Текст книги "Забытая Першая сусветная вайна"
Автор книги: Міхаіл Галдзянкоў
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 19 страниц)
З пачаткам нямецкай акупацыі на ўсход пацякла чалавечая плынь. У маі 1918 года ў Расіі знаходзілася 2,3 (!) міліёны ўцекачоў з Беларусі, то бок трэцяя частка ад усяго даваеннага насельніцтва края (6 890 000 беларусаў па дадзеных на 1913 год). Няцяжка ўявіць, наколькі абязлюдзела Беларусь у выніку чарговай пасля 1812 года вайны, якая вынішчыла 25 % насельніцтва, буйной дэмаграфічнай катастрофы. Мабілізацыя закранула больш за 50 % вясковых жыхароў Беларусі. Гэта, у сваю чаргу, моцна адбілася на стане сельскай гаспадаркі: з-за недахопу людзей і цяглавай сілы (коней таксама «прызывалі» на вайну) значна зменшыліся пасяўныя плошчы.
Першая сусветная вайна паўплывала таксама і на прамысловасць Беларусі. Падчас вайны ў шэрагу галін назірася скарачэнне вытворчасці. Адсутнічалі сыравіна, працоўная сіла і паліва.
ЗА ШТО ВАЯВАЛІ?
Прычын для вайны можна знайсці шмат. Чым не прычына, напрыклад, падзеі 1871 года, калі паразай Францыі скончылася вайна з Прусіяй, завяршыўся працэс аб’яднання Германіі, і гегемонія Прусіі была замацавана ў новай дзяржаве. Падчас кіравання канцлера О. фон Бісмарка, які намагаўся адрадзіць сістэму саюзаў, знешняя палітыка германскага ўрада характарызавалася імкненнем дасягнуць дамінуючага становішча ў Еўропе. Для таго, каб пазбавіць Францыю магчымасці адпомсціць за паразу ў франка-прускай вайне, Бісмарк паспрабаваў пры дапамозе сакрэтных пагадненняў звязаць з Германіяй Расію і Аўстра-Венгрыю. Але Расія выступіла менавіта на баку Францыі, і Саюз трох імператараў, які планаваў «жалезны канцлер», распаўся. У 1882 годзе ён узмацніў пазіцыі Германіі, стварыўшы Траісты саюз, у якім аб’ядналіся Аўстра-Венгрыя, Італія і Германія. Да 1890 года Германія выйшла на першыя пазіцыі ў еўрапейскай дыпламатыі.
Францыя выйшла з дыпламатычнай ізаляцыі. Скарыстаўшыся пахаладаннем у стасунках паміж Расіяй і Германіяй, а таксама патрэбай Расіі ў капітале, яна заключыла з ёй ваенную канвенцыю і дамову аб саюзе. Расійска-французкі саюз павінны быў адыграць ролю супрацьвагі Траістаму саюзу немцаў. Вялікабрытанія трымалася ў баку ад супрацьстаяння на кантыненце, аднак ціск палітычных і эканамічных абставінаў прымусіў яе зрабіць выбар. Англічан не мог не турбаваць нацыяналістычны настрой, які панаваў у Германіі, яе агрэсіўная каланіяльная палітыка, імклівая прамысловая экспансія і, галоўным чынам, узмацненне яе ваенна-марскога флоту. Брытанія, учорашняя марская імперыя, прыраўнавала немцаў да мора і не жадала бачыць побач новую марскую імперыю. Нікога, апроч сябе.
Даволі хутка прагматычныя брытанцы здолелі знівеляваць свае спрэчкі з Францыяй і ў 1904 годзе заключылі «Сардэчнае пагадненне». Былі пераадоленыя перашкоды і на шляху да англа-расійскага супрацоўніцтва, і ў 1907 годзе было падпісана англа-расійскае пагадненне. Вось так, калісьці, 50 гадоў таму, англічане і французы, занепакоеныя ўзмацненнем цара-варвара на Чорным моры, ваявалі з Расіяй у Крыме, а цяпер вырашылі сябраваць дамамі… канечне ж, супраць Германіі.
Так Расія стала ўдзельніцай Антанты. Вялікабрытанія, Францыя і Расія ўтварылі саюз «Траістае пагадненне» (Triple Entente) ў якасці супрацьвагі Траістаму саюзу германцаў. Такім чынам, у Еўропе з’явіліся дзве варожыя сістэмы без усялякіх там камуністаў і капіталістаў – капіталісты супраць капіталістаў.
Вядома, адной з прычын вайны для Францыі стала імкненне вярнуць страчаныя тэрыторыі Эльзаса і Латарынгіі. І нават знаходзячыся ў саюзе з Аўстра-Венгрыяй, французы не пакідалі надзеі атрымаць назад Трэнтына, Трыест і Фіумэ, якія патрапілі пад уладу імперыі Габсбургаў.
Але ж далёка не яны распачалі гэтую вайну. Палякі, як і падчас вайны з Напалеонам, зноў убачылі магчымасць аднаўлення незалежнай дзяржавы, знішчанай праз тры падзелы Рэчы Паспалітай паміж сквапнымі суседкамі – Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да нацыянальнай незалежнасці імкнуліся шматлікія народы Аўстра-Венгрыі – чэхі, славакі, карпацкія русіны Галіцыі (былой Чырвонай Русі).
Расія ж была ўпэўнена, што не зможа развівацца без абмежавання германскай канкурэнцыі, і, імкнучыся захапіць новыя землі, высоўвала лозунгі аб абароне славян ад Аўстра-Венгрыі, пры гэтым, славян, што жылі на яе тэрыторыі, – украінцаў, палякаў і беларусаў – зняволіла ў часы захопа Рэчы Паспалітай і падаўляла іх барацьбу за незалежнасць. Праўда, пасля вайны з Напалеонам цар Аляксандр І урэшце зразумеў, што памыляўся, калі дурыў ды падманваў палякаў абяцаннямі аўтаноміі пад расійскай каронай. Як, зрэшты, падманваў і беларусаў, абяцаючы Міхалу Агінскаму вярнуць Літве (як Беларусь афіцыйна называлася да 1840 года) былыя вольнасці і аўтаномію. Вынікам гэтых царскіх хітрыкаў стала тое, што палякі і беларусы ваявалі акурат за вызваліцеля Напалеона, супраць цара і яго прынізлівага прыгону. Так, у 1815 годзе цар урэшце абвясціў аб стварэнні Царства Польскага, даючы палякам прывілеі, аўтаномію і ўласнае войска, што ўсё ж такі іх задаволіла не да канца і не зберагло Расію ад двух крывавых паўстанняў у 1830–1831 і 1863–1864 гадах. Ды і паўстанне дзекабрыстаў у 1825 годзе пры ўважлівым вывучэнні аказваецца бунтам дваран-шавіністаў, незадаволеных тым, што цар следам за палякамі вырашыў даць аўтаномію і ліцвінам (беларусам).
Але на Балканах і ў Багеміі сярод сербаў, балгараў і чэхаў, якія не ведалі, што з сябе ў рэчаіснасці ўяўляе Расійская імперыя, сімпатыі да Расіі былі даволі моцнымі. Гэта, дарэчы, адлюстравана ў кнізе Я. Гашака аб салдаце Швейку: чэхі здаваліся ў палон расійцам, не жадаючы ваяваць за ненавісную імперыю аўстрыякаў і мадзьяраў. Расія ваявала на Балканах на баку балгараў яшчэ ў 1877 годзе, але тая вайна прынесла ім мала свабоды. Затое яе пладамі ў большай ступені скарысталіся пранырлівыя сербы, пазбавіўшыся ад асманскага іга. І як бы савецкія гісторыкі ні называлі Першую сусветную вайну імперыялістычнай, нават у СССР сарамліва хавалі той факт, што расійскае войска акупавала паўднёвае ўзбярэжжа Каспія і Паўночны Іран – землі зусім не славянскія.
Але Расіі не былі патрэбны новыя заваяванні. Гэта, наадварот, толькі разбурала яе. Расія з часоў Івана ІІІ, захопліваючы новыя землі, так і не навучылася паважаць сваіх новых грамадзян, як і не навучалася станоўча выкарыстоўваць іх патэнцыял ці хаця б проста вырашыць, што далей рабіць з новадалучанымі землямі. З часоў заваяванняў Івана ІІІ, Івана ІV і Пятра І разам з імі, як правільна заўважыў Міхаіл Велер, маскоўскія цары эксплуатавалі прымітыўную халопскую захопніцка-качэўніцкую (зулускую) філасофію: добра жыць за кошт новадалучаных багатых земляў. Але ці стала жыхарам Масковіі лепей ад заваявання багатай Наўгародскай рэспублікі ці ліквідацыі квітнеючай Пскоўскай рэспублікі? Ці стала лепей жыхарам Расіі пасля далучэння Прыбалтыкі, Фінляндыі і Рэчы Паспалітай, разгрому Чаркесіі і ўсяго Каўказа, заваявання Сібіры? Не, не стала. Наадварот. Яны па-ранейшаму былі галечай, якая знаходзілася, па сутнасці, пад арыштам, гінулі ў змаганіі невядома за што ў далёкіх краях, жывучы пад прыгонам, як цяперашнія вязні, асуджаныя на «хімію».
Цары атрымлівалі калісьці багатыя, але спустошаныя вайной землі, аднаваіць парадак на якіх войска не ўмела, толькі хутка рабавала тое, што яшчэ засталося. Іншыя краіны засяроджваліся на сабе і творчай працы, у той час як Васіль ІІІ, яго нашчадак Іван ІV, Алексей Міхайлавіч, Петр І і Кацярына Вялікая ўсё грэблі і грэблі, не ведаючы, што рабіць з гэтым далей. А потым было разбурэнне і ператварэнне квітнеючых краёў у чарговую прыгонную глухмень, адкуль нармальныя людзі імкнуліся збегчы на захад.
І вось цару Мікалаю варта было б задумацца, што рабіць з гэтай велізарнай тэрыторыяй, населенай разнастайнымі, часам варагуючымі народамі, як уладкаваць іх нармальнае суіснаванне і развіццё. Замест гэтага цар пайшоў вайной на Японію. І з трэскам яе прайграў.
Ну а ў Берліне сваю будучыню звязвалі з разгромам Францыі і Вялікабрытаніі і аб’яднаннем краін Цэнтральнай Еўропы пад кіраўніцтвам Германіі. У Лондане лічылі, што народ зможа жыць спакойна, толькі знішчыўшы галоўнага ворага – Германію.
Напружанасць у міжнародных стасунках была ўзмоцнена шэрагам дыпламатычных крызісаў – франка-германскім сутыкненнем у Марока ў 1905–1906 гадах, анэксіяй Босніі і Герцагавіны аўстрыйцамі ў 1908–1909 гадах і, урэшце, Балканскімі войнамі 1912–1913 гадоў. Вялікабрытанія і Францыя падтрымлівалі Італію ў рэалізацыі інтарэсаў у Паўночнай Афрыцы, чым некалькі аслабілі яе адданасць Траістаму саюзу. З гэтай прычыны Германія ўжо не магла разлічваць на Італію як на надзейнага саюзніка ў будучай вайне.
У Сербіі пасля Балканскіх войнаў пачалася актыўная нацыяналістычная прапаганда супраць аўстра-венгерскай манархіі. Група сербаў, чальцоў кансператыўнай арганізацыі «Млада Босна» («Маладая Боснія»), прыняла вельмі неразумнае рашэнне забіць спадкаемца прастола Аўстра-Венгрыі эрцгерцага Франца-Фердынанда, быццам смерць аднаго чыноўніка можа паўплываць на палітыку цэлай манархіі – яго па-просту зменіць іншы, як гэта здаралася пасля замахаў народавольцаў на цара ў Расіі. Магчымасць здзейсніць нікому не патрэбны тэракт выпала, калі Франц-Фердынанд разам з жонкай адправіўся ў Боснію на вучэнні аўстра-венгерскіх войскаў.
Як ужо было сказана раней, эрцгерцаг і яго жонка былі застрэленыя дзевятнаццацігадовым студэнтам з «Млады Босны» Гаўрылам Прынцыпам 28 чэрвеня 1914 года. Вось з гэтай, падалося б, малой іскры, крымінальнай, па-сутнасці, справы, і разгарэлася полымя вайны.
Вядома, у нашыя дні стрэлы тэрарыста з Сараева не прымусілі б палову света распачынаць вайну адно супраць аднаго. Справа была б вырашана ў кампітэнцыі крымінальнага суда, і не болей. Нават атака арабскіх тэрарыстаў на хмарачосы ў Нью-Йорку абышлася толькі поркай аднаго Афганістана ды ліквідацыяй Бен Ладэна. Але ў той час чакалі на нагоду. І такая кволая нагода ўсіх задаволіла.
23 ліпеня Аўстра-Венгрыя, усклаўшы віну за забойства Франца-Фердынанда на Сербію, абвяшчае ёй заведама невыканальны ўльтыматум, у якім патрабуе правесці чысткі дзяржапарата і арміі ад чыноўнікаў і афіцэраў, якія былі заўважаныя за антыаўстрыйскай прапагандай; арыштаваць падазраваных у супрацоўніцтве з тэрарыстамі; дазволіць паліцыі Аўстра-Венгрыі на тэрыторыі Сербіі праводзіць следствы і здзяйсняць пакаранні абвінавачаных у антыаўстрыйскіх дзеяннях. На адказ сербам было дадзена толькі 48 гадзін.
У той жа дзень Сербія пачынае мабілізацыю, аднак пры гэтым пагаджаецца на выкананне ўсіх патрабаванняў Аўстра-Венгрыі, за выключэннем допуску аўстрыйскай паліцыі на ўласную тэрыторыю. Ну а Германія настойліва падштурхоўвае Аўстра-Венгрыю да абвяшчэння сербам вайны.
25 ліпеня Германія распачынае прыхаваную мабілізацыю: не абвяшчаюшы аб ёй афіцыйна, на прызыўныя пункты пачалі рассылаць павесткі рэзевістам. 26 ліпеня Аўстра-Венгрыя абвяшчае мабілізацыю і пачынае засяроджваць войскі на мяжы з Сербіяй і Расіяй.
28 ліпеня Аўстра-Венгрыя, паведаміўшы, што патрабаванні ўльтыматуму не выкананыя, абвяшчае Сербіі вайну. Аўстрыйская цяжкая артылерыя пачанае абстрэл Белграда, а рэгулярныя войскі Аўстра-Венгрыі пераходзяць сербскую мяжу. Расія абвяшчае, што не дапусціць акупацыі Сербіі. У французскім войску сканчваюцца адпачынкі.
29 ліпеня Мікалай ІІ даслаў Вільгельму ІІ тэлеграму з прапановай перадаць вырашэнне аўстрыйска-сербскага канфлікту міжнароднаму трацейскаму суду ў Гаазе. Вільгельм ІІ не адказаў на гэтую тэлеграму.
29 ліпеня ў германскай арміі былі перарваныя адпачынкі. 30 ліпеня пачалася частковая мабілізацыя ў Францыі.
31 ліпеня абвешчана ўсеагульная мабілізацыя ў Расійскай імперыі. У той жа дзень у Германіі было абвешчана становішча, якое «пагражае вайной». Германія прад’яўляе ўльтыматум Расіі – альбо Расія спыняе прызыў у армію, альбо Германія абвяшчае ёй вайну.
Мікалай ІІ не адказаў. Францыя, Аўстра-Венгрыя і Германія абвяшчаюць усеагульную мабілізацыю. Германія сцягвае войскі да бельгійскай і французскай межаў. Пры гэтым з раніцы 1 жніўня міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Э. Грэй абяцаў нямецкаму амбасадару ў Лондане, што ў выпадку вайны паміж Германіяй і Расіяй Англія захавае нейтралітэт пры ўмове, што не будзе атакавана Францыя.
Падаецца, ніхто не хацеў вайны, але ўсе рабілі ўсё, каб яна пачалася. І вось закруцілася д’ябальскае кола: 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі, 1 жніўня Германія абвясціла вайну Расіі, у той жа дзень немцы без усялякага абвяшчэння вайны ўварваліся на тэрыторыю Люксембурга. 2 жніўня немцы канчаткова акупавалі Люксембург і высунулі Бельгіі ўльтыматум аб пропуску германскіх войскаў да французскай мяжы. На разважанні бельгійскім уладам было дадзена ўсяго 12 гадзін. 3 жніўня Германія абвясціла вайну Францыі, абвінаваціўшы яе ў «арганізаваных нападах і паветраных бамбардзіроўках германскай тэрыторыі» і «ў парушэнні бельгійскага нейтралітэту».
3 жніўня Бельгія адмовілася выконваць патрабаванні нямецкага ўльтыматуму. Германія ў адказ абвяшчае ёй вайну. Быццам галодны воўк, яна лезе ў курыны хлеўчык, не клапоцячыся аб тым, ці прыхаваны там пасткі.
Свет адрэагаваў на агрэсію Германіі абурэннем. Нават тыя краіны, жыхары якіх вельмі цьмяна ўяўлялі, што такое ёсць гэтая Германія. Так, вайну Германіі і Аўстра-Венгрыі абвесцілі такія экзатычныя дзяржавы, як далёкія ад еўрапейскіх «разборак» Кітай і лацінаамерыканскія Перу, Уругвай, Бразілія, Панама і Куба. У красавіку 1917 года маленькая, але ганарлівая Балгарыя абвясціла вайну ЗША, пасля таго як тыя абвясцілі вайну Германіі. Японія таксама абвясціла вайну і Германіі, і Аўстра-Венгрыі… Увесь свет нібыта з глузду з’ехаў.
РУСКАЯ РУЛЕТКА
Пачатак вайны нагадвае гульню ў рускую рулетку: на шчасце, не маючы ані ўзбраення, ані неабходнай адукацыі, ані падрыхтоўкі, толькі сумны досвед Японскай вайны, які, на жаль, не пайшоў на карысць, расійская армія ўварвалася ва Усходнюю Прусію 4 жніўня 1914 года. Ужо ў першыя дні вайны па тэрыторыі Беларусі, якая стала цэнтральным тэатрам баявых дзеянняў на расійска-германскім фронце, прайшла хваля антываенных забастовак рабочых і масавых выступленняў сялян. З 22 па 26 ліпеня адбывалася буйная антываенная забастоўка на Дубровенскай фабрыцы ў Горацкім павеце Магілёўскай губерніі. Асабліва шырокі размах набывалі выступленні рабочых і сялян, прызваных у войска.
За 7 дзён (з 19 па 25 ліпеня) у беларускіх губерніях было разгромлена 43 панскіх маёнткі, 2 фальваркі і 12 хутароў і сядзіб заможных уладальнікаў. Беларусы не бачылі для сябе сэнсу ў вайне з Германіяй з-за далёкай Сербіі. Найбольш буйным было выступленне прызыўнікоў 21–26 ліпеня ў Сененскім павеце Магілёўскай губерніі. Раз’юшаныя навабранцы разграмілі 13 маёнткаў расійскіх памешчыкаў (вельмі часта памешчыкі паходзілі не з мясцовай шляхты). Хваляванні былі задушаныя толькі пры дапамозе карных атрадаў.
Супрацьлеглую пазіцыю ў дачыненні да вайны занялі буржуазныя і дробнабуржуазныя слаі насельніцтва Беларусі, галоўным чынам, выхадцы з Расіі і Руская праваслаўная царква. Яны выступалі ў падтрымку царызму і прыкладалі намаганні да ўзняцця мілітарыстычных і шавіністычных настрояў у шырокіх працоўных масах. Ужо ў першыя дні вайны па ініцыятыве мясцовых уладаў у Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах абдыліся масавыя сходы, малебны і «ўра-патрыятычныя» маніфестацыі. Іх арганізатары заклікалі насельніцтва да грамадзянскай згоды, прынясення ахвяры ў імя Айчыны і перамогі над «вераломным» ворагам.
У той час 1-я расійская армія рушыла на Кёнігсберг з усходу ад Мазурскіх азёраў, а 2-я армія – з захаду ад іх. На першым тыдні дзеянні расійскіх войскаў былі паспяховымі, немцы, якія колькасна саступалі, паступова адсоўваліся назад. Гумбінэн-Гольдапская бітва, якая адбылася 7 жніўня, скончылася на карысць расійскай зброі. Але царскае камандаванне не здолела скарыстацца пладамі сваіх першых поспехаў. Прасоўванне дзвюх расійскіх армій запаволілася, і сувязь паміж імі пачала даваць збоі, чым паспяшаліся скарыстацца немцы, ударыўшы з захаду на адкрыты фланг 2-й арміі. 13–17 жніўня 2-я армія генерала Самсонава была цалкам разбіта, значная яе частка патрапіла ў атачэнне і была ўзята ў палон. У нямецкай гістарыяграфіі гэтыя падзеі называюцца бітвай пры Таненбергу. Пасля гэтай чуллівай паразы 1-я армія пад камадваннем генерала Раненкампфа пад пагрозай акружэння пераўзыходзячымі сіламі германскага войска была вымушана з баямі адыходзіць на першапачатковыя пазіцыі. Адступленне было завершана толькі 3 верасня. Дзеянні Раненкампфа палічылі правалам, і з гэтага эпізоду пачаліся характэрыя пазней ганенні на вайсковых начальнікаў з нямецкімі прозвішчамі. Нават Санкт-Пецярбург быў перайменаваны ў Петраград. У нямецкай гісторыі разгром расійскага генерала Раненкампфа лічыцца бліскучай перамогай германскай зброі, а на месцы баёў быў узведзены вялізны мемарыял, у якім пазней быў пахаваны фельдмаршал Гіндэнбург.
Тым не менш, нягледзячы на няўдачы Расіі, вядомы англійскі палітык Уінстан Чэрчыль – у той момант міністр узброеных сіл Вялікабрытаніі – лічыў, што расійскія войскі сваімі дзеяннямі ў 1914 годзе выратавалі Парыж. Справа ў тым, што адначасова з апісанымі падзеямі нямецкія войскі ўварваліся ў Бельгію. Бельгійскі кароль Альберт звярнуўся па дапамогу да краін-гарантаў бельгійскага нейтралітэту.
Лондан накіраваў у Берлін ультыматум – спыніць наступ на Бельгію, ці Англія абвесціць вайну Германіі. Пасля заканчэння тэрміну, адведзенага на выкананне ўмоў ультыматуму, Вялікабрытанія абвясціла вайну і накіравала войскі на дапамогу Францыі. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Расіі 6 жніўня…
Зрэшты, нягледзячы на праблемы на фронце, расійскаму цару на вайне падабалася. Па-свойму падабалася яму і роля збавіцельнай ахвяры. Седзячы ў Магілёве, куды была пераведзена Стаўка камандавання расійскай арміяй, дабрадзей імператар пісаў дадому:
Мой мозг адпачывае. Тут няма міністраў, клапотных пытанняў, якія патрабуюць асэнсавання. Я лічу, што гэта добра для мяне.
То бок цар шмат думаць не прызвычаіўся, а свой удзел у вайне прымаў не як ахвяру дзеля выратавання краіны, але як аздараўляльны адпачынак для мозга.
Мікалай ІІ падымаўся а восьмай, займаўся ранішнім туалетам, маліўся і ішоў піць гарбату ў сталовай. Аб 11 гадзіне «ахвяра» адпраўлялася ў штаб на даклад, каб азнаёміцца з аператыўнай абстаноўкай і абмеркаваць з начальнікам штаба генералам Аляксеевым пытанні, якія тычыліся войска. На гэтым гадзінным дакладзе, па сутнасці, і сканчвалася праца цара ў якасці Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Рэшту часу – практычна цэлы дзень – ён прысвячаў сняданку-абеду з нязменнай чаркай гарэлкі, дакладам міністраў, шпацырам і іншым прыемным рэчам. Без сумневу, дзеля такога бесклапотнага жыцця ў новым становішчы варта было ўзначаліць войска. Рэальнае камандаванне ўзброенымі сіламі, у сваю чаргу, было сканцэнтравана ў руках начальніка штаба Стаўкі генерала Аляксеева.
Праўда, спачатку цар вырашыў таксама нейкім чынам выявіць сябе ў ролі галоўнакамандуючага і выкарыстаць свой «досвед стратэга». Ён вырашыў для ўзмацнення войскаў, якія дзейнічалі супраць Аўстра-Венгрыі і Германіі, забраць з Каўказскага фронта V Каўказскі корпус і адну пяхотную дывізію. Гэта вельмі раз’юшыла вялікага князя Мікалая Мікалаевіча-малодшага. Вялікі князь абураўся:
Ён не толькі адабраў у мяне пост, які яму самому відавочна не па сілах, але яшчэ і хоча пазбавіць права на будучыя перамогі!
Пазней, падчас Эрзерумскай аперацыі 1916 года, калі генерал Юдзеніч пажадаў узяць Эрзерум, не праводзячы належным чынам асады, Мікалай ІІ нароўні з камандуючым фронтам былі катэгарычна супраць гэтага. Узяцце Эрзерума магло і не адбыцца, калі б Юдзеніч не вырашыў дзейнічаць насуперак цару.
Пры гэтым, у пытаннях кадравых прызначэнняў імператар зусім не лічыў сябе абмежаваным пажаданнямі начальніка штаба. У прыватнасці, нягледзячы на пярэчанні апошняга супраць прызначэння генерала Безабразава на пасаду камандзіра гвардзейскіх корпусаў, цар настойваў на сваім. У дадатак прывёў аргумент, які забіў Аляксеева напавал:
Ну што вы, Міхаіл Аляксеевіч! Ён такі мілы і такі вясёлы апавядальнік і анекдатыст!
У 1916 годзе Безабразаў будзе прызначаны камандуючым створанай са стратэгічнага рэзерву Спецыяльнай арміяй. З гэтым выпадкам звязана яшчэ адна гісторыя, якая раскрывае нам асобу Мікалая ІІ. Так, Спецыяльная армія была трынаццатай па ліку і ёй павінны былі надаць нумар XIII, але цар з-за нейкіх сваіх забабонаў не пажадаў надаваць такі нумар арміі. Увогуле шмат хто з сучаснікаў Мікалая адзначаў уласцівыя яго асобе містыцызм, своеасаблівы рэлігійны фаталізм і прымхлівасць. Лейб-казак імператара Цімафей Яшчык прыгадваў:
Калі цар з раніцы шпацыраваў па парку, я ішоў следам… Калі цар знаходзіў падкову, а з прычыны таго што цар верыў, што падкова прыносіць шчасце, то я кожны раз павінны быў забраць яе з сабой дадому.
У эмігранцкай і расійскай публіцыстыцы 1990-х гадоў часта сустракаліся артыкулы пра тое, што Мікалай ІІ у 1915 годзе выратаваў сотні тысячаў армян ад асманскага генацыду. Але менш пісалі аб арганізаваным у тым жа годзе ўнутры Расійскай імперыі інтэрніраванні не меншай, калі не большай, колькасці прадстаўнікоў нетытульных нацый: яўрэяў, немцаў, латышоў, палякаў… Перасяленне і ўтрыманне ў асаблівых умовах падазраваных у нелаяльнасці этнічных груп было агульнапрынятай практыкай падчас абедзвюх сусветных войнаў.
Але арганізацыя гэтых акцый у Расіі выходзіла надзвычай кепска – натоўпы перасяленцаў і ўцекачоў захапілі і без таго перагружаную транспартную сістэму ў заходніх рэгіёнах краіны і выклікалі лакальныя выбухі эпідэмій і голаду. Адсутнасць прыстойнай прапагандысцкай працы падчас дэпартацый прывяла да росту сацыяльнай напружанасці на падмурку антысемітызму і шпіёнаманіі ў арміі і тыле. Наступленне немцаў выклікала масавы адток насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі на ўсход. Эвакуацыю, зрэшты, ніхто не арганізоўваў, людзі, якіх прыспешвала паліцыя, стыхійна ўцякалі ад наступлення вайны, пакідаючы ўласныя хаты. Расійская імперыя ўступіла ў Першую сусветную, не падрыхтаваўшы неабходнай колькасці ваенных запасаў. Савецкія гісторыкі, крытыкуючы «імперыялістычную вайну», асабліва часта падкрэслівалі, што ў бой расійскія салдаты ішлі з адной вінтоўкай на пяцярых.
Падаецца, у Расіі так было заўжды – недахоп узбраення нават падчас падрыхтаванай агрэсіі. Але вельмі дзіўна, калі ўлічыць, што Мікалай ІІ ва ўводзінах да падручніка па гісторыі, прысвечанага 300-годдзю дома Раманавых, пісаў, што Расія не гандлёвая дзяржава, але ваенная. Вось такая вось «ваенная» дзяржава – з адной вінтоўкай на пяцярых.
Пад пагрозай захопу апынуліся ўсе заходнія губерніі Расійскай імперыі. Для таго, каб стварыць немцам перашкоду ў атрыманні мясцовых стратэгічных рэсурсаў, расійскія ўлады прынялі рашэнне аб эвакуацыі вайсковых і прамысловых прадпрыемстваў, знішчэнні сельскагаспадарчых сховішчаў і пасеваў. Таксама быў выдадзены загад аб прымусовым высяленні ў аддаленыя рэгіёны імперыі насельніцтва заходніх губерній. Падчас адступленя расійскае камандаванне, грунтуючыся на досведзе вайны 1812 года, імкнулася ўжываць тактыку спаленай зямлі. Войску быў аддадзены загад разбураць не толькі шляхі зносін, але і спальваць гарады і вёскі, гонячы людзей на ўсход. Насельніцтва Беларусі імкнулася ўсялякім чынам перашкодзіць гэтаму варварству.
Няўдачы расійскай арміі на франтах у 1915 годзе выклікалі рост хвалі ўцекачоў. Імклівасць змянення стратэгічнай абстаноўкі падчас адступлення расійскага войска суправаджалася раптоўным высяленнем мясцовых жыхароў. Беларусь ператварылася ў суцэльны лагер уцекачоў, велізарная колькасць якіх сабралася на паўднёвым захадзе Беларусі.
Людзі ішлі па Брэст-Маскоўскай шашы: на ўсход падаліся не толькі жыхары бліжэйшых беларускіх паветаў, але і польскія сяляне з Хэлмскай і Люблінскай губерняў, прымусова выселеныя ваеннымі ўладамі. У ліпені 1915 года на ўчастку шляху Кобрын – Пружаны – Баранавічы знаходзілася 400 000 уцекачоў. З 31 ліпеня па 15 жніўня 1915 года з-пад Кобрына на ўсход было адпраўлена каля 100 000 чалавек. Лёс тых, хто застаўся, склаўся трагічна. 8 жніўня адзін з лагераў уцекачоў бамбіла нямецкая авіяцыя, што прывяло да масавай гібелі людзей. Шмат хто патрапіў у нямецкі палон. Яшчэ адна людская плынь «цякла» праз Пружаны – Слонім – Баранавічы ці Беласток – Ваўкавыск – Слонім – Баранавічы.
Колькасць тых перасяленцаў, што сабраліся ў Баранавічах, дасягнула ў жніўні 100 000 чалавек.
Рух уцекачоў праз Беларусь быў слаба арганізаваным. Мясцовыя адміністрацыі клапаціліся толькі аб эвакуацыі ўстаноў і служачых, пакідаючы на вырак лёсу простых людзей. У дзеяннях мясцовых чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў эвакуацыі, панавала поўнае бязладдзе, адсутнічала ўсялякая ўзгодненасць. Грамадзянскія ўлады не толькі не аказвалі істотнай дапамогі перасяленцам, але часам стваралі ім перашкоды, загадваючы бессістэмна перасоўвацца то туды, то сюды. Шмат хто з уцекачоў па накіраванні паліцыі месяцамі блукаў на прасторы ў некалькі дзесяткаў кіламетраў, што, напрыклад, назіралася ў раёне Ліды і Наваградка.
Улады, распачаўшы вайну, відавочна не былі падрыхтаваны да яе суворых рэаліяў і з’яўлення такой колькасці ўцекачоў. Не існавала ніякіх прававых дакументаў і праграм дзеяння па аказанні дапамогі перасяленцам, не былі вызначаныя асобы, адказныя за падтрымку пацярпелых ад вайны, адсутнічала каардынацыя дзеянняў. Але, як вынік усялякай масавай іміграцыі, прысутнічалі хваробы і эпідэміі. На чыгуначнай станцыі Мінск, дзе сабралася да 15 000 уцекачоў, толькі за некалькі дзён памерла каля 3000 чалавек. Шлях перасяленцаў на ўсход быў адзначаны вялікай колькасцю свежых магіл.
Першымі сур’ёзнасць праблемы ўсвядомілі вайскоўцы, таму што былі вымушаныя выдзяляць на патрэбы ўцекачоў каля 2 млн. рублёў.
У загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 21 чэрвеня 1915 года было сказана:
Складаць акты адпаведнага ўзнагароджання за разбураныя пабудовы і знішчанае падчас баявых дзеянняў быдла.
Пазней армія пачала выдаваць грашовыя авансы мясцовым уладам для выкарыстання на патрэбы ўцекачоў. Паліцыі прадпісвалася не дапускаць хваляванняў сярод уцекачоў, фарміраваць партыі так, каб не ствараць затрымкі на стратэгічных накірунках, зменшыць небяспеку эпідэмій.
Калі ўвосень асноўная маса ўцекачоў сабралася ў цэнтральных паветах Мінскай губерніі, камандуючы М. А. Данілаў аддаў загад аб далейшым іх перасоўванні па чатырох гужавых напрамках: Мінск – Барысаў – Орша – Красны – Ельня, Мінск – Ігумен – Беразіно – Бялынічы – Красны – Ельня, Слуцк – Рослаўль – Калужская губерня і Лохва – Гомель. Да пачатка кастрычніка па першых двух трактах ішло больш за 120 тыс., па трэцім – 250–280 тыс., а па чацвёртым – да 60 тыс. чалавек.
Хутка да цара ўрэшце дайшло ўсведамленне небяспекі, якая можа сыходзіць ад велізарнай колькасці бяздомных і галодных людзей. Рух уцекачоў прыняў масавы характар і пачаў пагражаць працы армейскага тылу, з’явілася небяспека эпідэміі халеры ў войску, перасяленцы рабіліся прычынай росту сацыяльнай напруджанасці. Беручы пад увагу гэтыя абставіны, 24 ліпеня 1915 года Савет міністраў выдаў пастанову аб стварэнні арганізацыі галоўных упаўнаважаных па ўладкаванні ўцекачоў на франтах. Таксама было абвешчана аб стварэнні спецыяльнага аддзела па ўладкаванні ўцекачоў пры Міністэрстве ўнутраных спраў і стварэнні аналагічных губернскіх камітэтаў на месцах.
Увесну 1918 года на тэрыторыі Расіі яшчэ будуць знаходзіцца больш за 2 мільёны ўцекачоў з Беларусі, каля 400 тыс. з іх назад не вернуцца. З 800 тыс. прызваных у салдаты з беларускіх вёсак загіне амаль кожны дзясяты – больш за 70 тыс. чалавек. Больш за 60 тыс. мірных жыхароў загіне ад бамбардзіровак, хваробаў і голаду. Такім чынам, Беларусь у гэтай вайне страціла больш за 530 тыс. чалавек – амаль дзясятую частку насельніцтва, нягледзячы на тое, што дакладна падлічыць сапраўдныя чалавечыя страты, якія панесла Беларусь, вельмі складана.