Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 19 страниц)
ФІНАЛЬНЫ ЭПІЗОД ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ
Аб вайне з Польшчай на працягу ўсяго савецкага перыяду паведамлялі толькі тое, што Чырвоная армія гераічна прасоўвалася наперад, дайшла да самай Варшавы, але потым з-за таго, маўляў, што перадавыя часткі моцна адарваліся ад тылавых, палякі здолелі спыніць наступ, і РКЧА была вымушана адступіць на ранейшыя пазіцыі, падзяліўшы з палякамі згодна з Рыжскай мірнай дамовай Беларусь і Украіну.
Чаму і якім чынам Чырвоная армія здолела дайсці ажно да сталіцы Польшчы, чаму і як яе адтуль выгналі – усё гэта заставалася па-за кадрам. Ніякіх толкам падрабязнасцяў, нягледзячы на тое, што гэтая вайна чарговым смерчам пранеслася па гарадах і вёсках Беларусі, Украіны і Польшчы, якія яшчэ не ачунялі пасля вайны з Германіяй.
Ва ўсе часы хавалі, што вайна з Польшчай – усё тая ж імперыялістычная, а ніякая не грамадзянская. Польшча вырашыла аднавіць Рэч Паспалітую, у якую ў поўным складзе ўваходзіла Беларусь і асноўная частка Украіны, а бальшавікі, якія мала чым у гэтым плане адрозніваліся ад цара, лічылі, што ім належыць не толькі Беларусь і Украіна, але і сама Польшча. Пры гэтым ні палякі, ні расіяне асабліва не задумваліся пра суверэнітэт беларусаў і ўкраінцаў – кожны бок разглядаў гэтыя тэрыторыі як уласную вотчыну.
Савецкая Заходняя армія, у задачы якой уваходзіла ўсталяванне кантроля над Беларуссю, пачала наступленне 17 лістапада 1918 года. Ёй супрацьстаялі атрады Самаабароны, сфарміраваныя ў буйных гарадах з былых салдат Польскіх карпусоў і лаяльнай моладзі яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Загадам новага польскага лідара Юзэфа Пілсудскага ад 7 снежня 1918 года атрады Самаабароны былі абвешчаны састаўной часткай Войска Польскага. Узровень баявой падрыхтоўкі гэтых атрадаў быў не надта высокім, і яны не здолелі аказаць сур’ёзнага супраціву Заходняй арміі.
Уночы на 1 студзеня 1919 года ў Смаленску ў супрацьвагу Беларускай Народнай Рэспубліцы была абвешчана Беларуская ССР. У той жа дзень пасля адыходу нямецкай арміі з Вільні мясцовыя часткі польскай Самаабароны ўзялі горад пад кантроль, але 5 студзеня 1919 года Вільня з боем была ўзята злучэннямі Чырвонай арміі.
10 студзеня 1919 года савецкія войскі занялі Мінск, абвясціўшы фармальна незалежную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.
27 студзеня, пасля ўваходжання ў склад БССР Летувы яна была перайменавана ў Літоўска-Беларускую ССР (рэспубліку Літ-Бел). Так на свет з’явілася аб’яднаная з Летувай беларуская рэспубліка, якой па іроніі таксама кіраваў чалавек са змяшаным летувіска-беларускім прозвішчам – Вікенці Семёнавіч Міцкевіч-Капсукас. Мінская, Віленская, Гродзенская і Ковенская (будучы Каўнас) губерніі ўвайшлі ў Літ-Бел, а Магілёўская, Смаленская і Віцебская былі аддадзены РСФСР, быццам часова.
У гэты час Польшча не магла аказаць істотнай дапамогі атрадам Самаабароны, бо частка польскіх войскаў была ўцягнута ў памежны канфлікт з Чэхаславакіяй і рыхтавалася да верагоднага канфлікту з Германіяй за Сілезію, а ў заходніх раёнах краіны яшчэ знаходзіліся нямецкія войскі. Толькі пасля ўмяшальніцтва Антанты 5 лютага 1919 года была падпісана дамова аб тым, што немцы прапусцяць палякаў на ўсход. У выніку польскія войскі занялі Ковель, які так доўга і безвынікова штурмаваў Брусілаў.
9 лютага палякі занялі Брэст, 19 лютага ўвайшлі ў пакінуты немцамі Беласток. З таго часу, рушыўшы на ўсход, польскія войскі ліквідавалі адміністрацыі Украінскай Народнай Рэспублікі на Холмшчыне, у беларускіх Жабінцы і Кобрыне, і ва Уладзіміры-Валынскам.
Да 14 лютага 1919 года польскія войскі занялі рубеж Кобрын – Пружаны. У хуткім часе туды з другога боку падышлі часткі Заходняга фронта Чырвонай арміі. Такім чынам, утварыўся польска-савецкі фронт на тэрыторыі Летувы і Беларусі.
Нягледзячы на тое, што да лютага 1919 года Войска Польскае налічвала больш за 150 000 чалавек, на тэрыторыі Беларусі і Украіны першапачаткова былі размешчаны параўнальна нязначныя сілы: 12 батальёнаў пяхоты, 12 кавалерыйскіх эскадронаў і тры артылерыйскія батарэі – разам каля 8000 чалавек. Астатнія часткі знаходзіліся на мяжы з Германіяй і Чэхаславакіяй ці яшчэ не былі даўкамплектаваны.
Колькасць савецкай Заходняй арміі ацэньваецца ў 45 000, аднак пасля захопу Беларусі найбольш баяздольныя часткі былі пераведзены на іншыя напрамкі, дзе становішча Чырвонай арміі было вельмі цяжкім.
19 лютага Заходняя армія была пераўтворана ў Заходні фронт пад камандаваннем Дзітрыя Надзёжнага. Для падрыхтоўкі наступу на ўсход польскія войскі ў Беларусі, атрымаўшы падмогу, былі падзелены на тры часткі: Палескай групай камандаваў генерал Антоні Лістоўскі, Валынскай групай – генерал Эдвард Рыдз-Сміглы, а на лініі Шчытна – Скідаль размяшчалася Літоўска-Беларуская дывізія генерала Вацлава Івашкевіча-Рудашанскага. На поўдзень ад іх знаходзіліся падраздзяленні генералаў Юльюша Румеля і Тадэвуша Развадоўскага.
Напрыканцы лютага польскія войскі фарсіравалі Нёман і пачалі наступленне ў Беларусі, якая з 3 лютага 1919 года знаходзілася ў складзе РСФСР. 28 лютага злучэнні генерала Івашкевіча атакавалі савецкія войскі па рацэ Шчара, і 1 сакавіка занялі Слонім, а часткі Лістоўскага ўзялі Пінск. Такім чынам палякі аднаўлялі Рэч Паспалітую, якую назвалі Другой.
На працягу двух дзён з 17-га па 19-га красавіка 1919 года палякі занялі Ліду, Навагрудак і Баранавічы, а 19 красавіка польская кавалерыя зноў увайшла ў Вільню. Праз два дні туды прыбыў Юзэф Пілсудскі, які звярнуюся да народа з прамовай, дзе прапанаваў Літве (Беларусі) вярнуцца да ўніі часоў Першай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Між тым, польскія войскі ў Беларусі пад новым камадаваннем Станіслава Шэптыцкага, атрымаўшы падмацаванне з Польшчы, працягнулі рух на ўсход. У маі – ліпені польскія часткі папоўніліся перанакіраванай з Францыі 70-тысячнай арміяй Юзэфа Галера.
Адначасова пад кантроль палякаў пераходзіць Заходняя Украіна.
25 чэрвеня 1919 года рада міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Італіі ўпаўнаважвае Польшчу на акупацыю Усходняй Галіцыі да ракі Збруч.
Да 17 ліпеня Усходня Галіцыя была цалкам занята польскай арміяй, адміністрацыя Заходне-Украінскай Народнай рэспублікі (ЗУНР) ліквідавана. Наступ на беларускім напрамку таксама працягваецца: 4 ліпеня занята Маладзечна, 25 пад польскі кантроль перайшоў Слуцк. Савецкі ўрад зняў з пасады камандуючага Заходнім фронтам Дзмірыя Надзёжнага, на яго месца быў прызначаны Уладзімір Гіціс. Аднак істотнага папаўнення савецкія войскі ў Беларусі не атрымалі, бо ўсе рэзервы былі накіраваны на поўдзень, на змаганне з Добраахвотніцкай арміяй Антона Дзянікіна, якая ў ліпені распачала рух у напрамку Масквы.
У жніўні 1919 года польскія войскі зноў перайшлі ў наступленне, галоўнай мэтай якога быў Мінск. Пасля шасцігадзіннага бою 9 жніўня палякі ўзялі беларускую сталіцу, а 29 жніўня, нягледзячы на ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, быў заняты Бабруйск. У кастрычніку чырвонаармейскія часткі арганізавалі контратаку з мэтай вярнуць горад, але пацярпелі поўную паразу. Пасля гэтага баявыя дзеянні заціхлі да пачатку наступнага года – бакі заключылі перамір’е.
Замірэнне тлумачылася яшчэ і тым, што краіны Антанты і Антон Дзянікін не жадалі падтрымліваць планы далейшага польскага наступу. Пачаўся працэс доўгіх і складаных перамоў.
Ні Польшча, ні Расія не пайшлі на саступкі, мірныя перамовы праваліліся, баявыя дзеянні былі адноўлены. У першыя дні студзеня 1920 года войскі Эдварда Рыдз-Сміглы дзякуючы нечаканаму ўдару захапілі Дынабург (Дзвінск, сучасны Даўгаўпілс) і перадалі горад латвійскім уладам. 6 сакавіка польскія войскі пачалі наступленне ў Беларусі, захапілі Мазыр і Калінкавічы. Чатыры спробы Чырвонай Арміі адбіць Мазыр завяршыліся беспаспяхова, няўдала скончылася і спроба наступлення на Украіне. Камандуючы Заходнім фронтам Уладзімір Гіціс быў таксама зняты з пасады, а на яго месца прызначаны 27-гадовы Міхаіл Тухачэўскі, які раней добра праявіў сябе ў баях супраць Калчака і Дзянікіна. Таксама для лепшага кіравання войскамі паўднёвая частка фронта была адасоблена ў Паўднёва-Заходні фронт пад камандаваннем Аляксандра Ягорава.
На тэрыторыі Беларусі сілы палякаў і бальшавікоў былі прыкладна роўнымі, а на Украіне палякі супольна з украінскай арміяй Пятлюры мелі амаль трохразовую колькасную перавагу, якую польскае камандаванне вырашыла выкарыстаць па максімуме, перакінуўшы на гэты напрамак дадаткова войскі агульнай сілай у 10 000 штыкоў і 1000 шабляў. Акрамя гэтага, каля 15 000 чалавек налічвала войска Пятлюры, якое ваявала разам з палякамі.
25 красавіка 1920 года польска-ўкраінскія войскі атакавалі пазіцыі Чырвонай Арміі на ўсім працягу ўкраінскай мяжы і да 28 красавіка апынуліся на лініі Чарнобыль – Казяцін – Вінніца – румынская мяжа.
Тухачэўскі вырашыў скарыстацца тым, што асноўныя польскія сілы засярэдзіліся на Украіне, і 14 мая пачаў контрнаступленне ў Беларусі. Нягледзячы на першапачатковы поспех, да 27 мая наступ савецкіх войскаў захлынуўся, а 1 чэрвеня 4-я частка 1-й польскай арміі перайшла ў контрнаступленне супраць 15-й савецкай арміі і да 8 чэрвеня нанесла ёй цяжкую паразу. Чырвоная армія згубіла забітымі, параненымі і палоннымі больш за 12 000 чалавек.
На золку 4 ліпеня Заходні фронт Міхаіла Тухачэўскага зноў пайшоў у атаку. Асноўны ўдар наносіўся на правым, паўночным флангу, дзе была дасягнута амаль двухразовая перавага ў людзях і ўзбраенні.
Задума аперацыі заключалася ў абыходзе польскіх частак кавалерыйскім корпусам Гая і адсоўванні польскага Беларускага фронта да летувіскай мяжы. Гэтая тактыка прынесла поспех: 5 ліпеня 1-я і 4-я польскія арміі пачалі хутка адыходзіць у напрамку Ліды і, не здолеўшы замацавацца на старой лініі нямецкіх акопаў, напрыканцы ліпеня адступілі да Буга. За кароткі прамежак часу Чырвоная армія прасунулася больш чым на 600 км: 10 ліпеня палякі пакінулі Бабруйск, 11 ліпеня Тухачэўскі заняў Мінск, 14 ліпеня – Вільню.
26 ліпеня ў раёне Беластока Чырвоная армія перайшла ўжо непасрэдна на польскую тэрыторыю, а 1 жніўня, нягледзячы на адчайныя загады Пілсудскага, савецкім войскам амаль без супраціву быў здадзены Брэст.
23 ліпеня ў Смаленску бальшавікі ўтварылі Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэвкам), які павінны быў прыняць на сябе ўладу пасля ўзяцця Варшавы і звяржэння Пілсудскага.
Аб гэтым бальшавікі афіцыйна абвясцілі 1 жніўня ў Беластоку, дзе і размясціўся Польрэвкам. Узначаліў камітэт Юльян Мархлеўскі. У той жа дзень, 1 жніўня, Польрэвкам агучыў «Зварот да польскага працоўнага люду гарадоў і вёсак», складзены вядомым Феліксам Дзяржынскім, будучым галоўным чэкістам дзяржавы Саветаў. У «Звароце» паведамлялася аб стварэнні Польскай Рэспублікі Саветаў, аб нацыяналізацыі зямлі, аддзяленні царквы ад дзяржавы, а таксама змяшчаўся заклік да рабочых гнаць прэч капіталістаў і паноў, займаць фабрыкі і заводы, ствараць рэвкамы ў якасці органаў улады. Камітэт таксама заклікаў польскіх жаўнераў да паўстання супраць Пілсудскага і пераходу на бок Польскай Рэспублікі Саветаў.
Польрэвкам распачаў нават ўтварэнне Польскай Чырвонай арміі пад камандаваннем Рамана Лонгвы, аднак не дасягнуў у гэтым значных поспехаў. Палякі як заўжды не выявілі вялікага імкнення да ўсталявання савецкай улады.
А тым часам да пачатку жніўня 1920 года становішча Польшчы стала зусім крытычным, і не толькі з-за хуткага адступлення з Беларусі, але і з-за пагаршэння міжнародных стасункаў. Вялікабрытанія, аб падтрымцы якой ва ўсе гады так любілі распавядаць савецкія ідэолагі, на самой справе перастала аказваць Польшчы ваенную і эканамічную дапамогу, а Германія і Чэхаславакія зачынілі межы з Польшчай і адзіным пунктам дастаўкі грузаў у рэспубліку застаўся партовы Данцыг – Гданьск. З набліжэннем войскаў бальшавікоў да Варшавы праз яго пачалася эвакуацыя замежных дыпмісій.
Аднак становішча польскіх войскаў пагоршылася не толькі на беларускім, але і на ўкраінскім напрамку, дзе зноў перайшоў у наступленне Паўднёва-Заходні фронт пад камандаваннем Аляксандра Ягорава.
У гэты час Міхаіл Тухачэўскі ўжо рыхтаваўся да штурму Варшавы. Яго план прадугледжваў фарсіраванне Віслы ў ніжняй плыні і атаку на Варшаву з захаду. Адна група савецкіх войскаў рушыла на варшаўскую Прагу, другая – на Яблонну і Няпорэнт. Польскія сілы адышлі на другую лінію абароны.
І гэта быў час ісціны для палякаў. Перад імі стаяў выбар – ці менш чым праз тры гады пасля атрымання доўгачаканай, выпакутаванай незалежнасці зноў ператварыцца ў прыдатак расійскай дзяржавы, але ўжо бальшавіцкай, ці са зброяй у руках біцца за свабоду. «Гэй, палякі – на багнеты!», – заклікалі тагачасныя плакаты са сцен дамоў і плотаў.
Польшча рыхтавала контрудар, які б мог і сарвацца, калі б не вечная падазронасць камісараў. Да іх у рукі патрапіў загад аб контрудары пад Вепшам з падрабязнай мапай, але чырвоныя камандзіры палічылі знойдзены дакумент дэзінфармацыяй, мэтай якой быў зрыў наступлення Чырвонай арміі на Варшаву. У той жа дзень польская контрразведка перахапіла загад па 16-й арміі аб наступленні на Варшаву 14 жніўня. Каб апярэдзіць чырвоных, па загадзе Юзэфа Галера 5-я армія Владыслава Сікорскага, якая абараняла Модлін, з раёна ракі Вкра ўдарыла па расцягнутым фронце Тухачэўскага на сутыку 3-й і 15-й армій і прарвала яго. Уночы на 15 жніўня дзве рэзервовыя польскія дывізіі з тылу ў штыкі атакавалі савецкія войскі пад Радзімінам. Атака завяршылася разгромам чырвоных частак і ўзяццем горада.
16 жніўня Пілсудскі ўзначаліў новы конртудар па Чырвонай арміі. Яго войска з 47 500 жаўнераў ударыла па Мазырскай групе, якая па колькасці ўдвая саступала польскай. Атака Пілсудскага прарвала фронт, палякі разграмілі паўднёвае крыло 16-й арміі Мікалая Салагуба. Адначасова ішло наступленне на Уладаву сіламі 3-й пяхотнай дывізіі Легіёна, а таксама пры танкавай падтрымцы – на Мінск-Мазавецкі.
Такім чынам, існавала пагроза атачэння ўсіх злучэнняў Чырвонай арміі пад Варшавай. Войскі Заходняга фронта хаатычна адступалі.
19 жніўня палякі занялі Брэст, 23 – Беласток. Напрыканцы жніўня праз Сокаль 1-я Конная армія ўдарыла ў накірунку Замосця і Грубяшова, каб потым праз Люблін выйсці ў тыл да польскай ударнай групоўкі, якая рушыла на поўнач. Але палякі высунулі насустрач Коннай арміі рэзервы Генштаба. 31 жніўня 1920 года пад Камаровам адбылася самая буйная пасля 1813 года конная бітва. 1-я Конная армія Будзёнага ўступіла ў бой з 1-й польскай дывізіяй кавалерыі Румеля. Пачалася жорсткая бойка. Нягледзячы на значную колькасную перавагу (7000 шабляў Будзёнага супраць 2000 шабляў Румеля), савецкія злучэнні пацярпелі поўную паразу, страціўшы забітытмі 4000 чалавек – больш за палову асабістага складу. Страты Румеля склалі толькі каля 500 чалавек.
Армія Будзёнага, а за ёй і войскі Паўднёва-Заходняга фронту, у тлуме адступілі, пакінулі Львоў і перайшлі да абароны.
Вайна скончылася паразай бальшавікоў. Іх армія страціла загінулымі 25 000 чырвонаармейцаў, а 60 000 (!) патрапіла ў палон. Яшчэ 40 000 былі інтэрніраваны немцамі. Некалькі тысяч чалавек лічыліся зніклымі без вестак. Агульная колькасць страт, такім чынам, склала 125 000 чалавек.
Польскія страты ацэньваюцца ў 15 000 забітых і зніклых без вестак і 22 000 параненых.
Пасля адступлення з Польшчы Тухачэўскі замацаваўся на лініі рэк Нёман – Шчара – Свіслач, выкарыстаўшы пры гэтым у якасці другога рубяжа абароны германскія ўмацаванні, што засталіся з Першай сусветнай. Заходні фронт атрымаў вялікую падмогу з тылавых раёнаў, а таксама ў яго склад вярнуліся 30 000 чалавек, якія былі інтэрніраваны з Усходняй Прусіі. Паступова Тухачэўскі амаль цалкам змог аднавіць баявы склад фронта: на 1 верасня 1920 года ён меў 73 000 байцоў і 220 гармат. Па загадзе Каменева ён рыхтаваў новае наступленне.
Да актыўных баявых дзеянняў рыхтаваліся і палякі. Меркавалася праз атаку на Гродна і Ваўкавыск звязаць асноўныя сілы Чырвонай арміі і даць магчымасць 2-й арміі праз тэрыторыю Беларусі выйсці ў глыбокі тыл перадавых частак бальшавікоў, якія трымалі абарону на Нёмане.
12 верасня Тухачэўскі аддаў загад аб наступленні паўднёвага фланга Заходняга фронта, які ўключаў 4-ю і 120-ю армію, на Владаву і Брэст. З прычыны таго, што загад быў перахоплены і расшыфраваны польскай разведкай, у той жа дзень палякі нанеслі прэвентыўны ўдар, прарвалі абарону 12-й арміі і ўзялі Ковель. Гэта сарвала агульнае наступленне войскаў РКЧА, паставіла паўднёвую групоўку Заходняга фронта пад пагрозу атачэння і вымусіла 4-ю, 12-ю і 14-ю арміі адступіць на ўсход.
20 верасня 1920 года пачалася крывавая бітва за Гродна. Спачатку поспех спадарожнічаў палякам, яны адціскалі чырвоных, але 22 верасня войскі Тухачэўскага падцягнулі рэзервы і аднавілі сваё першапачатковае становішча. Тым часам польскія войскі ўварваліся ў Паўночна-Заходнюю Беларусь і рушылі на Друскенікі (сучасны Друскенінкай, Літва). Захапіўшы мост праз Нёман, палякі выйшлі да фланга Заходняга фронта. 25 верасня, не маючы магчымасці спыніць іх наступ, Тухачэўскі аддае загад аб адыходзе войск на ўсход. У ноч на 26 верасня палякі занялі Гродна, а ў хуткім часе фарсіравалі Нёман на поўдзень ад горада. Адступаючы на ўсход, армія Лазарэвіча не здолела аднавіць фронт і з вялікімі стратамі адышла ў раён Ліды.
28 верасня савецкія войскі арганізавалі спробу захапіць заняты ворагам горад, але марна. Пры гэтым большая частка асабовага складу патрапіла ў палон. 12 кастрычніка палякі зноў пайшлі на Мінск і Маладзечна.
Пілсудскі прапанаваў развіць поспех, атачыць і знішчыць рэшту войскаў Заходняга фронта ля Навагрудка. Але аслабленыя ў баях польскія часткі не здолелі выканаць загад, і войскі РКЧА замацаваліся і занялі абарончыя пазіцыі.
Падчас Нёманскай бітвы палякі захапілі 40 000 палонных, 140 гармат, вялікую колькасць коней і рыштунку. Баявыя дзеянні ў Беларусі працягваліся ажно да да падпісання мірнага дагавору ў Рызе.
Падчас вайны войскі з абодвух бакоў каралі смерцю грамадзянскае насельніцтва па ўсёй Беларусі і Украіне, і пры гэтым польскія войскі здзяйснялі этнічныя чысткі, аб’ектам якіх найчасцей былі яўрэі. Як кіраўніцтва РКЧА, так і камандаванне Войска Польскага ініцыявала службовыя доследы з нагоды падобных акцый і імкнулася іх прадухіліць.
Першым задакументаваным выпадкам ужывання зброі супраць нонкамбатантаў у гэтай вайне стаў расстрэл Расійскага Чырвонага Крыжа 2 студзеня 1919 года, які, верагодней за ўсё, здзейснілі атрады Самаабароны, бо рэгулярная армія на той момант яшчэ не пакінула межаў Польшчы. У сакавіку 1919 года пасля заняцця Пінска польскі камендант загадаў расстраляць 40 яўрэяў, якія сабраліся на малітву – іх прынялі за сход бальшавікоў. Падаецца, іх невыпадкова пераблыталі з прыхільнікамі камуністычнай партыі, бо асноўная частка бальшавікоў і камісараў на самой справе паходзіла з іудзеяў. Была расстраляна і частка персаналу шпіталя. У красавіку таго ж года захоп Вільні суправаджаўся масавымі расправамі над палоннымі чырвонаармейцамі, яўрэямі і людзьмі, якія спачувалі савецкай уладзе.
Значна горш справы з тэрорам і нацыянальнымі чысткамі былі на Украіне. Так, 24 сакавіка 1920 года атрад атамана Куроўскага, пятлюраўца, былога чырвонага камандзіра, учыніў бойню яўрэяў у Татыеве.
Польскі ваенны пракурор палкоўнік Лісоўскі, які расследваў скаргі на дзеянні ўкраінскай дывізіі Балаховіча, пісаў у той час наступнае:
Армія Балаховіча ўяўляе з сябе армію разбойнікаў, якая перапраўляе нарабаванае золата. Каб заняць які-небудзь горад, дасылаецца армія, салдаты якой рабуюць і забіваюць. І толькі пасля шматлікіх пагромаў праз два дні прыязджае Балаховіч са сваім штабам. Пасля рабаўніцтва пачынаюцца п’янкі. …Што тычыцца Балаховіча, ён дазваляе рабаваць, інакш яны б адмовіліся прасоўвацца наперад… кожны афіцэр, які ўступае ў армію Балаховіча, палівае сябе брудам, які нічым не змыць…
Дослед Лісоўскага пацвердзіў, у прыватнасці, што толькі ў беларускім Тураве балахоўцамі было згвалтавана 70 яўрэйскіх непаўнагадовых дзяўчын. А жыхар Мазыра А. Найдзіч так апісваў падзеі ў горадзе пасля ўзяцця яго балахоўцамі:
А 5-й гадзіне вечара балахоўцы ўвайшлі ў горад. Сяляне радасна прывіталі іх, але яўрэі пахаваліся па кватэрах. Зараз жа пачаўся пагром з масавымі згвалтаваннямі, збіццямі, здзекамі і забойствамі. Афіцэры ўдзельнічалі ў пагроме нароўні з салдатамі. Нязначная частка рускага насельніцтва рабавала ўскрытыя балахоўцамі крамы. На працягу цэлай ночы ў горадзе было чуваць страшныя крыкі…
У дакладзе камісіі па рэгістрацыі ахвяр набегу Балаховіча ў Мазырскім павеце сказана:
…былі згвалтаваны дзяўчынкі ва ўзросце ад 12 гадоў, 80-гадовыя жанчыны, жанчыны з 8-месяцовай цяжарнасцю…, прычым гвалтавалі ад 15 да 20 разоў. Хаця мясцовая камісія, якая была ўтворана для абследавання і аказання дапамогі пацярпелым, гарантавала поўнае захаванне ўрачэбнай тайны, колькасць тых, хто звярнуўся па дапамогу складае ўсяго каля 300 жанчын, большая частка з якіх заразілася на венерычныя хваробы ці зацяжарала…
З савецкага боку славу галоўных пагромшчыкаў «заваявала» армія легендарнага камдзіва Будзёнага, аб чым, канечне ж, ніхто і нідзе не пісаў у савецкія часы. Асабліва буйныя пагромы будзёнаўцы ўчынілі ў Баранаўцы, Чуднове і Рагачове. У прыватнасці, з 18 па 22 верасня 6-я кавалерыйская дывізія гэтай арміі арганізавала больш за 30 пагромаў. У мястэчку Любань 29 верасня падчас пагрому байцамі дывізіі было забіта 60 чалавек, у Прылуках у ноч на 3 кастрычніка – паранена 12 чалавек, 21 забіты «і згвалтавана шмат жанчын». Пры гэтым «жанчын бессаромна гвалтавалі на вачах усіх, а дзяўчын, як рабынь, уцягвалі бандыты да сябе ў абозы». У Вахноўцы 3 кастрычніка было забіта 20 чалавек, шматлікія паранены і згвалтаваны, спалена 18 дамоў.
Пасля таго, як 28 верасня пры спробе спыніць пагром у мястэчку Палоннае быў забіты камісар 6-й дывізіі Г. Г. Шэпелеў, дывізія была расфарміравана, а два камбрыгі і некалькі сотняў шарагоўцаў былі аддадзены пад суд; 157 з іх былі расстараляны.
Узятыя ў палон чырвонаармейцамі польскія афіцэры без размоў расстрэльваліся на месцы, як і ўзятыя жывымі бальшавіцкія камісары забіваліся палякамі.
Вось такія жахі перажывалі жыхары шматпакутных Беларусі і Украіны ў гады Грамадзянскай вайны, вайны, якая прымусіла ўсю мярзоту, чорную энергію і сілу чалавечай натуры вырвацца вонкі.
Асобная тэма – палонныя. У лагерах для ваеннапалонных як польскіх, так і савецкіх, умовы былі да такой ступені кепскімі, што людзі тысячамі гінулі ад хвароб і голаду. У адпаведнасці з расійскімі крыніцамі, каля 80 000 чырвонаармейцаў з тых 200 000, што патрапілі ў польскі палон, загінулі ў лагерах. Польскія крыніцы называюць лічбу ў 20 000 загінулых з 85 000 палонных. Іх утрымлівалі ў лагерах, якія засталіся пасля Першай сусветнай. Паводле пагаднення 1921 года аб абмене палоннымі, 65 000 байцоў РКЧА вярнуліся ў Расію. Калі звесткі аб 200 000 палонных і гібелі 80 000 з іх верныя, то незразумелай застаецца лёс яшчэ прыкладна 60 000 чалавек.
Лагер ваеннапалонных у Брэст-Літоўску нагадваў сапраўдны некропаль. У лагеры ў Стшалкове, акрамя іншага, мелі месца шматлікія здзекі з палонных, за якія камендант паручнік Маліноўскі пазней быў аддадзены пад суд.
З 60 000 польскіх ваеннапалонных пасля заканчэння вайны на радзіму вярнулася 27 598 чалавек, каля 2000 засталося ў РСФСР. Лёс астатніх 32 000 чалавек невядомы, але хутчэй за ўсё яны загінулі ў лагерах па тых жа прычынах, па якіх савецкія палонныя ў Польшчы.
На працягу аднаго толькі 1920 года Чырвоная армія страціла ў баях 48 000 салдат. Разам за гэтыю вайну РСФСР згубіла 62 000 байцоў.
Страты палякаў у бітве за Варшаву былі параўнальна невялікімі – 4500 чалавек, а колькасць забітых польскіх жаўнераў і добраахвотнікаў за цэлую вайну склала 14 500 чалавек. Але разам з памерлымі ад голаду і хваробаў і забітым грамадзянскім насельніцтвам Польшча згубіла больш за 251 000 чалавек.