355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхаіл Галдзянкоў » Забытая Першая сусветная вайна » Текст книги (страница 14)
Забытая Першая сусветная вайна
  • Текст добавлен: 29 февраля 2020, 12:30

Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"


Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 19 страниц)

У гэтым упэўніваюць вынікі абмеркавання вышэйшым армейскім камандаваннем праекта аб адмене прызыва яўрэяў у армію. Упершыню думка аб замене воінскай павіннасці для яўрэяў асаблівым грашовым падаткам была выказана ў 1903 годзе падчас абмеркавання ваенным міністрам і міністрам фінансаў вайсковага бюджэту на 1904 год.

Прапанова об замене для іўдзеяў службы грашовымі выплатамі зноў усплыла ў 1907 годзе, у гэты раз ініцыятыва ў пэўнай ступені сыходзіла ад самога цара. Мікалай І наклаў ухвальныя рэзалюцыі на штогадовыя справаздачы камандуючага Віленскай вайсковай акругай і херсонскага губернатара за 1907 год, якія патрабавалі спыніць прызыў яўрэяў у армію. Камандуючы Віленскай вайсковай акругай, у прыватнасці, дакладваў цару:

Спрадвечным злом нашай арміі з’яўляюцца яўрэі, шкодныя якасці якіх цяпер у поўным росквіце… вайсковыя начальнікі… выказваюцца за абсалютнае спыненне прыёма яўрэяў у армію.

Рэзалюцыя Мікалая ІІ гучала так:

І я таксама.

У непрыдатнасць яўрэяў да арміі і іх быццам супраціўныя для службы характары можна было б стопрацэнтна паверыць, калі б аналагічнага стаўлення, але куды менш галоснага і афіцыйнага, не было б і да палякаў, фінаў, татараў і некаторых іншых народаў. Знакамітая Дзікая дывізія, якая праславіла сябе на франтах Першай сусветнай і ў той жа час мела такія ж самыя адмоўныя водгукі ў афіцэраў, як і яўрэі. Але відаць з-за неабароненасці і слабасці становішча яўрэяў як у самой арміі, так і ў грамадстве ў цэлым, здзекавацца з іх было, напэўна, прасцей і весялей для камандавання.

Зараз мы на некаторы час адыдзем ад яўрэйскага пытання, каб каротка распавесці пра лёс мала каму вядомай зараз Дзікай дывізіі, як каротка называлі Каўказскую тубыльскую конную дывізію.

Паводле законаў Расійскай імперыі горцы Паўночнага Каўказа, якія на працягу 60 гадоў вялі жорсткую абарончую вайну супраць царызму і акупацыі іх земляў, таксама доўгі час не падлягалі воінскаму прызыву. Тым не менш Аляксей Арсенеў, які прайшоў Першую сусветную вайну афіцэрам кавалерыі, прыгадвае:

Яшчэ ў руска-японскай вайне з народнасцяў Каўказа, якія былі вольнымі ад воінскай павіннасці, за выключэннем грузін і армян, з’явілася шмат ахвотнікаў ісці на фронт. З іх быў складзены асаблівы конны полк, які заслужыў сабе славу, але пасля заканчэння вайны быў расфарміраваны.

Напэўна, цар прыгадаў пра гэта, і ў хуткім часе пасля пачатка вайны з Германіяй у адпаведнасці з загадам імператара Мікалая ІІ ад 23 жніўня 1914 года з шасці каўказскіх конных палкоў, кожны з якіх складаўся з 4 эскадронаў, была створана Каўказская тубыльская конная дывізія.

Дывізіі таксама былі перададзены Асецінская пешая брыгада і 8-ы Данскі казацкі артылерыйскі дывізіён. Камандзірам Каўказскай тубыльскай коннай дывізіі быў прызначаны малодшы брат цара, Світы Яго Вялікасці генерал-маёр вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч; начальнікам штаба дывізіі – палкоўнік Якаў Давыдавіч Юзэфовіч, якога ў крыніцах называюць літоўскім татарынам. Але, на самой справе, ён быў беларускім татарынам, што віддаць па яго імені і прозвішчу. Паняцце літоўскі ў тыя гады ўжо перайшло ад спрадвечных ліцвінаў (беларусаў) да жмудзінаў (цяпер летувісаў).

У «дзікай» дывізіі такога дзікунства, як біццё морды і стрэл у спіну зненявідлага афіцэра ніколі не было. Хаця канечне экзатычны выгляд каўказскіх вершнікаў падаваўся многім варварскім, але па-сапраўднаму дзікунскім для некаторых страявых афіцэраў было перасоўванне вершнікаў не ў шыхце, а натоўпам, атака на ворага лавай, што, зрэшты, было характэрна і для казакоў.

У прынцыпе, стаўленне да вайны ў каўказцаў першапачаткова адрознівадлася ад стаўлення расійцаў. Афіцэры дывізіі прыгадвалі, што найбольшую адданасць горцы праяўлялі падчас рэйдаў па тылах праціўніка. Мясцовае насельніцтва пры гэтым пакутвала. Кавалерыст Анатоль Маркаў прыгадваў:

Падчас начлегаў і пры ўсялякім зручным выпадку вершнікі імкнуліся адасобіцца ад палка з намерам сцягнуць у жыхароў усё, што кепска ляжала. З гэтым камандаванне змагалася самымі рознымі метадамі, аж да расстрэлу вінаватых, але за два першых гады вайны цяжка было вывесці з іх чыста азіяцкі падыход да баявых дзеянняў як на паход па здабычу…

Часта бывала, што да многіх каўказцаў і не адразу даходзіла і сутнасць іх абавязкаў. Той жа Анатоль Маркаў прыгадвае:

У верасні 1915 года на агляд дывізіі прыехаў камандуючы Дзявятай арміяй генерал Лячыцкі. Перад ім шыхт горцаў – «абадраныя напаўсалдты-напаўразбойнікі на аблавухіх клячах». Генерал раз’юшаны, карыстаючыся выпадкам адсутнасці вялікага князя Міхаіла, ён спрабуе арганізаваць разнос. «Ты, – звяртаецца ён да чачэнца Чантыева, тыркаючы яму стэкам у грудзі. – Табе піка была выдадзена ці не?»

«Выдан, твоя прысхадытэльтсва», – усміхаецца Чантыеў, задаволены тым, што прыцягнуў увагу генерала. «Дык, куды ж ты яе падзей, сукін сын?» «Нам піка нэ нужэн. Наш інгуш, чэчэн кінжал, шашка, вінтоўка маем, а піка наш кінуў к …й мацяры».

Маркаў піша, што ў групе генерала нехта засмяяўся, а

...ў Лячыцкага вочы павылупляліся і твар пачырванеў, але ад абурэння словы спыніліся ў яго на языку. «Дур-рань», – гаркнуў урэшце генерал, як з гарматы, і, рэзка развярнуўшы каня, ад’ехаў да світы, мармычучы нешта ў абурэнні.

Аднак, усё гэта задавальняла расійскіх афіцэраў і, напэўна, задавальняла цара, які спрабаваў выгнаць з арміі яўрэяў.

Праўда, з цягам часу, па словах Маркава, вершнікі

...ўсё больш і больш уваходзілі ў паняцце аб сучаснай вайне, і полк напрыканцы вайны стаў абсалютна дысцыпліванаваным, нічым не горш у гэтых адносінах за ўсялякую іншую кавалерыйскую частку.

Ілья Талстой, сын пісьменніка Льва Талстога, вайсковы журналіст у Першую сусветную, прыгадвае дзікую дывізію:

Я жыў цэлы месяц у халупіне пасярод распалажэння «дзікіх палкоў», мне паказвалі людзей, якія сталі знакамітымі на Каўказе дзякуючы таму, што з помсты забілі некалькі чалавек, – і што ж я бачыў? Я бачыў гэтых забойцаў, якія пеставалі і кармілі рэшткамі шашлыку чужых дзяцей, я бачыў, як палкі здымаліся са сваіх стаянак, і жыхары шкадавалі аб іх адыходзе, дзякавалі за тое, што яны не толькі плацілі, але і дапамагалі сваёй міласцінай, я бачыў, як яны выконвалі самыя цяжкія і складаныя ваенныя даручэнні, я бачыў іх у баях, дысцыплінаваных, шалёна адважных і няўхільных.

Нягледзячы на тое, што царызм не прынёс нічога добрага Каўказу, у 1860-я гады знішчыўшы такую вялізную культурную краіну, як Чаркесія, ад якой засталося толькі 3 % жыхароў і якую італьянскія падарожнікі Сярэднявечча называлі каўказскай Францыяй, насельніцтва Каўказа выяўляла цёплыя пачуцці нават да расійскага цара, якога самі расійцы не любілі. Так, даведаўшыся ў лютым 1917 года аб адрачэнні гасудара, кабардзінцы звярталіся да сваіх камандзіраў: «Рускія выгналі цара. Напішы яму, каб ехаў да нас у Кабарду – мы яго і пракормім, і абаронім».

Дывізія вяла цяжкія баі ля Палянчыка, Рыбнэ, Верхавіны-Быстра.

Асабліва цяжкія і крывавыя баі былі ў снежні 1914 года на Сане і ў студзені 1915 года ў раёне Ломна-Лутавіска, дзе дывізія адбівала наступ праціўніка на Перамышль. У лютым дывізія правяла шэраг паспяховых наступальных аперацый. Улетку і ўвосені 1915 года яна ўдзельнічала ў шэрагу баёў ля Шупаркі, Навасёлка-Касцюкова, у раёне Добраполе і Гайварана, якія па сведчаннях яе камандзіра вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча былі ўвянчаны «бліскучымі коннымі справамі»…

За час сваёй баявой дзейнасці Каўказская туземная конная дывізія панесла вялікія страты.

За тры гады праз службу ў падраздзяленні агулам прайшло больш за 7000 вершнікаў, ураджэнцаў Каўказа і Закаўказзя.

Каля 3500 вершнікаў былі ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі – роўна палова ад усіх!

Характэрнай рысай унутранага жыцця Каўказскай туземнай коннай дывізіі была асаблівая атмасфера, якая ў значнай ступені вызначала адносіны паміж афіцэрамі і салдатамі. Так, важнай асаблівасцю вершніка-горца было пачуццё ўласнай годнасці і поўная адсутнасць якога б там ні было ўлягання ці шапкавання, якія так упарта выхоўвае ў сваіх падпарадкаваных царызм з царквой.

Вышэй за ўсё ў дывізіі цаніліся не чыны і званні, а асабістая мужнасць і вернасць. Традыцыйны патрыярхальна-сямейны лад пакідаў адбітак і на ўнутраным жыцці каўказскіх палкоў. Ганаровыя месцы ў палкавых афіцэрскіх сходах нярэдка займалі паважаныя людзі з ліку ўнтэр-афіцэраў ці нават шараговых вершнікаў. Гэта было цалкам натуральна, бо многія воіны былі адно аднаму сваякамі.

Характэрнай рысай стасункаў у афіцэрскім асяродку дывізіі была ўзаемная павага асоб розных веравызнанняў да традыцый і звычаяў адно аднаго. У Кабардзінскім палку, у прыватнасці, ад’ютант падлічваў, колькі за сталом афіцэрскага сходу знаходзілася мусульман, а колькі хрысціян. Калі пераважалі мусульмане, то ўсе заставаліся па каўказскім звычаі ў папахах, калі хрысціян – усе папахі здымалі.

Але, на жаль, імператарская расійская армія, хоць і моцна абноўленая, засталася кансерватыўнай сістэмай. Праблемы з тым, як «упісаць» у гэтую сістэму унікальныя каўказскія часткі, пачаліся адразу, бо ніхто гэтых цяжкасцяў не прадбачыў, не рыхтаваў і не навучаў каўказцаў да ўступлення ў шэрагі дывізіі. Адносна лягчэй было з выпрацоўкай дысцыпліны: кожны мусульманін, выхаваны з пачуццём павагі да старэйшага, гэта падтрымліваецца адатамі – горскімі звычаямі. Няцяжка было навучыць і прыёмам уладання халоднай зброяй – каўказцы прызвычайваюцца да яе, што называецца, з дзяцінства. Але абыходжанне з трохлінейнай вінтоўкай, шыхт ці хаця б павярхнёвае знаёмства са статутам патрабавала працяглай і ўпартай працы. Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што большасць каўказцаў з цяжкасцю размаўляла па-расійску, а былі такія, якія расійскай мовы не ведалі ўвогуле. І як такому патлумачыць, у чым заключаюцца абавязкі і правы вартавога – гэта вылівалася ў складаную праблему.

Асаблівая культура каўказцаў і іх стаўленне да воінскай адвагі часам прыводзіла да абсурдных ці смешных сітуацый: афіцэр патрабуе ад дзяжурнага не спаць, а той адказвае: «Тэбе баіцца – не спі. Мая мужчына, мая не баіцца, спаць будэт». Нават з верхавой яздой, да якой горцы, падавалася б, прывучаны з дзяцінства, былі складанасці. У горцаў была звычка сядзець у сядле трохі бокам, то правым, то левым, у выніку чаго пасля доўгіх пераходаў з’яўлялася маса коней за збітымі спінамі, і адвучыць вершнікаў ад гэтай звычкі было вельмі цяжка.

Анатоль Маркаў прыгадвае спецыфічныя ўзаемаадносіны, якія існавалі ўнутры дывізіі. Там, напрыклад, служыў асяцін Кібіраў, ротмістр і камандзір канвою вялікага князя. Кібіраў забіў на Каўказе чачэнскага абрэка Залімхана Харачоеўскага, і яму нельга было паказвацца ў Чачэнскі полк, таму што там служылі сваякі памерлага.

Афіцэры дывізіі прыгадвалі, што ў лютым 1917 года, калі пачалася рэвалюцыя, з энтузіязмам яе сустрэлі толькі расійскія салдаты абозу і тая частка кулямётных каманд, якую сфарміравалі з матросаў. Горцы аказаліся верным падпірышчам загінулага рэжыму. «Не ведаю, сынок, ад гэтага Керанскага-Меранскага нічога добрага не будзе», – разважаў сталы балкарац у размове з Арсеневым.

У мяцежнай сталіцы яшчэ з сакавіка 1917 года хадзілі чуткі, быццам дзікую дывізію перакідваюць у Пецярбург, але нават неспакойным летам 1917-га гэта не адбылося: у жніўні іх эшалоны спыняюцца на вузлавой станцыі Дно ля Петраграда. Да таго часу намаганнямі генерала Карнілава дывізія з-за вялікіх страт на фронце была ператворана ў корпус, якім камандаваў генерал-лейтынант князь Багратыён. Але 2 верасня 1917 года глава Часовага ўрада і Вярхоўны галоўнакамандуючы Керанскі здымае Багратыёна з пасады. Корпус падазраецца ва ўдзеле ў контррэвалюцыйным перавароце на чале з Карнілавым. У генерала Паўлоўцава атрымліваецца выратаваць баяздольны корпус ад расфарміравання, але яго ўсё адно вырашаюць ад граху падалей перавесці на Каўказ.

Напрыканцы 1917 года ён базаваўся ва Уладзікаўказе і Пяцігорску, але з пачаткам новага года прыпыніў сваё існаванне. Горцаў-ветэранаў, якія прайшлі германскі фронт, зацягнула ў вір новай вайны, Грамадзянскай вайны Савецкай Расіі, у якой яны апынуліся па розныя бакі барыкад.

Многія з іх, як чаркес Келеч Гірэй, спачатку змагаліся ў шэрагах белай Добраахвотніцкай арміі, а потым, у Другую сусветную – у створаным немцамі казацкім корпусе генерала Краснова, да той пары ўважаючы бальшавікоў за ворагаў. У 1945 годзе 65-гадовага Келеч Гірэя ў аўстрыйскім Ліенцы выдалі «саветам» англічане, і ён скончыў жыццё на шыбеніцы ў Маскве. Вось такая пагарда з боку імперыі да тых, хто верыў ёй і звязваў з ёй свой лёс, што часта абарочвалася трагедыяй і чорнай няўдзячнасцю.

Аналагічна бесцырымонна і няўдзячна царызм паводзіў сябе і з яўрэямі, заганяў у рэзервацыі як у мірным жыцці, так і ў арміі.

Пытанне аб выдаленні з арміі яўрэяў было накіравана на разгляд Савета дзяржаўнай абароны – вышэйшага органа, які адказваў за выпрацоўку дзяржаўнай палітыкі, – на чале з вялікімі князем Мікалаем Мікалаевічам (будучым Вярхоўным Галоўнакамандуючым). Савет дзяржаўнай абароны ў сваім рашэнні вызначыў:

...знаходжанне яўрэяў у арміі… надзвычайнае зло, вельмі шкоднае для інтарэсаў арміі…

Разам з тым, вялікі князь не палічыў магчымым замяніць для яўрэяў воінскую павіннасць грашовым падаткам, бо гэтая мера была б несправядлівай у адносінах да іншых народнасцяў Расійскай імперыі і «амаральнай, бо ўсталёўвала б права заможнага на водкуп ад службы». Згадывалася зноў, што яўрэі плацілі б гэты падатак за сродкі хрысціян, узняўшы кошты на свае тавары.

Зрэшты, гэтае рашэнне Савета дзяржаўнай абароны ніяк не змяніла ўпэўненасць цара ў неабходнасці прыбраць яўрэяў з арміі. На справаздачу камандуючага Омскай вайсковай акругай за 1909 год, які пісаў:

Недапушчэнне яўрэяў у шэрагі войск гэтак жа важна для інтарэсаў арміі, як і для інтарэсаў дзяржавы.

Мікалай наклаў рэзалюцыю:

Я тое ж мяркую.

Рэзалюцыі манарха мелі вялікае значэнне, бо па іх бюракратыя вызначала накірунак практычнай палітыкі дзяржавы. Да 1910 года належыць забарона прымаць іўдэяў у вайсковыя вучэльні і ўзводзіць у афіцэры ахрышчаных яўрэяў.

З трэцяга разу прапанова аб адмене прызыва яўрэяў у армію была прынята па ініцыятыве Дзяржаўнай думы. У сакавіку 1911 года Дума запатрабавала тлумачэння прычын «аднолькавых з года на год буйных недабораў» прызыўнікоў з «іўдэяў, палякаў, літоўцаў[5]5
  Натуральна, так па старым звычаі называлі беларусаў, асабліва каталіцкага веравызнання, якіх у гады Першай сусветнай прызвалі больш за 70 000 – кожнага дзясятага селяліна.


[Закрыть]
, магаметан, а таксама суадносінаў колькасці прызваных іўдзеяў да іх агульнай колькасці ў Расіі». Як бачна з тэкста дакумента, праблемы з недаборам тычацца амаль усіх катэгорый жыхароў былой Рэчы Паспалітай, як бачна і тое, што гэтая праблема відавочна прыдуманая – хочацца набраць болей, чым ёсць. І яўрэі, як было напісана вышэй, у адпаведнасці з вынікамі даследвання Сямёна Гольдына, складалі 5 % ад усіх салдат, а ад усяго насельніцтва ў краіне – 4 %. Значыць, што чыноўнікі відавочна хлусілі, кажучы пра іх недабор. Але крайнімі ўсё адно выставілі яўрэяў.

Атрымаўшы такую значную патрымку з боку Думы і ведаючы аб шчырым ухваленні гэтага крока царом, вайсковыя чыноўнікі пачалі распрацоўку праекта. У 1911–1912 гадах мабілізацыйнае ўпраўленне ваеннага міністэрства прапанавала пяцідзесяці вышэйшым военачальнікам (камандуючым вайсковымі акругамі і армейскімі карпусамі) выказацца аб якасцях салдат-яўрэяў і стаўленні да магчымай адмены прызыву ў войска іўдзеяў. Усе без выключэння прызналі яўрэяў малапрыдатнымі ці ўвогуле непрыдатнымі да службы ў арміі, пераважная большасць выказалася за скасаванне ўсеагульнай воінскай павіннасці для яўрэяў. Генералы адзначалі фізічную слабасць і павышаную хваравітасць яўрэяў, іх непрыстасаванасць да фізічнай працы і цяжкасцяў вайсковай службы, з-за якой прыходзілася іх вызваляць ад складанай працы, удзелу ў манеўрах і г. д.

Пры гэтым яўрэі і самі імкнуліся ўладкавацца на нестраявыя пасады, куды іх вымушаны адпраўляць камандзіры. Кажучы аб маральных якасцях салдат-яурэяў, расійскія военачальнікі згадвалі іх баязлівасць, ілжывасць, нястойкасць у баі, схільнасць да выгароджвання адно аднаго, сімуляцыі хвароб, крадзяжоў і махлярства. Адзначалася, што разумовыя здольнасці яўрэяў вышэйшыя за сярэднюю масу салдат, але яны выкарыстоўваюць іх у асноўным для ўхілення ад цяжкасцяў службы. Адносна невялікі працэнт асуджаных салдат-злачынцаў сярод яўрэяў тлумачыўся іх асцярожнасцю і вываротлівасцю.

І вось яны супярэчнасці! Калі ўзровень злачыннасці сярод яўрэйскіх салдат нізкі, то як можна называць іх махлярамі? І калі ў іх атрымліваецца «выкруціцца» ад пакаранняў вайсковага суду, то пытанні тады да гандлёвага суду! Дзянікін ужо тлумачаў хваравітасць і кепскі фізічны стан яўрэяў-прызыўнікоў: яны, у адрознені ад славян, якія прызываліся, у асноўным, з вёсак, жылі пераважна ў бедных гарадскіх трушчобах, у жахлівых умовах. Хаця ж чыста фізічна яўрэі складзены не так атлетычна, як славяне. Але вось прыклад, які дашчэнту разбівае тэорыю аб непрыдатнасці яўрэяў: у гады Другой сусветнай 556 000 яўрэяў Злучаных Штатаў ваявала, 11 350 – загінула, і трое з іх (Райманд Зусман, Бенджамін Саламон і Ісідар Яхман) былі ўганарованы вышэйшай узнагародай – Медалём Гонару. А ў 1967 годзе яўрэі Ізраіля знішчылі сірыйскую армію, паказаўшы лепшыя тактычныя навыкі і маральны дух.

Кажучы аб жаданні скасаваць прызыў яўрэяў у расійскую армію, некаторыя военачальнікі ішлі далей і патрабавалі таксама абмежаваць іх грамадзянскія правы ці ўвогуле пазбавіць расійскага падданства. У прыватнасці, знакаміты генерал Брусілаў патрабаваў «абсалютна выняць яўрэяў з шэрагаў арміі, абмежаваўшы іх грамадзянскія правы». Выключыць іўдзеяў з расійскага падданства патрабавалі камандуючы Віленскай вайсковай акругай генерал Мартсан і наказны атаман казацкакага Войска Данскога генерал Мішчанка. Генерал Сахараў (камандзір 7-га армейскага корпуса) лічыў такі крок «сапраўдным дабром для Расіі», а генерал Ліцвінаў (камандзір 5-га армейскага корпуса) увогуле патрабаваў выгнання яўрэяў з Расіі, ці «хаця б пазбаўлення ўсіх правоў стану». Ліцвінаў, а таксама генерал Плевэ казалі і аб неабходнасці пазбавіць яўрэяў права рабіць пастаўкі для арміі.

Тут без каментароў.

Іншыя военачальнікі падводзілі пад сваё нежаданне бачыць у шэрагах расійскай арміі яўрэяў ідэалагічны падмурак. Генерал Плевэ (камандуючы войскамі Маскоўскай вайсковай акругі, падчас вайны – камандуючы шэрагам армій і Паўночным флотам) лічыў, што «яўрэі – ворагі Расіі, якія прагнуць яе разбурэння».

А вось тут генерал урэшце не схібіў! Канечне, яўрэі гэтага жадалі! Як жадалі і палякі, фіны, эстонцы, латышы, беларусы, украінцы, грузіны і іншыя народы, чые правы бязлітасна прыціскалі. Чаго вартая шыльда на адной з вуліц Вільні: «Гаварыць па-польску забаронена». Ніхто не жадаў жыць у «турме народаў», як дакладна акрэсліў Расійскую імперыю Ленін. Яўрэі з гэтай прычыны і стварылі ўласную рэвалюцыйную партыю БУНД, а ў самай масавай рабочай партыі, на чале якой стаяў Ленін, – РСДРП – складалі ледзь не 90 % сяброў. Ленін і сам быў яўрэем па мацярынскай лініі – яго маці Марыю Бланк у савецкія гады ідэолагі выдавалі за немку, а не за яўрэйку.

Камандуючы 4-й арміяй Заходняга фронту генерал Эверт адзначаў:

Заўжды і паўсюль яўрэі былі чужымі і нават варожымі інтарэсам той дзяржавы, у якой жылі… У нацыі без патрыятызму, без адданасці Уладару і Айчыне добрых салдат быць не можа.

А як жа яўрэі ЗША? Хіба гэтая краіна не была ім чужой? Яўрэі – да 55 000 – выявалі і за Францыю, якую любілі і за якую паміралі: на фронце загінула каля 9500 французскіх яўрэяў – разам з чыстакроўнымі французамі. У нямецкай арміі ваявала 100 000 яўрэяў, якім не было забаронена падкрэсліваць сваю рэлігійную асаблівасць, насіць зорку Давіда, адрошчваць бараду. У шэрагах нямецкай арміі загінула 12 000 яўрэяў… але самыя велізарныя страты панеслі яўрэі, якія служылі ў расійскай арміі – 100 000 загінулых з 650 000 ваяваўшых за ўсе гады Першай сусветнай вайны. Кожны шосты ваяр загінуў за цара. Гэта нашмат пераўзыходзіла страты яўрэяў у аўстра-венгерскай арміі, дзе з 320 000 ваяваўшых загінуў кожны восьмы – 40 000 чалавек.

Прыведзеныя вышэй статыстычныя дадзеныя не дазваляюць казаць, што расійскія яўрэі нейкім чынам ухітраліся «адкасіць» ад службы. Наадварот, было шмат добраахвотнікаў. Так, мінчук Іона Жук пайшоў ваяваць у экспедыцыйны корпус у Францыі, дзе ішлі самыя жорсткія баі. Пазней ён запісаўся ў Замежны легіён, і ў 1916 годзе быў узнагароджаны крыжам у званні ўнтэр-афіцэра.

У даваеннай Расіі ніхто з рэтраграднага атачэння цара не рабіў даследванняў наконт карыснасці ці некарыснасці яўрэяў, падмацоўваючыся толькі стэрыатыпным стаўленнем да іх, ганілі, аж вантробы выварочвалі, спрабуючы апусціць яшчэ ніжэй, чым тыя былі апушчаны дзяржавай. І ўсе гэтыя даваенныя рашэнні яўрэйскага пытання пайшлі з дымам, калі яўрэі прадэманстваралі сябе ў вайне і добрымі салдатамі на фронце, і добрымі інтэндантамі ў тыле. Шмат дактароў-яўрэяў ратавала жыцці параненым салдатам, шмат яўрэяў загінула ў баях. 1 300 000 яўрэяў ваявала на франтах па абодва бакі – ледзь не трэцяя частка ўсіх еўрапейскіх мужчын-іўдзеяў, з іх палова ў расійскай арміі. І якое ж тут ухіленне ад службы?

Вядомы выпадак, калі расійскі яўрэй з вінтоўкай наперавес уварваўся ў нямецкі акоп. Нямецкі салдат, чакаючы ўдару штыком, укленчыў і пачаў маліцца… па-яўрэйску. Расійскі салдат зразумеў, што перад ім адзінаверац, скончыў за немца малітву, кіўнуў і пабег далей.

У гады Першай сусветнай вайны тысячы яўрэяў Расіі былі ўзнагароджаны за баявыя заслугі. Напрыклад, Рыгор Зусманавіч з Украіны даслужыўся да звання ўнтер-афіцэра, пазней стаўшы генерал-маёрам. Міхаіл Хацкілевіч з Ніжняга Ноўгарада адзначыўся ў баях у 1916 годзе. У 1940 годзе яму таксама было прысвоена званне генерал-маёра…

Тым не менш, на фоне жудаснага антысемітызму да вайны былі і военачальнікі, якія выступалі супраць адмены прызыву яўрэяў у армію.

Найбольш лаканічна выказўся генерал Аляксееў, камандзір 3-га Каўказскага армейскага корпуса:

Усе народы павінны адбываць натуральную воінскую павіннасць, ні ў якім разе не замяняючы яе на грашовую…

Вялікі князь Мікалай Мікалаевіч (камандуючы войскамі Пецярбургскай вайсковай акругі і Гвардзейскага корпуса) і граф Варанцоў-Дашкоў (камандуючы вайскамі Каўказскай вайсковай акругі) адзначалі, што скасаванне яўрэйскага прызыву будзе несправядлівай ільготай. Два военачальнікі, генерал Эк (камандуючы Грэнадзёрскім корпусам) і генерал Радкевіч (камандуючы 3-м Сібірскім корпусам) лічылі нават, што з яўрэяў могуць нават атрымацца неблагія салдаты.

Эк адзначаў, што шкода, якую яўрэі прыносяць арміі, «перабольшана, пры строгасці і належным наглядзе… яны здольны несці службу. Добрых салдат-яўрэяў варта заахвочваць, у той жа час доступ у афіцэрскі корпус павінны быць забаронены і для ахрышчаных яўрэў». Радкевіч жа проста намякаў на карупцыю ў самой арміі, і дзе яна болей, тым болей там не любяць яўрэяў:

Салдаты-яўрэі шкодныя там, дзе няма цвёрдага парадку і працы з войскам… Выступленні яўрэяў у 1904–1907 гг., асабліва пад кіраўніцтвам Бунда, адсоўваюць на задні план пытанне аб прыроджанай баязлівасці і неваяўнічасці…

Службу яўрэяў у расійскай арміі Радкевіч да таго ж лічыў дзейсным сродкам іх паспяховай асіміляцыі.

Акрамя апытанняў военачальнікаў, царскімі чыноўнікамі былі зроблены гістарычныя даведкі і статыстычныя агляды службы яўрэяў, вялася шырокая перапіска з міністэрствам унутраных спраў, расійскім вайсковым агентам за мяжой былі замоўлены даведкі аб службе яўрэяў у арміях іншых краін. Вынікам усёў гэтай працы з’явіўся ліст ваеннага міністра Сухамлінава старшыні Савета міністраў ад 26 красавіка 1914 года, дзе ён з поўнай упэўненасцю выказаўся за спыненне набора ў армію яўрэяў. Фактычна ж Савет міністраў ужо з самага пачатку 1914 года «давяральным чынам» абмяркоўваў гэтае пытанне, стварыўшы асаблівую міжведамственную нараду пад старшыньствам памочніка ваеннага міністра генрала Вернандэра.

Але Першая сусветная вайна перарвала пачатую працу, і адмена прызыву яўрэяў у армію так і не адбылася. Цікава, ці змянілася б меркаванне аб яўрэях у царскіх чыноўнікаў, калі б бальшавікі не прыйшлі да ўлады? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё дыскусія аб адмене прызыву зацягнулася б з-за таго, што няўпэўненых дадалося б. І ўсё на гэтым.

Такіх шавіністаў, як цар, перавыхаваць немагчыма. Прадэманстраванае падчас падрыхтоўкі вайсковай рэформы пагардлівае і варожае стаўленне да яўрэяў без сумневу адбілася б і на жосткай палітыцы расійскіх вайсковых уладаў у адносінах да ўсяго яўрэйскага насельніцтва Расійскай імперыі, як яно і праяўлялася на захопленых тэрыторыях у гады Першай сусветнай вайны. Сляпыя шавіністы не заўважалі, як з умацаваннем антысемітызму ўзрастала рэвалюцыйная актыўнасць у самой Расіі. І вось генералы-шавіністы разам з шавіністам-царом ужо ўласнымі рукамі склалі свой пахавальны стос, падаткнуўшы яго сухім галлём. Заставалася толькі паклікаць Леніна з факелам сусветнай рэвалюцыі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю