Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 19 страниц)
Так пачаўся канфлікт.
Загадчык аператыўнага аддзела Народнага камісарыята па справах войска Аралаў тэлеграфаваў у Пензу:
Прапаную неадкладна прыняць тэрміновыя меры для затрымкі, раззбраення і расфарміравання ўсіх эшалонаў і частак чэхаславацкага корпуса як рэшткаў старой рэгулярнай арміі. З асабістага складу корпуса фарміруйце чырвонаармейскія і рабочыя арцелі…
Арыштаваныя ў Маскве прадстаўнікі кіраўніцтва корпуса прынялі патрабаванні Троцкага і аддалі ад асобы Т. Масарыка загад аб здачы зброі, абвясціўшы інцыдэнт у Чэлябінску памылкай. Аднак легіянеры падпарадкоўваліся ўжо толькі ўласна абранаму «Часоваму выканаўчаму камітэту». Чэхі выдатна разумелі, што калі яны здадуць зброю, арыштаў і расстрэлаў ім не пазбегнуць. Надзвычайны орган корпуса даслаў ва ўсе часткі і эшалоны загад:
Зброю нідзе саветам не здаваць, самім сутыкненняў не выклікаць, але ў выпадку нападу абараняцца, прасоўванне на ўсход працягнуць уласным парадкам.
25–27 мая ў некалькіх пунктах (Мар’янаўка, Іркуцк, Златавуст) чырвоныя спрабавалі раззброіць чэхаў, але ім быў аказаны супраціў.
Бязрадная на той момант Чырвоная армія цярпела паразу за паразай. Чэхаславацкі корпус надоўга зараз у Сібіры, вызваляючы ад чырвоных цэлыя гарады. 21 студзеня 1920 года на станцыі Куйтун ля Іркуцка было падпісана пагадненне аб перамір’і паміж камандаваннем Чырвонай арміі і Чэхаславацкага корпуса, якое гарантавала часткам апошняга бяспечны адыход на Далёкі Усход і эвакуацыю. У ноч з 1 на 2 сакавіка Іркуцк пакінулі апошнія чэшскія эшалоны і ў горад уступілі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі.
Толькі дзякучы ўласнай згуртаванасці і ўпартаму непадпарадкаванню загадам бальшавікоў больш за 56 000 чэхаў і славакаў паспяхова вярнуліся на радзіму. У Расіі было страчана (загінула, знікла без вестак ці засталося) каля 4000 салдат корпуса. Але, калі б яны здалі зброю, як гэтага патрабавалі бальшавікі, то з імі адбылося б тое самае, што з польскімі афіцэрамі ў верасні 1939 года – расстрэл. Польскіх афіцэраў, якія добраахвотна здаліся Чырвонай арміі падчас захопу Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі, бязлітасна расстралялі ў Катыні, нібыта злачынцаў. Нават з будучымі нямецкімі палоннымі абыходзіліся больш гуманна.
І якія пасля гэтага прэтэнзіі да французаў? Расійцы самі былі вінаваты у тым, што ў адрозненні ад чэхаў, якія трымаліся адзіным моцным кулаком, раз’ядналіся і нават ваявалі адно супраць аднаго. Ну а тыя, хто абраў Алжыр, павінны былі пацікавіцца тым, што ў гэтыю краіну з Францыі высылаюць адно катаржнікаў. Але французы, як бы там ні было, помнік расійскім жаўнерам у цэнтры Парыжа, хаця ж і позна, ўсё ж усталявалі. А вось помніка ўдалым ваякам-чэхам ніхто ў Расіі ставіць не збіраецца. Яны, падманутыя і па-здрадніцку кінутыя бальшавікамі, для расійскіх уладаў па-ранейшаму нібыта кепскія. І нават Расійскі эспедыцыйны корпус у Францыі на радзіме застаецца неўшанаваным. Пра іх проста забылі. Як быццам не было.
Міхаіл Велер мае рацыю: «калі мы б’ем – гэта добра, калі нас б’юць – гэта кепска». Вось і цэлая зулуская філасофія.
УДАЛЫ ЯРАСЛАЎ ГАШАК
Калі ўжо мы пачалі размову пра Чэхаславацкі корпус, то нельга абысці такую культавую для сусветнай літаратуры і адначасова для Першай сусветнай вайны фігуру, як Яраслаў Гашак. Як і тысячы яго землякоў, ён, не жадаючы ваяваць за прагнілую імперыю Габсбургаў, добраахвотна здаўся ў расійскі палон. Але, у адрозненні ад большасці чэхаў і славакаў, Я. Гашак прыняў расійскую рэвалюцыю і нават захапіўся яе ідэямі і лозунгамі.
Пісьменнікам Гашак стаў ужо ў 20 гадоў. Атрымаўшы свой першы ганарар за публікацыю, ён цвёрда вырашыў працягваць пачатае.
Пасля таго, як у 1912 годзе расстаўся з жонкай і пазбавіўся сталых крыніц прыбытку, ён з галавой сышоў у творчасць. За невялікі перыяд напісаў шмат гумарэсак, частка з якіх была надрукаваная ў газетах, а яшчэ частка – выдадзена асобнымі збонікамі.
Вясёлы і гарэзлівы характар Гашака з гадамі не змяняўся. Захаваліся звесткі аб яго шматлікіх жартах і хітрыках. Так, аднойчы яго адправілі ў вар’ятню. Мінак, убачыўшы, што Гашак стаіць на мосце і ўважліва пазірае ў ваду, вырашыў, што пісьменнік збіраецца скончыць жыццё самагубствам. Прыспеўшыя паліцыянты затрымалі яго і адправілі ў пастарунак… Дзе ён прадставіўся Святым Янам Непамуцкім, прыкладна 518-ці гадоў ад нараджэння. На пытанне: «Калі ж вы нарадзіліся?» ён спакойна адказаў, што ўвогуле не нараджаўся, а быў вылаўлены з ракі…
Пасля пачатка вайны Гашак пасяліўся ў адным з пражскіх гатэляў. Вось толькі зарэгістраваўся ён як «Леў Мікалаевіч Тургенеў. Нарадзіўся 3 лістапада 1885 года ў горадзе Кіеве. Жыве ў Петраградзе. Праваслаўны. Прыватны служачы. Прыехаў з Масквы. Мэта прыезда – рэвізія аўстрыйскага Генеральнага штаба». Нядзіўна, што яго ў хуткім часе пад узмоцненай аховай як расійскага шпіёна даставілі ў паліцыю, дзе ён абвясціў, што ў якасці лаяльнага грамадзяніна палічыў за абавязак праверыць, «як у такі цяжкі для краіны час функцыянуе дзяржаўная паліцыя». У паліцыі Гашака добра ведалі, і ён атрымаў толькі 5 сутак арышту.
Імя Гашака, зрэшты, часта фігуравала ў паліцэйскіх пратаколах:
Вышэйадзначаны ў нецвярозым стане спраўляў малую патрэбу перад будынкам паліцэйскага ўпраўлення.
…у стане лёгкага алкагольнага ап’янення пашкодзіў дзве жалезныя загародкі.
…недалёка ад паліцэйскага ўчастка запаліў тры вулічных ліхтары, якія ўжо былі патушаны.
…страляў з дзіцячага пугача…
У 1915 годзе 32-гадовага Гашака прызвалі ў войска і залічылі ў 91-ы пяхотны полк, размешчаны ў Чэске-Будзеёвіцах. Пазней менавіта ў гэтым палку «служыў» літаратурны герой Гашака, легендарны Швейк.
У распалажэнні палка Гашак з’явіўся ў вайсковай форме, але з цыліндрам на галаве. Са школы вальнапісаных ён быў адлічаны за парушэнне дысцыпліны. А яго сімуляцыю рэўматызму прызналі за спробу дэзерцірства і нават асудзілі на тры гады з адбыццём тэрміну пакарання пасля закачэння баявых дзеянняў. Так што на фронт Гашак, як і яго галоўны герой, адправіўся ў арыштанцкім вагоне.
У арміі будучы раман папоўніўся не толькі гісторыямі і кур’ёзамі, але і персанажамі. У 91-м палку служылі і паручнік Лукаш, і капітан Сагнер, і пісар Ванэк, і шматлікія іншыя асобы, якія сталі прататыпамі для персанажаў. Частку з іх Гашак так і пакінуў пад уласнымі прозвішчамі, а частку ўсё ж перайменаваў. Ён атрымаў пасаду памочніка пісара, што дазволіла ўхіліцца ад вучэнняў і працягваць займацца творчасцю. Тады ж ён даволі добра пасябраваў з дзеншчыком паручніка Лукаша Францішэкам Страшліпкай, чые вясёлыя гісторыі з жыцця і, ад часткі, ён сам сталі асноўным прататыпам прыгод Йозэфа Швейка.
На фронце ў Галіцыі Гашак выконваў абавязкі квартар’ера, пазней быў ардынарцам і сувязным узвода. Удзельнічаў у баях ля гары Сокаль і нават быў узнагароджаны срэбным медалём за храбрасць і ўзведзены ў чын ефрэйтара. Вось толькі абставіны подзвігу адрозніваюцца.
Паводле ўспамінаў Лукаша і Ванэка, Гашак у значнай ступені супраць уласнай волі «ўзяў у палон» групу расійскіх дэзерціраў – ён някепска гаварыў па-расійску і дамовіўся з імі аб абставінах здачы. Сам жа Гашак абвясціў, што ўзнагароджаны медалём за тое, што пазбавіў батальённага камандзіра ад вошай, нашмараваўшы яго ртутнай маззю, што хучэй за ўсё было яшчэ адным з жартаў пісьменніка.
Зраніцы 24 верасня 1915 года падчас контрнаступлення расійскай арміі на ўчастку 91-га палка пад Дубна Гашак разам са Страшліпкам добраахвотна здаліся ў палон.
Як ваеннапалонны № 294217, Гашак утрымліваўся ў лагеры пад Кіевам, у Дарніцы. Пазней ён быў пераведзены ў аналагічны лагер пад Тоцкам у Самарскай губерніі. У лагеры разгулялася эпідэмія тыфу, падчас якой загінула вялікая колькасць палонных. Гашак таксама захварэў, але выжыў.
У хуткім часе, як большасць яго суайчыннікаў, ён уступіў у Чэхаславацкі корпус.
Аднак медкамісія прызнала яго не здольным да страявой службы, і ў чэрвені 1916 года ён стаў пісарам 1-га добраахвотніцкага палка імені Яна Гуса, а потым – супрацоўнікам газеты «Чэхаслован», якая выходзіла ў Кіеве. Гашак актыўна займаўся агітацыяй у лагерах сярод ваеннапалонных на карысць Корпуса, публікаваў у газетах гумарэскі і фельетоны. Праз свой востры язык ён спачатку дасягнуў таго, што аўстрыйскія ўлады абвясцілі яго здраднікам за абразлівыя аповеды (менавіта ў той час з’явіўся фельетон «Аповед пра партрэт Франца-Іосіфа І», які пазней будзе змешчаны ў першай главе прыгод Швейка), а потым і кіраўніцтва Чэшскай нацыянальнай рады ў Парыжы абурылася з-за яго фельетона «Клуб чэшскіх Піквікаў». Гашака даслалі на фронт і перадалі суду гонару, дзе абавязалі ў пісьмовай форме папрасіць прабачэння ў кіраўніцтва Чэшскай наянальнай рады.
Аднак, паводле шэрага звестак, Гашак ваяваў не толькі на паперы. Улетку 1917 года за бой ля Збарова ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом чацвёртай ступені. Пасля заключэння сепаратнага міру паміж Расіяй і Германіяй і пачаткам эвакуацыі Чэхаславацкага корпуса Гашак парывае са службай у корпусе і адпраўляецца ў Маскву. Там ён уступае ў камуністычную партыю. У красавіку 1918 года яго даслалі на партыйную працу ў Самару, дзе ён вёў сярод чэхаў і славакаў агітацыю супраць эвакуацыі ў Францыю, а таксама заклікаў іх уступаць у Чырвоную армію.
Да канца мая атрад Гашака налічваў 120 байцоў, якія прымалі ўдзел у сутычках з часткамі Белай арміі і паспяхова падавілі анархісцкі бунт у Самары.
Аднак ужо ў чэрвені 1918 года падчас мецяжу Чэхаславацкага корпуса атрады чэхаў, якія выступалі супраць Чырвонай арміі, узялі Самару. Сярод частак Чырвонай арміі, якія ім супрацьсталі, былі тры ўзводы добраахвотнікаў, якімі камандавалі Яраслаў Гашак і Йозэф Поспішыл. Аднак сілы былі няроўнымі, і прыйшлося адступіць.
Прыгадаўшы, што ў штаб-кватэры чэшскіх інтэрнацыяналістаў у гатэлі «Сан-Рэма» засталіся спісы добраахвотнікаў, якім гэтыя звесткі маглі пагражаць рэпрэсіямі, Гашак сам-адзін вярнуўся па дакументы і паспеў іх знішчыць. Але дагнаць свой атрад ён ужо не змог; яму давялося выбірацца з горада адному.
Дзейнасць Гашака ў якасці агітатара Чырвонай арміі ў чэшскім асяродку была нядоўгай, але не засталася незаўважанай. У ліпені, то бок усяго праз тры месяцы пасля прыбыцця ў Самару, у Омску палявы суд Чэхаславацкага корпуса выдаў дазвол на арышт Гашака як здрадніка чэшскага народа. На працягу некалькіх месяцаў пісьменнік быў вымушаны, прыкрываючыся даведкай, што ён «прыдуркаваты сын нямецкага каланіста з Туркестана» (пачуццё гумару не пакідала яго нават у такія небяспечныя для жыцця моманты), хавацца ад патрулёў. Самарскі краязнаўца Аляксандр Завальны прыгадвае такую гісторыю аб гэтым перыядзе жыцця пісьменніка:
Аднойчы, калі ён хаваўся ў сваіх знаёмых на адной з самарскіх дач, з’явіўся чэшскі патруль. Афіцэр вырашыў дапытаць невядомага, на што Гашак, прыкінуўшыся ідыётам, распавёў, як выратоўваў чэшскага афіцэра на станцыі Батракі: «Сяджу і думаю. Раптам афіцэрык. Кропля ў кроплю вы, далікатны такі і худзенькі. Нямецкую песеньку мармыча і падаецца нават прытанцоўвае, як старая дзева на Вялікдзень. Дзякуючы выпрабаванаму нюху я адразу бачу – афіцэрык у чуб кінуў. Гляджу, накіроўваецца проста да прыбіральні, з якой я толькі што выйшаў. Прысеў я недалёка. Сяджу дзесяць, дваццаць, трыццаць хвілін. Не выходзіць афіцэр…»
Далей Гашак прадэманстраваў, як зайшоў у прыбіральню і, рассунуўшы прагнілыя дошкі, дастаў з яміны п’янага недарэку…
Толькі ў верасні 1918 года Гашак перасёк лінію фронта і ў Сімбірску зноў далучыўся да частак Чырвонай арміі. З кастрычніка 1918 года ён займаецца партыйнай, палітычнай і адміністратыўнай працай пры палітаддзеле 5-й арміі Усходняга фронту. Нягледзячы на тое, што ў Чэхіі пісьменнік веў багемны лад жыцця, быў сталым наведвальнікам шматлікіх пражскіх шынкоў і рэстарацый, аўтарам і ўдзельнікам усялякіх жартаў, розыгрышаў і свавольстваў, у шэрагах Чырвонай арміі ён паказаў сябе як чалавек адказны і спраўны, як добры арганізатар, да таго ж бязлітасны да ворагаў рэвалюцыі. Нядзіўна, што яго кар’ера хутка пайшла ў гару.
Гісторыкі адзначаюць такі парадокс: аўтар аднаго з самых антываенных раманаў у свеце з галавой сышоў у Грамадзянскую вайну ў Расіі. Хаця ж пры гэтым Гашак нічым не адрозніваўся ад іншых захопленых творчых асоб, такіх як Аляксандр Блок ці Уладзімір Маякоўскі, якія таксама прынялі рэвалюцыю ўсім сэрцам. І таксама, як і Гашак, у ёй у рэшце рэшт расчараваліся, бо ўсялякую рэвалюцыю натхняюць і здзяйсняюць рамантыкі, а яе плёнам карыстаюцца цынікі і прайдзісветы.
У студзені 1919 года Гашака пераводзяць ва Уфу, дзе ён загадваў тыпаграфіяй і выдаваў бальшавісцкую газету «Наш шлях». Там ён пазнаёміўся са сваёй другой жонкай.
Разам з 5-й арміяй шлях Гашака ляжыць на ўсход. Ён паспеў пабываць у Чэлябінску, Краснаярску, Іркуцку, дзе быў лёгка паранены падчас замаху.
Праўнучка легендарнага кавалерыйскага начдзіва Яўгенія Чапаева ў сваёй кнізе «Мой невядомы Чапаеў» сцвярджае, што Гашак служыў у складзе 25-й дывізіі Чапаева, якая з’яўлялася састаўной часткай 5-й арміі.
Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны Гашак застаўся ў Іркуцку, дзе нават набыў дом. Падаецца, ён бы так і жыў на сваёй другой радзіме, але ў лістападзе 1920 года ў Чэхаславакіі здарыўся палітычны крызіс, пачалася ўсеагульная забастоўка, а ў горадзе Кладна рабочыя абвясцілі «сацыялістычную рэспубліку». Чэшскія камуністы ў Расіі атрымалі загад адпраўляцца на радзіму, каб падтрымаць тамтэйшы камуністычны рух і займацца падрыхтоўкай сусветнай пралетарскай рэвалюцыі.
У снежні 1920 года Яраслаў Гашак разам з жонкай вярнуўся ў Прагу, дзе яго відавочна не чакалі. Ранішнія газеты у Празе выйшлі з такім тэкстам:
Учора наведвальнікаў кавярні «Юньён» чакала вялікая неспадзяванка; невядома адкуль, як гром сярод яснага неба, з’явіўся Яраслаў Гашак.
Яшчэ з часоў яго здачы ў палон у прэсе рэгулярна з’яўляліся некралогі: то яго вешалі чэхаславацкія легіянеры, то яго забівалі ў п’янай бойцы… Адзін з прыяцеляў Гашака падараваў яму цэлую калекцыю падобных паведамленняў.
Вярнуўшыся на радзіму, я даведаўся, што быў тройчы павешаны, двойчы расстраляны і аднойчы чвартаваны праз шалёных паўстанцаў-кіргізаў ля возера Кале-Ісых. Урэшце мяне канчаткова закалолі ў дзікай бойцы з п’янымі матросамі ў адэскім шынку.
Улічваючы інфармацыю пра яго супрацоўніцтва з бальшавікамі, мясцовая прэса актыўна выступала супраць Гашака, называючы забойцам тысячаў чэхаў і славакаў, якіх ён рэзаў, «як Ірад немаўлят»; яго жонку называлі адзінай пакінутай ім у жывых дачкой князя Львова. Шматлікія сябры адвярнуліся ад яго; аднойчы яго ледзь не збілі былыя легіянеры. Адна журналістка спытала: ці на самой справе ў Чырвонай Арміі ён сілкаваўся мясам забітых кітайцаў? «Так, літасцівая пані», – пацвердзіў Гашак і паскардзіўся на непрыемны прысмак.
Аднак камуністычная рэвалюцыя, на якую чакалі ў Маскве, у Чэхіі і не прадбачылася, паўстанне было падаўлена, а яго лідары апынуліся ў заключэнні. Ну а сам Гашак, апынуўшыся на радзіме, нібыта працверазеў ад дурману камуністычнай прапаганды і эйфарыі, убачыў, што Чэхаславакія жыве сваім звыклым жыццём, атрымаўшы ўрэшце доўгачаканую незалежнасць. Чэхам камунізм быў непатрэбны, і як усялякім спакойным разважлівым людзям – чужы. Партыйная дзейнасць Гашака хутка сышла на нішто, а ён вярнуўся ў свае колы. Праўда, пісьменнік у пэўны момант апынуўся амаль без сродкаў да існавання і быў вымушаны нават прадаваць на вуліцы экземпляры сваіх кніг, што назбіраліся ў выдаўцоў за час вайны.
У хуткім часе ён зноў жыў на шматлікія выдавецкія авансы, вандруючы ад шынка да шынка. У піцейных жа ўстановах Гашак пісаў свае новыя главы пра Швейка і іншыя творы, часта там жа іх і зачытваючы. Пастаянная выпіўка, два перанесеныя тыфы, адмова прытрымлівацца парадаў дактароў, якія забаранялі есці вострае і тлустае, цяжкая спадчыннасць – усё прыводзіла да няўмольнага пагаршэння здароўя пісьменніка.
Нягледзячы на павялічэнне даходаў, грошай у сям’і Гашака болей не рабілася. Яраслаў хутка перазнаёміўся з усёй ваколіцай і шчодра дапамагаў усім знаёмым, якія патрабавалі матэрыяльнай падтрымкі. Ён завёў уласнага шаўца, які рабіў абутак як для самога Гашака, так і для шматлікіх яго сяброў. Ён нават стаў апекуном мясцовай школы.
Яраслаў шмат хадзіў па наваколлях, часта знікаючы на некалькі дзён. Аднак яго здароўе ўсё пагаршалася і пагаршалася. Зразумеўшы, што не паспявае запісваць усё, што прыходзіць яму да галавы, ён наняў сабе сакратара. Апошні раз Гашак дыктаваў свайго Швейка ўсяго за 5 дзён да смерці. 3 студзеня 1923 года ён падпісаў тэстамент і абвясціў, што «Швейк цяжка памірае». У той жа дзень Гашака не стала.
На пахаванні было мала яго сяброў, бо ніхто асабліва не верыў у смерць пісьменніка, палічыўшы гэта чарговым розыгрышам прыяцеля. Яго сябар Эгон Эрвін Кіш сказаў:
Ярда (так звалі Гашака блізкія) не ўпершыню дурачыць нас, водзіць за нос. Не веру! Колькі разоў ён ужо паміраў! Гашак не мае права памерці. Яму няма нават і сарака.
ЗАБЫТЫ ПАД ВЕРДЭНАМ РАСІЙСКІ САЛДАТ
З цяжкімі баямі пад Вердэнам звязана адна містычная, але цалкам рэальная гісторыя, якую распавяла сям’я Кларынваль.
2 верасня 1916 года Ганна Кларынваль, матка салдата Рэнэ Кларынваля, які ваяваў пад Вердэнам, у прамежак часу паміж 10 і 11 гадзінамі дня, раптам адчула сябе кепска. Жанчыну ахапіў панічны жах, дыханне зрабілася частым, а цела працяў невыносны боль. Трымаючыся за сцены, каб не ўпасці, яна неяк дабралася да дзвярэй пакоя дачкі і крыкнула: «Я невыносна пакутую! Баюся, з тваім братам здарылася нешта жахлівае!» Дачка супакоіла яе, сказаўшы, што такое самаадчуванне, верагодна, выклікана нэрвовым напружаннем, бо з фронта даўно не было лістоў.
А праз два дні Кларынвалі атрымалі дэпешу, у якой камандзір эскадрыльі, выказваючы спачуванні, паведаміў, што лейтынант Кларынваль быў збіты 2 верасня і пахаваны на вайсковым пагосце ў Д’епе ў магіле пад нумарам 56. Мадам Кларынваль і яе муж Георг, адстаўны камбат, неўзабаве выехалі ў Д’еп, дзе ўбачылі могілкі ў жудасным стане – з-за нядаўняй бамбёжкі.
У двух ацалелых пасля налёту французскіх магілах, як паказала эксгумацыя, ляжалі пехацінцы, не лётчыкі. Астатнія не закранутыя бомбамі пахаванні былі нямецкімі. Афіцэр, які кіраваў працамі па ўпарадкаванні інтэрнацыянальных могілак, спачуваючы несуцешным бацькам, даў каардынаты нейкага высокапастаўленага вайсковага чыноўніка, які займаўся ўлікам загінуўшых жаўнераў, і да якога, акрамя іншай, сцякалася інфармацыя аб месцах пахаванняў і перазахаванняў у выпадку памылковай ідэнтыфікацыі парэшткаў. На жаль, доўгая перапіска з гэтым палкоўнікам не дапамагла нічога высветліць.
Ганна Кларынваль праз цэлыя дні нерухома сядзела на падваконні спальні, пустымі вачыма гледзячы на дрэвы на іншым баку вуліцы. Як яна прыгадвала пазней, вяртанне да «дзейснага здароўя» здарылася 25 мая а 8.30 раніцы, калі сярод зялёных галін на фоне кавалка блакітнага неба яна ўбачыла «горача любімага сына Рэнэ з тварам, смяротна бледным, але добра пазнавальным». Побач стаялі двое хлопцаў, якіх раней Ганна не сустракала. З нейкай прычыны ўзмацнілася ўпэненасць у тым, што незнаёмцы – немец і расіец, што іх, як і яе сына, няма сярод жывых.
Мадам Кларынваль, упэўненая, што розум яе пакінуў, бо здані трывала трымаліся, не знікаючы, вырашыла паклікаць мужа, які, на яе думку, не павінны быў нічога ўбачыць. Але яе муж таксама ўбачыў сына і яго спадарожнікаў. Яскрава бачыла тое ж і сястра загінулага Рэнэ, Мары. Прыкладна праз сорак хвілін відмо знікла з ускрайку дарогі, па якой, нічога не заўважаючы, спяшаліся звычайныя парыжане. Дзяўчына заўважыла: «У свеце памерлых, які распрасціраецца на іншым баку ад света жывых, уласныя, у аснове сваёй адрозныя ад нашых, фізічныя законы. У асяродку памерлых усё, відаць, сімвалічна. Брат наведаў нас, каб упэўніць, што яго магіла знаходзіцца паміж расійскай і нямецкай. Там і трэба шукаць».
З-за цяжкага становішча пад Вердэнам па просьбе французскага камандвання ў сакавіку 1916 года на расійскім Заходнім фронце (на тэрыторыі Беларусі) з мэтай адцягненя ўвагі немцаў была арганізавана наступальная аперацыя. Двухтыднёвыя спробы расійскай арміі прарваць лінію германскай абароны завяршыліся няўдачай, аднак на працягу гэтага часу ціск немцаў на Вердэн і на самой справе значна аслабеў.
У чэрвені – ліпені 1916 года па просьбе ўжо італьянскага камандавання на расійскім Заходнім фронце было арганізавана новае наступленне, зноў на нашых землях, вядомае як Баранавіцкае. Яго мэтай быў прарыў германскага фронта ў Беларусі і наступленне на Брэст-Літоўск.
Паралельна 4 чэрвеня 1916 года на Паўднёва-Заходнім фронце пачалася дапаможная наступальная аперацыя расійскай арміі, якая атрымала назву Брусілаўскі прарыў, ад імені камандуючага фронтам А. А. Брусілава. Аднак Баранавіцкая бітва фактычна завяршылася з нулявым вынікам, у той час як на Паўднёва-Заходнім фронце была нанесена параза германскім і аўстра-венгерскім войскам у Галіцыі і Букавіне. Поспехі расійскай арміі заахвоцілі Румынію да выступлення на баку Антанты. 17 жніўня 1916 года была заключана дамова паміж Румыніяй і чатырма дзяржавамі Антанты. Першая брала на сябе абавязак абвясціць вайну Аўстра-Венгрыі, другая, у сваю чаргу, абяцала аддаць ёй за гэта Трансільванію і частку Букавіны. 28 жніўня Румынія абвясціла Аўстра-Венгрыі вайну, што значна палегчыла становішча саюзнікаў: немцы і аўстрыйцы былі вымушаны перакінуць частку сіл у Румынію.
Аднак да канца года румынская армія была разбіта, а большая частка тэрыторыі краіны акупавана. Тут ва ўтрыманні фронта спадзявацца можна было толькі на расійцаў.