Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 19 страниц)
Міхаіл Галдзянкоў
ЗАБЫТАЯ ПЕРШАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА
.
ПРАДМОВА
У чэрвені 2014 года споўнілася сто гадоў ад пачатка Першай сусветнай вайны. Вельмі дзіўна, але ў СССР не рабілася асаблівых паведамленняў аб гэтай вайне, ніхто не надрукаваў пра яе кнігу, нягледзячы на тое, што на яе франтах знаходзілася мноства вядомых пісьменнікаў, ніхто не прысвяціў ёй фільм… За дваццаць гадоў з моманта распаду Савецкага Саюза гэтую вайну, падаецца, зусім забылі. І з набліжэннем невясёлай гадавіны быццам нават спужаліся: ці варта адзначаць гэтую сумную для Расійскай імперыі падзею?
Гэта вельмі дзіўная рэч – гісторыя расійскай дзяржавы. Якую эпоху ні капні, то, як лічыць расійскі пісьменнік Прозараў, суцэльная бязглуздзіца, то суцэльная фантастыка. А ёсць і проста белыя плямы, як маленькія, так і велізарныя. Нягледзячы на тое, што гэтая вайна стала першым вайсковым канфліктам сусветнага маштабу, у які былі ўцягнутыя трыццаць восем з існуючых на той час пяцідзесяці дзевяці незалежных дзяржаў, пра яе ўвогуле мала вядома. Сучасным беларусам, у прыватнасці, не вядома, што Першая сусветная стала чарговай нацыянальнай катастрофай пасля вайны 1812 года.
Задачы дадзенай кнігі не столькі ў тым, каб падрабязна прасачыць гісторыю гэтай забытай вайны, колькі – распавесці аб асабліва важных яе момантах, выкрыць міфы аб гэтай вайне і прапанаваць сваё бачанне, а таксама дату завяршэння Першай сусветнай вайны. Факты кажуць пра тое, што яна не скончылася 11 лістапада 1918 года з падпісаннем перамір’я паміж Антантай і Германіяй. Не чатыры, а ўсе шэсць гадоў доўжылася тая вайна, разбіваючыся на новыя дробныя і буйныя канфлікты.
Міхаіл Галдзянкоў
ПАЧАТАК ВАЙНЫ
Мапа Новай Еўропы па-нямецку
Як лічаць гісторыкі, вайна пачалася з-за тэракта ў баснійскім Сараева. У нядзелю ранкам, 28 чэрвеня 1914 года, насельніцтва Сараева радасна вітала спадчынніка аўстра-венгерскага прастола эрцгерцага Франца-Фердынанда з жонкай Сафіяй. Неўзабаве пасля таго, як прабіла дзясятая гадзіна, у адкрытую машыну, у якой эрцгерцаг следваў з дома Габсбургаў, едучы вуліцамі Сараева, была кінута бомба. Эрцгерцаг ускінуў руку, каб абараніць Сафію, і адбіў яе. Прылада пасля ўдару аб аўтамабіль адскачыла і выбухнула на дарозе ззаду за машынай. Аскепкамі бомбы лёгка параніла некалькіх мінакоў і пасажыраў аўтамабіля, які ехаў следам за каралеўскім. Тым не менш, было вырашана, што картэж працягне шлях да гарадской ратушы, дзе павінна была адбыцца ўрачыстая цырымонія сустрэчы.
Маршрут быў зменены. Але кіроўцу дзіўным чынам аб змяненні планаў ніхто не паведаміў, і той, збочыўшы з шырокага ўзбярэжжа Анэля, накіраваўся да вуліцы Франца-Іосіфа. Генерал-губернатар гукнуў кіроўцу, той рэзка затармазіў у засмучэнні. Машына дала задні ход… І ў гэты момант нейкі невысокі хударлявы чалавечак, з выгляду звычайны студэнт, выскачыў з натоўпу і, падбёгшы да прагулачнага аўто, накіраваў рэвальвер проста на эрцгерцага. Бах! Бах! – прагучалі два стрэлы. У тую ж хвілю зброю выбілі з яго рук. Але адна куля ўжо патрапіла ў шыю Франца-Фердынанта, а другая – у жывот Сафіі. Забойца ўхапіў зубамі каўнер пінжака, збіраючыся раскусіць зашытую там ампулу з атрутай, але яго паспелі скруціць людзі, якія знаходзіліся побач, хутка паспелі і паліцэйскія…
Так прагучалі першыя стрэлы Першай сусветнай вайны, якія далі пачатак чарадзе самых драматычных і катастафічных для Еўропы падзей.
Хутка быў схоплены і тэрарыст, які кідаў бомбу. Як высветлілася, гэта быў серб Нядзелка Чабрынавіч, а забойцу эрцгерцага і яго жонкі звалі Гаўрыла Прынцып, абодва з’яўляліся чальцамі «Маладой Босніі». Натхнёныя прыкладам расійскіх рэвалюцыянераў, гэтыя маладыя людзі прысвяцілі сябе справе вызвалення Босніі і суседняй Герцагавіны ад аўстра-венгерскага панавання для аб’яднання з каралеўствам Сербія.
Разам з чатырма іншымі змоўшчыкамі Прынцып і Чабрынавіч занялі месцы ўздоўж маршруту следвання картэжа з намерам забіць эрцгерцага, які для іх з’яўляўся ўвасабленнем ненавіснага панавання Габсбургаў.
Яшчэ за пару месяцаў да візіту эрцгерцага ў Сараева гэтыя два студэнты Белградскага ўніверсітэта распрацавалі план замаху. Трэцім змоўшыкам стаў Трыфка Грабец. Зброю для групы здабыў трохі старэйшы баснійскі нацыяналіст Мілан Цыганавіч. Ён жа навучыў іх страляць з пісталета і карыстацца бомбамі, а таксама даў ім капсулы з цыяністым каліем для здзяйснення самагубства пасля таго, як справа будзе зроблена. Потым Г. Прынцып напісаў ліст да настаўніка і пісьменніка з Сараева Данілы Ілініча, які прыцягнуў да змовы яшчэ траіх тэрарыстаў і ўзначаліў яе.
Ва ўсялякі іншы час гэты тэракт наўрад ці выклікаў бы маштабную вайну з удзелам усёй Еўропы, часткі Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Але ўлетку 1914 года ўвесь свет быццам чакаў нагоды, зручнага моманту для яе пачатка. І дачакаўся.
Цар цынічна спрабаваў назваць гэтую вайну Другой Айчыннай, але савецкія гісторыкі больш дакладна назвалі яе імперыялістычнай.
Такімі, імперскімі і антынароднымі, па-сутнасці, былі ўсе войны. Нават Вялікую Айчынную вайну ў перыяд з верасня 1939 года па канец чэрвеня 1941 года, калі Сталін і Гітлер дзялілі паміж сабой Еўропу, можна смела назваць імперыялістычнай. Але ў народзе Першая сусветная вайна прыжылася як Германская, нягледзячы на тое, што ваяваць давялося не з адной Германіяй.
На жаль, за 74 гады савецкай улады пра гэтую вайну, у якой прыняла ўдзел каля 5 мільёнаў расійскіх салдат і афіцэраў, пісалі рэдка, сціпла і мімаходзь, толькі ў кантэксце аповедаў пра Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года і «зняважлівага, але неабходнага Брэсцкага міру». Гэтая вайна, якой прысвячалі творы выбітныя еўрапейскія пісьменнікі свайго часу Эрых Марыя Рэмарк («На Заходнім фронце без перамен»), Эрнэст Хемінгуэй («Бывай, зброя!»), Яраслаў Гашак («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка») і іншыя, у СССР дзіўным чынам не адзначылася ніводнай сур’ёзнай працай ані ў літаратуры, ані ў кіно, нягледзячы на тое, што на франтах прысутнічала вялікая колькасць пісьменнікаў і паэтаў, на той момант ужо вядомых, ці тых, што ў будучыні сталі знакамітымі: Аляксей Талстой, Мікалай Гумілёў, Бенедыкт Ліўшыц, Аляксандр Блок, Аляксандр Купрын, Міхаіл Зошчанка, Валянцін Катаеў, Канстанцін Паўстоўскі і іншыя. І няхай М. Шолахаў, М. Гумілёў, Б. Пастарнак, К. Паўстоўскі і А. Талстой закраналі гэтую тэму, але зноў жа фрагментарна, хучэй у кантэксце Грамадзянскай вайны Савецкай Расіі.
І некаторыя сучасныя аўтары і даследчыкі да гэтай пары ўпэўненыя, што тэма Першай сусветнай нецікавая. Гэта даволі дзіўна чуць ад навукоўцаў. Цікавых ці нецікавых войнаў увогуле не бывае. Бываюць проста войны, якія варта даследваць.
Што мы наогул ведаем пра тую вайну, пра яе бітвы і яе герояў?
Памятаючы вялікую колькасць герояў Вялікай айчыннай вайны, ці можам мы назваць хаця ж аднаго-двух з Першай сусветнай. Верагодна, людзі старэйшага ўзросту спачатку прыгадаюць паветраны таран Несцерава ды відавочна міфалагізаваны Брусілаўскі прарыў. Дарэчы, чым ён скончыўся? – тыя, хто аб гэтым прарыве хаця б нешта чуў, да гэтай пары так пытаюць. Магчыма, хтосьці глядзеў фільм «Чырвоны барон» пра знакамітага нямецкага лётчыка Рыхтгофена… Іншыя скажуць: «Ну, маўляў, гэта ж не наш, а нямецкі ас». Хаця, якая розніца, таксама ж герой вайны. На гэтым, напэўна, усё. Але, ёсць яшчэ дзве падзеі той вайны, значныя для расійскай гісторыі: забойства Распуціна ў 1916 годзе і пераварот 1917 года. Іх, зрэшты, савецкія гісторыкі настойліва не звязвалі з Першай сусветнай вайной. Не звязваюць і зараз. І дарэмна.
Нягледзячы на вялікі аб’ём літаратуры, прысвечанай забойству Грыгорыя Распуціна і Кастрычніцкай рэвалюцыі (перавароту), у якой гэтыя гучныя падзеі разглядаліся і працягваюць разглядацца па-за кантэкстам Першай сусветнай вайны, яны, тым не менш, з’яўляюцца яе неад’емнай часткай, кулуарамі гэтай вайны, вынікам шпіёнскай працы бакоў, якія супрацьборнічалі. Забойства Распуціна – вынік паспяховай працы брытанскай контрразведкі, у той час як рэвалюцыя ў кастрычніку 1917 года – поспех нямецкай. Зрэшты, падрабязней аб гэтым далей.
У прынцыпе, забыццё, у якім савецкая гістарыяграфія пакінула Першую сусветную вайну і якое па інэрцыі працягваецца да нашых дзён, цалкам можна палтумачыць: для Расіі ані ў царскі перыяд, ані ў савецкі ў гэтай вайне не было нічога слаўнага. Гісторыкі ж ніколі не любілі «кепскія» ці «нецікавыя» войны.
Так, напрыклад, зусім «забылі» зімовую вайну 1808–1809 гадоў супраць Швецыі за Фінляндыю, «забылі» шэраг «кепскіх» бітваў Паўночнай вайны, у якіх на галаву было разбіта колькасна пераважаючае войска Пятра, «забылі» захопніцкую вайну 1654–1667 гадоў супраць Рэчы Паспалітай і шэраг іншых… Правальную экспедыцыйную акцыю Суворава ў Альпах зрабілі геройскай, а здрадзіўшага рускай зямлі Аляксандра Яраславіча ўвогуле абвясцілі святым, прыдумаўшы яму Неўскую бітву, якой увогуле не было.
Вось і Першая сусветная падалася савецкім гісторыкам нехлямяжай і «кепскай», але фальсіфікаваць яе ніяк не атрымлівалася, бо гэта была занадта ўжо «свежая» гісторыя. Жывыя сведкі абсмяюць. Хаця цар і на самой справе вельмі няўклюдна ўступіў у гэтую непатрэбную Расіі вайну, ганебна праваліўшы наступленне на немцаў і загубіўшы мноства салдат, а Ленін яшчэ больш ганебна з яе выйшаў.
Напэўна, мала каго здзіўлю паведмленнем аб тым, што з краін Антанты расійскія войскі ў гэтай кровапралітнай вайне панеслі, як гэта было і ў іншых войнах, самыя вялікія страты. Амаль 2 мільёны (дакладную лічбу да гэтай пары ніхто не называе) салдат і афіцэраў загінула на франтах і сканала ад ран і хваробаў. Столькі ж – 2 мільёны – страціла толькі Германія, якая, у адрозненні ад Расіі, ваявала на двух франтах.
Страты мірнага насельніцтва зноў жа самымі вялікімі былі ў Расіі – больш за мільён загінулых (1 070 000 чалавек). Дакладней, нават не ў Расіі, а ў яе заходніх калоніях: Беларусі, Прыбалтыкі і Украіне з Польшчай.
Нягледзячы на тое, як адзначыў гісторык С. У. Волкаў, што «ў той вайне рускія генералы не завальвалі ворага, як сталінскія маршалы праз 30 год, трупамі сваіх салдатаў» страты ўсё адно аказаліся катастрафічнымі: Расія згубіла на сваім фронце бóльшую колькасць асабовага склада, чым ўзятыя разам Германія, Аўстра-Венгрыя і Турцыя, якія ў суме на расійскім фронце страцілі 905 000 салдат і афіцэраў. Волкаў піша:
Нават з улікам значных санітарных страт і тых, хто памёр у палоне, агульныя страты для Расіі былі значна менш адчувальнымі, чым для іншых краін…
Вось гэта цынізм! Канечне, у Расіі людзей шмат, не шкада, два мільёны выбыўшых ніхто асабліва ў Санкт-Пецярбургу ці Крамлі не адчуе. Волкаву павінна быць сорамна за такія словы! Ваюючы ж супраць Расіі удвая меншымі за расійскую армію сіламі, ворагі панеслі амаль удвая меншыя страты! Так, гэтая вайна была не такая, як Другая сусветная, без халакостаў, масавага вынішчэння мірнага насельніцтва, без канцлагераў і дывановых бомбавых налётаў на гарады. Гэта была вайна па правілах, вайна армій, таму і не было такой велізарнай колькасці ахвяр, як у апошняй вайне з гітлераўскай Германіяй. Але расійцы ў той бясслаўнай для іх вайне (як і ў папярэдніх), да агульнага сораму, так і не выказалі павагі не тое што да ворага, але нават да ўласных салдат – мільён загінулых? Не шкада, лічыць Волкаў, набярэм яшчэ! Да таго ж, гісторык неяк зусім забыў аб трох мільёнах палонных у тыле ворага. Атрымліваецца, што расійская армія, пачаўшы вайну ў 1914 годзе, завяршыла яе ў цалкам абноўленым складзе. І, выходзіць, не пяць мільёнаў салдат і афіцэраў прайшлі праз яе, але значна болей.
На тэму забыцця Першай сусветнай вайны ў расійскай гістарыяграфіі добра выказаўся пісьменнік Міхаіл Велер:
Ва ўсіх краінах і ва ўсе часы прыстойныя людзі ўмелі паважаць сваіх ворагаў, калі ў ворагаў была мужнасць, перакананасць, храбрасць і шчырасць. Ахвяры грамадзянскай вайны з абодвух бакоў шануюцца ў Іспаніі і Амерыцы, а ў нас да гэтай пары і блізка няма ніякага нацыянальнага прымірэння. У некаторых савецкіх кнігах аб гістарычных войнах ёсць эпізоды: рускі герой – ваяр, волат, храбрэц гіне ў няроўным баі за сваю радзіму, і яго ворагі аддаюць даніну мужнасці палеглага салдата. У ніводнай рускай кнізе няма адваротнай сітуацыі: каб рускія воіны аддавалі даніну павагі свайму ворагу. Заўжды толькі ў адзін бок.
Гэта тое, што ёсць у англічан, немцаў, французаў, італьянцаў, гішпанцаў, амерыканцаў, а ў рускіх ніколі не было.
Няздольнасць аддаваць даніну павагі ворагу кажа аб гаротнай халопскай гісторыі, аб несправядлівым успрыняцці свету ўвогуле і крыху аб халопскай зулускай маралі: калі мяне б’юць – гэта кепска, калі я б’ю – гэта добра. Я б назваў гэта маральнай няспеласцю народа, якая заўжды звязана з недахопам павагі да ўласнай гісторыі і недастатковым яе веданнем.
СЕЧАВЫЯ СТРАЛЬЦЫ
Існуе ўстойлівы міф аб тым, што арганізаваныя воінскія фармаванні Заходняй Украіны пачалі ўтварацца толькі пасля прыхода немцаў у 1941 годзе. Але, на самой справе, пачалося ўсё яшчэ ў 1914 годзе, калі ўлады Аўстра-Венгрыі ўтварылі з карпацкіх русінаў, якія ў той час пражывалі на тэрыторыі імперыі Габсбургаў, Украінскіх сечавых стральцоў (УСС, «усỳсы», па-украінску Українські Січові Стрільці). Гэта фармаванне таксама называлі Украінскім добраахвотніцкім легіёнам.
Пазней, пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, ён увайшоў у склад утворанай з так званых кіеўскіх сечавых стральцоў (знаходзіўшыхся ў расійскім палоне «усусаў») Галіцкай арміі Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі.
У аснове УСС ляжалі галіцкія ваенізаваныя арганізацыі «Сокал», «Пласт» і некаторыя іншыя. 18 сакавіка 1913 года гэтыя арганізацыі ўвайшлі ў стралецкае Таварыства – Сечавыя стральцы. Да яго таксама далучыліся іншыя таварыствы з правінцыі. Першым кіраўніком Сечавых стральцоў стаў львоўскі адвакат У. Старасольскі, а яго намеснікам – Дз. Катамай, які пазней узначаліў арганізацыю.
25 студзеня 1914 года ў Львове было заснавана яшчэ адно таварыства, якое атрымала назву Сечавыя Стральцы ІІ. Яго кіраўніком стаў Р. Дашкевіч, які пазней узначаліў Кіеўскіх сечавых стральцоў. Акрамя гэтых двух цэнтраў стралецкага руху, увосені 1913 года быў створаны трэці – Стралецкі курэнь пры таварыстве «Сокал». Усе гэтыя арганізацыі вучылі русінскую (рутэнскую) моладзь вайсковай справе.
Адразу пасля пачатка Першай сусветнай вайны, 2 жніўня 1914 года, усе партыі аб’ядналіся ў Галоўны ўкраінскі савет на чале з К. Лявіцкім. 6 жніўня 1914 года Савет і Украінская баявая ўправа выступілі з маніфестам, у якім абвясцілі аб гатоўнасці народа да барацьбы на баку Траістага саюза і паклікалі моладзь пад сцягі Украінскага Сечавога Стралецтва. Пасля абвяшчэння гэтага маніфеста сярод насельніцтва Галіччыны пачаўся масавы запіс у Сечавыя Стральцы. Спачатку яны збіраліся ў павятовых цэнтрах, дзе працавалі мясцовыя камітэты Баявой Управы. Адтуль добраахвотнікаў накіроўвалі ў гарады: Стрый, Цярнопаль, Станіслаў, Перамышль, Драгабыч. Потым партыямі яны накроўваліся ў Львоў, дзе пачыналася фармаванне легіёна Украінскіх Сечавых Стральцоў. Пасля эвакуацыі са Львова вайсковых частак і дзяржаўных установаў навабранцаў накіравалі ў Стрый.
3 верасня 1914 года легіён Украінскіх Сечавых Стральцоў прыняў прысягу на вернасць Аўстра-Венгрыі.
Стварэнне легіёна адбывалася на аснаванні імператасркага патэнта 1851 года, які тычыўся дабраахвотніцкіх ваенізаваных таварыстваў, таму легіён не адразу набыў выгляд вайсковай арганізацыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны падобныя легіёны былі створаны таксама палякамі і албанцамі. Усе яны прызначаліся для вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага на нацыянальнай тэрыторыі. Першымі выступілі палякі, але насельніцтва Усходняй Польшчы, якое не мела асаблівых сімпатый да Аўстра-Венгрыі, не ўзняла, як чакалася, паўстання, і легіянеры былі вымушаныя вярнуцца. Пасля гэтага аўстрыйскі генштаб перагледзеў планы выкарыстання нацыянальных добраахвотніцкіх вайсковых фармаванняў, і ператварыў іх у звычайныя вайсковыя адзінкі. Украінскі дабраахвотніцкі легіён падпарадкоўваўся аўстрыйскаму камандаванню.
УСС былі ўключаны ў склад 129-й і 130-й брыгад і 55-й пяхотнай дывізіі аўстра-венгерскай арміі, якая ўдзельнічала ў баях з расейскімі войскамі. Прычым, іх першы бой адбыўся з кубанскімі казакамі. У складзе сечавых стральцоў былі і дзяўчыны, што для таго часу было чымсьці надзвычайным.
Камандзірам цэлага легіёна стаў М. Галушчынскі. У кожны курэнь уваходзіла па 4 сотні (роты). Сотні складаліся з 4 чэтаў (узводаў), чэты – з 4 рояў (аддзяленняў) па 10–15 чалавек. Разам у сотні было 100 ці 150 байцоў. Апроч таго, у кожнай сотні было па два рамеснікі (адзін шавец і адзін кравец), соценны пісар і яго памочнік, два тэлефаністы. У склад легіёна ўваходзілі не толькі курэні, але і іншыя адзінкі: дадатковыя баявыя часткі, запасныя і дапаможныя часткі, а таксама спецыяльныя баявыя часткі. У легіёне на афіцэрскіх пасадах служылі жанчыны, што апярэдзіла свой час (гэта зараз мы прызвычаіліся да выгляду жанчын у пагонах, а ў 1914 годзе гэта было амаль неверагодным!).
Дадатковыя баявыя часткі былі прадстаўлены конніцай, кулямётнай сотняй і інжынернай сотняй. Конніца складалася з адной сотні, у якой было чатыры старшыны і 120 стральцоў. Камандаваў конніцай паручнік Р. Камінскі.
Аўстрыйскае камандаванне не спяшалася кідаць усусаў у бой, бо па-ранейшаму ставілася да стварэння гэтых падраздзяленняў як да сумніўнага эксперымента. Першым камандуючым быў прызначаны атаман Тэадор Ражанкоўскі, пасля яго гэтую пасаду атрымаў падпаручнік Міхаіл Галушчынскі. Адначасова з ім на кароткі тэрмін камандзірам легіёна УСС быў прызначаны аўстрыйскі кавалерыйскі палкоўнік Молік, па нацыянальнасці чэх, які пазней яшчэ некаторы час адказваў за падрыхтоўку стралкоў. Баявое хрышчэнне сечавыя стральцы прайшлі ў верасні 1914 года ў сутычках з часткамі 2-й Кубанскай казачай дывізіі ў раёне села Вярэцке-Вышне ля карпацкіх перавалаў на шляху ў Мункач. Гэтыя сутычкі былі нязначнымі, у іх удзельнічалі толькі перадавыя атрады. Узімку 1914–1915 гг. сотні УСС у складзе 130-й брыгады абаранялі карпацкія праходы – яны займаліся разведкай і аховай.
Падчас зімовых баёў легіён згубіў параненымі, абмарожанымі і забітымі да дзвюх трэціх свайго першапачатковага асабовага складу. Пасля гэтага УСС былі папоўнены сялянамі-русінамі з мясцовых закарпацкіх сёлаў, што адразу панізіла ідэалагічную вытрываласць легіянераў.
Самым буйным сутыкненнем з удзелам УСС на гэтым этапе вайны сталі баі за гару Макаўка, якія адбываліся з 29 красавіка да 3 мая 1915 года.
У гэтых баях стральцы страцілі 42 чалавекі забітымі, 76 – параненымі і 35 – палоннымі. Потым легіён удзельнічаў у баявых дзеяннях пад Балехавам, Галічам, Памехавай і Семікоўцамі.
З лета 1915-га жаўнеры УСС занялі пазіцыі над ракой Стрыпай і там, у Сасновых і Вясёлай, знаходзіліся да жніўня 1916 года. Потым у складзе 55-й дывізіі абодва курэні былі ператвораны ў полк УСС пад камандаваннем атамана Г. Косака, а з лістапада 1916 года – падпалкоўніка Антона Варыводы.
У жніўні 1916 года легіён быў пераведзены пад Беражаны, дзе акапаўся на пагорку Лысоня. У жнівеньскіх і вераснёўскіх баях за Лысоню УСС страцілі 28 з 44 старшын, толькі палоннымі – больш за 1000 жаўнераў, і на 30 верасня 1916 года амаль перасталі існаваць, налічваючы толькі 9 старшын і 444 стральцы.
Другі раз адчувальныя страты легіён УСС панес у пачатку ліпеня 1917 года ў баі пад Конюхамі пры наступленні расійскай арміі, калі яго склад амаль цалкам патрапіў у палон. Выратавалася каля 400 старшыняў і стральцоў. З іх, з Гуцульскай сотні і з запасной часткі, якая называлася «Кош», быў сфарміраваны новы курэнь УСС, які здзейсніў паход на раку Збруч, а ў лютым 1918 года ў складзе аўстра-венгерскай арміі пайшоў у наступленне на тэрыторыю былой Расійскай імперыі.
Усе гэтыя дарэмныя ахвяры УСС выглядаюць больш трагічна, калі ўлічваць, што насельніцтва русінскай Галіцыі больш сімпатызавала менавіта Расіі, а не Аўстра-Венгрыі. Венграў увогуле баяліся. Яшчэ здалёк убачыўшы лісіныя шапкі вайсковай венгерскай паліцыі, русіны ў страху хаваліся па хатах. І зараз бяруць дрыжыкі, калі праглядаеш фотаздымкі павешаных у Галіцыі ворагаў Аўстра-Венгрыі, у лік якіх уваходзілі таксама і жанчыны. А ў той час усусы пралівалі кроў за тых, хто вешаў іх сваякоў і землякоў.
У лістападзе 1917 года з аўстра-венгерскіх сечавых стральцоў, якія знаходзіліся ў расійскім палоне ў Кіеве, пад кіраўніцтвам Яўгена Канавальца быў утвораны Галіцка-Букавінскі курэнь Сечавых Стральцоў, які паклаў пачатак цэламу шэрагу найбольш баяздольных вайсковых частак арміі Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі. Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі УСС сталі касцяком Галіцкай арміі, якая абаранялася ад палякаў. Праўда, падчас баёў за Львоў легіён прыбыў у горад толькі 3 лістапада і ўжо не здолеў змяніць баявога становішча.