Текст книги "Апраўданне крыві"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 22 страниц)
– Ды не адмаўляюць,– засмяяўся Масей.– Проста, не кожнаму яно выпадае. Тут розныя прычыны здараюцца. Адзін – хварэе, другі – шалее, трэці – дурэе, чацвёртаму проста паабедаць няма за што.
– Ну, каб ета толькі так было!..– не паверыў Вяршкоў.– Я пра другое хачу даведацца. Узяць хоць бы мяне во. Ну, што добрага ў маім жыцці, каб доўга жыць? І наогул, каб саўсім жыць? Дзеля чаго маё жыццё? Колькі і помню сябе, дак адно араў вось етае поле. Узару, пасею, збяру, паядзім. Дак ці ж варта варочаць да варочаць ету зямлю толькі дзеля аднаго, каб жыць? Не, Дзянісавіч, для жыцця чалавечага ёсць альбо іншы сэнс, якога і твае разумныя філосафы не ведаюць, альбо тады і праўда, што зусім яго няма. Таму і назаляю табе. Перад тым як выпаўзці сюды з хаты, я таксама вось так думаў. А тут, бачу, ты. Дак з кім пагаварыць, як не з табой? А можа, і праўда, Дзянісавіч, што чалавеку ўсё адно колькі на етым свеце пражыць – дваццаць пяць гадоў ці ўсе сто?
– Калі б так было, як вы кажаце, то, вядома, розніцы ніякай. Але чалавек не толькі арэ ды есць.
– Дак ета я толькі к слову, што ён арэ ды есць,– нібыта ён і нітку сучыць, ён і колы вырабляе. Але ж памяркуй, Дзянісавіч,– страпянуўся на гэта Парфён.– Ён і тапаром махае, зноў – ён усё гэта робіць для сябе, каб жыць: тапаром махае, бо без хаты не пражыве, нітку сучыць, бо голаму тады давядзецца хадзіць, колы на парні гне, бо ездзіць трэба. Так што, сам бачыш, не дужа вялікая ва ўсім етым мудрасць.
– Не, дзядзька,– лёгка засмяяўся Масей,– якраз у гэтым вось – каб жыць – бадай, і мудрасць уся закладзена. Мусіць, у гэтым і сэнс нашага знаходжання на гэтым свеце. Ну, а што датычыць вашага песімізму, то...
– Ета не песімізм, як ты кажаш, Дзянісавіч,– заспяшаўся гаварыць Вяршкоў.– Ета – другое. Ета – спроба высветліць: што да чаго тута і адкуль. Жыццё чалавека можна параўнаць з хуткай яздой. Толькі і паспяваеш перапрэгчы іншы раз каня. А так усё імчыш куды-та, ажно пакуль не апынешся на краі стромкага абрыву. Вось тады і пачынаеш думаць-гадаць: і чаго ехаў, і навошта спяшаўся? Так і са мной адбылося. Усё жыццё не думаў, чаго жыву, а тута раптам пачаў.
– А няўжо, дзядзька Парфён, у вашым жыцці не было нічога такога, што б апраўдала нават у вашых вачах яго сэнс? Я чаму кажу: у вашых вачах? Дужа вы вялікую мерку да ўсяго бярэце. Дык няўжо вы нічога не зрабілі, з чым шкада было б расстацца, каб... і сапраўды давялося памерці?
– Не помню... Можа, й зрабіў... Можа, з дачкой, з унукам...
– Вось бачыце!
– Але ж ета, калі падумаць, таксама...
– Правільна,– усклікнуў Масей, зразумеўшы наперад Парфёнаву думку.– Аднак чалавек разам з усім жыве і дзеля таго, каб паўтарыцца ў другім. У Евангеллі напісана пра гэта так: «Праўду, праўду кажу вам, калі пшанічнае зерне, упаўшы на зямлю, не памрэ, то астанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багата плода».
– Значыць, ва ўсім ёсць сэнс? – зразумеў Парфён.– Нават у смерці?
– Ёсць.
– І ў вайне?
– Так. Бо ў вайне звычайна змагаюцца дабро са злом.
– Многа ж, дужа многа падае етых зярнятак на зямлю,– уздыхнуў Вяршкоў,– ажно сорамна часам, што ты яшчэ сам жывеш. Але ж цікава выходзіць,– сказаў, счакаўшы трохі, Вяршкоў.– Кругом я вінаваты. Нешта я стараюся гаварыць сваё, а ты мне, Дзянісавіч, наадварот усё.– І пранікліва, быццам з крыўдлівай няверлівасцю, паглядзеў на Масея.
– Чаму вінаваты? – схамянуўся ад гэтага позірку Масей.
Вяршкоў скрушліва ўсміхнуўся:
– Ведаеш, Дзянісавіч, лезе ўсякае ў галаву. Дзіва, але ж нават... Мусіць, і праўда скора памру. Здаецца, што б прасцей магло быць, аднак не мог адзін растлумачыць сабе, што такое ёсць етае само дабро. Ляжу і не магу даўмецца, быццам я таго дабра сам не бачыў ні ад каго і нікому не рабіў. Во да чаго раптам дайшоў, Дзянісавіч, за етыя дні ў хваробе. Таксама, няйначай, філосафам станаўлюся. Ну да ладна. Дзянісавіч, я ўсё пра сваё да пра сваё. А як ты? Адкуль ты? Здаецца ж?..
– Было, дзядзька! – зусім весела, як пра нейкую дужа даўнюю сваю хлапечую правіннасць, якая раптам адкрылася, стала вядома, сказаў Масей.
Вяршкоў пасля гэтага нечага ссунуў бровы і, адвярнуўшыся, выразна, з прытворствам, пакашляў, акурат пракрактаў ад прыкрасці. Ён па-ранейшаму стаяў за плотам з перавешанымі цераз верхнюю жардзіну рукамі, і гэтая акалічнасць раптам кінулася Масею ў вочы асаблівым сэнсам – няйначай, чалавек стаў так не дзеля адной позы ці зручнасці. Значыць, Парфён выйшаў сюды, не разлічыўшы сілы, і цяпер яму нялёгка будзе вярнуцца на ранейшае месца – у сад ці ў хату. Колькі хвілін назад Масею дзіўным было бачыць хваравітасць на Парфёнавым твары, аднак зусім незраўнаным стала яго адчуванне пасля таго, як уявіў Парфёнаву бездапаможнасць. Між тым, ніхто ў вёсцы за гэтыя дні і слова мімалётнага не сказаў аб Парфёнавай хваробе. Ледзь не ўтрапёны, Масей цяпер глядзеў збоку на вывернутую патыліцай Парфёнаву шыю з глыбокімі маршчынамі і востра, ажно да пякучасці ўсярэдзіне, думаў пра ўсю гаворку, якую яны вялі перад гэтым адзін з адным, усё роўна як дапусціў у ёй нейкую недаравальную нетактоўнасць, калі не больш. Тым часам Масей проста не мог дазволіць сабе нічога падобнага, бо заўсёды паважаў Вяршкова за вельмі разумнага і разважлівага чалавека, ад гаворкі з якім, ад зносін з якім ніколі не страціш, а, наадварот, набудзеш. Кожны раз, як Масею даводзілася размаўляць з ім у свае прыезды ў Верамейкі, ён захапляўся гэтым чалавекам і разам з тым дзівіўся, як той, лічы, малапісьменны селянін, умее ахопліваць сваім уяўленнем вялікія праблемы, што заўсёды набывалі грамадскую значнасць, і даваць ім правільнае тлумачэнне. Калі гаварыць пра народ і пра носьбітаў мудрай народнай сталасці, то Вяршкоў якраз і быў адным з тых лепшых прадстаўнікоў народа, у свядомасці якога акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад жыцця. Дарэчы, бацьку свайго Масей таксама адносіў да гэтай катэгорыі людзей, хоць у параўнанні з Вяршковым той меў ужо большы грамадскі вопыт, напэўна, больш ведаў, нездарма ж столькі гадоў з’яўляўся галоўнай фігурай у Верамейках. Дзіва, што з бацькам Масей спрачаўся, даказваў сваё, а вось з Парфёнам ужо нібыта і не хацеў, саромеўся нават гаварыць пра тое самае.
І ўсё-ткі ён паспрабаваў апраўдаць гэтае сваё нежаданне.
– Разумееце, дзядзька Парфён, у жыцці ёсць рэчы, пра якія не заўсёды хочацца лішні раз успамінаць.– Праўда, гаворачы гэтак, Масей быў не зусім шчыры, прынамсі, успамінаў гэта ніяк не датычыла; затое цалкам ён стаў шчыры тады, як далей растлумачыў: – Бацька мой наогул кажа, што цяпер размовы пра ўсё, што са мной адбылося, акрамя шкоды, тут нічога не прынясуць. Так што...
Масей не спадзяваўся, але Парфён раптам павярнуўся і зусім без хоць якой нездаволенасці падтрымаў бацьку.
– Дзяніс, Масейка, абы-што гаварыць не стане. Раз кажа, значыць, так трэба. Ну, а я чаму спытаў? Дак таксама паняць можна. Заўсёды ж, калі новага чалавека сустрэнеш, то запытаеш – дзе быў, што бачыў? Ну, а раз ужо загаварылі пра твайго бацьку, Дзянісавіч, дак я таксама скажу, што думаю. Я, праўда, не ўмею гучных слоў вымаўляць, ета не па мне, асабліва калі й не трэба іх, аднак бацька твой сапраўды чалавек рэдкі, за ім заўсёды людзям пражыць можна. Ты думаеш, ён, радзячы табе маўчаць, думае пра аднаго цябе ці пра сябе. Не. Ён не такі чалавек. У етым усім другога сэнсу трэба шукаць. От каб кожнай вёсцы ў галаву такога чалавека, а тады кожнаму раёну, пасля вобласці, ну і так далей, во тады б сапраўды для ўсіх царства настала, тады б не страшна было ні стыхійнага бедства, як у газетах пішуць, ні навалачы. Спытай у нашых верамейкаўцаў, табе мала хто не скажа, што мы і пажылі тыя гады, што за тваім бацькам. Канечне, не за адным тваім бацькам, ета б ужо саўсім няпраўда была, тута галоўнае – улада, яна ўсяму прычына, але ж нават і савецкую ўладу можна альбо пад сябе падмяць, альбо... Словам, я хачу сказаць, што нават пры такой добрай уладзе можна не паўсюль аднолькава жыць. Вунь нашы суседнія вёскі. Яны і ў калгас свой па-рознаму ішлі, яны і ў голад, што настаў пасля, неаднолькава жылі, чаго ўжо тута граха таіць... А ў нас у Верамейках тым часам усё ладна, усё, здаецца, па-людску. А ўсё таму, што праз твайго бацьку – за ўсё ён у адказе, усё на сябе бярэ недзе, а ў вёсцы каб адзін што ўзяўся рашаць, дак таксама такога не было. Спярша ў людзей папытае, а тады ўжо справу пачынае. Так што... Я вось табе к слову раскажу. Ты ж адсюль даўно паехаў, а калі і прыязджаў, дак усё роўна не пра ўсё ведаеш. Дак я табе і раскажу, раз ужо мы пра ўсё загаварылі сянні. Бацька твой раней, як і мы ўсе, касы да сахі з рук не выпускаў, а тады ўжо стаў старшынёй у нас. Праўда, парцейны быў заўсёды. Ну, а тута якраз калгасы пачалі рабіць. І да нас у Верамейкі прыязджае ўпаўнаважаны з раёна. Як цяпера помню, Жабацінскім зваўся. І чалавека з сабой на старшыню прывёз. Склікалі, канечне, сход вясковы. Мужыкі, між тым, маўчаць: справа, вядома, новая, еты калгас, хто яго ведае, куды шыю сунеш, у які хамут. А тута ж пакуль усім няблага – і зямлі, дзякуй савецкай уладзе, хапае, і жыўнасць розная ёсць, абы толькі здароўе не падводзіла. Словам, жыць і без калгаса можна. А Жабацінскі падганяе. Нарэшце кажа – хто супраць калгаса, той супраць савецкай улады. Тута нашы мужыкі і зажурыліся. Хіба ж хто ў нас проці савецкай улады? Пачалі галасаваць – хто за калгас? Уладу савецкую шкадуюць усе, а рукі за калгас паднялі толькі твой бацька да яшчэ тры ці чатыры гаспадары з вёскі. Бачыць Жабацінскі, справа правальваецца. Ускіпеў і кажа: «Галасаванне адмяняю. Галасуйце так – хто супраць савецкай улады?» Ну, мужыкоў нашых і ўзарвала. Закрычалі, загаманілі – не хочуць паднімаць рукі. «Ну,– кажа тады Жабацінскі,– вельмі моцны яшчэ сярод вас класавы вораг. Трэба прыняць іншыя меры. Трэба правесці індывідуальную апрацоўку. Сход сёння распускаю, а заўтра выклічу да сябе самых злосных шкоднікаў. Паглядзім, што вы тады запяеце мне!» І што ты думаеш, сапраўды ўранні пачаў выклікаць да сябе некаторых мужыкоў нашых. Мяне таксама не абмінуў увагай сваёй. Кажа: «Я напэўна ведаю, што ў твайго бацькі ў адна тысяча восемсот дзевяностым годзе месяцамі працаваў падзённік, а сам ты ў адна тысяча дзевяцьсот дваццаць першым годзе аддаў у арэнду ўдаве Ігната Самуся адзін гектар зямлі. Цяпер мне ясна, чаму ты не хочаш уступаць у калгас. Ты з’яўляешся класавым ворагам, праціўнікам савецкай улады». Ну, што я аддаў некалі Самусёвай Парасцы кавалак зямлі, ета я ведаю. Аддаў і назад не ўзяў. Аддаў насаўсім,– бо яна сына тады жаніла, а ета, можа, ведаеш, радня маёй першай жонкі. І аддаў яшчэ таму насаўсім, што ў мяне лішняя аблога была. А вось што да бацькі... Дак тут я і сказаць нічога не маю яму. Ці ж я помню, быў у майго бацькі ў адна тысяча восемсот дзевяностым годзе падзённік альбо не быў? Я сам тады яшчэ пад стол без штаноў бегаў. А Жабацінскі ўсё мне пагражае. Ну, а я сабе тым часам думаю таксама – не, ты тута вярні на мяне хоць што, але прыпісаць класавага ворага не можаш, бо ніякі я не эксплутатар. Пра ета ўсе ведаюць у Верамейках. Чуем, і другіх мужыкоў упаўнаважаны рознымі выдумкамі палохае. Тады твой бацька ціха запрагае каня да ў раён хутчэй. Ну, і забралі ад нас пасля на другі дзень Жабацінскага, а старшынёй дазволілі выбраць бацьку твайго. Ён, праўда, стопрацантовай калектывізацыі не патрабаваў ад мужыкоў, аднак цераз паўтара гады ўжо ўсе мы самі ў калгасе былі. Нават раней. І грозьбы, аказваецца, не патрэбны ў етай справе і просьбы. Вось яно часам бывае як. Не, Дзянісавіч, бацька твой рабіць абы-што не будзе, ну, і гаварыць таксама. Раз ён гаворыць, дак ета ўжо, лічы, край. Я колькі тыдняў таму назад ажно млеў. Бачу, і нашы ўжо ледзь не ўсе адступілі адсюль, і немцы вось-вось прыйдуць у вёску, а яго ўсё няма. Як пагнаў калгасных кароў кудысьці ў Арлоўшчыну, дык і няма. Думаю, прападзем без яго. Так што, Дзянісавіч, зважай. Я сам быў не пазней як надоечы ўзбурчэўся – і тое было не так да вайны, кажу, і ета лепшага жадала. А ён мне: «Цяпера, Парфён, кожны злыдзень здатны савецкую ўладу ўшчыкнуць, бо цяжка ёй стала, не ўсюды паспявае адмахнуцца. Цяпера сумленныя людзі павінны клапаціцца, каб памагчы ёй, бо без яе нам усё роўна не будзе жыцця». Падумаў я пасля гарачкі: праўду кажа Дзяніс. Таму і цябе я зараз зразумець магу, Дзянісавіч. Але скажы мне і вось пра што, Масейка. Ай не ведаеш?
– Ну, а раптам ведаю?
– Дак скажы тады. Дужа ведаць захацелася. Дак скажы. Хто на етай зямлі, дзе мы цяпера, жыў да нас? Што ета за народ быў і калі ета было? Мне тута настаўнік адзін расказваў, нібыта нейкія радзімы да нас жылі і па той, і па еты бок Бесядзі. Чуў жа, нябось, як гавораць часам – радзімец цябе возьме! Дак няўжо і праўда жылі тут нейкія благія людзі?
– Як вам сказаць, на гэтай зямлі сапраўды некалі жылі радзімічы. Яны прыйшлі сюды аднекуль з прапольскіх зямель са сваім правадыром Радзімам і пасяліліся паміж Дняпром і Дзясной, гэта значыць, канкрэтна на берагах нашых рэк – Сажа і яго прытокаў Бесядзі і Іпуці. Разам з войскам Кіеўскага князя Алега хадзілі на Царград, гэта ажно ў цяперашняй Турцыі, за Чорным морам. Відаць, яны мелі нават немалы свой флот і былі надзвычай ваяўнічыя, бо часта адмаўляліся плаціць даніну нават Кіеву. Кнігі расказваюць, што на сваіх «ігрышчах» яны прыгожа танцавалі і задушэўна спявалі, выкрадалі сабе жонак у суседніх плямёнаў, якіх мелі ажно па дзве, па тры. Пры пахаванні нябожчыкаў наладжвалі вялікую трызну, а потым іх спальвалі на вогнішчы, попел збіралі ў скрыню і ставілі на слупе каля дарогі. А вось чаму слова «радзімец» стала гэтакім, што ім яшчэ і цяпер палохаюць, зрабілася своеасаблівай кляцьбой, я дакладна не ведаю. Хіба, можа, таму, што радзімічы выкрадалі сабе за жонак у другіх плямёнаў, сваіх суседзяў, маладзенькіх дзяўчат, часам яшчэ зусім падлеткаў, якія потым вырасталі ў іхніх дамах у прыгажунь.
– Значыць, то былі нашы продкі?
– Але ж да іх тут таксама жылі людзі. Па той бок Бесядзі, у Клеявічах, напрыклад, археолагі раскопкі вялі, мясцовае курганішча вывучалі, дык знайшлі стаянку старажытных людзей, якія жылі на ёй зусім даўно, ажно каля ста тысяч гадоў да нас.
– Тады і ў нашым курганні,– паказаў Вяршкоў направа ад бальшака,– можна знайсці такую стаянку?
– Можа, і можна,– адказаў сур’ёзна Масей.
Вяршкоў пасля гэтага колькі часу маўчаў, яўна ўзважваў пачутае, тады спытаў:
– Ну, а радзімічы, куды падзеліся яны?
– А нікуды. Проста змяшаліся з другімі плямёнамі. З суседзямі – дрыгавічамі, крывічамі, вяцічамі, севяранамі.
– Значыць, яны ўсё-ткі засталіся тута?
– Бадай, так.
– А потым, што потым было?
– Княствы былі. Спярша – Мсціслаўскае. Пасля – Літоўскае. Чуў, нябось – Вялікае княства Літоўскае? Затым тутэйшыя землі разам з Літоўскім княствам падпалі пад Карону. Але заўсёды яны называліся рускімі. Нават у Рэчы Паспалітай і то не страцілі сваёй назвы – так і пісаліся: рускія землі.
– А калі ета Вашчыла бунтаваў? Яшчэ і цяпера крычаўскіх баб вашчылкамі завуць? Нават калі і наш хто, здараецца, бярэ адтуль сабе дзеўку, дак вашчылкай яе за вочы дражняць.
– Вашчыла бунтаваў пры паляках. Якраз хутка будзе дзвесце гадоў таму паўстанню.
– Ага, помню, пра ета яшчэ і цяпера розныя гісторыі расказваюць. Асабліва ў Мурын Боры. Значыць, і раней неспакойная наша надбесядская зямля была, Дзянісавіч? Не давалася?
– Выходзіць, што так, дзядзька Парфён,– здаволена згадзіўся Масей.
– Дак хадзем, Дзянісавіч, цяпера мо ў сад? Яшчэ я ў цябе маю намер што спытаць. Да і яблыкі з грушамі сёлета, бачыш, якія нараслі? Хадзем, пакаштуеш!
Ён нават не стаў чакаць, пакуль Масей скажа пра сваю згоду, усё роўна як быў упэўнены ў гэтым, таму адпіхнуўся рукамі ад плота, крута павярнуўся і зрабіў некалькі цвёрдых крокаў па сцежцы. Але дарэмна – раптам страпянуўся, адкідваючыся галавой назад і падаючы дагары. Уражаны гэтым, Масей, амаль не чуючы свайго цела, пераскочыў цераз плот, кінуўся да Вяршкова. Нават не нахіляючыся над ім і не слухаючы сэрца, можна было без памылкі вызначыць – Парфён ляжаў на мяжы мёртвы!.. Бадай, гэта быў першы чалавек, які з часу вайны сканаў у забяседдзі сваёй смерцю. Падаючы на зямлю, ён нават вочы паспеў заплюшчыць, акурат не хацеў, каб потым убачылі ў іх пустату.
XIV
Верамейкаўцы выбраліся ў Белую Гліну, бадай, ужо апошнія з усіх, каму было загадана з’явіцца туды на падводах.
Ехалі хто на чым – на драбінах, на калёсах, а хто і проста на кранджолах, паклаўшы дошку ўпоперак: запрагалі коней каля стайні таксама абы ў што трапілася.
Зазыба заняў месца ў абозе адразу за Сілкам Хрупчыкам. Пасля яго ехаў ужо Мікіта Драніца.
Мікіта сёння чамусьці стоена, ажно загадкава маўчаў, адно круціў, як той пугач, сваёй вялікай галавой, зіркаючы па баках, быццам яму штосьці дужа рупіла ці здавалася, і ён спрабаваў згледзець тое абапал сябе. Тым часам у Зазыбы было на прыкмеце перадаць Мікіту Чубараў наказ з’явіцца ў Мамонаўку.
Там, ля стайні ў Верамейках, ён не рашыўся падступіцца з гэтым да Драніцы, бо гаворка ва ўсіх была тады пра пажар, і Зазыба проста асцерагаўся, што Драніца спалохаецца, плявузгне пры ўсіх, і адразу стане вядома пра Чубара і пра тое, што начны пажар у Паддубішчы мог быць справай яго рук.
Ад самых Верамеек абапал карэністай дарогі ішоў лес – спярша старыя, ужо даўно выбракаваныя, але непаваленыя ды нявывезеныя к руму сосны, тады малады хвойны падлесак, сярод якога на галых мясцінах адзінока пракідаліся беластволыя бярозкі, пасля зноў пачыналіся вялікія дрэвы з сёлетняй падсочкай. Колы пустых вазоў гучна ляскалі па карэнні, якое выпіналася вонкі, і ад гэтага на ўвесь лес, здавалася, ішоў несціханы грукат і гул, праз які чалавечы слых ужо няздольны быў ні да чога дапасці. Ехаць па такой няроўнай дарозе было дрогка і нават ласкотна, таму сёй-той, прывязаўшы зашмаргам вяроўчатыя лейцы да бакавой гнушкі, адбягаў акурат кумільгом побач, каб высмагнуць на ўзлеску ахапак кучомістага, светла-бурага верасу пад зад сабе; паклаўшы, кожны пазіраў на астатніх з выклікам, быццам толькі што зрабіў нешта зусім заліхвацкае ці ўжо, няйначай, такое, што няўзнак іншым. Трымаючы лейцы ў руках, Зазыба амаль не паганяў каня, ды і патрэбы, здаецца, не было ў гэтым, бо яго мышасты захапіўся агульным рытмам скорай язды, стараўся сам паспяваць за пярэдняй падводай. Зазыбу толькі і клопату заставалася, што ўсяго час ад часу кідаць вокам на сякеру, уторкнутую ў шчыліну паміж бакавушак, каб тая не згубілася па дарозе.
Перад тым як ад’ехаць ад стайні, паміж верамейкаўскіх мужыкоў адбылася размова. Пачаў яе Брава-Жыватоўскі. Нездарма кажуць, што на пажары, акрамя ўсяго іншага, можна пагрэць таксама рукі. Брава-Жыватоўскі якраз і скеміў скарыстаць момант, балазе верамейкаўцы ўранку па-сапраўднаму былі ўзбураны падпалам, нават тыя, што звычайна адмоўчваліся пры розных акалічнасцях, і то сёння гневаліся ў душы, гатовыя на ўсё.
– Цяпер самі бачыце,– нібыта ўшчуваючы аднавяскоўцаў, кінуў першыя словы Брава-Жыватоўскі,– без узброенай аховы нам не абысціся. А то ж сёй-той з вас падумаў, нябось,– Антон здурнеў, не за тое хапаецца. А я пра вас, пра вёску ў першую чаргу думаю. Вінтоўка – яна... не толькі ваўкоў пахам адпужвае, а і двухногіх прымушае паводзіць сябе, як трэба. Вінтоўка – сіла.
– Ат, закінь ты яе знаеш куды!..– раптам скрывіўся і махнуў пагардліва рукой Раман Сёмачкін, у якога пагарэлі ўначы ці не ўсе копы.– Што толку з тваёй етай бяльгійскай ламачыны, калі самога і з вучоным сабакам нідзе не знайсці!
– Дапусцім, сёння я сапраўды праспаў,– зніякавела заплюскаў вачамі Брава-Жыватоўскі, быццам хацеў паказаць гэтым, што без лішніх слоў прымае Раманаў дакор.– Але ж гляньце на справу з другога боку. Дапусцім, у вёсцы не адзін я паліцэйскі, а некалькі. Дарэчы, на Верамейкі і так паложана на кожныя трыццаць двароў яшчэ па адным. Ды на два пасёлкі. Значыць, ужо цэлы стан будзе ў вёсцы.
– А начальнікам немцы, няйначай, паставяць Раманавага Рахіма,– таксама ў адпомсту Брава-Жыватоўскаму, што праспаў пажар, кінуў Сілка Хрупчык.– Раман жа яшчэ калі хваліўся, што Рахім сабе забярэ ўсю ўласць у нас.
– Не, цяпер ужо гэта не так,– зусім сур’ёзна, быццам не чуючы Сілкавай знарочыстасці, запярэчыў Брава-Жыватоўскі.– Рахіма ў нас не будзе. Яго ў Печы, пад Барысаў, зямляк забірае.
– Во ета зямляк, га? – падміргнуў Іван Падзерын.
А Сілка Хрупчык дадаў:
– Ну, а то ўсё нас Раман палохаў – ста-а-а-не Рахім начальнікам і ўсіх тады ба-а-аб... Га-га-га!
– Відаць, шышка вялікая той Рахімаў Ахмет? – акурат зайздросцячы, пачухаў патыліцу стары Ціток, якога Брава-Жыватоўскі таксама змусіў ехаць на шарварак у Белую Гліну.
– Да ўжо ж...
– Але ж, Раман, мусіць, так і не звадзіў яго ў Верамейках на разгавенне? – успомніў Іван Падзерын, усё роўна як на ім дасюль ляжаў гэты клопат.
Мужыкі зарагаталі.
– Дак... а Ганна Карпілава? – падказаў хтосьці з натоўпу.
– Ну, да Ганны, скажу вам... Да Ганны хоць каго завесці няхітра, праўда, Раман? А вось...– Іван Падзерын, відаць што, надоўга браў на сябе гэтую гаворку. Таму Раман Сёмачкін, перабіваючы ёрніка, сказаў:
– Ты б, Антон, расказаў хоць, што тама дзеецца наогул у воласці. А то сам, нябось, ездзіш ледзь не кожнага дня, а нам ні слова.
– Я ж не адзін езджу,– каб усе чулі, сказаў Брава-Жыватоўскі.– Вось і Зазыба таксама быў разы са два ўжо. Папрасілі б яго, няхай ён раскажа.
– А пра што мне расказваць? – паціснуў плячамі Зазыба.
– Як пра што? Пра ўсё раскажы,– акурат падначыў яго Брава-Жыватоўскі.
– І пра тое, як цябе выганяў з царквы стараста? – працінаючы паліцая насмешлівым позіркам, спытаў Зазыба.
Але Брава-Жыватоўскага Зазыбава насмешка, на дзіва, зусім не ўзбурыла.
– Навошта пра гэта? – сказаў ён спакойна.– Раскажы лепей пра нараду. На нарадзе ж у каменданта мы разам былі.
– Разам-то разам, але кожны ў сваёй ролі. Мяне ж ты вазіў, няйначай, на расправу?
– Калі б вазіў толькі на расправу, то і расправіліся б, будзь пэўны!
– Так я табе і паверыў! Гэта ж камендант чамусьці хутка душой адпусціўся, а можа, проста не паслухаў цябе, а то б...
Зазыба адчуў, што мужыкі кругом натапырылі вушы, слухаючы іх, хоць па тварах можна было зразумець, што ніводны пакуль не браў чыйго-небудзь боку; проста талопілі ад насцярожанай напружанасці вочы, акурат пазіралі на паядынак, пасля якога павінна рашыцца ўсё. Адчуў гэта і Брава-Жыватоўскі.
– Вам цяпер хоць на галаве стань, усё роўна не паверыце,– быццам у адчаі, усклікнуў ён.– Думаеце, каб не я, то вам бы даравалі за таго немца, што ў калодзеж трапіў?
– А што там дараваць было? – не мяняючы насмешлівага тону, паціснуў плячамі Зазыба.– Не спытаўшы броду, палез нейкі недарэка ў воду, дак хто яму вінаваты?
– Не дужа б вас і слухалі,– бліснуў вачамі Брава-Жыватоўскі.– Як стаялі там, на пляцы, так і перашылі б з браневіка ўсіх!
Відаць было, што зацяло абодвум – і Зазыбу, і Брава-Жыватоўскаму. Таму Іван Падзерын сказаў:
– Ладна, мужыкі, сапраўды ў сляпога няма чаго пытацца пра пабітыя гаршкі. Добра, што ўсё абышлося. Ты вось, Антон, лепей скажы нам, каго возьмеш у напарнікі да сябе. Мяне ці Сілку?
Але дарэмна Іван стараўся.
– Не лопнула б ад цяжару кіла твая, каб таксама панасіў вінтоўку,– груба кінуў яму Брава-Жыватоўскі.
– Дак...– сумеўся Падзерын, але не надоўга, мусіць, разважыўшы, што не ўсякая абраза цяпер лічыцца.– Мяне ж вызвалілі насіць вінтоўку нават па мабілізацыі. І не такую цяжкую, як твая вось, а лягчэйшую, нашу, мосінскую. Так што... А ты хочаш, каб я сам цяпера ўзяў?
– Не возьмеш ты, возьмуць другія.
– Дак і Сілка ж таксама... Ён хоць, як ты кажаш, і не кілаваты, але ці саўладае з тваёй бяльгійскай руляй адной рукой?
– А ты за Сілку не турбуйся. У Сілкі свая галава. А наконт вінтоўкі? Калі бяльгійская цяжкая, дадуць лягчэйшую – альбо рускую, альбо сваю, нямецкую. Дакладны бой.
– Не-е-е,– заматаў галавой Іван Падзерын, якому, няйначай, падабалася ўжо такая гаворка, ён нават забыў, што ўстраваў у яе спярша толькі дзеля таго, каб развесці Брава-Жыватоўскага з Зазыбам.– Ні трохлінейкі, ні сваёй немцы нікому з нашых у рукі не дадуць. Яны нават табе во не далі, а сунулі бяльгійскую. Моў, не надта параскашуеш, стралок, калі ўсяго чатыры патроны маеш. Пяты ж ты недзе аддаў Мікіту сапсаваць. Я так думаю, Антон,– хоць ты сам, без вярбоўкі, служыш у іх, але яны табе не зусім давяраюць, бо патронаў мала даюць.
– Нічога, пастраляю гэтымі – яшчэ дадуць.
– Дадуць-то дадуць, але ж па іх трэба збегаць у Бабінавічы ды папрасіць тама. Нябось, яшчэ і пад адчот дадуць. Ета што было б, каб усе далёка так бегалі па патроны? Моў, ты пачакай, я вось збегаю зараз па патроны, а тады цябе застрэлю. Які б ета дурань цябе чакаў, каб ты яго застрэліў?
– Думаеш, міліцыянерам болей давалі? – павёў вачамі па ўсіх Брава-Жыватоўскі...
– Ета калі-і! Ета ў мірны час. Тады і страляць не было ў каго. А я так думаю – немцы не дурныя, моў, хоць вы і добраахвотнікі, але чорт вас ведае. Сёння такая ахвота ў вас, а заўтра, глядзіш, другая. Дай вам уволю патронаў, дак вы... А раптам вам ляйчына якая пад хвост трапіць? Словам, не давяраюць яны вам. І Сілку вось не дадуць таму лягчэйшай вінтоўкі, калі ён і праўда паддасца на твае ўгаворы. Бо да нашай трохлінейкі ці да іхняй з крывым затворам лягчэй патронаў раздабыць,– хто ўкрадзе, а хто і сілай возьме. Куляй тады сабе колькі ўлезе. Таму і ўзбройваюць яны вас бяльгійскімі. Здаецца, пры зброі, а раз, два стрэліш дый няма з чаго.
– Ну, ты контру мне тут не разводзь! Многа ты знаеш!
– А тута й знаць многа не трэба,– зусім не спалохаўся Іван Падзерын.– Тута й так усё ясна. А пужаць мяне няварта. Я пра немцаў тваіх нічога благога не сказаў. Сведкі во ёсць. Так што...
– Дык і няма чаго абы-што плявузгаць. Урэшце, цябе не прымушаю ў паліцыю паступаць. Я толькі сказаў, што трэба ўмець бараніць сваё. А то сёння жыта згарэла, а заўтра вёску хто-небудзь падпаліць. Падпаліць і не паглядзіць, што вы...
– Дак ты скажы Адольфу, каб яшчэ паліцэйскіх прыслаў. Уласць жа павінна абараняць людзей, калі яна людская. Ці аддай зусім вінтоўку Драніцы вось. Няхай ён бегае вакол вёскі.
– Ага, як тэй таго, ты будзеш спаць з бабай на пасцелі, а я бегаць, сцерагчы цябе,– не залюбіў Мікіта.– Разумнікі, як тэй таго, знайшліся!
– Чакай, Мікіта,– нецярпліва паморшчыўся Брава-Жыватоўскі.– Урэшце не абавязкова ў паліцыю ўсім ісці,– сказаў ён да астатніх мужыкоў.– Можна самаахову наладзіць.
– Як ета?
– Проста будзеце ахоўваць вёску без зброі, каб ніхто чужы не заходзіў. А то цяпер швэндаюцца ўсе, каму не лянота. Можа, й копы гэтыя падпаліў які валацуга. Спаў, а тады прамёрз, захацеў пагрэцца.
– Ага,– адразу ж не паверыў Іван Падзерын,– мала яму было пагрэцца на адной капе, дак цэлае поле падпаліў.
– Тым больш! – нібыта не зразумеў Івана Брава-Жыватоўскі.– Трэба тады вачэй зусім не спускаць. Я ж недарэмна кажу, самаахову пара ладзіць. Няхай кожны пячэцца за сваё.
Можа б, паліцай і яшчэ агітаваў, але раптам Кузьма Прыбыткоў, які таксама быў каля стайні, крактануў нечага, акурат толькі цяпер спахапіўся, што дарэмна маўчаў, тады ўставіўся доўгім няверлівым позіркам на Брава-Жыватоўскага і, торкнуўшы неразлучным цапком у неба, сказаў:
– Глядзіце, мужыкі, каб вам з етымі Антонавымі хоцькамі-няхоцькамі чорта лапаю не накрыць. Яно ж спярша цапу-лапу, а потым...
Цяпер Зазыба з усмешкай успомніў гэтае Кузьмова «цапу-лапу» і застаўся дужа давольны, быццам неспадзявана пашчасціла небараку – як кажуць, дасюль не было і блахі на аркане, а тут раптам цэлы табун скакуноў дарма аддавай.
Тое, што Брава-Жыватоўскі паспрабаваў выкарыстаць сённяшні пажар у Паддубішчы, каб узбурыць няведама супраць каго верамейкаўскіх мужыкоў, Зазыбу не вельмі здзівіла. Праўда, спярша ён злякнуўся быў, згадаўшы нядобрым словам Чубара, што ўзяў сабе ў галаву спаліць калгаснае, а дакладней – цяпер ужо сялянскае жыта, і гэтым даў Брава-Жыватоўскаму прычыну праводзіць сваю агітацыю. Аднак паслухаў, як адмахваліся мужыкі ад кожнай прапановы Брава-Жыватоўскага, прытоена ўсміхнуўся сабе: дарэмна чорт услед за начным пажарам спрабуе і балота падпаліць!
Але ж Брава-Жыватоўскі!.. Зазыба дзівіўся той паслядоўнасці, з якой паліцай праводзіў сваю лінію ў Верамейках, імкнучыся не прапусціць ніводнага прыдатнага выпадку, каб умацаваць сваё становішча. Сёння гэта выявілася, бадай, мацней за ўсе разы, калі ён адкрыта рабіў захады стварыць у Верамейках паліцэйскі стан. Аднак сёння ж раптам для ўсіх стала зразумела і тое, што наўрад ці ўдасца яму гэтая задума – здаецца, ніхто з верамейкаўцаў, у тым ліку і Раман Сёмачкін, добраахвотна не збіраўся браць ад немцаў зброю. Нават бяскрыўдную на першы погляд прапанову – стварыць самаахову ў вёсцы – мужыкі і тую сустрэлі зусім без энтузіязму, не гледзячы што пажар у Паддубішчы мог прымусіць пайсці на такі крок.
Разважыўшы такім чынам, Зазыба ў думках вярнуўся да Чубара, зноў звязаў з ім сённяшні пажар у Паддубішчы. Але ў душы ўжо не было ранейшага абурэння гэтым Чубаравым учынкам, нават звычайнага асуджэння і то не ўзнікла. Чамусьці больш думалася пра тое, што Чубар цяпер сядзіць недзе пустэльнікам у Мамонаўцы і чакае яго, Зазыбу, калі ён злітуецца ды выбера часу з’ездзіць у Машавую. Хоць Зазыба тады наперад гаварыў, што спярша давядзецца ўсё-такі ехаць у Белую Гліну, бо такі загад, аднак тым не менш усярэдзіне было адчуванне вінаватасці. Дзіва, але яшчэ ўчора, шукаючы апраўданне свайму рашэнню, Зазыба нават і дапусціць не мог, што сёння адчуе гэтак сябе. Здаецца, нічога асаблівага не здарылася б, калі б Зазыба ўрэшце і адмовіўся ехаць у гэтую Белую Гліну, бо ці мала якую прычыну можна прыдумаць, напрыклад, хваробу. Вунь жа Парфён Вяршкоў... Але падумаўшы так, Зазыба раптам сарамліва спахапіўся, бо не простай хітрасцю тлумачылася сённяшняя Парфёнава адсутнасць. Вяршкоў сапраўды вельмі захварэў!..
«Трэба наведаць Парфёна, а то што ж атрымліваецца!..»
Не ведаў Зазыба, што Вяршкова ўжо не было на гэтым свеце...
Дзіва, але з гэтай хвіліны ўсё, што Зазыба думаў, і ўсё, што адчуваў, ужо не было такім значным, як ранейшае.
На вочы па дарозе трапляла ўсё, што мела неспакойныя абрысы альбо хоць якім чынам варушылася. За мелкім пагонам, дзе стаяла ўжо, няйначай, адна дажджавая вада, якую адразу змяшаў з гразёю абоз, праехаўшы ўздоўж па ім коламі і пратупаўшы капытамі, пачыналіся дымчатыя зараснікі чароту. Трохі далей, паміж лесам і Топкай гарой, дзе звычайна верамейкаўцы ставілі ў касавіцу стромыя стагі, каб пасля перавезці сена на санях у вёску зімняй дарогай, узвышаліся дубы. Іх было там усяго некалькі, можа, дзесятак ці меней, аднак стаялі яны блізка адзін ад другога, да таго ж, на фоне хвойнага лесу, таму за кіламетр ад іх здавалася воку, што там іх цэлая дуброва. Дубы ўсе былі зімнія, лічы, рэдкая з’ява для тутэйшай зямлі, і людзі іх ашчаджалі, нават не зачапілі тады, калі дзялілі тут былы панскі луг на тры вёскі. Адзяваліся гэтыя дрэвы ў лістоту ў май, недзе ў сярэдніх днях, і абляталі таксама ў май, у тых самых чыслах, толькі на працягу года мянялі колер – ад зялёнага да жоўклага і наадварот. Але дзіўна было, што яны не давалі патомства – як выраслі некалі вось гэткай купкай, так і засталіся адны, усім на пералік, быццам кожны год атрэсвалі з сябе толькі зачаўраныя альбо зусім бясплодныя жалуды. У кожным разе, цэлы век – а ім ужо не менш за сто грукнула кожнаму – пад іхнімі шатамі не вытыркнулася з-пад мурагу ніводнага парастка... Пад гэтымі дубамі здавён узялі сабе за звычай начаваць верамейкаўскія канюхі. Зазыба таксама ў маладыя гады вадзіў сюды бацькавых коней. Дарэчы, адсюль ён пайшоў у вёску і ў тую ноч, калі цыганы ўкралі жарэбку,– праз гэта пасля давялося Зазыбу падавацца да Шчорса.








