Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 22 страниц)
І наогул, Зазыба не хацеў бы, каб у вёсцы цяпер жыў хоць які вяртанец з «тых месц». А то вунь у Гончы... Не паспеў прыйсці туды аднекуль раскулачаны ў пачатку калектывізацыі Шкроб, як адразу паквітаўся з вясковымі актывістамі – першую застрэліў родную цётку, старую жанчыну, якая прысутнічала некалі ў якасці дэпутата сельскага Савета пры апісанні і канфіскацыі ягонай маёмасці. Хоць, вядома, параўноўваць кулака з Гончы з Масеем!.. Зазыба і сам разумеў, што гэтага і блізка не трэба рабіць, што гэта зусім незраўнаныя рэчы, што сын яго ва ўсякіх адносінах не тое, што Шкроб. Але ж і ён вярнуўся дамоў незаконна!.. «Божа, – акурат на ўсходні лад усклікнуў у душы зусім не набожны Зазыба, – дай мне сілы!..»
Яшчэ яму прыйшла ў галаву думка, што варта як хутчэй пагаварыць з Масеем адзін на адзін. Яму здавалася, што ў такой справе, як іхнія будучыя ўзаемаадносіны, іхняе будучае ўзаемаразуменне, нават Марфа, ад якой ён, бадай, толькі не таіўся, – нават Марфа можа стаць перашкодай, бо гэта ўзаемаадносіны, бо гэта ўзаемаразуменне не чужых ёй людзей, а бацькі і сына, мужа і сына.
«Добра, што падказала яна вытапіць для Масея лазню, – пачаў супакойваць сябе Зазыба. – Якраз у лазні мы і пагамонім, а калі спатрэбіцца, то і парахуемся».
Ужо ідучы па завулку, Зазыба адчуў моцны пах нейкай расліны. Пах гэты быў знаёмы, яму не аднойчы даводзілася дыхаць ім, і кожны раз на пачатку восені, у канцы свайго завулка. Але зазірнуць хоць адным вокам у той куток, дзе расла гэтая пахучая расліна, ён чамусьці ніколі не знайшоў часу, бадай, не ўзнікала і думкі такой – паглядзець, што духмяніла ў завулку. Пах быў прыемны, а галоўнае – незадушлівы, ніколькі не замінаў дыхаць чалавеку, прынамсі, Зазыбу.
Паўз плот, ужо як павярнуць на парослую палыном і быльнікам пустку, у Зазыбаў была дрывотня, у якой яшчэ з леташняга выпетрываліся паколатыя сасновыя абапалкі, знарок складзеныя ў шурку, каб хутчэй напаліць у лазні каменную печку. Далей трохі стаяла сама лазня, невялікае, аршыны на чатыры ўдоўжкі збудаванне з уцепленым прылазнікам: улетку мыйся ці ўзімку – аднолькава. Лазню гэтую некалі яны з бацькам будавалі на адну сваю сям’ю, але потым пачалі прыходзіць да іх памыцца і суседзі. Складалася лазня з дзвюх частак – уласна лазні і прылазніка, які адыгрываў перш за ўсё ролю адпачывальні; тут звычайна распраналіся, сюды ж выскоквалі пасля апарні паляжаць на ўслоне альбо проста на шчыльнай падлозе, аддыхацца, абдацца вадой, тым больш што якраз у прылазніку змяшчалася патрэбнае для ўсяго гэтага начынне – шайкі, карыты, бодні. У другой частцы, дакладней, у самой лазні, былі разам і парыльня і мыльня. Тут жа знаходзілася ў адным радзе з палком паўз сцяну печка. Печка была складзена з буйнага камення, якога хапала вакол вёскі на крушнях. Палок тым часам нагадваў звычайны хатні тапчан, але збіты з асінавых дошак, бо сасновыя і яловыя не падыходзілі для такой справы праз сваю смольнасць, якая пякла голае цела. Печку ў Зазыбавай лазні палілі па-чорнаму, таму дым з яе вытыкаўся праз дзверы і два акенцы – верхняе і ніжняе. Словам, то была самая звычайная вясковая лазня, такой яе ведалі ў забяседдзі, бадай, не толькі прадзеды, але і далёка ранейшыя продкі. Праўда, з’яўлялася думка ў асобных гаспадароў удасканаліць што-кольвеч у такіх лазнях, напрыклад, умазаць за печкай чыгунны кацёл для гарачай вады, вывесці праз страху комін. Але якраз гэтыя спробы і пераканалі нанава верамейкаўцаў, што дзяды іхнія нездарма некалі выбралі менавіта такі вось тып лазні: аказалася, што пасля ўдасканалення лазня адразу страчвала сваё другое прызначэнне, у ёй ужо нельга было адмыслова сушыць лён, рабіць вяндліну і гэтак далей...
Зазыба падышоў да шуркі, садраў з яе задубелую кару, якой укрывалі дровы ад макрэчы; пры гэтым штосьці варухнулася жывое на шурцы. І Зазыба ажно адхапіў руку, якой пачаў выцягваць паленне. Але дарэмна палохаўся – толькі і страху, што разбудзіў спаўшага ў шурцы вожыка, які невядома як забраўся на самы верх, пад гарбатую кару: можа, выпадкова абначыўся, а можа, і зусім даўно палюбіў гэтае ўтульнае сухое месцейка. Спуджаны вожык сярдзіта фыркнуў, быццам толькі што вылез з вады, у якую яго злаўмысна таўханулі, каб пацешыцца, адкінуў ножкі назад і, выпростваючыся, кульнуўся на бок. Зазыба здагадаўся, што гэта быў вожык, тады толькі, як звярок тыцкнуўся мордачкай у яго між ботаў. Кажуць, вожыкі добра бачаць уначы, аднак гэты чамусьці ўсё тыцкаўся ў Зазыбы між ног, акурат нюхаў там ваксу, якая прыйшлася даспадобы яму, альбо проста быў сляпы. Зазыба нейкі час ажно не адрываў ад зямлі ногі, каб не зачапіць дарэмна звярка, не адтаптаць яму што. Але вось вожык нарэшце выбавіўся з-паміж Зазыбавых ног, шмыгануў кудысьці, як з таго палону, у новы зацішак. Тады Зазыба набраў на левую руку дроў, каб пасля ашчапіць іх і правай зрабіць бярэма, і звыкла, як і належыць гаспадару, накінуў назад на шкурку яловую кару. Пры ўваходзе ў прылазнік ляжала на зямлі спластаваная яшчэ з леташняга кастра, якая нападала тут, калі трапалі лён, – звычайна ў Верамейках развозілі калгасны лён да прыватных лазняў, і тут ужо, па нарадах брыгадзіраў, бабы мялі яго на самаробных альбо куплёных мялках. Зазыба самахоць, з добрай сялянскай ахайнасцю, выцер аб кастру ногі, адну за адной, усё роўна як з нейкай асаблівай здаволенасцю, тады зняў з прабоя чэп, таўхануўшы вызваленай на час рукой дзверы. З лазні патыхнула насустрач пэўна што нежылым і горкім, таму Зазыба ажно плаксіва зморшчыў твар, акурат падаспела чыхнуць. Дровы ён пакуль скінуў з рук у прылазніку, а сам прайшоў далей праз адчыненыя дзверы ў сярэдзіну, лазні, дзе на дошчачцы, прымацаванай унізе да сцяны, стаяў у яго ліхтар – «лятучая мыш». Намацаўшы ў цемнаце пад жалезнымі рэбрамі пукатае шкло, Зазыба прыўзняў яго на колькі вяршкоў, паднёс да кнота запалку. Перад тым як запаліць дровы ў печы, яму трэба яшчэ было падмесці падлогу і выграбці з печкі старое вуголле. Што ён і зрабіў даволі хутка, выкарыстаўшы спараны венік і рыдлёўку, якая стаяла ў прылазніку. Такім чынам, не прайшло і дваццаці хвілін, як з лазні паваліў праз дзверы і акенцы густы дым. З дымам, нібыта выгнаны д’ябал, выйшаў адтуль і Зазыба. Ён пастаяў трохі зводдаль ад лазні, быццам непакоячыся, што дровы кожную наступную хвіліну могуць патухнуць, затым рушыў ад плота, каб прынесці з шуркі дадаткова сухіх абапалкаў.
Па сцежцы насустрач ішла Марфа. Яна несла на каромысле два поўныя вядры вады, мусіць, тыя, што стаялі ў сенцах яшчэ звечара.
– Як ён там? – глуха спытаў Зазыба.
– Дак жа сцішыўся, – адказала Марфа, акурат з неахвотаю, падстаўляючы па чарзе абодва канцы каромысла, каб муж здымаў з вушак вёдры. – Але ці заснуў, не ведаю.
– Ты ж хоць паклала яго на ложак?
– Не, сядзіць за сталом.
– То распрануцца б прапанавала!
– Дак...
– Ладна, ідзі дамоў. Я сам упраўляцца буду. Во зараз выллю ў чыгуны твае вёдры, а тады сам пайду па ваду. Якраз і нанашу, пакуль развіднее, ды і венік трэба звязаць,
– Ты б узяў лепей гатовы.
– Хто цяпер гатовымі парыцца!
– Але ж восень, ліст аблятае.
– Нічога, на маладых бярозках яшчэ ёсць зялёны і трымаецца моцна. Думаю, што наламаю на венік.
– Ты ж хоць далёка не йдзі тады па яго, – паспачувала Марфа. – Во тута, за глінішчам, адразу бярозкі маладыя стаяць. Дак ты абапал і наламай.
– Ладна, ідзі ўжо, а то без тваёй навукі не наламаю веніка.
Але Марфа не спяшалася адыходзіць ад лазні.
– Дак што ж ета цяпера з Масеем будзе? – раптам спыталася яна зрушаным голасам, быццам праз боль.
– Як гэта – што будзе? – сурова глянуў на яе муж.
– Дак ты ж сам чуў! Кажа, бытта!..
– Нічога ён яшчэ не сказаў нам такого, каб... Словам, ступай туды да яго і не рві душу сабе.
Нягледзячы на мужаву непрыступнасць, Марфа ўсё яшчэ мулілася, маючы намер не маўчаць і далей. Але Зазыба панёс вёдры з вадой у лазню. Няйначай, ён лаштаваў там чыгуны ў печцы, бо доўга не выходзіў назад. Нарэшце Марфа зразумела, што не дачакаецца мужа, бо нездарма той гэтак трывае дым у лазні. Ад прыйшоўшай думкі ёй зрабілася прыкра, яна пакрыўджана ўздыхнула і з раўнівай крыўдай у сэрцы падалася ад лазні, каб па завулку вярнуцца дамоў. Чым далей яна адыходзіла ад лазні, тым мацней адчувала адтуль пах дыму; дым быў без дамешкаў, чысты ад непрыемнага смуроду, таму ёй як гаспадыні здалося, што гэта ўжо запалілі па ўсёй вёсцы бабы ў печах. На Касперуковым гародзе, туды, пад хлявы, нешта шмякнулася аб зямлю, усё роўна як споўз зімою са страхі ў адлігу лапік снегу. Дробязь, але гэта затрымала на колькі часу Марфіну ўвагу, прымусіла губляцца ў здагадках.
Ужо ўзыходзячы на ганак, Марфа зразумела па водсвету на сценах сваей хаты, што загарэлася святло і ў Прыбытковых. Мусіць, Кузьмовы нявесткі падмануліся святлом насупраць, страцілі, як гэта здараецца ў вёсцы, без гадзінніка, адчуванне часу і прахапіліся, пачуўшы да таго ж тупат чалавечых ног у завулку. «Во, дарэмна збілі са сну маладзіц!..» – пашкадавала Марфа, але тут жа супакоіла сябе, маўляў, тае бяды, што цяпер і праўда баба раней управіцца з хатняй гаспадаркай, застанецца больш светлага дня на работу ў полі. З гэтым адчуваннем, з гэтай няхітрай жаночай здаволенасцю яна і зайшла ў сваю хату. Масей за яе адсутнасць так і не пакінуў застолле, сядзеў у той жа паставе, нібыта прыбіты лапаткамі да сцяны, нават галаву трымаў схіленай да таго ж левага пляча.
Назад выкручваць кнот, каб дадаць на хату святла, Марфа не стала – няхай пабудзе сын непатрывожаны, бо святло ўдарыла б яму ў твар. Цяпер нішто не замінала ёй глядзець на сына, бачыць яго схуднелы, з упалымі шчокамі твар, высокі лоб, на які звісала пасмачка русых, не, бадай, толькі русявых, калі гэтае слова перадае дакладнае адценне валасоў; некалі ў маленстве, калі Масей бегаў падлеткам, на месцы гэтай пасмачкі тырчаў віхор, таму, можа, і не прылягала шчыльна пасмачка да галавы, а нязгодна матлялася ад кожнага руху ва ўсе бакі; сынаў твар быў як расслаблены, адзін момант Марфе нават здалося, што Масей патаемна ўсміхаецца, аднак не, проста ён не хмурыўся і не перажываў нічога ў сне, мусіць, здаволіўшыся нарэшце, што трапіў дамоў, гэтага прыгожага і адухоўленага спакою на Масеевым твары не псавалі нават цені ад прыцемак у хаце. Усё, да драбніц, усё было знаёмае ёй у сынавым абліччы! Але чым даўжэй узіралася маці ў яго, тым больш знаходзіла, што сын неяк дзіўна перамяніўся, стаў падобны нечым на таго самога сябе, якім быў у дваццаць гадоў.
Марфа прайшла ад парога на хату і села на тапчан, улюбёнае сваё месца, не столькі ўлюбёнае, колькі назаўсёды абранае, – яна і уявіць не магла, каб сядзела вось гэтак без справы яшчэ дзе-небудзь у хаце сваёй. «Дасталося, відаць, Масею недзе, раз етак зблажэў і здзяцінеў з твару!..» Услед за гэтай думкай ёй нібыта ўкалола ў сэрца, яно зазнібела адразу; Марфе да слёз зрабілася шкода сына, акурат як і тады, калі стала вядома пра суд над ім, спярша вырасла злосць на кагосьці незнаёмага і ні разу не бачанага, хто вінаваты быў у сынавых пакутах, але вось яна прыгадала зусім нядаўнюю размову, якую вяла з мужам ля лазні, і ўся яе неакрэсленая злосць чамусьці перакінулася на яго, з’явілася такое адчуванне, быццам бацька хацеў сыну нядобрага, і яна унутрана, у пачуццях сваіх, апынулася раптам недзе на мяжы, калі недалёка і няцяжка ўзненавідзець блізкага чалавека той сляпой і зацятай нянавісцю, якая наўрад ці была зразумета кім нават ва ўраўнаважаным стане.
Зазыба тым часам таксама не забываў пра Масея, дакладней, не мог не думаць пра яго, бо што б ні рабіў – ці тады, як снаваў па завулку з вёдрамі ад калодзежа і назад, ці тады, як вязаў бярозавы венік за глінішчам, – заўсёды яго думкі кружыліся вакол сына. Па-першае, сынава з’яўленне было зусім неспадзяванае, а гэта ўжо адно не магло не выклікаць моцнага ўражання, нават узрушэння, якое не так сабе мінаецца, добра, калі на змену прыйдзе другое, яшчэ мацнейшае, а па-другое, у сувязі з незвычайным сынавым вяртаннем наогул было над чым падумаць. Іншая справа, што Зазыба гнаў ад сябе нядобрыя думкі, свядома абрываў іх яшчэ ўпачатку, як разважлівы чалавек, якому мала аднаго схопленага, краем пачулага; яму неабходна ўнікнуць у сутнасць справы, каб зразумець, а тады ўжо рабіць вывад. Паколькі гнаць прэч думкі пра сына, пра акалічнасці яго вяртання ў вёску рабілася з кожнай хвілінай цяжэй, то ён стараўся ўхапіцца ў галаве абы за што, каб толькі замясціць ім папярэдняе. Пры вольным часе такім вось чынам можна багата што чалавеку перабраць у памяці. А ён такі ў Зазыбы цяпер і сапраўды быў, гэты час, бо тое, што рабіў Зазыба рукамі, ніколькі не замінала галаве, наадварот, нават спрыяла сваёй размернасцю і няспешнасцю.
Але чалавек так ужо складзены, што адным сучасным ці толькі будучым не можа доўга жыць. Усё часцей прыходзіць на памяць што-небудзь з таго, што было перажыта даўно, таму, лічы, ужо як адрэзанае, бо чалавек, які б вынаходлівы ён ні быў, не здольны вяртаць наяве мінулае, ён мае ўладу над ім толькі ва ўспамінах.
Прыходзіла на памяць Зазыбу мінулае таксама цяпер, бадай, лягчэй таму, што і сучаснае, і будучае, як людзі кажуць, пакуль далей носа цяжка было згледзець.
Можа, таму што ішла вайна, дык і ўспаміналася найбольш ваеннае – і, няйначай, што самахоццю: трохі з часоў імперыялістычнай, калі Зазыба карміў у акопах вошы на Румынскім фронце, а то ўсё з грамадзянскай. Балазе, было чаму – імперыялістычную ён скончыў у пятнаццатым, калі прыехаў далечвацца ў вёску, грамадзянскую ж прайшоў без малога ад пачатку да канца, трапіўшы да Шчорса. Шчорс наведаўся ў васемнаццатым у забяседдзе не выпадкова, не праездам – ён стаяў тады на Унечы, вузлавой чыгуначнай станцыі, фарміраваў Багунскі полк. Нарадзіўся Мікола Аляксандравіч, ці, як яго, мала больш дваццацігадовага хлопца, называлі байцы, – «бацька Шчорс», на Чарнігаўшчыне, у Сноўску, але не менш шанаваў ён і Беларусь, зямлю, дзе некалі жыў бацька яго. Сам Шчорс часам жартаваў – маўляў, я адным разам і хахол, і кацап, і беларус. Словам, беларусаў, якія траплялі ў полк, ён таксама называў землякамі. У Зазыбы выйшла выпадкова, што запісаўся ў Багунскі полк, але пасля ён ніколі аб гэтым не шкадаваў. Толькі з Багунскага неўзабаве перайшоў у Тарашчанскі. То быў час, калі з акупіраванай і гайдамацкай Украіны выходзілі на Унечу адданыя Савецкай уладзе партызанскія часці. Трапілі туды і тарашчанцы, ад якіх перад тым збег іх першы камандзір Грабёнка. Замест царскага афіцэра атрадам камандаваў цяпер рабочы чалавек Бажэнка. (У адрозненне ад Шчорса гэты сапраўды ўжо быў па гадах бацькам.) І вось у тыя дні сярод тарашчанцаў Зазыба сустрэў свайго аднапалчаніна па Румынскім фронце. Само сабой, зноў пасябравалі. Ну, і застаўся Зазыба з ім у тарашчанцаў, тым больш што ніякая канцылярыя не затрымлівала. З тарашчанцамі браў Зазыба Кіеў, удзельнічаў у баях за Фастаў, Бярдзічаў, Ноўгарад-Валынск, Гошчу... Незадоўга перад тым як атрымаў рану за Шапятоўкай-Падольскай, яму пашчасціла пабываць у Верамейках. Склікаў тады іх, ветэранаў брыгады, у штаб «бацька» і сказаў: «Людзей нам стала не хапаць. У каго ў палку дык яшчэ так-сяк, а ў каго і па сто чалавек не набярэцца ў ротах. Надумаў я такую справу, браткі. Падавайцеся вы ўсе ў свае вёскі, у гарады. Збірайце там людзей – маладых, сярэдніх, старых, якія захочуць пайсці да нас. Але глядзіце, каб добраахвотна было. Не трэба скандалу. Уладу савецкую шануйце. А ўжоткі папоўнім зноў брыгаду новымі байцамі». Хоць і далёка было Зазыбу ехаць да Верамеек, але падаўся ён у родныя мясціны з ахвотай. У штабе брыгады выдалі адпаведны мандат з такім штампам: «Украінская Савецкая рэспубліка. Першая Украінская армія. Першая Украінская савецкая дывізія. Штаб другой Тарашчанскай брыгады. Дзеючая армія».
З гэтага свайго наведвання Зазыба добра помніў, як ужо на другі дзень пасля прыезду ў Верамейкі падаўся са сваім мандатам у Бялынкавічы, да вайсковага камісара таварыша Алейнікава. Браў ён туды і малога Масея...
Але зноў Масей!..
Акурат схапіўшыся, Зазыба ўтапіў у шайку, поўную гарачай вады, бярозавы венік, і ўзяўся заліваць карцом вуголле ў печы. У твар адразу патыхнула гарачынёй і попелам, адно Зазыба засланіўся сагнутай у локці свабоднай рукой. Нарэшце Зазыба адставіў ад сябе карэц, пасядзеў трохі на дыбачках перад печкай, чакаючы, што недзе ў сярэдзіне яе блісне незаліты вугельчык. Але дарэмна. Тады Зазыба другі раз сёння падмёў у лазні падлогу, агледзеўся – здаецца, можна было ісці клікаць сына.
Быў досвітак.
Хоць Зазыба наперад і не разлічваў, аднак лазню падрыхтаваў акурат, быццам па сталай дамоўленасці, адно прачынайся пасля начы ды ідзі мыйся.
Зазыба ўвайшоў у сваю хату, апусціўся стомлена на ўслон. Ад яго ціхага шуму зварухнулася, як закапашылася, на тапчане Марфа, – яна ўсё-ткі прыкархнула пад самае ранне, бо не вытрымала глухой цішыні, якая ўсталявалася ў хаце, злашча, боязна было разбудзіць няўрокам сына. Бадай, вось гэтае, апошняе меркаванне і прывяло да яе насцярожаны сон.
– Ты б цішэй хоць, а то... – занепакоілася яна.
– Нічога, – гучна, зусім не сцішваючы голасу, адмахнуўся ад яе папярэджання Зазыба. – Лазня ж гатова!
– А яму цяпер, можа, і не патрэбна наша лазня, – зноў шэптам сказала Марфа.
– Ну, трэба – не трэба, а я кажу, што гатова, – здаецца, яшчэ гучней сказаў Зазыба, усё роўна як прыйшоў з далёкай дарогі і заспеў дома непарадак.
Цяпер ужо не мог не расплюшчыць вачэй і Масей, як бы ён моцна ні спаў. Аднак прачнуўся спакойна, гэтак людзі звычайна прачынаюцца альбо на кароткі час, маўляў, вось гляну толькі вакол, а тады зноў засну, альбо тыя, хто прывучаны да ўнутранай насцярожанасці, калі трэба ўвесь час заставацца пільным і не лішне выдаваць сваю прысутнасць.
Зазыба ўбачыў, што Масей прачнуўся, нават узрадаваўся, што не трэба будзе тармасіць за плечы ды шкадаваць.
– Кажу, лазня гатова, сын! – паведаміў і яму Зазыба.
– Ужо? – нібыта здзівіўся Масей.
– Дак ранне ж, – лагодна сказала з тапчана маці.
– А можа, ты перадумаў, – спытаўся Зазыба, – можа, дарэмна тапілі?
– Наадварот!
– Тады будзем збірацца. Давай-тка нам, маці, чыстую бялізну.
Масей лёгка, рыўком адхінуўся ад сцяны і так жа лёгка адвёў назад сагнутыя ў локцях рукі.
– Дарэмна праспаў, – пашкадаваў ён. – Трэба было спаліць там, у лазні, усё гэта. – І паказаў на куртку, таксама на штаны, пашытыя ці то з таннага сукна, ці з пафарбаванай зрэбніны.
Зазыба ў адказ усміхнуўся, сказаў:
– Агонь можна будзе развесці зноў. Спаліш, раз ужо табе хочацца зрабіць так. Тым больш што касцюм твой у нас захаваўся.
– Дак ляжыць твой касцюм! – узрадавана сказала і Марфа. – Збераглі!
– То дзякуй, – усміхнуўся сын.
– Можа, дастаць? – усхапілася маці.
– А і праўду, сын, – падтрымаў Марфу Зазыба, – навошта гэтымі трантамі ўжо трэсці? Панасіў недзе, і дос!
Калі ўсё патрэбнае для лазні было складзена гаспадыняй на ўслоне ў адзін стос, а тады закручана, як і належыць у такім выпадку, у палатняны ручнік-уціральнік, Зазыба сказаў Марфе:
– Ты глядзі, таксама не баўся. Можаш паклікаць да пары Прыбыткову Анэту, каб адной не быць у лазні.
– Не, не! Я сянні і саўсім не пайду.
– Як сама знаеш, – паціснуў плячамі Зазыба. – Хадзем, сын.
Дзіва, але разгарачаны ў лазні Зазыба нават не адчуваў, што досвітак выдаўся сёння ўжо зусім па-восеньску золкі, нездарма ж Масей, як толькі выйшаў з хаты, адразу пачаў пацепвацца і неяк смешна сутуліцца.
– Калі не забыў, – сказаў сыну Зазыба, – дык завярні за лазню, заткні пакуллем акенца.
– Ды не забыў.
Масей тут жа рушыў за вугол лазні, кінуў па баках вачамі, шукаючы тое пакулле, а як знайшоў яго блізка ля сцяны, у самым равочку, выбітым капяжом, пачаў сілай піхаць у акенца – квадратную адтуліну, выразаную пілой на ўроўні паднятых рук паміж бёрнаў. Адтуль моцна патыхала гарачынёй, ды Масей не зважаў на гэта, старанна выконваючы бацькава даручэнне. Дзеля большай пэўнасці ён яшчэ некалькі разоў падносіў да акенца руку, трымаў яе насупраць, каб вызначыць, ці не струменіць пара. Дзіва, але пакуль Масей не атрымаў ад бацькі гэтага даручэння, чамусьці было такое ўражанне, што ён не адчуваў сябе цалкам дома, нібыта толькі цяпер бацька нарэшце далучыў яго да ўсяго хатняга, што зноў мелася стаць блізкім, а найбольш, мусіць, зварухнуў сынаву душу проста бацькаў голас, якім той паслаў затыкаць пакуллем акенца. Здаволены Масей з палёгкай уздыхнуў і ў дадатак уголас засмяяўся, усё роўна як убачыў раптам тое, чаго не хапала яму і што ён даўно шукаў, альбо разгадаў нешта такое, што надта непакоіла дасюль.
– Заткнуў! – ажно не ўстрымаўся ён пахваліцца бацьку, калі праз хвіліну зайшоў у прылазнік.
Бацька тым часам стаяў у адных падштаніках, атрэсваў над шайкай з гарачай вадой свежы бярозавы венік.
– Добра, – азваўся ён здаволена, – тады раздзявайся, кладзі свае лахманы, дзе ўпадабаеш, а хочаш – вешай на гэтыя рагачы. – Ён паказаў венікам на ўбітыя ў сцяну жалезныя крукі. – А я пайду ўжо рабіць дух.
Неўзабаве праз зачыненыя дзверы пачуўся моцны трэск у апарні, акурат выбух, і Масей зразумеў, што бацька сапраўды пачаў «рабіць дух»: ад першага ж карца халоднай вады нейкі распалены камень на печцы не вытрымаў, уздыхнуў і раскалоўся, стварыўшы гук, падобны на лёгкі выбух.
Як помніў Масей, бацька ягоны не надта вытрымліваў у лазні гарачыню, раней лазню для ўсіх рыхтаваў дзед Яўмен, пачынаючы з таго моманту, як засоўваў у печку дровы, і канчаючы вось гэтым развядзеннем пары; звычайна дзед і на палок першы лазіў – насоўваў на пляшывую галаву суконны картуз, стаўляў побач драўлянае вядро з халоднай вадой, замест карца – алюмініевую місачку, з якой зручней паліваць на гарачае каменне, і пачынаў апрацоўваць бярозавым альбо дубовым венікам сваё старэчае цела, робячы пры гэтым малыя ці вялікія перапынкі. У такія хвіліны не лішне хто мог уседзець у лазні, мужыкі звычайна збіраліся ў прылазніку, чакалі пакуль дзед Яўмен раскашаваў на палку...
Нарэшце Зазыба ўзліў на бунтоўную печку апошні карэц вады, піхнуў локцем дзверы, ступіў у воблаках пары цераз парог адтуль. Папярод чым сказаць слова, ён косым позіркам акінуў з ног да галавы голую сынаву постаць – няйначай, хацеў пераканацца, ці прынёс Масей дамоў на касцях яшчэ што, акрамя жывой душы, затым утапіў прыгаршчы ў шайку з халоднай вадой, спаласнуў сабе твар.
– У-у-уф-ф-ф!.. – выдыхнуў ён пасля гэтага і спытаўся ў Масея: – Ці вадзілі ж там у лазню, дзе ты быў?
– Вадзі-і-ілі, – чамусьці расцягваючы словы па складах, адказаў Масей.
– Значыць, вадзілі? – здзіўлена перапытаў Зазыба, усё роўна як не спадзяваўся пачуць ад сына станоўчага адказу.
– Вадзілі, – ужо зусім коратка пацвердзіў Масей.
– Ну, то і добра, – таксама не надта распаўсюджваючыся, сказаў на гэта Зазыба. – Ступай у лазню, раз не адвык, ды папацей там, а тады пачнём.
Масей паслухмяна склаў крыжам на грудзях рукі, быццам не ў апарню збіраўся ўвайсці, а па меншай меры, у купель, тады звёў павекі і, сляпуючы, пераступіў парог, за якім адразу захлынуўся гарачынёй.
– Носам дыхай, носам, – пакуль не зачыніліся за сынам дзверы, паспеў кінуць услед яму бацька.
Але дзе там! Масей толькі паспрабаваў зрабіць так, як раіў бацька, а ўжо зліпліся ноздры, і ён зноў пачаў быў хаўкаць ротам. Тады нанава перасіліў сябе. Можа, паўхвіліны душыўся так у парозе, можа, даўжэй, аднак неўзабаве адчуў на сабе, што дыханне сапраўды становіцца раўнейшае, і яму ўжо нават не пякло ўсярэдзіне.
– Я цябе папару сам, – сказаў, зайшоўшы ў апарню, бацька. Ён змачыў з карца ўвесь асінавы палок, пасунуў бліжэй к сцяне драўлянае вядро з халоднай вадой. – Кладзіся! – загадаў сыну.
Памагаючы сабе рукамі, Масей забраўся на палок і лёг трохі наўскасок, галавой у самы кут. Але бацьку не спадабалася гэта. Камлём веніка той адразу даў адчуць сыну, каб павярнуўся больш на сярэдзіну, выставіў падэшвамі к печцы ногі. Масей прыўзняўся на руках, перанёс цела на другое месца. Тады бацька зусім зухавата, акурат напаказ, узмахнуў пад самай столлю венікам і, дробна-дробна патрэсваючы, пачаў апускаць яго над распластаным сынавым целам, потным, але яшчэ не чырвоным.
Чым ніжэй апускаўся венік, тым мацней Масей адчуваў спіной апякаючую гарачыню яго. Здавалася, яна дыхала, асядаючы са столі. Лежачы на жываце, Масей чакаў, што бацька пачне секчы венікам адразу, аднак той не спяшаўся рабіць гэтага, ён яшчэ пранёс – і таксама дробна патрэсваючы – венік уздоўж цела, ад самых пятак да патыліцы, і толькі затым хваснуў з працягам па правай лапатцы. Наогул Масей дарэмна напружваўся: у бацькавых ударах нічога балючага не было, добра распаранае бярозавае вецце мякка сцёбала па спіне, па ягадзіцах, па лытках, пры гэтым нават тушыла сухую гарачыню.
Шлёп-шлёп-шлёп... Плясь-плясь-плясь... Шлёп-шлёп...
І чым мацней бацька аходжваў яго венікам, тым болей сыну хацелася, каб ён рабіў гэта: ва ўсім няўходжаным, брудным целе вырастаў нейкі нясцерпны сверб, а пад скурай варушыўся халадок.
– Ну як, сын? – перахопліваючы левай рукой венік, гарэзліва спытаў Зазыба.
– Цярплю-ю-ю, – амаль філасофскі выгукнуў з-пад сябе Масей.
Тады бацька здаволена кіўнуў галавой і па-ранейшаму гарэзліва сказаў:
– Гэта яшчэ што? Гэта яшчэ так сабе! А вось зараз як паддамо трохі, тады і праўда давядзецца табе пацярпець!
Ён намацаў побач з вядром карэц, зачэрпнуў вады ім і апрастаў увесь на печку. Цяпер каменне не трашчала і не разрывалася, аднак пара адтуль адразу як выбухнула ўгору, пругка ўдарыла ў столь, распаўсюджваючыся пякучымі хвалямі над палком.
– У-у-уф-ф! – звыкла выдыхнуў Зазыба і зноў, усё роўна як нанава пачынаючы ўсё, стаў дробна патрэсваць венікам.
Шлёп-шлёп, шлёп-шлёп... Плясь-плясь, плясь-плясь... Шлёп-шлёп...
– А спераду я сам, – раптам нібыта ўзмаліўся Масей.
– Што ж, паспрабуй, – лёгка згадзіўся Зазыба, але перад тым як выпусціць з рук венік, паклаў яго яшчэ пад каленкі сыну, па самае сухажылле.
– Ну, от, – нарэшце ўсклікнуў бацька, кінуў на край палка венік і, згінаючыся ў плячах, вываліўся ў прылазнік.
Масей крутануўся на мокрых асінавых дошках, якія хоць знізу ратавалі яго ад гарачыні, звесіў уніз ногі. Але доўга парыцца самастойна не здолеў. І не таму, што зрабілася зусім горача сядзець на палку. І, вядома, не таму, што вельмі часта даводзілася апускаць руку, у якой трымаў венік, у халодную ваду, каб не дазволіць апёкаў. Справа ў тым, што праходзіла ўжо тая зацятасць, ад якой, здавалася, не будзе спакою ні душы, ні целу. Наперакор сабе, Масей пратрымаўся без бацькі на палку хвілін колькі, тады адкінуў убок, быццам непатрэбную рэч, венік і рынуўся ў прылазнік, гатовы выбіць галавой дзверы.
– У-у-уф-ф! – пераймаючы бацьку, выдыхнуў ён за парогам: з сіняга цела зрабілася малінава-чырвоным.
Зазыба таксама з падкрэсленай цікавасцю каўзануўся вачмі па ім, спытаў з добрай усмешкай, у якой усё-ткі адчулася трохі і паблажлівасці, – не быў бы ён бацька!
– Ну, як яно?
– Уф!
– Абмый во твар, вада ў шайцы, – прапанаваў бацька, – ды кладзіся на падлогу, аддыхацца трэба. – І, убачыўшы, што сын нібыта асцерагаецца, пачаў супакойваць: – Не бойся, не забрудзішся і не застудзішся. Маснічыны тут шчытна падагнаны. Я нават летась яшчэ раз клінам падціскаў кожную. І загавальня добра абкопана. Так што не прадзьме сыспаду. Кладзіся. А хочаш, дык я цябе і вадой абдам. Праўда, доктар Каласоўскі казаў, што гэта шкодна, нібыта скура нанава закрываецца ад халоднай вады і не дыхае. Але дзед твой не страшыўся. Заўсёды пасля парыльні тут вось, у прылазніку, абліваўся халоднай вадой. А зімой – дык і зусім у снег цаляў. Бывала, ужо нямоглага выведзеш з лазні, а ён так і наравіць з парога нырнуць у сумёт. Знарок шчыт ставілі з шалёвак, каб сумёт паўза сцяну надзімала. Ну дык як, абліць?
Масей адмоўна пахітаў галавой.
– Дзед! – амаль летуценна сказаў ён. – Што дзеду?
– Тады кладзіся проста, – пацягнуў яго за руку Зазыба.
Спярша Масей укленчыў на падлозе побач з бацькам, а ўжо затым дапаў грудзьмі да маснічын.
Здавалася, пасля доўгага знаходжання ў апарні будзе грукаць і біцца сэрца, але не, яно паволі ўжо супакойвалася, і, наогул, уся істота Масеева сцішвалася, а ў вачах з’явіўся сон, праўда, не той, ад якога адразу правальваешся ў небыццё; гэты, наадварот, калом распіраў вейкі, не даваў зліпнуцца ім. Масей склаў адну на адну перад сабой далоні, прытуліў да іх правай шчакой галаву. Бацька таксама пасунуўся бліжэй да сына.
– Значыць, рашыў дамоў прыйсці? – спытаў ён праз нейкі момант. І Масей раптам зразумеў, што бацька ўвесь час насіў гэтае пытанне ў сабе.
– Дамоў, – быццам скрозь сонную млявасць, адказаў ён.
– А чаму ў Чырвоную Армію не паступіў?
– А хто б мяне ўзяў? – трохі абыякава адказаў Масей, але ўжо як знарок.
– Ну, як гэта – хто б узяў? – не зразумеў бацька.
– А так, – адарваў шчаку ад тыльнага боку далоні Масей і падняў галаву.
– Трэба было растлумачыць добра, хто ты і чаго хочаш.
– А хто б мяне слухаць стаў? Хто б слухаў маё тлумачэнне?
– Ці ж мала разумных людзей?
– Разумных людзей сапраўды нямала, – згадзіўся з бацькавым довадам Масей. – Але раз не паслухаліся... раз не здолеў растлумачыць у мірны час, дык няўжо думаеш, што ў ваенны да кагосьці б дайшло?
– А можа, якраз і дайшло б?
– Не, бацька, усё абстаіць трохі іначай, чым ты ўяўляеш сабе гэта. Здавалася б, хто мае права адмовіць чалавеку са зброяй у руках абараняць айчыну? Але ж адмаўляюць.
– Дык табе і праўда адмовілі ці ты гэта толькі кажаш так?
Размова стала рабіцца падобнай на допыт, і Масей быццам у адчаі наморшчыў лоб.
– Кажу, бацька, толькі кажу, – тужліва прамовіў ён, усё роўна як нічога не мог знайсці ўжо супраць бацькавай пераканаўчасці; ды надоўга не змоўк, набраўся цярплівасці, потым пачаў: – Але я кажу таксама і тое, што з гэтай справай усё абстаіць іначай, чым ты сабе ўяўляеш, бацька, а можа, проста хочаш выдаць жаданае за сапраўднае. Так, ніхто мне не адмаўляў, бо як можна адмовіць, калі ты не прасіўся?
– Сапраўды, як?
– Але ты ўзваж тым часам, хто добраахвотна стане з-пад вінтоўкі ды адразу пад вінтоўку? Не паспеў бы я нават заікнуцца ў ваенкамаце, што з турмы, ды па якім артыкуле быў, як у момант апынуўся б ля сценкі. Не толькі што разбірацца, але і размаўляць далей не сталі б. Гэта калі армія паспяхова наступае, то ўсе, пачынаючы ад палкаводца да шарангоўца, лагодныя і пры цвярозым розуме. Тады кожны паспачуваць згодны. А калі адступае, то ўсё атрымліваецца якраз наадварот. Ну, а тут у нас нават не адступленне, хутчэй суцэльнае бегства.
– Дапусцім, у вайне па-ўсякаму бывае, – няпэўна кіўнуў галавой Зазыба. – Гэта як і ў звычайнай бойцы, калі абодва моцныя, нябось, сам не раз бачыў – то спярша адзін зверху, то, глядзіш, ужо другі на ім...
– Але ж гэта не простая байка, гэта – вайна!..








