355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхаіл Галдзянкоў » Забытая Першая сусветная вайна » Текст книги (страница 7)
Забытая Першая сусветная вайна
  • Текст добавлен: 29 февраля 2020, 12:30

Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"


Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 19 страниц)

ГАРМАТЫ

Калі самалёты і танкі толькі пачыналі вучыцца ваяваць падчас Першай сусветнай вайны, то для артылерыі гэта быў зорны час. Гарматы самых розных калібраў, ад малютак да сапраўдных дыназаўраў абрынвалі свой смяротны агонь на праціўнікаў.

У 1914 годзе да 75 працэнтаў стратаў у асабістым складзе, нягледзячы на ўжыванне розных тыпаў узбраення, наносіла менавіта артылерыя. Відаць, тады за ёй і замацавалася імя «бог вайны». Пры гэтым прыгадваюць зазвычай цяжкую артылерыю. Сапраўды, праціўнікі дрыжэлі пад агнём 280-міліметровых ці 305-міліметровых гаўбіц, 420-міліметровых марцір ці 380-міліметровых чыгуначных гармат, што выкідалі са сваіх жэралаў велізарныя снарады, празваныя «чамаданамі», якія нават не падносілі да гармат на руках, але на спецыяльных пад’ёмных кранах, падкатваючы ў ваганетках. З’явіліся і адразу ж вельмі добра праявілі сябе мінамёты – новае пакаленне колішніх марцір. Але асноўную чорную працу выконвала больш сціплая, лёгкая, але і больш шматлікая вайсковая артылерыя.

У пачатку вайны ў Расіі вайсковая артылерыя, у адрозненні ад жабрацкай пяхоты, была амаль цалкам забяспечана і гарматамі, і боепрыпасамі. Але патрэбы вайны, якая першапачаткова планавалася як кароткачасовая, перавысілі разлікі ў 12–15 разоў. Якія б тэорыі бакі не высоўвалі напярэдадні сутыкнення, рэчаіснасць істотна іх скарэктавала: давялося нарошчваць артылерыю не толькі колькасна, але і павялічваць колькасць тыпаў і ўзораў гармат, змяняць іх боекамплект, уводзіць новыя службы.

З пераходам да пазіцыйнай вайны патрэбы ў артылерыйскіх гарматах шматкроць павялічыліся. Свая сталая агнявая сіла была патрэбна брыгадам, палкам і нават батальёнам.

У 1914 годзе артылерыя, якая пазней будзе названа «дывізійнай», складалася з лёгкай палявой, коннай і горнай. Карысталася яна 3-дзюймовымі (76-мм) гарматамі – узору 1900 і 1902 гадоў, аблегчаным «конным» варыянтам гэтых палявых гармат і горнымі гарматамі ўзору 1904 і 1909 гадоў.

Артылерыя актыўна ўдзельнічала ў фарміраванні стратэгіі пяхоты. Так, калі расійцы пачалі ўжываць палявую гармату, якую германская пяхота за эфектыўны шрапнэльны агонь называла «касой смерці», то немцы былі вымушаны перагледзець манеру пяхотнай атакі. Вельмі хутка яны перасталі на адкрытай прасторы хадзіць у напад шчыльнымі ланцугамі ў поўны рост, а замест гэтага пачалі актыўна выкарыстоўваць прыродныя ландшафты, зарывацца ў зямлю, хавацца за дротавымі загародамі, будаваць умацаванні, размяшчаць на пазіцыях прыхаваныя кулямётныя кропкі. Задачы артылерыі рабіліся ўсё складаней і складаней. Галоўнай з іх па-ранейшаму заставалася барацьба з жывой сілай. Але цяпер справа была не ў тым, каб яе знішчыць – дасягнуць гэтага ў поўнай меры было немагчыма, – але ў тым, каб стрымаць яе агнявыя магчымасці на найбольш важных накірунках.

Расійцы не дасягнулі поспеху ў стварэнні самалётаў і танкаў, затое выдатна праявілі сябе як артылерысты.

Яшчэ расійска-японская вайна прымусіла расійскіх інжынераў тэрмінова ўводзіць у боекамплект палявой гарматы фугасную гранату, і цяпер пры абстрэле бліндажоў яе роля няспынна расла. Ужо ўвосень 1915 года іх доля ў боекамплекце павялічваецца з 15 да 50 адсоткаў. Але і граната калібру 76 міліметраў аказвалася нядзейснай супраць бліндажоў, агнявых кропак з падстрэшкам, тым больш што пры падзенні снарада пад малым вуглом большасць энэргіі выбуху проста гублялася, а ладная доля аскепкаў сыходзіла ў грунт ці адлятала ўверх. Большасць заглыбленых у зямлю ўмацаванняў з’яўляліся гарызантальнымі цэлямі, таму для іх эфектыўнага паражэння снарад павінны быў падаць як мага больш строма і несці вялікі разрыўны зарад. Да таго ж гарматы з адхоннай, насцільнай траекторыяй не маглі весці агонь праз галовы сваіх войскаў. Артылерыя пільна патрабавала гаўбіц.

Больш стромая (навясная) траекторыя агню гаўбіцы патрабавала не толькі большага вугла пад’ёму ствала, але і значна меншай пачатковай хуткасці снарада, і, адпаведна, меншай адноснай даўжыні ствала і мешай шчыльнасці зараджання. Таму гаўбіца пры аналагічнай вазе і рухомасці можа мець значна большы, чым гармата, калібр. У выніку гаўбіца ў плане выбару траекторыі і дальнасці палёту снарада аказалася вельмі гнуткай зброяй.

Распрацоўкай лёгкай палявой гаўбіцы расійскія артылерысты заняліся на вопыце ўсё той жа расійска-японскай вайны. Але значна болей японскія ўрокі паўплывалі на вынаходніцтва мінамётаў.

Яшчэ пры абароне Порт-Артура мічман Сяргей Уласьеў і капітан Леанід Габята стварылі першы мінамёт, які паспяхова зрываў асадныя работы японцаў. Але першапачаткова, акрамя расійцаў, карысць мінамёта ацанілі толькі немцы. Праўда, у Расіі аддалі перавагу новай наразной марціры, а ў Германіі мінамёты аддалі на ўзбраенне сапёрам. Вялікую папулярнасць бомба і мінамёты набылі падчас пазіцыйнай вайны – гарматы з вельмі стромай траёкторыяй (марціры) маглі весці агонь са дна акопаў і са схованак, дасылаць цяжкія разрыўныя снарады ў акопы праціўніка за некалькі сотняў метраў. Вертыкальна падаючы, яны разбуралі палявыя пабудовы і забівалі вялікую колькасць людзей навокал. У большасці выпадкаў гэтыя гарматы зараджаліся проста праз рулю калібернай мінай ці, па схеме Габята-Уласьева, надкалібернай мінай, якая ўстаўлялася ў ствол хвастом-стрыжнем.

Ствараліся гарматы новага тыпу ў спешцы і з пэўнай доляй імправізацыі, што стала прычынай з’яўлення вялікай колькасці схем і узораў. Творчы падыход праяўлялі і ў полі – ужывалі што заўгодна, ад спружынных катапультаў для кідання ручных гранат да агнястрэльных самаробак з трубаў і гарматных гільзаў.

Горш справы былі са снарадамі. Амаль у самым пачатку вайны сутыкнуліся з так званым «снарадным голадам». Справа ў тым, што перадваенныя артылерыйскія запасы расталі яшчэ ў першыя месяцы, і да пачатка 1915 года на фронце пачаўся сапраўдны «голад». Улетку таго ж года штомесяцовая патрэба вызначалася ў 3 мільёны снарадаў, нягледзячы на тое, што ў 1914 годзе разлічвалі да канца вайны выкарыстаць 5,6 мільёна. Неабходна было прымаць тэрміновыя меры для павелічэння выпуску снарадаў у Расіі ці закупаць і іх за мяжой.

Камісія генерал-маёра Уладзіміра Іпацьева і Хімічны камітэт ГАУ актыўна працавалі над гэтым. Якога-ніякага поспеху ў галіне вырабу снарадаў удалося дасягнуць толькі дзякуючы пераходу на вытворчасць цэльнакорпусных гранат «паводле французскіх узораў» са звычайнага і сталістага чыгуну. Пры гэтым расійскія сурагатныя снарады, у дачыненні да заўчасных разрываў, аказаліся значна больш бяспечнымі за французскія. А вось выкарыстанне спрошчаных узрывальнікаў прывяло да шматлікіх няшчасных выпадкаў – гэта прыйшлося ўлічваць у пасляваенных распрацоўках.

Вядучую ролю падчас Першай сусветнай вайны пачынаюць адыгрываць фугасныя снарады, а асноўным выбуховым рэчывам для іх вырабу становіцца тратыл. «Снарадны голад» атрымліваецца пераадолець толькі да пачатка 1916 года. Паводле сведчанняў былога начальніка ГАУ генерала Яўгенія Барсукова, гэта прывяло да іншай скрайнасці. Пяхотныя камандзіры, кепска ўяўляючы ўласцівасці артылерыі, патрабавалі ад яе «ўраганнага», «барабаннага» і да таго падобнага агню, а артылерысты, каб «заспакоіць» іх, стралялі з такой хуткасцю, што амаль бессэнсоўна выводзілі са строю гарматы.

Таксама павялічылася роля спецыяльных снарадаў – дымавых, запальных, асвятляльных. Вайна нарадзіла прынцыпова новы іх тып – «хімічныя», узброеныя атрутнымі рэчывамі. Напрыклад, у Расіі з 1916 года выраблялі 76-мм снарады ўдушлівага (з хлорпікрынам) і атрутнага (з фосгенам ці венсінітам) дзеяння, а з 1917 года – хімічныя міны для мінамётаў. Напрыканцы вайны іх выкарыстанне ўжо не было чымсьці «экзатычным», а пасля – панавала ўсеагульнае меркаванне, што наступная сусветная бойня будзе «хімічнай».

Пачала развівацца і траншэйная артылерыя – гарматы бліжняга бою. Яшчэ ў 1910 годзе падчас рэарганізацыі расійскай арміі ўздымалася пытанне аб лёгкай артылерыі «суправаджэння», але на той момант яе палічылі залішняй, мяркуючы, што такія задачы могуць выконваць 3-дзюймовыя конныя гарматы. Але яны аказаліся занадта грувасткімі для акопаў, разлікі ледзь перакатвалі іх па полі бою.

У Расіі лёгкую 37-мм траншэйную гармату распрацаваў чалец Арткама генерал Міхаіл Розэнберг. Яго гармата ўзору 1915 года мела кароткі ствол, поршневы затвор, канструкцыйна просты драўляны лафет, гумовы буфер аддачы і бранявы шчыт, дастатковы для абароны ад куль. Боекамплект складаўся з гранат і карцечы. Гармату можна было лёгка разбіраць на тры часткі, перанесці ці перавезці па полі.

Але да пачатка 1917 года ў войска паставілі толькі 137 гармата Розэнберга, таму не меншую ролю ў траншэйнай артылерыі адыгралі 218 атрымананых са Злучаных Штатаў 37-мм аўтаматычных гармат Мак-Клейна.

Англійскі капітан Стокс распрацаваў мінамёт з калібернай мінай, якая апускалася разам з кідальным зарадам у ствол, падала ўздоўж яго пад уласнай вагой і выстрэльвала наколамі на капсуль у казённай частцы.

Гэта забяспечвала гармаце хуткастрэльнасць да 25 стрэлаў на хвіліну.

У тыя ж грозныя гады з’явіўся і такі важны на працягу ўсяго наступнага стагоддзя спецыяльны тып артылерыі, як зенітная. Хоць першая зенітная (супрацьаэрапланная) гармата была створана Францам Лэндэрам і Васілём Тарноўскім яшчэ ў 1914-м, яе вытворчасць у гады вайны не дасягнула прамысловых маштабаў. Змаганне з варожымі самалётамі выпала на долю палявых і марскіх гармат, для якіх распрацавалі мноства ямных (канструктары – Мацвееў, Мягі і іншыя) і тумбавых (Гвоздзеў, Розэнберг, Герцэншвейг, Ракалаў, Мягі) установак, якія можна было вырабляць проста ў распалажэнні войскаў.

Але лепшай стала ўстаноўка для палявой гарматы, сканструяваная Івановым – яна ўваходзіла ў артылерыйскія настаўленні да пачатку 1930-х гадоў. Для стральбы па паветраных аб’ектах, а таксама для разрывання дротавых загародаў служыла 76-мм «шрапнэль з накідкамі» Гартца, але больш эфектыўнай лічылася «кіёвая» шрапнэль Розэнберга – снарад з гатовымі стрыжневымі аскепкамі.

У Германіі ў святле вопыту апошніх войнаў, асабліва Расійска-японскай, велізарнае значэнне надавалася цяжкай артылерыі. Лічылася, што яе роля будзе значнай не толькі пры штурме фартэцый, але і падчас палявога бою, дзе з’явіліся акопы, абарончыя збудаванні, дротавыя зарароды і іншыя цэлі, супраць якіх снарад палявой гарматы мог аказацца нядзейсным. Таму было прыкладзена шмат намаганняў, каб займець перавышаючую варожую па колькасці і магутнасці асобнага стрэлу цяжкую артылерыю і каб забяспечыць яе сродкамі для як мага больш хуткага перасоўвання і своечасовай падачы на неабходным участку фронта.

Французы, у сваю чаргу, лічылі, што ў манеўранай вайне, да якой яны рыхтаваліся, цяжкая артылерыя не знойдзе шырокага ўжытку і будзе толькі абмяжоўваць рухомасць арміі. У Францыі меркавалі, што, калі дзе-небудзь ім прыйдзецца сутыкнуцца з перашкодамі, што будуць не па сілах іх гарматам, то мэтазгодна будзе абысці дадзены ўчастак фронта, скарыстаўшыся высокай манеўранасцю сваіх частак, і такім чынам ударыць непрыяцелю ў лоб. З гэтай прычыны французы не надавалі вялікага значэння развіццю цяжкай артылерыі, а галоўную ўвагу засяроджвалі на развіцці лёгкай, дакладней, толькі лёгкай гарматы, якая, трэба прызнаць, вельмі добра ў іх выходзіла.

Расія ў асноўным прытрымлівалася пункту гледжання, блізкага да французскага, нягледзячы на сумны вопыт вайны з японцамі, вопыт, які на жаль мала чаму навучыў. Праўда, можна заўважыць некаторы ўхіл да ўжывання цяжкіх гармат, але вельмі нерашучы.

Ну а немцы яшчэ ў 1904 годзе распрацавалі, а ў 1914 годзе пабудувалі на заводах Крупа магутную 420-мм гармату-марціру, якую ласкава называлі «Таўстушка Берта» ў гонар унучкі Альфрэда Крупа, «гарматнага караля», які і вывеў фірму ў лідары. Берта Круп на той момант ужо афіцыйна была адзінай уладальніцай канцэрна. Марціра прызначалася для разбурэння асабліва моцных фартыфікацыйных пабудоў. Хуткастэльнасць «Берты» складала адзін стрэл на восем хвілін, а далёкасць палёту 900-кілаграмовага снараду – 14 кіламертаў. Усе тры кшталты снарадаў, якія выкарыстоўваліся для яе, мелі на той час велізарную разбуральную сілу. Фугасны снарад пры выбуху ўтвараў варонку глыбінёй больш за чатыры метры і дыяметрам больш за дзесяць.

Немцы паспяхова ўжывалі «Берту» падчас асады добра ўмацаваных французскіх і бельгійскіх крэпасцяў. Для даго, каб зламаць імкненне да супраціўлення і прымусіць да здачы гарнізон у тысячу чалавек, было неабходна толькі дзве гарматы, суткі часу і 360 снарадаў. Саюзнікі на Заходнім фронце называлі 420-мм марціры «забойцамі фартоў».

Разам было пабудавана 9 гармат, яны ўдзельнічалі ва ўзяцці Льежа ў жніўні 1914 года і ў бітве пад Вердэнам узімку 1916 года. Пад Крэпасць Асавец прывезлі чатыры гарматы 3 лютага 1915 года… Распаўсюджанае меркаванне аб тым, што ў сакавіку – жніўні 1918 года «Вялікая Берта», як называлі яе аглічане і французы, абстрэльвала Парыж, не адпавядае рэчаіснасці.

Для штурму Парыжа была пабудавана спецыяльная звышдальнабойная гармата «Каласаль» калібру 210-мм з дальнасцю агню да 120 кіламетраў.

НА ЗАХОДНІМ ФРОНЦЕ…

На Заходнім фронце ад самага пачатку вайны адбываліся самыя актыўныя і вырашальныя бітвы. Бітва на Марне перайшла ў так званы «бег да мора» – арміі Германіі і саюзнікаў, перасоўваючыся, спрабавалі акружыць адна адну з фланга. Гэта прывяло да таго, што лінія фронту самкнулася, упёршыся ў бераг Паўночнага мора. Дзеянні армій на гэтай плоскай, густа заселенай і перасечанай шашэйнымі і чыгуначнымі дарогамі мясцовасці адрозніваліся надзвычайнай мабільнасцю. Як толькі адны сутычкі сканчваліся стабілізацыяй фронта, абодва бакі хутка перакідвалі свае войскі на поўнач, у бок мора, і бітва ўзнаўлялася на наступным этапе. Спачатку баі ішлі па межах рэк Уаза і Сома, потым, на другім этапе, вяліся ўздоўж ракі Скарпы, дзе адбылася бітва ля Араса. На трэцім этапе адбыліся бітвы ля французскага горада Ліль і на рацэ Ізер, а таксама ля Іпра (30 кастрычніка – 15 лістапада 1914 года). 9 кастрычніка здаўся апошні асяродак супраціву бельгісйскай арміі – горад Антверпен, а стузаныя бельгійскія часткі далучыліся да англа-французскіх, заняўшы на фронце скрайнюю паўночную пазіцыю.

Да 15 лістапада прастора паміж Парыжам і Паўночным морам была шчыльна запоўнена вайскамі супернікаў, фронт стабілізаваўся, наступальны патэнцыял германцаў быў вычарпаны, абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай барацьбы. Важным поспехам Антанты можна лічыць тое, што ёй удалося ўтрымаць порты, найбольш зручныя для марскога злучэння з Англіяй. Бельгія амаль цалкам была занятая германскімі вайскамі.

Фронт пачынаўся ля ўзбярэжжа ў Астэндэ і ішоў проста на поўдзень да Іпра. Такім чынам, за Антантай засталася толькі невялікая заходняя частка Фландрыі з горадам Іпр. Ліль быў захоплены немцамі. Далей фронт ішоў праз Арас на Нуаён, збочваў на ўсход да Лана, які ўтрымлівалі французы. Тут лінія фронта бліжэй за ўсё падыходзіла да Парыжа (каля 70 км) і адсюль праз Рэймс ішла ў накірунку на ўсход і пераходзіла ў Вердэнскі ўмацаваны раён. Згубленая французская тэрыторыя мела форму верацяна працягам уздоўж фронта 380–400 км і глыбінёй ў самым шырокім месцы 100–130 км ад даваеннай мяжы Францыі ў бок Парыжа. Далей, у раёне Нансі, сканчвалася зона актыўных баявых дзеянняў 1914 года, фронт ішоў у асноўным па мяжы Францыі і Германіі. Нейтральныя Швейцарыя і Італія (да часу) у вайне ўдзелу не прымалі.

У лістападзе 1914 года пачала складацца стабільная лінія фронта. Абодва бакі, вычарпаўшы наступальны патэнцыял, перайшлі да пабудовы траншэй і дротавых загародаў, разлічаных на сталае выкарыстанне. Вайна перайшла ў пазіцыйную фазу. З прычыны таго, што працягласць Заходняга фронта (ад Паўночнага мора да Швейцарыі) складала крыху больш за 700 кіламетраў, шчыльнасць размяшчэння войскаў была тут значна вышэйшай, чым на Усходнім фронце. Асаблівасцю кампаніі было тое, што інтэнсіўныя баявыя дзеянні вяліся толькі на паўночнай частцы фронта (на поўнач ад Вердэнскага ўмацаванага раёна), дзе абодва бакі канцэнтравалі асноўныя сілы.

Фронт на поўдзень ад Вердэна праціўнікі разглядалі як другарадны. Згубленая французамі зона, цэнтрам якой з’яўлялася Пікардзія, была шчыльна заселенай і лічылася важнай як у сельскагаспадарчых, так і ў прамысловых адносінах.

Не толькі царскія генералы не шкадавалі салдат і завальвалі ворага трупамі, прадпрымаючы бессэнсоўныя прарывы кшталту Брусілаўскага. Сярод немцаў у гэтым плане «вызначаўся» генерал Лангемарк. Ён арганізаваў атаку, якая ўразіла нямецкую грамадскасць сваёй недарэчнасцю і пагардай да чалавечага жыцця. Генерал кінуў на англійскія кулямёты падраздзяленні, якія складаліся з неабстраляных маладых людзей – студэнтаў і рабочых. Потым падобныя рэчы пачалі паўтараць военачальнікі з абодвух бакоў, а салдаты на гэтай вайне пачалі разглядацца як «гарматнае мяса».

Як у Германіі і Францыі, так і ў Расіі ўсе меркавалі, што вайна працягнецца некалькі месяцаў, не больш за паўгады. Але высветлілася, што генералы рыхтаваліся да мінулай вайны, а не да цяперашняй.

Не ўлічылі дасягненняў інжынернай і тэхнічнай думкі праціўнікаў. Арміі ўмелі цяпер не толькі атакаваць, бамбаваць, атручваць газамі, але і супрацьстаяць падобным атакам. Былі вынайдзены процівагазы, бліндажы і акопы для працяглай абароны. Да пачатку 1915 года абодва бакі сутыкнуліся з тым, што вайна прыняла не прадугледжаны ранейшымі планамі характар – яна стала зацяжной. Хоць у немцаў і атрымалася захапіць амаль цэлую Бельгію і значную частку Францыі, іх галоўная мэта – імклівая перамога над французамі – апынулася абсалютна недасягальнай. І Антанце, і Цэнтральным дзяржавам прыйшлося, па сутнасці, весці яшчэ не бачаны чалавецтвам тып вайны – вымотвальную, доўгатэрміновую вайну, якая патрабавала татальнай мабілізацыі эканомікі і насельніцтва.

Адносная няўдача Германіі мела яшчэ адзін важны вынік – Італія, трэці ўдзельнік Траістага саюзу, устрымалася ад уступлення ў вайну на яе баку.

Інтэнсіўнасць дзеянняў на Заходнім фронце з пачатка 1915 года значна зменшылася. Германія засяродзіла свае сілы на падрыхтоўцы аперацыі супраць Расіі. Французы і англічане таксама вырашылі скарыстацца паўзай для назапашвання сіл. На працягу першых чатырох месяцаў 1915 года на фронце панавала цішыня, баявыя дзеянні вяліся толькі ў Артуа, ля горада Арас (у лютым французы прадпрынялі спробу наступлення) і на паўднёвым усходзе ад Вердэна, дзе германскія пазіцыі стваралі так званы Сэр-Міельскі выступ, які французы спрабавалі знішчыць у красавіку. Англічане ў сакавіку зрабілі няўдалую спробу наступлення ля вёскі Неў-Шапэль.

Немцы, у сваю чаргу, распачалі контр-наступленне супраць англійскіх войскаў у паўночнай частцы фронта, у Фландрыі ля Іпра (22 красавіка – 25 мая), падчас якога Германія ўпершыню ў гісторыі чалавецтва з поўнай нечаканасцю для англічан и французаў ужыла хімічную зброю, выпусціўшы на пазіцыі ворага хлор з балонаў. Ад газу пазярпела 15 000 чалавек, з якіх 5000 загінула. Але немцы не мелі дастатковых рэзерваў, каб скарыстацца вынікам газавай атакі і прарваць фронт. Пасля апісаных іпрскіх падзей абодва бакі вельмі хутка здолелі распрацаваць процівагазы разнастайных канструкцый, і далейшыя спробы ўжыцця хімічнай зброі ўжо не былі неспадзяванкай для вялікай колькасці войска.

Падчас гэтых баявых дзеянняў, якія далі малазначныя вынікі пры істотных стратах, абодва бакі ўпэўніліся ў тым, што штурм добра абсталяваных пазіцый (некалькі ліній акопаў, бліндажы, загароды з калючага дроту) без актыўнай артылерыйскай падрыхтоўкі бесперспектыўныя.

Аперацыя ў Артуа

3 мая 1915 года Антанта пачала новае наступленне ў Артуа, якое вялося сумеснымі англа-французскімі сіламі.

Французы наступалі на поўнач ад Араса, англічане – на сумежным участку ў раёне Неў-Шапэль. Наступленне было арганізавана па-новаму: велізарныя сілы пяхоты, карпусоў кавалерыі, артылерыі былі засярэджаны на 30-кіламетровым участку. Наступленню папярэднічала шасцідзённая артылерыйская падрыхтоўка (было выдаткавана 2,1 млн. снарадаў), якая, як меркавалася, павінна была цалкам задушыць супраціў германскіх войск. Разлікі не спраўдзіліся. Велізарныя страты Антанты (130 000 чалавек), панесеныя за шэсць тыдняў баёў, абсалютна не адпавядалі дасягнутым вынікам – да сярэдзіны чэрвеня французы прасунуліся ў глыбіню на 3–4 км на 7-кіламетровым участку фронту, а англічане – менш, чым на 1 км на 3-кіламетровым участку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю