Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 19 страниц)
БАІ ЗА НАРАЧ
Ёсць у Беларусі шмат прыгожых зачараваных азёраў, але самае вялікае і, бадай, што самае папулярнае з іх – возера Нарач, якое ляжыць на паўночным захадзе сённяшняй Мінскай вобласці, улюбёнае месца для рыбалкі і адпачынку вялікай колькасці беларусаў. У сакавіку 1916 года тут было не да рыбалоўства: пачалася Нарачанская аперацыя – наступленне расійцаў у раёне возера Нарач, наступленне, якое абярнулася новымі шматлікімі баямі і ахвярамі.
Пасля пачатку нямецкага наступу пад Вердэнам галоўнакамандуючы французскай арміяй Жофр звярнуўся да расійскага камандавання з просьбай нанесці ўдар для адцягвання ўвагі. Расійская Стаўка, ідучы насустрач саюзнікам, вырашыла да пачатку агульнага наступлення армій Антанты, прызначанага на май 1916 года, у сакавіку правесці наступальную аперацыю на паўночным крыле Заходняга фронта. 24 лютага ў Стаўцы адбылася нарада па аператыўных пытаннях. На ёй перад камандуючым Заходнім фронтам Эвертам была пастаўлена задача нанесці моцны ўдар па германскіх арміях, сабраўшы для гэтага наколькі магчыма вялікі сілы. Задачу паставілі, але падрыхтаваліся, відаць, як заўжды: заплюшчаўшы вочы.
16 сакавіка камандуючы Аляксееў аддаў загад аб пераходзе ў наступленне. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі, якая працягвалася двое сутак, расійскія войскі пачалі наступ. Спярша ўсё складвалася паспяхова: 2-я армія на поўдзень ад возера Нарач уклінілася ў абарону 10-й германскай арміі на 2–9 км. Ужо 19 сакавіка камандуючы Заходнім фронтам генерал Эверт тэлеграфаваў камандуючаму 2-й арміяй:
Наступленне развіваецца слаба, без належнага кіравання начальства, без правільна арганізаванай артылерыйскай падрыхтоўкі і складаецца з разрозненых удараў, без своечасовай іх падтрымкі. У 2-й арміі я засярэдзіў пераважныя сілы як пяхоты, так і артылерыі, даў столькі снарадаў, колькі толькі быў у сілах даць, і мог разлічваць, што пры належным кіраванні ўдарнымі групамі слабы праціўнік будзе выбіты са сваіх акопаў. Між тым, ён не толькі ўтрымаўся на працягу двух дзён, але часткова нават пераходзіць у наступленне. Запатрабуйце ад начальнікаў груп і камандзіраў карпусоў належнага кіравання іх войскамі. Маючы на ўвазе велізарную перавагу сілаў 2-й арміі, загадваю праявіць належную энергію і актыўнасць ва ўсіх дзеяннях як старэйшымі, так і малодшымі начальнікамі і што б там ні было разбіць і адкінуць праціўніка, таму што надыходзячая адліга ў наступныя дні ўскладніць нам наступ.
Таксама Эверта абурыла шыхтаванне падчас атакі 3-га Сібірскага корпуса.
Гісторык М. Я. Падарожны піша:
Варта адзначыць шыхтаванне баявога парадку на атаку ў 3-м Сібірскім корпусе. Камандзір пашыхтаваў корпус на манер старажытнагерманкай «свінні» ў бітве нямецкіх рыцараў з Аляксандрам Неўскім на Чудскім возеры. Якія задумы адлюстроўваў такі шыхт – няцяжка здагадацца. Незразумела, чаму ў гэтую справу – араганізацыю баявога парадка – не ўмяшаўся камандуючы групай генерал Балуеў. Бо на самой справе, калі на ўчастку 3-га Сібірскага корпуса можа наступаць адразу некалькі палкоў у адным эшалоне, тады чаму робіцца шыхт з трох эшалонаў з такім вялікім іх расцягам у тыл і нарастаннем сіл не ў бок фронта, а ў бок тылу? Калі ж наступаць на ўчастку 3-га Сібірскага корпуса некалькімі палкамі ў адным эшалоне нельга (балота), тады неабходна рэзервы корпуса ставіць у іншым месцы, на фланзе ці ў тыле тых карпусоў, у якіх яны спатрэбяцца падчас бою і змогуць адыграць значную ролю ў сэнсе падтрымкі. Нішто з гэтага не было зроблена.
Камандзір корпуса падышоў да вырашэння такога важнага пытання фармальна, а камандуючы групай умыў у гэтай справе рукі і, як убачым потым, пакаяўся ў сваім учынку.
Бязлітасныя атакі расійскіх войскаў з цяжкасцю, але стрымліваліся праціўнікам. Потым немцы падцягнулі да раёна наступу значныя сілы і адбілі націск расійцаў, адкінуўшы іх з захопленых пазіцый. Падчас Нарачанскай (ці Нарачскай) аперацыі, здзейсніўшы подзвіг, загінула 17-гадовая Яўгенія Варанцова, добраахвотніца 3-га Сібірскага стралковага корпуса. За гераізм яна была пасмяротна ўзнагароджана Георгіеўскім крыжам.
Страты расійскай арміі за ўсю аперацыю налічваюць 120 000 чалавек, нягледзячы на тое, што Падарожны, згодна з расійскай вайсковай традыцыяй, змяншаў гэтую лічбу, даводзячы да 78 000 і імкнучыся такім чынам хаця б неяк скараціць розніцу ў стратах з абодвух бакоў, бо немцы ў той аперацыі згубілі каля 20 000 чалавек. Але нават калі браць у разлік меншую лічбу паводле Падарожнага, то розніца ўсё адно застаецца непрапарцыйнай: расійцаў загінула ўтрая болей за немцаў. Убачыўшы гэта, Падарожны і страты немцаў падвысіў да 40 000 – звычайна чорная бухгалтэрыя расійскіх гісторыкаў.
На самой справе расійская армія панесла куды больш цяжкія страты, якія ў шэсць разоў перавышалі страты праціўніка. Але дадзеная сітуацыя не адрознівалася ад таго, што адбывалася на іншых участках, бо аналагічныя велізарныя страты несла армія і на Паўднёва-Заходнім фронце.
У выніку, атака Заходняга фронта ля Нарачы вымусіла германскае камандаванне, якое вырашыла, што расійцы пачалі генеральнае наступленне і вось-вось прарвуць нямецкую абарону, на два тыдні спыніць актыўныя баявыя дзеянні пад Вердэнам. Хаця ж, ёсць і іншыя меркаванні наконт прычыны спынення нямецкай атакі, уступленне ў вайну Румыніі, напрыклад.
Немцы не чакалі аслаблення баяздольнасці расійскай арміі і не рашыліся зменшыць колькасць сваіх войскаў на расійскім фронце, перакінуўшы іх частку на французскі.
Я. З. Барсукоў у сваёй працы «Артылерыя рускай арміі (1900–1917 гг.)» піша:
Наадварот, немцы ўбачылі ўсю рызыкоўнасць свайго становішча на такім важным напрамку, як ковенскае, і вымушаны былі ў далейшым узмацніць тут свае войскі, перацягнуўшы сюды часткі з аўстра-венгерскага фронта.
У той жа час, ён прызнае правал задумы расійскага камандавання:
Сакавіцкая няўдача не магла не аказаць адмоўнага ўплыву на маральны бок рускага камандавання.
Па сутнасці, Нарачанская аперацыя была арганізавана для адцягвання ўвагі, і для гэтага манеўра кошт у 120 000 жыццяў быў занадта вялікім. Улетку германскае камандаванне чакала асноўнага ўдару на сваім фронце, але расійскае павяло Брусілаўскі прарыў, зноў коштам вялікіх страт.
БАІ ЗА СМАРГОНЬ
Цяжкія і працяглыя баі разгарнуліся пад беларускай Смаргонню, ператварыўшы горад за два з паловай гады ў суцэльныя руіны. 9 верасня 1915 года, здзейсніўшы прарыў фронта на поўнач ад Вільні і захапіўшы 12 верасня Свенцяны, 6-ы германскі кавалерыйскі корпус пачаў рэйд па тылах расійскай арміі. 13 верасня германская кавалерыя падышла да азёраў Нарач і Свір. Адсюль 1-я і 4-я кавалерыйскія дывізіі немцаў рушылі на Смаргонь, да чыгункі Вільня – Маладзечна і перапраў праз раку Вілію. 15 верасня, зраніцы германскі кавалерыйскі полк з артылерыяй і кулямётамі атакаваў Смаргонь. Расійскія маршавыя роты, што апынуліся ў горадзе, восем гадзін трымалі абарону. Панёсшы страты і растраціўшы патроны, яны ў спешцы адышлі да Крэва, насустрач рэзервовым часткам.
На захадзе, поўдні і ўсходзе ад Смаргоні часткі 36-га, 27-га, 4-га Сібірскага і 1-га кавалерыйскага корпусаў ужо ўвайшлі ў сутыкнене з немцамі. 20 верасня, каля 15-й гадзіны супольнай атакай 9-га і 10-га Сібірскіх стралковых, 68-й і 25-й пяхотнымі дывізіямі горад быў адбіты. Немцы адышлі на поўнач, за Вілію.
Увечары 24 верасня да Смаргоні з захаду, адыходзячы з баямі ад Вільні, падышлі часткі Гвардзейскага корпуса.
Элітныя палкі расійскай арміі, якія налічвалі 572 афіцэры, 23 920 штыкоў пяхоты, 1080 шабляў кавалерыі, 145 гармат і 5 аэрапланаў, былі гатовыя да сустрэчы з ворагам. Ужо на наступны дзень пачаліся гарачыя сутычкі на пераправе праз Вілію, ля млына, ля чыгуначнай станцыі. У бой за горад уступіла ўся 3-я Гвардзейская пяхотная дывізія, лейб-гвардыі Кексгольмскій, Петраградскі, Валынскі і Літоўскі палкі.
Немцы ўзмацнілі наступ, кінуўшы ў бой свежую брыгаду пяхоты.
З рэзерва корпуса падышоў лейб-гвардыі Прэабражэнскі полк і два батальёны лейб-гвардыі Грэнадзёрскага палка. Гвардзейцы стаялі на смерць і выканалі загад «Ні кроку назад, за намі Расія». Яны адбілі атакі, утрымалі смаргонскія пазіцыі і не прапусцілі ворага на трасу Мінск – Масква.
Упершыню за часы доўгага адступлення расійскіх армій немцы былі нарэшце спынены, і гэта адбылося ля Смаргоні.
Уночы горад асвятлілі агні пажараў. Паўсюль было чуваць стогны параненых нямецкіх і расійскіх салдат. З-пад абломкаў разбуранага смаргонскага касцёла дасталі целы некалькіх дзясяткаў салдат, пяці афіцэраў і трох генералаў.
Раніцай над германскімі акопамі павяваўся белы сцяг. Немцы прасілі аб перамір’і на чатырохкіламетровым участку фронта ля ракі Віліі для збору параненых і забітых. Расійцы прынялі прапанову. Чатыры резэрвовых батальёны без зброі і ўвесь парк санітарных колаў дывізіі збіралі сваіх жаўнераў да шасці гадзін вечара. За час перамір’я было пахавана 3800 загінулых расійскіх салдат і афіцэраў, немцам было перададзена 5500 загінулых. Сярод ахвяр было і 150 мясцовых жыхароў.
Да канца 1915 года праціўнікі высіліліся і ўзмоцнена зарываліся ў зямлю. Немцы залівалі бетонам агнявыя кропкі і бліндажы – іх шэрыя грамадзіны і сёння можна пабачыць на заходняй ускраіне Смаргоні.
Лабірынты акопаў і траншэй з кожным днём усё павялічваліся, дзясяткі кіламетраў чыгункі – звычайнай і вузкакалейнай на паравознай і коннай цязе – былі пабудаваны ля Смаргоні па абодвух баках фронта, у тым ліку 19-кіламетровая чыгуначная ветка ад станцыі Пруды да паста «648-я вярста» чыгункі Маладзечна – Ліда для руху 14-га і 98-га артылерыйскіх чыгуначных мартырных паркаў. Таксама былі наведзены шматлікія масты і паромныя пераправы праз Вілію, пакладзены дзясяткі кіламетраў грэбляў у балотах на поўнач ад Смаргоні да возера Вішнёва.
Пачалася «пазіцыйная вайна». Круглыя суткі было чуваць ружэйную і кулямётную страляліну, шквальны агонь вяла артылерыя, у небе знаходзіліся аэрастаты і самалёты. Упершыню на расійскім фронце немцы ўжылі газ на смаргонскім участку фронта супраць 3-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі ўжо 12 кастрычніка 1915 года. Жудасныя ўспаміны аб нямецкіх газавых атаках засталіся ў дачкі Льва Талстога палкоўніка Аляксандры Талстой, якая загадвала шпіталём у Залессі. У 1916 годзе ля Смаргоні вадзіў салдат у атакі паручнік 16-га Менгрэльскага грэнадзёрскага палка, у будучыні знакаміты савецкі пісьменнік Міхаіл Зошчанка. Тут ён і пакаштаваў атрутнага газу і быў адасланы ў тыл на лячэнне. У 64-й артбрыгадзе ваяваў вальнапісаны Валянцін Катаеў, таксама будучы вядомы савецкі і расійскі пісьменнік. І ён таксама быў там паранены.
Хто толькі з вядомых людзей не ваяваў пад Смаргонню!
У 1916–1917 гадах Менгрэльскім грэнадзёрскім палком камандаваў палкоўнік Барыс Міхайлавіч Шапашнікаў, будучы легендарны Маршал Савецкага Саюза. У кастрычніку 1915 года ў Смаргоні быў паранены будучы Маршал Савецкага Саюза і міністр абароны СССР, а ў той час малады кулямётчык 256-га Елісаветградскага палка Радыён Маліноўскі. Увосень 1915 года мужна змагаўся ля Крэва камандзір 14-й роты 6-га Фінляндскага стралковага палка паручнік Уладзімір Трыяндафілаў, у будучыні вядомы савецкі вайсковы тэарэтык.
Ефрэйтарам-карэкціроўшчыкам у 25-м корпусным авіяатрадзе служыў Сцяпан Красоўскі, у будучым Маршал авіяцыі. У 62-й пяхотнай дывізіі ваяваў у 1917 годзе ля Крэва прапаршчык Генрых Эйхе, камандуючы вайскамі Мінскага раёна ў 1921–1922 гадах. У чыне камандзіра батальёна 333-га пяхотнага Глазаўскага палка там жа ваяваў яшчэ адзін герой Грамадзянскай вайны падпалкоўнік Васіль Шорын. У 1915 годзе ўмела кіраваў штабам 64-й пяхотнай дывізіі палкоўнік Міхаіл Драздоўскі, асабіста вадзіў у атаку 2-і батальён прэабражэнцаў капітан Аляксанр Куцепаў – абодва вядомыя генералы Белага руху.
З красавіка 1916 года газавыя атакі ўвайшлі ў спіс будзёных баявых дзеянняў. Напружанне паміж варожымі бакамі ўзрастала. 2 ліпеня 1916 года за паўтары гадзіны нямецкай атакі газ пранік больш чым на 20 кіламетраў у бок Маладзечна і нанёс вялікі ўрон расійскім вайскам. Было атручана 40 афіцэраў і 2076 салдат 64-й і 84-й пяхотных дывізій. Немцы ішлі ў атаку ў процівагазах з вінтоўкай у адной руцэ і з дубінай з паўтыканымі цвікамі, каб дабіваць напаўзадушаных – у другой. Але гэтая атака была адбіта.
У ноч на 2 жніўня немцы восем разоў з паўгадзіннымі прамежкамі выпускалі газ на пазіцыі Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі ля чыгункі ў Смаргоні. Было атручана каля 3000 салдат і афіцэраў, але нямецкая атака была адбіта і там.
На працягу чэрвеня 1916 года сапёры 52-га сапёрнага батальёна 26-га армейскага корпуса капалі тунэль у тыл да немцаў – да вышыні 72,9 на ўскраіне Смаргоні, дзе размяшчалася нямецкая батарэя. У дзень штурму закладзены пад зямлю дынаміт быў разарваны, 225-ы Акерманскі і 258-ы Кішынёўскі палкі ўзялі вышыню штурмам.
А 6 верасня 1916 года ля той жа вышыні ўпершыню за час вайны расійскія войскі ўжылі газ. Савецкія гісторыкі заўжды хавалі гэты факт, спрабуючы запэўніць грамадскасць, што газ ужывалі толькі немцы.
На германскія акопы за 15 хвілін атакі было выпушчана 13 тон хлору. Зрэшты, немцы былі да такой атакі падрыхтаваны – кожны з іх меў працівагазныя маскі.
Смаргонскія пазіцыі былі вельмі цяжкімі для абароны. Нездарма сярод расійскіх салдат гуляла прымаўка «Хто пад Смаргонню не бываў, той вайны не спазнаў[3]3
У арыгінале «Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал».
[Закрыть]». Ну а сам горад быў цалкам разбураны артылерыяй, парыты акопамі і траншэямі. Газета «Ніва» № 25 за 1916 год называла Смаргонь «мёртвым горадам».
25 верасня 1916 года ў 20 кіламетрах на поўдзень ад Смаргоні, ля Крэва гэраічна загінуў экіпаж паветранага карабля-бамбардзіроўшчыка «Ілля Мурамец» № 16 пад кіраўніцтвам паручніка Макшэева з 3-га атрада Эскадры паветраных караблёў. У момант бамбардзіроўкі штаба 89-й германскай запасной дывізіі карабель атакавалі чатыры нямецкія знішчальнікі. Завязаўся бой. Тры з іх былі збіты, але загінуў і экіпаж расійскага карабля. Авіятараў, георгіеўскіх кавалераў, паручнікаў Макшэева, Карпава, Гаібава і Рахміна, немцы пахавалі з пашанай, як невядомых герояў, на вайсковых могілках ля вёскі Баруны. Зараз на месцы гібелі экіпажа ўсталявана мемарыяльная дошка.
Супер-самалёт «Ілля Мурамец» быў самым цяжкім і вялікім з усіх тагачасных самалётаў. Лічылася, што збіць яго вельмі складана. І на самой справе, іх было пабудавана толькі 60 адзінак, але за час Першай сусветнай было збіта толькі тры з іх, прычым толькі апарат паручніка Макшэева быў знішчаны падчас паветранага бою, астанія два – зенітным агнём з зямлі.
«Ілля Мурамец» стаў першым у свеце пасажырскім самалётам. Ён упершыню ў гісторыі авіяцыі быў абсталяваны адасобленым ад кабіны камфартабельным салонам, спальнымі пакоямі і нават ваннай і прыбіральняй. На «Мурамцы» было ацяпленне (выхлапнымі газамі рухавікоў) і электрычнае асвятленне. Па бартах знаходзіліся выхады на кансолі ніжняга крыла.
Пабудова першай машыны была скончана ў кастрычніку 1913 года. Пасля выпрабаванняў на ёй рабіліся паказальныя палёты і ўсталёўваліся рэкорды, у прыватнасці, рэкорд грузапад’ёмнасці. Вясной 1914 года першага «Іллю Мурамца» пераабсталявалі ў гідраплан з больш магутнымі рухавікамі. У гэтай мадыфікацыі ён быў перададзены марскому ведамству і да 1917 года заставаўся самым буйным гідрапланам.
На жаль, пазіцыйнай вайна пад Смаргонню не давала перавагі ні аднаму з бакоў. Але надышоў 1917 год. Лютаўская рэвалюцыя ўзрушыла войскі. Ля Смаргоні, у 5–10 км на ўсход, у Белай і Залессі, дзе размяшчаліся рэзервовыя часткі, адбываліся мітынгі і сходы. У чэрвені тут выступаў Керанскі, заклікаючы да наступлення. Аднак, баявы дух арміі быў зламаны беспаваротна. І нават псіхалагічная акцыя Керанскага – удзел жаночага «батальёна смерці» ў баях за Новаспаскі лес – цалкам правалілася. Жанчыны не ўзнялі дух салдат, а самі, ледзь патрапіўшы пад абстрэл немцаў, асалапелі і збянтэжыліся. Зрэшты, аб гэтым батальёне больш падрабязна пагаворым пазней.
Тым не менш, 19–23 ліпеня 1917 года зноў была арганізавана спроба прарваць фронт на ўчастку Смаргонь – Крэва. Нягледзячы на значную колькасную перавагу войска і артылерыі – 16 пяхотных і 2 кавалерыйскіх дывізіі, каля 800 гармат і 13-дзённая норма снарадаў, наступленне расійскай арміі зноў правалілася. А скончылася ўсё ўвогуле братаннем з немцамі і відавочнай адмовай працягваць баявыя дзеянні.
5 снежня ў мястэчку Солы, у 10 км на захад ад Смаргоні, за дзесяць дзён да падпісання ў Брэсце агульнага перамір’я (15 снежня 1917 года), кіраўнік дэлегацыі шараговец 322-га Солігачынскага палка 81-й пяхотнай дывізіі Шчукін, бальшавік, заключыў ад імя расійскай арміі з немцамі мір.
Першапачаткова дамовіліся спыніць баявыя дзеянні на два месяцы. Але, як потым выявілася, яны спыніліся назусім. Так скончылася 810-дзённая бітва за горад Смаргонь.
Смаргонь была адзіным горадам на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, які так доўга і ўпарта абараняла расійская армія ў Першую сусветную вайну. Абараняла, каб пазней без бою аддаць згодна з Брэсцкім мірам, паводле якога немцам саступілі палову Беларусі і Украіны і ўсю Прыбалтыку.
«АТАКА ЛЁГКАЙ КАВАЛЕРЫІ»
Праблемы з арганізацыяй баявых дзеянняў былі і ў англічан. На жаль, аналагічных дыпламатычным і дыверсійным, як пры ліквідацыі Распуціна, поспехаў англічане так і не атрымалі на франтах. Падаецца, гэта стала кепскай характэрнай рысай усіх імперый – не шкадаваць людзей, не прадумваць тонкасцяў уласных баявых аперацый, дапускаць нядбайнасць і неразважлівасць у дзеяннях.
У Вялікабрытаніі да гэтай пары ёсць афарызм – «атака лёгкай кавалерыі», які азначае ці піраву перамогу, ці вялікія дарэмныя ахвяры. Нарадзіўся ён пасля Крымскай вайны, дзе англічане, французы і туркі ваявалі супраць Расіі. У тыя гады падчас адной з бітваў, якая складвалася на карысць брытанцаў і іх саюзнікаў, з-за фанабэрыі, некампітэнтнасці і няўзгодненасці дзеянняў англійскіх камандзіраў, 600 кавалерыстаў выбранай лёгкай конніцы рушілі адбіваць сваю артылерыю ў захапіўшых яе расійскіх салдат не з таго боку. З-за няўзгодненасці брытанцы паскакалі не ў фланг да расійцаў, не ў абыход, а проста ў лоб, пад артылерыйскі агонь. Батарэю яны адбілі, але большая частка кавалерыі была перабіта ядрамі і карцеччу. Гэтую памылку, якая каштвала жыцця сотням маладых людзей, жаўнераў элітнай часткі Яго Вялікасці, англічане памятаюць да гэтай пары. Нешта падобнае адбылося ў турэцкіх Дарданэлах у 1915 годзе.
Да пачатку 1915 года англа-французскае камандаванне распрацавала супольную аперацыю для захопа Дарданэльскага праліва і выхада ў Мрамарнае мора, да Канстанцінопаля. Задачай Дарданэльскай аперацыі было забеспячэнне свабоднага марскога злучэння праз праліў і адцягванне сіл Турцыі з Каўказскага фронта.
Паводле першапачатковага плана, прарыў павінны быў зрабіць брытанскі флот, якому належала без высадкі дэсанта знішчыць берагавыя батарэі. Пасля першых няўдалых атак невялікімі сіламі (19–25 лютага), 18 сакавіка флот перайшоў у генеральнае наступленне, у якім было задзейнічана больш за 20 лінкораў, лінейных крэйсераў і састарэлых браненосцаў. Дэсант быў арганізаваны вельмі кепска. Англійскія салдаты высаджваліся на бераг проста пад агонь турэцкіх кулямётаў. Шмат загінула, а тым, хто ацалеў і здолеў зачапіцца за бераг, заставалася толькі чакаць падмогі, якая так і не прыйшла. Пасля страты трох караблёў брытанцы, не дасягнуўшы ніякага поспеху, адышлі з праліва.
Пасля гэтага тактыка Антанты змянілася – было вырашана высадзіць экспедыцыйныя сілы на Галіпалійскай паўвыспе (еўрапейскім баку праліва) і на супрацьлеглым азіяцкім баку. Дэсант Антанты (80 000 чалавек), які складаўся з аглічан, французаў, аўстралійцаў і новазеландцаў, пачаў высадку 25 красавіка. Яна адбывалася на трох плацдармах, раздзеленых паміж краінамі-удзельніцамі. Нападаючыя здолелі затрымацца толькі на адным з участкаў Галіпалі, дзе дэсантаваўся аўстралійска-новазеландскі корпус. Жорсткія баі і перакід свежых злучэнняў Антанты працягваліся да сярэдзіны жніўня, але ніводная са спробаў з-за невыгодных умоў дэсантавання не дала значнага выніку. Туркі адбілі ўсе атакі. Да канца жніўня зрабіўся відавочным правал аперацыі, і Антанта пачала рыхтавацца да паступовай эвакуацыі войскаў. Апошнія злучэнні былі выведзены з Галіпалі ў пачатку студзеня 1916 года. Адважная стратэгічная задума, ініцыятарам якой быў Уінстан Чэрчыль, скончылася поўным правалам. У няўдачы абвінавацілі аўтара ідэі. Чарговая «атака лёгкай кавалерыі».
Ну а на Каўкаўзскім фронце ў ліпені 1915 года расійскія войскі адбілі наступ турак у раёне возера Ван, але ўсё адно былі вымушаны адступіць, пакінуўшы пры гэтым частку тэрыторыі (Алашкерцкая аперацыя). Баявыя дзеянні распаўсюдзіліся на тэрыторыю Персіі. 30 кастрычніка расійскія войскі высадзіліся ў порце Энзелі, да канца снежня разбілі пратурэцкія ўзброеныя атрады іранцаў і ўзялі пад кантроль тэрыторыю Паўночнай Персіі. Навошта? Цяжка зразумець. Напэўна, па задуме цара «збіралі рускія землі». На гэты раз у Персіі.