355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Міхаіл Галдзянкоў » Забытая Першая сусветная вайна » Текст книги (страница 4)
Забытая Першая сусветная вайна
  • Текст добавлен: 29 февраля 2020, 12:30

Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"


Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 19 страниц)

НАСТУПЛЕННЕ ГЕРМАНІІ

Тым часам немцы, яе атрымаўшы ўрэшце ад Бельгіі дазволу на выкарыстанне яе тэрыторыі для нападзення на Францыю, раніцай 4 жніўня 1914 года перайшлі мяжу, не пытаючыся. Германская армія з лёгкасцю змяла слабыя заслоны бельгійцаў і прасунулася ў глыбіню краіны. Бельгійская армія, якую нямецкая перавышала па колькасці ў 10 разоў, нечакана аказала актыўны супраціў, які, аднак, не здолеў істотна затрымаць праціўнка.

Абыходзячы і блакуючы добра ўмацаваныя крэпасці Льеж, Намюр і Антвэрпэн, немцы гналі ўперад бельгійскую армію і 20 жніўня захапілі Брусель. У той жа дзень яны сустрэліся з англа-французскімі сіламі.

Рух германскіх войскаў заставаўся імклівым, яны, не спыняючыся, абыходзілі гарады і крэпасці, якія працягвалі змагацца. Урад Бельгіі перамясціўся у Гаўр. Кароль Альберт І з рэштай баяздольных частак працягваў абараняць Антвэрпэн.

Перад уварваннем у Бельгію не было абвяшчэння вайны.

Начальнік Генеральнага штаба Германіі фон Мольтке-малодшы гэта патлумачыў тым, што «яно непажадана, бо ёсць магчымасць, што кіраўніцтва краіны зразумее сутнасць падзей, якія адбываюцца».

Уварванне ў Бельгію было нечаканасцю для французскага камандавання, але яно здолела арганізаваць перадыслакацыю сваіх частак у накірунку прарыву значна хучэй, чым разлічвалі немцы.

7 жніўня французы сіламі 1-й і 2-й армій пачалі наступленне ў Эльзасе, а 14 жніўня – у Латарынгіі. Яно мела для Францыі сімвалічнае значэнне – гэта тэрыторыя была адарвана ад яе ў 1871 годзе. Хоць першапачаткова ў французаў і атрымалася, захапіўшы Саарбрукен і Мюльхаўзен, заглыбіцца ў германскую тэрыторыю, але ў той жа час нямецкі наступ на Бельгію прымусіў іх перакінуць туды частку сваіх войскаў. Контрудары, што адбыліся следам, не сустрэлі ў французаў дастатковага супраціву, і да канца жніўня французская армія адышла на ранейшыя пазіцыі, пакінуўшы Германіі невялічкую частку ўласнай тэрыторыі.

7 жніўня англа-французскія і германскія войскі сышліся і пачалася так званая Памежная бітва. Французскае камандаванне на момант пачатку вайны не чакала, што галоўнае наступленне будзе адбывацца праз Бельгію, і сканцэнтравала асноўныя сілы ў накірунку Эльзаса. Пасля таго, як немцы перайшлі бельгійскую мяжу, французы пачалі актыўна перакідваць свае часткі ў накірунку прарыву, на момант адкрытага сутыкненя з Германіяй фронт знаходзіўся ў некаторым беспарадку, французы і англічане былі вымушаны прымаць бой трыма асобнымі злучэннямі. На тэрыторыі Бельгіі, ля Монса, дыслацыраваўся Брытанскі экспедыцыйны корпус (BEF), на паўднёвы ўсход, ля Шарлеўра стаяла 5-я французская армія. У Ардэнах, прыблізна ўздоўж мяжы Францыі з Бельгіяй і Люксембургам, былі размешчаны 3-я і 4-я французскія арміі. У кожным з трох раёнаў англа-французскія войскі панеслі цяжкую паразу, страціўшы каля 250 тыс. чалавек, і немцы, наносячы галоўны ўдар з захаду, у абыход Парыжа, шырокім фронтам з поўначы ўварваліся на тэрыторыю Францыі і такім чынам узялі французкую армію «ў абцугі».

Германскае войска імкліва рухалася наперад. Англійскія часткі адыходзілі да ўзбярэжжа, французскае камандаванне не было ўпэўнена ў магчымасці ўтрымаць Парыж. 2 верасня ўрад Францыі пераехаў у Бардо. Абарону горада ўзначаліў энергічны генерал Гальені. Французкія сілы былі перагрупаваны ўздоўж новай лініі абароны па рацэ Марна.

Французы актыўна рыхтаваліся да захопу сталіцы, прымаючы экстраардынарныя меры. Шырока вядомы эпізод, калі Гальені загадаў тэрмінова перакінуць на фронт пяхотную брыгаду, выкарыстаўшы для гэтай мэты паржыскія таксі.

У выніку няўдалых баявых дзеянняў французскай арміі ў жніўні 1914 года галоўнакамандуючы генерал Жофр вырашыў неадкладна замяніць вялікую колькасць (да 30 % ад агульнага) генералаў, якія кепска сябе зарэкамендавалі; пазней абнаўленне і амалажэнне вышэйшага французскага камандавання было ацэнена надзвычай станоўча.

Для заканчэння аперацыі па абыходзе Парыжа і атачэнні французскай арміі ў германцаў не хапіла сіл – значную частку арміі прыйшлося перакінуць на ўсходні фронт, у Прусію, для вайны з расійцамі. Гэта і выратавала Парыж. Войскі, прайшоўшы з баямі сотні кіламетраў, былі стомлены, камунікацыі расцягнуліся, не было чым прыкрываць флангі і разрывы ў лініі фронта, не было рэзерваў, прыходзілася манеўрыраваць аднымі і тымі ж часткамі, ганяючы іх туды-сюды, таму Стаўка пагадзілася з прапановай камандуючага: 1-я армія фон Клюка павінна была скараціць лінію фронта і не здзяйсняць глыбокага ахопу французскай арміі ў абыход Парыжа, але на поўнач ад сталіцы забраць на ўсход і ўдарыць у тыл асноўным сілам французаў.

Здзяйсняючы такі манеўр, немцы падстаўлялі свой правы фланг і тыл пад удар французскай групоўкі, засяроджанай для абароны Парыжа. Прыкрыцца не было чым: 2 корпусы і конная дывізія, якія першапачаткова былі прызначаныя для ўзмацнення наступальных частак, былі адпраўлены ва Усходнюю Прусію на дапамогу 8-й арміі, якая цярпела паразу ад расійцаў. Тым не менш, германскае камандаванне пайшло на гэты ракавы для сябе крок: павярнула на ўсход, не даходзячы да Парыжа, спадзеючыся на пасіўнасць праціўніка. Але французы не ўпусцілі магчымасці скарыстацца слабіной ворага і ўдарылі ў непрыкрытыя фланг і тыл германскай арміі. Пачалася бітва на Марне, у якой у саюзнікаў урэшце атрымалася перамяніць ход баявых дзеянняў на сваю карысць і адкінуць лінію фронта на 50–100 кіламетраў назад – ад Вердэна да Амьена. Бітва на Марне была інтэнсіўнай, але непрацяглай – асноўны бой пачаўся 5 верасня, 9 верасня параза германскай арміі стала відавочнай, да 12–13 верасня завяршыўся адыход немцаў да мяжы па рэках Эна і Вель. Загад аб адступленні нямецкія салдаты сустрэлі са здзіўленнем. У выніку, упершыню за час ад пачатку баявых дзеянняў у нямецкім войску распаўсюдзіліся настроі расчараванасці і прыгнечанасці.

Бітва на Марне мела велізарнае маральнае значэнне для абодвух бакоў. Для французаў яна стала першай перамогай над германцамі.

Пасля бітвы на Марне капітулянцкія настроі ў Францыі пайшлі на спад. Англічане ўсвядомілі недастатковую баявую моц уласнага войска і ў далейшым узялі курс на павелічэнне колькасці сваіх узброеных сіл у Еўропе і ўзмацненне іх баявой падрыхтоўкі. Германскі план хуткага разгрому Францыі быў знішчаны, начальнік Палявога генеральнага штабу Гэльмут фон Мольтке быў замены на Эрыха фон Фалькенгайна. Жозэф Жофр, наадварот, набыў велізарны аўтарытэт у Францыі. Фронт стабілізаваўся, а сілы супернікаў прыблізна зраўняліся.

ПАЎСТОЎСКІ НА ВАЙНЕ

Будучы пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі ў гады Першай сусветнай вайны служыў санітарам, як і Э. Хемінгуэй. Але, калі амерыканскі класік патрапіў на вайну толькі ў 1918 годзе (раней яго не бралі з прычыны маладога ўзросту і кепскага зроку) і пасля трох месяцаў службы быў камісаваны ў сувязі з раненнем, то К. Паўстоўскі патрапіў на фронт на тры гады раней за свайго калегу.

У верасні – кастрычніку 1915 года значная частка беларускай тэрыторыі была занята нямецкімі вайскамі. Германская групоўка напрыканцы жніўня 1915 года прарвала абарону расійскіх войскаў і забяспечыла сабе прасоўванне па лініі Свянцяны – Барысаў. 1 верасня нямецкае войска захапіла Вілейку, а 6-га – дасягнула Смалявічаў і лініі чыгункі Мінск – Масква. Але ў выніку контрнаступлення расійскай арміі праціўнік быў адкінуты ў раён возера Нарач і Свір, прарыў быў закрыты. Да кастрычніка 1915 года фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск, і прыкладна такое палажэнне захоўвалася аж да 1918 года. У сакавіку, чэрвені і ліпені 1916 года ў Беларусі ішлі актыўныя баі, але ўсе спробы наступлення расійскай арміі скончыліся няўдачамі. Людзі масава беглі з тэрыторыі Заходняй ва Усходнюю Беларусь, куды перамясцілася да 500 000 уцекачоў. Такім чынам, Заходняя Беларусь амаль абязлюдзела.

Вайна звязала з Беларуссю цэлы шэраг вядомых расійскіх і савецкіх пісьменнікаў і паэтаў. У 13-й інжэнерна-будаўнічай дружыне служыў паэт Аляксандр Блок, з якім агульны дах сялянскай хаты ў пінскіх Калбах дзяліў паэт Юры Туманаў. Па беларускіх гарадах і вёсках падарожнічаў вайсковы карэспандэнт Аляксей Талстой. Служачы ў малодшых чынах артылерыйскай батарэі, пад Смаргонню надыхаўся атрутных газаў Валянцін Катаеў. Ён, да таго ж, быў двойчы паранены, як і Міхаіл Зошчанка. Свой шматтомнік «Народ на вайне» – эпапею, стылізаваную пад салдацкі фальклор – пачала пісаць у Беларусі міласэрная сястра Сафія Федарчэнка. Вядомы ў свой час кнігавыдавец Міхаіл Сабашнікаў ваяваў пад Маладзечна. А яшчэ – 22-гадовы Канстанцін Паўстоўскі, санітар. Свае ўражанні ад вайны і Беларусі Паўстоўскі апісаў у малавядомым творы «Аповесць аб жыцці».

«Наш атрад спыніўся ў Замір’і, побач з чыгункай з Баранавічаў у Мінск. У Замір’і атрад прастаяў усю зіму», – піша К. Паўстоўскі, апісваючы, як правёў «чорную восень» і «гнілую зіму» з 1915 на 1916 год. Але такога месца, як Замір’е, у Беларусі зараз няма. Так у гады Першай сусветнай вайны называлася мястэчка Гарадзея. Справа ў тым, што пасля захопу і канчатковага далучэння да Расійскай імперыі тэрыторыі сучаснай Беларусі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе рускія «браты-славяне» зразумелі, што ім цяжка вымаўляць некаторыя мясцовыя назвы, у прыватнасці, «Гарадзея» з афрыкатыўным дзеканнем. Таму яе назва была заменена расійскімі чыноўнікамі на «Замір’е», якія арыентаваліся на мястэчка Мір, што ляжыць паблізу. Сёння Гарадзея – гарадскі пасёлак з насельніцтвам крыху больш за 4 тыс. чалавек са сваёй футбольнай камандай у перашай лізе чэмпіяната Беларусі і цукровым заводам. Так, як і горад, называецца чыгуначная станцыя. У часы вайны ў Гарадзеі быў размешчаны шпіталь, вось там і служыў К. Паўстоўскі.

На вайну К. Паўстоўскі адправіўся ва ўзросце 22 гадоў, санітарам, па ўласным жаданні. Ён спыняўся ў Брэсце, дзе жыў у гатэлі на чыгуначным вакзале. Потым перайшоў у палявы санітарны атрад і разам з ім адступаў ад польскага Любліна да беларускага Нясвіжа.

У Брэсце-Літоўскім з К. Паўстоўскім адбыўся амаль містычны выпадак. Ён сустрэў свайго двайніка. Аднойчы санітары назіралі за вялізнай калонай аўстрыйскіх палонных, узятых пры захопе крэпасці Перамышль. І раптам нехта з прыяцеляў Паўстоўскага ўскрыкнуў ад здзіўлення: у гэтай калоне ішоў салдат, як дзве кроплі вады падобны да Косці Паўстоўскага… Заўважылі гэта і аўстрыйцы. Так і глядзелі вылупіўшы вочы: расійцы – на дзіўнага аўстрыйскага салдата, палонныя – на Паўстоўскага. Потым у санітарным цягніку доўга абмяркоўвалі такое надзвычай рэдкае візуальнае падабенства.

Паўстоўскі піша:

У Баранавічах я атрада не застаў. Ён ужо пайшоў далей на Нясвіж. Мне не хацелася нават на кароткі час вяртацца ў шпіталь. Цяжка было сустракацца з людзьмі. Я пераначаваў ля горада у пуцявой чыгуначнай будцы па дарозе ў Мінск, а зраніцы выехаў у Нясвіж…

Позняя восень прыйшла чорная, без святла. Вокны ў нашай хаце заўжды былі запацелыя. З іх проста ліло, і за імі было нічога не відаць. Абозы гразлі ў брудзе. Праз дзверы дзьмула. З вуліцы на ботах прыносілі ліпкую гліну. Ад гэтага ў хаце заўжды было няўтульна. Нам з Раманіным гэта надакучыла. Мы вымылі падлогу і прыбралі ў хаце, і нікога ў яе не пускалі без патрэбы.

Якія ж уражанні пакінула пабітая вайной Беларусь у Паўстоўскага?

Беларусія выглядала так, як выглядаў бы старадаўні пейзаж на сцяне замызганага буфета прыфрантавой станцыі. Сляды мінулага былі яшчэ бачныя паўсюль, але гэта была толькі абалонка, з якой выветрылася змесціва. Я бачыў замкі польскіх магнатаў – асабліва багаты быў замак князя Радзівіла ў Нясвіжы[1]1
  Радзівіла расійцы і да гэтай пары памылкова лічаць палякам.


[Закрыть]
, – фальваркі, яўрэйскія мястэчкі з цеснатой і занядбанасцю, старыя сінагогі, гатычныя касцёлы, падобныя тут, сярод чэзлых балотаў, на прыезжых замежнікаў. Бачыў паласатыя верставыя слупы, якія засталіся з мікалаеўскіх часоў. Але ўжо не было ані колішніх магнатаў, ані раскошнага і бесклапотнага іх жыцця, ані паслухмяных ім «хлопаў», ані дамарошчаных равінаў-філосафаў, ані жахлівых Судных дзён у сінагогах, ані спарахнелых польскіх сцягоў часоў першага паўстання ў касцельных алтарах. Праўда, старыя яўрэі ў Нясвіжы маглі яшчэ распавесці пра забавы Радзівіла, аб тысячах «хлопаў», якія стаялі з паходнямі ўздоўж дарогі ад самай рускай мяжы да Нясвіжа, як было, калі Радзвіл сустракаў сваю палюбоўніцу аванцюрыстку Кінгстан, аб тлумных паляваннях, балях, самадурстве, шляхецкай фанабэрыстасці, дурнаватай пысе, якую ў той час лічылі сведчаннем вяльможнага «панства». Але распавядалі яны аб гэтым ужо з чужых словаў…

У адной з паездак Паўстоўскі патрапіў пад абстрэл і быў паранены ў нагу. Падстрэлены, ён выпаў з сядла, але кабыла, на шчасце, выцягнула да сваіх ўхапіўшагася за стрэмя санітара. К. Паўстоўскі паспеў запаліць ліхтарык і згубіў прытомнасць. Па святлу ліхтарыка яго і знайшлі сувязісты. Месяц Паўстоўскі праляжаў у шпіталі ў Нясвіжы. Там са старой газеты ён даведаўся пра гібель на фронце двух братоў – Барыса і Вадзіма. Першы быў забіты ў Галіцыі, другі – на Рыжскім накірунку.

Загінулі ў адзін дзень. Зноў містыка.

На Заходні фронт прыязджаў і цар Мікалай ІІ. Як пісаў Паўстоўскі:

Ён «наведаў» і Замір’е. Да моманту яго презду было загадана прывесці ў парадак сяло. Гэта выявілася ў тым, што з лесу прывезлі шмат елак і замаскіравалі імі самыя дрэнныя халупы.

Замір’е-Гарадзея, маляўнічы Нясвіж, мінскія і гродзенскія палявыя дарогі засталіся ў памяці Канстанціна Паўстоўскага на ўсё жыццё. І «ўсплылі» ў друку толькі праз трыццаць год, калі пісьменнік пачаў працу над «Аповесцю аб жыцці».

«ДАПАМОГА» ІТАЛЬЯНЦАЎ

Калі паспрабаваць знайсці адно слова, якім бы можна было ахарактарызаваць усю Першую сусветную вайну, то ім магло б быць слова «марнасць». Марнасць намаганняў стала ўласцівай рысай баявых дзеянняў практычна на ўсіх франтах для усіх бакоў. Велізарныя намаганні і дзясяткі, а часам і сотні тысячаў салдацкіх жыццяў аддаваліся дарэмна: лінія фронту, як на захадзе, так і на ўсходзе і поўдні амаль не змянялася. Прарывы і гучныя заявы аб уяўнай «амаль перамозе» чаргаваліся з адступленнямі на ранейшыя пазіцыі.

Нічым не адрознівалася ад Заходняга і Усходняга франтоў становішча на аўстра-італьянскім фронце.

Уначы на 24 мая 1915 года Італія ўрэшце далучылася да краін Антанты, абвясціўшы вайну Аўстра-Венгрыі, і італьянская армія перайшла ў наступленне, не паспеўшы скончыць канцэнтрацыю і разгортванне войскаў. Зрэшты, італьнцы ў два разы пераўзыходзілі аўстрыйцаў па колькасці, але апошнія займалі больш выгоднае стратэгічнае становішча. У артылерыйскай падрыхтоўцы прынялі ўдзел 700 італьянскіх гармат. Баі адначасова разгарнуліся на Ізонца, у Карнійскіх і Кардонскіх Альпах і ў Трэнціна. У апошнім выпадку наступленне вялося некалькімі сыходзячыміся калонамі, і італьянкія войскі прасунуліся да лініі Коль-ді-Тонале – Равэрэта – Борга. У Кадоры ў наступальных частак атрымалася захапіць Монтэ-Крочэ і Карціна-д’Ампэца.

У Карпінскіх Альпах італьянцы прасоўваліся асабліва марудна і не змаглі дасягнуць ніякіх вынікаў.

Хутка прасоўванне італьянцаў было спынена контратакамі аўстра-венгерскіх войскаў, якія атрымалі дзве свежыя дывізіі. Адным з фактараў прыпынення італьянскага наступу, акрамя актыўных дзеянняў аўстрыйцаў, сталі памылкі камандавання, у першую чаргу, недастатковая артылерыйская падрыхтоўка і недахоп снарадаў. Пры прасоўванні наперад пяхоце таксама не забяспечвалася падтрымка з боку артылерыі, атакі былі разрозненымі, артылерыя не знішчала дротавых загародаў.

У выніку першага італьянскага наступлення, якое атрымала назву Першая бітва ля Ізонца, былі заняты нязначныя тэрыторыі і цалкам быў сарваны італьянскі план захопу пануючых высотаў на мяжы Аўстрыі і Італіі. Страты італьянцаў склалі 16 000 памерлых, параненых і палонных, з іх толькі каля 2000 было забіта ў баях. Аўстрыйская армія страціла 10 000 чалавек, з якіх забітымі каля 1000.

23 чэрвеня таго ж года пачынаецца другое наступленне італьянцаў. Баі прынялі значна больш жорсткі характар, а моцныя ўдары італьянскіх войскаў былі скіраваны, галоўным чынам, супраць умацаваных раёнаў Тальміна і Горыцы з мэтай пашырыць плацдарм ля Плавы, які быў захоплены падчас першага наступлення. На плато Крас завязаліся жосткія і крывавыя рукапашныя баі паміж італьянскімі і аўстра-венгерскімі войскамі, 20-я аўстрыйская пяхотная дывізія, напрыклад, страціла дзве тысячы чалавек асабовага складу. Ля Тальміна і Горыцы і італьянцы неслі цяжкія страты, з прычыны таго, што іх атакі адбіваліся кулямётным і артылерыйскім агнём, абаронцы таксама выбівалі італьянцаў смелымі контратакамі. 7 ліпеня з-за вялікіх страт і недахопу рэзерваў наступленне было спынена. Баявыя дзеянні набылі пазіцыйны характар.

Але нават калі італьянцы дасягнулі трохразовай перавагі ў колькасці, усё адно не здолелі нічога зрабіць. Слабая італьянская артылерыя так і не змагла разбурыць загароды з калючага дроту, нанесці шкоду аўстрыйскім акопам і падрыхтаваць атаку.

Наступленне вялося разрознена, і з-за вялікіх страт і недахопу зброі 3 жніўня зноў было спынена. Італьянская армія страціла 43 000 чалавек забітымі, параненымі і палоннымі, аўстра-венгерская – 48 000.

Гэта буйное наступленне працягвалася больш за месяц, але істотных вынікаў зноў не прынесла.

Нягледзячы на правал наступлення італьянскай арміі, у яе ўсё адно атрымалася адцягнуць на сябе частку аўстрыйскіх сіл з Усходняга фронта, дзе так жа беспаспяхова вялі баі расійскія часткі.

ДВА БАКІ ПОДЗВІГА ПЯТРА НЕСЦЕРАВА

Расія ў галіне авіяцыі шмат у чым саступала іншым краінам. Але ў пачатку вайны менавіта расійскі лётчык прымусіў гаварыць пра сябе амаль увесь свет. 26 жніўня 1914 года Петр Несцераў здзейсніў першы ў свеце паветраны таран, коштам уласнага жыцця збіўшы аўстрыйскі самалёт. Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак ва ўсіх адносінах, бо ў самым пачатку баявых дзеянняў, калі авіяцыя выкарыстоўвалася толькі для разведкі і карэктавання артылерыйскага агню, ніхто нават не мысліў аб паветраных баях. Мала хто мог уявіць, як самалёты могуць ваяваць паміж сабой. Кажуць, першым паветраным боем стала сутычка паміж французскім лётчыкам Жанам Наварам і безыменным германцам.

Першы, аблятаючы пазіцыі, заўважыў нямецкага разведчыка. Той на знак вітання памахаў французу рукой. Навар махнуў рукой у адказ, а потым выхапіў свой карабін і стрэліў па варожам самалёце, і, канечне ж, не збіў яго, але стварыў прэцэдэнт. Пасля гэтага стала зразумела, што пазбегнуць паветраных баёў не ўдасца.

Пётр Несцераў быў выбітным лётчыкам у свой час, тыповым рамантыкам і, як шматлікія пілоты часоў зараджэння ваенна-паветраных сіл, – наватарам і вынаходцам. Іншае пытанне, наколькі стратэгічна важным быў той таран, што загубіў не толькі просты аўстрыйскі біплан са славянскім пілотам на борце, які нічога не вырашыў бы ў ходзе баявых дзеянняў, але і жыццё самога Несцерава? Каму быў неабходны подзвіг гэтага чалавека, які мог бы яшчэ так шмат зрабіць на карысць сусветнай авіяцыі?

Давайце паспрабуем разабрацца ў гэтай гісторыі. Дык вось, 27 жніўня 1913 года ў Кіеве на Святошынскім аэрадроме Пётр Мікалаевіч Несцераў выканаў першую ў свеце «мёртвую пятлю». У дасканаласці авалодаўшы мастацтвам пілатавання, Пётр Мікалаевіч здзяйсняе шэраг бліскучых палётаў, сярод якіх варта адзначыць пералёт без пасадкі з Кіева ў Адэсу падчас завірухі (!), а таксама пералёт за адзін дзень з Кіева ў Санкт-Пецярбург. Для таго часу гэта былі рэкорды. У гэтых пералётах, карыстаючыся моцным спадарожным ветрам, а часам і штормам, Несцераў павялічваў хуткасць свайго самалёта ў паўтара разы, такім чынам, яго «Ньюпар-IV» замест звычайных 100 кіламетраў на гадзіну развіваў хуткасць каля 150 км/г. Так лятаць у тыя гады ў Расіі наважваўся толькі Несцераў.

Дарэчы, ідэя паветранага тарана ў Несцерава з’явілася яшчэ да вайны. Ён любіў самалёты, умеў лятаць і вельмі перажываў за лёс расійскага паветрнага флоту. Яго сябра, а таксама адзін з першых расійскіх пілотаў Віктар Сакалоў прыгадвае:

Несцераў таксама ні на хвіліну не забываў аб адказнасці, якая ляжала на нас, маладых ваенных лётчыках, якім даводзілася самім думаць аб ужыванні авіяцыі ў будучай вайне. Стаўленне ж генеральнага штаба царскай арміі да гэтага пытання было ў значнай ступені легкадумным.

Я добра памятаю адну гарачую прамову Пятра Мікалаевіча на нашым афіцэрскім сходзе.

«Мы бачым, што нас пакінулі на волю лёсу, – з хваляваннем казаў ён. – Ніякіх інструкцый, ніякіх указанняў мы не атрымліваем. Як будзе ўжыта авіяцыя ў будучай вайне, набліжэнне якой відавочна адчуваецца, дакладна ніхто не ведае, і нікога гэта не турбуе. Але, калі аб авіяцыі не думае той, хто павінны гэта рабіць, адказнасць за падрыхтоўку да вайны кладзецца на нас. Мы не маем права сядзець склаўшы рукі…»

Гэта праўда, расійская авіяцыя плялася ў хвасце ў іншых краін, такіх як Вялікабрытанія, ЗША ці Германія як падчас Першай, так, што заўжды хавалі гісторыкі, і падчас Другой сусветнай вайны, калі ў савецкіх самалётаў не было нават радыёсувязі (што, дарэчы, кінематаграфісты ніколі не ўлічваюць), калі шасі не выпускалася, а кабіны былі вымушаны пакідаць адчыненымі з-за непрыемнага паху паліва.

І вось, Несцераў трэніраваў асабовы склад свайго 11-га корпуснага авіяцыйнага атрада, па магчымасці штучна ствараючы ўмовы ваеннай абстаноўкі. Ён распрацоўваў правілы карэктавання артылерыйскага агню з самалёта і працаваў над тактыкай паветранага бою.

Перад вайной і ў першы яе перыяд лётчыкі і разведчыкі былі ўзброены толькі пісталетамі Маўзэра. Несцераў, у сваю чаргу, актыўна шукаў спосаб выкарыстаць самалёт у якасці баявой зброі. Ён думаў аб падвешанай на доўгім тросе бомбе, якую можна было б выкарыстаць для знішчэння дырыжабляў праціўніка. Ён спускаў з хваста тонкі медны дрот з грузам, каб, перарэзаўшы дарогу варожаму самалёту, разбіць яму вінт. Ён прыладжваў да хваста самалёта пілападобны нож з разлікам на тое, каб пры яго дапамозе ўспарваць абалонкі дырыжабляў і назіральных паветраных шароў… Нарэшце, яго думка спынілася на таране, як найбольш надзейнай зброі ў паветраным баі таго часу.

Далей Сакалоў прыгадвае трэніроўкі Несцерава:

Калі ў раёне горада Гадзяча, дзе стаяў 11-ы авіяцыйны атрад, з’явіўся «непрыяцельскі» самалёт («Фарман-VII», на якім ляцеў паручнік Гартман), Пётр Мікалаевіч, узняўшыся ў паветра, «атакаваў» яго. Карыстаючыся перавагай у хуткасці («Ньюпар» разганяўся да 100 кіламетраў на гадзіну, у той час як «Сямёрка» – толькі да 80-ці), Несцераў пачаў раз за разам пераразаць шлях «праціўніку», прымушаючы яго збочваць з дарогі. Пасля чацвёртай «атакі» Гартман прыгразіў Несцераву кулаком і паляцеў назад, не выканаўшы разведку.

Калі Пётр Мікалаевіч прызямліўся, яму нехта сказаў, што такая атака магчыма толькі ва ўмовах мірнага часу, а на вайне такія манеўры на ворага наўрад ці падзейнічаюць. Несцераў задумаўся і потым упэўнена адказаў:

– Яго можна будзе ударыць зверху коламі…

І вось кожны дзень зраніцы над Жоўкіевам пачаў з’яўляцца аўстрыйскі біплан. Ён рабіў над горадам кола і сыходзіў назад. У штабе нерваваліся, мы, лётчыкі, таксама. Але як можна было спыніць гэтыя рэгулярныя палёты аўстрыйца? Зброі ж у нас ніякай не было. Тым не менш, некаторыя афіцэры генштаба, якія служылі ў штабе 3-й арміі, лічылі, што мы павінны зрабіць немагчымае – спыніць палёты аўстрыйскага разведчыка. Асабліва настойваў на гэтым генерал-кватэрмейстар арміі генерал-маёр М. Бонч-Бруевіч, які адказваў за разведку і контрразведку і па родзе службы знаходзіўся ля лётчыкаў.

У 1957 годзе выйшла кніга М. Дз. Бонч-Бруевіча з пафаснай назвай «Уся ўлада Саветам», у якой ён, апавядаючы пра гібель Несцерава, піша:

Мы даўно ведалі адзін аднаго, і мне гэты авіятар, якога відавочна абмяжоўвала афіцэрскае званне, быў больш чым сімпатычны.

Зрэшты, пазней знайшлося шмат людзей, якія быццам служлі разам з Несцеравым і ведалі яго асабіста. Сакалова такія нахабнікі, што спрабавалі пагрэцца ля «вогнішча» славы знакамітага чалавека, заўжды раздражнялі.

Сакалоў аб «сяброўстве» Несцерава з Бонч-Бруевічам піша так:

З боку не бяруся меркаваць аб ступені сімпатыі Бонч-Бруевіча да Несцерава, але афіцэрскае званне ніколі не абцяжарвала Пятра Мікалаевіча. Хто-хто, а мы, саслужыўцы і сябры, заўважылі б гэта раней за кагосьці іншага. Я асабліва запомніў размову Бонч-Бруевіча з групай лётчыкаў у вестыбюлі Жолкіеўскага замка, дзе размяшчаўся ў той час штаб 3-й арміі, увечары 25 жніўня 1914 года. З лётчыкаў прысутнічалі: з 11-га атрада – Несцераў, Перадкоў і Каванько, які напярэдадні прыбыў з атрад; з 9-га атрада – Вайткевіч і я. Мы выходзілі з аддзела разведкі і сустрэлі Бонч-Бруевіча, які спыніў нас. Размова хутка набыла звычайны накірунак: Бонч-Бруевіч пачаў папракаць нас у недобрасумленным стаўленні да працы, у тым, што мы прыдумляем разнастайныя нагоды, каб не лятаць, у той час як аўстрыйцы лятаюць штодзённа. Мы, ведаючы, што камандуючы арміяй генерал Рузскі нашай працай задаволены, – аб чым ён неаднаразова казаў, – адмоўчваліся, але Пётр Мікалаевіч не вытрымаў і пачаў пярэчыць. Падчас спрэчкі генерал Бонч-Бруевіч, зазначаючы рэгулярныя палёты аўстрыйца – гэта быў Розэнталь, – сказаў:

– Вось лятае, а вы толькі вушамі хлопаеце і на яго глядзіце.

– А што мы можам зрабіць?

– Напасці на яго!.. Даць бой!.. Мы на вайне, а не на манеўрах!

– Але ў нас няма зброі, што зробіш з адным пісталетам Маўзэра?

– Гэта ўсё адгаворкі!.. Трэба прыдумаць спосаб атакі. А вы поста баіцеся! Не хочаце рызыкаваць!

Несцераў запаліўся:

– Добра! Мы прымем меры і спынім палёты аўстрыйца.

– Якія ж гэта меры вы прымеце? – з кпінай спытаў Бонч-Бруевіч. – Гэтыя ж словы толькі для блізіру. Хіба я магу вам паверыць!

– Я даю Вам слова гонару рускага афіцэра, што гэты аўстрыец больш не будзе лятаць! – усклікнуў глыбока абражаны Несцераў.

– Як жа гэта? Што Вы мяркуеце ўчыніць?.. Памятайце, капітан, словам афіцэра нельга кідацца легкадумна!

– Я ніколі не даваў нагоды падазраваць сябе ў легкадумнасці. Дазвольце ісці?

– Добра-добра, паглядзім… Можаце ісці!

Канечне, я не магу паручыцца за кожнае слова тэкстуальна, але змест памятаю цвёрда, а фраза Бонч-Бруевіча: «Гэтыя ж словы толькі для блізіру. Хіба я магу вам паверыць!», ганарлівы адказ Несцерава: «Я даю Вам слова гонару рускага афіцэра, што гэты аўстрыец больш не будзе лятаць!» і ўсё заканчэнне размовы па зразумелых прычынах глыбока ўрэзаліся ў маю памяць.

Мы выйшлі з замка і адразу накінуліся на Несцерава.

Асабліва моцна напіраў на яго «Вожык» – Каванько.

– Як ты мог даваць такое абяцанне? Я ж ведаю, што ты хочаш тараніць аўстрыйца. Ты ж загінеш… Ведаеш гэта? Мы яго атакуем удваіх. Зробім выглад, што хочам тараніць зверху, прыціснем да зямлі і прымусім сесці!

Мы ўсе падтрымалі Каванько. Пётр Мікалаевіч спрачаўся, сцвярджаючы, што можна, набраўшы вышыню над аўстрыйцам, рэзка на яго спікіраваць і ўдарам шасі абламаць яму крыло. Але ўрэшце рэшт пад нашым напорам Несцераў здаўся і сказаў:

– Ну, добра, Саша, паляцім разам.

Наступным ранкам аўстрыйскі аэраплан зноў з’явіўся над Жоўкіевам. Несцераў і Каванько падняліся ў паветра і распачалі пагоню, але ў першага на ўзлёце абарваўся трос з грузам, якім той хацеў разбіць вінт аўстрыйца, а потым пачаў даваць перабоі матор. Пётр Мікалевіч сеў. Следам прызямліўся і Каванько. Несцераў загадаў тэрмінова адрамантаваць матор, а сам сеў у аўтамабіль і паехаў у казначэйства арміі, дзе атрымаў грошы на патрэбы 11-га атрада.

Калі ён вяртаўся ў канцылярыю атрада, размешчаную побач з аэрадромам, у паветры з’явіўся аўстрыйскі самалёт, які рабіў ужо другую разведку. Несцераў пад’ехаў на аўтамабілі проста да «Марана», каля якога ўжо чакаў Каванько, і хутка сеў у самалёт. Каванько хацеў заняць месца назіральніка, але Пётр Мікалаевіч сказаў яму:

– Не трэба, Саша, я палячу адзін.

– Але што ты збіраешся зрабіць? Вазьмі хаця б браўнінг, – сказаў Каванько.

– Нічога, і без яго спраўлюся, – адказаў Несцераў і ўзняўся ў паветра.

Тое, што было далей, можна добра аднавіць па ўспамінах Каванько. Каля 11-й гадзіны раніцы, калі з’явіўся аўстрыйскі аэраплан, Каванько быў у штабе арміі. Пачуўшы гук матора і крыкі «Ляціць! Ляціць!», ён выбег на пляц перад замкам. Аўстрыец зрабіў кола над горадам на вышыні 900–1000 метраў і пачаў рабіць другое. У горадзе пачалася бязладная страляніна з вінтовак. Калі Каванько пачуў знаёмы шум матора «Гном» і пабачыў маленькі монаплан Несцерава, то вырашыў, што Пётр Мікалаевіч хоча толькі прыстарашыць праціўніка. Каванько не мог нават падумаць, што Несцераў адразу пойдзе на таран. Аўстрыец жа, зрабіўшы кола, пайшоў на захад, злёгку набіраючы вышыню. Відавочна, усё, што яму было неабходна, ён пабачыў.

Несцераў абыходзіў горад з паўднёвага боку і, хутка ўздымаючыся, пайшоў на перарэз праціўніку, заўважна даганяючы яго. Было зразумела, што хуткасць «Марана» нашмат вышэйшая за хуткасць «Альбатроса» аўстрыйца. Вось яны ўжо на адной вышыні. Вось Несцераў уздымаецца над аўстрыйцам і робіць кола. Аўстрыец заўважыў з’яўленне ворага, было відаць, як яго аэраплан пачаў зніжацца на поўным газе. Але ўцячы ад хуткаснага «Марана» было нельга. Несцераў зайшоў ззаду, дагнаў ворага і, як сокал які нападае на чаплю, ударыў праціўніка.

Сакалоў апісвае ужо свае назіранні:

Бліснулі на сонцы серабрыстыя крылы «Марана», і ён урэзаўся ў аўстрыйскі аэраплан. Пасля ўдару «Маран» на імгненне быццам спыніўся ў паветры, а потым пачаў падаць носам уніз, павольна круцячыся вакол падоўжнай восі.

– Плануе! – ускрыкнуў нехта.

Але я разумеў, што аэраплан не кіруецца і гэтае падзенне – смяротнае. Аўстрыец жа пасля ўдару трымаўся ў паветры і ляцеў роўна некаторы час.

«Няўжо дарэмная ахвяра?!» – прамігнула ў мяне ў галаве.

Але вось грувасткі «Альбатрос» павольна перакуліўся на левы бок, потым павярнуўся носам уніз і пачаў імкліва падаць. Больш цяжкі за «Маран», ён хутка абагнаў яго ў паветры і ўпаў на зямлю першым.

Натоўп, які стаяў на плошчы і ціха і напружана сачыў за паветраным боем, раптам заварушыўся і закрычаў. З акна другога паверха замка вызірнуў камандуючы арміяй генерал Рузскі і, убачыўшы мяне, спытаў:

– Паручнік Сакалоў, што здарылася? (Камандуючы заўжды патрабаваў асабісты даклад лётчыкаў аб выніках разведкі і усіх нас ведаў асабіста).

– Капітан Несцераў тараніў аўстрыйскі аэраплан, збіў яго, але і сам упаў, – адказаў я.

Камандуючы ўхапіўся за галаву.

– Навоштна ён гэта зрабіў?! – ускрыкнуў ён.

Я ўскочыў у ад’язджаючы штабны аўтамабіль і памчаўся да месца катастрофы. Калі мы выехалі з горада, убачылі, што поле было запоўнена людзьмі, якія беглі да месца падзення самалётаў. Гэта было кіламетрах у пяці ад Жолкіева, з левага боку шашы ў накірунку Равы-Рускай… Каля разбітых самалётаў ужо сабраліся чалавек дваццаць салдатаў і казакоў. «Маран» Несцерава ляжаў у трыццаці кроках ад дарогі, на неўзараным полі. Яго шасі было разбіта, крылы склаліся, матора не было, рулі пагнутыя. Перад самалётам кроках у дваццаці ляжаў Несцераў. Нехта ўжо прыбраў яго на пакойніка, склаўшы яму рукі на грудзях. Яго цела, рукі і ногі былі цэлымі, нават вопратка нідзе не была падрана. Крыві нідзе не было. Толькі на правай скроні была бачна невялікая ямачка з кропелькай крыві.

Я адразу заўважыў, што на галаве ў Пятра Мікалаевіча не было шлема, а на нагах ботаў: ён ляжаў у ваўняных шкарпэтках.

Кроках у дзесяці ад «Марана» была невялікае балота, абмежаванае дарогай. Частка яго была пакрыта чаротам, сярод якога было відаць «Альбатрос» с задраным дагары адламаным хвастом. На беразе балота ў лужыне крыві ляжала тое, што засталося ад аўстрыйскага салдата. Ён, відавочна, выпаў з самалёта, пакуль той яшчэ пікіраваў. Хвілін праз пяць пасля нас пад’ехаў аўтамабіль з лётчыкамі з 11-га атрада Каванько і Перадковым і з лётчыкам-назіральнікам з генеральнага штаба Лазаравым.

Яны назіралі за боем з аэрадрома. Хутка пад’ехаў аўтамабіль з лётчыкамі і з нашага атрада. Мы моўчкі, са слязьмі ў вачах глядзелі на Несцерава, які ляжаў перад намі. Ён быў нашым сябрам і настаўнікам, якім мы ганарыліся і на якога мы стараліся быць падобнымі.

Праз некалькі хвілін маўчання я спытаў у Каванько, які пасля смерці Несцерава мусіў узяць камандаванне 11-м атрадам на сябе:

– Аляксандр Аляксандравіч, чаму Пётр Мікалаевіч без ботаў?

Каванько прыйшоў у сябе.

– Сапраўды… Дзіўна… Вылятаў ён у ботах.

– А дзе яго шлем? – спытаў Перадкоў.

– Незразумела… Я добра памятаю, што ён, адлятаючы, зашпіліў шлем, – сказаў, выціраючы слёзы, Каванько. – Трэба паглядзець дакументы.

Ён пачаў аглядаць кішэні на куртцы. Знайшоў запісную кніжку, насоўку, сцізорык, але пулярэса не было.

– Яго абрабавалі! Абрабавалі паскуды марадзёры! – закрычаў Аляксандр Аляксандравіч. – Пётр Мікалаевіч жа прыехаў на аэрадром проста з казначэйства, атрымаўшы грошы для атрада… Хто першым падбёг да аэраплана? – звярнуўся ён да натоўпу салдат.

Пасля апытання высветлілася, што першымі да «Марана» падбеглі чатыры абозныя салдаты, але яны не дакраналіся да Несцерава, які ляжаў у той самай паставе, што і цяпер. Здалёк яны ўбачылі двух чалавек, якія знаходзіліся ля цела лётчыка, таму пабеглі ў накірунку казацкага лагера. Але, падбегшы бліжэй і пабачыўшы акуратна пакладзенае цела са складзенымі на грудзях рукамі, абознікі падумалі, што тыя два, якія знаходзіліся ля лётчыка, і прыбіралі яго на пакойніка. Таму яны нават не паглядзелі, куды тыя падзеліся.

Гэтае паказанне пацвердзілі і іншыя салдаты, якія з’явіліся адразу пасля чатырох абознікаў. Некаторыя з іх заўважылі марадзёраў, што ўцякалі.

Пазней шлем знайшлі па дарозе ў казацкі лагер. Ён быў даволі незвычайным, на футры малпы, таму пэўна падаўся занадта заўважным доказам, і вор яго выкінуў. Зрэшты, палкоўнік Духонін, будучы вярхоўны галоўнакамандуючы, загадаў лётчыкам маўчаць аб факце рабавання мёртвага Несцерава, таму што «гэты эпізод ганьбіць рускае войска». І факт марадзёрства схавалі. Хоць абсалютна незразумела, каму прыйшло б да галавы меркаваць аб цэлай арміі па паводзінах двух псяюх-марадзёраў. Бонч-Бруевіч у сваёй кнізе ўвогуле панапрыдумляў наконт ботаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю