355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхаіл Галдзянкоў » Забытая Першая сусветная вайна » Текст книги (страница 13)
Забытая Першая сусветная вайна
  • Текст добавлен: 29 февраля 2020, 12:30

Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"


Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 19 страниц)

Занепакоеныя немцы зноў спынілі судаходства, і «Воўк» больш нікога не ўпаляваў. На адваротным шляху лодцы вельмі пашанцавала.

«Воўк» спяшаўся дадому, дакладна ідучы па фарватары. Ужо паблізу ад свайго берага вахтавы афіцэр нечакана адчуў моцны ўдар у корпус лодкі. Азірнуўшыся, ён заўважыў, што на хвалях гайдаецца нямецкая гальванаўдарная міна і два яе рогі пагнуты. Фартуна не адвярнулася ад адной з лепшых расійскіх лодак Першай сусветнай – міна патрапілася сапсаваная.

Эсмінцы «Паважны» і «Пільны» таксама перахапілі два нямецкія гандлёвыя параходы, што ішлі са Швецыі. Аднак узняты немцамі шум у прэсе наконт «гвалту ў водах Швецыі», прывёў да абмежавання дзейнасці субмарын і яшчэ больш строгім прадпісанням паважаць шведскі нейтралітэт. Гэта становішча захавалася да канца вайны, і «Воўк» ужо больш нікога не лавіў. Вось такая вось вайна – з правіламі, выкананнем норм і інструкцый. З гуманным стаўленнем як да экіпажаў нейтральных краін, так і да варожых. Як гэта адрознівалася ад наступнай вайны!

У 1915 годзе адбыўся Готландскі бой – марскі бой паміж 1-й брыгадай крэйсераў Балтыйскага флоту Расіі і атрадам нямецкіх караблёў. Ён здарыўся 19 чэрвеня ля шведскай выспы Готланд.

18 чэрвеня 1915 года расійскія крэйсеры «Адмірал Макараў», «Баян», «Багатыр», «Алег», «Рурык», эсмінец «Новік», а таксама 8 эсмінцаў пад камандаваннем генерала Бахірава выйшлі ў мора для абстрэлу Мемеля. У той жа дзень адрад германскіх караблёў (крэйсеры «Роон», «Аўгсбург» і «Любек», мінны крэйсер «Альбатрос» і 7 мінаносцаў) выйшаў для пастаноўкі мін у Або-Аландскам раёне. Паставіўшы загароду, нямецкі адмірал Корф паведаміў па радыё на базу аб выкананні задачы. Гэтая радыёграма была перахоплена расійскай службай сувязі, расшыфравана і перададзена Бахіраву, пасля чаго той аддаў загад ісці на перахоп нямецкіх караблёў.

19 чэрвеня а 7:30 расійскія караблі знайшлі ля выспы Готланд «Аўгсбург», «Альбатрос» і 3 эсмінцы і адкрылі па іх агонь. Корф, ацаніўшы абстаноўку, загадаў «Роону» і «Любеку» вярнуцца да атрада, «Альбатросу» схавацца ў шведскіх тэрытарыяльных водах, а сам на «Аўгсбургу» пачаў адыходзіць на поўдзень. Расійскія крэйсеры «Багатыр» і «Алег» артылерыйскім агнём падпалілі «Альбатрос» і прымусілі выкінуцца на бераг ля выспы Эстэргорн.

Расійцы адправіліся ў Фінскі заліў на сваю базу. Каля 10-й гадзіны раніцы яны сустрэлі «Роон», «Любек» і 4 эсмінцы. Кароткі артылерыйскі двубой не даў перавагі ні аднаму з бакоў. Маючы недахоп у снарадах, расійскія крэйсеры пачалі адыходзіць, але праціўнік, расцаніўшы гэта як спробу расійцаў паставіць яго пад удар больш значных сіл, выйшаў з бою. А 10:30 германскія караблі сустрэў выкліканы ў раён сутычкі «Рурык». Адкрыўшы агонь, ён патрапіў у «Роон», але ўхіляючыся ад атакі падводнай лодкі, згубіў яго ў тумане, адмовіўся ад пошуку і накіраваўся ў Фінскі заліў. Немцы даслалі на дапамогу свайму атраду крэйсеры «Прынц Адальберт» і «Прынц Генрых». Першы быў атакаваны брытанскай падлодкай Е-9 і выйшаў са строю. Так гэты бой скончыўся паразай і адступленнем нямецкага флоту.

Не мела поспеху і наступная атака немцаў на Рыжскі заліў.

8 жніўня 1915 года нямецкі флот, які складаўся з 7 лінкораў, 6 крэйсераў, 24 эсмінцаў і 14 тральшчыкаў, паспрабаваў прарвацца ў Рыжскі заліў праз Ірбенскі праліў. Ім супрацьстаялі эскадраны браненосец «Слава», кананерскія лодкі «Пагражаючы», «Храбры» і «Сівуч», мінны загараджальнік «Амур», 16 эсмінцаў і дывізіён падводных лодак. А 4-й гадзіне раніцы нямецкія тральшчыкі пачалі манеўраванне мінных банак. Іх заўважылі расійскія самалёты, у хуткім часе да месца бітвы падышлі кананеркія лодкі «Пагражаючы» і «Храбры» і эсмінцы, якія адкрылі агонь па тральшчыках. А 10:30 «Слава» прыйшла на месца і ўступіла ў артылерыйскі двубой з двума нямецкімі лінейнымі караблямі – «Эльзас» і «Браўншвейг». Страціўшы на мінах два тральшчыкі, немцы адмовіліся ад спробы прарыву. 10–15 жніўня мінны загароджвальнік «Амур» паставіў яшчэ адно міннае поле ў Ірбенскім праліве. Мінаваннем займаўся і адмірал Аляксандр Калчак – у будучыні вядомы камандуючы белай гвардыяй. У савецкай гістарыяграфіі рэжым, усталяваны Калчаком на занятых яго вайскамі тэрыторыях, атрымаў назву калчакаўшчына.

У адпаведнасці з дадзенымі гісторыкаў, толькі ў Екацярынбургскай губерніі пасля заняцця яе вайскамі Калчака было расстраляна больш за 25 000 чалавек! У ноч на 7 лютага 1920 года Калчак быў расстраляны бальшавікамі.

Увосень 1914 года пры асабістым удзеле Калчака была распрацавана аперацыя па міннай блакадзе нямецкіх ваенна-марскіх баз. У 1914–1915 гадах эсмінцы і крэйсеры, у тым ліку і пад камандаваннем будучага белага адмірала, выставілі міны ля Кіля, Данцыга (сучасны Гданьск), Пілау (сучасны Балтыйск), Віндавы (сучасны Вентспілс) і нават ля выспы Борнхольм. У выніку на гэтых мінных палях падарвалася 4 германскіх крэйсеры, пры гэтым 2 з іх затанулі. Але спроба перахопу нямецкага канвою, які перавозіў руду са Швецыі, у якой Калчак прымаў непасрэдны ўдзел, завяршылася няўдачай.

У ліпені 1916 года загадам расійскага імператара Мікалая ІІ Аляксандр Васільевіч быў узведзены ў віцэ-адміралы і прызначаны камандуючым Чарнаморскім флотам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года А. Калчак першым на Чарнаморскім флоце прысягнуў на вернасць Часоваму ўраду. Увесну 1917 года Стаўка пачала падрыхтоўку дысантнай аперацыі для захопу Канстанцінопаля, але з-за раскладу арміі і флоту гэтую думку давялося пакінуць.

16 жніўня 1915 года нямецкія адміралы паўтарылі спробу прарвацца праз Ірбенскі праліў. На працягу дня ў немцаў атрымалася пратраліць праліў, няглядзячы на тое, што яны страцілі адно судна.

«Слава» была вымушана пасля бою адысці з нямецкімі браненосцамі «Насау» і «Позэн». У ноч на 17 жніўня два германскія эсмінцы праніклі ў Рыжскі заліў. У баі з расійскім эсмінцам «Новік» нямецкі эсмінец V-99 быў пашкоджаны, а потым падарваўся на мінах і быў затоплены экіпажам.

Удзень 17 жніўня «Слава» зноў уступіла ў бой з браненосцамі «Насау» і «Позэн», атрымала тры пападанні і адышла да выспаў Маанзунда.

19 жніўня зноў падарваўся на мінах і затануў нямецкі эсмінец «S-31», а брытанская падлодка Е-1 выпусціла тарпеду па нямецкім лінейным крэйсеры «Мольтке». Так, напрыканцы жніўня нямецкі флот быў вымушаны пакінуць Рыжскі заліў.

Праўда, лёс вайны на моры вырашаўся не ў гэтых лакальных сутычках, але ў грандыёзных марскіх бітвах з англічанамі. Расстаноўку сіл на моры ў значнай ступені вырашыла знакамітая Ютландская бітва, што адбылася блізу дацкай паўвыспы.

З пачатку вайны брытанскі флот блакаваў выйсце з Паўночнага мора, спыніўшы марскія пастаўкі сыравіны і прадуктаў у Германію.

Асноўныя баявыя дзеянні германскага флоту на гэтым тэатры заключаліся ў спробах прарваць блакаду, а англійскага – ім перашкодзіць. Ютландскай бітве папярэднічала бітва ў Гэльгаландскай бухце (1914 год) і бітва ля Догер-банкі (1915 год). У абедзвюх перамаглі англічане. 24 студзеня 1916 года камандуючым нямецкім флотам адкрытага мора быў прызначаны адмірал Рэйнхард Шэер, які з самага пачатку рашуча выступіў за актыўную наступальную стратэгію. У лютым 1916 года Шэер з афіцэрамі штаба флоту распрацаваў стратэгічны дакумент «Кіруючыя прынцыпы вайсковых дзеянняў на Паўночным моры». Сутнасць яго плана заключалася ў тым, каб у рашучай бітве зламаць перавагу англічан і прарваць блакаду.

У маі 1916 года германскі флот здзейсніў спробу прарыву блакады асноўнымі сіламі, што прывяло да сутыкнення з галоўнымі сіламі брытанскага флоту ля паўвыспы Ютландыя.

Англійскае Адміралцейства адзначыла павышаную актыўнасць германскіх падводных лодак у Паўночным моры і зрабіла правільную выснову аб наяўнасці ў немцаў пэўнага плана. Разведвальны «Пакой 40» пацвердзіў гэтую асцярогу, расшыфраваўшы загад Шэера. 30 мая ён перадаў:

Варожыя сілы могуць выйсці ў мора.

Лёгкія крэйсеры і эсмінцы англічан атрымалі загад вярнуцца ў гавань, а ў абед 3-я эскадра лінкораў, якая базавалася ў вусці Тэмзы, атрымала загад падрыхтавацца ды выхаду ў мора на наступную раніцу. А 17:40 Адміралцейства даслала паведамленне адміралам Джыліко і Біці:

Немцы прызначылі пэўную аперацыю, выходзяць праз Хорнс-рыф. Вы павінны сканцэнтравацца на ўсход ад Доўгіх Саракавых (раён прыкладна ў 60 мілях ад узбярэжжа Шатландыі) ў гатоўнасці да ўсялякай сустрэчы.

Немцы, у сваю чаргу, планавалі завабіць частку брытанскага флоту ў мора і знішчыць яго.

Дзве эскадры, нямецкая і англійская, ішлі практычна паралельна адна адной, рухаючыся на поўдзень, і пасля прыстрэльвання немцы пачалі трапляць. Яны знаходзіліся ў больш выгоднай пазіцыі, бо сонца асвятляла брытанскія караблі, а вецер адносіў дым прэч, не перашкаджаючы нямецкім наводчыкам. Англійскія «Лайан» і «Тайгер» атрымалі па 3 пападанні, а нямецкія караблі заставаліся непашкоджанымі на працягу наступных пяці хвілін. Потым снарад з англійскага «Куін Мэры» знішчыў адну вежу «Зэйдліца», дзе загінуў увесь разлік. Горкія ўрокі бою на Догер-банке не пайшлі на карысць капітану Біці, і зноў пачалася блытаніна з размеркаваннем цэляў. Нямецкі «Дэрфлінгер» ніхто не абстрэльваў на працягу дзесяці хвілін, да таго як «Куін Мэры» перанёс агонь на яго і адразу трапіў. Снарад «Лютцова» прабіў дах сярэдняй вежы «Лайана» і разарваўся ўсярэдзіне.

Выбухнулі зарады ў рабочым аддзяленні пад вежай, агонь пабег па елеватары ў склеп. Карабель мог загінуць, але смяротна паранены камандзір вежы, маёр марской пяхоты Харві паспеў аддаць загад задраіць дзверы склепа і затапіць яго. Калі агонь спусціўся ў перагрузачнае аддзяленне, матросы ў склепе паспелі зачыніць дзверы. Пазней іх так і знайшлі: яны трымаліся за крэмальеры дзвярэй. А 16:02 здарылася першая катастрофа. З «Нью Зіланда» ўбачылі, як у «Indefatigable» трапілі два снарады з нямецкага «Фон дэр Тана» – адзін у паўбак, другі ў насавую вежу – і абодва разарваліся. Праз 30 секунд увесь англійскі карабель вылецеў у паветра. Першы выбух адбыўся ў насавой частцы: спачатку ўверх узляцела сцяна полымя, за ёй узнялася воблака густа-шэрага дыму, якое зусім схавала карабель. У паветра паляцелі абломкі. Абсалютна цэлы 50-футавы паравы кацер падляцеў амаль на 200 футаў дагары днішчам. Бо на «Indefatigable» ніхто не здолеў зачыніць дзверы ў баявы склеп вежы А увесь экіпаж (1117 чалавек) загінуў разам з караблём. Выратаваліся толькі два назіральнікі на фор-марсе, якіх падабраў германскі мінаносец S-16.

А 16:08 5-я англіская эскадра лінейных караблёў адкрыла агонь з лімітнай дыстанцыі ў 100 кабельтаў і, нягледзячы на вялікую адлегласць, адразу дасягнула пападанняў. «Фон дэр Тан» атрымаў падводную прабоіну і набраў 600 тон вады. На «Зэйдліцы» яшчэ адна вежа была выведзена са строю. Па словах Шэера:

Становішча лінейных крэйсераў адразу стала крытычным. Новы праціўнік страляў з надзвычайнай хуткасцю і дакладнасцю, тым больш што не сустракаў ніякага супраціву, бо нашыя караблі былі заняты боем з караблямі Біці… Пальба аглійскіх лінейных крэйсэраў не нанесла вялікіх пашкоджанняў нашым лінейным крэйсерам, але караблі тыпу «Куін Элізабэт» зрабілі проста выдатнае ўражанне.

А 16:10 была знішчала галоўная радыёстанцыя «Лайана». Ад гэтага моманту ўсе паведамленні Біці перадаваліся Джэліко з вялікай затрымкай, бо спачатку гэта рабілі пражэктарам «Прынцэс Роял». Праз пару хвілін, калі адлегласць паміж лінейнымі крэйсерамі павялічылася да 18 000 ярдаў, Біці павярнуў на 4 румбы на праціўніка. 5-я эскадра лінкораў таксама набліжалася да немцаў. У той час «Дэрфлінгер» і «Зэйдліц» абстрэльвалі «Куін Мэры». А 16:26 немцы далі залп па «Каралеве Мэры», і ў насавой частцы карабля загарэлася яскравае чырвонае полымя, раздаўся выбух, і амаль у тую ж секунду паследваў яшчэ больш моцны выбух у сярэдзіне корпуса. У паветра паляцелі абломкі, узнялася гіганцкае воблака дыму, мачты склаліся ўсярэдзіну, і ўсё знікла. Карабель пагрузіўся носам у ваду, потым выбухнула карма – і ён цалкам схаваўся пад вадой. «Тайгер» следаваў непасрэдна ў кільватарным струмяні «Куін Мэры», і калі праз 30 секунд пасля выбуху праходзіў праз дымавое воблака, яго палубу цалкам засыпала аскепкамі, а матросы не ўбачылі ніякіх прыкмет «каралевы». Толькі 17 чалавек з яе экіпажа былі падабраны эсмінцамі.

Словы аглушанага Біці ўвашлі ў гісторыю Каралеўскага флоту. Адмірал сказаў Чэтфілду: «Падаецца, сёння нешта не тое з нашымі халернымі караблямі!» Пазней, падчас разбіральніцтва такіх катастрафічных наступстваў нямецкага абстрэлу, англічане прыйшлі да высновы, што выбухі адбыліся з-за няправільнага размяшчэння боепрыпасаў, як і з-за іх неналежнай якасці.

А 16:28 брытанцы ўбачылі, як нямецкія крэйсеры разварочваюцца – яны больш не маглі вытрымліваць агонь англійскіх гармат. Капітан Хіпер прызнаў, што ад катастрофы немцаў выратавала толькі кепская якасць англійскіх снарадаў: усе лінейныя крэйсеры немцаў, акрамя «Дэрфлінгера» атрымалі па 3–4 простых пападанні і мелі сур’ёзныя пашкоджанні. А 15:55 Біці падаў сігнал эсмінцам: «З’явілася зручная магчымасць атакаваць». Але эсмінцы проста не маглі абагнаць лінейныя крэйсеры, 9-я і 10-я флатыліі Голдсміта, апынуўшыся паміж лінейнымі крэйсерамі, сваім дымам толькі перашкаджалі іх артылерыстам страляць. Здзейсніць атаку атрымалася толькі ў эсмінцаў 13-й флатыліі, якія ішлі наперадзе «Лайана». Да іх паспелі далучыцца і 4 эсмінцы Голдсміта.

Насустрач брытанцам рынулася 9-я нямецкая флатылія пад кіраўніцтвам камандора Гэйнрыха на лёгкім крэйсеры «Рэгенсбург». Завязаўся бой, у якім нямецкія эсмінцы атрымалі вялікую колькасць пападанняў, V-27 і V-29 страцілі ход і пазней патанулі. Англічане згубілі «Намад» і «Нэстар», якія, атрымаўшы спярша сур’ёзныя пашкоджанні, патрапілі пад абстрэл лінейнага флоту і пазней затанулі. Біці і Эван-Томас здолелі ўхіліцца ад усіх 18 тарпед, выпушчаных германскімі эсмінцамі.

Апоўначы каралеўскі браненосны крэйсер «Блэк Прынс», які за некалькі гадзін да гэтага згубіў сувязь з галоўнымі сіламі, ідучы на поўдзень, у цемры насунуўся на заднія караблі 1-й нямецкай эскадры лінкораў і быў патоплены дрэдноўтам «Цюрынген».

Брытанскі кароль Георг V, відавочна незадаволены вынікам бітвы, з уласцівай сапраўднаму брытанцу стрыманасцю сказаў пра бой:

Я бядую з нагоды гібелі гэтых адважных людзей, якія палі за маю краіну. Многія з іх былі маімі сябрамі. Але яшчэ больш я спачуваю, што туманнае надвор’е дазволіла Флоту адкрытага мора пазбегнуць усіх наступстваў сутыкнення, якога ён быццам бы жадаў. Але, калі з’явілася такая магчымасць, яны не выказалі ні малейшага жадання…

Абодва бакі абвясцілі аб сваёй перамозе: Германія ў сувязі са значнымі стратамі англійскага флоту, а Вялікабрытанія ў сувязі з відавочнай няздольнасцю нямецкага флоту прарваць блакаду. Брытанскі флот страціў тры лінейныя крэйсеры, тры броненосныя крэйсеры і восем эскадраных мінаносцаў, агульным танажам каля 114 000 тон.

Немцы згубілі адзін лінейны крэйсер, адзін браненосец, чатыры лёгкія крэйсеры і пяць эскадраных мінаносцаў, агульным танажам каля 60 000 тон.

Такім чынам, па агульнаму танажу патопленых караблёў страты англічан амаль удвая перавышалі страты немцаў. Загінула і патрапіла ў палон 6784 брытанцы, немцы страцілі 3039 чалавек забітымі. З 25 караблёў, якія загінулі ў Ютландскай бітве, 17 было патоплена артылерыяй і 8 – тарпеднай зброяй. Вынікі выкарыстання зброі ў баі таксама не на баку англічан: брытанскі флот выпусціў 4598 снарадаў, з іх 100 патрапіла ў цэль, з 75 пушчаных тарпед мэты дасягнулі 5. Германскі флот выпусціў 3587 снарадаў (на тысячу меней!), але пры гэтым дасягнулі 120 пападанняў, але са 103 пушчаных тарпед мэты дасягнулі толькі 3.

У выніку гэтай крывавай бітвы брытанскі флот усё ж захаваў за сабой перавагу на моры, а нямецкі лінейны флот перастаў прадпрымаць актыўныя дзеянні для прарыву блакады. То бок, гэтая бітва карэнным чынам нічога не змяніла. Падобны вынік – адна з характэрыных рысаў усёй Першай сусветнай вайны: крывавыя бітвы кардынальна не змянялі сітуацыі, фронт заставаўся на месцы, а карэнны пералом у вайне не надыходзіў. І толькі калі рэсурсы аднаго з бакоў вычарпаліся, з’явілася нейкае святло надзеі на будучы мір напрыканцы чорнага тунэля доўгай вайны.

ЯЎРЭЙСКАЕ ПЫТАННЕ Ў РАСІЙСКАЙ АРМІІ

Жыд распаўсюджваецца з жахлівай хуткасцю. А жыд і яго кагал – гэта ўсё адно што змова супраць рускіх!.

Жыд – не чалавек, ён гандляр par excellence[4]4
  У пераважнай ступені.


[Закрыть]

Гэтыя выказванні ёсць вытрымкі з чарнасоценных газет. У першым выпадку гэта цытата з выказвання пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, а ў другім – вядомага крытыка В. Р. Бялінскага. У падобным духу выказваўся пра яўрэяў і А. С. Пушкін.

Колькі ні капай, не знойдзеш, каб у іншых краінах знаныя асобы дазвалялі сабе такія выказванні ў адрас яўрэйства, якое пражывае на тэрыторыі іх дзяржавы. Падобныя рэчы можна было пачуць толькі ў нацысцкай Германіі. Страшна ўявіць, што ў Расіі казалі гэта не якія-небудзь дзяржыморды ці мужыкі на прызбе, а гонар нацыі. Што ж тады казаць пра просты народ?

Знакаміты расійскі паэт «старык» Дзяржавін быў яшчэ і губернатарам, і сенатарам, і міністрам юстыцыі. У 1799 і 1800 гадах яго камандзіравалі ў Заходні край для вывучэння прычын голаду і нэндзлага становішча беларускага сялянства. Нягледзячы на тое, што бядотнае становішча ліцвінаў (беларусаў) відавочна было звязана з вайной Рэчы Паспалітай супраць агрэсіі Расійскай імперыі і заваяваннем вайскамі А. Суворава цэлага краю ў 1795 годзе, што выклікала масавае бегства ад надыходзячага прыгону, Дзяржавін «зразумеў», што адна з галоўных прычын сялянскай галоты ў Заходнім краі – гэта яўрэі. Смех ды і толькі!

Дзіўная рэч: Расія захоплівае эканамічна квітнеючае Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, заганяе яго ў крызіс, і пры гэтым расійскія чыноўнікі здзіўляюцца спустошанню і не задволены яўрэямі!

Хаця ж да акупацыі 1795 года рэшты тэрыторыі Рэчы Паспалітай на іх ніхто не скардзіўся. У Расіі іх проста не было, а ў Рэчы Паспалітай яны, як ні дзіва, зусім не перашкаджалі росквіту і развіццю аб’яднай рэспубліканскай дзяржавы палякаў і беларусаў (ліцвінаў). Пры вялікай канцэнтрацыі яўрэйскага насельніцтва ў гарадах на тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі і Украіны Вялікае княства Літоўскае да 1600-х гадоў дасягнула піка свайго эканамічнага развіцця. Рэч Паспалітая да сярэдзіны XVII стагоддзя была бадай што самай адукаванай і вольнай ў дачыненні да веравызнання краінай Еўропы: каталікі, праваслаўныя, пратэстанты складалі ў ім прыкладна тры роўныя часткі – прыкладна па 25 % насельніцтва, і да 10 % складалі вызнаўцы іўдзейскай веры. Канец гэтаму росквіту паклала вайна цара Аляксея Міхайлавіча Раманава, які хоць і захапіў да 80 % усіх гарадоў ВКЛ, пацярпеў жорсткую паразу. З-за вайны Беларусь, якую тады называлі Літвой, доўгі час ляжала ў руінах і так і не здолела ўзняцца на ранейшы ўзровень. Вось дзе хавалася прычына голаду і нэндзлага становішча Заходняга краю: войны з суседам, а не яўрэі. Але Дзяржавін зрабіў уласную выснову з-за характэрнай для велікаросаў юдафобіі.

Царскі антысемітызм, разам з антыпаланізмам і рэзкім непрыняццем тых ці іншых малых народаў Расіі (то запарожскіх казакоў, потым усіх каўказцаў, раней татар, пазней прыбалтаў і чухонцаў-фінаў…) часта пужае.

І Расія заплаціла за свой недалёкі нацыяналізм. У кастрычніку 1917 года вялікадзяржаўныя шавіністы апынуліся ў руках гэтых самых «мірных народаў», якія «скінулі ярмо з бразготкамі ды пугу» і якія, апрануўшыся ў «кожанкі» і ўзброіўшыся рэвальверамі, узяўшы да сябе ў саюзнікі рознага гатунку шантрапу ды бандытаў, перастралялі вялікадзяржаўных шавіністаў, і іх цара, і не ў чым не вінаватых царскіх дзяцей. Царскую сям’ю, на самой справе, шкада. Расстрэл бальшавікамі ўладара і яго сям’і выглядае на дзікунства ў вышэйшай ступені. Але цар Мікалай сам спілаваў сук, на якім сядзеў. Каго яму яшчэ вінаваціць у тым, што Расійская імперыя і сапраўды ператварылася ў турму народаў? А чаго можна чакаць ад вязняў, якія вырваліся з-за сцен гэтай турмы?

Толькі расправы!

У 1861 годзе ў Расіі адмянілі прыгон. Уласны народ выйшаў урэшце з-пад арышту. Але яўрэі засталіся. Ні ў адной іншай краіне яўрэі не вылучаліся такой рэвалюцыйнасцю, як у Расійскай імперыі, бо да 1917 года яшчэ з’яўляліся для уладаў народам другога гатунку пад уласным прыгонам, народам, абмежаваным у правах і свабодах. Яўрэі ў іншых краях былі паўнавартаснымі грамадзянамі сваіх дзяржаў, а ў Расіі ім была адведзена «паласа аселасці», якая не толькі забараняла пераязджаць з былых земляў Рэчы Паспалітай ў расійскія губерніі, але нават з мястэчак у размешчаныя побач вялікія гарады, напрыклад, з-пад Кіева ў сам Кіеў. Калі ў Амерыцы яўрэі служылі ў арміі, працавалі на дзяржаўных пасадах, маглі расці па кар’ернай лесвіцы, працаваць на карысць сабе і сваёй краіне, то ў Расіі яны адчувалі сябе людзьмі чужымі і непатрэбнымі, бо яны не маглі займаць кіруючыя пасады, рабіць кар’еру на дзяржаўнай службе і ў арміі.

Першапачаткова яўрэяў увогуле не бралі на армейскую службу, але напрыканцы жніўня 1827 года Мікалай І падпісаў загад аб распаўсюджванні на іх воінскай павіннасці. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя няпростых стасункаў паміж расійскай арміяй і яўрэямі. Яны складаліся як пад уплывам закаранелых у асяродку вайскоўцаў антысеміцкіх перакананняў, так і ў сувязі з агульнымі грамадска-палітычнымі працэсамі ў краіне. Асаблівага напружання гэтыя ўзаемадачыненні дасягнулі напярэдадні Першай сусветнай вайны.

У 1897 годзе ў расійскай арміі служыла 53 000 яўрэяў пры колькасці ўзброеных сілаў у 1 075 000 чалавек, т. б. каля 5 % салдат былі іўдзеямі. Пры гэтым у Расійскай імперыі яны складалі прыкладна 4 %: 6 млн. ад 160 млн. усяго насельніцтва. Выходзіць, што ў працэнтных суадносінах яўрэяў на службу бралі ў большай колькасці адносна іх народа, чым расійцаў, беларусаў і ўкраінцаў. У 1914 годзе ў расійскай арміі служыла 400 000 яўрэяў – гэта больш чым было прызвана беларусаў! У той жа час штогод урадавая статыстыка паведамляла аб значным недаборы яўрэяў у адпаведнасці са спісамі тых, каго належыла прызваць. Чаму адбывалася такая анамалія?

Так, паводле дадзеных Галоўнага штаба ў 1885 годзе 38,8 % яўрэяў ухіліліся ад набора ў армію. У 1886 годзе працэнт «ухілістаў» упаў да 13,4, а ў 1890 годзе – да 8,6. Галоўны штаб тлумачыў гэтую з’яву ўвядзеннем у 1886 годзе 300-рублёвага штрафу, які накладаўся на сям’ю навабранца, які не з’явіўся да прызыву. Потым працэнт яўрэяў, якія ўхіліліся ад службы, зноў пачаў хутка расці і ў 1909 годзе дасягнуў 27,9 %. Галоўны штаб звязваў такі рост з тым, што яўрэі навучыліся абыходзіць накладзены на іх штраф. За 1898–1905 годы на іх было накладзена 38 354 500 рублёў штрафаў, а заплачана імі было толькі 1 077 000 рублёў.

У гэтай сувязі шмат казалі аб імкненні яўрэяў ухіліцца ад службы ў арміі. Тут мы падышлі да двухбаковай праблемы: з аднаго боку яўрэі і на самой справе ўхіляліся ад службы, з іншага – дзяржава зрабіла ўсё, каб яны да гэтага імкнуліся. У адпаведнасці з традыцыйным яўрэйскім рэлігійным выхаваннем ваяваць і праліваць кроў можна толькі за сваю зямлю, свой Ізраіль. Але дзяржавы Ізраіля ў той час яшчэ не было.

А значыць не было і арміі, у якой яўрэі хацелі б служыць?! Аднак у ЗША сярод іўдзееў не было распаўсюджана такое стаўленне да арміі, як у Расіі – там ад службы ніхто не ўхіляўся. Семіты ў амерыканскай арміі маглі вельмі проста зрабіць кар’еру прафесійнага вайскоўца, што ў Расіі было забаронена. «Кепскі той салдат, што не марыць стаць генералам» – казалі расійскія вайскоўцы. Але па вызначэнні стаць генералам ці хаця б проста афіцэрам яўрэй не мог! Вось ён і заставаўся тым самым кепскім салдатам, якому не было чаго «лавіць» у войску, акрамя кухталёў і абразаў. Тым не менш, яўрэяў у расійскай арміі ў 1914 годзе аказалася амаль удвая болей, чым у ЗША, а ў 1916 годзе гэтая лічба, нягледзячы на значныя страты сярод салдат-іўдзеяў, нават павялічылася да 600 000! Дзе ж тут ухіленне?

Па сведчаннях сучасніка, яўрэі часам скалечвалі сябе, звяртаючыся па дапамогу падлольных «дактароў»: адразалі пальцы на нагах, праколвалі бубенныя балонкі і г. д. Зрэшты, ці варта адносіць гэтыя факты толькі да яўрэяў? Не, бо падобныя з’явы былі шырока распаўсюджаны і сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. І тут семітаў відавочна вылучаюць з агульнай колькасці ўхілістаў з-за староннага стаўлення да іх.

Рэальныя ж прычыны недабораў хаваліся, паводле меркаванняў іўдзейскіх публіцыстаў, у жахлівым стане статыстыкі на мяжы аселасці, у тым, што ў прызыўных спісах лічыліся даўно памерлыя ці людзі, якія эмігравалі з Расіі. Пятроўскі-Штэрн, абапіраючыся ў сваім даследванні на дадзеныя набораў яўрэўскага і неяўрэйскага насельніцтва напрыканцы ХІХ стагоддзя, паказаў, што дадзеныя аб ухіленні іўдзеяў увогуле з’яўляюцца статыстычнай фікцыяй. І, мяркуючы па колькасці служыўшых у расійскай арміі ў гады Першай сусветнай вайны яўрэяў, Пятроўскі-Штэрн мае рацыю.

У арміі Расійскай імперыі яўрэі мелі яшчэ адну «мяжу аселасці»: іх не дапускалі ў афіцэры. Ніжнія чыны – яўрэі (ці, як іх называлі ў армейскім справаводстве, «вызнаючыя Яўрэйскі закон талмудысты») увогуле не дапускаліся да паступлення ў вайсковыя і юнкерскія вучэльні, а яўрэі-вальнапісаныя (іх у злучэннях павінна было быць не менш за 3 % ад агульнай колькасці) не дапускаліся да здачы афіцэрскага экзамену.

Спачатку гэтыя абмежаванні насілі рэлігійны характар. Яўрэі, якія прынялі праваслаўе, дапускаліся напрыканцы ХІХ – у пачатку ХХ ст. да паступлення ў вайсковыя вучэльні. Становішча змянілася ў горшы бок у часы царавання Мікалая ІІ, калі паняцце «яўрэйства» пачало вызначацца не столькі па рэлігійных, колькі па нацыянальных крытэрах. То бок добры і любімы многімі (нават зараз) цар апынуўся тыповым антысемітам. У адпаведнасці з яго Найвышэйшым загадам ад 11 красавіка 1910 года ніжнія чыны – яўрэі, «якога б веравызнання яны не былі», больш не дапускаліся да афіцэрскага экзамену.

10 верасня 1910 года ваенны міністр забараніў прымаць вальнапісаных-яўрэяў на службу ў гарнізоны крэпасцяў, а 12 мая 1912 года Галоўны штаб загадаў распаўсюдзіць усе абмежаванні, накладзеныя на «яўрэяў-талмудзістаў» «Раскладам дапушчальнай колькасці іншаверцаў у афіцэрскім складзе» на ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх веравызнання. Падчас узвядзення ніжніх чыноў у званне прапаршчыка запасу камандзіры павінны былі «дакладна высветліць нацыянальнасць гэтых ніжніх чыноў», не дапускаючы да ўзвядзення не толькі яўрэяў, якія прынялі хрысціянства, але і сыноў, і нават унукаў асоб мужчынскага і жаночага полу, якія нарадзіліся ў іўдзейскай веры. А гэта ўжо генацыд чыстай вады.

Яшчэ ў 1903 годзе Ваенны савет пры ваенным міністры прыняў рэзалюцыю, якая сцвярджала, што «маладыя людзі іўдзейскага веравызнання, якія прынялі хрысціянства, з’яўляюцца вельмі непажаданым элементам у нашай арміі»…

У той жа час пытанне аб забароне прыёму ахрышчаных яўрэяў у вайсковыя вучэльні павінны быў разглядаць Дзяржаўны савет, але яно было знята па загадзе вайсковага міністра «да спрыялага моманту».

Паступовая замена ў Расіі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя рэлігійнага вызначэння «яўрэя» на расавае і адпаведнае пашырэнне дыскрымінацыі да гэтай пары недастаткова вывучаны нават у яўрэйскім асяродку, а ў расійскім дык увогуле амаль невядомы, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца вельмі важным элементам у разуменні ідэалогіі позняга царызму, яго памылак і няўхільнага краху.

Пытанне аб стаўленні да яўрэяў, якія адбывалі тэрміновую службу ў шэрагах расійскай арміі, з боку іх камандзіраў і таварышаў-салдат асвятляецца ва ўспамінах сучаснікаў па-рознаму. Па словах М. У. Грулёва, ужо падчас самога паступлення на службу яўрэй-салдат сустракаў атмасферу «звычайнай, знаёмай яму паўсюль варожасці і нянавісці, галоўным чынам, з боку кіруючых афіцэраў. Падчас першай жа размовы з навабранцамі ротны камандзір не абміне ў звароце да навабранца-яўрэя дадаць што-небудзь іранічнае, са здзекам і недаверам… Салдаты стараліся, канечне, браць прыклад з начальства»…

А. І. Дзянікін адзначае:

У некаторых частках была тэндэнцыя да прыгнячэння яўрэяў, але яна зусім не выцякала з вайсковай сістэмы, а прыносілася ў казарму звонку, з народнага побыту… Галоўная маса яўрэяў – гараджане, якія жылі ў большасці выпадкаў бедна, – і таму давала навабранцаў кволых, менш развітых фізічна… і гэта ўжо адразу ставіла іх у некаторае другараднае становішча ў казарменным існаванні. Абмежаванне пачатковай адукацыі яўрэяў «хедэрам», часта няведанне рускай мовы і агульная цемната яшчэ больш ускладнялі іх становішча… некаторыя распаўсюджаныя рысы яўрэйскага характару, як гістэрычнасць і прага да спекуляцый, таксама гралі вядомую ролю.

Пратэст яўрэяў-салдат супраць пераследу, у сваю чаргу, праяўляўся ў форме «прыхаванага пасіўнага байкоту службовых патрабаванняў». У той жа час, «салдаты-яўрэі, кемлівыя і добрасумленныя, стваралі сабе паўсюль нармальнае становішча»…

Зрэшты, сапраўдныя заўвагі аб нэндзлых умовах існавання яўрэйскіх прызыўнікоў, і як наступства – іх кепскі фізічны стан, заўжды заставаліся нікім не заўважанымі.

Расійскі афіцэрскі корпус у цэлым не выпрацаваў адзінага стаўлення да яўрэяў, бо сам быў неаднастайным па сваім складзе. «Каставае афіцэрства», якое да сваіх традыцый залічвала антысемітызм, складала невялікую групу корпуса, пераважалі ж у ім дэмакратычныя элементы. Ананімны аўтар зборніка «Вайна і яўрэі», які выйшаў у 1912 годзе, сведчыць:

Мы знаходзім у афіцэрскім асяродку поўную гаму верагодных адносінаў да яўрэяў, ад скрайняй юдафобіі да юдафіліі.

Лаяльнае стаўленне да салдат-яўрэяў і іўдзейскай рэлігіі праявіў, напрыклад, камандзір 59-га Люблінскага палка, раскватэраванага ў Адэсе, палкоўнік Макееў. У чэрвені 1889 года ён дазволіў салдатам-яўрэям свайго палка «занесці ў сінагогу» набытую імі на ўласныя грошы «яўрэйскую Богаслужэбную кнігу пад назвай Тора», адправіўшы іх у сінагогу строем. Пры гэтым сам Макееў таксама прыбыў у сінагогу з афіцэрамі палка і абносіў кнігі Торы «вакол аналоя».

Падобныя выпадкі былі ў тую эпоху зафіксаваны ў па меншай меры яшчэ шасці палках расійскай арміі, пры гэтым усе афіцэры, якія «дапусцілі» такое сур’ёзнае парушэнне, былі пакараны.

У той жа час афіцэраў-антысемітаў абражвала нават думка пра магчымасць мець дзеншчыка-яўрэя:

Нніводзін афіцэр рускай арміі не возьме да сябе ў дзеншчыкі яўрэя… З прычыны яго надзвычайнай бруднасці і неахайнасці, баючыся падману, пляткарства і нават шпіёнства.

Калі ў стаўленні да яўрэяў сярод салдат і афіцэрскага корпуса можна знайсці як негатыўныя, так і пазітыўныя моманты, то сярод вышэйшага вайсковага кіраўніцтва пагарда да яўрэяў рабілася прыкметай афіцыйна прынятага ладу мыслення. Як і біццё ўсіх без разбору салдат.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю