Толькі ў адным месцы давялося крута збочыць – там пачыналася маладая сасновая пасадка, праз якую дарэмна было спадзявацца нават прапаўзці на карачках. Убачыўшы яе, Чубар, быццам губляючы раўнавагу, тут жа скочыў у вузкую межавую канаву, самае дно якой было завалена пасохлай ігліцай. Пайшоў ён па гэтай канаве, бы па глыбокай разорыне ў полі, нязвыкла стаўляў ногі пяткай да наска, усё роўна як цаляў патрапіць на выцягнуты прут. Нарэшце канава вывела да балацявіны, парослай па краі высокай і мяккай хвалістай травой, якая здараецца ў глухім цені. Тут сасновы зараснік сыходзіў на клін, і далей ужо льга было зноў ісці без перашкоды. Абмінаючы не згарэлыя, можа, некалі прытушаныя ліўнем лаўжы, што чарнелі, бы старыя начлежныя вогнішчы, на залужаным грудку, Чубар апынуўся паміж балацявінай і рослым ядлоўцам. А далей недзе ўжо меліся быць тыя сіўцовыя лагі, якімі дабіраўся да хаткі-лупільні Чубар і тады, у першы вечар, як вярнуўся са свайго вымушанага падарожжа. Скрозь па ядлоўцы зямля выглядала быццам папорканай, але не цяпер, а даўно, бо паспела ўздзірванець. Калдобіны былі неглыбокія, у адну рыдлёўку, затое шырокія, акурат гайны, што часта ўбачыш пасярод сялянскага двара, а то і проста на вясковай вуліцы ў дажджавой калёжыне. Такое маглі нарабіць па сваёй ахвоце толькі дзікі. Але наўрад ці яны, бо, як помніць Чубар, за гэтыя гады, што давялося жыць у Верамейках, нават мясцовыя паляўнічыя пра іх ніколі не азваліся. Другі раз Чубар, можа, і не заўважыў бы гэтых старых калдобін, але цяпер яны чамусьці бы назнарок кінуліся ў вочы, і ён ажно спыніўся на грудку, акурат у вялікім здзіўленні,– вось ужо нечая праўда, што вольнаму часу не займаць! Тут ён і ўбачыў на ладнай прагаліне, паміж ядлоўцавых кустоў, ласяня, ззаду, крокаў за колькі ад ласяня, стаяў, наважыўшыся на яго, воўк... Ласяня мела вельмі нязручную позу – трымалася на каленках, быццам перад гэтым хтосьці піхнуў яго, і пярэднія ногі ад штуршка падламаліся. Але драпежнік чамусьці не нападаў на высачаную ахвяру, усё роўна як забаўляўся чужой бездапаможнасцю. Каб не паскорыць драму, якая вось-вось мелася разыграцца тут, Чубар ажно замёр на месцы, адчуўшы ў момант, што пацяжэлі ногі. Правай рукой ён паволі зняў з пляча вінтоўку, нячутна падхапіў вышэй патронніка левай і ўжо гатовы быў прыставіць яе прыкладам да пляча, каб цэліцца, як раптам воўк зварухнуўся і неяк дзіўна, бы ламаючыся ў хрыбціне, віхлянуў задам, акурат падаючы на зямлю. Але гэтым ён толькі зрабіў уражанне. Драпежнік быў дужа нямоглы, таму не толькі не меў спрыту па-звярынаму скочыць да сваёй ахвяры, але і звычайна хоць трухам падбегчы. Гэта быў той стары воўк, якога надоечы бачыў Зазыба, калі вяртаўся з Бабінавіч. Недзе там нямоглы драпежнік і напаткаў ласяня. І вось яны хадзілі цяпер адзін за адным па лесе – нямоглы воўк, які няздольны быў насцігнуць сваю ахвяру, каб наталіць даўні, ужо закарэлы ў жываце, голад, і гэтае бездапаможнае трапяткое ласяня, што ўсё не давалася яму, кожны раз гатовае ўскочыць на ногі і зрабіць некалькі стомленых крокаў. Але гэтых крокаў якраз і хапала, каб уратавацца.

Хоць самому Чубару дасюль і не даводзілася сустракаць у ваколіцах Верамеек ваўка, аднак ён не раз чуў пра яго ад вяскоўцаў.

Між тым, воўк зрабіў некалькі канвульсіўных рухаў, скалынаючыся пры гэтым усім целам – ад хваста да галавы, тады аблізнуўся, нібыта мазнуў па шчацэ кавалкам сырога мяса, і заціх.

Амаль дакладна на столькі ж падалося наперад ад яго і ласяня. Няйначай, яно ўжо добра вывучыла паводзіны свайго мучыцеля, таму адразу ж, як той перастаў рухацца, шмякнулася на пярэднія каленкі, прымаючы ранейшую позу.

Чубар і цяпер яшчэ не выдаваў сябе, хоць даўно ўжо сцяміў, што нават калі і наробіць гуку, то ўсё роўна нічым не пашкодзіць ласяняці, не паскорыць драму. Тым больш не збіраўся ён пасля ўсяго, што ўбачыў, страляць. Разважыў: «Ці трэба наогул забіваць гэтага няшчаснага ваўка?» А разважыўшы так, апусціў вінтоўку, пастаяў яшчэ трохі, нібыта ў здзіўленні, што здараецца ў жыцці і такое вось, затым таропка збег па грудку ў нізіну. Не разбіраючы пад нагамі частых калдобін, ён заспяшаўся да таго месца, дзе цікавалі адзін за адным воўк і ласяня. Але, узышоўшы на прагаліну, Чубар нават косы позірк не кінуў на ваўка, быццам пагарджаў ім ці наперад ведаў, што пасля будзе гідка ад аднаго выгляду гнойных вачэй яго. Без усялякае перасцярогі ён тут жа падышоў да ласяня. Убачыўшы Чубара, тое не ўскочыла і не памкнулася ўцякаць, наадварот, зусім цупнулася на зямлю, усё роўна як і праўда зразумела, што са з’яўленнем чалавека прыйшло збавенне.

1 Чаму (ням.).

2 – Што? (ням.)

3 Б’юць па мяшку, а на ўвазе маюць асла (ням.).

4 Разам злоўлены, разам павешаны (ням.).

5 – Адставіць! (ням.)

6 Глянь, наш паліцэйскі набраў нам процьму жанчын. Па пяць штук на... прыпадзе (ням.).

7 Паслулслівы дурань – горай за ворага (ням.).

8 – Дарэмна ты. Мусіць, рускія прыдумалі сваю прымаўку не для нас. Спрытнюга Ганс, бач, ужо аблізваецца і гатовы да рашучага штурму. Паспяшайся, пане браце, каб не правароніць лялечак, уставай, інакш ты тут, ля вогнішча, правэндзішся наскрозь. Ну, зараз мы наладзім вялікую... (ням.)

9 Гэта не па мне. Гэтыя вясковыя славянскія дзеўкі даволі брудныя. Яны, здаецца, не носяць ніякіх рэйтузаў... Таму выкрэслівайце мяне са спісу, я не ўдзельнік вашай грандыёзнай муштроўкі. Праз месяц я еду дамоў, таму трэба крышку патрываць. Было б дзікай бестактоўнасцю падсунуць маёй Эльзе ў кішэню што-небудзь непажаданае (ням.).

10 Ну, як ведаеш. Але не шкадуй пасля. Прыйдзецца пастаяць табе ў каравуле (ням.).

11 – Прэч (ням.).

12 – Бачыў, што тут было? (ням.)

13 – Здаецца, мардабой. Гэта табе не Еўропа. Тут норавы дзікія. Мы з Вольфгангам думалі, што гэта ён навыбор для ўцехі столькі кабет прывёў (ням.).

14 – Яна, пацеха, і была толькі што. Але за чым затрымка, раз у вас жаданне з’явілася? (ням.)

15 – Ты ўжо гэтую бабулю сам... А я займуся вось чым. О, добра, добра! (ням.)

16 – А ты – ступай (ням.).

17 Сабака, свіння (ням.).

18 – Макс, хапай шчасце за кудлы, твая ў шырокай спадніцы!

19 – А мне злаві тую, што...

20 – А мне таўсцейшую, каб...

21 – А мне... (ням.)

22 – Яўрэйка! (ням.)

23 – Яна – яўрэйка? (ням.)

24 – Узяць! (ням.)

25 – Прэч! (ням.)

26 – О, добра, добра!

27 – Сын?

28 – Не, не, матка. Не – муж. Матка хлусіць. Матка – дурная! (ням.).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю