412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 12)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 22 страниц)

Унізе цераз увесь плакат па белай паласе Зазыба прачытаў: «Форма і знакі адрознення для чыноў паліцыі ў вызваленых усходніх абласцях».

Вядома, плакат не мог застацца не заўважаным на вуліцы. Брава-Жыватоўскага адразу абступілі, пачалі разглядваць плакат, а тады і зусім выхапілі яго з рук, і ён паплыў далей. Як падахвочаны, Брава-Жыватоўскі ўзяўся адгарнуць са скрутка другі плакат, пасля трэці, здымаючы іх адзін з другога, бы кашулі. На ўсіх наступных плакатах быў намаляваны ў розных іпастасях Адольф Гітлер. На адным трохі ссутулены фюрэр трымаў за плечы дзяўчынку, усміхаючыся камусьці наперадзе. Подпіс гаварыў: «Вярхоўны правадыр германскага народа праяўляе вялікі і пяшчотны клопат аб дзецях».

– Дык будзем, Зазыба, сёння наклейваць замест Сталіна новага правадыра? – Паліцэйскі сказаў гэта з выразным разлікам таксама на тое, што яго чуюць навокал, і, можа, нават найбольш дзеля гэтага. – Будзем наклейваць ці не?

Зазыбу яго абразлівая знарочнасць абурыла, але ён не паддаўся злосці, кінуў няпэўна:

– А ці трэба?

– Думаеш, рана? – адгадаў, чаго не сказаў адкрыта ён, паліцэйскі, і зарагатаў: – Будзь пэўны. Сваімі вачамі карту ў каменданта бачыў. Якраз не рана. Ужо даўно, больш за месяц, як немцамі пройдзены Смаленск, вароты на Маскву. Украіна таксама амаль уся пала. Засталося толькі Кіеў узяць па той бок Дняпра. Так што, не бойся, сябрам тваім кранты, таму свабодна развешвай плакаты.

– Не, ты ўжо сам рабі гэта, – моцна крутануў галавой Зазыба, дадаўшы: – Дый з гэтым можа справіцца любы малы падшыванец. Адно цукеркі паабяцай.

– Адкуль яны цяпер, тыя цукеркі? – зусім сур’ ёзна паглядзеў на яго Брава-Жыватоўскі.

– А ты патроны ад вінтоўкі раздай, – кепліва параіў Зазыба. – Яны гэтым цяпер толькі і займаюцца, што самастрэлы робяць. А не, дык сам дай каму пастраляць з вінтоўкі.

– Патроны на ўліку.

– Ну тады, як знаеш. Але што гэта мы сабралі тут мітынг? Каменданту, нябось, можа не спадабацца пасля такой нарады?

– Якраз наадварот.

– Ну, от што, – стрымліваючы сябе, сказаў Зазыба, разумеючы пры гэтым, што іначай цяпер ад паліцэйскага не адкараскацца, – ты сабе едзь у Верамейкі адзін, а мне трэба ў Зялёнкавічы яшчэ, да жончыных родзічаў.

– Нешта ты зачасціў да іх, – нездаволена буркнуў Брава-Жыватоўскі. – Можа б, і мяне запрасіў з сабой? А то сам частуешся, а мне ні разу не перапала.

– Значыць, трэба мець сваіх там родзічаў.

– Але ж як выручаць цябе дык я павінен, а не родзічы, а як частавацца...

– Ты ета пра што?

– Ды хоць бы і пра тое, што ад цябе хацеў пачуць камендант.

– А-а, – усміхнуўся Зазыба. – Ну, то мог не выручаць.

– Урэшце, як хочаш, – махнуў рукою Брава-Жыватоўскі. – Я сабе напарніка ехаць знайду. А сам вазьмі вось гэты напамінак, каб не задумваўся над што-кольвеч, – і ён сунуў у рукі Зазыбу аркуш паперы.

– Ну й добра, – Зазыба крута павярнуўся і выйшаў з натоўпу. Ён яшчэ пачуў, як нешта кінуў наўздагон Брава-Жыватоўскі, можа, пакпіў, аднак цяпер Зазыбу гэта ўжо не кранала. У яго было такое адчуванне, быццам толькі што выйшаў з балота, дзе дурэлі чэрці.

«Цяпер, гіцаль, доўга будзе напамінаць, што дзеля мяне схлусіў каменданту!..» – з прыкрасцю падумаў ён, кладучы ў кішэню атрыманую ад Брава-Жыватоўскага паперку, хоць і не ведаў, чым бы ў адваротным выпадку магла скончыцца ўся гэтая гісторыя з яго выклікам на сённяшнюю нараду.

На кірмашовай плошчы, куды, не азіраючыся назад, нарэшце выкіраваў па местачковай вуліцы Зазыба, каля газетнай вітрыны, што засталася яшчэ ад савецкага часу, стаяла некалькі жаночых і мужчынскіх постацей. На вітрыне нешта бялела. «Мусіць, ужо нямецкія газеты», – падумаў Зазыба, успомніўшы, што на спаса іх яшчэ не было тут. Падахвочаны цікаўнасцю, ён перайшоў амаль па дыяганалі местачковую плошчу і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў на не зашклёнай ужо вітрыне знаёмыя літары – «Правда». Спярша Зазыба ажно не паверыў сабе, але чым бліжэй падыходзіў да вітрыны, то мацней пераконваўся, што не памыліўся. Местачкоўцы сапраўды чыталі «Правду». Збянтэжаны, Зазыба спыніўся ля вітрыны за спінамі нейкіх дзвюх кабет і, стрымліваючы хваляванне, таксама прыпаў вачамі да газеты. Але тут жа патрос, быццам ад наслання, галавой – загалоўкі артыкулаў былі чужыя, варожыя!.. «Больш за 260 савецкіх дывізій знішчана ў пачатку вайны», «Савецкі ўрад рыхтуе знішчэнне Масквы і Ленінграда»... Акурат яшчэ не верачы, што перад ім звычайная фашысцкая падробка, Зазыба глянуў на агульную назву газеты. Загаловак быў такі ж, як і ў маскоўскай «Правде», адціснуты такім жа маляваным паўкруглым шрыфтом. Але пад ім кінуўся зроку зусім іншы тэкст: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся для барацьбы з бальшавікамі».

«Да чаго дадумаліся гіцлі!» – абурыўся ў душы Зазыба, але прымусіў сябе прабегчы вачамі па ўсіх чатырох старонках фашысцкай падробкі. На адной з іх у слупку тлусным шрыфтам былі вылучаны два радкі: «У часе налётаў на Маскву адзначаны пападанні ў Крэмль». Унізе пад раешнікам – «Лорды засядаюць, а немцы наступаюць» – чарнела аб'ява: «Выражце і захавайце гэты пропуск. З адным пропускам на бок германскіх войск можа прайсці неабмежаваная колькасць байцоў і камандзіраў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі». Тут жа, узяты ў рамачку, змешчаны быў і тэкст пропуска на дзвюх мовах – па-руску і па-нямецку, маўляў, прад’яўнік гэтага, не жадаючы дарэмна праліваць кроў за інтарэсы жыдоў і камісараў, пакідае пераможаную Чырвоную Армію і пераходзіць на бок германскіх узброеных сіл, за што нямецкія салдаты і афіцэры акажуць перайшоўшаму добры прыём, накормяць і ўладкуюць на працу.

Ніжэй фашысцкай падробкі былі прыклеены дзве аб’явы, надрукаваныя на добрай паперы. Дакладней, першую, мусіць, нельга было назваць аб’явай. Хутчэй то было распараджэнне, хоць подпіс асобы ці ўстановы, ад якой яно зыходзіла, і адсутнічаў. «За няздачу радыёапаратуры, – прачытаў Зазыба, – і прадметаў савецкага вайсковага рыштунку гр-н Карэнін І. асуджаны на 6 месяцаў турмы з 20 дубцовымі ўдарамі штомесяц». «Карэнін?.. Карэнін?..» – пачаў успамінаць Зазыба. У Бабінавічах сапраўды жыў чалавек з такім прозвішчам, але Зазыба добра ведаў, што звалі таго Цімохам. Значыць, гэты Карэнін, што апынуўся ў нямецкай турме, быў хтосьці іншы. Але што ў другой аб’яве? Зазыба прачытаў і яе: «Рыскіна Вольга Рыгораўна, ураджэнка вёскі Малая Ліпаўка, мяняе прозвішча на дзявочае – Тупікава, а таксама мяняе прозвішча свайго сына, Рыскіна Уладзіміра Абрамавіча, нараджэння 1940 года, на сваё прозвішча – Тупікаў, і імя па бацьку дае па свайму хроснаму – Іванавіч». «Ну от, – падумаў Зазыба,– новы парадак у дзеянні!..»

У гэтыя дні, бадай, усім даводзілася шмат чаму здзіўляцца. І шмат што, нягледзячы на ўнутраную падрыхтаванасць, было нечаканым. Нечаканасць наогул выклікае, няхай хоць і часовую, разгубленасць, калі чалавек раптам пачынае не зусім разумець, здавалася б, зусім простыя рэчы. Тым больш калі гэта датычыць ваеннага часу. І не проста ваеннага, а часу варожай акупацыі, калі ўсё, пачынаючы ад грамадска-палітычнага ладу, мяняецца. Таму не дзіўна, што для разумення агульнай абстаноўкі, так званага бягучага моманту, Зазыбу куды больш давалі вось гэтыя дзве маленькія аб’явы, дарэчы, як і загад вайсковага каменданта раёна, што быў зачытаны на нарадзе Гуфельдам, чым нават цэлая газета ў вітрыне, дзе жаданае хутчэй за ўсё выдавалася за сапраўднасць. Тым часам аб’явы сведчылі пра іншае. Праз іх Зазыба выразна ўбачыў тое пачварнае і жахлівае, чым не толькі пачынала жыць, а і жыло ўжо так званае мірнае насельніцтва, якое не па сваёй ахвоце засталося па гэты бок фронту.

«Але куды ўсё-ткі дзяваўся Доўгаль? – зноў схамянуўся Зазыба. – Якраз пагаварылі б пра ўсё, злашча, што той сам нечага ўгаворваў ехаць у адну дарогу, справу нейкую меў».

Шкадуючы так, ён завярнуўся ад вітрыны, каб зноў перайсці ў тым жа напрамку местачковую плошчу, а тады накіравацца па другой вуліцы за пошту, да Хонінага дома, бо ў яго найбольшая адказнасць у мястэчку цяпер была перад Марыляй. У планах Зазыбу думалася, што ён толькі паглядзіць адно, як уладкавалася дзяўчына, можа, мае патрэбу ў чым, якую здольны будзе ён задаволіць, пасля пехатою пашыбуе сабе па надбяседскай дуброве ў Верамейкі.

Але дарэмна Зазыба непакоіўся. Здаецца, Марыля ні ў чым не мела патрэбы. Прынамсі, на Зазыбу яна ўжо не разлічвала.

Каб убачыць яе, Зазыбу нават не давялося заходзіць у Хонін дом. Марыля выйшла яму насустрач... з нямецкім афіцэрам, перад якім паводле новага парадку Зазыба павінен быў зняць шапку. Дзіва, але якраз пра гэтае новаўвядзенне, пра гэтую старапанскую акалічнасць Зазыба нават не падумаў. А яшчэ большае дзіва было б, каб ён наогул зрабіў так.

Убачыўшы Марылю, якая вяла пад руку па вуліцы афіцэра, Зазыба адразу адчуў, як лінула ў твар яму кроў. Зрабілася і сорамна, і прыкра. Была б магчымасць збочыць куды, то першае, што ў такой сітуацыі належала зрабіць – гэта, нават дзеля таго, каб не даць падставы адчуць такую ж збянтэжанасць ёй. Але збочыць, як на тое, не было куды, адно калі, быццам хлапчуку малому, пераскочыць цераз плот ды схавацца ў сліўніку, што павісаў над вуліцай з гародаў. Тым часам адлегласць паміж імі скарачалася, хутка яна стала такой, што іх ужо аддзяляла паўсотня крокаў. Лаячы ў душы сябе і тую няўдалую хвіліну, якую ён выбраў, каб наведаць Марылю, Зазыба зніякавела пасоўваўся насустрач. Праўда, Марыля жыла ў мястэчку на асобым становішчы, і Зазыба мог даўмецца ўрэшце, што яна цяпер нічога ганебнага не рабіла, ідучы па вуліцы з нямецкім афіцэрам, наадварот, ахвяруе дзеля справы, на якую пакінута тут. Аднак ён чамусьці і не ўспомніў пра гэта, няйначай, як асабістае, акурат бацькоўскае пачуццё замінала ўявіць, чым магла быць Марыля на самай справе. А калі гаварыць далей, то наўрад і ці мела б якое значэнне тое, што Зазыба даўмеўся б да ўсяго, бадай, такая акалічнасць ніколькі не зменшыла б вастрыні становішча – сапраўды, а ці ўзрадуецца цяпер яна сама, убачыўшы раптам чалавека, які адзін тут што-кольвеч ведае альбо здагадваецца пра яе. Словам з усёй сітуацыі зразумела адно пакуль – Зазыбу было пакутліва і брыдка ісці вуліцай. У яго ўяўлені ўчынак Марылі выглядаў не толькі не патрыятычным, гэта самае меншае, але і амаральным, маўляў, зрабілася распусніцай!.. «Выходзіць, недарэмна тады папярэджваў Шарэйка?» – падумаў Зазыба. І якраз вось гэту, другую вінаватасць ён чамусьці лічыў ужо зусім недаравальнай – зноў жа, мусіць, па той прычыне, што гэта датычыла яго асабістых пачуццяў.

Не магло быць, каб Марылі таксама дасюль не ўпала ў вочы знаёмая Зазыбава постаць. Тым больш што Зазыба, збянтэжаны такой неспадзяванкай, не скеміў нават перайсці з аднаго боку вуліцы на другі, каб сцежка, што служыла тут тратуарам, не звяла іх з Марыляй твар у твар. Як кажуць, дасюль гатовы быў хоць скрозь зямлю праваліцца, абы не ісці насустрач Марылі, а вось зрабіць самае простае – памяняць абочыны, недадумаўся. Між тым, у наступную хвіліну Марыля прайшла міма, нават вачмі не павяла на Зазыбу. Яна была (ці рабіла выгляд, што гэта так) цалкам занята кавалерам, маладым бялявым обер-лейтэнантам, які таксама здаваўся не менш запалоненым ёю. Выгляд яе ўразіў Зазыбу. Гэта ўжо была зусім не тая мілая ў сваёй сціпласці дзяўчына, якую ён убачыў некалі ў хаце кулігаеўскага Сідара Раўнягіна і якую потым, праз некалькі дзён, прывёз сюды, у Бабінавічы. Цяпер чаго вартыя былі адны, больш чым трэба, паднятыя грудзі, што выпіналі з цеснай блузкі і назойліва лезлі ў вочы. І наогул яна ўся нібыта пакруглела за гэты час, багата што ў ёй цяпер падкрэслівалася знарок, прынамсі, тлумачыць, што азначала тая ці іншая частка яе цела, не трэба было.

Зазыба не здагадваўся, але за тым, як Марыля палюбоўна ішла па вуліцы з нямецкім афіцэрам, наглядаў не ён адзін. Не ведаў ён і пра тое, што яго падапечная рабіла вось гэтак не першы раз. У кожным разе местачкоўцам, якія жылі на Паштовай вуліцы, яе пагулянкі з немцамі не з’яўляліся навіной, асабліва пасля таго, як незнаёмая дзяўчына, якая невядома адкуль і чаму ўзялася тут, уладкавалася працаваць у вайсковым шпіталі, што не лішне даўно спыніўся ў Бабінавічах і заняў памяшканне местачковай бальніцы, пакінуўшы доктару Каласоўскаму з яго хворымі тубыльцамі месца на пяць стацыянарных ложкаў у старой мураванцы, дзе раней, пры царскім часе, была станавая «халодная», а яшчэ раней царкоўны клір трымаў дары – гаршкі з мёдам, кошыкі з яйкамі, кругі воску, кадкі з насыпаным зернем... Вядома, Марыля не адна такая была ў мястэчку, што кінулася завязваць дружбу з немцамі, аднак на Паштовай вуліцы, апроч яе, яшчэ ніхто не служыў ім, а тым больш гуляў вось так з акупантамі. Праўда, паводзіны чужой дзяўчыны не вельмі каб ужо і дзівілі, дакладней, бянтэжылі тутэйшых жыхароў, бо яна была ўсё ж у мястэчку прыблуднай аднекуль, таму і адносіны да яе склаліся адпаведныя, маўляў, што з чужой возьмеш, хоць тым не менш кожны крок яе не заставаўся без чыёй-небудзь вольнай ці міжвольнай увагі. Адны падпільноўвалі распусную дзеўку проста з абывацельскай цікаўнасцю – а можа, і сапраўды пашанцуе падгледзець нешта такое, што яшчэ не здаралася тут бачыць, словам, падгледзець нештачка, другія наадварот, пазіралі на яе з пагардай, раўніва захоўваючы такім чынам спрадвечную мерку чалавечай ахайнасці ці, як ў дадзеным выпадку, жаночай цнатлівасці, ужо не кажучы пра грамадзянскую годнасць і патрыятычнасць. Гэтыя, апошнія, у сваёй пагардзе не мелі ніякай літасці да прыблуднай дзяўчыны, хоць зноў жа ці варта дзівіцца, бо нават Зазыба, які адзін мог даць рады, і той цяпер не толькі дакараў у думках, а і саромеўся за яе.

Між тым, не з адных вокнаў сачылі за Марыляй і яе кавалерам вольныя ды цікаўныя местачкоўцы. Зазыба раптам змеціў на агародзе, што быў ужо амаль побач з Хоніным дваром, кабету, якая стаяла там, не тоячыся: паклала сагнутыя ў локцях рукі паўзверх паркана, што даходзіў ёй да падпах, і ўсё роўна як чакала Зазыбу, калі той параўняецца. Яна і праўда неўзабаве ўшчала гаворку, але перад тым ажно здзівілася, што пазнала яго. Была кабета гладкая, з круглым незагарэлым тварам, такія гаспадыні звычайна не займаюцца вясковай працай, не капаюцца ў зямлі, няйначай, гэта належала да так званай местачковай інтэлігенцыі, у якую залічваюць сябе нават школьныя прыбіральшчыцы-тэхнічкі, не тое, што медсёстры ды іншы абслугоўваючы персанал, ці была замужам за чалавекам, за якім не было вялікага ўрону пасядзець і без справы.

– Ну, што? – гукнула кабета насустрач, укладваючы ў гэтыя, пакуль не зусім зразумелыя для Зазыбы, словы столькі з’едлівай іроніі, колькі хапіла б яе на цэлую зацятую сварку. – Нашкодзіў, а цяпер адварочваешся? Гэта ж ці не ты яе прывёз сюды? Думаеш, я не бачыла, як вы з аднаногім краўцом заносілі ў Хоніну хату яе рэчы?

Зазыба маўчаў, – не адказваў і не глядзеў ужо на кабету. А тую ўсё больш зацінала:

– Цяпер хоць ты дзівіся з іх! І сучка гэта не пазнае яго, і ён нібыта не рашаецца пазнаць! Можа, дачка нават?

Чуючы перад сабой ледзь не лаянку, Зазыба ішоў па сцежцы з такім адчуваннем, быццам пераадольваў недзе над цёмным вірам высокую кладку, здавалася, ступіш не той крок ці глянеш не ў той бок, як паляціш уніз.

– Гэта я ўсё не пабачу таго Шарэйку, – не сціхала кабета, – а то ён у мяне забраў бы даўно гэтую сучку дамоў к сабе адсюль! А то раптам пасялілі ў чужы дом, а чалавеку цяпер няма дзе жыць! Бачыш, зараз сядзіць вунь Хоня пад плотам з дзецьмі, сіратамі, і страхі над галавой не мае, усё роўна як і хаты не заказваў будаваць сабе, быццам гэта ўжо і не яго дом! Ну і што, калі яўрэй?

Дзіва, але лаянка гэта паступова пачынала мець адваротнае дзеянне – чым даўжэй кабета знеслаўляла Марылю, а разам і яго з Шарэйкам, тым хутчэй Зазыба мяняўся ў пачуццях да Марылі, на словы яе вырастала ў душы яго супраціўленне, і неўзабаве ён не лішне далёка быў ужо ад таго, каб узбурыцца, хоць, вядома, таксама не дужа будзеш паказваць характар у такім становішчы, бо каму патрэбны цяпер тут шум. Аднак пярэчанне ўнутры сапраўды з’явілася, і Зазыба ўжо дакладна ведаў, адкуль яно – якраз ад лаянкі гэтай жанчыны. І ён, Зазыба, таксама харош!.. Прывёз ды пакінуў тут, як у лесе сярод ваўкоў, адну... Праўда, не па сваёй задуме прывёз. Але ж нешта думалі тыя людзі, што прасілі зрабіць гэта? І Маштакоў, і той вайсковец, няхай што і хлусіў тады пра Масея? Дастаткова было пачаць збіраць у адно думкі так, як зноў нядобрае пачуццё аднекуль стала брацца, тачыць сярэдзіну. Яно было акурат такім, як і ў той дзень, калі яшчэ ў Верамейках ён абураўся, што Марылі знайшлі зусім не дзявочую справу, накіроўваючы сюды, у акупіраванае фашыстамі мястэчка. Можа, і сённяшнія паводзіны яе тлумачыліся гэтым вось, а не тым, што бянтэжыла хвіліну назад яго і што абурала гэтую местачковую кабету, якая лаяла на чым свет стаіць іх абодвух – Зазыбу за тое, што прывёз распусную дзеўку, а Марылю, зразумела, за само яе распусніцтва. І не можа, а хутчэй за ўсё, што так. А калі так, то... Зазыба раптам усвядоміў для сябе прыкрую, нават жахлівую рэч – і той афіцэр, што недзе ішоў з ёю цяпер, Марылі не сябра, і гэта кабета, якая вісне ў з’едлівай злосці на паркане і ледзьве не плюецца ўслед, таксама, лічы, вораг. А тут яшчэ Хоня Сыркін!.. З’яўленне яго ў мястэчку было нечаканым і ўжо, няйначай, што ў пэўнай ступені выпадковым, але аб’ектыўна яно сведчыла пра тое, што Зазыба не зусім дакладна выканаў даручэнне: непрадбачаная акалічнасць, якая выявілася ў Хоніным вяртанні, магла адбіцца – і нават нядробным чынам – на становішчы Марылі, якая заняла пусты яго дом. Сур’ёзна заклапочаны гэтым, Зазыба ў момант забыў пра жанчыну, якая не пераставала кідаць услед яму абразлівыя абвінавачанні, і ледзь не подбегам мінаваў пошту, на ганку якой стаяў немец-вартавы. Зазыба спяшаўся да Хонінага дома не таму, што вельмі закарцела пабачыць гаспадара. Наадварот, у душы яшчэ заставалася надзея, што кабета назнарок абмовілася, каб мацней дапяць яго, і што Хоня-нарыхтоўшчык не вярнуўся ў мястэчка. Але далёка глядзець не трэба было. Сыркін сядзеў з двума сынамі-падлеткамі на мураве паміж сцежкай-тратуарам і парканам, быццам хаваючыся ў ценю: хоць сонца ўжо стаяла насупраць. Усе Сыркіны цяпер нечым нагадвалі кудлатых колішніх старцаў, якія ішлі-ішлі ды здарожыліся, селі адпачыць тут, усё-ткі не ў бязлюдным месцы, можа, хто і падасць міласціну, як звычайна, акраец у торбу альбо медны пятак у шапку. Паўз іх льга было чалавеку прайсці зусім не заўважаным – Хоня трымаў галаву, звешаную амаль на грудзі, акурат у знямозе ці ў адчаі, а хлопцы, хоць і выглядалі жывейшымі за бацьку, аднак былі таксама безуважныя, нібыта згубленыя. Тым часам Зазыба не збіраўся цурацца іх. Ён не ведаў яшчэ, пра што загаворыць зараз з яўрэем-нарыхтоўшчыкам, які чамусьці вярнуўся з эвакуацыі ў мястэчка; не здагадваўся ён наперад і пра тое, ці будзе мець гэтая зачэпка яго карысць, прынамсі, для той справы, аб якой ён цяпер хваляваўся, але загаварыць з Хонанам Зазыба край быў павінен, і гэта было не проста чалавечым жаданнем, а патрэбай, неабходнасцю; вось зараз ён параўняецца з Сыркіным і яго дзецьмі і спытае, зразумела, пра Цылю, бо яе няма з імі, ды і кабета тая гаварыла пра нейкае сіроцтва, таму лепшай зачэпкі і прыдумаць не прыдумаеш, калі б нават і знарок шукаў.

– Здароў, Хонан! – спыніўшыся насупраць, мякка гукнуў Зазыба, каб павітанне не было раптам знянацку.

Сыркін адразу пазнаў Зазыбу, хоць вялікага дзіва не было ў тым, бо мала каго наогул яўрэй-нарыхтоўшчык не ведаў з блізкіх і далёкіх вёсак, асабліва такіх прыкметных людзей, як гэты верамейкаўскі.

– Дзе ж твая Цыля? – спытаў Зазыба далей, як і думаў наперад запытацца.

– Няма Цылі, – хрыпла, нават некалькі абыякава адказаў Сыркін і адвёў убок вочы, быццам раней яшчэ правініўся ў нечым перад Зазыбам, але проста адчуваў сваю віну наогул, пра якую кожнаму льга было здагадацца. – Ужо няма Цылі, – дадаў ён, кідаючы словы ў пустату, але цяпер Зазыба выразна ўлавіў скруху ў ягоным голасе, акурат гэта быў моцны, хоць і стоены стогн.

Па ўсім было відаць, што Сыркін не меў патрэбы ў чужой спагадзе, і, можа, не таму, што не хацеў яе ад людзей; няйначай, цяпер ён знаходзіўся ў такім стане, калі проста бывае нават не да гэтага.

У самы момант, калі Зазыба збіраўся з далейшымі словамі, за спіной пачуўся знаёмы голас – аказваецца, тая кабета пералезла на вуліцу са свайго гарода цераз паркан, прыйшла следам.

– Не слухай яго, Хонан, – сказала яна, і Зазыба зразумеў, што голас яе па-ранейшаму здзеклівы, значыць, злосці сваёй кабета яшчэ не растраціла, таму нічога добрага далучэнне яе сюды не абяцала. – Гэта ж яны з тым кульгавым Шарэйкам, што краўцом у мястэчку, зязюлю гэту пасадзілі ў дом табе. Адкуль жа хоць ён, Хонан? Ці ведаеш?

Пачуўшы гэта, Сыркін адразу страпянуўся, павярнуў твар да Зазыбы, аднак не здзіўленне бліснула ў яго паразумнелых вачах, а чамусьці адкрытая няверлівасць, быццам ён да глыбіні душы быў уражаны пачутым і цяпер хацеў пераканацца ў адваротным.

Зазыба не сказаў на гэта Сыркіну ні слова, ён толькі шырэй расплюснуў вочы, акурат баючыся, што іначай нутром выдасць сябе: у ягоны разлік не ўваходзіла гаварыць пра Марылю з кім бы то ні было, таксама як і пра сваю прычыннасць да ўладкавання яе ў мястэчку.

– Дык адкуль гэты чалавек, Хонан? – нібыта спрабавала разбудзіць Сыркіна ўедлівая местачкоўка, няйначай, размова такая кабеце патрэбна была ўжо не столькі дзеля спагады, з якой яна звярталася да бяздомнага чалавека, ганьбячы ягоных крыўдзіцеляў, – колькі для задавальнення звычайнага самалюбства, якое зацяло ёй – от жа Сыркін, нябось, ведае гэтага вяскоўца, а таксама баіцца, не гаворыць!

Зразумеўшы, што местачкоўка не адступіцца лёгка, будзе доўга чаўпсці сабе вось так, пакуль не вырве ў Хоні адказу, Зазыба паспяшыў узяць на сябе размову.

– Не слухай ты яе, Хонан, – сказаў ён, зрабіўшы зморшчаны ад прыкрасці твар. – Табе тут зараз усяго нагаворыць! Ні я, ні Шарэйка не вінаваты, што так выйшла. Ды і ніхто не вінаваты. Цябе не было ў мястэчку, а хата пуставала. Ну, дзеўка і пасялілася ў тваю хату. Так што, бачыш... Магла чыю другую аблюбаваць, а выбрала тваю. І цяпер нічога не зробіш. Не чапацца ж табе праз гэта з немцамі, бо яна ж, мусіць, у іх служыць?

– І служыць, і...

– Ну, от, – нібыта ад радасці перабіў кабету Зазыба, – значыць, не трэба сядзець вам тут. Мазоліць вочы. Раз твая хата занята, перахадзі жыць з сынамі ў другую. Здаецца ж, у мястэчку вольных дамоў хапае.

Сыркін свядома заківаў галавой.

– Ну, то і ступай зараз жа, – падбадзёрыў яго Зазыба, – займай чый-небудзь дом з вашых бежанцаў ды і жыві, а то і праўда наклічаш... на сябе бяду якую.

Мусіць, дагэтуль Хонан нават і ў галаве не меў, што можна неяк абысціся ў мястэчку без свайго дома, што можна знайсці прытулак у іншым месцы, балазе апусцелых дамоў сапраўды хапала, але як сказаў пра гэта Зазыба, дык адразу нібыта павесялеў знутры – акурат у непагадзь, проці ночы, атрымаў запрашэнне на начлег.

Між іншым, здавалася, жанчыну, якая не толькі прысутнічала тут, а і актыўна ўдзельнічала ў вырашэнні справы, не задавальняў такі зыход, таму яна ажно ступіла ў парыве наперад, стаўшы паміж Зазыбам і Сыркіным.

– Во, ён нарабіў шкоды, пазбавіў чалавека ўласнай страхі, а я раптам вінаватая?

– Ніхто цябе не вінаваціць! – паціснуў плячамі Зазыба, акурат выказваючы гэтым сваё недаўменне.

– Не, не абдурыш! – не здавалася тым часам уедлівая местачкоўка. – Не такая я капуха, каб ты мяне вакол пальца абвёў! І ты, Хонан, не вер яму! Сама, на свае вочы бачыла, як вы з Шарэйкам курву гэту прывозілі сюды! Нават магу сказаць, калі гэта было! На спаса, во калі!

– Вярзеш абы-што, – спрабуючы суняць жанчыну, строга але, разам з тым і лагодна сказаў Зазыба. – Усё ты бачыла, усё ты чула. А між іншым, магла і памыліцца. Магла і не даглядзець як след.

– Памыліцца, не даглядзець, – крывячы губы і перадражніваючы словамі Зазыбу, як не залямантавала кабета. – Мне ж пакуль вочы не вырвала і вушы не пазатыкала!

– Ладна, дапусцім, – не губляючы разважлівага тону, паблажліва ўсміхнуўся Зазыба,– думаў, хоць гэтым выкліча ў жанчыны душэўнае ўтрапенне, каб звесці пасля гаворку да звычайнага чалавечага ладу, злашча што як грамадзянін Зазыба не мог не разумець, якія пачуцці кіравалі кабетай, – урэшце, яна гаварыла чыстую праўду; іншая справа, што яе праўда была не да месца, пагражаючы нанесці шкоду; з другога боку, гэтую недарэчную гаворку, якая з кожнай хвілінай перарастала ў звычайны лямант, трэба было край скончыць; таму Зазыба адкрыта спытаў: – Але якая табе карысць? Ну, няхай Хонан, яму ёсць пра што клапаціцца, а табе якая карысць?

– А што чалавеку няма дзе прытуліць дзяцей, дык...

– Вось гэта ўжо іншая гаворка, – паспяшаўся Зазыба, – калі ўжо так выйшла, што гаспадара не пускаюць у хату, то запрасіла б яго да сябе.

– Я? – як не жахнулася местачкоўка.

– А чаму б і не?

– Дык...

– Бачыш, Хонан, – скарыстаўшы яе збянтэжанасць, звярнуўся да Сыркіна Зазыба, – я праўду табе кажу, не сядзі тут, ідзі куды-небудзь са сваімі хлопцамі ў вольную хату, а то гэтыя жаласлівыя местачкоўцы яшчэ доўга будуць душу табе атручваць.

Яўрэй зноў, згаджаючыся, заківаў галавой.

Тады і жанчына акурат спахапілася, што чужы чалавек мае большую рацыю, пачала падказваць:

– Млынароў дом, здаецца, таксама пусты дасюль. – Да таго ж Зазыбава прапанова адпавядала цяпер і яе жаданню – а раптам і праўда давядзецца весці гэтых яўрэяў у дом к сабе?

Не чакаючы бацькавай каманды, Хоніны хлопцы пабралі з муравы рэчы, якія прынеслі з сабой. Адарваўся ад зямлі і сам Сыркін, пакутліва разгінаючы натруджаныя, пабітыя, а за час сядзення і адубелыя, ногі.

– А ведаеш, з кім мы ішлі дарогай? – Выраз твару цяпер у яго быў такі, усё роўна як адно гэта ўвесь час ён і меў у галаве і зусім не слухаў, аб чым спрачаліся над ім і гэты верамейкаўскі мужык, і гэтая знаёмая кабета, лічы, суседка, бо іхнія двары мала што не стаялі страха да страхі. – З Чубарам вашым, вось з кім!

– З Чубарам? – не паверыў Зазыба. – Калі гэта было? Сёння?

– Не, раней. Мы ў Мяльку затрымаліся былі, пажылі трохі, а ён далей пайшоў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю