412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 2)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 22 страниц)

– Растлумач па-іхняму пану афіцэру!

– Дык што, як тэй таго, тлумачыць трэба?

– Ну, што я гэта ім... што мы ўсе вось, хто тут ёсць, гэтага лася...

Можа, дзеля таго каб пачуць Брава-Жыватоўскага дакладна, верамейкаўцы раптам заварушыліся ўсім натоўпам і зноў, бы авечкі ў статку, пачалі цясніць адзін аднаго, прапускаючы смялейшых бліжэй да гамонкі.

– От жа народ! – незалюбіў гэтай цікаўнасці Брава-Жыватоўскі і апёк вачамі вяскоўцаў, каб неяк асадзіць тых.

А Мікіта тым часам стаяў побач як апараны: па-першае, ён так і не пачуў усяго ад Брава-Жыватоўскага, што павінен быў сказаць афіцэру, па-другое, раптам вылецелі з галавы патрэбныя нямецкія словы. Небарака сіліўся хоць трохі прасеяць іх праз сваю думку, але дарэмна. Кожны раз чамусьці на памяць прыходзіла адна і тая ж напаўзабытая прыпеўка, у якой невядома чаму з’явілася чужое слова «варум»1. «...Варум ты не прыйшоў?» – пыталася ў хлопца дзяўчына і чула ў адказ: «Матка лямпу патушыла, а я лапці не знайшоў». Раптоўнае выгасанне памяці пагражала кепска абярнуцца для Мікіты Драніцы. Але як напраўду, то гэтае выгасанне не стала б прычынай, бо ўсё роўна Мікіта няздольны быў ператлумачыць на нямецкую мову тое, чаго жадаў Брава-Жыватоўскі: хоць і нахапаўся некалі чалавек слоў ад свайго цесця, аднак звязаць адно з адным ён не ўмеў, проста яны запаміналіся яму без усялякай прычыннай сувязі. Між тым, Брава-Жыватоўскі не разумеў, чаму Драніца стаў кешкацца, і гэта ўкалола яго нядобрым адчуваннем. Ён неяк няверліва пераводзіў позірк з Мікіты на афіцэра і наадварот, і ад яго не магло схавацца, як цень клаўся на вочы ў таго, і яны ўжо былі не толькі прыжмураныя, але і лютыя. Паліцэйскі бачыў: вось-вось можа сыпануцца – няйначай, на яго ж, а не на каго іншага – уся афіцэрава помста... Тады ён кінуўся ратаваць становішча.

– Гэты чалавек ведае па-вашаму, – пачаў даводзіць ён афіцэру, ставячы паміж сабой і ім Мікіту Драніцу і паказваючы на пальцах нешта такое, чаго, бадай, і сам не разумеў. – Ну, гавары! – піхнуў ён Мікіту.

– Дык што?

– Ну, пра тое, што мы гэтага лася забілі знарок, каб сустрэць пачастункам прадстаўнікоў новай улады, словам, скажы яму, што гэта наш прэзент доблеснай германскай арміі.

Драніца кіўнуў паліцэйскаму сплюснутай галавой, быццам спалохаўся, што не ўсё запомніць з гэтага і таму папярэджвае, каб той гаварыў яму не адразу, а па частках, тады зняў шапку і скланіўся немцу. На твары яго сапраўды была адзнака пільнай заўзятасці. Але ў галаве стаяла ранейшая атупеласць, і нічога, апроч недарэчнай вясковай прыпеўкі з нямецкім словам «варум», не прыгадвалася.

– Варум, як тэй таго, варум, – пачаў паўтараць нарэшце Драніца.

– Вас?2 – спытаўся нейкім віхлястым і танклявым голасам афіцэр.

– Вас, вас, як тэй таго, – пераняў адразу Драніца і ўзрадаваўся: яму край як трэба было на вачах у аднавяскоўцаў вытрымаць ролю перакладчыка – няхай абы выгляд размовы, каб унікнуць на гады наперад іхняга рогату, бо на чужы рот гузіка не нашыеш.

Але афіцэру аднаго пераймання было замала, больш таго, у вуснах вясковага ёлупа, якога падсунуў яму чырванаморды вярзіла-паліцэйскі, яно здалося здзеклівым, і наогул нібыта ўсё тут рабілася назнарок, разыгрывалася ўнасмешку; такім чынам льга было ўзбурыцца ўжо праз адно гэта, а калі ўлічыць яшчэ забітага лася, то і зусім мужыкам не варта было чакаць літасці. Урэшце, так яно і выйшла: раптам афіцэр спрытным рухам, быццам з-пад маланкі, сцебануў плёткай па карку Мікіту Драніцу, а тады навотліў і таксама неяк у адзін кароткі міг сперазаў, цаляючы цераз лоб, Брава-Жыватоўскага, уклаўшы ў гэты апошні ўдар, бадай, больш пагарды, чым нянавісці. У натоўпе, бачачы гэта, нехта віснуў, мусіць жанчына, і волкі халадок вячэрнім інеем палез за каўнер багата каму з верамейкаўцаў – а што, калі раз'юшаны немец не спыніцца на Драніцы з Брава-Жыватоўскім ды пачне перабіраць плёткай астатніх, дастаючы з кожнага гізунты? Але дарэмна мужыкі непакоіліся. Афіцэру хапіла двух чалавек, каб спагнаць злосць. Пад рогат коннікаў, якім відаць было зверху ўсё, што адбылося паміж іх обер-лейтэнантам і сялянамі, ён, як пакусаны дзік, рушыў па тым жа жывым калідоры назад да каня, нават не заўважаючы, што калідор за гэты час ажно пашырэў. Верамейкаўцы туліліся адзін да аднаго, кідаючы палахлівыя позіркі: ці не кожны чакаў яшчэ горшай для сябе хвіліны. Аднак афіцэр мірна дакрочыў да каня, узяўся рукой за стрэмя. Ён ужо гатовы быў скочыць на сядло, як убачыў ласяня, якое наблізілася да таго месца, дзе ляжаў на сцежцы заслонены натоўпам сахаты. Мусіць, ласяня не пакідала надзеі, што сахаты неяк стане на ногі, здолее вырвацца на волю праз людзей. Афіцэр нешта сказаў салдатам, паказваючы плёткай на ласяня. Тады адзін коннік загалёкаў раптам маладым, зычным голасам на ўвесь сухадол, аж пакуль спуджанае трапяткое ласяня не памчала, як вокам зглянуць (здавалася, яно зямлі нават не дакраналася), да лесу – гэтым шляхам ужо даводзілася ратавацца ад вясковых хлапчукоў. Верамейкаўцаў яшчэ больш злякнула – зараз немцы пагоняцца на конях за асірацелым звярком альбо ўшчануць пальбу з карабінаў наўздагон, але ні першага, ні другога тыя чамусьці не сталі рабіць, адно пагалёкалі ў хлапечым азарце з хвіліну, нечага забаўна ім было, як уцякала па сухадолу ласяня, пасля павярнулі коней і, поркаючы пад заднія пахі шпорамі, скіравалі іх наўскач па ўзмежку да гуцянскай дарогі, па якой рухалася з Верамеек у конным страі вайсковая часць. Бронеаўтамабіль таксама загурчаў, пускаючы пад гумовыя колы сіні кучомісты дым, – пакуль запылены «Хорх» стаяў ды астываў тут, з яго так і не вылез ніводзін немец.

Утрапёнасць з верамейкаўцаў пачала зыходзіць хутка, яшчэ ці паспелі дамчаць да дарогі коннікі і ўліцца ў калону, можа, якраз таму, што ўвогуле нічога жахлівага не здарылася ў выніку гэтага раптоўнага наскоку немцаў – ну, наляцелі аднекуль, ну, папалохалі трохі, нават Брава-Жыватоўскі з Драніцам адведалі плёткі (урэшце, так ім і трэба!), аднак ні гвалту, ні грабяжу не ўчынілі.

Праўда, ніхто з прысутных тут не ведаў, што акупанты паспелі нарабіць у самой вёсцы. Але пра тое пакуль не думалася, бо свежае і дзіўнае, ва ўсякім разе, неспадзяванае было ўражанне ад першай сустрэчы з немцамі, і нейкі час, хвіліны, можа, тры ці чатыры, усе верамейкаўцы, што сабраліся каля крыніцы, яшчэ не дыхалі на поўныя грудзі, ці то жагналіся са старой прывычкі – хвала богу, за агонь не ўхапіліся, ці то знарок гучна кашлялі, усё роўна як адхарквалі з горла дарожны пыл.

Першы падаў выразны голас Брава-Жыватоўскі – адлупцаваны паліцэйскі раптам пачаў плявацца ды крычаць наўздагон коннікам:

– Вы яшчэ мяне папомніце! – Пры гэтым ён меў на ўвазе аднаго обер-лейтэнанта, які сперазаў яго плёткай. – Вось я дакладу каменданту, ён і пад зямлёй вас усіх знойдзе. Будзеце яшчэ адказ трымаць за самаўпраўства!

Вядома, у душы Брава-Жыватоўскі не вельмі спадзяваўся, што бабінавіцкі камендант пакарае некалі афіцэра – шукай ветру ў полі! – і тым самым дапаможа яму хоць нейкім чынам зноў стаць самім сабой у вачах аднавяскоўцаў, таму і першыя словы і апошнія крычаў ад крыўды, бездапаможнай злосці і ўсё цалкам дзеля мужыкоў ды баб, ажно Кузьма Прыбыткоў не сцярпеў, адчуўшы фальшывую і зусім недарэчную ягоную ўзбуранасць, сказаў насмешліва:

– Дак ета, Антон, яшчэ паглядзець трэба. Бачыў, колькі ў етага цыбатага, што цябе так з Мікітам, бачыў, нашывак у яго залатых ды сярэбраных колькі? Увесь жа блішчаў, акурат як пасудзіна тая, што пяском націраюць к абеду. – Стары яўна перабольшваў – нямецкі кавалерыйскі фрэнч з бакавымі кішэнямі (нагрудныя зусім адсутнічалі) не меў асаблівага фацэту і каляровых нашывак на ім было не багата; калі не лічыць маленькіх пагонаў на плячах ды цёмна-зялёных пятліц на адкладным каўняры з сярэбранымі галунамі, дык гэта крылаты жоўты арол на грудзях, які трымаў у кіпцюрах свастыку, ды знак прыналежнасці да роду войск на рукаве ў выглядзе падаючых сярэбраных стрэл. – Дак ты думаеш, ён меншы начальнік за твайго каменданта?

Мікіта Драніца тым часам хваліўся рахункаводу Падзерыну:

– Мне, як тэй таго, ужо кія хоць і не паказвай. Я адразу бачу, што к чаму. Гавару ета з ім, як тэй таго, па-іхняму і адразу чую – недавольны немец. Ажно прышчыкі на твары гараць. Вось-вось, як тэй таго, пачне лупцаваць. Ну, я і крутануўся. Затое вывернуўся, як тэй таго. А ён трошкі па мне, а то ўсё па махноўцу етаму.

– Чаму па махноўцу?

– Дак ты, як тэй таго, можа, яшчэ не чуў?

– Не.

– Дак пачуеш. Бач, як тэй таго, учора хвастаў Жыватоўшчык, што Махнову служыў.

Мікіту ўсё роўна як лягчэй было адчуваць сябе перад людзьмі, што папала не аднаму яму. Да таго ж, ён разумеў таксама – яго ганьба сёння куды меншая, чым Брава-Жыватоўскага... Выходзіць, свой свайго не пазнаў!

Нездарма кажуць, на чужым возе едзь ды аглядайся на заднія колы.

Бабы, нібыта прысаромленыя тым, што мужыкоў немец пабіў, пачалі скоранька разыходзіцца ад крыніцы: хто спяшаўся назад у Паддубішча, дзе яшчэ да змяркання можна было ўхапіць сярпом сноп-другі, а то большасць падавалася па сцежцы ў вёску.

Мужыкі, між тым, яшчэ пастаялі колькі на месцы, як водзіцца, пагаманілі, каб болей не наганяць адзін аднаму панікі.

Парфён Вяршкоў, які ўвесь гэты час трымаўся ў натоўпе Зазыбы, неяк зусім па-будзённаму, быццам з вялікай утомы, спытаў:

– Ці можна ж яго хоць есці? – І паказаў на сахатага, пра якога, няйначай, верамейкаўцы нарэшце забылі, здавалася, яго нават абыходзіла тое, што блізка былі немцы – адно павярні галаву і ўбачыш на гуцянскай дарозе.

– Дык чаму ж не, раз звычайная жывёліна, – адказаў лагодна Зазыба, знарок патрапляючы ў тон Вяршкову.

– А раптам і ў зуб не ўвяжаш?

– Вось ты пра што! Ведаеш, як пра той мёд кажуць: будзь, мядок, ні горкі, ні салодкі: салодкі будзеш – пражруць, а горкі – праплююць. Так і ласёва мяса. Бацька мой некалі дзіка ўходаў сякерай. Ішоў паўз возера, што ля Зацішша, а той і кінуўся на яго знянацку. Кажуць, ні воўк, ні дзік дарэмна не кідаюцца на чалавека, а гэты...

– Дык, можа, хто патрывожыў да таго?

– Можа. Але я не пра тое. Маці мая, нябожчыца, помню, моршчыцца ды мала не плюецца. Кажа, смярдзець будзе, выверне пасля вантробы, як з’ясі калі скварку. А бацька не паслухаўся, прывёз употай дзіка на саначках дамоў, абсмаліў за пуняй ды ў кубел. Хапіла пасля ўволю есці на ўсю зіму, ці не да самага другога Міколы раскашавалі. Звалі і сватоў, і браценнікаў, і кума.

– Значыць, і етага ўпарадкаваць можна?

– А чаму ж не!

– Тады загадвай во – зараз на якія драбіны ўзвалім ды на двор, злашча што лета.

– Ат, – махнуў рукой Зазыба, – не мы з табой забівалі лася гэтага, не нам і мяса яго спажываць. Шкада вось толькі малога. Мусіць жа, адзін, небарака, застаўся. Прыйшоў аднекуль да нас, ратуючыся, а цяпер будзе нудзіцца. Прападзе дарма.

– Прападзе, прападзе!

– Гэта ж трэба было ісці сюды, каб кінуцца ў вочы татарыну...

– А з таго во цяпера, як з гуся вады.

– Дык гарбатага ж да сцяны не паставіш.

– Праўду кажаш, Дзяніс, – паківаў галавой Парфён Вяршкоў і неяк светла, як у самую скруху, глянуў на Зазыбу, а тады ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку.

III

Нарэшце сонца перастала сляпіць Чубару вочы – зрабілася як зімовае, у самую піліпаўку, і ён мог вольна, зусім не жмурачыся, глядзець на ўсё, што рабілася і пасярод сухадолу ля верамейкаўскай крыніцы, і на жытнёвым полі, і на дарозе, якая вяла з Верамеек у Гутку, звычайную для забяседдзя вёску двароў на пяцьдзесят, што ляжала пры так званым кацярынінскім бальшаку.

Але Чубару, тым не менш, не ўдавалася пранікнуць зрокам у сярэдзіну людскога натоўпу, каб зразумець, што адбывалася каля забітага лася, бо верамейкаўцы засцілі ўсё там сваімі рухавымі постацямі. Ён добра бачыў толькі, як дамчалі туды, гойдаючыся ў сёдлах, нямецкія коннікі, пасля да ўтарапелага натоўпу пад’ехаў бронеаўтамабіль, а ўжо затым адзін з коннікаў гупнуўся з сядла на зямлю і рушыў праз натоўп да забітага лася... Тым часам гуцянская дарога была перад Чубаравымі вачамі як на далоні – агінаючы па самым схіле верамейкаўскі курган, яна выпроствалася паводле сухадолу і неўзабаве знікала за наступным пагоркам, нагадваючы там аб сабе ўжо аднымі прысадамі. Зусім блізка адгаліноўвалася ад яе другая дарога, шмат вузейшая і голая ў абапал; простай лініяй яна прасякала скрозь сухадол, амаль паўз самы лес, знікаючы за мысам. Гэтая вяла таксама ў недалёкую вёску, Мялёк. Дакладней, то была не сама вёска, толькі невялікі пасёлак, двароў, можа, на дваццаць, які разам з двума іншымі такімі пасёлкамі – Гарадком і Гразіўцам – утвараў новае паселішча, што гадоў дзесяць назад, ужо за калгасам, атрымала агульную назву. Недзе з Мялька і павінен быў выйсці на сухадол бабінавіцкі Хоня з сынамі-падлеткамі. Аднак Чубаравы спадарожнікі чамусьці пазніліся, можа, селі адпачыць дзе на травяны грудок за тым зялёным мысам, калі, вядома, не павярнулі таксама, як і ён, куды на другую таемную сцежку. Якраз гэтага Чубару і хацелася цяпер, бо тады б Хоня ўжо напэўна не выйшаў на немцаў, што рухаліся па гуцянскай дарозе. Але вось натоўп ля крыніцы зноў быццам узвіхурыўся, раздаўся на бакі. З сярэдзіны яго нарэшце выйшаў той коннік, што злазіў з сядла, каб паглядзець на забітага лася. Ён яшчэ не паставіў нагу нанава ў стрэмя, як раптам пачулася – нечага загалёкалі ля крыніцы іншыя немцы, а яшчэ праз момант стала відаць, як скочыла, нібыта пырхнула панізоваю птушкай, да ўзлеску асірацелае ласяня. Імчала небарака напрасткі, нават не патрапляючы на сцежку, па якой зусім нядаўна вёў яго на вадапой лось, але, тым не менш, цаляла да таго месца, адкуль вынырала з лесу на сухадол сцежка – гэта блізка, усяго крокаў за дзесяць да Чубара. Хвалюючыся і жадаючы ўдачы звярку, Чубар адным часам не спускаў вачэй і з таго, што заставалася на другім плане, гэта значыць, з верамейкаўскага натоўпу, дзе ўсё яшчэ ўзвышаліся на конях немцы. Таму для Чубара не магло застацца незаўважаным, як той-сёй з немцаў пачаў ускідваць на ўзровень вачэй карабіны, беручы на мушку ласяня. Гэта ажно кальнула Чубару ў грудзі, спярша са страху за ласяня, якое магло загінуць ад стрэлу, а пасля і ад усведамлення небяспекі, якой падвяргаўся сам, бо страляць кожны немец мусіць адтуль – насупраць, і ядловец, за якім хаваўся Чубар, не мог стаць перашкодай, затрымаць кулі. У момант, які наўрад ці вымераць, вераемнасць небяспекі гэтай зрабілася настолькі выразнай, што Чубар нават не ўпаў у здранцвенне, якое на нейкі час, няхай самы кароткі, звычайна замаруджвае альбо яснасць думкі, альбо рухі. Інстынкт самазахавання, які за дарогу сюды абвастрыў успрыманне акаляючага, пачынаючы з людзей і канчаючы прадметамі і рэчамі, тут жа кінуў яго ніцма, як штосьці амаль нежывое і цяжкае, ажно здрыганулася тупкая тарфянікавая глеба. Але хутка здалося, што і гэтага мала для ратунку. Чакаючы стрэлаў, Чубар вобмацкам споўз у нейкую распадзіну злева, акурат у пролежань ці невялікае логава. Ды ніводнага стрэлу не пачулася. А неўзабаве і галёканне сціхла на сухадоле. Выходзіла, што дарэмна Чубар падаў на зямлю і ляжаў у гэтай распадзіне, бы напяты. Акурат прысаромлены, ён усё роўна як з неахвотаю падняўся з распадзіны, атрэпаў каленкі незанятай рукой і ўжо затым асцярожна глянуў паўзверх ядлоўцу на сухадол. Ласяня на лузе не было. Няйначай, паспела забегчы ў лес. Верамейкаўцы таксама не засталіся на месцы, памалу разыходзіліся ад крыніцы, беручыся ўгору, а коннікі дык тыя і зусім ужо гарцавалі блізка ля бальшака, маючы намер далучыцца да ўсёй калоны. Услед ім чадзіў бронеаўтамабіль.

Галава нямецкай калоны тым часам успаўзала на пагорак, за якім прападаў з вачэй бальшак. Пільна, акурат выглядваючы знаёмых, Чубар прасачыў калону з канца ў канец. Яна складалася з артылерыі, пяхоты і коннікаў. Спярша, на чале калоны, рухаліся тры лёгкія гарматы, на зарадных скрынях якіх спераду сядзелі ездавыя і кіравалі за лейцы коньмі. Затым тупалі пешыя, збіваючы з дарогі на абочыны, парослыя ўчэпістай муравой і разлеглым трыпутнікам, пыл. Кавалерыя трымалася ззаду, яна чамусьці трохі адставала, утвараючы невялікі прагал у калоне, можа, якраз таму, што лёгка магла дагнаць усіх, хто рухаўся наперадзе. У нейкім прамежку, калі наогул не ў канцы калоны, павінен быў заняць сваё месца і бронеаўтамабіль. Але гэтага навідавоку не здарылася. Раптам адбылася нейкая затрымка ў калоне, штосьці занепакоіла немцаў. Чубар заўважыў, як спынілася ўся калона і некалькі коннікаў памчалі з канца ў канец яе, ці то аддаючы каманды, ці то разносячы іх. Тады Чубар і сам насцярожана кінуў позірк вакол калоны, абвёў вачамі і сухадол, наколькі льга было адсюль бачыць па баках, і жытнёвы схіл на кургане, і дарогу з Мялька. Здавалася, нічога падазронага, што б магло ўстрывожыць немцаў, нават і блізка не было. Між тым, гэта не так. Па дарозе з Верамеек, ужо ўніз, паспяшаў конь – пад сядлом, але без чалавека. Па ўсім было відаць, што конь даганяў калону. Льга было меркаваць, вядома, па-ўсякаму: і што ён, будучы запасным, недзе адарваўся, адлучыўся ў шкоду, і што... Хоць з другога боку падобныя здагадкі не маглі мець падставы ўжо нават з тае прычыны, што конь усё-такі быў кавалерыйскі, значыць, прывучаны да пэўнага парадку. Ды і губляцца доўга ў такіх развагах не варта было, бо далей здарылася якраз тое, што само ўжо наводзіла на пэўную яснасць. Няйначай, штосьці здарылася з седаком. Але дзе? Ад калоны аддзялілася група коннікаў, можа, цалкам якое падраздзяленне, і павярнула коней назад у Верамейкі. А яшчэ адна група коннікаў, раз’ехаўшыся па полі і сухадолу, пачала зганяць адусюль к дарозе верамейкаўцаў.

Чубару з-за ядлоўцавых кустоў відаць было, як мітусіўся там разам з немцамі Брава-Жыватоўскі, памагаў ім зганяць у адно сваіх вяскоўцаў. Ад яго, здавалася, ні на крок не адставаў і той незнаёмы, што застрэліў сахатага. «Значыць, Брава-Жыватоўскі стаў паліцаем!» – нарэшце скеміў Чубар, бо іначай нельга было растлумачыць тое, што ён робіць цяпер вось, як нельга было растлумачыць іншым і тое, што Брава-Жыватоўскі адкрыта насіў пры сабе вінтоўку. «А хто ж гэты?» – кінуўся ў думках Чубар, маючы на ўвазе татарына Рахіма. Але дарэмна. Чалавек быў сапраўды незнаёмы. «Мусіць, прыцёгся аднекуль у Верамейкі разам з Брава-Жыватоўскім», – адзначыў для сябе Чубар, памыляючыся толькі ў адным – Рахіма якраз прывёў у вёску не Брава-Жыватоўскі, а Раман Сёмачкін. Калі б адкрыццё гэтае Чубар зрабіў другім разам, а не цяпер, то і рэагаваў бы на такую акалічнасць хутчэй за ўсё па-іншаму. Цяпер жа ён толькі адзначыў для сябе гэтую акалічнасць як факт, які трэба мець у памяці.

Каб не прамінуць чаго, Чубар ажно станавіўся на дыбачкі, высоўваючы галаву вышэй ядлоўцу, ужо не надта клапоцячыся нават, што стане для немцаў выпадковай мішэнню. Але вось калона, якая была спынілася на нейкі час, кранулася з месца і рушыла далей у ранейшым кірунку.

Праз колькі хвілін на гуцянскай дарозе ўжо стоўпіліся ледзь не ўсе верамейкаўцы – мужыкі і бабы, якія апынуліся паблізу і якіх можна было сагнаць у адзін гурт. Бронеаўтамабіль, што не паспеў далучыцца да асноўнай калоны, таксама павярнуў з сухадолу туды, да натоўпу вясковых людзей, і як толькі праехаў праз гэты натоўп, які расступіўся на абочыны, канвойныя – конныя немцы і два пешыя паліцэйскія – пагналі верамейкаўцаў да коўрат.

Але што здарылася? Чаму раптам успалашыліся гэтак немцы, убачыўшы каня з пустым сядлом? Няўжо хтосьці знайшоўся адважны ў Верамейках ды прыстукнуў адстаўшага гітлераўца? Разважаючы гэтак, Чубар нават перабраў у памяці сваёй, хто ў Верамейках здольны ёсць на такі ўчынак. Але, здаецца ж, усе верамейкаўскія мужчыны, якія заставаліся ў вёсцы ад мабілізацый, прысутнічалі тут, на сухадоле. Хоць, вядома, магло выйсці іначай. Нечага ж вось апынуўся ў Верамейках Брава-Жыватоўскі!..

Між тым, хутка гуцянская дарога апусцела з двух канцоў – нямецкая калона схавалася за пагоркам, а верамейкаўскі натоўп таксама знік з вачэй, няйначай, падыходзіў ужо недзе да коўрат. І раптам у тым баку, каля Верамеек, грымнуў вінтовачны стрэл. Хоць вялікай нечаканасці ў гэтым не было, бо не так жа сабе немцы пагналі ў вёску людзей, няйначай, была на тое прычына, аднак, пачуўшы яго, Чубар ажно здрыгануўся. Але стрэл атрымаўся адзінокі, усё роўна як выпадковы, і больш не паўтараўся. І, тым не менш, у Чубара пасля гэтага, няхай нават выпадковага, стрэлу з’явілася адчуванне, нібыта ён трапіў у іншае фізічнае асяроддзе, чым тое, у якім знаходзіўся дасюль.

На гуцянскай дарозе тым часам асядаў пыл, узняты нядаўнім рухам па ёй.

Сонца, што надта доўга, нават нязвычна доўга – ці то ў паслугу, ці то ў здраду тутэйшым людзям – ляжала на правым схіле верамейкаўскага кургана, нарэшце не ўтрымалася на ім і скацілася па той бок яго, абдаўшы небасхіл кароткімі бліскаўкамі промняў, нібыта па ім, па самым распаленым абадку, грукнуў хтосьці нябачным молатам. Неба над сухадолам пацямнела на момант. Але гэтага часу хапіла аж, каб і луг насупраць, і гарбатае поле з зялёным бульбоўнікам туды далей, за крыніцай, і жытнёвы палетак на схіле кургана, устаўлены скрозь ужо мэндлікамі, ахутаў прыцемак. Тады ўвачавідкі зноў пасвятлела. А вакол белай аблачыны, што вытыркала з-за кургана ліштвяную шапку сваю, заззяў ледзь не ўсімі колерамі вясёлкі шырокі беражок. Усё ў тым баку неба стала рэльефным, выразным, быццам толькі што праявілася пад уздзеяннем хімічных рэактываў. З поля дыхнула на пахаладнелы і заценены луг цёплым паветрам, запахла ядлоўцам, акурат тады, як паляць калючыя хваінкі яго на вогнішчы. І чамусьці толькі цяпер, ужо над самы вечар, зрабілася выразна адчувальнай таксама і спякотлівая гаркавасць, што стаяла ва ўсім вялікім тутэйшым наваколлі круглы дзень.

Лёс верамейкаўцаў, якіх раптам абступілі немцы ды пагналі пад канвоем у вёску, па-сапраўднаму ўсхваляваў Чубара. Аднак стаяць на месцы ды чакаць нечага тут ужо не мела ніякага сэнсу. Таму Чубар падаўся ў абход сухадолу. Ішоў берагам лесу, прыслухоўваўся, а ў душы было такое адчуванне і такая насцярожлівасць, усё роўна як нёс у сабе штосьці крохкае і дужа нетрывалае альбо пераходзіў над кручаю клявую кладку.

Па часе ўжо напэўна было, што немцы паспелі прагнаць захопленых верамейкаўцаў праз вясковыя коўраты. А гэта ў сваю чаргу азначала, што хутка мелася адбыцца і тое, дзеля чаго затрыманы і паведзены верамейкаўцы ў вёску.

Але з Верамеек ні стрэлу, ні дыму.

Быццам і міжволі, акурат само па сабе, аднак кіраваўся Чубар цяпер да калгаснай хаткі, што была збудавана некалі пад лупільню, – як падумалася раней пра яе, калі выйшаў на ўзлесак, так і засталося прытоенае жаданне на ўвеце, ва ўсякім разе, пакуль шуканне прытулку на першую ноч знаходжання ў забяседдзі не займала галавы. Стаяла хатка не лішне далёка, на сухім грудку, скрытая ад вёскі альховымі кустамі. Выходзіла, такім чынам, што лепшага месца для начлегу і знайсці нельга.

Унураны Чубар нарэшце абышоў краем лесу сухадол. Далей шлях ляжаў праз невялікае балота, дакладней, праз звычайны ўзбалотак, адрэзаны ад асноўнага багнавага абшару глыбокай канавай. Па гэтым узбалотку да хаткі-лупільні вяла пратаптаная сцежка, але не знарок туды, бо рабіць гэтага не было патрэбы якраз тут, таму што верамейкаўцы, калі здаралася, хадзілі ці ездзілі на тую грыву проста з вёскі; сцежку ж людзі прабілі праз балота, прастуючы з сухадолу да сіўцовых лагоў, дзе звеку ў верамейкаўцаў таксама быў пакос; тым часам пракапаная ўручную канава служыла адразу дзвюм немалаважным мэтам – сушыла ад іржавай вады з абодвух бакоў багну і аддзяляла калгасны масіў ад дзяржаўнага. Чубар заглыбіўся па сцежцы ў балотны зараснік, прайшоў так крокаў з паўтараста, тады збочыў направа і, скочыўшы цераз дрэнажнамежавую канаву, рушыў уздоўж яе, падмінаючы ботамі пасохлую тарфяную крошку. Абапал канавы буялі зараслі маліны, ажынніку. З вясны і да ранняе восені тут звычайна бывае птушынае царства. Цяпер птушаняты вывеліся ўжо, пакінулі гнёзды, але ўсё яшчэ не адляталі далёка, бо дзе ў другім месцы знойдзеш столькі ягад? Таму даволі было Чубару затупаць гучна і блізка, як птушынае царства адразу ўстрывожылася, занепакоілася прысутнасцю чалавека – спярша, зляцеўшы з куста ажыны, прарэзліва крыкнула жаўна, а за ёй залапаталі крыламі нейкія іншыя вялікія і малыя птушкі, і ўміг ажыло, забілася, запырхала ўсё ў гушчары. На тым кусце, з якога зляцела жаўна, было ажно густа ажыны, і Чубар, убачыўшы цёмна-чырвоныя ягады, не ўцярпеў, стаў абіраць іх, далікатна ціскаючы шчопацем грубых пальцаў і кідаючы па адной у рот. Ягады былі разам і салодкія, і кіслыя, ажно вінныя, таму хутка наталялі смагу. Але дзіва – ягады, да якіх гэтак прагна дапаў Чубар, разбудзілі голад. Раптам ён адчуў яго востра, амаль неадольна, таму неўзабаве гатовы быў нават пашкадаваць, што не прайшоў міма. Разам з тым, не ставала таксама духу і адмовіцца ад нечаканай спакусы, каб перастаць зрываць ажыну з куста – быццам і сапраўды ўпіўся яе даўкім, забрадзіўшым сокам.

Між тым, ужо край было па часе ісці далей, бо на балоце, пад навіссю ракітавых і альховых кустоў, упрыкмет плавала сутонне. Збіраючыся ў думках працягваць шлях, Чубар заклапочана выцер пальцы аб лісце ажынніку, усё роўна як не хацеў, каб заставаліся запэцканыя, тады, у дадатак, свядома правёў імі яшчэ па мяккім крысе сваёй плісавай «талстоўкі», якая даўно ўжо служыла не толькі аднаму прызначэнню. Зноў чамусьці прыгадаліся спадарожнікі. Тое, што Хоня Сыркін з сынамі не натрапіў пакуль на немцаў, не пакідала сумнення. Чубар жа быў сведкам, як калона прамінула дарогу, што адгаліноўвалася на Мялёк. Цяпер Чубар нарэшце зразумеў, як не стае яму былых спадарожнікаў, нягледзячы, што Хоня, пакуль яны дабіраліся сюды, часта выклікаў непрыязнасць, нават прымушаў злавацца – сваёй прыгнечанасцю, нейкім задзірлівым рабалепствам: скажа слова, якое павінна нібыта дагаджаць, а тады дае зразумець альбо выразам твару, альбо проста рухам якім, што ў яго ўсё вымушанае, дзеля аднае хітрасці і вымаўлена. Затое Чубар за дарогу ўпадабаў Хоніных хлопцаў, разумных і далікатных, якія чамусьці больш трымаліся чужога чалавека, чым бацькі. Чубару нават прыходзіла думка, што хлопцы ў нечым не даравалі бацьку матчыну смерць у тым незнаёмым млыне, дзе давялося правесці ў жахлівым чаканні нямала дзён і начэй. Як бы там ні было, але Чубар не стаў залішне цікавіцца ды распытваць, няйначай, шкадуючы ўсіх іх – дзяцей і бацьку.

Памагаючы рукамі, Чубар працярэбіўся скрозь ажынавы зараснік, зноў выйшаў да канавы. Тут, па правы бок ад яе, адкрылася вачам вялікая купіна, парослая белым мохам, шматступеньчатым парудзелым хвашчом, лапушыстымі пеўнікамі з цёмна-чырвонымі, як у цецерукоў, шышкамі і дымчатым, нібыта ў тумане, чаротам, паміж мятліцамі якога чарнелі палопаўшыя таўкачыкі. З таго ж боку, але паўз самую канаву, была выкашана ладная прагаліна асакі, якая так і засталася ляжаць нязгрэбенай – ці то махнуў хто знарок рукой, упэўніўшыся, што сёлета і без яе незабароненай травы будзе гібель, абы касіў, альбо, наадварот, чалавека, які шчытна махаў тут касой, не было цяпер у вёсцы. Казалі, што некалі замест гэтай купіны бурчала тут балотным газам так званае чортава акно, якое ўтварылася пасля таго, як глыбока, на некалькі сажняў уніз, выгарала тарфяное нутро. Праўда, сведкаў даўняга пажару ў Верамейках ад таго часу не засталося, паўміралі ўсе, аднак пагалас жыў. Расказвалі таксама, што на купіне гэтай водзяцца сапраўдныя арлы. Чубару ажно заманулася ў адно лета пацікаваць за імі. Аднак дарэмна – прыйшоўшы ўпотай сюды, ён проста марна патраціў час, бо ніводнай вялікай птушкі, якая б хоць зводдаль нагадвала арла, не ўбачыў. Расчараваны, старшыня пасмяяўся быў з гэтага пры Кузьме Прыбытковым. Той усміхнуўся ў адказ паблажліва – маўляў, гавораць жа людзі... Але ў Верамейках наогул шмат пра якія рэчы разважалі, сказаць проста, залішне сур’ёзна. Напрыклад, папраўдзе сцвярджалі, што адсюль не лятаюць у вырай ластаўкі, нібыта яны зімуюць у нейкіх пячурках на дне Цяменскага возера, за вярсту ад вёскі... Прыгадваючы цяпер пра ўсё гэта, Чубар нечакана зразумеў, што думае ён пра верамейкаўцаў не столькі з бяскрыўднай паблажлівасцю, колькі з нейкай чуллівай любасцю – бадай, гэта было ў яго практыцы, у яго адносінах да іх зусім новае пачуццё, якога ён дасюль, вось так акрэслена, яшчэ не ведаў.

Але як яны там цяпер, у вёсцы? Чаго ад іх дамагаюцца немцы? «Канечне, я мог бы тады адцягнуць увагу немцаў на сябе, проста ўзяць ды стрэліць хоць бы па тым браневіку, што нейкі час заставаўся ля крыніцы адзін. Але ці памагло б такое заступніцтва верамейкаўцам? Хутчэй наадварот. Бадай, немцы вылучылі б з калоны яшчэ адну каманду, якая кінулася б праз сухадол прачэсваць лес. У выніку – ні шкоды немцам, ні карысці верамейкаўцам не прынёс бы сваім умяшаннем, а шуму дарэмна нарабіў бы. Ды добра яшчэ, калі б аднаго шуму!..»

Разважаючы так, Чубар раптам пачуў, як нехта скочыў зусім побач. Тупат быў слабы, акурат заечы, калі той, падняты з утульнага лежышча, спрабуе непрыкметна ўцячы ад небяспекі. Чубар крута азірнуўся – яму хапіла адно павярнуць галаву. Па гэты бок канавы, усяго крокаў за шэсць, растапырыўшы па-цялячы пярэднія ногі, стаяла ласяня. У цёмна-вішнёвых вачах яго Чубар выразна ўбачыў штосьці зусім праніклівае і даверлівае, ажно у грудзі раптам прыліла гарачая хваля, якая здараецца ў хвіліну неспадзяванай, нават нежаданай пяшчоты.

– Ах ты, беднае!.. – хутчэй падумаў, чым уголас выказаў Чубар, баючыся зрабіць лішняга руху.

Ласяня і без таго намучылася сёння, Чубар сам з’яўляўся сведкам ягоных пакут, таму нават неўзнарок адпужваць шкода было. І ён нейкі час стаяў нерухома, быццам апантаны, пакуль не пачала дубець павернутая шыя. Зразумела, што нязручную паставу неабходна было мяняць, бо доўга так, каб нават і вельмі хацеў Чубар, усё роўна не прастаяў бы. З другога боку, стаяць на балоце ды чакаць змроку яму таксама ніяк не выпадала. Таму ён астудзіў у сабе гарачую хвалю і адвярнуўся. Паціху, каб не рабіць дарэмна шуму, Чубар патупаў далей уздоўж канавы з упэўненасцю, што ласяня таксама патрапляе ззаду. Адзін раз яму нават здалося, што яно расчаравалася ісці ўслед і адстала. Але калі ён азірнуўся назад, каб пераканацца ў гэтым, ласяня па-ранейшаму тупала блізка, крокаў за дзесяць. Мусіць, яно баялася застацца першы раз адно ў цёмным лесе і Чубара ўспрыняла сваім жывёльным інстынктам за ратунак сабе, адчуўшы ў ягоным паглядзе спагаду, якая выклікала ў адказ давер.

Вось і край балота. За ім пачыналіся сіўцовыя лагі, дзе па колішніх лучках, якія не кожнае лета запаўняліся вадой, рос аір. Верамейкаўцы чамусьці называлі лагі гэтыя наддаткамі, але Чубар так і не дазнаўся, чаму іменна, проста не выбраў моманту, ды і думка сама западала ў галаву звычайна выпадкова, як нешта вельмі нязначнае. Урэшце, яно і сапраўды так – і думка, калі разважыць сур’ёзна, нязначная сама па сабе, і выпадак не кожны раз бывае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю