412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Апраўданне крыві » Текст книги (страница 16)
Апраўданне крыві
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Апраўданне крыві"


Автор книги: Іван Чыгрынаў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 22 страниц)

Чырвонаармейцам Арцёма ў дзевятнаццатым годзе зрабіў Зазыба. Алейнікаў падаўся з ім да Шчорса, калі Зазыба па даручэнню бацькі Бажэнкі прыязджаў у родныя мясціны вербаваць у брыгаду добраахвотнікаў. Пазнаёміліся яны ў Бялынкавічах, дзе Алейнікаў быў вайсковым камісарам. Вядома, без дазволу камісара праводзіць набор добраахвотнікаў на тэрыторыі падначаленых яму валасцей нельга было. Таму Зазыба пасадзіў на воз Масея, яшчэ зусім падлетка, які таксама вельмі хацеў праехацца з бацькам, і накіраваўся шукаць камісара ў Бялынкавічы, за васемнаццаць кіламетраў ад Верамеек. Якраз перад тым, як ім прыехаць туды, мястэчка заняла палётная банда атамана Кутузава. Хадзілі чуткі, што прозвішча вялікага палкаводца атаман узяў сабе дзеля большай значнасці, мяркуючы адразу зрабіцца славутым. Але потым высветлілася, што гэта было сваё прозвішча. Паходзіў ён родам з Клінцоўскага павета і выдаваў сябе за абаронцу вясковай беднаты, а рабаваў толькі казну ды багатых яўрэяў, якія складалі тады пераважную частку жыхароў павятовых гарадоў і валасных мястэчак. Праўда ці не, аднак хадзілі як не легенды, што нарабаванае ён раздаваў сялянам. І гэты вось «сялянскі заступнік» з атрадам у пяцьдзесят шабляў заняў Бялынкавічы. Першае, што зрабіў ён, узяў у палон камісара Алейнікава, якога атаманавы коннікі знайшлі ў старшыні валвыканкома. Самога старшыню не чапалі – таксама палітыка: маўляў, з выбранай уладай, няхай нават і савецкай, не ваюем... Кутузаўцы шарудзілі ўжо ваўсю па Бялынкавічах, калі на местачковую вуліцу з калодліўскага боку ўз’ехаў Зазыба. З’яўленне ўзброенага чалавека, вядома, не магло застацца незаўважаным. Таму Зазыба нават не паспеў добра агледзецца, як на возе яго абапал абселі кутузаўцы і сілай павярнулі каня да царквы, дзе ў паповым доме раскашаваў атаман. Там жа з ім быў і камісар Алейнікаў. Кутузаў не лічыў яго сваім палоннікам, прынамсі, атаман кожную хвіліну імкнуўся падкрэсліць гэта перад другімі, аднак ад сябе не адпускаў. Убачыўшы іхняе мірнае застолле, Зазыба спярша падумаў, што тут сапраўды адна кампанія. «Хто такі і што робіш?» – спытаў атаман прыезжага. «Прыехаў да вайсковага камісара»,– адказаў Зазыба. «От і камісар табе,– усміхаючыся, атаман паказаў на маладога чалавека ў рамянях.– Гавары, што табе трэба ад яго?» – «А вось гэта ўжо мая справа, гаварыць ці трохі пачакаць»,– з выклікам сказаў Зазыба, які к таму часу зразумеў, што камісар хутчэй за ўсё вымушаны сядзець тут. «Ты, я бачу, прыткі, служывы,– пакрыўджана кіўнуў галавой атаман.– Ну што ж, тады сядай і ты побач з камісарам. Таксама госцем будзеш». І ў той момант, як ён гаварыў гэта, робячы ўслед за кіўком галавы яшчэ і розныя грымасы на твары, Зазыба паспеў злавіць кароткі позірк зняволенага камісара, у якім выразна адбілася папярэджанне. «Але ж у мяне хлопчык застаўся на возе»,– занепакоена сказаў атаману Зазыба, даючы зразумець, што яму за гэтым неабходна выйсці ў двор. «Нічога,– махнуў рукой атаман,– за тваім хлопчыкам паглядзяць там мае хлопцы, а ты спакойна сядай». – «Баюся, напалохаюць твае хлопцы дзіця»,– робячы прастадушны выгляд, паморшчыўся Зазыба. «Тады даручым яго пападдзі,– адгадаўшы Зазыбава жаданне (хоць якім чынам, але апынуцца на волі), насмешліва сказаў атаман.– Гэй, матухна?» З бакавых дзвярэй на яго голас як не ўбегла рахманая, але не дужа вясёлая жанчына. Кутузаў важна сказаў ёй: «Госць наш прыехаў з дзіцем, дык ты паглядзі там, каб... словам, пакармі і абагрэй малога, а мы тут з яго бацькам ды камісарам вашым пасядзім яшчэ за сталом.– І паглядзеў на Зазыбу.– Бачыш, усё ўладзіцца. Пападдзя пастараецца. А ты сядай і расказвай за чаркай – адкуль, за чым? – Тады нібыта ўзбурыўся, што Зазыба не спяшаецца праявіць паслухмянасці: – Ды не глядзі ты на мяне падазрона! Усе мы тут свае, рэвалюцыянеры. Так што сядай і расказвай. А хочаш, дык і старшыню валаскома паклічам». Нарэшце Зазыба зразумеў, што адсюль яму не выйсці пакуль, таму зрабіў давольны выгляд і сеў на тое месца за сталом, якое ўжо даўно паказваў атаман,– на венскае крэсла, паміж двух атаманавых ад’ютантаў. Кутузаў пачакаў, пакуль усаджваўся яршысты прыезджы, нагнуў вялікую бутыль да канца і гукнуў на другі край стала гаспадару: «Ойча, прынясі яшчэ пітва, бо на аднаго госця паболела ў нас». Поп, нібыта вол з-пад ярма, глянуў на яго, але не пасмеў аслухацца,– сапраўды, цяжка быць паслужлівым, калі ў доме за сталом тваім сядзяць разам і бальшавіцкі камісар, і разбойны атаман, які таксама выдае сябе за рэвалюцыянера. Пакуль поп хадзіў па гарэлку, Кутузаў паспеў пажартаваць чамусьці звяртаючыся найбольш да Зазыбы: «Я ў яго тут пытаўся: ойча, ці ведаеш ты, чым адрозніваюцца касцёльныя званы ад царкоўных?» – «Не ведаю»,– кажа. А я яму і гавару: «У царкве звоняць – бліны-бліны-клёцкі, бліны-бліны-клёцкі, а ў касцёле іначай – тром-блін-папалам, тром-блін-папалам!» Бачу, падабаецца, але маўчыць ойча, толькі вачамі хітра лыпае. Здавалася б, адна рэлігія, хрысціянская, ды таксама няма міру – праваслаўныя на католікаў, католікі на праваслаўных. А тут хочуць, каб мы, рэвалюцыянеры!..» Вымаўляючы гэтыя словы, атаман перавёў позірк на камісара і, можа, якраз таму не скончыў думку: няйначай, яны дагэтуль паспелі ўжо высветліць свае ідэалагічныя адносіны! Каб не наклікаць на сябе большай падазронасці, Зазыба пачаў піць слухмяна, абы толькі атаман нагінаў над шклянкай бутыль, бо спадзяваўся, што ў п’яным тлуме неяк выберацца з гэтай пасткі. Але дарэмна. Сам атаман хоць і піў таксама нямала, аднак не хмялеў. Па тым, што зброі бандыты не адабралі ні ў Зазыбы, ні ў камісара, можна было здагадацца, што на жыццё іх атаман не меў намеру рабіць замаху, затое ў ізаляцыі збіраўся трымаць да таго часу, пакуль хаўруснікі не перастануць трэсці мясцовых багацеяў. Атаман быў упэўнены, што тут, у паповым доме, дзе не толькі за сталом, а ў кожным кутку сядзеў хто-небудзь з яго хаўруснікаў, ні камісар, ні прыезджы чырвонаармеец не набяруцца смеласці аказаць супраціўленне. Таму паводзіў ён сябе спакойна, нібыта толькі і быў адным заклапочаны, каб дагадзіць сваім вымушаным нявольнікам. «Кутузаў не запляміць дарэмнай крывёй свайго вялікага прозвішча!» – усклікваў ён час ад часу. І сапраўды, уранку, калі кутузаўцы з поўнымі кашалямі пакідалі мястэчка, Зазыба нават бацькавага каня знайшоў на тым самым месцы, дзе прывязаў учора, а пападдзя прывяла да воза заспанага Масея, які, бадай, мала чаго зразумеў з таго, што адбывалася ўсю ноч у паповым доме. Здавалася, найбольш за ўсіх збіты з панталыку быў камісар Алейнікаў. Быццам аглавушаны, ён колькі часу пазіраў у канец местачковай вуліцы, дзе патрохі, як рэдкі туман, асядаў пыл, падняты атаманавай конніцай, і зусім зацята чухаў даўно не стрыжаную патыліцу. Тады плюнуў далёка ад сябе, акурат наўздагон атаману, спытаў: «Чаго прыехаў?» А як пачуў ад Зазыбы, якую справу меў тарашчанец да яго, замацюкаўся, затупаў нагамі: «Не мог сказаць раней! Тайну рабіў! Во каго трэба было агітаваць у войска – бандзюкоў гэтых і іхняга ідэйнага атамана! Гатовы эскадрон меў бы адразу!» – «Нам не трэба такіх,– усміхнуўся Зазыба.– Нам у брыгаду патрэбны свядомыя байцы пралетарскага альбо сялянскага паходжання». Ад гэтага камісар ажно ўзвіўся: «А, думаеш, нам тут свядомыя ўжо не патрэбны? Хто будзе змагацца з такімі вось ідэйнымі атаманамі, як гэты Кутузаў,– несвядомыя? – Затым паспакайнеў, аціхнуўшы раптам, і з надзеяй у вачах глянуў на Зазыбу: – Слухай, вазьмі мяне з сабой, га? К чортавай матары ўсіх гэтых атаманаў! Пайду на вайну як чалавек і буду ваяваць за Савецкую ўладу з сапраўдным ворагам! От зараз прымчыцца з Клімавіч з атрадам Сурта, і буду прасіцца, каб адпусціў. Возьмеш?»

І вось да гэтага Арцёма Алейнікава Зазыба цяпер збіраўся ехаць у Дзяржынне. У кожным разе, калі Арцём і нічога не ведае пра жнівеньскую нараду, якую склікаў у Машавой крутагорскі райком партыі і на якую не трапіў Чубар, то размова з ім будзе ўсё роўна карыснай – звычайна леснікі, нават глухія, чуюць і бачаць больш, чым гэта іншы раз здаецца.

– Ну от,– з дакорам сказаў Чубару Зазыба,– аказваецца, і для мяне работа знайшлася, а ты ўжо хацеў, каб...

– Работа цяпер для ўсіх знойдзецца, абы не адвільвалі,– з прыхаванай нездаволенасцю азваўся Чубар.– Урэшце твая справа, калі ехаць у Машавую – заўтра ці на дзень-два пазней. Але каб доўга не цягнуў. І перад тым як паедзеш, пакліч да мяне Драніцу.

– Ты што, не ведаеш, з кім цяпер Драніца твой дружбу водзіць? – утарапеў Зазыба.– Ён жа заўтра прадасць цябе Брава-Жыватоўскаму!

– Нічога,– знарок не звярнуў увагі на Зазыбаву збянтэжанасць Чубар.– Ты яму толькі скажы, што я тут, а потым ужо мой клопат будзе нанава ў сваю веру перавярнуць яго.

XII

Хтосьці мужчынскім голасам гукнуў з прыцямковае вуліцы:

– Гэта вы з Верамеек?

Салдаткі ад нечаканасці спыніліся, прыціхлі. Нарэшце зусім як з неахвотаю адказалі:

– Мы.

– Тут ваша адна ў хаце ў мяне,– падышоў бліжэй чалавек,– то хадземце і вы.

– Хто, Роза? – у момант абступілі, акурат абсыпалі яго, верамейкаўскія кабеты.

Але ён як не пачуў. Сказаў далей:

– А другая ваша ў камендатуры. Немцы перадалі яе ў нашу, яшніцкую, камендатуру. Будзе разбірацца заўтра камендант, што яна натварыла, у чым вінавата.– Памаўчаў і дадаў: – Але нейкія вы... Другія кабеты хадзілі сюды да нас, неяк ціха было ўсё, а вы раптам нарабілі дзялоў.

– Да ўжо ж...– уздыхнуўшы, усё роўна як павінілася за ўсіх перад незнаёмым чалавекам Анэта Прыбыткова.

У хаце, куды неўзабаве прывёў яшніцкі мужык верамейкаўскую гурму, акрамя заклапочанай Розы Самусёвай, былі яшчэ дзве жанчыны, мусіць, адна гаспадыня, жонка гэтага чалавека, яшчэ маладая, хоць і круглая кабета, і старэйшая, ці то свякруха яе, ці, можа, цешча ягоная, якая, седзячы на маленькім слончыку, гушкала калыску на вяроўчатых почапках.

Роза пачула спадарожніц, калі тыя затупалі яшчэ на двары, паўз вокны; яна дакладна ведала, што гэта ідуць яе вяскоўцы, бо гаспадар хаты абяцаў перастрэць іх па дарозе ад лагера і прывесці сюды; таму яна ўскочыла з мулкага венскага крэсла, на якім сядзела ў тынкаваным прасценку паміж вокнаў, і як толькі адчыніліся дзверы ў сенцы, а за парогам хаты ў цёмным праёме ўзніклі знаёмыя абрысы, памкнулася насустрач.

– Ну, каб ета хто падумаць мог! – пляснула яна рукамі.– Яны ж за яўрэйку мяне палічылі!

– Яшчэ што скажаш! – адразу не паверыла ёй Варка Касперукова.

Тады разважыла маладая гаспадыня.

– А што дзіўнага? – усміхнулася яна.– Як у нас кажуць – рыхтык яўрэечка!

– Ну, якая яна яўрэечка? – паціснула плячамі Анэта Прыбыткова, але і сама неўпрыкмет кінула на Розу дапытлівы позірк.

– Ладна,—звярнулася да кабет нездаволеная чымсьці Палага Хахлова,– яўрэйка дык яўрэйка. Можа, калі балагол які і заначаваў у дзедавай бабкі. Нездарма ж у іх заўсёды добрыя свінні водзяцца. Але ета ўсё жартачкі...

– Ну да, добрыя жартачкі! – усё роўна як заступілася за Розу Анэта Прыбыткова.– Етыя жартачкі ледзь не давялі во!..

– Дак я і кажу,– зрабіла пакутлівы твар ад нецярплівасці Палага Хахлова.– Я і кажу...– Відаць, яна хацела сказаць нешта Анэце Прыбытковай у сваё апраўданне, аднак адмовілася і, павярнуўшыся да Розы Самусёвай, спытала: – Ну, а Дуню? Чаму раптам Дуню забралі?

Роза бліснула пры цьмяным святле бляшанай газоўкі акурат вільготнымі вачамі, страпянулася, усё роўна што чакала гэтага запытання і баялася яго.

– Дак яна ж сама...– Роза сказала гэтак і замулілася на момант.– Яна сама прыйшла. А я стаяла тама і не разумела, што ета яны мне гавораць адусюль, чаго дабіваюцца. А як Дуня прыйшла, дак і я здагадалася – юда ды юда, кажуць. Ну, і лезуць з рукамі. А Дуня заступілася. Тады немцы на яе накінуліся. Пачалі пагражаць ёй.

– Як ета пагражаць? – акурат не паверыла Палага.

– А так, што адзін немец ажно блузку падраў ёй. Хапаўся за грудзі.

– Ну і што, калі хапаўся? – недаўменна паціснула плячамі Палага, маўляў, што за дзіва, і быццам за падтрымкай паглядзела чамусьці на старэйшую гаспадыню, якая хоць і не пераставала гушкаць рукою калыску, аднак павярнулася тварам на хату і слухала чужую размову.

– А тое, што Дуня плюнула яму ў морду!– з раззлаванай прыкрасцю адказала між тым Палазе Роза Самусёва, хаваючы ў далонях свой твар.

– Га,– выдыхнула ад нечаканасці старая гаспадыня.

А Палага Хахлова спакойна сказала:

– Ну і дурніца!

Тады ўсхапілася Анэта Прыбыткова.

– А сама ў Ключы не тое зрабіла?

– Тое, ды не самае. Тама быў свой, паліцай, дак ці я буду яшчэ цацкацца з ім? А тута немцы. Не знаеш, што і сказаць. Акурат таму нямому. Добра яшчэ, калі не дурны трапіцца. А як дурны? Ну, і чаго яна дамаглася, што плюнула?

– Дак неяк жа трэба было зрабіць, каб адкараскаліся,– з сэрцам усклікнула на гэта Роза Самусёва.

– Во, то яна сябе за авечку выдае, якая нічога не разумее, то раптам... Дуня што? Дуня... А вось ты! Спярша і крылы, як тая курыца, распусціла, лаві, моў, певень, мяне, тапчы, а тады нават рады не можаш даць, хто ты, яўрэйка ці не.

– Сама ж гаворыш – як нямому сказаць, калі не знаеш, чаго ён хоча?

– Сама, сама! – перадражніла ўсхваляваную жанчыну Палага: яна ўсё больш злавала, няйначай, хаваючы цяпер нейкую непрыязнасць да Розы.

Адчуўшы гэта, маладзейшая з верамейкаўскіх кабет, Прося Рацэева ажно ўзбурылася:

– Ну што ты, цётка Палага! Пашкадуй жа хоць ты Розу! Ёй ужо і без цябе хапіла!

Варка Касперукова таксама ўлавіла злую наўмыснасць у папроках Палагі, паспрабавала развесці размову жартам. Але дарэмна. Палага і зусім ужо нечага натапырылася, нібыта і праўда не магла дараваць Розе за Дуню Пракопкіну.

Тым часам у калысцы заплакала гаспадарова дзіця, і ўсім раптам зрабілася сорамна, што гэтак крычалі дасюль, лічы, на ўсю хату. Ушчуваць яго адразу кінулася да калыскі маладая гаспадыня, якая ўвесь час, пакуль верамейкаўскія кабеты гаварылі і спрачаліся між сабой, нечага моўчкі корпалася ў адчыненым шкапчыку, што стаяў у куце пры задняй сцяне і, пэўна, служыў гаспадарам таксама абедзенным сталом. «Цыц, цыц!» – нахілілася маладзіца над калыскай, захінаючы сябе даматканым полагам, што звешваўся з аднаго боку на вяроўчатых почапках ледзь не з-пад самае столі. Дапаўшы да матчынай грудзі, малое тут жа ўлагоджана сціхла, акурат захлынулася малаком, і ў хаце запанавала цішыня.

– А я вось што скажу вам, бабы,– кінуў у гэтую цішыню першае слова гаспадар; ён стаяў у сенцах па той бок парога, усё роўна як прыйшоў сюды не разам, а толькі што, ды прыпыніўся ад нечаканасці на момант, здзіўлены, што ў ягоную хату набілася столькі незнаёмых жанчын; цяпер усе верамейкаўцы ўбачылі, што гэта быў мужчына гадоў пад трыццаць, якраз да пары маладой гаспадыні, хоць і выглядаў не такім мажным, як яна; дзіва, аднак і з твару яны мелі паміж сабой падабенства, жонка і муж,– былі аднолькава смуглявыя, а найбольш збліжала іх у гэтым падабенстве, бадай, тая нясмелая, амаль сарамлівая ўсмешлівасць (іначай яе не назавеш), што ўзнікала ў цёмных вачах, калі яны пачыналі зацікаўлена ўглядацца ў каго.– Гэта ваша шчасце яшчэ, што хоць так выйшла – і гэтую я прымусіў на гародзе схавацца, і тую немцы не павезлі з сабой, а ў камендатуру здалі.

– Ага,– заківалі галовамі жанчыны.

– Але як яе выбавіць адтуль? – асобна падала голас Анэта Прыбыткова.

– Добра было б, каб немцы зусім перадалі яе ў паліцыю,– акурат услых разважаючы, прамовіў гаспадар.

– Што б тады было?

– Дак... у Яшніцы начальнікам паліцыі кум наш. Пацана гэтага насіў хрысціць.

Кабеты з нечаканасці пераглянуліся – маўляў, сапраўды кум куму не адмовіць.

– А ці паслухаецца ён вас?

– Павінен паслухацца,– упэўнена, нават з адценнем самаздаволенасці, адказаў гаспадар.– Я вось толькі думаю, што адкладваць на заўтра гэтага не трэба. Лепей паспрабаваць уладзіць справу шчэ сёння. Як вы мяркуеце?

– Ну да,– ухапілася за гаспадарову прапанову Палага Хахлова,– трэба пагаварыць з чалавекам, можа, і праўда возьме Дуню ад немцаў?

– Тады вось што,– разважыў гаспадар,– хадземце да кума. Але не гамузам. Ты вось, як старэйшая, можаш пайсці са мной,– паказаў ён на Палагу,– і яна.– Позірк яго лёг на Розу Самусёву.– Няхай паглядзіць, што дарэмна немцы прычапіліся, ніякая ты не яўрэйка. Дакументы ж хоць ёсць?

– Адкуль яны ў нас?

– Ладна, скажу куму, што знаёмыя. І вы таксама ў адзін голас пацвярджайце, моў, начавалі не раз у маёй хаце, як на кірмаш з Верамеек сваіх прыязджалі.

Жанчыны на гэта ўцямліва заківалі галовамі.

– Да ўжо ж...

Тады гаспадар пацёр адна аб адну рукі, нібыта ад здаволенасці, што выпала заняцца чужой справай, і весела гукнуў на хату:

– Мы хутка вернемся. А вы тут вячэру згатуйце. Варыце бульбу. Ды паболей, бо во колькі сабралася вас. І, нябось, усе есці хочаце?

З гэтымі словамі ён выйшаў з сенцаў на вуліцу.

Тым часам Палага Хахлова кінулася да Гэлі Шарахоўскай, шапнула:

– Давай свае залатоўкі!

– Навошта? – збянтэжана спытала тая.

– Давай, давай,– не стала вельмі тлумачыць Палага.

Адвярнуўшыся да сцяны, Гэля злазіла к сабе ў запазуху, выняла загорнуты ў насоўку, як яна казала, матчын пасаг, аддала настырнай кабеце.

– Ну во, цяпера вярней будзе! – усклікнула здаволеная Палага і ўжо зусім весела падала знак Розе ісці з хаты.

У змроку – месяц сёння яшчэ не паспеў узысці – яны ледзьве адгадалі гаспадарову постаць. Той акурат слізгаў ці ляцеў кажаном спярша па нябачнай сцежцы ад хаты, затым па местачковай вуліцы, нават не чуваць было тупату ног, не тое штоб спатыкнуўся раптам або яшчэ нейкім чынам нарабіў шуму. Затое спадарожніцам яго даводзілася нялёгка, каб адно паспяваць за ім – разбітая, няроўная дарога ўвесь час нібыта раскрывалася, правальваючыся перад імі, ажно захалынала сэрцы.

– Значыць, мужыкоў сваіх не знайшлі ў нашым лагеры? – нарэшце спытаў спагадлівы чалавек.

– Не,– адказала Палага Хахлова.

– А яно ўжо, мусіць, у Яшніцы мясцовых і няма нікога,– пачакаўшы, пакуль кабеты наблізяцца зусім, сказаў ён.

– Ага, здаецца, няма,– згадзілася Палага.– Пра ета таксама казаў адзін на царкоўным двары. Кажа, мы тут усе то з Масквы, то яшчэ адкуль здалёку, а вашых няма. Кажа, можа, у Крычаве вашы?

– Ну, там могуць быць,– як пра нешта само па сабе зразумелае сказаў чалавек.– Нездарма ён завецца перасыльным пунктам ваеннапалонных. Але, каб ведалі, у крычаўскім лагеры нават здаровы чалавек доўга не працягне. Гэта не тое, што тут, у Яшніцы. І параўнаць нельга. Тут ужо працаваць прымушаюць. Ну, а калі працы ад чалавека патрабуюць, то і карміць хоць неяк, а мусяць. А ў Крычаве – там ні яды не даюць, ні лекаў. Як не трапіў адтуль куды-небудзь адразу, то, лічы, прапаў, небарака. Альбо немцы скрозь агароджу прыстрэляць, альбо сам з голаду здырдзіцца. Я брата шукаў там, дык бачыў. Думаў, і брат недзе папаўся немцам, але не, дарэмна толькі кума турбаваў, каб даведкі розныя для абодвух у немцаў выпраўляў.

– Не папаўся брат?

– Хто яго цяпер ведае! Гэта ж каб крычаўскі лагер апошні з усіх быў, дык ужо дакладна ведаў бы. А так падумаў, што ў палоне, ну і з’ездзіў, каб пасля клопату не мець, бо сумленне замучае, калі што якое. Але я пра кума таксама пачаў. Не павязло яму ў жыцці, куму майму, хоць сам чалавек ён добры. Якраз у маі гэтым, перад вайной, згарэў. Уначы. Хутчэй за ўсё ад маланкі. Але самога тады не было ў Яшніцы, дык і жонка згарэла і двое пацаноў. Словам, чалавек сербануў гора. Гаварылі мы неяк з ім і пра лагеры. Сапраўды, дзіўна – чаму раптам немцы пачалі дазваляць сяму-таму пакідаць іх? Аднаму выдадуць пропуск, так, сапраўдны пропуск, каб вяртаўся дамоў, а другога жонцы аддаць не пашкадуюць за кавалак сала, калі прыйшла ды пазнала свайго? Аказваецца, не таму, што немцы пагалоўна добрыя па натуры. На гэта загад ёсць вышэйшага камандавання. Баяцца, што ў лагерах заразныя хваробы пачнуцца. Ну, тыфус там розны ці яшчэ якая чума. Адным словам, баяцца, каб не перакінуліся гарачай парой хваробы з ваеннапалонных на войска, бо заразная вош можа з’есці хоць якую, нават доблесную армію. Вось генералы нямецкія якраз таму і спалохаліся. Але як я сабе думаю, то дабрата іхняя працягнецца толькі да першых моцных маразоў. Тады ніякай заразы не трэба будзе баяцца. Як захварэеш, то тут жа на марозе і адубееш, і вош твая не ўратуецца, нават калі і ў кішэні.

– Да ўжо ж,– згадзілася з павадыром Палага Хахлова.

– Так што спяшайцеся, бабы, шукайце сваіх мужыкоў. А не, дык ратуйце чужых.

Сказаўшы гэта, чалавек крута павярнуў налева, у нейкі вузкі прасценак паміж платоў.

– Ідзіце за мной,– кінуў ён назад.

Нават у цемнаце было відаць, што прасценак паступова шырэў наперадзе, пакуль нарэшце не вывеў на шырокі выган, таксама абгароджаны з бакоў платамі. На краі гэтага выгана, ужо на самым водшыбе ад местачковай вуліцы, свяцілася вокнамі хата.

Па тым ужо, што ў хату належала заходзіць не з сенцаў, а проста з выгана – адно адчыні знадворку дзверы ды перасігні парог, льга было меркаваць, што чалавек жыў у ёй нядаўна.

Старшы паліцэйскі якраз вячэраў. Ён сёрбаў варыва драўлянай лыжкай проста з чыгунка, трымаючы ў левай руцэ вялікую лусту хлеба, адкроеную ад буханкі, спечанай не ў хатніх умовах, на подзе ў печы, а ў пякарні,– няйначай, атрымаў на свой паліцэйскі паёк. Здавалася, каб адкусіць ад такога кавалка, мала будзе звычайнага чалавечага рота, аднак паліцэйскі аплятаў хлеб без асаблівай нязручнасці для сябе: быў ён чалавек шырокі ў плячах, з вялікай галавой і, адпаведна, з буйнымі рысамі твару. Ён не ўскочыў з-за стала насустрач увайшоўшым, нават не зрабіў лішніх рухаў, акрамя ўсё тых, што патрэбны былі пры вячэры, аднак галаву падняў адразу.

– А, гэта ты, кум? – прамовіў ён акурат расчаравана.– Ну, пасядзі трохі, а то я сёння забегаўся дужа, дык не было калі нават паесці.

Кум у адказ кіўнуў галавой, маўляў, зразумела, такая служба, і дастаў для сябе нагой з-пад вялікага драўлянага ложка нізенькі слончык, спрытна падчапіўшы яго наском бота.

Здавалася б, з усіх чатырох, хто прысутнічаў цяпер у хаце, найперш мелі патрэбу ў адпачынку здарожаныя верамейкаўскія кабеты, асабліва Палага Хахлова, якая, лічы, ад самага світанку была на нагах, але ім не паказалі, куды сесці. Зрэшты, нічога дзіўнага не было ў гэтым – просьбіткі ж!..

Пакуль кумы кожны заняты быў сваім – адзін зацята, як напаказ, нібыта дражнячы галодных, сёрбаў варыва, няспешна носячы лыжку з чыгунка да рота і назад, а другі моўчкі сядзеў і цярпліва чакаў, калі згаладалы гаспадар нарэшце апрастае чыгунок, каб пагаварыць аб справе, якая прывяла сюды яго з гэтымі чужымі жанчынамі. Палага Хахлова з Розай Самусёвай, стоячы ў парозе, амаль у прыцемках, бо святла ад лямпы не хапала на ўсю хату, паспелі кінуць вокам па хаце з кутка ў куток. Наогул, яна, гэтая хата, хутчэй нагадвала нейкую вартоўню, чым жылы будынак. Нават гармонік, што вісеў на сцяне па-над голым, без дзяруг і падушак, ложкам, не надаваў ёй патрэбнага выгляду.

Але вось паліцэйскі аблізаў з усіх бакоў лыжку, неяк паглядзеў на яе бліжэй да лямпы, быццам хацеў пераканацца, што на ёй нічога не засталося, тады паклаў нізам на край чыгунка і спытаў:

– Дык гэта яны?

– Ага,– стомленым голасам адказаў кум.

Паміж імі ўжо, няйначай, ішла сёння ў нейкім месцы гаворка пра верамейкаўскіх кабет і пра тое, што здарылася з імі ў Яшніцы, бо нездарма паліцэйскі адразу спытаў так, а потым акурат невідушчым зрокам доўга глядзеў у парог, дзе Роза Самусёва і Палага Хахлова ўніжана чакалі вырашэння Дунінага лёсу.

– І бывае ж у цябе ахвота, кум...– засмяяўся нарэшце паліцэйскі, але ўсё ж дакончыў сваю думку ўголас: – Кажа, і ахвота табе лезці не ў сваю справу. І заўсёды вось так. Колькі я помню цябе, дык ты калі не з адным, то з другім. То раптам сабаку пакалечанага чужога прыгрэеш, то чалавека якога-небудзь гнілога дамоў прыцягнеш. А цяпер вось нейкія бабы. Адкуль жа хоць яны?

Палага Хахлова зразумела па размове, што час ужо ёй выйсці на хату з прыцемак зусім ды абазвацца там сваім голасам.

– З Верамеек мы,– сашчапіўшы рукі на жываце, выступіла яна і ныкнула галавой у паклоне.

– З якіх Верамеек? З тых, што пад Чавусамі?

– Не, мы з другіх,– адказала Палага.– Мы з тых, што па Бесядзі ўніз.

– А-а-а,– зразумеўшы, заківаў галавой паліцэйскі.– Дык каторая з вас жыдоўка? – І, адводзячы позірк ад Палагі ў прыцемак, з усмешкай усклікнуў: – Пэўна ж не ты!

Тады Палага крутанулася на босых нагах і як не выхапіла з парожжа вялую і непадатлівую Розу Самусёву.

– Ну, якая яна вам яўрэйка? – павышаючы скорагаворкай голас, з надрывам, быццам пакутуючы ад раптоўнага прыступу даўняга болю, паказала яна на разгубленую маладую жанчыну абедзвюма рукамі, узняўшы іх на ўзроўні плячэй перад сабой.– Ці ж вы не бачыце па твары, што яна наша, верамейкаўская, і бацька яе ніякі не яўрэй, і маці вясковая баба. Ну і што, што чарнявая? Дак ці мала ж сярод нашых таксама чарнявых? А яны – яўрэйка! Ну, ладна, няхай немцы, дык яны, можа, зусім нічога не тулумкаюць, а вы-то? Што, і вы не ўгадваеце па твары, якая яна яўрэйка? І-і-іх!..

– Цыц, баба! – чамусьці паставіў локцем руку на стол паліцэйскі і павадзіў з боку ў бок растапыранай далоняй.– Цыц! А то галава распухае. Я і сам бачу, што яна не жыдоўка. Толькі ў адрозненне ад цябе, цётка, я не па твары гэта ўгадваю, а па нагах. Яўрэек трэба пазнаваць па нагах. Ды ладна, зараз не пра гэта. Мне цікава ажно, што думала сабе тая ваша, другая, калі на немцаў з кіпцямі кідалася?

– Хто, Дуня? – нібыта здзівілася Палага Хахлова.

– Дуня, Дуня!

– Дак...

– Яна ж не кідалася сама!..– нясмела падала свой голас і Роза Самусёва.– Ета салдаты яе хацелі, дак яна...

– Аказваецца, вунь што! Цнату бараніла! – падміргнуў паліцэйскі куму.– Надумаліся, што бараніць. Ды калі хочаце ведаць, то ні адзін немец, каб вы нават і прасіліся, не падышоў бы да вас без мыла. А цяпер вось ламай галаву, разбірайся з вамі. Гэта хваліце яшчэ бога, што натрапілі на кума майго, на гэту жаласлівую душу, а то б... і разбірацца доўга не сталі. Так, і разбірацца б не сталі. Ведаеце, што бывае за супраціўленне ваенным уладам? А куму майму таксама трэба і ў гэта нос сунуць!

Гаворачы ўсё гэта, паліцэйскі ўвесь час не зводзіў вачэй з кума, але той сядзеў, ссутулены, на слончыку і, здавалася, абыякавы быў да ўсяго, што рабілася ў хаце, нібыта клопату яму хапіла адно прывесці сюды гэтых жанчын. Таму паліцэйскі ажно гукнуў:

– Ці мо заснуў, Піліп?

– Заснеш з вамі! – паволі падняў галаву госць, акурат баяўся, што раптоўны і рэзкі рух сапраўды выдасць яго.

– Але ж, мусіць, праслухаў, што я тут гаварыў,– ледзь не пакрыўджаным голасам сказаў паліцэйскі.– Дык я нанава скажу табе. Тое, што гаварыў і раней, калі ты адзін прыходзіў да мяне. Добра, памагу табе і ў гэтай справе. Схаджу заўтра да бургамістра. Не, лепей не да Смяглікава. Схаджу адразу да каменданта, раз з немцамі бойка звязана. Няхай аддадуць бабу нам, і закрыем гэтым справу. Так і запішам – гэта не жыдоўка, а тая – чэсць сваю жаночую бараніла, думала, што... Словам, не пра тое падумала баба ды кінулася кошкай згарача вочы драць.

– От дзякуй вам, добры чалавек! – падумаўшы, што нарэшце ўсё абышлося, пачала ныкаць уніз галавой Палага Хахлова.– І самі будзем дзякаваць, што з бяды етакай выбавілі нас, і дзецям сваім накажам, каб ведалі ды шанавалі заўсёды, і мужам раскажам пра ўсё, як вернуцца з вайны...

– Ясна, і ўнукам, і праўнукам! – падхапіў паліцэйскі, але з ухмылкай на вуснах, усё роўна як не верыў, што людзі наогул здольныя на нейкую там удзячнасць, альбо проста не надаваў усяму гэтаму аніякага значэння.

– Дак а што? І ўнукам, і праўнукам! – не разгубілася Палага Хахлова.

– Ну, дапусцім, ад вас я ўдзячнасці не чакаю,– махнуў рукой ад сябе паліцэйскі, але сказаў ужо мякчэй трохі і, бадай, не так насмешліва-няверліва, як перад гэтым.– Не вы мяне знайшлі, і не вам я падахвоціўся памагчы. Тут кум мой, Піліп, галоўную скрыпку іграе, з яго і спагнанне маё, ад яго і ўдзячнасць буду патрабаваць. Ну як, Піліп?

– Дык хто ж за добрую справу дзякуй пашкадуе даць? – зварухнуў загадкавай усмешкаю вусны кум Піліп.

– Але ж ты ведаеш нашу ўмову? – выцягнуў шыю чамусьці павесялелы паліцэйскі.– Давай канчаткова дамаўляцца: я да каменданта свайго іду ўранку, і няхай твае кабеты гэтыя коцяцца па дарожцы, куды ім зажадаецца, а ты – мне заяву на стол.

– Кум, не пра тое ты зноў гаворыш,– пакутліва выпрастаў ссутуленую спіну Піліп.– Ведаеш, як у святым пісанні сказана пра гэта?

– Успомніў што! – смыкнуў шчакою паліцэйскі.– Ты прачытаў бы, што пішуць у самым найноўшым завеце. Вось падзівіся, пачытай.– Ён вылез з-за стала, падышоў да сцяны, дзе на цвіку вісела нейкая хатняя апранаха, выняў з кішэні яе складзеную ўдоўжкі газету.– Цяпер трэба жыць па гэтым пісанні. На, чытай.

– Але ж... хто старое забудзе, таму вока вон,– беручы з рук паліцэйскага газету, буркнуў Піліп.

– Э-э, не! – сядаючы перадам на хату край стала, зацята закруціў галавой паліцэйскі.– Гэта ты перайначыў. Хто старое памяне, таму вока вон, вось як трэба правільна.

Госць разгарнуў перад сабой на дзве рукі газету, і ўсім адразу кінулася ў вочы назва: «Менская газета ».

– Гэта цяпер такая выходзіць? – глянуў на гаспадара прышлы кум.

– Сам жа бачыш па загалоўку.

– Палучаеш?

– Не, гэта бургамістру хтосьці прывёз цэлы пук з Мінска, дык ён і мне адну пачытаць даў. Нам газеты яшчэ не прысылаюць. А то, кажуць, зноў і падпіска будзе, калі хто пажадае дома атрымаць, і так. На службу будуць па пошце газеты прыходзіць. Словам, усё, як і належыць, хутка наладзіцца. Толькі вось, паглядзеў я, дорага выходзіць. Бачыш, напісана цана: дзесяць фенінкаў па-нямецку, альбо адзін рубель па-нашаму. Дык дзе тых рублёў цяпер набрацца, калі і праўда давядзецца плаціць па рублю за газету. Гэта ж каб накапіў іх хто дасюль. Таксама і без газет быццам нельга. Дык там, унізе злева, чытай.

Але кум Піліп яшчэ спытаў:

– Ну, а немцы, як плаціць за службу збіраюцца? Венікамі ці савецкімі?

– І савецкімі, і сваімі,– усё роўна як не пачуўшы Піліпавых «венікаў», сур’ёзна адказаў гаспадар.– Здаецца, палавіну жалавання тымі, а палавіну тымі. Праўда, адзін к дзесяці: адна марка – дзесяць рублёў каштуе. Я нават здзівіўся тут. Паўсюды паздымалі партрэты Леніна, Сталіна. Ну, думаю, а што будуць рабіць з чырвоненькай трыццацірублёўкай? Там жа таксама Ленінаў партрэт. Ажно не, не чапаюць. Вось што значыць грошы, капітал. Цэннасць. Вышэй нават за палітыку!

– Гм,– хутчэй ад здаволенасці, чым ад здзіўлення, пакруціў галавой Піліп.

– Ну, чытай,– падагнаў яго гаспадар.

Нарэшце госць, як і падказваў гаспадар, кінуў вокам ад загалоўка ў ніжні левы кут газеты. Там пад агульнай шапкай «У вапошнюю хвіліну» была змешчана інфармацыя – «Цімашэнка звольнены. Будзённы на Лубянцы».

Зразумела, што мала хто цяпер устрымацца здольны быў, каб не прачытаць гэта паведамленне «Менскай газеты» да канца. Піліп таксама старанна, ледзь не сапучы ад унутранай напятасці, проста глытаў кожнае слова. Не паспеў ён падняць галавы ад газеты, як старшы паліцэйскі задзірліва, быццам у даўнюю адпомсту, сказаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю