412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 7)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 22 страниц)

– Вайна, – разважліва згадзіўся бацька. – Таму я і гавару, што за адступленнем будзе наступленне. Ай, не верыш?

– Не верыць, бацька, я не маю права, – адказаў Масей. – Гаворка ж наша, здаецца, не пра гэта?

– І пра гэта, – настойліва ўдакладніў старэйшы Зазыба. – Але, добра. Мяне хвалюе, што ты не па чыстай вярнуўся да нас.

– Фармальна, па чыстай. Тэрмін мой ужо выйшаў.

– Тады ў чым справа?

– А ў тым, што... Словам, па чыстай, бацька, адтуль апошні час, здаецца, нікога не выпускалі. Проста прывозілі назад, адкуль некалі бралі, і давалі новы тэрмін.

– Ну, а табе новы далі?

– Не паспелі.

– А што гаварылі на судзе?

– Гаварылі на следстве, – усміхнуўся Масей. – А на судзе было проста: прыводзілі ў залу, старшыня спецкалегіі зачытваў пастанову, і на этап.

– Я тады ж, у той год, пацікавіўся ў раёне табой, дык мне сказалі, што ты адбываеш тэрмін па семдзесят другой стацці. Растлумач мне, што гэта такое?

– Мяне судзілі за антысавецкую агітацыю.

– Ясна. Ну, а правіннасць якая?

– Хіба ж не помніш, які снежны ком тады каціўся з гары. Абы данос на каго паступіў!

– Значыць, на цябе таксама быў?

– Перад тым мы вечарынку наладзілі. Прафесара свайго ўшаноўвалі. Якраз дзень нараджэння ў таго быў. Ну, мы і сабраліся разам, былыя студэнты. Аднак не ўлічылі аднаго. Трапіў на вечарынку сярод нас хлопчык адзін. Све-е-етленькі такі, чы-ы-ысценькі, роўна з іконы за гадзіну да таго сышоў. Здаецца, пляменнік асістэнта нашага прафесара. Вось ён і нашрайбаваў на нас.

– Дарэмшчыну?

– Ты, бацька, як следчы мой! – засмяяўся Масей.– Той таксама вось гэтак шчыра здзіўляўся – маўляў, і што, нічога такога не гаварылі вы між сабой? Дык вось, як на споведзі гавару – ані блізка! Справа ў тым, што сярод высокаадукаваных людзей зачасаўся чалавек, бачыш, я не гавару, што нягоднік, нават больш, дык вось... сярод высокаадукаваных людзей зачасаўся чалавек, які толькі што скончыў у вёсцы сямігодку.

Можна ўявіць сабе, чым здалася яму размова разумных людзей? Вось ён і выклаў яе па свайму разуменню, няйначай палічыўшы сябе большым патрыётам, чым кожны з нас.

– Ну, а следства? Няўжо следства не магло разабрацца?

– Вось у тым жа і загадка часу! Я ж недарэмна кажу, што нібыта сляпы снежны ком з гары каціўся. Аказваецца, абы данос паступіў. А той ужо, як след, зачароўваў усіх.

Масей раптам пачаў кашляць, чамусьці ажно да гідлівасці ў жываце. Зазыба дакрануўся да яго рукой:

– Ты не хвалюйся, сын!

– Я ўжо даўно не хвалююся з гэтай прычыны, – нарэшце пракашляўся Масей. – Усярэдзіне ў мяне – горка і пуста.

– Але ж горыч таксама ачышчае чалавека.

– Чым?

– Сваёй гаркатой.

– Але ж яе замнога ў людзей. Толькі цяпер яна разбаўлена другімі якасцямі, урэшце, у час вайны іначай і быць не можа. Разбаўлена, але не знішчана.

– Нічога, усё мінецца, сын. Горыч – яна таксама абуджае ў чалавеку новае веданне жыцця. Вось толькі з вызваленнем тваім трохі не так выйшла. Таму я ўспомніў адразу пра армію – гэта якраз самы выхад з твайго становішча быў. Нездарма ж кажуць, – пераможцаў не судзяць.

– Думаеш, я сам не разумею, у які капкан трапіў? – сумна паглядзеў на бацьку Масей.

– Ага, у капкан наогул, хоць у які, няма зайздрасці трапляць, а ў гэтакі, дык і зусім ужо няварта было б.

– Ён усё роўна як забыты. Можа, ніхто ўжо не прыйдзе праверыць яго.

– Нічога, сын, неяк жа будзе!.. Абы за табой не было...

– А што за мной магло быць? – ускінуўся Масей. – Хіба ад цябе я хаваўся б? – Ён зноў пачаў кашляць, хоць і не так надрыўна, як мінулы раз.

Зазыба сказаў:

– Хадзем, сын, яшчэ раз на палок. Пагрэемся. А то і праўда – разлегліся тут. Даўно ў цябе гэты кашаль?

– Было неяк, а тады само прайшло.

– Можа, грудзі?

– Не-не, мусіць, не.

– То і добра. Хадзем. Больш парыць венікам не буду. Пагрэю так.

У лазні ўжо дыхалася вальней, гарачыня амаль не даймала, аднак Зазыба расчыніў на вуліцу і зашклёнае ніжняе акенца.

– Кладзіся зноў на палок, – сказаў ён. – Ды павярніся галавой да печкі. З правай рукі мне зручней будзе.

Пакуль Масей мулка ўкладваўся на асінавых дошках, асцерагаючыся нарабіць сінякоў, Зазыба ўправіўся прынесці з прылазніка вядро з варам, накрытае драўляным вечкам. Паставіўшы вядро на падлогу, ён падняў кінуты Масеем венік, агледзеў яго, каб не тырчалі голыя пруты, тады таплянуў у гарачую ваду.

– Вось аб чым я прасіць цябе мушу, сын, – сказаў раптам ён, кладучы на спіну Масею нанава распараны венік. – Не гавары ты з мужыкамі пра ўсё гэта ў вёсцы. Я разумею, ты цяпер пакрыўджаны. Табе і праўда не соладка. Але павер мне, свайму бацьку, што Савецкая ўлада ў тваёй бядзе не вінаватая. Ты ж сам кажаш, ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж... не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А зверху за ім недагледзелі.

– Дзіўныя ў мяне бацькі, – пацепваючыся скурай ад пякучага бярозавага лісця, горка ўсміхнуўся Масей. – Маці ўвесь час на госпада бога спадзяецца, а бацька – на вышэйшую ўладу!..

– Іначай мне нельга, сын, – тапляючы зноў венік у вядро, крактануў Зазыба. – Бо што я варты сам тады. А ў жыцці ці мала што здараецца. Тым больш калі гэтае жыццё нанава будуеш. Тут і памыліцца не цяжка, не тое што недагледзець. Сам разумееш.

– Вопыту няма – таму рабі што хочаш, набірайся вопыту. Памыляешся? Ну што ж, не памыляецца той, хто нічога не робіць. Таму рабі памылкі, хутчэй навучышся. Папомніш мяне, бацька, пра гэта яшчэ скажуць, ой, скажуць!

– Я і сам разумею, што скажуць! – незалюбіўшы сынаву зласлівасць, павысіў голас Зазыба. – Бо не раз ужо гаварылі! У калектывізацыю наварочалі лішняга – паправілі, галавакружэнне ад поспеху выйшла. У трыццаць восьмым таксама паправілі. Яжова пакаралі. На пленуме парушэнні асудзілі. Так што...

– Святы чалавек ты ў мяне, бацька, – уздыхнуў Масей. – За гэта я і паважаю цябе. За тваю веру, якая не дае зразумець, дакладней, прызнаць нават самае жахлівае.

– І на тым дзякуй, сын. Другім разам, можа б, і не сказаў, а сёння – прымаю нават пахвалу. Прыемна. Асабліва калі сын хваліць, а ты добра ведаеш, за што ён хваліць.

Гэтыя словы прагучалі для Масея адным часам і як дакор, і як схаваная іронія. Таму ён, сумеўшыся, змоўк.

Бацька таксама не пачынаў нанава гаворкі.

Тапляючы раз-поразу венік у вар, ён патрэсваў яго над сынавай спіной, праносіў уздоўж хрыбціны і кожны раз на момант спыняўся ў якім-небудзь адным месцы, прыціскаў бярозавае вецце да цела. Масею моцна пякло ад гэтых дотыкаў, але ён пакорліва маўчаў, нават не варушыўся, толькі часам пацепваўся скурай.

...Надзеты ва ўсё новае, Масей неўзабаве ступіў на парог у прылазніку, глянуў паперад сябе ў шырокі прасцяг, дзе над гарбатым полем узыходзіла чырвонае сонца, і адчуў раптам, як моцна, нібыта перад самымі маразамі, патыхала палыном.

VI

Баі на абараняльным рубяжы, што перасякаў тульска-арлоўскі тракт, як пачаліся амаль нечакана, быццам знянацку, калі яшчэ не ўсе палкі 284-й дывізіі занялі траншэі перад вялікім супрацьтанкавым ровам, так і спыніліся, дакладней, не спыніліся, проста аціхлі на нейкі час. Уласна, зацятых абараняльных баёў, як гэта мела месца на ранейшых рубяжах, напрыклад, на Дняпры, пасля і на Сажы, тут пакуль наогул не завязалася. Немцы спачатку мелі намер разбурыць новую паласу «абароны рускіх» проста з паветра. Над супрацьтанкавым ровам, над траншэямі і акопамі, што зараней, яшчэ ці не ў канцы ліпеня, былі падрыхтаваны амаль уздоўж усяго абараняльнага рубяжа ў некалькі ліній, ад самага віднага віселі гарбатыя «юнкерсы», сыпалі ўніз, вывальваючы з чэрава бомбы. Бамбёжцы былі падвергнуты таксама ўсе блізкія вёскі, у тым ліку і Пёкліна, лясы і пералескі па левы бок ад супрацьтанкавага рова, на адлегласці трох-чатырох кіламетраў. Нямецкаму камандаванню здавалася, што пасля такой стараннай авіяапрацоўкі дастаткова будзе адразу пусціць танкі, каб прабіць новую, неўстаялую абарону яшчэ да падыходу асноўных, матарызаваных сіл. Але надзеі аказаліся дарэмныя. Задума немцаў была разгадана ў час, і на танканебяспечных напрамках артылерыя паспяхова адбіла варожыя атакі. Тады немцы супакоіліся, рашылі пачакаць свае асноўныя сілы, якія яшчэ рухаліся к фронту. Таму ўсё і аціхла вакол. Разам з тым кончыўся і паток акружэнцаў, што адступалі ад папярэдняга абараняльнага рубяжа. Такім чынам, Шпакевічу таксама нібыта не стала чаго рабіць. Апошняя група байцоў і камандзіраў на гэтым участку перайшла лінію фронту няўдала, якраз то была група, у якой адну ноч у лесе каля Шыраеўкі гасцінна правёў Чубар і вельмі хораша пагаварыў з палкавым камісарам. Але пра гэта Шпакевіч не ведаў. Ды яму і не належала надта пытацца ў акружэнцаў, нават калі б увесь час і рупіла. У перастрэлцы, якая раптам пачалася з абодвух бакоў, загінуў паранены палкавы камісар, якога чырвонаармейцы прынеслі на насілках у траншэю па ўзбалотку ўжо мёртвага... Вядома, сустракаць акружэнцаў, наладжваць праход цераз лінію фронту, было справай надзвычай турботлівай, шмат даводзілася напружвацца і мала спаць, таму Шпакевіч з ахвотай вярнуўся да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў у роце: з самага пачатку яго прызначылі памкамузвода.

Улічваючы, што абараняльны рубеж быў падрыхтаваны зараней, салдатам тут мала даводзілася капацца ў зямлі, адно паправіць калі траншэю пасля бамбёжкі. Ну, а раз не трэба кідаць рыдлёўкай на бруствер зямлю, значыць, і работы, лічы, сапраўднай салдату няма. Таму Шпакевіч дамовіўся з камандзірам узвода, што адлучыцца сёння на нейкі час у Пёклінскі лес, туды, дзе нядаўна размяшчаўся зборны пункт.

– Трэба на магілу адну схадзіць, – сказаў ён, каб і праўда не выглядала гэта звычайнай прагулкай.

Узводны не пярэчыў.

Шпакевіч паклікаў з сабой яшчэ і чырвонаармейца, уральца, які назваўся цесляром. Справа ў тым, што ўвесь гэты час, як знаходзіўся на перадавой, Шпакевічу рупіла дагледзець па-чалавечы магілу Халадзілава.

Хаваў забітага ён сам, але паспешліва, амаль як папала, бо пасля таго налёту было загадана не дэмаскіраваць зборны пункт і, наогул, не надта затрымлівацца каля адрыны, бо на пазіцыях чакаюць пустыя акопы. І вось цяпер Шпакевіча непакоіла, што ён таксама паддаўся спешцы і не зрабіў нават людскай магілы – ледзь паспеў выкапаць ямку, глыбінёй ці не ў звычайны салдацкі акоп для стральбы лежачы.

Пісьмо на радзіму Халадзілава Шпакевіч паслаў раней. Ён правільна разважыў – Халадзілаў быў тут нічыйны, яшчэ не прыпісаны ні да якой часці, таму і паведаміць пра яго смерць афіцыйна не было каму. Значыць, зрабіць гэта належала Шпакевічу. І не толькі па дружбе, але па абавязку, няхай не афіцыйнаму. Адрас Халадзілава ў Шпакевіча быў, ён дастаў яго разам з іншымі дакументамі, якія ляжалі ў кішэні гімнасцёркі. Але што напісаць, якімі словамі апавядаць бацькам пра гібель сына? Спярша яму хацелася расказаць пра ўсё, што наогул можна было прыгадаць з іх сумесных вандраванняў, з іх вайсковай службы – хоць, вядома, якая служба на вайне, на вайне проста салдаты ваююць, а не служаць! – але нават у думках ліст выходзіў доўгі, амаль бясконцы, на яго не хапіла б паперы, таму Шпакевіч пасля разваг напісаў самае простае: маўляў, дарагія бацька і маці (бацька ў Халадзілава з яго ж слоў быў чалавек не старога веку, але інвалід – на плытах некалі па Чусавой застудзіў нагу ды так і не вылечыўся), сёстры і браты, ваш сын і брат Халадзілаў Валянцін Тарасавіч загінуў геройскай смерцю ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за гонар сацыялістычнай айчыны і пахаваны ў лесе, што за паўтара кіламетра на паўночны ўсход ад вёскі Пёкліна... А раптам адтуль, з Уфы, калі і праўда здарыцца, што затрымаецца тут надоўга фронт, прыедуць на магілу?..

Дарогі ад перадавой у той Пёклінскі лес было не багата. І Шпакевіч з цесляром хутка ўзяліся за справу: з узаемнай згоды рашылі не пашкадаваць якую гадзіну-другую ды перазахаваць Халадзілава.

Адмераўшы крокаў дзесяць ад першай магілы, Шпакевіч пачаў капаць рыдлёўкай другую, глыбокую і не цесную, тым больш што зямля была пясчаная і дазваляла гэта. Чырвонаармеец тым часам стаў вычэсваць з расколатай сасны надмагільны абеліск, каб пасля выразаць на ім і прозвішча загінуўшага: ён быў з нядаўна мабілізаваных, трапіў сюды, на гэты абараняльны рубеж, з дывізіяй, якая яшчэ не ўдзельнічала ў баях, і таму не бачыў, як хавалі салдат дасюль – абы паспець ды зямлёй прысыпаць, яму хацелася зрабіць усё па-сапраўднаму, зусім без сакрэтнасці, як трэба; Шпакевічу толькі і ўдалося пераканаць яго, што Халадзілаву нельга ставіць крыжа, чырвонаармейцу на магіле належыць мець звужаны кверху гранёны слупок, які завецца абеліскам.

Рабіць справу ім ніхто не замінаў: у адрыне нікога не было, з учарашняга дня яна наогул стаяла пустая, бо і старшы лейтэнант з асобага аддзела, і тыя вайсковыя службы, што займаліся тут пасля так званага «прапускніка» фарміраваннем новых баявых падраздзяленняў, перабраліся непасрэдна ў штабы, дзе ім і належала быць.

Пакідаўшы з паўгадзіны зямлю з ямы, Шпакевіч выпрастаўся – было па грудзі ўжо, абапёрся далонямі на берагі і выкінуў на паверхню ногі, каб перадыхнуць.

Чырвонаармеец убачыў гэта, таксама перастаў ляпаць сякерай.

– Я, канечне, не ведаю, – сказаў ён, сядаючы на пень, – але часта думаю і хачу ўсё спытаць. Займае маю галаву і цярэбіць адна думка. Ад самага пачатку вайны.

– Што ж гэта за думка такая, што вы ўсё не можаце спытаць? – прыязна азваўся Шпакевіч, які ўжо тым часам таксама паспеў сесці сабе на пень, якраз насупраць.

– А вось якая, – салдат зняў з галавы пілотку, паклаў блінам на правае калена; мусіць, яго і праўда даўно цікавіла штосьці, бо ён і цяпер не спяшаўся гаварыць пра тое, быццам узважваў ці прыглядаўся да чалавека, якому збіраўся даверыцца. – Помню, у дзевятнаццатым годзе збіралі для немцаў сухары. Самім есці не было чаго, а немцам збіралі.

– Я малы тады быў, не ведаю, – сказаў на гэта Шпакевіч, усё роўна як паспрабаваў адмежавацца.

– А я помню, хоць таксама не ў вялікіх гадах быў...

– Цікава, колькі вам цяпер? – спытаў Шпакевіч.

– Дык няўжо не відаць?

– Ну... – няпэўна вымавіў Шпакевіч.

– А ўжо багата, – сказаў, каб не рабіць лішняй затрымкі, цясляр. – Як па-нармальнаму, дык у запечку павінен сядзець ці на чаране грэцца. Ну, а па цяперашняй вайне... Але я не пра гэта. Праўда, збіралі для немцаў тады сухары. Гэта я помню. А самім тым часам не было чаго есці. Добра, калі па паўвасьмушцы на дарослага чалавека ў Маскве і Петраградзе прыпадала. Ды і ў іншых гарадах не смачней было. У саміх людзі паміралі з голаду, а чужым сушылі сухары. Казалі, нямецкім рабочым, іхнім дзецям падмога трэба. Моў, пралетарыят не забудзе пасля. Таксама салідарнасць праявіць, калі спатрэбіцца.

– Што ж, правільна, – пацвердзіў Шпакевіч.

– Але гэта яшчэ як паглядзець, – нібыта з дакорам зірнуў на яго чырвонаармеец. – У мяне тады браценнік у Піцеры з голаду памёр. Малы, сапляк яшчэ быў. Але сірата. Ну, і паехаў к дзядзьку, на завод уладкавацца ці так у горадзе прыжыцца. Прыехаў, а дзядзькі няма. Дзядзька недзе ваюе. Я ўжо не помню, з кім тады ў дзевятнаццатым вайна ішла. Але пэўна, што не з немцамі. У іх тады, пісалі, рэспубліка была. Баварская.

– З Юдзенічам, – падказаў Шпакевіч.

– Дык вось я і гавару... браценнік мой... Пабадзяўся бяздомны ды галодны па Петраграду і здырдзіўся недзе на вакзале. Ну, а каб наадварот было, каб не немчык якісьці тыя сухары з’еў, а мой браценнік? А іх з’еў немчык. І, няйначай, цяпер па нас страляе.

– А чаму раптам страляе той, што еў сухары? – паціснуў плячамі Шпакевіч, які нарэшце зразумеў, куды прыйшла гаворка.

– Не абавязкова, канечне, аднак...

– Справа якраз у гэтым вось «аднак»! А чаму не дапусціць, і гэта будзе хутчэй за ўсё так, што немчык той сядзіць цяпер у гітлераўскім канцлагеры? А можа, у падполлі з фашыстамі змагаецца?

– Дапусціць, вядома, можна, – зноў тымі ж дакорлівымі вачамі зірнуў на Шпакевіча цясляр. – Ну, канцлагер, канечне, ясна, турма. А што яму рабіць там, у Германіі, у падполлі?

– На заводзе бомбы псаваць, кулі...

– Дзе ж тады яны, тыя псаваныя бомбы? Здаецца, увесь час усе разрываюцца. Як каторая падае на зямлю, то і разрываецца. Ды і кулі сапраўдныя!

– Фронт жа не толькі тут! – усё роўна як абражаны, запярэчыў Шпакевіч. – Фронт жа вялікі! Дык чаму трэба лічыць, што там?..

– Ат, бачу, не варта было пачынаць мне пра гэта? – ужо выразна шкадуючы, паморшчыўся ад прыкрасці пажылы чырвонаармеец. – Думаў бы сабе і думаў, як раней, а так...

– Чаму не варта? – ускінуўся Шпакевіч, а сам у гэты час прыгадаў, як нядаўна вось тут, у адрыне, дапытвалі збітага над абараняльным рубяжом нямецкага лётчыка, які з двухкрылага самалёта раскідваў лістоўкі. «Я – рабочы!» – чамусьці ўсё паўтараў той, быццам меў за гэтым нейкі асаблівы сэнс, быццам шукаў нейкай еднасці з тымі, хто дапытваў яго. Але калі ў яго спытаў цераз перакладчыка старшы лейтэнант з асобага аддзела, чаму ён, рабочы альбо сын рабочага, ды ваюе з рабочымі, палонны адказаў: «Бо вайна!» Тады яму адразу ж другое пытанне паставілі: «А чаму вашы фюрэры наогул пачалі вайну супраць Савецкага Саюза?» Адказ быў блытаны, пэўна, што не зусім прыдуманы, хоць адчувалася, што завучаны, зводзіўся ён да наступнага: маўляў, мы б не прыйшлі сюды, каб вы самі адмянілі савецка-марксісцкі камуністычны лад, прагналі камуністычны інтэрнацыянал за межы краіны; словам, ён разумеў задачу так, што ім, немцам, нічога не заставалася, як толькі з рабочай салідарнасці ўмяшацца ў справы Расіі...

Шпакевіч цяпер разумеў, што з пажылым чалавекам неабходна было пагаварыць абдумана, растлумачыць яму, што тут да чаго, яго памылку, хоць разумеў ён і тое, што не надта проста зрабіць будзе гэта, бо вайна сапраўды моцна парушыла шмат якія ўяўленні, асабліва тыя, што лічыліся дасюль як бы непахіснымі ўжо, аднак прадоўжыць гаворку не далі ім. Раптам на паляну, дзе яны размаўлялі, седзячы адзін супраць аднаго на спілаваных пнях, прыбег запыханы пасыльны, чырвонаармеец з іхняга ўзвода, і яшчэ крокаў за колькі крыкнуў Шпакевічу:

– Узводны загадаў прыбыць вам у размяшчэнне роты!

– Калі?

– Неадкладна.

– А чаму?

– Не ведаю.

– Аднаму ці з ім? – Шпакевіч кіўнуў галавой на пажылога чырвонаармейца, які паспешліва надзяваў пілотку, топчучы яе зверху рукой.

– На гэты конт нічога не сказана!

Шпакевіч з неахвотаю падняўся з пня, пашкроб пальцамі за вухам, усё роўна як расцягваў гэтым час, тады сказаў цесляру:

– Вы вось што... Дарэчы, як вас завуць?

– Тарасам. Тарас Якаўлевіч.

– Яго бацька таксама Тарас, – сказаў Шпакевіч, маючы на ўвазе Халадзілава. – Так што сынам мог быць.

– А малады? – павярнуўся цясляр у той бок, дзе трохі гарбацілася на магіле зямля.

– Студэнт. Таксама любіў пагаварыць. Я нават падумаў – сысціся б вам раней, вось нагаварыліся б адны, можа б, і мне тлумачыць пасля не трэба было. Самі б разабраліся, што да чаго на гэтым узбураным свеце. Але, як кажуць, не лёс. Я вось аб чым папрашу вас, Тарас Якаўлевіч, вы тут ужо не кідайце пачатае справы. Яму я амаль што выкапаў. Засталося толькі падчысціць дно. Ну, а...

– Ладна, камандзір, – узяўся за тапарышча цясляр, – ідзіце ўжо, раз завуць. Нешта ж не так сабе, можа, што здарылася. А без вас не могуць абысціся. Не турбуйцеся. Зраблю тут усё акурат. Я такі, я падвесці хоць каго не магу. Раз трэба, дык трэба!

– А то, можа, пакінуць і яго! – паказаў на пасыльнага Шпакевіч.

– Не, я адзін спраўлюся. Вы скажыце толькі... Прозвішча таварыша свайго забітага скажыце...

– Ах, так. Ледзь не забыў. Халадзілаў. Валянцін Тарасавіч Халадзілаў.

– Запомніў.

– Так і напішыце: «Чырвонаармеец Халадзілаў Валянцін Тарасавіч, загінуў...»

– Кажаце, напісаць? Не, аловак першы ж дождж размые. І знаку ніякага не застанецца. Шкада, што стамескі няма. Ну, ды ладна. Ножыкам паспрабую. Словам, не турбуйцеся, усё зраблю акурат.

Быццам прадчуваючы наперад, што гаворыць з чалавекам апошні раз, а можа, ад звычайнай удзячнасці, якую хацелася паказаць хоць бы чым, Шпакевіч моцна паціснуў чырвонаармейцу руку і хуценька пашыбаваў услед за пасыльным, якому не стаялася на месцы.

Камандзір узвода чакаў яго, таму адразу пачаў ледзь не з парога, хоць ніякай віны за Шпакевічам не бачыў.

– Прыходзіў Зімавы, загадаў расшукаць цябе, нават калі пад зямлёй. Добра, хоць яшчэ не папала.

– А навошта я спатрэбіўся яму? – спытаўся Шпакевіч.

– Каб жа яму! А то некаму ў штабе дывізіі!

Шпакевіч падумаў – зноў кліча старшы лейтэнант з асобага аддзела.

– Дык куды мне цяпер ісці – адразу ў штаб дывізіі ці да Зімавога?

Узводны паціснуў плячамі.

– Ну, раз прыходзіў сюды Зімавы, значыць, да яго і трэба. А там ужо высветліцца ўсё як ёсць.

– Слухай, – сказаў Шпакевіч, – я там, у лесе, пакінуў байца, ну, таго...

– А-а, Святлічнага?

– Так. Дык ты яго не лай, калі трохі запозніцца. Магілу ён там робіць.

– Дарэмна ты гэта задумаў, Шпакевіч, – паківаў галавой узводны. – Трэба было пахаваць свайго таварыша ў брацкай магіле. Хаця, між іншым... ці не ўсё адно, дзе ляжаць забітаму? А наконт Святлічнага – няхай у цябе галава пра яго не баліць. Ну, давай развітвацца. Адчуваю, не вернешся ты да нас. Мусіць, забіраюць цябе назаўсёды. А шкада, добры памочнік быў.

– Напамага-а-аў я табе! – зрабіў расчараваны твар Шпакевіч. – Толькі і лічыўся, што памкамузводам у цябе.

– Нічога, усе мы тут пакуль што лічымся. Галоўнае пачнецца тады, як немцы папруць. А яны вось-вось збяруцца з сіламі.

Амаль гэта ж праз якія паўгадзіны гаварыў Шпакевічу і камандзір роты Зімавы. Напаследак спытаўся:

– Рэчы ж хоць з сабой?

– Якія ў мяне рэчы!

Падышоў нампаліт, сярэдніх гадоў чалавек, з круглым, добрым і трохі здзіўленым тварам. Гэты дык і зусім у роце знаходзіўся з учарашняга дня – працаваў недзе загадчыкам парткабінета, пакуль раён не падпаў пад акупацыю. Але паколькі ўся рота складалася з людзей выпадковых, гэта значыць, з тых, каго ўдалося звесці ў адно падраздзяленне на зборным пункце, то байцы і камандзіры прывыкалі ў ёй адзін да аднаго хутка, дастаткова было часам перакінуцца спагадлівым словам ды адсыпаць у дзвюхрогую маслёнку лішні шчопаць махоркі. Нампаліта таксама адразу прынялі ўсе ў роце, як свайго, нават ужо хадзіў сярод узводных анекдот, які той расказаў у першы дзень знаёмства: нібыта ўвосень цераз сялянскія палосы спяшаўся заяц і сустрэў на мяжы вожыка. «Куды гэта, касы?» – пытаецца вожык. – «А за тым вось пагоркам, – адказвае заяц, – вярблюдаў валашаць». – «Дзе ты вярблюдаў бачыў у нас? Здурнеў?» – «А мне другія зайцы казалі!» – «Ну, а табе які страх? Ты ж не вярблюд!» – «Ну так, але як адрэжуць прымусію, тады позна ўжо будзе даказваць, што ты не вярблюд».

І цяпер, убачыўшы нампаліта, Шпакевіч чамусьці перш за ўсё і прыгадаў гэты анекдот, усміхнуўся ўнутры сабе: от жа і чалавек, здаецца, не з боўталаў, а таксама выдумае...

Нампаліт, мусіць, адчуў ягоную ўнутраную ўсмешлівасць, пажартаваў зусім па-таварыску:

– Глядзі там, у штабе, кіруй ды не вельмі тузай. Асабліва нас з Зімавым.

У Шпакевіча, таксама як і ў цяперашніх камандзіраў яго, прадчуванне было недарэмнае: наперадзе сапраўды яго чакала заданне, якога ён і ўявіць дасюль не мог.

Са штаба дывізіі, куды ён трапіў неўзабаве, яго накіравалі ў палітаддзел, які займаў хату ў гэтай жа вёсцы, але насупраць, вокны ў вокны.

За сталом у сялянскай хаце з дзвюх палавін сядзелі трое. Аднаго Шпакевіч пазнаў адразу, яшчэ са спіны, бо то быў знаёмы старшы лейтэнант з асобага аддзела, хоць ужо і пераадзеты ва ўсё вайсковае, а на пятліцах замест сваіх трох наркаматаўскіх шпал меў кубікі. Другі сядзеў начальнік палітаддзела дывізіі. Дагэтуль начальніка палітаддзела Шпакевічу даводзілася бачыць усяго адзін раз, і то мяльком, калі той нечага наведваўся дзён колькі таму на зборны пункт у Пёклінскім лесе. Трэцяга чалавека, які прысутнічаў тут і сядзеў за сталом тварам на хату, Шпакевіч зусім не ведаў і нават не здагадваўся, хто ён і адкуль, тым больш што на адзенні яго знакі адрознення адсутнічалі напроч. А справа якраз і была ўся ў гэтым чалавеку, камандзіры спецыяльнага разведвальна-дыверсійнага атрада, створанага з добраахвотнікаў у Маскве па ініцыятыве народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі і накіраванага сюды, у размяшчэнне дывізіі, каб у вёсцы Белагалоў атрад мог пераправіцца на той бок лініі фронту. З выгляду ён адразу здаўся Шпакевічу чалавекам прыемным – хоць і сядзеў, але постаццю быў рослы, з чорнай, яшчэ не моцна адрослай барадой, з густымі брывамі, з цёмнымі праніклівымі вачмі. У жыцці нярэдка сустракаюцца людзі, якія сваёй праніклівасцю звычайна спрабуюць разгадаць патаемныя думкі другіх, каб нагнаць жудасць на іх і гэтым узвысіць сябе. Але гэты быў не такі. Адчувалася ў ягонай праніклівасці адным часам штосьці вострае і далікатнае, нібыта ён баяўся дарэмна ўкалоць чалавека сваім позіркам.

Пасля, тыдняў праз колькі, калі яны будуць ужо па той бок фронту, у тыле ворага, Шпакевіч па-належнаму ацэніць гэтага выключнага чалавека і шмат чаго даведаецца пра яго ад іншых, асабліва ад Ерафеева, былога інструктара фізкультуры на адной з прадзільна-папяровых фабрык Падмаскоўя; і пра тое, што камандзір іхні – кадравы чэкіст, які васемнаццацігадовым юнаком удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі, разганяў паліцыю ў Бежыцы і Бранску, і пра тое, што потым ён пайшоў добраахвотна на фронт супраць Юдзеніча, нарэшце, і пра тое, што пасля грамадзянскай вайны доўга змагаўся з бандытызмам і контррэвалюцыяй на Украіне... А цяпер яны адкрыта, а то і ўпотай пазіралі адзін на аднаго – Шпакевіч і яго будучы камандзір – ды вывучалі пакуль: камандзір спецатрада таму, што меўся прапанаваць Шпакевічу адказнае заданне ў сваім атрадзе, а Шпакевіч у сваю чаргу таму, што адразу адчуў гэтую няпростую зацікаўленасць да сваёй асобы.

Але першы ў хаце палітаддзела загаварыў старшы лейтэнант.

– У нас тут новая акалічнасць з’явілася, – пачаў ён здалёку. – І вось таварышы хочуць паслухаць, як вы з акружэння выходзілі сюды. Маршрут апішыце, розныя там падрабязнасці. Словам, паспрабуйце ўсё выкласці так, як тады, у нас.

Шпакевіч насцярожыўся – з вопыту ведаў, калі два разы пытаюць пра адно і тое ж, значыць, нешта не так. Але не адказваць не мог. Нібыта збіраючыся з думкамі і прасочваючы ў іх свой шлях сюды з забяседдзя, які давялося пераадолець у самае дажджлівае надвор’е па нямецкім тыле разам з Чубарам і Халадзілавым, Шпакевіч найперш, вядома, прыгадаў, што ён ужо гаварыў старшаму лейтэнанту з асобага аддзела там, у адрыне. Выходзіла, што тады ён дык і не надта ўдаваўся ў падрабязнасці. Гаварыў усё, як было, аднак збольшага, акурат баяўся заняць многа часу. Між тым, камандзір спецатрада, няйначай, зразумеў ягоную затрымку па-свойму, бо паспяшаўся на выручку.

– Карту чытаць умееце? – спытаўся ён.

– Так, – адказаў Шпакевіч, нарэшце выразна зразумеўшы, што гэта той чалавек, дзеля якога за сталом сядзелі і начальства палітаддзела дывізіі, і старшы лейтэнант з асобага аддзела і дзеля якога паклікалі сюды яго, Шпакевіча.

Камандзір спецатрада задаволена кіўнуў галавой, дастаў з-за спіны ў сябе разбухлую вайсковую торбу, якая ляжала на ўслоне паміж сцяной і ім, і выняў адтуль складзеную гармонікам тапаграфічную карту. Старшы лейтэнант з асобага аддзела пры гэтым паслужліва пацягнуўся рукамі да яе, памог раскласці на стале – і гэта таксама не засталося па-за ўвагай Шпакевіча, значыць, сапраўды нейкая важная шышка!

– Падыдзіце бліжэй, – сказаў Шпакевічу партызанскі камандзір.

Шпакевіч ступіў два крокі да стала, якіх не хапала, каб апынуцца побач з астатнімі, хто знаходзіўся ў хаце, і, не чакаючы далейшай каманды, дакладней, далейшага запрашэння, схіліў галаву над картай.

– Ну, а цяпер пакажыце нам, як вы ішлі сюды і адкуль?

Шпакевіч зусім без цяжкасці адшукаў па звілістай лініі Бесядзь, паказаў пальцам, у якім месцы ўпадае ў яе Дзеражня, дзе быў узарваны апошні мост, і ўжо адтуль, даючы сапраўды падрабязныя тлумачэнні, пачаў паступова набліжацца да Пёкліна.

– У вас там знаёмыя засталіся? – спытаў камандзір спецатрада, як толькі палічыў, што Шпакевіч дакладна паказаў увесь маршрут ад Бесядзі.

– Не.

– Ну, а тыя?.. Словам, вы ж па дарозе з кімсьці сустракаліся... Такія знаёмыя засталіся?

– Такія былі, – памуліўся Шпакевіч. – Вядома, і есці ў людзей даводзілася прасіць, і начлегу. Але ж гэта так. Як кажуць, паеў, паспаў дый дзякуй на тым.

– Добра, – ссунуў густыя бровы партызанскі камандзір. – А гэты, Чубар, з якім вы ішлі сюды, дзе ён цяпер?

– У Журынічах, там, кажуць, апалчэнне збіраецца.

– З якой ён вёскі быў?

– Дакладна цяпер не помню, але гэта недзе недалёка ад Белай Гліны.

– І кім ён там працаваў?

– Старшынёй калгаса.

– Таксама не лішні чалавек, – падумаўшы трохі, сказаў камандзір спецатрада, – але... гэта так, дзеля цікавасці. Тым больш калі яго цяпер знойдзеш?

– А Халадзілаў загінуў, – дадаў Шпакевіч, – ужо тут, ад бомбы.

У хаце настала цішыня. Але не таму, што Шпакевіч раптам нагадаў пра гібель свайго таварыша. Не. І начальнік палітаддзела дывізіі, і старшы лейтэнант уставіліся на трэцяга – на партызанскага камандзіра, які задумліва кратаў, акурат пагладжваў знізу тыльным бокам правай далоні сваю чорную бараду, і цярпліва чакалі, што скажа нарэшце ён, ці здаволіць яго іхняя кандыдатура. А справа была вось у чым. У самы апошні момант, калі партызанскі атрад ужо гатовы быў пераправіцца з Белагалова ў варожы тыл, захварэў праваднік, нават не захварэў у поўным сэнсе слова – яго пакусалі пчолы... Тады камандзір атрада і звярнуўся ў палітаддзел дывізіі, каб тэрмінова памаглі падшукаць яму другога надзейнага правадніка, бо зрывалася дыверсійная аперацыя, якую доўга і дэталёва распрацоўвалі яшчэ ў Маскве. І вось старшы лейтэнант з асобага аддзела зноў успомніў пра Шпакевіча: «Сапраўды, а чаму не параіць яго». Пазваніў начальніку палітаддзела: «Ёсць такі чалавек!»

Нарэшце маўчанне ў хаце было парушана.

Той, ад каго чакалі рашаючага слова, перастаў кратаць рукой бараду, неяк прасветлена ўсміхнуўся цёмнымі вачамі, быццам зваліў з сябе вялікі цяжар, і спытаў, пранікаючы тым жа далікатным, але вострым позіркам Шпакевічу ў душу:

– А яшчэ раз не хацелі б прайсціся па тых сцежках і дарожках?

– Як гэта? – не ўцяміў Шпакевіч.

– Проста. Прарабіць прыкладна той жа маршрут, але ў адваротным напрамку. Тады вы ішлі адтуль сюды, а цяпер пайшлі б адсюль туды.

Шпакевіч схіліў набок галаву, спытаў:

– Адзін?

– Не.

– Вялікая група?

– Ну, пра гэта даведаецеся пасля. Цяпер жа ад вас нам патрэбны адказ – згодны ці не? Пакуль у прынцыпе. Таварышы вось за вас ручаюцца.

– А ўсё-ткі, – быццам ад прыкрасці, паморшчыўся адной шчакой Шпакевіч. – Хацелася б і ад вас пачуць што-небудзь пэўнае.

– Пачуеце ў свой час і больш пэўнае, – з сур’ёзным выглядам, але мякка сказаў камандзір спецатрада. – Але я кажу, нам перш за ўсё патрэбна ваша прынцыповая згода. Я разумею, для вас гэта нечакана, псіхалагічна вы не гатовы для такой дарогі і наогул, але не ўтаю ад вас, у нас таксама свае цяжкасці, можа, для нас сёе-тое больш нечаканае, чым для вас. Так што, я нават не маю магчымасці даць вам дастаткова часу падумаць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю