Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 22 страниц)
V
Хтосьці адчыніў з гарода фортку-весніцы, нячутна ўзышоў на Зазыбаў двор. Зазыба пачуў гэта скрозь нямоцны сон – спалася сёння вельмі няроўна, нават у самога было такое ўражанне, быццам зусім і не спаў, а звечара, як лёг упоперак, галавой да сярэдняй сцяны на тапчане, дык тонуў ужо на нейкай густой, акурат зацукрованай альбо засоленай вадзе, то выныраючы на кароткі час прыглушанай, але яшчэ пакуль жывой рыбінай на паверхню, то патанаючы зноў. Пачуў і здагадаўся: узышоў на двор чалавек свой, а калі і не свой, то, прынамсі, не далёка чужы, бо ведаў някепска дарогу; сапраўды, каб гэта быў хто чужы, то наўрад ці даўмеўся б пайсці па гародзе ды яшчэ праз фортку, якую з таго боку, не ўмеючы, і не намацаеш уначы рукамі ўздоўж суцэльнай сцяны прыбудоў; значыць, усё ж прыйшоў чалавек свой. Можа, гэтая акалічнасць і стала адразу прычынай, што Зазыба прахапіўся ў тую ж хвіліну, не насцеражыўся, як мае быць, не зацікавіўся і не адчуў небяспекі; ён яшчэ даў сабе волю паляжаць, не лішне спяшаючыся выйсці з ранейшага дрэмнага стану, усё роўна як спадзяваўся, што ў хаце ёсць каму мець аб гэтым яшчэ большы за яго клопат. Аднак у хаце, апроч Марфы, нікога не было. Дык не Марфе ж бегчы, глядзець праз тайнае акенца ў сенцах на двор!.. Нарэшце Зазыба свядома адхінуў, як дзяругу, з сябе плыткую дрэмнасць, заварушыўся на мулкім тапчане і сеў неўзабаве, слухаючы адным часам, ці падасць чалавек на двары якія-небудзь іншыя адзнакі сваёй прысутнасці. Ціха было там цяпер. Але ж глухая сцяна таксама для чалавечага вуха перашкода – як не клямкне зноў жалезам там, то і не пачуеш у хаце. Зазыба павёў вострым, амаль заечым позіркам па вокнах: па часе недзе было ўжо многа, хоць месяц, які ці не апошні раз сёння паказваўся поўняй, свяціў на вуліцы. «От жа цыганскае сонца!» – акурат раззлаваўся Зазыба, усё роўна як час карцеў збірацца ў зладзеі, а не ісці правяраць, хто шастае па двары. І адразу чамусьці падумаў, няйначай, то юродзівы Ціма прыблукаў аднекуль, злашча, што пасля таго разу, як яго валачылі па вёсцы немцы, ён і не паказваўся сярод верамейкаўцаў. Але, прыгадаўшы мінулае, дакладней, тое, што адбылося на вясковым пляцы, Зазыба раззлаваўся яшчэ больш, маўляў, носіць гэтага Ціму нялёгкая!.. Зразумела, прыйшло ў галаву і больш таго. Напрыклад, як хваліўся потым цэлага вечара Брава-Жыватоўскі, расказваючы, што гэта ён адвёў бяду ад верамейкаўцаў, даказаўшы немцам, што салдат іхні сам уваліўся ў калодзеж; з яго слоў выходзіла, Брава-Жыватоўскаму ажно колькі разоў дзеля гэтага давялося брацца за вочап ды паказваць, як яно ўсё магло здарыцца – нават жандарскі афіцэр і той мусіў паверыць. Салдата-тапельца закапалі пад плотам Сілкі Хрупчыка самі немцы, крокаў за дваццаць ад калодзежа, без воінскіх ушанаванняў, акурат саромеючыся нечага ды крадучыся, а калодзеж загадалі сялянам разбурыць, каб не паўтарыўся выпадак. Вядома, верамейкаўцы не сталі марудзіць, па-першае, загад трэба выканаць было, а па-другое, у тутэйшых вёсках і без таго спрадвеку засыпалі студні, з якіх даставалі альбо людзей-тапельцаў, альбо проста якую здыхляціну, калі нават і кошку. Ва ўсякім разе вады з такога калодзежа па сваёй ахвоце ўжо ніхто б не стаў піць. Таму Зазыба першы адарваў рукамі дошку, на якую звычайна ставілася бодня, і з прыкрасцю ў сэрцы кінуў яе ў сярэдзіну зруба, у ваду, што гэтак недарэчы была спаганена немцам. Верамейкаўцы тады разыходзіліся па хатах узрушаныя. Вядомая рэч, што і размоў было шмат, бо кожны стараўся прыпомніць штосьці такое, чаго не згледзеў другі. Словам, настрой у верамейкаўцаў быў як найлепшы, калі выйшла ўсё, быццам у той прыказцы – і ваўкі адбегліся прэч сытыя, і авечкі засталіся ў статку непаедзеныя. Натуральна, што і Брава-Жыватоўскі зноў у цэнтры ўвагі стаў, ледзь не ў героях (а яму гэтае «геройства» пасля лупцоўкі, якую атрымаў на сухадоле, якраз дарэчы!). Тым часам пра Парфёна Вяршкова, што кінуўся выручаць прыдуркаватага Ціму, мала хто ўспамінаў, прынамсі, геройства ў ягоным учынку верамейкаўцы не бачылі, скора вяскоўцаў хапала ўсяго на тое, каб паспачуваць Парфёну, маўляў, праз гэтага юродзівага ледзь не атрымалася з табой няшчасце!.. Цяперашняя Зазыбава злосць на Ціму таксама была недарэчная. Зазыба і сам гэта разумеў. Але тлумачэнню яна, гэтая злосць, асабліва не паддавалася, можа, таму, што было проста прыкрае пачуццё, выкліканае жахлівымі акалічнасцямі, незалежна, хто апынуўся вінаваты ў іх. Да таго ж цяпер была ноч, і турбавацца праз нечую несвядомую непрыкаянасць не надта хацелася нават Зазыбу. Тым часам не выйсці ў сенцы ды не прыпасці вокам да акенца таксама доўга не мела сэнсу гаспадару, які павінен клапаціцца пра свой двор. Таму Зазыба нарэшце прымусіў сябе нацягнуць на босыя ногі ялавыя боты ды пашукаць у галавах ватоўку.
Месяцава святло давала магчымасць прайсці невялікі шлях ад тапчана да парога амаль па віднаму, але Зазыба праз гэта раптам занепакоіўся: не шкодзіла б глянуць і ў завулак перад домам. Так ён і зрабіў – павярнуў да сцяны з вокнамі.
– Дзяніс, ета ты? – пазвала Марфа.
– Вады напіцца хачу, – растлумачыў Зазыба.
– А я падумала...
– Спі. Я нап’юся і таксама лягу.
Тады Марфа зноў спытала, але пазяхаючы ўжо:
– Ці позна ета?
– Другія пеўні спяваць будуць.
– Дак і не дужа ж позна, – нібыта здзівілася Марфа. – Колькі тае начы прайшло, а я паспела сон пабачыць. Што ты надзеўся? Вада ж і ў хаце ёсць. Вядро вунь на ўслоне.
Зазыба крактануў ад жаночай несвядомасці, сказаў:
– Здаецца, на двор да нас хтосьці зайшоў.
– Дак, можа, карова з пуні выйшла? Можа, я забылася зачыніць? Во памяць старая!
– Можа, й карова, – зусім з неахвотаю азваўся Зазыба.
Ватоўка дасюль была накінута наапашкі ў яго, таму ён апрануў яе ў рукавы, паціскаў плячамі, акурат надзяваў новую, першы раз прымерваючы.
– Не, карова, здаецца, не магла выйсці, – усё яшчэ разважала ўголас Марфа. – Сама ж запірала вароты.
Праверыўшы, колькі хапала вачамі, у абодва канцы асветлены месяцам завулак, Зазыба падаўся на парог.
На двары нічога не ўлоўлівала вуха, і ён з прыкрасцю падумаў, што дарэмна занепакоіўся, ніхто не адчыняў з гарода форткі. Тым не менш, ён выпрастаў у цемнаце рукі, ступіў па сенцах далей збоч чулана, дзе ў сцяне, што выходзіла ў двор, святлела вузенькае, у паўдалоні, акенца, якога хапала адно, каб дапасці вокам.
Частка двара, тая, што ад завулка, патанала ў ценю, бо месяц стаяў насупраць і ўжо нізкавата, прынамсі, вароты не давалі яму высвечваць усю плошчу двара, з канца ў канец; затое другая частка двара прагледжвалася добра.
Кінуўшы скоры позірк праз акенца, Зазыба, здаецца, нікога не прыкмеціў. Аднак у наступны момант адчуў, што нехта зварухнуўся на ганку, можа, незнарок выдаючы гаспадару сваю прысутнасць на двары. Выходзіла, што Зазыба ўсё-ткі недарэмна прачнуўся ад бразгату клямкі, а яшчэ больш правільна зрабіў, прымусіўшы сябе пераступіць парог у сенцы. Вось толькі малы свет з гэтага патаемнага акенца! Тады Зазыба здагадаўся падняцца трохі вышэй, дзеля чаго ціха намацаў нагамі плінтус, прыбіты ўнізе, і, упіраючыся сагнутай у локці правай рукой у чулан, стаў на плінтус мысамі ботаў. Пратрымаўся ён у такім становішчы аднае паўхвіліны, нават чвэртку яе, але гэтага часу хапіла, каб акінуць двор паўз самыя сенцы, убачыць на ганку чалавека. Ужо толькі па абрысах постаці можна было зразумець, што дарэмна спярша легла здагадка на юродзівага Ціму. То быў хтосьці іншы. Сядзеў ён на ганку, спіной да дзвярэй, а бараду трымаў у складзеных далонях, аблакаціўшыся на каленкі. Збоку Зазыбу добра былі відаць згорбленая спіна ў лапатках ды ўнураная галава без шапкі. Здавалася, чалавек нават не здагадваўся, што за ім ужо пільнуюць староннія вочы з сенцаў. Прынамсі, знешнім выглядам сваім, тым, як сядзеў на ганку, паставіўшы на драўляную сходку ногі, ён выдаваў сябе супакоеным і нібыта абыякавым. Магло скласціся такое ўражанне, што чалавек вярнуўся аднекуль з вялікай вандроўкі, а гаспадароў не заспеў дома, таму вось і чакае, даўшы сабе адпачынак на ганку. Больш таго, яму хораша сядзець аднаму, думаць... Зазыба і сам часам, здавалася, горбіўся так вось на ганку – узыдзе на двор стомлены, ажно разбіты, з распухлай галавой ад розных лёгкіх і нялёгкіх думак і рады бясконца, што трапіў нарэшце дамоў, тады сядае адразу на ганак, абшчапервае рукамі галаву, быццам дзеля таго, каб не раскалолася ад тых думак, і ў чаканні вячэры, якую гатуе ў хаце Марфа, прасейвае патрохі ўсё, што назбіраў за цэлы дзень і ў душу, і ў галаву. Для яго такія хвіліны заўсёды былі хвілінамі своеасаблівага, усё роўна як малітоўнага роздуму і супакаення. Не дзіва таму, што ў чалавека, якога згледзеў цяпер праз маленькае акенца ў сенцах, Зазыба ўбачыў раптам самога сябе, няхай збоку, але ж такога, якім бываў сам, гэта значыць, у знаёмым яму душэўным і фізічным стане. Зазыбу толькі заманулася яшчэ раз зірнуць праз акенца ў двор, і ён зноў заняў тое нязручнае, амаль вісячае, як у кажана, становішча – ногі мысамі ботаў на плінтусе, а локаць правай рукі ўпіраецца ў чулан. Аднак і гэты раз чалавека не пазнаў. Тады падумаў, што варта паклікаць таго і ў хату, калі ўжо здарылася так, што апынуўся ў двары. Ён адарваўся ад сцяны, крутануўся на абцасах, быццам не хапала месца стаць на ўсю падэшву, рушыў да дзвярэй. Цяпер Зазыба не прымушаў сябе стрымлівацца, таму чалавек, які сядзеў там, на ганку, мог свабодна чуць увесь тупат. Звыклым рухам, даўно ўжо, лічы, на памяць, Зазыба саўгануў убок запор, пацягнуў на сябе дзверы, якія раптам чамусьці гучна зарыпелі, акурат рассохлыя вароты. Чалавек пры гэтым ад нечаканасці ажно ўцяў у каўнер галаву, усё роўна як спахапіўся, каб не ўпала што на цемя. Але на ногі не ўскочыў. І нават не памкнуўся зрабіць гэта. Толькі ў наступны момант хуткім рухам кінуў на каленкі рукі і павярнуўся напаўабарота, горбячыся тулавам, да дзвярэй. Зазыба ўбачыў ягоны твар і адчуў, што кроў у гэты момант нібыта прыпыніла бег у жылах. То быў сын, Масей!
Зазыба не даў бы веры іншым разам, што можна страчваць раптам адчуванне самога сябе, сваёй фізічнай важкасці, а тут нібыта ўзяў хто ды выняў з яго ўсё жывое нутро, якім ён дагэтуль адчуваў навакольны свет. Нават скура, асабліва на твары, зрабілася акурат струпянелай альбо змерзлай. Адзін мозг разумеў усё і здольны быў рэагаваць. І гэтым мозгам Зазыба нарэшце вельмі выразна зразумеў, што дамоў вярнуўся сын, адзін іхні з Марфай сын, якога зусім і не марыў дачакацца, нягледзячы нават на вайну, на ваенны час, які звычайна суправаджаецца невытлумачанымі акалічнасцямі, незвычайнымі выпадкамі і самымі, як кажуць, вялікімі нечаканасцямі. Масей таксама пазнаў бацьку, пачаў уставаць. І тады Зазыба ўнутранай сілаю, якая невядома адкуль вярнулася да яго, выбавіў сябе з поўнай здранцвеласці, кінуўся, не, хутчэй паваліўся, нібыта з перабітымі нагамі, адным перадам на Масея, абдымаючы рукамі за шыю. Сын стаяў у той жа нязручнай паставе, напаўабарота і трохі падаўшыся наперад, і Зазыба неўзабаве схамянуўся, што той можа не ўтрымацца на нагах ад гэтай нязручнасці, але не знаходзіў сілы разамкнуць рукі на сынавай шыі, адарвацца ад яго і хоць бы самому трывала стаць на ганку. Твары іх былі прыціснуты шчака аб шчаку. Яны не цалаваліся і не абменьваліся ні шэптам, ні голасам, толькі моўчкі пагойдваліся, быццам у адчаі, з боку на бок, адчуваючы вуснамі, як з вачэй цякуць у абодвух салёныя слёзы. О, гэтыя салёныя мужчынскія слёзы!.. Нарэшце Зазыба сабраўся з сіламі і адпусціў сына, паціскаў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі ў арбітах свае заплюшчаныя, мокрыя вочы, мусіць, спрабуючы гэтым спыніць слёзы, тады ступіў на ніжнюю прыступку ганка.
– Сядай, сын, – хрыпла сказаў ён, зусім забываючы, што таго найперш трэба весці ў хату.
Масей паслухмяна ўкленчыў побач.
– Чаму ж дасюль не пастукаўся?
– Баяўся будзіць вас. Як мама?
– Нічога. Жывая. Во і не ведае яшчэ, што гэта ты.
Зазыба сціснуў ад непраходзячай радасці галаву рукамі.
– А я чую, быццам нехта ўзышоў на двор з гарода. Дай, думаю, зірну. Адкуль жа ты, сынку?
– Потым, бацька, потым.
– Ну, то і праўда, пачакаем, – згадзіўся Зазыба, зразумеўшы, што сыну таксама нялёгка даецца сустрэча.
– А як вы тут?
– Сам пабачыш, раз ужо прыйшоў. Вайна от!..
– Так, вайна.
– Але што я цябе трымаю на ганку? Хадзем, сынку, у хату, хадзем да маці.
Зазыба адчуў нарэшце, што да яго паступова вяртаецца ранейшая здольнасць валодаць сабой. Разам з тым, ён зразумеў раптам і тое, што непрыкметна, але неадолена бярэ ў ім сваё старасць. Вядома, цяперашнюю слабасць сваю ён мог яшчэ растлумачыць, напрыклад, хваробай, якая пачалася па дарозе з Арлоўшчыны і потым выпетрала яго як мае быць. Аднак...
Зазыба паспрабаваў падняцца вышэй на прыступку, ды не адразу здолеў – пад каленкамі ногі паздрадніцку трымцелі, не хацелі выпроствацца, усё роўна як іх звяла сутарга і ўсё не адпускала. Тады Зазыба зноў на момант дакрануўся задам да ганка. Масей, мусіць, зразумеў бацькавы пакуты, сказаў амаль летуценна:
– Пасядзім, бацька, яшчэ трохі! Хораша ў вас тут!
– Маці ж чакае...
– А яна не спіць?
– Прачнулася, як выходзіў я.
– Тады пойдзем, тата.
– Ага, сынку...
Яны пабраліся за плечы і так, беражна падтрымліваючы адзін аднаго, пачалі ўзыходзіць па сходках на ганак.
Марфа адразу пачула, што вяртаецца гаспадар у хату не адзін. Але сынава раптоўнае з’яўленне яна перажыла куды спакайней, чым бацька. Яна толькі хваравіта войкнула, угадаўшы сынаў голас, а тады хуценька, акурат з горкі, каўзанула на тапчан і ўжо ў наступны момант была ў Масеевых абдымках – ён не даў ёй нават стаць нагамі на падлогу, перахапіў на краі тапчана. Калі Зазыба сабраўся ды запаліў святло ў лямпе, маці з сынам сядзелі абое на тапчане і не зводзілі адзін з другога шчаслівых вачэй.
«Чыста дзеці!» – таксама ў радасці параўнаў Зазыба.
Ён раптам убачыў, што ў іх аднолькавыя вочы – і ў маці, і ў сына, такія ж цёмныя, як вішнёвыя; і бровы мелі адзін і той жа злом над знешнімі куточкамі вачэй. Гэта адкрыццё нечага ажно здзівіла Зазыбу, бо дасюль ён лічыў, што Масей цалкам падобны на яго, бацьку, што ў ягоным абліччы нават і ў знаку не было нічога матчынага. Выходзіла ж наадварот. Цяпер Зазыба ў сынавым абліччы знаходзіў чамусьці больш матчынага, чым свайго, усё роўна як Масей увесь час рос і выхоўваўся далёка ад дому, і Зазыба не бачыў яго даўно, яшчэ з малых гадоў, таму прапусціў гэтую перамену ў падабенстве.
– А дзіця-я-ятка маё-ё, – як забедавала нарэшце Марфа. – Адку-у-уль жа ты ўзя-я-яўся? Як сне-е-ег на галаву звалі-і-і-ўся? А я ж цябе толькі што ў сне-е-е ба-а-ачыла!..
– Сціхні-тка на хвіліну, – папрасіў яе Зазыба і звярнуўся да Масея. – Ты вось што скажы мне, сынку, – будзем з тваім прыходам хараніцца ад людзей ці не? Можа, вокны трэба занавесіць? Можа, не кожны павінен ведаць, што ты вярнуўся?
– Што ўжо хавацца!.. – нават не адвярнуў галавы ад маці Масей. – Ды і дакуль хавацца? Усё роўна доўга не нахаваешся!
Здалося пры гэтым, што Масей адказваў залішне абыякава, нават у голасе чулася прыкрасць, быццам нездаволены быў бацькавым запытаннем.
– Ну, глядзі, сын!..
Пакуль сын з бацькам перамаўляліся, Марфа на гэты час акурат стаіла ў сабе дыханне, бо выгляд у яе сапраўды быў нейкі надзьмута-сцішаны. Але, як толькі Зазыба вымавіў апошнія словы, яна адразу ажыла, загаманіла зноў, па-ранейшаму звяртаючыся да аднаго сына. Было ў яе захапленні, у яе дарослай гамонцы штосьці зусім бездапаможнае, усё роўна як дзіцячае – хоць ты і праўда падумай, што гэта сустрэліся пасля доўгай разлукі не маці з сынам, а малодшая сястра з братам.
– Дак я бацьку во хацела расказаць пра сон, а цяпер й ты, – ласкава тузанула яна Масея. – Раскажу зараз табе. – Яна больш не расцягвала слоў, гаварыла звычайна, толькі часам збівалася, быццам усё яшчэ ад той радасці, якая была ў ёй. – Дак бачу я...
Зазыба паблажліва ўсміхнуўся, маўляў, вось прывязалася старая са сваім сном!.. А ў душы яго, між тым, крадком варухнулася штосьці падобнае на зайздрасць, быццам ён стаў раптам лішні ў хаце, быццам гэта ўжо была не агульная іхняя радасць, што вярнуўся сын, а толькі матчына...
– Матка наша цяпер самая адгадчыца сноў, – не мяняючыся ў твары, сказаў сыну Зазыба, але яўна дражнячы жонку. – Нават нікуды не ходзіць. Сама разгадвае. Адзін раз дык галаву была адурыла – крычала нейкая курыца пеўнем, дый годзе!..
– Дак то ж не сон быў, а павер’е, – не дала гаварыць яму далей Марфа. – І не к таму тады курыца пела. Я казала, што будзе... – Але схамянулася, не стала перадаваць даўнюю размову паміж імі, каб не сапсаваць сыну настрой. – А сон дак і напраўду выйшаў! Прыйшоў мой Масей. Значыць, сон правільны быў, раз усё спраўдзілася.
Масей перавёў позірк на бацьку, пасля зноў з аднаго на другога – дзяцінствам раптам патыхнула, далёкім дзяцінствам: і тады вось гэтак бацька з маткай раўнавалі яго адзін да другога, балазе адзіны сын на дваіх, адно дзіця. Малым Масей умеў ажно выгадваць ад іхняй такой няхітрай рэўнасці, ад іхняй забаўнай гульні – «мой Масейка!..», «не мой!», цяпер жа яму чамусьці шкада стала і маці, і бацьку, можа, нават ад дарослай, усё разумеючай сарамлівасці.
Бацька, няйначай, таксама ўгадаў гэтае Масеева пачуццё, пасуравеў у момант і сказаў, як гаспадар, якому нарэшце прыспела распарадзіцца:
– Ты б лепей сабрала, старая, на стол. А то мы сына ўсё байкамі кормім, як таго салаўя.
Маці вінавата пляснула ў далоні, пабегла па хаце, як па розум, ныкаючы з кутка ў куток.
– А дзіця-я-ятка ж маё-ё-ё, – зноў забедавала яна, акурат галосячы. – Можа ж, ты і праўда гало-о-одны прыйшоў, можа ж, і е-е-естачкі хочаш, а я ўсё галаву табе тлумлю-ю-ю!..
Але Масей кінуўся супакойваць усіх:
– Не трэба, не трэба! Я – сыты. – І калі маці азірнулася ў яго бок, затрос галавой і заплюскаў вачамі, усё роўна як гэтым дадаваў сваім словам большай веры.
– Дак... – Марфа збянтэжана застыла ля шкапчыка, што вісеў на сцяне паміж парогам і крайнім акном, тады кінула няверлівы позірк на Дзяніса, які ўсё яшчэ стаяў пасярод хаты, лічы, з таго моманту, як прывёў сына.
Муж у адказ маўчаў, здавалася, яго не датычыла тое, што сын адмаўляўся ад вячэры – хоць якая цяпер вячэра!..
Сын тым часам, не ўстаючы з тапчана, наадварот усім неспакойным выглядам, рухамі паказваў, што ён сапраўды есці не хоча і не жадае таксама, каб маці наогул праз яго лішне турбавалася.
А тая ўзяла ды не паверыла: махнула на абодвух рукой, маўляў, а ну вас! Затым расчыніла шкапчык, пачала вымаць адтуль посуд.
– Я праўду кажу! – ужо быццам узмаліўся Масей, звяртаючыся цяпер да бацькі; тым часам ён зразумеў, што трэба ўсё-ткі растлумачыць, чаму адмаўляецца ад вячэры, бо вясковыя людзі нават чужога чалавека, у які б час, позні ці ранні, ні папрасіўся той у хату, не пакладуць спаць не накарміўшы, а тут – сын! – Мяне ў Белай Гліне цётка адна накарміла, – сказаў ён. – Хлеба вынесла. Вялікі акраец. Ну і з’еў увесь, бо дзень цэлы перад тым праляжаў у лесе. Так што, есці я, праўда, не хачу. Хіба напіцца дайце. – Ён стомлена аблакаціўся, упіраючыся самымі локцямі трохі вышэй каленак.
– Дак, можа, малачка тады? – птушкаю страпянулася маці.
– Давай малачка, – ласкава ўсміхнуўся сын. – А то хлеб нейкі ацеслы ў жанчыны белаглінаўскай быў, ажно пячэ нутро. І ваду, здаецца, піў з Бесядзі, а ўсё пячэ.
– Гэта не хлеб вінаваты, – паслухаўшы сына, сказаў Зазыба. – Жывот твой вінаваты. Штосьці ў страўніку парушана. Бо здаровы страўнік і ацеслы хлеб здолее. У здаровага чалавека страўнік, як жорны. Яму толькі падавай.
– Можа, і так, – згадзіўся прыціхлы Масей. – Не на курорце ж столькі гадоў быў. – І глянуў неяк выпрабавальна на бацьку, ажно той нечакана апусціў галаву, быццам таксама віну меў і хаваў вочы.
Трымаючы аберуч, маці ўнесла з сенцаў чорны, з высокім горлам, гладыш малака вячэрняга ўдою – яна заўсёды на ноч пакідала малако ў чулане, каб адразу не пракісала.
Масей перасеў з тапчана к сталу, уціснуўся на той услон, што стаяў паміж унутранай бярвенчатай сценкай і сталом. Пакуль ён ішоў ад тапчана, бацька паспеў агледзець яго, як кажуць, з ног да галавы, бо дагэтуль – і тады, на ганку, і цяпер, на тапчане, – сын увесь час сядзеў. Здаецца, і рост у сына заставаўся ранейшы, і постаць такая ж, але ў абліччы выразна заўважалася новае, і не столькі таму, што сын зблажэў (урэшце, няхітра зблажэць чалавеку ў адной дарозе!), колькі таму, і, можа, хутчэй за ўсё таму, што ён ужо як бы свіціцца тварам пачаў. Зазыба адзначыў таксама і тую акалічнасць, што дзеля такога радаснага выпадку сын і ўсміхаецца замала, найбольш тады, як размаўляе з маці, а то ўсё трымаецца з выглядам, быццам мае ў сабе нейкую пакуту альбо проста балючасць, якія не даюць магчымасці хоць на хвіліну забыць пра іх. І яшчэ Зазыбу здзівіла адно – сын так і не распрануўся ў бацькавай хаце, не скінуў зашмальцаваную апратку, падобную нечым на старую куртку, акурат спадзяваўся толькі на часовы прытулак.
«Нялёгка, вельмі нялёгка гаварыць нам будзе аднаму з адным...» – раптам падумаў Зазыба.
Між тым Марфа спаласнула чыстай вадой медны карэц, які зняла з цвічка на сцяне, паднесла яго да самага беражка гладыша, каб не праліць коптарак, схоплены жаўтаватай плеўкай, і ўжо затым спакваля нагнула гладыш – белы струмень жвава пацурчэў у літровы карэц, усе ў хаце пачулі гэта.
Бацька сказаў, выразна падбадзёрваючы сына:
– От пажывеш з намі, матка і адпоіць цябе малаком. Пройдзе тады і печая твая, і ўся астатняя трасца мінецца, калі завялася дзе.
Нарэшце Марфа паставіла перад сынам карэц з малаком, сама спынілася насупраць, крокі за два ад стала. Сын тут жа ўзяў карэц з боку за дужку, пачаў прагна піць, адчуваючы чамусьці пры гэтым няёмкасць ад таго, што на яго пільна глядзелі і маці, і бацька. Адпіўшы паўкарца, Масей адарваўся, каб аддыхацца, хвіліну, можа, нават болей, сядзеў пасля гэтага нерухома. Тады зноў узяўся піць. А як выпіў да дна, то ажно засмяяўся ціха нейкім зусім іншым смехам, быццам дасюль няўпэўнены заставаўся, што сапраўды апрастае знаёмы з дзяцінства карэц, даўнюю сваю мерку. Ад гэтага нечаканага яго смеху бацькі, здаецца, яшчэ больш павесялелі.
– Ну, во, – усклікнула маці, – напіўся малачка, а цяпер спаць ляжаш, раз есці не хочаш. Зараз я табе пасцельку збяру. Выспішся, а там бог і раніцу дасць.
Масей зацята, як ад вялікай прыкрасці, паківаў галавой:
– І спаць мне не хочацца!..
– А дзіця-я-ятка маё-ё-ё, дак ноч жа вунь яшчэ ў вокнах стаіць!
– Я цэлы дзень спаў, мама. І вось так колькі часу: дзень ляжыш, зашыўшыся ў кусты падалей ад дарогі, а ўночы тупаеш.
Па гэтай гаворцы Зазыба нарэшце адчуў, што матчына ўлада над сынам канчаецца.
– Ну што ж, папаўночнічаем, – сказаў ён без усялякага клопату. – Яно й праўда, які цяпер сон!.. Ну, хіба яшчэ ты, Масей... А нам з маткай ужо сну не багата і трэба. Часам схопіш адным вокам гадзіну-другую, і дос. Старэем мы з маткай, сын, старэем!
– Ці ж у вашы гады старэць?
– Старэем, старэем!.. – не прыняў Масееву далікатнасць Зазыба. – Але, можа, і праўда павесіць коўдры на вокны.
– Дак... – Марфа няўцямліва зварухнулася, маўляў, за чым жа затрымка?
– Як хочаце, – адказаў сын, зразумеўшы, што бацькава настойлівасць невыпадковая.– Урэшце, светамаскіроўка не пашкодзіць. – Спытаўся: – Немцы ў вёсцы ёсць?
– Няма, – адказаў бацька. – Але я гэта к таму гавару, каб завесіцца, што прывыклі мы ўжо. – І пачаў далей тлумачыць: – Звычайна мы нават не запальваем святла. Ну, а калі, здараецца, патрэбна бывае яно, то вокны занавешваем. А немцаў у вёсцы няма. Так што не бойся.
– Ты, мама, таксама сядай, – спахапіўся Масей, што маці дасюль не скранулася з месца. – І ты, бацька, дарэмна не стой, – сказаў ён далей. – А то вы нешта сёння, як перад чужым, са мной.
– Дый ты б скінуў гэтую адзежыну, вальней бы адчуваў сябе дома, – параіў у адказ бацька.
А маці спыталася:
– Можа б, ты, Масейка, малачка яшчэ выпіў, а?
– Не, мама, не.
– А то ж карова дае...
Зазыба не стаў занавешваць вокны. Прысеў на той услон, што быў прыстаўлены да сцяны з вокнамі.
– Адкуль жа ты гэтак ішоў доўга?
– З-пад Мінска.
– Ажно?
– Мала што не ад Мінска. Ад Смалявіч. Якраз там адзін добры чалавек і адпусціў мяне.
– І ні разу пасля не пад’ехаў? – павярнула на сябе гаворку Марфа.
Масей усміхнуўся – яму наогул сёння хацелася ўвесь час усміхацца маці, нібыта задаўжаў у гэтым ёй.
– Здаралася, што і пад’язджаў, – сказаў ён. – Нават немцы адзін раз на машыне кіламетраў трыццаць правезлі. Але больш дабіраўся на сваіх.
– Скажы ты, нават немцы!
– Тылавікі. Ужо як фронт далёка адышоў. Ім абы сунуў што-небудзь смачнае ў рукі. Ну, а ў мяне якраз аказаўся кавалак сала. Дзед адзін пасля начлегу ў дарогу даваў. Я гэты кавалак і паказаў немцам.
– Скажы ты!.. – зноў здзівілася Марфа.
– А што гэта за чалавек быў, што адпусціў цябе, як ты кажаш? – праз нейкі момант спытаў Зазыба.
– Канвойны.
– Значыць, ты не па чыстай прыйшоў?
– Не.
Моцна ўражаны, Зазыба апусціў галаву.
Адчуўшы раптоўную бацькаву зніякавеласць, Масей ажно пакратаў ад прыкрасці мышцамі скуру на лобе, каб паганяць маршчыны. Ён зразумеў, што гаворка нарэшце перайшла тую мяжу, за якой ужо ляжала нешта такое, што, няйначай, магло атрымаць у іх успрыняцці зусім рознае тлумачэнне. Можа, ад гэтае думкі, а можа, і яшчэ ад чагосьці, што не было пакуль усвядомлена, раптам яго ўзяла моцная і неадольная, амаль невыносная скруха, якая находзіла часам толькі раней, калі ён пачынаў разважаць самнасам пра ўсё: справа ў тым, што гэтай недарэчнай сваёй зняволенасцю ён не мог нават пахваліцца; у лепшым выпадку, пры самым шчаслівым зыходзе, яна ўспаміналася б, як штосьці надзвычай кашмарнае і ганебнае. Тым часам вайна яшчэ больш зблытала яго лёс. Масей далёкі быў ад містыкі, аднак другі раз гатовы быў паверыць, што за яго вось ужо каторы год д’ябал спрачаецца з богам. Пра сваё нечаканае вызваленне ён хоць і расказваў спакойна, аднак галавой разумеў, што яно таксама зрабілася адным з тых вузельчыкаў, што хітрым канцом завязваў на яго лёсе д’ябал, бо ў цяперашніх умовах, нават апынуўшыся шчасліва дома, наўрад ці выпадзе магчымасць цалкам разблытаць гэты вузельчык. У кожным разе Масей пакуль не бачыў такой магчымасці. Няйначай, праз гэта і бацька сядзіць перад ім на ўслоне і не хоча падняць галавы, усё роўна як прыйшоў на пахмелле, бо яму ёсць чаго саромецца гаспадароў, у якіх учора буйна гуляў.
Ці то ад скрухі, якая агарнула душу, ці то проста ад бруду, што закарэў на целе, Масей, зусім не заўважаючы таго, зрабіў рукою звыклы рух пад адзенне і зацята стаў шкрабаць па рэбрах. Маці, якая насцярожліва, нават з болем у душы, чакала, калі нарэшце зноў загавораць у ранейшым радасным тоне яе мужчыны, убачыла гэта, сказала ўсцешліва:
– Нічога, сынок, зараз во дзень настане, тады вытапім лазню табе, папарышся...
– А навошта дня чакаць? – быццам прабудзіўся ў гэты момант Зазыба, няйначай, узрадаваны, што знаходзіўся занятак не ў хаце і што ўжо не трэба будзе пакутліва сядзець на ўслоне. – Цяпер от і займуся лазняй. Усё роўна ж не спім. Дзе гэта мае анучы, маці? Падай, абгарну ногі ды пайду. Сапраўды, навошта нам чакаць дня?
* * *
Хвілін праз колькі Зазыба ўжо стаяў пад дашкам на сваім высокім ганку, прыбудаваным да сенцаў з боку завулка, дыхаў начным водарам. З хаты сюды не даляталі галасы, і таму ён не чуў, як Марфа гаварыла сыну:
– Ты, сынок, бацьку таксама спагадай. Яму нялёгка цяпер, ой нялёгка! Здаецца, раней дак і не надта каб прыставала ўсё да яго. Але гэтыя гады, як не было цябе, – сама найгорш. Мы ж нават не ведалі, дзе ты і што з табой. Сказалі яму ў райвоне, што засудзілі цябе, ну, мы й паніклі адразу. Ета ж трэба, каб у такога заслужанага бацькі да такі сын вырас, ажно не кожнаму верылася, што мог ты што-небудзь супроць уласці зрабіць. Але скажу табе... Ну, як я сама думала, ета дзесятае дзела. У маткі заўсёды сваё ў галаве і ў душы. Яе ніхто не пераканае, раз яна не верыць сама. Дык я кажу, бацька твой... Ён таксама не паверыў, што б ты недзе там нешта якое супроць уласці.
– І правільна рабіў, што не верыў, – упэўнена, быццам з нейкім дакорам, сказаў на гэта Масей.
– Праўда, ён усё маўчаў, – кіўнула маці, – але ж ад мяне не схаваешся. Я па вачах убачу і то ўжо буду ведаць. Дак, бывала, прыйдзе ета дамоў ён, сядзе хоць дзе і думае. А тута неўзабаве яшчэ і са старшыні знялі. Таксама, гаварылі, праз цябе. Не, сынок, нялёгка яму было. Але цяпер, кажысь, дык і саўсім цяжэй стала. Вайна ета, скажу табе, таксама вялікім цяжарам легла на яго. Усё ён душой хварэе, бядуе ды хвалюецца. Іншы раз глядзіш на яго і падумаеш – ну ці ж ты вінаваты, што ўбіваешся? Ці ж ты вінаваты ў тым, што немец наступае?..
З тае хвіліны, як Зазыба ўбачыў на двары сына, мінула не дужа багата часу, але месяц паспеў схавацца, і вёска была ўжо атулена цемнатой. Праўда, на небе па-ранейшаму блішчалі зоркі. Іх нават цяпер быццам пабольшала, прынамсі, свяцілі яны ярчэй, здаецца, ужо не чужым, нерухомым святлом, якое адбівалася ад іх, а сваім, трапяткім і зыркім. Гэтае сваё святло перашкаджала і на зямлі зрабіцца цемнаце зусім густой, пра якую кажуць – хоць вока выкалі. У кожным разе Зазыба пэўна ўжо згледзеў бы ў цяперашняй цемнаце чалавека ў сваім завулку, каб той наўдаку стаяў дзе альбо заварушыўся.
Святло гарэла толькі ў Зазыбавай хаце. Выплёскваючыся вонкі праз два акны, яно коса, палосамі высвечвала шэрую дарогу і на тым баку яе, коўзаючыся і ламаючыся, дасягала абшаляваных будынкаў Прыбытковага двара.
Як фронт стаяў на Сажы, то амаль заўсёды чуваць было ягонае дыханне – раптам то сполахі на небе зайграюць, то кананада ўзбунтуе цішыню, а часам тое і другое разам. Цяпер фронту зусім не адчувалася: як адкаціўся далей, хоць на самой справе перадавая праходзіла ў міжрэччы Дзясны і Іпуці, кіламетраў за семдзесят ад Верамеек, проста забяседдзе трапіла ў так званую зону цішыні, калі нават самыя моцныя гукі цалкам губляюцца ў прасторы, бо гукавыя хвалі спярша коса ідуць угору, а потым вяртаюцца на зямлю ўжо далёка ад стрэлу ці выбуху. Аднак ніхто не бачыў сёння і бліскавіц, што паласавалі неба, напрыклад, яшчэ ўчора, акурат недзе там гуляў сухавей і дагрызаў у дубровах арэхі.
Сыходзячы з ганка, Зазыба нібыта міжволі кінуў позірк у крайняе акно сваёй хаты. Масей па-ранейшаму заставаўся за сталом, толькі не сутуліўся больш і не абапіраўся на локцях – сядзеў прытулены спіной да сцяны, а галава яго пахіснулася да левага пляча. Няйначай, Масей ужо спаў. Марфы Зазыба ў пярэдняй хаце не ўбачыў, можа, яна сапраўды збірала на другой палавіне сыну пасцель. Зазыба прыпыніў позірк на сцішаным, акурат распластаным, Масею, зноў падумаў, як і тады, хвілін колькі назад у хаце, што ім сапраўды будзе цяжка разам, здаецца, няхай бы ўжо і не вяртаўся Масей дамоў, раз незаконна.








