Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 22 страниц)
Нехта з кабет утарапела войкнуў – ну і Палага!..
– Уцякайма! – крыкнула тады, як не сваім голасам, Роза Самусёва, і ўсе кабеты, акрамя Палагі, кінуліся спалоханай чарадой у лес.
Між тым Палага стаяла натапыраная, гатовая яшчэ раз ударыць паліцэйскага, калі той паспрабуе сунуцца да яе: нездарма ж яна вяла зацятую бойку з мужам! Ды і не спалохалася яна зусім, проста не думала, што трэба і ёй некуды бегчы адсюль.
Тым часам паліцэйскі агоўтаўся ад нечаканага ўдару і ўжо гатовы быў у шаленстве накінуцца на жанчыну. Яму нічога не складала ў момант расправіцца з ёю, прынамсі, так яму здавалася, бо якая б задзірыстая ні была гэтая кабета, а сілы на яе ў яго хапіла б. Але раптам вартавы немец, на вачах якога адбылося нечаканае здарэнне, гучна зарагатаў і стаў паміж Палагай і паліцэйскім. Што ім кіравала пры гэтым, сказаць цяжка. Можа, проста зрабілася смешна, што пажылая і вельмі нехлямяжая баба адважылася на ўчынак, які дагэтуль яшчэ ніколі не даводзілася бачыць яму. Тым больш што побач, на траве, ляжала даволі розных прысмакаў, якіх хапіла б нават на цэлую эскадрыллю, а не тое, што на трох.
– Вэг11, – адпіхнуў ён паліцэйскага і, павярнуўшыся да таго лётчыка, што якраз падыходзіў у гэты момант к дарозе, зноў зарагатаў.
– Хаст ду гезен, вас да лёс іст?12
– Айн шёнэс хандгемэнге. Да хаст ду кайн Ойропа. Ды зітэн зінд хірцуляндэ толь фэрлецт. Іх унд Вольфганг майнтэн, дас эр унс лібе дынге ін райхер аўзваль цум гекнуч геліферт13.
– Эс іст эбэн зовайт, – зусім весела сказаў вартавы. – Вас хіндэрт ойх дэн дран цу шпайзэн, да эс ойх шмэкт?14
– Ду дарфст дан зэльбер дызэ альтэ кахель кляінкрыген. – Ён сеў на дыбачкі і пачаў перабіраць рукамі слоікі, кавалкі сала, яйкі і іншыя смачныя рэчы. – Іх абэр хабэ вас андэрэс цу тун. О, гут, гут!15
– Ге шон вэг!16 – зрабіў злосны твар вартавы, паказваючы Палазе, каб тая выбіралася прэч.
Не выпускаючы з рук хатылёк, за які яна здолела ўсё-ткі пастаяць, Палага была памкнулася назад, але хутка абдумалася і рыўком, усё роўна як з неймавернай лёгкасцю, можа, не чуючы пад сабою і ног, кінулася паўз небяспечнае месца па дарозе наперад.
Паліцэйскі, вядома, не разумеў, чаму раптам немец не дазволіў яму даць сапраўднага пытлю гэтай задзірыстай сухарэбрыне (іначай ён і не думаў цяпер пра яе), аднак ад далейшай спробы адпомсціць ёй адмовіўся – збянтэжаны, ён зацяў у сабе злосць, якая ажно распірала яго, адно крыкнуў з абуранай прыкрасцю наўздагон:
– Нічога, я цябе яшчэ перастрэну, паскудніца! А не – дык і ў Верамейках адшукаю!
Здавалася б, чаго ўжо лепей – уцякай сабе як падалей ад заборцаўскага злыдня, таксама і ад немцаў, але не, Палага і тут не прамінула паказаць свой характар, павярнулася і гукнула зусім па-вясковаму ў адказ:
– Пацалуеш ты мне..! – Пры гэтым яна не пасаромелася ўслых дадаць і апошняе слова.
Ад бездапаможнасці, што нічога не можа зрабіць ёй, паліцэйскі прытворна хіхікнуў, маўляў, што ты з дуры бабы возьмеш, а тады паспешліва замітусіўся, кідаючыся памагаць немцам пераносіць да вогнішча нарабаваны ў верамейкаўскіх кабет харч. Ён нават знарок не глядзеў у той бок, дзе шыбавала па дарозе Палага, даганяючы збегшых таварышак.
К гэтаму часу тыя ўжо таксама ўзбіліся на дарогу, балазе, за паваротам з-за дрэў не было відаць ні немцаў з іх падбітым самалётам, ні паліцэйскага.
– Заб’юць тама адну Палагу, яй-богу заб’юць! – спахапілася, ледзь не ламаючы рукі, Гэля Шарахоўская.
Тады і другія кабеты занепакоіліся, хоць у саміх страх таксама яшчэ не прайшоў.
А Варка Касперукова з дакорам сказала:
– Ну, што ў яе тама ўжо было такое, што не захацела аддаць?
– Ага, – падтакнула ёй Анюта Жмэйдава, – добра, калі хоць скаромніна, а то й зусім, можа, гуркі-насеннікі.
Салдаткі гаварылі так – то асуджалі, то шкадавалі Палагу, а самі чуйна, з кволай трывогай, ад якой знібелі сэрцы, услухоўваліся, каб, не дай бог, і праўда не грымнуў у тым баку стрэл. Адбегліся яны не зусім далёка ад таго месца, дзе іх затрымаў немец, таму і Палазе Хахловай не складала цяжкасці дагнаць іх.
– А мы думалі... – убачыўшы нарэшце яе жывую і цэлую, толькі і сказала Гэля Шарахоўская, але пры гэтым чамусьці запытальна паглядзела на сваіх спадарожніц, быццам хацела, каб тыя пацвердзілі гэта.
Палага нікому не адказвала, толькі цяжка дыхала.
Кабеты памаўчалі колькі часу, усё роўна як даючы магчымасць ёй прыйсці ў сябе, аддыхацца, затым Дуня Пракопкіна сумна сказала:
– Давайце падумаем, бабы, як нам ісці далей.
– Дак мы ж дамовіліся, – насцярожылася Анюта Жмэйдава. – Пойдзем на Канічы, тады на Батаева.
– Я не пра ета!.. – не паглядзеўшы на яе, нахмурыла твар Дуня. – Я пра тое, ці варта нам цяпера зусім ісці ў тую Яшніцу.
– Як ета? – не зразумела яе Варка Касперукова.
– Дак, – Дуня паказала пустыя рукі. – Самім дайжа нічога няма на зуб пакласці, не тое, што мужа накарміць да выкуп за яго даць.
– Дуня праўду кажа, – як не ў адзін голас адразу загаманілі кабеты, быццам чакалі зручнага моманту, але, мусіць, не толькі таму, што немцы з дапамогай заборцаўскага паліцая нечакана адабралі ў іх прыпасы, разлічаныя на лагерную ахову; пасля таго, што здарылася з імі ў гэтым лесе, найбольш бянтэжыла невядомасць, якая чакала наперадзе; каб павярнуць назад, здавалася, не хапала аднаго прыкладу.
Гэля Шарахоўская выразна адчула гэта і памкнулася адвесці небяспеку. Чамусьці звяртаючыся толькі да Пракопкінай Дуні, яна з запальчывай горыччу, акурат моцна пакрыўджаная, сказала:
– А я пайду! Пайду хоць і ні з чым! А раптам Андрэй тама? Дак хоць пагляджу на яго, буду ведаць, што жывы, што не забіты. Тады другі раз прыйду. – Яе ўпартасць была больш чым пераканаўчая, і калі яна пасля кароткага перапынку, выкліканага ўнутранай усхваляванасцю, зноў кінула з дакорам: – Вы сабе як хочаце, а я пайду! – салдаткі зрушылі з месца.
Спыняцца на сняданак у Ключы не было з чым. Прыпадаючы на руках да крыніцы, жанчыны адно па чарзе напіліся халоднай вады, ад якой заходзіліся зубы. Латвей было тым, хто не пакладаўся цалкам на дарогу, ды яшчэ дома перахапіў чаго наперад, гэтыя і пілі цяпер з большым смакам.
Дагэтуль ніхто не ведаў, што брала каторая з сабой, а тут раптам, напіўшыся вады, пачалі як ні хваліцца.
– Мне ж свякруха напакавала-ткі торбу, – уздыхнула, выдаючы сакрэт, Галя Шарахоўская. – Здаецца, усяго хапала тама. Усе леташнія і сёлетнія прыпасы сабрала. Нават груздоў салёных слоік не пашкадавала. Во недзе раскашуюць цяпера немцы!
– Да й паліцай, мусіць, не застанецца ў накладзе, – акурат зайздросцячы, сказала Анюта Жмэйдава.
– Ну, тваім ужо дак наядуцца яны, – насмешліва кінула ёй Анэта Прыбыткова, помнячы, як тая паказвала паліцэйскаму акраец з падгарэлай скваркай.
А Гэля Шарахоўская раптам прызналася:
– Добра, што немцы хоць не здагадаліся пра мае залатыя пяцёркі. Я іх пад цыцку сунула, дак дзе тама здагадацца. Столькі берагла!.. Яшчэ матка, нябожчыца, на пасаг давала.
– Ну во, аказваецца, у Гэлі і золата ёсць! – павяла па ўсіх прыжмуранымі вачамі Анюта Жмэйдава.
– Дак у Шарахоўскіх, можа, яшчэ і не ета знайшлося б, каб добра пакапацца, – засмяялася Варка Касперукова, але без асаблівага намеру, проста так.
– Нягож, цэлыя гаршкі ў бяросце з золатам стаяць! – смыкнула ад прыкрасці Гэля, ужо не радая, што прызналася.
– Ета міліцыянеры не ведалі, каго на вочапе ў калодзеж апускаць, – азвалася тады Прося Рацэева. – Трэба было адразу за Шарахоўскіх брацца, а яны дзеда майго ў калодзеж пасадзілі.
– Але ж таксама не дарэмна! – усклікнула Анюта Жмэйдава.
– А табе адкуль ведаць? – незалюбіла Прося.
– Дак расказвалі ж...
– Ці мала чаго могуць нагаварыць. А ты плявузгаць будзеш.
– Сціхніце вы, бабы, – нарэшце не ўцерпела Палага Хахлова і чамусьці нахіліла да пляча галаву, зрабіўшы пры гэтым пакутлівы твар. – А то дагаворыцеся, што адна адной пасля голае месца паказваць будзеце. Усяго вам шкода. Усяго ў вас хапала. А мне вось свайго,– паказала яна вузельчык, – дык і нічуць не шкода, хоць я яго і не аддала немцам. Бо няма тут нічога такога, каб шкадаваць. Адзін кавалак сала і той без хлеба. Цяпера як будзем есці яго? Не панясу ж я ў Яшніцу яго, раз усе галодныя будуць. Нябось, самі хутка вырвеце з рук.
– Ну што ты, Палага! – паспрабавала суняць яе Анэта Прыбыткова.
– А то я сама не ведаю, што трэба падзяліцца. Зараз во зойдзем за Бялынкавічы да й падсілкуемся разам. Балазе і вада тама ў Бесядзі знойдзецца.
– Вады і етай, што ў Ключы напіліся, ужо да самага вечара хопіць, – засмяялася раптам Роза Самусёва, здаволеная Палагінай пакладзістасцю.
– Нічога, яшчэ не раз захочаце. Вечар далёка. А сала маё, каб ведалі, леташняе. Солі на ім столькі, што й нажом не саскобліш. Так што...
Ужо на выхадзе з лесу, якраз як збочыць на другую дарогу, што вяла паўз Калодліва на Бялынкавічы, вачам кінулася дашчэчка, прыбітая ў чалавечы рост на бярозе. Завостраным канцом дашчэчка гэта паказвала ў той бок, куды кіраваліся верамейкаўскія жанчыны. Рускімі літарамі ў некалькі радкоў на ёй паведамлялася, што бліжэйшыя лагеры «для чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія не паспелі здацца ў палон», размешчаны ў бліжэйшых населеных пунктах. Другой сярод іх была ўказана Яшніца.
– Ну во, – зніякавела ўскінула бровы Дуня Пракопкіна, – тута будзеш тыдзень шлындаць па етых лагерах і ўсе не абыдзеш!..
ІХ
Торгаючы лейцамі, Брава-Жыватоўскі выкіраваў каня на вясковую вуліцу і павярнуў яго налева, каб ехаць у Бабінавічы па канаплёўскім канцы. Спярша ў Зазыбы з’явілася жаданне паправіць Брава-Жыватоўскага, бо не хацелася разам з ім ехаць на віду ўсёй вёскі, да таго ж і дарога сюды была даўжэйшая, акурат на такую адлегласць, колькі займала вуліца, аднак у час перадумаў – можа, паліцэйскі меў намер па шляху забегчы яшчэ дамоў. Але дарэмна. Той не спыніў каня насупраць сваёй хаты. Значыць, ён проста спачатку ўзяў сабе ў галаву ехаць у мястэчка кружна, паўз Халахонава хацішча. Праўду сказаць, у выбары дарогі не апошнюю ролю магла адыграць і прывычка, бо канаплёўцы заўсёды кіраваліся ў Бабінавічы гэтым шляхам.
– Сын твой таксама павінен будзе з’явіцца ў валасную ўправу, – буркнуў паліцэйскі, калі яны з грукатам пераехалі першы масток за вёскай. – На ўлік трэба стаць, і ўсё такое.
– Ага, – думаючы пра другое, кіўнуў Зазыба.
Тады Брава-Жыватоўскі павярнуўся тварам да Зазыбы і ўсміхнуўся, акурат падахвочаны.
– Якраз дарэчы ён дамоў прыйшоў.
– Адбыў сваё, то і прыйшоў.
– А мне не абавязкова ведаць, адбыў Масей свой тэрмін ці не. Урэшце, сам скажа дзе трэба. Але што дамоў вярнуўся, не стаў бадзяцца, гэта добра. І бацьку выгада будзе, і самому можна ўлаштавацца як след. Немцам таксама адукаваныя людзі патрэбны.
– У яго свая галава на плячах, няхай сам думае. А выгады мне ад яго прыходу ніякай. Іншая справа – радасць.
– Не скажы. Выгада ёсць.
– Штосьці мне няўцям яна.
– Ну, а хоць бы ўжо тое, што Масей вярнуўся з турмы?
– Гм, вялікая ўцеха! Ды і пры чым тут турма?
– Гледзячы якая. Ён жа не злодзей і не забойца, а палітычны. Значыць, у яго разыходжанне з савецкай уладай было. Ну, а цяпер такія людзі ў цане.
– Вунь ты пра што? – нявесела ўсміхнуўся Зазыба. – Значыць, за сына і мне цана вышэй будзе? Так я цябе зразумеў?
– Так.
– Але ж немцы, мусіць, яшчэ не ведаюць пра Масея?
– Чаму гэта не ведаюць? – усё роўна як абурыўся Брава-Жыватоўскі.
– Адкуль жа ім стала вядома? – кінуў цікаўны позірк на свайго субяседніка Зазыба.– Сам кажаш, яму трэба яшчэ з’явіцца ў воласць, адзначыцца.
– Ну і што? Гэта ж адзначыцца, але... Словам, ты, Зазыба, не думай, што новая ўлада нічога пра нас не ведае. Ведае, ды яшчэ і як.
– Выходзіць, ты мой дабрачынец? – насмешліва спытаў Зазыба. – Значыць, табе трэба дзякуй сказаць?
– Ну, з гэтым яшчэ паспееш, – паблажліва адказаў Брава-Жыватоўскі.
– Праўда, паспею, – не мяняючы насмешлівага тону, згадзіўся Зазыба. – Але датуль давай мы з табой, Антон, дамовімся так: ты не робіш мне ніякай дабрачыннасці, а я не маю патрэбы ні ў чыім даверы. Па-першае, я ўжо не такі малады, каб думаць аб кар’еры, асабліва пры новай уладзе, а па-другое, для мяне цяпер важней не тое, хто мне давяраць збіраецца, і як, галоўнае, каму давяраць думаю я. Скажу шчыра, да цябе ў мяне даверу няма.
– Дарэмна.
– Не ведаю, але сказаў я, што думаў.
– Дарэмна, – паўтарыў Брава-Жыватоўскі і дадаў: – Цяпер табе не абысціся без мяне.
– Бачу, табе нечага дужа хочацца павязаць адной вяроўкай з сабой і мяне, і сына майго.
– Вяроўкі я не ўю, ты тут памыляешся, але кампаніі тваёй не цураюся.
– Вядома, не з Драніцай жа ўвесь час якшацца? Хопіць таго, што ён падвёў цябе каля крыніцы. Усё хваліўся, што можа па-нямецку, нашы мужыкі нават паверылі, што ён перакладчыкам пры табе, а як да справы дайшло, то лупцоў паспытаць давялося. Ды і немец той таксама нейкі шалапутны – не пазнаў свайго. Помніш, як у тым жарце?..
– Ну, чыя карова мычала, а твая маўчала б, – стараючыся быць спакойным, сказаў Брава-Жыватоўскі. – Твае таксама не меней шалапутныя. Мяне хоць плёткай, а цябе дык і зусім ледзьве са свету не зжылі. Так што дарэмна папікаеш.
– Ды я гэта к слову, – быццам і праўда пашкадаваў Зазыба, што неўзнарок напомніў паліцэйскаму непрыемнае.
– Дык у мяне таксама к слову прыйшлося, – прытворна, але яўна з іроніяй, павініўся Брава-Жыватоўскі.
– Будзем лічыць, што мы квіты.
– Квіты дык квіты, – лёгка згадзіўся паліцэйскі.
Але дарэмна ён спадзяваўся на квіты. Праз нейкі момант Зазыба сказаў:
– А парсюка з фермы вы няправільна ўзялі з Драніцам. Не мелі права.
– Глупства, – паспрабаваў адмахнуцца Брава-Жыватоўскі. – Лася ж неяк трэба было ўпарадкаваць.
– Калгасная ферма – не ўласны хлеў. З такой ахвоты кожны мог бы.
– Дык ты ж распусціў калгас.
– Але гэта яшчэ не значыць, што кожны можа хапаць, што задумае.
– Ат, – смыкнуў шчакой Брава-Жыватоўскі, – не пра гэта сёння трэба гаварыць нам! – І выраз твару свайго зрабіў ледзь не пакутніцкі, усё роўна як і сапраўды ён дамагаўся ў гаворцы нечага такога, што ніяк не даходзіла да Зазыбы.
«Эйш, – насмешліва падумаў Зазыба, – смуткі паліцая бяруць. Але гэта толькі начынка, а будзе цэлая аўчынка. Давядзецца шыла з перцам паспытаць». Тады сказаў:
– А гэта праўду гавораць нашы мужыкі, Антон, што ты ў Махно служыў?
– Служыў, – як ні ў чым не было, адказаў Брава-Жыватоўскі. – А што?
– Дык мы тады і раней, аказваецца, маглі сустракацца з табой? Я ж свой ордэн атрымаў за махноўцаў.
– Ну, пра гэта я, дапусцім, чытаў у раённай газетцы.
– Мог і ты апынуцца сярод іх. І табе б галаву адсек шашкай.
– Ну, гэта яшчэ бабка на два варажыла. Мог ты мне галаву адсекчы, а мог і я табе. Хіба не верыш?
– Але, мусіць, ажно зямлю са злосці грыз увесь час, пакуль жыў у нас ціха.
– Я, як ведаеш, зямлю араў, – сказаў на гэта Брава-Жыватоўскі. – Навошта мне было грызці зубамі яе? Ды мяне тады ўжо ў Махно і не было, як ты шабляй махаў там.
– Ці нарабаваў жа ты хоць золата, будучы ў Махно? – спытаўся Зазыба.
– Канечне, цэлы воз. Няўжо не бачыў, што на маёй хаце страха золатам крыта.
– Ну, дапусцім, хату накрыў яшчэ сам гаспадар.
– Але хто перакрываў яе?
– Перакрываў ты. Але чамусьці ажно не верыцца, што ты без золата. Бо вядома ж, якія вы, махноўцы, рабаўнікі.
– Я, мілы мой, прывык чэсна служыць.
– За ідэю?
– А калі не за ідэю, то ўсё роўна чэсна. Ты думаеш, я ў аднаго Нестара Іванавіча служыў? Я і ў Чырвонай Арміі быў.
– Калі – перад тым, як да Махно перабегчы, ці пасля Гуляй Поля ўжо?
– Што цяпер спавядацца! Трэба было раней пацікавіцца.
– Але дзіўна ў цябе выходзіць – служыць служыш, а пахваліцца нібыта і няма чым.
– Чаму? Я ж адкрыта служу.
– Дык гэта цяпер. Але што скажаш, як немцаў прагоняць?
– А ты ўсё яшчэ спадзяешся, што бальшавікі твае вернуцца?
– Спадзяюся, Антон, спадзяюся!
– Але прызнайся, Зазыба, ты б са мной вось так, па-чалавечы, размаўляў, каб за табой верх быў, каб ты на маё месца стаў?
– Па-першае, я на тваё месца не пасягаю. А па-другое, ты таксама хутка іначай запяеш. Гэта пакуль няма канчатковай пэўнасці, што ўлада твая надоўга зачапілася ў нас, дык ты анёлам прыкідваешся.
– Ну, ты гэта мне гаварыў ужо, – запярэчыў Брава-Жыватоўскі, – але, як бачыш, я ўсё яшчэ не спраўдзіў тваіх спадзяванняў. Ніхто ў Верамейках не можа паскардзіцца, што я зрабіў шкоду яму. І справа зусім не ў тым, што нечага чакаю. Тут, здаецца, ужо ўсё ясна. Чакаць лішне не трэба. Улада памянялася назаўсёды. Не ведаю, ці доўга будуць у нас самі немцы. Гэта ўжо справа іхняга ўрада. Аднак бясспрэчна адно – савецкай улады яны больш не дапусцяць. Сам ведаеш, сіла салому ломіць. Так што дарэмна ты спадзяешся на бальшавікоў. Не вернуцца яны.
– Дурны ты ўсё-такі, Антон, – цярпліва даслухаўшы да канца паліцая, усміхнуўся Зазыба. – Бальшавікі – гэта людзі. Жывыя людзі. І ніякая ўлада не прымусіць іх адмовіцца ад сваіх пераконанняў. Паспрабуй выкінь з чалавека душу. А пераконанне – гэта і ёсць душа. Ну, а паколькі людзі жывуць паўсюль, паколькі без людзей на зямлі немагчыма, значыць, і бальшавікі будуць заўсёды сярод іх.
– Ну от, я табе пра Хаму, а ты мне пра Ярому, – паціснуў плячамі Брава-Жыватоўскі.– Пры чым тут душа, пры чым пераконанні? Я гавару пра бальшавіцкую ўладу. А хто пра што думае – чорт з ім, млын, як сам бачыш, вялікі, усё перамеле. Не ў адных жа бальшавікоў пераконанні. Былі свае пераконанні некалі ў кадэтаў, у эсэраў, у меншавікоў, у анархістаў. Бальшавікі перамалолі іх на сваім млыне. Цяпер чарга настала за самімі бальшавікамі. Дасць бог, нацыянал-сацыялісты перамелюць іх.
Задаволены сабой, што гэтак грунтоўна давёў Зазыбу свае меркаванні, Брава-Жыватоўскі колькі часу ехаў моўчкі.
Дарога ўжо ішла па краі тарфяніка, дзе першы год высаджвалі кок-сагыз. Расліна гэтая для тутэйшай зямлі была невядомая, пра яе, здаецца, наогул ніхто не чуў дасюль не толькі ў Верамейках, а і па ўсёй Бесядзі. І вось сёлета ва ўсім раёне пачалі прапагандаваць яе яшчэ з самай зімы. Крайне патрэбна была гума. У земаддзеле быў уведзены нават асобны аграном па кок-сагызу, а ў калгасах створаны брыгады, якім цалкам належала займацца вырошчваннем новай сельскагаспадарчай культуры, якая мела стратэгічнае значэнне, прынамсі, прапагандуючы яе сярод калгаснікаў, усе, хто меў дачыненне да гэтага, націскалі на патрэбу ў ёй іменна са стратэгічнага боку. Зразумела, што ў Верамейках таксама была створана такая брыгада. І праз усю сёлетнюю вясну верамейкаўскія калгасніцы не паспявалі выводзіць цыпкі на руках і нагах. Але дарэмна стараліся. З вайной неяк адразу прапала цікавасць да кок-сагызу. Пра яго забыліся. І тады па тарфяніку зноў пайшоў расці пырнік, за ім – балотны перац і розная іншая трава, якая заглушыла кволыя парасткі новай расліны. Так што, лічы, кок-сагызу ў Верамейках ніхто і не бачыў. У кожным разе, у густым зарасніку балотнага перцу ды пырніку адшукаць яго цяпер немагчыма было. Выходзіла, што верамейкаўцы ў выніку гэтага дарэмна страцілі ладны кавалак сенажаці, бо датуль як узараць трактарам урочышча, тут кожны год буяла лугавая трава, бывала, аўсяніца высыпала чалавеку па самыя клубы і залівала пасярод лета фіялетавай паводкай увесь прасцяг, што пачынаўся ад гэтай дарогі і распасціраўся да новых калгасных лядаў, на якіх сеялі проса, авёс і грэчку.
Гледзячы цяпер сумнымі вачамі на заглушаны пустазельнымі травамі тарфянік і шкадуючы пра згубленую сенажаць, Зазыба прыгадаў нечага, як першы раз прывозіў сюды гадоў колькі назад Чубара. Тады яны таксама ехалі з Верамеек вось гэтай дарогай. Чубар толькі што прыняў ад Зазыбы калгасныя справы, але паколькі па намаганню Маштакова Зазыба заставаўся ў калгасе загадчыкам гаспадаркі, а гэта значыць, фактычным намеснікам старшыні, то яму выпала паказваць новаму старшыні і арцельныя ўгоддзі. Здаецца, якраз тымі днямі ваўсю цвіла тут лугавая аўсяніца. Паставіўшы ў алешнік ад сляпнёў жарабка-куплёніка, яны доўга хадзілі спярша па сенажаці, затым па лядах, балазе было чым захапляцца. Тут жа абодва сталі таксама міжвольнымі сведкамі, як па-над лядам з аўсом ястраб напаў на перапёлку...
– Дык а ўсё-ткі, – адарваў Зазыбу ад гэтых думак Брава-Жыватоўскі, – ты не адказаў мне. Што б ты рабіў са мной, каб раптам апынуўся цяпер на маім месцы, а я вось гэтак, як ты, палохаў цябе?
Зазыба паціскаў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі на вачах павекі, быццам тыя пяклі ад бяссонніцы, тады перастаў і глыбока ўсміхнуўся.
– А нічога, – сказаў ён роўным голасам.
– Няўжо?
– Можаш паверыць. Бо навошта б мне было гэтым займацца. Ты ж дэзерцір, ну, а дэзерціры падлягаюць вайсковаму трыбуналу. Так што, я проста быў бы пазбаўлены нават магчымасці прымаць удзел у вырашэнні твайго лёсу.
Дзіва, але Брава-Жыватоўскага гэта ніколькі не збянтэжыла, няйначай, за час акупацыі ён паспеў ужо грунтоўна абдумаць сваё становішча, прызвычаіцца, таму гатовы быў да любога павароту падзей, цалкам пакладаючыся на шчаслівую планіду.
– Значыць, ратунку не будзе? – валодаючы сабой, спытаў ён яшчэ, але адказу чакаць не стаў, пачаў, акурат зняверана, успамінаць: – А на спаса ты не такі катэгарычны быў, Зазыба. Помніш, нават надзею нейкую наперад даваў?
...Гэты раз народу на вуліцах у Бабінавічах было больш чым калі. Мусіць, мястэчка паступова прызвычайвалася да жыцця ў акупацыі, прыціралася да новых умоў. Але што адразу запала Зазыбу, дык гэта адсутнасць на выганах, у прамежках паміж дварамі хатняй жыўнасці – не тое, што раней, калі толькі і асцерагайся, каб не наехаць неўзнарок то на свінню з плоймай тлустенькіх парсючкоў, якая магла разлегчыся карміць іх проста на дарозе, то яшчэ на якую-небудзь жывёліну, якая таксама вольна адчувала і паводзіла сябе, не кажучы пра курэй ды гусей, якім і зусім ніякай забароны не было. Нават сабакі і тыя не кідаліся сёння з падваротняў услед.
Немцаў верамейкаўскія вазакі ўгледзелі тады, як уз’ехалі на галоўную местачковую вуліцу, што вяла з гэтага боку паўз вялікі, яшчэ ад панскіх часоў сад на кірмашовую плошчу, што ля царквы. Немцы таксама ехалі на возе, але насустрач. Было іх тры. Адзін, седзячы з нагамі ў перадку, паганяў лейцамі вялізнага каня, які ледзьве ўмяшчаўся ў аглоблях, а два другія сядзелі паабапал і размаўлялі паміж сабой, часам паварочваючы да фурмана галовы. Прыкмеціўшы немцаў, Брава-Жыватоўскі яшчэ здалёку заварушыўся на возе, сунуў у рукі Зазыбу лейцы.
– Цяпер ты, – сказаў ён.
Зазыба ўзяў лейцы, але з усмешкай падумаў, што Брава-Жыватоўскі, няйначай, гэтым хоча зрабіць выгляд перад немцамі, паказаць сябе як мае быць аж да таго, што мае ўласнага фурмана. Але па тым, як паліцэйскі пачаў адстаўляць далёка ад тулава локаць з павязкай, стала неўзабаве зразумела, што яго непакоіць зусім іншая рэч. Аказваецца, Антон баяўся, каб немцы не палічылі яго з вінтоўкай за выпадковага, варожа настроенага да іх чалавека. У сувязі з гэтым на памяць Зазыбу прыйшло здарэнне ля верамейкаўскай крыніцы. Тады Брава-Жыватоўскі ўвесь час таксама стараўся трымаць на віду гэтую руку з паліцэйскай адзнакай. Аднак абачлівасць яго не дапамагла. Ад цяперашняй згадкі Зазыбу зрабілася яшчэ больш смешна, але, каб дарэмна не злаваць Брава-Жыватоўскага, ён не падаваў адкрыта выгляду, смяяўся ў душы – маўляў, сапраўды свае свайго не пазнаюць!..
Тым часам вазы размінуліся на шырокай местачковай вуліцы, і Зазыба з раўнівым пачуццём, быццам яго знарок і неспадзявана ашукалі, адзначыў для сябе, што немцы нават вокам не кінулі ў іх бок, а праехалі міма, бесклапотныя, цалкам захопленыя сабой.
Калі Брава-Жыватоўскі з Зазыбам пад’ехалі да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета, там ужо сядзелі на лаўках, што па два бакі высокага, крытага ганка, выкліканыя на нараду да каменданта з мястэчка і навакольных вёсак старасты, таксама старшыні калгасаў, дзе такія засталіся, напрыклад, бабінавіцкі Абабурка, і іншыя добраахвотныя і прымусовыя чыны валасной управы. Усяго тут, разам з паліцэйскімі, сышлося чалавек дваццаць. Як меркавалася немцамі, яны павінны былі дапамагаць устанаўліваць у вёсках па два бакі Бесядзі «новы парадак».
Акрамя Абабуркі, якога Зазыба добра ведаў па даваенных нарадах, ён убачыў яшчэ Захара Доўгаля, што быў старшынёй калгаса ў Гончы, таксама даўняга актывіста Аўдзея Хрупака з Ніжняй Варонаўкі. Наогул, знаёмых твараў кінулася ў вочы нібыта і больш, чым два гэтыя, але хто яны, Зазыба пэўна сказаць не мог, каб спыталі, хоць пераконаны заставаўся, што яму раней усё-ткі даводзілася сустракаць іх. Затое Зазыба мог пацвердзіць адно: гэтыя людзі, акрамя трох – Абабуркі, Доўгаля і Хрупака, не мелі дачынення раней ні да кіраўніцтва гаспадаркай, ні тым больш да актыўнай грамадскай дзейнасці. Мусіць, належалі яны да такіх добраахвотнікаў, што і Брава-Жыватоўскі, калі, вядома, не да такіх, як сам Зазыба. У кожным разе, гэтую акалічнасць, хто і як тут апынуўся, можна было высветліць і пасля.
Абабурка, між тым, згледзеў Зазыбу таксама хутка, яшчэ тады, як той лаштаваў каня паміж вазоў, але нібыта спалохана тут жа адвёў вочы, няйначай, не хацеў сустрэчы пры гэтакіх абставінах. Затое Захар Доўгаль падышоў адразу, па старой звычцы, зусім без унутранай скаванасці, паважна падаў руку для вітання.
– Цябе таксама паклікалі? – спытаў ён, але як пра штосьці звычайнае.
Хаваючы супраць свайго жадання вочы, Зазыба адно кіўнуў у адказ галавой.
Было чуваць, як на ганку, смеючыся, нехта расказваў:
– Дык я й кажу, едзе ета Адольф па дарозе за нашай Слабодкай, а тама мужык поле арэ пад зябліва. Дуцік, можа, чуў? Ну, і як бывае звычайна, на заваротах плуг на руках патрымаць не хоча. Лянуецца. Дарогу таксама калупае. Вядома, што Адольфу дрогка па такой дарозе ехаць. Вось ён і падзывае Дуціка да сябе. Кажа: «Я цябе зараз навучу, як поле араць, маць тваю так!» – ды шомпалам, шомпалам.
– Ну, што шомпалам з’ездзіў, ета не дзіва, – згаджаўся другі хтосьці, – з шомпалам ён не расстаецца, можа, нават і спаць кладзецца, а вось што па-мацеры... У немцаў жа не такая лаянка, як у рускіх.
– Затое другая ёсць. Як ета?..
– Ат, у іх адно гунд ды гунд, швайн ды швайн17.
Захар Доўгаль прыслухаўся да галасоў на ганку, задзірліва ўсміхнуўся:
– Вось як легенды складаюць. Звычайны садыст і самадур, а яго авечыя душы за руплівага гаспадара выдаюць, за настаўніка.
– Ладна, няхай байдуны захапляюцца, няхай цешацца, пакуль самім не папала ад Адольфа, – падміргнуў яму Зазыба і мякка ўзяў за локаць: – Лепей скажы, як вы там у сваёй Гончы?
– Ды, мусіць, горш, чым вы ў Верамейках. Мы ж не паспелі падзяліць гаспадарку. Так і жывём калгасам. А я, бачыш, старшыня. От зараз паслухаем, што нам Гуфельд скажа, якія ў яго планы на наш конт. А цябе што, старастам верамейкаўцы выбралі?
– Не, бог мілаваў. Ды і наогул не займаліся яшчэ такой справай, як выбары новай улады. Абыходзімся адным паліцэйскім.
– Але пасля нарады ты не спяшайся, пабудзем недзе разам, – у мяне справа да цябе, ды не для чужых вушэй.
Прыехаўшых на нараду паклікалі ў камендатуру.
– Хадзем і мы, – сказаў Захар Доўгаль.
– Няхай другія зойдуць, а мы паспеем.
– Не баішся, што пазаймаюць месцы? – жартам спытаў Доўгаль.
– Нічога, пастаім.
Некалі, гадоў пятнаццаць таму, будынак гэты перавезлі ў Бабінавічы з Палужа, правага прытока Бесядзі, дзе яго абсталёўвалі пад млын. Але не скончылі. Калі ў мястэчку спатрэбіўся другі будынак для сельскага Савета, амаль ужо гатовы млын разабралі і перавезлі на конях сюды, пераабсталяваўшы яго знутры паводле новага плана. Цяпер у ім была вялікая зала, у якой праходзілі сесіі сельскага Савета і розныя іншыя ўрачыстасці, таксама меліся прыёмны пакой, дзе сядзеў сакратар Савета, і кабінет старшыні – прасторны пакой на тры акны па адной сцяне. Перш чым трапіць у залу пасяджэнняў, дарэчы, як і ў кабінет старшыні, належала прайсці праз прыёмны пакой, перагароджаны, акурат у ашчаднай касе ці на пошце, лесвіцай-парэнчай з адмыслова вытачанымі драўлянымі балясінамі.
Немцы таксама не памянялі ўнутрунага абсталявання ў будынку, пакінулі ўсё ў ім без змен. Розніца была толькі ў тым, што за перагародкай у прыёмным пакоі цяпер сядзеў немец у чыне унтэр-афіцэра, а кабінет старшыні займаў Гуфельд.
З боку новых гаспадароў будынка адчувалася ветлівая ласкавасць, нават пры ўваходзе ў залу пасяджэнняў стаяў малады салдат, паказваў рукою дарогу гасцям, маўляў, не саромцеся, праходзьце.
Рассаджваліся тубыльцы па радах доўга і шумна, тым больш што ніхто не падганяў і не перашкаджаў. Нават і тады, як усе расселіся і, здавалася, угаманіліся ўжо, а ў зале запанавала адносная цішыня, ім яшчэ доўга давялося чакаць каменданта. Нарэшце парог пераступілі адзін за адным два чалавекі. Адзін быў у цывільным – сярэдняга росту, таксама, мусіць, сярэдніх гадоў, прынамсі, маладым назваць яго нельга было ні ў якім разе, нават з першага, вельмі кароткага знаёмства. Здавалася, ён зусім без цікавасці павёў цёмнымі вачамі па зале. Але абыякавы выгляд яго быў падманлівы, бо ўважліваму чалавеку хапіла адно злавіць на сабе гэты нібыта не цікаўны позірк, каб пераканацца ў адваротным – за вонкавай абыякавасцю, нецікавасцю ў глыбіні вачэй яго хавалася жывая думка і тая асаблівая ўчэпістасць, тая праніклівасць, што дазваляе ў адзін момант багата што ацаніць і зразумець. Другі немец быў у вайсковым. У адрозненне ад цывільнага, гэты вылучаўся вонкавай сабранасцю, вядома, як і належыць вайскоўцу, нягледзячы на саракагадовую паўнату, у ім нават па выгляду можна было адчуць рухавасць і спрыт чалавека, які пакуль ні ад чаго не збіраўся адмаўляцца ў жыцці. Зайшоўшы ў залу, ён адразу нечага ўсміхнуўся і першы рушыў ад дзвярэй па вузкім праходзе з левага боку да доўгага стала на памосце, які нагадваў заніжаную сцэну. Па тым, што ў руцэ вайсковец трымаў, быццам стэк, звычайны шомпал ад пяхотнай вінтоўкі, няцяжка было здагадацца – камендант Гуфельд.
Не адрываючы вачэй ад каменданта, Зазыба раптам успомніў, як у пачатку акупацыі палічыў быў Гуфельда за... нямецкага камуніста. Магло ж такое прыйсці ў галаву!.. Ад гэтай колішняй недарэчнасці сваёй яму нават зрабілася горача ўсярэдзіне, быццам што разлілося нечакана пад дыхавіцай.
Тым часам камендант спыніўся за сталом, акурат пасярэдзіне, і ўзмахнуў зусім над стольніцай шомпалам, мусіць, ім гэтакі жэст узяты быў за звычай, але прысутнымі ён успрыняты быў, як для постраху.
– Добры дзень, панове, – картава прывітаўся патутэйшаму камендант, сабраўшы на сярэдзіну свайго ледзь не квадратнага лоба глыбокія маршчыны, усё роўна як яму каштавала вялікага намагання сказаць гэта; няйначай, ён збіраўся і далей гаварыць па-тутэйшаму, але не здолеў адшукаць у сваёй памяці патрэбныя словы, можа, нават першае з іх, таму бездапаможна засмяяўся і павярнуўся да цывільнага, які выбраў месца збоч, сказаў штосьці па-свойму.
– Камендант вітае вас усіх у гэтай зале, – не ўстаючы з крэсла, пачаў добра-ткі гаварыць па-руску цывільны; тое, што ён не даў сабе цяжкасці падняцца ў прысутнасці каменданта, які стаяў за сталом, сведчыла аб нейкай ягонай незалежнасці, а можа, чалавек хацеў падкрэсліць гэтым нават сваю непрычыннасць да таго, што мелася быць тут.








