Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 19 страниц)
БРЫДКІ МІР
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года скасоўвала няроўнасць, у тым ліку і яўрэяў. Афіцэрам было забаронена біць салдат, а саміх салдат ураўнялі ў правах з афіцэрамі, ствараліся салдацкія камітэты і саветы. Але ў плане вайны нічога не змянілася. Часовы рэвалюцыйны ўрад проста абвясціў, што чуткі пра сепаратны мір з Германіяй – хлусня, і што Расія будзе весці вайну да поўнай перамогі. І на самой справе, Расіі не варта было ўвязвацца ў гэтую вайну, але аднабакова выходзіць з яе напярэдадні перамогі было вельмі небяспечна і неразумна.
Германія высілена, на ўсходнім фронце размешчана менш за паўмільёны яе салдат, а на вырашальным і больш цяжкім заходнім – менш за тры мільёны. Каля двух мільёнаў немцаў ужо загінула падчас баявых дзеянняў. Ужо ўлетку 1917 года германцы бачаць, што рэсурсаў не хапае, вайна на два фронты знясіліла краіну, адасобіла яе, і аб перамозе можна забыць. Брытанія, Расія і Францыя таксама вычарпаны. Асабліва жахлівыя для сябе страты панеслі французы. Але час на іх баку. У красавіку афіцыйна ў вайну ўступілі ЗША, хаця амерыканскія і канадскія лётчыкі і экспедыцыйныя падраздзяленні добраахвотнікаў ужо даўно біліся разам з англічанамі і французамі.
Так, у гады вайны ў ліку мільёнаў загінулых быў і вядомы канадскі хакеіст Алан Мак-Лін Дэвідсан па мянушцы Скоці. Алан лічыўся адным з лепшых нападаючых Канады, ён стаў прафесіяналам у клубе «Toronto Blueshirts» у 1912 годзе і з’яўляўся адным з лідуючых бамбардзіраў Нацыянальнай Хакейнай Асацыяцыі на працягу двух сезонаў. Дэвідсан быў капітанам «Таронта» на кубку Стэнлі ў 1914 годзе. У гады Першай сусветнай вайны Алан добраахвотна запісаўся ў канадскі экспедыцыйны корпус. Ён загінуў у 23 гады падчас бою 16 чэрвеня 1915 года на тэрыторыі Бельгіі, не жадаючы адступаць пад уціскам немцаў. Імя гэтага аддзінага загінулага ў гады Першай сусветнай гульца ў хакей з шайбай занесена ў канадскі Нацыянальны мемарыял Vimy.
У ліпені немцы, не бачачы для сябе перспектыў, просяць міру, але без анэксіі, з захаваннем уласнай тэрыторыі. Антанце гэтыя ўмовы не падабаюцца: Францыя павінна атрымаць кампенсацыю за страшныя чалавечыя страты на франтах. А таксама немцы павінны вярнуць далучаныя ў 1870 годзе землі. Прапанову міру без анэксій саюзнікі адхіляюць. Ды і навошта яе прымаць? Вось яшчэ трошкі – і можна будзе па поўнай дыктаваць абяскроўленай Германіі свае ўмовы. Усё ішло да канчатковай паразы Германіі, якая відавочна была не ў стане ваяваць на два фронты, але…
Леніна відавочна не задавальняла Лютаўская рэвалюцыя. Занадта далёка ён апынуўся ад улады. 25 кастрычніка (па старым стылі) адбылася яшчэ адна змена ўлады. Бальшавікі назвалі яе Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыяй, а зараз часцей называюць бальшавіцкім пераваротам. Народ з энтузіязмам пайшоў за Леніным, бо ён абяцаў абяздоленаму люду самыя простыя і так неабходныя рэчы: мір, роўнасць, братэрства, зямлю. Людзям да смерці надакучыў неразумны цар, і ад яго адракліся з лёгкасцю скінутага цяжару. Народу надакучыла вайна – і Ленін у хуткім часе яе закончыў. Царкву аддзялілі ад дзяржавы, і простаму народу гэта таксама прыйшлося даспадобы: духавенства нічым не дапамагала простым людзям, а толькі зрошчвалася з уладай. Крытыка царквы Львом Талстым з-за яе некарыснасці не выклікала адпаведнай рэакцыі святароў, толькі Талстога адлучылі. І да гэтай пары РПЦ не жадае нічога змяняць у адносінах да вялікага пісьменніка.
Пасля рэвалюцыі 1917 года гэтыя дзіўныя, па меркаванні англічан і французаў, бальшавікі, раптам пачынаюць весці з немцамі перамовы аб міры, прычым з пазіцыі прайграўшых, пагаджаючыся аддаць немцам вялізныя тэрыторыі сваёй дзяржавы! І гэта пры тым, што 1917 год для Расіі быў паспяховым на франтах з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Нават маленькая слабая Грэцыя ў ліпені 1917 года абвясціла вайну адразу ўсім: Германіі, Аўстра-Венгрыі і Турцыі з Балгарыяй – а расійцы, арганізаваўшы яшчэ адну рэвалюцыю… падаецца як здаюцца!? Новы ўрад Леніна пасля звяржэння Часовага ўрада Керанскага адразу абвясціў, што Расія ў першую чаргу выходзіць з вайны. Пачаліся перамовы з немцамі, прычым Ленін гатовы быў пайсці на велізарныя саступкі.
Брытанскі міністр узбраення Уінстан Чэрчыль быў у поўным неразуменні:
Ні да адной краіны лёс не быў такім жорсткім, як у дачыненні да Расіі. Яе карабель затануў, калі гавань была побач.
Карабель ужо перацярпеў буру, калі ўсё абвалілася. Усе ахвяры ўжо былі прынесены, уся праца завершана. Самаадданы прарыў рускіх армій, які выратаваў Парыж, пераадоленне пакутлівага адступлення без снарадаў, імгненнае аднаўленне сіл, брусілаўскія перамогі, уступленне Расіі ў кампанію 1917 года непераможанай, больш моцнай, чым калі-небудзь раней. Трымаючы перамогу ў руках, яна ўпала на зямлю, і жыўцом, як калісь Ірад, была з’едзена чарвякамі.
Эх, калі б Чэрчыль ведаў, як справа павернецца, то магчыма намаганні англійскай контрразведкі былі б накіраваны не на ліквідацыю Распуціна, які наўрад штосьці мог змяніць, а на іншага, куды больш уплывовага ў Расіі чалавека.
Урэшце, 18 студзеня 1918 года нямецкі генерал Гофман падчас перамоваў з расійскай дэлегацыяў паклаў на стол мапу і папрасіў расійскі бок азнаёміцца з ёй. Усе схіліліся над сталом. Гофман, спакойна правёўшы пальцам па размаляванай мапе, запатрабаваў перанесці мяжу Расіі па лініі на ўсход ад Маанзундскага архіпелага і Рыгі, далей – на захад ад Дзвінска (сучасны Даўгаўпілс, Латвія) на Брэст-Літоўск. Расія, паводле нямецкіх умоў, губляла такім чынам больш за 150 тыс. кв. км сваёй тэрыторыі – усе заходнія землі, за якія так доўга ваяваў то цар Пётр, то Кацярына Вялікая… Запанавала свінцовая па сваім цяжары ціша.
Савецкая дэлегацыя папрасіла перапынак для кансультацыі са сваім урадам і ад’ехала ў Петраград. У паўночнай сталіцы сярод партыйных таварышаў разгарэліся не па-таварыску гарачыя спрэчкі наконт магчымасці прыняць патрабаванні Германіі. Так, левыя камуністы на чале з М. І. Бухарыным увогуле лічылі недапушчальным напярэдадні сусветнай рэвалюцыі заключаць ўсялякія дамоўленасці з капіталістамі, патрабавалі неадкладна спыніць перамовы і абвясціць міжнароднаму імперыялізму рэвалюцыйную (у тых умовах, іншымі словамі, самазабойчую) вайну па ўсіх франтах. Відаць, на той момант Бухарыну жыць ужо надакучыла. Супраць заключэння міру выступаў і нарком замежных спраў Л. Д. Троцкі. Умовы для немцаў, якія відавочна цярпелі паразу ў цэлай вайне, на самой справе выглядалі нахабна, калі не сказаць горш.
8 студзеня на нарадзе у ЦК РСДРП(б) Троцкі прапанаваў не падпісваць мір, які б развязаў рукі нямецкім вайскоўцам, а замест гэтага проста спыніць вайну, а войска дэмабілізаваць. Яшчэ адно вельмі дзіўнае, калі не вар’яцкае рашэнне. Закончыць вайну, распусціўшы армію? Адкрыць фронт ворагу без супраціву? Як гэта магчыма?! Вельмі і вельмі дзіўным зараз падаецца, чаму ніхто не прапанаваў самую простую рэч – нічога не падпісваць, працягваць трымаць фронт, заручыўшыся далейшай падтрымкай англічан, французаў і амерыканцаў, і чакаць, пакуль Германія сама капітулюе. І нядоўга, проста кажучы, чакаць.
Не, Ленін спяшаецца заключыць мір на ўмовах немцаў любым коштам. У гэтым правадыр пралетарыяту, праўда, застаўся ў ЦК у адчайнай меншасці. Падобна, ён не спяшаўся раскрываць сакрэтаў, якіх, верагодна, нават у партыі бальшавікоў не ведалі: ён проста аддаваў немцам належнае за мільённыя тыражы сваёй «Іскры», за нябеднае жыццё ў гатэлях Парыжа, Лондана, Стакгольма і іншых «канспіратыўных» кватэрах, за падрыўную дзейнасць супраць царызму, т. б. на карысць ворага Расіі і Антанты, за фінскіх і нямецкіх салдат, пераапранутых у рэвалюцыйных расійскіх матросаў, што даставілі яго на Фінляндскі вакзал у апячатаным праз немцаў вагоне… Германія не шкадавала сродкаў на дапамогу бальшавікам, Ленін не шкадаваў у адказ.
Адным словам – нямецкі шпіён, як многія і называлі Ільіча ў той час. Ужо ў ХХІ стагоддзі па дакументах расійскіх архіваў стала дакладна вядомай прычына, чаму Уладзімір Ульянаў раптам стаў Леніным: падрабіў пашпарт пад аднаго нямецкага яўрэя, пад чыім прозвішчам і ўязджаў увесь час на тэрыторыю сваіх спонсараў. «Рэвалюцыя чыстымі рукамі»… З падробным пашпартам і за нямецкія грошы?
Аднак Ленін, разумеючы, што яго, як і Распуціна, свае ж могуць апусціць у проруб галавой як германскага шпіёна, павагаўшыся, даручыў новапрызначанаму кіраўніку савецкай дэлігацыі Льву Троцкаму ўсімі намаганнямі зацягваць перамовы на выпадак, калі раптам вайна скончыцца і немцам можна будзе ўвогуле не плаціць, але калі немцы выставяць ультыматум, неадкладна яго прыняць.
Немцы таксама не гублялі час перапынку ў перамовах дарэмна. Менавіта тады ў іх розумах канчаткова зацвердзілася канцэпцыя курсу на далейшы распад Расійскай імперыі і падтрымкі нацыянальных рухаў на ўскраінах у барацьбе за аддзяленне ад прагнілага царства Раманавых. Але гэты курс ніяк не магчыма назваць новым. Яшчэ ў верасні 1917 года ў Летуве ва ўмовах нямецкай акупацыі з’явіўся летувіскі рух Тарыба, які за сваю мэту абвясціў стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы на дэмакратычнай аснове і ў саюзе з Германіяй. 11 снежня Тарыба абвясціла пра адраджэнне незалежнай Летувіскай (так з 1840 года пачала называцца Жамойтыя, ці Самагітыя) дзяржавы, але з населенай пераважна беларусамі (іх, як каталікоў, часта ў гістарычнай літаратуры называюць палякамі) сталіцай у Вільні. Аднабаковы акт Тарыбы, магчымы толькі ва ўмовах нямецкай акупацыі, не быў прызнаны ні краінамі Антанты, ні Расіяй. Цяпер немцам заставалося пасадзіць на летувіскі прастол правільнага кандыдата.
Ім стаў герцаг Вільгельм фон Урах, адзін з прадстаўнікоў Вюртэмбергскай дынастыі. Яму нават прыдумалі адпаведнае імя – Міндаўгас ІІ, але тут надышоў лістапад 1918 года, час канчатковай капітуляцыі Германіі, і жамойтам давялося абысціся без караля.
Але самым жаданым кавалкам для немцаў, канечне, былі Украіна і Беларусь. У пачатку 1918 года іх унутранае становішча адрознівалася вялікай няўстойлівасцю. Цэнтральная Рада Украіны – аб’яднанне разнародных партый – яшчэ 23 чэрвеня 1917 года, то бок яшчэ да кастрычніцкай рэвалюцыі, абвясціла аб аўтаноміі Украіны ў складзе Расіі. 22 студзеня 1918 года, скарыстаўшыся бязладдзем у Расіі, Цэнтральная Рада абвясціла аб незалежнасці Украінскай Народнай Рэспублікі і пагадзілася на акупацыю яе нямецкімі і аўстрыйскімі войскамі. Аднак, 8 лютага Кіеў быў захоплены Чырвонай Арміяй, у Харкаве ўтвораны савецкі ўрад, а Цэнтральная Рада збегла на Валынь.
Трэба адзначыць, што ад’езд савецкай дэлегацыі ў Петраград выклікаў некаторыя хваляванні ў нямецкіх саюзнікаў. У прыватнасці, у аўстрыйцаў. У Вене вельмі баяліся, што бальшавікі больш не вернуцца за стол перамоваў, каб падпісаць такое невыгоднае для іх пагадненне напярэдадні разгрому Германіі французамі, брытанцамі, амерыканцамі і ішнымі аўстралійцамі і канадцамі. Хуткага міру патрабавала не толькі вычарпанае шматгадовай вайной і голадам насельніцтва Аўстра-Венгрыі, але і жыхары Германіі, дзе ў страйку толькі на буйных берлінскіх заводах прыняла ўдзел больш за 400 000 рабочых.
У гэтых умовах германскія саюзнікі вырашылі заключыць мір з прадстаўнікамі Украінскай Цэнтральнай Рады. Гэтае рашэнне далося няпроста. 21 лютага главы дэлегацый Германіі і Аўстра-Венгрыі выехалі ў Берлін, каб пракансультавацца па пытанні, ці варта ўвогуле падпісваць мір з краінай, чый суверэнітэт, па вобразным выказванні Л. Троцкага, абмяжоўваецца занятым у Брэсце пакоем. Ды і ў сам горад прадстаўнікі незалежнай Украіны здолелі прабрацца, толькі абвясціўшы прадстаўнікам Чырвонай Арміі, што з’яўляюцца чальцамі савецкай дэлегацыі.
Як бы там ні было, а 27 лютага ў беларускім Брэст-Літоўску прадстаўнікі чацвярнога саюза і Цэнтральнай Рады падпісалі мірную дамову. Паводле яе да 31 ліпеня таго ж года Украіна абавязвалася паставіць Германіі і Аўстра-Венгрыі 1 млн. тон хлеба, 400 млн. адзінак яек, не менш за 50 тыс. тон мяса ў жывым выглядзе, цукар, марганцавую руду і яшчэ шмат чаго карыснага. У адказ саюзнікі абяцалі аказаць Радзе дапамогу ў барацьбе з бальшавікамі. Дамова з Украінай аказалася для саюзніц па цэнтральнай кааліцыі вельмі дарэчы, асабліва для Аўстра-Венгрыі, дзе запасаў прадуктаў па самых галодных нормах заставалася толькі на месяц. Сродкі масавай інфармацыі імгненна распрапагандавалі гэту, па словах Чарніна, «хлебную дамову», што спрыяла нармалізацыі ўнутранай абстаноўкі ў краіне. Вось як ацэньваў Брэсцкую дамову з Украінай нямецкі гісторык Ф. Фішэр:
Асаблівасцю гэтага міру было тое, што ён цалкам свядома быў заключаны з урадам, які на момант падпісання не меў ніякай улады ва ўласнай краіне. У выніку ўсе шматлікія перавагі, якімі немцы валодалі на паперы, маглі быць рэалізаваны толькі ў выніку заваявання краіны і аднаўлення ў Кіеве ўрада, з якім яны падпісалі дамову.
Падпісаўшы дамову з Украінай, у Берліне вырашылі больш жорстка размаўляць з Петраградам. У дзень падпісання дамовы з Радай генерал Людэндорф даслаў Кульману тэлеграму, у якой нагадаў пра абавязак праз суткі пасля падпісання міру з Украінай спыніць перамовы з расійскай дэлегацыяй. Выставіць ультыматум аб прыняцці германскіх умоў савецкай дэлегацыі свайму міністру замежных спраў загадаў і кайзер Вільгельм ІІ. Кульман дакладна выканаў дадзеныя яму інструкцыі. Адказ на ўльтыматум бальшавікі павінны былі даць не пазней за 10 лютага.
Кіраўнік савецкай дэлегацыі Л. Троцкі, як гэтага і патрабавалі немцы, даў свой адказ, але ён быў да пэўнай ступені нечаканым і супярэчыў атрыманым ад Леніна ўказанням.
Троцкі абвясціў:
Мы выходзім з вайны, але вымушаны адмовіцца ад падпісання мірнай дамовы.
Адначасова ён накіраваў тэлеграму галоўнакамандуючаму Крыленка з патрабаваннем неадкладна выдаць загад па арміі аб спыненні ваеннага стану з Германіяй і яе саюзнікамі і аб усеагульнай дэмабілізацыі. Гэты загад быў атрыманы ўсімі франтамі 11 лютага. Рашэнне, мякка кажучы, дзіўнае. Расія тым самым выходзіла з вайны, але міру не падпісвала. Атрымліваецца, што салдаты накіроўваюцца з фронту дадому, а немцаў – шчыра вітаем, хіба так?
Германскі бок не змог не ацаніць такі падарунак і абвясціў, што непадпісанне Расіяй дамовы аўтаматычна цягне за сабой канец перамір’я. З гэтым Троцкі пакінуў Брэст-Літоўск.
13 лютага 1918 года вярхушка другога рэйха сабралася ў невялікім курортным гарадку Бад-Хомбургу на захадзе Германіі, каб абмеркаваць нечаканую сітуацыю, якая склалася пасля зрыву мірных перамоваў. На нарадзе прысутнічалі кайзер Вільгельм, Кульман, канцлер Гертлінг, амаль усё вышэйшае ваеннае камандаванне, у тым ліку, натуральна, Гіндэнбург і Людэндорф. Па ўспамінах апошняга, на нарадзе было прынята рашэнне «нанесці кароткі, але моцны ўдар па размешчаным насупраць нас расійскім вайскам, які дазволіў бы нам захапіць вялікую колькасць вайсковага рыштунку». 16 лютага генерал Гофман паведаміў прадстаўніку савецкай дэлегацыі А. А. Самойлу, які застаўся ў Брэсце, што 18 лютага роўна а 12-й гадзіне Германія пачне наступленне на працягу ўсяго Усходняга фронту. Акуратна, так па-нямецку, дакладна паведаміў, калі яны будуць наступаць. Вайна джэнтэльменаў і рыцараў. Такой, дарэчы, і была гэтая сусветная вайна.
Акурат у азначаны час 47 пяхотных і 5 кавалерыйскіх дывізій нямецкай арміі рушылі на ўсход. У лютым 1918 года супольныя германа-аўстра-венгерскія войскі на Усходнім фронце налічвалі не больш за 450 тыс. чалавек (для параўнання, увосень 1916 года – больш за 1,5 млн.), і складаліся ў асноўным з салдат старэйшых прызываў – усе найбольш баяздольныя часткі даўно былі перакінуты на захад, дзе вырашаўся лёс гэтай вялікай бітвы народаў. Ну а тут, на Усходнім фронце, пачалася новая, камічная вайна з бальшавікамі.
КАМІЧНАЯ ВАЙНА І КАМІЧНАЯ ДАТА
Яшчэ адна іронія Першай сусветнай вайны: мільёны салдат загінулі, так і не змяніўшы карэнным чынам сітуацыю на фронце, а тут раптам, без адзінага стрэлу і без адзінай страты немцы занялі тэрыторыю ледзь не паловы еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Ужо былой.
Генерал Гофман так і запісаў у сваім дзённіку:
Гэта самая камічная вайна, якую можна сабе ўявіць. Яна вядзецца толькі на чыгунцы і грузавіках. Сажаюць якую-небудзь сотню пехацінцаў з кулямётамі і адной гарматай, і дасылаюць да бліжэйшай станцыі. Бяруць станцыю, бальшавікоў арыштоўваюць і перасоўваюцца далей.
Гофман прыводзіць ашаламляльныя факты, калі адзін лейтэнант і шэсць салдат узялі ў палон 600 казакоў, без барацьбы захапілі гарматы, аўтамабілі, лакаматывы. Ды што там гарматы! Без бою, кіруючыся толькі панічным жахам і чуткамі, здаваліся вялікія гарады. Так, 18 лютага нямецкі атрад менш чым у 100 штыкоў узяў Дзвінск, дзе ў той час знаходзіўся штаб 5-й арміі Паўночнага фронта. 19 лютага быў здадзены Мінск, 20-га – Полацк, 21-га – Рэчыца і Орша, 22-га – латвійскія Вольмар і Вендэн і эстонскія Валк і Гапсала, 24-га невялікі атрад нямецкіх матацыклістаў прымусіў капітуляваць велізарны расійскі гарнізон у Пскове, 25-га бальшавікі з ганьбай пакінулі Барысаў і Рэвель. Толькі Нарва абаранялася да 4 сакавіка. За 5 дзён нямецкія і аўстрыйскія войскі прасунуліся ў глыб расійскай тэрыторыі на 200–300 км. Гэта было самае пераможнае шэсце нямецкай арміі за ўсю гісторыю яе войнаў! Гэта былі самыя чорныя дні ў гісторыі савецкай Расіі, ды і Расіі ўвогуле. Пад пагрозу было пастаўлена само яе існаванне.
Іронія з іроній гэтай камічнай, па словах Гофмана, вайны ў тым, што менавіта ў гэтыя ганебныя дні – 23 лютага – савецкі ўрад пазней вырашыў адзначаць дзень нараджэння Чырвонай Арміі, спасылаючыся на тое, што зноў утвораныя ўзброеныя сілы нейкіх немцаў недзе, маўляў, разбілі, спынілі ці штосьці ў гэтым родзе. Смех! Разрознены супраціў акупантам аказывалі толькі часткі Чэхаславацкага корпуса, якія складаліся з чэхаў, якія здаліся добраахвотна ў расійскі палон, у тым ліку і знакамітага пісьменніка Яраслава Гашака. Акурат у той час ён і пісаў свайго легендарнага салдата Швейка. Аднак, гэта былі нязначныя баі. 21 лютага нямецкія войскі свабодна ўвайшлі ў Кіеў, дзе была адноўлена ўлада Цэнтральнай Рады.
Ну а што ж на самой справе было 23 лютага? Ці нарадзілася якая-небудзь армія? Што паслужыла нагодай для святкавання «дня нараджэння» савецкіх войскаў? Ды нічога добрага для краіны і Леніна з усёй яго камапаніяй не здарылася. Наадварот, наступленне немцаў па ўсім фронце прымусіла Леніна пайсці на пэўныя сустрэчныя крокі, абараняцца, але не ад немцаў, а ад нязгодных са шпіёнскай ленінскай пазіцыяй «таварышаў» па партыі. У выніку вострай барацьбы ў кіраўніцтве ЦК (вось дзе разгарэўся бой!) бальшавіцкай партыі «гераічна» зламіў супраціў левых па пытанні аб падпісанні дамовы з Германіяй. Ужо зраніцы 19 лютага ў Берлін была даслана тэлеграма са згодай савецкага ўрада цалкам прыняць нямецкія ўмовы міру.
Але немцы наступ не спынілі і запатрабавалі ад расійскага боку афіцыйнага пісьмовага паведамлення. Бюракраты! І 21 лютага, у дзень захопу немцамі Кіева, Савнарком прыняў урэшце запознены дэкрэт-адозву «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Звярніце ўвагу: 21-га, а не 23-га.
Можна падумаць, што пасля 21 лютага пачалося хуткае ўтварэнне Чырвонай арміі для адпору варожага наступу. Ні ў якім разе! Ніякага загаду, ані пісьмовага, ані вуснага аб стварэнні чагосьці ўзброенага выпушчана не было! Толькі загад аб раззбраенні. Для з’яўлення арміі патрэбны быў, у першую чаргу, дакумент. Нам яго ніколі не паказвалі і не паспавядалі, акрамя ўзгадкі дэкларацыі «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Дык гэта не дакумент, а ўлётка з крыкам адчаю. То бок па арміі ідзе загад Леніна аб раззбраенні і несупраціве немцам, а хтосьці невядомы (можа зноў чэхі?) утварае нейкую падпольную Чырвоную армію?
Натуральна, што 23 лютага ніякай арміі створана не было, як па-ранейшаму, супраціву ніхто не аказваў. У гэты дзень з Берліна савецкі ўрад атрымаў новыя ўмовы міру, значна больш жорсткія, чым раней.
Новы ўльтыматум складаўся з 10 пунктаў. Калі першыя два паўтралі патрабаванні ад 9 лютага, то бок адвод войск за «лінію Гофмана», то ў іншых пунктах Расію прымушалі цалкам ачысціць Ліфляндыю і Эстляндыю, прызнаць урад Цэнтральнай Рады Украіны і вывесці з яе войскі, таксама як і з Фінляндыі і Турцыі, і вярнуць туркам анаталійскія правінцыі (вось куды занесла расійскага салдата!). Акрамя гэтага, расійская армія павінна была быць цалкам дэмабілізавана, усім караблям трэба было вярнуцца ў порты і раззброіцца, а ў Ледавітым акіяне да заключэння мірнага пагаднення ўсталёўвалася нямецкая блакада. На прыняцце гэтага ўльтыматуму адводзілася двое сутак.
Але бальшавікам не патрэбна было столькі часу, яны прынялі ўльтыматум тады ж – 23 лютага. Дакумент быў абмеркаваны на тэрмінова сазваным у той жа дзень пасяджэнні ЦК. Ленін запатрабаваў неадкладна пагадзіцца на ўсе ўмовы немцаў. За прапанову здацца прагаласавала 7 чалавек, 4 было супраць і яшчэ 4 устрымаліся. І вось гэтае рашэнне, па-сутнасці, капітуляцыя, і паслужыла «нараджэнню савецкай арміі і ваенна-марскога флоту», які мы адзначаем як дзень абароны Айчыны і да гэтай пары… Камічна, як дакладна сказаў генерал Гофман.
Увечары таго ж дня, 23 лютага, «гістарычнае» рашэнне ЦК было ўхвалена ўрадам бальшавікоў – УЦВК і СНК. Паведамленне аб гэтым было накіравана ў Берлін на наступную раніцу, 24 лютага, а ў адказ прышло патрабаванне падпісаць мір на працягу трох дзён ад моманту прыбыцця савецкай дэлегацыі ў Брэст-Літоўск. У той жа дзень немцы, вось жа малайцы, урэшце спынілі наступленне. Але ж дысцыпліна! А маглі ж і да Масквы, як Напалеон, і нават да Чукоткі дайсці.
Савецкая дэлегацыя вярнулася ў Брэст-Літоўск 1 сакавіка. Міністры замежных спраў краін-пераможцаў нават не сталі чакаць на яе, а паказальна паехалі ў Бухарэст заключаць мір з разгромленай Румыніяй. Пасля вяртання глава дэлегацыі абвясціў, што Расія дае згоду на ўмовы, якія «са зброяй у руках былі прадыктаваны Германіяй расійскаму ўраду», і адмовіўся ўступаць ва ўсялякія дыскусіі, каб не ствараць выгляд перамоваў. Своеасаблівая дуля ў кішэні, калі губляць больш няма чаго.
«Са зброяй у руках»… А хто перашкаджаў за зброяй у руках абараняць ад ворага сваю айчыну? Адзін Ленін? Тады ён і не правадыр, а проста жрэц-чараўнік.
Брэст-Літоўскі мірны дагавор, а калі прасцей, то капітуляцыя са стратай велізарнай тэрыторыі ў чвэрць Еўропы, быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года. Тэрмінова скліканы 6–8 сакавіка 1918 года VII з’езд РКП(б) ухваліў пазіцыю Леніна ў пытанні аб заключэнні гэтага, па вобразным выказванні, «брыдкага міру», а IV з’езд Саветаў 15 сакавіка дамову ратыфікаваў. І дзе ж тут дзень утварэння Чырвонай арміі? Дзе чырвоная дата ў календары? Яна з пальца высмактана.
«Брыдкі», паводле Леніна, мірны дагавор (яго злёгку абурыла тое, што крэдыторам прыйшлося аддаць болей, чым ён разлічваў) складаўся з некалькіх дакументаў: самога дагавора паміж Расіяй з аднаго боку і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй – з іншага; заключнага пратакола да дагавора аб мытных зборах і тарыфах на асобныя тавары, расійска-германскай і расійска-турэцкай дапаўняльных дамоваў.
Савецкая Расія губляла велізарныя тэрыторыі – Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, палову Беларусі. Разам каля 1 млн. кв. км з насельніцтвам больш за 50 млн. чалавек! На гэтай тэрыторыі здабывалася 90 % вугалю, выраблялася 54 % прамысловай прадукцыі Расіі. Межы Расіі былі адкінуты да дапятроўскіх часоў, што, у прынцыне, было нават у чымсьці справядліва: першапачаткова мяжа Маскоўскай дзяржавы на захадзе даходзіла ў лепшым выпадку да Вязьмы, але займаючыся захопніцкімі войнамі доўгіх дзвесце год (аб чым паведамляў цару міністр Курапаткін), уперлася ў Балтыйскае мора і захапіла амаль усю Рэч Паспалітую (кавалак Польшчы, Беларусь, Летуву і Украіну).
Можа Ленін устаў на шлях барацьбіта за справядлівасць і раздачы земляў тым, у каго Раманавы іх забралі? Добра было б, але з адной імперыі гэтыя землі перайшлі ва ўладанне іншай – германскай.
Зрэшты, немцы былі настроены куды больш ліберальна, чым ленінскія бальшавікі, якія як чорт з мятлой насіліся са сваёй ідэяй пажару сусветнай рэвалюцыі.
Ну а пакуль Расія выводзіла з адзначыных тэрыторый свае войскі, на іх месца ў той жа час прыходзілі нямецкія. Германія захавала за сабой кантроль над Маанзундскім архіпелагам і Рыжскім залівам. Акрамя гэтага, расійскія войскі павінны былі пакінуць Фінляндыю, Аландскія выспы ля Швецыі; акругі Карэ, Аргадан і Батум перадаваліся Турцыі.
А нямецкія войскі з лініі Нарва – Пскоў – Мілерава – Растоў-на-Доне, дзе яны знаходзіліся на момант заключэння Брэсцкага міру, павінны быць выведзены толькі пасля падпісання ўсеагульнага дагавору.
Брэсцкі дагавор можа і быў бы мірам для Расіі, калі б не аднаўляў вельмі невыгодныя для яе мытныя зборы 1904 года. Не мір, але поўная капітуляцыя і прызнанне паразы ў вайне з ворагам, для якога таксама надышла ліхая гадзіна – вось што падпісаў Ленін. Абсурд! Цікава, што 27 жніўня 1918 года, калі нават германскі генеральны штаб прыйшоў да высновы, што паразы другому рэйху не пазбегнуць, бальшавікі пагадзіліся падпісаць з Берлінам дапаўняльную дамову, якая тычылася фінансавых праблем. Паводле гэтай дамовы Расія павінна была заплаціць Германіі кантрыбуцыю памерам больш за 6 млрд. залатых марак у розных формах.
Калі ўявіць, што гэтая маразматычная сітуцыя адбываецца ў Другую сусветную вайну, то мы атрымаем карцінку, калі ў лютым ці сакавіку 1945 года Савецкі Саюз выходзіць з вайны і саступае ўжо зруйнаванай Германіі ўсю Польшчу, Прыбалтыку, Чэхаславакію, Беларусь, Украіну і Румынію ў дадатак. Гэта нават немагчыма ўявіць. Таму ці варта казаць, што пасля падпісання Брэсцкага міру ў Берліне панавала сапраўдная эйфарыя. Немцы самі не верылі ва ўласны поспех. Дакумент у Рэйхстагу быў ратыфікаваны амаль адзінагалосна.
І ўсё дзякуючы адной надзвычай круткай і дзейснай асобе – Леніну. Тое, што не атрымалася ў нямецкай арміі, зрабіў адзін невысокі лысаваты мужчына, картавы мужчына з рудой бародкай. І калі б не параза Германіі ў вайне, то Леніну хучэй за ўсё паспелі б паставіць у Берліне помнік пры жыцці.
Ганьбу і «брыдоту» Брэсцкага міру падмацаваў не менш прыкры і крыўдны Бухарэсцкі дагавор ад 7 мая 1918 года, паводле якога Румынія, за якую Расія быццам заступілася ў 1914 годзе, прызнала сваю поўную паразу. Але там на самой справе не было каму трымаць вінтоўку ў руках: загінула 7 % ад агульнай колькасці румын. Краіна, страціўшы ўсю Дабруджу і стратэгічныя карпацкія перавалы, адкрыла шлях для ўварвання ў Расію ў любы час ужо венгерскіх войскаў. Румынія таксама абавязалася выплочваць былым праціўнікам велізарную кантрыбуцыю і на 50 год аддавала свае прыродныя багацці, уключна з «лішкамі» ўраджаю, у карыстанне немцам. Да капітуляцыі Германіі і Аўстра-Венгрыі заставалася нейкіх тры месяцы!