Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 19 страниц)
СЛУЦКАЕ ПАЎСТАННЕ
Яшчэ адна белая пляма нашай гісторыі – Слуцкае паўстанне лістапада – снежня 1920 года. Пра гэтую падзею, канечне ж, не распавядалі савецкія падручнікі па гісторыі, таксама амаль нічога нельга было знайсці і ў іншай гістарычнай літаратуры. Калі і траплялася якая-ніякая інфармацыя, то яна была заведама скажонай – маўляў, белыя банды разам з палякамі. Аднак Слуцкае паўстанне – выключна беларускі ўзброены супраціў савецкай уладзе. Прыкладна месяц, з лістапада па снежань 1920 года, беларускія атрады, якія складаліся ў асноўным з сялян, давалі адпор савецкім войскам.
Паводле падпісанага 12 кастрычніка 1920 года ў Рызе мірнага пагаднення паміж Польшчай, РСФСР і УССР, замацаванага Рыжскай мірнай дамовай у сакавіку 1921 года, былі ўсталяваны новыя дзяржаўныя межы, якія падзялілі Беларусь і Украіну на дзве часткі.
Беларуская дэлегацыя ў гэтых перамовах увогуле не ўдзельнічала, бо не былі запрошаны ані прадстаўнікі БНР, ані прадстаўнікі БССР. У адпаведнасці з падпісаным пагадненнем, дэмаркацыйная лінія Кіевічы – Лань праходзіла такім чынам, што раён вакол Слуцка на некаторы час апынуўся ў нейтральнай зоне. Менавіта тут і пачаліся выступленні супраць савецкай улады, прычым пачаліся яны з сялянства, якое супрацьстаяла відавочна антынароднай бальшавіцкай палітыцы вайсковага камунізму. Сяляне Случчыны падтрымалі ідэю незалежнасці Беларускай рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Радай БНР. Узначалілі паўстанне прадстаўнікі мясцовай інтэлегенцыі і шляхты.
Слуцк быў рэгіянальным цэнтрам паўстанцаў. У 1918 годзе быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт, які ўзначаліў Павал Жаўрыд.
Падчас савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў Случчына некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. 11 кастрычніка 1920 года горад апынуўся пад кантролем палякаў. Інфармацыя аб падзеле Беларусі паміж Польшчай і бальшавікамі выклікала хвалю пратэсту ў мясцовага насельніцтва. Непасрэдна пасля абвяшчэння польскай улады ў горадзе аднавіў сваю дзейнасць Беларускі нацыянальны камітэт. Пачалі стварацца атрады беларускай самаабароны – міліцэйскі корпус з 500 чалавек.
Польскія вайскоўцы, якія рыхтаваліся да адступлення, не перашкаджалі стварэнню беларускіх атрадаў. Сярод кіраўнікоў нацыянальнага руху, аднак, не было адзінай думкі наконт далейшых дзеянняў. З аднаго боку, былі прыхільнікі супрацоўніцтва з палякамі, з іншага некаторыя выступалі за перамовы з саветамі. З-за гэтых супярэчнасцяў і быў страчаны каштоўны час, якім бальшавікі (а ў іх думка заўжды была адзінай) і скарысталіся.
Толькі ў лістападзе 1920 года польская адміністрацыя перадала ўладу Беларускаму камітэту. У суседніх вёсках былі праведзены выбары мясцовых камітэтаў. Прадстаўнікі беларускіх сацыялістаў, асноўныя прыхільнікі незалежнасці Беларусі, прапанавалі склікаць з’езд, каб зацвердзіць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Случчыны.
Былі запрошаны дэлегаты ад кожнай вобласці (па 5 чалавек) і мясцовых беларускіх арганізацый (па 1 чалавеку).
З’езд Случчыны распачаў работу 14 лістапада 1920 года, у яго склад уваходзіла 107 дэлегатаў, а таксама некалькі прадстаўнікоў арміі генерала Булак-Балаховіча. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыў Павала Жаўрыда сваім камісарам на Случчыне. З’езд таксама прыняў рэзалюцыю, якая абвясціла ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і яго ваколіцах, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.
На з’езде была абрана Рада Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам, яна складалася з 17 чалавек. Яе задачай была арганізацыя грамадскага кіравання і абароны края. Вайсковае камандаванне ўзначаліў Павал Жаўрыд. Рада абвясціла ўсеагульную мабілізацыю і працягнула стварэнне ваенізаваных атрадаў, агульная колькасць якіх склала каля дзесяці тысяч чалавек у складзе двух палкоў: 1-га Слуцкага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Ахрэма Гаўрыловіча і 2-га Слуцкага палка пад камандаваннем капітана Семенюка – яны ўтварыні Слуцкую брыгаду пад камандаваннем Антона Сокала-Кутылоўскага. Штаб камандавання ў сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі быў размешчаны ў мястэчку Семежава.
Слуцкае паўстанне было актыўна падтрымана прыхільнікамі незалежнасці на тэрыторыі ўсёй краіны, значная частка якой у той час была акупавана палякамі.
З Гродна ў Слуцк быў дастаўлены сцяг з Пагоней і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Вайсковая рада БНР, якая выконвала функцыі міністэрства абароны, накіравала ў Слуцк сваіх спецыялістаў. Пры Слуцкай брыгадзе былі створаны шпіталь і трыбунал. Слуцкая Рада планавала каардынаваць свае дзеянні з арміяй Булак-Балаховіча.
21 лістапада 1920 года Рада Случчыны загадала ўсім ваенізаваным фарміраванням сканцэнтравацца ў раёне Семежава (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). 24 лістапада ў Слуцку прайшла дэманстрацыя, а 27 лістапада пачаліся першыя баі з Омскай дывізіяй Чырвонай арміі. Слуцкая брыгада правяла некалькі паспяховых атак ля мястэчка Капыль, вёсак Цімкавічы і Вызна. Беларускія атрады атрымалі дапамогу з боку мясцовага насельніцтва, але не хапала зброі і боепрыпасаў.
Адбыліся баі ля вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Верабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютавічы, Мацкевічы, Садовічы, Морач. Савецкія войскі цярпелі паразу і нават пакінулі некалькі вёсак. Да таго ж на іх нападалі партызаны. У Слуцкую брыгаду ўваходзіла ўсё больш і больш добраахвотнікаў. Нават былі перабежчыкі з Чырвонай арміі, якія не жадалі ваяваць за бальшавікоў.
Пасля першай паразы бальшавікі былі вымушаны кінуць супраць паўстанцаў новыя падраздзяленні, сфарміраваныя з латышоў і кітайцаў.
У гэты раз сілы аказаліся няроўнымі. 31 снежня Слуцкая брыгада з баямі адышла на польскую тэрыторыю, дзе была раззброена і распушчана палякамі.
Пасля гэтага некаторыя абаронцы Слуцка не пабаяліся вярнуцца дадому, але большасць з іх амаль адразу трапілі ў турму. Частка былых салдат брыгады працягнула ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады ў складзе партызанскай Зялёнай арміі. Гэты супраціў працягваўся ажно за 1930-х гадоў, але пра гэта у падручніках па гісторыі БССР напісана не было, як і пра Слуцкае паўстанне.
Зараз дзень 27 лістапада – дзень, у які пачаўся баявы шлях Слуцкай брыгады, дзе-нідзе ў Беларусі святкуюць як Дзень Герояў, Дзень Слуцкага збройнага чыну.
ЭПІЛОГ
Калі па шчырасці, то вельмі цяжка сказаць адназначна, калі ж урэшце скончылася Першая сусветная вайна. Тут не было нейкай знакавай даты, як у вайне з Гітлерам. Яна павольна затухала, рассыпаючыся на буйныя і дробныя ўзброеныя канфлікты ў іншых краінах. Другая сусветная ў значнай ступені апынулася працягам Першай. Гітлер як лідар пацярпеўшай паразу краіны прагнуў рэваншу і новага перадзелу Еўропы. Сталін як лідар СССР, спадкаемца Расійскай імперыі, прагнуў сабраць страчаныя губерні. Абодва гэтыя тыраны ў верасні 1939 года з розных бакоў напалі на Польшчу, працягнуўшы такім чынам нявырашаны 20 гадоў таму канфлікт. Старая вайна з Фінляндыяй разгарэлася зноў. Сталін, верагодна, не збіраўся захопліваць яе цалкам, але адкусіць смачныя кавалачкі Суомі прагнуў, як і дакладна планаваў пасадзіць у Хельсінкі марыянеткавы ўрад, які, дарэчы, ўжо нават быў падрыхтаваны. Паказальна, што нават чырвоных фінаў не хапіла Сталіну для яго кішэннага ўрада – відаць, і сярод фінскіх камуністаў нямногія падзялялі палітыку правадыра Саветаў, – і ў меркаваны ўрад увайшлі расійскія людзі з фінскімі псеўданімамі. Аднак Суомі адбіліся, не дазволілі сябе заваяваць, хоць і саступіўшы частку сваёй тэрыторыі. Але ён на гэтым не супакоіўся. Калі 22 чэрвеня 1941 года Гітлер напаў на СССР, Фінляндыя абвясціла аб сваім нейтралітэце. Але ўжо на наступны дзень яе тэрыторыю пачалі бамбаваць савецкія самалёты. Старанна хаваюць адзін вельмі дзіўны факт з Другой сусветнай вайны. Атрымаўшы такі нечаканы напад, урад Фінляндыі 25 чэрвеня абвясціў вайну СССР, якую фіны назвалі Працягам. Працягам Зімовай (Фінскай) вайны 1939–1940 гадоў.
Ну а завяршылася ўсё толькі ў жніўні 1945 года, калі капітулявала апошняя саюзніца Гітлера, Японія.
Можа, гэта і ёсць поўнае завяршэнне Першай сусветнай вайны? Можа, і не варта ўвогуле падзяляць на Першую і Другую?..