Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц)
ЗАБЫТЫ ПОДЗВІГ КАЗАКА
У гады Першай суветнай вайны яго імя было вядома цэлай Расіі. Звалі яго Кузьма Кручкоў. Бравы казак красаваўся на плакатах і ўлётках, папіросных пачках і паштоўках, яго партрэты і малюнкі з выявамі яго подзвігу друкавалі ў газетах і часопісах. А вызначыўся казак ужо ў першыя дні вайны ў жніўні 1914 года ў баі з нямецкімі кавалерыстамі недалёка ад польскага горада Кальварыя. Вартавы дазор пад началам 24-гадовага прыказнога Кузьмы Кручкова ўступіў у бой з групай нямецкіх кавалерыстаў і, як запісана ў наградных дакументах, сам камандуючы падчас бітвы асабіста засёк шашкай і закалоў пікай 11 чалавек. Цяжка паверыць у такі подзвіг, але і падробка казацкіх наградных дакументаў малаверагодная.
Вось як апісаў той бой сам Кручкоў:
Зраніцы, гадзіне а дзясятай, мы накіраваліся ад горада Кальварыі да маёнтка Александрова. Нас было чацвёра – я і мае таварышы: Іван Шчэгалькоў, Васіль Астахаў і Міхаіл Іванкоў. Пачалі ўздымацца на горку і сутыкнуліся з нямецкім раз’ездам з 27-мі чалавек, сярод якіх былі іх афіцэр і ўнтэр-афіцэр. Спачатку немцы спужаліся, але потым палезлі на нас. Аднак мы іх сустрэлі цвёрда і паклалі некалькі чалавек. Выкручваючыся ад нападзення, мы вымушаны былі раз’яднацца. Мяне атачыла адзінаццаць чалавек. Не спадзеючыся ацалець у сутычцы, я вырашыў за дорага прадаць сваё жыццё. Кабыла ў мяне рухавая, паслухмяная. Хацеў спачатку скарыстацца з вінтоўкі, але ў спешцы заела патрон, і ў той жа час немец выцяў мяне па пальцах, і я кінуў вінтоўку. Схапіўся за шашку і пайшоў у работу. Атрымаў некалькі дробных ранаў. Адчуваю, кроў цячэ, але ўсведамляю, што раны несур’ёзныя. На кожнае раненне адказваю смяротным ударам, ад якога немец кладзецца пластом навекі. Паклаўшы некалькі чалвек, я адчуў, што цяжка работаць шашкай, таму схапіў іхнюю ж піку і пры яе дапамозе па адным паклаў астатніх. У той час мае таварышы справіліся з астатнімі.
На зямлі ляжалі дваццаць чатыры трупы, ды некалькі параненых коней насіліся перапужаныя. Таварышы мае атрымалі лёгкія раны, я таксама атрымаў шаснаццаць ранаў, але ўсе пустыя, так – уколы ў спіну, шыю і рукі. Кабылка мая таксама атрымала адзіннаццаць ранаў, але потым на ёй я праехаў шэсць вёрстаў.
Першага жніўня ў Белую Аліту прыбыў камандуючы арміяй генерал Рэненкампф, які зняў з сябе георгіеўскую стужку, прышпіліў мне на грудзі і павіншаваў з першым георгіеўскім крыжом.
У пераказе Кручкова яго бітва з пераўзыходзячымі сіламі немцаў выглядае амаль штодзённай працай, але ж сутыкнуліся казакі не з наспех мабілізаванымі пехацінцамі, а з кавалерыстамі, якія былі элітай у кожным войску і мелі адпаведную падрыхтоўку. Тым больш неверагодным выглядае зыход бойкі. Хоць тут верагодна казакі натрапілі на недасведчаных кавалерыстаў, супраць якіх і вызначыліся сваім майстрэрствам. Нездарма віншаваць казакоў з такім подзвігам прыехаў сам камадуючы арміяй. Дарэчы, генерал Рэненкампф сам быў дасведчаным кавалерыйскім камандзірам і знаўся на кавалерыйскай цінцы.
За перамогу ў сутычцы з немцамі ўсе чатыры казакі сталі георгіеўскімі кавалерамі, а Георгіеўскі крыж 4-й ступені за нумарам 5501, які атрымаў Кузьма Кручкоў, стаў першай георгіеўскай узнагародай, у Першую сусветную вайну. Аб гэтым подзвігу паведамілі імператару і надрукавалі нататкі ў газетах. Бравы малады казак імгненна стаў расійскай знакамітасцю.
Кузьма (Казьма) Кручкоў нарадзіўся ў 1890 годзе на хутары Ніжне-Калмыкаўскім Вусць-Мядведзіцкай акругі Войска Данскога ў сям’і карэннага казака-старавера Фірса Ларыёнавіча Кручкова. Як і ўсе казацкія дзеці, Кузьма адвучыўся ў станічнай школе, бо адукацыю казакі паважалі і непісьменных не любілі. У 1911 годзе Кручкоў быў прызваны на абавязковую службу ў 3-і Данскі казачы імя Ермака Цімафеева полк. На пачатак вайны ён быў у чыне прыказнога, што адпавядала яфрэйтару ў арміі, і лічыўся дасведчаным байцом, што і прадэманстраваў у першай жа бойцы.
Адляжаўшы пасля сутычкі ў лазарэце 5 сутак, Кручкоў вярнуўся ў полк і атрымаў адпачынак, каб з’ездзіць на радзіму. Можна сабе ўявіць, з якой славай ён з’явіўся ў станіцы з Георгіем на грудзях. Кручкоў да таго часу ўжо быў жанаты, меў сына і дачку, таму водбліскі яго славы адбіваліся і на яго сям’і.
Адпачыўшы дома, Кручкоў вярнуўся на фронт. Ён яшчэ не аднойчы ўдзельнічаў у баях, зноў быў паранены, але падобных подзвігаў больш не здзяйсняў. Ён таксама атрымаў новыя ўзнагароды. Да канца вайны даслужыўся да чына падхарунжага (першы афіцэрскі чын у казацкім войску), атрымаў яшчэ адзін георгіеўскі крыж і два георгіеўскія медалі. Ёсць інфармацыя, што Кручкоў паспеў нават атрымаць залатую георгіеўскую зброю, вельмі ганаровую сярод афіцэраў узнагароду.
Але чаму гісторыкі і пісьменнікі забыліся пра Кручкова? У савецкія часы, у прыватнасці, аб ім ніхто нічога не ведаў.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Кручкоў быў абраны старшынёй палкавога камітэта, а пасля развалу фронта разам з палком вярнуўся на Дон. Мірным жыццё не атрымалася. Жыхары адных вёсак, а часам і чальцы адных сем’яў апыналіся на розных баках крывавай мяжы, якая падзяліла Расію. Так, удзельнік легендарнага бою Міхаіл Іванкоў служыў у Чырвонай Арміі, пазней сустракаўся з Шолахавым і распавядаў яму аб подзвігу Кручкова. Ці то казак нешта не тое распавёў пісьменніку, ці то, ідучы ўслед за пісьменніцкай задумай, Шолахаў па матывах гэтага бою напісаў у рамане «Ціхі Дон» уласны, які выглядаў як недарэчная сутычка. А магчыма, да Шолахава дайшлі чуткі, што подзвіг чатырох казакоў быў ад часткі іх уласнай прыдумкай, ці пісьменнік не змог да канца паверыць, што адзін чалавек у кавалерыйскай цінцы мог забіць 11 ворагаў. Зрэшты, у падробцы падазравалі і ўласна Шолахава – маўляў, ён не сам напісаў «Ціхі Дон», а спісаў усё з дзённіка нейкага казацкага афіцэра.
Кручкоў у гады Грамадзянскай вайны сабраў патрызанскі атрад для супраціву іншаму вядомаму казаку Філіпу Міронаву, будучаму камандзіру 2-й Коннай арміі чырвоных. Баі былі цяжкімі, бо па абодвух баках фронту былі дасведчаныя, жорсткія змагары, якія ў свой час разам спасцігалі вайсковую навуку ў лютай барацьбе з германцамі.
Таксама ўмела, як і супраць немцаў, Кручкоў ваяваў і супраць чырвоных, і да лета 1919 года стаў сотнікам. Загінуў Кузьма Кручкоў па адной версіі ад кулямётнай чаргі, па іншай – быў схоплены чырвонымі і расстраляны. Пахавалі героя Першай сусветнай вайны Кузьму Фірсавіча Кручкова на могілках роднага хутара. Ну а савецкія гісторыкі і ідэолагі зрабілі ўсё, каб сцерці памяць аб удалым казаку.
ТАНКІ!
На франтах Першай сусветнай вайны шмат якое ўзбраенне было выкарыстана ўпершыню. Навінкай было не толькі самалётабудаўніцтва, але і танкабудаўнітва. Як і першыя самалёты, першыя танкі выглядалі нязграбнымі монстрамі. «Tank» – па-англійску «рэзервуар» або «бак».
Менавіта так англічане называлі падобныя да цыстэрнаў браніраваныя машыны на гусеніцах.
Нямецкая газета часоў Першай сусветнай «Ляйпцыгер Ілюстрыртэ Цайтунг» пісала:
Танкі – гэта бязглуздая фантазія і шарлатанства. Машыны-пачвары прыводзяць салдат у разгубленасць толькі на кароткі час, але потым здаровая душа добрага немца супакойваецца, і ён з лёгкасцю змагаецца з дурной машынай.
На ілюстрацыі да артыкула была выява з нямецкімі салдатамі, якія адважна ўзбіраюцца на англійскі танк, забіваючы яго экіпаж… Але гэта была толькі слабая спроба супакоіць салдат. Танкі і на самой справе наводзілі на немцаў амаль панічны жах.
Усё пачалося 20 кастрычніка 1914 года, калі англійскі ў той час яшчэ падпалкоўнік Эрнэст Суінтан звярнуўся ў ваеннае міністэрства з прапановай пабудаваць браніраваную машыну на гусеніцах, выкарыстаўшы для гэтага амерыканскі трактар «Холт». У сваёй дакладной Суінтан абазначыў абрысы новай машыны і ўказаў задачы, якія яна зможа вырашаць падчас баявых дзянняў: пракладаць дарогу пяхоце, прыгнячаць праціўніка сваёй моццу псіхалагічна і пры дапамозе гарматаў і кулямётаў знішчаць яго фізічна.
Пасля прыезда ў Англію Суінтан выказаў сваю прапанову ў размовах з сакратаром камітэта імперскай абароны капітанам Хэнкі і інжынерам Тулакам. У выніку, пасля гэтых размоў у сярэдзіне 1915 года Тулак зрабіў даклад у вайсковым міністэрстве аб будаўніцтве гусенічных «сухапутных крэйсераў», узброеных гарматамі, і «лёгкіх сухапутных знішчальнікаў», узброеных кулямётамі.
Вайсковае міністэртсва вельмі асцярожна паставілася да гэтага праекта. У лютым 1915 года яно аргінізавала выпрабаванні гусенічных трактароў для праверкі іх праходнасці. Трактары не вытрымалі даволі суворых штучна створаных тэхнічных умоў, і доследы спыніліся.
У той час пытаннем «сухапутных караблёў» зацікавілася марское ведамства. Служба марской авіяцыі Адміралцейства (RNAS), вымушаная арганізоўваць ахову сваіх аэрадромаў на кантыненце, вырашыла выкарыстаць з гэтай мэтай бронеаўтамабілі. Некаторы вопыт выкарыстання матарызаваных сродкаў і сувязь з існуючымі фірмамі, відаць, сталі прычынай таго, што RNAS занялася неўласцівай ёй справай.
Ва ўсялякім выпадку, напрыканцы 1914 года адзін з кіраўнікоў RNAS Мюрэй Суэтэр дэманстраваў перад тым жа Хэнкі драўляную мадэль бранявога шчыта, умацаванага на самаходных калёсах. За гэтым шчытом павінны былі хавацца пехацінцы. У той жа час была высунута прапанова стварыць для «ачысткі» акопаў цяжкія каткі, якія б ззаду перасоўваліся гусенічным трактарам. Хэнкі зрабіў аб гэтым даклад першаму лорду Адміралцейства (марскому міністру). Вынікам быў ліст апошняга на імя прэм’ер-міністра, напісаны ў пачатку студзеня 1915 года. У лісце пісалася:
Гэта было даволі проста, за кароткі час абсталяваць некаторую колькасць паравых трактараў неабходнымі бранявымі шчытамі, якія б закрывалі ад куль і дазволілі б схаваць людзей і кулямёты… Ужытыя ўначы, яны ў пэўнай ступені не баяліся б артылерыйскага агню. Гусенічная сістэма дазволіла б ім з лёгкасцю пераадольваць акопы, а сваім цяжарам машына магла б знішчаць дротавыя загароды.
Гэты ліст не меў поспеху. Сам жа марскі міністр вырашыў на першы час абмежавацца вырабам цяжкіх каткоў. Аднак, іх выпрабаванні далі адмоўныя вынікі.
У студзені 1915 года маёр RNAS Хэтэрынгтан прадставіў праект «сухапутнага крэйсера». «Крэйсер» уяўляў сабой гіганцкую трохколавую машыну даўжынёй 30 м, шырынёй 24 м і вышынёй 14 м. На кожнай з трох веж, абароненых 75-міліметровай бранёй, павінны былі быць усталяваны па дзве чатырохдзюймовыя гарматы. Усе гэтыя спробы і эксперыменты прывялі да стварэння ўвосені 1915 года першага англійскага доследнага танка «Вялікі Уіллі», названага ў гонар лейтынанта Уілсана. Гэтая машышына і стала прататыпам першага англійскага баявога танка «Mark-I».
Стварэнне першага танка трымалася ў вялікім сакрэце. Усе, хто меў дачыненне да новага вайскогвага вынаходніцтва, былі абавязаны пільна захоўваць таямніцу. Але ўжо на першапачатковым этапе будаўніцтва «Вялікага Уіліі» з’явілася неабходнасць неяк назваць новы тып машыны – па знешнім выглядзе вялікую цыстэрну ці бак. Яе хацелі назваць вадавозам, але гэта выклікала усмешку. Суінтан, які на той час стаў ужо сакратаром камітэта імперскай абароны, уважліва сачыў за доследай працай і прапанаваў некалькі назваў: рэзервуар, цыстэрна, бак (па-англійску tank).
Прыкладна тады ж, калі Суінтан звярнуўся ў ваеннае міністэрства са сваёй прапановай, палкоўнік Эт’ен, начальнік 6-й дывізіі французскай арміі, напісаў галоўнакамандуючаму аб тым, што лічыць мэтазгодным ужыць на фронце «браніраваныя калёсы, якія б забяспечвалі прасоўванне пяхоты». Праз год ён паўтарыў сваю прапанову:
Я лічу магчымым стварэнне машын з механічнай цягай, якія б дазволілі перавозіць праз усе перашкоды і пад агнём з вышэйшай за 6 км/гадз хуткасцю пяхоту са зброяй, амуніцыяй і гарматай.
У Эт’ена, таксама як і ў Суінтана, думка аб стварэнні гусенічнага танка з’явілася ў выніку назіранняў за працай трактара «Холт». У Францыі першыя танкі пачала будаваць фірма «Шнейдэр». Неўзабаве замова была перададзена «Таварыству жалезаробчых і сталеліцейных заводаў», майстэрні якога знаходзіліся ў Сен-Шамоне. Таму першыя два французскіх танкі атрымалі адпаведныя назвы – «Шнейдэр» і «Сен-Шамон».
Па знешніх абрысах першыя французскія танкі значна адрозніваліся ад сваіх англійскіх братоў. Гусеніцы іх ішлі не зверху корпуса, а па баках. Гэта з’яўлялася адначасова іх перавагай і недахопам. Схаваная корпусам гусеніца зведвала менш знішчэнняў.
З іншага боку, пры вонкавым размяшчэнні, як у англійскіх, танкі лягчэй пераадольвалі перашкоды – стромыя сценкі, акопы. На французскіх танках былі ўжыты рэсоры. Корпус танка падвешваўся на спіральных пружынах. Пры такой канструкцыі змякчаліся ўдары, падчас перасоўвання машыны на мясцовасці танк мог развіваць больш высокую хуткасць, а экіпажу забяспечваліся больш зручныя ўмовы працы.
15 верасня 1916 года, калі англійскія танкі ішлі ў бой на Соме, французскія танкі праходзілі выпрабаванні на палігоне. Толькі праз сем месяцаў, 15 красавіка 1917 года французскія танкі былі выкарыстаны пад Шмэн-дэ-Дам.
А як ішлі справы з першымі танкамі ў Расіі, будучай танкавай дзяржаве? Ды ніяк. Праўда, у самым пачатку вайны, у жніўні 1914 года, майстар машынабудаўнічага завода ў Рызе Парахоўшчыкаў прапанаваў галоўнакамандуючаму расійскай арміяй арыгінальны праект баявой гусенічнай машыны. Гэта было тое, што мы цяпер называем першым расійскім танкам.
У чэрвені 1915 года Парахоўшчыкаў ужо выпрабоўваў яго. Падчас эксперыментаў яго хуткасць сягала 25 км/гадз. Першыя танкі англічан і французаў такую хуткасць развіваць не маглі. Пазней канструктар удасканаліў сваю машыну, зрабіўшы яе колава-гусенічнай: яна магла перасоўваца па дарогах на колах, а па мясцовасці – на гусеніцах. Дзяніс Туманаў у артыкуле «Першыя танкі» з захапленнем піша:
Гэта апярэджвала танкабудаўніцтва таго перыяду на некалькі гадоў. Парахоўшчыкаў зрабіў корпус машыны воданепранікальным, таму яна магла лёгка пераадольваць водныя перашкоды.
Хуткасць, воданепранікальнасць… Усё гэта добра. Але машыну Парахоўшчыкава ледзьве можна назваць танкам. Яна не адпавядала ніводнай, за выключэннем хіба наяўнасці гусеніцаў, характарыстыцы танка, вызначанай англічанінам Суінтанам. Гэтыя характарыстыкі, закладзеныя яшчэ ў 1915 годзе, застаюцца асноўнымі і ў нашыя дні: пераадоленне перашкод, застрашванне пяхоты праціўніка, агонь з гарматы і кулямёта, знішчэнне дротавых загародаў і пракладванне шляху сваёй пяхоце…
Парахоўшчыкаў стварыў хуткасны міні-бранявік, імклівы, але зусім нястрашны і некарысны ў палявых умовах – машыну, якую і танкам назваць, па вялікім рахунку, нельга.
Калі падчас першага з’яўлення англійскіх танкаў у баі на рацэ Сома у нямецкіх салдат пачалася паніка, то пры першым поглядзе на танк Парахоўшчыкава мала хто мог стрымаць усмешку. Ім можна было пужаць хіба толькі зграю бяздомных сабакаў. Гэта было зусім маленькая, прысадзістая, ніжэйшая за чалавечы рост, машына, унутры якой маглі перасоўвацца адзін ці, ад сілы, два чалавекі, без гарматы, з адным кулямётам. Такі танк заграз бы ў першай жа канаве, не пераадолеў бы траншэю, не ўяўляючы ніякай пагрозы ні акопам, ні сур’ёзным перашкодам. Са сваёй хуткасцю гэты «танк» мог хіба што прэтэндаваць на ролю браніраванай гоначнай машыны для вайсковых кур’ераў. Натуральна, што прамысловасць царскай Расіі не магла асвоіць такую «складаную», як некаторыя пішуць, машыну з-за поўнай яе непажытачнасці на вайне. Аднак, у артыкуле Туманава можна сустрэць заклапочанасць з гэтай нагоды:
…танк быў забыты, пра яго прыгадалі толькі праз шмат гадоў, калі падобныя машыны ўжо шырока выкарыстоўваліся ва ўсіх арміях.
Цікава, як жа яго прыгадалі, калі танк Парахоўшчыкава так больш нідзе і не з’явіўся. Верагодна, прыдалася ідэя воданепранікальнасці, але ўласна да танка гэта ўжо не мела дачынення – ён так і застаўся няўдалай вопытнай мадэллю, непрыдатнай у баявых дзеяннях.
У СССР засвоілі танкабудаўніцтва, і менавіта савецкія танкі некаторы час лічыліся лепшымі ў свеце, але першы расійскі танк так і застаўся ў гісторыі толькі ў выглядзе спробы, спробы, якая завяршылася няўдачай.
Калі танк Парахоўшчыкава быў вельмі маленькі, то другая версія, то бок танк капітана Лебядзенкі, уяўляла з сябе велізарную машыну, якая хучэй нагадвала не танк, а велізарны воз ці лафет.
У тым жа 1915 годзе начальнік вопытнай лабараторыі ваеннага міністэрства капітан М. М. Лебядзенка прапанаваў ідэю, аналагічную ідэі Хэтарынгтона. Ён зрабіў прект колавага танка. Як і ў англійскай распрацоўцы, у танка Лебядзенкі павінна было быць два вялікіх пярэдніх колы дыяметрам 9 м і задняе кола ў выглядзе катка для паварота машыны. На думку аб стварэнні баявой машыны на высокіх колах Лебядзенку навялі арбы, якія той бачыў на Каўказе. Знешні выгляд такога танка ў пэўнай ступені нагадваў гіганцкі лафет старадаўняй гарматы. Вось гэты праект быў ужо з лёгкасцю прыняты царом, бо яго паменшаная драўляная мадэль з лёгкасцю пераадольвала перашкоды.
Напрыканцы ліпеня 1915 года пад кіраўніцтвам А. Мікуліна пачалася зборка «пачварнай машыны». У жніўні пачаліся яе выпрабаванні. Мікулін асабіста сеў за рычагі. Колы зрабілі адзін абарот, і машына, зваліўшы бярозу, што стаяла побач, глыбока загразла ў грунце. Усе далешыя спробы прымусіць танк рухацца ні да чаго не прывялі.
Праходнасць танка Лебядзенкі амаль раўнялася нулю. Ваеннае ведамства ў хуткім часе перастала фінансаваць гэтае вынаходніцтва, і «танк», усімі забыты, так і застаўся стаяць у лесе ажно да 1923 года, калі і быў здадзены на лом. Падчас Першай сусветнай вайны расійскія танкі так не пабачылі свет.
У ЗША, Германіі і Італіі танкі з’явіліся ўжо пасля таго, як англійскія і французскія машыны прайшлі выпрабаванні на палях бітваў Першай сусветнай і былі ўсеагульна прызнаныя новай магутнай зброяй у сучасным баі. Амерыканскія танкі былі копіямі англійскага Mark V і французскага «Рэно» – удалых канструктарскіх рашэнняў французскіх і англійскіх інжынераў. Італьянскія танкі таксама ўяўлялі з сябе копію танка «Рэно».
Германія, няглядзячы на першапачатковую крытыку ў адрас новых баявых машын, стварыла ўласны танк маркі А-7, канструкцыі інжынера Фольмера.
Гаворачы аб танках часоў Першай сусветнай вайны, нельга не сказаць некалькі словаў аб умовах, у якіх прыходзілася працаваць першым танкістам. У адрозненні ад танкаў часоў Другой сусветнай, яны звычайна мелі даволі шматлікія экіпажы, месца для якіх усё адно было вельмі мала. Канструкцыя англійскага Mk-I прадугледжвала экіпаж з 8 чалавек, якія павінны былі змясціцца літаральна на трох квадратных метрах унутранай прасторы. Нямецкія ж A7V мелі яшчэ горшыя ўмовы – экіпаж з 18 чалавек, якія павінны былі «ўпіхнуцца» ў амаль такі самы аб’ём. Усе танкі часоў Першай сусветнай пакутвалі на загазаванасць адсекаў для экіпажу. Вядомы выпадкі, калі танкісты хадзілі ў бой у працівагазах, бо інакш немагчыма было дыхаць. Тэмпература ў машынах Mk-I, а таксама ў лёгкіх «Уіпетах» пасля некалькіх гадзін руху ўздымалася да +40ºС… +60ºС, а інструменты, дзяржанні прыбораў і рухавікі награваліся да апёканебяспечнай тэмпературы.
У лёгкіх і хуткіх англійскіх танках кшталту «Уіпет» было так цесна і душна, што некаторыя танкісты маглі нават у самы разгар бітвы выйсці з машыны, каб трохі аддыхацца. Кіраваць першымі танкамі таксама было нялёгка. Так, для паспяховага паварота англійскага Mk-I неябходная была суладная праца трох чалавек: камандзіра і двух механікаў.
Упершыню ў баі танкі былі ўжытыя недалёка ад Парыжа, дзе цячэ невялічкая рачулка Сома. Там, дзе лінія фронту перасякала раку, у раёне Альбер-Перон, знаходзіліся пазіцыі англійскай экспедыцыйнай арміі. Тут у чэрвені 1916 года англічане вырашылі пачаць наступ. Так пачалася адна з самых крывавых бітваў Першай сусветнай вайны.
Сем сутак без перапынку раўла над Сомай вогненая бура – шла артылерыйская падрыхтоўка. 1 ліпеня цяжкая артылерыя перанесла агонь на нямецкія тылы, і адборныя добраахвотніцкія часткі пайшлі ў атаку. Нямецкія пазіцыі маўчалі. Падавалася, што яны цалкам знішчаныя праз сямідзённы артылерыйскі абстрэл.
У рэчаіснасці ж немцы выбіраліся з бліндажоў і ў спешцы адводзілі гарматы і кулямёты. У хуткім часе яны сустрэлі англійскае наступленне агнём у адказ. З вялізнымі стратамі англічане ўварваліся ў першую лінію нямецкіх акопаў. Але тут яны вымушаны былі спыніцца. Як выявілася, другая лінія акопаў не пацярпела ад артылерыйскага агню, захаваліся нават дротавыя загароды.
На наступны дзень баі ўзнавіліся. Цяпер немцы пайшлі ў контратаку. За два дні баёў страты з боку англічан склалі 100 000 забітымі і параненымі – гэта былі самыя цяжкія для іх дні за ўсю вайну.
Два з паловай месяцы цягнулася бітва. Месцамі англічане прасунуліся ў нямецкія пазіцыі на глыбіню да 6 кіламетраў, але прарваць фронт так і не атрымлівалася. Менавіта тады брытанцы вырашылі вывесці на поле бітвы сваю новую зброю – танкі. Іх было толькі 49. У тыя дні ішлі моцныя дажджы, зямля размокла, і танкі гразлі ў брудзе, псаваліся.
Да зыходных пазіцый даехала толькі 32 танкі. Але і далёка не кожны з іх здолеў прыняць удзел у баі з-за пашкоджанняў і не такой высокай праходнасці, якую ад іх чакалі.
На золку, гайдаючыся і грукочучы гусеніцамі, танкі зняліся са сваіх рубяжоў. Ранішні туман хаваў іх ад вачэй праціўніка. Незаўважаныя, яны падышлі да нямецкіх пазіцый. Перш, чым немцы прачнуліся, танкі наваліліся на іх акопы. Шалёна застрачылі нямецкія кулямёты, але кулі адскоквалі ад браніраваных бакоў страшных сталёвых пачвараў. Равучы маторамі, ахутаныя дымам і вагнём, пагойдваючыся, уздымаючыся дыбарам, раздзіраючы калючы дрот і руйнуючы бліндажы, танкі павольна папаўзлі наперад, несучы замяшанне і жах. Немцаў ахапіла паніка. Людзі кінуліся бегчы, некаторыя падалі, зарываліся ў варонкі, уздымалі рукі.
Відавочца таго бою прыгадваў:
Велізарныя пачвары набліжаліся да нас, грукочучы, кульгаючы і гайдаючыся. Хтосьці ў першай лініі акопаў крыкнуў, што з’явіўся д’ябал, і гэтае слова разнеслася па акопах з імклівай хуткасцю.
Так пачалася першая ў гісторыі бітва з удзелам танкаў. Англічане патрапілі ў самую кропку – танкі аказаліся не проста недасягальнымі для нямецкіх кулямётаў і ружжаў, але і навялі на іх жудасны страх.
Бой працягваўся да 10-й гадзіны раніцы. Нягледзячы на малую колькасць танкаў, іх недасканаласць, цяжкую, пабітую варонкамі мясцовасць і кепскае ўзаемадзеянне з пяхотай, англічане ў гэты дзень прасунуліся на 5 кіламетраў па фронце і на столькі ж у глыбіню.
Страцілі ж англічане ў той дзень у 20 разоў менш салдат, чым звычайна. Танкі справіліся з пастаўленай задачай, няхай з 32 машын, якія пачалі атаку, толькі 18 узяла непасрэдны ўдзел у баі: 5 засела ў балоце, а ў 9 сапсаваліся механізмы. Першы бой яскрава прадэманстраваў, што танкі не такія ўсюдыходы, як меркавалася. Ім была патрэбна больш роўная мясцовасць. Тым не менш, эфект ад атакі, здзейсненай пры дапамозе 18 машын, уражваў. І ў Лондан у той жа час была адпраўлена тэлеграма, у якой камандуючы прасіў тэрмінова замовіць яшчэ 1000 танкаў.
Пазней немцы пісалі, што калі б англічане насамрэч мелі 1000 танкаў, яны б цалкам прарвалі нямецкую абарону.
Бітва на Соме паказала ўсяму свету, што нарадзілася новая страшная зброя сучаснай вайны. Аднак свой ас з’явіўся ў танкістаў толькі праз два гады – 24 красавіка 1918 года. У гэты дзень у французскай Пікардыі на лініі паміж Вілерс і Брэтані пасля газавай атакі немцаў распачаўся бой, у якім тры англійскіх танкі Mk-IV сутыкнуліся з трыма нямецкімі танкамі. Камандзірам аднаго з англійскіх быў 2-і лейтынант Фрэнк Мітчэл. Ён прыгадваў:
Паколькі лес яшчэ быў запоўнены газам, мы не здымалі працівагазаў, пры гэтым згубіў прытомнасць трэці члэн экіпажу, і мне прыйшлося пакінуць яго, прыхіліўшы да ствала дрэва. Мне пазычылі аднаго чалавека – жанчыну, павялічыўшы экіпаж да 6 чалавек разам са мной замест патрэбных 8. Абодва маіх кіроўцы былі сярод пацярпелых, таму танкам кіраваў трэці кіроўца, увесь досвед якога складаўся з двухтыднёвага курсу у базавым лагеры Ле Трэпорт. Капітан Браўн знаходзіўся ў маім танку. Я быў адзіным камандзірам танка, які быў знаёмы з мясцовасцю.
Паміж танкам Мітчэла і экіпажам танка нямецкага лейтэнанта Бліца распачалася перастрэлка з гармат і кулямётаў. Мітчал шмат манеўрыраваў, ухіляючыся ад снарадаў немцаў і адстрэльваўся сам.
Але ў яго танку ўсё ж збілі гусеніцу. Але ён усё адно аказаўся больш шчаслівым: нямецкаму танку падбіла алейны радыятар, і яго экіпаж быў вымушаны пакінуць сваю машыну. Два іншыя нямецкія танкі таксама адышлі. То бок выйгрыш быў за англічанамі, а Мітчэл стаў першым танкістам, які падбіў варожы танк.
Такім чынам, танк аказаўся не проста псіхалагічнай зброяй, якая наводзіла жах і пераадольвала перашкоды, але яшчэ і эфектыўнай зброяй у бітве з падобнымі сабе машынамі.