Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 22 страниц)
О, як даўно гэта было!..
У атрадзе, які прыходзіў тады з Унечы ў забяседдзе, былі дзве кулямётныя тачанкі і адна гармата на драўляных, відаць, самаробных колах. Накіроўваючыся сюды, Шчорс меў на мэце ўсяго набраць у сваё войска добраахвотнікаў. Аднак для гарматы нечакана знайшлася баявая справа. Бабінавіцкія эсэры якраз стварылі ў воласці «рэспубліку», якая дзейнічала, як яны гаварылі, «на савецкай платформе», але была «самастойная і незалежная». Павятовай улады ў мястэчку не прызнавалі, а прадстаўнікоў рэўкома, якія прыязджалі з Чэрыкава, арыштоўвалі, трымаючы ў царкоўным сутарэнні. Шчорсаў атрад таксама паспрабавалі не пусціць за Бесядзь, паставілі баявыя заслоны на ўсіх дарогах, якія вялі ў Бабінавічы. Але дарэмна. Даволі было артылерыстам паставіць насупраць Прудка гармату і зрабіць некалькі стрэлаў з яе, як «рэспубліканская армія» разбеглася па дварах. І калі Шчорсаў атрад уступіў у мястэчка, там ужо не было не толькі «рэспублікі», але ніводнага эсэраўскага завадатара – кудысьці жвавенька збеглі ў Чарнігаўшчыну, можа, загадзя напытаўшы сабе прытулак. Сяляне з навакольных вёсак пасля доўга смяяліся з гэтай бабінавіцкай рэспублікі, а местачкоўцаў яшчэ і цяпер часам дражнілі на ўкраінскі манер – «самасційнікамі». Усё гэта Зазыба пабачыў на свае вочы, бо ўжо к таму часу запісаўся ў атрад к Шчорсу і, як былы кулямётчык, ездзіў па вёсках на тачанцы. Ён нават трохі пастрачыў тады з кулямёта, але не цэлячыся: загад быў ад Шчорса адно паўз галовы папалохаць абаронцаў «самастойнай рэспублікі»...
Нарэшце верамейкаўскі абоз выкіраваўся па звілістай лугавой дарозе да броду супраць Гончы, і першыя падводы пачалі пераязджаць шырокую ў гэтым месцы, але не дужа плыткую Бесядзь. На тым беразе, акурат у глыбокай каляіне, стаяў чалавек, усё роўна як выйшаўшы напярэймы. Аднак спыняць ён нікога не збіраўся, адразу перад першай падводай сышоў збоч дарогі і, на моцна затравянелым высокім бугорчыку,– дарма, што не было канца,– чакаў, пакуль праедуць астатнія. Параўнаўшыся з ім, Зазыба раптам пазнаў па абліччы таго смуглявага чалавека, што надоечы на нарадзе ў Бабінавічах пытаўся ў каменданта Гуфельда, ці будуць пры немцах навучаць у школах дзяцей беларускай мове.
Зазыба яшчэ тады, на нарадзе, памеў цікавасць да гэтага чалавека, здагадаўшыся, няйначай,– чалавек з «ідэяй»; хацеў даведацца хоць што пра яго, але не знайшлося ў каго спытаць. Чалавек таксама хутка пазнаў Зазыбу, хапіла толькі спыніцца на ім позірку, ён тут жа заўсміхаўся, можа, спадзеючыся на ўзаемнасць, затым паспешліва, каб, крый бог, не спазніцца, спытаў скрозь ляскат колаў:
– Куды гэта вы, мужыкі?
– У Белую Гліну! – круцячы за складзены канец лейцы над галавой, акурат пахваліўся з воза Мікіта Драніца.
– Вы з Верамеек? – ужо наўздагон гукнуў чалавек і саскочыў з бугорчыка на дарогу, кінуўся даганяць абоз.– А я гэта збіраўся да вас у Верамейкі,– сказаў ён Зазыбу, сядаючы з другога боку да яго на калёсы.– Добра, што перастрэў вас. Не трэба будзе лішняга круга даваць ды ногі дарэмна трапаць. А мы з вамі, здаецца, ужо бачыліся, праўда?
– Праўда,– прыязна ўсміхнуўся Зазыба.
– У камендатуры?
– У камендатуры. А якая патрэба вам у Верамейках? – спытаў Зазыба, крутануўшы цераз правае плячо галавой, каб лепей было чуць.
– Хацеў пабачыць жонку Бутрымы, дырэктара вашай сямігодкі.
– Дык яна ў эвакуацыі даўно. А што? Навошта яна вам?
– Бачыце, справа такая. Я – Мурач. Можа, чулі? Настаўнікам быў у Бабінавічах, а тады, год перад вайной, працаваў у Бялынкавічах. Дык я таму Бутрыму вашага добра ведаю, яшчэ з даваеннага. А цяпер у палоне разам былі, у адным лагеры сядзелі. Вось я і хацеў, каб жонка туды скора падышла.
– Дак... няма яе цяпер у Верамейках. Адразу, як прызвалі Бутрыму, падалася з дзецьмі ў бежанцы.– Зазыба памаўчаў.– Але што шкадаваць цяпер, некаторыя нашы салдаткі пайшлі па мужыкоў у лагер, можа, і Бутрыму пабачаць. Так што...
– А куды яны пайшлі?
– Здаецца, у Яшніцу.
– Не,– дробна куснуў ніжнюю губу Мурач.– Вашых, Верамейкаўскіх, у Яшніцы не павінна быць. Хіба, можа, тыя, што пайшлі па першай мабілізацыі. А так не павінна быць. Крутагорскія былі сабраны ў адну дывізію, што фарміравалася ў Яльцы. Усе, хто падпаў пад другую мабілізацыю, з Кручкоўскага гаю сёмага ліпеня пайшлі да Яльца – праз Вялікі Хоцімск і далей туды. Таму я і кажу, што вельмі малая верагоднасць, каб у Яшніцы вашы апынуліся. Адразу трэба было падказаць жанкам ісці ў Зёрнава.
– Дзе гэта Зёрнава, я не чуў?
– Каля горада Сярэдзіна-Буда. Чыгуначная станцыя завецца так. Дык там вось і зрабілі немцы вялікі лагер для нашых палонных.
– Ну і як там?
– Дзе? – не адразу зразумеў Мурач.– А-а, у лагеры?
– Але.
– Як у чорта за пазухай.
– Не ведаю, як гэта,– усміхнуўся Зазыба.– Ніколі не трапляў да чорта ў запазуху.
– Ну што тут ведаць! – акурат раззлаваўся настаўнік.– Пекла і ёсць пекла.
– Кажаце, пекла? А як жа вы вырваліся з таго пекла? Па-мойму, з пекла яшчэ ніхто не вяртаўся? Нават у казках і то гэта цяжка даецца.
– Мяне адпусцілі.
– А чаму тады Бутрыму затрымалі?
Зазыба хоць і свядома задаў гэтае сваё пытанне, аднак непрыязнасці да чалавека пакуль не адчуваў. Справа ў тым, што ён не даў веры настаўніку, не паверыў у тое, што немцы ўзялі вось так проста ды адпусцілі яго з лагера ваеннапалонных. На чым была заснавана гэтая вера ў адваротнае, сказаць цяжка, можа, на адной ранейшай прыхільнасці, бо для Зазыбы такога пачуцця звычайна хапала, каб не кідацца ў крайнасці і не мяняць крута думку пра чалавека нават тады, калі той, здавалася б, і даваў ужо для гэтага падставу. З другога боку, маўчанне, раптоўная збянтэжанасць, у якую прывяло настаўніка Зазыбава запытанне, таксама сведчыла на карысць апошняга. Хутчэй за ўсё, чалавек некалі вырашыў для сябе гэтак адказваць людзям, якія пыталіся ў яго, бо тут была для яго нейкая пэўная рацыя, а Зазыба раптам вельмі лёгка і нечакана разбурыў логіку ягонай версіі – на самай справе, чаму толькі цябе аднаго, чаму Бутрыма не ўдастоіўся ў акупантаў такога?
Было відаць, як білася ад унутранай натугі ў Мурача ў адным месцы на патыліцы, туды бліжэй да вуха, жылка, акурат спрабавала прабіцца там дзюбачкай з-пад скуры маленькая жывая істота...
Ніхто Мурача не выпускаў з таго зёрнаўскага лагера, што побач з горадам Сярэдзіна-Буда. Ён сам уцёк. Але каму цяпер пахвалішся гэтым, бо можа адразу дайсці да немцаў, і тым нядоўга будзе арыштаваць яго, зноў пасадзіць за калючы дрот.
У палоне Мурач прабыў усяго дванаццаць дзён.
Новую калону, у якой быў і ён, немцы прыгналі на чыгуначную станцыю Зёрнава пад вечар. Але перад тым як пусціць палонных у лагер, наладзілі кіназдымкі. Спярша акупанты ўзмацнілі канвой – абапал калоны пасталі дужыя аўтаматчыкі, якія пасаскоквалі з двух крытых грузавікоў, што стаялі непадалёк ад варот лагера. На трэці грузавік, у кузаве якога блішчаў лінзамі на трынозе кінаапарат, залез, паставіўшы нагу на металічную прыступку, афіцэр.
– Зараз мы будзем раздаваць вам хлеб! – сказаў ён картава па-руску.
Два другія немцы, што сядзелі на бакавой лаўцы, ускочылі і пачалі прымервацца да кінаапарата, а трэці і сапраўды дастаў аднекуль з-пад ног у сябе буханку хлеба.
Прызнацца, палонныя на нейкі час паверылі ў гэта. Думалася, адна справа – у дарозе, там, калі б і хацеў нават, то ці накарміў столькі народу. А тут – лагер. Няйначай, пры ім працуе ўжо кухня. Можа, нават пякарня... Словам, галодным ды знясіленым дарогай палонным на момант здалося, што пакуты нарэшце скончыліся, прынамсі, хоць галадаць не давядзецца, раз апынуліся на месцы. На кінаапарат мала хто звярнуў увагу, бо ў кузаве мог стаяць проста які-небудзь прыбор, напрыклад, артылерыйская бусоль, а тым больш не падумаў, што гэтая раздача хлеба прыдумана немцамі знарок, каб зняць яе на плёнку і потым паказваць у якасці хронікі ў кінатэатрах рэйха.
Побач з Мурачам стаяў калгаснік з Сібіры, Пятро Самуцін. Некалі ён жыў у Беларусі, дзесьці ля Пухавіч, а ў дваццатым годзе, перад польскім наступленнем, падаўся з малодшым братам і маткай у Сібір, да дзядзькі, які пераехаў туды яшчэ задоўга да рэвалюцыі. Дык гэта сібірскі беларус усю дарогу чамусьці супакойваў Мурача. Здавалася, яго не бянтэжылі нават тыя здзекі, якія чынілі канваіры над палоннымі, а часам і проста выпадкі дзікай расправы – абы згаладалы палонны зрабіў забаронены крок ад дарогі, каб ухапіць на гародзе качан капусты ці бурак, як услед яму грымеў стрэл; адставаў хто-небудзь, знясілены, на недазволеныя некалькі крокаў ад калоны, зноў чуўся стрэл.
– Гэта ўсё таму,– тлумачыў перасяленец, якому чамусьці вельмі хацелася апраўдаць немцаў,– што яны наогул вельмі парадак любяць. Вось дойдзем да месца прызначэння, пабачыш, адразу ўсё іначай стане.
Можа, чалавек у гэтым апраўданні бачыў свой ратунак. Да таго ж у першую імперыялістычную яму ўжо даводзілася сустракацца з немцамі. Кайзераўскія артылерысты тады стаялі ў іхняй вёсцы амаль з год, да таго часу, пакуль у снежні васемнаццатага года ў Германіі не адбылася рэвалюцыя. То былі, як ён казаў, самыя звычайныя людзі. Размяшчаліся яны па сялянскіх хатах і нікому не рабілі нават звычайнай крыўды, не тое што гвалцілі ці рабавалі. Спалі ўпокат на падлозе, пасцяліўшы салому пад бок, і ніколі не патрабавалі, каб гаспадары аддавалі ім свае ложкі. Карміліся кайзераўскія салдаты таксама ледзь не за адным сталом з гаспадарамі, не шкадавалі пачаставаць дзяцей мармеладам, які атрымлівалі ў пасылках з Германіі. Самуцін бегаў тады з хлапчукамі да гармат, што стаялі на вясковым пляцы. Там заўсёды паходжваў вартавы, і дзеці, высунуўшы слюнявыя языкі, дражнілі яго: «Немец-перац, тухлая капуста, з’еў кабылу без хваста і сказаў, што скусна». Вартавы рабіў выгляд, што злуецца, здымаў вінтоўку з пляча, клацаў крывым затворам і пачынаў цэліцца, каб вясковыя падшывальцы разбягаліся ва ўсе бакі...
Але вось афіцэр узяў з рук салдата буханку і кінуў на мурог перад натоўпам палонных. Натоўп скалынуўся, і чалавек дзесяць палонных ірвануліся да буханкі, адпіхваючы, хто мацнейшы ды спрытнейшы, адзін аднаго. Самуцін таксама не стрымаўся. Неўзабаве па мурагу перад грузавіком пакаціўся жывы клубок, які нагадваў драпежную гайню, што шкуматала трапіўшую ёй ахвяру. Тым часам у кузаве, бліскаючы шкельцам, стракатаў кінаапарат. Але спектакля, на які разлічвалі фашысты, не атрымалася. Астатнія ваеннапалонныя не паддаліся спакусе. Усе ўжо зразумелі, што гэта звычайная правакацыя і што невядома, чым яна можа скончыцца. Нават тады, калі з кузава на мурог адна за адной паляцелі яшчэ буханкі хлеба, ніхто нават не зварухнуўся. Перад грузавіком валтузіліся ўсё тыя ж дзесяць чалавек. Афіцэр, які рабіў рэжысуру спектакля, падаў рукою знак спыніць здымку.
– Чаму вы стаіце? – паціснуў ён плячамі.– Вы не захацелі есці?
Палонныя маўчалі.
– Значыць, не хочаце есці? – ужо з вісклівай злосцю крыкнуў афіцэр.
Зноў адказу не было.
Тады афіцэр паспакайнеў і з пагрозлівай усмешкай сказаў:
– Ну што ж, мы пачакаем другую калону. А вам яшчэ не адзін раз прысняцца гэтыя буханкі, бо ў вас быў добры выпадак пакаштаваць сапраўднага салдацкага хлеба.
Расчыніліся вароты лагера, і тыя ж дужыя аўтаматчыкі, што змянілі ранейшых канвойных, пачалі заганяць палонных усярэдзіну.
Афіцэр недарма злавесна ўсміхаўся – сапраўды, палонным сніліся пасля тыя буханкі!..
Зёрнаўскі лагер быў, як і належыць, абнесены калючым дротам, з кулямётнымі вышкамі па чатырох кутках. Уранку, калі палонныя прачыналіся ў норах, то нават не жахаліся, што шмат хто з сяброў і знаёмых застаўся ляжаць нерухома: голад рабіў сваю справу. За два тыдні мала хто ўцалеў з тых, што прыйшлі ў адной калоне. Але тут Мурач нечакана сустрэў Бутрыму і пазнаў яго, хоць той і быў вельмі змарнелы і зарослы. Яны прызываліся ў армію разам, з Кручкоўскага гаю, таксама і фарміраваліся ў адной дывізіі, але на фронт трапілі ў розных эшалонах. Мурач раптам ажыў душой – было каму даверыцца, бо думаў ужо ён уцячы з лагера.
Але Бутрыма, у якога хапала сілы ў нагах толькі прайсці з канца ў канец лагер, адмовіўся прыняць удзел ва ўцёках.
Сказаў:
– Бяжы, Сцяпан Канстанцінавіч, адзін. Сам бачыш, які з мяне ўцякач. Ходзяць чуткі, што неўзабаве пачнуць вадзіць нас адсюль на палявыя работы. Тады, можа, неяк ад’ямося – дзе бульбінку патраплю, дзе проста цавінку. Словам, надзею пакуль на жыццё не губляю. А здарыцца, што і праўда вырвешся адсюль, перакажы там жонцы маёй ці сам у Верамейкі наведайся. Скажы, моў, так і так, тут, у Зёрнаве, няхай прыйдзе. І, калі ласка, пашукай другога, раз адзін не рашаешся.
Здаецца, простая справа, але Мурач не стаў шукаць напарніка сабе для ўцёкаў – як кажуць, хоць бяда і адна на ўсіх, аднак усё роўна чужая душа – пацёмкі. Яго ўразіў адзін выпадак, які адбыўся ў лагеры дзён колькі назад. Удзень палонныя звычайна трымаліся бліжэй да агароджы, бо з таго боку часам падыходзілі хлапчукі з чыгуначнай станцыі і навакольных вёсак і ўпотай ад лагернай аховы перакідвалі цераз дрот то акраец хлеба, то вараную бульбіну, то яшчэ якую-небудзь ежу, што мела цвёрдасць і магла ляцець. Уласна, надзеі вялікай, што якраз табе, а не каму іншаму пашанцуе схапіць на ляту хоць маленькі кавалачак, не было, але на тое яна і надзея, каб на нешта спадзявацца. Мурач таксама выйшаў у той дзень на паляванне да агароджы. Там ён і стаў сведкам, як да варот лагера, дзе знутры стаялі вартавыя, нейкі палонны вёў за каўнер другога палоннага.
– Пан,– сказаў вартавому,– гэта камісар!
За каўнер ён трымаў спалоханага чалавека з усходнім абліччам. Ахоўнік замахнуўся цяжкім дубцом, які трымаў у руцэ (такія дубцы ўнутраная ахова насіла пры сабе), і выцяў раптам па карку камісара, а тады бліснуў у паветры дубцом другі раз і зноў выцяў камісара. Можна сабе ўявіць, ці пашкадаваў бы вось такі чалавек, каб хоць няўзнак даведаўся, што нехта збіраецца ўцячы з лагера. Таму Мурач і не стаў шукаць сярод незнаёмых людзей сабе напарніка. Уцякаў адзін, у дажджлівую ноч, калі нават пражэктары, якія ўключаліся на вышках, не маглі асвятляць усю тэрыторыю лагера: дапоўз да агароджы, разгроб рукамі пад калючым дротам зямлю і праціснуўся ў шчыліну. Няйначай, дождж да раніцы змыў сляды і зраўняў тую яму. Ва ўсякім разе, пагоні за сабой на другі дзень Мурач не адчуў. Так і дайшоў, туляючыся, да Бабінавіч. А ў мястэчку сказаў валасному начальству, што яго адпусцілі з лагера самі немцы: паверылі ў валасным упраўленні ці не, а да ведама прынялі. Дык ці мог ён сказаць цяпер іначай і Зазыбу? Тым часам, калі ўжо на тое, яму дужа нялёгка зрабілася ад Зазыбавага запытання – сапраўды, чаму тады не адпусцілі немцы і Бутрыму, чаму аднаму гэтакая прывілея? Разам з тым ён верыў у Зазыбаву прыстойнасць. Няважна, што яны не сустракаліся вось так раней, у савецкі час, але Мурач яшчэ з таго, як настаўнічаў у Бабінавічах, помніў гэтае прозвішча, асабліва па сыну, які да арышту часта друкаваўся ў газетах. На нядаўняй нарадзе ў каменданта, куды ён таксама быў пакліканы, як прадстаўнік мясцовай інтэлігенцыі, Мурач адразу падумаў – няйначай, гэта бацька таго верамейкаўскага паэта. А цяпер вось выпадак звёў іх зноў, і яны нават на адных калёсах едуць.
Мусіць, Мурач ўсё ж знайшоў бы ў сабе духу прызнацца Зазыбу, што ніхто яго не адпускаў з лагера, што ён сам уцёк адтуль. Але на гэта быў патрэбны час, ну, хоць бы яшчэ некалькі доўгіх раздумлівых хвілін.
За Гончай дарога пайшла лёгкая, па палявой абочыне бальшака; адразу за канцавымі дварамі выгуляныя коні заварушыліся і самі пабеглі шпарка; зноў затарахцелі падводы, хоць ужо і не так моцна, як нядаўна ў забяседскім лесе. Па левы бок ад бальшака далёка распасціралася поле, на якім сям-там то купкамі, то па адной чорнай чалавечай постаці; бліжэй да вёскі рухаліся палявой дарогай бухматыя вазы, гружаныя не то сенам, не то снапамі – адсюль не пазнаць. Справа таксама ляжала поле, але зусім вузкае, яно ўвесь час горбілася і на краі, акурат абрываючыся, крута спадала к рацэ, за якой тануў у зыбкім марыве лес з яго асмужанай і непрагляднай далячыняй. Хоць Зазыба і сядзеў на гнушцы па гэты, правы бок калёс, адкуль адкрываўся краявід на асмужанае забяседдзе, аднак галаву ён часцей паварочваў наадварот, жадаючы ўбачыць тое, што рабілася цяпер вакол вёскі; Зазыба ўвачавідкі прымерваўся,– маўляў, чым гэтыя дні займаюцца людзі тут і ці так робіцца ўсё, як у Верамейках. Параўноўваючы такім чынам «чужое» са «сваім», ён нібыта шукаў для сябе заспакаення і апраўдання таму, што рабіў сам і што рознымі шляхамі прымушаў рабіць іншых.
Нарэшце Зазыбу стала зусім няёмка, што гэтак доўга вязе чужога чалавека і не гаворыць, няважна, што той сам тады не азваўся. Фармальна Зазыба ўсё яшчэ чакаў ад яго адказу. Таму спытаў так:
– А што, з лагера ўцячы нельга?
Настаўнік крута павярнуўся тварам да яго, загадкава ўсміхнуўся, але адказаў проста і, можа, нечакана для Зазыбы:
– Чаму ж нельга? Я ж вось уцёк! – Пры гэтым ён колькі часу нібы выпрабоўваў Зазыбу, не адводзіў вачэй ад яго, няйначай, жадаючы бачыць, як той паставіўся да гэтакага прызнання.
Зазыба таксама ўсміхнуўся.
– Я адразу падумаў,– сказаў ён,– наўрад ці так было на самай справе, як вы гаварылі спярша. Словам, я не надта паверыў, што немцы выпусцілі з лагера вас.
– Чаму ж?
– Ды так.
– А ўсё-ткі?
– Ну, не паверыў, і ўсё.
– Хіба што,– неяк невыразна паставіўся да Зазыбавай настойлівасці настаўнік.
Тады Зазыба яшчэ спытаў:
– Ну, а раз вы здолелі ўцячы, значыць, і другія могуць?
– У прынцыпе, так,– адказаў Мурач.– Але справа ў тым, што адны ўжо не могуць рашыцца на ўцёкі, проста не маюць фізічных сіл, а другія ўсё роўна як чаго чакаюць. Вось-вось, спадзяюцца, нешта пераменіцца. А я не стаў чакаць. Не стаў пасля таго, як зразумеў, што, няйначай, прападу. Не выжыву. Бо трэба ведаць, якія там, у лагеры, умовы. Я недарма кажу: сапраўднае пекла. Такога здзеку над чалавекам нават уявіць цяжка. Трэба пабыць там, каб ведаць. І вось гэты, увогуле-то вельмі невясёлы, вывад, як ні дзіўна, прыдаў мне сілы. Я рашыў – калі паміраць ужо, то неяк іначай, а не так, як паміраюць у лагеры – з голаду ці ад хваробы.
– Ну, а чаму раптам,– спытаў Зазыба,– у лагерах апынулася столькі народу?
– Звычайна. Дарэчы, вы самі ваявалі калі-небудзь?
– Ваяваў. І ў тую германскую, і на грамадзянскай быў.
– Значыць, павінны ведаць.
– Павінен-то павінен, але не зусім. У германскую я на румынскім фронце ваяваў. І асабліва не помню, каб нас вельмі бралі там у палон. Бывала, канечне, на вайне не без таго, але ж не параўнаеш... Не параўнаеш з тым, што робіцца цяпер.
– Ну, на румынскім фронце, дапусцім,– запярэчыў настаўнік,– румыны ды чэхі самі траплялі ў палон. А вось на другіх франтах... Дарэчы, каб ведалі,– у тую вайну нашых палонных было ў Германіі і Аўстра-Венгрыі ў агульным ліку каля трох мільёнаў.
– Але ж нямала іх было і ў нас, аўстрыйцаў ды немцаў,– раўніва сказаў Зазыба.
– Гэта таксама праўда.
– Ну, а ў грамадзянскую?
– Тады чырвонаармейцаў мала бралі белыя ў палон. Адразу шашкамі, калі што.
– У тым-то і справа. Помню, у дзевятнаццатым у Армавіры нашых тыфозных многа ляжала. А белыя якраз наступалі на горад, дак якая там паніка «была ў шпіталях – нават тыфозныя хворыя баяліся заставацца ў горадзе. Давялося ў горы перавозіць, ратаваць. Таму мне і цікава, як гэта цяпер выходзіць, што адно толькі і чуеш ад баб – і там лагер ваеннапалонных, і там...
– Цяпер немцы і самі раскідваюць лістоўкі, моў, здавайцеся ў палон, будзеце і накормлены, і жыццё ўратуеце.
– Гм,– прытоена ўсміхнуўся Зазыба,– чытаў я, будучы ў Бабінавічах, у іхняй газеце пра гэта. Дак там нават пропуск у палон надрукаваны. Па ўсёй форме. Толькі выраж ды прад’яві. Але я не пра тое. Вы ж адукаваны чалавек, дак ведаеце, белыя таксама не супраць былі, каб мы ўсе пакідалі зброю...
– Я разумею, што вы маеце на ўвазе,– сказаў нецярпліва настаўнік.– Але ж у палон трапляюць не таму, што хтосьці раскідвае лістоўкі ды пропускі друкуе. Усё не так проста, як можа здавацца. Звычайна, прычыны да канца становяцца зразумелыя пасля вайны. Тады толькі людзі пачынаюць разбірацца, што да чаго. А пакуль ідзе вайна, ці мала да чаго можна дадумацца. У тую вайну, напрыклад, палонных было багата альбо тады, калі войскі дрэнна наступалі, узяць хоць бы генерала Самсонава з яго арміяй, альбо тады, калі наогул усе павальна адступалі, як, напрыклад, у пятнаццатым годзе, у час так званага «вялікага адступлення». А пра лістоўкі я к слову сказаў. Хоць, можа, хто-небудзь і паддаецца на іхнія заклікі. Толькі, думаю, гэта адзінкі будуць сярод палонных. Урэшце, такія і ў лагеры паводзяць сябе не так, як астатнія, стараюцца ўладкавацца то ў санчасць, то на кухню, а то і проста ідуць у памагатыя да нямецкай аховы. Немцы ж ад паслуг таксама не адмаўляюцца. Ну, яны і лезуць у кожную шчыліну, абы чуць-чуць засвіцілася дзе. Але нельга меркаваць па іх аб усіх палонных. Вось вы пачалі гаворку пра лагеры, моў, чаму іх багата? Не ведаю, ці настолькі іх багата, як нам здаецца, сам я падлікамі не займаўся. Але раз ужо ў нас зайшла такая гаворка, дык раскажу пра сябе. Раскажу, як апынуўся сам у палоне. Думаю, гэта дасць вам нейкае ўяўленне пра ўсё. Я ўжо казаў, фарміравалася наша дывізія, як водзіцца, і накіравалі яе на чыгуначную станцыю. Мы не ведалі, што к гэтаму часу на фронце варожыя танкі ўтварылі прарыў і што нам загадана стаць ледзь не на вастрыні іх галоўнага ўдару. Як і трэба, са станцыі палкі ўжо сваім ходам рушылі на прызначаныя рубяжы. Наш полк спыніўся каля моста на рацэ Няруса, гэта амаль пры ўпадзенні яе ў Дзясну. Кіламетраў за колькі па той бок Дзясны яшчэ ішлі баі, і войскі нашы знаходзіліся ў міжрэччы. Я добра помню, што Трубчэўск тады не быў заняты фашыстамі. Можа, нават і Унеча заставалася не пад акупацыяй. Канечне, камандаванне вышэйшае пра ўсё гэта ведала лепей, чым мы, салдаты. Аднак і чырвонаармейцы збольшага арыентаваліся ў агульнай абстаноўцы. У кожным разе ўсе ў нашым палку разумелі, што ў бой уступіць нам перш за ўсё давядзецца з танкамі, якія вось-вось выйдуць у гэтым месцы да Нярусы. Пакуль батальёны акопваліся ўздоўж ракі, у небе ўвесь час віселі нямецкія самалёты-карэкціроўшчыкі. Рамы. Кажуць, яны не цалкам нямецкія, гэтыя самалёты, выпускаюць іх нібыта італьянцы ў сябе, але на ўзбраенні «рамы» знаходзяцца і ў немцаў. Я камандаваў аддзяленнем, і маім байцам выпала займаць абарону трохі збоч моста. Акопы рылі, як кажуць, добрасумленна, каб можна было стаяць на дне. Не забыліся таксама і пра траншэю, якая вяла ад агульнай лініі абароны ў лес, што знаходзіўся метраў за чатырыста ад ракі: туды і мы пракапалі свой ход злучэння: словам, здаецца, падрыхтаваліся, як і паложана ў абароне. Але ў той дзень нямецкія танкі не паявіліся. Рокат іхні мы пачулі ўжо ўранні, праз ноч. Танкі падыходзілі да ракі ў тумане. Здавалася, вось-вось першая машына выскача на мост. Але не. Відаць, самалёты-карэкціроўшчыкі добра высачылі зверху ўвесь гэты бераг, таму немцы мелі дакладныя дадзеныя пра нашу абарону. Наступаць яны пачалі толькі тады, як рассеяўся туман па абодва бакі Нярусы. На нашы акопы раптам адтуль, з-за пагорка, абрынуўся шквальны агонь артылерыі. Няйначай, стралялі з танкаў. Выпадкова ці як, але акопы майго аддзялення гэты шквал неяк абмінуў, снарады чамусьці рваліся толькі вакол. Кананада такая працягвалася хвілін дваццаць. За гэты час снарады паспелі літаральна ўзарваць і луг, як бачылася воку, і ўзлесак, і сам лес патрушчылі далёка ўглыбіню. Нарэшце ўсё аціхла, дакладней, спярша сапраўды аціхла, а затым і зусім зрабілася ціха. Аднекуль з-за дарогі, быццам з-за высокага насыпу, выскачыў наш камбат і пабег, прыгінаючыся, уздоўж акопаў, відаць, хацеў упэўніцца, ці засталося што пасля такой калатэчы ад батальёна. Дабег да нас, крыкнуў, нібыта глухі ўжо: «Падрыхтавацца, зараз танкі пойдуць!» Мы пачалі азірацца, атрэсваць камякі зямлі, папраўляць на галовах каскі, выкладваць на брустверы акопаў звязаныя ручныя гранаты, бутэлькі з запальнай сумессю. Так і выйшла, як папярэджваў камбат: танкі не прымусілі доўга чакаць. Зноў за пагоркам пачуўся рокат матораў, і мы ўбачылі, як адтуль пачалі выпаўзаць танкі. Рухаліся яны не адзін за адным, а франтальна, захопліваючы па той бок ракі ўвесь шырокі пагорак. Здавалася, што танкі і рынуцца так, фронтам, на нашы пазіцыі, спрабуючы адразу фарсіраваць Нярусу. Аднак ужо ў наступную хвіліну яны пачалі выцягвацца клінам, кіруючыся к масту па адным. Перад самым мастом запаволілі рух, нібыта палохаючыся чаго. І вось у гэты момант нашы саракапяткі, схаваныя за кустамі, робяць першы залп. Затым другі, трэці. Адзін танк пачынае дыміцца, спыняецца якраз насупраць маста. Але ёсць месца рухацца далей, і палаючы танк абмінаюць другія, спяшаюцца ўз’ехаць на мост. Зноў страляюць нашы саракапяткі. Аднак цяпер снарады чамусьці ўзрываюцца побач. Тады пачынаем дзейнічаць мы, стралкі. Кідаем на танкі бутэлькі з запальнай сумессю, гранаты. Некалькі танкаў загараюцца на дарозе, па гэты бок ракі. Але ўсе мы ўжо разумеем, што нашымі сродкамі – бутэлькамі ды гранатамі – не стрымаць іх. Спраўныя танкі спаўзаюць з дарогі, імчацца кудысьці па лузе... Пад іхнімі гусеніцамі гінуць палкавыя саракапяткі. А неўзабаве ўсё навокал пусцее, танкі знікаюць і ваяваць ужо быццам няма з кім, бо пяхоты на танках зусім не было. Выходзіць, што за якія-небудзь лічаныя хвіліны апынуліся мы нечакана калі не ў акружэнні, то адрэзаныя ад свайго тылу. Нарэшце прыйшла каманда выбірацца з акопаў. Хутка мы далучыліся да іншых падраздзяленняў. Разам усе рушылі праз лес. Там быў і палкавы абоз. Доўга наша калона прабіралася па вузкіх, мала наезджаных дарогах, ажно пакуль на другія суткі не выйшла да нейкай вялікай вёскі. У гэтым населеным пункце знаходзіліся батальёны другіх двух палкоў нашай дывізіі з артылерыяй, а таксама частка эскадронаў кавалерыйскай дывізіі, што рыхтавалася да нейкага прарыву. Зрабілі і мы прывал. Нам тут жа выдалі па кавалку сырога мяса; інтэнданты казалі, што мясцовы калгас парэзаў знарок для нас сваіх валоў, ажно па пятнаццаць пачак махоркі і яшчэ таго-сяго з недатыкальнага запасу. Не паспелі мы хоць трошкі параскашаваць, зноў пачулася каманда – стройся. Праз некалькі хвілін ужо зусім вялікая калона з артылерыяй на коннай цязе, здаецца, толькі дзве ці тры цяжкія гарматы былі прычэплены да трактараў, кранулася з вёскі. Кіраваліся ўсе чамусьці на паўночны захад. Помню, чырвоны дыск заходзячага сонца вісеў трохі лявей нашай калоны. Дзесьці апоўначы ў полі раптам загарэліся сцірты саломы. І тут жа пайшоў погалас – моў, варожыя карэкціроўшчыкі падаюць умоўны знак сваім. Сапраўды, не прайшло і чатырох хвілін, як здалёку пачуліся гарматныя стрэлы, а на дарозе, па якой толькі што прайшоў ар’ергард калоны, пачалі рвацца снарады. Артылерысты спазніліся, і снарады патрапілі ў прамежак паміж ар’ергардам і канцом калоны. Ахвяр, вядома, на такой адлегласці, не было. Затое ўзнікла паніка, нібыта ўжо за кожным пагоркам, за кожным ляском стаялі немцы. На світанні пачалі акопвацца. Маё аддзяленне неспадзявана апынулася побач з камандным пунктам камандзіра дывізіі. Можа, таму, што былі мы ў поўным складзе і мелі яшчэ зусім зухаваты выгляд, палкоўнік спыніў свой выбар на нас. «Ваша аддзяленне,– загадаў ён мне,– перадаецца каменданцкаму ўзводу. Вартуйце КП і НП, назірайце вунь за тым лесам». Было відаць, як у той бок, куды паказваў камдзіў, рухалася вялікая група нашай пяхоты. Неўзабаве адтуль пачуліся стрэлы. Падобна было, што там ушчынаўся бой. І раптам з лесу выпаўзлі нямецкія танкі. Штаб дывізіі, перад якім не было артылерыі, тут жа зняўся з месца і перамясціўся на край вёскі, метраў за паўтараста па правы бок яе. А тым часам мы не атрымалі на гэты конт ніякага загаду, таму разам з каменданцкім узводам засталіся на ранейшай пазіцыі. Уся ўвага была скіравана цяпер на танкі. Без артылерыі, канечне, мы не маглі затрымаць іх, затое дружна расстралялі ўсе абоймы, спрабуючы паразіць глядзельныя шчыліны. І калі нарэшце ўбачылі: вакол немцы, ужо не было чым страляць нават па пяхоце. Уласна кажучы, нас бралі ў палон безаружных. Пасля, ужо ў калоне ваеннапалонных, я часта думаў – чаму гэтак нечакана здарылася, што мы апынуліся ў немцаў, бо ніхто ж з нас перад тым і не думаў, што ўсё можа скончыцца палонам. Я кажу за сваё аддзяленне. Немцы тут жа загадалі нам скласці пустыя вінтоўкі ў адну кучу і пагналі па той самай дарозе, якая вяла да маста па Нярусе. Здавалася, кружылі па лясах многа, а далёка не адышліся. Дарэчы, мы толькі цяпер як след убачылі, колькі падбілі варожых танкаў. І як вы думаеце, колькі мы іх танкаў падбілі там, а?
Зазыба паціснуў плячамі:
– Мяркуючы па вашым расказе, нямнога.
– Дарэ-э-эмна,– павесялеў настаўнік.– Папрацавалі, як кажуць, мы там няблага. І на тым, і на гэтым беразе Нярусы засталося стаяць нерухома ажно дваццаць танкаў. У часе бою гэта неяк не заўважалася, а пасля, праз некалькі дзён, калі глянулі вакол, дык ажно самі дзіву даліся – аказваецца, і саракапяткі, пакуль іх не патрушчылі танкі, сваю справу зрабілі, і мы, стралкі.
– А штаб дывізіі выйшаў з акружэння? – спытаў Зазыба.
– Не ведаю. Ва ўсякім разе, сярод палонных, здаецца, не было нікога са штаба.
Зазыба раптам успомніў, як у 1921 годзе сам трапіў у махноўскі палон. Будзёнаўскі раз’езд, у якім удзельнічаў Зазыба, махноўцы атакавалі недалёка ад Гарэлых хутароў на Украіне. Усе ведалі, што ў гэтым раёне часам паяўляліся «бацькавы дзецюкі», але мерацца сіламі з чырвонымі коннікамі не мелі ахвоты, дакладней, проста не асмельваліся,– пры набліжэнні будзёнаўскіх раз’ездаў адразу знікалі. Зразумела, што будзёнаўцы ў такіх выпадках і не пільнаваліся надта. Гэты ж раз махноўцы чамусьці напалі на іх проста сярод белага дня. Хаваючыся ў глыбокім яры, спярша далі ружэйны залп, затым атакавалі конна. Пад Зазыбам упаў, прастрэлены ў галаву, конь. Падаючы, ён прыціснуў седаку правую нагу. Пакуль Зазыба спрабаваў вызваліць з-пад яго нагу, махноўцы паспелі пастраляць астатніх коннікаў і ў наступны момант наваліліся на яго. Выйшла, што ён нават не аказаў ім супраціўлення. Канечне, калі б Зазыба ведаў, што не здолее хутка вызваліцца з-пад каня, то паводзіў бы сябе іначай – неяк злаўчыўся б, хоць і ляжаў дагары, ды пачаў страляць з вінтоўкі. А так – ганебны палон. Спачатку палон, пасля смерць. Чырвонаармейцы ведалі, чым заўсёды канчаўся для іхняга брата палон. Таму і Зазыба не цешыў сябе ніякай надзеяй. Дыбаў, прывязаны доўгай вяроўкай да сядла, і развітваўся ў думках з жыццём. Але махноўцы чамусьці марудзілі. Тлумачэнне гэтаму Зазыба знайшоў толькі ўвечары, калі махноўцы прывялі яго ў сяло і запёрлі ў сельрадаўскай каморы, паставіўшы звонку вартавога. Самі яны ці то баляваць куды падаліся на ноч, ці, можа, зноў гойсалі па наваколлі ў пошуках лёгкай здабычы. Зазыба сядзеў у каморы і думаў. Думаў пра ўсё – пра жыццё сваё, якое гэтак нечакана загубіў, пра Верамейкі, пра тое, як будзе добра людзям жыць, пасля, калі паўсюды запануе рабоча-сялянская ўлада... За дзвярыма каморы тым часам, гучна тупаючы, хадзіў туды-сюды вартавы: то замармыча сабе пад нос штосьці неразборлівае, то прытворна пачне кашляць, няйначай, каб напомніць палоннаму лішні раз, што ён тут і што няма чаго думаць аб уцёках. Нарэшце Зазыба не вытрымаў, гукнуў скрозь нятоўстыя дзверы:








