Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 22 страниц)
Ступіўшы з краю балота на сіўцовы кужаль, Чубар доўга і зацята соўгаў падэшвамі ўзад-уперад, вызваляючы боты ад наліплай балотнай гразі, усё роўна як меўся заходзіць праз звіліну да кагосьці ў хату. Пакуль ён мінаў паўз канаву балота, на дварэ звечарэла. Аднак змроку густога на галым прасторы не было. У небе, павіснуўшы над лесам, што выступаў няроўным грэбнем справа, ужо адбіўся невыразным, быццам яшчэ не цалкам выяўленым, абрысам месяц. Гэта ён, стаўшы на мяжы паміж днём і ноччу, паміж святлом і змрокам, не даваў згусціцца вечару, высвечваючы наўкол даступныя яму закуткі на зямлі. Не толькі тут, на сіўцовых лагах, але і паўсюль у забяседдзі стаяла спавітая цішыня. Быццам не паверыўшы ў яе, Чубар павярнуўся тварам у той бок, дзе за пагоркавымі палеткамі былі Верамейкі. Зноў трывогай апякло яму свядомасць. Зноў усярэдзіне зварухнулася прыкрасць, і зноў яму падумалася пра тое, што ён усё яшчэ бездапаможны што-небудзь зрабіць тут. Але і адтуль, з Верамеек, не прылятала сюды ніводнага гуку.
Ласяня стаяла амаль побач – і не аддалялася, і не набліжалася, усё роўна як добра ведала тую невымерную адлегласць, на якой яму належала трымацца ад чалавека.
Да хаткі-лупільні, дзе Чубар меў намер сёння знайсці сабе спачын, заставалася яшчэ прайсці гэтыя сіўцовыя лагі, тады павярнуць бліжэй да вёскі. І Чубар пайшоў. Цяпер ён чамусьці ўпэўнены быў, што ласяня і далей пабяжыць за ім, таму нават не прыслухоўваўся і не азіраўся. Гэтая даверлівасць асірацелага звярка ўвесь час неяк ахінала пяшчотай яго і нарэшце павярнула Чубаравы думкі на самога сябе, успомнілася раптам сваё сіроцтва. Чубар нават здзівіўся, што такая акалічнасць можа выклікаць нечаканы ўспамін. Гэта ўсё ад адзіноты, падумалася Чубару, нібыта і папраўдзе трэба было штосьці тлумачыць сабе ў апраўданне... Чубар асірацеў у дзевяць гадоў. Бацькоў яго пахавалі на вясковых могілках у адзін дзень, бо памерлі яны таксама ў адзін дзень ад тыфусу – спярша, пад ранне, бацька, за ім, пражыўшы яшчэ гадзін колькі, сканала маці. Тады па ўсіх вёсках хадзіла гэтая хвароба, касіла людзей. Праз яе не пашанцавала багата каму, а дзевяцігадоваму Родзьку Чубараву дык найгорш. Жыццё сваё ў дзіцячай працоўнай камуне ён амаль не помніў, таксама як мала чаго захавалася ў памяці і з часу вучобы ў каморніцкай школе, затое хутар і яго гаспадара ніколі не забываў, хоць і працаваў там нядоўга, усяго дзве зімы, вядома, з вясною, летам і восенню паміж іх. У хутараніна не было сваіх дзяцей, і невядома дзеля чаго і каму ён капіў багацце, але з парабкаў вымаў усё, што можна было. Парабкавалі яны на хутары ўдвох – Родзька і Цімох Сачнёў, які даводзіўся гаспадару ці не стрыечным братам і які ці не на пяць гадоў старэйшы быў за Чубара. Але сваяцтва не ішло ў залік, адно што Цімох быў к таму часу збольшага ўжо сталы чалавек і меў смеласць паказаць нораў, калі дужа насядаў гаспадар з работай. Чубар жа адчуваў сябе зусім безабаронным, таму на ім, як кажуць, і ездзілі ўсе, каму ўздумаецца, уключаючы таго ж Цімоха. Праўда, меншага парабка часам шкадавала гаспадыня, ціхая жанчына, якой праз яе бяздзетнасць таксама жылося нясоладка ў доме. Але спагада яе да Чубаравага сіроцтва часта абарочвалася гаспадаровай лютасцю – угледзеўшы, што жонка знарок выгадвае, каб малы парабак паспаў хоць крыху лішне, муж пачынаў шалець, крычаць на ўвесь хутар, пагражаючы прагнаць з двара і лайдака, і заступніцу. Яго не бянтэжылі нават жончыны слёзы: «Пабойся бога, ён жа няшчасны, адзін на ўсім свеце!» – «Цяпер адбою няма ад такіх сірот! – звычайна даваў у процівагу свой довад хутаранін, як не тупаючы ў злосці нагамі. – Дык няўжо я вінаваты, што іх так багата? А мо я сам не рву жылле на гэтай вашай рабоце?» Сапраўды, гаспадар таксама браўся за цэп ці сахор яшчэ на досвітку і потым не выпускаў з рук скрозь цэлы дзень. Гаспадыня, здаралася, казала парабку: «Што ты, дзіцятка, думаеш сабе? Уцякай куды ад нас, ці ж на адным нашым хутары свет для цябе?» Але работы ў гаспадарцы было процьма, гаспадыня паступова і сама за ёй надоўга забывалася пра чалавечую жаласць. Ды і куды было падацца Чабару, які не дужа багата чаго пабачыў у жыцці? Нават працоўная камуна і тая не навучыла яго таму, чаго звычайна другія вельмі хутка набіраюцца. Праўда, тут, у Чубаравай някемлівасці, прычынай, бадай, была тая акалічнасць, што, нягледзячы на сіроцтва, ён тым не менш не быў у поўным сэнсе беспрытульнікам, бо адразу з сялянскай хаты трапіў у дзіцячую працоўную камуну. Але ж і зразумець яго таксама можна – чаго-чаго, а харчу добрага хутаранін не шкадаваў, абы паказваў на гумне ці ў полі спрыт ды ўвішнасць. Навошта тады ад дабра ўцякаць? Урэшце, ежа таксама нямала чаго значыць у жыцці, асабліва калі чалавек досыць нагаладаўся!..
Выйшла само, што Чубар пакінуў хутар. Пад вясну ён аднаго дня выпусціў з хлява авечак, а загнаць назад у час забыўся. А тым быццам толькі і снілася ўсю зіму воля: не паспелі гаспадаровы шуткі збегчы з сонечнага двара, як на ўзлеску напалі на іх ваўкі. Ну, і не далічыўся ўвечары хутаранін у статку двух бараноў і адной авечкі. Вядома, адказваць давялося Чубару, але ён усё ж неяк крутануўся ды выкаўзнуў з учэпістых гаспадаровых пальцаў. Памагло Чубару вырвацца, няйначай, тое, што хутаранін утрымліваў яго адной рукой, а другой тым часам з поцягам сцёбаў па спіне дубцом. Зразумела, што пасля такой экзекуцыі мала хто добраахвотна захоча вярнуцца назад.
Не вярнуўся і Чубар. Зноў падаўся ў працоўную камуну, яшчэ не ведаючы, што яе к таму часу паспелі распусціць. Колькі месяцаў пасля гэтага Чубару давялося жыць выпадковымі заробкамі ў навакольных вёсках, а потым нехта падказаў яму паступіць у школу каморнікаў, балазе туды набіралі навучэнцаў ледзь не такім жа чынам, як у старыя гады ў дзяржаўныя сельскагаспадарчыя школы. Доўга, вельмі доўга пасля прахопліваўся Чубар уначы на ложку, чуючы ў сне на сабе ўдары дубца...
Хоць дарогі напрасткі было не так і многа, але Чубар дабраўся да хаткі-лупільні, калі месяц на небе ўжо набраўся сталага бляску. Цяпер грудок, на якім тулілася гэтае нехлямяжае збудаванне, падобнае на звычайную сялянскую лазню, увесь быў заліты амаль шызым месяцавым святлом, а вузкі цень падаў наўскасок, даставаў акурат гатычным верхам самага краю. Сёлета нехта разводзіў тут, на грудку, вогнішча, можа, пастухі, і крокаў за дваццаць ад хаткі дасюль яшчэ чарнела лапікам папялішча, як ад згарэлага лаўжа. Побач ляжала струхлелая бярозавая калода. Яна свяцілася фосфарам, а здалёку здавалася, што там датлявала вуголле.
Дзверы ў хатку засталіся пасля кагосьці расчыненыя – значыць, наведваліся людзі і цяпер. У няскончанай прыбудове бялела на зямлі пашматаная папера. Паколькі папера ляжала не прыбітая дажджамі, то льга было падумаць адразу, што яе пакінуў нехта тут гэтымі, ужо сухімі, днямі. Чубар узяўся за вушак, каб ступіць на парог і потым зайсці ў хату, але штосьці жывое варухнулася на парозе, раскруцілася пругкай маланкай і шмякнулася ўніз, па той бок парога. Чубар здрыгануўся ад нечаканасці, але паспеў усё ж згледзець і здагадацца, што патрывожыў соннага вужа, які абначыўся на парозе. Пазнаў ён яго па чырвоных шчочках, якія ажно бліснулі пры святле месяца. Няйначай паўзун меў тут сталае жыллё сабе, можа, нават вывеўся пад падлогай, калі, вядома, не прыпоўз адкуль з балота. Чубар з дзяцінства не мог спакойна глядзець на такія стварэнні прыроды, як гэты вуж, яны заўсёды выклікалі ў ім непрыемны халадок, нават страх, аднак цяпер чамусьці адразу перасіліў гідлівае пачуццё і, лішне не стрымліваючы сябе, падаўся ў хатку. Скрозь зашклёнае акенца ў бакавой сцяне туды пранікала знадворку месяцава святло, кладучыся снопам на дашчанай падлозе. Зваліўшыся з парога, вуж кудысьці знік зусім, можа, паміж няшчыльных масніц. Чубар моцна патупаў для пэўнасці па падлозе, тады чыркнуў па карабку запалкай. Насупраць акенца, ля другой сцяны, у хатцы быў тапчан, акурат палок у вясковай лазні, – проста нехта паклаў на яловыя круглякі тры шырокія дошкі, на якіх хапала месца выпрастацца чалавеку на ўвесь рост. Трымаючы запалку ў руцэ, Чубар сеў на тапчан, паёрзаў задам на ім, усё роўна як прабуючы на трываласць. Запалка, між тым, дагарэла і, апёкшы пальцы, патухла. Аднак цёмна ў хатцы зрабілася толькі на момант, бо зрок даволі хутка прызвычаіўся да таго святла, што пранікала праз акенца і дзверы, якія Чубар таксама пакінуў расчыненымі. Чубар паваліўся на тапчан галавой да сцяны, паляжаў колькі хвілін на спіне, быццам у здранцвенні, тады крутануўся ўдоўж і паклаў на дошкі як не пудовыя ногі. Звычайна ён засынаў цяпер хутка, абы дапаў да чаго бокам, нягледзячы нават на волкасць, а тут чамусьці доўга не мог заплюшчыць вочы, усё роўна як замінала што зрабіць гэта.
Знадворку было чуваць, як бегала вакол хаткі неспакойнае ласяня. Але што мог сказаць яму Чубар?
Між тым, на парог неўзабаве зноў успоўз вуж і лёг там абаранкам, скруціўшыся ў колькі разоў. Блізкая прысутнасць сцішанага чалавека, які толькі і выдаваў сябе тым, што дыхаў, пэўна, зусім не трывожыла яго.
Цяпер Чубар выявіў паўзуна многа пасля, калі нечага глянуў з тапчана праз расчыненыя дзверы ў прыбудову. Але гэты раз ён паставіўся да яго з’яўлення спакойна, без гідлівай утрапёнасці, нават не падумаў, каб нейкім чынам пазбавіцца на ноч непрыемнага суседства.
У Верамейках таксама гэтым часам яшчэ ніхто не спаў, не раўнуючы, можа, дзяцей.
* * *
...Зазыба з Парфёнам Вяршковым паспелі адысціся ад крыніцы тады не лішне далёка, бо спяшацца ўжо не было куды пад канец дня: жытнёвы палетак на схіле верамейкаўскага кургана цяпер меў выгляд нядбайна пастрыжанай аўчыны; праўда, заставалася яшчэ перамераць на палосы і той клін, што паміж Мамонаўкай і Кулігаеўкай, але з жыхарамі абодвух пасёлкаў, якім дастаўся клін – Сідар Раўнягін усё-ткі дамогся свайго, адваяваў у верамейкаўцаў палетак, – была такая дамоўленасць, каб перанесці далейшы падзел на заўтра. Гэта што тычылася грамадскай справы. Але ж пра яе раптам неяк і забылася: тое, што немец нечакана высцебаў верамейкаўскага паліцая, а разам з ім і ягонага прыхвасценя, цяпер скрозь весяліла вяскоўцаў. Парфён Вяршкоў з Зазыбам таксама ўвесь час мелі на ўвеце гэты дзіўны выпадак і ўнутрана ажно свяціліся. Праўда, шкадавалі лася, якога застрэліў Рахім. Але часцей думкі чапляліся за адно.
– Дак, кажаш, свой свайго не пазнаў? – радасна плюскаючы вачамі, круціў галавой Парфён Вяршкоў.
– Як у тым старым жарце, – смяяўся Зазыба.
– Во-во!
– Але ж ці будзе Антон скардзіцца каменданту?
– Яшчэ чаго! Не такі ён дурны!
– Дак і я думаю, што не такі. Але ж цяпер яму хоць ты вочы заклей чым. Бо сечаны паліцай – усё роўна што сечаны пан.
– Але сапраўднае дзіва. Ад немца такога дак ужо ніхто і не чакаў. Бытта чорт лапаю накрыў.
– Нічога, тараватаму мужыку таксама навука патрэбна.
– Дак ета так, ета што чыя душа прымае.
– Словам, нездарма кажуць – век пражыў, а розуму не нажыў. Так гэта і Мікіта наш.
– Але ж гавораць і па-другому – вучыцца таксама не варта спяшацца.
– Ну але! Добра вучыць разумнага. Але ж гэты шаленец немец! Адкуль ён наскочыў сюды?
– Праўда, шаленец! Га-га-га! Ну да ладна. Няхай цяпер Брава-Жыватоўскі на свой хвост пабрэша.
– Няхай. Я не супраць. Я, Парфён, за тое, каб дурны з дурным заўсёды сварыўся, а разумны з разумным цешыўся.
– Хвала ўсявышняму, што з астатнімі ўсё абышлося. Здаецца, немцы паехалі далей. Мусіць, у Гутцы начаваць збіраюцца, калі іншага чаго ў галаве не маюць.
Але Парфён як сурочыў – раптам усе ўбачылі, што сярод немцаў на гуцянскай дарозе зрабілася неспакойна: спярша спынілася калона, а тады ва ўсе бакі паскакалі коннікі.
– Чаго гэта яны? – сцепануўся Зазыба.
– Няйначай, перадумалі, – цмокнуў языком Парфён Вяршкоў: у голасе было расчараванне.
А Зазыбу за адзін міг нібы ў гарачку кінула – штосьці здарылася!..
Тым часам мала хто звяртаў увагу на адзінокага каня з пустым сядлом, што трухаў уніз па гуцянскай дарозе.
Спацелы коннік падляцеў таксама па папары да Зазыбы з Вяршковым, разлучыў іх, адціснуўшы адзін ад аднаго буланым канём. Ён нешта залапатаў на сваёй мове, яўна пагражаючы, і стаў паказваць плёткай у бок гуцянскай дарогі, куды ўжо зганялі адусюль другіх верамейкаўцаў, якія за гэты час не паспелі далёка адысціся ад крыніцы.
– Што здарылася? – гукнуў уголас Зазыба, калі і яны з Парфёнам Вяршковым нарэшце апынуліся пад канвоем сярод натоўпу.
Яму не адказалі: ужо гурчаў блізка знаёмы «Хорх», і верамейкаўцы, палохаючыся, расступаліся на абочыны, вызваляючы дарогу.
Невядомасць тачыла ўсім сэрцы.
Дзіва, але Драніца таксама стаяў у натоўпе – ужо, няйначай, лічыў за лепшае трымацца ў баку ад Брава-Жыватоўскага. Ведаў, бэстыя, што б’юць іншы раз не толькі за тое, што перакруціў, але можа не менш, калі нават не больш, папасці і за тое, што недакруціў.
Тым часам Брава-Жыватоўскі хоць і пабіты, але быў без усялякае хітрасці сярод немцаў. Ды і службу паказваў шчыра – то наўздзіў скоранька, не зважаючы на сваю грузнасць, аббягаў верамейкаўцаў, нібыта баяўся, што тыя не захочуць стаяць на месцы, то спяшаўся зноў да немцаў, усё роўна як дзеля таго, каб папытацца ў іх, атрымаць новае даручэнне, а найбольш затрымліваўся ўсё каля аднаго, які, мусіць, і быў за камандзіра – немец гэты на свой малы рост выглядаў надта затоўстым для спрытнага конніка і меў шырокі твар з вялікім носам, што выступаў ледзь не з сярэдзіны лоба.
Не хацеў заставацца без справы ў гэтай сітуацыі і татарын Рахім. Мала разумеючы, што трэба рабіць, ён тым не менш рухамі сваімі, паводзінамі нагадваў здурнелага сабаку, які ганяў на полі, ад пячуркі да пячуркі, мышэй.
Зазыба чуў, як прыглушана гаманілі вакол верамейкаўцы, найбольш кабеты, бо дзецюкі, здаецца, стаялі ў натоўпе моўчкі, але па ўсіх – і па мужчынах, і па жанках – было відно, што ранейшага страху, ранейшай утрапёнасці, якія валодалі сялянамі яшчэ зусім нядаўна, на сухадоле, цяпер не адчувалася, прынамсі, нічога такога па тварах вяскоўцаў Зазыба не прыкмеціў, быццам пасля здарэння ля крыніцы тыя не верылі, што нешта наогул можа пагражаць ім.
Начадзіўшы, бронеаўтамабіль нарэшце праехаў праз расколаты на дзве часткі натоўп і, не спыняючыся тут, пакаціўся з горкі да расчыненых коўрат.
Аказваецца, конныя немцы толькі і чакалі гэтага. Адразу загопалі на сёдлах, замахалі плёткамі.
– Шыбчэй, шыбчэй! – пачаў падганяць верамейкаўцаў Брава-Жыватоўскі.
Ужо на падыходзе к коўратам да Зазыбы ў натоўп праціснуўся Драніца.
– Дзяніс, як тэй таго...
– Што?
– Дак... – Драніца выразна шукаў моманту злавіць Зазыбаў позірк.
– Што тут здарылася ў вас? – спытаўся Зазыба.
– Дак... Конь іхні, як тэй таго, прыбег адзін з вёскі.
– Ну і што?
– Як што? Можа, хто наш, як тэй таго, прыстукнуў...
– Глупства, – сказаў упэўнена Зазыба. – Нашы ўсе былі разам. Сам жа ведаеш.
– Дак, як тэй таго...
– А ў цябе, нябось, і жылкі трымцяць? Ай ужо не спадзяешся на сябрука?
– На Жыватоўшчыка, як тэй таго? Але ж вунь як стараецца!
– Ну што ж, – спакойна сказаў на гэта Зазыба, – не хацела сабачая лапка ляжаць на лаўцы, дык трапіць некалі пад лаўку.
– Ну да, як тэй таго, – акурат не паверыў у Зазыбаву алегорыю Драніца, – Антон заўсёды сухі з вады выйдзе. Для яго ўсё роўна – ці чорнае, ці белае.
– Як бы не так, – усміхнуўся Зазыба, праганяючы з твару зацятасць. – Ты ж сам некалі ў кампаніі любіў прыгаворваць: прыйдзе коза да воза, а мы ёй пужкі. Помніш?
– Дак, як тэй таго...
– От бачыш, тыц-мыц і няма чаго гаварыць. А ўсё таму, што навуку позна пазнаеш.
Драніца цыўкнуў вачамі, сказаў, быццам заплакаўшы:
– Дак без мукі ж, як тэй таго, няма і навукі. Але што з намі будзе? Куды нас вядуць?
– Сам жа бачыш, у вёску. А, урэшце, пацікаўся ў свайго сябрука, тады і мне дакладна скажаш.
– Дак...
Зазыба пашукаў у натоўпе Парфёна Вяршкова.
– Чуў, што гавораць? – спытаўся ён цераз голавы.
– Чуў, – адказаў Вяршкоў, прабіраючыся бліжэй.
– Але я нешта не веру. Пры чым тут конь? Мы ж усе былі разам!
– Дак і я прыкідваў ужо. Выходзіць, так.
– А там... Словам, трэба, Парфён, глядзець, каб не прымусілі нас кроіць дзіравыя порткі.
Сонца заходзіла за лес чыстае. Зачапіўшыся за макушы дрэў над возерам, яно ўжо роўна дагарала там.
Раптам на дарогу, амаль пад ногі верамейкаўцам, выскачыў з бульбовых разорын сабака. То была Хрупчыкава лайка, і яе ўсе пазналі – з закручаным у абаранак хвастом, з чырвоным языком, які заўсёды хадзіў у яе зяпе ходырам, нават у самы холад. Сабака Хрупчыкаў увогуле быў бяскрыўднай жывёлінай, ён мала калі заставаўся ў вёсцы, а то ўсё бегаў безгалосы вакол, ганяў кагосьці ўдоўж і ўпоперак па засеяных палях. Ва ўсякім выпадку ні звягі, ні агрэсіўнасці яго ў Верамейках ніхто не помніў. А тут ціхоня нечакана вякнуў, быццам з пераляку, на знаёмых людзей, адскочыў на абочыну і тут жа кінуўся да канвойнага, што ехаў па правы бок, цаляючы ўчапіцца зубамі за звешаную нагу ў стрэмі. Пры гэтым ён гучна гаўкаў, лёгка, проста мячыкам, падскокваў угору, ажно конь пад седаком захваляваўся не на жарты, пачаў касабочыць, спатыкацца ды падавацца назад.
– Сіланці, – устрывожыўся хтосьці ў натоўпе, – памані ты, далібог, сабаку свайго, а то...
Але Хрупчык у адказ і слова не паспеў вымавіць – канвойны амаль у адно імгненне сарваў з сябе карабін, што вісеў за спіной накрыж, і, нават не клацнуўшы затворам, стрэліў у раз’ятранага сабаку, які адразу тыцнуўся пысай у замуравелы прыдарожны дзірван, закалаціўся ў сутаргах, быццам хапянуў з хлебнай прынадай хуткадзеючай атруты.
Верамейкаўцы, на вачах якіх адбылося недарэчнае забойства, у жудасці ўцялі галовы, нават збіліся з роўнай хады. А нейкая з жанок пры гэтым залямантавала ўголас, але тут жа спалохана здушыла ў сабе плач.
– Ну от, дажыліся, – сказаў нехта ў натоўпе, – і заступіцца няма каму.
– Хто ж ета палезе цяпера на ражно? – пачуўся другі голас, але Зазыба пазнаў – гэты, здаецца, належаў Падзерыну. – Вунь, сабака адно загаўкаў, і то...
– Шкада сабаку...
– Што тута ўжо плакаць па сабаку, калі дзень такі – адно другое даводзіць да ліха, – сказаў Сілка Хрупчык, якому, можа, пакуль аднаму было да слёз, бо за коўратамі пры дарозе застаўся ляжаць забіты яго сабака.
– Яно так, – падтрымаў Хрупчыка нечы жаночы голас, – толькі пусці першую слязу, за ёй адразу другая пацячэ, потым і не стрымаеш.
Зазыба ступаў па мяккім, бы прысакавым пяску на дарозе і, губляючыся ў здагадках, пакутліва прасейваў праз сваю разважлівую думку ўсё, што прыходзіла на памяць, аднак дапасці розумам да чагосьці пэўнага не мог: сапраўды, куды, ну куды і для чога гоняць пад канвоем верамейкаўцаў?
Раскрылася загадка адно ў вёсцы. Нават не сама загадка, а ўсяго толькі прычына, якая ўзбурыла немцаў.
Калі верамейкаўцаў нарэшце прыгналі на пляц супраць былой калгаснай канторы, там ужо стаяў знаёмы бронеаўтамабіль. Некалькі спешаных коннікаў, якія таксама паспелі сюды наперад, пахаджвалі з карабінамі паўз штакетнік пад вокнамі. Твары ў немцаў былі як напятыя, нават разгубленыя, прынамсі, так падалося шмат каму з верамейкаўцаў. З бронеаўтамабіля адразу пры ўсіх вылез рослы, але ўсё роўна як стончаны ў поясе афіцэр з вельмі спакойнымі светлымі вачамі. На ім спраўна выглядаў зялёны кіцель з чорнымі абшлагамі на рукавах і гэткім жа чорным каўняром з зялёнай акантоўкай. На грудзях, прадзетая ў пятліцу для гузіка, чырванела малінавая стужка, а на рукаве з правага боку блішчаў значок афіцэра палявой жандармерыі – сярэбраная страла на залатым фоне.
Жандар наблізіўся да верамейкаўцаў, якія, апынуўшыся на пляцы, зусім збіліся ў цесны гурт, павадзіў па тварах вачамі, акурат шукаў паміж гэтых людзей кагосьці, хто яму край патрэбны быў, тады крута, адным кароткім рухам, павярнуўся ў процілеглы ад натоўпу бок і мерна, быццам падлічваючы крокі, пашнураваў да штакетніку. Пасля гэтак жа сама зноў павярнуўся да верамейкаўцаў і ці не па сваіх слядах, не прыспешваючы і не збаўляючы крок, вярнуўся на тое месца перад натоўпам, дзе ўжо спыняўся раз.
– У вашай вёсцы знік наш салдат, – пачаў ён па-руску чыстым, бы з літой медзі, голасам, ніколечкі не павысіўшы яго, але так, каб чуваць было самым заднім. – Я аб’яўляю – калі праз дзесяць хвілін салдата не адшукаюць, абвінавачаны будзеце ўсе вы. Калі ж салдата знойдуць забітага, абвінавачаны таксама будзеце вы. Але ў гэтым выпадку, каб пазбегнуць пакарання, вы павінны назваць забойцу. Іначай – расстраляем усіх. Ніводная кропля крыві, дарэмна пралітая салдатам вялікага фюрэра, не можа застацца без адказу. Вы ўсе павінны ведаць пра гэта, ведаць сёння, заўтра, ведаць заўсёды. Хто стараста?
Адчуўшы, што менавіта яму, а не каму іншаму першым трэба азвацца цяпер, каб адказаць на пастаўленае пытанне, Зазыба праціснуўся наперад, сказаў зусім спакойна і гэтак жа не надта гучна, акурат як гаварыў афіцэр:
– У вёсцы няма яшчэ старасты.
– Чаму?
Зазыба праставата паціснуў плячамі, схіліўшы трохі набок галаву, але раптам спахапіўся, што трымае перад жандарам па швах рукі, і ў той жа момант прымусіў сябе сагнуць правую ў локці, дацягнуцца ёй да носа, каб пакратаць шчопцем за самы кончык, – гэта было яго заўсёднай звычкай, калі выпадалі раптам раздумлівыя хвіліны.
Афіцэр, мусіць, таксама адчуў Зазыбаву знарочытасць, таму асабліва пільна паўглядаўся ў ягоны твар, які зусім не паказаўся яму праставатым, тады нечага прыжмурыў вочы і сказаў з выразным адценнем паблажлівасці:
– Добра. – Але тут жа паклікаў да сябе сярэднім пальцам левай рукі Брава-Жыватоўскага, які стаяў напагатове непадалёк. – Пан паліцэйскі, хто з вашых людзей заставаўся тут, у вёсцы? – спытаў ён Брава-Жыватоўскага, каб тым часам пачулі іншыя.
– Не ведаю, – адказаў Брава-Жыватоўскі, наперад паказваючы выглядам усім сваю вінаватасць, – маўляў, нечакана гэта адбылося, таму не мог прадугледзець.
– Даведайцеся і далажыце! – загадаў яму афіцэр.
Брава-Жыватоўскі падскочыў бліжэй да натоўпу, крыкнуў віхлястым голасам:
– Каго не было ў Паддубішчы?
– Дакладней, хто быў у гэты час у вёсцы, – паправіў яго жандар, зусім не выдаючы сваёй раздражнёнасці, якая, няйначай, бунтавалася ў ім, нягледзячы на вонкавы спакой.
– Так, хто заставаўся ў вёсцы? – ужо выразна губляючыся, крыкнуў зноў Брава-Жыватоўскі.
– Дак, здаецца, нікога, – зварухнуўся ў натоўпе Сілка Хрупчык, чамусьці ажно прысядаючы. – Усе ж нашы ў Паддубішча хадзілі.
– Ты сам бачыў, Антон, – азваўся нарэшце з-за спінаў вяскоўцаў і Раман Сёмачкін, які пасля здарэння ля крыніцы прыціх надоўга і зусім не выдаваў нідзе сваёй прысутнасці. – Мужыкі ўсе былі на падзеле. Ета можна нават пералічыць цяпера. А бабы... Дык бабы, сам знаеш...
– Ды не маглі нашы бабы забіць чалавека, – падала адразу ж нясмелы голас Рыпіна Ціткова. – Ета ж не певень, што б...
Брава-Жыватоўскі павярнуўся да афіцэра, паціснуў плячамі – маўляў, самі бачыце. Але той усё роўна як не зразумеў гэтага апраўдання. Сагнуў руку ў локці і глянуў на круглы, падобны на компас, жоўты гадзіннік:
– На роздум вам дзве, не, нават дзве з палавінай хвіліны. Калі за гэты час не будзе знойдзены наш салдат, абвінавачаны будзеце вы. Калі не... – І ён зноў амаль слова ў слова пачаў паўтараць тое, што гаварыў раней.
Дзіва, але нібыта цяпер толькі верамейкаўцы па-сапраўднаму паверылі, што ім нешта пагражае, і не нешта, а самае што ні на ёсць жахлівае.
– А людзечкі, што ж ета будзе! – залямантавала з краю Гануся Падзерына, чамусьці адпіхваючы ад сябе шчыльна стаяўшых кабет.
Выходзіла, што верамейкаўцам дасюль нібыта аднаго яе ляманту і не хапала. Натоўп раптам прыйшоў у рух, загаманіў, ажно насцярожыліся канвойныя, пакраталі настаўленымі карабінамі. Толькі ніхто з верамейкаўцаў не асмеліўся зрабіць нават кроку ні ўперад, ні ўзад. Кабеты, як самыя трапяткія натуры, пачалі праклінаць уяўнага забойцу, праз якога немцы збіраліся парашыць усіх. Зазыба пачуў узбураныя галасы, падумаў збянтэжана – што ж гэта робіцца? Сам ён страху не адчуваў, усё роўна як назло, насуперак тым, хто паддаўся паніцы. З усяго, здаецца, хацелася аднаго – засланіць рукамі вушы, каб не чуць галасоў. Але вось нехта крыкнуў:
– Вядуць! Вядуць!
І праўда, па вуліцы да пляца немцы вялі, піхаючы прыкладамі, нейкага чалавека. Аказваецца, увесь гэты час, пакуль верамейкаўцы стаялі пад пагрозай, другія немцы,– а іх там было нямала, – шнырылі па вёсцы, абшуквалі ўсе закуткі. Чалавек спатыкаўся ад моцных штуршкоў, аднак не падаў. Неўзабаве верамейкаўцы пазналі яго. Гэта быў прыдуркаваты Ціма з Прудкоў. Яго ведалі ўсе, ад малога да сталага, і не толькі ў Прудках ды Верамейках. Такіх людзей, як Ціма, звычайна ведаюць па ўсёй акрузе, у кожным разе, у бліжэйшых вёсках напэўна. Гэтага чалавека прырода надзяліла магутнай сілай, але забрала розум, навекі зрабіўшы яго юродзівым. Праўда, да яго таксама часам вярталася здаровая свядомасць, і ён нармальна ўспрымаў усё, што яму гаварылі і чаго ад яго хацелі. Тады нават хоць каму цікава было мець Ціму субяседнікам. Якраз таму хадзілі згадкі, што хвароба з ім прыключылася пазней, калі ён плаваў недзе на параходзе. Вядома, у саміх Прудках знайшліся б людзі, якія маглі сказаць пра Ціму больш пэўнае што, аднак чамусьці ніхто ўжо і не хацеў іншага тлумачэння. Ціма прудкоўскі ды Ціма. Як звычайна бывае ў такіх выпадках, за ім ганяліся паўсюль дзеці, дражнілі абразлівымі словамі, строілі рожы, паказвалі языкі. Жыў Ціма ў Прудках адзін. Меў яшчэ бацькаву хату. Але ў печы паліў рэдка, можа, калі ў лютыя маразы, а то ўсё ляжаў у лахманах. З усёй жывой гаспадаркі меў адну карову, якую не кожны раз прыгадваў даіць, хоць вельмі акуратна глядзеў за тым, каб хапала ў хляве корму – насіў з калгасных стагоў у парваных рэзгінах сена, клаў адразу ў яслі і супакойваўся да наступнага разу. Сам ён карміўся найбольш па людзях. Прыходзіў у хату, сядаў за стол разам з гаспадарамі, а калі ў хаце не было гаспадароў, сам браўся ў парозе за вілкі, даставаў гаршчок з варывам з печы. Рабіў Ціма гэтак і ў Прудках, і ў Верамейках, нават наведваўся ў Бабінавічы, адным словам, адчуваў сябе вольна ўсюды, куды трапляў у сваім свядомым ці не свядомым бадзянні. І вось цяпер гэтага юродзівага вялі на верамейкаўскі пляц.
Да жандарскага афіцэра пад’ехаў коннік, той самы, што меў вялікі нос, які выступаў амаль з сярэдзіны лоба (яго верамейкаўцы запомнілі яшчэ адтуль, з-за коўрат), і нешта стаў гаварыць па-свойму.
Другія немцы, не чакаючы ніякай каманды, падвялі да штакетніку Ціму і сілай прымусілі павярнуцца да пляца. Нават за тыя дзесяць ці трохі больш крокаў, якія аддзялялі цяпер юродзівага ад верамейкаўцаў, льга было ўбачыць на ягоным твары, што небарака пакуль нічога не разумеў з усёй дзеі, адно талопіў з нейкай нечалавечай злосцю перад сабой як невідушчыя вочы ды раз-пораз хапаўся закарэлай рукой за сківіцу, няйначай яна садніла ў яго ад удару. Няўходжаны, натапыраны Ціма нагадваў хутчэй чалавекападобную істоту, чым самога чалавека, усё роўна як прымусілі яго стаць на заднія ногі. Але вось раптам ён пазнаў у натоўпе кагосьці з верамейкаўцаў, калі, вядома, зусім не ўсіх і яўна што з радасці разявіў ва ўсмешцы рот.
Тым часам афіцэры – і жандарскі, і той, кавалерыйскі, – скончылі перамову і тады абодва падышлі да юродзівага. Здавалася, яны загавораць з ім. Аднак жандар павярнуўся да натоўпу, спытаў на адлегласці:
– Хто ведае гэтага чалавека?
Але на верамейкаўцаў раптам таксама быццам замарачэнне найшло. Ніхто не адказаў, усё роўна як людзі не зразумелі, чаго цяпер ад іх хацеў гэты немец з голасам то ўкрадлівым, то строгім, нават грозным. Да таго ж, ніхто не верыў, што Ціма наогул здольны на забойства.
– Значыць, не ведаеце? – зларадна ўсміхнуўся жандар. – Тады я скажу. Гэта пераапрануты чырвонаармеец. І гэта ён забіў у вашай вёсцы нашага салдата. Па закону ваеннага часу вы таксама нясеце адказнасць за забойства, таму што адбылося яно ў тыле нашай арміі, у вашай вёсцы. Вы хавалі ў сябе гэтага чырвонаармейца!
Трываць далей ужо нельга было.
– Мы ведаем гэтага чалавека!
Амаль з сярэдзіны натоўпу выбіраўся на край Парфён Вяршкоў.
– Мы знаем яго! – загаманілі тады наперабой і другія мужыкі.
Але жандарскі афіцэр глядзеў ужо на аднаго Парфёна Вяршкова.
– Ніякі ён не чырвонаармеец, – ужо амаль злосна сказаў Парфён. – Ета Ціма з Прудкоў. Ён не ў сабе, разумееце, пан афіцэр?
– Што значыць – не ў сабе? – быццам зніякавеў ад Парфёнавай настойлівасці жандар.
– А тое, што ён хворы, – паглядзеў проста ў вочы фашысту Вяршкоў.
– Чым хворы?
– На галаву хворы!
– Ідыёт?
– Так, дурны.
Афіцэр кінуў няверлівы позірк на Брава-Жыватоўскага. Той здалёк пакруціў каля скроні пальцам.
Мусіць, жандар такога павароту ў справе зусім не чакаў. Раптам у яго задрыжаў падбародак – не, ён не засмяяўся, каб хоць гэтак выйсці з недарэчнага становішча; проста яму нарэшце ўсё-ткі здрадзіла яго паказная ўраўнаважанасць. І ён закрычаў на Парфёна Вяршкова ў шаленстве:
– Туды! Станавіся туды! Станавіся побач з гэтым вашым ідыётам!
Але жандара вывела з раўнавагі не толькі тое, што чалавек, якога злавілі салдаты ў нечым двары, аказаўся ўсяго звычайным вясковым ідыётам. Найбольш яго прывяло ў шаленства свядомае і спакойнае заступніцтва вось гэтага пажылога селяніна з упэўненым позіркам у вачах, дзе не было не толькі страху, а нават і знаку на малейшае падлашчванне.
Да таго ж, на жандары ляжала адказнасць высветліць галоўнае – куды падзеўся салдат вермахта? Не загасцяваў жа ён, урэшце, у кумы!
Між тым, станавілася відавочным таксама, што пошукі нічога не даюць, нягледзячы, што ў вёсцы ўжо мала што не перавернута дагары.
Парфён Вяршкоў не стаў чакаць, пакуль яго падштурхнуць карабінам к штакетніку, сам падышоў да Цімы і стаў па левае плячо.
Жандар таксама прымусіў сябе зрушыць з месца, зрабіць некалькі крокаў па пляцу. Патрэба ў гэтым была, каб супакоіцца. Ужо на чацвёртым ці цятым кроку ў разгарачаную галаву яго чамусьці прыйшла старая прымаўка: «Ман шлегт дэн закт, дэн эзель мейнт ман»3. Прымаўку гэтую часта паўтараў адзін яго таварыш, таксама недавучаны студэнт (іх прызвалі ў палявую жандармерыю з юрыдычнага факультэта), але сам ён, калі гаварыць шчыра, да канца не мог ахапіць яе розумам: адзін раз тлумачыў так, другі іначай. Затое цяпер здалося, што сэнс нарэшце дайшоў да яго, прынамсі, дастасоўна да гэтага выпадку.
Адчуўшы, што зноў здольны паводзіць сябе спакойна, жандар павярнуўся да асуджаных. Адзін з іх, той, што быў злоўлены ў вёсцы, сапраўды меў твар ідыёта, жандару нават дзіўна стала, як ён не зразумеў гэтага раней, з самага пачатку, ужо хоць бы па вачах, зусім адсутных, і па вялікай, занадта вялікай для нармальнага чалавека галаве. А вось другі!.. Гэты пры іншых акалічнасцях не мог бы не выклікаць захаплення нават у сапраўднага арыйца: зграбная пастава (нягледзячы на немалыя гады), сівая галава на жылаватай шыі, спакойныя рысы пачырванелага твару і гэтыя ледзь-ледзь прыўзнятыя бровы, з-пад якіх трохі скоса глядзелі глыбокія цёмныя вочы. Якраз вочы і выдавалі ў ім чалавека моцнага духам і багатага розумам. Аднак жандар не мог дазволіць сабе захапляцца!..








