Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 19 страниц)
Так, толькі атрад Ханса Кальмі з 1 па 31 мая расстраляў у Лахці да 200 жанчын, якія падтрымлівалі чырвоных. Разам за час вайны было расстраляна да 600 жанчын. Да гэтай пары часам немагчыма выявіць, каго белыя забілі падчас бою, а каго пасля.
Маштаб трагедыі быў да такой ступені вялікім, што ў Швецыі нават стварылі Камітэт супраць белага тэрору ў Фінляндыі.
Спроба наступлення чырвоных напрыканцы лютага правалілася, і ініцыятыва перайшла да белых. 15 сакавіка 1918 года пачалося наступленне на поўдзень у накірунку Тамперэ, вельмі важнага цэнтра абароны чырвоных. Бітва за Тамперэ стала самай буйной і жорсткай не толькі ў ходзе фінскай грамадзянскай вайны, але і ва ўсёй гісторыі Паўночнай Еўропы. У ёй прыняла ўдзел 16 000 белых і 14 000 чырвоных, што для невялікай па насельніцтву Фінляндыі – вялікае сутыкненне. Абароназдольнасць і вайсковыя навыкі чырвонагвардзейцаў дзякуючы падтрымцы расійскіх спецыялістаў заўважна ўзраслі.
Камандаванне белых накіравала на Таперэ найлепшыя войскі, у тым ліку новых камандзіраў-егераў. У бітве ля могілак Калеванкагас 28 сакавіка ў так званы «крывавы перадвелікодны чацвер» некаторыя часткі белых страцілі 50 % асабістага складу. Загінула 50 егераў, брыгада шведскіх добраахвотнікаў страціла 10 % складу і паўсотні параненымі – з амаль 350 шведскіх «штыкоў», якія пачалі наступленне, перадавую лінію варожых умацаванняў здолела перайсці прыкладна 250 чалавек: каля 50 загінула, столькі ж было паранена. Загінуў камандзір 2-га шведскага батальёна Фольке Беніх-Б’ёркман. Шведаў ад паразы выратавала атака 2-га палка фінскіх егераў пад камандаваннем нямецкага маёра Габрыеля фон Бонсдорфа. Вырашальны наступ на цэнтр Тамперэ пачаўся ўночы на 3 красавіка ў суправаджэнні магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі.
У фінскай гісторыі гэта была самая бязлітасная бітва ў горадзе – квартал супраць кварала. Паўразбураны горад быў цалкам узяты белымі 6 красавіка. У той жа час яны дасягнулі важнай перамогі і ў Раўта на Карэльскім перашыйку.
Германія бесперашкодна выканала высадку свайго экспедыцыйнага корпуса колькасцю 9500 чалавек пад камандаваннем генерала Рюдыгера фон дэр Гольца і рушыла да Хельсінкі. 7 красавіка у Ловііса з Рэвеля прыбыў атрад Ота фон Брандштэйна колькасцю 2500 салдат. Пасля гэтага становішча чырвоных яшчэ больш ускладнілася. Разам колькасць нямецкіх салдат у Фінляндыі склала каля 15 000 чалавек – прыкладна столькі ж, колькі і расійцаў.
Агульныя страты белафінаў склалі амаль 5000 чалавек, з іх расстараляных – 1424. І амаль 500 салдат згубілі немцы. Чырвоныя фіны панеслі куды больш адчувальныя страты – болей за 30 000 чалавек, з якіх 11 652 памерла ў лагерах для палонных.
Расійскіх грамадзян загінула да 900 чалавек і было расстраляна каля 1500. Хаця гэтыя лічбы, магчыма, няпоўныя ці заніжаныя.
Вось што распавядаў на старонках свайго дзённіка бібліёграф і пісьменнік Сяргей Мінцлоў, які ў той час пражываў недалёга ад Выбарга ў сваім маёнтку ў вёсцы Кямяра:
17/30 красавіка.
Прыезджыя распавядалі пра ўзяцце Выбарга: забітыя з абодвух бакоў налічваюць 6000 чалавек. Падрабязнасці пакуль невядомыя, ведаем толькі, што руская салдатня перабіла ўсіх да адзінага…
22 красавіка/5 мая.
У Выбаргу жыццё ўваходзіць у сваю каляіну: камендант выдаў загад, які пад страхам пакарання забараняе самавольнае забойства каго заўгодна ў дамах і на вуліцах. Ён выкліканы тым, што белагвардзейцы чынілі свае расправы не толькі на вуліцах, але і ўрываючыся ў хаты, выцягвалі адтуль нароўні з мазурыкамі рускіх афіцэраў і забівалі на месцы, нягледзячы на поўную адсутнасць пэўнай віны… У генерала, які жыве ў Выбаргу, забілі такім чынам трое сыноў, якіх нядаўна ўзвялі ў афіцэры. Усіх рускіх, якія не мелі дачынення да фінскай міжусобіцы, загінула каля 300 чалавек…
24 красавіка/7 мая.
…Лічба вынішчаных рускіх перавышае васемсот… Было некалькі выпадкаў вар’яцтва сярод фінаў, якія бачылі карціну збіццяў у Выбаргу…
2/15 мая.
Учора жонка ездзіла ў Выбарг шукаць правізію… Піменавы, якіх наведала жонка, распавялі аб тым, што адбывалася за гэтыя дні. Запісаныя мной расповеды аб забойсвах рускіх апынуліся неперабольшанымі. Адзін з рускіх эмігрантаў, якія жылі ў горадзе, так апісваў падзеі:
«Рашуча ўсе, ад гімназістаў да чыноўнікаў, хто трапляўся ў рускай форме на вочы пераможцаў, расстрэльваліся на месцы; недалёка ад дома Піменавых былі забіты два рэалісты, якія выбеглі ў мундурчыках прывітаць белых; у горадзе забіта 3 кадэты; тых з чырвоных, хто здаўся ў палон, белыя ачаплялі і гналі ў крапасны роў; пры гэтым захоплівалі і частку вулічнага натоўпу і без разбору і размоў дабівалі ў рове і ў іншых месцах. Каго расстрэльвалі, за што, – героям нажа было невядома! Расстрэльвалі на вачах у натоўпу; перад расстрэлам зрывалі з людзей гадзіннікі, пярсцёнкі, адбіралі гаманцы, сцягвалі боты, вопратку і г. д. Асабліва палявалі на рускіх афіцэраў; загінула іх без ліку, і ў шэрагу іх камендант, інтэндант, які перад гэтым перадаў свой склад белым, і жандармскі афіцэр; многіх выклікалі з кватэр, быццам для праверкі дакументаў, і дадому яны ўжо не вярталіся, а сваякі адшуквалі іх потым у горах целаў у рове: з іх была знята нават бялізна».
Няўжо гэта ўсё адбывалася ў мірнай і ціхай Фінляндыі? Так, гэта ўсё было, і гэта таксама частка гісторыі, якую нельга забываць. Жорсткасць і злосць фінаў у адносінах да расійцаў – самы яскравы прыклад таго, што ў вайне белыя фіны вінавацілі менавіта расійцаў, мяркуючы, што без падтрымкі бальшавікоў нічога б не адбылося. Фіны праяўлялі неўласцівы ім гвалт, баючыся, што іх зноў, як 110 год таму, захопіць Расія, і для іх гэта была зусім не грамадзянская вайна, але нацыянальная, як верна адзін час пісалі фінскія гісторыкі. Да таго ж май 1918 года так і не паставіў кропку ў больш чым дзіўных прэтэнзіях краіны Саветаў на Фінляндыю. Вайна працягвалася да 1920 года, калі бальшавікам стала не да фінаў: пайшлі ў паход на Польшчу і Беларусь.
ТРАГЕДЫЯ ІНГРАЎ, КАРЭЛАЎ І ГЕНЕРАЛА ЮДЗЕНІЧА
Чарговая стадыя Першай сусветнай вайны і працяг грамадзянскай вайны ў Фінляндыі, але ўжо выключна ў імперскім ключы – гэта Першая Савецка-фінская вайна 1918–1920 гадоў, існаванне якой савецкія гісторыкі ўпарта імкнуліся сцерці з нашай памяці. Пра яе ў савецкіх падручніках не знойдзеш ні радка. Яшчэ адна «нецікавая» вайна, бо завяршылася пройгрышам і стратай тэрыторыіі. Такую вайну, канечне ж, лепш было б забыць. Пачалася яна таксама яшчэ да першага перамір’я паміж Антантай і Германіяй, т. б. пачалася як састаўная частка Першай сусветнай з тыповымі рысамі імперыялістычнай, але ўжо з боку Фінляндыі. Так ці інакш, у гэтай вайне ў рознай ступені прыняла ўдзел 16 краін: Фінляндыя, РСФСР, толькі што абвешчаныя фіна-вугорскія Паўночная Карэлія, Паўночная Інгрыя, таксама ЗША, Германія, Канада, Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Сербія, Кітай, Швецыя, Данія, Эстонія, Прыбалтыйскі ландэсвер.
Яшчэ 23 лютага 1918 года, знаходзячыся на станцыі Антрэа (цяпер Каменагорск) і звяртаючыся да войска, вярхоўны галоўнакамандуючы фінскай арміяй генерал Карл Густаў Манэргейм сказаў сваю знакамітую прамову, «клятву мяча», у якой абвясціў, што «не ўкладзе меч да похваў раней, чым апошні ваяка і злодзей Леніна не будзе выгнаны як з Фінляндыі, так і з Усходняй Карэліі».
Зрэшты, афіцыйнага абвяшчэння вайны з боку Фінляндыі не было. Да жадання генерала Манэргейма стаць выратавальнікам «старой Расіі» ў Фінляндыі ставіліся з прахалодай. Фіны, як мінімум, патрабавалі падтрымкі заходніх краін і гарантый таго, што белая Расія прызнае фінскую незалежнасць.
Ну а 7 сакавіка 1918 года прэм’ер-міністр Фінляндыі выказаў прэтэнзіі на Усходнюю Карэлію і Кольскую паўвыспу, у прынцыпе, фіна-вугорскія землі, але частка рускай Наўгародскай рэспублікі яшчэ добрых гадоў 600 таму.
15 сакавіка генерал Манэргейм зацвердзіў «план Валеніуса», які прадугледжваў захоп часткі былой тэрыторыі Расійскай імперыі да лініі Пэтсама (Печэнга – Кольская паўвыспа – Белае мора – Анежскае возера).
Да сярэдзіны мая 1918 года, калі белафіны кантралявалі ўжо ўсю тэрыторыю Вялікага княства Фінляндскага, яны пачалі вайсковыя аперацыі, накіраваныя на захоп Усходняй Карэліі і Кольскай паўвыспы. Ідэя з сучаснага пункту гледжання падаецца вар'яцкай – маленькая Фінляндыя пайшла на вялізную Расію, якую нават Напалеон са сваёй супер-арміяй не змог перамагчы. Але, магчыма, убачыўшы, як бальшавікі раздаюць свае землі немцам, фіны вырашылі адрэзаць і сабе кавалак «святочнага каравая». Фінскія атрады атакавалі Печэнгу, але былі адбіты чырвонагвардзейцамі.
У маі 1918 года стаўка генерала Манэргейма апублікавала рашэнне фінляндскага ўрада аб абвяшчэнні вайны РСФСР і рыхтавала наступленне на Петраград, аднак гэты план не быў падтрыманы немцамі. Высадка нямецкіх войскаў у Фінляндыі і заняцце Хельсінкі сур’ёзна непакоіла краіны Антанты, якія працягвалі вайну з Германіяй.
Пачынаючы з сакавіка 1918 года ў Мурманску, згодна з пагадненнем з бальшавіцкім урадам, для абароны горада і чыгункі ад верагоднага наступлення германа-фінскіх войск высаджваюцца англічане. З чырвоных фінаў, якія адышлі на ўсход, для дзеянняў супраць звязаных з немцамі белафінаў брытанцы ўтварылі Мурманскі легіён на чале з Аскары Такоем.
15 кастрычніка 1918 года пасля непрацяглых баёў белафіны занялі Рэбальскую воласць ва Усходняй Карэліі.
У лістападзе 1918 года Германія капітулявала і пачала вывад уласных войскаў, якія патрапілі пад акупацыю ў выніку Брэсцкай мірнай дамовы і папярэдніх заваяванняў, з тэрыторыі былой Расійскай імперыі. У тым ліку немцы сыходзілі з тэрыторыі прыбаліыйскіх краін і Фінляндыі. Ленін у той жа час скарыстаўся гэтым: Чырвоная армія неадкладна заняла ўскраінныя дзяржавы.
30 снежня 1918 года фінскія войскі пад камандаваннем генерала Ветцэра высадзіліся ў Эстоніі, дзе аказвалі дапамогу мясцоваму ўраду ў барацьбе з бальшавіцкімі захопнікамі. Аднак, дапамагалі эстонцам і расійскія белагвардзейцы Юдзеніча, але, відаць, гэтым толькі загналі сябе ў кут: падобна, эстонцы баяліся белай гвардыі нават больш, чым чырвонай, мяркуючы, што тыя прагнуць аднаўлення Расійскай імперыі ў былых межах, уключна з Эстоніяй.
Паводле ўмоў Брэсцкага міру, Эстонія змяніла ўладара, патрапіўшы пад уладу германскага кайзера. 24 лютага 1918 года Эстонія абвяшчае аб сваёй незалежнасці. Аднак, адразу пасля рэвалюцыі ў Берліне ў Таліне зноў змяніўся гаспадар. Вырашаць лёс прыбалтыйскай зямлі стала Антанта.
Наступленне Чырвонай арміі, якое пачалося ўвосень 1918 года, зноў паставіла незалежнасць маленькай Эстоніі пад пытанне. Толькі ўмяшальніцтва брытанскага флоту дапамагае абараніць эстонскую сталіцу ад бальшавікоў. А галоўную ролю ў іх выгнанні з тэрыторыі нядаўна абвешчанай краіны граюць расійскія белагвардзейскія фарміраванні – Паўночна-Заходняя армія пад камандаваннем генерала Юдзеніча, якая спрабавала захапіць бальшавіцкі Петраград.
Да сярэдзіны лістапада невялікая армія Юдзеніча была канчаткова адкінута ад сцен паўночнай сталіцы. Разбітая, яна хутка адышла да мяжы Эстонскай рэспублікі. Менавіта з яе тэрыторыі салдаты Юдзеніча накіроўваліся вызваляць Петраград ад бальшавікоў, да гэтага выбіўшы іх з эстонскай зямлі.
Падручнікі па гісторыі паведамляюць, што ў лістападзе 1919 года армія Юдзеніча падышла да эстонскай мяжы і была інтэрніравана. Але што значыць гэта незразумелае «інтэрніравана»? Леў Троцкі ў кнізе «Маё жыццё» тлумачыць гэта так:
Разгромленыя, цалкам дэмаралізаваныя белыя былі адкінуты да эстонскай мяжы. Як толькі яны яе перайшлі, урад Эстоніі іх раззброіў. У Лондане і Парыжы ніхто пра іх не прыгадаў. Тое, што было ўчора Паўночна-Заходняй арміяй Антанты, цяпер гінула ад холаду і голаду.
Так, не дачакаўшыся ўдзячнасці ад новага ўрада Эстоніі, загінула армія Юдзеніча. Некалькі сутак людзі ў страшны мароз ночылі проста на зямлі. «Людзі кучамі замярзаюць у тую ноч», – распавядаў пісьменнік Аляксандр Купрын, які сам тады знаходзіўся ў арміі Юдзеніча. Але ж сярод вайскоўцаў былі і грамадзянскія асобы – жанчыны і нават дзеці.
Невялікімі партыямі скрозь калючы дрот эстонцы ўрэшце пачалі пропуск. Уся зброя павінна была быць здадзена. Пры гэтым эстонцы займаліся непрыхаваным марадзёрствам, проста на марозе распранаючы салдат, здымаючы новыя англійскія шынялі, адбіраючы каштоўныя рэчы, залатыя крыжыкі і пярсцёнкі. Пасля гэтага людзей размясцілі на станцыі Нарва-2 у памяшканнях дзвюх закінутых фабрык, агароджаных калючым дротам. Па сутнасці, гэта была турма, ці нават горш – тут не было ні ложкаў, ні коўдраў, ні цёплай вопраткі, ні медыкаментаў…
Побач на пуцях стаялі тысячы вагонаў з маёмасцю колішняй расійскай арміі. Там было ўсё, але камандуючы эстонскай арміяй генерал Лайданэр загадаў рэквізаваць склады з усім ладункам на карысць Эстоніі.
Пра жахі, якія адбываліся тады ў Эстоніі, выдавочца пісаў:
З уцекачамі з Петраградскай губерніі, колькасць якіх перавышала 10 тысяч, абыходзіліся горш, чым з быдлам. Іх прымушалі на траскучым марозе суткамі ляжаць на шпалах чыгункі.
Пратэстаў Юдзеніча ніхто не пачуў. Талабскі полк белых, працягваючы баі з чырвонымі, адышоў да эстонскай мяжы апошнім. Салдаты і афіцэры па лёдзе перайшлі на эстонскі бок і, як дамаўляліся, склалі зброю. Але ў Эстонію іх не пусцілі, а, накіраваўшы рулі кулямётаў, пагналі назад! На іншым беразе ўжо былі бальшавікі. Пад агнём з абодвух бакоў загінуў цэлы полк.
Відавочца кашмара С. В. Рацэвіч распавядаў:
Як у Нарве, так і за яе межамі паўночна-заходнікі загінулі ад эпідэміі тыфу. Ніколі не забуду жудасную карціну, якую ўбачыў. Адзін за адным на могілкі ў Сіверсгаўзэн імчаліся грузавікі з голымі шкілетамі, ледзь накрытымі падраным брызентам, які лунаў на ляту, быццам ветразь. Целы былі накіданы абы-як.
Трагічны лёс арміі Юдзеніча яшчэ раз даказаў: не толькі бальшавікі, але і дзяржавы былых народаў Расійскай імперыі як чумы баяцца вяртання ў мінулае. Польскі лідар Юзэф Пілсудскі ўвогуле голасна абвясціў, што большае за бальшавізм зло бачыць у белай гвардыі, якая імкнецца вярнуць старую Расію. Праўда, у 1920 годзе ён на ўласнай скуры даведаўся пра каварства гэтага самага «меншага зла», калі Чарвоная армія зноў ледзь не заваявала Польшчу, і толькі тытанічнымі намаганнямі цэлай краіны вораг быў разбіты і адкінуты ад сцен Варшавы.
У такой безвыходнай, як у Эстоніі, сітуацыі белагвардзейцы аказваліся не раз. Юдзеніча спачатку выкарысталі ў барацьбе супраць чырвоных, а потым паспрабавалі пазбавіцца ад яго. Метады ліквідацыі новыя эстонскія ўлады абралі, проста кажучы, зверскія.
Падобнае стаўленне да белых і чырвоных расійцаў было і ў фінаў, доказам гэтаму сталі жорсткія расправы над былымі саюзнікамі толькі па прычыне расійскага паходжання.
Такім чынам, у студзені 1919 года фіны занялі Парасазерную воласць. У красавіку Аланецкая добраахвотніцкая армія з тэрыторыі Фінляндыі пачала шырокі наступ ва Усходняй Карэліі на аланецкім напрамку. 21 красавіка добраахвотнікі занялі Відліцу, 23 красавіка – Тулаксу, увечары таго ж дня – горад Аланец, 24 красавіка – Вешкеліцу, 25 красавіка падышлі да Пражы, праніклі да Сулажгары і пачалі непасрэдна пагражаць Петразаводску.
У Вікіпедыі чытаем:
Адначасова Петразаводску з поўначы пагражалі англійскія, канадскія і белагвардзейскія войскі.
Але аўтар артыкула, відаць, забыў, што англічане і канадцы выступалі акурат як саюзнікі Леніна, таму пагражаць Петразаводску яны ніяк не маглі, але маглі толькі абараняць яго ад фінскай акупацыі. Менавіта з гэтай прычыны Чырвоная армія здолела затрымаць наступленне фінаў на Петразаводск. Вось так, не толькі расійцы пралівалі кроў за іншыя краіны, але і англічане саслужылі добрую службу Савецкай Расіі. На жаль, пра гэта хутка забылі, бо гэта яшчэ адзін «нязручны» момант для савецкіх гісторыкаў.
У маі і чэрвені на ўсходніх і паўночных берагах Ладажскага возера атрады Чырвонай арміі адбівалі наступ фінскіх добраахвотнікаў. У маі-чэрвені 1919 года фіны наступалі ў раёне Ладзейнага Поля і пераправіліся цераз Свір. Напрыканцы чэрвеня пачалося контрнаступленне Чырвонай арміі на Відліцкім напрамку, і 8 ліпеня 1919-га фіны былі адкінуты за лінію мяжы. Іх, аднак, падтрымлівалі новаспечаныя фіна-вугорскія краіны, у прыватнасці, Паўночная Інгрыя, якая ў будучыні жадала аб’яднацца з Фінляндыяй.
Пасля рэвалюцыі 1917 года, акрамя Фінляндыі і Эстоніі, на мапе былой Расійскай імперыі з’явіліся і іншыя фінскія дзяржавы – Паўночная Карэлія і Паўночная Інгрыя. Апошняя кіравала часткай Петраградскага павета аднайменнай губерніі з 1919 па 1920 год.
18 мая 1920 года часткі Чырвонай Арміі ліквідавалі Паўночнакарэльскую дзяржаву са сталіцаў у пасёлку Ухта (Архангельская губернія), якая атрымлівала фінансавую і ваенную падтрымку ад фінскага ўрада.
Але толькі ў ліпені 1920 года чырвонаармейцы здолелі канчаткова выбіць фінаў з Усходняй Карэліі. Фінскія войскі засталіся толькі ў Рэбальскай і Парасазерскай валасцях Усходняй Карэліі.
14 кастрычіка 1920 года вайна нарэшце завяршылася. Паводле Тартускай мірнай дамовы, Савецкая Расія пайшла на значныя тэрытарыяльныя саступкі: незалежная Фінляндыя атрымала Заходнюю Карэлію да ракі Сестра, Пячэнгскую вобласць у Запаляр’і, заходнюю частку паўвыспы Рыбацкая і вялікую частку паўвыспы Сярэдняй. У 1940 і 1945 гадах Сталін верне ўсе гэтыя тэрыторыі.
Зрэшты, Фінляндыя таксама пайшла на саступкі. Паводле той жа Тартускай дамовы, прыпыняла сваё існаванне і цалкам вярталася ў склад Расіі Паўночная Інгрыя, якая раней жадала далучыцца да Фінляндыі.
Ці варта казаць, што для іжорскіх фіна-вуграў гэта была сапраўдная трагедыя, тым больш што потым была расстраляна 12 000 інграў – цвет гэтай маленькай нацыі.
За нядоўгі час свайго існавання рэспубліка Паўночная Інгрыя завяла сабе ўсе неабходныя дзяржаўныя атрыбуты: герб, сцяг, гімн, армію, флот, вайсковую форму, вайсковыя ўзнагароды (Крыж Белай Сцяны і Крыж Удзельніка Вызваленчай Вайны), суд, газету («Кір’ясалон саномат»), пошту і паштовыя маркі.
6 снежня 1920 года ў сталіцы Паўночнай Інгрыі вёсцы Кір’ясало быў спушчаны дзяржаўны жоўты сцяг з сінім на скандынаўскі капыл крыжом, і ў той жа дзень насельніцтва Кір’ясало сышло ў Фінляндыю.
Тэрыторыя былой рэспублікі ў 1927 годзе ўвайшла ў зноў утвораны Куйвазоўскі фінскі нацыянальны раён з цэнтрам у Куйвозі (з 1930 года ў Токсава). У 1939 годзе тэрыторыя была далучана да Паргалоўскага раёна. Пазней ад Паўночнай Інгрыі ўлады не пакінулі і сляда – адных інграў расстралялі, іншых высялілі каго ў Эстонію, каго ў Карэлію, а каго і падалей – у Сібір, на Урал. Самыя «небяспечныя», натуральна, атрымалі кулю.
Аднак, у гэтай Першай савецка-фінскай вайны быў і працяг – Другая савецка-фінская вайна. У прынцыпе, яна ўжо не мела імперскага характару – гэта была спроба вызваленчай барацьбы карэлаў. У кастрычніку 1921 года ва Усходняй Карэліі разгарэлася паўстанне супраць савецкай улады. Яго падтрымаў і фінскі ўрад. У Карэлію пайшлі ваяваць 550 фінскіх добраахвотнікаў. Але паўстане пацярпела паразу, і 1 чэрвеня 1922 года ў Маскве было заключана мірнае пагадненне, пасля якога, паводле фінскіх дадзеных, каля 30 000 карэлаў сышлі ў Фінляндыю, але савецкі ўрад пагадзіўся амнісціраваць удзельнікаў паўстання. Абодва бакі, фінскі і савецкі, паабяцалі скараціць колькасць сваіх памежных войскаў.
Расійскія гісторыкі разглядаюць вайну з Фінляндыяй у кантэксце Грамадзянскай вайны ў Расіі. Але вайну 1918–1920 гадоў немагчыма назваць унутранай. Яна была тыпова захопніцкай як з аднаго, так і з другога боку. Фіны напалі на РСФСР, каб адваяваць, як ім падавалася, фінскія тэрыторыі, а інгры і карэлы ваявалі за сваю незалежнасць, РСФСР паспрабавала нічога не аддаваць фінам і раздушыць вызваленчую барацьбу малых фінскіх народаў. Гэта не грамадзянская вайна, гэта працяг імперскіх чынаў Першай сусветнай.
ЛЁС «БАТАЛЬЁНА СМЕРЦІ»
Аб жаночым «батальёне смерці» ў савецкія гады ведалі хіба з фільма «Ленін у кастрычніку», фільма пра штурм Зімняга палаца, які разам з юнкерамі абаранялі жанчыны з гэтага створанага Керанскім батальёна. На самой справе ніякага штурму Зімняга не было: у яго натоўп рэвылюцыянераў зайшоў цалкам мірна, прыкінуўшыся дэпутатамі Думы. А праславіўся батальён не абаронай Зімняга, а адзіным боем на франтах Першай сусветнай вайны, пад Смаргонню.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года зноў абраны лідар Часовага ўрада Керанскі звярнуўся да Марыі Бачкаровай з просьбай аб аргінізацыі «жаночага батальёна смерці» для ўдзелу ў патрыятычным праекце. Да арганізацыі такога фарміравання Керанскі прыцягнуў і сваю жонку, і пецярбургскіх інстытутак, агульнай колькасцю да 2000 чалавек.
Але хто ж такая была гэтая Бачкарова, якой даверылі такую далікатную справу? Марыя Бачкарова была звычайнай вясковай сібірачкай з Томскай губерніі, якую ўжо ў пятнаццацігадовым узросце выдалі замуж. Нічым не прыкметны пачатак звычайнага жыцця тыповай расійскай сялянкі. У метрычнай кнізе прыхадской Васкрасенскай царквы захаваўся запіс ад 22 студзеня 1905 года:
Першым шлюбам Афанасій Сяргеевіч Бачкароў, 23 гады, праваслаўнага веравызнання, пражывае ў Томскай губерніі, Томскім павеце Семілукскай воласці, вёсцы Вялікае Кускова, узяў шлюб з дзяўчынай Марыяй Лявонцьеўнай Фралковай, праваслаўнага веравызнання…
Пасяліліся маладыя ў Томску. Але жыццё ў шлюбе амаль адразу не склалася з-за п’янства Афанасія, і Бачкарова без згрызотаў сумлення развіталася з мужам-жлуктам. Яна сышла да мясніка Якава Бука. У маі 1912 года Бук быў арыштаваны па абвінавачванні ў разбойных нападах і пакараны ссылкай ў Якуцк. Бачкарова пешшу пайшла за каханым ва Усходнюю Сібір, дзе ў хуткім часе яны для прыкрыцця адчынілі мясную лаўку, хаця ж на самой справе Бук быў у бандзе ханхузаў. Неўзабаве на след банды выйшла паліцыя, і Бука перавялі на пасяленне ў таёжны пасёлак Амга.
Нягледзячы на тое, што Бачкарова зноў паехала следам за суджаным, ён запіў і пачаў займацца рукапрыкладствам. У гэта чыс распачалася Першая сусветная вайна. Бачкарова вырашыла кінуць другога мужа і ўступіць у шэрагі дзейснай арміі, канчаткова развітаўшыся са сваім Яшкам. Яна вярнулася ў Томск. Запісаць жанчыну ў 24-ты рэзервовы батальён вайскоўцы адмовіліся і параілі ёй пайсці на фронт у якасці міласэрнай сястры. Тады Бачкарова без ваганняў даслала тэлеграму самому цару. І ёй адказалі! Прычым адказалі поўнай згодай. Спачатку жанчына ў пагонах выклікала кпіны і брудныя заляцанні саслужыўцаў, аднак праяўленая ў баі мужнасць прынесла ёй усеагульную павагу, Георгіеўскі крыж і тры медалі. У тыя гады за ёй замацавалася мянушка «Яшка», у гонар яе няўдалага спадарожніка жыцця. Пасля двух раненняў і мноства баёў Бачкарова была ўзведзена ў старэйшыя унтэр-афіцэры.
Вось такой незвычайнай жанчыне даручыў Керанскі ўзначаліць эксперыментальны жаночы батальён з крыважэрным найменнем. У незвычайнай воінскай частцы панавала жалезная дысцыпліна, але падпарадкаваныя скардзіліся начальству, што Бачкарова «б'е морды, як сапраўдны вахмістр старога рэжыму». Далёка не ўсе вытрымлівалі такое абыходжанне: за кароткі тэрмін колькасць жанчын-добраахвотніц скарацілася да трохсот. Астатнія былі арганізаваны ў асобны жаночы батальён, які, дарэчы, ахоўваў Зімні падчас Кастрычніцкага перавароту.
Баявы шлях «батальёна смерці» вычэрпваецца адзіным боем, што, тым не менш, з’яўляеца ўнікальным момантам у гісторыі Першай сусветнай вайны, бо ніводная з астатніх краін-удзельніц не дасылала сваіх жанчын на фронт. Нават падчас Другой сусветнай вайны, калі ў армію жанчын бралі і амерыканцы, і англічане, на фронт салдаты ў спадніцах так і не траплялі. СССР тут таксама вылучыўся тым, што дазволіў сваім жанчынам ваяваць, але на гэты раз стварыўшы спецыяльную жаночую эскадрыллю, якая добра выконвала начныя палёты над нямецкімі пазіцыямі. Немцы называлі савецкіх лётчыц «начнымі вядзьмаркамі»… Таксама савецкія жанчыны выконвалі ролю снайпераў.
Улетку 1917 года атрад Бачкаровай знаходзіўся ў Беларусі пад шматпакутнай Смаргонню падчас штурму Новаспасскага лесу ў 10 км на поўдзень ад Смаргоні на ўчастку 1-га Сібірскага армейскага корпуса. Там ужо на працягу 800 дзён ішлі пазіцыйныя баі з немцамі. Але пасля Лютаўскай рэвалюцыі становішча пагоршылася: салдаты пачалі выказваць паціфістычныя настроі, ваяваць не жадалі. Жаночы атрад, па задуме Керанскага, павінны быў узняць баявы дух дэмаралізаваных салдат. Аднак гэтая задума правалілася, а пра паводзіны жанчын падчас боя распавядаюць рознае. Афіцыйныя асобы ўнікліва паведамлялі, што атрад Бачкаровай праявіў мужнасць, іншыя – што жанчыны ў імгненне забылі ўсё, чаму іх вучылі, збіліся ў кучу, і толькі дасведчаная Бачкарова захавала вытрымку, але атрымала кантузію.
Канечне, ад спачування да няшчасных жанчын у рапарце напісалі, што атрад выявіў адвагу ў баі. А мужчынская стойкасць адной толькі Бачкаровай пакінула незабыўныя ўражанні ў камандзіра Антона Дзянікіна, які прадставіў яе да ўзнагароды. Пасля кантузіі прапаршчык Бачкарова была даслана на папраўку ў петраградскі шпіталь, і ў сталіцы яна атрымала званне падпаручніка, але ў хуткім часе пасля вяртання на пазіцыі ёй давялося распусціць «батальён» у сувязі з фактычным развалам фронту.
Дысцыпліна ў арміі працягвала імкліва зніжацца. Нягледзячы на строгія загады размаўляць з немцамі «толькі пры дапамозе кулі і штыка», непрыхаваныя выпадкі братання ў паласе перадавых акопаў да восені набылі ўсеагульны характар. У арміі панавала імкненне да міру. Пасля змены ўлады ў Петраградзе і арышту Часовага ўраду сітуацыя толькі пагоршылася. Бальшавікі проста абвяшчалі, што вайне канец, заклікалі салдат ехаць дадому.
Узімку 1917 года накіравалася ў Томск і Бачкарова, але па дарозе была затрымана бальшавікамі. Пасля адмовы супрацоўнічаць з новымі ўладамі яе абвінавацілі ў супрацоўніцтве з генералам Карнілавым, справа ледзь не дайшла да трыбунала. Дзякуючы дапамозе аднаго са сваіх былых саслужыўцаў Бачкарова вырвалася на свабоду і, апрануўшыся ў строй міласэрнай сятры, праехала ўсю краіну да Уладзівастока. Адтуль яна адплына ў агітацыйную паездку ў ЗША.
У красавіку 1918 года Марыя Бачкарова прыбыла ў Сан-Францыска. Пры падтрымцы ўплывовай і заможнай Флорэнс Харыман дачка расійскага селяніна перасекла цэлыя Штаты і 10 ліпеня дабілася аўдыенцыі ў Белым доме ў прэзідэнта Вудра Вільсана. Па сведчаннях відавочцаў, аповед Бачкаровай аб яе драматычным лёсе і просьбы аб дапамозе ў барацьбе супраць бальшавікоў да слёз кранулі прэзідэнта.
Журналіст Ісаак Дон Левін на падставе аповедаў Бачкаровай напісаў кнігу пра яе жыццё, яна пабачыла свет у 1919 годзе пад назвай «Яшка» і была перакладзена на некалькі моваў.
Пасля наведвання Лондана, дзе яна сустрэлася з каралём Георгам V і заручылася яго фінансавай падтрымкай, Бачкарова ў жніўні 1918 года прыбыла ў Архангельск. Яна разлічвала прыцягнуць мясцовых жанчын да барацьбы з бальшавікамі, але змагацца ніхто не жадаў. Генерал Марушэўскі ў загадзе ад 27 снежня 1918 года абвясціў, што прызыў жанчын на неадпаведную ім вайсковую службу будзе ганьбай для ўсёй Паўночнай вобласці і забараніў Бачкаровай насіць беспадстаўна афіцэрскую форму.
У наступным годзе Бачкарова ўжо была ў Томску пад сцягамі адмірала Калчака, дзе спрабавала арганізаваць батальён медсясцёр. Пабег Калчака з Омска яна ўспрыняла як здраду, добраахвотна з’явілася да мясцовых уладаў, якія ўзялі з яе падпіску аб нявыездзе.
Праз некалькі дзён 31-гадовая Бачкарова была ўзята пад арышт чэкістамі. Яўных доказаў яе здрады ці супрацоўніцтва з белымі не выявілася, і разбіральніцтва зацягнулася на чатыры месяцы. Паводле савецкай версіі, 16 мая яна была расстраляна ў Краснаярску, але ў заключэнні пракуратуры Расіі аб рэабілітацыі Бачкаровай у 1992 годзе сказана, што сведчанняў і дакументаў, якія б пацвярджалі яе расстрэл, няма.
А вось расійскі біёграф Бачкаровай С. У. Дрокаў лічыць, што яна не была расстраляна. З краснаярскіх засценкаў яе вызваліў усё той жа знаёмы журналіст Ісаак Дон Левін. Разам з ім яна накіравалася ў кітайскі горад Харбін, дзе сустракалася з аднапалчанінам-удаўцом, які стаў яе мужам. Змяніўшы прозвішча, Бачкарова да 1927 года жыла на Кітайскай Усходняй чыгунцы, пакуль не падзяліла лёс расійскіх сем’яў, якія былі гвалтоўна дэпартаваны ў Савецкую Расію. Усю моц невыдаткаванай мацярынскай любові яна, па меркаванні Левіна, аддавала сынам свайго мужа, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.