355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхаіл Галдзянкоў » Забытая Першая сусветная вайна » Текст книги (страница 10)
Забытая Першая сусветная вайна
  • Текст добавлен: 29 февраля 2020, 12:30

Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"


Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 19 страниц)

БРУСІЛАЎСКАЯ БОЙНЯ

Сучаснікі называлі гэтую аперацыю «Луцкім прарывам», што адпавядала вайсковай традыцыі – бітвы атрымлівалі назву адпаведна месцу, дзе разгортваліся. Аднак менавіта камандуючаму А. А. Брусілаву быў аказаны велізарны гонар: баявыя аперацыі лета 1916 года на Паўднёва-Заходнім фронце атрымалі назву Брусілаўскага прарыву ці наступлення. Паводле легенды, менавіта Брусілаўскі прарыў быццам выратаваў вычарпаны Вердэн ад поўнага захопу немцамі.

Калі стаў відавочным поспех Луцкага прарыву (на жаль, занадта кароткі і не развіты), па словах ваеннага гісторыка Кярсноўскага, «перамога, якой у сусветную вайну мы яшчэ не атрымлівалі», у шэрагах расійскіх афіцэраў з’явілася боязь, што ўсё лаўры будуць аддадзены Мікалаю ІІ як Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, што ўзмоцніць аўтарытэт цара, якога мала хто паважаў за яго некампетэнтнасць у вайсковай справе і мяккасць характару.

Так, паводле меркавання контр-адмірала А. Дз. Бубнова, начальніка марскога ўпраўлення ў Стаўцы у гады Першай сусветнай вайны, «узровень яго (цара – заўв. М. Г.) ведаў адпавядаў адукацыі гвардзейскага афіцэра, чаго, само сабой разумеецца, было недастаткова не толькі для кіравання дзяржавай, але і для аператыўнага кіраўніцтва ўсёй узброенай сілай на вайне».

З усіх сфер вайсковага кіравання найбольшую цягу Мікалай ІІ адчуваў да ўнясення зменаў у галіне вайсковай формы. У прыватнасці, напрыканцы жніўня 1917 года ён вырашыў аднавіць армейскія гусарскія палкі, перайменаваныя ў драгунскія ў часы праўлення Аляксандра ІІІ.

Як справядліва заўважыў буйны савецкі гісторык П. Заянчкоўскі, значэнне гэтай меры было выключна адмоўным. Гусары і ўланы атрымалі каштоўную аперэтачную форму. Аднак яны, як і драгуны, па-ранейшаму павінны былі дзейнічаць і ў конным, і ў пешым шыхце. Нязменным застаўся і кавалерыйскі статут. Такім чынам, з вайсковага пункту гледжання гэтая рэформа насіла сімвалічнае значэнне, дакладней – была бессэнсоўнай. З іншага боку, цар нават пальцам не паварушыў, каб рэфармаваць ці хаця б даць большыя патэнцыяльныя магчымасці для развіцця самалётабудаўніцтва ці падводнага флоту.

Аднойчы цар у пэўнай афіцыйнай прамове нагаварыў шмат глупстваў наконт быццам мірнай расійскай гісторыі і пастаянных абарончых войнаў. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю міністра абароны Курапаткіна, які даслаў цару даклад, у якім з кепска прыхаваным раздражненем пісаў літаральна наступнае:

Ваша Імператарская Вялікасць!

На працягу ХVIII і ХІХ стагоддзяў Расія правяла ў войнах 128 гадоў, і толькі 72 гады былі мірнымі. Са 128 гадоў толькі пяць прыпадаюць на абарончыя войны, усё астанія – на захопніцкія…

Зрэшты, асабістыя недахопы цара, мякккасць яго характара адбіліся на адносным лібералізме Расіі ў перадваенныя гады, чым, у прыватнасці, паспяшаліся скарыстацца не толькі рэвалюцыйныя, але і вучоныя колы Беларусі. Так, у 1910 годзе беларускі прафесар Вацлаў Ластоўскі выдаў знакамітую «Кароткую гісторыю Беларусі», якую пры іншым манарху ў друк бы не пусцілі, – кнігу, для свайго часу настолькі смелую, што яна нават у часы СССР знаходзілася пад забаронай і была перавыдадзена толькі ў незалежнай Беларусі. У гэтай брашуры Ластоўскі шчыра і адкрыта напісаў аб тым, што беларусы і велікаросы ёсць людзі розных культур і фармацый, і паміж імі нічога агульнага ніколі ў гісторыі не было. Ластоўскі па зразумелых прычынах не стаў узгадваць паўстанні 1794, 1830–1831 і 1863–1864 гадоў, але на прыкладзе акупацыі Масковіяй Магілёва ў 1654 годзе прадэманстраваў, што нават праваслаўныя беларусы не знайшлі ў маскавіцкіх акупантах, якіх добраахвотна ўпусцілі ў горад, нічога рускага і праваслаўнага. Пасля пяці гадоў суседства з захопнікамі магілеўчане ўзнялі паўстанне і перабілі ўвесь гарнізон акупантаў. Падобныя рэчы адбываліся і ў іншых праваслаўных гарадах Беларусі.

Але што тычыцца вайсковых спраў, арміі, то тут Расія заўжды не паспявала за астанімі краінамі Еўропы, ну а падчас царавання Мікалая ІІ справы ішлі зусім кепска. Вось чаму вайсковыя колы мелі нагоду не праяўляць да цара павагі і цёплых пачуццяў. Менавіта з гэтай прычыны Брусілава сталі хваліць у прэсе так, як не хвалілі Іванова за перамогу ў Галіцыйскай бітве, ні Селіванава за Перамышль, ні Плеве за Тамашаў, ні Юдзеніча за Сарыкамыш, Эрзерум ці Трабзон. Праўда, вельмі хутка аказалася, што «перамога Брусілава» – пірава, і што яна не мела ні працягу, ні развіцця, але абярнулася ганьбай і раскладам войска.

У савецкія часы назва, звязаная з імём генерала, які перайшоў на службу да бальшавікоў, захавалася. Захаваўся і міф аб прарыве, які раздзьмуваў і сам Брусілаў. У прыватнасці, савецкі генерал-лейтынант Галактыёнаў у сваёй прадмове да мемуараў Брусілава пісаў:

Брусілаўскі прарыў з’яўляецца папярэднікам выдатных прарываў, здзейсненых Чырвонай арміяй у Вялікай Айчыннай вайне.

Вось як!

То імперыялістычная вайна, ганьба ёй, жывуць дызертыры, а то ўжо папярэдніца «Чырвонай арміі»… Зрэшты, савецкія пісьменнікі і гісторыкі часта дэманстравалі падобную непаслядоўнасць.

Такім чынам, летняе наступленне расійскай арміі ў 1916 годзе з’яўлялася часткай агульнага стратэгічнага плана Антанты, які прадугледжваў узаемадзеянне саюзных армій на розных тэатрах вайны. У межах гэтага плана англа-французскія войскі рыхтавалі аперацыю на Соме. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыльі (сакавік 1916 года) пачатак наступлення на французскім фронце быў прызначаны на 1 ліпеня, а на расійскім – на 15 чэрвеня 1916 года.

Дырэктыва расійскай Стаўкі галоўнага камандавання ад 24 красавіка 1916 года прызначала расійскае наступленне на ўсіх трох франтах (Паўночным, Заходнім і Паўднёва-Заходнім). Суадносіны сіл, паводле дадзеных Стаўкі, складвалася на карысць расійцаў. На канец сакавіка Паўночны і Заходні фронты налічвалі 1 220 000 штыкоў і шабляў супраць 620 000 у немцаў, Паўднёва-Заходні фронт – 512 000 супраць 441 000 у аўстрыйцаў і немцаў. Падвоеная перавага ў сілах на поўначы ад Палесся дыктавала накірунак галоўнага ўдара. Яго павінны былі нанесці злучэнні Заходняга фронта, а дапаможныя ўдары – Паўночны і Паўднёва-Заходні фронты. Для павелічэння перавагі ў сілах у красавіку – маі адбывалася даўкамплектаванне частак па штатнай колькасці.

15 мая аўстрыйскія войскі перайшлі ў наступленне на фронце ў раёне Трэнціна і нанеслі цяжкую паразу італьянцам, чыя армія апынулася на мяжы катастрофы. У сувязі з гэтым Італія звярнулася да Расіі з просьбай дапамагчы наступленнем армій Паўднёва-Заходняга фронта, каб адцягнуць аўстра-венгерскія часткі з італьянскага напрамку. 31 мая Стаўка ўласнай дырэктывай прызначыла наступ Паўднёва-Заходняга фронта на 4 чэрвеня, а Заходняга фронта – на 10–11 чэрвеня.

Нанясенне галоўнага ўдару па-ранейшаму было ўскладзена на Заходні фронт (камандуючы – генерал Эверт). Значную ролю ў арганізацыі наступлення Паўднёва-Заходняга фронта (Луцкага прарыву) адыграў генерал-маёр Ханжын.

Падчас падрыхтоўкі аперацыі камандуючы Паўднёва-Заходнім фронтам генерал Брусілаў вырашыў правесці па адным прарыве на ўчастках фронту кожнай з чатырох сваіх армій. Хаця ж гэта і распыляла сілы расійцаў, праціўнік быў пазбаўлены магчымасці своечасова перакінуць рэзервы ў напрамку галоўнага ўдару. Асноўны ціск Паўднёва-Заходняга фронту на Луцк і далей на Ковель наносіла моцная правафланговая 8-я армія (камандуючы – генерал Каледзін), дапаможныя ўдары наносіліся праз 11-ю армію (генерал Сахараў) на Броды, 7-ю (генерал Шчарбачоў) на Галіч, 9-ю (генерал Лячыцкі) на Чарнаўцы і Каламыю.

Да пачатку наступлення чатыры арміі Паўднёва-Заходняга фронту налічвалі 534 000 штыкоў і 60 000 шабляў (кавалерыі), 1770 лёгкіх і 168 цяжкіх гармат. Ім супрацьсталі чатыры аўстра-венгерскіх і адна нямецкая армія, агульнай колькасцю 448 000 пяхоты і 38 000 кавалерыі, 1301 лёгкіх і 545 цяжкіх гармат.

У напрамках удараў расійскіх армій была створана перавага ў жывой сіле (у 2–2,5 разы) і ў артылерыі (1,5–1,7 раза). Наступленню папярэднічалі старанная разведка, навучанне войскаў, абсталяванне інжынерных плацдармаў, якія наблізілі расійскія пазіцыі да аўстрыйскіх.

У сваю чаргу, на паўднёвым фланзе Усходняга фронту супраць армій Брусілава аўстра-германскія саюзнікі стварылі магутную, глыбока эшаланаваную абарону. Яна складалася з трох палосаў, якія размяшчаліся на адлегласці пяць і болей кіламетраў адна ад адной. Самай моцнай была першая, што складалася з дзвюх – трох ліній акопаў, агульнай даўжынёй 1,5–2 км. Яе аснову складалі апорныя вузлы, у прамежках – суцэльныя траншэі, подступы да якіх прастрэльваліся з флангаў, на ўсіх высотах – доты. Ад некаторых вузлоў у глыбіню адыходзілі адсечныя пазіцыі, так што ў выпадку прарыву атакуючае войска трапляла ў «мяшок». Акопы былі з падстрэшкамі, бліндажамі, сховішчамі, укапанымі глыбока ў зямлю, з жалезабетоннымі скляпеннямі і перакрыццямі з бярвёнаў і зямлі таўшчынёй да 2 метраў, здольнымі вытрымаць любы снарад. Для кулямётчыкаў усталёўваліся бетонныя калпакі. Перад акопамі цягнуліся дротавыя загароды (2–3 паласы па 4–16 шэрагаў), на некаторых участках праз іх быў пушчаны электрычны ток, падвешваліся бомбы, ставіліся міны. Дзве тылавыя паласы былі абсталяваны слабей (1–2 лініі траншэй). А паміж палосамі і лініямі акопаў усталёўваліся штучныя перашкоды – засекі, воўчыя ямы, рагаткі.

Аўстра-германскае камандаванне меркавала, што такую абарону немагчыма ўзяць. Таму масавае наступленне Брусілава для яго было абсалютнай нечаканасцю. У выніку – прарыў ліні абароны, паглыбленне ў пазіцыі ворага. Але ўявіце сабе, колькі каштаваў такі прарыў? Якія былі страты пры лабавым штурме такіх магутных умацаванняў? За некалькі дзён Брусілаў страціў больш за 300 000 салдат. І як пазней высветлілася, усе гэтыя смерці былі дарэмнымі. Гэта і ёсць «не завальвалі ворага трупамі салдат» паводле Волкава?

Нягледзячы на тое, што Брусілаўскі прарыў і на самой справе стаў самай значнай перамогай расійскай арміі за гады Першай сусветнай вайны, гэтая перамога была толькі імгненнем: расійцы не ўтрымалі занятыя пазіцыі, аўстра-венгерскае войска адкінула атакуючых назад да лініі фронту. Але гэтую «перамогу» амаль адразу раздзьмулі і міфалагізавалі, а пазней, у савецкія часы, туману толькі дадалі.

Праўда, гэтыя міфы сур’ёзна крытыкаваліся ў 1920-я і 1930-я гады, нягледзячы на супрацьдзеянне самога Брусілава, але адноўлены ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны вобраз гэтай перамогі паміраць, падаецца, не збіраецца і цяпер. У пасляваенныя гады сур’ёзныя даследчыкі Першай сусветнай вайны (Строкаў, Растуноў) таксама не здолелі пераадолець міфалагічную тэндэнцыю, якая закранула і ўсю гісторыю ўжо вайны 1941–1945 гадоў. Таму адзнакі даследчыкаў Брусілаўскага наступлення супярэчаць адна адной, бо рэальныя факты абвяргаюць баечныя гісторыі.

Сам жа Брусілаў у мемуарах, а следам за ім і некаторыя савецкія вайсковыя гісторыкі 1940-х і 1970-х гадоў стварылі наступныя асноўныя міфы аб наступленні Паўднёва-Заходняга фронта:

– Ідэя наступлення належыла менавіта Брусілаву, і ён асабіста настаяў на яго арганізацыі;

– Наступленне мела велізарны поспех – праціўнік страціў каля 2 млн. чалавек, перакінуў з іншых тэатраў баявых дзеянняў 2,2 млн. салдат і афіцэраў, дзякуючы чаму былі спынены аперацыі ля Вердэна (Францыя) і Трэнта (Італія);

– Прарыў атрымаўся дзякуючы вынайдзенаму асабіста Брусілавым метаду – наступу адразу ўсімі арміямі, з рознымі тактычнымі задачамі для кожнай, каб праціўнік не здагадаўся, дзе наносіцца асноўны ўдар (мадыфікаваны ў тэорыю «дробячых удараў» пасля 1941 года);

– Наступ спыніўся з-за колькаснай перавагі праціўніка, адсутнасці ў Брусілава рэзерваў, памылак Алексеева і камандуючага 8-й арміяй Каледзіна, «здрады» Эверта.

Аднак зварот да гістарычных прац 1920–1930-х гадоў (як савецкіх, так і замежных аўтараў), дакументаў Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва дазваляе абвергнуць выкладзеныя вышэй меркаванні. Факты кажуць аб тым, што ідэя адцягваючага ўвагу ўдара на Луцк была выказана яшчэ 1 красавіка 1916 года на нарадзе ў Стаўцы начальнікам штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага Аляксеевым і толькі дапрацавана Брусілавым у тактычным і аператыўным плане.

Прарыў ля Луцка і на Днястры сапраўды ашаламіў аўстра-венгерскую армію. Аднак ужо да ліпеня 1916 года яна ачулася ад паразы і з дапамогай германскіх войскаў здолела не толькі адбіць далейшыя атакі расійцаў, адкінуўшы іх назад, але і разграміць Румынію. Згодна з апубліваканымі архіўнымі дадзенымі, праціўнік на расійскім фронце да канца года страціў, уключна з хворымі, зусім не 2 мільёны, а менш за 1 мільён чалавек. Супраць войск Брусілава было перакінута 35 дывізій, у тым ліку 8 моцна пабітых у Італіі з захаду. Чатыры з іх былі потым адвезены назад. Разам выходзіць менш, чым спатрэбілася перакінуць супраць румын.

Як высвятляецца з дакументаў, менавіта з-за атакі Румыніі было спынена германскае наступленне пад Вердэнам. Аперацыя супраць Італіі, у сваю чаргу, «заглохла» яшчэ да пачатку Брусілаўскага прарыву.

Далей, метад так званага шырокага наступу – гэта зусім не вынаходніцтва Брусілава. Яго ўжывалі абова варожыя бакі як у 1914, так і ў 1915 годзе – як расійскія войскі Іванова ў Карпатах, так аўстра-венгерскія і нямецкія ў Галіцыі, Валыні, Польшчы, Прыбалтыцы і Сербіі. Пры прарыве ўмацаванай лініі фронту поспех мог быць дасягнуты толькі дзякуючы вялізанай колькаснай перавазе ці ва ўмовах дэмаралізацыі праціўніка. Інакш лабавы штурм прыводзіў да неапраўданых страт.

Праціўнік ужо ў чэрвені здагадаўся аб напрамку галоўнага ўдару і потым адбіў яго з дапамогай мабільных рэзерваў на вузлавых участках фронта.

Брусілаў дарэмна абвінавачваў іншых, у прыватнасці, Каледзіна, ва ўласных праліках. Той быў высунуты акурат праз Брусілава і дзейнічаў паспяхова, пакуль сам камадуючы фронтам не пачаў умешвацца ў кожную дробязь у кіраванні арміяй, якая страціла ў выніку аперацыі больш за 300 000 чалавек. Несправядлівыя і абвінавачанні ў бездзеянні Эверта: яго Заходні фронт пачаў наступленне, якое было адбіта праціўнікам. Аляксееў пасля няўдачы Заходняга фронта вырашыў перанесці галоўны ўдар на ўчастак Брусілава. На Паўднёва-Заходні фронт было накіравана да паўмільёны салдат з іншых франтоў і больш за 600 000 маршавага папаўнення. У той жа час, толькі па прыблізных падліках па ведамасцях Стаўкі, Паўднёва-Заходні фронт Брусілава з 22 мая па 14 кастрычніка 1916 года страціў 1 650 000 салдат і афіцэраў, хаця ж гэтую лічбу многія расійскія гісторыкі спрабавалі і спрабуюць выдаць за агульныя страты арміі ў вайне. Але да гэтай сумнай лічбы варта як мінімум дадаць 120 000 салдат, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі падчас Нарачанскай аперацыі. Гэта катастрофа, правал, а не перамога!

Прасцей кажучы, Брусілаў за кароткі прамежак часу проста прыціснуў праціўніка морам людзей, як да яго дзясяткі разоў рабілі і цар Пётр І, і фельдмаршал Кутузаў, і шматлікія іншыя «героі». А не лічыць і не шкадаваць салдат у расійскім войску заўжды ўмелі. Згодна з меркаваннем гісторыка Волкава, гэтыя страты для матушкі-Расіі былі «неадчувальнымі».

Брусілаў жа, насуперак славе свайго легендарнага прарыву, на жаль, не выканаў ніводнай баявой задачы: вораг не быў разгромлены, яго страты былі меншымі, чым у расійцаў, поспех для атак на Заходнім фронце гэтай грандыёзнай наступальнай аперацыяй так і не быў падрыхтаваны. Горад Ковель, які прыцягваў усю ўвагу Брусілава, так і не быў узяты, нягледзячы на жахлівыя страты трох армій, якія марна яго штурмавалі. Невыпадкова многія аўтары звязвалі раскладанне расійскай арміі з руйнаваннем надзей на развіццё поспеху ў выніку наступлення Брусілава.

БОЙНЯ НІВЭЛЯ

Не трэба думаць, што толькі ў Расіі не шкадавалі салдат. Былі аналагічныя выпадкі і ў Францыі, і ў Германіі. Вось толькі там тых, хто дапускаў неапраўданыя страты ніхто не ўзносіў як герояў – іх звальнялі, і ў народзе памяць аб такіх камандзірах заставалася адпаведная. Чэшскі пісьменнік Яраслаў Гашак меў рацыю, абсмейваючы ў сваім легендарным «Салдаце Швейку» прагнілы бюракратычны апарат Аўстра-Венгерскай імперыі. Аналагічны бюракратызм, фармалізм і рэтраградства квітнелі ўва ўсіх арміях той вайны.

Так, французскі галоўнакамандуючы Рабэр Нівэль, адзначаны пад Вердэнам, зрабіў рашучую спробу наступлення на немцаў у красавіку 1917 года, калі вайну Германіі абвясцілі Злучаныя Штаты. У Камп’ене, дзе размяшчалася галоўнае камандаванне, прэзідэнт Пуанкарэ, прэм’ерміністр Рыбо і ваенны міністр Пэнлевэ сустрэліся з Нівэлем і яго генераламі. Генерал Мішле, які раней быў найбольш лютым праціўнікам плана Нівэля, цяпер выказаў супраць яго толькі нерашучыя довады, а д’Эсперэ і Петэн дапоўнілі іх прафесійнымі каментарамі, якія з пункту гледжання галоўнакамандуючага выглядалі дастакова кволымі. Сам Нівэль выказаў жаданне сысці ў адстаўку, але гэтага ўрад сцярпець не мог. Канферэнцыю ў Камп’ене завяршылі, не прыняўшы пэўнага рашэння, але выявіўшы два непрыемныя факты – няздольнасць выбарных палітычных лідараў кіраваць «тэхнікамі» тагачаснай вайны і глупства Лойд-Джорджа, які дапускаў, што падпарадкаванне англійскай арміі французскаму генералу не значыць падпарадкавання французскаму ўраду. З брытанцамі ў Камп’ене нават не раіліся.

Для брытанскіх саюзнікаў Нівэль прапанаваў наступленне для адцягвання ўвагі, якое павінна было на тыдзень апярэдзіць яго ўласнае. Участкам, абраным для наступлення стаў Арас, размешчаны на самай поўначы раёна нямецкага адступлення. Стратэгічна важную граду Вімі павінны быў атакаваць канадскі корпус 1-й арміі генерала Хорна, а 3-я армія генерала Аленбі працягвала б наступленне на поўдзень ад канадцаў, яшчэ далей на поўдзень 5-я армія генерала Гоу павінна была імітаваць атаку. Арас быў яшчэ адным эпізодам, дзе ўсё вырашала артылерыя (амаль 3000 гармат) і дакладная папярэдняя падрыхтоўка.

Артылерыйская падрыхтоўка пачалася 4 красавіка 1917 года, а 9 красавіка пад дажджом і снегам было распачата наступленне.

Каралеўскі паветраны флот меў колькасную перавагу, але, маючы машыны, якія саступалі найноўшым германскім самалётам, здолеў выканаць баявую задачу толькі коштам цяжкіх страт. У бітве змаглі прыняць удзел толькі 60 танкаў, але стан грунту не дазволіў многім з іх атакаваць. З іншага боку, артылерыя мела дастатковую колькасць боепрыпасаў, і яны былі адносна добрай якасці; байцы, якія атрымалі досвед на Соме, дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства і стваралі дакладную завесу агнявой загароды.

Пяхота значна палепшыла тактыку, выкарыстаўшы сетку падземных памяшканняў Араса для таго, каб схаваць 20 000 чалавек, а таксама пабудаваўшы галерэі, якія дазвалялі войску выходзіць на перадавую, застаючыся незаўважаным. На гарачым участку знаходзіліся і салдаты Расійскага экспедыцыйнага корпуса. Пачатковая фаза наступлення стала амаль трыумфам, які не здолела сапсаваць нават надвор’е.

Чатыры дывізіі канадскага корпуса «перамахнулі праз вяршыню» а 5.30 раніцы 9 красавіка, прыкрытыя агнём 983 гармат і мінамётаў, якія паспелі абрынуць на немцаў каля мільёна снарадаў. Да сярэдзіны раніцы канадцы былі ўжо на сваім трэцім аб’екце. Раптоўны разрыў аблокаў ненадоўга выпусціў сонечнае святло, што дазволіла абодвум бакам рэальна ацаніць сітуацыю: немцы ўбачылі, што страцілі высату, канадцы зразумелі, што перамаглі. Удзень яны ўжо стаялі на хрыбеце, гледзячы зверху на даліну Дуэ. Канадцы былі першымі з саюзніцкіх салдат, хто зрабіў гэта пасля далёкіх дзён 1915 года, калі французы на працягу некалькіх гадзін утрымлівалі самую паўночную частку высаты. Гэта была незвычайная карціна: ззаду цягнулася прастора разварочанага бруду, спераду цалкам спустошаная зямля… Далей, на нямецкім баку, ляжала мірная сельская мясцовасць з вёсачкамі, якія з вялікай адлегласці падаваліся не закранутымі вайной.

Гэта быў адзін з найбольш драматычных момантаў вайны. Толькі пасля 4 гадзін дня была зроблена спроба накіраваць наперад кавалерыю, але з-за варонак на полі яна пацярпела няўдачу. Усё ж вынікам канадскіх намаганняў быў поспех.

Афіцыйны канадскі гісторык казаў:

Падчас папярэдніх баявых дзеянняў аб’екты браліся дарагім коштам, і потым зноў былі згублены з-за няўмення эфектыўна супрацьстаяць контратакам праціўніка. Злучэнні саюзнікаў даказалі сваю здольнасць пераходзіць без затрымкі ад хуткага нападу да актыўнай супольнай абароны.

Але значэнне таго, што зрабілі канадцы, цалкам не было ацэнена да наступнага года, калі града Вімі стала асновай брытанскай сістэмы абароны падчас буйнога германскага наступлення ў сакавіку 1918 года. Атрыманы 9 красавіка эфект уражваў: канадцы захапілі 4000 палонных і 54 гарматы, што каштавала ім 10 500 чалавек. На поўдні 3-я армія Аленбі таксама захапіла ў палон больш за 7000 чалавек і 112 гармат. Нямецкае вышэйшае камандаванне было глыбока ўражана. Людэндорф пісаў:

Наступствы буйнога прарыву, шырынёй ад 12 да 15 кіламетраў і глыбінёй 6 кіламетраў і больш, няцяжка ацаніць, каб папоўніць панесены ўрон, неабходны вялізаныя намаганні.

Прынц Рупрэхт Баварскі, камандуючы групай армій, адзначыў у дзённіку:

Далей паўстае пытанне. Ці ёсць хаця б нейкая карысць у працягу вайны ў такіх умовах? Толькі калі ў хуткім часе будзе заключаны мір з Расіяй. Калі не, то мы павінны прызнаць сябе пераможанымі.

Але ў брытанцаў не ўсё ішло добра. Спробы выкарыстаць кавалерыю былі безнадзейнымі. Танкаў было няшмат, і яны яшчэ былі вельмі недасканалымі. Немцы ў спешцы арганізоўвалі новую лінію абароны, укамплектаваную свежымі сіламі і падмацаваную новымі дальнабойнымі гарматамі ўдасканаленых сістэм. Далейшае прасоўванне каштавала брытанцам усё даражэй і даражэй. Назва вёскі Бюлекур, месца, дзе адбываўся манеўр 5-й арміі для адцягвання ўвагі праціўніка, стала горкім сугуччам у гісторыі Аўстраліі. Калі б наступ быў своечасова спынены, то дасягнуты поспех стаў бы значнай тактычнай перамогай, у іншым выпадку плата за поспех магла быць занадта вялікай.

Праблемай для саюзнікаў стаў і сам Р. Нівэль, які распавядаў аб сваім «бліскучым» плане каму заўгодна, у тым ліку і журналістам. Нядзіўна, што інфармацыя дайшла і да немцаў. Праўда, элемент сакрэтнасці знік і дзякуючы вельмі грувасткім прыгатаванням да наступлення з удзелам 50 дывізій і 5 тысячаў гармат. Не заўважыць перасоўванне такой колькасці чалавечых і агнявых рэсурсаў было не магчыма. Камандаванне Германіі здолела ўзмацніць пяхоту і артылерыю, а таксама распрацаваць новую тактыку «глыбокай абароны», каб ускладніць французам штурм. Удала праведзеная атака, якую немцы здзейснілі 4–5 красавіка, прынесла ім нечаканы поспех: падчас яе быў захоплены дакумент, у якім утрымліваліся дэталі і дакладны графік правядзення аперацыі Нівэля.

Цяжка прыгадаць які-небудзь іншы момант на працягу ўсёй вайны, калі б лепшыя якасці французскіх салдат праявіліся больш яскрава, чым падчас красавіцкай бітвы ля Шмэн-дэ-Дам. Уся французская армія, падавалася, была ахоплена духам афіцыйнага загада, які сканчваўся словамі:

Мы выцягваем апошнюю карту! Ад усіх патрабуецца большая мужнасць, чым праяўленая раней.

Вось, умеюць французскія камандзіры натхніць сваіх салдат! У гэтыя хвіліны Нівэль падаваўся новым Напалеонам Банапартам. Праўда, надвор’е зноў было жахлівым – струмяні дажджу чаргаваліся са снежнымі завірухамі.

Генерал Спірс, які быў сведкам наступлення, распавядае:

Але уся вада ў свеце не магла патушыць жар французскіх войскаў.

Па меры бурнага затаплення даліны Эны блакітнай масай французскіх мудураў, узрастаў і грукат іх гармат. Потым, без дзвюх хвілін шостая, на поле бою раптам упала пранізлівая ціша. Роўна а шостай агнявая завеса была перанесена ў глыбіню і пяхота рушыла наперад.

Драматычны націск французскіх дывізій быў беспамылковым, але вялікія каланіяльныя кантынгенты з Афрыкі ўжо былі напаўпераможаны суворай еўрапейскай зімой. Цемнаскурыя сенегальцы прытрымлівалі свае вінтоўкі лакцямі, нібыта парасоны, імкнучыся схаваць абмарожаныя пальцы ў складках шынялёў. Які доўгі шлях прайшлі гэтыя небаракі для таго, каб кулямёты незнаёмай чужой краіны скасілі іх смертаноснымі чэргамі! Лёс, аналагічны лёсу сенегальцаў, напаткаў і расійскіх жаўнераў, якім, зрэшты, не трэба было прызвычайвацца да снегу і холаду.

Добра прыхаваныя, раскіданыя ўглыбіні кулямёты бязлітасна выкошвалі перадавую французскую пяхоту. З успамінаў удзельніка:

Гэта было свята іх д’ябальскай зброі, яны бесперашкодна распырсквалі смерць, як струмяні вады з душа. Ніколі раней іх не было так шмат.

Французы для падтрымкі наступлення выкарысталі 80 танкаў, але яны падыйшлі позна, загразнуўшы ў парытай снарадамі зямлі, і знайшлі сваю пяхоту моцна парадзеўшай і пабітай. Ды і пагроза нямецкіх газет наконт добрага немца і дурной машыны, падаецца, пачынала рабіцца рэчаіснасцю. Нямецкія салдаты ўжо не панікавалі пры выглядзе танкаў, але трапна абстрэльвалі іх з гармат і закідвалі гранатамі.

Удзельнік тых падзей прыгадваў, як нялёгка прыходзілася французскім танкістам:

Кожны танк, заўважаны праціўнікам, у той жа час ахінаўся агнём і дымам, вакол яго разрываўся залп за залпам, і калі ён яшчэ мог рухацца, то ішоў наперад сярод частаколу выбухаў.

Страты ў танках апынуліся вельмі высокімі. У французскіх паветраных сілаў таксама не атрымалася усталяваць сваё панаванне ў небе. Артылерыя атакуючага боку пасля першай фазы бою «аслепла» і часта страляла па ўласнай пяхоце. Няўдачу ўзмацняла нястача сігнальных і асвятляльных ракет. Сур’ёзна адчуваўся і недахоп зброі, напрыклад, гранат. Страты пяхоты няўхільна павялічваліся, больш частымі рабіліся жахлівыя выпадкі, калі цэлыя хвалі атакуючых салдат траплялі пад згараджальны ці перакрыжаваны агонь кулямётаў.

Стала відавочна, што на фоне маштабнай французскай падрыхтоўкі саманадзейнасць генералаў стала прычынай іх недаравальнай нядбайнасці: не былі ўлічаны шматлікія дэталі, а магчымыя цяжкасці легкадумна адкідаліся ў бок. Нідзе гэта не праявілася так трагічна, як у медыцынскіх войсках: ім было загадана падрыхтавацца да паступлення 10 000 параненых, але па ўласнай ініцыятыве санітары падрыхтавалі месцы яшчэ на 5000 асоб. Але на справе параненых апынулася 90 000.

Адразу пасля абеда немцы распачалі контратаку, збіваючы французаў з занятых пазіцый. Да вечара французы ўжо страцілі большую частку заваяванай з такой цяжкасцю тэрыторыі.

Гэтыя падзеі прадэманстравалі, што вайну нельга выйграць за сорак восем гадзін. І цяпер з’явілася пытанне: ці можна спыніць бітву, як абяцаў Нівэль, калі яе вынік будзе правальным?

На жаль, зрабіць гэта было немагчыма. Вялікія наступы нараджалі адказ, контратакі ператваралі невялікія баі ў бітвы.

Для французскай арміі ўсе надзеі былі разбіты, няхай сабе ўсе вынікі і не магчыма было прадбачыць загадзя. Для Нівэля гэта было канцом. Ён увайшоў у гісторыю як яскравы прыклад чалавека, што занадта шмат размаўляў. Яго падрэзала нават не тое, што адбылося на полі бою, але тое, што гэта занадта адрознівалася ад яго прадказанняў. У французскага салдата ёсць фантастычная здольнасць запальвацца, і ў апошнія дні таго агіднага красавіка ён запаліўся ізноў. Для яго гэта было вялізным намаганнем, але французскі салдат гэта зрабіў. За дзесяць дзён «глыбокай абароны» немцаў французы на 16-мільным адрэзку фронта прасунуліся на 4 мілі, не ўлічваючя іншых поспехаў на 35-мільным фронце іх наступлення. Яны захапілі 28 815 палонных і каля 150 гармат. Немцы прызналі, што ў гэтай бітве страцілі 163 000 чалавек. Французскія страты да сённяшняга дня з’яўляюцца прадметам спрэчак: лічбы вагаюцца ад 137 000 (паводле афіцыйных дадзеных) да больш верагодных 187 000 (паводле парламенцкіх крыніц). Але ў любым выпадку дасягненні былі значнымі і не такімі каштоўнымі, як бойні Жофра ў 1915 годзе, што не далі ніякага выніку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю