355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхаіл Галдзянкоў » Забытая Першая сусветная вайна » Текст книги (страница 8)
Забытая Першая сусветная вайна
  • Текст добавлен: 29 февраля 2020, 12:30

Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"


Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 19 страниц)

Аперацыя ў Шампані

У пачатку верасня 1915 года Антанта падрыхтавала новае вялікае наступленне, задачай якога было вызваленне поўначы Францыі – правінцыі Шампань. Яно пачалося 25 верасня і адбывалася адначасова на двух участках, размешчаных у 120 км адзін ад аднаго, – на 35 км фронта і на 20 км фронта ў Артуа. У выніку поспеху наступальныя часткі павінны былі праз 80–100 км злучыцца на мяжы Францыі, што павінна было прывесці да вызвалення Пікардыі. У параўнанні з вясновым наступеннем ў Артуа павялічыліся маштабы: было прыцягнута 67 пяхотных і кавалерыйскіх дывізій, да 2600 гармат, падчас аперацыі было выпушчана 5 млн. снарадаў. Англа-французскія войскі ўжылі новую наступальную тэхніку – некалькімі «хвалямі». Да моманту наступлення германскія войскі здолелі ўдасканаліць свае абарончыя пазіцыі – у 5–6 кіламетрах за першай абарончай лініяй была пабудавана другая, кепска бачная з пазіцый праціўніка. Кожная з ліній абароны, у сваю чаргу, складалася з трох шэрагаў траншэй. Наступленне, якое цягнулася да 7 кастрычніка, мела надзвычай абмежаваныя вынікі – на абодвух участках удалося прарваць толькі першую лінію германскай абароны і адбіць не больш за 2–3 км тэрыторыі. У той час як страты з абодвух бакоў былі велізарнымі – англічане і французы згубілі 200 000 забітымі і раненымі, немцы – да 140 000 чалавек.

На працягу ўсяго 1915 года фронт амаль не пасунуўся – у выніку ўсіх здзейсненых саюзнікамі наступленняў лінія фронта адкацілася не больш чым на 10 км. Абодва бакі, усё больш і больш умацоўваючы свае абарончыя пазіцыі, не здолелі распрацаваць тактыку, якая б дазволіла прарваць фронт, нават на ўмовах надзвычай высокай канцэнтрацыі сіл і шматдзённай артылерыйскай падрыхтоўкі.

Велізарныя ахвяры з абодвух бакоў не давалі ніякага значнага выніку. Аднак дадзеная сітуацыя дазволіла Германіі павялічыць ціск на Усходнім фронце – умацаванне нямецкай арміі было накіравана на барацьбу з Расіяй, у той час як паляпшэнне абарончых ліній і тактыкі абароны дазваляла ўпэўнівацца ў трываласці Заходняга фронту пры паступовым змяншэнні дыслацыраваных там войскаў.

У той жа час баявыя дзеянні пачатка 1915 года прадэмастравалі, наколькі сур’ёзным цяжарам для эканомік краін-удзельніц з’яўляецца вайна. Новыя бітвы патрабавалі не толькі мабілізацыі мільёнаў грамадзян, але і велізарнай колькасці ўзбраення і боепрыпасаў. Даваенныя запасы зброі вычарпаліся, і варожыя бакі пачалі актыўна перабудоўваць свае эканомікі на патрэбы войска. Вайна са змагання армій хутка пачала ператварацца ў змаганне эканомік.

Актывізаваліся распрацоўкі новай вайсковай тэхнікі як сродаку выйсця з патавай сітуацыі на фронце, арміі рабіліся ўсё больш і больш механізаванымі. Была заўважана вялізная карысць, якую прыносіла авіяцыя (разведка і карэкціроўка артэлерыйскага агню) і выкарыстанне аўтамабіляў. Удасканальваліся метады траншэйнай вайны – з’явіліся траншэйныя гарматы, лёгкія мінамёты, ручныя гранаты.

Францыя і Расія зноў зрабілі спробу скаардынаваць дзеянні сваіх армій – адной з задач вясенняга наступлення ў Артуа з’явілася адцягванне сіл Германіі з Усходняга фронта. 7 ліпеня 1915 года ў Шантыльі распачалася першая Міжсаюзніцкая канфэрэнцыя, накіраваная на плавананне супольных дзеянняў на розных франтах і арганізацыю рознага кшталту эканамічнай і ваеннай дапамогі. 23–26 лістапада там адбывалася другая канферэнцыя. Было вырашана пачаць падрыхтоўку да зладжанага наступлення ўсіх саюзных армій на трох галоўных тэатрах – французскім, расійскім і італьянскім.

9–11 лютага 1915 года аўстрыйскія і германскія войскі пачалі наступленне ў Карпатах, асабліва моцна націскаючы на найбольш слабую частку расійскага фронта на поўдні, у Букавіне. У той жа час расійская армія пачала сустрэчны наступ, разлічваючы перайсці Карпаты і ўварвацца ў Венгрыю з поўначы. У паўночнай частцы Карпат, бліжэй да Кракава, сілы супернікаў былі роўнымі, і фронт падчас баёў у лютым і сакавіку амаль не зрушыўся, застаўшыся ў прыгор’ях з расійскага боку.

На поўдні Карпат расійская армія не здолела стрымаць націску, і да канца сакавіка большая частка Букавіны з Чарнаўцамі была страчана. Праўда, 22 сакавіка царскія войскі ўсё ж захапілі асаджаную імі аўстрыйскую крэпасць Перамышль. У палон здалося больш за 120 000 чалавек. Гэта аперацыя была апошнім буйным поспехам расійскай арміі ў 1915 годзе.

У наступным 1916 годзе полымя вайны разгарэлася з новай сілай. І падаецца, што на гэты раз фартуна павярнулася тварам ужо да Германіі.

РАСПУЦІН

Пра Распуціна ўжо вельмі шмат напісана, таму толькі каротка закранём гісторыю забойства гэтага харызматычнага палітычнага дзеяча. Паводле класічнай версіі, у змове ўдзельнічалі вялікі князь Дзміры Паўлавіч, абодва сыны вялікага князя Аляксандра Міхайлавіча, браты жонкі Ф. Юсупава і чалец Дзярждумы У. Пурышкевіч. Бацька Ф. Юсупава і былы міністр унутраных спраў А. Хвастоў чакалі вынікаў у іншай частцы палаца. У забойстве Г. Распуціна прымала ўдзел стрыечная сястра Ф. Юсупава, танцоўшчыца Вера Каралі. Адзін са швагроў Ф. Юсупава схаваўся за фіранкамі ў холе. Ён і стрэліў пасля таго, як не падзейнічала падсыпаная ў пірожныя атрута, і Г. Распуцін сабраўся сыходзіць. Куля трапіла ў вока ахвяры. У Распуціна стралялі ўжо ўсе, толькі Вера Каралі адмовілася з гучным крыкам: «Я не хачу страляць!». Яе пачулі нават у суседніх памяшканнях.

Загаворшчыкі меркавалі, што Распуцін ужо мёртвы. Яны апранулі на яго футра, загарнулі ў дарожны плед і схавалі ў сутарэннях дома з намерам пазней вынесці труп. Але Распуцін у той момант быў яшчэ жывы, нягледзячы на тое, што ў яго было зроблена адзінаццаць (!) стрэлаў. Ён прыйшоў у прытомнасць, здолеў выбрацца з сутарэння і накіраваўся ў аточаны высокай сцяной сад, дзе пачаў шукаць выйсця. Ён нават паспрабаваў пералезці праз сцяну, але гэта ў яго не атрымалася.

Разбрахаліся сабакі, што прыцягнула ўвагу забойцаў. Тыя кінуліся лавіць Распуціна, які, нягледзячы на свае раны, упарта працівіўся. Урэшце Дзмітры Паўлавіч схапіў яго, пасля чаго ён быў звязаны вяроўкамі па руках і нагах. Пасля Распуціна, які ў той момант згубіў прытомнасць, павезлі ў аўтамабілі на загадзя абранае месца на скаванай лёдам Няве, ля Каменнай выспы. З драўлянага маста Распуціна скінулі ў ваду. Але кажуць, што нават калі яго дасталі, ён быў яшчэ жывы.

Цікава, што за месяц да пачатку вайны, 29 чэрвеня 1914 года, у сяле Пакроўскам на Распуціна быў здзейснены першы замах. Яго ўдарыла нажом у жывот і цяжка параніла Хіёнія Гусева, якая прыехала з Царыцына. Распуцін паказаў, што падазрае ў арганізацыі пакушэння іераманаха-расстрыгу Іліядора, але не здолеў прывесці якіх-небудзь доказаў. 3 ліпеня Распуціна на параходзе перавезлі ў Цюмень на лячэнне. У мясцовым шпіталі ён заставаўся да 17 жніўня 1914 года.

Следства па гэтай справе цягнулася каля года. Гусеву ў ліпені 1915 года прызналі душэўнахворай і пазбавілі крымінальнай адказнасці, змясціўшы ў псіхіятрычнай лякарні ў Томску. 27 сакавіка 1917 года паводле асабістага загада старшыні Часовага ўрада Керанскага Гусеву вызвалілі.

Відаць, вар’яткай яна ніколі і не была.

Менш чым праз два гады, 16 снежня 1916 года, Распуцін усё ж быў забіты. І гэта забойства яскрава прадэманстравала, што ў смерці Распуціна была зацікаўлена не толькі «звар’яцелая» Гусева, але і брытанская разведка, і што само забойства – гэта закулісная сцэна Першай сусветнай вайны.

Звесткі аб забойстве Распуціна заўжды былі супярэчлівымі і заблытанымі, да чаго спрычыніліся як самі забойцы, так расійскія, брытанскія і савецкія ўлады. Ф. Юсупаў змяняў свае паказанні некалькі разоў: у паліцыі Санкт-Пецярбурга 16 снежня 1916 года, у ссылцы ў Крыме ў 1917 годзе і ў кнізе, напісанай у 1927 годзе. Першапачаткова былі апублікаваны ўспаміны саўдзельніка забойства У. Пурышкевіча, потым Ф. Юсупаў паўтарыў яго версію. Але гэтыя дадзеныя кардынальна разыходзіліся з матэрыяламі расследвання, пачынаючы ад такіх дэталяў, як колер вопраткі Распуцін па версіі забойцаў і той, у якой яго знайшлі, і да таго, колькі куль было выпушчана ў яго, і куды яны трапілі. Так, напрыклад, судмедэксперты знайшлі 3 раны, кожная з якіх была смяротнай – у галаву, печань і нырку. Паводле меркавання незалежных брытанскіх даследчыкаў, якія вывучалі фотаздымак, стрэл у лоб быў зроблены з брытанскага рэвальвера Webley. Аднак, такой зброі ні ў Юсупава, ні ў Пурышкевіча не было. Аб нейкім чалавеку, які ўсадзіў цалкам здароваму Распуціну кулю ў лоб, нехта ўзгадваў – гэты таямнічы чалавек некалькі разоў з’яўляўся ў паказаннях некаторых сведкаў.

Ужо ў нашыя дні брытанскія даследчыкі з Бі-Бі-Сі не адмаўляюць, а нават пацвярджаюць факт удзелу англійскай разведкі ў забойстве. Афіцэр англійскіх спецслужбаў, насамрэч, невыпадкова апынуўся ў тую ноч сярод змоўшчыкаў і зрабіў кантрольны стрэл у галаву Распуціна. Аб ім усе ўдзельнікі вырашылі змаўчаць – гэта была сакрэтная ўмова ўсёй аперацыі.

У прынцыпе, у гэтым няма ніякага англійскага каварства. Тое ж зрабіў бы і які-небудзь расійскі Штырліц, ведаючы, што вырашае лёс вайны і выратоўвае гонар радзімы. Англічане мелі дастаткова нагодаў, каб сцерагчыся Распуціна перад пагрозай сепаратнага міру Расіі з Германіяй. Нягледзячы на тое, што некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён ніколі не змусіў бы цара да гэтага, бо цар яго быццам ніколі не слухаў, у такія высновы цяжка паверыць, улічваючы тое, што Мікалай быў схільны верыць нягоднікам кшталту генерала Безабразава. Маючы ўплыў на царыцу – немку (зноў жа!) па паходжанні, і непрыхавана выступаючы за саюз з Германіяй, Распуцін вельмі проста мог дасягнуць поспеху ў рэалізацыі сваёй задумы.

Англійскія спецслужбы пайшлі на ўсё, каб маральна дыскрэдытаваць і фізічна знішчыць праціўніка. Для царскай сям’і Распуцін у той час увасабляў простую сувязь з народам, з яго «таямнічым і вялікім духам». Але ў Лондане меркавалі, што Распуцін проста чарговы нямецкі шпіён. І ён падаваўся англічанам значна больш небяспечным, чым баламутны рэвалюцыянер Ленін, якога англійская разведка відавочна недаацаніла. Але англічане баяліся расійска-германскай змовы зусім недарэмна.

Справа ў тым, што маючы працяглую мяжу з Германіяй, Расійская імперыя ў перыяд росквіту і станаўлення капіталізму пабудавала з ёй добрасуседскія стасункі. Паміж краінамі не было ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій. Расія, захапіўшы Польшчу і Фінляндыю, далей на захад ісці не збіралася, як і Германія не прагнула далучэння Польшчы і Прыбалтыкі. Кайзер так папярэджваў аб неабходнасці ўстрымацца ад вайны з Расіяй:

…На кожны наш выпад супраць Расіі, яна можа адказазаць непразказальным глупствам.

Што, у прынцыпе, і адбылося.

Саюз Германіі і Расіі, за які выступаў Распуцін, пужаў французскія і асабліва англійскія ўлады, якія прыклалі немала намаганняў, у прыватнасці, фінінсавых, каб схіліць Расію на бок Антанты, зрабіць яе ворагам немцаў. І гэта ва ўмелых брытанцаў, выдатных і тонкіх дыпламатаў, атрымалася. Расія ўсё ж здзейсніла «непрадказальнае глупства» на карысць Францыі і Англіі – пайшла ў наступ на Усходнюю Прусію і акупавала Іран.

Дзеянні брытанскай разведкі па ліквідацыі непажаданых людзей у атачэнні цара Мікалая, які лічыўся чалавекам мяккім і схільным да пераканання, робяцца больш зразумелымі, калі зірнуць на становішча на франтах у 1916 годзе. Асабліва на Заходнім фронце.

Да снежня 1916 года французы і англічане страцілі на Заходнім фронце да 750 000 чалавек, а немцы – 450 000. І французы не дарэмна баяліся, што верагодная змова Расіі і Германіі, ці проста выхад першай з вайны, вызваліць велізарныя сілы немцаў і аўстрыйцаў на ўсходзе.

Калі б план Распуціна і падбухторанай праз яго царыцы аб змове з Германіяй быў паспяхова рэалізаваны, то становішча Антанты пад Вердэнам і на іншых учатках пагоршылася б катастрафічна. І Англія, і, асабліва, Францыя спадзяваліся на дапамогу Расіі, а яе выхад з вайны ці сепаратная дамова з Германіяй прывялі б да пералому ў ходзе вайны, і не на карысць Антанты. А дзеянні такога чалавека, як Распуцін, маглі б прывесці да пагібелі саюзнікаў. Англійская контрразведка працавала значна лепш за французкую, таму іх «агент 007» і ўзяўся за ліквідацыю Распуціна, што арганізаваць было не асабліва цяжка, улічваючы наяўнасць незадаволеных Распуціным пры царскім двары.

Вось у якіх няпростых для Антанты ўмовах рыхтавалася змова супраць Распуціна. Другая палова 1916 года была самай складанай, самай напружанай, пераломнай у ходзе ўсёй вайны, была часам, калі ўсім падавалася, што перамагаюць менавіта немцы. Толькі бліжэй да лета 1917 года стала зразумела – крызіс прамінуў, Антанта вытрымала, Германія выдахлася, а на баку першай у вайну ўступілі поўныя сілаў ЗША. Цяпер час гуляў на баку Антанты. Але Расія не была б Расіяй, калі б у той самы момант, калі можа было ўздыхнуць з палёгкай і сцерці пот з ілба, не ўчыліла б нейкае «непрадказальнае глупства»… Рэвалюцыю і капітуляцыю. Зрэшты, аб гэтым пазней.

ЗАБЫТЫ РАСІЙСКІ КОРПУС

21 чэрвеня 2011 года ні ў Маскве, ні ў Пецярбургу ці дзесь яшчэ ў Расіі, а менавіта ў Парыжы быў адкрыты помнік войнам расійскага экспедыцыйнага корпуса часоў Першай сусветнай вайны. На ўбярэжжы ракі Сены, у самым сэрцы Парыжа адбылося адкрыццё помніка расійскім жаўнерам, якія загінулі ў баях за Францыю. Там памятаюць і шануюць расійскіх войнаў, што па волі лёсу апынуліся на Заходнім фронце і самааддана змагаліся там за расійскага цара і фрацузскую рэспубліку. У Расіі, наадварот, да гэтай пары няма ніводнага помніка ў гонар салдат і афіцэраў, якія загінулі на чужых франтах у Першай сусветнай вайне. Лёс расійскага экспедыцыйнага копуса доўгія годы быў невядомым расійскай публіцы.

З першых дзён вайны ўрады Англіі і Францыі пачалі настойліва прасіць Расію аб адпраўцы вайсковых злучэнняў на Заходні фронт. Калі ўвосень 1915 года ў Францыі склалася вельмі цяжкая сітуацыя з папаўненнем войска, французскі ўрад даслаў у Пецярбург дыпламатычную місію на чале з Полем Думерам – сенатарам і памочнікам ваеннага губернатара Парыжа генерала Гальені. Саюзныя дзяржавы разглядалі Расійскую імперыю як бяздонны рэзервуар чалавечых рэсурсаў – так сама, як разглядалі яе ва ўсе часы і расійскія цары. Таму ў 1915 годзе Думер прасіў расійскі ўрад даслаць на Заходні фронт ад 300 да 400 тыс. салдат узамен на французскія вінтоўкі, якіх востра патрабавала расійская армія. Такая прапанова французскага сенатара выглядала як блюзнерства. Начальнік Генеральнага штаба генерал Міхаіл Аляксееў дзівіўся, як можна «мяняць храбрага рускага салдата на бяздушныя вінтоўкі». Але націск саюзнікаў быў магутным, і Мікалай ІІ, які на той момант заняў пасаду Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, не знайшоў у сабе сілы адмовіць дэлагатам ад Французскай Рэспублікі.

У снежні 1915 года было знойдзена кампраміснае рашэнне аб адпраўцы на Заходні фронт чатырох брыгад, кожная з якіх складалася з двух палкоў. Першая і трэцяя брыгады білі накіраваны ў Францыю, другая і чацвёртая – на Балканы, дзе ўвосень 1915 года краіны Антанты былі вымушаны адкрыць новы тэатр баявых дзеянняў. Колькасць расійскага экспедыцыйнага корпуса склала агулам да 45 000 чалавек. Першая брыгада, адпраўленая раней за астатнія, ступіла на французскую зямлю ў красавіку 1916 года і ў хуткім часе прыняла актыўны ўдзел у абароне Рэймса – горада, дзе спакон вякоў каранаваліся французскія манархі.

Пасля тых баёў за расійскімі часткамі замацавалася слава мужных ваяроў, а шматлікія іх удзельнікі атрымалі французскія ўзнагароды. Тым часам, у 1916 годзе германскае камандаванне вырашыла нанесці асноўны ўдар на захадзе і вывесці з вайны Францыю. Немцы планавалі магутнымі флангавымі ўдарамі ў аснаванні Вердэнскага выступу атачыць усю вердэнскую групоўку праціўніка і такім чынам стварыць велізарны пралом у абароне, праз які потым меркавалася нанесці ўдар у фланг і тыл цэнтральным французскім арміям і разбіць увесь фронт саюзнікаў.

21 лютага 1916 года ў раёне крэпасці Вердэн германскія войскі пачалі буйную наступальную аперацыю, якая атрымала назву Бітва пад Вердэнам. Пасля ўпартых баёў з велізарнымі стратамі з абодвух бакоў немцам удалося прасунуцца на 6–8 кіламетраў наперад і ўзяць некаторыя з фартоў крэпасці. Але ў іх не атрымалася цалкам рэалізаваць свае планы. Падчас бітвы ўпершыню з боку Германіі была ўжыта новая зброя – агнямёт. У небе над Вердэнам упершыню ў гісторыі войнаў былі адпрацаваны прынцыпы вядзення паветранага бою – на баку краін Антанты змагалася амерыканская эскадрылья «Лафайет». Немцы таксама ўпершыню пачалі ўжываць самалёт-знішчальнік, у якім кулямёты стралялі праз працуючы прапелер, не пашкоджваючы яго. У баях пад Вердэнам прымалі ўдзел і расійскія жаўнеры з экспедыцыйнага корпуса.

Асноўнай праблемай расійцаў у тыя гады была поўная адсутнасць уласных дактароў і шпіталяў. Паводле ўспамінаў графа Аляксея Ігнацьева, расійскага ваеннага аташэ ў Парыжы ў гады Першай сусветнай вайны, даводзілася сутыкацца з вялікімі цяжкасцямі падчас прыёму французскімі шпіталямі расійскіх параненых салдат. Лёс кожнага з іх, па сутнасці, залежаў ад асабістых сімпатый з боку супрацоўнікаў медустановы. Паводле сведчанняў відавочцаў, стаўленне да расійскіх воінаў цяжка было назваць саюзніцкім – іх абслугоўвалі ў другую і трэцюю чаргу, выкарыстоўваючы для перавязкі брудныя бінты, ашчаджаючы лекі і прэпараты, у тым ліку болесуцішальныя сродкі.

Нярэдка расійскіх цяжка параненых салдат размяшчалі ў калідоры на халоднай падлозе, у той час як у палатах ляжалі прастуджаныя англічане і французы. Зразумела, што такое стаўленне французаў да расійцаў, што былі адпраўлены на выратаванне Парыжа, ішло не на карысць самой Францыі і стварала негатыўны вобраз заходніх саюзнікаў у простага расійскага жаўнера.

Нягледзячы на праблемы ў тыле, расійскія часткі адважна змагаліся падчас Энскай бітвы, якая ўвайшла ў гісторыю як бойня Нівэля, па прозвішчы французскага галоўнакамандуючага генерала Рабэра Нівэля. Гэта было адно з першых буйных наступленняў на Французскім фронце, якое адбылося ўвесну 1917 года. З-за поўнага правалу ўсёй аперацыі, якую аглічане і французы прайгралі, 29 красавіка 1917 года генерал Нівэль быў зняты з пасады галоўнакамандуючага і заменны на пераможца Вердэнскай бітвы, будучага маршала Францыі генерала Петэна.

Расійскія брыгады апынуліся на самым гарачым участку французскай атакі і з гэтай прычыны панеслі велізарныя страты – каля 5000 чалавек. Гэты факт істотна паўплываў на стаўленне расійскіх салдат да французскіх вайскоўцаў, якія арганізавалі такое непрадуманае наступленне і кінулі ўперад расійскія злучэнні.

Наступленне Нівэля збеглася па часе з атрыманнем звестак аб Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года і адрачэнні Мікалая ІІ, аб чым расійскія вайскоўцы даведаліся з французскіх газет. Шмат хто з ваеннаслужачых ў той сітуацыі адмовіўся прымаць удзел у незразумелай і бессэнсоўнай вайне і запатрабаваў вяртання на радзіму. Хваляванне ў асяродку расійскіх частак не засталося незаўважаным, і французскае камандванне рэзка змяніла стаўленне да расійскага кантынгенту. Усе мінулыя заслугі былі імгненна забыты французамі, як быццам подзвігаў не было зусім. Расійцам перасталі давяраць, усё «рускае» ў адзін момант стала сінонімам здрады і баязлівасці. Усе расійскія часткі, размешчаныя ў Францыі, былі выведзены з баявых пазіцый і накіраваны ў глыбокі тыл – у раён горада Ліможа ў правінцыі Авэрнь. Дзве расійскія брыгады былі раскватэраваны ў ваенным лагеры Ля-Куртын.

Але расійскія салдаты на самой справе не жадалі ваяваць у імя незразумелых ім мэтаў і адмаўляліся камусьці падпарадкоўвацца. У гэтых умовах расійскае камандаванне падзяліла жаўнераў на верных і мяцежных, ізаляваўшы першых ад другіх. Бунтаўнікоў пакінулі ў Ля-Куртыне, а тых, хто захаваў вернасць прысязе, перавялі ў іншы лагер – Курно ля горада Бардо. Так з’явіліся куртынцы і курноўцы – праціўнікі і прыхільнікі працягу вайны адпаведна.

Куртынцы, іх было каля 10 000 чалавек, адхілілі цэлы шэраг ультыматумаў французскіх уладаў, Часовага урада і расійскага генералітэту. Расійскім камандаваннем супольна з французскімі ўладамі было прынята рашэнне аб сілавым падаўленні мецяжу і ўзяцці лагера. Ён быў аточаны 3 тысячамі курноўцаў. Урэшце 16 верасня 1917 года вайсковы лагер Ля-Куртын упершыню патрапіў пад магутны артабстрэл. Вось калі пачалася Грамадзянская вайна! Не ў Расіі, а яшчэ ў Францыі, да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У першы жа дзень па лагеры было выпушчана каля 50 снарадаў. Агонь вёўся з французскіх гармат, але наводзілі іх расійскія артылерысты. 20 верасня асада лагера скончылася. Разам па мяцежніках было зроблена каля 500 стрэлаў з артылерыйскіх гармат. Апроч таго, на прагу ўсіх гэтых дзён лагер абстрэльваўся з кулямётаў.

За пяць дзён загінула, паводле неафіцыйных дадзеных, ад 400 да 600 чалавек, у асноўным, куртынцаў. Афіцыйныя лічбы значна адрозніваюцца ў меншы бок – 10 забітых і 44 параненых.

Пасля падаўлення мецяжу ў лагеры Ля-Куртын найбольш актыўныя яго ўдзельнікі былі адразу адпраўленыя ў французскія турмы. Прынятая Часовым урадам 5 лістапада 1917 года пастанова аб невяртанні брыгад у Расію да «ўрэгулявання моманту» дала французскаму боку падставу разглядаць расійскі вайсковы кантынгент як прыватную ўласнасць французскага ўрада. У студзені 1918 года ўсе расійскія злучэнні, якія знаходзіліся ў Францыі і на Балканах, перайшлі ў непасрэднае падпарадкаванне да французскага кіраўніцтва.

Вайсковае камандаванне французаў увяло ў дачыненні да расійскіх салдат сістэму трыяжу, ці сарціроўкі. Расійскім жаўнерам былі прапанаваны тры варыянты далейшых дзеянняў: змагацца далей, але ў французскіх злучэннях і пад непасрэдным камандваннем французскіх генералаў; уладкавацца ў якасці рабочых на вайсковыя прадпрыемствы Францыі ці быць сасланымі ў Афрыку, перш за ўсё ў Алжыр – галоўную французскую калонію на гэтым кантыненце. Прыкладна 300 чалавек пагадзіліся працягваць вайну на баку Францыі, 5000 чалавек аддалі перавагу працы на заводах і яшчэ 1500 чалавек вырашылі з’ехаць у спякотную Афрыку, толькі б падалей ад абрыдлай вайны.

Найбольшая колькасць жаўнераў Расійскага экспедыцыйнага корпуса абрала другі, найбольш бяспечны варыянт – стаць рабочымі. Вядома, што некаторыя салдаты нават завялі ў Францыі сем’і і ў будучыні атрымалі грамадзянства гэтай краіны. Але шмат хто пасля вайны вярнуўся на радзіму. Першыя эшалоны з Францыі ў Расію пацягнуліся ўвесну 1919 года – гэта былі інваліды, якія сталі калекамі на вайне. Следам пачалі адпраўляць і нядаўніх рабочых, якія былі вымушаны працаваць на французскіх заводах. Самым трагічным быў лёс тых, хто вырашыў адправіцца ў Афрыку.

Сустрэча на алжырскай зямлі мала нагадвала цёплы прыём, аказаны расійскім вайскоўцам у красавіку 1916 года ў Марсэлі. У Афрыцы расійцаў, якія пралівалі за Францыю кроў, прымалі ўжо як злачынцаў, ссыльных катаржнікаў. Яны жылі ў бараках за калючым дротам. Вельмі цяжкая праца, у тым ліку на вугальных шахтах і свінцовых рудніках, ва ўмовах нязвыклага клімату чакала на іх. Былыя жаўнеры вялі паўгалоднае існаванне, бо кепскай ежы хапала з цяжкасцю, а даволі нізкі ўзровень медычнай дапамогі, жахлівая антысанітарыя і жорсткія пакаранні за дысцыплінарныя парушэнні моцна паўплывалі на іх здароўе.

Толькі 20 красавіка 1920 года ў Капенгагене бальшавіцкі і французскі ўрады падпісалі пагадненне ад абмене грамадзянамі, пасля якога многія расійцы змаглі вярнуцца на радзіму.

Тыя ж, хто пагадзіўся ваяваць, былі самай малалікай, але маральна ўстойлівай групай. Нягледзячы на тое, што 3 сакавіка 1918 года савецкія ўлады падпісалі Брэст-Літоўскі[2]2
  Беларускі горад Брэст у той час называўся Брэст-Літоўск, каб не блытаць яго з польскім і французскім Брэстамі. Беларусь да 1840 года афіцыйна звалася Літвой, таму яе гарады, якія паўтаралі назвы польскіх, мелі прыростак «-Літоўск»: Брэст-Літоўск, Мінск-Літоўск, Камянец-Літоўск.


[Закрыть]
мірны дагавор, паводле якога Расія выходзіла з вайны, генерал Лахвіцкі і палкоўнік Готуа сфарміравалі Расійскі Легіён, які ў асноўным складаўся з расійскіх афіцэраў-добраахвотнікаў.

Таксама дэ-факта палонных расійскіх салдат прымушалі запісвацца ў Замежны легіён французскай арміі, дзе, забыўшыся на ўласнае паходжанне, яны павіны былі служыць пад камандаваннем французскіх афіцэраў у імя французскіх інтарэсаў.

Увесну 1918 года расійскія легіянеры гераічна абаранялі французскі горад Суасон, на які немцы ў роспачы кінулі ўсе свае сілы, што засталіся ў іх напрыканцы вайны. Іх мэтай быў захоп Парыжа, а Суасон з’яўляўся «паўночнай брамай» сталіцы Францыі. Дзякуючы самаадданасці і гераізму расійскіх салдат, шматлікія з якіх атрымалі ордэн Ганаровага легіёна – вышэйшую узнагароду Французскай рэспублікі, немцы не захапілі Парыж.

Разам з Мараканскай дывізіяй Расійскі Легіён прайшоў Латарынгію, Эльзас, вобласць Сар і ўвайшоў у Германію. Пасля Камп’енскага перамір’я ў лістападзе 1918 года Расійскі Легіён быў накіраваны ў горад Вормс на паўднёвым захадзе Германіі, які быў адведзены легіянерам для акупацыі. Як жа былі здзіўлены і абураны немцы, калі даведаліся, што расійскія часткі ўвайшлі ў горад на правах пераможцаў, а на берагах Рэйна пачаў лунаць расійскі трыкалор. Але радасць ад перамогі хутка змянілася на сум і жаль: з цэлага 45-тысячнага Расійскага экспедыцыйнага корпуса, дасланага ў сярэдзіне вайны на дапамогу саюзнікам, на развітальным ваеннным пастраенні ў Вормсе стаяла толькі 500 чалавек.

Гераічны і ў той жа час сумны шлях расійскага корпуса ў Францыі. Але перад тым, як закляйміць няўдзячных французаў, давайце лепш прыгадаем аб падобных выпадках у Расіі, ды і не толькі ў Расіі.

Падаецца, што ва ўсіх краінах замежных салдат-саюзнікаў сустракаюць як герояў, а калі тыя пачынаюць выказваць нежаданне ваяваць і ўвогуле паводзіць сябе неадэкватна, то стаўленне да іх рэзка змяняецца. Іх лічаць злачынцамі і імкнуцца ад іх пазбавіцца. Яксравы прыклад – лёс Чэхаславацкага корпуса ў Расіі.

Ужо ў самым пачатку вайны падданыя Аўстра-Венгрыі чэхі і славакі не выказвалі жадання ваяваць супраць Расіі. Яны масава здаваліся да расійцаў у палон. З гэтых ваеннапалонных і быў утвораны Чэхаславацкі корпус. Са снежня 1917 года на аснаванні дэкрэта французскага ўрада ад 19 снежня «Аб арганізацыі аўтаномнай Чэхаславацкай арміі ў Францыі» Чэхаславацкі корпус, размешчаны ў Расіі, фармальна стаў падпарадкоўвацца французскаму камандаванню і атрымаў указанне аб адпраўцы ў Францыю. Тым не менш, у лютым 1918 года, калі бальшавікі без бою здаваліся немцам, саступіўшы ім па загадзе У. Леніна палову Украіны з Беларуссю, супрацьстаяць ворагу спрабаваў толькі Чэхаславацкі корпус, які заставаўся адзіным дзейсным ваенізаваным злучэннем на тэрыторыі Расіі.

Тым не менш, трапіць у Францыю чэхі і славакі не маглі, бо ўвесь захад Расіі разам з марскімі портамі і чыгункай знаходзіўся ў руках ворага.

1 лютага 1918 года камандзір Чэхаславацкага корпуса Т. Масарык заключыў пагадненне аб нейтралітэце з бальшавіком Мураўёвым, які камандаваў наступаўшым на Кіеў 5-тысячным савецкім атрадам. Апошні паведаміў Масарыку, што ўрад Савецкай Расіі не пярэчыць ад’езду корпуса ў Францыю праз Сібір.

На справе ўсё было інакш. Падаецца, браты-расіяне не жадалі мець на сваёй тэрыторыі такое магутнае ваенізаванае злучэнне, як Чэхаславацкі корпус. Але як ад яго пазбавіцца? У пачатку 1918 года 1-я чэхаславацкая дывізія размяшчалася ў Жытоміры. 27 студзеня (9 лютага) дэлегацыя Цэнтральнай рады УНР у Брэст-Літоўску падпісала мірны дагавор з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, заручыўшыся іх падтрымкай у барацьбе з савецкімі вайскамі. З’яўленне на тэрыторыі Украіны армій дзяржаў Траістага саюза, у вачах якіх чэхі і славакі былі здраднікамі, не запавядала нічога добрага, і да 21 лютага дывізія перайшла на тэрыторыю Левабярэжнай Украіны.

Пасля падпісання Савецкай Расіяй Брэсцкага міра, згодна з якім яе войскі павінны былі пакінуць тэрыторыю Украіны, чэхаславацкія легіянеры яшчэ тыдзень, з 7 па 14 сакавіка, працягвалі дзейнічаць супольна з Украінскай савецкай арміяй, упарта стрымліваючы націск нямецкіх палкоў у раёне Бахмача. Бальшавікі пры гэтым нават не паварушыліся для абароны сацыялістычнай айчыны, якую самі абвясцілі «ў небяспецы», хаця ж пазней, на працягу 70 гадоў адзначалі гэтыя дні як момант нараджэння «савецкай арміі і ваенна-марскога флоту». Але ў чырвоных тады не было ані флоту, ані арміі.

Усе намаганні Чэхаславацкай нацыянальнай рады былі накіраваны на тое, каб арганізаваць эвакуацыю корпуса ў Францыю. Самым кароткім шляхам быў марскі – праз Архангельск і Мурманск, – аднак ад яго адмовіліся з-за боязі чэхаў, што корпус могуць перахапіць немцы, калі арганізуюць наступленне. Было вырашана накіроўваць легіянераў па Транссібірскай чыгунцы да Уладзівастока і далей праз Ціхі акіян у Еўропу.

На ўсход чэхі адпраўляліся на 63 цягніках, па 40 вагонаў у кожным. Першы эшалон выйшаў 27 сакавіка і праз месяц прыбыў у пункт прызначэння. Да мая 1918 года эшалоны расцягнуліся на некалькі тысячаў кіламетраў, ад Самары і Екацярынбурга да Уладзівастока.

Былая царская армія да лета 1918 года канчаткова спыніла сваё існаванне, у той час як РКЧА і белыя арміі толькі пачыналі фарміравацца (улетку 1918 года, а не 23 лютага!), і часта не вылучаліся баяздольнасцю.

Чэхаславацкі корпус па-ранейшаму заставаўся адзінай дзейснай сілай у Расіі, яго склад узрос да 50 000 чалавек. Але стаўленне бальшавікоў да яго было відавочна варожым. З іншага боку, нягледзячы на згоду чэшскага камандавання на частковае раззбраенне эшалонаў, сярод саміх легіянераў гэта было ўспрынята з вялікім незадавальненнем і стала нагодай да канфліктаў з бальшавікамі.

А тут і Чычэрын з-за жадання зноў дагадзіць Германіі накіраваў Краснаярскаму савету тэлеграму аб спыненні далейшага руху чэшскіх эшалонаў на ўсход:

Гэрманія рашуча патрабуе пачатка хуткай эвакуацыі нямецкіх палонных з Усходняй Сібіры ў Заходнюю ці ў Еўрапейскую Расію. Прашу ўжыць усе сродкі. Чэхаславацкія атрады не павінны перасоўвацца на ўсход.

Чычэрын

Легіянеры ўспрынялі гэта так, як быцам Расія і Германія разглядаюць іх як афіцыйных ваеннапалонных, што належаць да выдачы. У прынцыне, камісары менавіта гэта і збіраліся зрабіць, дагаджаючы немцам і аўстрыйцам. Цяпер «таварышы» толькі чакалі на выпадак ці хаця б дробную нагоду, каб раззброіць чэхаў. І такі выпадак у хуткім часе здарыўся, анекдатычны, праўда, быццам з кнігі Я. Гашака пра салдата Швейка: чугуннай ножкай ад печкі, выкінутай з эшалона з ваеннапалоннымі венграмі (а венгры і чэхі ў аўстрыйскай арміі былі непрымірымымі ворагамі), быў паранены чэшскі салдат. У адказ чэхі спынілі цягнік і адшукалі вінаватага… Скарыстаўшыся гэтым інцыдэнтам – а такіх, і нават горшых, па ўсёй Расіі было дастакова – савецкія ўлады Чэлябінска, ведаючы, чым гэта можа павярнуцца, на наступны дзень арыштавалі некалькі легіянераў. Аднак чэхі праявілі сапраўдную мужнасць і згуртаванасць. Арыштаваных сілай вызвалілі, раззброілі мясцовы атрад Чырвонай гвардыі і разнеслі збройны арсенал, захапіўшы 2800 вінтовак і артылерыйскую батарэю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю